1863 год на Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
1863 год на Беларусі
Манаграфія
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА

Паўстаньне 1863 году ў гістарычнай літаратуры звычайна носіць назву польскага паўстаньня. Такая назва павінна быць прызнана правільнаю пастолькі, паколькі паўстаньне 1863 году ў цэлым ставіла сваёю мэтай у першую чаргу пабудову новай Польшчы, як незалежнай ад царскай Расіі, дэмократычнай дзяржавы; паколькі ідэёва-кіраўнічым і агульна-організацыйным рэволюцыйным цэнтрам паўстаньня была Варшава, зьвязаная з заходня-эўропейскімі расійскімі рэволюцыйнымі цэнтрамі, і паколькі паўстаньне абхапіла ўсю тэрыторыю былой Рэчы Паспалітай Польскай.

Апроч таго, Польшча першаю ўва ўсходняй Эўропе агаласіла неабходнасьць аграрнай рэволюцыі. К. Маркс і Ф. Энгельс у „Новай Рэйнскай газэце" так формулявалі гэтую думку. „Прасторныя земляробскія краіны паміж Балтыцкім і Чорным марамі могуць вызваліцца ад патрыярхальна-фэўдальнага барбарства толькі пры дапамозе аграрнай рэволюцыі, якая прыгонных і абавязаных паншчынаю сялян зробіць вольнымі земляробамі, — рэволюцыі, зусім аналёгічнай францускай рэволюцыі 1789 году на вёсцы. Польская нацыя мае тую заслугу, што яна першая агаласіла гэта сярод усіх суседніх з ёю земляробскіх краін".[1] Праўда, Ф. Мэрынг лічыць гэтую думку Маркса і Энгельса памылковаю,[2] але т-ш У. І. Ленін у сваім артыкуле „О праве наций на самоопределение,[3] падтрымлівае думку Маркса і Энгельса.

Адначасна з гэтым трэба памятаць, што былая Рэч Паспалітая складалася з уласнай Польшчы (Кароны), Беларусі і Літвы, (былога Вял. Княства Літоўскага) і Украіны (Русі). Такім спосабам, пашырыўшыся па ўсёй тэрыторыі былой Польшчы, паўстаньне 1863 году вышла далёка за межы ўласнай, этнографічнай Польшчы. Яно абхапіла Беларусь, Літву і Украіну. Зразумела, што паставіўшы сваёю мэтаю пабудову ў першую чаргу новай Польшчы, яно разам з тым падняло пытаньне аб політычным і соцыяльным вызваленьні ад царскай Расіі Беларусі, Літвы і Украіны. У програму радыкальнай, чырвонай часткі польскіх паўстанцаў увайшло пытаньне аб утварэньні ў гэтых краінах аўтономных дзяржаўных організмаў, якія, зрабіўшы разам з Польшчаю паўстаньне і вызваліўшыся разам з ёю з-пад пяты царызму, і надалей існавалі-б у той ці іншай сувязі з ёю. Паўстанчы Цэнтральны Народны Камітэт у Варшаве ў канцы 1862 году офіцыяльна заяўляе, што паўстаньне, апроч непадлегласьці Польшчы, павінна даць вольнасьць усім насельнікам Польшчы, а таксама роўнасьць і ўшанаваньне правоў усіх народаў, злучаных з Польшчай. Такія правы Цэнтральны Камітэт прызнае за Беларусьсю, Літвой і Украінай. Праўда, Камітэт не ўяўляе сабе іншай Польшчы, як Польшчы адзінай і непадзельнай, у даўных яе межах, але з вольнымі народамі, што дабрахвотна ўвойдуць у яе склад. „Не надужыцьцямі ўтрымліваюцца провінцыі і народы ў еднасьці і згодзе, а ўшанаваньнем волі і індывідуальнасьці народнай”.[4] Ня толькі белыя, але нават і Л. Мераслаўскі былі вельмі незадаволены гэтай дэклярацыяй Цэнтральнага Камітэту. Мераслаўскі, напрыклад, лічыў нацыянальную дэклярацыю Камітэту новым падзелам Польшчы, які парушае еднасьць дзяржавы. Але, калі Варшава пад тымі ці іншымі ўплывамі забываліся аб сваёй дэклярацыі, то Вільня, калі там на чале паўстаньня стаялі чырвоныя, вельмі рашуча напамінала Варшаве аб сваіх „сэпаратыстычных“ тэндэнцыях.

Цэлы шэраг фактаў даводзіць нам, што ў сваёй штодзённай практыцы Варшаўскі паўстанскі цэнтар, асабліва калі ў ім пераважалі радыкальныя, чырвоныя элемэнты, ня толькі не выключаў, але, наадварот, прызнаваў, абапіраўся, дапамагаў і зьвязваўся з паўстанскімі цэнтрамі іншых нацыянальных тэрыторый, як напрыклад, з Віленскім паўстанскім цэнтрам. У некаторых выпадках за Віленскім паўстанскім Камітэтам пакідалася пэўная самастойнасьць у той меры, у якой гэта было магчыма ў напружаныя часы паўстаньня, якое вымагала ад удзельнікаў патрэбнай концэнтрацыі сіл і сродкаў. Разам з гэтым мы назіраем вельмі частыя спрэчкі паміж Варшаўскім і Віленскім паўстанскімі цэнтрамі. Гэтыя спрэчкі і наогул прынцыповыя разыходжаньні паміж паўстанцамі Варшавы і Вільні найчасьцей залежалі ад белага ці чырвонага складу таго ці другога цэнтру. Часта яны афарбоўваліся ў нацыянальны колёрыт.

Польскае паўстаньне 1863 году было для Беларусі і на Беларусі тэрыторыяльным беларускім паўстаньнем. Для кожнай закранутай паўстаньнем нацыянальнай тэрыторыі паўстаньне 1863 году было нацыянал-дэмократычным рэволюцыйным рухам, які меў сваёю мэтаю вызваліць яе з-пад пяты расійскага царскага самаўладзтва і ўтварыць у будучыне новыя соцыяльныя і політычныя ўмовы жыцьця. Прыйманай-агульнае кіраўніцтва Варшавы і прызнаючы сувязь з політычным організмам будучай Польшчы, чырвоныя на Беларусі, Ліцьве і Украіне былі незадаволены тэорыяю і асабліва практыкаю Варшаўскага Цэнтральнага Камітэту ў нацпытаньні. Яны ня раз ставілі пытаньне аб нейкіх пэўных формах політычнай незалежнасьці нацыянальных тэрыторый. Дзякуючы гэтаму яны часта выклікалі з боку паўстанцаў-палякаў, нават чырвоных, абвінавачаньне ў сэпаратызьме. На гэтым грунце на Украіне адбыўся адыход ад паўстаньня 1863 году цэлай групы так званых хлопаманаў.

У паўстаньні прымалі ўдзел розныя соцыяльныя групы, незадаволеныя ў той ці іншай меры політыкаю Расійскага царскага самаўладзтва. Былі тут і буйныя земляўласьнікі, уцягнутыя ў капіталістычную сыстэму гаспадаркі і выступаючыя проці расійскага фэўдальна-самаўладнага рэжыму. Апроч таго, многія з іх былі незадаволены царскім урадам у сувязі з конфіскацыяй польскіх маёнткаў пасьля паўстаньня 1831 году і перадачай гэтых маёнткаў рускім земляўласьнікам, што пагражала моцнасьці іх палажэньня. Былі тут і прадстаўнікі ўзросшай фабрычна-заводзкай прамысловасьці і ўзмацнелага гандлю, якія былі нязгодны з прыгонна-юнкерскай політыкай царызму. Галоўную масу паўстанцаў складалі: а) дробная, зьбяднелая, пролетарызаваная шляхта; розначынная інтэлігенцыя і дробная буржуазія гораду і вёскі, што вышле з яе (шляхты) малазямельных ці абезьзямеленых шэрагаў; б) рамесьнікі і рабочыя, якія па гарадох і мястэчках ужо існавалі ў даволі значнай колькасьці, але якія яшчэ ішлі ў паўстаньне, як найбольш рэволюцыйная частка дробнай буржуазіі і в) частка сялянства па вёсках, для якога сучасны політычны і соцыяльны строй царскай Расіі быў нявыносны. Вельмі добрую характарыстыку ўдзелу сялянства ў паўстаньні 1863 году робіць т-ш Ч. Ясінскі. „Сялянства складала пераважную большасьць насельніцтва і потэнцыяльна было галоўнай рэволюцыйнай сілаю, якая магла ўзарваць існуючы лад. Агульныя адносіны сялянскай масы ў этнографічнай Польшчы да нацыянальна-вызваленчага руху засталіся вычакальна-нэўтральнымі, што само па сабе было вялізарнай перамогай царызму.. Часам гэтыя адносіны пераходзілі ў варожую нэўтральнасьць ці выразную варожасьць, асабліва сярод самых забітых пластоў прыгоннага сялянства. Актыўны ўдзел сялянства ў паўстаньні ці цяга да яго выявілася галоўным чынам сярод параўнаўча заможнага сялянства, якое перайшло на аброк яшчэ ў дапаўстанчую эпоху, якое было больш уцягнута ў таварна-грашовыя экономічныя адносіны і якое было больш блізкім да дробна-буржуазнага соцыяльнага тыпу".[5]

Тое, што т-ш Ч. Ясінскі гаворыць у адносінах да этнографічнай Польшчы, у асноўным трэба прыняць, і для тэрыторыі Беларусі, з некаторымі толькі дадаткамі. На Беларусі мы назіраем чынны ўдзел у паўстаньні групы дваровых сялян і сялян беднякоў-сераднякоў, выпісаных земляўласьнікамі з польскіх дзяльніц Прусіі і Аўстрыі. Наогул, на Беларусі значная частка сялянства заставалася нэўтральнаю, частка прыняла актыўны ўдзел у паўстаньні і частка адыграла контр-рэволюцыйную ролю, выступіўшы проці паўстаньня, якое яна лічыла „шляхецкаю", „панскаю" справаю. У сучаснай гістарычнай літаратуры ёсьць спробы ідэалізаваць і прызнаць рэволюцыйнымі тыя сялянскія рухі, якія былі накірованы проці польскіх паўстаньняў, як „шляхецкіх". Т-ш А. W. у сваім артыкуле „Znowa nacjonal-bolszewizm“ піша: „Тов. Домбаль у 1921 г. напісаў брошуру пад назваю „Jakiej Polski chcesz, chłopie?" Вось аўтар гэтай брошуры... ня толькі апраўдвае бунт Шэлі, але нават абкружае яго пэўным німбам гістарычнай справядлівасьці. Ці ён добра зрабіў? Нам здаецца, што добра".[6] Згадзіцца з такою думкаю немагчыма. Паўстаньні сялян, накірованыя проці паўстанцаў, як 1846 году ў Галіцыі, так і 1863 году ў Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне, трэба прызнаць рэакцыйнымі рухамі. Т-ш У. І. Ленін таксама цікавіўся гэтым пытаньнем і даў нам свой погляд на яго. Ён піша наступнае: „Было-б вельмі цікавай гістарычнай працай супаставіць позыцыю польскага шляхціча-паўстанца 1863 году, — позыцыю ўсерасійскага дэмократа-рэволюцыянэра Чарнышэўскага, які таксама (падобна Марксу) ўмеў ацаніць значэньне польскага руху, — і позыцыю выступаўшага значна пазьней украінскага мешчаніна Драгаманава, які выказваў пункт погляду селяніна, настолькі яшчэ дзікага, соннага, прырослага да сваёй кучы гною, што дзеля законнай нянавісьці да польскага пана ён ня мог зразумець значэньня барацьбы гэтых паноў для ўсерасійскай дэмократыі (ср. Историческая Польша и великорусская демократия Драгоманова). Драгаманаў цалкам заслужыў пацалункі захапленьня, каторымі потым узнагароджваў яго П. Б. Струвэ, які ўжо зрабіўся нацыянал-лібэралам".[7]

Само сабою зразумела, што для ўсіх вышэйпералічаных соцыяльных груп не магло быць адзінай цэльнай програмы, бо інтарэсы іх былі ня толькі не аднальковыя, але вельмі часта процілеглыя. Апроч таго, трэба адзначыць, што да соцыяльнага падзелу паўстанцаў далучаўся тэрыторыяльны і нацыянальны падзел, бо паўстаньне абхапіла розныя нацыянальныя тэрыторыі. Па сваіх політыка-соцыяльных імкненьнях паўстанцы з самага пачатку руху разьбіліся на дзьве асноўныя політычныя групы, каторыя склалі белую і чырвоную партыі. Іх аб’ядняла барацьба проці рускага царызму, які ня толькі стаяў на чале нацыянальнага ўціску, але і перашкаджаў капіталістычнаму разьвіцьцю на тэрыторыі імпэрыі, у тым ліку на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны. Апораю царызму была вайсковая сіла і адміністрацыя. Сярод земляўласьнікаў яго падтрымлівала арыстократыя і магнатэрыя, а таксама і тое панства, што цалкам стаяла на фэўдальна-юнкерскім грунце. Цікава, што нават і ў гэтых колах царызм часта сустракаўся з легальнай опозыцыяй. Прадстаўнікамі такіх дваранска-фэўдальных інтарэсаў у Польшчы была група Велепольскага, а на Беларусі група Дамейкі. Калі ў Польшчы групе Велепольскага ўдалося адыграць некаторую ролю, то на Беларусі група Дамэйкі ніякага значэньня ня мела.

Белая партыя складалася з буйных земляўласьнікаў, ужо ўцягненых у сыстэму капіталістычнай гаспадаркі і зьвязаных з некаторымі відамі фабрычна-заводзкай прамысловасьці. На чале буйных земляўласьнікаў у Польшчы стаяў А. Замойскі, а на Беларусі В. Старжынскі. Да белых належалі таксама буйныя прамыслоўцы, гандляры, банкіры і г. д., адным словам буйная буржуазія. Яны ўтварылі групу так званых мільлеранаў, на чале якой стаяў банкір Кронэнбэрг. Трэба адзначыць, што паміж буйной буржуазіяй і буйнымі земляўласьнікамі ня было рэзкага клясавага разьмежаваньня, што тлумачыцца капіталізацыяй буйной сельскай гаспадаркі. Вось чаму яны і стварылі адну белую партыю. Белыя вельмі доўга трымаліся згоды з расійскім царызмам, паступова сходзячы на шлях легальнай опозыцыі. Толькі пасьля доўгіх хістаньняў, пасьля няўдачы стаць устойліва на пляцформе легальнай опозыцыі, белыя ўвайшлі, лепш сказаць, прымушаны былі разьвіцьцём падзей увайсьці ў паўстаньне. Але і пасьля гэтага яны ня верылі ў паўстаньне, як такое, а лічылі яго толькі сродкам для чужаземнай інтэрвэнцыі ці дыплёматычнага ўмяшаньня. Белыя былі праціўнікамі аграрнай рэволюцыі і радыкальнага разьвязаньня сялянскага пытаньня. Яны згаджаліся на аграрную рэформу, у агульных рысах падобную да царскае „рэформы" 1861 году. Прымаючы ўдзел у паўстаньні, яны ўсімі мерамі стараліся перашкаджаць чырвоным, праводзіць іх політыка-соцыяльную програму. Гэта і было аднэю з прычын уваходу іх у рады паўстанцаў. Пачаўшы са згоды, белыя згодаю і скончылі. Зьлякаўшыся аграрнай рэволюцыі і паглыбленьня паўстаньня, баючыся страціць сваю маёмасьць і політычныя выгоды, яны з ганьбаю вышлі са строю паўстаньня і кінуліся ў абыймы расійскага царызму, выкупаючы свой часовы ўдзел у паўстаньні здрадаю чырвоных. Гэта яны — прадстаўнікі белых — былі ініцыятарамі вернападданьніцкіх лёкайскіх адрасоў, пакрытых тысячамі подпісаў земляўласьніцкай шляхты, як у Польшчы, так і на Беларусі.

Што датычыць нацыянальнага пытаньня, то белыя Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны былі прыхільнікамі поўнага паглынаньня нацыянальных тэрыторый адзінаю непадзельнаю Польшчаю ў межах 1772 году. У гэтых адносінах яны рабілі моцны ўплыў і на чырвоных Польшчы, у тым ліку і на Л. Мераслаўскага.

Чырвоная партыя ў сваім левым крыле ставіла мэтаю шляхам аграрнай і політычнай рэволюцыі пабудаваць дэмократычную рэспубліку. У новай рэспубліцы павінны быць скасаваны паншчына, саслоўныя абмежаваньні і прывілеі, сяляне павінны быць надзелены зямлёю, устаноўлена роўнапраўства яўрэяў і г. д. Чырвоныя складаліся з дробнай буржуазіі, з безьзямельнай і малазямельнай дробнай шляхты, што аднэю сваёю часткаю зьлівалася з сялянствам, а другою часткаю межавалася з розначыннаю інтэлігенцыяй і гарадзкой і сельскай дробнай буржуазіяй. Да чырвоных належалі рамесьнікі, рабочыя і частка сялянства. Чырвоныя былі запраўднымі ворагамі царызму і лічылі паўстаньне тым адзіным сродкам, які прывядзе да пастаўленных імі мэтаў. У разьвязаньні нацпытаньня чырвоныя лічылі сябе прыхільнікамі фэдэралістычнай тэорыі Герцэна і Бакуніна, якая, аднак, значна падпала ўплывам белых з іх тэорыяю адзінай непадзельнай Польшчы, як мы ўжо вызначылі раней.

Мы ня можам сказаць, што чырвоныя былі адналітнаю і суцэльнаю партыяю. У залежнасьці ад таго, да якой соцыяльнай групы яны належалі ці інтарэсы якой выяўлялі, яны дзяліліся на памяркоўных чырвоных і ўласна-чырвоных. Памяркоўныя набліжаліся да белых і цягнулі за сабою ўласна-чырвоных (Л. Мераслаўскі, Я. Дамброўскі, В. Урублеўскі, К. Каліноўскі і інш.). Асабліва гэта адчувалася ў разьвязаньні сялянскага пытаньня, дзе чырвоныя выявілі вельмі выразна сваю дробна-буржуазную сутнасьць. Ня гледзячы на вельмі „левыя" лёзунгі, на практыцы яны выяўлялі палавінчатасьць і нерашучасьць, ішлі на компромісы з белымі, што адбілася на адносінах да паўстаньня сялянскай масы ў цэлым і павяло да правалу паўстаньня.

Маючы розныя програмы, белыя і чырвоныя паўстанцы на працягу некаторага часу разам ішлі па шляху барацьбы з расійскім царызмам. Зразумела, галоўную масу паўстанцаў складалі: дробная буржуазія, дробная шляхта, розначынцы, вучнёўская моладзь, рамесьнікі, рабочыя і сяляне. Ніякім спосабам няможна гаварыць аб пераважнасьці ў паўстаньні буйнай буржуазіі, буйнай земляўласьніцкай шляхты і лібэральнай магнатэрыі. Гэты факт яшчэ ў 1874 г. адзначыў Ф. Энгельс у такіх словах: „Польшча яшчэ ў большай меры, чым Францыя, пастаўлена сваім гістарычным разьвіцьцём і сваім сучасным становішчам перад выбарам — ці быць рэволюцыйнай, ці загінуць. Дзякуючы гэтаму, губіць усякае значэньне ўся недарэчная балбатня аб пераважна арыстакратычным характары польскага руху. У польскай эміграцыі даволі людзей, якія маюць арыстакратычныя звычкі; але як толькі сама Польшча прыходзіць у рух, ён робіцца наскрозь рэволюцыйным, як гэта мы бачым у 1846 і 1863 годзе".[8] Пасьля паўстаньня вельмі многа незаможнага элемэнту, дробнай шляхты, буржуазіі, рамесьнікаў, рабочых і сялян, папала ў загранічную эміграцыю, ратуючыся ад рэпрэсій расійскага царызму. Зразумела, што матар‘яльнае становішча гэтых эмігрантаў у Заходняй Эўропе было вельмі цяжкое. Трэба было вышукваць для іх розныя сродкі падтрыманьня і дапамогі. У 1865 годзе ў Лёндане організуецца мітынг у чэсьць паўстаньня 1863 году. У сувязі з гэтым мітынгам К. Маркс піша Ф. Энгельсу: „Сапраўды мітынг мае на мэце ў першую чаргу грашовую дапамогу. Няўжо-ж павінны паміраць з голаду эмігранты, на гэты раз у большасьці сваёй рабочыя і сяляне, і таму зусім не атрымоўваючыя падтрыманьня ад князя Замойскага і К-о“.[9]

У Польшчы, на Ліцьве, Беларусі і Украіне з даўных часоў было выключна многа шляхты. Гэтая шляхта, нават тая, якая „яшчэ часткаю стаяла на фэўдальным грунце", але ўжо была ўцягнута ў сыстэму капіталістычнай, таварна-грашовай гаспадаркі, у даволі вялікім ліку ўвайшла ў паўстаньне. Асабліва многа ўвайшло ў паўстаньне дробнай шляхты. Яна вылучыла з сваіх безьзямельных і малазямельных шэрагаў тую розначынную, дробнабуржуазную інтэлігенцыю, якая стала на чале паўстаньня. Такімі шляхцічамі, інтэлігентамі-розначынцамі былі амаль усе віднейшыя правадыры паўстаньня 1863 году. Даволі назваць такія імёны, як Дамброўскі (афіцэр-спэцыялісты), Урублеўскі (лясьнічы), К. Каліноўскі (кандыдат права) і іншых. Вось дзякуючы гэтаму, у гістарычнай марксыцкай літаратуры мы можам спаткаць азначэньне паўстаньня 1863 году, як шляхецкага паўстаньня. Але калі ў складзе паўстанцаў было шмат выхадцаў з шляхты, дык гэта яшчэ ні ў якім разе не азначае, што паўстаньне 1863 году было рэгрэсіўным гістарычным фактам, было выяўленьнем шляхецка-дваранскай рэакцыі, накірованай проці капіталістычнага разьвіцьця Польшчы, Беларусі і іншых краін.

Паўстаньне 1863 году па свайму характару было не рэакцыйна-шляхецкім рухам, а рухам прогрэсыўным, буржуазна-дэмократычным. Як мы ўжо вызначылі раней, нават і ў складзе паўстанцаў была далёка не адна шляхта. Паўстанскую масу складалі сяляне, рабочыя, рамесьнікі, дробная і буйная буржуазія, якая межавалася са шляхтаю. Апроч таго, трэба расшыфраваць зьмест тэрміну шляхта. Т-ш Ч. Ясінскі[10] зусім правільна вызначае, што польская шляхта гэтага часу моцна дыфэрэнцавалася. Частка буйной земляўласьніцкай шляхты была ўжо ўцягнута ў капіталістычную гаспадарку і прамысловасьць і стала побач з буйной прамысловай буржуазіяй. Дробная шляхта на вёсцы выдзяляла зьбяднелую частку, якая зьлівалася з сялянствам. У горадзе дробная шляхта і вышаўшая з яе шэрагаў розначынная інтэлігенцыя зьлівалася з гарадзкой дробнай буржуазіяй. Зразумела, усе гэтыя соцыяльныя групы, нават у сваіх вярхох, не маглі стаяць за зварот фэўдалізму. Наадварот яны выступалі проці перажыткаў фэўдалізму, яны выступалі проці царызму з яго фэўдальна-дваранскім, бюрократычным рэжымам. Гэта трэба падкрэсьліць тым больш, што найбольшую актыўнасьць у паўстаньні 1863 году выявіла ня буйная, а дробная шляхта і буржуазія, за якою стаялі рабочыя, рамесьнікі і частка сялянства. Зусім правільна робіць т-ш Ясінскі, калі ён паўстаньне 1863 году ацэньвае іменна так. Ён кажа наступнае. „Дзякуючы адноснай слабасьці (ня гледзячы на яе хуткі прырост) і дзякуючы няўстойлівасьці буйной гарадзкой буржуазіі, менавіта дробная буржуазія зьяўляецца ініцыятарам буржуазна-дэмократычнай рэволюцыі ў Польшчы. Менавіта яна — дробная буржуазія — творыць тагочасную паўстанскую організацыю, памыкаецца да політычнай гегемоніі ў паўстаньні 1863 году, надае яму яго выдатны буржуазна-дэмократычны характар і трымае гэтую гегемонію да захопу кіраўніцтва белымі... Белыя маглі моцна тармазіць рэволюцыйны размах барацьбы, але ні на хвіліну не маглі і нават не стараліся пазбавіць рух яго буржуазнага характару".[11] Тое, што т-ш Ч. Ясінскі гаворыць аб Польшы, трэба сказаць і аб Беларусі, з тою только папраўкаю, што на Беларусі буйная буржуазія была яшчэ слабейшая і больш няўстойлівая, чым у Польшчы, а фэўдальная магнатэрыя — мацнейшая, чым у Польшчы.

Прыблізна таксама глядзіць на характар паўстаньня 1863 году і т-ш М. Н. Пакроўскі. Даючы характарыстыку рэволюцыйнага руху 60-х і 70-х гадоў у Расіі, ён закранае і паўстаньне 1863 году. „Рэволюцыйны рух 60 - 70-х гадоў ёсьць, такім спосабам, рух дробнабуржуазнай інтэлігенцыі. Менавіта інтэлігенцыя і рабіла яго рэволюцыйным... Калі дробны буржуа даволі эдукаваны, дык ён добра бачыць прынамсі свайго бліжэйшага ворага, ад якога ён, дробны буржуа, церпіць больш за ўсё. Для дробнабуржуазнай інтэлігенцыі ў Расіі часу „вялікіх рэформ" такім бліжэйшым ворагам была прыгоньніцкая дзяржава... Дробнабуржуазныя дэмократы, пажаданьні якіх ня ішлі далей Устаноўчага Сойму, былі і ў нас... На моладзь і на больш бедных розначынцаў гэта мела малы ўплыў, і сапраўдная політычная дробнабуржуазная рэволюцыя выбухнула ў пачатку 60-х гадоў не ў самой Расіі, а ў Польшчы".[12]. Такім чынам і т-ш Пакроўскі стаіць на пункце погляду прызнаньня паўстаньня 1863 году політычнай дробнабуржуазнай рэволюцыяй

Аб поглядах таварыша Ў. І. Леніна на паўстаньне 1863 году мы будзем гаварыць ніжэй, але тут мы закранем пытаньне пастолькі, паколькі і т-ш Ленін польскія паўстаньні 40-х і 60-х гадоў называе „шляхецкім вызваленчым рухам". Калі мы вышэйпаказаныя словы[13] ўвязваем з усім контэкстам артыкулу, то бачым, што назва паўстанскіх рухаў „шляхецкімі вызваленчымі рухамі" не перашкаджае т-шу Леніну прызнаць, што яны мелі „першараднае значэньне з пункту погляду дэмократыі ня толькі ўсерасійскай, ня толькі ўсеславянскай, але і ўсеэўропейскай". Такім спосабам і Ленін лічыць, што наяўнасьць шляхты ў шэрагах паўстанцаў (што ён вызначае словам „шляхецкі") робіць рух не рэакцыйна-шляхецкім, а буржуазна-дэмократычным. Далей Ленін як раз і робіць папрокі „мешчаніну Драгаманаву", што ён не зразумеў „значэньня барацьбы гэтых паноў для ўсерасійскай дэмократыі".[14] У другім месцы сваіх твораў[15], супастаўляючы Польшчу эпохі 60-х гадоў з Польшчай пачатку 20-га стагодзьдзя, У. І. Ленін адносіць польскі рух 60-х гадоў да „эпохі апошніх буржуазных рэволюцыйных рухаў" на Захадзе.

На паўстаньне 1863 году, як на прогрэсыўную гістарычную зьяву, глядзелі ўсе сучасныя паўстаньню выдатныя эўропейскія і рускія рэволюцыянэры: Мадзіні, Гарыбальдзі, Буонароці, Герцэн, Бакунін, Чарнышэўскі і інш. Мы спынімся на поглядах рускіх рэволюцыянэраў таго часу.

Герцэн у сваім добра вядомым часопісу „Колокол", які ён пачаў выдаваць у 1857 годзе, вельмі цікавіцца, спачувае і дэтальна спыняецца на пытаньнях паўстаньня. Старонкі яго часопісу заўжды адкрыты для паўстанцаў. Герцэн пропагандуе ўстанаўленьне братэрскіх ўзаемаадносін паміж рэволюцыйнымі сіламі Польшчы, Украіны, Беларусі і Літвы. Апроч таго, Герцэн на старонках „Колокола" рашуча выказваецца за пільную неабходнасьць падняць самую шырокую агітацыю і пропаганду на карысьць паўстаньня ў Расіі. Яе рэволюцыйныя і опозыцыйныя сілы павінны злучыцца з сіламі польскага паўстаньня. Па яго думцы посьпехі паўстаньня маюць вялікае значэньне для Расіі: вызваленьне Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны ёсьць палавіна вызваленьня ўсёй Расіі. Калі рэволюцыйная Варшава будзе вольнаю, дык гэты факт нанясе канчатковы сьмяротны ўдар рэакцыйнаму царскаму Пецярбургу, бо ў расійскага царызму тады ня будзе ніякай магчымасьці, ніякай моцы ісьці проці рэволюцыйнай пропаганды і рэволюцыйнага руху ў Расіі. У інтарэсах самой Расіі, як дзяржавы, у інтарэсах яе паступовых і рэволюцыйных сіл трэба падтрымліваць найшчыльнейшую сувязь з дэмократыяй паўстаньня 1863 году.

Герцэн лічыў патрэбным бязьлітасна змагацца з тымі, хто іначай адносіўся да паўстаньня 1863 году. Так ён зрабіў, напрыклад, у адносінах да былога дэкабрыста, а потым „лібэрала" Н. Тургенева, каторы пасьля таго, як распачалося падаўленьне паўстаньня 1863 г., зусім забыўся аб сваім лібэралізьме. Ён напісаў прыватны ліст на імя цара Аляксандра II. У сваім лісьце ён сьпяшаецца асудзіць і закляйміць разьбітых паўстанцаў, як здраднікаў у адносінах да расійскай айчыны і парушыцеляў вернападданьніцкай прысягі цару. У канцы ліста ён выказвае свае гарачыя і шчырыя пачуцьці да царскага трону. Гэтым Тургенеў не абмяжоўваецца. Да ліста ён дадае сваю „скромную” афяру (два чырвонцы) на карысьць тых рускіх салдат, якія „пастрадалі” пры засьмірэньні паўстаньня. Герцэн у сваім „Колоколе" востра абураецца гэтым агідным учынкам „сівавалосай Магдалены” (Тургенева), якую нават і ў сьне мучыць сумненьне за яе былы лібэралізм. Н. Ленін так піша аб Герцэне гэтага часу і аб адносінах яго да паўстаньня. „Калі ўся хэўра рускіх лібэралаў адкацілася ад Герцэна за абарону ім Польшчы, калі ўсё так званае эдукаванае грамадзянства адвярнулася ад „Колокола”, Герцэн не замяшаўся. Ён не пераставаў абараняць свабоду Польшчы і бічаваць засьмірыцеляў, катаў і вешальнікаў (разумеецца ў першую чаргу вешальнік — Мураўёў у Вільні. У. І.) Аляксандра ІІ. Герцэн выратаваў чэсьць рускай дэмократыі. „Мы выратавалі чэсьць рускага імя — пісаў ён Тургеневу—і за гэта пацярпелі ад рабскай большасьці."[16]

Такую самую позыцьцо заняў Герцэн і ў адносінах да вядомага песьняра Некрасава, калі апошні зьнізіўся да прывітальнага вершу на чэсьць вешальніка Мураўёва. Герцэн назваў ганебны патрыятызм Некрасава „патрыятычным сіфілісам", і рашуча асудзіў яго паступак у „Колоколе". Герцэн пісаў так: „Брава, Некрасаў, брава! Прызнаемся, гэтага ад вас мы не чакалі, а, дарэчы, вам вядома, як інтымна мы ведаем вашую біяграфію і як многа, мы ад вас маглі чакаць. Брава, Некрасаў, брава!"[17] Гаворачы аб „біографіі" Некрасава, Герцэн разумеў той факт, што маці Некрасава была палячкаю, што рабіла паступак Некрасава яшчэ больш ганебным.

Вядомы рэволюцыянэр М. Бакунін таксама лічыў паўстаньне 1863 г. прогрэсыўнай зьяваю і падтрымліваў яго. У гэтыя часы Бакунін вельмі цікавіцца нацыянальнымі рухамі сярод славянскіх народаў. У сваіх творах ён агалашае неабходнасьць вызваленьня ўсіх славян з-пад пяты царскай Расіі і Аўстрыі, а таксама патрэбу зьнішчэньня гэтых дзяржаў-прыгнятальніц і ўтварэньня на іх руінах, усеславянскай дэмократычнай фэдэрацыі. Паўстаньне 1863 г., па думцы Бакуніна, як раз і дзейнічала ў вышэйвызначаным напрамку.[18] Яшчэ ў 40-я гады ў газэце „Konstitutionel" (№ 78, за 19 сакавіка 1846 году) Бакунін лічыць патрэбным выступіць на абарону прыгнечанай Польшчы і катэгарычна протэстуе проці прасьледваньня ўніятаў на Літве і Беларусі. „Я — рускі і люблю маю краіну. Вось дзякуючы гэтаму, я падобна вельмі многім рускім шчыра жадаю перамогі польскаму паўстаньню." Праз некалькі радкоў Бакунін піша: „Усім вядома, да якіх незаконных, гвалтоўных і часта лютых мерапрыемстваў зьвярталася расійская ўлада для таго, каб прымусіць жыхароў Літвы і Беларусі зьмяніць сваю веру".[19] Бакунін далей супыняецца на агідных фактах прымусу і асуджае іх. Таксама адносіўся да польскага паўстаньня і М. Г. Чарнышэўскі, гэты „ўсерасійскі рэволюцыйны дэмократ", „папярэднік расійскай соцыял-дэмократыі“ (Н. Ленін). Ю. Сьцяклоў піша аб гэтым так. „Спачуваньне М. Чарнышэўскага нацыянальна-вызваленчай барацьбе палякаў ня было сакрэтам. Яно, паміж іншым, дакладна было вызначана ў яго артыкуле „Национальная бестактность" (Творы, т. VIII), які выклікаў цэлы шэраг даказчыцкіх рэплік у рэакцыйным друку, прыватна, у Аксакаўскім „Дне". З вядомым польскім рэволюцыянэрам Серакоўскім (выведзены ў романе „Пролог" пад прозьвішчам Сакалоўскі) Чарнышэўскі быў у прыяцельскіх адносінах. Вераемна, што ён быў знаёмы і з Падлеўскім, магчыма, і з Я. Дамброўскім і з іншымі. Зразумела, Чарнышэўскі быў проці дамаганьняў польскіх нацыяналістых на украінскі і беларускі народы, але, з таго-ж пункту погляду права кожнай нацыі на поўнае самавызначэньне, ён нават у падцэнзурным артыкуле адкрыта прызнаваў права палякаў на аддзяленьне і самастойнае існаваньне".[20] Да слоў Ю. Сьцяклова мы зробім толькі невялікія дадаткі. Яшчэ будучы зусім маладым чалавекам—22—24 год і жывучы ў Саратаве (1850—2 г. г.), М. Чарнышэўскі быў вельмі блізкі з высланымі сюды паўстанцамі 1831 году. Пазьней (1864—7 г.), калі Чарнышэўскі быў у Сібірскай катарзе, ён быў у пастаянных зносінах з высланымі паўстанцамі 1863 году. Яшчэ пазьней, з 1871 году, калі Чарнышэўскі быў на пасяленьні ў Вілюйску, ён адбываў гэтую кару разам з Е. Агрызкам, вядомым членам і галавою Пецярбурскай паўстанскай організацыі, што была непасрэдна зьвязана з паўстанскай організацыяй Беларусі і Літвы. Што датычыць З. Серакоўскага (Далэнгі), то трэба вызначыць, што ён быў паўстанскім ваяводаю на Беларусі і Літве ў сакавіку і красавіку 1863 году.

Кароль Маркс і Фрыдрых Энгельс на ўсім працягу сваёй даўгой дзейнасьці вельмі часта і даволі дэтальна спыняліся на польскіх паўстаньнях. Паколькі польскія паўстаньні займалі сабою вельмі значны час (ад канца 18 ст. да 60-х гадоў 19 ст.) і ня былі падобны адно да другога, паколькі Маркс і Энгельс падыходзілі да разьвіваўшыхся перад імі падзей і фактаў у сувязі з атачаючымі гэтыя падзеі і факты політычнымі і соцыяльнымі абставінамі, пастолькі погляды асновапаложнікаў дыялектычнага матар'ялізму не маглі быць акамянела-нязьменнымі на ўсім працягу іх гістарычнага досьледу.

У асноўным адносіны асновапаложнікаў рэволюцыйнага марксызму да польскага пытаньня т-ш Д. Разанаў[21] малюе так. „Як ні востра проціпастаўляе сябе буржуазнай дэмократыі дэмократыя пролетарская, як яна выявілася ў творах Маркса і Энгельса, усё-ж яна запазычала з буржуазнай політычнай програмы, разам з іншымі політычнымі запатрабаваньнямі, і запатрабаваньне адбудаваньня незалежнай Польшчы. Розьніца толькі ў тым, што абудва асновапаложнікі навуковага сацыялізму прагнуліся падмацаваць гэтае запатрабаваньне новымі довадамі, а таксама з самага пачатку прагнуліся процідзейнічаць ілюзіям польскіх рэволюцыянэраў“.

Прыблізна ў аднолькавых з т-шом Д. Разанавым рысах малюе адносіны Маркса і Энгельса да польскіх паўстаньняў і т-ш А. В.[22] Ён, паміж іншым, піша. „Маркс і Энгельс па меры развою падзеяў, зразумела, ня раз зьмянялі свае конкрэтныя погляды на польскую справу ў сувязі з той ці іншай фазай гістарычнага разьвіцьця. Але ва ўсякім выпадку ў іх заўжды пераважаў адзін і той самы погляд — інтарэс дэмократычнай рэволюцыі, абарона дэмократыі і соцыялізму перад сталаю небясьпекаю, перад сталаю пагрозаю з боку дэспотычнага расійскага волата. Царызм быў наймагутнейшаю, найгрозьнейшаю апораю эўропейскай рэакцыі. Пакуль у самой імпэрыі не зьявіліся сілы, здольныя ў сваім разьвіцьці зьнішчыць гэтага грознага волата, пакуль ён здаваўся непарушным гранітам, польскія паўстаньні, незалежна ад свайго політыка-соцыяльнага зьместу ў самой Польшчы, былі адным з найважнейшых сродкаў заслоны эўропейскай дэмократыі перад пагрозаю гэтага волата і аслабленьня яго ў сярэдзіне самой Расіі... Але з гэтага ні ў якім разе не вынікае, каб эўропейскія рэволюцыйныя дэмократы, каб Маркс і Энгельс і каб самі польскія дэмократы ня бачылі адваротнага боку мэдаля і не крытыкавалі самых паўстаньняў. Крытыкавалі, і яшчэ як крытыкавалі“.

Гаворыць аб адносінах Маркса і Энгельса да польскага пытаньня і т-ш У. І. Ленін. У сваім артыкуле: „Национальный вопрос в нашей программе“, надрукаваным ў 1903 годзе, т-ш Ленін вызначае, што соцыял-дэмократыя патрабуе нацыянальнай незалежнасьці не бязумоўна, а толькі пры вядомай умове. Такой умоваю зьяўляюцца інтарэсы клясавай барацьбы. Ён кажа: „Інтарэсам менавіта гэтай барацьбы павінны мы падпарадкаваць патрабаваньне нацыянальнага самавызначэньня. У гэтай менавіта ўмове і знаходзіцца розьніца нашай пастаноўкі нацыянальнага пытаньня ад буржуазна-дэмократычнай пастаноўкі яго".[23] Далей т-ш Ленін прыводзіць вытрымку з артыкулу К. Кауцкага, каторы тады абараняў з правільнага, марксыцкага пункту погляду выстаўленьне польскімі пролетарыямі патрабаваньня незалежнасьці Польшчы і кажа наступнае: „Вы бачыце: Каўцкі катэгорычна адкідае бязумоўнае запатрабаваньне незалежнасьці нацый, катэгорычна патрабуе пастаноўкі пытаньня ня толькі на гістарычны грунт наогул, але менавіта на клясавы грунт. І калі мы зьвернемся да пастаноўкі польскага пытаньня Марксам і Энгельсам, то мы пабачым, што менавіта так ставілі яго і яны з самага пачатку”.[24]

Калі падагуляць усё вышэйпаданае, дык мы прыходзім да такіх вывадаў: а) Кароль Маркс і Фрыдрых Энгельс лічылі польскія паўстаньні, у тым ліку і паўстаньне 1863 году, прогрэсыўнай гістарычнай зьявай. Яны падтрымлівалі іх самі і заклікалі другіх да падтрыманьня іх, асабліва прымаючы пад увагу значэньне польскіх паўстаньняў для дэмократычнай рэволюцыі на Захадзе і для барацьбы з расійскім царызмам. б) Свае погляды, параўнаўча з буржуазна-дэмократычнымі рэволюцыянэрамі і аўтарамі, Маркс і Энгельс падмацоўвалі клясавым падыходам да справы, што давала ў іх рукі новыя довады і магчымасьць правільнай пастаноўкі пытаньня аб польскіх паўстаньнях, в) Урэшце, асновапаложнікі навуковага соцыялізму, выходзячы з конкрэтных умоў разьвіцьця прамысловасьці і росту пролетарыяту ў розных краінах, не заплюшчвалі вачэй на адваротны бок мэдаля, крытыкавалі недахопы польскіх паўстаньняў і процідзейнічалі ілюзіям польскіх рэволюцыянэраў.

Цяпер нам застаецца пацьвердзіць вышэйпаказаныя адносіны Маркса і Энгельса да польскіх паўстаньняў адпаведнымі фактамі і выняткамі з іх твораў.

Аб прогрэсыўнасьці польскіх паўстаньняў Маркс і Энгельс гавораць вельмі часта, пачынаючы з восені 1847 г. Энгельс некалькі разоў у сваіх выступленьнях падкрэсьлівае, што нямецкія запраўдныя дэмократы павінны быць вельмі зацікаўлены ў посьпеху польскіх паўстаньняў і ў вызваленьні Польшчы з-пад уціску царызму; што вызваленьне Нямеччыны ні ў якім выпадку ня можа адбыцца, пакуль не адбудзецца вызваленьне Польшчы. „Мы, нямецкія дэмократы, асабліва зацікаўлены ў вызваленьні Польшчы... Ні адна нацыя ня можа вызваліцца, калі яна прыгнятае іншыя нацыі. Вызваленьне Нямеччыны, такім спосабам, ня можа адбыцца, пакуль не адбудзецца вызваленьне Польшчы ад уціску немцаў. Таму Польшча і Нямеччына маюць агульны інтарэс, таму польскія і нямецкія дэмократы могуць сумесна працаваць над вызваленьнем абедзьвюх нацый.”[25] Энгельс зазначае, што як толькі ў Польшчы распачынаецца рух, дык ён заўжды робіцца наскрозь рэволюцыйным. Ён лічыць неабходным, каб рабочая кляса заходніх дзяржаў у сваіх рухах не аставалася бязуважліваю да рэволюцыйных лёзунгаў польскіх паўстаньняў. Ён адзначае, што такое становішча справы існавала заўжды дагэтуль. Энгельс кажа: „Дзе толькі рабочая кляса брала самастойны ўдзел у політычных рухах, там з самага пачатку яе замежная політыка выказвалася двума словамі — адбудаваньне Польшчы. Так было ў часы руху чартыстых у Англіі, пакуль ён існаваў. Тое самае датычыць францускіх рабочых яшчэ задоўга да 1848 году. Так было ў Нямеччыне, калі ў 1848-49 гадох рабочыя часопісы жадалі вайны з Расіяй для адбудаваньня Польшчы".[26]

З твораў К. Маркса мы прывядзем толькі адзін вынятак, як вельмі яскравы. У „Новой Рейнской Газете", у артыкуле „Прения по польскому вопросу в Франкфрутском парламенте", Маркс піша аб польскім пытаньні ніжэйпаданае. „Польшча, дзякуючы соцыяльным умовам зрабілася рэволюцыйнаю часткаю Расіі, Аўстрыі і Прусіі. Опозыцыя яе проці захопнікаў была адначасна опозыцыяй проці вышэйшай арыстократыі ў самай Польшчы. Нават шляхта, якая часткаю яшчэ стаяла на фэўдальным грунце, далучылася з бяспрыкладным захапленьнем да аграрнай рэволюцыі. Польшча была вогнішчам эўропейскай дэмократыі ўжо тады, калі Нямеччына яшчэ блыталася вобмацкам у найгоршай констытуцыяналістычнай ідэолёгіі і ў напышлівай філёзофскай ідэолёгіі. У гэтым, а не ў развоі даўно памерлага рыцарства ляжыць неабходнасьць адбудаваньня Польшчы. Пакуль мы (немцы) дапамагаем прыгнятаць Польшчу, пакуль мы далучаем частку Польшчы да Нямеччыны, — мы самі застаёмся зьвязанымі з Расіяй і расійскай політыкай, мы ня можам і ў сябе ў хаце радыкальна вызваліцца ад патрыярхальна-фэўдальнага абсолютызму. Утварэньне дэмократычнай Польшчы ёсьць першая ўмова ўтварэньня дэмократычнай Нямеччыны".[27]

Прызнаючы польскія паўстаньні, у тым ліку і паўстаньне 1863 году, прогрэсыўнаю гістарычнаю зьяваю, Маркс і Энгельс заўжды прыкладвалі да іх клясавую мерку, што ўносіла новае разуменьне ўнутранай сутнасьці паўстаньняў. У Маркса і Энгельса з прызнаньнем агульна-прогрэсыўнага значэньня паўстаньняў для дэмократыі злучаюцца — клясавы іх аналіз і інтарэсы дэмократыі пролетарскай. Пры такой пастаноўцы пытаньня для нас робіцца ясным факт існаваньня сярод паўстанцаў белай і чырвонай партыі, а таксама і факты варожых узаемаадносін паміж імі, што вельмі часта выліваліся ў надта вострую, зацятую барацьбу за ўладу, за кіраўніцтва паўстаньнем. Вядома, напрыклад, што белыя ў Польшчы ў другой палавіне 1862 году дайшлі да таго, што пачалі перагаворы з Велепольскім аб выдачы ў рукі царскага ўраду правадыроў чырвонай партыі. На Беларусі ў сакавіку 1863 году белыя захапілі ўладу ў свае рукі, дзякуючы пагрозе выдаць чырвоны камітэт расійскай жандармэрыі.

Зразумела, што, лічачы паўстаньне ў цэлым прогрэсыўнаю зьяваю, Маркс і Энгельс зусім не зьяўляюцца прыхільнікамі програмы белых і яе рэалізацыі, бо белыя не стаялі на грунце прызнаньня неабходнасьці аграрнай рэволюцыі, і іх удзел у паўстаньні быў вельмі ўмоўным. Яшчэ 29 лістапада 1847 г. у Лёндане на сходзе, скліканым на ўспамін аб польскім паўстаньні 1831 г. яны падкрэсьліваюць, што старая фэўдальная Польшча загінула канчаткова і беспаваротна і што ў інтарэсах прогрэсу ня можна жадаць яе аднаўленьня. У той час як белая група паўстанцаў марыць аб тым, каб Польшча ўваскросла ў старым выглядзе, з гэтым рэволюцыйны марксызм не згаджаецца. 22-га лютага 1848 году, напярэдадні лютаўскай рэволюцыі, у Брусэль, на сходзе, прысьвечаным другой гадавіне польскага Кракаўскага паўстаньня 1846 году, К. Маркс падкрэсьлівае: „Толькі дэмократычная Польшча мае права быць незалежнай; польская дэмократыя немагчыма бяз зьнішчэньня фэўдальных правоў, без аграрнага руху, які ператварыў-бы прыгонных сялян у вольных уласьнікаў, уласьнікаў сучасных... Польшча зноў выявіла ініцыятыву, але гэтая Польшча ўжо не фэўдальная, а дэмократычная Польшча, і з гэтага моманту яе вызваленьне робіцца пытаньнем гонару для ўсіх дэмократаў Эўропы".[28] На гэтым-жа сходзе выступае з вялікаю прамоваю і Энгельс. Ён яскрава вызначае наяўнасьць клясавага зьместу паўстаньня. Ён падкрэсьлівае, што барацьбу паўстанцаў проці іназемных прыгнятацеляў, якімі зьяўляюцца Расія, Аўстрыя і Прусія, павінна папераджаць клясавая барацьба паміж самімі палякамі. Ён кажа: „Апошнюю барацьбу Польшчы проці яе чужаземных прыгнятацеляў папераджала скрытая, таемная, але рашучая барацьба ў нетрах самой Польшчы, барацьба прыгнечаных палякаў проці палякаў-прыгнятацеляў, барацьба польскай дэмократыі проці польскай арыстократыі... Усе прынятыя там меры адзначаліся тою дэмократычнаю, я сказаў-бы, амаль што пролетарскаю сьмеласьцю, якой няма чаго губляць, апроч жабрацтва, і якая мае “набыць цэлую бацькаўшчыну, цэлы сьвет. Там ня было ваганьняў, ня было нерашучасьці. Рабіўся адразу напад на тры дзяржавы, агалашалася вольнасьць сялян, аграрная рэформа, наданьне яўрэям грамадзкіх правоў. Зусім не зьвярталася ўвагі на тое, што ўсё гэта магло-б закрануць тыя ці іншыя інтарэсы арыстократыі".[29]

Далей Маркс і Энгельс закранулі клясавы зьмест польскіх паўстаньняў і ў „Комуністычным Маніфэсьце". Яны тут ясна вызначылі, каго павінны падтрымліваць комуністы сярод паўстанцаў. „Сярод палякаў комуністы падтрымліваюць партыю, якая ставіць аграрную рэволюцыю неабходнаю ўмоваю нацыянальнага вызваленьня, тую самую партыю, якая выклікала Кракаўскае паўстаньне 1846 году".[30] Як нам вядома, такою партыяю было Польскае Дэмократычнае Таварыства, да якога належаў Людвік Мераслаўскі, дыктатар у часы паўстаньня 1863 году. З шэрагаў Таварыства вышла шмат чырвоных 1863 году як у Польшчы, так і на Беларусі. Клясавы падыход К. Маркса да паўстаньня 1863 году мы бачым яшчэ і з такога, напрыклад, факту. У сярэдзіне сакавіка 1863 году белым колам Кракава ўдалося паставіць на чале паўстаньня ў Польшчы белую дыктатуру такой нязначнай, мізэрнай фігуры, як Марыян Лангевіч. Дыктатура Лангевіча выплыла на паверхню пасьля няўдачы чырвоных усталіць дыктатуру Л. Мераслаўскага, які павінен быў пакінуць тэрыторыю Польшчы. Варшаўскі Цэнтральны Комітэт, які дзякуючы цэламу шэрагу прычын, да гэтага часу ўжо значна пабялеў, пасьля нядоўгіх перагавораў з Лангевічам, згадзіўся на офіцыяльнае прызнаньне гэтай дыктатуры. Чырвоныя даўганскія колы на тэрыторыі паўстаньня і за межамі яго былі вельмі незадаволены гэтым фактам. Што датычыць Беларусі, дык тут белыя выкарысталі гэты факт для таго, каб скінуць чырвоны Камітэт і захапіць кіраўніцтва паўстаньнем у рукі белага Кіраўнічага Аддзелу. Калі аб устанаўленьні дыктатуры М. Лангевіча даведаўся К. Маркс, ён адразу зразумеў соцыяльную сутнасьць гэтага захопу ўлады і перамены ў кіраўніцтве паўстаньнем. Ён прызнаў гэты факт не дадатнай, а адмоўнай зьявай, бо бачыў ў ім перамогу белых над чырвонымі. Такі самы клясавы падыход да паўстаньня 1863 году мы бачым і ў прадмове Ф. Энгельса да польскага выданьня „Комуністычнага Маніфэсту", якая была напісана ў 1892 годзе і аб якой мы будзем гаворыць яшчэ крыху ніжэй.

Вельмі рана ў Энгельса і Маркса зьявілася сумненьне ў тым, ці зможа Польшча сярэдзіны 19-га стагодзьдзя і Польшча больш позьніх часоў выканаць тую прогрэсыйную ролю, аб якой яны гаворылі і пісал ці Адолее яна провесьці тую аграрную рэволюцыю, якая зьяўляецца неабходнаю ўмоваю для яе прогрэсыўнай ролі. Першым загаварыў аб гэтым Энгельс. Яшчэ 23 травеня 1851 году ён піша аб сваім сумненьні ў лісьце да Маркса. „Чым больш я задумваюся над гістарычным разьвіцьцём Польшчы, тым ясьней робіцца мне, што палякі зьяўляюцца nation foutue (нацыяй да нічога), нацыяй, якая толькі да таго часу можа быць выкарыстана, як сродак, пакуль Расія сама ня ўцягнута ў аграрную рэволюцыю. З гэтага часу ў палякаў не застанецца ні малей шага raison d’être (падставы) існаваньня. Палякі на працягу ўсёй сваёй гісторыі не рабілі ніколі нічога іншага, апроч таго, што вытваралі храбрыя неразважлівыя глупствы. Немагчыма вызначыць ніводнага такога моманту, калі Польшча, хоць-бы толькі ў адносінах да Расіі, з посьпехам прадстаўляла прогрэс ці зрабіла што-небудзь такое, што мела-бы хоць некаторае гістарычнае значэньне. Расія-ж, наадварот, зьяўляецца сапраўды прогрэсыўнай у адносінах да ўсходу. Рускае панаваньне, пры ўсёй яго бяздарнасьці, пры ўсім яго славянскім бруду, мае цывілізуючае значэньне для краін Чорнага і Касьпійскага мораў і Цэнтральнай Азіі, для Башкірыі і татар. Пры гэтым Расія ўпітала ў сябе шмат больш элемэнтаў эдукацыі і асабліва прамысловых элемэнтаў, чым Польшча, па ўсёй сваёй натуры рыцарска-мядзьвежая. Перавагаю зьяўляецца ўжо тое, што рускае дваранства фабрыкуе, таргуецца, рабуе, дае сябе псаваць, займаецца ўсялякімі хрысьцьянскімі і яўрэйскімі гешэфтамі, пачынаючы з імпэратара і князя Дзямідава і канчаючы пархатым баярынам 14 клясы, які завецца толькі „благородием"... Я ўпэўнены, што аграрная рэволюцыя адбудзецца поўнасьцю ў Расіі раней, чым у Польшчы, дзякуючы нацыянальнаму характару Расіі і большаму разьвіцьцю ў ёй буржуазных элемэнтаў. Што знача Варшава і Кракаў проці Пецярбургу, Масквы і Адэсы і г. д.“[31]

У далейшыя часы Маркс і Энгельс дэтальна вывучалі мінулае і сучаснасьць Польшчы і Расіі і часта задумваліся аб шляхох разьвіцьця гэтых краін, што адбілася на іх перапісцы. Энгельс у сваім лісьце на імя Н. Ф. Даніельсона, датаваным 22 верасьня 1892 году, пацьвярджае сваю ранейшую думку аб тым, што Расія шпарка пойдзе па шляху прамысловага капіталізму. Ён піша наступнае: „Я пацьвярджаю цяпер, што прамысловая вытворчасьць азначае ў бягучы момант абавязкова буйную прамысловасьць з скарыстаньнем пары, электрычнасьці, самадзейнічных прадзільных і ткацкіх варштатаў і ўрэшце з машыннаю вытворчасьцю самых машын. З таго моманту, як Расія ўвяла жалезныя дарогі, увод усіх гэтых найноўшых сродкаў вытворчасьці зрабіўся для яе амаль вырашаным пытаньнем”.[32] К. Маркс у сваім лісьце на імя Зорге, датаваным 27 верасьня 1877 г., прыходзіць да таго-ж вываду, да якога прышоў і Энгельс у сваім лісьце да Маркса ад 23 траўня 1851 года, г. зн. што аграрная рэволюцыя найраней адбудзецца на ўсходзе, у Расіі. Гэтую сваю думку Маркс формулюе наступным чынам: „Што датычыць Расіі, становішча якой я вывучыў па -рускіх орыгінальньіх крыніцах, неофіцыяльных і офіцыяльных (апошняе даступна толькі нямногім асобам і было дастаўлена мне маімі прыяцелямі ў Пецярбургу), дык яна даўно знаходзіцца напярэдадні перавароту, і ўсе неабходныя для гэтага элемэнты пасьпелі. Малайцы туркі на гады .прысьпешылі ўзрыў ударамі, якія яны нанесьлі ня толькі рускай арміі і рускім фінансам, але і асабіста камандаваўшай дынастыі... Рэволюцыя на гэты раз пачнецца на ўсходзе, які быў дагэтуль некранутай цытадэльлю і рэзэрвовай арміяй контр-рэволюцыі".[33] Такім чынам, вывучэньне разьвіцьця элемэнтаў прамысловасьці ў Расіі і Польшчы прывяло Маркса і Энгельса да дагадкі, што аграрная рэволюцыя хутчэй адбудзецца ў Расіі, чым у Польшчы. А калі гэта так, дык Расія і Польшча павінны памяняцца ралямі. Сучасная гісторыя ўжо нам паказала, што старая дагадка асновапаложнікаў рэволюцыйнага марксызму спраўдзілася на ўсе сто процантаў.

Праходзіць больш двух дзесяткаў год пасьля паўстаньня 1863 году. Адбылося шмат гістарычных падзей, разьвіцьцё якіх раней было толькі прадметам гістарычнага прадбачаньня і дагадкі. Скончылася і паўстаньне 1863 г., не разьвязаўшы радыкальна аграрнага пытаньня і ня выканаўшы ўскладзеных на яго гістарычных заданьняў. Даволі тырана разьвінулася буйная прамысловасьць у Польшчы і асабліва ў Расіі. Дробнабуржуазныя і шляхецкія элемэнты 50-х і 60-х гадоў перасталі граць першую ролю. На сцэну выступіла ў якасьці заправілы буйная прамысловая буржуазія. Узрасла моц і сьвядомасьць пролетарыяту. Ф. Энгельс у 1892 годзе ў прадмове да польскага выданьня „Комуністычнага Маніфэсту” ўжо мае ўсе даныя сказаць, што польская шляхта выявіла сваю поўную нядужасьць пабудаваць новую, буржуазна-дэмократычную Польшчу і зышла з гістарычнай арэны, як актыўны фактар; што буйная польская буржуазія канца 19-га ст. зусім ня цікавіцца адбудаваньнем польскай дзяржавы; што пры такіх умовах сапраўднае вызваленьне Польшчы прынясе польскі пролетарыят разам з расійскім пролетарыятам.

Такім чынам, тыя дагадкі, якія зьяўляліся ў Маркса і Энгельса яшчэ з 50-х гадоў 19 ст., спраўдзіліся. Польскія паўстаньні не пабудавалі дэмократычнай дзяржавы і не правялі аграрнай рэволюцыі. Гэтае банкроцтва стаяла ў беспасрэднай сувязі з тымі клясавымі супярэчнасьцямі, якія крыліся ў самой соцыяльнай прыродзе ўсіх польскіх паўстаньняў, у тым ліку і паўстаньня 1863 г. Далучыўшыся да паўстаньня, якое паставіла сваёю мэтаю аграрную рэволюцыю, земляўласьніцкая шляхта, нават і ўцягнутая ў капіталістычную гаспадарку, ішла проці сваіх клясавых інтарэсаў. Яна падрубала пад сабою той экономічны і політычны базіс, на якім грунтавалася. Зразумела, хутка яна стала на свой клясавы грунт. Групава-клясавыя інтарэсы земляўласьніцкай шляхты раскалолі паўстанцаў на белых і чырвоных, выклікалі паміж імі барацьбу, затармазілі паўстанскі рух, прывялі ўрэшце - белых да выхаду з паўстанскіх шэрагаў у лягер царызму і адбілі ад паўстаньня сялянства ў значнай яго часьці. Усё гэта, асабліва апошняе, дало царскаму ўраду магчымасьць даволі лёгка расправіцца з чырвонаю, дробна-буржуазнаю і рабочаю часткаю паўстанцаў, што стаяла за лёзунг аграрнай рэволюцыі.

Даволі часта спыняўся на польскіх паўстаньнях і У. І. Ленін. Яго погляды на справу ў сваёй сутнасьці супадаюць з вышэйпаданымі поглядамі К. Маркса і Ф. Энгельса. Зразумела, т-ш Ленін меў магчымасьць больш дэтальна аналізаваць пастаўленае пытаньне, бо ён пісаў аб Польшчы ў канцы 19 і пачатку 20 cт. Мы спынімся толькі на двух вынятках з твораў Леніна, што робяць пытаньне аб паўстаньні 1863 г. і наогул аб Польшчы зусім ясным.

У 1903 г., у № 44 „Искры", зьявіўся артыкул т-ша Леніна пад назваю: „Нацнональный вопрос в нашей программе“.[34] Тут т-ш Ленін цытуе адпаведныя месцы з твораў Маркса і Энгельса, з якіх відаць, што асновапаложнікі марксызму ў свае часы лічылі польскія паўстаньні прогрэсыўнай гістарычнай зьявай. Т-ш Ленін з гэтым згаджаецца. Ён піша: „Тады рэволюцыйнаю была якраз Польшча ў цэлым, ня толькі сялянства, але і маса шляхецтва. Традыцыі барацьбы за нацыянальнае вызваленьне былі такімі моцнымі і глыбокімі, што пасьля зьнішчэньня руху на бацькаўшчыне лепшыя сыны Польшчы ішлі падтрымліваць усюды рэволюцыйныя клясы. Памяць паўстанцаў Дамброўскага і Урублеўскага неразрыўна зьвязана з найвялікшым рухам пролетарыяту 19-га стагодзьдзя, з апошнім — і будем спадзявацца, апошнім няўдачным — паўстаньнем парыскіх рабочых. Тады поўная перамога дэмократыі была сапраўды немагчыма без адбудовы Польшчы. Тады Польшча была сапраўды апораю цывілізацыі проці царызму, перадавым атрадам дэмократыі".[35]

Так было тады. Але цяпер, піша далей У. І. Ленін, умовы гістарычнага жыцьця зьмяніліся. Тады была эпоха апошніх буржуазных рэволюцыйных рухаў, а цяпер?— эпоха напружаньня ўсіх сіл перад пролетарскай рэволюцыяй. Паўтараць бяз зьмены старыя палажэньні марксызму ў пачатку 20-га стагодзьдзя—значыць парушаць дыялектыку гісторыі, значыць—замест сутнасьці марксызму здаволіцца яго літарай. „Цяпер кіруючыя клясы Польшчы, шляхта ў Нямеччыне і Аўстрыі, прамысловыя і фінансавыя тузы ў Расіі выступаюць у якасьці прыхільнікаў кіруючых клясаў у прыгнятаючых Польшчу краінах, а разам з тым побач з польскім пролетарыятам, што па-геройску ўспрыняў традыцыі старой рэволюцыйнай Польшчы, змагаецца за. сваё вызваленьне пролетарыят нямецкі і расійскі".[36] У Расіі разьвінулася прамысловасьць, значна ўзрос рабочы рух, утварылася моцная партыя пролетарыяту. Цяпер рабочая кляса ня можа і не павінна спускацца да нацыянал-дэмократычных ідэалаў паўстаньня 1863 году. Мінулі часы, калі дэмократычна-буржуазная рэволюцыя магла стварыць вольную Польшчу. Польскія рабочыя, што ва ўсіх трох дзяржавах, якія падзялілі Польшчу, вядуць клясавую барацьбу проці ўсякай буржуазіі разам з сваімі таварышамі па клясе, пабудуюць новую Польшчу. Польскі рабочы ідзе ня проці рускага рабочага, а разам з рускім рабочым. Не буржуазная Польшча выступае проці царскай Расіі, а рабочая Польшча разам з рабочай Расіяй выступае проці буржуазнай Польшчы і царскай Расіі.

У 1914 г., напярэдадні імпэрыялістычнай вайны, зьявіўся ў друку вялікі артыкул т-ша Леніна пад назваю: „О праве нацнй на самоопределенне".[37] Тут аўтар яшчэ раз вяртаецца да закранутага раней пытаньня. Ён яшчэ раз адзначае, што К. Маркс і Ф. Энгельс у свае часы лічылі польскія паўстаньні прогрэсыўнымі рухамі; што такі пункт погляду для эпохі 40-х і 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя, „эпохі буржуазнай рэволюцыі Аўстрыі і Нямеччыны, эпохі „сялянскай рэформы”, быў зусім правільным і адзіным паступова дэмократычным і пролетарскім пунктам погляду”.[38] Вызначыўшы гэта, т-ш Ленін лічыць патрэбным падкрэсьліць далей наступнае: „Але калі гэты пункт погляду быў зусім верны для другой трэці ці трэцяй чэцьверці 19-га стагодзьдзя, дык ён перастаў быць верным для пачатку 20-га стагодзьдзя. Самастойныя дэмократычныя рухі і нават самастойны пролетарскі рух прабудзіўся ў большасьці славянских краін, і нават у аднэй з найбольш адсталых славянскіх краін, у Расіі. Шляхецкая Польшча зьнікла і саступіла сваё месца капіталістычнай Польшчы. Пры такіх умовах Польшча не магла ня згубіць свайго выключна рэволюцыйнага значэньня. Калі ППС прагнуліся ў 1896 годзе замацаваць пункт погляду Маркса іншай эпохі, дык гэта азначала ўжо выкарыстаньне літары марксізму проці духу марксізму. Таму зусім правы былі польскія СД, калі яны выступілі проці нацыяналістычных захапленьняў польскай дробнай буржуазіі, паказалі другараднае значэньне нацыянальнага пытаньня для польскіх рабочых, утварылі ўпяршыню чыста пролетарскую партыю ў Польшчы, агаласілі найвялікшай важнасьці прынцып самага сьціслага саюзу польскага і рускага рабочага ў іхі клясавай барацьбе".[39] Да гэтых зусім ясных і вычэрпваючых слоў т-ша Леніна нам ня трэба нічога дадаваць. Яны, дапаўняючы сабою сказанае ў папярэднім вынятку, канчаткова ставяць кропку над і. Польшча зрабілася капіталістычнаю краінаю. У сучасных абставінах яна страціла сваё рэволюцыйнае значэньне. Новую Польшчу творыць ня польская буржуазія, а польскі рабочы разам з рускім рабочым.

Нацыянальнае пытаньне ня можа граць першараднай ролі. Праўда, яно і зараз не выкасоўваецца, як абмылкова думала Р. Люксэмбург, але яно набывае другараднае значэньне. На першым пляне стаіць клясавая барацьба пролетарыяў, як Польшчы і Расіі, так і ўсіх краін, якая мае сваёю мэтаю ўтварэньне дзяржаваў дыктатуры пралетарыяту. Словы Леніна зьяўляюцца непасрэдным уводам у падзеі Кастрычнікавай рэволюцыі, што адбылася праз 'тры гады пасьля надрукаваньня артыкулу.

Сучаснасьць, як нельга лепш, пацьвердзіла тое, што гаварылі Маркс, Энгельс і Ленін. Аграрная рэволюцыя поўнасьцю адбылася ў Расіі, а ня ў Польшчы. Замест царскай Расіі ўтварыўся наш Саюз Савецкіх Соцыялістычных Рэспубл^, які складаецца з паасобных пролетарскіх дзяржаў, прототыпам каторых была славутная Парыская Комуна. Польская буржуазія і шляхта, пасьля зруйнаваньня царызму, баючыся пролетарскіх дзяржаў Саюзу, зноў сталі на незалежніцкі грунт і ўтварылі ўрэшце, са спазьненьнем на 60 год, „дэмократычную" Польшчу. Для нас зразумела, чаму польская буржуазія і шляхта, што так дружна жылі з царызмам у апошнія часы яго існаваньня, зусім забыліся аб сваіх незалежніцкіх ідэалах, чаму яны ўспомнілі аб незалежнасьці Польшчы толькі пасьля таго, як у былой Расіі нарадзіўся новы строй. Польская буржуазія і шляхта не маглі згадзіцца з пролетарскаю дыктатураю. З царскаю дыктатураю яны згаджаліся, бо царская дыктатура падтрымлівала іх інтарэсы. Ёсьць усе даныя думаць, што калі-б існавала царская Расія, польская буржуазія і шляхта ня ўспомнілі-б аб сваіх незалежніцкіх ідэалах. Так ці іначай пабудавалася незалежная „дэмократычная" Польшча, але яе існаваньне зьяўляецца не прогрэсам, а глыбокім рэгрэсам сучаснасьці.

Цяпер Польшча зьяўляецца не „апораю цывілізацыі проці царызму", чым яна была ў 1863 годзе, а апораю абскуранцкай рэакцыі і фашызму проці соцыялізму і комунізму. Тады лепшыя дэмократы паўстаньня, выратаваўшыся ад царскіх шыбеніц і куляў, пайшлі праліваць сваю кроў на барыкадах Парыскай Комуны для ўтварэньня першай пролетарскай дзяржавы. Цяпер і лепшыя і горшыя ,.дэмократы “ сучаснай буржуазнай Польшчы эксплёатуюць працу рабочых сваёй дзяржавы, вядуць з імі барацьбу і зьяўляюцца зацятымі ворагамі існуючай пролетарскай дзяржавы. Тады адзін з дэмократаў паўстаньня Л. Мераслаўскі быў запэўнены, што „Польшча будзе вольнаю толькі тады, калі на кішцы астатняга ксяндза павесяць астатняга шляхціца", а сучасныя „дэмократы" буржуазнай Польшчы атручваюць рэлігійным дурманом масы, выкарыстоўваюць клерыкалізм для барацьбы з пролетарскім рухам і праваю бядняцка-серадняцкага сялянства кормяць і пояць абшарнікаў. Да гэтага трэба дадаць, што, вызваліўшыся ад царскага нацыянальнага ўціску, сучасная Польшча ўзяла прыклад з царызму ў сэнсе прыгнечаньня нацменшасьцяў, якія складаюць вельмі значны лік яе насельніцтва. Новым у яе нац-політыцы зьяўляецца толькі тое, што яна гадуе беларускіх, украінскіх і іншых фашыстаў, каб іх рукамі душыць радыкальныя і пролетарскія рухі сярод нацменшасьцяў. Шмат яшчэ прыкладаў „дэмократычнасьці" сучаснай шляхецка-буржуазнай Польшчы магчыма было-б прывесьці, але няма сэнсу гэта рабіць, бо яны ўсім вядомы. Так ідзе дыялектыка гісторыі.

Гаворачы аб польскім паўстаньні, усе паказаныя ў нашай прадмове аўтары, у тым ліку К. Маркс, Ф. Энгельс і Ў. І. Ленін, разумелі ўсю тэрыторыю, абхопленую паўстаньнем 1863 году, г.зн. Польшчу, Літву, Беларусь і Украіну. Вось чаму, напрыклад, т-ш Ленін, называючы імёны лепшых сыноў Польшчы 1863 году, прымаўшых потым удзел у барацьбе за Парыскую Комуну, адзначыў як Яраслава Дамброўскага, што працаваў і змагаўся ў Варшаве і ўва ўласнай Польшчы, так і Валерыя Ўрублеўскага, што змагаўся за лепшую будучыну на тэрыторыі Беларусі, у Горадзеншчыне. Гэта заўжды трэба мець на ўвазе, чытаючы выняткі з твораў памянёных аўтараў. Усё тое, што гаварылася раней аб польскім паўстаньні, трэба адносіць і да паўстаньня 1863 г. на тэрыторыі Беларусі.

Прапануючы чытачу працу аб паўстаньні 1863 г. на Беларусі, аўтар лічыць патрэбным зрабіць наступныя заўвагі.

Зразумела, апісваючы падзеі паўстаньня на тэрыторыі Беларусі, нельга было абмежавацца толькі гэтай тэрыторыяй. Трэба было ўвязаць зьявы і падзеі паўстаньня на Беларусі з гісторыяй паўстаньня 1863 году ў Польшчы, што і было зароблена ў самых кароткіх рысах, пастолькі, паколькі гэта было патрэбна для зразуменьня шэрагу фактаў паўстаньня на Беларусі. Тое самае трэба сказаць і аб тэрыторыі тагачаснай Расіі, куды прасякнуў рух 1863 году і ўвязаўся з расійскім рэволюцыйным рухам. Часам прыходзілася закранаць і тэрыторыю Украіны.

Пры распрацоўцы пытаньня тэрыторыя ўласнай Літвы не аддзялялася ад тэрыторыі Беларусі, дзякуючы таму, што гэта палягчала карыстаньне крыніцамі і агульную ўвязку паасобных зьяў. Гэта зроблена было яшчэ і таму, што ідэёвы і організацыйны цэнтар паўстаньня на Літве і Беларусі быў адзін: ён знаходзіўся ў Вільні. Гісторыю паўстаньня 1863 году на тэрыторыі Літвы распрацоўвае акадэмік т-ш Матулайціс.

Праца закранае пытаньне зусім мала вывучанае. Зразумела, у ёй, павінна быць ня мала недахопаў. Тым ня менш друкаваць працу я лічу патрэбным, дзякуючы неабходнасьці далейшага вывучэньня такой важнай эпохі ў гісторыі Беларусі, як 60-я гады. Крытыка дасьць магчымасьць паправіць недахопы і рушыць справу наперад.

Не магу ня выказаць сваёй падзякі т-шу Я. Віткоўскаму, які даў мне магчымасьць карыстацца сабранымі ім вельмі каштоўнымі матар'яламі, і іншым т-шом, што дапамагалі мне ў часе працы сваімі заўвагамі.

„ЛІБЭРАЛЬНЫЯ" ПАВЕВЫ 50-х ГАДОЎ.

З пачатку 19 стагодзьдзя мы назіраем на тэрыторыі б. Расійскай імпэрыі даволі хуткі ўзрост прамысловасьці. Прымусовы ўдзел Расіі, ў так званай контынэнтальнай блёкадзе, накіраванай проці прамысловай Англіі, вельмі спрыяў разьвіцьцю расійскай прамысловасьці; вызваліўшы яе ад ангельскай конкурэнцыі. Фабрыкі растуць адна за аднэй. Асабліва разьвіваецца тэкстыльная прамысловасьць, раней ткацкія, потым прадзільныя фабрыкі. Асабліва паказальным зьяўляецца рост апошніх. У 1843 годзе прадзільныя фабрыкі налічваюць 350 тыс. верацён, а ў 1853 годзе лік верацёні даходзіць ужо да мільёну. Ткацкія і прадзільныя фабрыкі працуюць на прывозкай з Англіі бавоўне. Колькасьць прывознае бавоўны з кожным годам павялічваецца. Калі ў 1824—б гадох, прывозілася ў год 74 тыс. пудоў бавоўны, дык у 1848—50 гадох гэтая лічба ўзрастае да мільёну з чвэрцю.[40] Уцягваюцца ў прамысловасьць і памешчыкі. Яны будуюць у сваіх маёнтках прадпрыемствы ці зьвязаныя з апрацоўкай гаспадарчых пррдуктаў (хлеб, лён, бульба), ці задавальняючыя скарбовыя заказы. Памешчыкі на сваіх фабрыках звычайна карыстаюцца працаю прыгонных сялян, бесконтрольна эксплёатуючы іх. Памешчыцкія прадпрыемствы пачынаюць займаць даволі віднае месца ў фабрычна-заводзкай прамысловасьці. У 1825 г. на памешчыцкія прадпрыемствы падае 66.725 прыгонных рабочых з агульнага ліку рабочых у 210.568 чалавек.[41]

Разьвіваецца прамысловасьць і на Беларусі як у гарадох, так і ў панскіх маёнтках. Зразумела, прамысловасьць на Беларусі ў сваім разьвіцьці адстае ад прамысловасьці цэнтральнае Расіі і Польшчы, але рост яе з кожным годам усё павялічваецца. І тут назіраецца асаблівы рост тэкстыльнай прамысловасьці. Цэнтрам яе робіцца Горадзеншчына. Мястэчка Супрасьль зарабляе на ткацтве каля 1 ½ міліёна рублёў у год. У Беластоку і яго ваколіцах перапрацоўваецца да 40 тыс. пудоў воўны. У Віленскай губ. дабываеце жалезная руда, у Клімавічах працуе шкляная гута, у Чэрыкаве тчэцца парусіна. У розных пунктах Беларусі разьвіваецца дрэваапрацоўчая вытворчасьць. Па маёнтках будуюцца бровары, палатняныя фабрыкі, млыны і г. д. На аснове матар‘ялаў міністэрства Унутраніх Спраў, якія адносяцца да 1861 г., мы бачым, што Вільня мае фабрык і заводаў—39, Віцебск— 45, Менск—17, Гомель —16, Беласток —24, Полацак — 22, Берасьце—15, Горадня—8, Орша—8, Мозыр—10 і г. д. У сувязі з ростам прамысловасьці, павялічваецца і гандаль. Вільня мае крамаў і цукерняў—751, Віцебск—542, Менск—180, Гомель—230, Беласток— 206, Берасьце—179, Горадня—204.[42] Зразумела, амаль усе гэтыя прадпрыемствы належаць да дробнага тыпу, але рост прамысловасьці не падлягае сумненьню. Расьце і насельніцтва гарадоў: Вільня жыхароў мае 60 тысяч, Віцебск—31 тыс., Менск—27 тыс., Гомель—17 тыс., Беласток—16 тыс., Бярэсьце—21 тыс., Горадня—20 тыс., Магілёў— 15 тыс., Бабруйск—16 тыс. і г. д.

Поруч з разьвіцьцём прамысловасьці ў першую палавіну 19 стагодзьдзя мы назіраем узрост гандлёвых зваротаў з заходня-эўропейскім рынкам. Гэты ўзрост мы можам прасачыць па такому пункту, як Рыжаскі порт, які быў цэнтрам гандлёвых зваротаў Беларусі і разам з тым важным пунктам замежных гандлёвых зносін для Эўропейскай Расіі. Аб памерах рыжаскага гандлю сьведчаць лічбы аб тых суднах, якія прыходзілі ў Рыгу і выходзілі з порту. З кожным годам гэтая лічба расьце. У 1796-м годзе прышло і вышла з Рыгі 1372 судны, у 1800 г.—1573, у 1806 г.—1970, у 1851 г.—6100, у 1858 г.—9959 і ў 1859 г. лічба ўзрасла да 10.256 суднаў. Такім спосабам за 50 год лічба ўзрасла больш, як у 7 разоў. Калі мы прасочым, што вывозіцца з Расіі і Беларусі праз Рыгу, дык пабачым такія тавары, як лён, ільняное насеньне, пяньку, жыта, ячмень, авеc і пшаніцу. Лясныя тавары займалі ня вельмі значнае месца, прыблізна 1/9 усіх тавараў.[43] Пераважную большасьць тавараў складалі продукты сельскай гаспадаркі. Вываз продуктаў сельскай гаспадаркі асабліва павялічыўся ў 50-я гады, дзякуючы падыму хлебных цэн на 20—25%. Да гэтага трэба яшчэ дадаць, што продукты сельскай гаспадаркі з разьвіцьцём прамысловасьці атрымалі выхад і на ўнутраны рынак. Хлеба патрабавалі, папершае, узрастаючыя гарады; падругое, многія губэрні цэнтральнай прамысловай обласьці таксама не маглі абыйсьціся бяз прывознага хлеба. Усё гэта прымушала пана-земляўласьніка заняцца пабтаўкаю хлеба на рынак, паставіць сваю гаспадарку на прадпрыемніцкую ногу. Зямля зрабілася вялікаю каштоўнасьцю, прыгонная праца рабілася нявыгоднаю для прадпрыемца.

Рост прамысловасьці, гандлю і капіталізацыя ўласьніцкай гаспадаркі ўносілі глыбокія зьмены ў соцыяльна-экономічную формацыю на тэрыторыі б. Расійскай імпэрыі. Ішоў наступ на формацыі гандлёвага капіталу і перажыткаў фэўдалізму. Зьяўляўся на сьвет і адваёўваў сабе месца ў жыцьці прамысловы буржуа. Пабач з ім стаў памешчык новага тыпу, уласьнік капіталізаванага маёнтку. Абодва яны прагнуліся стаць гаспадарамі жыцьця, замяніўшы сабою памешчыка- фэўдала. Ім патрэбны быў рабочы для іх прадпрыемстваў і спажывец іхняй продукцыі на ўнутраным рынку. Таму і другому перашкаджала прыгонная залежнасьць сялянства. Побач з буйнай буржуазіяй вырастала буржуазія дробная. Яна рэкрутавалася з розных соцыяльных груп, у тым ліку і з зьбяднелага дваранства. На чале яе стала розначынная інтэлігенцыя, узяўшая на сябе ролю носьбіта буржуазнай рэволюцыйнасьці. Расла рабочая кляса, якая, аднак, яшчэ не магла выступіць самастойна. Сялянства ўвесь час хвалявалася. „У часы сэвастопальскай вайны сялянскі рух прыняў асабліва грозны характар. Сяляне, з якіх формаваліся дружыны апалчэнцаў, замест таго, каб ісьці на ворага, рабілі напады на спраўнікаў і на сваіх паноў".[44] Усё вышэйпаказанае мы назіраем і на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны. Тут справа ўскладняецца рацыянальным пытаньнем. Узрастаючая буржуазія тут будзе прагнуцца замацаваць сваё палажэньне ў рамках уласнай нацыянальнай дзяржавы.

Зьмены ў соцыяльна-экономічнай формацыі павінны былі рабіць уплыў і на політыку царызму. Царскі ўрад апынуўся паміж двух агнёў: паміж запатрабаваньнямі гандлёвага капіталу з фэўдальнымі перажыткамі і паміж запатрабаваньнямі прамысловага капіталу. У гэтых адносінах асабліва тыповаю зьяўляецца Мікалаеўская эпоха. „Мікалаеўскае цараваньне было перамежным цараваньнем. Прамысловы капіталізм ужо быў у наяўнасьці і змагаўся за ўладу з гандлёвым, але апошні пакуль што быў яшчэ настолькі моцны, што не рабіў ніводнай яўнай уступкі, а прагнуўся закупіць свайго супраціўніка патаемнымі патураньнямі... Вынікае пытаньне, чаму-ж Мікалай таптаўся на месцы... Зразумела, ня толькі таму, што ў яго не хапала характару... Не характар Мікалая вызначаў палажэньне, а палажэньне вызначала характар яго самога і ўсяго атачаўшага яго грамадзтва. Перамежнае палажэньне, барацьба паміж новым, якое стукалася ў дзьверы, і паміж старым, якое не хацела адміраць, рабілі перамежнымі, асобамі ўсіх уладароў тых дзён".[45]

Пасьля крымскай кампаніі і самазабойства Мікалая зрабіўся зусім ясным правал „перамежнай" політыкі. Ураду Аляксандра ІІ трэба было рабіць нейкую перамену ў політыцы. Трэба было задаволіць некаторыя з запатрабаваньняў прамысловага капіталу, у тым ліку запатрабаваньне вызваленьня сялян. Трэба было рабіць „сделку“ паміж старым і новым. У сувязі з гэтым з пачатку цараваньня Аляксандра ІІ пачалі адчувацца „лібэральныя" павевы, громка названыя „эпохой великих реформ". Гэтыя павевы адчуваліся ва ўсёй царскай імпэрыі, у тым ліку ў Польшчы і на Беларусі. Пачаліся размовы аб уступках і ў так званым польскім пытаньні.

У 1856 годзе адбываўся Парыскі конгрэс, які замыкаў сабою няўдалую крымскую кампанію. У францускіх дыплёматычных колах зьявілася думка адрэзаць Польшчу ад Расіі і зрабіць з яе буфэрную дзяржаву паміж заходняй Эўропай і Расіяй. Ангельская дыплёматыя падтрымала гэтую думку. У такім напрамку на конгрэсе вяліся патаемныя перагаворы з прадстаўніком Расіі Арловым, Прадстаўнік Расіі, апіраючыся на адмоўныя адносіны да такой пастаноўкі пытаньня з боку Аўстрыі і Нямеччыны, не згадзіўся з пропозыцыяй Францыі і Англіі. Расійскі ўрад адказаў, што годнасьць Расіі ні ў якім разе не дазваляе нават ставіць гэтае вітаньне на конгрэсе. Калі палякі зьвернуцца да Аляксандра ІІ з законнымі пажаданьнямі і скаргамі, то цар бязумоўна іх задаволіць. Апроч таго, у расійскага ўраду ўжо гатовы проект цэлага раду мерапрыемстваў у адносінах да Польшчы. Будзе абвешчана агульная амністыя ўсім, хто быў пакрыўджаны па польскаму пытаньню. Каталіцтва атрымае поўную свабоду вызнаньня і пашырэньня, і з каталікоў будуць зьняты ўсе абмежаваньні. Польская мова на тэрыторыі Польшчы будзе прызнана дзяржаўнаю ў адміністрацыі, судзе і школе. У Варшаве будзе заснаваны польскі унівэрсытэт.

Зразумела, расійскі ўрад даў усе гэтыя абяцанкі не для таго, каб іх поўнасьцю выконваць, тым больш, што яны нідзе офіцыяльна ня былі зафіксаваны. Францыя і Англія павінны былі задаволіцца і такімі абяцанкамі. Чуткі аб тым, што на конгрэсе закранута польскае пытаньне, хутка распаўсюдзіліся як сярод польскай эміграцыі ў заходняй Эўропе, так і сярод зацікаўленых колаў у Польшчы і заходніх губэрнях Расіі. Чуткі значна перавялічвалі тое, што фактычна было на конгрэсе. Усе з нецярплівасьцю чакалі друкаванага трактату конгрэсу, каб адтуль даведацца аб усёй праўдзе. Хутка зьявіўся з друку і трактат, але там аб Польшчы нічога ня было сказана. Тады пачалі пашырацца чуткі аб тым, што пункты аб Польшчы зьмешчаны ў сакрэтнай частцы трактату; што яны сапраўды існуюць, але ня могуць пакуль што друкавацца і пашырацца па мотывах „высокай політыкі". Буржуазныя і земляўласьніцкія колы Польшчы і Беларусі ня губілі надзей на „лібэральны" ўрад Аляксандра ІІ.

Тым больш, што і ў рачавістасьці царскі ўрад пачаў рабіць некаторыя палёгкі, праўда вельмі і вельмі зданьнёвыя. Пачалося з таго, што калі ў лютым 1856 году памёр намесьнік Польшчы Паскевіч, то на яго месца быў назначаны зусім не падобны да яго Гарчакоў. Сьмерцю Паскевіча ў Польшчы былі здаволены, бо ўсім была добра вядома яго цяжкая рука і моцны кулак. Гарчакоў раней служыў у Варшаве ў якасьці начальніка штабу Паскевіча. Цяпер гэта быў зусім стары, хворы; сьляпы, глухі і слабавольны чалавек, выжыўшы з розуму.

Ён, каб і хацеў, дык ужо па гэтых сваіх якасьцях быў няздольны падтрымаць моцны рэжым Паскевіча. Назначэньне па пасаду намесьніка Гарчакова разглядалася ў Варшаве, як прымета перамены політыкі, тым больш, што яшчэ нават у часы тыранскага рэжыму Паскевіча Гарчакоў лічыўся „лібэралам".

У маі 1856 году ўрачыста была абвешчана амністыя тым, хто павінен быў па політычных прычынах эміграваць з тэрыторыі Польшчы за межы Расіі. Умоваю для атрыманьня амністыі была падача на імя ўраду асабістай заявы аб дазволе вярнуцца на бацькаўшчыну. Апроч таго, да заявы павінна было быць далучана прызнаньне сваёй віны і абмылак. Памілаваньне, аднак, не давала права эмігранту, які вярнуўся ў межы Расіі, займаць урадавую пасаду. Каб атрымаць яе, амніставаны эмігрант павінен быў на працягу трох год даводзіць сваю благанадзейнасьць. Усё гэта значна зьмяншала значэньне амністыі. У ліпні 1856 году амністыя была пашырана і на політычных эмігрантаў Беларусі, Літвы і Украіны. Умовы для амністыі заставаліся тыя самыя, што і для эмігрантаў з Польшчы. Трэба вызначыць, што амністыю выкарысталі ня так ужо шмат эмігрантаў. Тыя лічбы, якія мы маем наконт эмігрантаў з Беларусі і Літвы, даводзяць гэта. З моманту апублікаваньня амністыі да сакавіка 1857 году сюды вярнулася толькі 43 асобы, а да жніўня 1860 году—353 асобы. Пры тым вялікім ліку эмігрантаў, што вылічваецца тысячамі, гэта зусім нямнога.

Праз некалькі месяцаў (ІХ, 1856) была апублікавана амністыя для політычных, высланых у Сібір і іншыя „не столь отдаленные местности“ Расійскай імпэрыі. Умовы для амністыі былі тыя самыя, што і для эмігрантаў. Амністыя датычыла высланых як з Польшчы, так і з Беларусі і Літвы. Колькі народу выкарыстала гэтую амністыю, мы ня ведаем.

Яшчэ пачынаючы з 40-х гадоў, наўкола „лібэральнага" земляўласьніка графа А. Замойскага сабралася група земляўласьнікаў капіталістычнага тыпу, якая лічыла, што трэба выкарыстоўваць усе легальныя магчымасьці для экономічнага разьвіцьця польскага земляўласьніцтва. Група Замойскага мела перакананьне, што „дасягненьне гэтай мэты прывядзе да таго, што Польшча, як дазрэлы плод, дзякуючы ўласнай сваёй цяжкасьці, адпадзе ад расійскага дрэва".[46] Гэтая, група спачатку складалася з невялікага ліку асоб і. зьбіралася што-год у маёнтку А. Замойскага, Клемянсове, Люблінскай губэрні. Яны склалі проект статуту Земляробскага Таварыства, якое па іх думцы павінна было злучыць шырокія земляўласьніцкія колы для вышэйпаказанай мэты. У мікалаеўскую эпоху царскі ўрад не зацьвярджаў проекту статуту. Урадам Аляксандра ІІ статут Таварыства быў зацьверджаны ўвосень 1857 году. Таварыства пачало хутка расьці і праз некалькі месяцаў існаваньня ўжо лічыла сваіх сяброў тысячамі. Аддзелы яго хутка пашырыліся па ўсёй Польшчы. У далейшыя часы .Земляробскае Таварыства будзе граць даволі значную ролю ў разьвіцьці падзей паўстаньня 1863 году. Земляўласьніцкая шляхта капіталістычнага тыпу на Беларусі ўвесь час пратнецца атрымаць дазвол на заснаваньне такога самага таварыства. Аднак расійскі ўрад гэтага дазволу беларускай шляхце ня даў, і Земляробскае Таварыства на Беларусі так і не заснавалася.

У часы Мікалая І было забаронена ня толькі друкаваць творы вядомага польскага песьняра Адама Міцкевіча, але і памінаць яго імя. Калі ў вучня школы знаходзілі які - небудзь верш Міцкевіча, дык яго запісвалі ў неблаганадзейныя і выганялі са школы. У 1857 г. у жніўні па дакладу намесьніка міністра народнай асьветы Вяземскага, які ў моладасьці быў у прыяцельскіх адносінах з Міцкевічам, Аляксандар ІІ дазволіў друкаваць і пашыраць творы Міцкевіча. Права ўласнасьці на творы песьняра было аддана яго дзецям. Гэты дазвол зрабіў даволі вялікае ўражаньне на інтэлігенцыю.

Апроч гэтага, царызм зрабіў і яшчэ некаторыя драбнейшыя ўступкі і палёгкі. Улетку 1857 году быў зацьверджаны статут Варшаўскай мэдычна-хірургічнай Акадэміі, а ўвосень яна з вялікай урачыстасьцю была адчынена. У гэтым-жа годзе ў Вільні быў адчынены з дазволу цара графам Еўстахам Тышкевічам краёвы музэй для Беларусі. Ён пачаў хутка расьці. Праз год у ім налічвалася ўжо больш трох тысяч нумароў экспонатаў. Быў дадзены дазвол пабудаваць на Літве і Беларусі некалькі касьцёлаў. У Маскоўскім і Пецярбурскім унівэрсытэтах на юрыдычным факультэце быў павялічаны лік стыпэндый для студэнтаў-ураджэнцаў Польшчы і так званых заходніх губэрань.

Усе гэтыя і іншыя ўступкі і палёгкі падтрымлівалі ў вышэйшых станах грамадзянства ружовыя надзеі на тое, што „лібэральны“ ўрад паступова падойдзе да больш сур‘ёзных і радыкальных мерапрыемстваў у адносінах да Польшчы і Беларусі. Спадзяваліся, што Польшча атрымае нейкую констытуцыю і што Беларусь і Літва будуць далучаны да канстытуцыйнай Польшчы. Дзякуючы гэтаму, частыя прывады Аляксандра ІІ ў Польшчу і на Беларусь сустракаліся буйною земляўласьніцкаю шляхтаю з вялікімі надзеямі і абстаўляліся вельмі ўрачыста як у Польшчы, так і на Беларусі. Мы спынімся на абставінах прыезду цара на Беларусь у 1858 годзе.

Аб’ехаўшы шэраг паўночных расійскіх гарадоў, цар праз Беларусь ехаў у Варшаву. Першая астаноўка яго была ў Менску. Настрой менскіх земляўласьнікаў і спатканьне імі цара сучасьніца падзеяў апісвае так. „Здавалася, што 1857 г. намінае як-бы на лепшую будучыну. З вышыні царскага трону адна за аднэю спадалі пэўныя палёгкі і ласкі і касаваліся розныя абмежаваньні. У паветры пачалі адчувацца больш вольныя павевы. Удзячныя за гэта земляўласьнікі Менскай губэрні, у сэрцах якіх ужо злажылася ўгодлівая полідыка, закупілі ўрачыстае набажэнства ў менскім катэдральным касьцёле, дзякуючы бога за гэтыя добрачынствы і за манарха, што іх зрабіў".[47] Гэтая ўгодліва настроеная шляхта прыезд цара лічыла „пэўнаю эпохаю ў жыцьці Менску". Яна сабралася к прыезду цара з сваіх маёнткаў у Менск, поўная надзей. Організацыяй урачыстага прыёму цара менскія земляўласьнікі маніфэстуюць сваё патрыятычнае пачуцьцё. За свае сродкі шляхта організуе баль і не шкадуе на гэта грошы. „Мясцовая магнатэрыя прыслала такую масу сталовага серабра і крышталю, што пад іх цяжкасьцю гнуліся сталы ў шляхецкім клюбе ў Менску".[48]

Такі самы ўгодлівы настрой земляўласьніцкай шляхты мы назіраем і ў Вільні, куды цар прыехаў 18 верасьня 1858 году. І тут шляхецтва ўрачыста сустракае цара і спраўляе яму на свае сродкі багатыя балі. Памяшканье Віленскага музэю рэмантуецца, на што шляхта траціць 1500 рублёў. У часе агляду музэю цару быў урачыста паднесены альбом з вершамі—Э. Адынца ад палякаў, В. Каратынскага ад беларусаў, КукальнІка ад рускіх і Акелевіча ад літвінаў. Альбом яскрава адбівае ўгодлівыя настроі земляўласьнікаў. Адынец, былы член гуртка філарэтаў, таварыш па Віленскаму унівэрсытэту А. Міцкевіча і Зана, называе расійскага цара насьледнікам трону Ягелёнаў, выказвае ўдзячнасьць ад мільёнаў, якім цар надае годнасьць чалавека, і праракае, што пад скіпэтрам Аляксандра ІІ настане пачатак нябескага царства на зямлі. Каратынскі пачынае свой верш з апісаньня ночы, якая дагэтуль панавала над Беларусьсю. Ен кажа, што няма ў нас чым прыняць багатага госьця, бо „залатых тканак ня судзіў нам бог". Самае наймілейшае ў нас—гэта матка зямліца, жоўты пясочак на яе палёх. Яе, зямлю дарагую, трэба несьці пасыпаць пад ногі госьцю, але і пры гэтым „расою пясок прамакае". Пад расою пясьняр разумее мужычыя сьлёзы і ад імя мужыцкае грамады кліча: „ узыдзі нам, соўнейка, падбяры расу". Зоркі міргаюць мужыком, што ўсе людзі будуць роўныя, але туман цёмны рынуў на палеткі, дык „ўзыйдзі нам, соўнейка, разгані туман".[49] Надзеі на Аляксандра ІІ былі такія моцныя, што нават вядомы польскі пясьняр Уладыслаў Сыракомля, радыкальна настроены, пералажыў на польскую мову прывітальны патрыятычны верш рускага поэты Кукальніка і надрукаваў за сваім подпісам у газэце „Kuryer Wilenski". Тым ня менш рачаістасьць давала сябе адчуваць. Кожны пражыты дзень прыносіў з сабою факты, якія гаварылі, што ўрад па сутнасьці не зьмяняе сваёй старой політыкі. Для дробнай шляхты і дробнай буржуазіі, што менш хварэла на ўгодлівасьць, гэта было ясна з самага пачатку. Яшчэ вясною 1856 году ў часе свайго першага прыезду ў Варшаву Аляксандар ІІ на прыёме польскай дэпутацыі сэнатараў, буйной шляхты і каталіцкага духавенства скончыў прамову такімі словамі: „Вы таксама блізкі майму сэрцу, як фінлянцы і іншыя расійскія падданыя, аднак вымагаю ад вас, каб устаноўлены маім бацькам парадак ні ў чым ня быў парушаны. Дзеля гэтага, паны, кіньце лятуценькі, бо я змагу супыніць усялякія лятуценьні (крозы) і змагу распарадзіцца, каб яны ня вышлі за межы выабражэньня саміх крозьбітаў“.[50]Словы зусім ясныя, над і пастаўлена выразная кропка. Так было ў Польшчы.

Ясна была выказана програма расійскага ўраду і беларускай земляўласьніцкай шляхце. Калі Аляксандар ІІ у 1858 г. быў у Менску, то віцебская земляўласьніцкая шляхта падала яму адрас з наступнымі політычнымі пажаданьнямі: павялічыць на Беларусі лік касьцёлаў, дазволіць у школах на Беларусі выкладаць польскую мову, што было дазволена для тэрыторыі Літвы, і залажыць унівэрсытэт у Полацку. Цар не згадзіўся выканаць аніводнага пажаданьня і ў адказнай прамове вызначыў, што Беларусь ёсьць „искони русский край“, зьвязаны з Расіяй гістарычнымі сувязямі. Гэты адказ даваў поўную магчымасьць беларускай угодлівай земляўласьніцкай шляхце зразумець, што ня можа быць ніякай размовы аб далучэньні Беларусі да Польшчы.

Паступова і ў угодлівых земляўласьніцкіх галовах павінна была ўстанаўлівацца думка аб тым, што па ўласнай добрай волі расійскі ўрад нічога ня дасьць ні для Польшчы, ні для Беларусі. Паступова павінны былі зьнікаць надзеі на лібэральнасьць расійскага ўраду нават ў угодлівых колах. Гэта вельмі яскрава магчыма бачыць на настроі вышэйпамянёнага беларускага песьняра В. Каратынскага. У 1858 годзе ён ускладае свае надзеі на расійскі ўрад і піша прывітальны верш Аляксандру ІІ, а ў 1863 г. ён ужо складае агітацыйны проціўрадавы верш „Гутарка старога дзеда", у якім мы чытаем наступнае: „Эй скажыце добры людзі, што ужо на сьвеце будзе? Чы то так бог судзіў з намі — прапасьць навек з маскалямі?"[51] Праезд Аляксандра ІІ праз Беларусь у Польшчу ў 1860 годзе суправаджаўся ўжо зусім нязначным паломам на Беларусі, а ў Варшаве ўжо былі яскравыя факты варожых адносін да расійскага цара з боку выступіўшай ужо опозыцыі.

ПАЧАТАК І РАЗЬВІЦЬЦЁ ОПОЗЫЦЫЙНАГА РУХУ Ў ПОЛЬШЧЫ.

Калі буйная земляўласьніцкая шляхта, нават і капіталістычнага тыпу, толькі паступова і паціху пераходзіла ад угодлівасьці перад царызмам да опозыцыі, то іначай стаіць справа ў дробна-шляхецкіх, дробна-буржуазных і рамесьніцкіх колах. Тут даволі рана мы назіраем праявы опозыцыйнага руху. На рост опозыцыйнага руху рабілі ўплыў некаторыя з вярнуўшыхся політычных эмігрантаў і выгнанцаў. Больш рухавыя і жывыя колы грамадзянства мелі магчымасьць ад вярнуўшыхся атрымаць прынцыпы чырвонага крыла паўстаньня 1831 году. Пашыраюцца прынцыпы барацьбы з царскім урадам і ўтварэньня новай Польшчы „праз народ і для народу". Пашыраецца ўплыў з-за межаў „архангела рэволюцыі" чырвонага паўстанца 1846 году ў Галіцыі Людвіка Мераслаўскага.

Ужо ў канцы 1857 і пачатку 1858 году ў Варшаве ўтвараецца цэлы шэраг дробных студэнцкіх гурткоў опозыцыйнага характару. Гурткі складаюцца як з студэнтаў варшаўскіх вышэйшых школ (новазаложанай Мэдычнай Акадэміі, Земляробскай школы ў Марымонце і Школы прыгожага мастацтва), так і з іншых соцыяльных элемэнтаў: урадоўцаў, настаўнікаў, рамесьнікаў і рабочых. У першыя часы ўсе гэтыя гурткі ня маюць організацыйнай сувязі адзін з другім, ня маюць сталых статутаў і програм. Адны з іх распадаюцца і зачыняюцца, другія пашыраюцца і зьліваюцца з іншымі гурткамі і г. д. Апроч Варшавы, опозыцыйныя польскія гурткі ўзьнікаюць у іншых унівэрсытэцкіх гарадох, як Пецярбург, Масква і Кіеў. З вышэйпаказаных гарадоў найвялікшае значэньне для паўстаньня 1863 году набывае Пецярбург.

Амаль адначасна з гурткамі моладзі ўтварыўся яшчэ адзін гурток, які складаўся з „солідных" соцыяльных элемэнтаў: фабрыкантаў, банкіраў, гандляроў, вышэйшых урадоўцаў і вышэйшых колаў інтэлігенцыі. Галоўную ролю тут іграла прамысловая буржуазія Варшавы. Магчыма думаць, што гурток быў зьвязаны з прамысловымі коламі іншых гарадоў Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны. Па сваёй програме гэты гурток найбліжэй падыходзіў да організацыі земляўласьнікаў, прадстаўленых Земляробскім Таварыствам. З чырвонымі дробнабуржуазнымі гурткамі іх злучала тое, што яны лічылі вызваленьне Польшчы магчымым пры ўмове паўстаньня, якое яны, праўда, адкладалі на вельмі далёкі тэрмін. За гэта чырвоныя гурткі далі ім назву мільлеранаў (mille—тысяча), бо яны адкладалі паўстаньне на тысячы год» што рабіла іх „паўстанчую" програму зусім не рэальнай. На чале мільлеранаў стаялі Э. Юргенс і Кронэнбэрг.

К канцу 1858 году з раскіданых дробных студэнцкіх гурткоў організацыйна афармляецца Акадэмічны гурток пры Мэдычнай Акадэміі. Гурток мае добра апрацаваны статут, касу і нават невялікую кні. На чале гуртка стаіць студэнт Ян Кужына. Адначасна з Акадэмічным гуртком афармляецца гурток Нарцыса Янкоўскага. Гэты гурток складаецца з ніжэйшых урадоўцаў, мяшчан, вучнёўскай моладзі, рамесьнікаў і рабочых. Абодва гурткі зьвязаны паміж сабою. Ім належыць спроба першага публічнага выступленьня. На 18 сакавіка 1859 году было заказана жалобнае набажэнства за памерлых Адама, Юлія і Зыгмунта (песьняроў—Міцкевіча, Славацкага і Красінскага) Народу на гэтае дэмонстрацыйнае набажэнства сабралася многа, але поліцыя была папярэджана і забараніла духавенству адпраўляць набажэнства. Набажэнства не адбылося.

У 1859 г. опозыцыйны рух узрастае. Узмацняюцца опозыцыйныя гурткі і ўвязваюцца з Акадэмічным і гуртком Янкоўскага. Ян Кужына, што стаяў на чале Акадэмічнага гуртка, дзякуючы аднэй студэнцкай гісторыі, павінен быў уцячы за граніцу і там хутка зрабіўся асабістым .сакратаром Мераслаўскага. Яго месца ў гуртку заняў Кароль Маеўскі, які потым у часы паўстаньня граў даволі выдатную, хоць і не пачэсную ролю. Гэта быў энэргічны і хітры чалавек, які ніколі ня меў стала выпрацаваных перакананьняў. Лічачыся ў пачатку староньнікам Мераслаўскага, ён патым перакідваецца з лягеру ў лягер і ў кожным лягеры знаходзіць сабе месца. Гэта давала яму магчымасьць знаць людзей і сытуацыю сіл у кожным лягеры і быць неабходным для розных політычных інтрыг. У канцы 1859 г. Акадэмічны гурток і гурток Янкоўскага ўхвалілі злучыцца. Быў абраны для абодвых гурткоў агульны кіраўнічы цэнтар, вядомы пад назваю Варшаўскай Капітулы. Галоўную, ролю ў Капітуле пачаў граць Янкоўскі.

Пасьля злучэньня сіл зноў было пастаўлена пытаньне аб організацыі публічнага выступленьня ў выглядзе маніфэстацыі. Такую маніфэстацыю цяпер удалося наладзіць 13 чэрвеня 1860 году. Для маніфэстацыі былі выкарыстаны хаўтуры Катарыны Савінскай, удавы генэрала польскіх войскаў, запнуўшага пры абароне Варшавы ад расійскіх войск у 1831 г. Поліцыя па нейкіх прычынах не пасьпела перашкодзіць маніфэстацыі. Гаварыліся польска-патрыятычныя прамовы. На хаўтуры сабралося некалькі тысяч чалавек.

У канцы лета 1860 году падпольнымі чырвонымі організацыямі была ўстаноўлена так званая жалоба па айчыне. Для ўсіх жыхароў былі забаронены балі, вечары і танцы. Жанчыны павінны былі насіць вопраткі чорнага колеру. Зьявіліся ўсякага роду патрыятычныя жэтоны, пярсьцёнкі, брошкі і г. д. Тым, хто парушаў гэтыя правілы, псавалася вопратка, разьбіваліся вокны і організоўваліся каціныя концэрты. Проф. М. Бэрг піша: „Дашло нават да таго, што зьявіўся так званы дырэктар ці капэльмайстар каціных концэртаў, які за пэўную плату браўся організаваць такія концэрты каму трэба. Концэрт з выбіцьцём шыбаў каштаваў 15 рублёў, без выбіцьця шыб—10 рублёў. Бывала часам, што канцэрты організаваліся дармова, калі на гэта быў тайны загад.[52]

Як мы ўжо казалі вышэй, у кастрычніку 1860 году ў Варшаву прыехаў Аляксандар ІІ. Чырвоная опозыцыя Варшавы спаткала гэты прыезд варожа. Тайныя організацыі добра падрыхтаваліся да прыезду і прынялі меры, каб перашкаджаць урачыстасьці спатканьня. Публіка, якая зьбіралася, каб паглядзець на цара, разганялася тым, што невядомыя асобы серным квасам псавалі вопратку гледачоў. Ілюмінацыя гасілася, ня гледзячы на тое, што яе ахоўвалі поліцэйскія варты. На сьценах чыя-сь невядомая рука вывешвала памфлеты і сатырычныя вершы. У тэатры ў царскай лёжы папсавалі аксаміт і за гадзіну да спэктаклю, на якім павінен быў прысутнічаць цар, зрабілі абструкцыю: тэатр напоўніўся такім смуродам, што ніхто ня мог застацца ў тэатры.

На 29 лістапада 1860 гаду прыпадала гадавіна паўстаньня 1830-- 31 году. На гэты дзень было назначана жалобнае набажэнства ў невялікім касьцёле на Лешне. На набажэнства сабраліся рамесьнікі, студэнты і наогул моладзь. Раздаваліся карткі з портрэтамі Касьцюшкі, Кілінскага і іншых народных герояў. А 6-ай гадзіне ўвечары маніфэстанты сабраліся зноў каля касьцёлу, наўкола статуі маткі боскай. Статую асьвятлілі лямпкамі, усе сталі на калены і першы раз прапелі гімн „Божа, што Польшчу", які потым зрабіўся вельмі популярным і сьпяваўся заўжды ў часы маніфэстацый. Гэтая першая маніфэстацыя з патрыятычным сьпевам зрабіла вялікае ўражаньне на масы. Пачынаючы з канца 1860 году патрыятычныя сьпевы зрабіліся звычайнаю зьяваю як у Варшаве, так і ў іншых гарадох.

Пры такім настроі чырвоных дробнабуржуазных колаў 21 лютага 1861 г. сабраўся штогодны зьезд Земляробскага Таварыства. На зьезд зьехалася каля паўтары тысячы земляўласьнікаў. На разгляд было пастаўлена сялянскае пытаньне. Таварыства ўхваліла неабходнасьць скасаваньня паншчыны. Паміж землеўласьнікам і селянінам павінны адбывацца добрахвотныя ўмовы: селяніну надаецца зямля на правох чыншу, за які селянін павінен несьці ў адносінах да пана абгавораныя ў умове грашовыя і іншыя абавязкі. Толькі пасьля выкананьня вызначаных абавязкаў зямля робіцца ўласнасьцю селяніна. Добрахвотнасьць опэрацыі, высокія цэны на зямлю і аддача сялянам горшай зямлі рабілі рэформу ня маючай ніякай вартасьці.

На гэтым-жа зьезьдзе Таварыства Велепольскі, які стаяў на грунце поўнай згоды з расійскім урадам, прагнуў дагаварыцца, з. кіруючымі коламі Таварыства наконт пасылкі цару політычнага адрасу. У проекце свайго адрасу Велепольскі ішоў на політычны компроміс з расійскім урадам на грунце так званага „Органічнага Статуту", што формальна існаваў з 1832 году і павінен быў даваць этнографічныы польскім губэрням правы ўнутранага самакіраваньня. Прадстаўнікі Таварыства на згоду з Велепольскім не пайшлі. Наогул кажучы, політычная позыцыя Земляробскага Таварыства была зусім няясная: яно ня ішло ні з чырвонай опозыцыяй, ні з поўнымі згоднікамі і як бы стаяла пакуль што на раздарожжы, хаваючы сваю ўгодлівую сутнасьць.

А ў гэты час чырвоныя не бязьдзейнічалі. Жадаючы ўцягнуць земляўласьнікаў з Таварыства ў маніфэстацыйны рух, яны пашыралі па Варшаве проклямацыю, якая заклікала ўсіх у дзень трыццатай гадавіны Грохаўскай бойкі на рынак Старога Места для ўдзелу ў маніфэстацыі. У вызначаны дзень, а палове шостай вечара, маніфэстацыя адбылася вельмі ўрачыста. На чале процэсіі несьлі штандар малінавага колеру з белым арлом, асьветлены ліхтарамі; сьпявалі гімн „Божа, што Польшчу”. На процэсію кінуліся конныя жандары і поліцыя, і маніфэстацыя была разагнана. У выніку некалькі асоб было паранена і да дваццаці заарыштавана. Таварыства адмежавала сябе ад маніфэстацыі. .Старшыня яго Замойскі нават запатрабаваў ад ураду варту, якая-б аберагала спакойную працу Таварыства.

Разгон маніфэстацыі ўтварыў у месьце павышаны настрой, які выліўся 27 лютага ў новую маніфэстацыю. Зноў на рынку Старога Места сабралася процэсія з штандарамі, якая складалася з рамесьнікаў, мяшчан, вучнёўскай моладзі і інш. Моладзь з Земляробскага Таварыства пакінула пасяджэньне і была таксама тут. Сабралася да 3000 народу. Зноў раздаліся рэволюцыйныя патрыятычныя сьпевы, Жандары і поліцыя былі бясьсільны, каб разагнаць маніфэстацыю. Было выклікана войска. Раздаліся стрэлы, у выніку было забіта пяць чалавек: два рамесьнікі, два шляхтічы з провінцыі і адзін вучань, Некалькі чалавек было паранена.

Пасьля стрэлаў уся Варшава заварушылася і паднялася на ногі. Да намесьніка Польшчы Гарчакова накіравалася з протэстам дэлегацыя ад купецтва і мяшчанства. Нават і Замойскі, які дагэтуль устрымліваўся ад умешваньня ў патрыятычна-опозыцыйны рух, апынуўся, таксама ў намесьніка. Жыхарства высыпала на вуліцы і не разыходзілася, ня гледзячы на тое, што там была расстаўлена вайсковая сіла. Гарчакоў зусім зьмяшаўся і ня ведаў, што рабіць. Хутка войску быў даны загад пакінуць пасты на вуліцах. Поліцыя таксама была зьнята. Адказнасьць за парадак у горадзе намесьнік усклаў на дэлегацыю места Варшавы, якая такім спосабам зрабілася адзінай адказнай уладай у горадзе. Дэлегацыя для рэалізацыі сваёй улады вылучыла адпаведныя камісіі і занялася складаньнем політычнага адрасу на імя цара. Адрас хутка быў зложаны. Ён гаворыць аб неабходнасьці ўвядзеньня ў жыцьцё краю тых асноў, што выплываюць з духу народу, яго традыцый і гісторыі. Напісаны ён у вельмі ўстрыманым тоне мільлеранаў і земляўласьнікаў з Таварыства, якія захапілі ўплыў у свае рукі. Пад адрасам, тым ня менш, было сабрана 18.000 подпісаў.

Па запатрабаваньню дэлегацыі обэр-поліцмайстар Варшавы Трапаў павінен быў выйсьці ў адстаўку, а на яго месца таксама па запатрабаваньню дэлегацыі быў назначаны ген. Паўлюці, роля якога зьвялася да пасярэдніцтва паміж урадам і дэлегацыяй. Быў абраны спэцыяльны камітэт для організацыі хаўтур пяці афяр і другі камітэт для зьбіраньня грошай на помнік ім. Трэба думаць, што дэлегацыя баялася рэволюцыйнага выбуху з боку чырвоных. Выдзеленая дэлегацыяй варта констэбляў адбірала зброю ў западазроных у такім настроі людзей. Тое самое адчувалася і ў адозьве, якую дэлегацыя 1-га сакавіка выдала, запрашаючы грамадзян на хаўтуры, прызначаныя на 2 сакавіка. У адозьве было напісана, што той, хто на хаўтуры прыдзе ўзброеным, будзе лічыцца за здрайцу края.

Хаўтуры былі праведзены вельмі ўрачыста. Набажэнства служыў біскуп. У процэсіі ўдзельнічала некалькі дзесяткаў тысяч народу. Парадак падтрымліваўся вартаю констэбляў і нідзе не парушаўся.

Пасьля хаўтур улада ў горадзе зноў заставалася ў руках дэлегацыі. Намесьнік Гарачкоў ня ведаў, што рабіць. У Пецярбург ляцелі тэлеграмы з запытаньнямі. Пад націскам дэлегацыі быў звольнены ў адстаўку куратар Варшаўскага вучэбнага округу Муханаў, непапулярны ў польскіх колах, што яшчэ больш павялічыла значэньне дэлегацыі.

Паглядзім цяпер, як адбіваецца маніфэстацыйна - патрыятычны гарадзкі рух на вёсцы. У самым пачатку сакавіка 1861 году Варшаўская дэлегацыя разам з мяшчанствам і духавенствам выдае і пашырае „Пасланьне да ўсіх радакоў Польскай зямлі". Пасланьне заклікае ўсе станы грамадзянства, асабліва сялян і паноў, да згоды паміж сабою. Шляхта павінна злучыцца з сялянствам, як брат з братам. Цемра і паншчына, што дагэтуль разлучалі паноў і сялян, хутка павінны зьнікнуць. Земляўласьнікі павінны правесьці пасадку сялянства на чынш, каб праз гэта прысьці да надзелу сялян уласнай зямлёй (pszez oczynszowanie do uwlaszczenia). Апроч гэтага, земляўласьніцкая шляхта павінна весьці сярод сялянства культурна-асьветную працу. З другога боку сяляне павінны збліжацца з панскім дваром, бо ад гэтага збліжэньня залежыць шчасьце, як саміх сялян, так і ўсяго народу. Пан, што як і раней крыўдзіць падуладных яму сялян, і селянін, што выступае проці пана, робяць злачынства перад цэлым народам. Ня трэба верыць абяцанкам расійскага ўраду аб вызваленьні сялян, ня трэба зьвяртацца да яго адміністрацыі і судоў. Усе процэсы і справы трэба разьвязваць самім. Калі сяляне аб‘яднаюцца з панамі, як браты і добрыя суседзі, а з імі злучацца мяшчане і рамесьнікі, тады нас чакае лепшая будучына. Як мы бачым, адозва напісана ў белым стылі Земляробскага Таварыства і мільлеранаў, якія складалі кіраўнічае ядро дэлегацыі. Адначасна з ёю пашыраецца па вёсцы і пастанова Земляробскага Таварыства, аб якой мы гаварылі вышэй. Сутнасьць яе была выказана і ў адозьве: „дабрахвотна, przez oczynszowanie do uwlaszczenia”. Само сабою зразумела, што ні адозва, ні пастанова Таварыства не зрабілі ніякага ўражаньня на сялянства. Селянін зусім не прызнаваў гэтай заблытанай і складанай процэдуры абчыншаваньня, ня верыў у тое, што пан калі-небудзь добрахвотна прыступіць да надзяленьня яго зямлёю, і думаў аб зусім іншым атрыманьні зямлі ад пана.

З усіх бакоў ідуць весткі аб непаразуменьнях паміж сялянамі і ўласьнікамі маёнткаў. У многіх мясцовасьцях сяляне адмаўляюцца ад выкананьня паншчынных абавязкаў і ня хочуць рабіць ніякіх умоў з панамі. Паны, да якіх таксама зьвярталася і адозва і пастанова, свае земляўласьніцкія інтарэсы не маглі ня ставіць вышэй інтарэсаў таго „народу", аб якім пісала адозва. У выпадках „непаслушэнства” сялян яны зьвярталіся да царскай улады і да расійскай вайсковай сілы. Гэта яшчэ больш падбурала сялян. Сярод іх пайшлі чуткі, што крывавыя здарэньні ў Варшаве былі выкліканы тым, што паны не хацелі выканаць царскага маніфэсту аб вызваленьні сялян і надзяленьні іх зямлёю. Па гэтаму пытаньню абежнік адміністратара Плоцкай дыяцэзы гаворыць так: „Няпрыяцелі краю і народнай справы пашырылі сярод сялянства абманную думку аб тым, што земляўласьнікі перадалі сялянству (шляхам крэдытовай пазычкі, якая яшчэ будзе зроблена), землі, але гэтыя грунты ня шляхта, а цар ім падараваў; да гэтага яшчэ дадаюць, што, калі паны не згадзіліся выканаць царскі загад, расійскі ўрад за гэта загадаў у іх страляць, адсюль і наступілі тыя смутныя выпадкі, якія падрабязна ўжо ўсім вядомы”.[53]

Аб непарадках сярод сялянства ў Польшчы гавораць і рускія крыніцы. „У многіх мясцовасьцях к вясьне 1861 году сяляне адразу, як-бы па агульнай маўклівай згодзе паміж сабою, прыпынілі паншчынную працу. А дзе праца яшчэ і рабілася, дык там сяляне выказвалі ў адносінах да панскіх арандароў і эканомаў зьнявагу. З усепадданейшай справаздачы ўрадавай камісіі міністэрства ўнутраных спраў відаць, што надзвычайныя непарадкі, якія выявіліся найраней у Люблінскай губэрні, у хуткім часе пашырыліся амаль на ўвесь край, так што закранута было непарадкамі больш 20.000 сялянскіх двароў”.[54]

Такім чынам, сялянства ў сваёй масе не падтрымала таго руху, які распачаўся ў Варшаве. Яно было занята сваёй уласнай барацьбой за вызваленьне з-пад апекі пана і за зямлю. Яно пайшло-б за Варшавай толькі тады, калі-б яна выразна забясьпечыла за сялянствам тое, чаго яно патрабавала. Варшава гэтага не зрабіла, і сялянскія масы за ёю не пайшлі.

У справу ўмяшаўся расійскі ўрад. У адносінах да сялянства ён прыняў цэлы шэраг рэпрэсіўных мерапрыемстваў. Пайшлі ў ход бізуны, лозы, вайсковыя пастоі і г. д. У канцы красавіка і ў пачатку мая большая частка сялянства павінна ўжо была здацца і стала на паншчынную працу.

Што датычыць Варшавы, дык тут расійскія ўрадавыя мерапрыемствы пачаліся яшчэ раней. 13 сакавіка прышоў ад цара адказ на варшаўскі адрас. Цар у адказе абураўся тым, што нейкія асобы, скарыстаўшы вулічныя непарадкі, дазволілі сабе ўмяшацца ў справы ўраду. Урад клапоціцца аб сваіх падданых у Царстве Польскім таксама, як і аб усіх падданых Расіі. Рэформы, што праводзяцца ва ўсім царстве, будуць праведзены і ў Польшчы. Ні ў якім выпадку цар ня будзе патураць фактычным непарадкам. На такім грунце нішто ня будуецца. Гарчакоў прачытаў гэты адказ дэлегацыі і потым абвясьціў яго ў горадзе з перасьцярогаю, што пры ўсякіх непарадках будуць ужыты рэпрэсіі. 23 сакавіка загадам намесьніка была і сама дэлегацыя распушчана. Расійскі ўрад зноў зрабіўся панам палажэньня.

„ЭПОХА РЭФОРМ" ВЕЛЕПОЛЬСКАГА.

З канца сакавіка 1861 году на сцэну выступае выразная згодніцкая група, на чале якой стаіць маркіз А. Велепольскі. Гэтая група існавала ўжо даўно і цярпліва чакала свайго часу. Складалася яна з буйных магнатаў і земляўласьнікаў фэўдальнага тыпу, частка якіх так ці іначай прыстроілася пры царскім палацы і на расійскай урадавай службе. Гэта—выразна выяўленыя консэрватары. Іх вельмі добра характарызуюць словы, што звычайна прыпісваюцца Велепольскаму: „лепш панаваньне Маскалёў, чым якабінскіх тэорый". Ясна, аб якіх маскалёх гаварыў Велепольскі, калі ён проціпастаўляў іх якабінцам. Па думцы гэтых згоднікаў трэба кінуць сувязь з рэволюцыяй і ўсякія надзеі на замежную дыплёматыю. Марыць аб адбудаваньні Польшчы ў старых межах немагчыма. Трэба весьці працу ў кожнай польскай дзяльніцы паасобку. Адзінаю прычынаю ўціску над польскім народам зьяўляецца тое, што ўрады захопнікаў баяцца рэволюцыйнасьці палякаў і інтрыг польскай опозыцыйнай арыстократыі пры чужаземных дварох. Як толькі гэтая прычына будзе скасавана, урады захопнікаў дадуць паасобным дзяльніцам Польшчы розныя вольнасьці і правы самакіраваньня. Асабліва каштоўнай для Польшчы зьяўляецца сувязь з Расіяй, якая бясьпечна для Польшчы з боку культурнага, бо яна ніжэй культурна ад Польшчы. Сувязь з Расіяй адчыняе для Польшчай шырокі рынак. Для расійскай Польшчы ад царскага ўраду магчыма дабіцца адміністрацыйнай і культурнай аўтаноміі, падобнай да аўтаноміі Органічнага Статуту. Беларусь, Літва і Украіна пакуль што павінны быць пакінуты ў баку. Іх полёнізацыя заўжды забясьпечана.

Гэтую групу і рашыў выкарыстаць намесьнік Польшчы Гарчакоў. У дзень хаўтур пяці афяр намесьнік выклікаў да сябе аднаго з сваіх бліжэйшых урадоўцаў, Эноха, што быў зьвязаны з групаю Велепольскага. Пасьля нарады яны прышлі да вываду, што заспакоіць рух у Польшы магчыма толькі шляхам уступак. Трэба было пераканаць у гэтым Пецярбург. Для гэтай мэты ў Пецярбург быў посланы адзін з урадоўцаў-палякаў Карніцкі, якому былі дадзены намесьнікам адпаведныя інструкцыі. Карніцкі быў прыняты Аляксандрам ІІ і падаў яму проект рэформ, якія неабходна было правесьці для заспакаеньня Польшчы. Усе проектаваныя рэформы насілі адміністрацыйны характар і па свайму зьместу былі блізкі да Органічнага Статуту 1832 году. Як вядома, пасьля паўстаньня 1831 г. констытуцыя Польшчы 1815 году была скасована і юрыдычна заменена так званым Органічным Статутам, на аснове якога Польшча, замест незалежнасьці, атрымала права самакіраваньня ў межах Расійскай Імпэрыі. Паводле Статуту на чале Польшчы стаіць намесьнік, як асоба, прадстаўляючая ў краі ўладу расійскага цара. Пры намесьніку існуе адміністрацыйная рада, якая складаецца з вышэйшых урадоўцаў краю. Яна дапамагае ў кіраваньні намесьніку і мае права вылучаць на вышэйшыя пасады кандыдатаў, якіх зацьвярджае вышэйшая ўлада. Для законадаўчай дзейнасьці існуе дзяржаўная рада Царства Польскага. Яна складаецца з назначаных царом членаў. Апроч законапроектаў, яна займаецца бюджэтнымі пытаньнямі краю. І тое і другое атрымлівае моц толькі пасьля зацьверджаным цара. Паміж іншым, вышэйпаказаны Статут існаваў толькі на паперы.

8 сакавіка, для разгляду проекту Карніцкага ў Пецярбургу была склікана надзвычайна тайная нарада з міністраў—чужаземных спраў , Гарчакова, ваенных спраў Сухаванета, шэфа жандараў Долгарукава, міністра ўнутраных спраў Тымоўскага і яго памочніка Платонава, Нарада ўхваліла сутнасьць проекту і даручыла Карніцкаму, Тымоўскаму і Платонаву апрацавать проект яшчэ раз, прыняўшы пад увагу тыя папраўкі, якія былі зроблены на нарадзе.

Паміж тым у Варшаве намесьнік паставіў перад сабою пытаньне, хто з політычных польскіх фігур можа стаць на чале таго самакіраваньня, проект якога разглядаўся ў Пецярбургу. Такою фігураю, зразумела, мог быць толькі Велепольскі. 6 сакавіка паміж Варчаковымі і Велепольскім адбылася гутарка. Велепольскі згадзіўся пайсьці на поўную згоду з расійскім царызмам пры ўмове, што будзе прыняты яго проект рэформы, які па сваёй сутнасьці быў нечым сярэднім па. між констытуцыяй 1815 году і Органічным Статутам 1832 г., з перавагаю ў бок апошняга. Цэлы тыдзень ішлі перагаворы паміж Велепольскім і намесьнікам аб паасобных пунктах проекту. Проект быў узгоднены толькі к 14 сакавіка і толькі праз тыдзень (21. ІІІ) быў накіраваны на разгляд у Пецярбург.

Такім чынам, у канцы сакавіка ў Пецярбургу апынулася два проекты „рэформ” для Польшчы. Каб разабрацца ў проектах і вынесьці нейкую адзіную пастанову, на 25 сакавіка была склікана Рада міністраў. Абгаварэньне справы цягнулася 7 гадзін. Спрэчкі часта насілі вельмі бурны характар. Раздаваліся галасы, што наогул ніякіх рэформ, ніякіх уступак ня трэба рабіць; што рух у Польшчы трэба задушыць сілаю.

Аднак, упамінаньне аб тым, што вельмі неспакойна і ў самай Расіі, прымусіла міністраў прызнаць неабходнымі „рэформы”. А ў Расіі з гэтага часу як раз распачаліся сялянскія непарадкі. Амаль што без перарыву яны цягнуліся два гады. Праз гэтыя два гады налічваецца 1100 сялянскіх непарадкаў. Сяляне хваляваліся ў Віленскай, Віцебскай, Горадзенскай, Ковенскай, Менскай, Валынскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Палтаўскай, Херсонскай, Варонескай, Разанскай, Тульскай, Пскоўскай, Цьверскай і інш. губэрнях. Асабліва нашумелі хваляваньні сялян у Казанскай губ., у сяле Бездне. Сюды была накіравана вайсковая сіла. Пасьля стрэлаў аказалася 71 чалавек забітых і 155 параненых. Такія-ж засьмірэньні, толькі з меншым лікам афяр, адбываліся ў розных куткох шырокай царскай імпэрыі. У ўрадавых колах пачалі гаварыць аб магчымасьці новай пугачоўшчыны. Такія агульныя абставіны прымусілі Раду міністраў пайсьці на ўступкі. Праўда, раздаваліся галасы аб бунтаўнікох - паляках, якія не заслугоўваюць царскай ласкі. Але, прымаючы пад увагу, што ў Варшаве зрабілася спакайней, што дэлегацыя была распушчана бяз усякіх протэстаў, за аснову быў прынят проект Карціннага, як больш рэакцыйны і да яго дададзены некаторыя пункты з проекту Велепольскага. Велепольскі з свайго боку згадзіўся працаваць з расійскім урадам пры гэтых рэформах. Ён быў запэўнены, што пры дапамозе атрыманых ім уступак магчыма будзе заспакоіць Варшаву і Польшчу.

Уступкі расійскага ўраду Польшчы былі абвешчаны 27 сакавіка. Урадавая абвестка аб гэтым падавала да ведама жыхароў Царства Польскага ніжэйпаданае: „Князь-намесьнік атрымаў па тэлеграфу паведамленьне з Пецярбургу аб выданьні яго імпэратарскай вялікасьцю ніжэйпаданых вышэйшых пастаноў: 1) Замест Варшаўскага вучэбнага округу і духоўнага аддзелу ў урадавай камісіі ўнутраных і духоўных спраў устанаўляецца ўрадавая камісія рэлігійных вызнаньняў і народнай асьветы. 2) Галоўным дырэктарам і старшынёю гэтай комісіі прызначаны Аляксандар гр. Велепольскі, з месцам у адміністрацыйнай радзе каралеўства. З) Ухвалена агульная рэформа школ. 4) Ухвалена заснаваньне вышэйшых навуковых устаноў, і паміж імі школы права. 5) Устанаўляецца дзяржаўная рада каралеўства, у склад якой уваходзяць саноўнікі духоўнага стану і віднейшыя абываталі краю. Разгляд скаргаў і просьбаў, апроч звычайных чыннасьцяў, знаходзіцца ў веданьні рады па выбарах, 6) Рады па выбарах устанаўляюцца па губэрнях. 7) Такія-ж самыя рады па выбарах устанаўляюцца ў Варшаве і ў галоўнейшых гарадох каралеўства”.

Пасьля апублікаваньня ўрадавага комунікату і сваёй номінацыі Велепольскі імкнецца прыцягнуць на свой бок шляхецкія колы з Земляробскага Таварыства ў асобе А. Замойскага. Для гэтага Велепольскі выкарыстаў звычай вялікодных візытаў і зьявіўся да Замойскага. На пропозыцыю Велепольскага працаваць разам Замойскі нічога не адказаў і гэтым даў зразумець, што ён ня згодзен падтрымліваць Велепольскага. Цэлы шэраг асоб імкнуліся потым злучыць сілы Таварыства з Велепольскім, але нічога з гэтага ня выпіла. Земляробскае Таварыства на чале з сваім старшынёю Замойскім не згадзілася падтрымліваць політыку Велепольскага. Яно сядзела паміж двух крэслаў: паміж чырвонай опозыцыяй радыкальных гурткоў і паміж яўна-выразнай, ужо аформленай згодай з расійскім царызмам. Яно хацела адыграць ролю легальнай опозыцыі.

Не ўдалося Велепольскаму прыцягнуць на свой бок і каталіцкае духавенства. Духавенства ў сваёй рашучай большасьці стаяла на старане групы А. Замойскага. Былі прыхільнікі чырвонай опозыцыі. Апроч таго, Велепольскі закрануў і каставыя інтарэсы духавенства. На трэці дзень вялікадня ён, як старшыня камісіі вызнаньняў, рабіў урачысты прыём каталіцкаму духавенству. На прыёме ён сказаў рашучую прамову, якая не магла спадабацца слухачом ні па зьместу, ні па тону. Асабліва былі незадаволены словамі прамоўцы аб тым, што ён „ня будзе прызнаваць ніякіх урадаў у ўрадзе". Ён разумеў пад урадам у ўрадзе духавенства. Духавенства зусім правільна ў гэтых словах убачыла намер Велепольскага зьменшыць політычную ролю духавенства, якую яно адыгрывала дагэтуль.

Пасьля прамовы Велепольскага, 4 красавіка зьявіўся едкі памфлет, выданы патаемна і пашыраны ў вялікім ліку экзэмпляраў, пад назваю: „Адказ ўсяго каталіцкага духавенства ў Польшчы". Памфлет перадае ў яскравых і вострых словах абурэньне каталіцкага духавенства прамоваю і імкнецца ў корані падарваць аўторытэт Велепольскага. „Памфлет ставіў яго на адну ступень з Муханавым і іншымі маскалямі, што зьяўляліся ў Польшчу толькі для таго, каб выконваць у ёй роль ката і прыгнятацеля веры, мовы, адным словам, усяго таго, што складае народную сутнасьць".[55] Такім чынам, буйная буржуазія, буйное земляўласьніцтва капіталізаванага тыпу і духавенства ў сваёй масе былі супроць політыкі Велепольскага. А гэта былі ўжо вельмі значныя сілы таго часу. Што датычыць дробнай буржуазіі, дробнай шляхты, мяшчанства, рамесьнікаў і г. д., дык Велепольскі і ня думаў дагаварыцца з імі, бо лічыў іх рэволюцыйным элемэнтам, з якім трэба не дагаварвацца, а які трэба ўгамаваць рэпрэсіямі.

Паколькі згоднікам не ўдалося схіліць на свой бок шляхты з Земляробскага Таварыства, Велепольскі цьвёрда стаў на думцы яго зачыненьня. Гэтая думка была выказана ім яшчэ ў тым проекце, які ён падаваў расійскаму ўраду, але ён не рэалізаваў яе, думаючы дагаварыцца з А. Замойскім. Цяпер ён прыступіў да рэалізацыі. Велепольскі лічыў, што Таварыства, якое складала моцную організацыю, зьяўляецца як-бы ўрадам у ўрадзе і такім чынам парушала адзінства яго пляну і атрыманай ад расійскага ўраду ўлады. Намесьнік быў проці зачыненьня Таварыства, але пад націскам Велепольскага здаўся і згадзіўся на зачыненьне, б красавіка 1861 году ўва ўсіх варшаўскіх газэтах зьявіўся загад намесьніка аб зачыненьні Земляробскага Таварыства. Мотыў зачыненьня быў такі: таварыства было адчынена з мэтаю падняцьця земляробства; становішча; якое набыло таварыства ў астатнія часы проці свайго статуту, робіць таварыства неадпавядаючым сучасным абставінам.

Адначасна з гэтым Велепольскі, як дырэктар камісіі рэлігійных вызнаньняў, ударыў і па духавенству. У газэтах зьявілася спэцыяльнае „азнаямленьне“ такога зьместу. Некаторыя з духавенства абвясьцілі з амбону пастанову Земляробскага Таварыства аб аб‘улашчаньні сялян. Дзякуючы таму, што сяляне няправільна зразумелі гэтую пастанову, у многіх мясцовасьцях адбыліся сялянскія непарадкі. Захоўваючы поўную свабоду духавенства ў межах касьцёлу, улада не дазволіць нікаму ўмешвацца ў дзяржаўныя справы.

Зразумела, усё вышэйпаданае вельмі абвострыла ўзаемаадносіны паміж опозыцыйнымі коламі Варшавы з аднаго боку і Велепольскім з другога боку. Белыя колы маўчалі. Але што датычыць чырвоных колаў, дык яны распачалі актыўную опозыцыю проці згоды. 7 красавіка была організавана маніфэстацыя перад будынкам зачыненага таварыства і наладжаны овацыі старшыне таварыства Замойскаму. Перад будынкам таварыства сабралася каля некалькіх тысяч чалавек. Будынак, асабліва ўваходныя дзьверы, былі прыбраны кветкамі і гірляндамі. Двухгаловы чорны расійскі арол быў завешаны матэрыяй з намалёваным на ёй белым крыжам. З паперы выразалі белага арла, паднялі яго ўгару і зрабілі яму овацыю. Пасьля гэтага ўсе пачалі разыходзіцца, дзякуючы ўгаворам старога генэрала Панюціна. Замойскаму другая процэсія паднесла вянок. Замойскі выгнаў на балькон і ўгаварваў не рабіць маніфэстацый, а чакаць лепшай будучыны з надзеяю на бога. Тым ня менш маніфэстанты зноў пачалі зьбірацца і агромністай масай, у некалькі дзесяткаў тысяч, сабраліся каля дварца намесьніка. Намесьнік выехаў да маніфэстантаў і ўгаварваў іх разыйсьціся. У адказ на яго словы з натоўпу маніфэстантаў сыпаліся жарты: „Вы разыходзьцеся, капусьнякі. Ідзі, стары, сам да хаты, бо захварэеш на катар". Намесьнік павінен быў ад‘ехаць назад за шэрагі войск. Тады з угаворамі падыхаў да маніфэстантаў генэрал Хрулёў. Ён угаварыў маніфэстантаў разыйсьціся. Такім чынам маніфэстацыя скончылася спакойна бяз стрэлаў і без праліцьця крыві.

На другі дзень, 8 красавіка, ужо з раніцы зноў у розных часьцях гораду пачалі зьбірацца маніфэстанты. Каля 6 гадзіны вечара ўсе яны сабраліся каля палацу намесьніка. Каля каменнай статуі маткі боскай група вучнёўскай моладзі, на чале з Навакоўскім, пачала сьпяваць рэволюцыйныя патрыятычныя сьпевы. Міма праяжджала паштовая карэтка. Параўняўшыся з маніфэстантамі, паштальён на сваім ражку заграў мотыў гімну „Яшчэ Польшча ня згінула". Натоўп пабег за карэткай і зрабіў овацыю паштальёну. Пасьля гэтага Гарчакоў загадаў вывесьці і паставіць на плошчы вайсковую сілу. Ня гледзячы на гэта, лік маніфэстантаў усё ўзрастаў. Было зроблена тры папярэджаньні, што калі маніфэстанты не разойдуцца, будзе ўжыта збройная сіла. Ніхто не разыходзіўся. Тады была пушчана на маніфэстантаў кавалерыя з халоднаю зброяю. Маніфэстанты абараняліся чым маглі—найчасьцей каменьнем, якое яны выдзіралі з бруку. Сьледам на дапамогу кавалерыі выпіла пяхота, якая дзейнічала прыкладамі. Народу было так многа, што немагчыма было разагнаць яго. Разагнаныя ў адным месцы зьбіраліся праз некалькі хвілін у другім месцы. Тады быў даны загад страляць. Было выпушчана каля 500 куль. Маніфэстацыя была разагнана. Па ўрадавых вестках было забіта 11 асоб, памерла ад ран 36 і наогул паранена 240 асоб. У рачаістасьці пацярпеўшых было больш, бо 500 куль былі пушчаны ў густы натоўп, і промахаў быць не магло. Магчыма думаць, на аснове прыватных вестак, што забітых і памёршых ад ран было больш як 100 чалавек.

Пасьля стрэлаў і забойств пачаліся рэпрэсіі. Адзін за другім публікаваліся адпаведныя абежнікі. Перш за ўсё было забаронена . насіць жалобу, памаркі, патрыятычныя эмблемы і значкі. У хаўтурных процэсіях маглі прымаць удзел толькі бліжэйшыя сваякі нябожчыка. Параненым 8 красавіка было забаронена паказвацца на вуліцах з павязкамі і бінтамі. Узмоцнена была цэнзура. Па вуліцах бесьперастанку езьдзілі патрулі, на плошчах напагатове стаялі вайсковыя бівуакі. Урадоўцы, проці якіх былі ўлію, што яны спачуваюць руху, звальняліся з пасад. Яны адказвалі за сваіх крэўных і сваякоў, калі тыя парушалі выданыя абежнікі. Але рэпрэсіі не маглі спыніць руху. Ён перакідаўся з Варшавы ў провінцыяльныя гарады. На вуліцах, панавалі жалобныя вопраткі. Сьпевы патрыятычных гімнаў не прыпыняліся. „Рэформы" Велепольскага, якія ён пачаў праводзіць, пры гэтых умовах ня мелі ніякай популярнасьці. Для ўсіх было ясна, што „рэформы" нічога нікому не дадуць і ня спыняць руху.

ОПОЗЫЦЫЙНЫ РУХ НА БЕЛАРУСІ.

Опозыцыйны рух на Беларусі распачынаецца пазьней, чым у Польшчы. Першыя адзнакі яго мы знаходзім у 1860 годзе. Летам у Вільню зьехаліся студэнты як з Варшавы, так і з расійскіх унівэрсытэцкіх гарадоў. Асабліва многа было студэнтаў з Пецярбургу. Пад уплывам прыехаўшых студэнтаў пачынаюць організоўвацца падпольныя рэволюцыйныя гурткі. Гурткі складаюцца з вучнёўскай моладзі, рамесьнікаў, дробнай шляхты і інтэлігенцыі. Гурткі зьвяртаюць вялікую ўвагу на пропаганду сярод рамесьнікаў. У некаторых цэхах пропаганда была шырака разьвіта і захапіла шмат народу, напр., у гарбароў. На сходах сьпяваліся забароненыя сьпевы і чыталіся нелегальныя кніжкі і часопісы, напр., Мераслаўскага „Лістападавыя прамовы“ і Герцэна „Колокол". Забароненая літаратура пашыралася і па-за межамі гурткоў, сярод вучнёўскай і рамесьніцкай моладзі.

Перад праездам праз Вільню цара, увосень 1860 году, поліцыя і жандармэрыя чысьціла горад ад „неблаганадзейных“, чырвоных элемэнтаў. У часе гэтай чысткі было выкрыта існаваньне аднаго з такіх рэволюцыйных гурткоў. Поліцыя заарыштавала па справе гуртка чатырох студэнтаў—Вішнеўскага, Віткоўскага, Вярыгу і Курневіча. „З паказаньняў арыштаваных па справе чатырох асоб (вышэйпамянёных студэнтаў. У. І.) выявілася, што ў рачаістасьці існуюць у Вільні неблаганамерныя сувязі найбольш у клясе рамесьнікаў саф‘яннага цэху, якія маюць прыметы злошкадлівых замыслаў, што ў колах вучнёўскай моладзі ў Вільні, дамовых настаўнікаў і прыехаўшых у Вільню студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, існуе рэволюцыйны рух, што гэты рух падтрымліваецца нейкім эмісарам Лісоўскім. Члены гэтага гуртка зьбіраліся і гутарылі аб вызваленьні Польшчы... Вішнеўскі разам з таварышом сваім Віткоўскім імкнуліся падкупіць рамесьнікаў і схіліць на свой бок дармовым навучаньнем грамаце... Гурток меў даволі вялікі лік членаў, у тым ліку студэнтаў Вярыгу і Курневіча. Пацярпелі толькі Віткоўскі і Вішнеўскі. Іншыя члены былі вызвалены ад усякага арышту".[56]

Зьлякаўшыся распачатага руху, які мог выявіцца ў якім-небудзь скандале ў часе побыту цара ў Вільні, віленскі генэрал-губэрнатар Назімаў прыняў захады, каб гэтага ня было. Быў дадзены загад, каб студэнты, што прыехалі ў Вільню на канікулы з іншых гарадоў, выехалі з гораду. Што датычыць мясцовай вучнёўскай моладзі, дык ёй было забаронена паказвацца на вуліцах Вільні без бацькоў ці апякуноў. Так пазбылася поліцыя на нейкі час дробнабуржуазнай чырвонай опозыцыі. Ня гледзячы на прынятыя меры, скандал амаль што не адбыўся зусім з другога боку, з боку белых. Мы ведаем, што яшчэ ў 1858 годзе, у часе праезду цара праз Менск, там выступіла з політычным адрасам віцебская шляхта, якая пацярпела поўную няўдачу. Ня гледзячы на гэта, земляўласьніцкая шляхта Беларусі задумала падаць яшчэ раз політычны адрас цару ў часе яго прыезду ў 1860 годзе. У маршалка шляхты Віленскай губэрні Дамэйкі сабраліся павятовыя маршалкі Віленскай і Ковенскай губэрань. Тут абгаварвалася пытаньне аб заснаваньні на Беларусі Земляробскага Таварыства, падобнага да Варшаўскага Таварыства, і аб падачы цару адрасу. У проекце адрасу гаварылася аб неабходнасьці аднаўленьня ў Вільні унівэрсытэту, аб уводзе ў школу, суд і адміністрацыю карыстаньня польскай мовай і пашырэньні правоў каталіцтва. Назімаў, даведаўшыся аб сходзе шляхты і яе пастанове, выклікаў да сябе Дамэйку і забараніў, пад пагрозаю кары, падаваць адрас. Земляўласьнікі не асьмеліліся парушыць гэты загад, і проект адрасу так і не зрабіўся адрасам.

Такім чынам і на Беларусі з самага пачатку руху опозыцыя проці царызму набыла той. самы характар, што і ў Польшчы. Яна разьбілася на белую і чырвоную опозыцыю. Белая, легальная опозыцыя прадстаўлена буйной земляўласьніцкай шляхтай капіталізаваных маёнткаў і буйной буржуазіяй. Чырвойая нелегальная опозыцыя прадстаўлена дробнай буржуазіяй, дробнай шляхтай, рамесьнікамі і рабочымі. У періныя часы грае вельмі выдатную ролю вучнёўская моладзь і розначынная інтэлігенцыя. Буйная буржуазія на Беларусі грала меншую ролю, чым у Польшчы, што зусім зразумела, калі прыняць пад увагу, што на Беларусі прамысловасьць была разьвіта слабей. На Беларусі, напрыклад, буйная буржуазія так і не ўтварыла свайго опозыцыйнага гуртка, падобнага да мільлеранаўскага гуртка ў Варшаве. Яна проста далучалася да буйных земляўласьнікаў. Група Велепдльскага мела таксама сваіх прадстаўнікоў на Беларусі. Іх соцыяльны твар быў той самы, што і ў Польшчы. Розьніца толькі ў тым, што на Беларусі гэтая група не магла разьвінуць сваёй чыннасьці так, як у Польшчы. Расійскі ўрад тут часьцей дзейнічаў без яе дапамогі.

Ня гледзячы на першыя няўдачы, опозыцыйны рух на Беларусі ня спыняецца. Гэта выявілася ў сакавіку 1861 году. Як толькі на Беларусь прышлі весткі аб першых стрэлах расійскіх войск у народ у Варшаве і аб пяцёх афярах гэтых стрэлаў, па гарадох Беларусі пракацілася даволі шырокая хваля дэмонстрацыйных хаўтурных набажэнстваў. Першым адгукнулася Берасьце. Там 9 сакавіка набажэнства было організавана павятовым маршалкам шляхты Гажычам. Затым набажэнствы распачаліся па іншых гарадох. 14 сакавіка яны адбыліся ў Горадне і Слоніме. У той-жа самы дзень дэмонстрацыйнае жалобнае набажэнства адбылося ў Вільні ў „сьвента-янскім“ касьцёле. Набажэнства было організована графам Тышкевічам. На набажэнстве прысутнічала магнатэрыя, шляхта, урадоўцы і вучнёўская моладзь. Чырвоныя хацелі ўцягнуць у дэмонстрацыю рамесьнікаў і сялян, але ім гэта па нейкіх прычынах не ўдалося. Прысутных у касьцёле рамесьнікаў было зусім мала, а сялян зусім ня было.

Жалобнае набажэнства ў Беластоку адбылося пазьней, чым у Вільні, на два дні. Організатарам яго быў павятовы маршалак шляхты Саковіч. У касьцёле было шмат народу; найбольш было ўрадоўцаў і дробнай шляхты; прысутнічалі паміж іншым і сяляне, праўда, у невялікім ліку. Асабліва ўдаліся жалобныя набажэнствы ў Літве, у Ковеншчыне. Там яны адбыліся амаль што ўва ўсіх гарадох і мястэчках. Сяляне прысутнічалі на набажэнствах у вялікім ліку. Усе гэтыя набажэнствы зьвярнулі на сябе ўвагу мясцовай улады, якая спачатку не магла нічога зрабіць, каб спыніць дэмонстрацыйныя набажэнствы, а потым пачала пісаць доўгія рапарты ў цэнтар. На гэтым справа і скончылася.

Жалобныя набажэнствы паўтарыліся і ў красавіку, пасьля стрэлаў у Варшаве 8 красавіка. „У самай Вільні адпраўлены былі ў красавіку два ўрачыстых жалобных набажэнствы з запрошаным духавенствам, вялікім хорам музыкі, пастаўленым катафалкам, хаўтурнымі падсьвешнікамі і іншымі прыладамі, пры значным зборы народу. Пры гэтым гаварыліся казаньні, якія маглі распаліць пачуцьці".[57] Прыблізна тое самае адбывалася і ў іншых мясцовасьцях Беларусі і Літвы.

У канцы красавіка і пачатку мая 1861 году ў Вільню зноў пачалі зьбірацца на летнія вакацыі студэнты розных унівэрсытэтаў і іншых вышэйшых школ. Рух сярод рамесьнікаў і вучнёўскай моладзі ажывіўся. Аднаўляліся старыя гурткі, організаваліся новыя. Моладзь часта зьбіралася і гутарыла паміж сабой па пытаньнях бягучага моманту. У адным з студэнцкіх гурткоў вынікла думка зрабіць у Вільні першую ўрачыстую маніфэстацыю ў адным з касьцёлаў са сьпевамі рэволюцыйных гімнаў. Гэтую думку падаў студэнт Дорпацкага (Юраўскага) унівэрсытэту Балеслаў Ліманоўскі, які толькі што прыехаў з-за граніцы разам са сваім братам Юзэфам. Маніфэстацыя была прызначана на 20 (8) мая (сьвята сьв. Станіслава) ў віленскім катэдральным касьцёле. Маніфэстацыя адбылася. Пасьля набажэнства, ня гледзячы на перашкоды з боку духавенства, група моладзі, падтрыманая публікаю, прасьпявала патрыятычны гімн „Божа, што Польшчу”. Поліцыя арыштавала, як зачыншчыкаў маніфэстацыі, 8 асоб: аднаго настаўніка і сем студэнтаў, у тым ліку і Б. Ліманоўскага. Назімаў загадаў распачаць сьледзтва.

Паміж тым у горадзе распачалася агітацыя, што арышт зроблены незаконна, што арыштаваныя ні ў чым не вінаваты. Да Назімава накіравалася дэлегацыя з жанчын, паміж якімі былі і яўрэйкі, прасіць, каб ён вызваліў арыштаваных. Генэрал-губэрнатар дэлегацыі ня прыняў. Гэта ня спыніла энэргіі жаночай дэлегацыі. На другі дзень (22 мая) жаночая дэлегацыя, пасьля набажэнства і патрыятычных сьпеваў перад вострабрамскай капліцай, у ліку каля 100 асоб зноў накіравалася да палацу генэрал-губэрнатара. За дэлегацыяй ішло шмат народу. Часьць дэлегацыі прабалася ў панадворак палацу, а другая частка і натоўп засталіся на вуліцы, перад брамаю. Назімаў прыняў некалькі дэлегатак, выслухаў іх просьбу, але катэгорычна адмовіўся выпусьціць арыштаваных. Дэлегаткі ня выходзілі і налягалі, каб іх просьба была выканана. Час цягнуўся, а натоўп каля брамы ўсё павялічваўся. Тады па загаду поліцмайстра, на плошчу каля палацу быў выкліканы невялікі аддзел войска і пажарная каманда. Натоўпу і дэлегацыі было прапанована разьесьціся пад пагрозаю, што пры нявыкананы» гэтага яны будут абліты вадою з пажарных труб. Пагроза зрабіла свой уплыў, усе разышліся, і, такім чынам, маніфэстацыя кончылася нічым.

Праз тыдзень пасьля гэтага (29 мая) сьпеў рэволюцыйнага патрыятычнага гімну зноў паўтарыўся на вуліцы перад вострабрамскай капліцай. Тое самае там-жа адбылося яшчэ раз 31-га мая. З гэтага часу сьпевы пайшлі што ні дзень, нават па некалькі разоў у дзень. Былі дні калі забароненыя сьпевы ў Вільні адбываліся шэсьць-сем разоў у дзень у розных мясцох гораду. Поліцыя зьбіввлася з ног, змагаючыся з маніфэстантамі, якія распачыналі сьпяваньне гімну там, дзе зусім не чакалі. Ня гледзячы на поліцыю ў некаторых пунктах маніфэстанты зьбіраліся найчасьцей. Такімі пунктамі былі—вострабрамская капліца, касьцёл сьв. Яна, францішканскі касьцёл з статуяй маткі боскай, домініканскі і антокальскі касьцёлы.

Каб даць малюнак такіх маніфэстацый, мы пададзім тут пару поліцэйскіх рапартаў, што вельмі дэтальна спыняюцца на апісаньні іх “17 мая (старога стылю. У. І.) а 6 гадзіне ўвечары ў вострабрамскай капліцы, пасьля таго, як біскуп Красінскі адслужыў нешпар, вучні віленскай гімназіі, каля 30 асоб, сабраўшыся ў групу з левага боку ад вялікага алтара, прасьпявалі з усіх сіл рэволюцыйны гімн. З іх вядомы толькі двое—N і N. Апроч іх, сьпявала гэты гімн дачка земляўласьніцы N. Каля тых, што сьпявалі, знаходзіўся натоўп розных людзей, у ліку якіх стаяў аптэкарка таксама каля 70 вучняў той-жа гімназіі, якія хоць і не сьпявалі, але за тое ўважліва сачылі за поліцэйскімі ўрадоўцамі. Пасьля таго, як сьпевы скончыліся, памянёныя вучні натоўпам увайшлі праз асобныя дзьверы, якія знаходзяцца побач з вялікім алтаром, у закрыстыю. Выгнаўшы з касьцёлу (павінна, праз захрыстыю. У. І.) і зачыніўшы за сабою дзьверы, яны гаварылі: „пойдзем, цесна зьбіўшыся ў кучу". Дзякуючы гэтаму, неабходна прапанаваць школьнаму начальству, каб яно для нагляду за вучнямі прызначыла школьных дазорцаў, як у касьцёлах, так і ў шпацаровых мясцовасьцях, напр. у Закрэце, Антокалі, бо бяз гэтага вучні і далей будуць рабіць непарадкі."[58]

Аб дэмонстрацыі ў касьцёле сьв. Яна гаворыць другі рапарт. „21 мая ў 12 ½ гадзін дня ў касьцёле сьв. Яна, пры вялікім сходзе народу, пасьля набажэнства, вучні гімназіі ў ліку больш чым 150, скупіўшыся ў левай наве, паміж, сьцяною і колёнамі, абкружаныя розных станаў людзьмі, сталі на калены разам з усімі і голасна прасьпявалі рэволюцыйны гімн. На каленах стаяла каля 500 асоб. Усе яны нахіліліся, засланяліся хусткамі, капялюшамі і каўнярамі, таму магчыма назваць толькі ніжэйпаданых асоб... (налічана некалькі асоб; вучняў налічана 62). Да гэтага трэба дадаць, што—1) ініцыятарамі і кіраўнікамі сьпеву былі вучні VI клясы гімназіі, браты Д. і 2) вучні гімназіі з кожным днём робяцца ўсё сьмялейшымі і абражаюць поліцэйскіх урадоўцаў."[59]

Аб гэтых абразах поліцэйскіх гавораць іншыя рапарты. Вучні ўжо не ўцякаюць, а сумысьля супыняюцца на вуліцы пасьля выхаду з касьцёлу і лаюцр поліцэйскіх апошнімі словамі. Вучні гімназіі робяць пробу зьвязацца праз вучняў-яўрэяў з вучнямі рабінскай школы, каб тыя ператлумачылі гімн на мову ідыш і сьпявалі разам з гімназістамі.

Дэмонстрацыі ў касьцёлах і наогул маніфэстацыі пашыраюцца па ўсёй Беларусі. Жанчыны апранаюцца ў жалобныя вопраткі. Асобам, якія ня выконваюць запатрабаваньняў руху ці ідуць проці яго, організуюцца каціныя концэрты. І на Беларусі, як у Польшчы, жыцьцё ўтварае капэльмайстраў і харыстаў для гэтых концэртаў.

У Беластоку ў сярэдзіне чэрвеня організуецца ўрачыстае спатканьне прыехаўшаму сюды Андрэю Замойскаму. Згодніцкая політыка Велепольскага і зачыненьне ім Земляробскага Таварыства ў’ Варшаве зрабілі А. Замойскага „героем". Буйная шляхта Беларусі лічыла палітыку А. Замойскага ідэалам для сваёй політыкі на Беларусі. На спатканьне былога старшыні таварыства земляўласьнікі затрацілі шмат сродкаў. Усе яны ў прызначаны дзень зьехаліся ў Беласток з павету. Прывітальную прамову ад імя шляхты і жыхарства Беластоку і павету гаварыў Горадзенскі губэрскі маршалак шляхты Старжынскі, маёнткі якога былі каля Беластоку і які на Беларусі хацеў граць ролю А. Замойскага. Сваю прывітальную прамову Старжынскі скончыў заяваю, што сваёю чыннасьцю і характарам граф А. Замойскі заслужыў поўную павагу і шчырую любоў з боку грамадзян Польшчы; што яны заўжды будуць спатыкаць яго кветкамі і цёплымі словамі: „няхай жыве Замойскі, першы польскі грамадзянін"!

Пасьля праезду праз Беласток Замойскага опозыцыйна-патрыятычны настрой у горадзе і мястэчках павету значна ўзрос. Гэты настрой ахапіў шляхецкія, інтэлігенцыя і вучнёўскія колы. Жанчыны— інтэлігенткі і шляхцянкі—паказваліся на вуліцы ня іначай, як у жалобе. Рабіліся складкі, каб купляць жалобныя вопраткі для жанчын з незаможных колаў. У касьцёле распачынаюцца патрыятычна-рэволюцыйныя сьпевы. Ініцыятарам іх і выканаўцам найчасьцей зьяўляецца вучнёўская моладзь. Ксяндзы касьцёлаў далёка не заўсёды спачувалі гэтым сьпевам, баючыся адказнасьці за іх перад поліцыяй.

Пачынаючы, з чэрвеня ў Вільні ўвайшлі ў моду патрыятычныя хаўтуры, якія насілі характар маніфэстацый. 4 чэрвеня ўрачыста пахавалі студэнта .пецябурскага унівэрсытэту нейкага Баранцэвіча. Ніякіх асабістых рэволюцыйных заслуг ён ня меў. Гэтай урачыстасьцю мелася на ўвазе ўшанаваць студэнцкую моладзь, якая ў астатнія часы выявіла рэволюцыйнасьць. Праз некалькі дзён адбыліся другія ўрачыстыя хаўтуры. Пахавалі нейкага зусім невядомага француза Гассэ. Нябожчыка ўшанавалі за тое, што ён належаў да францускай нацыі, якая лічылася спачуваючай вызваленьню Польшчы. На тыя і на другія хаўтуры сабраліся тысячы народу. Ніякіх рэволюцыйных сьпеваў ня было.

У канцы мая ў Парыжы памёр былы студэнт, потым профэсар віленскага унівэрсытэту, вядомы польскі рэволюцыянэр і гісторык Яхім Лелевэль. Памёр ён глыбокім старыком, застаючыся ўвесь час ярым дэмократам. У першых лічбах чэрвеня адбыліся жалобныя набажэнствы са сьпевамі рэволюцыйных гімнаў і патрыятычнымі казаньнямі ў. Варшаве. Адтуль набажэнствы па Лелевэлю перакінуліся і на . Беларусь. Студэнты і наогул вучнёўская моладзь у Вільні пастанавілі організаваць урачыстае жалобнае набажэнства па гэтым чалавеку, імя якога было зьвязана з былым віленскім унівэрсытэтам. Набажэнства было назначана на 9, VI у унівэрсытэцкім касьцёле сьв. Яна. Набажэнства адбылося пры поўным касьцёле. Прысутнічалі вучні, студэнты, шляхта і шмат рамесьнікаў. Сьпяваліся рэволюцыйныя гімны.

У сярэдзіне чэрвеня ў Вільню прышлі весткі аб сьмерці А. Чартарыйскага, вядомага правадыра белай эміграцыі. Было організавана жалобнае набажэнства ў катэдральным касьцёле. Народу было нямнога. Прысутнічала пераважна магнатэрыя і земляўласьніцкая шляхта. Ксёндз сказаў адпаведную выпадку прамову. Рэволюцыйных сьпеваў ня было.

Такім чынам, як мы бачым з вышэйшага, маніфэстацыі з Польшчы перакінуліся і на Беларусь. Поліцыя, якая спачатку яшчэ не прыстасавалася змагацца з дэмонстрантамі, паступова ўсё больш і больш “спэцыялізавалася” ў гэтай справе. Ідзе сыстэматычная барацьба, як з рэволюцыйнымі сьпевамі, так і з дэмонстрацыйнай вопраткай на вуліцы. Былі ўстаноўлены спэцыяльныя паскораныя поліцэйскія суды, што накладалі суровыя кары на дэмонстрантаў у касьцёлах і на вуліцах. Вось перад намі адна з офіцыяльных урадавых абвестках таго часу. „Губэрскае (Віленскае губэрні. У. І.) начальства, заўважыўшы, што шляхта і памешчыкі, апроч жалобнай вопраткі, пачалі насіць яшчэ вопраткі адзначныя, відочна, умоўныя, як, напрыклад, конфэдэраткі, гарыбальдыйскія капялюшны польскія памаркі, жупаны, шэрыя сялянскія кафтаны з паскамі з лякіраванай скуры і мэталічнымі пражкамі,—загадала мне абвясьціць для агульнага ведама, што нашэньне вышэйпамянёных вопратак забараняецца і што няслухмяныя на аснове загаду Сэнату ад 9 жніўня 1861 году адразу будуць перадавацца на расправу поліцэйскіх судоў".[60] Гэтая абвестка была апублікавана 11 верасьня 1861 г. віленскім поліцмайстарам да ведама жыхароў Вільні. Абвестка вызначае, што дэмонстрацыйную вопратку носіць толькі шляхта і памешчыкі. У рачаістасьці справа стаяла, шырэй: дзеля адных шляхтаў і памешчыкаў ня трэба было-б і гарод гарадзіць. Мяркуючы па пераліку забароненай вопраткі, магчыма думаць, што было пашырана нашэньне сялянскай вопраткі, якою карысталася радыкальна настроеная дробная інтэлігенцыя, вучнёўская моладзь і часта рамесьнікі, бо такая вопратка дорага не каштавала.

Рэпрэсіі, якія пасыпаліся на дэмонстрантаў, відавочна, ударылі даволі балюча па опозыцыі. Перад намі цікавая адозва, якую выпусьціла нейкая падпольная організацыя ў верасьні 1861 году да Віленцаў. Яна гаворыць, што ўціск і перасьледваньні, якія робяцца ворагамі ў адносінах да «польскага народу, прымусілі яго зьвярнуцца да бога, як да абаронцы ўсіх прыгнечаных. Але гэтая малітва (разумеюцца рэволюцыйныя гімны. У. І.) зрабілася нявыноснай для прыгнятацеля (рускага ўраду. У. І.), бо яна напомніла яму аб яго злачынствах і аб той кары, якую ён панясе за гэтыя злачынствы ў будучыне. „Каб прымусіць народ да адкіданьня гэтай малітвы, вораг творыць новыя мукі і перасьледваньні, нават у сьвятынях, і выдумаў новыя суды, дзе няма і ценю праўды і спавядлівасьці; дзе пад законнаю формаю вораг грэбуе нявінных, каб павялічыць свой вычарпаны скарб. Таму, браты-суграмадзяне каб не пакінуць ворагу нават і формы законнасьці для мук і грабяжа, ставіцца вам у абавязак, каб на некаторы час вы пакінулі громкія сьпевы па касьцёлах нацыянальнага гімну „Божа, што Польшчу", а толькі гаварылі яго ў вядомы час, як ціхую малітву, а замест гэтага пасьля імшы сьпявалі псальму „Бог наш прытулак" і „Анёл панскі" за супакой мучанікаў, што загінулі ў барацьбе за незалежнасьць бацькаўшчыны і замучаны ворагамі".[61] Трудна праверыць, як выконвалася прапанова адозвы, бо нам вядомы цэлы шэраг фактаў, якія сьведчаць, што сьпяваньне гімну „Божа, што Польшчу" ў косьцёлах і на вуліцах не прыпынілася. Цікава яшчэ адзначыць, што ў адказ на адозву быў выдадзены ўрадавы абежнік, што даводзіць да ведама поліцэйскіх урадоўцаў зьмест адозвы і прапануе ім зьвярнуць увагу на гэта.

СЯЛЯНСКІ РУХ НА БЕЛАРУСІ.

Мы раней ужо гаварылі аб тым, што ў Польшчы вясною 1861 г. былі сялянскія непарадкі. Тое самое мы бачым і на Беларусі. Сяляне хвалююцца і імкнуцца да вызваленьня ад прыгону. Рух сялянскі ідзе побач з рухам політычнага вызваленьня ў гарадох і часамі набывае вялікія памеры. Паўстаньне яшчэ не паставіла на парадак дня аграрнай праграмы. Яно яшчэ толькі падрыхтоўваецца. Вось чаму вёска вядзе свой соцыяльны рух асобна ад гораду і нават не спачуваючы" гораду наогул. Толькі ў некаторых выпадках нам удаецца ўстанавіць сувязь сялянскага руху з дзейнасьцю чырвонай часткі гарадзкога руху. Тым ня менш і той і другі рух накіраваны проці існуючага парадку і гэта робіць яго вельмі .небясьпечным для царскага ўраду.

Да гэтага трэба дадаць, што ў некаторых, мясцовасьцях сялянства,, што па сваёй заможнасьці набліжалася да дробнай шляхты, таксама ўцягваецца ў гарадзкі політычны рух. Тое самае мы назіраем сярод каталіцкага сялянства, куды гарадзкі рух перадаецца праз касьцёл. Зразумела не засталося незакранутым і праваслаўнае сялянства, асабліва ў сваіх заможных пластох. Аб такіх фактах у нас ёсьць таксама весткі. Генэрал Мэйер у сваіх запісках аб Менскай губэрні гаворыць, што нават праваслаўныя сяляне ў некаторых вёсках схіляюцца на старану „бунтаўшчыкоў", пачыняюць сьпяваць гімн „Божа, што Польшчу”, які ўжо перакладзены на „простую”, беларускую мову.[62] Магчыма думаць, што гэтае зьявішча стаяла ў сувязі і з пашырэньнем чырвонай гарадзкой пропаганды на вёсцы.

У пачатку сакавіка, як толькі быў абвешчаны царскі маніфэст ад 19-га лютага 1861 г. „аб вызваленьні” сялян, беларуская вёска моцна заварушылася. У адных мясцох абвешчаны офіцыяльна царскі маніфэст сяляне лічылі падложным і спасылаліся на існаваньне сапраўднага маніфэсту, які сяляне ўяўлялі сабе зусім не ў такім выглядзе, якім быў абвешчаны маніфэст. У іншых мясцох сяляне царскі маніфэст на словах нібы прыймалі, але тлумачылі яго з пункту погляду сваіх кроўных інтарэсаў і пажаданьняў. І там, і тут яны катэгорычна адмаўляліся адбываць паншчыну, адмаўляліся падпісваць так званыя „уставные грамоты” і наогул не згаджаліся з сваім „временно-обязанным” становішчам. Сялянскія „непарадкі” пашырыліся амаль-што па ўсёй Беларусі. Асабліва моцнымі яны былі ў Гарадзеншчыне і на Літве, у Ковеншчыне.

У Горадзеншчыне найраней распачаліся непарадкі ў Беластоцкім павеце. Ніякія ўгаворы не памагалі. Сяляне рашуча адмаўляліся ісьці на паншчыну. Была прыведзена вайсковая сіла і разьмешчана па неспакойных вёсках. Толькі пасьля настояў і экзэкуцыя сяляне павінны былі здацца. Амаль-што адначасна захваляваліся сяляне каля Берасьця. Яны заяўлялі, што офіцыяльна абвешчаны царскі маніфэст аб вызваленьні падложны, што сапраўдная воля зусім іншая. Сюды для засьмірэньня некаторых была накірована вайсковая сіла пад камандаю жандарскага палкоўніка Праслава. Рашучы палкоўнік пачаў бязьлітасна наводзіць парадак бізунамі. Пасьля таго, як няшчадна, было зьбіта каля 200 чалавек, хваляваньні скончыліся і быў наладжаны „законный порядок". Адначасна з Берасьцем ішло бязьлітаснае засьмірэньне сялян у Пружанскім павеце.

Сялянскія хваляваньні на Беларусі і ў Ковеншчыне апісвае ў сваіх мэмуарах Якуб Гейштор. Ён кажа, што абвяшчэньне маніфэсту ў многіх мясцовасьцях Беларусі выклікала непарадкі. „Розныя людзі злой волі шырылі чуткі, якія баламуцілі сялян; не бракавала і надужыцьцяў з боку паноў. Сярод непарадкаў .у іншых мясцовасьцях гэтае няшчасьце спаткала і нашу ваколіцу (Гутарка ідзе аб Ковеншчыне. У. І.). Чапскія здаўна былі вядомы, як паны, што найгорш абыходзіліся з сялянамі. Стары Чапскі быў наўкола вядомы сваім уціскам над сялянамі. Эдуард Чапскі таксама ганяў сялян на паншчыну ад нядзелі да нядзелі".[63] Як раз у маёнтку Э. Чапскага сяляне ня вытрымалі ўціску і адмовіліся несьці паншчыну. Сялян доўга катавалі, пакуль, урэшце, яны здаліся. Цікава тое, што Гейштор, сам земляўласьнік, гаварыць, што сяляне мелі слушнасьць, калі бунтавалі, бо нават по старому інвэнтару яны былі павінны несьці паншчыну толькі 5 дзён на тыдзень, а ня 7, як вымагаў ад іх Чапскі.

У засьмірэньні сялян прымаў чынны ўдзел граф Юзэф Тышкевіч. Гейштор кажа,[64] што некаторыя думалі, што з яго будзе добры партызан, калі пачнецца паўстаньне. Але час паказаў, што гэта была абмылка: у Тышкевіча хапіла адвагі змагацца толькі з бяззбройным сялянствам. Тым. ня менш у часы патрыятычных дэмонстрацый Юзэф Тышкевіч быў дзейным іх удзельнікам. Адсюль магчыма зрабіць вывад, што сярод маніфэстантаў побач з чырвонымі, сярод якіх напэўна былі і тыя „людзі злой волі", якія „баламуцілі" сялян і аб якіх вышэй гаварыў Я. Гейштор,— дзейнічалі і белыя элемэнты паўстанцкай фронды, як, напрыклад, вышэйпамянёны Ю. Тышкевіч.

Ня гледзячы на засьмірэньне сялянскіх хваляваньняў, яны не прыпыніліся. Мы бачым, што яны цягнуцца лета і восень 1861 г. Летам яны концэнтруюцца ў заходняй і паўднёвай частках Беларусі і зьвязаны з сялянскімі хваляваньнямі на Украіне і ў Польшчы.

У лютым 1861 году памёр вядомы украінскі пясьняр Тарас Шаўчэнка. Гэта была афяра мікалаеўскага рэжыму. Пахавалі яго на Украіне каля Канёва на высокім беразе Дняпра. Імя „мужыцкага песьняра” Тараса Шаўчэнкі было вельмі популярным нават і ў сялянскіх гушчах Украіны. Сяляне паміж сабою гаварылі, што царскі ўрад яго замучыў за тое, што пясьняр цьвёрда стаяў за лепшую долю украінскага мужыка і абараняў яго ад уціску паноў. Яшчэ з раньняй вясны пашырыліся чуткі, што ў магіле Шаўчэнкі схованы нажы, якія будуць разданы сялянам, калі будзе даны знак пачынаць паўстаньне проці паноў. Па чутках выходзіла, што такі знак будзе даны ў канцы чэрвеня. Як толькі будзе знак, сяляне павінны будуць узяць нажы і рэзаць паноў.

Такі настрой сялянства выкарыстоўваецца агітатарамі, сярод якіх выдзяляецца сваёю дзейнасьцю Грыц Чыстахоўскі. Да ўсіх пашыраных сярод сялянства чутак ён дадае, што за сялян стаіць царскі брат Канстантын. Як толькі сяляне Украіны падымуцца, ён сам стане на чале паўстаўшых і будзе тварыць вольную Украіну без паноў, прыставоў, ураднікаў і іншага начальства. У некаторых мясцовасьцях сяляне ўжо адмаўляюцца ісьці на паншчыну і пагражаюць паном. У іншых мясцовасьцях ідуць ужо напады на паноў і падпалы маёнткаў. Рух перакідаецца з месца на месца і паступова пашыраецца.

Зразумела, сярод земляўласьнікаў пачалася паніка. Яны зьвярнуліся за дапамогаю да Кіеўскага генэрал-губэрнатара Васільчыкава. Васільчыкаў даручыў справу засьмірэньня сялян Кіеўскаму губэрнатару Гессэ і жандарскаму палкоўніку Грабоўскаму. Яны пакіраваліся з вайсковаю сілаю ў Канёўскі павет. Сяляне павінны былі супакоіцца. Грабоўскі пачаў дазнаньне. У выніку дазнаньня было заарыштавана некалькі чалавек зачыншчыкаў, у тым ліку і Грыц Чыстахоўскі, як потым быў высланы ў Пецярбург. Аб далейшым лёсе яго ў нас няма матар‘ялаў.

Тым ня менш варожыя адносіны украінскага сялянства да паноў, якія ў большасьці сваёй былі палякамі, ня спыніліся. То там, то сям зноў адбываюцца непарадкі. Яны пашыраюцца і перадаюцца на поўнач у паўднёвую Беларусь, на Палесьсе, у Мазыршчыну і Піншчыну. Сялянства тут робіцца настарожаным і вельмі непакойным. Як і на Украіне, так і на Беларусі ходзяць агітатары, якія яшчэ больш хвалююць сялянскую масу. У некаторых вёсках Мазыршчыны і Піншчыны сяляне адмаўляюцца выходзіць на паншчыну. З Менску для засьмірэньня высылаецца вайсковая сіла.

У Заходнюю Беларусь агітацыя пранікае з Польшчы праз Падлясьсе. У пушчах і балоцістых лясох каля Кельцаў, Любліна, на Падлясьсі, у заходняй частцы Горадзеншчыны і іншых мясцовасьцях зьявіліся нейкія людзі, нікому з мясцовых жыхароў невядомыя. Яны былі апрануты бедна, у вопратку, якую насілі мясцовыя сяляне. На іх былі звычайныя зрэбныя кашулі і сьвіткі з даматканага сукна. На нагах былі абуты лапці з зрэбнымі-ж анучамі. Яны старанна крыліся ад поліцыі і і стараліся мець справу і весьці размовы толькі з сялянамі. Час-ад-часу гэтыя невядомыя людзі выходзілі з лясоў то па аднаму, то невялічкімі групкамі і разыходзіліся па вёсках. Харчы яны закуплялі як у сялян, так і ў шынкох. За ўсё плацілі акуратна, нават не таргуючыся. На запытаньні выпадковых сустрэчных, хто яны такія і чаго хочуць, неяк алегорычна адказвалі, што яны шукаюць праўды і прышлі сюды, каб вызваліць з бяды няшчасных людзей.

А. Гілер, адзін з удзельнікаў паўстаньня, так піша пра гэтых лясных людзей: „Яшчэ ў 1861 і 1862 гадох у каралеўстве Польскім, на Падлясьсі і ў шмат якіх мясцовасьцях Літвы (пад Літвою разумеецца былое Літоўска-Беларускае вялікае княства. У. І.) па лясох зьявіліся якія-сь, абкружаныя таямніцаю, соцыяльныя агітатары, якіх называлі лясьнікамі. Яны хаваліся па лясох, у размовы ўдаваліся толькі з мужыкамі, аддаляліся ад панскіх двароў і адукаваных людзей, самі-ж яны мелі выгляд людзей адукаваных і зналі, апроч польскай, чужаземныя мовы. Много разоў патрыятычныя колы Варшавы хацелі даведацца аб характары місіі і аб спосабах пропаганды лясьнікоў, але і тое і другое так і засталася тайнаю“.[65] Далей Гілер выпазуе дапушчэньне, нібыта гэтыя соцыяльныя агітатары, што ён называе лясьнікамі, былі агентамі царскага ўраду, якіх рускі ўрад выкарыстоўваў, каб нацкаваць мужыкоў на палякаў-паноў і, такім чынам, сарваць надыходзячае паўстаньне.

Аб „лясьнікох“ дае весткі прадстаўнік і другой стараны, жандарскі афіцэр Хрулёў. У сваім „Дневнике“ (116 стар.) ён даволі падрабязна апісвае дзеяльнасьць невядомых агітатараў і лічыць іх вельмі шкадлівымі і небясьпечнымі для расійскага ўраду эмісарамі Мераслаўскага. якія разам з тым зьвязаны з чырвонымі рэволюцыйнымі коламі Варшавы. Хрулёў піша аб іх так: „Не падлягае сумненьню, што існуе рэволюцыйны камітэт. Гэты камітэт, здаецца, мае ў Варшаве памяшканьнеў адным з дамоў на Тамцы. Ёсьць надзея, што дом гэты ў хуткім часе будзе вядомы поліцыі. Не падлягае таксама сумненьню, што невядомы рэволюцыйны камітэт у Варшаве знаходзіцца ў нясупынных зносінах з так званымі мераслаўчыкамі, ці з тымі эмісарамі, што крыюцца ў лясох паветаў: Седлецкага, Бельскага і Радзінскага ў Люблінскай губэрні, і што да гэтых эмісараў быў высланы на гэтых днях з нейкім загадам адзін з членаў рэволюцыйнага камітэту. У час набажэнства ў дамініканскім касьцёле 24 (12) ліпня вядомы Малахоўскі займаўся зборам грашовых афяр. Ён зьяўляецца членам рэволюцыйнага камітэту, і адсюль магчыма дапусьціць, што грошы, якія зьбіраюцца ў касьцёлах у часы набажэнстваў і на Павонзках, ідуць у камітэт. Два тыдні таму назад эмісары зьявіліся ў начы да яўрэя, арандара ў аднэй з вёсак недалёка ад Калушына, і ўзялі ў яго хлеба і вялікую колькасьць сыру, усяго на 100 злотых. На ўсё забранае яны далі яму квіток, які быў заадрасаваны на нейкі дом у Варшаве, дзе вышэйпаказаны яўрэй атрымаў цалкам грошы; якія яны яму павінны былі даць. Урэшце, атрыманы весткі, што яўрэі, што жывуць у мястэчках, блізкіх ад тых мясцовасьцяй, дзе крыюцца эмісары, перадаюць ім розныя весткі і робяць перасьцярогі, як гэта было нядаўна перад рэвізіяй, якая была зроблена па загаду ўлады ў Люблінскай губэрні“.

З вышэйпаданага вынятку мы бачым, што расійская жандармэрыя і поліцыя таксама ведала аб існаваньні „лясьнікоў“, але яна лічыла іх за чырвоных агітатараў крайняга напрамку, за эмісараў Л. Мераслаўскага, якія былі зьвязаны з Варшаўскімі рэволюцыйнымі коламі.

Калі мы супастаўляем гэтыя выняткі, дык бачым, што Гілер і Хрулёў рознымі вачыма глядзелі на „лясьнікоў“. Гілер лічыць іх контррэволюцыйнымі агентамі расійскага ўраду, а Хрулёў лічыць іх рэволюцыйнымі агітатарамі, якія зьвязаны з радыкальнымі, чырвонымі коламі будучых паўстанцаў. Бязумоўна, трэба прызнаць правільным погляд Хрулёва, які дзякуючы свайму жандарскаму палажэньню, меў добры нюх і ў лясьнікох пазнаў агітатараў, з якімі ён павінен змагацца. Гілер па сваіх пераконаньнях належаў да белых колаў. Само сабою зразумела, што белыя „патрыятычныя“ колы, што стаялі на грунце легальнай опозыцыі, не маглі ведаць аб тым, хто такія па сваёй сутнасьці лясьнікі, як і прызнаецца ў сваёй „гісторыі“ Гілер. Лясьнікі мелі сувязь ня з белымі коламі з мільлеранаў, ці з групы Замойскага, а з опозыцыйна-рэволюцыйнымі організацыямі стылю Мераслаўскага, аб чым і гаворыць Хрулёў: Апісваючы лясьнікоў, Гілер дае даволі поўны малюнак іх знадворнага выгляду. Яны апрануты ў сялянскую вопратку, маюць зносіны амаль выключна з сялянствам, ухіляюцца панскіх двароў і адукаваных людзей. Усё гэта прымушае нас прызнаць у лясьнікох папярэднікаў будучых народнікаў. Калі да гэтага дадаць, што лясьнікі па паказаньнях Гілера былі людзьмі адукаванымі і нават ведалі чужаземныя мовы, дык становіцца зусім ясным, што гэта былі прадстаўнікі рэволюцыйнай розначыннай інтэлігенцыі, а не агенты расійскага ўраду. Расійская жандармэрыя і поліцыя ніколі ня мелі ў сваіх радох такога ліку адукаваных агентаў, каб пусьціць іх для агітацыі ў лясы проці польскіх паноў.

Калі мы зьвернемся да офіцыйных урадавых докумэнтаў, дык яны таксама даюць нам некаторыя матар‘ялы для зразуменьня сялянскага руху і дзеяльнасьці соцыяльных агітатараў гэтага часу. У міністэрстве ўнутраных спраў ужо ў канцы 1862 году быў складзены „Очерк общего хода дел в Западном крае с начала 1861 г. по конец 1862 г.“.[66] Там мы чытаем: „У лістападзе 1861 году, дзякуючы ўзмацненьню хваляваньняў у Менскай губэрні, туды назначаны ваенны губэрнатар“ (стр. 14). Нарыс, гаворачы аб хваляваньнях, разумее той сялянскі рух у Мазыршчыне, Піншчыне і іншых мясцовасьцях паўднёвай Меншчыны, аб якім мы гаварылі вышэй. Сярод сялян Беларусі і Польшчы ўжо пашыраецца агітацыйная літаратура, што друкуецца ў нелегальнай друкарні. Нарыс (стар. 7) з вялікім жалем вызначае, што „ў пачатку 1861 году зрабілася відавочным існаваньне ў краі патаемнай лятучай друкарні“. Сярод сялянства ходзяць агітатары, інтэлігенты, выхаваныя на польскай культуры, іх уплывы на сялянства ўзрастаюць, ня гледзячы нават на тое, што беларускае сялянства ня вельмі добра настроена ў адносінах да палякаў-агітатараў. Па гэтаму пытаньню „Нарыс“ гаворыць так: „Пры ўсёй няпрахільнасьці мас вясковага жыхарства да польскіх агітатараў трэба непакоіцца аб тым, каб і сярод іх з цягам часу не пачаў пашырацца проціўрадавы рух“, (атар. 15-16).

Расійская жандармэрыя і поліцыя, запрымеціўшы яшчэ з пачатку 1861 году дзеяльнасьць агітатараў і існаваньне падпольнай лятучай друкарні, напружыла свае сілы, каб спыніць рэволюцыйную агітацыю. Пачалася сьлежка, лоўля, арышты агітатараў. Але ўсе гэтыя мерапрыемствы не прывялі да жаданых вынікаў. Агітацыя і пропаганда ня спыніліся, а толькі больш паглыбіліся і закансьпіраваліся. „Нарыс“ гэта адзначае ў такіх словах: „Характар агітацыі ў астатнія часы ((канец 1862 г. У. І.) зьмяніўся. У той час як вонкавыя праявы яе-зрабіліСя слабейшымі, праца ўнутранай пропаганды адносна ўзмацнілася“. (14 стар.).

Відаць, у некаторых урадавых колах зьяўлялася думка аб тым, каб выкарыстаць соцыяльныя і нацыянальныя процілегласьці паміж сялянамі-беларўсамі і панамі-палякамі для таго, каб ўдарыць па паляках, як пачынальніках паўстаньня, каб утварыць нешта падобнае да вядомай Галіцыйскай разьні ў Аўстрыі. Але міністэрства зьлякалася і не адважылася пусьціць у сялянскія масы поліцэйскіх агентаў для гэтай провакацыі. „Нарыс“ па гэтаму пытаньню піша так: „Зразумела, магчыма падняць сялян проці паноў-земляўласьнікаў. Вядомыя галіцыйскія падзеі павярнулі-б на ўцёкі большасьць паноў, якія цяпер самахвальскі называюць гэты край Літвою ці Польшчаю. Але ці магчыма адважыцца на выкарыстаньне гэтага сродку? Ці магчыма пры выкарыстаньні яго спыніць яго на ідэальнай мяжы, адзначаючай мяжу таго ці іншага павету?“ (16). Небясьпечнасьць сродку зьвярнула на сябе ўвагу міністэрства, і яно адмовілася ад яго. Гэты факт таксама трэба прыняць пад увагу, калі мы робім ацэнку погляду Гілера на лясьнікоў, якіх ён лічыць агітатарамі, накірованымі на вёску расійскай жандармэрыяй і поліцыяй. Ня гледзячы на шэраг матар‘ялаў, выкарыстаных намі, усё-ж трэба вызначыць, што мы маем вельмі мала даных для дэтальнай характарыстыкі як сялянскага руху 1861-2 гадоў, так і тых рэволюцыйных агітатараў, якіх Гілер называе лясьнікамі, а Хрулёў эмісарамі Мераслаўскага.

Калі расійскі ўрад не адважыўся ў адносінах да опозыцыйных польскіх паноў на Беларусі на паўтарэньне Галіцыйскай разьні, ён тым ня менш не адмовіўся ад таго, каб ударыць па іх другім спосабам, вельмі блізкім да Галіцыйскай разьні. Аб гэтым спосабе гаворыць „Цыркулярная пропозыцыя Віленскага генэрал-губэрнатара начальнікам губэрань“[67], якую ён разаслаў 15 жніўня (стары стыль) 1861 году. Сутнасьць пропозыцыі такая. Пасьля апублікаваньня і рэалізацыі палажэньня аб сялянах, што пазбавіліся прыгоннай залежнасьці, у шмат якіх мясцовасьцях папсаваліся адносіны паміж сялянамі і земляўласьнікамі. Для ўстанаўленьня парадку земляўласьнікі часта зьвяртаюцца з просьбамі аб прысылцы ў іх маёнткі вайсковых каманд. Такія каманды звычайна пасылаліся на месцы. Гэтая пасылка вайсковай сілы нічым ня можа быць апраўдана, бо памешчыкі і міравыя пасрэднікі маюць у сваіх руках поліцэйскую і распарадчую ўладу і павінны самі падтрымліваць парадак у маёнтках. Тым больш, што непаразуменьні, якія вынікаюць паміж уласьнікамі і сялянамі, ня маюць характару хваляваньня, а самі паны прымаюць удзел у проціўрадавых хваляваньнях у гарадох, пераносячы іх у мястэчкі і вёскі. Дзеля гэтага генэрал губэрнатар прапануе губэрнатарам: „у панскія маёнткі па просьбах і пажаданьнях памешчыкаў, якія выклікаюць няпрыязнасьць адносін і халоднасьць да іх інтарэсаў з боку сялян, найчасьцей сваёю чыннасьцю, вайсковых каманд не назначаць, абавязаўшы памешчыкаў самім клапаціцца аб аднаўленьні парадку шляхам угавораў і ўзгадненьняў, а тыя вайсковыя каманды, якія цяпер для гэтай патрэбы знаходзяцца ў маёнтках уласьнікаў, адразу вывесьці“ (стар. 131). Трудна праверыць, наколькі пасьлядоўна і строга праводзіўся ў жыцьцё гэты цыркуляр. Ясна адно, цыркуляр пагражае опозыцыйнай польскай земляўласьніцкай шляхце, што расійскі ўрад паставіць яе безабароннаю перад націскам абуранага сялянства.

Неспакойны стан краю прымусіў генэрал-губэрнатара Назімава зьвярнуцца да такога сродку, як выезд у провінцыю. Такі выезд і быў зроблены ўлетку 1861 г. Маршрут выезду быў даволі вялікі. Праз Ліду і Слонім Назімаў даехаў аж да Берасьця. Пасьля доўгай астаноўкі ў Берасьці Назімаў накіраваўся назад у Вільню праз Высокае, Беласток і Горадню. Аб‘ездам былі закрануты больш залюдненыя мясцовасьці, і яму быў прыдадзены ўрачысты характар. Назімава суправаджала вайсковая варта і вялікая бліскучая сьвіта. На мясцох організоўваліся ўрачыстыя спатканьні са звонам у званы і прысутнасьцю духавенства. Зразумела, на спатканьне генэрал-губэрнатара зганяліся ваколічныя сяляне ў сьвяточных вопратках, з хлебам-сольлю і з крыкамі „ўра“. Назімаў лічыў патрэбным выступаць перад прысутнымі нават з расійска-патрыятычнымі прамовамі. Па тых матар‘ялах, якія ў нас маюцца, офіцыяльны ўрадавы прамоўца найчасьцей гаварыў аб тым, што ласкаю расійскага цара сялянства вызвалена ад прыгону, у якім яно знаходзілася сотні год. Зразумела, пры гэтым рабілася параўнаньне расійскага ўраду з былым урадам падзеленай Рэчы Паспалітай Польскай, які нічога не зрабіў на карысьць сялянства. Сам Назімаў так гаворыць аб зьмесьце сваіх прамоў: „У часы майго аб‘езду мінулым летам некаторых мясцовасьцяй края, даверанага майму кіраўніцтву найвышэйшаю ўладаю, я тлумачыў сялянам як тыя выгады і правы, якімі яны павінны карыстацца пасьля апублікаваньня царскага маніфэсту аб вызваленьні сялян, так і тыя ўмовы, якія павінны зрабіцца грунтам для далейшых адносін сялян да ўраду і да земляўласьнікаў. Я запрашаў сялян, каб яны цярпліва чакалі паступовага зьдзяйсьненьня такой складанай і цяжкай справы, якая робіцца для іх ўласнага дабра па волі найласкавейшага монарха“.[68]

Некаторыя аўтары кажуць, што Назімаў выяжджаў спэцыяльна, каб агітаваць проці опозыцыйнага польскага панства на Беларусі і што непарадкі сялянскія залежалі выключна ад гэтай агітацыі. Калі мы прымем пад увагу вышэйпаданыя докумэнты, дык трудна згадзіцца з тым, што Назімаў адважыўся на актыўную агітацыю сярод сялянства проці паноў. Тым менш магчыма згадзіцца з другою думкаю, што сялянскія хваляваньні, накіраваныя супроць паноў, выключна залежалі ад агітацыі офіцыяльнага агітатара. Былі іншыя больш важныя прычыны соцыяльна-экономічнага характару, якія падымалі сялян проці земляўласьніцкай шляхты.

Настала летняя страдная пара 1861 году. На сялян, як на часова абавязаных, вялікім цяжарам легла зьбіраньне панскага ўраджаю. Сяляне масамі пачалі кідаць працу на панскіх палёх і наогул адмаўляць паном у паслушэнстве. Прадбачыліся вялікія страты для паноў. Зямляўласьніцкая шляхта, папаўшы ў цяжкае становішча, па старому спрабаванаму звычаю зьвярнулася за дапамогаю да расійскай улады. Царская адміністрацыя, ня гледзячы на вышэйпаданы цыркуляр ад 15 жніўня, усё-ж такі прышла на дапамогу паном. Назімаў пасылаў на засьмірэньне сялян вайсковыя аддзелы, якія бізунамі, настоямі, а часам і зброяю наводзілі парадак і прымушалі сялян да паслушэнства паном. У гэтай галіне былі нават „героі“. Асаблівую славу ў справе рэпрэсій над непаслухмянымі сялянамі набыў сабе адзін з ад‘ютантаў Назімава Міхнёў, пад загадам якога былі карныя казацкія аддзелы. Міхнёў дапускаў страшэнныя гвалты ў адносінах да „бунтаўнікоў“-сялян.

Ня гледзячы на жорсткія засьмірэньні, сялянскія хваляваньні ня спыняліся. Яны з новаю сілаю падымаліся то ў адным, то ў другім месцы. Ня было іншага выхаду, як рабіць у той ці іншай форме нязначныя палёгкі і ўступкі незадаволенаму сялянству. Гэтыя палёгкі і ўступкі разам з тым давалі свайго роду політычны капітал расійскаму ўраду ў барацьбе з опозыцыйнай земляўласьніцкай шляхтай, бо царскі ўрад выступаў тут, як „абаронца“ селяніна. У сувязі з усім гэтым Віленскі генэрал-губэрнатар заняўся распрацоўкаю ўрадавага загаду аб скасаваньні так званых згонных дзён, якія асабліва абуралі сялянства проці паноў і ўлады, бо адрывалі вялікую масу рабочых сялянскіх рук ад працы на іх ўласных гаспадарках і цягнулі ў панскі двор для панскіх патрэб.

Загад генэрал-губэрнатара па гэтаму пытаньню гаворыць так: „Мною ўяўлены некаторыя меркаваньні ў адносінах да згонных дзён, так званых гвалтаў, якіх вымагаюць ад сялян земляўласьнікі ў самы гарачы рабочы час, звыш паншчынных дзён, і якія складаюць ад 12 да 15 дзён з душы. Гэтая павіннасьць па аднагалоснай заяве сялян ёсьць самая цяжкая і стратная“.[69] Выходзячы з гэтага генэрал-губэрнатар загадуе земскім поліцыям наступнае: „1) У губэрнях Віленскай, Горадзенскай і Ковенскай па ўсіх сялянскіх вучастках, з якіх да гэтых часоў адбывалася больш 8 згонных дзён з рабочай душы па інвэнтару, зьменшыць лік гэтых дзён да 8, прыстасоўваючы гэтае правіла і да тых маёнткаў, дзе згонныя дні былі вызначаны лічбай з двара. 2) Спачатку будучага летняга пэрыоду работ, зьмест згонаў, якія належаць земляўласьніку з кожнага сялянскага вучастку, лічбу згонных дзён разьмеркаваць так, каб тры пятых іх былі аднесены на летні згон і дзьве пятых на зімні; апроч таго, гэтыя дні раскладаць па тыднях кожнага сэзону пароўну. 3) Скасаваць адразу ўсе дадатковыя павіннасьці, вызначаныя ў пункце 2 артыкулу 126 „Мясцовага Палажэньня“ для тутэйшых губэрань, іменна: (шарваркі) для рамонту панскіх будынкаў, варту, начны каравул пры панскім двары і іншыя на карысьць пана каравулы; таксама нявызначаныя аднолькавым лікам дзён у годзе павіннасьці, напрыклад: ранкі і абкурваньне для малацьбы хлеба, дапамога ў лоўлі рыбы, мыцьцё і стрыжка авечак, дагляд рабочага быдла, пасадка, паліўка, поліва і ўборка гародаў і інш. 4) Калі ў якім-небудзь маёнтку, дзе ня будзе ўведзена ўстаўная грамата, выявіцца, што працоўная павіннасьць перавышае 23 рабочых дні, дык ў такіх маёнтках зьменшыць яе да 23 дзён“.[70]

Такім чынам мы бачым, што сялянскія непарадкі зьвярнулі на сябе ўвагу расійскага ўраду. Урад рэагаваў на іх рознымі спосабамі. Найчасьцей ён зьвяртаўся да рэпрэсіўных мерапрыемстваў. Праўда, у ўрадавых колах прамільгнула думка аб тым, каб на зло опозыцыйнай польскай шляхце не пасылаць вайсковай сілы для засьмірэньня сялян. Але трудна думаць, каб урад мог строга вытрымаць гэтую лінію, дзякуючы яе небясьпечнасьці. Часам урад зьвяртаўся да сялян з уступкамі, як мы бачым з вышэйпаданага загаду, маючы на мэце як разрэджаньне згушчанай атмосфэры, так і атрыманьне політычнага капіталу. Ня гледзячы на ўсе гэтыя мерапрыемствы, сялянскія хваляваньні не прыпыніліся, а цягнуліся далей і ў 1862 годзе.

МАНІФЭСТАЦЫІ НА БЕЛАРУСІ Ў ЖНІЎНІ 1861 ГОДУ.

У той час як у вёсках хваляваліся сяляне, у гарадох адбываліся ўсякага роду дэманстрацыі і маніфэстацыі. Асабліва яны ажывіліся ў жніўні 1861 г. У гэтым месяцы адбыліся дзьве самыя буйныя маніфэстацыі ў Вільні; яны перакінуліся і ў іншыя гарады Беларусі. Днямі гэтых маніфэстацый былі 12-е і 18-е жніўня.

У пачатку жніўня пачала пашырацца на Беларусі выданая ў Варшаве проклямацыя. Яна вызначала, што 12, VIII, 1569 году ў Любліне адбылася унія Польшчы з Літвой і Беларусьсю і заклікала ўсіх сьвяткаваць гэты дзень, каб паказаць усяму сьвету, што палякі, літвіны і беларусы зьяўляюцца дзецьмі адной сямі, грамадзянамі аднае дзяржавы белага арла і пагоні. Урачыстасьць еднасьці народаў, якія складалі старую Польшчу, павінна адбыцца на ўсёй тэрыторыі былай Рэчы Паспалітай. Сэнс проклямацыі і сьвяткаваньня гадавіны Люблінскай уніі для нас ясны. Сьвяткаваньне гэтай гадавіны, як на Беларусі, так і ў іншых краінах былой Польшчы павінна было паказаць усяму сьвету, што Беларусь, Літва і Украіна хочуць быць не пад двухгаловым арлом Расіі, а пад белым арлом Польшчы.

Распачалася шырокая падрыхтоўка да сьвяткаваньня, організацыю якога найчасьцей брала на сябе земляўласьніцкая шляхта. У падрыхоўцы прымалі ўдзел і чырвоныя колы. Організатарам удалося наладзіць сьвяткаваньне ў многіх гарадох і мястэчках Беларусі, ня гледзячы на тое, што поліцыя даведалася аб гэтым і намагалася сарваць дэмонстрацыйнае сьвята.

У Вільні 12 жніўня адбылося ўрачыстае набажэнства ў касьцёле Яна. Публіка запоўніла касьцёл да адказу. Лік прысутных даходзіў да 3000 чалавек. Публіка складалася з шляхты, урадоўцаў, вучнёўскай моладзі і рамесьнікаў. На ўсіх былі патрыятычныя адзнакі, жэтоны і эмблемы. Усе жанчыны былі апрануты ў белыя вопраткі, бо жалоба па айчыне на гэты ўрачысты дзень была скасавана. Публіка сьпявала рэволюцыйныя патрыятычныя гімны. Пасьля дзённага набажэнства ўсе спакойна разышліся, каб зноў сабрацца ўвечары. А шостай гадзіне ўвечары вялікі натоўп сабраўся каля Вострай Брамы. Лік сабраўшыхся даходзіў да некалькіх тысяч. Зноў пачалі сьпяваць забароненыя сьпевы. „Пасьля сканчэньня сьпеву агіднага гімну перад абразом маткі боскай, шляхцічы Дзісенскага павету Гайдамовіч і Юхневіч закрычалі: „паны-браты, запрашаем вас на Бельмонт“. Пасьля гэтага ўвесь народ накіраваўся туды, дзе сабралася да 5.000 чалавек“.[71] На Бельмонце прысутныя разьбіліся на дзьве вялікія групы. Адна група складалася, так сказаць, з „чыстай“ публікі—шляхты, урадоўцаў і вучнёўскай моладзі. Другая група складалася з мяшчан, рамесьнікаў і падгародных сялян. Зразумела, паміж гэтым групамі ў імя „еднасьці станаў! былі ўтвораны „дэмократычныя“ ўзаемаадносіны. Прадстаўнікі першай групы зьнісходзілі да ўдзелу ў другой групе і міласьціва прымалі ў сваю групу прадстаўнікоў другой групы. І там, і там гаварыліся прамовы аб еднасьці народаў і станаў былой Рэчы Паспалітай Польскай. У перамежку з прамовамі адбываліся гульні і скокі. Дакладная запіска Віленскага поліцмайстра адзначае, што ў час гульняў і скокаў сабраўшыяся маніфэстанты крычалі: „Няхай жыве Польшча, няхай жывуць братэрства і згода станаў, няхай жывуць рамесьнікі“. Гулянка зацягнулася да глыбокай ночы. Поліцыя зьявілася позна, бо яна, дзякуючы няправільнай інформацыі, сконцэнтравала свае сілы на другім канцы гораду, на Пагулянцы. Сьвята, як мы бачым, насіла на сабе ўсе адзнакі таго, што ім кіравалі белыя. Прысутнасьць рамесьнікаў не зьмяніла характару сьвята. Чырвоныя ішлі пад кіраўніцтвам белых.

Апроч Вільні, такія-ж дэмонстрацыйныя сьвяты былі організаваны і ў іншых гарадох. Маніфэстацыя ў Горадні, як і ў Вільні, распачалася з набажэнства ў касьцёле. У час набажэнства пяяліся забароненыя сьпевы. Пасьля паўдня была організавана вандроўка за горад, у прадмесьце Ласосну. Тут усё адбывалася таксама, як і ў Вільні на Бельмонце. Гаварыліся адпаведныя прамовы, адбываліся гульні і скокі, высалапіліся лёзунгі адзінства і братэрства станаў і народаў былой Рэчы Паспалітай. Сабраўшыхся было каля тысячы чалавек. Сацыяльны склад іх быў той самы, што і ў Вільні. Поліцыя не адважылася выступіць проці такога вялікага ліку сабраўшыхся. Маніфэстанты спакойна вярнуліся ў горад са сьпевамі і лёзунгамі. У Друзгеніках сьвяткаваньне гадавіны Люблінскай уніі было організована мясцовым буйным земляўласьнікам, графам Валовічам. На ўрачыстасьць зьехалася шмат земляўласьніцкай шляхты з павету. Прысутнічалі мясцовыя ўрадоўцы, вучні і рамесьнікі. Былі, паміж іншым, і сяляне. Што датычыць прысутнасьці сялян, дык тут не абышлося бяз нейкага націску Сялянства зьявілася сюды не па добрай ахвоце. Прынамсі аўтар „Historyi dwóch lat“ гаворыць аб гэтым так: „Сход быў агромністы, як шляхты, так і простага народу; не абышлося без таго, што гэты астатні быў прымушаны прыняць удзел у справе, якой ён не разумеў і якая яго не датычыла“.[72] З гэтым бязумоўна трэба згадзіцца, калі мець на ўвазе часова-абавязанае становішча сялянства і яго настрой, які мы апісалі ў папярэднім артыкуле. Ёсьць усе падставы думаць, што ня толькі ў Друзгеніках, але і ў іншых мясцовасьцях прысутнасьць сялянства ў масе ня была дабрахвотнай.

Самым урачыстым спосабам адбылося сьвяткаваньне Люблінскай уніі ў Коўні. Організатарамі маніфэстацыі былі ўтвораны дзьве процэсіі: адна з Коўцы, другая з прадмесьця гораду Аляксот, якое знаходзіцца на тэрыторыі, што „патрыёты“ лічылі польскай. Процэсіі павінны былі выйсьці насустрач адна адной і спаткацца на масту праз Нёман.

Процэсіі выступілі з назначаных пунктаў, нясучы як царкоўныя харугвы, так і політычныя штандары, на якіх былі намалёваны белы арол і пагоня. Сабраўшыяся сьпявалі як набожныя, так і рэволюцыйныя сьпевы. Каб ня даць магчымасьці абедзьвюм процэсіям злучыцца, поліцыя выняла з сярэдзіны маста праз Нёман некалькі дашчок. Для гэтай-жа мэты туды быў пасланы ўзвод казакаў. Па адных вестках казакі кінуліся з нагайкамі на натоўп, але не маглі з ім справіцца. Другія весткі гавораць, што ім быў дадзены такі загад, на аснове якога яны не маглі рашуча дзейнічаць. Так ці йначай, але вядома тое, што на месца прыехаў ковенскі поліцмайстар, які даў казакам загад не перашкаджаць процэсіям злучыцца. Дошкі маста зноў былі ўстаўлены на месца і процэсіі злучыліся. Усё гэта выклікала ў маніфэстантаў вялікі пад‘ём настрою. Што датычыць расійскай улады, дык яна хапілася запозна. Пачалі шукаць вінаватых. Распачалося цягучае сьледзтва, якое ніякіх вынікаў не дало.

Наогул трэба зазначыць, што дзень сьвяткаваньня гадавіны Люблінскай уніі белым удаўся. Чырвоныя на Беларусі ішлі ў іх на павадку. Расійская ўлада ня мела моцы спыніць сьвяткаваньні. Трэба аднак, зазначыць што ў чырвоных колах, асабліва на Украіне было вялікае незадаваленьне нацыяналістычным „патрыятызмам“ палякаў, які зусім ігнораваў вырашэньне нацыянальнага пытаньня на „крэсах“.

Між тым па Вільні пачалі хадзіць упартыя чуткі, што ковенская процэсія ідзе ў Вільню, каб зрабіць маніфэстацыю каля Вострай Брамы. Ня гледзячы на фантастычнасьць гэтых чутак, яны ўпарта трымаюцца, дзякуючы, здаецца, агітацыі чырвоных, якія хочуць выкарыстаць момант для вулічнай дэмонстрацыі. Гавораць, што лік удзельнікаў процэсіі даходзіць да 15 тысяч асоб. Жыхары Вільні пачынаюць рыхтаваць кватэры і харчы для маніфэстантаў. Цікава, што і поліцыя чаму-сь прымае ўдзел у падрыхтоўцы кватэр і харчоў для процэсіі. Магчыма, што ўдзел гэты меў провакацыйны характар, бо ніяк ня можна сабе ўявіць, каб поліцыя ня ведала, што ніякай процэсіі з Коўні ня будзе.

Вылічалі, калі можа прыбыць процэсія ў Вільню. Гаварылі, што днём прыходу маніфэстантаў у горад будзе 16 жніўня. Ужо ў гэты дзень шмат народу накіравалася на Пагулянку, где пачынаўся ковенскі гасьцінец. Упачатку ўсе стаялі і чакалі, але потым асобныя групы пачалі ісьці па гасьцінцы ў напрамку да Коўні на спатканьне процэесіі. Гэтыя групы, нікога не спаткаўшы на працягу некалькіх вёрст, звычайна вярталіся назад. І цікава тое, што няўдачы не ахаладжалі натоўпу. Адны групы, не спаткаўшы процэсіі, прыходзілі назад, другія групы зноў выходзілі на спатканьне, лічачы, што цяпер яны абавязкова спаткаюць процэсію. Так абстаяла справа 16 і 17 жніўня.

18-га жніўня быў сьвяточны дзень, нядзеля. Па гораду хадзілі чуткі, што ровенская процэсія наўмысьля затрымалася ў дарозе, каб прыйсьці ў Вільню ў сьвяточны дзень. Ужо зраньня было прыметна ажыўленьне. На Пагулянцы, каля рагаткі, к вечару сабралася вялікая моц народу. Адначасна народ зьбіраўся і каля вострабрамскага касьцёлу. К вечару адсюль, пасьля рэволюцыйных сьпеваў, сабраўшыяся накіраваліся таксама да пагулянскай рагаткі. Па ўрадавых вестках каля рагаткі сабралася каля 5000 чалавек. Усе яны чакаюць восьмай гадзіны вечара, калі паводле распаўсюджаных чутак павінна прыйсьці ў Вільню ковенская процэсія. Настрой собраўшыхся прыпадняты.

У адбываўшыяся падзеі ўмяшалася адміністрацыя. На пагулянскую рагатку былі накіраваны рота пяхоты і сотня казакаў. Ім быў дадзены загад нікога на выпускаць за рагатку на ковенскі шлях. Па ковенскаму шляху таксама расстаўлена варта з пяхоты і казакаў. Бліжэйшыя да шляху дарогі таксама ахоўваюцца пяхотнымі і казацкімі патрулямі. Асоб, якія былі западазроны ў тым, што яны ідуць спатыкаць процэсію, арыштоўвалі і вялі назад у горад.

Сярод сабраўшыхся вялася агітацыя, што процэсія з Коўні ўжо ідзе, што вайсковая сіла спаткала процэсію і ня пускае яе ісьці далей. Ня гледзячы на войсковую сілу, шмат народу прарываецца праз варту і ідзе па ковенскаму шляху. Казакі пачынаюць ужываць бізуны. Ня гледзячы і на гэта рух на спатканьне процэсіі ня спыняецца. Натаўп напірае на пяхоту і кідае ў яе каменьне, выдранае з бруку, і балясы з плоту. Зразумела, вайсковая варта кінулася на сабраўшыхся з прыкладамі, штыхамі і бізунамі. Паднялася паніка. Хутка маніфэстанты пачалі ўцякаць ува ўсе бакі, пакінуўшы на месцы некалькі параненых. Сярод іх былі і галоўныя агітатары нападу на пяхоту земляўласьнік-шляхціц Кшыжэвіч і ўласьнік фабрыкі галёшаў Вэльц. Шляхціц і прамысловец, прадстаўнікі тагачаснай белай апазыцыі, папалі ў шпіталь Якуба, а адтуль у турму.

Калі ўлеглася першая паніка, зьявіліся новыя агітатары, якія затрымлівалі маніфэстантаў і зьбіралі іх у групы. Сабралася тры групы: адна на Троцкай вуліцы, каля дамініканскага касьцёлу, другая каля вострабрамскага касьцёлу, трэцяя ў касьцёле Яна і каля яго. Найвялікшай была група на Троцкай вуліцы. Яна, нясучы і вядучы з сабою зьбітых і параненых, накіравалася да палацу генэрал-губэрнатара. Казакі і паліцыя накінуліся на дэмонстрантаў і пагналі іх да Вострай Брамы. Тут была разагнана і тая група, што сабралася раней. Трэцяя група разышлася сама сабою. Расходзячыся сьпявалі сьпеў „Божа, што Польшчу“. Праз гадзіну ўсё заціхла, вуліцы апусьцелі. Поліцыя і казакі паставілі на вуліцах і плошчах варты і арыштавалі западазроных асоб.

Абурэньне ў горадзе было вялікае. Яно ахапіла ня толькі шляхецкія і інтэлігенцкія колы, але і мяшчанскія і рамесьніцкія масы, бо яны складалі асноўную гушчу маніфэстантаў, якая найбольш і пацярпела ад штыхоў, прыкладаў і бізуноў. Ідзе рэволюцыянізацыя гарадзкіх нізоў. З гэтага часу яны ўсё часьцей і часьцей выступаюць на вуліцу.

Па гораду ходзяць чуткі аб забітых і параненых. Кажуць, што казакі заганялі людзей у Вілію і там тапілі іх. Усё гэта яшчэ больш падбурае, і рэволюцыянізуе масу. Устанавіць сапраўдны лік забітых і параненых вельмі цяжка. Крыніцы даюць такія лічбы, якія вельмі непадобны адна на другой. Па офіцыйных даных лічыцца толькі 23 асобы параненых. З гэтым згадзіцца ня можна: Бязумоўна былі памершыя ад ран, і параненых было значна больш за 23.

Весткі аб падзеях у Вільні разыходзяцца па Польшчы і па Заходняй Эўропе. Яны ўвязваюцца з гадавінай Люблінскай уніі. Герцэн і іншыя рэволюцыянэры таго часу лічаць, што 18-га жніўня Беларусь і Літва паказалі, з кім яны хочуць ісьці: з царскай Расіяй, ці з рэволюцыйнай Польшчай. У польскай падпольнай прэсе віленскай маніфэстацыі прыдаецца вялікае значэньне. Лік забітых і параненых павялічаецца з агітацыйнай мэтаю. Па ўсёй Польшчы пракацілася хваля жалобных набажэнстваў па забітых у Вільні.

Чуткі аб забітых і параненых у Вільні падымаюць такі шум у Польшчы і Заходняй Эўропе, што цэнтральны ўрад павінен быў даць Назімаву дырэктыву, каб ён што-небудзь зрабіў для абвяржэньня іх. Для гэтай мэты генэрал-губэрнатар выклікаў да сябе шляхецкага маршалка Віленскай губэрні Дамэйку і гарадзкога галаву Вільні Штраўса, якім офіцыйна паставіў запытаньне: ці ёсьць ў іх весткі, што хто-небудзь з прыежджай у горад шляхты ці жыхароў гораду забіты, паранены, ці ўтоплены ў Віліі ў часы маніфэстацыі 18-га жніўня. І той і другі офіцыйна далі адказ, што такіх вестак у іх няма. Тады Назімаў гэтыя офіцыйныя адказы апублікаваў, дадаўшы да іх сэнтэнцыю, што „адпраўляць набажэнствы па забітых, якіх ніхто не забіў, не выпадае, бо гэта ёсьць зьдзек над сьвятым абрадам“. Ня гледзячы на гэтую офіцыйную ўрадавую абвестку, набажэнствы па забітых, са сьпевамі рэволюцыйных гімнаў, ня спыніліся. Агітатары тлумачылі офіцыйны адказ Дамэйкі і Штраўса ў тым сэнсе, што яны зьлякаліся за сваю скуру і далі адказы, не адпавядаючыя рачаістасьці. Поліцыя змагалася з маніфэстацыямі, але спыніць іх не магла.

Тады Назімаў, 24-га жніўня, абвясьціў так званае ваеннае палажэньне ў гарадох—Вільні, Горадні, Беластоку, Бельску, Берасьці з іх паветамі і ў Ковенскай губэрні без Новааляксандраўскага павету. Карыстаючыся ваенным палажэньнем, поліцыя і жандары рабілі ўвесь час вобыскі ў вызначаных мясцовасьцях. Звычайна шукалі зброю і адбіралі яе, накладаючы адначасна кары за яе хаваньне. Адбіраліся нават паляўнічыя стрэльбы. На гэтай глебе рабілася шмат злоўжываньняў. Поліцыя і жандармэрыя рабілі, што хацелі. Скаргі на злоўжываньні ня прымаліся. Усё гэта яшчэ больш рэволюцыянізавала опозыцыйныя колы краю і павялічвала іх колькасьць і ўплывы на грамадзянства.

Нават і пры абставінах ваеннага стану непарадкі на Беларусі і Літве ня спыняліся. 27-га жніўня сабралася маніфэстацыя каля касьцёлу ў Горадні, якая скончылася без праліцьця крыві толькі дзякуючы „дыплёматычнаму“ паводжаньню ксяндза Маеўскага. У пачатку верасьня былі організаваны провады з кацячым концэртам горадзенскаму губэрнатару, які пакідаў сваю пасаду. У Коўні спаткалі каменьнямі карэту генэрала Заблоцкага, які ў Варшаве 27-га лютага даў войску загад страляць у дэмонстрантаў. Такіх здарэньняў было шмат і ў іншых мясцовасьцях.

ОРГАНІЗАЦЫЯ КОЛА І ДЫРЭКЦЫІ Ў ПОЛЬШЧЫ.

Як ужо было сказана вышэй (гл. разьдзел „Пачатак і разьвіцьцё опозыцыйнага руху ў Польшчы“) у Польшчы яшчэ з канца 1857 і пачатку 1858 году пачалі ўтварацца радыкальна-опозыцыйныя гурткі, якія ў канцы 1859 году былі аб‘яднаны наўкола так званай Варшаўскай Капітулы. Аб‘яднаньне было зусім слабое. У канцы 1860 году і гэтае аб‘яднаньне развалілася. Чырвоныя гурткі існуюць кожны сам па сабе. З іх выдзяляюцца тры гурткі—Дэмократычнае Таварыства Акадэмікаў, Старшы Камітэт і Камітэт для організацыі маніфэстацый. Усе гэтыя падпольныя гурткі ўжо ставілі сваёю мэтаю падрыхтоўку ўзброенага паўстаньня. Сярод членаў гурткоў выдзяляецца А. Кажанёўскі, пісьменьнік, па перакананьнях староньнік Мераслаўскага. Блізка стаіць каля яго студэнт школы мастацтва Шахоўскі, якога за яго крайнія перакананьні ў студэнцкіх колах называлі Маратам. Апроч іх трэба назваць Сікорскага, Целецкага, братоў—Яна і Леона Франкоўскіх, У. Данілоўскага, Ю. Вершчынскага і іншых. Усё гэты былі мераслаўшчыкі, якія стаялі на дэмократычнай пляцформе. К, Маеўскі, раней граў вялікую ролю ў чырвоным руху, цяпер пачаў адыходзіць ад яго і зьвязвацца з белымі.

У кіраўнікоў руху ня раз падымаліся размовы аб аб‘яднаньні гурткоў каб яны адзіным фронтам маглі выступаць проці згодніцтва белых, тым больш, што хадзілі чуткі аб намеры белых склікаць свой зьезд. Пасьля зносін з Мераслаўскім, які тады жыў у Парыжы, чырвоныя ўхвалілі склікаць свой зьезд. Месцам зьезду прызначаўся Гамбург, які быў вельмі адпаведным пунктам па прычынах консьпірацыі. Там быў курорт, куды зьбіраліся і хворыя, і здаровыя з усяго сьвету, што давала магчымасьць прыехаўшым чырвоным добра схавацца ў гэтай масе народу. Быў запрошаны і Маеўскі, як самы чырвоны сярод белых. Мераслаўскі на зьезд ня прыехаў, а прыслаў замест сябе свайго асабістага сакратара Кужыну. Ня прыехаў і Маеўскі, а замест сябе прыслаў двух сваіх аднадумцаў, якія, як і ён сам, лічыліся самымі левымі сярод белых. Хто прысутнічаў на зьезьдзе, устанавіць трудна. Распачаўся ён у пачатку верасьня 1861 году. Левае крыло белых упачатку гаварыла аб аб‘яднаньні сіл, прычым яны разумелі гэтае аб‘яднаньне пад сваім кіраўніцтвам. У далейшым высьветлілася, што белыя ўсё яшчэ спадзяюцца на легальныя магчымасьці для адбудаваньня Польшчы, што можна абысьціся без паўстаньня, трэба толькі распачаць перагаворы з царскім урадам. Чырвоныя адразу заявілі, што яны на згоду з царызмам ня пойдуць, што толькі ўзброенае паўстаньне можа вызваліць Польшчу. Зразумела, пры такіх умовах аб‘яднаньне чырвоных з белымі адбыцца не магло, і белыя выехалі з Гамбургу. Калі засталіся адны чырвоныя, дык паміж імі пачаліся размовы аб тым, дзе павінен быць організацыйны цэнтар будучага паўстаньня. Прадстаўнікі, якія прыехалі з Польшчы, лічылі, што кіраўніцтва сіламі павінна знаходзіцца на тэрыторыі края. Кужына выказываў процілеглую думку, што кіраваць рухам у Польшы павінны эмігранцкія колы на чале з Л. Мераслаўскім. Па гэтаму пытаньню ішлі доўгія і зацятыя спрэчкі, якія ня далі ніякіх вынікаў. Кожная старана засталася пры сваіх думках. Пабачыўшы, што згоды быць ня можа, дэлегаты разьехаліся і, такім чынам, Гамбурскі зьезд скончыўся нічым. Усё засталося па-старому.

Між тым падзеі ў Польшчы разьвіваліся хуткім тэмпам. Па запрашэньню Велепольскага, у Варшаве сабраўся зьезд каталіцкіх біскупаў, які тым ня менш выступіў з опозыцыяй проці Велепольскага. Зьезд на чале з архібіскупам Фіялкоўскім падаў намесьніку Лямбэрту мэморыял з цэлым шэрагам запатрабаваньняў. Няпрыняцьце мэморыялу Лямбэртам утварыла конфлікт паміж уладаю і вяршынаю краёвай каталіцкай іерархіі. З канца верасьня ішла падрыхтоўка да дэмонстрацыйнага сьвяткаваньня Гародзельскай уніі. Сьвяткаваньне гэтае адбылося у Гародле 10 кастрычніка. Удзельнікі сьвяткаваньня ў асобным падпісаным імі акце заяўлялі, што „ад разьдзелаў краю і да сягоньня пачуцьцё еднасьці і агульнага братэрства злучае нас з усімі нашымі братамі з па-над Віслы, Варты, Нёмна і Дзьвіны ў адзінай няўміручай бацькаўшчыне нашай — Польшчы“. Ня гледзячы на ўсе перашкоды з боку адміністрацыі і вайсковай улады, па ўсяму краю былой Польшчы ў гэты дзень адбыліся дэмонстрацыі. У Варшаве 10 кастрычніка апроч таго адбыліся хаўтуры архібіскупа Фіялкоўскага, якія, дзякуючы ўдзелу ў урачыстасьці чырвоных, зрабіліся рэволюцыйнай дэмонстрацыяй з забароненымі штандарамі, эмблемамі і сьпевамі. Пасьля гэтага 14. X. 1861 г. у Варшаве было абвешчана ваеннае палажэньне. Ня гледзячы на гэта, 15 кастрычніка былі організаваны дэмонстрацыйныя набажэнствы ў касьцёлах; набажэнствы скончыліся ўводам вайсковай сілы ў некаторыя касьцёлы. Усё гэта падымала настрой як у горадзе, так і ў провінцыі.

Зноў у канцы кастрычніка 1861 г. у чырвоных распачаліся нарады аб тым, каб утварыць агульную організацыю, тым больш, што ваеннае палажэньне вымагала новых мэтодаў і новай тактыкі рэволюцыйнай барацьбы. Найбольш захапіліся гэтаю думкаю прыехаўшыя з Кіева студэнты Ігнат Хмеленскі і Леон Главацкі, які ў даны момант быў настаўнікам гімназіі. Абодва яны належаць да крайніх чырвоных. Да іх далучыўся памянёны намі вышэй Ю. Верашчынскі, што ў свае часы быў членам Варшаўскай Капітулы і добра ведаў усе падпольныя організацыі. Гэтыя тры асобы ўтварылі Мейскі Камітэт, які паставіў сваёю мэтаю аўладаць усёй падпольнай організацыяй Польшчы. У першых днях лістапада Мейскі Камітэт склікаў прадстаўнікоў ад чырвоных організацый. Сход адбыўся на кватэры Верашчынскага. Сабралася шмат народу; цікава, што сярод сабраўшыхся мы знаходзім і К. Маеўскага, які такім чынам працуе на два фронты: з белымі і з чырвонымі. Пасьля, бурных спрэчак прысутныя абралі „Кола“, куды ўваходзіў цалкам Мейскі Камітэт і прадстаўнікі галоўных падпольных рэволюцыйных організацый. Кола было прызнана цэнтральным кіруючым органам як для Польшчы, так і для ўсёй провінцыі, у тым ліку і для Беларусі. Прадстаўніком ад Беларусі на сходзе, на якім абралі Кола, быў Б. Шварцэ. Ці ўваходзіў ён у склад сяброў Кола, мы ня ведаем. Трэба зазначыць, што Кола ў цэлым вялікай ролі ня грала, дзякуючы таму, што складалася з вялікага ліку членаў. Уся фактычная ўлада была ў руках Мейскага Камітэту, які праўда выступаў ад імя Кола.

Што датычыць белых, дык уласна кажучы, ужо Земляробскае Таварыства ў Варшаве і на провінцыі было іх організацыяй. Але гэта была легальная організацыя, якую, праўда, магчыма было выкарыстоўваць для нелегальных мэтаў, але якою абмежавацца было немагчыма. Яшчэ да зачыненьня таварыства сярод белых ішлі размовы аб неабходнасьці ўтварэньня нелегальнай організацыі. Па гэтаму пытаньню адбылося некалькі сходаў у аднаго з членаў камітэту і таварыства Адама Гольда. Сходы не далі ніякіх вынікаў. Праўда, некаторыя аўтары кажуць што быў утвораны падпольны белы камітэт для агульнага кіраўніцтва політыкаю белых з Андрэем Замойскім на чале, але далейшыя падзеі даюць нам матэрыял для таго, каб ня верыць у заснаваньне ў тыя часы белага камітэту.

Як нам вядома, 6-го красавіка 1861 г. Земляробскае Таварыства было зачынена. Распачаліся маніфэстацыі. Чырвоныя шырока разгарнулі сваю чыннасьць. Аб белым кіраўнічым цэнтры няма ніякіх вестак. Наадварот, мы бачым, што прогрэсыўная польская магнатэрыя, што знаходзілася ў кіраўнічым ядры белых, з вялікаю сьпешнасьцю выяжджае за граніцу. Праўда, летамі 1861 году па Варшаве ходзяць няясныя чуткі, што белыя хочуць склікаць зьезд для абраньня свайго кіраўнічага цэнтру. Паміж іншым гэтыя чуткі мелі нейкі ўплыў і на тое, што чырвоныя з свайго боку сьпяшаліся хутчэй утварыць свой кіраўнічы орган, каб выбіць пяршынства ад белых. Летам ніякага зьезду белых не адбылося. Толькі ўвосень больш рухавая частка белых прыняла ўдзел у Гамбурскім зьезьдзе, які, як нам вядома, ня даў ніякіх вынікаў ні для белых, ні для чырвоных.

Толькі ў часы позьняй восені белыя пачалі выяўляць нейкую актыўнасьць. З Варшавы выехалі ў провінцыю Маеўскі з іншымі, і там сярод земляўласьнікаў распачаліся выбары на зьезд ў Варшаву. У канцы сьнежня 1861 году ў Варшаву сабралася каля 15 чалавек абраных дэлегатаў. У ліку дэлегатаў з городу Варшавы быў вядомы нам Юргенс—прадстаўнік мільлеранаў, аб якіх мы гаварылі вышэй. Гэты факт сьведчыць аб тым, што мільлераны за прабеглы час значна наблізіліся да белых земляўласьнікаў і наадварот. Большасьць удзельнікаў зьезду складалася з белых членаў зачыненага Велепольскім Земляробскага Таварыства. Прыступілі да абраньня цэнтру, які ўхвалена было назваць Дырэкцыяй. Склад Дырэкцыі быў вызначаны ў пяць асоб. Старшынёю Дырэкцыі абралі Андрэя Замойскага, але ён сваю кандыдатуру зьняў. Гэты факт упачатку абяскуражыў сабраўшыхся. Адмаўленьне ад старшынства ў Дырэкцыі гаварыла аб тым, што Замойскі ня хоча ўваходзіць у Дырэкцыю на роўных правох з іншымі яе сябрамі, што ён хоча граць ролю караля-патрона, у адносінах да якога Дырэкцыя павінна быць як-бы падпарадкаваным органам. Асабліва падкрэсьліваў гэтую думку ў сваёй прамове К. Маеўскі, які быў сярод прысутных самым левым. Адмаўленьне Замойскага, трэба думаць, стаяла ў сувязі з тым, што гэты магнат ня быў згодзен з тым напрамкам, які прымала Дырэкцыя. Замойскі не адважваўся ступіць на шлях нелегальнай працы.

Пасьля адмаўленьня Замойскага яго кандыдатура была зьнята. Выбары сталі адбывацца далей. На аснове выбараў у склад Дырэкцыі ўвайшлі—ад земляўласьнікаў Курд і Вайцахоўскі, ад прамыслоўцаў варшаўскіх Кронэнбэрг, Юргенс і Маеўскі. Кронэнбэрга абралі, як вельмі багатага банкіра, які сваімі сувязямі патрэбен быў Дырэкцыі для вядзеньня яе фінансаў. Юргенс і Маеўскі былі абраны дзеля сваіх сувязяй з чырвонымі коламі.

Програма белых афарбавалася ў мільлеранаўскія тоны. Яны паставілі сваім лёзунгам далёкую і туманную непадлегласьць Польшчы ў яе старых межах. Каб дабіцца непадлегласьці, неабходна па іх думцы, нават згадзіцца на паўстаньне і рыхтавацца да паўстаньня. Зразумела, у гэтай падрыхтоўцы карыстацца такімі крайнімі сродкамі, якімі карыстаюцца чырвоныя, ня трэба. Трэба выкарыстоўваць усе тыя ўступкі, які робіць царскі ўрад, а не адкідаць іх, як робяць чырвоныя. Трэба зьвярнуць увагу на выбары, якія адбываюцца паводле рэформ Велепольскага, і праводзіць у легальныя ўстановы, куды толькі магчыма, сяброў сваёй групы. Паўстаньне магчыма рабіць толькі пасьля доўгай і сур‘ёзнай падрыхтоўкі, дзеля чаго яго трэба адкласьці на далейшы час. Паўстаньне найлепш будзе распачаць тады, калі Расія будзе перажываць дыплёматычныя ці якія іншыя цяжкасьці. Ва ўсякім выпадку паўстаньне немагчыма распачынаць раней 1865 году, бо край раней гэтага часу ня зможа стала падрыхтаўвацца да паўстаньня. Наогул кажучы, усе члены Дырэкцыі ня лічаць пытаньне аб паўстаньні актуальным. Яны адмахваюцца ад яго. Увод яго ў програму робіцца, як формальная ўступка чырвоным, уплывы якіх у краі і ўзмацняюцца. Што датычыць сялянскага пытаньня, дык тут белыя стаяць на тым пункце погляду, што магчыма прымірыць двор з хатаю такімі мерапрыемствамі, як абчыншаваньне сялян, што прывядзе потым да надзяленьня сялян зямлёю, якая зробіцца з цягам часу іх уласнасьцю. Па гэтаму пункту яны адрозьніваюцца ад чырвоных, якія заяўляюць, што яны стаяць на пляцформе не аграрнай рэформы, а аграрнай рэволюцыі.

Першаю сваёю мэтаю Дырэкцыя ставіць зьмяншэньне ўплываў чырвонага Кола на грамадзянства. Па поглядах белых Дырэкцыя павінна стаць адзіным кіраўніком грамадзкай думкі і настрояў, адзіным прадстаўніком інтарэсаў усяго польскага народу. Яны зьвяртаюць вялікую ўвагу на фінансавы базіс сваёй працы і барацьбы за пяршынство. Гэтая справа даручана Кронэнбэргу. Кронэнбэрг, як фінансіст, добра вядзе справу. У самым канцы 1861 году ў касе Дырэкцыі ёсьць ужо каля мільёну злотых. У гэтых адносінах Дырэкцыя значна папярэдзіла чырвоных, якія зусім ня мелі грошы ў сваёй касе. Гэты факт вельмі пагражаў чырвонаму руху магчымасьцю апынуцца ў экономічнай залежнасьці ад Дырэкцыі. Бязумоўна Дырэкцыя разьлічала на гэта.

Такім чынам, к канцу 1861 году ў Польшчы ўжо заснаваліся два цэнтры паўстаньня. Яны стаялі адзін проці аднаго і вялі змаганьне за пяршынство. Сіла чырвоных была ў іх аграрнай програме і дэмократызму, сіла белых была ў экономічнай базе іх цэнтру.

ОРГАНІЗАЦЫЯ БЕЛЫХ І ЧЫРВОНЫХ НА БЕЛАРУСІ.

Як мы казалі вышэй, земляўласьніцкая шляхта на Беларусі організавала ня раз падачу політычных адрасоў на імя цара. Апроч таго, яна не адмаўлялася ад організацыі і ўдзелу ў такіх маніфэстацыях, якія падкрэсьлівалі еднасьць усіх часьцін былой Рэчы Паспалітай і насілі выключна польскі патрыятычны характар. Зразумела, царскі ўрад ня мог гэтага ня бачыць. Яшчэ з вясны 1861 году ўрад пачаў зьнімаць з пасад тых шляхецкіх маршалкаў, аб якіх у адміністрацыі былі весткі, што яны прымалі той ці іншы ўдзел у патрыятычных набажэнствах і наогул маніфэстацыях. Найраней быў зволены з сваёй пасады гр. Ян Тышкевіч, маршалак шляхты Віленскага павету. Пасьля звальненьня Тышкевіч зрабіўся сярод земляўласьнікаў героем, і яму часта рабіліся спачувальныя візыты і нават овацыі. Каб спыніць усё гэта, яго выслалі з Вільні на вёску ў яго маёнтак. Апроч Тышкевіча, па вестках поліцыі нядобранадзейнымі аказаліся маршалкі і іншых паветаў. На аснове гэтых вестак адзін за другім былі звольнены з сваіх пасад Беластоцкі павятовы маршалак Саковіч, Берасьцейскі — Гажыч і Панявежаскі — Рымкевіч.

Усё гэта не магло не адбіцца на настроі земляўласьніцкай шляхты, якая, зразумела, была незадаволена звальненьнямі сваіх маршалкаў. Гэтае незадавальненьне найбольш адчувалася ў Віленскім павеце, дзе высланы ў свой маёнтак Тышкевіч, ня гледзячы на нагляд поліцыі, меў зносіны з суседзямі і агітаваў проці расійскага ўраду сярод земляўласьнікаў. У такіх абставінах павінны былі адбыцца выбары новага павятовага Віленскага маршалка шляхты. Яны былі прызначаны на канец чэрвеня 1861 году. На выбары пачала зьбірацца шляхта. Зьехалася каля 60 чалавек. Настрой сярод іх быў даволі павышаны. Аб гэтым даведаўся Назімаў. Ён думаў, што земляўласьнікі дэмонстрацыйна намераны зноў абраць маршалкам апальнага Тышкевіча ці іншую асобу, якая дзеля сваёй нядобранадзейнасьці ня будзе зацьверджана ўрадам. Каб ня было такога непаразуменьня, Назімаў выклікаў да сябе больш вядомых і ўплывовых з земляўласьнікаў, каб праз іх зрабіць адпаведны націск на выбары. Націск удаўся. Шляхта абрала на пасаду маршалка буйнога земляўласьніка А. Ваньковіча, якога Назімаў лічыў даволі добранадзейным.

Але на гэтым справе ня скончылася. Па прапанове аднаго з дэлегатаў быў складзены прывітальны адрас на імя зволенага царскім урадам з пасады маршалка Я. Тышкевіча. Адрас вызначаў, што звальненьне Тышкевіча было зроблена расійскім урадам незаконна, што Тышкевіч выканаў свой патрыятычны ў адносінах да Польшчы абавязак. Усе сапраўдныя патрыёты края павінны шанаваць яго, як пакутніка за ідэёвы ўчынак і выяўляць яму сваё спачуваньне. Пачалося зьбіраньне подпісаў пад адрасам. Выявілася, што далёка ня ўсе ўдзельнікі выбараў адважваюцца падпісацца пад адрасам. Адмаўляючыся падпісацца пад адрасам, яны гаварылі, што яны згодны са зьместам адрасу, але баяцца рэпрэсій. З 60-ці шляхецкіх дэлегатаў падпісалася толькі 40 асоб. Тым ня менш адрас Тышкевічу падалі. Хутка гэты факт зрабіўся добра вядомым як у Польшчы, так і на Беларусі. Адрас перапісваўся і хадзіў па руках. Не магла не даведацца аб падачы шляхтаю адрасу і расійская адміністрацыя. Яна была асабліва абурана выкарыстаньнем з боку шляхты легальных магчымасьцяй для нелегальных мэтаў. Зразумела, адразу распачаліся рэпрэсіі. Найраней было скасавана абраньне павятовым маршалкам А. Ваньковіча, як нядобранадзейнага, бо высьветлілася, што новаабраны маршалак ня толькі прымаў удзел у складаньні адрасу і падпісаў яго, але нават завёз адрас у маёнтак Тышкевіча і паднёс яму пры ўрачыстых абставінах. Двух земляўласьнікаў (Б. Еленскага і Е. Грыневецкага), якім было прыпісана рэдагаваньне адрасу і зьбіраньне пад ім подпісаў, выслалі ў Петразаводзк Алонецкай губэрні. Земляўласьніка Вагнэра абвінавацілі ў тым, што ён быў ініцыятарам адрасу. Яму пагражала высылка ў Яраслаўскую губэрню. Потым гэтая высылка, дзякуючы глыбокай старасьці і хваравітасьці Вагнэра, была заменена высылкай у яго маёнтак.

Ня гледзячы на рэпрэсіі, земляўласьнікі на Беларусі не супакоіліся. Ім патрэбна была такая легальная організацыя, якая магла-б групаваць іх наогул. На зьездах шляхты ўтвараюцца пляны і пішуцца проекты статуту Земляробскага Таварыства, якое па думцы беларускіх зямляўласьнікаў павінна было адыграць такую самую організацыйную ролю на Беларусі, як Земляробскае Таварыства ў Варшаве. Па думцы ініцыятараў Земляробскае Таварыства на Беларусі павінна было дзейнічаць разам з Крэдытовым Таварыствам, у якім земляўласьнікі былі зацікаўлены экономічна, дзякуючы опэрацыі вызваленьня сялян. К канцу лета 1861 г. проекты статутаў абодвух таварыстваў былі ўжо гатовы і пададзены праз Віленскага губэрнатара на зацьвярджэньне міністра ўнутраных спраў. Пасьля доўгага трыманьня проектаў у канцэлярыях, амаль што праз год, урад прыслаў офіцыйную адмову па пытаньню аб зацьвярджэньні абодвух таварыстваў, бо ён добра разумеў ня толькі экономічнае, але і політычнае іх значэньне для опозыцыйнай шляхты на Беларусі.

Пакуль цягнулася справа з таварыствам, у земляўласьніцкіх шляхецкіх колах зьяўляецца думка аб утварэньні падпольнай організацыі. Я. Гейштор у сваіх запісках[73] апавядае, што „ў лістападзе 1861 году ў Вільні адбываўся зьезд шляхты, на якім было ўхвалена больш энэргічна заняцца абыватальскай організацыяй, каб побач з пашыраючымся рухам і ўрадавымі рэпрэсіямі яна магла сабраць наўкола сябе людзей з добрымі намерамі“. З вынятку відаць, што чырвоныя, па думцы Я. Гейштора, проціпастаўляліся белым, як людзі, якія такіх „добрых намераў“ ня маюць. Ніжэй Я. Гейштор спыняецца на тых імёнах, з якімі магчыма было-б зьвязацца для ўтварэньня белай організацыі. І трэба зазначыць, што Гейштор ня зусім запэўнены ў актыўнасьці і здольнасьці гэтых імён. „З маршалкаў Старжынскі стараўся больш аб сваёй папулярнасьці; Любамірскі быў бязумоўна разумным чалавекам. Лапа—добрым грамадзянінам, але яны ня бачылі пільнай патрэбы, каб, выкарыстаўшы сілы абуджанага ўнутранага жыцьця, змагацца шляхам органічнай працы проці дэмонстрацый“.[74]

Пры немагчымасьці наладзіць нелегальную і легальную організацыю, белым заставаўся толькі адзін шлях—выкарыстоўваць легальныя шляхецкія організацыі і зьезды для складаньня політычных адрасоў. У канцы кастрычніка і пачатку лістапада 1861 г. у павятовых гарадох Меншчыны і Магілёўшчыны распачаліся зьезды шляхты для абраньня маршалкаў. Гэтыя зьезды выкарыстоўваюцца земляўласьнікамі для складаньня лібэральных політычных адрасоў. Сярод іх была, паміж іншым, такая думка, каб на аснове павятовых адрасоў злажыць потым адрасы ад паасобных губэрань усёй Беларусі і Літвы і падаць расійскаму ўраду, што зробіць вялікае ўражаньне, як на ўрад, так і на заграніцу. Урад тады пойдзе на ўступкі.

Мы маем перад сабою адзін з такіх павятовых адрасоў, які быў складзены шляхтаю Рагач'ўскага павету 22 кастрычніка 1861 году. Адрас складаўся зусім легальна, у прысутнасьці і нават у памяшканьні павятовага шляхецкага маршалка Богуша. Зьмест адрасу наступны. Карыстаючыся правамі, нададзенымі шляхце разьдзелам 108-м IX-га тому свода законаў выданьня 1857 г., і маючы на ўвазе свае карысьці патрэбы, шляхта павету ўхваліла: 1) Выказаць царскаму трону глыбокую падзяку за тое, што ён ласкава прыняў просьбу шляхты аб скасаваньні прыгоннага права. Рагачэўская шляхта з задавальнем бачыць у гэтым вялікім факце пачатак агульных вольнасьцяй. Даўшы асабістую вольнасьць сялянству, цар неўзабаве пакліча і шляхту да грамадзкага жыцьця. Памятаючы аб сваіх правох і прывілеях як за часы ранейшых расійскіх цароў, так і за часы польскіх каралёў, шляхта просіць аб звароце гэтых правоў і прывілеяў, захаваньне якіх у цэласьці абяцала Кацярына II у сваіх трактатах. 2) Прасіць урад аб звароце польскай мовы ў школе і судзе. 3) Аб наданьні краю публічнага і галоснага суду. 4) Прасіць аб далучэньні Магілеўскага вучэбнага округу да Віленскага вучэбнага округу. 5) Аб далучэньні Рагачэўскага павету і ўсёй Магілеўшчыны да Літоўскіх губэрань. 6) Аб аднаўленьні віленскага унівэрсытэту на даўных правох. 7) Аб наданьні свабоды веры ўсім хрысьціянскім вызнаньням і аб дазваленьні бацьком, калі яны належаць да розных вызнаньняў, выхоўваць сваіх дзяцей у той веры, у якой яны самі захочуць. Далей у адрасе вызначаецца, што ўсе выказаныя шляхтаю пажаданьні абаперты на старыя правы і прывілеі, якім раней карысталася шляхта ў Беларусі. Гэтыя правы і прывілеі зацьверджаны ў трактаце 1773 г. Кацярынаю II за сябе і за сваіх наступнікаў. Цар Аляксандар I на Венскім конгрэсе перад усёй Эўропай таксама асьведчыў, што ўсе краіны, аддзеленыя ад Польшчы, ён злучыць у адно і ўвядзе ў іх народны прадстаўнічы ўрад. Наданьне Аляксандрам II правоў сялянам абудзіла ў шляхты надзеі і рашучасьць прасіць аб звароце сваіх старых шляхецкіх правоў. Апроч таго, шляхта Рагачэўскага павету спадзяецца, што для наданьня асабістай і грамадзкай свабоды ўсім клясам царства Аляксандар II дазволіць прадставіць яму просьбы асобым абраным дэпутатам. Вышэйпаданы адрас шляхта Рагачэўскага павету даручае перадаць на ўхвалу цара Магілеўскаму губэрскаму шляхецкаму маршалку.

Ёсьць весткі, што гэты адрас быў пададзены расійскаму ўраду. „Увосень 1861 году шляхецтва Магілеўскай губэрні падало адрас на імя цара з просьбаю аб далучэньні яе да Літвы. Маршалак шляхты Менскай губэрні Лапа, на чыннасьць якога Менскі губэрнатар скардзіўся міністру ўнутраных спраў Валуеву, быў выкліканы ў Пецярбург. Валуеў, які трымаўся лібэральнага напрамку, прыняў яго вельмі далікатна, выказаў сваё спачуцьцё Літве, даў зразумець, што генэрал-губэрнатар Назімаў будзе звольнены з пасады, што на пасады вышэйшых урадоўцаў будуць назначацца мясцовыя ўраджэнцы, што часткова будзе ўводзіцца польская мова, што будзе адноўлены віленскі унівэрсытэт, але выказаў пажаданьне, каб літоўскае шляхецтва адмовілася ад польскіх тэндэнцый. Усё гэта знаходзілася ў сувязі з рэволюцыйным рухам у Расіі, зьвязаным з рэформамі“.[75]

Наколькі магчыма меркаваць з вышэйпаданага вынятку, адрас быў пададзены толькі шляхтаю Магілеўскай губэрні. Менскі шляхецкі маршалак быў выкліканы ў Пецябург ня ў выніку падачы адрасу. Наадварот, з вынятку відаць, што размова з ім Валуева, вельмі ветлівая прыхарошаная абяцанкамі, мела на мэце папярэдзіць падачу менскай шляхтай адрасу, які ня мог быць пажаданым для расійскага ўраду. Зусім іншая размова была-б з менскім маршалкам, каб менскае шляхецтва адрас падало. Гэта відаць з адносін расійскага ўраду да рагачэўскай шляхты, якая склала адрас. Маршалак Рагачэўскай шляхты быў арыштаваны, высланы ў Пецярбург і там пасаджаны ў крэпасьць. Па ўсіх іншых паветах Магілеўшчыны распачаліся вышукі і сьледзтвы, якія, аднак, ня далі ўраду ніякіх матар‘ялаў для далейшых рэпрэсій. Справа абмежавалася высылкамі з гарадоў у маёнткі некаторых памешчыкаў і звальненьнем з пасад некалькіх чыноўнікаў, якія былі заўважаны ў агітацыі за падачу адрасоў.

Аб організацыі чырвоных на Беларусі ў гэтыя часы мы маем зусім мала вестак. Мы толькі можам зазначыць, што к канцу 1861 году чырвоныя колы на Беларусі і ў Літве прагнуцца ўтварыць зародак аб‘яднанай організацыі, неабходнасьць чаго выявілася яшчэ летам. Зразумела, аб‘яднаньне чырвоных сіл пакуль што яшчэ вельмі слабое. Яно выяўляецца ў тым, што паасобныя гурткі і іх правадыры жвава зносяцца паміж сабою, устанаўліваюць паміж сабою адпаведныя сувязі і концэнтруюцца каля Вільні. Адначасна з гэтым яны ўстанаўляюць сталую сувязь з чырвонай організацыяй (Колам) у Польшчы. У процівагу белым, чырвоныя на Беларусі, як і ў Польшчы, выяўляюць напружаную організацыйную актыўнасьць. Цэнтрам організацыі паступова робіцца Вільня. Тут пачынае іграць галоўную ролю вельмі радыкальна настроены Людвік Зьвярждоўскі, вельмі эдукаваны вайсковы, ў чыне капітана генэральнага штабу. Ён да гэтага часу быў актыўным членам польскай рэволюцыйнай організацыі ў Пецярбургу, дзе вучыўся ў акадэміі генэральнага штабу. Па сканчэньні акадэміі Зьвярждоўскі атрымаў пасаду ў Вільні і пачаў тут жыць стала. Беларускія чырвоныя праз яго і праз студэнтаў расійскіх унівэрсытэтаў зьвязваліся з рэволюцыйнымі коламі і гурткамі Расіі

Шырока разьвінулася дзейнасьць чырвоных у Беластоку. Беласток у гэтыя часы быў вельмі ажыўленым пунктам. Праз Беласток ішла Пецярбурска-Варшаўская чыгунка, якая тады праводзілася. У горадзе, дзякуючы гэтаму, было заўжды шмат народу, які складаўся з рабочых і служачых новай дарогі. Тут вялікую організацыйную ролю іграе адзін з галоўных інжынэраў дарогі Браніслаў Шварцэ. Карыстаючыся сваімі службовымі разьездамі і пастаяннымі зносінамі з вялікім лікам людзей, якія ўдзельнічаюць у будоўлі чыгункі, Б. Шварцэ мае поўную магчымасьць пашырыць уплывы чырвоных і ўцягнуць у організацыю шмат новых членаў. Рэволюцыйная праца разьвіваецца. З вялікімі цяжкасьцямі ўтвараецца ў Беластоку падпольная друкарня, зьяўленьне якой таксама абявязана энэргічнай чыннасьці Б. Шварцэ. Цікава адзначыць, што друкарня была прыстасавана да друку ў беларускай мове. Заснаваньне друкарні гаворыць аб тым, што організацыя чырвоных ужо даволі моцная. Цяпер, дзякуючы друкарні, уплывы чырвоных будуць узрастаць. Іх агітацыйная літаратура будзе пашырацца як сярод інтэлігенцыі і рамесьнікаў, так і нават сярод сялянства, чаму спрыяе карыстаньне чырвонымі беларускай „мужыцкай“ мовай.

У гэтыя часы на Беларусі, асабліва ў заходняй яе частцы, даволі шырока разьвіваецца агітацыйная чыннасьць Кастуся Каліноўскага. У 1861-м годзе ён яшчэ студэнт юрыдычнага факультэту пецярбурскага унівэрсытэту. На Беларусі Каліноўскі бывае наездамі: як студэнт, ён прыяжджае на вакацыі да свайго бацькі, што жыве ў Воўкавыскім павеце Падзёншчыны. У Пецярбургу К. Каліноўскі зьвязаны з расійскімі рэволюцыйнымі гурткамі. На яго, як і на ўсіх рэвалюцыянэраў таго часу, робіць вялікі ўплыў Герцэн сваім часопісам „Колокол”. Зьяўляючыся на Беларусь на даволі даўгія вакацыі, Каліноўскі ня губіць дарма часу. Апрануўшыся ў сялянскую вопратку, добра ўладаючы беларускаю моваю, прыкрыўшыся псэўдонімам Базыля Сьвіткі, Кастусь Каліноўскі вандруе па вёсках Беларусі, агітуючы сярод сялянства і дробнай шляхты. Праца Каліноўскага бязумоўна зьвязана як з Вільняю, так і з Беластокам. Бязумоўна ў К. Каліноўскага магла быць і была сувязь з так званымі „лясьнікамі”, аб якіх мы гаварылі вышэй. Аб гэтым гаворыць увесь напрамак рэволюцыйна-агітацыйнай дзейнасьці Каліноўскага. Апроч таго, трэба вызначаць, што Хрулёў у сваім „Дневнике" зьвязвае лясьнікоў з імем Малахоўскага, які заўжды быў супрацоўнікам і прыятелем Каліноўскага.

Ужо тады кідаецца ў вочы радыкалізм К. Каліноўскага. Цэлы шэраг тагочасных докумэнтаў сьведчыць аб гэтым. Сучасьнікі прыпісваюць яму такія думкі і словы: „Паўстаньне павінна быць па сутнасьці сваёй чыста мужыцкім. Шляхта, паколькі яна з мужыком ня пойдзе, павінна загінуць. Мужыцкая сякера не павінна затрымлівацца нават над калыскаю шляхецкага дзіцяці". Разьвязаньне соцыяльнага „мужыцкага" пытаньня высоўваецца Каліноўскім на першы плян. Побач з мужыцкім соцыяльным пытаньнем Каліноўскі высоўвае і нацыянальнае беларускае пытаньне, бо мужыка-беларуса ён процістаўляе шляхціцу-пану паляку і ўрадоўцу — рускаму. У сваёй агітацыі і пропагандзе сярод сялянства ён карыстаецца „мужыцкай" беларускай мовай.

З чырвоных на Беларусі мы павінны вызначыць яшчэ такіх рэволюцыянэраў, як Малахоўскі, Такаржэвіч і Грынявецкі, погляды якіх былі таксама вельмі радыкальныя. Гаворачы аб радыкалізьме як К. Каліноўскага, так і іншых вышэйпамянёных чырвоных, мы павінны адразу адзначыць, што гэты радыкалізм быў радыкалізмам дробнабуржуазнай розначыннай інтэлігенцыі. „Левыя” лёзунгі не перашкаджалі ёй працаваць і выступаць разам з белымі, аб чым сьведчаць падзеі ў Вільні і іншых гарадох улетку і ўвосень 1861 году. Палавінчатасьць і нерашучасьць чырвоных як у Польшчы, так і на Беларусі ёсьць тыповая зьява як перад паўстаньнем, так і ў часы паўстаньня.

У шчыльнай сувязі з чырвонымі на Беларусі працуе сярод дробнай шляхты, і сялянства ўласнай Літвы (Ковеншчына) ксёндз Антон Мацкевіч. Яго роля ў Літве вельмі вялікая. Гэта даволі выразны чырвоны. На аснове яго ўласных паказаньняў мы даведваемся, што ён апрануў сутану выключна дзеля рэволюцыйных мэтаў, каб мець большы ўплыў на сялянства, якое ў тыя часы верыла аўторытэту ксяндзоў. Магчыма думаць, што такія факты ў часы паўстаньня 1863 году спатыкаліся даволі часта. Недарма ксёндз-профэсар пецярбурскай каталіцкай духоўнай акадэміі Фэлінскі, які потым быў назначаны Варшаўскім арцыбіскупам, у сваіх гутарках з канчаючымі курс студэнтамі акадэміі кажа, што чырвоныя, вельмі часта са студэнтаў вышэйшых сьвецкіх школ перарабляюцца на ксяндзоў для політычйых мэтаў рэволюцыйнага характару. Фэлінскі папераджае сваіх вучняў, каб яны сьцерагліся гэтых людзей, якія па яго думцы зьяўляюцца небясьпечнымі ваўкамі, апранутымі ў авечую скуру.

Такім чынам, мы бачым, што белая земляўласьніцкая шляхта на Беларусі ўвесь час імкнулася выкарыстаць для опозыцыйнага руху легальна існуючыя ў рамках царскай імпэрыі організацыі. Нелегальнай організацыі падобнай да Варшаўскай Дырэкцыі яна на Беларусі ўтварыць не магла. Магчыма думаць, што беларускія белыя колы толькі зьвязаліся з Варшаўскай Дырэкцыяй. Што датычыць чырвоных, дык яны выявілі большую актыўнасьць, чым белыя. 1861-ы год сабраў чырвоныя сілы на Беларусі. Паміж асобнымі гурткамі ў розных мясцовасьцях праз іх прадстаўнікоў наладжваецца організацыйная сувязь. У Вільні ўтвараецца зародак чырвонай цэнтральнай паўстанцкай організацыі, якая праз Б. Шварцэ зьвязваецца з Варшаўскім Колам.

ПАДЗЕІ ПЕРШАЙ ПАЛОВЫ 1862 Г. Ў ПОЛЬШЧЫ І БЕЛАРУСІ.

Першая палавіна 1862 году дае мала фактаў надворнага выяўленьня руху. На першы погляд можа нават здавацца, што рух спыніўся. У рачаістасьці справа стаіць ня так. Рух схаваўся ў глыбіню. Ідзе далейшая організацыя і зьбіраньне паўстанцкіх сіл.

Белыя ў Польшчы, як і раней, імкнуцца выкарыстаць для сваіх мэтаў усе легальныя магчымасьці. Яны прымаюць удзел у выбарах і ў працы павятовых і гарадзкіх радаў, што вясною пачалі ўжо дзейнічаць на аснове ўгоды Велепольскага. У процівагу чырвоным, якія сваёй агітацыяй падымалі сялян проці паноў, белыя задаліся мэтаю „зблізіць двор з хатаю" ў імя народнага адзінства. Гэтае збліжэньне яны думалі зрабіць культурніцкай дзейнасьцю. Яны лічылі, што даволі даць асьвету сялянству, каб яно, забыўшыся аб соцыяльна-экономічнай розьні паміж сабою і панам, пайшло за ім па шляху адбудаваньня Польшчы. Працуючы ў гарадзкіх і павятовых радах, белыя дабіваліся асыгнаваньня сродкаў на пачатковыя школы. Апроч таго, яны організавалі прыватныя школкі пры дварох і пры касьцёлах. Настаўнікамі ў школах і школках былі панічы і паненкі, якія вучылі бясплатна сялян чытаць і пісаць. Выдаваліся адпаведныя кніжкі, як для навучаньня, так і для чытаньня. Ідэалізавалася старая Польшча, ідэалізаваліся ўзаемаадносіны паміж „добрым" панам і „паслухмяным" селянінам. Каб больш прыцягнуць сялян да ўчобы і да збліжэньня з дваром, дзецям давалі цукеркі, дарослых частавалі.

Селянін не адмаўляўся ні ад цукерак, ні ад пачастунку, але гэта ніколькі не зьмяншала яго варожых адносін да панства. Ён добра разумеў, што гэтая ўвага пана да яго асобы выклікаецца тым, што ён пану патрэбен. Не пакідала яго думка і аб тым, што пан сваім пачастункам як-бы хоча адкупіцца ад вызваленьня яго, селяніна, ад прыгону і ад нарэзкі яму зямлі.

Дырэкцыя ў сваёй організацыйнай працы была даволі пасыўнай. Праўда, яна пачала наладжваць сувязі з тымі краінамі Польшчы, што знаходзіліся пад Прусіяй і Аўстрыяй, а таксама з Украінаю, Літвою і Беларусьсю. Сувязь з Беларусьсю і Літвою была наладжана праз Францішка Далеўскага. Гэтыя сувязі ня мелі ніякага рэальнага значэньня і насілі чыста формальны характар. Дырэкцыя праз Юзэфа Калачкоўскага зьвязалася з Уладыславам Чартарыйскім у Парыжы, але Парыж чамусьці прыняў Дырэкцыю холадна. Замест пашырэньня сваіх уплываў на масы, яна занялася сваімі ўнутранымі справамі і распрацавала для сябе цэлую констытуцыю. На аснове гэтай констытуцыі Дырэкцыя лічыла сябе выканаўчым органам так званага Ваяводзкага Кола, якое было прызнана як-бы яе законадаўчым органам. Ваяводзкае Кола складалася з прадстаўнікоў ваяводзтваў і павінна было сыстэматычна зьбірацца праз кожныя шэсьць тыдняў. Ваяводзкае Кола вырашала ўсе важнейшыя справы, у тым ліку і разыходжаньні ў Дырэкцыі, а таксама разыходжаньні паміж Дырэкцыяй і Андрэем Замойскім, які нібы граў ролю абмежаванага монарха. Дырэкцыя занялася складаньнем свайго грашовага фонду. Дзякуючы організацыйна-фінансавым здольнасьцям Кронэнбэрга, ужо ў першыя месяцы у 1862 году Дырэкцыя мела адзін мільён злотых, што складала каля 150.000 рускіх рублёў. К канцу першай палавіны гэтага году капітал Дырэкцыі ўжо даходзіў да 200.000 рублёў. Ня гледзячы на ўсё гэта, трэба прызнаць, што Дырэкцыя была наогул бязьдзейным органам і ня выявіла той актыўнасьці, якую магла-б выявіць, дзякуючы сваім грашовым сродкам.

Зусім ня тое мы бачым у чырвоных. Яны выяўляюць вялікую рухавасьць і актыўнасьць. Уся энэргія чырвоных накіравана на тое, каб палепшыць форму сваёй організацыі і пашырыць яе склад.

Кола не здавальняе віднейшых рэволюцыянэраў з чырвоных сваёю расплыўчатасьцю. Яны адчуваюць патрэбу у больш цэнтралізаванай організацыі, якая была-б больш моцнаю і дырэктыўнаю. На гэтым грунце вынікаюць вялікія спрэчкі паміж Колам і Мясцовым Камітэтам. Цэлы шэраг сходак і нарад прыводзяць да таго, што Кола было распушчана, і на чале руху стаў Мясцовы Камітэт. У Мясцовым Камітэце вялікую ролю пачаў іграць Яраслаў Дамброўскі, які нядаўна прыехаў у Варшаву з Пецярбургу. Гэта быў выдатны організатар, энэргічны працаўнік і бясстрашны рэволюцыянэр, вядомы потым, як адзін з генэралаў Парыскай Камуны. Апроч Я. Дамброўскага, у Камітэт уваходзілі Хмяленскі і Матушэвіч. Камітэт меў сваю пячатку, на якой былі напісаны першыя тры літары прозьвішчаў членаў Камітэту.

Поруч з Мясцовым Камітэтам існуе яшчэ Акадэмічны Камітэт, які ня хоча прызнаць яго кіраўніцтва. Акадэмічны Камітэт складаецца з студэнтаў Мэдычнай Акадэміі, Школы прыгожага мастацтва і Земляробскай школы. Па некаторых зьвестках Акадэмічны Камітэт яднае каля 25 тысяч моладзі. Прычым сюды ўваходзіць шмат і рамесьніцкай моладзі. Сябры організацыі плацяць членскія складкі і прымаюць спэцыяльную прысягу.

Мясцовы Камітэт пачаў дабівацца, каб Акадэмічны Камітэт падпарадкоўваўся яму. З гэтаю мэтаю адбыліся два супольныя пасяджэньні абодвых камітэтаў: адно ў канцы мая, другое ў пачатку чэрвеня. Пасяджэньні адбываліся вельмі бурна. Дзякуючы настойваньням і ўгаворам Я. Дамброўскага моладзь Акадэміі павінна была пайсьці на ўступкі. Акадэмічны Камітэт вынес пастанову, што ён згодзен распусьціць сябе і ўсе свае організацыі перадаць Мясцоваму Камітэту. Ад акадэмікаў была абрана адна асоба (Данілоскі) у склад Мясцовага Камітэту. Пасьля гэтага Мясцовы Камітэт зрабіўся адзіным цэнтрам усяго чырвонага руху.

Галоўнай бядою Мясцовага Камітэту была адсутнасьць фінансавых сродкаў. На гэтым грунце памяркоўная частка Камітэту ідзе на згоду з больш левымі коламі Дырэкцыі, якая ў гэты час мае сродкі. Памяркоўныя члены Камітэту настойваюць на перавыбарах Комітэту і на ўводзе ў яго склад прадстаўнікоў Дырэкцыі. Па гэтаму пытаньню ў Камітэце адбываецца вялікая барацьба паміж крайнімі чырвонымі і памяркоўнымі. Перамогу на нядоўгі час атрымалі памяркоўныя. У новы склад Камітэта былі ўведзены прадстаўнікі белых, у тым ліку К. Маеўскі. Але Мясцовы Камітэт у такім складзе існаваў ледзь некалькі дзён. Чырвоныя прымусілі белых выйсьці з Камітэту. Барацьба за склад Камітэту цягнецца цэлы месяц. К канцу чэрвеня ў Камітэце большасьць чырвоная, што не перашкаджае, аднак, іграць у Камітэце даволі значную ролю вельмі памяркоўнаму, нават беламу Гілеру. У канцы чэрвеня Мясцовы Камітэт ухваліў прыняць назву Цэнтральнага Народнага Камітэту. Гэтая назва замацоўвала за ім значэньне адзінага цэнтру руху і паўстаньня. Камітэт заявіў на ўвесь край, што ён адзін прадстаўляе інтарэсы ўсяго народу, ня гледзячы на існаваньне Дырэкцыі.

З самага пачатку мы назіраем сувязь рэволюцыйнага руху ў Польшчы і Беларусі з рэволюцыйным рухам у Расіі. Рэволюцыйны пад‘ём у Расіі вызначыўся ў канцы 50-х і пачатку 60-х гадоў. Усюды растуць опозыцыйныя гурткі, асабліва ў сталіцах. Рэволюцыйны рух у Беларусі і ў Польшчы асабліва шчыльна зьвязаны з Пецярбургам.

Яшчэ ў канцы 50-х гадоў утварыўся опозыцыйны гурток сярод офіцэраў, што вучыліся ў пецярбурскай акадэміі генэральнага штабу. Гурток мае нават сваю падпольную друкарню. У 1861 годзе, з жніўня да лістапада, тут надрукована падпольная проклямацыя-часопіс „Великорусс", у трох нумарох. Для нас вельмі цікавы другі і трэці нумары гэтага часопісу, у якіх зьмешчана програма опозыцыйнага руху і погляд рускай опозыцыі на польскае пытаньне.

Зьмест програмы такі: Падачаю адрасоў трэба дабіцца ад цара, каб ён склікаў устаноўчы сойм і абавясьціў у Расіі прадстаўнічы лад кіраваньня. Сялянскае пытаньне разьвязана расійсім урадам няправільна. Трэба дабіцца вызваленьня сялян бяз выкупу. Урад павінен таксама зьнішчыць тыя злоўжываньні, якія дапускаюцца адміністрацыяй і поліцыяй. Польшча павінна быць вызвалена з-пад улады Расіі. Гэтага вымагае наша народная годнасьць і гаспадарчыя інтарэсы Расіі. Польшча была далучана да Расіі на Венскім конгрэсе пры ўмове, што ёй будзе нададзена констытуцыя, поўная аўтаномія і народная армія. Гэтую ўмову Расія павінна выканаць. Для кіраваньня Польшчай мы кожны год трацім 40 мільёнаў рублёў, а даходаў з яе тэрыторыі мы ня маем такіх вялікіх, каб яны пакрылі нашы выдаткі. Шмат старыкоў, жанчын і дзяцей у Расіі ня маюць з чаго жыць, бо іх кармільцы высланы ў Польшчу, каб трымаць яе насельніцтва ў няволі. Мы да тых часоў будзем бядаваць, пакуль зусім не адмовімся ад Польшчы.

Паступова рэволюцыйны настрой у Расіі паглыбляецца. У маі 1862 году выходзіць падпольнай проклямацыя „Молодая Россия", якая па думцы т-ша М. Н. Пакроўскага зьяўлялася „першай спробаю расійскай соцыялістычнай моладзі формуляваць свае патрабаваньні і свае надзеі”.[76] Яна была куды радыкальнейшаю за „Великорусса". „Молодая Россия“ лічыць, што адзіным сродкам для выхаду Расіі з яе нязноснага сучаснага становішча зьяўляецца „рэволюцыя, рэволюцыя крывавая, якая павінна радыкальна зьмяніць усе без выключэньня асновы сучаснага грамадзтва і зьнішчаць прыхільнікаў цяперашняга парадку".[77] Проклямацыя настроена адмоўна ў адносінах да Герцэна і да аўтараў „Великорусса" за тое, што яны маюць надзею на добрую волю цара. З свайго боку Герцэн і нават Бакунін незадаволены зьместам і тонам „Молодой России", бо лічаць яе занадта рэволюцыйнай і крыважэрнай.

Проклямацыя „Молодая Россия" робіць пробу клясавага падыходу да рэволюцыі. Яна дзеліць увесь народ на дзьве партыі: партыю імпэратарскую, якую падтрымлівалі цар і капітал, і партыю рэволюцыйную, народную, якая яднае беднату. Рэволюцыя ёсьць крывавая барацьба гэтых партый паміж сабою. Царызм можа быць і павінен быць зруйнаваны толькі агульным узброеным паўстаньнем народнай партыі. Дынастыя Раманавых павінна быць зьнішчана. Раманавы сваёю крывёю павінны будуць заплаціць за векавечнае прыгнечаньне народнай беднаты. Ня трэба баяцца праліцьця крыві народных ворагаў. Ня трэба баяцца, калі мы пабачым, што для таго, каб зруйнаваць сучасны лад, трэба будзе праліць крыві ў тры разы болей, чым было праліта якабінцамі ў часы вялікай Францускай рэволюцыі. Што датычыць народаў, якія сілком далучаны да Расіі, дык яны, у тым ліку і палякі, павінны быць вызвалены. Пасьля вызваленьня ўлада павінна перайсьці ў рукі нацыянальных сходаў гэтых народаў. Нормальным ладам жыцьця паасобных народаў цроклямацыя лічыць добраахвотную вольную фэдэрацыю.

У 1861 г. у Пецярбургу распачаліся студэнцкія „непарадкі". Студэнты таго часу, у сваёй большасьці, зьяўляліся беднякамі. Ня былі выключэньнем і студэнты, што прыехалі ў Пецярбург і Маскву з Польшчы і Беларусі. „Большинство поляков и уроженцев западных губерний в университете отличались крайней бедностью... Поляки и не поляки — это были люди, не имевшие ни своих лошадей, ни дач в Павловске. Это не был пролитариат в социально-экономическом смысле, но это были „пролетарии" в смысле бытовом, для которых вопрос о добывании насущного хлеба был центральным вопросом существования".[78] Зразумела, рэволюцыйны і опозыцыйны рух у Расіі ня мог не закрануць польскай і беларускай вучнёўскай моладзі, як цывільнай так і вайсковай. Ужо з канца 50-х гадоў у Пецярбургу існуюць два гурткі моладзі: адзін складаецца з студэнтаў, другі з афіцэраў. У студэнцкім гуртку працуюць Оскар Авэйдэ, Віктар і Кастусь Каліноўскія і інш. Віктар Каліноўскі, пасьля сканчэньня унівэрсытэту застаўся ў Пецярбургу на пасадзе бібліотэкара ў Публічнай Бібліотэцы. Яго пасада была выкарыстана рэволюцыйнымі коламі для папярэдняй падрыхтоўкі членаў гурткоў. У польскім студэнцкім гуртку прымалі ўдзел і расійскія студэнты. Н. Гогель[79] так піша аб гэтым: „Усе запісаныя ў гурток так добра карысталіся творамі Герцэна, патаемна пашыраючы гэты забаронены плод сярод студэнцкай моладзі, што хутка набылі спачуваючых і сярод расійскай моладзі, якая, падрыхтаваўшыся ў унівэрсытэцкіх гурткох, пачала запісвацца ў члены польскай організацыі з рознымі мэтамі: адны з мэтаю злучэньня ўсіх славянскіх народаў, другія — з мэтаю адбудаваньня Маларосіі,[80] трэція — з мэтаю пропаганды неабходнасьці земскага сабору, чацьвёртыя з мэтаю соцыялістычнаю, пятыя — з мэтаю наогул рэволюцыйнаю". З гэтага вынятку мы бачым, што польскі опозыцыйны студэнцкі гурток прыцягваў да сябе моладзь ня толькі польскую і што ён патрабаваў папярэдняй падрыхтоўкі для сваіх сяброў. Гурток зносіўся з Польшчай і Беларусьсю праз студэнтаў, што на вакацыі выяжджалі з Пецярбургу да сваіх бацькоў. Наогул, у гурткох былі шырокія сувязі і зносіны.

Больш вестак мы маем аб польскім вайсковым гуртку. Сябрамі яго зьяўляюцца Дамброўскі, Серакоўскі, Вараскі і інш. Вайсковы гурток вядзе зносіны з студэнцкім гуртком, адкуль ён бярэ як расійскую, так і польскую рэволюцыйную літаратуру. У першыя гады гурток носіць опозыцыйны культурніцкі характар. Настрой афіцэраў значна падняўся пасьля разгону варшаўскіх дэмонстрацый у першай палавіне 1861 г. Тым ня менш і пасьля гэтага частка членаў гуртка адносіцца даволі скэптыча да магчымасьці паўстаньня ў Польшчы. Як вайсковыя спэцыялісты, яны лічылі немагчымым сур‘ёзнае і пасьпяховае выступленьне паўстанцаў-партызанаў супроць моцнай рэгулярнай расійскай арміі. Калі і гаварылася ў гуртку аб паўстаньні ў Пальшчы, дык большасьць лічыла, што яно можа адбыцца толькі ў параўнаўча далёкай будучыні, калі будзе падрыхтавана глеба да паўстаньня на абшары ўсёй Расіі.

Пакуль гурток гаварыў аб магчымасьці ці немагчымасьці паўстаньня, рэволюцыйны рух у Польшчы і на Беларусі ўзмацняўся і захапляў масы ўсё шырэй і шырэй. У гуртку ўсё больш падымалася цікавасьць да таго, што адбывалася ў Польшчы і Беларусі. На адным з пасяджэньняў у сьнежні 1861 году было ўхвалена паслаць у Варшаву з інформацыйнай мэтай Я. Дамброўскага, выкарыстаўшы для паездкі зімовыя вакацыі. Атрымаўшы рэкомэндацыйныя лісты да варшаўскіх правадыроў руху, Дамброўскі паехаў ў Варшаву. Тое, што ён пабачыў у Варшаве, захапіла яго, і Дамброўскі прыехаў у Пецярбург прыхільнікам неабходнасьці і неадкладнасьці паўстаньня. Жыцьцё гуртка ажывілася. Усе пачалі рыхтавацца да таго ці іншага ўдзелу ў краёвым руху. Што датычыць Я. Дамброўскага, дык ён канчаткова рашыў прыняць удзел у паўстанцкім польскім руху. Вясною ён скончыў ваенную акадэмію, дабіўся назначэньня ў адну з вайсковых часьцей, што была разьмешчана ў Варшаве, і накіраваўся туды. Тут ён прыняў актыўны ўдзел у руху, аб чым мы ўжо гаварылі вышэй. Што датычыць Пецярбускага гуртка, дык ён у далейшы час зьвязаўся мацней з краем, і яго сябры адыгралі потым выдатную ролю ў паўстаньні як у Польшчы, так і на Беларусі.

Аб Беларусі за першую палавіну 1862 году мы маем мала матар'ялаў. І тут з вонкавага боку наступае як-бы поўнае зацішша. Ваеннае палажэньне, абвешчанае на Беларусі, прыпыніла бурныя маніфэстацыі і дэмонстрацыі. Рэволюцыйны рух схаваўся ў глыбіню. Ідзе па спэцыяльнаму загаду адміністрацыі разбраеньне шляхты расійскай поліцыяй і жандармэрыяй. Зразумела, у адказ на гэта зброя хаваецца ў патаемных мясцох.

Белыя на Беларусі зьвязваюцца з Варшаўскай Дырэкцыяй. Галоўнейшымі фігурамі з лягеру белых на Беларусі зьяўляюцца Старжынскі, Гейштор, Аскерка, Грушэўскі і інш. Ролю польскага Андрэя Замойскага на Беларусі прагнецца іграць граф Віктар Старжынскі, горадзенскі губэрскі маршалак шляхты. Гэта быў багаты польскі „лібэральны “ магнат. Яшчэ ў маладыя гады, у часы кіраваньня Мікалая І, ён за нешта быў высланы расійскім урадам на Каўказ у якасьці звычайнага шэраговага жаўнера. Лібэралізм не перашкаджаў Старшынскаму ў яго бытнасьць на Каўказе прымаць актыўны ўдзел у ўзброенай барацьбе з вольнымі горцамі, якія рашуча абараняліся ад захопніцкай політыкі расійскага царызму. Раскаяньне перад царскай уладай і адвага ў змаганьні з горцамі далі Старшынскаму магчымасьць атрымаць у хуткім часе чын афіцэра і крыж „Георгия". Шмат гэтаму садзейнічалі і яго сувязі з арыстократычнымі і бюрократычнымі коламі Пецярбургу. Больш цікаваю фігураю зьяўляецца Якуб Гейштор. Гэта — земляўласьнік з Ковеншчыны, бязумоўна лібэральнага напрамку, не без організатарскіх здольнасьцяй. Сярод белых ён быў бязумоўна адным з самых энэргічных дзеячоў.

Белыя на Беларусі групаваліся наўкола Старшынскага, Францішка Далеўскага і Якуба Гейштора. Яны ў першай палавіне 1862 г. пачалі афармляць сваю організацыю. Для гэтай мэты ў маі 1862 г. ў Вільні адбыўся зьезд земляўласьніцкай шляхты. Легальным повадам для зьезду зьяўляецца абмеркаваньне пытаньня аб заснаваньні на Беларусі крэдытовага таварыства. На зьезьдзе прысутнічаюць прадстаўнікі ад усіх 6 губэрань Беларусі. У Вільні ў гэты час прысутнічае ад Пецярбурскай рэволюцыйнай польскай організацыі Ёзафат Агрызка. Якую ролю ён іграў на зьезьдзе, невядома. Мы ведаем толькі, што другі відны працаўнік польскай пецярбурскай рэволюцыйнай організацыі Серакоўскі ня быў згодзен з белымі. Гейштор у сваіх запісках піша аб гэтым так: „з Зыгмунтам Серакоўскім у гэтыя дні мы шмат дыспутавалі. Ён верыў у спачуваньне нам пэўных партый у Расіі і ў магчымасьць паўстаньня з іх дапамогай. Наогул Серакоўскі, хвалячы нашу чыннасьць, лічыў, што мы ідзем занадта павольна".[81] Гэтая павольнасьць зьяўляецца тыповаю для белых і на Беларусі і ў Польшчы.

Як і ў Польшчы, белыя на Беларусі заняліся „культурніцкаю" працаю сярод сялянства з мэтаю збліжэньня двара з хатаю. Пані, паненкі, паны і панічы і тут рушылі ў вёску з лемантаром, зразумела, польскім. Пры дварох засноўваліся найчасьцей нелегальныя школкі. Гэтыя школкі зусім ня былі зьвязаны з патрэбамі сялянства, нават і культурнымі, бо селянін быў беларус, а школкі былі польскія. Як і ў Польшчы, мы назіраем на Беларусі адмоўныя адносіны сялянства да „культурніцкай" працы паноў. Селянін не давярае пану, баіцца яго і ненавідзіць. Тым ня менш мясцовая расійская ўлада заварушылася, лічачы нават і гэтую „асьветную" працу польскіх паноў на Беларусі небясьпечнаю. Цікава, што міністэрства ўнутраных спраў у Пецярбургу глядзела на справу іначай. У цэнтры лічылі, што асьветная праца беларускіх паноў сярод сялянства ня толькі бясьпечна, але нават пажадана. У офіцыяльным часопісу міністэрства „Северная Почта“ быў зьмешчаны спэцыяльны артыкул, у якім вельмі хвалілі культурніцкую дзейнасьць сярод беларускага сялянства некаторых паняй і паненак у Дзісенскім павеце Віленшчыны. Дзейнасьць беларускіх паноў разглядалася, як добры прыклад для ўсіх памешчыкаў ня толькі на Беларусі, але і ў Расіі. Гэты рознабой у лініі цэнтральнай і мясцовай улады даваў магчымасьць белым на Беларусі і надалей бесьперашкодна займацца навесцы культурніцкай працай, якая, аднак, ніякага значэньня для ўцягненьня ў рух сялянства ня мела.

Такі самы рознабой паміж мясцовай і цэнтральнай уладай мы назіраем і ў другім пытаньні. Панства на Беларусі, бачачы варожыя адносіны да сябе мясцовага сялянства, пачало выпісваць да сябе з Пазнані і Галіцыі польскую беднату і абсаджваць яе на сваіх землях, каб мець паслухмяныя і танныя рабочыя рукі. Мясцовая ўлада ў асобе генэрал-губэрнатара Назімава лічыла гэтую выпіску небясьпечнаю зьяваю, аб чым былі накіраваны адпаведныя рапарты ў Пецярбург, у міністэрства ўнутраных спраў. У адказ на рапарты з Пецярбургу прышоў дазвол у пачатку 1862 году на выпіску беднаты з-за межаў і на колёнізацыю яе на панскіх землях. Колёнізацыя пайшла ўзмоцненым тэмпам. Становішча гэтых колёністаў было вельмі цяжкае. Яны пападалі ў поўную экономічную залежнасьць ад земляўласьніка. Апроч таго, мясцовае сялянста адносілася вельмі воража да іх, лічачы іх прыхільнікамі пана, тым больш, што колёністы належалі да аднэй з панамі народнасьці і рэлігіі. У часы паўстаньня прыбылая з-за межаў польская бедната ў сваёй большасьці прыняла ў паўстаньні чынны ўдзел.

Што датычыць чырвоных на Беларусі, дык сярод іх прымячаецца праца па замацаваньню організацыі і па падрыхтоўцы ўзброенай сілы для паўстаньня. Амаль што адначасна з Дамброўскім, вясною 1862 году, у Варшаву прыехаў адзін з выдатных членаў Пецярбурскага польскага вайсковага гуртка Фэрдынанд Вараскі. Ён меў даручэньне па дарозе з Пецярбургу ў Варшаву азнаёміцца з тым, што робіцца ў організацыях на Беларусі і ўстанавіць паміж ёю і Варшаваю сувязь. Гэтае даручэньне Вараскі даволі ўдала выканаў. У Вільні ён прасядзеў цэлы тыдзень. Тут яму ўдалося пабачыцца і мець размову як з прадстаўніком чырвоных колаў Людвікам Зьвярждоўскім, так і з прадстаўніком белых колаў Францішкам Далеўскім. Пасьля размовы з Зьвярджоўскім Вараскі даведаўся, што такая-сякая падрыхтоўка да паўстаньня ў Віленскай губэрні пасоўваецца наперад. Пакрыху крыху гуртуюцца патрэбныя людзі. Ня гледзячы на ваеннае палажэньне і на загад віленскага генэрал-губэрнатара Назімава аб адбіраньні зброі, зброя захоўваецца ў надзейных мясцох. Часам з вялікімі цяжкасьцямі набываецца новая зброя. Адначасна Зьвярждоўскі вызначыў, што пакуль-што сілы для будучага паўстаньня яшчэ вельмі слабыя і нязначныя, а зброі вельмі мала. Праўда, ужо завязваюцца сувязі з опозыцыйна настроенымі афіцэрамі тых расійскіх вайсковых часьцей, што кватаруюць у Вільні і іншых пунктах губэрні, але і тут яшчэ няма значных вынікаў. Адным словам, на аснове слоў Зьвярждоўскага, магчыма меркаваць аб вельмі слабой актыўнасьці чырвоных у Вільні. Аб белых і гаварыць ня прыходзіцца.

З Вільні Вараскі накіраваўся ў Горадню. Тут таксама ўжо існавала організацыя, якая думала аб паўстаньні. Справы ў Горадні ішлі слаба. Вараскі меў размову з членамі падпольнай організацыі — Заблоцкім і Цэханоўскім. Яны ў размове вызначылі, што організацыя ўзрастае, але пакуль-што вельмі павольна.

Значна лепш вялася падрыхтоўка да паўстаньня ў Белавежаскай пушчы, куды Вараскі заехаў па даручэньню Зьвярждоўскага і Цэханоўскага. У пушчы энэргічна працаваў, як агітатар і організатар, крайні чырвоны Валеры Урублеўскі, аб якім мы ўжо гаварылі вышэй. Ён займаў нейкую даволі відную пасаду ў кіраўніцтве Белавежаскай пушчы. Пасада давала яму шырокую магчымасьць весьці сталыя і бесьперашкодныя зносіны з абочынамі, лясьнікамі, егерамі пушчы, а таксама і з сялянамі, якія жылі як на тэрыторыі пушчы, так і навокал яе. Вельмі хутка В. Урублеўскаму ўдалося шмат каго ўцягнуць у падпольную організацыю, у тым ліку і сялян. Лясныя гушчары моцна трымалі патаемнасьць організацыі і давалі магчымасьць хаваць запасы зброі. Сялянства тут даволі ахвотна прымала ўдзел у руху, дзякуючы яўна выразнай чырвонай соцыяльнай програме В. Урублеўскага.

Ня спынялася праца і ў Беластоку, што была там распачата Браніславам Шварцэ. У размове з Вараскім Шварцэ зазначыў, што ня толькі ў самым горадзе, але і ў яго ваколіцах організацыя разраслася даволі шырока. Падпольная друкарня ў Беластоку ўжо распачала друкаваць агітацыйную літаратуру на беларускай мове. Ужо зьявілася і пашыралася па Беларусі „Гутарка двух суседаў". У сярэдзіне 1862 г. ўжо вышаў з друку і пашыраўся па заходняй Беларусі першы нумар проклямацыі — часопісу „Мужыцкая Праўда", які звычайна прыпісваецца К. Каліноўскаму. Перад намі офіцыйная папера міністэрства Унутраных Спраў ад 23 жніўня 1862 году, з якой мы даведваемся, што першы нумар „Мужыцкай Праўды" быў знойдзены сялянамі вёсак Бярозаўкі, Ясенаўкі, Падбуржаў і Радовіч Берасьцейскага павету ў часе жніва на палёх. Колькі экзэмпляраў было знойдзена, мы ня ведаем. Магчыма думаць, што экзэмпляраў было ня мала, калі яны папалі ў 4 вёскі і, урэшце, у рукі жандараў. Зразумела, калі ў час жніва „Мужыцкая Праўда" была ўжо распаўсюджана, дык выйсьці з падпольнага друку яна павінна была значна раней.

В. Ўрублейскі і Б. Шварцэ гаварылі[82] Вараскаму, што да паўстаньня магчыма прыступіць неўзабаве. Вараскі з імі не згаджаўся, маючы, відаць, на ўвазе слабасьць прадрыхтоўкі ў такіх пунктах, як Вільня і Горадня. З такою думкаю ён выехаў і ў Варшаву. Што датычыць актыўнага члена пецярбурскага падпольнага гуртка Ёзафата Агрызкі, які ў пачатку лета быў у Вільні, дык ён вынес ўражаньне зусім іншае, чым Вараскі. Ён таксама бачыўся з Зьвярждоўскім, Ф. Далеўскім і іншымі прадстаўнікамі опозыцыйнага руху. Пасьля нарады з імі ён наадварот прышоў да перакананьня, што „край ужо гатовы да паўстаньня, а таму ён (Агрызка — У. І.), вярнуўшыся ў Пецярбург, адважыўся прыступіць да чыннасьці",[83] г. зн. да падрыхтоўкі паўстаньня.

Адным словам, у першую палавіну 1862 году чырвоныя выявілі даволі значную актыўнасьць: у Польшчы больш значную, на Беларусі менш значную. У Варшаве ўжо зьявіўся Цэнтральны Народны Камітэт. На Беларусі зьявіліся паасобныя організацыі, якія рыхтаваліся, хоць і слаба, да паўстаньня. Гэтыя організацыі маюць тэндэнцыю концэнтравацца наўкола Вільні. Што датыча белых, дык яны як у Польшчы, так асабліва на Беларусі, ня выявілі актыўнасьці. Яны былі толькі тормазам ўжо распачатага руху.

ПАДЗЕІ ДРУГОЙ ПАЛАВІНЫ 1862 г. Ў ПОЛЬШЧЫ.

З ранейшага мы бачым, што ў Польшчы ўжо зьявіўся Цэнтральны Народны Камітэт. Паступова ён узмацняўся і ставіў сваёю мэтаю падрыхтоўку паўстаньня. Белыя па сутнасьці былі проці паўстаньня. Яны гаварылі аб ім толькі для адводу вачэй. Зразумела, існаваньне Цэнтральнага Камітэту не ўваходзіла ў іх мэты, бо вырывала з іх рук ініцыятыву і кіраўніцтва рухам. У Дырэкцыі зьявілася думка адным „рашучым" ударам вызваліцца ад непатрэбнага ёй конкурэнта. Такім „рашучым" ударам па думцы белых магла быць здрада. На гэтым грунце вынікла збліжэньне Дырэкцыі з Велепольскім. Роля пасярэдніка паміж Дырэкцыяй і Велепольскім узяў на сябе мільлеран Кронэнбэрг. Перагаворы прывялі да пажаданых вынікаў. Велепольскі абяцаў Дырэкцыі, што ён паклапоціцца, каб дабіцца праз намесьніка, якім тады быў вялікі князь Константын, пашырэньня „рэформы", ужо наданай Польшчы, на Літву, Беларусь і Украіну і паглыбленьня гэтай рэформы ў самой Польшчы. За гэта Дырэкцыя павінна была выдаць Белапольскаму і расійскаму ўраду выдатнейшых чырвоных. Пры гэтым Велепольскі паабяцаў, што ў адносінах да чырвоных будзе дапасавана толькі васылка з краю. Больш суровых рэпрэсій нібы ня будзе зроблена. Адзіным чалавекам з членаў Дырэкцыі, які мог выдаць чырвоных быў Кароль Маеўскі: ён сам калісь быў чырвоным, у астатнія часы ён таксама не парываў сувязі з чырвонымі і нават на працягу некалькі дзён быў членам чырвонага Камітэту. Дзякуючы гэтаму, ён добра ведаў як організацыйную галоўку чырвоных, так і шмат больш выдатных членаў з чырвонай організацыі. Пад націскам сваіх таварышоў з Дырэкцыі Маеўскі згадзіўся ўзяцца за гэтую агідную справу. Некалькі разоў, разам з Кронэнбэргам, ён хадзіў да Велепольскага, каб умовіцца аб дэталях здрады. Размовы з Велепольскім далі Маеўскаму зразумець, што і Велепольскі, і Дырэкцыя хочуць усё зрабіць яго рукамі, а самі хочуць застацца з боку, каб потым усю адказнасьць за здраду ўскласьці толькі на яго аднаго. Зразумела, гэта не ўваходзіла ў пляны Маеўскае. Апроч таго, і Маеўскі і члены Дырэкцыі ня верылі ў шчырасьць Велепольскага. Выходзячы з усяго гэтага Маўскі запатрабаваў, каб уся справа была запісана ў спэцыяльны протокол і каб пад протоколам былі зроблены подпісы ўсіх членаў Дырэкцыі і Велепольскага. Протокол павінен быў захоўвацца ў трох экзэмплярах, з якіх адзін экзэмпляр . вылаецца на рукі Маеўскаму, другі захоўваецца ў адным з замежных архіваў, трэці зьберагаецца ў надзейным месцы ў Польшчы. Ні члены Дырэкцыі, ні Велепольскі не згадзіліся выканаць пропозыцыю Маеўскага. Тады ён адмовіўся ўзяць, на сябе здраду чырвоных. Інтрыга белых не ўдалася. Велепольскі, абураны такім сканчэньнем справы, даў загад заарыштаваць Маеўскага і пасадзіць яго ў цытадэль, дзе Маеўскі і адсядзеў каля году.

Здрада белых ня ўдалася і Цэнтральны Камітэт разьвівае сваю працу далей. Уплывы яго ў гарадох расьлі даволі хутка. Ня так пасьпяхова справа ішла на вёсцы. Там трэба было разьвіваць агітацыю. Яшчэ ўлетку па вёсках Камітэтам былі разасланы агітатары, што выступалі проці абчыншаваньня сялян на аснове „рэформы" Велепольскага, якая зусім супадала з плянам сялянскай „рэформы" белых. Але Камітэт не апублікаваў яшчэ і сваёй зямельнай програмы, што значна ўскладняла яго агітацыйную працу сярод сялянства. Гэтая програма зьявілася ўвосень 1862 году. Камітэт 12 жніўня выпусьціў падпольную адозву да сялянства, якая хутка была распаўсюджана „па ўсёй Польшчы. Праз тры дні, 15 жніўня, яна была перадрукавана чырвонымі ў Вільні для пашырэньня на Беларусі. Гэтая адозва і зьмяшчала ў: сябе програму Цэнтральнага Народнага Камітэту па сялянскаму і зямельнаму пытаньню. Спынімся на зьмесьце адозвы. Цэнтральны Камітэт, як сапраўдны ўрад Польшчы, заклікае сялян, каб яны верылі ў сьвятасьць польскай справы і слухалі тых ксяндзоў, якія гавораць аб вызваленьні бацькаўшчыны, аб згодзе, братэрстве і еднасьці. Пасьля таго як будуць выгнаны з Польшчы маскалі, у Польшчы ня будзе падатку на соль і табаку. Ня трэба будзе несьці выдаткаў на шпіёнаў. Будуць адчынены школы для ўсіх, і сялянскія дзеці будуць мець выхад у вярхі грамадзянства. Для тых, хто ня мае сродкаў, школы будуць бясплатныя. Вайсковую службу ўсе будуць несьці па жэраб'ёўцы і ў сваім краі, а ня ў Сібіры і на Каўказе. Тэрмін службы ня будзе даўжэйшы за шэсьць год. Зруйнаваныя маскалямі касьцёлы ўрад адбудуе, а дзе трэба — пабудуе новыя. Урад ня будзе браць чыншаў з урадавых земляў, а тыя грунты, на якіх сядзяць сяляне, аддасьць ім на вечную ўласнасьць. Сялянскія землі, якія знаходзяцца не ў скарбовых руках, польскі ўрад таксама аддасьць сялянам на ўласнасьць, а чыншы за іх заплаціць паном, каб кожны селянін у цэлай Польшчы, Літве (разумеецца Літва і Беларусь. У. І.) і Русі (разумеецца Украіна. У. І.) быў вольны бяз усякай розьніцы паміж ім і панам ці мешчанінам. А калі сяляне ня будуць слухацца польскага ўраду і ня будуць памагаць яму выгнаць з краю маскалёў і немцаў, дык яны не атрымаюць аніводнага з гэтых дабрадзействаў.

Адозва, як мы бачым, характарызуе чырвоных будучага паўстаньня як даволі памяркоўных у адносінах да сялянскага пытаньня. Іх чырвань вельмі тыповая для дробнабуржуазных рэволюцыянэраў. Зразумела, іх програма ідзе далей „рэформы” Велепольскага і белых, а таксама царскай „рэформы“ 19 лютага. Тым ня менш чырвоныя дробнабуржуазнага паўстаньня як у Польшчы, так і на Беларусі, вельмі баяцца парушыць права “священной собственности“ паноў. Аддаючы сялянам панскую зямлю чырвоны Камітэт лічыць патрэбным заплаціць паном за гэтую зямлю. Зразумела, грошы на аплату панскай зямлі дасьць будучаму ўраду ўсё той-жа самы селянін. Калі і прызнаць, што чырвоная частка паўстаньня стаяла на грунце аграрнай рэволюцыі, то гэтая рэволюцыя была вельмі памяркоўная.

Цэнтральны Камітэт, як мы бачым, хоча выкарыстаць для сваіх мэтаў каталіцкае духавенства, асабліва вясковае. Мы ведаем, што і большасьць духавенства, асабліва ніжэйшага, пачала падтрымліваць Камітэт. Вясковыя ксяндзы па касьцёлах чыталі адозву сялянам і пашыралі сярод няпісьменнай масы. Хутка распачаліся зьезды ніжэйшага духавенства, на якіх выносіліся рэзолюцыі аб адыходзе яго ад Дырэкцыі і далучэньні да Камітэту. Камітэт прызнаецца зьездамі духавенства, як поўнамоцны народны ўрад Польшчы.

Адчуваючы ўзрост сваёй моцы і ўплыву, Цэнтральны Камітэт выдаў 1-га версьня 1862 году спэцыяльную адозву, урачыста надрукаваную на вялікіх аркушох. У адозьве ён абвясьціў, што, захоўваючы сваю старую назву, ён будзе цяпер выступаць проці захопніцкага расійскага ўраду, як запраўдны правадыр ўсяго польскага народу, як запраўдны польскі народны жонд (урад). Ніякія пагрозы і праклейваньні з боку расійскага ўраду, яго адміністрацыі і поліцыі не запалохаюць і ня зьнішчаць яго. Ніхто і нішто ня можа спыніць яго дзейнасьці, як законнага польскага народнага ўраду.

Рэалізаваць такое ўрачыстае апавяшчэньне магчыма было, апроч іншых умоў, пры наяўнасьці ў касе Камітэту-жонду неабходных сродкаў, пры наяўнасьці сталай фінансавай, экономічнай базы. А з гэтага боку як раз справы стаялі вельмі дрэнна. Трэба было зрабіць нейкі рашучы крок у гэтым напрамку. У сувязі з неабходнасьцю здабыць патрэбныя сродкі І8-га кастрычніка 1862 г. Цэнтральны Камітэт выдаў вельмі важны дэкрэт аб аблажэньні ўсяго народу падаткам на паўстанскія мэты. Раней дэкрэт быў надрукаваны ў нумары 7-м падпольнага офіцыйнага органу Камітэту „Ruch“, а потым быў выпушчаны асобнымі адбіткамі. Вельмі хутка дэкрэт аб падатку з народу быў перадрукаваны і пашыраны для Беларусі і Літвы Віленскім Камітэтам, які зрабіўся Цэнтральным Камітэтам чырвоных на Беларусі і ў Літве.

Зьмест дэкрэту наступны. Польскі народны жонд, прыняўшы пад увагу, што толькі аб‘яднаньне ўсіх сіл народу і яго самаафярнасьць могуць моцна процістаць захопнікам, ухваляе: 1) Кожны грамадзянін павінен акуратна плаціць для вызваленьня бацькаўшчыны народны падатак. 2) Ад нярухомай маёмасьці і гіпотэчных сум трэба плаціць 50%. 3) У каго няма нярухомых капіталаў, той павінен заплаціць падатак з свайго гадавога даходу 5%. 4) Пры вылічэньні гадавога даходу за норму прымаецца гадавая аплата працы каморніка, якая ў Варшаве павінна лічыцца ў адну трэцюю, а ў провінцыяльных гарадох за адну пятую гадавога даходу. 5) Калі хто мае нярухомую маёмасьць і побач з ёю мае іншыя крыніцы даходу, дык ён павінен плаціць падатак за тое і другое. 6) Падатак зьбіраюць урадоўцы Цэнтральнага Камітэту, спэцыяльна вызначаныя для гэтай мэты і маючыя пры сабе для гэтага асобныя квітанцыі. 7) Тэрмінам для ўнясеньня народнага падатку вызначаецца 10-ы дзень лістапада.

Як мы бачым, дэкрэт дэтальна распрацаваны і дае магчымасьць урадоўцам кіравацца ім, як нормай. Выданьне яго было пачаткам экономічнага ўзмацненьня Камітэту. Хто пад пагрозаю, хто дабрахотна, уносяць грошы ў скарб патаемнага народнага жонду. Сродкі яго што-дзень растуць, дзякуючы чаму пашыраецца і праца.

Цяпер Камітэт-жонд мае пад сабою экономічную базу. Рамесьнікі, рабочыя і дробная буржуазія гораду падтрымліваюць яго з самага пачатку. Да сялян ён выдаў вышэйпамянёную адозву, якая ў той ці іншай меры будзе рабіць уплыў на сялянства. Пашло за Камітэтам і ніжэйшае каталіцкае духавенства. Цяпер яму трэба было даць сваю програму па нацыянальнаму пытаньню, каб увязацца з народамі Беларусі, Літвы і Украіны. Гэта Цэнтральны Камітэт зрабіў у канцы верасьня і пачатку кастрычніка 1862 году. Два члены Цэнтральнага Камітэту едуць у Лёндан да Герцэна і вязуць да яго ліст ад жонду, датаваны 20-м верасьня і зьмешчаны потым у „Колоколе", у нумары за 1 кастрычніка 1862 г. Ліст зьмяшчае ў сабе наступную програму Камітэту па нацыянальнаму пытаньню.

Цэнтральны Камітэт прызнае за кожным народам, што ўваходзіў у склад былой Польшчы, поўнае права распараджацца сваім лёсам. Тым ня менш Камітэт змагаецца за адзіную суцэльную, непадзельную Польшчу, якую складаюць уласная Польшча, Літва, Беларусь і Украіна, прычым у будучай адзінай дзяржаве не павінна быць гегемоніі ні аднаго з гэтых народаў. Будуючы новую Польшу ў старых яе межах, Камітэт заяўляе, што кожны з вышэйназваных народаў мае права ці застацца ў сувязі з Польшчай, ці кіравацца паводле сваёй волі. Аднак, у сучасны момант падрыхтоўкі да паўстаньня Камітэт будзе лічыць сваім абавязкам накіраваць усе намаганьні на тое, каб Літва, Беларусь і Украіна ішлі разам з Польшчай, каб паўстаньне абхапіла ўсе часьці былое Рэчы Паспалітай Польскай. У канцы ліста Камітэт выказвае пажаданьне весьці працу разам з расійскай рэволюцыяй, адзначаючы, што братэрская сувязь паміж палякамі і расшчамі, утвораная на зямлі# польскай, дадасьць абодвым баком сілы для выкананьня мэтаў, да якіх імкнуцца абодвы народы.[84] Герцэн спачуваюча аднёсься да такога разьвязаньня Цэнтральным Камітэтам нацыянальнага пытаньня. Крыху пазьней, разьбіраючы ліст Камітэту, ён піша, што пачынаецца новая эпоха ў барацьбе Польшчы за незалежнасьць.

Затое ў самой Польшчы ў розных колах пачаліся дакоры ў адносінах да Камітэту. Асабліва абураўся лістом да Герцэна Л. Мераслаўскі. Ён гаварыў, што Камітэт фактычна адмаўляецца ад старых гістарычных граніц Польшчы, бо ён дае права Беларусі, Літве і Украіне аддзяліцца ад Польшчы і гэтым самым пакідае іх у межах Расіі. На гэтыя дакоры Цэнтральны Народны Камітэт даў адказ у нумары 10 часопісу „Ruch”. У сваім адказе Камітэт імкнецца лепш вытлумачыць свае адносіны да разьвязаньня нацыянальнага пытаньня будучым паўстаньнем.

Сутнасьць адказу такая. Паўстаньне, апроч непадлегласьці Польшчы, павінна даць вольнасьць усім насельнікам Польшчы, а таксама роўнасьць і ўшанаваньне правоў тых народаў, што злучаны з Польшчай. Такія правы Камітэт прызнае за Беларусьсю, Літвой і Украінай. Такім прызнаньнем Камітэт не адрывае, а наадварот толькі злучае іх з сабою. Цэтральны Камітэт не ўяўляе сабе іншае Польшчы, як толькі ў яе даўных гістарычных межах, але з вольнымі народамі, якія дабрахвотна ўвойдуць у яе склад. Толькі такім шляхам магчыма пабудаваць вольную Польшчу, адзіную і ў старых межах. Цэнтралістычныя пажаданьні адрываюць, а ня збліжаюць. Правільнасьць політыкі Камітэту яскрава даводзіцца тым фактам, што ў сучасны момант Літва, Беларусь і Украіна самі прымаюць чынны ўдзел у руху за вызваленьне Польшчы ў яе старых межах. Не цэнтралізацыяй, не надужыцьцем, не поліцыяй утрымліваюцца провінцыі і народы ў еднасьці, сувязі і згодзе, а ўшанаваньнем волі і індывідуальнасьці народнай. Толькі дзякуючы такім асноўным прынцыпам, Польшча, Літва, Беларусь і Украіна ўтвораць адзіную, вольную і моцную дзяржаву. Іншы падыход да справы па думцы Камітэту толькі руйнуе дзяржаву.

Такім способам, народны жонд паставіў перад паўстаньнем заданьне вырашыць нацыяльнае пытаньне. Зразумела, параўнаўча з царскай Расіяй програма паўстаўшай Польшы была прогрэсыўнай. Але адразу трэба адзначыць, што ў програме вельмі падкрэсьліваецца прынцып адзінай непадзельнай Польшчы ў старых гістарычных межах. Гэты прынцып формуляваны выпукла і ясна і зусім закрывае сабою прыгожыя няясныя словы аб „вольнасьці народаў". Калі програма не задавальняла Мераслаўскага, як занадта „лібэральная", дык яна не магла задавальняць і К. Каліноўскага, які потым аказаўся „сэпаратыстам" з пункту погляду паўстанцаў-палякаў. У практыцы прынцып адзінай непадзельнай Польшч зусім затушаваў „вольнасьць народаў". Сучасная „дэмократычная" Польшча давяла справу да „пабеднага канца".

Цяпер паглядзім, што робіцца ў польскіх белых колах. Мы вышэй ужо спыняліся на спробе Дырэкцыі зьнішчыць Цэнтральны Камітэт шляхам выдачы яго ў рукі Велепольскага і расійскага ўраду. Спроба, як мы ведаемся ўдалася. Разам з развалам спробы парваліся і зносіны Дырэкцыі з Велепольскім. Кажуць, што на пропозыцыю Дырэкцыі быць у сувязі, Волепольскі адказаў: мне не патрэбна цяпер ні ваша, ні каго іншага падтрыманьне, бо для палякаў яшчэ магчыма зрабіць што-небудзь добрае, але з палякамі — ніколі.

Пасьля няўдачы зьбліжэньня з Велепольскім Дырэкцыя зрабіла пробу зьвязацца з намесьнікам Польшчы, вялікім князем Константынам. Адбыўся візыт Андрэя Замойскага да намесьніка. Замойскі выказаў намесьніку пажаданьне, каб пад яго (намесьніка) кіраўніцтвам былі злучаны ўсе провінцыі былой Польшы (Літва, Беларусь і Украіна) з сталіцаю ў Варшаве, апроч таго, ён дагаварыўся з намесьнікам аб скліканьні зьезду белых. Гэты зьезд і адбыўся ў пачатку верасьня 1862 году. На зьезд сабралася каля 300 асоб, у ліку якіх былі прадстаўнікі белых з Беларусі, Літвы і Украіны. Вельмі хутка сярод удзельнікаў зьезду пачала пашырацца думка аб падачы на імя намесьніка політычнага адрасу расійскаму ўраду. Адрас быў складзены. У ім выказвалася пажаданьне, каб рэформы, якія праводзяцца ў Польшчы, былі пашыраны на Літву, Беларусь і Украіну, што магчыма тады, калі гэтыя краіны будуць далучаны да Польшчы. З адрасу мы бачым, што белыя, у процівагу чырвоным, у адносінах да „крэсаў" трымаюцца яўна выразных цэнтралістычных поглядаў. Ім зусім незразумела нацыяльная програма чырвоных нават у той няяснай форме, якую мы разьбіралі вышэй.

Даведаўшыся аб проекце адрасу, і яго зьмесьце намесьнік даў зразумець белым, што ніякага адрасу ён ня прыме і будзе лічыць такую падачу незаконнай і проціўрадавай. Тады земляўласьнікі, што сабраліся на зьезд, перарэдагавалі адрас на мандант і падалі гэты мандант Андрэю Замойскаму. Пад мандатам падпісалася каля 200 земляўласьнікаў, і хутка ён пашырыўся па Варшаве і па краі. Хутка аб адрасе-мандаце даведаўся і расійскі ўрад. Замойскі быў выкліканы да намесьніка, які строга зазначыў яму, што ўрад незадаволены вынікамі зьезду. Праз нейкі час Замойскі быў вывезены ў Пецярбург. У Пецярбургу Замойскаму было загадана выехаць за граніцу. У канцы верасьня Замойскі павінен быў выехаць. Высылка Замойскага павінна была зьменшыць веру Дырэкцыі ў легальныя магчымасьці і зьвярнуць яе ўвагу на ўзмацненьне нелегальнай чыннасьці.

У першых днёх кастрычніка Дырэкцыя робіць надта позную і няўдалую спробу зьвярнуцца да шырокіх мас. Яна выдае нелегальна надрукаваную адозву да рамесьнікаў. Адозва напісана вельмі шурпата. Белыя зварочваюцца да рамесьнікаў з перасьцярогаю, каб яны ўстрымліваліся ад крайніх учынкаў. Рамесьнікі не павінны ісьці за „чырвонымі фанатыкамі", якія для сваіх мэтаў ня спыняюцца нават перад праліцьцём крыві і вядуць рамесьнікаў па няправільнаму шляху. Далей белыя наіўна скардзяцца на тое, што для людзей, якія кіруюцца розумам, а не пачуцьцём, цэнзура зачыніла ўсе магчымасьці гаварыць громка і адчынена з рамесьнікамі і рабочымі. Гэта, кажуць белыя, перашкаджае здаровым думкам прасякаць у рамесьніцкія колы і весьці іх простаю дарогаю да лепшай будучыны. У канцы адозва зварочваецца да рамесьнікаў з прапановай, каб яны якім - колечы способам паразумеліся паміж сабою, выдзелілі з сваіх колаў прадстаўнікоў, якія зьвязаўшыся з белымі, будуць працаваць на карысьць агульнай для ўсіх бацькаўшчыны.

Зразумела, адозва белых засталася бяз усялякіх вынікаў. Рамесьнікі і рабочыя былі моцна зьвязаны з чырвоным рухам і прыймалі ў ім ужо даўно чынны ўдзел. Ніхто на адозву Дырэкцыі не зьвярнуў ніякай увагі і не адгукнуўся. Нават пашырэньне сваёй адозвы белыя не маглі паставіць як належыць. Цяпер не памагалі ім і грошы, што ляжалі ў іх касе. Дырэкцыі заставалася толькі сачыць за дзейнасьцю і ростам Цэнтральнага Народнага Камітэту і рабіць усе крокі да яго пабяленьня. Гэта ім удавалася.

Пры такіх умовах Дырэкцыя ўхваліла яшчэ раз склікаць зьезд. Зьезд адбыўся ў Варшаве ў другой палавіне сьнежня. Гэта быў ужо легальны зьезд. На зьезд сабраўся зусім невялікі лік асоб, усяго адзінаццаць дэлегатаў. Гэтыя 11 дэлегатаў формальна прадстаўлялі буйных земляўласьыікаў значнай большасьці тэрыторыі старажытнай Польшчы. На зьезьдзе была дэлегацыя ад Беларусі і Літвы, яна складалася з трох асоб. Старшынёю зьезду быў абраны Кронэнбэрг, прадстаўнік буйной буржуазіі. На аснове справаздач паасобных дэлегатаў высьветлілася, што чырвоны рух узрастае і чырвоная організацыя ўзмацняецца ўва ўсіх мясцовасьцях Польшчы і яе „крэсаў”. Тым ня менш большасьць дэлегатаў чамусь заяўляла, што паўстаньне калі і будзе, дык ня хутка. Члены зьезду спасылаліся на магутнасьць расійскай арміі, на ўстрымліваючае значэньне „рэформы”, што праводзіліся царскім урадам праз Велепольскага, на недахват належнай колькасьці сродкаў у чырвоных, на непадрыхтаванасьць паўстанскіх узброеных сіл і г. д. Былі і такія заявы, што калі-б нават паўстаньне распачалося, дык організацыя белых лёгка можа яго спыніць сваім маральным і экономічным ўплывам. Усё гэта гаворыць аб тым, што зьезд белых даволі дрэнна разьбіраўся ў той сітуацыі, якая склалася і што ён далёка не зьяўляецца прыхільнікам неабходнасьці паўстаньня

ПАДЗЕІ ДРУГОЙ ПАЛАВІНЫ 1862 ГОДУ НА БЕЛАРУСІ.

У 1862 годзе, як мы гаварылі вышэй, на Беларусі назіраецца з надворнага боку як-бы нейкае заспакаеньне. Рух хаваецца ў глыбіню. Выключэньнем на гэтым агульным фоне былі ўрачыстыя хаўтуры вядомага пісьменьніка-песьняра Кандратовіча-Сыракомлі, якія адбыліся 15-га верасьня ў Вільні.

Уладыслаў Кандратовіч-Сыракомля раздзіўся ў Бабруйскім павеце, на Меншчыне, у сям’і зьбяднелага дробнага шляхціца. Большасьць яго твораў прасякнута радыкальным настроем. Ён абураецца супроць прыгоннага права, спачувае запрыгоненаму селяніну ў яга горкай долі і хоча бачыць сялян вольнымі. Беларусь, па яго думцы, павінна ўваходзяць у склад адноўленай дэмократычнай Польшчы. Пісаў Сыракомля ў польскай мове, але ёсьць яго вершы і ў беларускай мове. Жыцьцё песьняра злажылася вельмі няўдала. Увес час яму прыходзілася весьці цяжкую барацьбу за існаваньне, за чорствы кавалак хлеба. З 1852 году Сыракомля пераехаў з Меншчыны ў Вільню, дзе і жыў літаратурнай працай. Памёр ён у страшэннай беднасьці, пакінуўшы пасьля сябе бяз усякіх сродкаў старую матку, жонку і трое малых дзяцей.

Адразу пасьля сьмерці Сыракомлі опозыцыйнымі коламі быў утвораны спэцыяльны камітэт для організацыі ўрачыстага пахаваньня, збору сродкаў на помнік, на ўтрыманьне сям‘і і для выданьня твораў пісьменьніка. Была організавана ўрачыстая процэсія-дэманстрацыя з гораду на могілкі на Росе. На чале процэсіі ішло духавенства з біскупам Красінскім. Апроч касьцельных штандараў несьлі штандары з белым арлом, пагоняю і іншымі дэмонстрацыйна-патрыятычнымі эмблемамі. Побач з шляхтай і інтэлігенцыяй, дзякуючы популярнасьці песьняра, у процэсіі ўдзельнічала шмат мяшчан і рамесьнікаў, якія ішлі пад штандарамі сваіх цэхаў. Поліцыя не адважылася выступіць проці процэсіі, і яна бясьпечна дайшла да могілак. На могілках гаварыліся патрыятычныя прамовы. Адчуваўся падаём опозыцыйнага настрою. Тры шляхцічы над магілаю пісьменьніка далі ўрачыстае абяцаньне, што яны бяруць на сябе апеку над дзецьмі Сыракомлі, прычым кожны з іх узяў да сябе ў сям‘ю па аднаму сыну песьняра. Было ўхвалена пабудаваць на магіле Сыракомлі грандыёзны помнік з каменьняў, прывезеных з усіх часьцін былой Польшчы. Такога помніку так і не пабудавалі, бо хутка распачалося паўстаньне, якое павярнула справы ў другі бок. Хаўтурныя набажэнствы і маніфэстацыі, зьвязаныя з сьмерцю Сыракомлі, адбыліся па. ўсіх гарадох Беларусь У Польшчу гэты рух не перадаўся. Толькі ўжо ў сьнежні хаўтурнае ўрачыстае набажэнства па Сыракомлі адбылося ў Варшаве.

Што датыча белых на Беларусі, то яны ў другую палавіну 1862 году выяўляюць нейкую актыўнасьць. У канцы жніўня і пачатку верасьня белыя ажыўлена зносяцца паміж сабою. У пачатку верасьня белыя зьехаліся ў Вільні. Тут пасьля доўгіх спрэчак яны абралі свой Камітэт, які складаўся з наступных земляўласьнікаў: Антона Еленскага, Аляксандра Аскеркі, Віктара Старжынскага, Станіслава Плятэра, Францішка Далеўскага і Якуба Гейштора. Галоўную ролю ў Камітэце гралі Старжынскі і Гейштор. Самым левым з сяброў Камітэту быў Ф. Далеўскі, які быў у блізкіх адносінах з памяркоўнымі чырвонымі.

Калі ў верасьні адбываўся ў Варшаве зьезд Дырэкцыі, організаваны А. Замойскім, з дазволу расійскай улады, дык на гэтым многалюдным зьезьдзе была даволі вялікая дэлегацыя белых з Літвы і Беларусі. Яна складалася больш як з дзесяцёх асоб. Частка дэлегатаў прыехала па мандатах з Беларусі і Літвы, частка па асабістых запросінах ад Дырэкцыі з Варшавы. Як мы ведаем, на зьезьдзе ў Варшаве быў складзены політычны адрас-мандат, які так сумна скончыўся для Замойскага і Дырэкцыі. Думка аб падачы, політычнага адрасу, была прывезена беларускімі дэлегатамі і на Беларусь. Белыя пасьля Варшаўскага зьезду сабраліся ў Вільні і паставілі на разьвязаньне пытаньне аб падачы адрасу, які заявіў-бы расійскаму ураду аб неабходнасьці далучэньня Беларусі, Літвы і Украіны да Польшчы. Падняліся гарачыя дэбаты. За падачу адрасу стаяў Старжынскі. Гейштор і іншыя лічылі, што цяпер ня час для адрасоў, што трэба весьці працу па організацыі земляўласьніцкіх белых сіл, а не займацца пісаньнем адрасоў. Перамагла група Старжынскага. Было ўхвалена распачаць падрыхтоўку да падачы політычнага адрасу і на Беларусі. Зразумела, галоўную частку справы па падрыхтоўцы адрасу павінен быў узяць на сябе Старжынскі. Ён і сапраўды выяўляе вялікую актыўнасьць. Ён часта вандруе то ў Пецярбург, то ў Парыж, то ў Варшаву, Вільню, Горадню і г. д., і старанна падрыхтоўвае справу. Пастаноўлена было спыніцца на менскім шляхецкім губэрскім выбарчым зьезьдзе, каб выкарыстаць яго для падачы царскаму ўраду політычнага адрасу. Каб схіліць да проекту нават і неадважных земляўласьнікаў, організатарамі заўжды падкрэсьлівалася, што польская шляхта мае законнае права, як і наогул расійскае дваранства (ІХ том своду законаў, разьдзел 108), падаваць на імя цара і ўраду адрасы з выяўленьнем сваіх патрэб і пажаданьняў.

Зьезд шляхты ў Менску сабраўся ў канцы лістапада 1862 году. Прадстаўнікі царскага ўраду вельмі хутка даведаліся аб намеры шляхты Менскай губэрні выкарыстаць зьезд для падачы політычнага адрасу. На гэты час хацеў прыехаць у Менск віленскі генэрал-губэрнатар, каб самому прысутнічаць на зьезьдзе і ня даць магчымасьці шляхце скласьці намечаны адрас. Ня маючы магчымасьці выехаць з Вільні ў Менск, ён паслаў менскаму губэрнатару спэцыяльны адносна па гэтаму пытаньню. Менскі губэрнатар Кажэўнікаў занепакоіўся. Ён яшчэ загадзя напісаў губэрскаму маршалку менскай шляхты Лапу ліст, у якім папярэдзіў, што падачу адрасу аб далучэньні беларускіх губэрань да Польшчы расійскі ўрад будзе лічыць актам ня толькі непажаданым, але і недапушчальным, незаконным. З гэтым лістом губэрнатара маршалак Лапа азнаёміў шляхту, што сабралася на зьезд. Ня гледзячы на катэгорычнае папярэджаньне, на зьезьдзе знайшлося шмат ахвотнікаў, якія патрабавалі, каб адрас ўсё-ж такі быў складзены. Найбольш агітавалі за падачу адрасу земляўласьнікі — два браты Еленскія, двое Аскеркаў і Корбут. Яны мотывавалі неабходнасьць падачы адрасу тым, што гэтага вымагаюць неадкладныя інтарэсы краю. Тым больш, што іншыя паўночна-заходнія губэрні імпэрыі пададуць політычныя адрасы, а гэта зробіць вялікі сорам для шляхты Менскай губэрні, калі яна не падасьць адрасу.

Шуму нарабілася шмат. Але калі пачалі справу формуляваць і галасаваць, то гэты шум скончыўся вельмі ціха. Значнаю большасьцю галасоў (255 проці 4) была прынята сумбурная, палавінчатая формулёўка такога зьместу. Шляхта Менскай губэрні сабралася на зьезд, маючы на мэце ўскласьці да трону яго імпэратарскай вялікасьці політычны адрас аб правох паўночна-заходніх губэрань і аб далучэньні іх да Царства Польскага, але, дзякуючы папярэдняй забароне гэтага губэрнатарам, яна адрасу не змагла падаць. Такім спосабам, з гары радзілася мыш. Ня гледзячы на гэта, расійскі ўрад быў вельмі абураны нават і такою формулёўкаю. Мураўёў-вешальнік апісвае[85] гэты факт з вялікім абурэньнем. „Трэба вызначыць, што менскае шляхецтва адзначалася яшчэ большаю нянавісьцю да расійскага ўраду, чым у іншых губэрнях. Яно заўжды было ў зносінах з шляхецтвам паўднёва-заходніх губэрань. У кастрычніку (у Мураўёва памылка. У. І.) 1862 году на шляхецкіх выбарах яно склала протокол аб жаданьні падаць цару адрас па прыкладу Падольскай губэрні з просьбаю аб прылучэньні губэрні да Польскага каралеўства. Нахальства іх было такое вялікае, што калі ім вызначана было загадам ад улады, што такі ўчынак процізаконны, яны не скасавалі сваёй пастановы, але запісалі яе ў протокол, зазначаючы, што не давялі яе да канца толькі дзеля забароны гэтага з боку вышэйшай улады".

Такім спосабам, расійскі ўрад нават такую слабую опозыцыю лічыў цэлай рэволюцыяй. Зусім іначай аднесьліся да гэтага факту дробнабуржуазныя і дробнашляхецкія колы Беларусі. Праўда, праз некалькі дзён проект адрасу быў надрукаваны і пашыраны па гарадох Беларусі, але гэта мала дапамагала справе. Чырвоныя былі абураны палавінчатаю, скурніцкаю політыкаю белых. Вельмі хутка ў Менску зьявіліся прылепленыя на рагох вуліц вершаваныя сатыры-эпіграмы на мясцовых магнатаў-земляўласьнікаў, аб якіх гаварылася, што яны маюць шмат усяго, апроч адвагі і патрыятызму. У некаторых павятовых гарадох, напрыклад, у Слуцку і Бабруйску, перад будынкамі павятовых шляхецкіх маршалкаў вучнёўскаю моладзьдзю і мяшчанамі былі організаваны „каціныя концэрты". Часамі справа ішла далей концэртаў і канчалася тым, што концэртанты каменьнямі выбівалі вокны ў памяшканьнях удзельнікаў менскага зьезду.

Цікава тое, што мясцовая поліцыя і жандармэрыя, даносячы аб каціных концэртах і разьбіцьці шыб у памяшканьнях маршалкаў шляхты і наогул удзельнікаў зьезду, пісала ў Пецярбург свайму начальству так: гэта самі шляхецкія маршалкі організавалі для сябе концэрты і пабіцьце вокан у сваіх кватэрах. Яны зрабілі ўсё гэта наўмысьля для таго, каб потым мець магчымасьць адмовіцца ад рэволюцыйнасьці і патрыятызму, каб мець магчымасьць апраўдвацца перад прадстаўнікамі расійскай улады, што яны цярпелі ад рэволюцыянэраў за тое, што былі праціўнікамі падачы опозыцыйнага адрасу. Такім чынам, белыя сваёю палавінчатаю, нерашучаю політыкаю аскандаліліся на два бакі: царскі ўрад усё роўна іх лічыў опозыцыянэрамі, нават „рэволюцыянэрамі", а чырвоныя лічылі іх толькі звычайнымі скурнікамі і згоднікамі ў адносінах да царскага ўраду.

Хутка белыя на Беларусі атрымалі весткі аб тым, што Дырэкцыя склікае нелегальны зьезд у Варшаве ў канцы сьнежня. Белыя на Беларусі лічылі гэты зьезд вельмі неабходным і важным для справы. Зразумела, яны лічылі надта патрэбным паслаць на зьезд у Варшаву прадстаўнікоў ад свайго Камітэту. У якасьці прадстаўнікоў Беларусі былі абраны Старжынскі, Плятэр і Гейштор, якія і паехалі на зьезд у Варшаву. Яны даводзілі на зьезьдзе, што на Беларусі ўсё больш-менш спакойна, і таму гаварыць аб магчымасьці блізкага паўстаньня ня прыходзіцца. Гэта гаворыць аб тым, што белыя на Беларусі рабілі тую самую памылку, што і белыя ў Польшчы.

Зусім іначай стаяць спарвы чырвоных на Беларусі. Камітэты на мясцох узмацняюцца і цесна зьвязваюцца з Віленскім Камітэтам, як цэнтральным сваім органам. У пачатку восені Варшаўскі Цэнтральны Камітэт праз свайго члена Оскара Авэйдэ організацыйна стала зьвязваецца з Віленскім Камітэтам.

Віленскі Камітэт у гэты час складаюць такія асобы: 1) Людвік Зьвярждоўскі, аб якім мы некалькі разоў ужо ўпаміналі. 2) Тытус Далеўскі, сын земляўласьніка, служачы Пецярбурга - Варшаўскай чыгункі. З) Малахоўскі—афіцэр рускай службы. 4) Эдмунд Вярыга — служачы, чыгуначнік. 5) Б. Длускі, што раней служыў простым салдатам на Каўказе і 6) Кастусь Каліноўскі—кандыдат права Пецярбурскага унівэрсытэту. Некаторыя аўтары дадаюць яшчэ некаторыя імёны, як напрыклад, Яна Казелла, Зыгмунта Чаховіча і іншых. Але трэба вызначыць, што першыя шэсьць членаў чырвонага Камітэту называюцца амаль-што ўсімі крыніцамі. Ня зусім ясна стаіць справа з імем Далеўскага. Некаторыя з аўтараў называюць ня Тытуса, а яго брата Францішка Далеўскага. Тытус у адмену ад Францішка быў яўна выразным чырвоным.

Віленскі Цэнтральны Камітэт калі і стаяў на грунце той ці іншай самастойнасьці рэволюцыйнага руху на Беларусі ў адносінах да кіраўніцтва з Варшавы, то ён ні ў якім выпадку не выключаў сувязі з Варшаўскім Цэнтральным Народным Камітэтам. Апошні, можа хоць і ня вельмі ахвотна, павінен быў згадзіцца з такою пастаноўкаю пытаньня, бо, як мы ўжо вызначылі вышэй, Цэнтральны Варшаўскі Камітэт прынцыпова прызнаваў, — праўда, у вельмі туманнай форме—права на нейкую самастойнасьць і адносную незалежнасьць паасобных провінцый старой Рэчы Паспалітай Польскай, у тым ліку Літвы—Беларусі.

Узаемаадносіны паміж Варшаваю і Вільняю ў канцы лістапада і пачатку сьнежня 1862 году Юзэф Яноўскі, які быў сакратаром Варшаўскага жонду-камітэту, малюе ў сваіх запісках такімі рысамі. Сапраўды рэальная ўлада Цэнтральнага Народнага Камітэту ў Варшаве пашыралася толькі на ўласную Польшчу, так званую Карону. Што датычыць провінцый Польшчы—Літвы, Беларусі і Украіны, дык яны звычайна кіраваліся самастойна сваімі ўласнымі камітэтамі — аддзеламі. Віленскі Камітэт, па словах Яноўскага, асабліва быў незгаворчывы. Ён увесь час упарта настойваў на сваім праве самакіраваньня ў справах, якія датычылі тэрыторыі Літвы і Беларусі. Ён быў нават незадаволены тым, што Цэнтральны Варшаўскі Камітэт пашыраў свой уплыў на паўстанскія організацыі Падлясься. Варшаўскі Камітэт пайшоў на ўступкі Віленскаму Камітэту. Ён згадзіўся на тое, каб Віленскі Камітэт меў поўную свабоду дзеяньня на сваёй тэрыторыі. Праўда, Цэнтральны Народны Камітэт цьвёрда стаў на тым, што ён пакідае свой уплыў і ўладу над організацыямі Беластоцкага павету. [86]

Калі мы зьвернемся да проф. М. Бэрта,[87] дык там узаемаадносіны паміж Цэнтральным Народным Камітэтам і Віленскім Камітэтам апісваюцца так. Пасьля доўгіх перагавораў у Варшаве паміж Авэйдам і Вярыгаю, яны прышлі да ўстанаўленьня пэўных узаемаадносін паміж Варшаваю і Вільняю. Віленскі Камітэт прызнае пяршынства і ўладу Цэнтральнага Камітэту. Вільня і Варшава мяняюцца ўзаемна камісарамі, прычым камісар Цэнтральнага Камітэту ў Вільні мае большыя правы і прывілеі, чым камісар з Літвы і Беларусі ў Варшаве. Віленскі Камітэт на тэрыторыі Літвы і Беларусі мае поўную ўладу, але ён павінен дастасоўваць свае загады да загадаў Цэнтральнага Камітэту. Віленскі Камітэт знаходзіцца пад непасрэдным контролем камісара Варшаўскага жонду і на важнейшых пастановах Віленскага Камітэту павінна быць апрабацыя камісара. Апроч свайго поўнамоцнага камісара, Цэнтральны Камітэт ня мае права пасылаць у Літву і на Беларусь ніякіх іншых агентаў. Тэрмін для паўстаньня Цэнтральны Народны Варшаўскі Камітэт вызначае на аснове паразуменьня з камісарам Віленскага Камітэту. Калі гэтага паразуменьня ня будзе, то Літва і Беларусь маюць права ня браць удзелу ў паўстаньні. Беластоцкі павет паступае пад уладу Віленскага Камітэту адразу пасьля таго, як Віленскі Комітэт ухваліць усе вышэйпаданыя ўмовы.

Калі Вярыга прыехаў у Вільню і прадставіў Камітэту на зацьверджаньне проект дагавору, то ў Віленскім Камітэце падняліся вялікія спрэчкі. Адны члены Камітэту згаджаліся зацьвердзіць проект, другія лічылі, што яго прыняць немагчыма. Асабліва протэставаў проці проекту К. Каліноўскі. У выніку спрэчак было ўхвалена паслаць другога ўпаўнаважанага для перагавораў. У якасьці такога быў вызначаны член Віленскага Камітэту Длускі. Проф. Бэрг далей вызначае, што з Длускім Цэнтральны Народны Камітэт ніяк ня мог згаварыцца, і справа ўзаемаадносін паміж Вільняю і Варшаваю затрымалася.

Калі супаставіць вышэйпаданыя весткі Яноўскага і Бэрга, то трэба прызнаць, што больш блізкімі да сапраўднасьці зьяўляюцца паказаньні Яноўскага, бо Яноўскі быў сам удзельнікам Цэнтральнага Камітэту. Апроч таго, магчыма думаць, што Бэрг апісвае толькі першую частку перагавораў, а Яноўскі дае нам зьвесткі аб другой частцы перагавораў, якія паслужылі асноваю для новага проекту ўзаемаадносін паміж Варшаваю і Вільняю. Гэты новы проект мог быць прыняты Віленскім Камітэтам пасьля перагавораў з Цэнтральным Варшаўскім Камітэтам упаўнаважанага Длускага.

У Віленскім Камітэце, як і ў Варшаўскім жондзе, ідуць спрэчкі паміж памяркоўнымі і паміж крайнімі яго членамі. Прадстаўніком крайніх чырвоных быў Кастусь Каліноўскі, а памяркоўных—Людвік Зьвярждоўскі. Пасьля таго, як Зьвярждоўскі, будучы западазроным расійскай поліцыяй у нядобранадзейнасьці, прымусова быў пераведзены на службу ў Маскву, яго месца заняў Нестар Дюлёран. Ён паходзіў з французкай фаміліі, але радзіўся ў Варшаве і быў палякам па свайму выхаваньню і перакананьнях. У той момант ён займаў нейкую пасаду на чыгунцы ў Вільні. Памяркоўныя чырвоныя вінавацілі крайніх чырвоных у залішнім іх сэпаратызьме ў адносінах да Варшавы і ў тым, што яны сваёю выразна-радыкальнаю сялянскаю програмаю парушаюць кроўныя інтарэсы земляўласьніцкай шляхты і гэтым адштурхваюць яе ад удзелу ў паўстаньні. Памяркоўныя лічаць, што абаперціся ў паўстаньні на адно сялянства бяз шляхты ёсьць памылка, якая загубіць паўстаньне. Дюлёран пасьля Зьвярждоўскага стаў на чале памяркоўных. Значэньне Дюлёрана павялічвалася яшчэ тым, што ён меў з Варшавы ўпаўнаважаньне на камісара Цэнтральнага Варшаўскага Камітэту на Літве і Беларусі.

Апіраючыся на гэта ўпаўнаважаньне, Дюлёран адчуваў сябе вельмі моцным у Віленскім Камітэце. Ён у сваёй дзейнасьці праводзіў стаўку на прыцягненьне шляхты, абмінаючы інтарэсы сялянства. Ён уцягваў у організацыю шляхту, часта зьвязваў яе, мінаючы Віленскі Камітэт, беспасрэдна з Цэнтральным Варшаўскім Камітэтам. Апроч таго, ён аформіў аддачу пад непасрэдны загад Варшавы Беластоцкага павету, які быў спрэчным. Калі на Беларусі зьявіўся і пашырыўся дэкрэт Цэнтральнага Варшаўскага Камітэту ад 18 кастрычніка 1862 году аб зборы народнага падатку на паўстаньне, ён пачаў без зацьвярджэньня Віленскага Камітэту збор народнага падатку на Беларусі. Грошы, якія ў даволі вялікім ліку паступалі на паўстаньне, Дюлёран беспасрэдна перасылаў у Варшаву, таксама бяз ухвалы Віленскага Камітэту. Гэткая дэзорганізатарская чыннасьць Дюлёрана, падтрыманая яшчэ некаторымі памяркоўнымі членамі Віленскага Цэнтральнага Камітэту, хутка стала вядомаю як Кастусю Каліноўскаму, так і іншым крайнім чырвоным членам Віленскага Камітэту, якія ў бягучы момант амаль складалі яго большасьць. Яны пачалі перагаворы з Варшаваю аб зьняцьці з Дюлёрана годнасьці камісара Варшаўскага Цэнтральнага Камітэту і выдаленьні яго з Беларусі.

Па адных даных[88] Варшаўскі Камітэт згадзіўся з Вільняю і паслаў на месца Дюлёрана, у якасьці камісара пры Віленскім Камітэце, Верашчынскага. Па другіх даных[89] Варшава не згадзілася з прапановай Віленскага Камітэту, і Дюлёран застаўся на месцы. Дзякуючы гэтаму ўзаемаадносіны паміж Варшаваю і Вільняю завастрыліся. Здаецца, трэба прызнаць больш правільнымі другія даныя.

Бязумоўна самаю выдатнаю фігураю ў Віленскім чырвоным Камітэце быў Кастусь Каліноўскі. На жаль мы маем мала матар‘ялаў, каб даць яго вычэрпваючую біографію.

К. Каліноўскі радзіўся 21 студзеня 1836 году ў невялікім фальварку Мастаўляны (па другіх вестках у фальварку Якушоўка) Ваўкавыскага павету Горадзенскай губэрні. Бацькі К. Каліноўскага паходзілі з дробнай зьбяднелай шляхты і ўжо ня мелі ўласнай зямлі. На нейкі час бацька Каліноўскага апынуўся ў дробнабуржуазнай розначынскай групе і заняў пасаду дробнага ўрадоўца, але, як нядобранадзейны, быў зволены з пасады. Тады ён пачаў арэндаваць чужыя фальваркі і гэтым здабываць хлеб і карміць даволі вялікую сям‘ю. Урэшце мы бачым, што ён зьвярнуўся да рамясла. Тады на Беларусі было вельмі пашырана ткацтва. Гэтаю справаю заняўся і бацька К. Каліноўскага. Па адных даных Сымон Каліноўскі (бацька Кастуся) быў майстрам-наглядчыкам, па другіх—уласьнікам ткацкай майстэрні, якая налічвала да 20 ткацкіх варштатаў і знаходзілася недалёка ад мястэчка Сьвіслачы Горадзенскай губэрні. Майстэрня была даволі добра пастаўлена. Яна магла вырабляць і вырабляла, апроч звычайнага палатна, лепшы гатунак палатна, вядомага ў тыя часы пад назваю ангельскага. У майстэрні працуе ўся сям’я Сымона Каліноўскага. Кастусь Каліноўскі таксама з дзяцінства працуе пры варштаце і вывучае ткацкае рамяство.

Падросшы Кастусь пападае ў навуку ў Сьвіслацкую пяціклясавую прогімназію, якую ён даволі пасьпяхова канчае. Пасьля сканчэньня гэтай школы, ён нейкі час жыве дома, працуючы ў майстэрні і рыхтуючыся да экзамэну ў унівэрсытэт. Каля 1857 году Кастусь Каліноўскі, накіраваўся ў Маскву, дзе яму ўдалося паступіць у лік студэнтаў юрыдычнага факультэту унівэрсытэту. Але ў Маскве яму ўдалося прабыць ня больш году. За ўдзел у нейкіх студэнцкіх „непарадках" яго адтуль хутка выключылі. Пасьля даволі вялікіх мытарстваў і труднасьцяй К. Каліноўскаму ўдалося паступіць на юрыдычны факультэт Пецярбурскага унівэрсытэту. Тут ён правучыўся да канца курсу і скончыў яго, атрымаўшы годнасьць кандыдата праў.

Будучы студэнтам унівэрсытэту, Каліноўскі жыве звычайным жыцьцём студэнта-розначынца, настроенага радыкальна. Ён блізка зыходзіцца з студэнцкімі рэволюцыйнымі коламі і ўдзельнічае ў расійскіх падпольных опозыцыйных і рэволюцыйных гурткох, а таксама і ў рэволюцыйных польскіх гурткох. На яго сьветапагляд як і наогул на сьветапагляд тагочаснай інтэлігенцкай моладзі, робяць вялікі ўплыў творы Герцэна і Бакуніна. Гэтыя творы, ня гледзячы на забарону іх урадам, даволі лёгка прасякаюць у студэнцкія рэволюцыйна настроеныя колы. У 1860-м годзе Кастусь Каліноўскі зьяўляецца ўжо тыповым сьвядомым рэволюцыянэрам таго часу. Зусім зразумела, што яго рэволюцыйны настрой зьвязаны і з тымі опозыцыйнымі і рэволюцыйнымі павевамі, што былі на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі.

У бытнасьць сваю студэнтам К. Каліноўскі не парывае сувязі з Беларусьсю. Ён прыяжджае даволі акуратна на вакацыі да сваіх бацькоў у Горадзеншчыну і агітуе тут сярод дробнай шляхты і сялянства. У 1862 годзе вясною ён канчае унівэрсытэцкі курс, пакідае Пецярбург і ўжо зусім асядае на Беларусі. Ёсьць весткі, што для таго, каб бліжэй падыйсьці да сялянства, ён нават нейкі час займаў пасаду валаснога пісара. Гэты факт робіцца для нас зусім зразумелым, калі мы адзначым, што і расійскія народнікі пазьнейшага часу таксама часта для рэволюцыйных мэтаў займалі пасады вясковых настаўнікаў, настаўніц, фэльчароў, фэльчарыц, акушэрак, пісароў і г. д. Ясна, што ў тагочасных беларускіх абставінах К. Каліноўскі адразу знаходзіць сабе месца ў руху. Ён уваходзіць у лягер будучых чырвоных паўстанцаў і вельмі хутка робіцца дзейным членам Віленскага Цэнтральнага Камітэту.

Асабліва разьвіваецца дзейнасьць К. Каліноўскага з пачатку восені 1862 году. Як мы сказалі вышэй, ён займае пасаду валаснога пісара ці ў самым мястэчку Сьвіслачы, ці недалёка каля яго. У гэтай мясцовасьці жывуць яго бацькі. Ваколічнае жыхарства ведае яго як па бацькох, так і па яго агітацыйнай ранейшай працы. Каліноўскі, карыстаючыся сваёй пісарскай пасадай, распачынае агітацыю і пропаганду спачатку сярод знаёмых яму дробнай шляхты і сялянства, а потым і сярод незнаёмых. Дзякуючы нейкаму здарэньню, поліцыя з мястэчка Сьвіслачы даведалася аб проціўрадавай чыннасьці ня зусім звычайнага валаснога пісара. За ім быў устаноўлены поліцэйскі нагляд, а праз нейкі час быў даны загад арыштаваць яго. Відаць, нагляд даў адпаведныя матар‘ялы для арышту. Толькі нейкі шчасьлівы выпадак выратаваў Кастуся Каліноўскага з рук поліцыі і жандараў. Ён павінен быў уцячы і перайсьці на нелегальнае палажэньне. Усю восень, пад імем Базыля Сьвіткі, апрануўшыся ў сялянскую вопратку, К. Каліноўскі ходзіць па вёсках добра вядомай яму Горадзеншчыны, наведываючыся час ад часу да Вільні ў справах Камітэту. Гэтую працу ён вядзе аж да пачатку зімы, пасьля чаго ён ужо больш-менш стала асядае ў Вільні.

Поліцыя і жандары ганяліся па яго сьлядох, але злавіць не маглі, бо спачуваючая яму дробная шляхта і сяляне на вёсцы і рамесьнікі ў горадзе хавалі яго. Ён быў сярод іх сваім чалавекам. Вёска таго часу наогул была неспакойная і ўтварала добрыя абставіны для рэволюцыйнай пропаганды. Мы ня будзем спыняцца на гэтым моманце, бо ён дэтальна абмаляваны проф. У. І. Пічэта.[90]

Вандруючы па глухіх вёсках Беларусі, К. Каліноўскі канчаткова пераканаўся, што толькі тады паўстаньне можа мець посьпех, калі яно будзе масавым, калі яно добра і грунтоўна будзе абаперта на агульнае спачуваньне сялянскіх мас. Беларускі селянін толькі тады будзе спачуваць паўстаньню і прыме ў ім актыўны ўдзел, калі паўстаньне будзе накіравана для задавальненьня кроўных інтарэсаў сялянства, парушаных „рэформаю" 19 лютага 1861 году. Задавальненьне інтарэсаў сялянства зьвязана з парушэньнем інтарэсаў земляўласьнікаў. Паўстаньне не павінна супыняцца перад гэтым парушэньнем. Зямля павінна быць адабрана ад паноў і аддадзена сялянам. Шмат аўтараў прыпісваюць Каліноўскаму такія словы, якія ён гаварыў у сваёй агітацыі: „Сякера паўстанца не павінна затрымлівацца нават над калыскаю шляхецкага дзіцяці". Гэты лёзунг, занадта крайні для выкананьня яго дробна-буржуазнай рэволюцыяй, тым ня менш сьведчыць аб тым, што Кастусь Каліноўскі добра разумеў значэньне правільнай пастаноўкі сялянскага пытаньня для ўдачы паўстаньня.

Адначасна з гэтым, па думцы Каліноўскага, трэба рашуча змагацца з расійскім царызмам, які заўжды падтрымліваў і падтрымлівае заможныя групы жыхарства, у тым ліку і земляўласьнікаў. Трэба вызваліць ад уціску царызму Польшчу і Беларусь. Беларусь разам з Польшчаю павінна рабіць паўстаньне проці царызму. Тым ня менш у Каліноўскага часта прарываецца недавер’е да шчырасьці і настойлівасьці Варшаўскага Народнага Жонду ў разьвязаньні нацыянальнага пытаньня. Не дарма ён часта гаварыў, што „такой кумачцы, як Варшава, ня можна даверыць лёс Беларусі". Не дарма нават чырвоныя Варшавы часта прыпісваюць Каліноўскаму „сэпаратыстычныя" тэндэнцыі. У асобе К. Каліноўскага дробнабуржуазная рэволюцыя 1863 г. на Беларусі атрымала вельмі энэргічнага і добрага правадыра. Разьвінуўшыяся далей падзеі паказалі, што дробна-буржуазнай рэволюцыі і яе правадыром не хапіла рашучасьці і пасьлядоўнасьці для выкананьня пастаўленых заданьняў. Угода з буйной шляхтай і буржуазіяй прывяла рэволюцыю да сумнага канца, а самога К. Каліноўскага да царскай шыбеніцы.

ПАЧАТАК ПАЎСТАНЬНЯ Ў ПОЛЬШЧЫ.

Яшчэ ў сярэдзіне 1862 году ў Велепольскага зьявілася думка зруйнаваць чырвоныя організацыі ў Польшчы пры дапамозе здрады, для чаго вяліся адпаведныя перагаворы з Дырэкцыяй і К. Маеўскім. Справа, як мы ўжо гаварылі вышэй, нічым ня скончылася, дзякуючы адмаўленьню Маеўскага. Тым ня менш Велепольскі не адступаўся ад сваёй думкі зруйнаваць Цэнтральны Камітэт і ўсю чырвоную організацыю. Для гэтай мэты ён прыдумаў новы сродак у выглядзе надзвычайнага набору ў расійскую армію польскай моладзі.

На грунце агульных правіл набор звычайна рабіўся па ўсёй тэрыторыі таго ці іншага раёну як па гарадох, так і па вёсках. Усе грамадзяне данага раёну, якія дасягнулі патрэбных гадоў, праходзілі мэдычны агляд і жэраб'ёўку. У залежнасьці ад таго і другога яны забіраліся ці не забіраліся для адбываньня вайсковай павіннасьці.

Велепольскага такі набор не здавальняў. Яму патрэбен быў спэцыяльны, нязвычайны набор, які-б ударыў выключна па тых соцыяльных групах, якія ішлі за чырвонымі. Яму трэба было ўзяць з Польшчы больш гарадзкога жыхарства, чым вясковага, а з вясковага жыхарства адабраць дробную шляхту і інтэлігенцыю. Для гэтай мэты трэба было загадзя скласьці адпаведныя сьпіскі на аснове спэцыяльных правіл. Расійскі ўрад быў проці такога нязвычайнага набору, лічачы яго небясьпечным, але ўступіў Велепольскаму, які настойваў на гэтым наборы ў адносінах да тэрыторыі царства Польскага. Было ўхвалена ўзяць па набору з усіх польскіх губэрань восем тысяч рэкрутаў: 75 процантаў (6000) з гарадоў і 25 процантаў з вёсак.

У сувязі з гэтым 6 дня кастрычніка 1862 году ў 224 нумары ўрадавай газэты „Dziennik Powszechny", у офіцыйнай частцы газэты, зьявіўся артыкул, які апісваў сутнасьць будучага набору. Зьмест артыкулу быў такі. Ласкавы расійскі монарх прыняў пад увагу, што, дзякуючы выданьню новага закону аб ачыншаваньні сялян, земляўласьнікі і сяляне будуць цяпер заняты ўстанаўленьнем радыкальнай зьмены ў сваіх узаемаадносінах. Дзеля гэтага яны цяпер маюць патрэбу быць звольненымі ад адбываньня вайсковай павіннасьці на агульных асновах. Агульны рэкруцкі набор у Царстве Польскім на нейкі час адкладаецца, замест яго робіцца толькі частковы набор на ніжэйпаданых умовах. Жэраб'ёўка зусім касуецца. На аснове яшчэ старога мікалаеўскага закону, адпаведнымі ўстановамі, якія вызначаны адміністрацыйнай радаю каралеўства, складаюцца пайменныя сьпісы тых, хто павінен будзе ісьці да войска. У сьпісы ня ўносяцца земляўласьнікі, сяляне-земляробы і дворная чэлядзь, якая скарыстоўваецца выключна для земляробскіх прац. Што датычыць іншага вясковага насельніцтва — аднадворцаў, дзяржаўцаў, офіцыялістых і г. д., наогул усіх тых, хто не належыць да вызначаных раней катэгорый, дык яны набору падлягаюць. Усё гарадзкое насельніцтва бяз розьніцы вызнаньня таксама падлягае набору.

Як мы бачым са зьместу офіцыйнага артыкулу, рэкруцкі набор б‘е па дробна-буржуазных, рамесьніцкіх і рабочых колах гораду і вёскі. Гэта — як раз тыя колы, якія былі соцыяльнаю базаю чырвонай паўстанскай організацыі. І белыя, і чырвоныя ў Польшчы вельмі добра зразумелі, хто зьяўляецца ініцыятарам і організатарам такога набору, і якой мэты павінен дасягнуць гэты набор.

Нават белыя лічылі, што рабіць такі набор ня трэба, дзякуючы яго небясьпечнасьці. На гэтую, тэму з Велепольскім гаварылі як прадстаўнікі Дырэкцыі, так і прадстаўнікі белага Віленскага Камітэту. Ад Беларусі да Велепольскага прыехаў для таго, каб адгаварыць яго ад правядзеньня спэцыяльнага набору, Віктор Старжынскі, які быў у вельмі блізкіх адносінах з Велепольскім. Ён вызначаў, што набор дасьць выхад тым, хто гвалтам хоча паўстаньня, што набор ёсьць гульня з агнём, які можа запаліць вялікі пажар у Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне. Велепольскі на ўгаворы ня здаўся. Ён гаварыў так: „Верад набрак, і яго трэба расьсячы. На працягу тыдня спраўлюся з паўстаньнем, тады буду мець поўную магчымасьць спакойна кіраваць". Такім спосабам, набор павінен быў адбыцца. Тэрмінам для яго сакрэтна было вызначана 25 студзеня 1863 году.

Усё гэта хутка стала вядома Цэнтральнаму Народнаму Камітэту. Камітэт даволі нерашуча таптаўся на месцы і ня ведаў, што рабіць. Тады сабраўся гарадзкі аддзел організацыі, які выразна паставіў пытаньне: што цяпер трэба рабіць. Адказаць на гэтае пытаньне пры склаўшыхся абставінах было цяжка. Пасьля доўгіх гарачых спрэчак гарадзкая варшаўская організацыя вынесла пастанову, каб выбух паўстаньня прысьпяшыць і, такім чынам, ня даць магчымасьці набору адбыцца. За гарадзкой організацыяй пайшлі і провінцыяльныя організацыі. Паўстанцкі камісар аднаго з ваяводзтваў склікаў зьезд усіх ваяводзкіх камісараў. Зьезд камісараў вынес пастанову аналёгічную з пастановай гарадзкой організацыі, іменна: настойваць перад Цэнтральным Камітэтам, каб паўстаньне было адказам на набор, які зьяўляецца надзвычайна незаконным актам дзейнасьці расійскага ўраду і Велепольскага. Гэтыя абедзьве пастановы былі прысланы ў Камітэт праз дэлегатаў. Камітэт пад націскам нізавых організацый павінен быў згадзіцца з імі. Тэрмінам для пачатку паўстаньня была вызначана ноч з 22 на 23 студзеня.

Згодна з гэтым моладзь яшчэ з 10-х лічбаў студзеня пачала выходзіць з Варшавы і іншых гарадоў у лясы і рыхтавацца да ўзброенага выступленьня. Аб такім руху сярод моладзі хутка даведалася адміністрацыя. Велепольскі ў адказ на гэты рух настаяў на ўрадавым загадзе аб прысьпяшэньні набору. У Варшаве набор адбыўся ў ноч з 15 на 16 студзеня. У гэтую ноч усе вуліцы былі заняты поліцыяй і салдатамі, якія арыштоўвалі вызначаных па сьпісках рэкрутаў, а тых, хто супраціўляўся, закоўвалі ў ланцугі і вялі да цытадэлі. Ня гледзячы на гэта, вялікаму ліку рэкрутаў удалася прарвацца праз рагаткі і патрулі і ўцячы з Варшавы ў вакольныя лясы. Усяго з Варшавы ў гэтую ноч ўдалося ўзяць толькі 1657 рэкрутаў. Перадчасовы набор рэкрутаў падняў рэволюцыйны настрой сярод жыхарства Варшавы і ўсяго краю, асабліва сярод рамесьнікаў і рабочых. Зразумела, што цяпер паўстаньне павінна было распачацца.

У сувязі з гэтым Цэнтральны Камітэт павінен быў прыняць адпаведныя крокі. На адным з першых пасяджэньняў было ўхвалена запрапанаваць Л. Мераслаўскаму прыняць на сябе галоўнае камандаваньне над усімі ўзброенымі паўстанскімі сіламі і дыктатуру над краем. Мераслаўскі па пастанове Камітэту ўступае ў выкананьне сваіх абавязкаў і правоў, як толькі ён прыбудзе на тэрыторыю расійскай дзяльніцы Польшы. Да прыбыцьця Мерслаўскага кіруе Цэнтральны Камітэт, які офіцыйна выступае як Тымчасовы Народны Жонд, прычым выступае зусім адкрыта. Месцам яго сядзібы будзе г. Плоцк, які трэба найраней вызваліць з рук расійскай улады. У Варшаве пасьля выезду Жонду будзе заставацца Выканаўчая Камісія, якая будзе тут выконваць абавязкі выехаўшага Жонду. Была надрукавана і пашырана адозва Цэнтральнага Камітэту, як Народнага Жонду, да народу, напісаная ў моцных і яскравых выразах, поўная рэволюцыйнага падыму і энтузыязму.

Зьмест адозвы наступны. Захопніцкі нікчэмны расійскі ўрад пастанавіў нанесьці астатні ўдар сваёй афяры Польшчы, вырваўшы тысячы яе абаронцаў для таго, каб апрануць іх у абрыдлы расійскі салдацкі мундзір і раскідаць на тысячы міль ад бацькаўшчыны. Польша не паддасца такому гвалту. Яе моладзь прысягнула ці скінуць ганебнае ярмо няволі, ці загінуць. За ёю ідзі, народзе Польскі! Айчына патрабуе ад цябе такіх афяр, якіх ня нёс яшчэ ні адзін народ, але ты здабудзеш затое вольнасьць і незалежнасьць. У першы дзень ўзброенага выступленьня Цэнтральны Камітэт агалашае ўсіх сыноў Польшчы—бяз розьніцы веры, пахаджэньня і стану— вольнымі і роўнымі грамядзянамі краю. Зямля, якою ўладаў земляроб дагэтуль на правох чыншу ці паншчыны, робіцца яго вечнай уласнасьцю. Уласьнікі, што пацерпяць ад гэтага шкоду, будуць узнагароджаны з агульных фондаў дзяржавы. Радня загінуўшых барацьбітоў атрымае надзел з абароненай ад ворагаў зямлі. Да зброі, народзе Польшы, Літвы і Русі! Прабіла гадзіна супольнага вызваленьня! Штандар Арла, Пагоні і Архангела разьвінуты! Зьвяртаемся і да цябе, народзе Расійскі! Мы прабачаем табе забойства нашай айчыны, бо ты сам замучаны і прыгнечаны. Трупы дзяцей тваіх калышуцца на царскіх шыбеніцах, правадыры твае мерзнуць у сьнягох Сібіры. Але бяда табе, калі ты падтрымаеш тырана, які забівае нас і дратуе цябе. Мы праклянем цябе, уступім з табою ў астатні бой, бой эўропейскай цывілізацыі з дзікім азыяцкім варварствам.

Паўстаньне распачалося. У розных мясцовасьцях Польшчы формуюцца аддзелы, запасаюцца зброяю і харчамі, ідзе сьпешная ваенная падрыхтоўка партызанаў. Організуюцца напады на вайсковыя расійскія часьці, што раскіданы па гарадох Польшы. Напады павінны адбыцца ўначы з 22 на 23 студзеня 1863 году.

Галоўныя паўстанскія сілы сабраліся каля Плоцку. Яны паставілі сваім заданьнем захапіць горад і ваколічныя мясцовасьці, каб тут агаласіць і пасадзіць народны польскі жонд. У Плоцку ў звычайныя часы стаяла тры роты пяхоты, сотня казакаў і дзьвесьце чалавек інваліднай каманды. Дзякуючы атрыманым весткам аб зборы паўстанцаў у ваколіцах Плоцку, значная частка гарнізону была выслана з Плоцку ў ваколіцы гораду. У Плоцку засталася сотня казакаў, пяхотная, рота і частка інвалідаў. У поўначы зазванілі званы, і паўстанцы з розных бакоў кінуліся на горад. Гарнізон, ня глядзячы на сваю нязначную колькасьць, адбіў напад паўстанцаў, тым больш, што на дапамогу яму падышлі тыя часьці, якія знаходзіліся ў ваколіцах Плоцку. Устанавіць лічбу паўстанцаў, якія напалі на Плоцк, трудна. Магчыма думаць, што іх было каля 1000 чалавек. Няўдачу паўстанцаў лёгка зразумець, калі мець на ўвазе іх непадрыхтаванасьць і дрэнную зброю.

Адначасна ў Плоцкім ваяводзтве паўстанцы зрабілі напад на павятовы горад Плонск. Тут таксама напад ня ўдаўся, дзякуючы таму, што расійскі гарнізон загадзя даведаўся аб падрыхтоўцы нападу і прыняў адпаведныя меры для абароны гораду.

У ваяводзтвах Мазавецкім і Каліскім ноч прайшла спакойна. Паўстанскія аддзелы, што тут сформаваліся, не адчувалі яшчэ сябе падгатаванымі да нападаў.

Даволі крывавая сутычка паміж паўстанцамі і расейцамі адбылася каля Кельцаў у Бадзэнтыну, на які зрабіла напад група паўстанцаў лікам у 400—500 чалавек. Паўстанцы прышлі з суседняга мястэчка Сухаднёва, якое яны раней захапілі ў свае рукі. Паўстанцы былі ўзброены росамі, частка мела паляўнічыя стрэльбы. Адбылася зацятая бойка, у выніку якой у складзе расійскага аддзелу было некалькі чалавек забітых і некалькі дзесяткаў параненых. Страты паўстанцаў устанавіць цяжка. Раніцою расійскі аддзел павінен быў пакінуць горад, паўстанцы таксама вышлі. Некалькі дзён горад заставаўся без гарнізону.

У Падлясьсі паўстанцкая організацыя была наладжана параўнаўча лепш, чымсі ў іншых мясцовасьцях. Паўстанскім камісарам Падляскага ваяводзтва быў Рагінскі, вайсковым начальнікам—Левандоўскі. Левандоўскі зрабіў напад на вёску Сточак, недалёка ад Седлеца. Паўстанцы былі адбіты, бо на дапамогу рускім прышлі ваенныя часьці з Седлеца. Рагінскі пакіраваўся к г. Бяле. Бяла была занята бяз бою, бо расійскі аддзел яшчэ раней яе пакінуў. Рагінскага вельмі ўрачыста спаткалі мяшчане гораду. Яўрэі нават адслужылі ў сінагозе набажэнства, на якім быў прысутны Рагінскі. Даведаўшыся, што на Бялу сунуцца расійскія сілы з Берасьця, Рагінскі пакінуў Бялу і быў разьбіты ў некалькіх вярстах ад гораду. Праз мястэчка Янова Рагінскі перайшоў у Горадзенскую губэрню і рушыў на мяст. Сямятычы, дзе сабралася шмат паўстанскіх сіл.

Удачна для паўстанцаў адбыўся напад на мяст. Кодэнь. Тут стаяў парк лёгкай артылерыі. Пры нападзе паўстанцаў было забіта 5 расійскіх салдат і ранена 15. У палон папала 50 салдат з паручнікам Антаненкам. Дачуўшыся, што з Берасьця на Кодэнь ідзе падмога расійкаму аддзелу, паўстанцы, забраўшы вайсковую касу з 4000 рублёў і 50 штук стрэльбаў, пакінулі мястэчка.

Крывапралітным быў напад на мяст. Радзынь. У горад уварвалася некалькі сот паўстанцаў, узброеных, праўда, вельмі дрэнна. Яны мелі толькі 40 стрэльбаў. Ня гледзячы на гэта, ім удалася захапіць у свае рукі нават гарматы, якія былі ў мястэчку. Аднак, хутка расійскі аддзел паправіўся і адбіў паўстанцаў, якія, усе-ж такі пасьпелі захапіць з сабою гарматы. На полі бойкі засталося адзінаццаць забітых і некалькі дзесяткаў параненых паўстанцаў. Што датычыць расійцаў, дык іх страты былі большыя.

Даволі ўдачным быў напад паўстанцаў на г. Лукаў. Напад быў зроблены паўстанскім аддзелам у 350 чалавек, з якіх 50 было конных. Расійскі аддзел быў не папярэджаны, і ўсе спалі ў казармах. Гвалтоўны напад зусім дэзорганізаваў салдат, і яны ў вялікім непарадку ўцяклі з гораду, пакінуўшы на месцы каля дваццаці забітых і шмат параненых. Уцёкшы за горад, яны ўсё-ж такі хутка прышлі ў парадак і занялі загарадны манастыр. Хутка да іх падышла дапамога, і паўстанцы з вялікім уронам былі выбіты з гораду.

Мястэчка Казімеж было занята паўстанскім аддзелам, які складаўся з студэнтаў Пулаўскага Політэхнічнага Інстытуту, што быў адчынены ў І862 годзе замест скасаванага ў 1861 годзе Земляробскага Інстытуту ў Марымонце. Да студэнтаў далучылася шмат рамесьнікаў, офіцыялістых, дробнай шляхты і ўрадоўцаў ніжэйшага рангу. Былі ў паўстанскім абозе і сяляне, праўда, у невялікім ліку. Гэта, здаецца, першы выпадак далучэньня сялян да паўстаньня. Захапіўшы мястэчка, паўстанцы агаласілі ў ім уладу Народнага Жонду. Увесь час потым ішло навучаньне партызанаў вайсковай справе. У касе атраду меліся грошы, бо напад часткі атраду на пошту пад Куравам даў у рукі паўстанцаў 48.000 рублёў. Паўстанцы пратрымаліся ў Казімежы каля тыдню. З Любліна на паўстанцаў быў накіраваны моцны расійскі аддзел, які з боем ачысьціў мястэчка ад паўстанцаў.

Апроч апісаных намі, ў ноч з 22 на 23 студзеня адбылося яшчэ некалькі нападаў. Удачнымі іх ня можна назваць. Усяго ў Царстве Польскім было 144 пункты, у якіх кватэравалі расійскія аддзелы. Напады былі зроблены ў 17 мясцовасьцях. У нападах прымала ўдзел каля 4-5 тысяч паўстанцаў. Адсутнасьць добрай зброі, адсутнасьць належнага ліку кваліфікаваных камандных сіл, ваенная непадрыхтаванасьць паўстанцаў да барацьбы з рэгулярнай арміяй — усё гэта адбілася некарысна для паўстанцаў. Тым ня менш уражаньне ад нападаў было вялікае, як сярод расійцаў, так і сярод палякаў, а таксама і за межамі. Расійскім урадам адразу было абвешчана на тэрыторыі Польшчы ваеннае палажэньне. Было апублікавана ўрадавае паведамленьне аб тым, што паўстанцы ўва ўсіх мясцовасьцях пацярпелі няўдачу, што вельмі многа іх папалася ў палон, што ўсіх папаўшых у рукі ўлады будзе судзіць ваенна-палявы суд і пакарае бяз усякай літасьці. Але ніхто ня верыў офіцыйнаму паведамленьню. Хадзілі чуткі, што ў многіх мясцовасьцях паўстанцы трымаюцца, і расійскія войскі ня могуць ад іх вызваліць гарадоў і мястэчак. Усюды гаварылі, што сілы паўстанцаў вельмі вялікія, што на дапамогу паўстанцам з замежаў ідзе з арміяй Л. Мераслаўскі. Расійскі ўрад і Велепольскі заяўлялі, што праз тыдзень-другі ў Польшчы не застанецца ніводнага паўстанца. Зразумела, ніхто ў гэта ня верыў.

Памылковымі былі і павялічаныя чуткі аб моцы паўстаньня, і заявы ўраду аб яго кароткатэрміновасьці. Паўстаньне ня было такім моцным, як аб ім гаварылі, але з другога боку яно ня спынілася так хутка, як заяўляў расійскі ўрад. Паўстанцы, прымушаныя пад націскам расійскай арміі пакінуць захопленыя імі гарады і мястэчкі, схаваліся ў лясох і на працягу многіх месяцаў вялі барацьбу з расійскім царызмам.

ПАЧАТАК ПАЎСТАНЬНЯ НА БЕЛАРУСІ.

Весткі аб распачатым у Польшы паўстаньні хутка пашырыліся па Беларусі і прымусілі ўсіх схамянуцца і вырашыць свае адносіны да распачатых падзей. У самым пачатку лютага ў Вільню сабраліся дэлегаты ад белых організацый Беларусі. Яны знаходзіліся ў вельмі няпрыемным становішчы. Ня так даўно яны прысутнічалі на зьезьдзе белых у Варшаве. Там панавала перакананьне, што паўстаньня ў хуткім часе ня будзе, а калі яно і вынікне, дык белыя змогуць спыніць яго ў самым пачатку. А між тым паўстаньне ў Польшчы ўжо распачалося і ня спыняецца. Жыцьцё выкрыла памылку белых. Трэба было ўстанавіць і выявіць цяпер свае адносіны да распачатага паўстаньня. Пасьля доўгіх размоў і спрэчак белыя прышлі толькі да таго вываду, што „няшчасьце", г. зн., паўстаньне не абмяжуецца толькі тэрыторыяй Польшчы, што яно абавязкова перакінецца і на Беларусь з Літвою. Яны потым пераабралі свой Камітэт. У склад новаго Камітэту, былі абраны. Я. Гейштор, А. Аскерка, А. Еленскі, Ф. Далеўскі, І. Лапацінскі і Еранім Кеневіч. Новаму Камітэту дэлегацыя дала права шляхам зносін з Варшавай устанавіць:—удзельнічаць белым у паўстаньні, ці застацца збоку. Зрабіўшы такую вельмі разумную пастанову, белыя з чыстым сумленьнем разьехаліся па сваіх маёнтках і пачалі чакаць, што будзе далей, як разьвінуцца падзеі, якую дырэктыву яны атрымаюць з Варшавы. Я. Гейштор так піша аб настроі белых: „Выбух паўстаньня застаў нас непадрыхтаванымі і нават нязгоднымі з ім. Мы лічылі, што гэта ёсьіць часовая авантура нейкай часткі народу, але хутка стан рэчаў зьмяніўся. Зрабілася відавочным, што ў Царстве Польскім рух ахапляе ўсе пласты народу і што самы моцны наш уплыў на Літве (маецца на ўвазе Літва і Беларусь. У. І.) ня можа ўстрымаць паўстаньня".[91]

Як спаткаў паўстаньне ў Польшы Віленскі чырвоны Камітэт, няма пэўных вычэрпваючых вестак. Ю. К. Яноўскі, які дае шмат вельмі каштоўных і цікавых матар‘ялаў аб Польшчы, дае аб Беларусі гэтага часу зусім мала вестак.

Ён кажа толькі, што Беларусь, Літва і Украіна ў пачатку паўстаньня кіраваліся зусім самастойна. Народны Варшаўскі Жонд аб падзеях таго часу ў гэтых краінах ведаў толькі праз сакратароў іх пры Жондзе. У яго (Яноўскага), як сакратара Жонду, зусім мала было аб гэтых падзеях вестак і матар‘ялаў. У яго памяці засталіся толькі імёны гэрояў і мучанікаў Літвы, Беларусі і Украіны.[92] Далей Яноўскі вызначае склад Віленскага чырвонага Камітэту ў пачатку паўстаньня. Камітэт складаюць — Л. Зьвярждоўскі, Ян Козелл, З. Чэховіч, Э. Вярыга і К. Каліноўскі. Камісарам Віленскага Камітэту ад Варшаўскага Жонду зьяўляецца той самы Нестар Дюлёран,[93] зьняцьця якога так настойліва дамагалася крайняя чырвоная група Віленскага Камітэту.

Магчыма думаць, што спрэчкі ўнутры Камітэту паміж крайнімі і памяркоўнымі, а таксама і неспадзявана хуткі пачатак паўстаньня не далі Камітэту магчымасьці шырока разгарнуць сваю працу па згуртаваньню моцных аддзелаў. Адносіны паміж Варшаваю і Вільняю былі сапсаваны, дзякуючы таму, што Варшаўскі Жонд не хацеў зьняць з пасады камісара Нестара Дюлёрана, які па сваіх перакананьнях належаў да белых і, зьбіраючы народны падатак на Літве і Беларусі, перасылаў грошы непасрэдна ў Варшаву, чым аслабляў і экономічна і політычна Віленскі Камітэт. О. Авэйдэ ў сваіх запісках пачатак паўстаньнях па Літве і Беларусі малюе так: „Когда вспыхнуло восстание, Провинциальный Комитет постановил безотлагательно следовать нашему примеру, несмотря на свои, протнвныя нашим, убеждения, ни на споры с Варшавой, ни на слабость только что начавшей развиваться своей организации“.[94] Такім чынам, магчыма лічыць, што і Беларусь і Літва ў чырвонай сваёй частцы далучыліся да паўстаньня, праўда, ня будучы падрыхтаванымі прыняць чынны ўдзел у партызанскіх выступленьнях.

Што датычыць Варшаўскага Цэнтральнага Народнага Камітэту, дык 29 студзеня 1863 году ён выдаў спэцыяльную адозву да „братоў-Літвіноў", пад якімі разумеў беларусаў і літоўцаў. Цэнтральны Камітэт у сваёй адозьве заклікае Літву і Беларусь да ўдзелу ў паўстаньні, якое вызваліць усе народы былой Польшчы. Вузел паўстаньня, пісалася ў адозьве, знаходзіцца на Літве і Беларусі. Паўстаньне, якое распачнецца і разьвінецца на тэрыторыі гэтых дзьвюх краін, будзе рашучым момантам для паўстаньня ў Польшчы і для адбудаваньня Рэчы Паспалітай і для гібелі яе ворага, расійскага царызму. Усё жыхарства на Літве і Беларусі павінна хапіцца за зброю і ісьці ў паўстаньне, першым актам якога павінна быць вызваленьне і надзяленьне зямлёю сялян, як у Польшчы, так і на Беларусі.

Некаторыя аўтары лічаць, што адначасна з выпускам адозвы Цэнтральны Камітэт даў загад перакінуць на Беларусь і Літву некалькі паўстанскіх груп з тэрыторы Польшчы для таго, каб яны распачалі паўстаньне на Беларусі. На тэрыторыю Беларусі з Польшы перайшла паўстанская група Ціхорскага-Замэчка, аддзел пад начальствам Падляскага ваяводы Левандоўскага і групы пад начальствам Рагінскага, Сокала і Ябланоўскага. Больш правільна будзе думаць, што ўсе вышэйпералічаныя групы перайшлі з Польшчы на тэрыторыю Беларусі бяз усякага загаду з цэнтру. Так прынамсі сьведчыць Ю. К. Яноўскі. Па яго думцы концэнтрацыя польскіх паўстанскіх сіл на Беларусі ня была вынікам якой-небудзь цэнтральнай інструкцыі. Усё гэта адбылося як вынік самастойных дзеяньняў самых начальнікаў атрадаў. Нават паміж паасобнымі начальнікамі адзелаў ня было ніякага ўзгодненьня. Рух паўстанскіх сіл на Беларусь быў вынікам націску на іх расійскіх аддзелаў. Аб адным толькі Рагінскім Яноўскі думае, што ён накіраваўся праз Буг на Беларусь з цьвёрдым намерам уцягнуць у паўстаньне насельніцтва Беларусі. Здаецца, што трэба згадзіцца з думкаю Яноўскага. Тым больш, што і Авэйдэ, які тады працаваў разам з Яноўскім у Камітэце, апісвае падзеі таксама.

Так ці іначай, але ўсе паўстанскія аддзелы сабраліся каля мястэчка Сямятыч, Горадзенскай губэрні. Першым прышоў сюды Ціхорскі-Замэчак. Наўкола яго сабралася каля 3000 чалавек, з якіх амаль што трэцяя частка была на конях. Недахопам аддзелу было тое, што Замэчак ня быў ваенным чалавекам. Апроч таго, паўстанцы былі дрэнна ўзброены. На паўстанцаў напаў расійскі аддзел пад начальствам

генэрала Манюкіна. Гэта быў моцны аддзел, які складаўся з сямі рот пяхоты, сотні казакаў і артылерыі (4 гарматы). Тым ня менш бойка паміж супраціўнікамі кончылася перамогаю паўстанцаў. Касіньеры[95] кінуліся на расійцаў з такою адвагаю, што тыя ў непарадку ўцяклі, пакінуўшы ў руках паўстанцаў дзьве гарматы. На дапамогу Замэчку ў гэты момант падышлі групы Сокала і Рагінскага, што яшчэ больш узмацніла паўстанцаў. Толькі ноч затрымала прасьлёдваньне аддзелу Манюкіна паўстанцамі. Уначы Манюкін разаслаў ва ўсе бакі ганцоў з просьбаю неадкладна прыслаць дапамогу.

Між тым у мястэчку Сямятычых сабраліся ўжо ўсе паўстанскія аддзелы. Перамога падняла настрой паўстанцаў. І лічэбна яны складалі сабою значную сілу. Розныя аўтары налічваюць у Сямятыцкай паўстанчай групе ад 4.000 да 5.000 чалавек. Праўда, узброены яны былі дрэнна, бо большая палавіна паўстанцаў мела толькі косы. Камандаваньне над злучанымі паўстанскімі сіламі было даручана падданаму ваяводзе Левандоўскаму. Замэчак настойваў на тым, каб не заставацца ў Сямятычах, а ісьці на Драгічын, але яго не паслухалі. На ваеннай нарадзе большасьцю галасоў начальнікаў аддзелаў было ўхвалена заставацца і надалей у Сямятычах і тут яшчэ раз даць бой расійскім сілам.

Каля поўдню 7 лютага (новы стыль) на Сямятычы пачалі наступаць упарадкаваныя расійскія часьці, да якіх падышла ўжо дапамога. Расійскіх сіл налічвалася каля 2500 чалавек. Вялікую перавагу над паўстанцамі яны мелі, дзякуючы добраму ўзбраеньню. Расійцы мелі артылерыю ў ліку 6 гармат. Наступ пачаўся з бомбардаваньня мястэчка, што ўносіла дэзорганізацыю і паніку ў шэрагі жыхарства і паўстанцаў. На паўстанцаў першаю рушыла расійская пяхота. Галоўныя яе сілы пачалі атакаваць тую частку мястэчка, дзе стаялі групы Замэчка і Рагінскага. Група Замэчка ня вытрымала, націску і кінулася ўцякаць Група Левандоўскага ў пачатку трымалася моцна, але хутка і яна не вытрымала і пачала кідаць поле бойкі. Цяпер усе расійскія сілы кінуліся на аддзел Рагінскага, які складаўся амаль выключна з сялян-касіньераў. Паўстанцы на чале з Рагінскім некалькі раз адбівалі штыхавыя атакі і хадзілі ў контр-атакі з косамі. Але сілы іх ўсё слаблі. Урэшце і аддзел Рагінскага, панёсшы вялікія страты, ня вытрымаў. Абкружаны з усіх бакоў расійскімі салдатамі, аддзел Рагінскага з вялікаю натугаю прабіўся і пачаў адыход ад Сямятыч. Расійскія аддзелы занялі мястэчка, пацярпеўшы таксама вялікія страты.

Насельніцтва Сямятыч спачувала паўстанцам і дапамагала ім. Уварваўшыся ў мястэчка, расійскія часьці памсьцілі жыхаром за спачуваньне паўстанцам разьнёю ўсіх, хто здаваўся падазроным. Самае мястэчка было падпалена. Згарэла 300 дамоў, што складала значна большую частку мястэчка. Тое самае было зроблена з некалькімі вакольнымі вёскамі, якія былі западазроны ў спачуваньні і дапамозе паўстанцам. Генэрал Манюкін, начальнік расійскага аддзелу, важна „сувораўскім штылем" данасіў па начальству: „Шайка і мястэчка Сямятычы ўжо ня існуюць".

Разьбітыя паўстанцы адступалі невялікімі групамі да мястэчка Высокага (Высока-Літоўск). Тут быў назначаны збор сіл і адпачынак аддзелу. На адбыўшайся "вайсковай нарадзе было пастаноўлена, што ўсе аддзелы варочаюцца назад у Польшчу, апроч аддзелу Рагінскага, які астаецца на Беларусі весьці далейшую барацьбу з мэтаю ўцягнуць у паўстаньне мясцовае насельніцтва.

Аддзел Левандоўскага накіраваўся на Падлясьсе. Ня гледзячы на малалічэбнасьць (80 чалавек), аддзел дзейнічаў даволі пасьпяхова. Аддзел захапіў у свае рукі вялікі кавалак шосэ і перарваў зносіны паміж Берасцем і Варшаваю. Левандоўскаму шмат дапамагала невялічкая паўстанская група, што складалася з рамесьнікаў і рабочых, на чале якой стаяў крайні чырвоны Барэлеўскі, вядомы пад псэўдонімам Лелевэля. Сялянства падтрымлівала гэты аддзел, даючы яму праваднікоў і харчы, а таксама папераджаючы паўстанцаў аб усякага роду небясьпеках. Недалёка ад Берасьця Левандоўскі зрабіў напад на невялікі ўрадавы аддзел, што ахоўваў мост на шосэ. Паўстанцы разьбілі гэты аддзел і захапілі некалькі дзясяткаў карабінаў, што значна ўзмацніла іх, бо ў паўстанцаў ня было добрай зброі. З гораду Белы была прыслана ўрадаваму аддзелу дапамога, якую паўстанцы таксама разьбілі. Аддзел Левандоўскага дзейнічаў у Падлясьсі нядоўга. Злучыўшыся з аддзеламі Лелевэля і Закрэўскага, Левандоўскі накіраваўся ў Люблінскую губэрню.

Рагінскі з-пад Высокага пакіраваўся ў Белавескую пушчу. Пры ім быў абоз з зброяю для паўстанцаў на Беларусі. Пад кіраўніцтвам Рагінскага быў невялікі аддзел, які складаўся з 150 чалавек. Тут былі паўстанцы, што прышлі з Рагінскім з Польшчы, а таксама і мясцовыя жыхары, найчасьцей дробная шляхта і сяляне, якіх удалося ўцягнуць у паўстаньне, дзякуючы папярэдняй працы В. Урублеўскага. Апошнія былі організаваны асобна, пад камандай Сонгіна і Рыльскага. Пасьля таго, як паўстанцы ўвайшлі ў сярэдзіну пушчы і застанавіліся пад вялікаю вёскаю Крулёў Мост для адпачынку, на іх 11 лютага напаў моцны ўрадавы аддзел пад начальствам графа Носьціца. Бойка была ўпартая. Паўстанцы добра абараняліся. Тым ня менш, згубіўшы з свайго невялікага аддзелу некалькі дзесяткаў чалавек параненымі і забітымі, Рагінскі павінен быў пакінуць пляц бою.

Носьціц у сваіх запісках[96] аб бойцы пад Крулёвым Мостам і аб Рагінскім гаворыць так: „На працягу двох з паловаю месяцаў майго камандаваньня войскамі ў Горадзенскай губэрні я меў ня мала сутычак з паўстанцкімі бандамі, з якіх некаторыя былі вельмі сур'ёзныя, як напрыклад начны бой пад Белаю, дзе да 3 ½ тысяч касіньераў атакавалі мой аддзел у 400 чалавек, і бой пад Крулёвым Мостам у Белавескай пушчы, дзе я перагарадзіў шлях паўстанскім бандам у гушчары гэтага лесу... Адвага, энэргія і прадпрыемнасьць заўжды рабілі цуды на вайне, а гэтымі якасьцямі ў вялікай меры валадаў Рагінскі". Пасьля гэтага водзыву цяжка згадзіцца з Авэйдэ, які называе Рагінскага „Дон-Кихотом" і „авантюристом”.

З-пад Крулёвага Мосту Рагінскі накіраваўся на мястэчка Шэрашова, якое і заняў бяз усякіх перашкод. Жыхарства мястэчка, якое складалася большасьцю з вельмі незаможнага яўрэйства, спаткала паўстанцаў прыхільна. Тут Рагінскі апрануў свой атрад у кажухі, набыў бялізну і боты, а таксама шэсьць пудоў пораху, заплаціўшы па 40 рублёў за пуд. Адпачыўшы, паўстанцы накіраваліся на Пружаны. Тут стаяла толькі невялікая каманда інвалідаў, якая аддала горад Рагінскаму бяз усякага супраціўленьня. У горадзе паўстанцы знайшлі каля 200 карабінаў. У касе павятовага казначэйства Рагінскі знайшоў 7.000 рублёў. Для свайго атраду ён узяў 4.000 рублёў, а рэшту грошы аддаў Сонгіну і Рыльскаму. Усё гэта адбылося 13 лютага. З Пружан паўстанцы пайшлі ў Кобрыншчынурз мэтаю падняць мясцовае сялянства і ўцягнуць яго ў паўстаньне. Сяляне падтрымлівалі паўстанцаў, але ў аддзел ня ўступалі, за выключэньнем паасобных адзінак.

У Кобрыншчыне паміж Рагінскім, з аднаго боку, і паміж Сонгіным і Рыльскім, з другога боку, паўсталі нейкія непаразуменьні. Вынікам гэтых непаразуменьняў быў падзел паўстанцаў на дзьве групы. Рагінскі з 33 людзьмі аддзяліўся ад таварышоў і накіраваўся ў Піншчыну. Што датычыць групы Сонгіна і Рыльскага, дык яна пасьля аддзяленьня ад групы Рагінскага накіравалася на Беласток. Па дарозе на гэтую групу пад вёскай Рэчыцай зрабіў напад моцны расійскі аддзел. Адбылася ўпартая бойка. Паўстанцы абараняліся дз астатняга. Група была разьбіта і зусім зьнішчана. Пасьпела выратавацца ня больш 10 чалавек.

Рагінскі з сваім маленькім аддзелам вандраваў па Кобрыншчыне і Піншчыне. Яму ўдалося затрымаць пошту, якая ішла з Пінску ў Кобрын. Пошта везла 4.300 рублёў, якія захапіў Рагінскі. Гэта дало Рагінскаму магчымасьць утрымліваць сваю групу і далей. Вандруючы па лясох і вёсках, Рагінскі імкнуўся падняць сялянства і ўцягнуць яго ў паўстаньне, але шырокія сялянскія масы ў паўстаньне ня ішлі. Каля вёскі Барок невялічкая група Рагінскага спаткалася з расійскім аддзелам пад начальствам Альбэртава. Расійскі аддзел складаўся з трох рот пяхоты і сотні казакаў. Са звыклаю адвагаю Рагінскі павёў сваю групу ў бой, ня гледзячы на колькасную перавагу ворага. Пасьля геройскай абароны група Рагінскага была разьбіта. Рагінскаму з некалькімі таварышамі ўдалося выратавацца, і яны накіраваліся ў балоты Піншчыны. Сяляне тут воража былі настроены ў адносінах да паўстанцаў, і Рагінскаму прыходзілася хавацца ня толькі ад урадавых войск і адміністрацыі, але і ад сялян. Так туляўся ён са сваімі таварышамі да пачатку сакавіка. 3-га сакавіка, калі Рагінскі знаходзіўся каля Турава, у фальварку дробнага шляхціца Млынскага, яго высачылі, і ён папаў у рукі царскай улады. З Турава яго перавезьлі ў Берасьце, а адтуль у Варшаўскую цытадэлю. Ваенны суд прыгаварыў Рагінскага да кары сьмерцю. Цікава тое, што вышэйпамянёны Носьціц, які вёў бойку з групаю Рагінскага, хадайнічаў перад намесьнікам Царства Польскага аб замене яму сьмяротнай кары бястэрміновай катаргай. Намесьнік задаволіў гэтае хадайніцтва. Адбыўшы кару, Рагінскі жыў у Кіеўшчыне. Пасьля яго засталіся запіскі аб тых падзеях, удзельнікам якіх ён быў.

У сувязі з прыходам паўстанскіх груп з Польшчы, а таксама як вынік організацыйнай дзейнасьці Віленскага Камітэту, на Беларусі і ў Літве зьяўляюцца паўстанскія групы, утвораныя на месцы. Ужо 25-26 студзеня зьяўляецца паўстанская група ў Бельскім павеце, Горадзенскай губэрні, у якой па офіцыйных дакладных даных знаходзіцца каля 150 чалавек. Група імкнецца ўцягнуць у паўстаньне сялян, падымаючы іх проці расійскага ўраду. 31-га студзеня гэтая група ўжо займае вёску Рудкі, Бельскага павету. Аб далейшым руху гэтай групы мы ня ведаем. Ува ўсякім выпадку войскам не ўдалося яе зьнішчыць.

Каля гэтага-ж часу ў Берасьцейскім павеце зьяўляецца паўстанская група Касінскага. Яна зьнішчае тэлеграфы, руйнуе масты, захапляе пошты, рэквізуе грошы ў скарбовых дзяржаўных установах і зьмяняе расійскую ўладу ў гарадох і мястэчках на паўстанскую. Касінскі таксама імкнуўся падняць сялянства проці царскага ўраду. Сялянства падтрымлівала Касінскага харчамі, але аддзелу яго не папаўняла. Дзякуючы гэтаму, а таксама пад моцным націскам урадавых войск, высланых з Берасьцейскай крэпасьці, Касінскі павінен быў пакінуць Беларусь і перайсьці на тэрыторыю Польшчы.

Каля паловы лютага распачаў паўстаньне ў Ковеншчыне кс. Антон Мацкевіч, аб якім мы будзем яшчэ гаварыць і далей. Адслужыўшы імшу і прачытаўшы ў касьцёле дэкрэт Цэнтральнага Камітэту да сялянства, ён сабраў групу лікам каля 250 паўстанцаў і вышаў у лясы. Група, складалася амаль выключна з сялян. Гэтая група потым адыграла вялікую ролю ў паўстаньні на ўласнай Літве і Беларусі.

Таксама каля паловы лютага распачаў сваю дзейнасьць аддзел Клетыя Карэвы. Ён быў родам з Коўні. Сын бедных бацькоў, ён рана ўзяўся за навуку. Пасьля сканчэньня Ковенскай гімназіі ён паступіў у Пецярбурскі Лясны Інстытут. У часы свайго студэнства Карава прымаў удзел у рэволюцыйных гурткох. Пасьля сканчэньня Ляснога Інсытуту ён быў накіраваны на пасаду лясьнічага ў Тамбоўскую губэрню. Перад паўстаньнем ён зусім сьвядома перамясьціўся на тую самую пасаду ў Троцкі, павет Віленскай губэрні. Тут у Іванаўскіх лясох Карэва і організаваў паўстанскі адзел, атрымаўшы разам з тым ад Віленскага Камітэту ўпаўнаважаньне вайсковага начальніка Троцкага павету. Карэва далей быў вядомы пад псэўдонімам Скірмунта. У канцы лютага, па даручэньню Віленскага Камітэту, Скірмунт распачаў організацыю другога паўстанскага аддзелу. У часе гэтай працы яму не пашанцавала, і ён папаў у рукі поліцыі. Адбыўся ваенны суд, які, выкрыўшы яго дзейнасьць, прысудзіў Карэву да кары сьмерцю. Кара адбылася ў Коўні 21 сакавіка 1863 году. Скірмунт-Карэва быў популярны сярод сялянства.

У другой палове лютага распачаў сваю паўстанчую чыннасьць у Віленскай губэрні Людвік Нарбут, сын вядомага гісторыка Літвы Тодара Нарбута. За нейкае політычнае злачынства Людвік Нарбут яшчэ ў часы мікалаеўскага рэжыму быў высланы на Каўказ у якасьці простага салдата. Тут ён даслужыўся да афіцэрскіх чыноў і перад паўстаньнем вярнуўся на Беларусь. У другой палове лютага Нарбут набраў аддзел, які складаўся толькі з 15 чалавек, і пачаў дзейнічаць у Рудніцкай пушчы, што цягнулася паміж Лідаю і Мерачам. Аддзел Нарбута паступова ўзрастаў і хутка налічваў у сваім складзе ўжо да 100 чалавек. Аддзел быў добра ўзброены, дысцыплінаваны і навучаны.

Першая сутычка Нарбута з урадавым войскам адбылася 28 лютата ў Рудніцкай пушчы, за рэчкаю Мерачанкаю. Расійскі аддзел ня вытрымаў дружнага націску паўстанцаў, быў разьбіты і адышоў. Другая сутычка Нарбута з расійцамі адбылася ў палавіне красавіка пад вёскаю Дубіны. Расійскі аддзел таксама быў разьбіты. У канцы красавіка Нарбуту ўдалося яшчэ раз разьбіць расійскія сілы пад Лакштубянамі. Сацыяльная програма Нарбута і яго посьпехі рабілі імя Людвіка Нарбута вельмі популярным як наогул сярод паўстанцаў, так і сярод сялян.

Зьвярнула ўвагу на Нарбута і расійская ўлада. Трэба было скончыць з паўстанскім аддзелам, які псаваў столькі крыві мясцоваму расійскаму начальству. У першых днях мая з Горадні быў высланы моцны ўрадавы аддзел пад камандаю палкоўніка Цімафеева, якому было даручана расправіцца з аддзелам Нарбута. Зноў пад Дубінамі 11 мая 1863 г. адбылася бойка, у якой Нарбут быў забіты, а яго аддзел разьбегся, шукаючы ратунку ў лясох. Ваколічныя сяляне з вялікім спачуваньнем пахавалі забітага. Апісаньне бойкі мы знаходзім у запісках кн. Імерэцінскага. Падаем коратка яго зьмест.[97] Палкоўнік Цімафееў атрымаў весткі, што аддзел Нарбута знаходзіцца ў в. Дубіны. Ён пакіраваўся туды, але аддзелу Нарбута там не знайшоў, бо паўстанцы схаваліся ў лесе за рэчкаю. Цімафееў адышоў ад Дубін. Хутка яму стала вядома, што група Нарбута знаходзіцца блізка ад Дубін, і ён вярнуўся назад. Паўстанцы не чакалі гэтага і спакойна займаліся практыкаваньнем у стральбе. На запытаньне Цімафеева, якія гэта чутны стрэлы, яму адказалі, што за рэчкаю ідзе паляваньне. Двое з афіцэраў захацелі таксама прыняць удзел у паляваньні і пайшлі за рэчку. Там яны і прымецілі аддзел Нарбута. Вярнуўшыся ў Дубіны, яны расказалі ўсё Цімафееву. Расійскі аддзел пайшоў атакаю на паўстанцаў. У часе бойкі Нарбут быў паранены раней у ногу, потым у грудзі і ад ран сканаў. Аддзел, страціўшы начальніка, быў разьбіты. Сяляне, даведаўшыся аб сьмерці Нарбута, прынесьлі ў вёску яго цела і пахавалі. Як за гэтае пахаваньне, так і наогул за спачуваньне паўстанцам, на ваколічнае сялянства потым пасыпаліся ўрадавыя рэпрэсіі.

ПЕРАМЕНЫ Ў ВАРШАЎСКІМ І ВІЛЕНСКІМ КАМІТЭТАХ.

Мы ўжо зазначылі раней, што Цэнтральны Камітэт, выносячы пастанову аб пачатку паўстаньня, ухваліў выклікаць з-за граніцы Людвіка Мераслаўскага ў якасьці дыктатара і галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі паўстаньня. З адпаведнымі мандатамі выехаў у Парыж, дзе жыў тады Л. Мераслаўскі, Яноўскі.[98] Па дарозе ён папаў у рукі поліцыі і павінен быў зьнішчыць усе компромэтуючыя яго паперы, у тым ліку і запрашэньне Мераслаўскаму. Пасьля гэтай няўдачы ў Парыж да Мераслаўскага паехаў другі член Цэнтральнага Камітэту Данілеўскі. Яму ўдалося, урэшце, пабачыцца з Мераслаўскім і перадаць яму-ўпаўнаважаньне Жонду. Мераслаўскі прызначэньне прыняў, аб чым даў пісьмовы адказ Камітэту.

Мераслаўскі зьявіўся на тэрыторыю Польшчы ў сярэдзіне лютага. 1863 г. Недалёка ад Крывасонда яго спаткаў Данілеўскі з невялікім паўстанскім аддзелам у 40 чалавек. Аддзел павінен быў іграць ролю ганаровай варты дыктатара. Пад загад дыктатара ішоў да Крывасонда аддзел паўстанцаў пад камандаю Меленцкага; аддзел складаўся з 150 конных, 150 стральцоў і 200 касіньераў. Па дарозе аддзел разьбіўся на некалькі груп, якія згубілі адна другую і блукаліся па лясох. Да стаянкі Мераслаўскага дайшла толькі адна невялікая група з атраду Меленцкага, якая складалася з некалькіх дзесяткаў конных паўстанцаў. Такім чынам, калі лічыць дзесяткі два з паловаю прыбылых з Мераслаўскім з-за межаў рэволюцыянэраў, то ўвесь аддзел дыктатара складаўся прыблізна з 100 чалавек. Аддзел быў дрэнна ўзброены, а малады, яго склад быў яшчэ слаба знаёмы з вайсковай справай. Мераслаўскі ня гледзячы на гэта адразу выявіў звычайную для яго энэргію. Была наладжана паходная кузьня, у якой косы прыстасоўваліся пад зброю, старая зброя паднаўлялася і г. д. Моладзь сьпешна навучалася вайсковай навуцы пад кіраўніцтвам самога Мераслаўскага. Справа станавілася на моцныя ногі.

Але на няшчасьце толькі тры дні цягнулася гэтая падрыхтоўка. Ужо 19-га лютага на невялікую паўстанскую групу дыктатара зрабіў напад даволі значны расійскі аддзел, які складаўся з трох з палавінаю рот пяхоты і сотні казакаў. Адбылася зацятая бойка, але сілы былі няроўныя, як па колькасьці, так і па якасьці. Аддзел Мераслаўскага, згубіўшы параненымі і забітымі каля палавіны свайго складу, павінен быў адыйсьці і схавацца ў лясох. Расійскі аддзел быў таксама настолькі аслаблены, што ня меў сілы прасьледваць паўстанцаў. Аддзел Мераслаўскага спыніўся на адпачынак каля мястэчка Радзеёва і адтуль, узмоцнены другімі групамі падышоўшага толькі цяпер Меленцкага, накіраваўся навеску Траячок. Тут аддзел прастаяў таксама некаторы час. Сяляне, даведаўшыся аб прысутнасьці сярод паўстанцаў Мераслаўскага, зыходзіліся да яго з усіх ваколічных вёсак. Мераслаўскі зьвяртаўся да іх з прамовамі, якія рабілі моцнае ўражаньне на сялян. Шмат сялян засталося ў аддзеле. Ня гледзячы на гэта, увесь аддзел Мераслаўскага не налічваў і тысячы чалавек. 21-га лютага на Мераслаўскага зноў напаў расійскі аддзел, і паўстанцы павінны былі пачаць плянавае адступленьне на лепшыя позыцыі. Пад вёскай Новай, блізка каля Прускай граніцы, паўстанцы спыніліся, каб даць бойку. Гэтая бойка і адбылася 22 лютага. Пасьля ўпартага бою аддзел Мераслаўскага быў разьбіты і накіраваўся да мяст. Казімежа.

Тут распачалася цроці Мераслаўскага агітацыя, галоўным застрэльшчыкам якой быў Меленцкі. О. Авэйдэ апісвае гэта так. „Меленцкий, как все вообще познанскі шляхтичи (он тамошний довольно богатый помещик и бывший прусский офицер) был врагом Мерославского; при том он был весьма любим своими солдатами. Хота он и послушался приказания Комитета и перешел под команду своего брага, но втихомолку распространял против него неудовольствие между подчиненными и искал удобного случая отвязаться от невыгодной для себя зависимости... Меленцкий убедил солдат, что грозившая им со всех сторон опасность была последствием ошыбок диктатора, что по своей нерешительности и трусости он пропустил самые прекрасные позиции, самые удобные минуты, в которые смело можно было победить противника. Эти убеждения и страх близкой опасности подействовали как нельзя лучше, и Меленцкий отказал Мерославскому в дальнейшем повиновении, отговарываясь нежеланием своих солдат служить под его начальством"[99]. Адзін шляхціч з аддзелу Меленцкага нават страляў у Мераслаўскага; праўда, гэты стрэл ня меў ніякіх шкодных вынікаў. Ясна, што гэты выпад проці Мераслаўскага быў лоўка задуманаю і выкананаю інтрыгаю белых, якія выкарысталі Меленцкага для гэтай мэты. Ня маючы магчымасьці пры такіх умовах заставацца ў Польшчы, Мераслаўскі павінен быў накіравацца за мяжу.

Запрашэньне Цэнтральным Народным Комітэтам Мераслаўскага ў якасьці дыктатара і зьяўленьне яго на тэрыторыі Польшчы вельмі занепакоіла земляўласьніцкую шляхту. Яна ўсімі сіламі ненавідзела і разам з тым сьмяртэльна баялася гэтага старога, спрабаванага і рашучага рэволюцыянэра, які падводзіў пад рэволюцыю соцыяльную базу аграрнай рэволюцыі. Для земляўласьніцкай шляхты гэта быў „якабінец", „пякельны дэмагог", які ставіў перад паўстаньнем яўна выразныя сацыяльныя мэты. Белыя добра разумелі, што Мераслаўскі іх заўзяты вораг. Недарма ў Польшчы хадзілі тады словы, якія прыпісваліся Мераслаўскаму, што „Польшча будзе сапраўды вольнаю тады толькі, калі на кішцы апошняга ксяндза павесяць апошняга шляхціца". Зразумела, белыя прынялі ўсе меры, каб не дапусьціць Мераслаўскага ў Польшчу, а калі ён прыехаў сарваць яго дыктатуру.

Што датычыць кіраўнічага цэнтру паўстаньня, дык і тут пачалося паступовае перараджэньне. Члены Цэнтральнага Камітэту старога складу разьехаліся з Варшавы на месцы, каб непасрэдна кіраваць паўстаньнем. У Варшаве сядзела жондавая выканаўчая камісія, якая была папоўнена 15 сябрамі вельмі памяркоўнага напрамку. Шмат чырвоных, у тым ліку і членаў Камітэту, ужо не вярнуліся ў Варшаву. Яны ці паляглі на полі бойкі, як, напрыклад, Яноўскі, ці папаліся ў рукі расійскай улады і былі пакараны сьмерцю, як, напрыклад, Падлеўскі. Гэта аддало ўвесь уплыў на справы ў рукі памяркоўных, якія з свайго боку папалі пад уплывы белых. На чале жондавай Камісіі стаў зусім памяркоўны, нават белы, Гілер, сьмяртэльны вораг Мераслаўскага, які паставіў для сябе заданьнем злучэньне чырвоных з белымі.

Белыя з свайго боку таксама ішлі на злучэньне з чырвонымі. Перакананьне іх у тым, што паўстаньня ня будзе, правалілася. Праваліліся і спробы на згоду з Велепольскім і царскім урадам. Спыніць паўстаньне, зразумела, яны не маглі. Трэба было так ці інакш дастасоўвацца да паўстаньня, каб ня быць выкінутымі за борт руху і не застацца бяз ўплыву на яго. Так думала і парыская белая эміграцыя на чале з фаміліяй Чартарыйскіх. Ужо ў палове лютага з Парыжу, з готэлю Лямбэр, у Варшаву прышоў да Дырэкцыі загад аб тым, што яна павінна падтрымліваць паўстаньне і пастарацца захапіць кіраўніцтва ім у свае рукі.

У сувязі з гэтым было ўхвалена склікаць у Кракаве зьезд з прадстаўнікоў белых організацый усіх дзяльніц былой Польшчы, з прысутнасьцю дэлегата ад Варшаўскага Народнага Жонду. Мэтаю зьезду было „паднавіць" існаваўшы жонд паўстаньня. У якасьці „дэлегата" ад Варшаўскага Жонду на зьезд зьявіўся граф Адам Грабоўскі, які ў сапраўднасьці зусім ня меў мандату на гэты зьезд і быў ня больш як лоўкім самазванцам-авантурнікам. Зьезд адбыўся ў 20-х лічбах лютага 1863 году. Ён аднагалосна ўхваліў неабходнасьць абвяшчэньня дыктатуры і прызнаў пратрэбным назначыць дыктатарам замест Мераслаўскага Марыяна Лангевіча, што стаяў з сваім паўстанскім аддзелам недалёка ад Кракава. Гэта быў вельмі памяркоўны паўстанец і зусім не энэргічны чалавек, якога белыя вельмі лёгка маглі трымаць у сваіх руках. Дыктатура Лангевіча была агалошана 10 сакавіка. Варшаўскі Народны Жонд павінен быў згадзіцца з адбыўшымся фактам. Шляхецка-белая інтрыга дасягнула сваёй мэты. Так глядзелі на дыктатуру Лангевіча нават такія памяркоўныя чырвоныя, як Авэйдэ, які ў сваіх Запісках піша наступнае: „Диктатура Лангевича была совершенно неожиданным явлением, помешала исполненню всех планов и действий временного правительства и поразила чувствительнейшим ударом только что возникшую революцию... Лангевич совершенно предал себя в руки белых авторов его диктатуры, несомненных врагов революции, окру жается ими, следовательно революции угражает величайшая опасность... Ясно, что самая гадкая интрига контр-революционеров произвела диктатуру“.[100] Дыктатура Лангевіча праіснавала вельмі нядоўга. 19 сакавіка, пасьля дзьвюх няўдалых сутычак з расійкімі сіламі, ён кінуў свой аддзел і перайшоў праз граніцу ў Аўстрыю, дзе быў арыштаваны. Так сумна скончылася белая дыктатура паўстаньня ў Польшчы.

Тым ня менш уплыў белых на Народны Жонд ня спыніўся. Яны ўсё больш і больш прыбіраюць яго да сваіх рук. У сакавіку ўваходзіць у Народны Жонд Кароль Рупрэхт, былы член Дырэкцыі, які пачынае іграць у Жондзе выдатную ролю. Праз К. Рупрэхта на Народны Жонд робіць свой уплыў белая эміграцыя група Чартарыйскіх. Пашыраецца погляд, што будучую Польшу ўтворыць не паўстаньне, а чынны ўдзел у справах паўстаньня чужаземных дзяржаў. Паўстаньне патрэбна толькі для гэтага дыплёматычнага ці ваеннага дачыненьня. Патрэбна яно яшчэ для таго, каб па межах яго пашырэньня вызначыць межы будучай Польшчы: кроў паўстанцаў вызначыць межы Польшчы.

Як мы ўжо гаварылі раней, на Беларусі ў пачатку паўстаньня існуюць Белы і Чырвоны Камітэты, якія вядуць паміж сабою барацьбу. Белы Камітэт чакае, што будзе далей, і ўва ўсякім выпадку адмоўна адносіцца да паўстаньня. Атрыманая ў Вільні адозва Варшаўскага Камітэту-Жонду да братоў-літвіноў, заклікаючая Беларусь і Літву да паўстаньня, была прынята неаднолькава абодвума Камітэтамі. Чырвоны Камітэт прыняў гэтую адозву да выкананьня і даў паасобныя загады формаваць паўстанцкія аддзелы на Беларусі і Літве. Апроч таго, ён 3 сакавіка выдаў сваю ўласную проклямацыю, заклікаючую Беларусь і Літву да паўстаньня. Белы Камітэт аднёсься да адозвы адмоўна. Ён лічыў, што Беларусь і Літва да паўстаньня не гатовы, а галоўнае, ён зьлякаўся канца адозвы, дзе было сказана, што першым актам паўстаньня павінна быць вызваленьне сялян і аддача ім ва ўласнасьць зямлі. Белыя зусім правільна лічылі, што адозва, заклікаючы да барацьбы за незалежнасьць, разам з тым заклікае да аграрнай рэвалюцыі.

Незадаволены быў Белы беларускі Камітэт і „сэпаратыстычнымі“ настроямі Чырвонага Камітэту. Для таго, каб перамагчы гэтыя настроі, а таксама каб утрымаць Беларусь ад паўстаньня, белыя ў пачатку паўстаньня нават выпусьцілі з друку брошуру, напісаную ў польскай мове Я. Гейшторам, пад назваю „Голас Літвіна”. Тут падкрэсьліваўся факт сумеснага гістарычнага мінулага існаваньня Польшчы, Літвы і Беларусі, замацаванага Люблінскай уніяй; імкненьні Віленскага чырвонага Камітэту да аўтаномнасьці Беларусі называліся здрадай польскай справе. Што датычыць паўстаньня, дык брошура рэкомэндавала ўстрымлівацца ад удзелу ў ім і чакаць, як разьвінуцца далей падзеі ў Польшчы. Брошура прайшла няпрымечанай і не зрабіла ніякага ўражаньня на шырокае грамадзянства.

А між тым падзеі шпарка разьвіваліся. Паўстаньне на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі ня толькі ня спынялася, але разрасталася ўсё шырэй і шырэй. Белыя на Беларусі зразумелі, што ня можна тупацца на адным месцы, што трэба так ці іначай прыняць удзел у паўстаньні, каб накіраваць яго ў пажаданы ім бок. Атрыманыя з Варшавы весткі яшчэ больш пераканалі іх у гэтай думцы. Белыя на Беларусі даведаліся, што Варшаўскі Цэнтральны Камітэт-Жонд паступова бялее і ўрэшце пападае ў рукі белай Дырэкцыі. Для белых стала ясна, што і Беламу Камітэту на Беларусі трэба ўзяць усю ўладу ў свае рукі, вырваўшы яе тым ці іншым спосабам з рук Чырвонага Камітэту.

Каб замацаваць сваё становішча на Беларусі і Літве, белы Віленскі Камітэт ў першых лічбах сакавіка пасылае ў Варшаву ў якасьці свайго дэлегата'Вацлава Пшыбыльскага. Белы Віленскі Камітэт, у процівагу чырвонаму, заяўляе, што ён прызнае над сабою бязумоўна ўладу і кіраўніцтва Варшаўскага Камітэту-Жонду. Пабялелы Варшаўскі Жонд, зразумела, быў задаволены зваротам да яго белага Віленскага Камітэту. Ён прызнаў яго адзіным прадстаўніком паўстанчай улады на Літве і Беларусі, пакінуўшы за ім усё-ж такі некаторую самастойнасьць. Беларусі і Літве было пакінута права назначыць тэрмін паўстаньня па свайму выбару. Апроч таго, Віленскаму Беламу Камітэту было дана права самастойна назначаць на сваёй тэрыторыі працаўнікоў адміністрацыйнай паўстанчай організацыі і начальнікаў паўстанскіх аддзелаў. Камісарам Беларусі і Літвы пры Варшаўскім Жондзе быў назначаны В. Пшыбыльскі, якому было дадзена права ўдзельнічаць у пасяджэньнях Жонду з дарадчым голасам. Камісарам Варшаўскага Жонду пры Віленскім белым Камітэце быў назначаны той самы Дюлёран, што быў камісарам Жонду і пры Чырвоным Камітэце. Застаўленьне Дюлёрана на старой пасадзе тлумачыцца тым, што знаходзячыся ў Чырвоным Камітэце ён цягнуў лінію белых і пабялелага Варшаўскага Жонду. Яшчэ будучы ў Чырвоным Камітэце, ён быў у пастаянных зносінах з белымі віленскімі камітэтчыкамі і з Варшаўскім Жондам.

Наогул кажучы, асоба Дюлёрана была надта адмоўным тыпам паўстаньня 1863 году. Нават белыя, да якіх ён належаў, лічаць яго такім. У сваіх запісках (Т. І, стар. 243) Я. Гейштор малюе яго такімі рысамі: „Камісар Н. Дюлёран на няшчасьце быў протатыпам тай шматлічбавай клясы людзей жывых, сумятлівых, на выгляд гарачых, якіх шмат парадзіла паўстаньне, а каралеўства нам пасылала. Украдчывы, досыць шустры, думаючы аб сабе вельмі многа, лічачы іншых за нішто, не забываючы сярод найвялікшых небясьпек аб сваіх асабістых нарасьцях, ён з інтарэсамі краю злучаў дурацкія выбрыкі дзяцюкоў-недавучак“. Такога камісара павінен быў у свае часы цярпець Чырвоны Камітэт, а цяпер з ім будзе мець справу Белы Камітэт.

Варшаўскі Жонд даў загад Н. Дюлёрану, каб ён разам з Я. Гейшторам утварыў белы кіруючы цэнтар паўстаньня на Літве і Беларусі пад назваю „Кіраўнічы Аддзел провінцыямі Літвы". Разам з тым быў пасланы загад Віленскаму Чырвонаму Камітэту, каб ён здаў новаўтворанаму Аддзелу ўсе свае паўнамоцтвы і пячатку. З гэтага моманту пачалася больш абвостраная барацьба паміж белым і чырвоным Камітэтам за ўладу, за права кіраваньня паўстаньнем на Літве і Беларусі. Чырвоны Камітэт не здаваўся. Ён меў усе правы на кіраўніцтва паўстаньнем, як яго пачынальнік і організатар, які яшчэ ня так даўно бараніў самы прынцып паўстаньня ад белых, што хацелі ня толькі затушаваць, але і зьнішчыць гэты прынцып. Чырвоны Камітэт вызначаў, што Варшаўскі пабялелы Жонд ня мае ніякага права ўмешвацца ў дамовыя справы Беларусі і Літвы. Тады белыя перайшлі да пагроз. Апошняя іх пагроза была самаю „моцнаю": яны заявілі што ня спыняцца нават перад здрадай і выдачай чырвоных у рукі расійскага ўраду. Перад такою пагрозаю чырвоны Камітэт ня здолеў трымацца і павінен быў здацца.

В. Пшыбароўскі[101] так апісвае гэты момант барацьбы. „У дзень 10-га ці 11-га сакавіка, у той час, калі Лангевіч у Гошчы агалашаў сваю дыктатуру,[102] Аддзел выклікаў літоўскіх чырвоных (маецца на ўвазе Віленскі Чырвоны Камітэт. У. І.) і давёў да іх ведама, што іх Камітэт распускаецца і перастае існаваць. Вераемна, што не абайшлося бяз гнеўных протэстаў, без заяў, што яны не прызнаюць такога роду пастаноў Варшаўскага Жонду, што Варшава ня мае ніякага права выносіць пастановы адносна літоўскіх (і беларускіх. У. І.) спраў, што яны, чырвоныя, зусім ня думаюць уступаць і г. д. Асабліва горача і бурна выступаў Каліноўскі, але яму катэгорычна было адказана, каб ён і яго таварышы і ня думалі ісьці проці пастановы Варшавы. У сапраўднасьці Аддзел ня думае прыгаварваць іх на сьмерць, чаго яны бязумоўна заслугоўваюць, але ён выкарыстае лепшы сродак: ён агалосіць у загранічных газэтах іх імёны, як здрайцаў краю, а тады маскалі ўжо самі патрапяць зрабіць з імі тое, што належыць. Гэтая пагроза мела здавальняючыя вынікі. Чырвоны Камітэт бяз шуму ўступіў, затаіўшы ў сэрцы гнеў. Праўда, К. Каліноўскі выслаў пісьмовы протэст у Варшаву да Тымчасовага Жонду, але, здаецца, што яму ня было дана ніякага адказу, і Чырвоны Камітэт перастаў існаваць. Калі прыняць пад увагу, што аўтар Пшыбароўскі па сваіх перакананьнях вельмі белы, то мы можам напэўна сказаць, што рабіць паклёп на белых яму ня было ніякага сэнсу.

Гейштор у сваіх успамінах хітра замоўчвае гэты факт, які малюе белых з дрэннага боку. Па яго ўспамінах выходзіць, што зьмена паўстанскай улады адбылася зусім ціха і мірна. Чырвоны Камітэт, па яго словах, здаўся без вялікага бою, і Белы Камітэт ня пускаў у ход пагрозы здрадзіць. Прапусьціўшы самы момант перавароту, ён спыняецца на здачы чырвоным Камітэтам паўстанскіх спраў беламу Камітэту. Справы здавалі Каліноўскі і Чаховіч. Чаховіч потым перайшоў працаваць у Белы Камітэт. Каліноўскі, па словах Гейштора, ахвотна дапамагаў Беламу Камітэту. Адным словам, Я. Гейштор хоча зрабіць уражаньне на чытача што ўсё абышлося лагодна, што вялікай, карэннай зьмены не адбылося. Зразумела, у сапраўднасьці справа стаяла зусім ня так гладка.

Пасьля захопу ўлады Белы Камітэт адразу даў новы тон політыцы. Пачалося з устанаўленьня межаў паміж Варшаваю і Вільняю. У сваіх успамінах (Т. І, стар. 252) Я. Гейштор аб гэтым піша так: „Наконт палуднёвых паветаў Горадзеншчыны Віленскі (чырвоны. У. І.) Камітэт спрачаўся з Народным (Варшаўскім. У. І) Жондам. Жонд хацеў далучыць іх да Польшчы, а Літвіны (Віленскі Чырвоны Камітэт. У. І.) стаялі за цэласьць Літвы. Першай нашай (Белага Камітэту. У. І.) справай было застаўленьне на поўную волю Народнага Жонду, калі ён хоча забраць і цэлую Горадзеншчыну, якая ляжыць паміж Вільняю і Варшаваю, бо распараджэньні Жонду там магчыма атрымаць хутчэй з Варшавы, чым з Вільні. Мы лічылі сябе за адзіную Польшчу. Справа ішла толькі аб посьпеху, аб знаёмасьці з мясцовымі ўмовамі. Мы хацелі зьнішчыць той сэпаратызм, які зьяўляецца адным з нашых адвечных він, якою мы, Літвіны, пераважна грашым".

Як відаць з вынятку, белыя ў першую чаргу заняліся барацьбою проці сэпаратызму Вільні ад Варшавы. Гэта зусім зразумела, калі мы прымем пад увагу, што ў даны момант кіраўніцтва ў Варшаўскім Народным Жондзе было белае. Трэба думаць, што пры чырвоным кіраўніцтве ў Варшаве белыя на Беларусі трымаліся-б зусім іначай.

Каб адвязацца ад чырвоных, Белы Камітэт пастараўся разаслаць іх у провінцыю на нязначныя або на выканаўчыя ролі, на чорную, так сказаць, працу. К. Каліноўскага назначылі ўрадавым камісарам у Горадзеншчыну. Л. Зьвярждоўскага, які зноў зьявіўся на Беларусь, паслалі камісарам і начальнікам аддзелаў у Магілёўшчыну. Малахоўскага пакінулі ў Вільні на другараднай ролі. 31-га сакавіка Выканаўчы Аддзел выдаў адозву да землякоў-літвіноў, у якой заклікаў іх да ўдзелу ў паўстаньні і да аб‘яднаньня іх з палякамі. Погляд на паўстаньне ў белых на Беларусі той самы, што і ў белых у Польшчы. Паўстаньне павінна ахапіць усю тэрыторыю Беларусі і Літвы, каб па пралітай паўстанскай крыві можна было вызначыць межы будучай Польшчы. Што датычыць рэалізацыі межаў, то гэта будзе зроблена не паўстаньнем, а чужаземнай дыплёматыяй, а ў лепшым выпадку чужаземнай інтэрвэнцыяй. Сацыяльны бок паўстаньня затушоўваецца, падкрэсьліваецца політычны бок. Белы Выканаўчы Аддзел лічыць патрэбным уцягнуць у паўстаньне земляўласьніцкую шляхту. Зразумела, гэта магчыма толькі пры ўмове адсутнасьці рэзкай і яснай пастаноўкі сялянскага пытаньня ў бок аграрнай рэволюцыі. Прыцягненьне да паўстаньня земляўласьніцкай шляхты такою цаною прывяло да таго, што сялянства засталося збоку і масава ня было ўцягнула ў паўстаньне. На гэтым грунце царскі ўрад потым будзе будаваць сваю політыку, нацкоўваючы сялян на паўстанцаў. Чырвоным, што былі накіраваны на другарадныя ролі, было вельмі цяжка, нават амаль-што немагчыма выпростваць лінію паўстаньня, скрыўленую політыкаю белага Аддзелу. Здача кіраўніцтва белым і праца пад іх кіраўніцтвам зусім зьвяла на нішто ролю і значэньне чырвоных як у Польшчы, так і на Беларусі.

Захапіўшы ўладу і кіраўніцтва паўстаньнем на Беларусі ў свае рукі, белы Кіраўнічы Аддзел стараўся на мясцох насадзіць сваіх людзей, здымаючы з пасад усіх прызначаных Чырвоным Камітэтам. Былі разьмеркаваны абавязкі і ў Аддзеле сярод яго членаў. Старшынёю Аддзелу быў абраны Я. Гейштор, прызнаны на гэтай пасадзе і Варшаўскім Народным Жондам. Апроч таго, Гейштору было даручана кіраваньне ўнутранымі справамі, забясьпечаньне паўстанскіх аддзелаў харчамі, амуніцыяй і зброяю і агульны нагляд над імі. В. Старжынскаму Аддзел даручыў агульнае політычнае кіраўніцтва і чужаземныя справы. Старжынскі ня прымаў непасрэднага ўдзелу ў справах Аддзелу і нават ня жыў у Вільні. Еленскаму было даручана весьці грашовую частку. Пасаду начальніка места Вільні заняў Аскерка. Яго намесьнікам быў назначаны Малахоўскі, які пры Чырвоным Камітэце займаў пасаду начальніка места. Як ужываліся белы шэф з сваім чырвоным намесьнікам, мы ня ведаем. Трудна думаць, што адносіны паміж імі былі добрыя. Але ўва ўсякім выпадку самы факт згоды на супрацоўніцтва гаворыць аб дробнабуржуазнай нявытрыманасьці лініі і згодніцтва нават такіх яўна выразных крайніх: чырвоных, як К. Каліноўскі і У. Малахоўскі. Магчыма думаць, што, будучы намесьнікам Аскеркі, Малахоўскі нічога не рабіў. Прынамсі так выходзіць, мяркуючы па словах О. Авэйдэ. «В Вильне, в этом центре деятельности провинциальной власти Отдел не образовал совершенно ни какой организации. Особенного начальника города не было вовсе: член Отдела Оскерко сам исполнял его обязанности. Он имел в городе обширные связи, но эти связи нисколько не походили на нашу Варшавскую организацию. Люди исполняли все, приказываемое Оскеркой, как друзья, а не как чиновники восстания. Говорю это с тем большим убеждением, что имел случай лично в том удостовериться. Виленская городская организация стала образовываться уже после арестования Оскерки, в июне месяце, под руководством его преемника, молодого, энергичного революционера инженера В. Малаховского".[103] З вынятку ясна, што Малахоўскі пачаў працаваць толькі пасьля таго, як белы Аддзел праваліўся і чырвоныя зноў утварылі Камітэт. З усёй „дзейнасьці" самога Аскеркі нам вядома толькі, што для ўзмацненьня і пашырэньня паўстаньня на Беларусі ён па даручэньню Варшаўскага Жонду і Віленскага Аддзелу ўвайшоў у зносіны з Пецярбурскай рэволюцыйнай польскай організацыяй.

ЗАГРАНІЧНЫ ПЕЦЯРБУРСКІ АДДЗЕЛ.

Раней мы ўжо гаварылі аб разьвіцьці рэволюцыйнага руху як наогул у Расіі, так і прыватна ў Пецярбургу. У сувязі з расійскім рэвалюцыйным рухам разьвіваўся ў Пецярбургу і польскі рэволюцыйны рух, захапіўшы моладзь, што прыехала ў сталіцу для вучэньня як з Польшчы, так і з тых губэрань, якія калісь уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай Польскай. Польскія рэволюцыйныя гурткі складаліся як з студэнтаў, так і з афіцэраў ваеннай акадэміі і іншых вайсковых школ. Пецярбург ужо перад паўстаньнем быў тым рэзэрвам, з якога рэволюцыйны рух у Польшчы браў рэволюцыйныя сілы. Пецярбург даў паўстаньню такіх відных рэволюцыянэраў, як Яраслаў Дамброўскі, Оскар Авэйдэ, Кастусь Каліноўскі, Людвік Зьвярждоўскі, З. Серакоўскі і інш. Апроч вучнёўскай моладзі, у Пецярбургу жыло шмат палякаў і наогул ураджэнцаў так званых заходніх губэрань, што займалі розныя пасады ў дзяржаўных установах расійскай сталіцы. Часам гэта былі пасады вельмі, высокія і адказныя. Рэволюцыйны рух ня мог не закрануць і гэтых урадоўцаў. Часам яны прымалі непасрэдны ўдзел у працы гурткоў, часам проста спачувалі рэволюцыйнаму руху і дапамагалі яму сродкамі, памяшканьнямі, сваімі сувязямі і г. д. Дзякуючы гэтым „спачуваючым", рэволюцыйныя гурткі маглі яшчэ лепш законсьпіравацца, здабываць сродкі і яшчэ шырэй распаўсюджваць сваю дзейнасьць.

Да пачатку паўстаньня, як мы ўжо гаварылі вышэй, дзейнасьць гурткоў насіла больш пропагандыцка-культурніцкі напрамак. Сябры гурткоў зьбіраліся, чыталі і пашыралі забароненую як польскую, так і расійскую падпольную літаратуру, узмацнялі свой сьветапогляд, спрачаліся аб шляхох рэволюцыі і г. д. Толькі паасобныя сябры гурткоў, як напрыклад, пералічаныя вышэй, злучалі тэорыю з практыкай рэволюцыі. Справа павінна была зьмяніцца з пачаткам паўстаньня. Гурткі ад слоў павінны былі перайсьці да справы. Яны павінны былі і організацыйна перабудавацца на больш консьпірацыйных асновах і прыстасавацца да непасрэдных патрэб распачатага паўстаньня, якія яны павінны былі задавальняць па меры сваіх сіл і магчымасьцяй.

Зносіны паміж тэрыторыяй, ахопленай паўстаньнем, і паасобнымі рэволюцыйнымі гурткамі Пецярбургу ажывіліся. Варшава і Вільня зьвярнулі яшчэ большую ўвагу на прыстасаваньне рэволюцыйнага руху ў Пецярбурзе да патрэб паўстаньня. У першую чаргу трэба было прыдаць рэволюцыйным гуртком большую концэнтрацыю і організацыйна зьвязаць іх з паўстанскім цэнтрам. Ужо ў пачатку лютага 1863 году Пецярбурская польская рэволюцыйная організацыя была зьвязана з Варшаўскім Цэнтральным Камітэтам-Жондам, як яго філіяльны аддзел, і атрымала назву Замежнага Пецярбурскага Аддзелу Варшаўскага Жонду. Замежным Пецярбурскі Аддзел быў названы так дзеля таго, што ён знаходзіўся па-за межамі былой Рэчы Паспалітай Польскай.

Потым распачаліся перагаворы Варшаўскага Народнага Жонду з вядомым ужо нам Ёзафатам Агрызкаю аб тым, каб ён згадзіўся стаць на чале рэволюцыйнай справы ў Пецярбурзе. Агрызка ня прымусіў сябе доўга ўгаварваць. Ужо ў сярэдзіне лютага аб яго згодзе было даведзена да ведама Варшаўскага Жонду. Член Жонду Стэфан Баброўскі адразу выслаў на імя Агрызкі офіцыйнае прызначэньне на пасаду галоўнага агента Народнага Жонду ў Пецярбурзе і начальніка Загранічнага Пецярбурскага Аддзелу. Адначасна была выслана яму і адпаведная пячатка. На аснове спэцыяльнай інструкцыі, атрыманай з Варшавы, Пецярбурскі Аддзел павінен быў весьці пастаянныя зносіны з расійскімі рэволюцыйнымі організацыямі, зьбіраць матар‘яльныя сродкі для паўстанскіх мэтаў, весьці агітацыю сярод опозыцыйна настроеных афіцэраў, каб яны кідалі расійскую службу і ішлі ў шэрагі паўстанцаў. Аддзел, організуючы пасылку на тэрыторыю паўстаньня афіцэраў, павінен мець на ўвазе ў першую чаргу тэрыторыю Літвы і Беларусі. Апроч Ёзафата Агрызкі ў Пецярбурскім Аддзеле працавалі, як члены Аддзелу — Э. Гундзіл, інжынэр-падпаручнік, У. Касоўскі — паручнік артылерыі і Тадэуш Апоцкі — урадовец адной з цэнтральных пецярбурскіх устаноў. Усё гэта былі энэргічныя, дзейныя працаўнікі і вельмі добрыя консьпіратары.

Бязумоўна, самаю выдатнаю фігураю ў Замежным Пецярбурскім Аддзеле быў Ёзафат Агрызка. Займаемая ім відная і адказная пасада віцэ-дырэктара дэпартаманту неакладных збораў у міністэрстве фінансаў грунтоўна законсьпіроўвала яго нелегальную рэволюцыйную працу. Сваю аўтобіографію ён даволі дэтальна апісвае ў паказаньнях перад судом. „Выхоўваўся я ў бацькоў у Барысаўскім павеце Менскай губэрні. Яны для майго выхаваньня трымалі настаўніка па прозьвішчы Піотуха. Потым я вучыўся ў Лепельскай павятовай школе Віцебскай губэрні, куды паступіў у 1837 годзе. Скончыўшы чатыры клясы павятовай школы, у 1841 годзе, я паступіў у пятую клясу Менскай гімназіі, якую скончыў у 1844 годзе. Пры выпуску за добрыя посьпехі ў расійскай мове мне было нададзена права на атрыманьне чына 14 клясы пры паступленьні, на дзяржаўную службу. Знаходзячыся ў павятовай школе і ў гімназіі, на коляды і на вялікдзень, а таксама і на летнія вакацыі я езьдзіў да бацькоў. Дзякуючы беднасьці маіх бацькоў ужо ў павятовай школе я быў прымушаны быць рэпэтытарам пры дзецях настаўніка нямецкай мовы Бэрмана. У гімназіі я таксама ўтрымоўваў сябе прыватнымі лекцыямі: з 1841 году да ліпня 1842 году я быў дамовым настаўнікам пры сыне былога губэрскага страпчага Семянкевіча, а з паловы 1842 году да сканчэньня гімназіі я быў настаўнікам пры дзецях Бардскага, што быў у тыя часы сакратаром Менскага дэпутацкага сабраньня. Па сканчэньні гімназіі я заставаўся ў Менску і, як раней, даваў прыватныя лекцыі дзецям Бардскага і аднаму з сыноў памешчыка Лапіцкага. У чэрвені 1845 году, пабачыўшыся з крэўнымі, я накіраваўся ў Пецярбург, дзе ў гэтым-жа годзе паступіў у унівэрсытэт, у якім праз 4 гады, г. зн. ў 1849 годзе, скончыў курс навук з годнасьцю кандыдата праў. На працягу ўсіх чатырох год свайго жыцьця ў унівэрсытэце і першыя часы пасьля сканчэньня яго я ўтрымоўваў сябе як на грошы, што засталіся ў мяне ад гімназіі, так і на лекцыі, якія я даваў тым, хто рыхтаваўся ў унівэрсытэт, у школу правазнаўства, у школу гвардзейскіх падпрапаршчыкаў і іншыя навучальныя ўстановы. На службу я залічыўся ў 1850 годзе[104]. Як мы бачым з аўтобіографіі Агрызкі, перад намі тыповы прадстаўнік розначыннай, дробнабуржуазнай інтэлігенцыі.

На службе Ё. Агрызка пасоўваўся вельмі шпарка. У 1863 годзе, як мы бачым, ён займае ўжо вельмі, відную пасаду. Гэтая пасада дае яму магчымасьць глыбока законсьпіраваць сваю рэволюцыйную чыннасьць. Ня гледзячы на вельмі шырока разьвінутую чыннасьць Пецярбурскага Аддзелу, Агрызка быў зусім незападазроным на працягу 1863 і нават 1864 году. Толькі ў 1865 годзе яго скомпромэтавалі некаторыя паперы, што былі знойдзены ў аднаго паўстанца ў Вільні. „Віцэ-дырэктар“ настолькі быў па-за ўсякімі падазрэньнямі, што Мураўёву з вялікімі цяжкасьцямі ўдалося дабіцца арышту Агрызкі. Пасьля гэтага Агрызка быў пераведзены ў Вільню для дапросу ў спэцыяльнай сьледчай камісіі. Тут ён доўга трымаўся і не прызнаваўся ў сваім удзеле ў рэволюцыйнай чыннасьці. Калі камісія дабілася ад яго прызнаньня, дык ён гаварыў толькі аб сабе і нікога ня выдаў, ня гледзячы на ўсякага роду пагрозы і абяцаньні з боку членаў камісіі. Па суду ён быў прыгавораны да кары сьмерцю, якая была заменена 20-гадоваю катаргаю. Сваю кару Агрызка адбываў у турме ў Вілюйску, разам з вядомым расійскім рэволюцыянэрам Чарнышэўскім. Адбывалі яны катаргу ў вельмі цяжкіх умовах. Турма ў Вілюйску была як-бы магілаю для жывых людзей. Чарнышэўскаму ўдалося ўцячы з катаргі, а Агрызка адбыў тут свой тэрмін да канца. Сьведкі кажуць,[105] што турма-магіла памуціла розум Агрызкі, і ён вышаў з яе ненормальным чалавекам. Астатнія гады Агрызка пражыў у Іркуцку, дзе і памёр у 1890 годзе.

Чыннасьць Пецярбурскага рэволюцыйнага Аддзелу шырака разьвінулася. Аддзел наладзіў сувязь з расійскімі і польскімі гурткамі ў розных гарадох Расіі і падпарадкаваў польскія гурткі сабе. Аднэю з галоўных работ Аддзелу было зьбіраньне грошы сярод польскага жыхарства ў Расіі ў форме народнага падатку на паўстанскія патрэбы. Звычайна грошы, сабраныя ў Расіі, не перасылаліся ў Варшаву, а заставаліся ў Пецярбургу. Часам, праўда, пры нястачы грошы ў Вільні, Аддзел пасылаў неабходныя сумы туды. Найбольш грошы ішло на адпраўку, экіпіроўку і ўзброеньне тых афіцэраў, што пасылаліся на тэрыторыю паўстаньня ў партызанскія аддзелы. Афіцэры высылаліся амаль выключна на тэрыторыю Літвы і Беларусі. Мелася на ўвазе, што тэрыторыю ўласна Польшчы павінны падтрымліваць ў гэтых адносінах польскія рэволюцыйныя організацыі ў Заходняй Эўропе. Дзякуючы падтрыманьню Пецярбурскага Аддзелу Беларусь і Літва ніколі не адчувалі нястачы ў камандным складзе для паўстанскіх аддзелаў. За некалькі месяцаў паўстаньня на Беларусі і Літве Аддзел накіраваў туды ня менш тысячы афіцэраў. Гэтая лічба як нельга лепей сьведчыць аб энэргічнай працы Пецярбурскага Аддзелу па вярбоўцы афіцэраў. О. Авэйдэ ў сваіх запісках гаворыць, што афіцэраў на Беларусь і Літву было выслана так многа, што шмат іх Віленскім Аддзелам не магло быць выкарыстана і яны доўга заставаліся бяз працы. У такіх выпадках яны перапраўляліся на захад, на тэрыторыю Польшчы. Сярод афіцэраў, якія накіраваны Пецярбурскім Аддзелам на Беларусь, мы можам вызначыць: Серакоўскага, Міладоўскага, двох братоў Ляскоўскіх, Лышчынскага, Чарвінскага, двох братоў Малецкіх, Малахоўскага, Доўнара-Запольскага, Бараноўскага, Чэрняка, Гедройца, Хайноўскага, Маеўскага, Пагажэльскага, Рэбіндэра і інш. Усё гэта была моладзь, якая ўсе выгады і прывілеі афіцэра расійскай арміі прамяняла на бяздомнае, галоднае жыцьцё партызана-паўстанца. Многія з іх заплацілі за гэта дарагою цаною: хто загінуў у няроўнай бойцы, хто скончыў свае дні на шыбеніцы, хто быў засужданы на катаргу і выгнаньне.

Апроч вышэйвызначаных спраў, Пецярбурскі загранічны Аддзел выконваў час-ад-часу паасобныя даручэньні Варшаўскага Жонду, якія звычайна перадаваліся яму праз Віленскі Аддзел. Так, напрыклад, у красавіку 1863 году Пецярбурскі Аддзел атрымаў даручэньне дастаць топографічныя карты Польшчы, Літвы і Беларусі, выкананыя расійскім генэральным штабам. Зразумела, гэтых карт у продажы ня было, і іх трэба было даставаць вакольным нелегальным шляхам. Ня гледзячы на гэта, заданьне было пасьпяхова выканана, дзякуючы шырокім сувязям Аддзелу і яго грашовым сродкам. Праз два тыдні топографічныя карты ў поўным комплекту былі пераданы ў Вільню, а адтуль у Варшаву. З Варшавы карты былі перапраўлены ў Парыж. У Парыжы карты былі перадрукаваны. Частка іх засталася ў карыстаньні францускага генэральнага штабу, а частка была накіравана на тэрыторыю паўстаньня.

Праз нейкі час Пецярбурскаму Аддзелу было даручана здабыць з расійскага генэральнага штабу пляны крэпасьцяй, што знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі. Гэтае даручэньне было яшчэ цяжэй выканаць, бо пляны крэпасьцяй аберагаліся штабам яшчэ больш, чым топографічныя карты. Тым ня менш Агрызка здолеў выканаць і гэтае даручэньне. Пляны крэпасьцяй здабыў са штабу інжынэр-капітан Юзэф Каліноўскі (родны брат Кастуся Каліноўскага), які потым загадваў ваеннымі паўстанскімі справамі на Беларусі. Пляны былі перазьняты і праз Вільню і Варшаву накіраваны ў Парыж на выпадак францускай інтэрвэнцыі, у якую верылі паўстанцы таго часу пад уплывам белых.

Самая энэргічная дзейнасьць Пецярбурскага Аддзелу падае на вясну і лета 1863 году. У пачатку восені чыннасьць яго слабне, што выклікаецца вялікаю тратаю людзей і сродкаў на працягу ранейшага часу. Уладыслаў Малахоўскі, адзін з выдатнейшых супрацоўнікаў Кастуся Каліноўскага ў часы яго чырвонай дыктатуры, у жніўні выехаў у Пецярбург у справах паўстаньня. Тое, што ён пабачыў у польскіх рэволюцыйных колах Пецярбургу, зрабіла на яго дрэннае ўражаньне. Ён лічыў, што Пецябурскі Аддзел зрабіўся зусім нядзейным, што Ё. Агрызка зрабіўся зусім неэнэргічным і нават палахлівым. Усё гэта ён напісаў у сваім лісьце да К. Каліноўскага і нават ставіў прапановы зьняць з Агрызкі абавязак начальніка Замежнага Пецябурскага Аддзелу і даручыць гэты абавязак больш рашучаму і энэргічнаму чалавеку. Такім чалавекам У. Малахоўскі лічыў Рымовіча, што быў доктарам пры статс-сакратару Царства Польскага ў Пецярбургу. Магчыма, што гэтая прапанова аб адхіленьні ад выкананьня абавязкаў Е. Агрызкі, атрымаўшага прызначэньне на пасаду ад белага Жонду, стаяла ў сувязі з тым, што кіраўніцтва паўстаньнем у восень 1863 году было ўжо ў руках крайніх чырвоных, і яны імкнуліся на ўсе важнейшыя пасады пасадзіць спачуваючых ім людзей.

Адначасна з гэтым у лісьце да К. Каліноўскага Ў. Малахоўскі піша і аб сумным становішчы справы ў расійскіх рэволюцыянэраў, з якімі ён аднавіў сувязі ў Пецярбургу. Па думцы Малахоўскага яны „ня толькі ня могуць падтрымаць паўстаньня на захадзе імпэрыі, але самі патрабуюць падтрыманьня. Малахоўскі лічыць, што рэволюцыянэраў у Пецярбургу трэба абавязкова падтрымаць, бо гэта будзе карысна агульнай рэволюцыі. Для гэтай мэты ім трэба пераслаць з Вільні станок для падпольнай друкарні і грашовую дапамогу. К. Каліноўскі ў асноўным згадзіўся з прапановаю Малахоўскага адносна дапамогі расійскім рэволюцыянэрам у Пецярбургу. Была наладжана пасылка з Вільні ў Пецярбург ручной друкарні. Аднак гэтая друкарня ў Пецярбург так і не папала. Віленская жандармэрыя прасачыла ўсю справу і заарыштавала як друкарню, так і тых людзей, што былі пры ёй у момант яе адпраўкі на Віленскім вакзале. Што датычыць грашовай дапамогі, дык яна, здаецца, зусім ня была выслана.

Яшчэ пачынаючы з сярэдзіны сакавіка ў Пецябурскім Аддзеле па даручэньні Белага Віленскага Аддзелу распрацоўваўся ваенны плян паўстаньня на Беларусі і Літве. У Пецярбургў былі ўсе даныя для добрай распрацоўкі пляну, бо там было даволі ваенных спэцыялістых, якія адпавядалі па сваёй кваліфікацыі ўскладзенаму на іх заданьню. Адпаведнасьць за распрацоўку пляну была ўскладзена на Зыгмунда Серакоўскага, які ў далейшыя часы, па думцы Віленскага Аддзелу, павінен быў стаць на чале ўсяго паўстаньня на Літве і Беларусі.

З імем Серакоўскага мы спатыкаліся ўжо значна раней. Гэта быў рэволюцыянэр вельмі памяркоўнага чырвонага напрамку. Тое, што ён па сваіх перакананьнях належаў да памяркоўнай чырвонай групы, значна спрашчала яго адносіны для белага Віленскага Аддзелу і Варшаўскага Жонду.

Серакоўскі паходзіў з дому дробна-земляўласьніцкай шляхты Луцкага павету Валынскай губэрні. Яго бацька прымаў чынны ўдзел у паўстаньні 1831 году і быў забіты ў аднэй бойцы паўстанцаў з расіянамі. Зыгмунт Серакоўскі, пасьля сканчэньня Жытомірскае гімназіі ў 1845 годзе паступіў у Пецябурскі унівэрсытэт. Тут ён адразу пачаў выяўляць сябе, як опозыцыянэр, радыкальна-дэмокрытычнага напрамку. Будучы ўжо на трэцім курсе, Серакоўскі быў арыштаваны ў той момант, калі ён зьбіраўся перайсьці аўстрыйскую граніцу. Што прымусіла яго да переходу на аўстрыйскую (галіцыйскую) тэрыторыю не вядома. Пасьля даволі доўгага зьняволеньня ў турме, раней у Кіеве, потым у Пецярбургу, адміністрацыяй была выкрыта яго політычная нядобранадзейнасьць, і ён быў высланы ў Арэнбурскія лінейныя батальёны ў якасьці звычайнага салдата. Тут ён даслужыўся да афіцэрскага, чыну, быў амніставаны і ў 1857 годзе паступіў у Пецябурскую Акадэмію Генэральнага Штабу. Будучы ў акадэміі, Серакоўскі зноў аднавіў сувязі з рэволюцыйнымі гурткамі і іграў у іх даволі значную ролю. Чынны ўдзел у рэволюцыйным руху не перашкаджаў яму, аднак, добра вучыцца ў Акадэміі і пасьпяхова рабіць ваенную кар‘еру.

Пасьля сканчэньня акадэміі, ён, як таленавіты і акуратны афіцэр, быў прыкамандыраваны_да ваеннага міністэрства ў якасьці ад'ютанта самога ваеннага міністра Мілюціна. Тут ён прымаў удзел у складаньні проекту ваеннага карнага кодэксу, які насіў у тыя часы „лібэральны" характар. Часта Серакоўскаму па службовых справах прыходзілася бываць на кватэры міністра і тут у час прыватных гутарак закранаць польскае пытаньне. Серакоўскі трымаў сябе вельмі консьпіратыўна, і расійскаму ваеннаму міністру ніколі не магла прыходзіць у галаву думка, што ён мае справу з удзельнікам рэволюцыйнага руху і будучым паўстанскім ваяводай на Беларусі і Літве. Наадварот, Серакоўскі з кожным днём усё больш і больш заваёўваў даверу ваеннага міністра. У 1861 годзе міністэрства ваенных спраў дало Серакоўскаму замежную службовую камандыроўку, раней у Лёндан на міжнародны статыстычны конгрэс, потым у Парыж і Алжэр для знаёмства з рэформаю карнага ваеннага кодэксу ў Францыі і яе колёніях. Ня гледзячы на так бліскуча распачатую ваенную кар‘еру, З. Серакоўскі застаецца верным сваім рэволюцыйным перакананьням. Сваю замежную камандыроўку ён выкарыстоўвае для таго, каб устанавіць неабходныя сувязі з выдатнейшымі рэволюцыянэрамі таго часу. У бытнасьць сваю за межамі Расіі ён пазнаёміўся з Мадзіні, Гарыбальдзі, Герцэнам, Мераслаўскім і інш. Таксама былі ім наладжаны сувязі з больш шырокімі коламі польскай чырвонай і белай эміграцыі. Па дарозе з-за мяжы Серакоўскі заяжджаў у Варшаву і Вільню, дзе пабачыўся з выдатнейшымі кіраўнікамі будучага паўстаньня ў Польшчы, на Беларусі і Літве. Апроч таго, па даручэньню свайго патрона ваеннага міністра, Серакоўскі зрабіў агляд цытадэляй Віленскага ваеннага округу, Берасьця, Дзьвінску і інш. Зразумела ўсё гэта магло прыдацца і прыдалося яму ў час паўстаньня.

У пачатку другой палавіны сакавіка 1863 года Серакоўскі прыняў ад Віленскага Аддзелу прызначэньне на пасаду ваеннага начальніка над узброенымі паўстанскімі сіламі ўсёй Беларусі і Літвы. Ён вышаў у адстаўку з расійскай службы і прыехаў у Вільню. Тут ён падаў на зацьвярджэньне Віленскага Адзелу той ваенны плян паўстаньня на Літве і Беларусі, які быў распрацаваны ім яшчэ ў Пецярбургу. Аддзел зацьвердзіў паданы плян з некаторымі зусім невялікімі зьменамі і дадаткамі.

Плян быў пабудаваны згодна пашыранага тады „белага" прынцыпу, што кроў паўстанцаў павінна вызначыць межы будучай Рэчы Паспалітай Польскай, што паўстаньне не пабудуе будучую Польшчу, а што гэта зробіць чужаземная дыплёматыя і інтэрвэнцыя. Такі погляд на паўстаньне быў вынікам белага ўплыву і кіраўніцтва паўстанскім рухам. Паводле гэтага плян імкнуўся захапіць у абшар паўстаньня як-мага большую тэрыторыю. У гэтым, бязумоўна, яго вялікі і політычны і тактычны недахоп.

Па пляну найраней трэба было заняць крэпасьць Дзьвінск. Гэта зрабіла-б вялікае ўражаньне як на тэрыторыі паўстаньня, так і ў Заходняй Эўропе. Серакоўскі, які раней быў у Дзьвінску, ведаў усе слабыя бакі гэтай крэпасьці. Яна ўва многіх мясцох была зусім зруйнавана і ахоўвалася слабым гарнізонам. Апрача таго, крэпасьць магчыма было ўзяць хітрасьцю. Як раз у Дзьвінску магчыма было дастаць дазвол на рамонт касьцёлу на тэрыторыі самой крэпасьці. У якасьці рабочых трэба было паставіць на працу пераапрануты паўстанскі аддзел, які ў вызначаны час мог-бы зрабіць напад на крэпасьць знутры. У гэтым аддзелу дапамогуць політычныя вязьні крэпасьці, якіх у час нападу трэба вызваліць. Звонку нападуць на Дзьвінск паўстанскія аддзелы, што хаваюцца ў ваколічных лясох. Пасьля заняцьця Дзьвінску паўстанцы павінны будуць устанавіць сталыя зносіны з узьбярэжжам Балтыцкага мора, каб атрымліваць э захаду зброю морскім шляхам. Адзін транспорт зброі па атрыманых вестках ужо выплыў з Англіі пад начальствам нейкага Лапіцкага. Пецярбург будзе даваць паўстаньню камандны склад, а Заходняя Эўропа даставіць зброю, якую немагчыма было дастаць у вычарпальнай колькасьці праз Пецярбурскі Аддзел.

Сам З. Серакоўскі павінен быў стала заснавацца ў Жмудзі. Тут павінна быць галоўная кватэра начальніка ўзброеных паўстанскіх сіл, якая адыграе ролю як-бы зборнага месца для ўсіх паўстанскіх аддзелаў. Тут будзе формавацца рэгулярная армія паўстаньня. Спачуваньне паўстаньню жмудзкага сялянства дасьць магчымасьць у першыя часы прахарчаваць армію і папоўніць яе склад. Непраходныя лясы і балоты Жмудзі, што робяць гэтую краіну недаступнай, будуць абараняць формуючуюся паўстанскую армію ад нападу расійскага войска. Пасьля сформаваньня і навучаньня армія будзе выдзяляць з сябе паасобныя аддзелы для барацьбы з расійскімі войскамі ў іншых мясцовасьцях. Калі да гэтага дадаць, што Дзьвінская крэпасьць будзе ў руках паўстанцаў, то можна быць запэўненым, што паўстанская армія вытрымае націск расійскай арміі.

На ўсходзе трэба зьвярнуць увагу на Магілёўскую губэрню. Тут у Магілёве, знаходзіўся артылерыйскі парк і ў Горы-Горках Земляробскі Інстытут з дапаможнымі школамі. Па пляну трэба было захапіць гэтыя два пункты. У Горках студэнты Інстытуту і вучні дапаможных пры ім школ складаліся на 75% з палякаў і беларусоў, настроеных рэволюцыйна. Яны ўзмоцняць паўстанскі аддзел агітацыйнымі сіламі. З Магілёўшчыны паўстанцы павінны будуць рушыць на ўсход, у Расію. Пры паходзе праз Расію яны будуць падымаць проці царскага ўраду сялян, уцягваючы іх у паўстаньне. Апроч таго, трэба ўцягваць у рух нерасійскія народы, якія будуць падымацца проці царызму за сваё нацыянальнае вызваленьне. Паўстанцы ў сваім паходзе павінны трымаць курс на Казань, дзе ў гэты час польскія рэволюцыянэры разам з расійцамі падымуць проці расійскага ўраду татараў. Уся Волга загарыцца агнём паўстаньня, як гэта было ў часы Пугачоўскага руху.

Такі быў плян. У ім многа энтузыязму і пад'ёму, але мала практычнасьці. Плян прабуе абаперціся на сялянства ў той час як на чале кіраўніцтва паўстаньня стаіць кіраўнічы Белы Аддзел, што як раз ня толькі не ўцягнуў, але адштурхнуў сялянства, як масу, ад паўстанскага руху. Шырыня захопленай плянам тэрыторыі таксама рабіла яго нярэальным.

ВЫБУХ ПАЎСТАНЬНЯ КАЛЯ ДЗЬВІНСКУ (ДЫНАБУРГУ).

Як мы гаварылі вышэй, Віленскі Аддзел, захапіўшы кіраўніцтва паўстаньнем у свае рукі, вызначыў тэрмін пачатку паўстаньня на Літве і Беларусі. Бязумоўна, прыняцьце гэтага тэрміну стаяла ў сувязі з прынятым плянам Серакоўскага. Гэтым Белы Аддзел хацеў падкрэсьліць, што сапраўднае паўстаньне, паўстаньне плянавага характару, распачынаецца толькі цяпер, што паўстаньне, якое распачалося ў часы кіраўніцтва Віленскага Чырвонага Камітэту, ёсьць толькі як-бы ўступ да сапраўднага паўстаньня, якое распачынаецца толькі цяпер. Такое ігнораваньне дзейнасьці, якая адбылася ў часы існаваньня папярэдняга паўстанскага цэнтру на Беларусі і Літве, гаворыць яшчэ раз аб варожых адносінах Белага Адзелу да Чырвонага Камітэту, што залежала ад прынцыповых разыходжаньняў паміж белымі і чырвонымі. Аб тэрміну пачатку паўстаньня на Беларусі і Літве Віленскі Адзел папярэдзіў Варшаўскі Народны Жонд, які згадзіўся з вызначаным тэрмінам. Таксама былі даны адпаведныя загады і на месцы.

Атрыманы быў такі загад і ў Дзьвінскім (Дынабурскім) павеце, дзе павінна была па пляну распачацца галоўная чыннасьць. Паўстанцкім камісарам у павеце быў земляўласьнік Понцэт. Атрыманы загад Аддзелу застаў павет і яго камісара зусім не гатовымі да справы. Кіраўніцтва ўзброенымі паўстанскімі сіламі павету, якіх у рэчаістасьці пакуль-што яшчэ і ня было, даручалася маладому магнату Леону Зыберг-Плятэру, што меў маёнтак недалёка каля Дзьвінску. Леон Плятэр быў членам вялікай буйназемляўласьніцкай фаміліі, маёнткі якой былі раскіданы па ўсёй паўночна-заходняй частцы Беларусі. Уся гэта фамілія ў цэлым не спачувала паўстаньню. Яна вельмі добра сябе адчувала ў умовах сучаснага строю. Яе політычныя перакананьні былі вельмі блізкімі да групы Велепольскага. Гэтыя фамільныя абставіны ня спрыялі таму, каб Леон Плятэр кінуўся з галавою ў паўстаньне. Як відаць з далейшага, ён зусім пасыўна аднёсься да даручанай яму справы і не падрыхтаваў належнага ліку ўзброенай сілы для пачатку вызначанай Аддзелам паўстанскай кампаніі.

Непрадбачаны выпадак пераблытаў карты і накіраваў справу не па пляну. Віленскі Выканаўчы Аддзел атрымаў пэўныя весткі, што 26 красавіка з Дзьвінску будзе адпраўлены транспорт зброі ў Дзісну, дзе стаяў штаб аднаго з расійскіх палкоў. Гэтыя весткі гаварылі, што транспорт будзе вельмі вялікі і каштоўны. Віленскі Аддзел паслаў праз пасланца загад Леону Плятэру, з пагрозаю кары сьмерцю за непаслушэнства, зрабіць напад і адбіць гэты транспорт, што значна забясьпечыла-б зброяй паўстанцаў.

Так ці іначай Плятэру трэба было прыступіць да выкананьня загаду паўстанчага цэнтру. За прабеглы час ён не падрыхтаваў аддзелу. Прышлося сьпешна заняцца зборам узброеных сіл. З вялікаю цяжкасьцю ўдалося яму сабраць чалавек 20—25 з ваколічнай шляхты. Каля гэтага ліку набраў ён сваіх дваровых людзей і служачых. Склалася невялічкая паўстанская група ў 40—50 чалавек. Расійскія крыніцы павялічваюць гэтую групу да 715 чалавек. Збор аддзелу быў назначаны каля мястэчка Краслаўкі, праз якое ішла дарога з Дзьвінску ў Дзісну.

Тут каля Краслаўскі жыло шмат расійцаў старавераў, што ў апошняй чвэрці 17 стагодзьдзя пачалі высяляцца сюды з Маскоўскай дзяржавы, дзякуючы тым рэлігійным прасьледваньням, якія там адбываліся ў адносінах да іх. Асабліва многа эмігравала сюды старавераў у пачатку 18 стагодзьдзя, дзякуючы ўдзелу іх у руху, накірованым проці сыстэмы Пятра І. Рэч Паспалітая даволі ахвотна прымала эмігрантаў і звычайна асаджвала іх каля ўсходняй сваёй граніцы, на тэрыторыі Беларусі. Гэта рабілася як з колёнізацыйнымі, так і політычнымі мэтамі. Стараверы давалі прыгоннай гаспадарцы рабочыя рукі, апроч таго, у выпадках узброенай барацьбы з Маскоўскай дзяржавай, а потым з Расійскай імпэрыяй, стараверы давалі моцную ўзброеную сілу, якая вельмі ворожа была настроена ў адносінах да расійскай улады, што выгнала іх з бацькаўшчыны. З цягам часу экономічнае палажэньне старавераў на Беларусі, як наогул і ўсяго сялянства, пагоршвалася. Панская эксплёатацыя выціскала з іх усе сокі. Сацыяльная нянавісьць да пана прымала яўна выразныя формы. Рэформа 1861 году зусім не палепшыла іх становішча. Па вёсках, як сярод старавераў-расійцаў, так і сярод беларусоў, хадзілі чуткі, што расійскі цар вызваліў сялян і даў ім усю панскую зямлю, што паны падымаюць паўстаньне дзеля таго, каб сяляне заставаліся ў панскім прыгоне, як і раней. Калі сяляне заўважылі, што каля Краслаўкі зьбіраюцца ўзброеныя сілы, з якіх палавіна была земляўласьнікі і на чале якіх стаяў буйны земляўласьнік, яны занепакоіліся і пачалі сачыць за аддзелам. Паўстанцы, на запытаньні сустрэчных сялян, адказвалі, што яны сабраліся толькі для паляваньня, але сяляне не давалі веры такому адказу.

У вызначаны дзень, 26 красавіка ўвечары, транспорт са зброяй сапраўды падышоў да Краслаўкі. Паўстанцы зрабілі засаду і напалі на транспорт зусім для яго неспадзявана. Вартаўнічыя транспорту амаль што не рабілі ніякага супраціўленьня. Згубіўшы двух забітымі і двух параненымі, расійскі аддзел разам з афіцэрам уцёк у Краслаўку, пакінуўшы транспорт са зброяй у руках паўстанцаў. У дагоню за паўстанцамі з Краслаўскі быў накіраваны невялікі расійскі аддзел, які, аднак, хутка вярнуўся назад бяз усякіх вынікаў. Пасьля гэтага ўдагон за паўстанцамі быў накіраваны большы атрад з Дзьвінску.

Пакуль адбываліся ўсе гэтыя падзеі, рух сялян-старавераў проці паноў усё пашыраўся. Дагадаўшыся, што ўрад ня ўступіцца за паноў, дзякуючы ўдзелу шляхты ў паўстанскім выступленьні, яны выкарысталі паўстанскі выбух для сваіх спэцыяльна сялянскіх мэтаў. Узброеныя чым папала, цапамі, дубінамі і г. д., яны рынуліся на панскія двары. Пачаліся рабункі і пажары панскіх маёнткаў. Раён сялянскага руху быў даволі вялікі. Расійская мясцовая ўлада аднеслася вельмі спакойна да сялянскага проціпанскага руху і толькі ў некаторых мясцовасьцях сяляне спаткалі адпор з боку поліцыі, якая прабавала, праўда няўдала, абараніць паноў ад сялян. Сацыяльны рух сялян проці паноў разглядаўся мясцовай адміністрацыяй, як патрыятычнае абурэньне расійскіх патрыётаў паўстанскім выбухам палякаў проці Расіі. „Крестьяне, зная фамилии тех помещиков, которые принимали участие в мятеже, и не имея помощи со стороны войска, которое прибыло несколько позже, начали делать обыски у тех помещиков, которых особенно подозревали, для обнаружения складов оружия. При такого рода обысках и при сопротивлении со стороны помещиков, нет ни­ чего удивительного, что порядок не мог сохраниться; не удивительно, что мебель, сундуки и т. п. оставались поломанными“. Так піша С. Райкоўскі,[106] які стаіць на пункце погляду тагочаснай адміністрацыйнай улады Дзьвінску і яго павету.

Як мы ўжо вызначалі раней, сялянскі рух проці паноў пашырыўся на даволі вялікую тэрыторыю навокал Дзьвінску. Рабункі і пажары панскіх маёнткаў цягнуліся некалькі дзён. За гэты час было зрабована 37 маёнткаў і зусім знішчана 14. Адначасна сяляне зьбівалі памешчыкаў і некаторых пазабівалі. Цэлымі фаміліямі іх арыштоўвалі і везьлі ў Дзьвінск. Усяго ў Дзьвінск было прывезена і заарыштована больш 100 чалавек. Потым частка іх была аддана пад суд. Значная частка заарыштаваных была хутка звольнена, бо яны ня мелі ніякага дачыненьня да паўстаньня.

З Дзьвінскага павету сялянскі рух проці паўстанцаў-паноў, які, як мы вызначылі раней, па сутнасьці быў проціпацскім рухам, перакінуўся ў суседні Рэжыцкі павет. І тут мясцовая ўлада ня спыняла гэтага руху, падкрэсьліваючы яго патрыятызм і вернасьць сялянства расійскаму царызму. Так глядзеў на справу і прыехаўшы на Беларусь Мураўёў. У сваіх запісках[107] Мураўёў піша: „Старообрядцы, ненавидящие поляков, давно видели их приготовления к восстанию и, при первом покушении Плятера, все вооружились, отбили транспорт, рассеяли шайку и взяли в плен самого Плятера. Потом они отправились по Динабурскому и Режицкому уездам укрощать мятеж".

Тым часам у Дзьвінску былі атрыманы весткі, што аддзел Л. Плятэра з захопленым транспортам зброі накіраваўся на Дубна. У гэтым напрамку сьпешна накіраваўся і расійскі аддзел, які быў высланы з Дзьвінску. Становішча паўстанцаў было дрэннае. Сялянства ў масе было проці іх, паўстанскі аддзел быў зусім малалічны і ня меў ужо харчоў. Расійскаму аддзелу бяз усякіх перашкод удалося захапіць у свае рукі паўстанцаў, якіх было каля 60 чалавек. Разам з іншымі быў узяты ў палон і Л. Плятэр. Усе паўстанцы разам з сваім начальнікам былі дастаўлены ў Дзьвінск і пасаджаны ў турму. Быў прывезены назад і транспорт зброі, у якім налічвалася да 400 стрэльбаў.

Хутка аб усім, што адбылося ў Дзьвінскім і Рэжыцкім паветах, даведалася цэнтральная ўлада ў Пецярбургу. Першыя весткі, якія прышлі ў Пецярбург, малявалі ўсе факты, як соцыяльны рух сялян проці паноў-земляўласьнікаў. Паўстанскі характар панска-шляхецкага руху быў затушаваны. Вешальнік Мураўёў у сваіх запісках так піша аб гэтым: „Надо заметить, что Динабургское восстание было перетолковано полякамі, имевшими большое влияние на Петербургские власти, совсем иначе, чем оно было в действительности. Жандармерия уверяла, что это есть бунт раскольников против помещиков, что это предвещает резню, бывшую в Галиции в 1848 году, что Плятеры и Моли и прочие помещики совершенно спокойны, и на месте нет никакого заговора против правительства. Виленский жандармский генерал Гильдебрандт старался уверить, што в крае нет мятежа, что надобно только смирить старообрядцев, которые грабят помещичьи мызы. Князь Долгорукий уверил в этом государя и 16 апреля (па старому стылю. У. I.) испросил высочайшее повеление отправить туда войско и генерала. для усмирения".[108]

Такім спосабам, Мураёў лічыць вінаватымі ў „няправільнай" інформацыі Пецярбургу цэлы шэраг асоб, асабліва Віленскага жандарскага генэрала Гільдэбрандта, які нібы спачуваў паўстаньню і палякам. Іншыыя весткі малююць Гільдэбрандта, як старога жандарскага генэрала, пачаўшага сваю жандарскую службу з ніжэйшых афіцэрскіх чыноў яшчэ ў 40-х гадох, немца па пахаджэньню, які быў вельмі далёкім ад якога-б то ні было спачуваньня палякам і паўстаньню. Калі ён і даў інформацыю ў Пецярбург, якая затушоўвала ўдзел паноў у паўстаньні, то гэта залежала ня столькі ад яго полёнофільскіх сымпатый, колькі ад памылковага погляду на справу, бо, як кажуць сучасьнікі, ён наогул не вызначаўся вялікім розумам.

Так ці іначай Пецябург атрымаў весткі аб паўстаньні сялян проці паноў каля Дзьвінску. Адразу для засьмірэньня сялянскіх непарадкаў у Дзьвінск быў сьпешна высланы цэлы полк уланаў под камандай обэр-поліцмайстра сталіцы графа Шувалава. Мясцовая ўлада, даведаўшыся аб такім ходзе справы, пасьпяшыла даць іншую інформацыю, з падкрэсьленьнем паўстанцкага шляхецкага руху, на імя міністра дзяржаўных маемасьцяў Зялёнага. Зялёны пасьпяшыў да цара з дакладам, што сялянскі рух у Дзьвіншчыне ня мае процідзяржаўнага характару, а зьяўляецца толькі выяўленьнем расійскага патрыятызму сялян - старавераў, і накірованы проці палякаў - паўстанцаў. Гэтая інформацыя зусім мяняла ранейшую пастаноўку справы і адносіны цэнтральнай улады да руху сялян. Па настаяньню Зялёнага ўсьлед за Шувалавым сьпешна быў пасланы на месца непарадкаў у якасьці ваеннага начальніка генэрал Длатоўскі з аддзелам і адпаведнымі інструкцыямі, якія былі зусім не падобны да інструкцый, даных раней Шувалаву. Сяляне замест бізуноў цяпер павінны былі атрымаць падзяку за свой патрыятызм. Рэпрэсіі былі накіраваны на паўсталую шляхту.

Калі на Беларусь прыехаў М. Мураўёў, ён трымаўся таго погляду, што каля Дзьвінску адбыўся акт патрыятычнай расправы расійскіх мужыкоў над польскімі бунтаўшчыкамі. Дзьвінскія падзеі навялі жандараў на думку, што на соцыяльнай процілегласьці інтарэсаў сялян і паноў магчыма пабудаваць барацьбу з паўстаньнем. Яшчэ 21 красавіка (па старому стылю) Віленскі жандарскі штаб-афіцэр Лосеў у сваім чарговым данясеньні шэфу жандараў піша: „Динабургские мужички доказали, где сила нашего правительства. Отчего-бы повсеместно этой силой не воспользоваться и тем самым заявить перед всей Европой настоящее положение нашего Западного края?" Мураўёў гэтую сілу рашыў выкарыстаць. У гэтым і была яго сыстэма. Адразу пасьля свайго прыезду на Беларусь ён загадаў Дзьвінскім мясцовым уладам, каб яны прадставілі да ўзнагароды тых сялян, якія выдзяляліся з агульнай масы сваімі „патрыятычнымі" ўчынкамі ў адносінах да земляўласьнікаў. У адказ на загад былі Дзьвінскай адміністрацыяй прадстаўлены да ўзнагароды 10 сялян. Ім Мураўёў даў мэдалі за падаўленьне польскага „мятежа". Фаміліі гэтых сялян наступныя: Раманаў, Мітрафанаў, Багданаў, Ніканаў, Радзівонаў, Скрэйер, Ешэрскі, Дзяменьцеў і Іваноў. Як відаць з прозьвішчаў, гэта амаль што ўсе расійскія сяляне-стараабрадцы. Аднак сярод іх ёсьць і два прозьвішчы мясцовых сялян. У гісторыі нам рэдка калі можна спаткаць падобны факт, што за разгром панскіх маёнткаў сяляне атрымоўвалі мэдалі.

Яшчэ некалькі слоў аб „патрыятызму“ сялян Віцебшчыны. З данясеньняў жандарскіх афіцэраў відаць, што далёка не заўсёды ў сялянскіх масах пануе „патрыятычны“ настрой. Гэтага патрыятызму хапае сялянам толькі для таго, каб весьці барацьбу з панствам. Але патрыятызм зусім зьнікае, калі справа ідзе аб адносінах сялянства да расійскага ўраду. Данясеньні жандараў гавораць аб пашырэньні па Віцебшчыне ў вялікім ліку падпольнага часопісу „Мужыцкая Праўда". У Рэжыцкім павеце, калі поліцыя зрабіла спробу спыніць разгром панскіх маёнткаў, сяляне кінуліся на спраўніка і поліцэйскіх з такою рашучасьцю, што яны павінны былі ўцякаць. З Вяліскага павету жандармэрыя даносіць, што часова абавязаны селянін вёскі Аўсянік Іван Абрамаў вядзе размовы з сваімі аднавяскоўцамі, накірованыя проці ўраду. Яму прыпісваюць, напрыклад, такія словы: „дай божа, каб пачалася вайна: я тады пайшоў-бы да няпрыяцеля, каб ваяваць проці свайго цара". Адным словам, справы наконт патрыятызму сялян стаяць ня так ужо добра.

За граніцаю навокал Дзьвінскіх падзей падняўся вялікі шум. Па-першае, — прэса, спачуваючая паўстаньню, вызначала, што паўстаньне пашыраецца на тэрыторыі, якая ляжыць за межамі ўласнай Польшчы. Па-другое, напад сялян-старавераў на паўстанцаў маляваўся згушчонымі фарбамі і тлумачыўся спэцыяльным інсьпіраваньнем царскага ўраду, які зусім сьвядома падняў сялян проці земляўласьнікаў. У некаторых газэтах нават пісалі, што напад на панскія маёнткі быў зроблены не сялянамі, а пераапранутымі салдатамі. Дзьве газэты (адна француская, другая ангельская) зьмясьцілі нават на сваіх шпальтах тэкст царскага Маніфэсту, пад назваю „Секретная царская воля", у якім расійскі цар заклікаў сялян да разьні паноў, абяцаючы ім за гэта панскую зямлю і волю. Зразумела, „Сакрэтная царская воля" зьяўлялася самай звычайнай выдумкай. Тым ня менш аб гэтым „маніфэсту" пачалі пісаць у розных газэтах. Шуму нарабілася столькі, што царскаму ўраду прышлося зьвярнуць на яго ўвагу. Офіцыяльны орган Journal de Sankt-Petersburg 31 мая 1863 году павінен быў выступіць з артыкулам, у якім ён даводзіў, што ніякай „сакрэтнай царскай волі" расійскі ўрад не выдаваў.

Як-бы там ні было, правал паўстаньня каля Дзьвінску быў вялікі ўва ўсіх адносінах. Царская ўлада выкарыстала для падаўленьня паўстаньня соцыяльны антагонізм паміж панам і мужыком. Гэтага, магчыма, і ня было-б, калі-б кіраўніцтва паўстаньнем знаходзілася ў руках крайніх чырвоных, калі-б паўстаньне цьвёрда і рашуча стаяла на грунце аграрнай рэволюцыі.

ПАДЗЕІ НА МАГІЛЕЎШЧЫНЕ.

Няўдачаю скончылася для паўстанцаў выкананьне агульнага пляну і на Магілёўшчыне. Тут, як мы ўжо гаварылі вышэй, начальнікам узброеных паўстанскіх сіл Белы Віленскі Аддзел прызначыў Людвіка Зьвярждоўскага, які выступіў тут пад псэўдонімам Тапара. Зьвярждоўскі атрымаў рэволюцыйнае выхаваньне ў вайсковым польскім рэволюцыйным гуртку ў Пецярбурзе. Скончыўшы ваенную акадэмію ён прыехаў на службу ў Вільню, дзе адразу пачаў іграць першую ролю ў Віленскім Чырвоным Камітэтце першага складу. У Камітэце ён быў прадстаўніком памяркоўных чырвоных колаў і на гэтай глебе ў яго былі частыя разыходжаньні з. К. Каліноўскім і іншымі крайнімі чырвонымі.

Ня гледзячы на сваю памяркоўнасьць, пасьля белага перавароту ў сакавіку ён не застаўся ў Белым Віленскім Аддзеле. Аддзел, высылаючы з Вільні чырвоных і наогул прызначаючы іх на менш адказныя і менш кіраўнічыя пасады, пастараўся выдаліць з Вільні і Л. Зьвярждоўскага, даўшы яму ўпаўнаважаньне ваеннага начальніка на Магілёўшчыну, дзе ў паўстанскай організацыі была даволі моцная белая група. Праўда, і чырвоных тут таксама была некаторая лічба, але вельмі і вельмі нязначная.

Адзін з удзельнікаў паўстаньня на Магілеўшчыне, які потым лоўка рэабілітаваўся і перакінуўся ў лягер актыўных супраціўнікаў яго, піша аб гэтым так: „Было-бы с моей стороны несправедливо утверждать, что к готовившемуся движению примкнули только люди подобные NN, что фон картины составляли одни старые крепостники, озлобленые эмансипацией хамитян. В рядах нашей нестройной і даже несколько нелепой инсуррекции толпилось много честных энтузиастов, искренних патриотов, людей беззаветного мужества и бескорыстия. Имея все, что дает счастье в этом мире, включительно до радужной молодости и вечной спутннцы её — любви, они, нисколько не задумываясь и даже не обольщая себя надеждами, шли на страшное дело".[109] Калі прыняць пад увагу, што паўстанцы, „меўшыя ўсё, што дае шчасьце ў гэтым сьвеце“, нават і належалі часам да чырвоных, дык гэта былі даволі няпэўныя чырвоныя, што ў далейшым і давёў сам аўтар вышэйпаданых запісак, які і сябе паміж іншым далучае да гэтай групы.

Да гэтага трэба дадаць, што цэнтральнае кіраўніцтва паўстаньнем знаходзілася ў руках белых, якія рабілі на месцы адпаведныя ўплывы. Дзякуючы гэтаму, памяркоўны чырвоны Л. Зьвярждоўскі ня мог вырвацца з балота, прыдаць паўстаньню на Магілёўшчыне яўна выразны чырвоны напрамак і ўцягнуць у паўстаньне сялянскія масы, рашуча паставіўшы на разьвязаньне аграрнае пытаньне.

Сялянскія масы на Магілёўшчыне, як і каля Дзьвінску, ня толькі не падтрымалі паўстаньня, але ў пераважнай большасьці былі настроены проці яго. Белы ўхіл паўстаньня, нявыразная лінія чырвоных, і прынятая цяпер расійскім урадам сыстэма „заигрывания" з сялянамі рабілі сваю справу. Апрача таго, соцыяльна-экономічная процілегласьць селяніна пану давала асноўны грунт да варожых адносін сялян да паўстанцаў, сярод якіх на Магілеўшыне было шмат буйных земляўласьнікаў. Расійскі ўрад вясною (13 сакавіка 1863 году па новаму стылю) выдаў указ аб неадкладным прыпыненьні абавязковых адносін сялян да паноў у тых губэрнях, што былі ахоплены паўстаньнем, у тым ліку і ў Магілёўшчыне. Абавязковыя адносіны на аснове загаду прыпыняліся з 1-га мая па старому стылю. Вайсковым расійскім аддзелам, якія перасоўваліся па Беларусі ў барацьбе з паўстанцамі, было загадана абвяшчаць „вялікую" царскую ласку па ўсіх вёсках і ўсім тым сялянам, якія будуць спатыкацца па дарозе.

Перад пачаткам паўстаньня на Магілёўшчыне Л. Зьвярждоўскі езьдзіў у Пецярбург у Замежны Аддзел, дзе ўмовіўся адносна прысылкі яму афіцэраў для партызанскіх аддзелаў. Згодна перагавораў Агрызка накіраваў на Магілёўшчыну даволі многа афіцэраў, частка якіх засталася пры Зьвярждоўскім, а частка накіравалася ў іншыя паасобныя паветы Магілёўшчыны. Апроч таго, Л. Зьвярждоўскі быў у Маскве, дзе пры дапамозе Пецярбурскага Аддзелу ўстанавіў сувязі з Еранімам Кіневічам, які павінен быў, згодна пляну Серакоўскага, організаваць паўстаньне ў Казані і адначасна з Зьвярждоўскім падняць проці расійскага ўраду як паволжаскіх сялян, так і цюрка-фінскія і татарскія народы, што там жылі.

Аддзел Тапара-Зьвярждоўскага пачаў формавацца недалёка каля Горы-Горак. Адначасна пачалі формавацца паўстанскія аддзелы ў Рагачэўскім і Аршанскім паветах. Аддзелы складаліся найчасьцей з дробнай шляхты і дробных служачых. Прымала ўдзел і моладзь з буйна-земляўласьніцкіх фамілій. Аддзел Зьвярждоўскага быў невялікі. Ён складаўся прыблізна з 100 людзей, з якіх некалькі чалавек было конных. Аддзел адразу пасьля сформаваньня распачаў падрыхтоўку да нападу ў першую чаргу на Горы-Горкі.

У Горках, як мы казалі вышэй, існаваў Земляробскі Інстытут, пры якім было тры дапаможныя школы. Кіраваў усімі школамі стары вучоны „лібэральнага" напрамку, дырэктар Інстытуту Траўтфэтэр. Сярод профэсарскага складу было шмат палякаў, напрыклад, Венскоўскі, Выбраноўскі, Цялінскі, Жабенка і інш.; апошні быў інспэктарам Інстытуту. Сярод студэнтаў таксама было шмат палякаў. Былі і беларусы, асабліва ў дапаможных школах. Студэнты ў Інстытуце наогул спачувалі паўстанцам. Опозыцыйны ўплыў на студэнтаў перадаваўся праз Горацкага местачковага і інстытуцкага ксяндза Манюшку і інспэктора Інстытуту Жабенку. У пачатку лютага, калі і на Беларусі распачалося паўстаньне, ксёндз Манюшка адправіў у Горацкім касьцёле ўрачыстае набажэнства, на якім прысутнічала шмат студэнтаў і наогул моладзі. Ксёндз адчытаў казаньне, накіраванае проці расійскага ўраду, і заклікаў моладзь да ўдзелу ў паўстаньні. Моладзь з свайго боку дала ўрачыстае абяцаньне стаяць да канца за вызваленьне Польшчы ў старых межах з-над улады Расіі. Сярод студэнтаў з цягам часу была ўтворана падпольная паўстанская організацыя, якая налічвала каля 70 студэнтаў; на чале організацыі стаяў студэнт Віскоўскі. Студэнцкая організацыя мела вялікае значэньне для Л. Зьвярждоўскага. Па-першае, яна колькасна магла вельмі ўзмацніць невялікі яго аддзел. Па-другое, яна давала аддзелу Тапара маладыя, адукаваныя, энэргічныя, агітацыйна-пропагандыцкія сілы, якія былі патрэбны пры тым паходзе паўстанскага аддзелу ў самую глыбіню Расіі, які быў вызначаны па пляну.

Завязаўшы папярэднія зносіны з студэнцкай організацыяй Інстытуту, Зьвярждоўскі-Тапор ў ноч з 5-га на б-е мая рушыў на Горкі. Горкі былі зусім невялікім мястэчкам, якое толькі нядаўна было абвешчана павятовым горадам. У якасьці гарнізону ў горадзе стаяла звычайная інвалідная каманда, якая складалася з 200 чалавек. Каманда, дзякуючы таму, што ў горадзе ня было падыходзячага памерам будынку, толькі часткаю разьмяшчалася ў кашарах. Большасьць яе была раскідана па ўсяму мястэчку на пастоі ў прыватных кватэрах. Трэба дадаць, што не ўва ўсіх нават інвалідаў былі на руках стрэльбы і набоі. Сучасьнік тагочасных падзей С. Кулеша ў сваіх успамінах піша: „Около 12 числа апреля (па новаму стылю 24 красавка. У. І.) начальник инвалидной команды под благовидным предлогом отправил фельдфебеля в Могилев. Отобрав у команды боевые патроны, он сложил их в цейхгауз, а солдат разместил по частным квартирам в городе“.[110] Калі верыць гэтаму сьведку, дык у Горацкіх інвалідаў на руках зусім ня было баявых набояў. З гэтым ня можна згадзіцца, бо ўсе іншыя весткі гавораць, што баявыя набоі ў салдат былі; ня было толькі ў дастатковым ліку стрэльбаў. Ня можна згадзіцца і з тым, што інваліды былі разьмешчаны па прыватных кватэрах па асобнаму загаду начальніка каманды толькі ў канцы красавіка, бо і раней частка інвалідаў не зьмяшчалася ў кашарах. С. Кулеша, апроч таго, малюе начальніка інваліднай Горацкай каманды, як чалавека, які спачувае паўстанскаму руху. Цэлы шэраг іншых вестак кажа нам, што начальнік інваліднай каманды стаяў на старане расійскага ўраду, пры нападзе паўстанцаў абараняўся да астатняга і ўрэшце быў узяты паўстанцамі ў палон.

Каля другой гадзіны ўночы аддзел Тапара-Зьвярждоўскага няпрыметна ўвайшоў у мястэчка. Да паўстанскага аддзелу адразу далучылася студэнцкая організацыя і некаторыя з абываталяў гораду. Праўда, апошніх было вельмі мала. У поўным маўчаньні паўстанскі аддзел разьбіўся на некалькі часьцей, якія і разышліся для заняцьця важнейшых пунктаў. Адна частка зрабіла нечаканы напад на кашары, дзе зьмяшчалася найбольш інвалідаў. Другая частка пайшла браць памяшканьне, дзе жыў начальнік інваліднай каманды. Трэцяя частка накіравалася ў Земляробскі Інстытут. Іншыя зусім дробныя паўстанскія групы разышліся па больш небясьпечных мясцох гораду. Ня гледзячы на дрэнныя ўмовы, інвалідная каманда абаранялася даволі ўпарта, але нічога не магла зрабіць: паўстанцы напалі на горад зьнячэўку, і інваліды не пасьпелі сабрацца для абароны ў адно месца, апроч таго, ня ўсе з іх мелі на руках стрэльбы. Пасьля паражэньня частка інвалідаў разьбеглася і пахавалася, а частка (каля 30 чалавек) папалі ў палон да паўстанцаў разам з сваім начальнікам.

Студэнты ў будынку Інстытуту не абараняліся, бо ў сваёй большасьці яны спачувалі паўстаньню. Быў забіты толькі адзін з кур‘ераў Інстытуту, што не паслухаў загаду паўстанца-часавога спыніцца. Дырэктар Інстытуту Траўтфэтэр быў таксама проці ўзброенай абароны Інстытуту. Ён лічыў, што ня можа быць і размовы аб супраціўленьні паўстанцам, якія ўзброены і складаюць сабою значную лічбу. Каб зьберагчы жыцьцё для жыхароў інстытуцкага будынку, каб самую ўстанову зьберагчы для дзяржавы, ён лічыў, што трэба трымацца спакойна і пакорліва. Тым ня менш далёка ня ўсе студэнты засталіся „спокойнымі". У той час, калі ў будынку Інстытуту, праўда, усё было спакойна, па-за межамі Інстытуту значная частка студэнтаў вяла сябе вельмі актыўна. Уся паўстанская студэнцкая організацыя прымкнула да аддзелу Л. Зьвярждоўскага і прымала даволі чынны ўдзел у распачатай бойцы. Адзін студэнт, Дамарацкі, што прымаў удзел у нападзе на інвалідную каманду, быў нават забіты ў часе бойкі.

У часе нападу паўстанцаў на мястэчка ў некалькіх мясцох Горы- Горак распачаўся пажар, які хутка стаў пашырацца па ўсяму гораду, што наводзіла яшчэ большую паніку на жыхарства. Горад быў вельмі скучаны, складаўся з драўляных будынкаў, пакрытых гонтамі, а яшчэ часьцей саломай, дзякуючы чаму большая палавіна мястэчка апынулася ў полымі. Гасіць пажар у ўмовах нападу было амаль што немагчыма. Зразумела, узьнікненьне пажару было прыпісана паўстанцам, і мяшчанства Горы-Горак настроілася яшчэ больш варожа ў адносінах да іх, вінавацячы паўстанцаў у сваім разарэньні. Варожыя адносіны да паўстанцаў з боку мяшчан выявіліся, напрыклад, у факце спакушэньня на забойства Тапара - Зьвярждоўскага. Нейкі мешчанін страляў у Зьвярждоўскага. Кўля папала не ў Зьвярждоўскага, а ў каня, на якім ён ехаў. Мешчаніну, што страляў, удалася ўцячы і схавацца. Усяго згарэла за ноч па адных вестках каля 50 будынкаў, па другіх вестках каля 70 будынкаў. Так ці іначай, але гэта быў вялікі ўдар па такому маленькаму, убогаму гарадку, як Горкі, які потым доўга ня мог аправіцца пасьля пажару.

Пад раніцу горад быў узяты паўстанцамі. Было забіта некалькі інвалідаў і некалькі паранена. З казначэйства паўстанцы забралі жалезную касу з грашыма і іншымі каштоўнасьцямі. Усе спробы разьбіць касу і выкарыстаць захаваныя ў ёй каштоўнасьці не далі ніякіх вынікаў. Выходзячы з гораду, паўстанцы ўзялі гэтую касу з сабою, але потым кінулі па дарозе ня зломанаю. З інстытуцкай касы было ўзята каля 15 тысяч рублёў. Апроч таго, з Інстытуту было ўзята некалькі параконных фурманак пад харч.

Пахаваўшы з урачыстасьцямі ў інстытуцкім садзе забітага студэнта Дамарацкага і адпачыўшы, паўстанцы каля другой гадзіны дня 6-га мая (новы стыль. У. І.) вышлі з гораду. Аддзел накіраваўся ў напрамку да буйнога маёнтку Цэханоўскага Дрыбіна. Тут паўстанцаў спаткалі вельмі добра. Аддзел Зьвярждоўскага ў Дрыбіне пераначаваў, адпусьціў назад у Горкі інвалідаў, што былі ўзяты ў палон, і накіраваўся на поўдзень на Чаўсы і Чэрыкаў, каб тут зноў працягваць сваю чыннасьць і ўзяць далейшы напрамак на Магілёў, згодна пляну Серакоўскага.[111]

У Магілёве вельмі хутка даведаліся аб чыннасьці паўстанскай групы Зьвярждоўскага. У першыя часы губэрскае начальства, не выключаючы і губэрнатара Беклямішава, зусім згубіла галаву і ня ведала, што рабіць. Пачалі хадзіць самыя невераемныя чуткі аб сілах і лічбе паўстанцаў. Гаварылі, што паўстанскі атрад Тапара-Зьвярждоўскага складаецца больш як з тысячы паўстанцаў, што ў атрадзе налічваецца некалькі сот кавалерыстах, маецца добрая зброя і вялізны абоз з амуніцыяй і харчамі. Трэба думаць, што чуткі распаўсюджваліся і падтрымліваліся асабліва тымі, хто спачуваў паўстанцам. Але праз нейкі час праўда раскрылася: у горадзе ўрэшце даведаліся аб сапраўдных сілах паўстанцаў. Апроч таго, пачаў выяўляцца настрой сялянства і адмоўныя адносіны яго да паўстанцаў. Расійская ўлада пачала выкарыстоўваць гэты настрой і яшчэ больш паглыбляць яго. Сярод сялянства былі пушчаны чуткі, што ўсе паўстанцы складаюцца выключна з польскіх паноў, што яны падняліся проці царскага ураду толькі таму, што хочуць назад вярнуць паншчыну, якую расійскі цар скасаваў. Сялянства пайшло на гэтую прынаду і выступіла актыўна проці паўстанцаў, падтрымліваючы царскі ўрад.

Пры такіх умовах паўстанцам ня можна было разгарнуць сваю чыннасьць у Магілёўшчыне. Трэба было думаць аб іншым раёне. Да Зьвярждоўскага дайшлі весткі, што на захадзе, у Менскай губэрні, сялянства адносіцца да паўстанцаў прыхільна. Ён і пачаў з сваім аддзелам прабівацца на захад, да граніц Меншчыны. Становішча аддзелу было вельмі цяжкое, бо сялянства ня толькі не падтрымлівала яго, але наадварот, перашкаджала яму на кожным кроку. Голад канчаткова дабіў паўстанцаў. З кожным днём аддзел зьмяншаўся. Калі паўстанцы падышлі да Прапойску, аддзел налічваў у сваім складзе ня больш як 30 чалавек. Настрой аддзелу быў такі, што Зьвярждоўскаму заставалася толькі распусьціць яго, што ён і зрабіў.

Паўстанцы паслалі ў мяст. Прапойск да станавога прыстава сваіх прадстаўнікоў з заяваю, што яны хочуць здацца. Прыстаў гэтую здачу прыняў. Паўстанцы здалі зброю, былі заарыштаваны і пад ахранай сялянскай варты былі адпраўлены ў Магілёў. Амаль што адначасна з гэтым быў ліквідаваны паўстанскі рух у Аршанскім, Рагачэўскім і іншых паветах Магілёўшчыны. Галоўнейшыя паўстанцы былі арыштаваны, прысуджаны да кары сьмерцю і потым расстраляны. У Магілёве расстралялі падпаручніка Корсака, двох прапаршчыкаў братоў Манцэвічаў і шляхціча Анцыпу. У Рагачэве расстралялі Тамаша Грыневіча, у Оршы — Будзіловіча.

Калі рэшткі адзелу Зьвярждоўскага здаваліся ў Прапойску ў рукі расійскай улады, самога Зьвярждоўекага там ужо ня было. Пабачыўшы разлажэньне аддзелу, ён яго распусьціў, а сам з некалькімі больш устойлівымі таварышамі накіраваўся ў Магілёў. Уся поліцыя была паднята на ногі, каб злавіць яго. Ня гледзячы на гэта, пад чужым імем, пераапрануўшыся, ён здолеў прасядзець у самым Магілёве некалькі дзён. Поліцыі і ў галаву ня прыходзіла, што Зьвярждоўскі адважыцца хавацца ў самым горадзе. Здабыўшы тут пашпарт і грошы, Зьвярждоўскі з вялікімі цяжкасьцямі выбраўся нейкім спосабам да Чорнага мора. Тут яму ўдалася морам дабрацца да Константынопаля, дзе ён і супыніўся. Жывучы ў Константынопалі, Зьвярждоўскі ня губляў сувязі з паўстаньнем. Вельмі хутка яму ўдалася прабрацца ў Польшчу, дзе ён ізноў прыймае вельмі чынны ўдзел у ўзброенай барацьбе з царызмам. У лютым 1864 году Тапор-Зьвярждоўскі стаіць на чале аднаго аддзелу ў Кракаўскім ваяводзтве пад агульным камандваньнем Куроўскага. 21-га лютага ён з сваім аддзелам прымае ўдзел у нападзе на г. Апатаў. Горад амаль што быў узяты. У канцы бою ўрадаваму войску ўдалося адбіць паўстанцаў. Зьвярждоўсікі ў часе бойкі быў паранены штыком і вынесены з бою. Адступаўшыя з-пад Апатава паўстанцы нечакана спаткаліся з расійскімі сіламі, што ішлі на дапамогу Апатаву. Паўстанцы былі разьбіты, шмат палонных і параненых папаліся ў рукі расійцаў. Сярод параненых быў і Зьвярждоўскі. Нейкі выпадак дапамог адміністрацыі пазнаць яго, і ён, ня гледзячы на рану, быў павешаны на Апатаўскім рынку. Зьвярждоўскі спаткаў сьмерць з поўнай вытрываласьцю рэволюцыянэра.

Урэшце, некалькі слоў аб Казанскай справе, якая па пляну павінна была быць увязана з выступленьнем Зьвярждоўскага ў Магілёўшчыне.

Пецярбурскі Аддзел праз Е. Кіневіча зьвязаўся з расійскімі падпольнымі організацыямі. Ад польскіх і рускіх організацый былі вызначаны кіраўнікамі змовы Е. Кіневіч, М. Чэрняк, Іваніцкі, Станкевіч і інш. Да справы было прыцягнута некалькі чалавек з мясцовай моладзі, у тым ліку некалькі афіцэраў з Казанскага гарнізону. У змове прымалі ўдзел і студэнты Казанскага унівэрсытэту. Удзельнікі змовы выпусьцілі „Залатую Грамату", у якой ад імя цара даваліся сялянству ўсякія вольнасьці: панская зямля бяз выкупу, скасаваньне рэкруцкага набору, зьнішчэньне падушнага падатку, абраныя органы ўлады, на чале якіх у Маскве будзе „Земская Рада", што разам з царом будзе кіраваць усёй Расіяй. У канцы граматы было вызначана, што кожны селянін павінен узяцца за зброю, калі будзе бачыць, што генэралы, урадоўцы і паны парушаюць царскую волю, апублікаваную ў „Залатой Грамаце". Грамата датавана 31 сакавіка 1863 году па старому каляндарнаму стылю. Быў проект пашырыць „Грамату" па цэнтральнай і паўднёвай Расіі, каб выклікаць шырокі сялянскі рух. Але вельмі хутка пра змову стала вядома царскай уладзе, і загаворшчыкі былі арыштаваны. Кіневіч, Іваніцкі, Станкевіч і Мрочак пасьля суду над імі былі расстраляны. Чэрняку ўдалося ўцячы, але і ён потым усё-ж такі папаўся ў рукі ўлады і быў урэшце расстраляны. Дваццаць чалавек былі прысуджаны да катаржных работ, некалькі дзесяткаў чалавек было выслана ў выгнаньне і пакарана лозамі і бізунамі. У выніку змовы ў сярэдніх лічбах мая ў некаторых мясцовасьцях распачаліся сялянскія непарадкі, напрыклад, у Пензенскай губэрні. Гэтыя непарадкі былі хутка спынены рэпрэсіўнымі мерамі.

Такім чынам і другая частка пляну Серакоўскага скончылася няўдачаю. Паўстаньне на Магілёўшчыне і спроба падняць рэволюцыйны рух у цэнтральнай Расіі былі зьнішчаны ў самым пачатку.

А. МАЦКЕВІЧ І КАМПАНІЯ З. СЕРАКОЎСКАГА-ДАЛЭНГІ.

Згодна пляну сам З. Серакоўскі меўся асесьці ў лясных гушчарах уласнай Літвы і там будаваць вайсковы цэнтар паўстаньня на Беларусі і Літве, засноўваючы тут падваліны для рэгулярнай паўстанцкай арміі, якая павінна была, па пляну, зьмяніць партызанскія аддзелы. Зьяўленьне рэгулярнай паўстанскай арміі, па думцы З. Серакоўскага, павінна было зусім зьмяніць становішча паўстанскай справы, павінна было паставіць паўстаньне на цьвёрдыя ногі, зрабіць яго сапраўднаю вайною, накіраванаю проці расійскага ўраду. Вызначаючы для гэтай сваёй дзейнасьці лясы і балоты ўласна Літвы, З. Серакоўскі меў на ўвазе фізычныя якасьці гэтай тэрыторыі, якія рабілі яе недаступнаю для расійскага войска. Апроч таго, ён бязумоўна меў на ўвазе яшчэ і той факт, што тут з самага пачатку працаваў ксёндз Антон Мацкевіч, якога, ня гледзячы на яго ксяндзоўскую сутану, трэба залічыць да чырвоных паўстанцаў. Яму ўдалося ўтварыць тут моцныя паўстанскія аддзелы, якія амаль-што цалкам складаліся з сялян і ўтрымліваліся таксама амаль выключна сялянствам. Зразумала, аддзелы А. Мацкевіча маглі быць ядром той рэгулярнай паўстанскай арміі, якую З. Серакоўскі меў намер утварыць.

Асоба Антона Мацкевіча, аб якім мы ўжо ўпаміналі раней, была цікаваю фігураю паўстаньня, на якой трэба крыху спыніцца. Цэлы шэраг аўтараў-сучасьнікаў прызнаюць за Мацкевічам шмат выдатных якасьцяй. Ведае яго і Мураўёў-вешальнік. У сваіх запісках ён адзываецца аб Мацкевічу так: „Мацкевіч — чалавек надзвычайна лоўкі, дзейны, разумны і фанатык. Ён меў нязьмерны ўплыў на народ".[112] Характарызуе А. Мацкевіча ў сваіх успамінах і Н. Імэрэцінскі. Ён піша аб ім наступнае: „Ксёндз Падбярэскага касьцёлу Ўладыслаў (імя ў успамінах пераблытана. У. І.) Мацкевіч па адукацыі і ваеннай падрыхтоўцы бязумоўна стаяў ніжэй за Серакоўскага і Нарбута, але затое быў здальнейшы за іх абодвух, узятых разам. Наколькі я магу меркаваць з усяго, што я аб ім чуў, Мацкевіч меў нязвычайны розум, быў абдараны няўгібнаю воляю і нязломнай энэргіяй".[113] Далей Імэрэцінскі слова ў слова паўтарае тое, што сказаў аб Мацкевічу Мураўёў.

Пасьля гэтых сьведчаньняў, якія зроблены ворагамі паўстаньня і Мацкевіча, мы падамо словы самога Мацкевіча аб уплыве яго на сялянства. У сваіх паказаньнях на судзе ён гаворыць аб гэтым так. „На мой заклік моладзь пакінула сваіх бацькоў і сабралася са зброяю ў руках і з цьвёрдай рашучасьцю ў душы абараняць бацькаўшчыну. Такім чынам народ на падставе рэлігійнага пачуцьця, а шляхта дзеля шуканьня знадворных адзнак пашаны для сябе, ці проста трымаючыся моды, пайшла за мною. Я павінен дадаць, што такога посьпеху я дасягнуў не адразу, але ўпартаю працаю на працягу дванаццаці год".[114] Зразумела, што сялянства ішло за А. Мацкевічам зусім ня толькі дзеля рэлігійнага пачуцьця. Калі рэлігія ў тыя часы і была яшчэ вельмі пашыраным дурманом, калі дробна-буржуазныя рэволюцыянэры лічылі магчымым і патрэбным яшчэ больш атручваць гэтым дурманом сялянскія галовы, то ўсё-ж такі сялянства, нават і атручанае, не пайшло-б за Мацкевічам, калі-б ён не падкрэсьліў выразна сваёй „мужыцкай" процішляхецкай програмы дзейнасьці.

Па свайму пахаджэньню Антон Мацкевіч быў літвін. Як і К. Каліноўскі, А. Мацкевіч быў сын зусім зьбяднелага дробнага шляхціца, які меў невялікі кавалак зямлі недалёка ад мяст. Цытавяны. Навучыўшыся чытаць і пісаць у хаце, хлопчык пачаў выяўляць выдатныя здольнасьці да навукі. Бацькі былі бедныя і мала маглі дапамагчы сыну ў гэтых адносінах, ува ўсякім выпадку яны не маглі наняць для яго хатняга настаўніка. Калі Мацкевічу было 12 год, ён паступіў у Віленскую гімназію. У гімназіі, дзякуючы беднасьці бацькоў, яму жылося вельмі дрэнна. Скончыўшы даволі пасьпяхова гімназію, Мацкевіч паступіў у Кіеўскі унівэрсытэт. У Кіеве, як і ў Пецярбургу, існавалі падпольныя опозыцыйныя і рэволюцыйныя гурткі, у адзін з якіх трапіў і Мацкевіч. Тут ён прышоў да вельмі нечаканага, з нашага пункту погляду, вываду. Літоўскі селянін, католік па свойму вызнаньню, — вельмі рэлігійны, ён верыць аўторытэту ксяндза. Ксёнд для яго — безапэляцыйны аўторытэт. Для таго, каб уцягнуць сялянства ў рэволюцыйны рух, трэба выкарыстаць яго рэлігійнасьць, выкарыстаць прызнаньне селянінам аўторытэту ксяндза. Для рэволюцыйнай працы сярод сялянства трэба апрануць на сябе ксяндзоўскую сутану. А. Мацкевіч так і зрабіў. У сваіх паказаньнях на судзе па гэтаму пытаньню Мацкевіч[115] гаворыць так: „я ня ведаю, ці вы мне паверыце: але годнасьць ксяндза я прыняў у мэтах здабыцьця лепшага доступу да майго народу і хутчэйшага скарыстаньня яго даверся".

Трэба вызначыць, што ў часы паўстаньня 1863 году такія выпадкі, калі моладзь для агітацыйных і рэволюцыйных мэтаў выкарыстоўвала рэлігію, былі даволі частыя. Гэта мы бачым, калі чытаем тагочасныя паўстанчая адозвы, часопісы, „залатыя граматы" і г. д. Дробна-буржуазны рэволюцыянэр, нават робячы рэволюцыю, атручвае масы імем бога ці цара, лічачы, што гэта памагае рэволюцыі. Таксама і рэакцыянэры прызнаюць, што такая рэволюцыянізацыя мас вельмі дзейная. Так, напрыклад, думае біскуп Фэлінскі, аб якім мы ўжо гаварылі раней.

Зрабіўшыся ксяндзом, А. Мацкевіч сваю блізкасьць да сялянства выкарыстоўваў для агітацыі. Ён даводзіў, што „прычынаю ўбоства і ўціску сялян зьяўляецца царскі ўрад", што не ў далёкай будучыне „настане такі час, калі ўвесь народ паўстане, прагоніць цара і здабудзе сабе вольнасьць". Мацкевіч стараўся быць прысутным на ўсіх сходбішчах сялян, каб весьці пропаганду. Па яго словах яму памагалі весьці пропаганду — паліцыя сваімі гвалтамі і шляхта сваім нялюдзкім абыходжаньнем з сялянамі. Адносіны свае да земляўласьніцкай шляхты Мацкевіч малюе так: „З абшарнікамі я быў не ў ладох, бо бачыў у іх асобе старую польскую шляхту, варожую народу. Апроч таго, яна была больш польскаю, чым літоўскаю".[116] Свае політычныя погляды А. Мацкевіч формулюе так. „Маім імкненьнем было — вярнуць майму літоўскаму народу правы люднасьці, зьнішчаныя шляхтаю і пакінутыя бяз увагі адміністрацыяй. Я заўжды лічыў патрэбным організоўваць паўстаньні ў Ковенскай, Віленскай і Горадзенскай губэрнях раней партызанскае, а потым народнае. Організатарам я быў не па прымусу, а па ўласнаму перакананьню.[117] Жаданьне людзям дабра дало мне магчымасьць і моц падняць народ, як для прабуджэньня ў ім самасьвядомасьці, так і для выяўленьня пытаньня, з кім ён хоча злучыцца: з Расіяй ці Польшчай. Такое народнае права ўжо існуе ў Эўропе. У нас яно магло быць выяўлена ня іначай, як толькі праз самавызваленьне, якое здабываецца толькі вайною, якая павінна была загарэцца на Літве пры паўстаньні ў Царстве Польскім. Такія былі мае політычныя погляды. Але дзякуючы таму, што Літве не хапае шмат якіх умоў для самастойнай рэволюцыі, я хацеў усёй масаю дапамагаць Польшчы, разам з тым вымагаць дапамогі з яе боку для літоўскай рэволюцыі, каб здабыць для майго народу хоць часовае замацаваньне грамадзянскіх праў і бясплатны надзел зямлі, які ў будучыне мог-бы палепшыць народны дабрабыт".[118]

Удзел у паўстаньні, як мы бачылі раней, Антон Мацкевіч прыняў у палове лютага 1863 году. „Маючы ўжо гатовы да паўстаньня народ, я падняў штандар паўстаньня і, пасьля набажэнства, з 250 паўстанцамі накіраваўся ў лес“.[119] Аддзел Мацкевіча амаль што цалкам складаўся з сялян. Ён быў узброены паляўнічымі стрэльбамі, шаблямі, косамі і пікамі. На чале паўстаньня тады стаяў яшчэ чырвоны Віленскі Камітэт; з якім і быў зьвязаны А. Мацкевіч. У сваіх паказаньнях ён гаворыць аб гэтым і вызначае, што ўмовы консьпірацыі не дазвалялі яму нават старацца даведацца аб асобах, з якіх складаўся Віленскі Камітэт.

Месцам чыннасьці свайго паўстанскага аддзелу А. Мацкевіч зрабіў непраходную Кракінаўскую пушчу, што знаходзілася ў самым цэнтры ўласнае Літвы. Адсюль ён рабіў нечаканыя, і вельмі ўдалыя напады на паасобныя расійскія аддзелы. Аддзел Мацкевіча паступова ўзрастаў: праз некалькі дзён ён налічваў у сваім складзе больш 400 чалавек. Паўстанцы ўвесь час вучыліся вайсковай справе і захоўвалі самую моцную дысцыпліну. Сярод сялянства Ковеншчыны аддзел Мацкевіча быў вельмі цопулярны. Сяляне падтрымлівалі яго харчамі як бяз платы, так і за плату. У сваіх паказаньнях А. Мацкевіч гаворыць, што харчы ён атрымоўваў ад „народу", які ахвотна ішоў яму на спатканьне ў гэтых адносінах. Прыходзілася часам браць харчы і ад паноў, якія, па словах Мацкевіча, далёка не заўсёды выяўлялі сваю добрахвотнасьць. У такіх выпадках ён браў ад паноў харчы сілком, пагражаючы нават ім у патрэбных выпадках сьмерцю. Праўда, Мацкевіч вызначае, што такія выпадкі здараліся ня вельмі часта.

Пасьля перавароту ў Вільні, у сакавіку, калі кіраўніцтва паўстаньнем на Літве і Беларусі захапіў у свае рукі Белы Кіраўнічы Аддзел, ён рашыў выкарыстаць посьпехі Мацкевіча ўва ўласнай Літве для таго, каб тут утварыць вайсковы цэнтар паўстаньня. Сюды і накіраваўся Зыгмунт Серакоўскі. Раней, у пачатку красавіка, ён пабываў у Коўні, а адсюль пераехаў у мястэчка Шаты, што знаходзілася ў Жмудзкіх лясох. Тут ён прад‘явіў сваё прызначэньне на пасаду ваяводы Жмудзкага і Літоўскага, данае яму Белым Віленскім Аддзелам. Ранейшы Жмудзкі ваявода Длускі-Ябланоўскі, які меў прызначэньне яшчэ ад Чырвонага Камітэту, павінен быў здаць яму свае поўнамоцтвы, што ён і зрабіў. Сюды, у Шаты, былі выкліканы начальнікі паасобных паўстанскіх аддзелаў, якім было прапанована прызнаць уладу прысланага ваяводы, на што яны таксама згадзіліся. Апроч А. Мацкевіча, тут прысутнічалі Колышка, Малецкі, Куштэйка і інш.

Усе гэтыя начальнікі аддзелаў у большасьці належалі да чырвоных. Пасьля А. Мацкевіча найбольшы ўплыў сярод іх мае Колышка. Гэта — энэргічны, сьмелы рэволюцыянэр, вядомы сваёю агітацыяй і пропагандай яшчэ з канца 1862 году. Ён зьяўляецца тады пасьлядоўнікам Герцэна і пашырае яго творы сярод маладых расійскіх афіцэраў Лідзкага гарнізону. Зьмест агітацыі Колышкі наступны. Расійскі і польскі народы зьяўляюцца роднымі братамі. Паміж імі не павінна быць варожых адносін. Абодвы народы сумеснымі сіламі павінны змагацца проці агульнага іх ворага. Такім агульным ворагам рускага і польскага народу зьяўляецца расійскі царызм, які зьяўляецца разам з тым ворагам мужыка і абаронцаю інтарэсаў абшарніка. Сумеснымі сіламі трэба зьнішчыць царызм, вызваліць усе прыгнечаныя Расіяй народы і даць зямлю і волю сялянству ўсіх народаў. Паўстаньне прынясе вялікую карысьць ня толькі польскаму, але і расійскаму народу, які, абапіраючыся выключна толькі на свае сілы, ніколі, ня зможа вызваліць сябе з няволі царызму.

Паміж Серакоўскім і мясцовымі начальнікамі аддзелаў хутка пачалі выяўляцца прынцыповыя разыходжаньні. З. Серакоўскі і раней належаў да вельмі памяркоўнай групы чырвоных. У апошнія часы ён значна яшчэ пабялеў. Апроч таго, атрымаўшы ўпаўнаважаньне ад Белага Віленскага Аддзелу, ён павінен быў праводзіць яго прынцыповую лінію ў адносінах да напрамку паўстаньня. Дзякуючы гэтай лініі, да ўдзелу ў паўстаньні прыцягвалася земляўласьніцкая шляхта, што адсоўвала на задні плян „мужыцкую" програму чырвоных і пытаньне аб аграрнай рэволюцыі. І ў рэчаіснасьці панства Ковеншчыны спаткала прызначэньне і прыезд Серакоўскага вельмі прыхільна, весткі аб чым мы знаходзім у Ласкарыса.[120] Ён вызначае, што земляўласьнікі Ковеншчыны, якія па свайму соцыяльнаму становішчу ўвесь час належалі да белых, вельмі былі здаволены, што Белы Віленскі Аддзел прыслаў вучонага штабнога афіцэра. Яны пачалі падтрымліваць паўстаньне, не шкадуючы для гэтага грошай і наогул сродкаў. Зразумела, справа была ня ў „вучонасьці", а ў напрамку політыкі Серакоўскага.

Апроч таго, выявіліся разыходжаньні паміж Серакоўскім і мясцовымі рэволюцыянэрамі і ў іншых пытаньнях. Адным з такіх пытаньняў было пытаньне аб концэнтрацыі ў Жмудзі вайсковых сіл, што Серакоўскі павінен быў зрабіць згодна пляну. Мацкевіч, Колышка і іншыя начальнікі аддзелаў лічылі, што концэнтрацыі сіл ў адну армію пакуль што зусім ня трэба рабіць, бо гэта зьяўляецца ў даных умовах вельмі рызыкоўнай і небясьпечнай справай. Сабраныя ў суцэльную вялікую адзінку паўстанскія сілы вымагалі лепшай організацыі інтэнданскай часьці, а гэта было немагчыма, тым больш, што з прыездам Серакоўскага павінен быў зьменшыцца нажым на земляўласьніцкую шляхту, з якою Белы Віленскі Аддзел быў вельмі далікатны. Апроч таго, сабраныя ў адну адзінку паўстанскія сілы рызыкавалі быць разьбітымі за адзін раз пры сустрэчы з моцным расійскім аддзелам. Уся справа рызыкавала зрабіцца траскучым фэервэркам, чаго зусім не хацелі мясцовыя працаўнікі.

Абапіраючыся на сваё ўпаўнаважаньне, Серакоўскі настойваў на выкананьні пляну і на концэнтрацыі пад яго кіраўніцтвам усіх мясцовых узброеных сіл. Не жадаючы ламаць адзінага фронту з белымі, а таксама і вайсковай дысцыпліны, Мацкевіч, Колышка і іншыя начальнікі паўстанскіх груп павінны былі падпарадкавацца загаду. Збор паасобных аддзелаў у адзін вялікі аддзел быў назначаны на 19 красавіка ў Крэмянецкіх лясох кадя Кейданаў. У гэты дзень у рэчаіснасьці тут сабраліся паўстанскія сілы, якія ўсе разам складалі каля 1000 чалавек. Чуткі, што разышліся наўкола, моцна перавялічвалі сапраўдную лічбу паўстанцаў. Нават офіцыйныя данясеньні моцна грашылі гэтым грахом. І. П. Карнілаў, адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў Мураўёва-вешальніка, у сваіх успамінах[121] піша аб гэтым так: „В донесении (якое было атрымана ў Вільні. У. І.) было сказано, что по полученным сведениям в окрестностях Вилькомира, Поневежа и в Александровском уезде собрались вооруженные шайки, числом до 20000 человек". У страха, як кажуць, вочы вялікія. Гэткія чуткі прымусілі расійскую адміністрацыю зьвярнуць вялікую увагу на паўстанскі рух у Ковеншчыне і кінуць туды шмат войска. Гэты факт лішні раз пацьвярджае, што Мацкевіч, Колышка, Малецкі і іншыя начальнікі паўстанскіх аддзелаў мелі рацыю, калі не згаджаліся з Серакоўскім на фэервэрачную концэнтрацыю ўзброеных паўстаўкіх сіл у Ковеншчыне.

19 красавіка Серакоўскі наладзіў урачыстае сьвята прыйма прысягі і вывеў свой аддзел з лясоў на шлях, што ішоў на мяст. Вадаклы. Гэты адкрыты ўрачысты марш паўстанскага войска быў бязумоўна вельмі рызыкоўным і непатрэбным фактам, з якім не згаджаліся мясцовыя партызанскія начальнікі. Па дарозе паўстанцам наладжваліся ўрачыстыя спатканьні з боку духавенства каталіцкага, нават яўрэйскага і з боку шляхты. Шляхецкая земляўласьніцкая моладзь уступала ў шэрагі войска, што зьмяняла яго соцыяльны склад, а разам з тым і соцыяльныя пажаданьні.

Пасьля невялікай астаноўкі ў мяст. Вадаклах, аддзел Серакоўскага накіраваўся ў Рагоўскія лясы, каб там стаць на нейкі час абозам. Серакоўскі хацеў у час гэтай стаянкі ўпарадкаваць свой аддзел організацыйна і заняцца ваенным практыкаваньнем паўстанцаў. Але аб маршы паўстанскага аддзелу ўжо даведалася камандаваньне расійскіх сіл, што знаходзіліся ў Вількаміры. Апроч таго, расійцам было дана знаць, што аддзел Серакоўскага ідзе у напрамку да Рагоўскай пушчы. 22 красавіка з Вількаміру таксама ў напрамку да Рагоўскай пушчы, на сустрэчу Серакоўскаму, быў высланы даволі вялікі расійскі аддзел. Сутычка Серакоўскага з расійскімі сіламі адбылася пры вёсцы Гінэтыну. І. Грабец так апісвае гэтую першую сутычку аддзелу Серакоўскага з урадавым войскам, „Пад вёскаю Гінэтынам адбылася першая бойка Серакоўскага. Даведаўшыся, што проці яго выслана рота пяхоты і эскадрон улан, Серакоўскі дзьвінуўся на няпрыяцеля і зрабіў засаду. Літоўскія стральцы, добра схаваныя з абодвух бакоў дарогі, спаткалі надыходзячых расійцаў моцным агнём. Расійскі аддзел ня вытрымаў і, адстрэльваючыся, пачаў адступленьне. Серакоўскі і Мацкевіч на чале касіньераў кінуліся на іх у атаку. Распачалася крывавая барацьба ў косы і штыхі. Харобрыя жмудзіны адважна біліся з расійскаю пяхотаю і ўланамі. Урэшце няпрыяцель кінуўся ў непарадку ўцякаць, пакінуўшы на пляцы бойкі 40 чалавек забітых, некалькі параненых і цэлы абоз ў руках паўстанцаў".[122]

Гэтая перамога над няпрыяцелям падняла настрой паўстанцаў і падтрымала аўтарытэт Далэнгі-Серакоўскага. Сярод насельніцтва зьявілася ўпэўненасьць, што паўстаньне будзе мець большы посьпех, чымсі раней. Павялічыўся прыток добрахвотнікаў у шэрагі паўстанцаў, і да аддзелу Серакоўскага далучалася некалькі дробных паўстанскіх груп, што дагэтуль хаваліся ў бліжэйшых лясох.

Адпачыўшы крыху пасьля цяжкай бойкі, у ноч з 23 на 24 красавіка, Серакоўскі накіраваўся ў паўночным напрамку і спыніўся пад невялічкаю вёскаю Карсакішкамі. Тут 24 красавіка адбылася другая бойка з тым самым расійскім аддзелам, што і пад Гінэтынам. Урадавы аддзел ўжо быў крыху падмацаваны новымі сіламі. Ня гледзячы на гэта, ён ўсё-ж такі ня мог справіцца з паўстанцамі. Пасьля нядоўгай перастрэлкі бойка скончылася бяз пэўных вынікаў для той і другой стараны.

Пасьля бойкі расійскі аддзел накіраваўся ў Панявеж, а Серакоўскі свае сілы накіраваў у Андроніцкую пушчу, і тут, сярод амаль непраходных лясоў і балот, стаў лягерам каля засьценку Тэразбору, які знаходзіўся недалёка каля мястэчка Анікштаў. Тут аддзел спакойна прастаяў некалькі дзён для канчатковай організацыі і для працягу ваеннага практыкаваньня. Лічба паўстанскага войска ў гэты момант даходзіла да 2500 чалавек. Усё войска было падзелена на 9 батальёнаў, з якіх 8 батальёнаў было касіньераў і толькі адзін батальён складалі стральцы. Коньніцы ў паўстанскім войску амаль-што зусім ня было: налічвалася толькі 30 конных паўстанцаў. Такая зусім нязначная лічба стральцоў і асабліва коньніцы тлумачыцца тым, што вельмі вялікая частка войска складалася з незаможнай шляхты і сялян, якія звычайна былі касіньерамі. Мець стрэльбу і каня маглі толькі больш-менш заможныя паўстанцы. Усе паўстанцы ў войску Серакоўскага былі даволі аднастайна апрануты ў літоўскія сярмягі з раменнымі паскамі і ў чорныя шапкі. У войску падтрымлівалася вельмі строгая дысцыпліна.

У Вільні, як мы казалі вышэй, былі ўжо атрыманы весткі аб зьяўленьні і руху аддзелу Серакоўскага. Сутычкі яго з расійскімі аддзеламі пад Гінэтынам і Карсакішкамі яшчэ больш зьвярнулі на яго ўвагу, бо гэтым аддзелам не ўдалося яго разьбіць. Па-ранейшаму хадзілі невераемныя чуткі аб вялікай колькасьці паўстанцаў у войску Літоўскага ваяводы Далэнгі. Зразумела, Віленскі генэрал-губэрнатар Назімаў павінен быў зрабіць рашучыя крокі для таго, каб ліквідаваць гэты рух.

Для барацьбы з Далэнгаю быў прызначаны генэрал Ганецкі, які 3 мая ўжо прыбыў з сваім аддзелам у горад Вількамір. У яго аддзеле налічвалася каля 1000 чалавек. Ганецкі быў упэўнены, што з такімі малымі сіламі ён ня здолее справіцца з паўстанцамі, бо, як мы ўжо гаварылі вышэй, хадзілі ўпартыя чуткі, што Далэнга мае ў сваім войску некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Каб павялічыць свой аддзел і каб бліжэй падыйсьці да стаянкі Далэнгі, Ганецкі раніцою 5 мая накіраваўся ў Анікшты, куды прышоў і ўвесь яго аддзел увечары ў той-жа дзень. Тут Ганецкі павялічыў свой аддзел да 1500 чалавек, уліўшы ў яго склад тыя вайсковыя часьці, што стаялі ў Анікштах і ў мястэчку Рогаве. Толькі тут ён даведаўся, што паўстанцы ўжо некалькі дзён стаяць лягерам каля Тэразбору, што знаходзіцца прыблізна ў дзьвёх мілях ад Анікштаў. Апроч таго, Ганецкі атрымаў весткі, што сапраўды паўстанскія сілы ў Далэнгі вельмі вялікія, што яны добра ўзброены і напрактыкаваны, што лік іх кожны дзень узрастае, дзякуючы таму, што з усіх старон да Далэнгі падыходзяць усё новыя і новыя добрахвотнікі.

У рэчаіснасьці справа стаяла зусім іначай: Серакоўскага ў гэты момант у Тэразборы ўжо ня было. Яшчэ 3 мая ўвечары паўстанцы адсюль вышлі. Перад выхадам ваявода Далэнга разьдзяліў сваё войска на тры часткі. Самую большую частку, што складалася з чатырох батальёнаў, ён узяў пад свой непасрэдны загад. Астатнія 5 батальёнаў былі падзелены паміж Колышкаю і Мацкевічам. Усе тры аддзелы павінны былі ісьці так, каб Серакоўскі быў у цэнтры, Колышка на левым крыле, а Мацкевіч на правым крыле. Аддзелы разышліся, кожны па вызначанаму для яго маршруту, каб зноў спаткацца пад вёскаю Мадэйкамі, якая знаходзілася недалёка ад маёнтку Тышкевіча Біржы. Нам зусім няясна, якія прычыны прымусілі Далэнгу, які ўвесь час стаяў на концэнтрацыі паўстанскіх сіл, разьбіць сваё войска на тры часьці.

Першым падышоў да Мадэйкаў аддзел, на чале якога стаяў Колышка. Тут 7-га мая на яго напаў адзін з аддзелаў Ганецкага. Распачалася перастрэлка. У часе перастрэлкі на дапамогу Колышку падышоў аддзел Серакоўскага. Цяпер перавага была на старане паўстанцаў. Яны кінуліся на расійцаў у атаку. Бойка цягнулася амаль паўтары гадзіны. Расійцы павінны былі адступіць, страціўшы да 150 чалавек забытымі і параненымі. Страты паўстанцаў таксама былі вялікія. Ноч супыніла бойку. Расійскі аддзел застаўся начаваць пад Мадэйкамі; а паўстанцы перайшлі пад вёску Гудзішкі.

На другі дзень, 8 мая, пад Гудзішкамі аддзелы Серакоўскага і Колышкі спаткаліся з галоўнымі сіламі Ганецкага. Балоцісты ручай дзяліў паўстанцаў і ўрадавыя войскі. Распачалася перастрэлка, якая цягнулася некалькі гадзін. Урэшце расійская пяхота кінулася праз ручай у атаку на паўстанцаў. Некалькі гадзін цягнулася зацятая бойка. Паўстанцы некалькі разоў адбівалі атакі супраціўніка і праганялі яго назад за ручай. К вечару сілам Ганецкага ўдалося канчаткова перайсьці праз ручай і замацавацца на другім яго беразе. Сілы паўстанцаў усё слаблі. Аддзел Мацкевіча спазьніўся і ня прыходзіў на дапамогу. Шмат палягло народу, у тым ліку шмат начальнікаў груп. Урэшце быў паранены сам Серакоўскі і вынесены з пляцу бойкі. Яго месца заняў начальнік штабу паўстанцаў Ляскоўскі. Паўстанцы ня вытрымалі і пачалі адступаць. Сьнежная завіруха, што ўзьнялася ў гэты час, ня дала магчымасьці расійцам прасьледваць паўстанцаў. Яны на працягу ночы змаглі сабраць людзей і зноў былі гатовы да бою, тым больш, што ўначы пасьпеў падыйсьці на дапамогу, спазьніўшыся, аддзел Мацкевіча.

Раніцою 9 мая Ляскоўскі, сабраўшы рэшткі аддзелаў Серакоўскага і Колышкі, разам з Мацкевічам накіраваўся пад вёску Шнурлішкі, дзе яны хацелі даць адпачынак сваім сілам. Яны думалі, што расійскія сілы ня змогуць без адпачынку разьвіваць сваю чыннасьць. Так-бы, відаць, і было-б, каб расейцам не ўдалося ўзяць у палон аднаго з паўстанцаў, які прагаварыўся, што ваявода Серакоўскі паранены, што забіта шмат начальнікаў, што паўстанцы знаходзяцца ў вельмі дрэнным матар'яльным і моральным становішчы. Зразумела, Ганецкі ня мог ня выкарыстаць такой сітуацыі. У дадатак да гэтага Ганецкаму ўдалося здабыць „языка" з мясцовых лясных вартаўнікоў, які паказаў, дзе паўстанцы пасьля бойкі пад Гудзішкамі зьбіраліся і куды накіраваліся. Бяз усякага маруджаньня аддзелы Ганецкага пайшлі наўздагон за паўстанцамі. Паўстанцы, не чакаючы нападу, у гэты час спакойна адпачывалі. Наглы напад расійцаў на змучаных паўстанцаў рашыў усю справу. Яны не змаглі даць належнага адпору. Хутка распачалася паніка, і паўстанцы ў непарадку кінуліся ўцякаць. Спробы паасобных начальнікаў затрымаць уцекачоў ня мелі ніякіх вынікаў. Расійцы атрымалі поўную перамогу. Яны забралі ў свае рукі ўвесь абоз са зброяю, амуніцыяй і харчамі, касу аддзелу, штандары Серакоўскага і каля 60 палонных. Толькі на другі дзень удалося Мацкевічу і Ляскоўскаму сабраць недабіткі войска Серакоўскага, з якіх склаліся два паўстанскія аддзелы; на чале аднаго з аддзелаў стаў Мацкевіч, на чале другога — Ляскоўскі. Аддзелы разьдзяліліся, разышліся ў розныя бакі і выратаваліся ад прасьледваньня атрадаў Ганецкага. Мацкевіч пасьля гэтага яшчэ доўга дзейнічаў у Ковеншчыне.

Пасьля бойкі пад Шнурлішкамі Ганецкі разаслаў па вакольных лясох аддзелы, каб палавіць тых паўстанцаў, што паразьбягаліся. Адзін з такіх аддзелаў напаў на сьлед і арыштаваў Далэнгу-Серакоўскага, які разам з Колышкам схаваўся ў фальварку Скрабішках. Арыштаваных даставілі ў мястэчка Мадэйкі, дзе была галоўная кватэра войск Ганецкага. На другі дзень Ганецкі разам з палоннымі накіраваўся ў Вільню. Ганецкаму было наладжана ўрачыстае спатканьне, а Серакоўскага пасадзілі ў турму, адкуль ён вышаў ужо толькі на эшафот. Так няўдала скончылася і гэтая частка пляну Серакоўскага. Наогул і ўвесь плян праваліўся.

ДЗЕЙНАСЬЦЬ ІНШЫХ ПАЎСТАНСКІХ ГРУП НА БЕЛАРУСІ ВЯСНОЮ 1863 ГОДУ.

У сувязі з рэалізацыяй пляну Серакоўскага і паралельна з ім вясною 1863 году на Беларусі адбываецца дзейнасьць цэлага шэрагу паўстанскіх груп. Гэтая дзейнасьць амаль-што зусім ня вывучана, і мы ня маем магчымасьці сыстэматычна спыніцца на ёй. Мы пастараемся ахапіць толькі самыя галоўныя паўстанскія групы і толькі некаторыя іх сутычкі з расійскімі аддзеламі. У Віленшчыне галоўнае кіраўніцтва паўстанскімі групамі знаходзілася ў руках былога расійскага афіцэра Вінцэнта Козелы. Апроч яго галоўнай групы, у Віленшчыне дзейнічалі меншыя групы паўстанцаў, на чале якіх стаялі Віслаўх, Альбэртыні, Горадзенскі, Бакшанскі і інш. Мы спынімся на некаторых бойках паміж паўстанцамі і расійскімі войскамі, што адбыліся на тэрыторыі Віленшчыны. У канцы сакавіка (21 па старому стылю) адбылася бойка пад маёнткам Куроўскага-Сьвечкі, у Вілейскім павеце. Паўстанскі аддзел складаўся з некалькіх дзесяткаў чалавек, узброеных паляўнічымі стрэльбамі і касамі. На чале аддзелу стаяў Бакшанскі. Пасьля зацятай бойкі паўстанцы былі разьбіты: чатыры чалавекі былі забіты, некалькі чалавек паранена і ўзята ў палон, а рэшта разьбеглася. Частка з іх уцякла ў Меншчыну. „По донесению местной полиции, при всех принятых мерах, в Минском уезде никто из этих разбежавшихся мятежников не открыт“.[123] Трэба зазначыць, што ваколічнае сялянства не спачувала паўстанцам. Сяляне вёсак Сямернікаў і Хажова дабівалі параненых паўстанцаў, лавілі ўцекачоў і разрабавалі дашчэнту двор Сьвечкі.[124] На чале сялян стаяў нейкі Сабось, валасны старшыня з Маладэчна.

У сярэдзіне сакавіка адбылася сутычка паўстанскай групы з урадавымі войскамі пад Міткішкамі. Паўстанцы вышлі з-пад Вільні і спаткаліся з аддзелам, на чале якога стаяў палк. Алханаў. Група была разьбіта, паўстанцы разьбегліся. 16 красавіка адбылася сутычка ў Жыжморскім лесе. 14 і 15 мая адбываліся зацятыя бойкі з аддзелам Траўгута каля карчмы Міхаліны, Віленскага павету. Аддзел Траўгута перакінуўся сюды з Горадзеншчыны. Пасьля ўпартага супраціўленьня паўстанцы разьбегліся 18 мая (па старому стылю) буйны аддзел паўстанцаў, каля 200 чалавек, напаў на мяст. Шырвінты Віленскага павету. У той-жа самы дзень яшчэ буйнейшы паўстанскі аддзел, які складаўся больш як з 300 чалавек, напаў на мяст. Даўгінава Віленскага павету. У нас пад рукамі няма матар'ялаў, і мы нічога ня можам сказаць аб дэталях гэтых двух нападаў. На тэрыторыі Віленшчыны вясною адбылася яшчэ даволі нашумеўшая бойка ў Янчэўскай пушчы пад Жосьлямі. Паўстанцы пад начальствам Віслаўха ў гэтых дзьвюх бойках мелі поўную перамогу над расійскімі аддзеламі.

Партыя Вінцэнта Казелы хадзіла па Вілейскаму павету і найчасьцей паказвалася каля Лукаўца і Даўгінава, у лясох, сумежных з Барысаўскім паветам. Аддзел Казелы складаўся з дробнай шляхты і вучнёўскай моладзі, сялян было зусім мала. Усяго ў аддзеле налічвалася каля 300 чалавек. Аддзел рабіў напады на пошты, на дробныя расійскія часьці, псаваў дарогі і масты, наогул уносіў у жыцьцё дэзорганізацыю. Каб скончыць з паўстанскім аддзелам Казелы, проці яго быў накіраваны моцны ўрадавы аддзел, які складаўся з пяці рот пяхоты. Супраціўнікі сышліся каля вёскі Владыкава, Вілейскага павету, 16 мая 1863 году, Адбылася зацятая бойка, якая цягнулася чатыры гадзіны. Паўстанцы, ня гледзячы на тое, што яны былі значна горш узброены, не пакідалі пляцу бою. Страты з абодвух бакоў былі вялікія. Па офіцыйных расійскіх даных на пляцы бою забітых паўстанцаў засталося 70 чалавек. Ня вытрымаўшы націску, паўстанцы ўрэшце кінуліся ўцякаць. Пад абстрэлам расійскага аддзелу яны павінны былі пераплыць рэчку Ілію, што выклікала з іх боку таксама значныя страты. Жандарскі штаб-афіцэр Менскай губэрні даносіць шэфу жандараў аб гэтым так: „Мятежники, спасаясь бегством, бросились вплавь под выстрелами через реку Илию, где их погибло более ста человек вместе с предводителем шайки Козелом. В плён взято 13 и ксёндз один; захвачено знамя, ружей 68, много пистолетов, сабель и другого оружия, лошадей 10 и разные бумаги. С нашей стороны убито нижних чинов 7, ранено 33, из офицеров ранены Великодуцкого пехотного полка, поручик Воронков и прапорщик Данилов, а полковник Галл контужен в голову и шею".[125] Трэба думаць, што гэты офіцыйны докумэнт павялічвае страты паўстанцаў (якіх ён называе, па казённай номэнклятуры таго часу, „шайкай мятежников") і зьмяншае страты расійцаў, каб зрабіць перамогу над паўстанцамі больш бліскучай.

Жандары па Віленскай губэрні вельмі сачаць за настроямі сялянства і за адносінамі яго да паўстанцаў.[126] З адносьніку Віленскага жандарскага штаб-афіцэра Лосева мы даведваемся, што паўстанцы вядуць сябе вельмі тактоўна ў адносінах да сялян, што яны акуратна аплачваюць гатоўкаю ўсе тыя выдаткі, якія робяцца для іх сялянамі. Зусім іначай стаіць справа з расійскімі аддзеламі: яны ў зварот выдаткаў даюць сялянам толькі контрамаркі, якія ня маюць ніякай рэальнай каштоўнасьці. Яшчэ горш робяць казацкія аддзелы, якія ўсё патрэбнае ім бяруць у сялян сілком і нічога ня плацяць. Лосеў вельмі непакоіцца аб тым, што пры такіх умовах трудна чакаць ад беларускага сялянства праўдзіва-патрыятычных адносін да расійскага ўраду. Так думае Віленскі жандарскі штаб-афіцэр у красавіку 1863 году. У пачатку мая непакоіцца аб беларускім сялянстве ўжо IV округ корпусу жандараў, што знаходзіцца ў Віленскай губэрні. З данясеньня яго ў Пецярбург на імя шэфа жандараў мы даведваемся, што сяляне, якія да тых часоў былі вернымі расійскаму ўраду, пачынаюць хістацца, бо бачаць, што ўрад ня мае моцы абараняць іх ад паўстанцаў. Далей аўтар данясеньня дадае, што ўжо былі прыклады, калі да паўстанцаў далучаліся сяляне, якія потым пападалі ў палон расійскім часьцям. Гэтыя даныя гавораць аб тым, што калі сялянства ў сваёй масе за паўстанцамі не пайшло, то былі паасобныя групы сялянства, якія ня толькі пасыўна спачувалі паўстаньню, але прымалі ў ім актыўны ўдзел.

У Меншчыне, па данясеньнях губэрскага жандарскага штаб-афіцэра, паўстанскі рух павялічыўся з сярэдзіны красавіка. Паўстанскім ваяводаю Меншчыны ў пачатку быў буйны земляўласьнік Пялікша, які не выяўляў ніякай актыўнасьці. Потым яго месца заняў больш актыўны Гэктар Лапіцкі. Тубэрскім ваенным камісарам Меншчыны быў буйны земляўласьнік з Ігуменшчыны Баляслаў Сьвентаржэцкі. Па розных мясцох губэрні ходзяць паўстанскія групы, якія, перакідаючыся з месца на месца, робяць напады на расійскія аддзелы. Усяго на Меншчыне налічваецца каля 20 паўстанскіх груп. То там, то сям адбываюцца пэрыодычныя абрабаваньні казначэйстваў і пошт, псаваньне тэлеграфу, мастоў і шляхоў. З начальнікаў паўстанскіх груп у Меншчыне вядомы: Ляскоўскі, Карказовіч, Сушчэвіч, Трус, Рушчыц, Каваль, Траўгут, Вэндорф, Матэўскі і інш.

Спынімся на некаторых бойках і сутычках на Меншчыне. У пачатку красавіка зьявіліся дзьве невялікія паўстанскія групы ў Наваградзкім павеце. Адна-была пад камандаваньнем былога штабс-капітана Шалевіча; яна налічвала ў сваім складзе каля 50 чалавек. Другая паўстанская група, якая складалася з 60 чалавек, была пад камандаваньнем Наваградзкага ксяндза Лашкевіча і памешчыка з мястэчка Сенна Паслоўнага. Абедзьве групы хутка злучыліся ў лесе каля мястэчка Налібокаў. 7 красавіка на паўстанцаў напаў расійскі аддзел, які складаўся з аднэй роты Стараінгерманляндзкага палку і 10 казакаў. Бойка цягнулася некалькі гадзін, паўстанцы былі разьбіты і кінуліся ўцякаць. Ксёндз Лашкевіч быў забіты ў бойцы, Шалевіч і Паслоўскі ўзяты ў палон. Сяляне тут былі настроены проці паўстанцаў і ахвотна дапамагалі салдатам браць паўстанцаў у палон.

20 красавіка а 2½ гадзіне ночы паўстанцы зрабілі напад на паштовую станцыю ў Прылуках. Тут яны пагрозамі прымусілі начальніка станцыі, аддаць ім 7 штук коняй і брычку, з запрэжкаю. Каля Прылук гэты самы аддзел паўстанцаў спаткаў нейкага панскага кучара, адабраў у яго брычку, хамут і лейцы, а коняй ня ўзяў, бо яны былі вельмі змучаны. Гэты аддзел меў у сваім складзе каля 90 чалавек. У гэты самы дзень, ў 10—11 гадзін раніцы, аддзел паўстанцаў, каля 100 чалавек, зрабіў напад на Юхнаўскую паштовую станцыю, забраў 22 кані, усе брычкі, калёсы і хамуты. Каля гэтага-ж часу быў зроблены напад на Лядзкую паштовую станцыю пад Бабруйскам. Тут таксама паўстанцы забралі ўсіх коняй з калёсамі і збруяю. Апроч таго, яны зруйнавалі тэлеграфныя слупы Т дрот на працягу 6 вёрст.

Пасьля 20 красавіка ў Слуцкім павеце ўтварыліся чатыры паўстанскія групы, якія па офіцыйных расійскіх вестках усе разам складаюць каля 500 чалавек. Адна з гэтых груп, пад начальствам Бендорфа, была адразу разьбіта расійскім аддзелам пад вёскаю Азерычы. Паўстанцы з Менскага, Барысаўскага і Ігуменскага паветаў сконцэнтраваліся ў Ігуменшчыне. Па офіцыйных вестках паўстанцы ў Ігуменшчыне складаюцца з памешчыкаў, дробнай шляхты, урадоўцаў, гімназыстаў і дваровай чэлядзі. Сяляне тут у масе не спачуваюць паўстанцам. Найвялікшым паўстанскім аддзелам у Ігуменшчыне зьяўляецца група Баляслава Сьвентаржэцкага; на чале аддзелу стаіць былы штаб-ротмістар расійскай арміі Карказовіч. 27 красавіка адбылася бойка пад вёскай Тараканаўкай Барысаўскага павету. Паўстанцы павінны былі адыйсьці і схавацца ў лясох. 28-га красавіка адбылася сутычка паўстанчага" .аддзелу пад начальствам Труса з ротаю Сеўскага палку пры вёсцы Пятроўшчына, Ігуменскага павету. 29-га красавіка, уначы, у вёсцы Сінела быў зроблены нечаканы напад паўстанцаў на роту Вялікалуцкага палку, што ішоў у Ігумен. 29-га красавіка пад Багушэвічамі адбылася сутычка расійскага аддзелу з паўстанскім аддзелам Сьвентаржэцкага - Карказовіча. Пасьля ўпартай бойкі паўстанцы адышлі і схаваліся ў лясох.

2-га мая пры вёсцы Ялоўцы, Ігуменскага павету, рота Інгерманляндзкага палку спаткалася з паўстанскім аддзелам, на чале якога стаяў Дыбоўскі. Пасьля даволі ўпартай бойкі паўстанцы былі разьбіты, і сам Дыбоўскі быў забіты. 4 мая пад вёскаю Жабічы, таго-ж павету, адбылася бойка паміж расійскім і паўстанскім аддзелам Есьмана, у якім налічвалася каля 80 чалавек. Паўстанцы былі разьбіты. Страты іх былі такія: 6 забіта, 9 узята ў палон і 8 затрымана мясцовым жыхарствам. З гэтых 23-х паўстанцаў 15 былі дваранамі: лічбы вельмі тыповыя. 9 мая адбылася вялікая бойка пад вёскаю Юрычы, Ігуменскага павету, паміж расійскім і паўстанскім аддзелам Сьвентаржэцкага, што налічваў каля 400 чалавек. Паўстанцы ў густым лесе зрабілі з дрэваў завалы і ўпарта бараніліся на працягу дзьвёх гадзін. Страты былі вялікія з абодвых бакоў. Паўстанцы разьбегліся, але аддзел іх ня быў канчаткова разьбіты. 7 мая адбылася бойка, пры вёсцы ПадбярэжЧ, Барысаўскага павету. Паўстанчы аддзел павінен быў разьбегчыся, пакінуўшы на месцы нават невялікую гармату.

Што датычыць Меншчыны, дык трэба зазначыць, што сялянства ў большасьці сваёй не спачувала паўстанцам. Дзякуючы значнаму ўдзелу ў паўстаньні мясцовых паноў, сяляне былі проці паўстанцаў, бачачы ў іх асобе толькі паноў. Чырвоныя тут не змаглі паставіць паўстаньня на сапраўдныя рэйкі аграрнай рэволюцыі. Да гэтага трэба дадаць, што паўстанцы ў Меншчыне вельмі часта бралі ў сялянства сілком харчы. Жандарскі штаб-афіцэр Менскай губэрні ў сваім адносьніку да шэфа жандараў 8 мая 1863 году піша: „За продовольствием мятежники приходят в окрестные деревни вооруженные, а крестьяне безоружные и устрашенные не могут им сопротивляться. Между тем, крестьяне всюду выражают негодование к ним, а поэтому лучший способ подавить в Мннской губернии мятеж был-бы тот, если вооружить крестьян отбираемым в значительном числе от инсургентов оружием, поставить по деревням небольшие отряды под командой опытных офицеров, как для прекращения способа продовольствия, так и для уничтожения шаек при их появлении".[127]

У Горадзеншчыне галоўнае ваеннае кіраўніцтва над паўстанскімі групамі Белым Віленскім Аддзелам было даручана былому эмігранту Ануфраму Духінскаму. Гэта быў чалавек, які, ня гледзячы на тое, што калісьці быў кавалерыстам польскай арміі, ня знаў вайсковай справы і зусім быў няздольны да партызанскае барацьбы. Гэты факт вельмі перашкаджаў разьвіцьцю паўстаньня ў Горадзеншчыне. Вялікую працу сярод сялянства тут праводзіў Кастусь Каліноўскі, які быў накіраваны сюды, як камісар Горадзенскага ваяводзтва. Зразумела, яго працы значна перашкаджае агульнае кіраўніцтва белых у Вільні і назначэньне ваенным начальнікам Горадзеншчыны такога паўстанца, як Духінскі. Тым ня менш сялянства ў Горадзеншчыне зусім іначай адносіцца да паўстаньня чым, напрыклад, у Меншчыне. Апроч К. Каліноўскага, у Белавескай пушчы, як мы ўжо зазначылі раней, працуе крайні чырвоны Валеры Ўрублеўскі. Гэта таксама садзейнічае таму, што сялянства, калі ня масава, то прынамсі ў паасобных частках тэрыторыі спачувае паўстанцам і падтрымлівае паўстаньне. Асаблівы ўзрост паўстанскіх груп у Горадзеншчыне прымячаецца з пачатку красавіка. Мы спынімся на некаторых паасобных важнейшых сутычках, аб якіх у нас маюцца пад рукою матар‘ялы.

Найраней распачаліся бойкі ў Беласточчыне. Тут найбольш выдзялялася паўстанская група Парчэўскага, якая ня раз мела перамогі над паасобнымі расійскімі аддзеламі і якая была недасяжнаю для расійскага камандаваньня. Хуткімі маршамі і контрмаршамі яна кружылася каля Беластоку, руйнавала чыгунку, масты, тэлеграф і г. д. А. Духінскі злучыў цэлы шэраг дробных паўстанскіх груп у адзін вялікі аддзел, у якім налічвалася каля 700 чалавек. Гэты аддзел спаткаўся з расійскімі сіламі пад Пілатаўшчызнаю на беразе рэчкі Супрасьлі 17 красавіка 1863 году. Адбылася бойка, у якой паўстанцы былі разьбіты і павінны былі ратавацца тым, што кінуліся наўцекі. Страты з абодвых бакоў, асабліва з боку паўстанцаў, былі вельмі вялікія. Паўстанцам вельмі пашкодзіла няўдалае камандаваньне Духінскага.

29-га красавіка адбылася вялікая бойка пад Валіламі. Вельмі невялікі паўстанскі аддзел пад кіраўніцтвам В. Ўрублеўскага нечакана спаткаўся з моцным расійскім аддзелам. Тым ня менш паўстанцы бойку прынялі. Толькі дзякуючы рашучасьці і цьвёрдасьці Урублеўскага паўстанцам удалося выратаваць свой аддзел ад поўнага зьнішчэньня. 21-га красавіка расійскі аддзел пад начальствам ген. Беклямішава зрабіў напад на невялікую паўстанскую групу пад вёскаю Горнава ў Белавескай пушчы. Паўстанцы пад начальствам Лапкоўскага ўпарта абараняліся. Дзякуючы незнаёмству з мясцовасьцю і перавазе расійскіх сіл, паўстанцы былі разбіты. Крыху пазьней выступае на сцэну паўстанская група ў Слонімскім павеце. Група знаходзіцца пад начальствам Лукашэвіча і складаецца з некалькіх дзесяткаў чалавек. Яна вельмі лоўка ўхіляецца ад сутычак з расійскімі аддзеламі і займаецца пераважна псаваньнем дарог і мастоў, уносячы навакол дэзорганізацыю. У палове мая мястэчка Оўруч было занята невялікаю паўстанскаю групаю пад начальствам Леанарда Вішнеўскага. Гэтая група перакінулася сюды з Каралеўства. Група некаторы час трымалася ў Оўручы і значна вырасла, дзякуючы таму, што паўстанцаў падтрымлівала сялянства. У хуткім часе яе склад з некалькіх дзесяткаў чалавек узрос да 200 чалавек. Паўстанцы з Оўручу вышлі і накіраваліся ў Мазыршчыну, каб там падняць сялянства проці царскага ўраду. Але тут шчасьце ім здрадзіла. У Мазыршчыне сялянства спаткала паўстанцаў воража. Пад вёскаю Маскалёўкаю паўстанцы былі абкружаны ўрадавымі войскамі і разьбіты. Уцякаючых паўстанцаў сяляне лавілі і здавалі у поліцыі.

У канцы красавіка і ў першай палавіне мая зьявілася шмат дробных паўстанскіх груп у Бельскім, Пружанскім і Слонімскім паветах. Групы звычайна ўхіляліся ад адкрытых боек з расійскімі аддзеламі. Яны стараліся рабіць засады, нападаць на пошты, на казначэйствы, руйнаваць дарогі і г. д. Адна з такіх груп дзейнічала у лясох паміж Бельскам і Бранскам. Мясцовае жыхарства падтрымлівала гэтую групу. У сувязі з гэтым, на аснове падазрэньня ў дапамозе паўстанцам, у Бранску былі публічна павешаны: бранскі асэсар Кургановіч і стары адстаўны салдат Радзінскі.

Адначасна дзейнічае каля мястэчка Косава, Слонімскага павету, невялікая паўстанская група ў складзе каля 40 чалавек. Яна робіць частыя і нечаканыя напады на расійскія ўстановы. Паміж іншым яна напала на паштовы будынак у Запольлі, забрала 22 коні з брычкамі і збруяй. Адсюль яна рушыла на мястэчка Картуз-Бярозу. Тут ёй не ўдалося ўзяць контрыбуцыю з мястэчка. Тады паўстанцы сталі абозам каля Бярозы. Што далей рабіла гэтая група, мы ня ведаем. У лясістай і балотнай мясцовасьці каля вёскі Мілавідаў дзейнічае яшчэ адна паўстанчая група, якая налічвае ў сваім складзе каля 50 чалавек. Ратуючыся ад нападу даволі вялікага расійскага аддзелу, яна пасунулася бліжэй да Меншчыны і раскінулася абозам каля вёскі Чамялы. Праз нейкі час яна была абкружана і разьбіта расійскім аддзелам.

Каля вёскі Чаховічы, Кобрынскага павету, удала дзейнічала невялікая паўстанская група, што налічвала ў сваім складзе каля 30 чалавек. Такія невялічкія групы мы спатыкаем па ўсіх паветах Горадзеншчыны. У складзе груп спатыкаецца даволі многа сялян. У канцы красавіка і пачатку мая сформаваўся паўстанскі аддзел Ромуальда Траўгута, будучага дыктатара паўстаньня ў Польшчы, які быў раней афіцэрам расійскага генэральнага штабу. Ён быў ужо ў адстаўцы і жыў у сваім дробным маёнтку Астроўі, каля мястэчка Антопаля, у Кобрыншчыне. Аддзел быў невялікі, каля 160 чалавек, але быў даволі добра напрактыкаваны, узброены і меў моцную дысціпліну. На працягу 1 ½ месяцаў свайго існаваньня аддзел Траўгута меў сем сутычак з рознымі расійскімі аддзеламі. Большасьць гэтых сутычак была ўдалая для паўстанцаў. У пачатку чэрвеня аддзел перайшоў на тэрыторыю Піншчыны. На мяжы Кобрыншчыны і Піншчыны, каля вёскі Парэчча паўстанскі аддзел Траўгута нечакана спаткаўся з моцным расійскім аддзелам, што складаўся з 4 рот пяхоты і 2 сотняў казакаў: упартая бойка цягнулася з 3-яй гадзіны дня аж да позьняга вечара. Паўстанцы былі разьбіты і рассыпаліся па балотах і пушчах, пакінуўшы ў руках супраціўніка свой абоз і каля 50 коняй.

Праз 2-3 дні Траўгут сабраў рэшткі свайго аддзелу. На дапамогу яму з Берасьцейскага павету падышоў паўстанскі аддзел пад начальствам Яна Ваньковіча (Лялівы), што налічваў у сваім складзе каля 100 чалавек. Праз некалькі дзён адбылася бойка паміж паўстанцамі і расійскімі сіламі пад вёскаю Калоднам, Пінскага павету. Паўстанцы былі разьбіты так моцна, што паправіцца ўжо не маглі. Аддзел быў распушчаны, і яго ўдзельнікі разышліся па іншых аддзелах, а Траўгут накіраваўся ў Варшаву.

Трэба адзначыць, што сялянства ў раёне чыннасьці аддзелу Траўгута падтрымлівала паўстанцаў. У аддзеле Траўгута было шмат сялян-беларусаў. М. Дубецкі[128] ў сваіх ўспамінах падае нават тэкст песьні, якую сьпявалі паўстанцы - беларусы ў адзеле Траўгута. „Гэй-га разам, хлопцы! Гу-га мы, малодцы! Гэй-га з палякамі, гу-га, а бог з намі. І на божу здайма волю нашы сьлёзы і нядолю. Гэй-га, мы пачулі, гу-га, што нас скулі. Гэй-га цяпер знаем, гу-га выклікаем: З зямлі нашай вон, варогі; маскалёў злуп вон за ногі! Гэй-га, мае людзі. Гу-га добра будзе. Гэй-га, ой радныя, гу-га міленькія. Будзе вольнасьць праўдзівая, дасьць яе нам Польшча сьвятая". З тэксту відаць, што песьня зложана штучна, на манер народнай. Белыя ўплывы адбіваюцца на зьмесьце яе. Сялянскія сьлёзы і нядоля здаюцца на божую волю, што вельмі спадручна земляўласьніцкай шляхце. Нейкая туманная „праўдзівая вольнасьць" замяняе сабою ясную і дакладную пастаноўку пытаньня аб аграрнай рэволюцыі і аб бязвыкупнай перадачы сялянству панскай зямлі. „Сьвятая Польшча", якая проціпастаўляецца Расіі, зусім зацямняе „провінцыю" Беларусь, на тэрыторыі якой і дзейнічае паўстанскі аддзел Траўгута. У Ковенскай губэрні таксама было шмат сутычак паміж паўстанцамі і ўрадавымі аддзеламі, якія не падпарадкаваліся кампаніі Серакоўскага. 27 сакавіка адбылася бойка пад вёскаю Новабержамі. Праз два дні адбылася бойка пад Высокім Дваром. Абодвы разы паўстанскія аддзелы былі разьбіты і разагнаны, але ня зьнішчаны. У пачатку красавіка тое самае мы бачым пад Цытавянамі. У канцы красавіка адбылася ўпартая бойка паміж расійскім і паўстанскім аддзеламі Ябланоўскага каля мызы Шайквіц. Ні тая, ні другая старана перамогі ня мелі.

Менш было сутычак у Віцебскай і Магілёўскай губэрнях. У канцы красавіка распачала сваю дзейнасьць невялікая паўстанская група ў складзе 40 чалавек у Аршанскім павеце. У пачатку мая яна была разьбіта каля вёскі Пагосьцішча. У Быхаўскім павеце дзейнічае паўстанская група пад камандаю Анцыпы, у Рагачэўскім — пад камандаю Тамаша Грыневіча. Па жандарскіх данясеньнях дзейнічаюць паўстанскія групы каля Полацку, Лепеля, Себежа і Дрысы. Асабліва моцнаю зьяўляецца група каля Себежа пад камандаю Кульчыцкага. Паўстанскія групы і тут ўносяць дэзорганізацыю ў жыцьцё і вельмі непакояць расійскую ўладу.

Як мы бачым з вышэйпаданага, сялянства ў масе за паўстанцамі не пайшло і вельмі часта выяўляла варожыя адносіны да паўстаньня. Выключэньнем зьяўляюцца тыя мясцовасьці ў Віленскай, Горадзенскай і Ковенскай губэрнях, дзе дзейнічалі крайнія чырвоныя, як В. Ўрублеўскі, К. Каліноўскі, А. Мацкевіч і іншыя, якія апору паўстаньня бачылі ня ў шляхце, а ў сялянах і стаялі на прынцыпе аддачы панскай зямлі сялянам. Ува ўсходніх губэрнях Беларусі — Віцебскай, Менскай і Магілёўскай пераважаюць адмоўныя адносіны сялянства да паўстаньня. Наогул соцыяльная процілегласьць паміж сялянінам і панам адчувалася на кожным кроку на ўсёй тэрыторыі Беларусі, асабліва дзякуючы таму, што на чале паўстаньня вясною 1863 году стаялі белыя як у Польшчы, так і на Беларусі.

На гэты факт соцыяльных процілегласьцяй паўстаньня зьвярнула ўвагу расійская жандармэрыя і пасьпяшалася давесьці гэта да ведама цэнтральнага ўраду. Магілеўскі губэрнскі жандарскі штаб-афіцер 5-га мая 1863 году піша шэфу жандараў, што сяляне ў Магілёўшчыне настроены проці паноў і ня хочуць на іх працаваць. Тым ня менш ён думае, што строгія і крутыя мерапрыемствы ў адносінах да сялян цяпер, калі ідзе паўстаньне, немагчымы і несваечасовы.[129] Потым, калі паўстаньне скончыцца, мясцовае начальства будзе мець поўную магчымасьць прывесьці іх да законнага паслушэнства і парадку. Адным словам, жандар лічыць патрэбным выкарыстаць соцыяльную процілегласьць паміж панам і селянінам проці паўстаньня, а потым засьмірыць сялянства мерамі строгасьці. Яшчэ ясьней піша на гэтую тэму ў канцы красавіка шэфу жандараў Віленскі губэрскі жандарскі штаб-афіцэр Лосеў. Ён кажа, што Дынабурскія мужычкі, якія, скарыстаўшы паўстаньне, разграмілі шмат панскіх маёнткаў, давялі добра, дзе знаходзіцца сіла расійскага ўраду[130]. Трэба ўсюды, дадае ён, гэтую сілу выкарыстаць і гэтым самым паказаць Заходняй Эўропе сапраўднае палажэньне Паўночна-Заходняга краю Расіі.[131] Вешальнік Мураўёў, які ў маі прыехаў на Беларусь, думку жандараў выкарыстаў у поўнай меры.

ПРЫЕЗД НА БЕЛАРУСЬ МУРАЎЁВА-ВЕШАЛЬНІКА.

Падзеі паўстаньня 1863 году, што разьвінуліся ў Польшчы, на Беларусі, Літве і Украіне к пачатку лета, нарабілі шмат шуму, як у Расіі, так і за граніцай. Заходня-Эўропейская дыплёматыя таго часу таксама часта выкарыстоўвала паўстаньне для варожых дэмонстрацый проці Расіі. Аб паўстаньні шмат пісалася як у расійскіх, так і ў замежных газэтах, што рабіла вялікі ўплыў на тагочаснае грамадзянства. Паўстанцы пасьпелі за гэты час утварыць сваю падпольную прэсу ў польскай, францускай, украінскай, беларускай, расійскай і іншых мовах. Шмат увагі аддаваў паўстаньню Герцэн у сваім „Колоколе“, які ў вялікім ліку пашыраўся ў Расіі. Аб паўстаньні пісалі ў сваіх падпольных адозвах і проклямацыях рускія рэволюцыйныя організацыі. Побач з гэтым у Пецярбург з тэрыторыі, абхопленай паўстаньнем, ляцелі данясеньні жандармэрыі і поліцыі. Прадстаўнікі мясцовай ўлады не шкадавалі фарбаў, каб павялічыць свае заслугі і сваё геройства ў барацьбе з паўстанцамі. Для гэтай мэты яны вельмі часта перавялічвалі ў сваіх данясеньнях сілы і магчымасьці паўстаньня. Разьбітыя і не разьбітыя паўстанскія аддзелы павялічваліся ў лічбах, выдумляліся цэлыя змовы, вышукваліся неіснаваўшыя ў рачаістасьці аклады зброі і г. д.

Усё гэта рабіла вялікае ўражаньне на кіруючы Пецярбург. Апроч таго, расійскія ўрадавыя колы былі вельмі скомпромэтаваны тым, што тое паўстаньне, якое яны абвясьцілі нязначным бунтам („мятеж"), так зацягнулася і набыло такія значныя памеры. Асабліва быў абураны расійскі ўрад тым фактам, што паўстаньне ахапіла такія тэрыторыі, як Беларусь і Украіна, якія лічыліся „искони русскими" тэрыторыямі; што паўстаньне сукосна перадалося ў цэнтральную Расію, у сярэдняе Паваложжа. А тут яшчэ і з сялянскім пытаньнем у Расіі было нядобра. Сяляне не задавальняліся царскім вызваленьнем 1861 году, хваляваліся і чакалі сапраўднага вызваленьня. Трэба было так ці іначай канчаць зацягнуўшаеся паўстаньне, гэты доўгі „спор славян между собой“ і зьліць „славянские ручьи в русском море“. У Пецярбургу было прызнана, што Віленскі генэрал-губэрнатар Назімаў заслабы для таго, каб справіцца з паўстаньнем на Беларусі і Літве. Было ўхвалена яго з пасады зьняць і на яго месца накіраваць больш моцнага адміністратара. Такім кандыдатам на пасаду Віленскага генэрал-губэрнатара быў прызнаны М. М. Мураўёў.

Гэтая кандыдатура была падказана царскаму ўраду рэакцыйнай прыдворнай групай так званых „самабытнікаў", на чале якой стаяў блізкі прыяцель Мураўёва генэрал Зялёны. 7-га мая 1863 году Мураўёў быў запрошаны ў царскі палац на аўдыенцыю да Аляксандра ІІ, і яму было прапанована заняць пасаду Віленскага генэрал- губэрнатара. Мураўёў, па яго словах адразу гэтай пасады ня прыняў. Ён папрасіў цара, каб той прапанаваў міністрам раней паразумецца з ім па гэтай справе. Мураўёў ведаў, што цэлы шэраг пецярбурскіх вяльмож, як напрыклад, ваенны міністар Мілюцін, міністар унутраных спраў Валуеў, шэф корпусу жандараў Доўгарукі, Пецярбурскі генэрал-губэрнатар Сувораў і інш., ня будуць спачуваць яго назначэньню, бо належаць да больш „лібэральнай" групы так званых „западнікаў". Такою сваёю просьбаю Мураўёў хацеў зрабіць вядомы нажым з боку цара на гэтую групу. Цар згадзіўся з просьбаю Мураўёва і вызначыў папярэднюю камісію, якая павінна была паразумецца з Мураўёвым. Камісію злажылі—Доўгарукі, Мілюцін, Зялёны, Валуеў і сам Мураўёў. Западнікі зразумелі, што цар сукосна дае ім дырэктыву згадзіцца з рэакцыйнай сыстэмай новага Віленскага генэрал-губэрнатара. Не зважаючы на свой „лібэралізм", яны так і зрабілі, хоць і ня зусім былі згодны з кандыдатурай Мураўёва і яго „вешальнай" сыстэмаю.

Спынімся цяпер на асабістай характарыстыцы вешальніка-Мураўёва. Каб зразумець, у чые рукі папалі Беларусь і Літва, нам даволі будзе падаць адпаведны вынятак нават з такога добранадзейнага і лояльнага гісторыка, як проф. Мікалай Бэрг. Ён так апісвае[132] Мураўёва. „Хто ня ведаў, што за фігура ёсьць Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў? На мінулым гэтага чалавека ляжала многа плям і бруду. Было вядома, што ён быў асабліва дасканальным у выкананьні ролі дзікага мангольскага тырана, абкружанага прыхлябацелямі і нявольнікамі. Затое ў адносінах да старшых гэты самы мангольскі сатрап рабіўся цішэйшым ад вады і ніжэйшым ад травы, які ўмеў, што называецца, „гнуцца ў тры разы" і быць падхалімам, асабліва калі ішла справа аб набыцьці чаго-небудзь для сябе. Усе прыпаміналі, як у свае часы Мураўёў займаў тры пасады адначасна: міністра дзяржаўных маёмасьцяй, загадчыка прыватных маемасьцяй царскай фаміліі і дырэктара корпусу землямераў і па ўсіх трох пасадах атрымліваў вялізныя пэнсіі. Мала таго, выяжджаючы куды-небудзь па службовых справах, ён браў прагонныя грошы адразу па ўсіх трох пасадах, якія займаў, дзякуючы чаму яго празвалі „трохпрагонным міністрам". Прыпаміналі таксама яго ганебную, сапраўды азіяцкую заўвагу, што ён ня з тых Мураўёвых, якіх вешаюць (дэкабрысты, Мураўёў-Апостал. У. І.), але з тых, якія самі вешаюць. Прыпаміналі што... Міхаіл Мураўёў пры вызваленьні сялян, разам з групаю закасьцянелых прыгоншчыкаў, што ня вылазілі з багна цемры і барбарства, ня толькі не спачуваў і не супрацоўнічаў з царом, але з усёю стараннасьцю перашкаджаў справе вызваленьня, заяўляючы, што ніякага вызваленьня ня будзе. Той сьвежы бруд, у якім ён толькі што купаўся, яшчэ не засох і цёк стругамі па яго твары. А самы яго выгляд? Які гэта страшны, мангольскі, нават у Расіі дзіўны тып... Пры поглядзе на яго портрэт кожнаму прыпамінаецца выгляд бульдога“. Да гэтага мы яшчэ дадамо кароткую характарыстыку М. Мураўёва, якую мы знаходзім у запісках міністра ўнутраных спраў Валуева.[133] „Муравьев не имеет никакого понятия и представления о праве. Альфой и омегой его поведения является царский приказ. Право для Муравьева имеет значенне и цену только там, где нет или куда нельзя приспособнть этого приказа. Хан, паша, мурза, мандарин, всё, что хотите, только не министр".

Спынімся крыху на жыцьцяпісу Мураўёва. У гады сваёй моладасьці будучы сатрап-вешальнік быў лібэралам. Ён нават належаў нейкі час да таварыства дэкабрыстаў, але дагадаўся выйсьці з яго разам з іншымі, такімі як ён сам, „лібэраламі", яшчэ да ўзброенага выступленьня дэкабрыстаў. Тым ня менш, калі потым надзвычайная сьледчая камісія распачала процэс над загаворшчыкамі, Маскоўскі обэрполіцмайстар атрымаў ад яе загад заарыштаваць Мураўёва і прывезьці яго ў Пецярбург у турму, што ён і выканаў. Тым ня менш у турме Мураўёву ня прышлося доўга сядзець. Ён скарыстаў верны сродак, каб рэабілітавацца і выйсьці сухім з вады. У сваіх злачынствах ён раскаяўся і „чыстасардэчна" выдаў „злачынствы" іншых удзельнікаў таварыства дэкабрыстаў. Яго „раскаянье" было, відаць, вельмі шчырым і грунтоўным, бо ён ня толькі быў выпушчаны з турмы, але адразу пачаў рабіць добрую кар‘еру. Такім чынам, з самага пачатку кар'ера вешальніка была зьвязана са здрадаю.

У 1827 годзе Мураўёў ужо атрымаў назначэньне на пасаду Віцебскага віцэ-губэрнатара. Тут ён прасядзеў менш году і атрымаў павышэньне. У 1828 годзе ён назначаны ўжо на губэрнатарскую пасаду ў Магілёў. Тут ён прабыў губэрнатарам да канца 1830 году, калі распачалося першае польскае паўстаньне. З пачаткам паўстаньня Мураўёў быў назначаны ўрадоўцам для асобных даручэньняў пры штабе рэзэрвовай арміі, што была зьмешчана на Беларусі для падмацаваньня на ўсякі выпадак той арміі, якая змагалася з паўстаньнем на тэрыторыі Польшчы. У гэты час Мураўёў злажыў сваю першую запіску аб русыфікацыі Беларусі. Зьмест яе такі. Усе ўрадоўцы на Беларусі, асабліва губэрскія, павінны набірацца ў Цэнтральнай Расіі. Іх трэба выклікаць адтуль спэцыяльнымі абвяшчэньнямі і вабіць у заходнія губэрні „предоставив выгоды в чинах и содержании“. Што да „туземцев", то было-б карысна даць ім магчымасьць служыць у цэнтральных губэрнях імпэрыі, пасьля чаго, калі некатарыя з іх заслужаць даверу начальства, дык могуць атрымаць пасады і на Беларусі. Каб утварыць расійскі выгляд краю, трэба ўводзіць у быт насельніцтва расійскія назвы ўстаноў, пасад, мясцовасьцяй, вуліц і г. д. У расійскай мове павінны пісацца і друкавацца ўсе ўрадавыя і службовыя паперы і абвесткі. Старыя „літоўскія" законы па сваёй сутнасьці і форме не адпавядаюць запатрабаваньням „Паўночна-Заходняга" краю і адчужаюць Беларусь ад Цэнтральнай Расіі. Дзякуючы гэтаму, трэба выкасаваць з ужываньня ў судох на Беларусі Літоўскі Статут. Дакладная запіска зьвярнула ўвагу царскага ўраду на ўрадоўца асобых даручэньняў. Пасьля таго, як паўстаньне было задушана, у канцы 1831 года, Мураўёў у чыне генэрал-маёра быў назначаны на пасаду Горадзенскага губэрнатара. У часы свайго побыту ў Горадні ён выгаварыў тыя славутыя словы, што падае проф. М. Бэрг: „я ня з тых Мураўёвых, якіх вешаюць, а з тых, якія вешаюць". Тут-жа ён упяршыню распачаў сваю вешальніцкую кар‘еру. У 1833 годзе ён павесіў Міхайла Валовіча, які прыбыў з эміграцыі ў Слонімскі павет у якасьці эмісара з рэволюцыйнаю мэтаю. Адначасна з ім ён павесіў яго аднамысьнікаў—сялян: Тодара Саўчука, Яна Анайскага, Мікалая Фірэтку, Якуба Марцынкевіча, Якуба Панасюка і іншых. У 1835 годзе Мураўёў быў назначаны губэрнатарам у Курскую губэрню. Тут ён набыў славу сваімі экзэкуцыямі над скарбовымі сялянамі, якіх ён катаваў, спаганяючы з іх падаткі. Курскім губэрнатарам Мураўёў прабыў да 1840 году. У гэтым годзе, дзякуючы, сваяцтву з тагочасным міністрам графам Канкрыным, які граў ролю фаварыта, пры Мікалаі І, Мураўёву ўдалося перабрацца ў Пецярбург на пасаду дырэктара дэпартамэнту падаткаў і збораў міністэрства фінансаў. Гэтаму пераводу ў Пецярбург бязумоўна садзейнічалі яго экзэкуцыі па справе падаткаў у Курскай губэрні. У 1842 годзе Мураўёў атрымлівае годнасьць сэнатара і назначэньне на пасаду дырэктара межавога корпусу. З 1850 года ён ужо член дзяржаўнай Рады. У канцы 1856 году М. Мураўёў назначаны начальнікам дэпартаманту ўдзелаў (прыватная маёмасьць царскай фаміліі) і вясною 1857 г. — міністрам дзяржаўных маемасьцяй. Астатнія тры пасады — дарэктара межавога корпусу, начальніка ўдзелаў і міністра — ён сумяшчаў, аб чым мы гаварылі ўжо вышэй.

Будучы міністрам дзяржаўных маемасьцяй, М. Мураўёў на першы плян высунуў павялічэньне прыбыткаў скарбу з гэтых маемасьцяй, што ўсёю сваёю цяжкасьцю лягло на шыю скарбовых сялян. Была падвышана агульная сума чыншавога падатку з скарбовых сялян у кожнай губэрні. Апроч чыншавога падатку, быў уведзены асобны грашовы збор за тую зямлю, якою сяляне карысталіся часова звыш свайго асноўнага надзелу. Лясны падатак, які раней ішоў на карысьць сялянскае грамады, цяпер быў накіраваны ў прыбытак скарбу. Асноўны чыншавы падатак вылічаўся ня з прыбытку ад зямлі, а з капітальнай каштоўнасьці зямлі і быў пераіменаваны з падатку у чыншавую плату за зямлю, дзякуючы чаму памер яго зацьвярджаўся не ў законадаўчым парадку, а асабістым распараджэньнем міністра дзяржаўных маемасьцяй. Гэты факт даваў магчымасьць міністру кожны год па сваёй уласнай волі павышаць чыншавую плату. За гады міністэрства М. Мураўёва становішча скарбовых сялян значна пагоршылася. Будучы міністрам дзяржаўных маемасьцяй, Мураўёў, як было ўжо адзначана вышэй, быў ярым супраціўнікам сялянскай рэформы нават у тым выглядзе, як яна вышла ў 61 годзе. Ён стаяў на чале групы прыгоншчыкаў, якая звычайна проціпастаўлялася групе „лібэральных" памешчыкаў. Калі палажэньне 19 лютага 1861 года пашырылася на скарбовых сялян, што былі падпарадкаваны міністэрству дзяржаўных маемасьцяй, Мураўёў супраціўляўся правядзеньню ў жыцьцё гэтага палажэньня, што было аднэю з прычын яго адстаўкі ў 1861 годзе з пасады міністра. У 1862 годзе ён павінен быў выйсьці ў адстаўку і з дзьвюх іншых сваіх пасад, дзякуючы сваёй агульнай непопулярнасьці, Астатняю кропляю, што перапоўніла чашу паблажлівасьці да Мураўёва нават такога ўраду, як расійскі, быў артыкул у загранічным часопісу „Будущность“, у якім былі зьмешчаны скандальныя для Мураўёва матар‘ялы. Толькі пасьля амаль што двухгадовага існаваньня на задворках, кандыдатура вешальніка зноў выплыла на верх у сувязі з паўстаньнем 1863 году. 9 мая адбылася другая аўдыенцыя Мураўёва ў цара; 12 мая - трэцяя. У выніку гэтых аўдыенцый 13 мая ў „Правительственном Вестнике" быў офіцыйна надрукаваны царскі загад аб назначэньні М. Мураўёва генэрал-губэрнатарам Віленскай, Ковенскай, Горадзенскай, Менскай, Магілёўскай і Віцебскай губэрань. Пасьля назначэньня на пасаду Мураўёў заставаўся ў Пецярбургу яшчэ 11 дзён. Гэтыя дні былі ім патрачаны на аўдыенцыі ў цара, нарады з міністрамі, падрыхтоўку ўсякіх палажэньняў і інструкцый для кіраваньня Беларусьсю і Літвою і для падбору „належных" супрацоўнікаў. Прыёмны пакой Мураўёва заўжды быў запоўнены людзьмі, якія добра ведалі, што навакол Мураўёва заўжды бывае даволі мутнай вады, дзе можна лавіць шмат рыбы. З гэтых авантурнікаў падбіраліся будучыя супрацоўнікі вешальніка, што ня ўступалі яму сваімі якасьцямі. Аднаго з іх, нейкага Дзьмітрыева, апісвае ў сваёй кнізе проф. М. Бэрг.[134] Дзімітрыеў з казацкім карным аддзелам езьдзіў па ўсёй Беларусі. На падставе атрыманых інструкцый ён наводзіў парадак і цішыню, прычым пакідаў за сабою поўную свабоду ў сваёй чыннасьці. Пры яго аддзеле быў спэцыяльны доктар, які ў часы экзэкуцыі патрабаваўся для лячэньня „пацыентаў", што гублялі пад нагайкамі прытомнасьць. „Пацыентаў" доктар лячыў, каб зноў пачаць экзэкуцыю. Ён таксама ўстанаўліваў, жывы ці ўжо няжывы няпрытомны „пацыент". Адзін раз у часе экзэкуцыі здарылася, што „пацыент" пад нагайкамі змоўк. Запрошаны на месца экзэкуцыі доктар, аглядзеўшы „пацыента", паставіў дыягноз, што той ужо няжывы. Дзьмітрыеў не паверыў дыягнозу, узяў са стала штопар і ўкруціў яго ў лапатку сваёй афяры.

Скончыўшы папярэднюю падрыхтоўку, Мураўёў 24 мая выехаў з Пецярбургу. Маршрут ішоў праз Дынабург, куды Мураўёў і прыехаў 25 мая раніцою. Тут ён загадаў сабраць мясцовую земляўласьніцкую шляхту, перад якой сказаў грозную прамову. З адказнай прамовай выступіў павятовы маршалак шляхты, адзін з фаміліі Плятэраў. Прамова маршалка, паміж іншым, вельмі падхалімская, не спадабалася Мураўёву, і ён аддаў яго пад нагляд поліцыі. Тут-жа быў падпісаны Мураўёвым першы сьмяротны прыгавор Лявону Плятэрў, які сядзеў у турме за напад на транспорт зброі пад Краслаўкай. Прыгавор быў выкананы 27 мая, ужо пасьля выезду Мураўёва з Дынабургу.

У Вільню новы генэрал-губэрнатар прыехаў 26 мая. На другі дзень адбыўся ўрачысты прыём вайсковых і цывільных урадоўцаў, маршалкаў, шляхты, каталіцкага, лютэранскага і юдэйскага духавенства. Праваслаўнае духавенства было выдзелена ў асобную групу і прышва на другі дзень на чале з вядомым „возсоединителем униатов" мітрапалітам Іосіфам Семашка. Мураўёў усім сабраўшымся абвясьціў спосабы дзейнасьці сваёй улады, якія зводзіліся да таго, што з усімі супраціўнікамі расійскага ўраду ён жартаваць ня будзе. У бліжэйшыя-ж дні сваю заяву новы начальнік краю пастараўся падмацаваць яскравымі прыкладамі. Вось перад намі адпаведныя выняткі з уласных запісак Мураўёва. „Паўстанцамі былі запоўнены ўсе турмы, але на жаль іх судовыя справы ня толькі ня былі закончаны, але нават і не пачаты. А аб тых асобах, над якімі прыгаворы вайсковых судоў ужо адбыліся, ня было зроблена канчатковых конфірмацый, бо баяліся строгасьцю абураць паўстанцаў. Наадварот, жадаючы паказаць палякам, што ўрад наш іх не баіцца, я адразу заняўся разглядам прыгавароў аб больш важных злачынцах, без затрымкі конфірмаваў іх і даў загад выканаць прыгаворы ў Вільні на гандлёвым пляцы ў поўдзень, з абвесткаю па ўсім горадзе з барабанным боем".[135]

Першым такім прыгаворам быў прыгавор па справе вікарнага ксяндза з Залудзьдзя, Лідзкага павету, Станіслава Ішоры. Яшчэ раней ён быў заарыштаваны за тое, што ў сваім касьцёле абвясьціў маніфэст паўстанскага жонду аб пачатку паўстаньня і аб абавязковым надзяленьні сялян зямлёю. Суд прыгаварыў Ішору на дзесяць гадоў катаржных работ. Калі Мураўёву быў прынесены гэты прыгавор на зацьверджаньне, то ён дзесяць гадоў катаргі замяніў сьмяротнаю караю праз расстрэл. Нават праваслаўны мітрапаліт, вядомы русыфікатар Іосіф Семашка лічыў патрэбным прасіць Мураўёва аб зьмякчэньні кары. Проф. М. Бэрг адзначае, што калі Семашка пры сваім хадайніцтве саслаўся на імя бога, то Мураўёў адказаў яму такім чынам: „Я пражыў ужо 60 год, аднак, гэтага бога, каторы жыве на небе, я ні разу ня бачыў; ня ведаю, ці бачылі яго вы, ваша праасьвяшчэнства". Словы вельмі цікавыя, калі прыняць пад увагу, што вешальнік быў правадніком на Беларусі прынцыпаў — праваслаўе, самаўладзтва і расійская народнасьць. Хадайніцтва Семашкі не памагло. 3-га чэрвеня, публічна, сярод белага дня Ішора быў расстраляны на Лукіскім пляцы.

Такім-жа самым спосабам 5-га чэрвеня быў расстраляны ксёндз Раймунд Земацкі з вёскі Вавьюркі Лідзкага павету. Ён абвінавачваўся, як і Ішора, у агалашэньні з касьцельнага амбону маніфэсту паўстанскага жонду. Адначасна з Земацкім быў расстраляны малады шляхціц з-пад Ліды Войцах Ляскоўскі (па іншых крыніцах Лясковіч. У. І.). Ён быў абвінавачаны ў тым, што агітаваў сярод сялянства, заклікаючы яго да паўстаньня. 9-га чэрвеня быў павешаны Баляслаў Кедышка, начальнік аддзелу ў Ковеншчыне, аб якім мы гаварылі вышэй. Сьмерць ён спаткаў з цьвёрдасьцю і поўным спакойствам. 22-га чэрвеня, на Лукіскім пляцы быў павешаны Юльян Лесьнеўскі, шляхціц з-пад Ліды. Ён быў абвінавачаны ў тым, што азнаёміў сялян з паўстанскім маніфэстам і агітаваў, каб яны ня выходзілі на паншчыну. Далэнга-Серакоўскі таксама дажываў свае астатнія дні. Пасьля таго, як аддзел яго быў разьбіты, ён быў арыштаваны і прывезены ў Вільню. Ён знаходзіўся на лячэньні ў шпіталі сьв. Якуба. Суд быў назначаны на 22 чэрвеня. Прыяцелямі Серакоўскага былі пушчаны ў ход сувязі яго з пецярбурскімі вяльможнымі „лібэральнымі“ коламі, каб выратаваць яго ад кары сьмерцю. Дзякуючы гэтаму, пецярбурскі генэрал-губэрнатар Сувораў напісаў Мураўёву ліст аб Серакоўскім. У сваім лісьце ён вызначаў, што Серакоўскі ў сваім мінулым меў даволі вялікія заслугі перад Расіяй і што, будучы памілаваным, ён ў далейшыя часы зможа выкупіць сваё злачынства і прынесьці расійскаму ўраду многа карысьці.

Шмат шуму за граніцай і ў Расіі нарабіў ліст вядомага італьянскага рэвалюцыянэра Д. Гарыбальдзі да Серакоўскага, зьмешчаны ў № 3 падпольнай газэты „Niepodleglosc". Паколькі гэты ліст гаворыць аб адносінах Гарыбальдзі ня толькі да Серакоўскага, але і наогул да паўстаньня 1863 году, мы падаем яго тут цалкам. „Слаўны прыяцелю! Ты на працягу трох тыдняў патрапіў узбудзіць задзіўленьне ўсёй Эўропы, стоячы на чале паўстаньня ў Ковенскім ваяводзтве з асаблівай мужнасьцю і адвагаю. Цяпер, будучы ваеннапалонным расійцаў і сьмяртэльна параненым, ты зварочваешся да мяне, даручаючы мне свой шляхетны край. Чыннаю рукою я быў-бы рады давесьці ўсім вам, якім нязьмерным пачуцьцём напаўняе мяне ваша сьвятая барацьба. Але абставіны асуджаюць мяне на бязьдзейнасьць. Майце толькі веру. Эўропейская дэмократыя не дазволіць, каб ваша бацькаўшчына была зьверскі забіта. Душою і сэрцам я бягу за посьпехамі вашага ўваскрасеньня з мёртвых. Так! Тысячу раз барацьбіты! Ваша дзейнасьць, ваш запал, ваша мужнасьць вучаць нас, як трэба змагацца з дэспотызмам. Сардэчна цісну тваю руку. Веруй у прыязьнь да цябя заўжды твайго—Гарыбальдзі".[136]

Суд над Серакоўскім па загаду Мураўёва быў прысьпешаны. Падсудны ў час допыту трымаў сябе адважна і нікога з сваіх супрацоўнікаў, невядомых ураду, не назваў, чаго суд перад усім вымагаў. Суд прыгаварыў Ковенскага ваяводу да кары сьмерцю праз павешаньне. Мураўёў гэты прыгавор адразу зацьведзіў і даў загад выканаць яго як найхутчэй, баючыся, што з Пецярбургу прыдзе памілаваньне. І сам Серакоўскі да астатніх хвілін быў чамусьці запэўнены, што яго ўрад памілуе. Тым ня менш кара адбылася 27 мая.

Адна кара ішла за другою. Мураўёў вешаў тых афіцэраў расійскай арміі, якія прымалі ўдзел у паўстаньні, звычайных паўстанцаў і нават тых, проці каго было толькі адно голае падазрэньне. Расправа ішла шырока, бяз строгага разбору, хто вінаваты і хто не вінаваты. Канчатковыя конфірмацыі прыгавораў рабіліся Мураўёвым, які наогул атрымаў неабмежаваныя поўнамоцтвы на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Побач з карамі сьмерцю ішлі масавыя высылкі ў краіны „не столь отдаленные". Не зьвярталася ўвагі на старасьць, малалецтва, хворасьць і г. д. Высылаліся старыя і малыя, мужчыны і жанчыны, апошнія нават цяжарныя. Усе гэтыя кары ў сваёй пераважаючай цяжкасьці ўпалі на дробную буржуазію і дробную шляхту, якую Мураўёў зусім правільна лічыў галоўнай кіраўніцай паўстаньня. Сьпісы пакараных сьведчаць аб гэтым. Зразумела, не засталіся незакранутымі і іншыя соцыяльныя групы, асабліва рамесьнікі і рабочыя.

МЕРАПРЫЕМСТВЫ ЧАСОЎ МУРАЎЁШЧЫНЫ. ПОЛІТЫКА СОЦЫЯЛЬНАГА ХАРАКТАРУ.

Найперш ад усяго, калі Мураўёў сядзеў яшчэ ў Пецярбургу, было апрацавана і канчаткова зацьверджана міністэрствам унутраных спраў палажэньне, для ахопленых паўстаньнем тэрыторый, аб вясковых вартах, якія складаліся з сялян. Зьмест палажэньня[137] наступны. Варты складаюцца з дабравольцаў па запрашэньню валасных ці сельскіх старшынь. Калі назіраецца недахват дабравольцаў, то па прыгавору валасных і сельскіх сходаў сяляне ў варты назначаюцца. Кожная варта, заложна ад мясцовых умоў, павінна складацца ня менш як з 60 і ня больш як з 100 чалавек. На кожных 10 вартаўнікоў прызначаецца адзін дзесяцкі, пераважна на аснове абраньня самых сялян. У складзе кожнай варты павінны быць і конныя вартаўнікі, ня менш як 10 чалавек на кожную. Абавязкі варты такія: а) Ставіць заставы ў мясцох, вызначаных павятовымі вайсковымі начальнікамі, апрашваць прахожых і праежджых, затрымліваць і аддаваць у рукі поліцыі падазроных асоб, б) Абараняць сялян і іх уласнасьць ад нападу паўстанцаў, в) Назіраць, каб на тэрыторыі, даручанай нагляду варты, ня зьбіраліся і не організоўваліся паўстанскія групы, дзеля чаго асабліва ўважліва аглядаць у раёне варты лясы. г) Лавіць і прасьледваць паўстанцаў там, дзе яны не пасьпелі ўтварыць значную групу, ці разьбегліся пасьля таго, як група была разьбіта; імкнуцца спыніць падвоз паўстанцам зброі, розных прыпасаў і харчоў, д) Калі будзе выкрыта група, якая складаецца з значнага ліку сіл, адразу апавяшчаць аб гэтым павятовага начальніка для высылкі на месца войска.

На аснове палажэньня па ўсёй Беларусі былі ўтвораны вясковыя варты. Яны былі ўзброены, на чале іх былі пастаўлены ўнцер-афіцэры, адбыўшыя тэрмін вайсковай службы. У некаторых паветах варты даходзілі да 1000 і 2000 чалавек. Як было вызначана вышэй, яны мелі права арыштоўваць і рабіць вобыскі ў западазроных асоб. За арыштаваных паўстанцаў вартаўніком выдавалася грашовая нагарода: за няўзброенага паўстанца тры рублі, а за ўзброенага пяць рублёў. Грошы на ўтрыманьне вартаў і на выдачу ўзнагарод браліся звычайна з тых контрыбуцый, якія накладаліся на паўстанцаў-памешчыкаў. У пачатку вясковыя варты дзейнічалі слаба. Дзейнасьць іх павялічваецца з восені. Сялянскія варты шмат пашкодзілі паўстаньню ўва ўсходніх губэрнях Беларусі.

Адначасова з палажэньнем аб сялянскіх вартах яшчэ ў Пецярбургу было апрацавана палажэньне аб ваенным кіраўніцтве на Беларусі і Літве. З канца мая і пачатку чэрвеня яно пачало ўводзіцца ў краі. На аснове палажэньня ўлада у краі была перадана ў рукі вайскоўцаў. Цывільная ўлада павінна была падпарадкавацца вайсковай уладзе. На чале губэрань, паветаў і станаў былі пастаўлены адпаведныя вайсковыя начальнікі з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Ім было даручана „очистить край от нелояльных людей, шляхты, духовенства и иных лиц, которые более или менее помогают восстанию". Вайсковыя начальнікі і ўзяліся за „чыстку" Беларусі і Літвы. Усе вайсковыя часьці, што знаходзіліся на тэй ці іншай тэрыторыі, былі пад загадам яе вайсковага начальніка, які карыстаўся імі для барацьбы з паўстаньнем. Само сабою зразумела, што сельскія варты таксама знаходзіліся ў руках вайсковых начальнікаў. Быў організаваны яўны і патаемны нагляд за ўсімі западазронымі асобамі, распачаліся згаворы і даносы. На кожным кроку адбываліся невераемныя злоўжываньні і надужыцьці. Паролі лозамі і бізунамі ўсіх западазроных, нават старых і жанчын. Былі выпадкі,[138] калі асоб, над якімі была зроблена экзэкуцыя, прымушалі плаціць экзэкутарам за іх „працу". Апроч вызначанага намі вышэй Дзьмітрыева, асабліва набыў славу сваімі злокарыстаньнямі і гвалтамі Бельскі (Горадзенскай губэрні) вайсковы начальнік Барэйша.

Былі выданы асобныя інструкцыі для нагляду над памешчыкамі і дамаўласьнікамі. Памешчыкі павінны былі выехаць з гораду ў свае маёнткі. Тут яны павінны былі сачыць за зьяўленьнем у ваколіцах маёнткаў паўстанцаў і наогул падазроных асоб, аб чым адразу паведамляць начальства. На земляўласьніках і на асобах іх замяняючых ляжыць адказнасьць за ўсякую паўстанскую групу і за ўсякага паасобнага паўстанца, што будуць заўважаны на тэрыторыі іх маёнткаў. За дапамогу паўстанцам, за схаваньне іх, а таксама за непаведамленьне аб іх зьяўленьні земляўласьнікі будуць прыцягвацца да строгай адказнасьці, а маёнткі іх будуць рэквізавацца.

Што датычыць дамаўласьнікаў, то калі „в домах их найдены будут подозрительные лица или участники в мятеже, о которых они не заявят в своё время полиции, то, независимо от предания личной ответственности владельца дома перед законом, взыскать с него штраф в размере от 100 до 200 рублей за каждое такое открытое лицо и на первый раз занять квартиру, в которой это окажется, под бесплатный военный постой сроком от одного до трех месяцев; во второй раз кроме взыскания штрафа, удвоить срок постоя, а в третий раз, взыскав удвоенный штраф, прекратить отдачу квартир в наймы и занять их на целый год бесплатно постоем".[139] Абодвы гэтыя мерапрыемствы, як мы бачым, накіраваны проці заможных соцыяльных груп вёскі і гораду. З гэтых груп выходзіла белая частка паўстаньня. Удар па кішэні белых прымусіў іх хутчэй адыйсьці ад паўстаньня і пасьпяшацца стаць у варожыя да яго адносіны,

Быў выдадзены асобны загад, якім забаранялася насіць чамаркі, кунтушы, рэволюцыйна-патрыятычныя эмблемы, жалобную вопратку, нават бараду-гішпанку, якую называлі наполеонкай. Парушэньне загаду каралася штрафамі і арыштам. Асаблівая ўвага была зьвернута на барацьбу з жаночымі жалобнымі вопраткамі. Тыя ўрадоўцы, жонкі, сёстры і дочкі якіх былі заўважаны ў нашэньні жалобнай вопраткі, звальняліся з пасады. Жанчыны за нашэньне жалобы першы раз караліся штрафам у 25 рублёў, другі раз — у 50 рублёў і трэці раз арыштам і аддачай пад суд. Калі якая жанчына ня мела сродкаў заплаціць назначаны штраф, то прадавалася з малатка яе рухомая маёмасьць. На грунце гэтага загаду адбывалася шмат злоўжываньняў. Усякае цёмнае, нават шэрае адзеньне лічылася жалобным. Вопраткі часам проста зьдзіраліся з жанчын, і яны пускаліся па вуліцы напоўапранутымі. Часам у турме яны зьмяшчаліся разам з угалоўным элемэнтам, простытуткамі і г. д. Зразумела, усё гэта ўсім сваім цяжарам упала на незаможныя групы жыхарства.

Па ўсіх паветах, станах і валасьцёх Беларусі і Літвы былі дадаткова расстаўлены вайсковыя часьці, выкліканыя з цэнтральнай Расіі. Яны, маючы пэўныя пункты стаянак, тым ня менш павінны былі заўжды перасоўвацца з месца на месца ці па вызначанаму маршруту, ці адпаведна зьяўленьню ў тых ці іншых мясцовасьцях паўстанскіх аддзелаў ці паасобных паўстанцаў. На гэта быў выданы 26 мая 1863 г. абежнік[140] на імя вайсковых начальнікаў губэрань, зьмест якога быў наступны: „Находя одно средство к скорейшему водворению порядка в том, чтобы войска, которые назначены в распоряжение военных начальников уездов, не оставались безвыходно в городах, но беспрестанно производили движения по их району, ограждая жителей от насилий, производимых мятежниками, и водворяя везде спокойствие, я возлагаю это на особую попечительность как вашего превосходительства, так и на строгую обязанность военных начальников в уездах... Войска, состоящие в ведении военных уездных начальников, должны беспрестанно появляться в разных местах уездов, при чем подвижные колонны должны производить движение налегке без ранцев и частым появлением своим в разных местностях ободрять жнтелей". У нас ёсьць вялікае сумненьне адносна таго, што войскі „ограждали" і „ободряли“ жыхарства Беларусі і Літвы. Наадварот, ёсьць цэлы шэраг пэўных вестак аб тым, што яны вялікім цяжарам ляглі на жабрацкі бюджэт зьбяднелага селяніна. Яны бралі харчы найчасьцей ад сялянства. За харчы сялянству выдаваліся нічога ня вартыя квіткі, а часта справа абыходзілася і бяз усякіх квіткоў: ішло звычайнае драпежніцтва.

З абежніку відаць, што рэгулярным расійскім аддзелам прапануецца весьці тактыку, падобную да партызанскай тактыкі паўстанках аддзелаў. Гэта выклікалася неабходнасьцю і папярэдняю практыкай барацьбы з паўстанцамі. Таксама зусім на партызанскі манер былі пабудаваны спэцыяльна ўтвораныя жандарскія каманды. Жандарская каманда была адна на павет, складалася яна з 20—30 чалавек, заўжды перасоўвалася конна з месца на месца па тэрыторыі павету і найчасьцей несла выведчую службу. Жандарскія каманды знаходзіліся пад непасрэдным кіраўніцітвам вайсковых павятовых начальнікаў. Фактычна яны былі зусім безадказны і ўчынялі найбольш гвалтаў, надужыцьцяў і злокарыстаньняў. Бязумоўна, ад іх цярпелі не заможныя паны: цярпела ад іх дробная шляхта, дробная буржуазія і сялянства, якое ня мела сродкаў ад іх адкупіцца.

Самым моцным ударам па земляўласьніцкай шляхце, якая прымала ўдзел у паўстаньні, былі сэквэстар маёнткаў і контрыбуцыя. Маёнткі паноў, асабліва скомпромэтаваных удзелам у паўстаньні, адбіраліся ў скарб для раздачы і продажы рускім земляўласьнікам. Лічба сэквэстраваных маёнткаў была значная. У № 87 урадавай газэты „Kurjer Wilenski“ за 1863 год зьмешчаны сьпіс сэквэстраваных маёнткаў да сярэдзіны чэрвеня 1863 году. У сьпісу налічваецца 361 назва. У канцы чэрвеня, гэты лік ужо даходзіў да 396.[141] К канцу кіраўніцтва Мураўёва лік сэквэстраваных маёнткаў даходзіў да 1760.[142]

У канцы чэрвеня 1863 году ўсім вайсковым начальнікам Беларусі і Літвы быў разасланы для тэрміновага выкананьня загад аб тым, што на ўсе без выключэньня маёнткі земляўласьнікаў накладаецца 10%-ная контрыбуцыя. Яна павінна ісьці на аплату страт, якія наносяцца краю паўстаньнем. Контрыбуцыя павінна быць унесена ў скарб на працягу аднаго тыдня. У тых земляўласьнікаў, якія ня маюць грошы, каб заплаціць контрыбуцыю, вайсковыя начальнікі павінны прадаваць з малатка маёмасьць. Контрыбуцыя з маёнткаў паноў ня польскага паходжаньня была зьменшана да 5%. Потым яна была яшчэ паніжана для паноў нямецкага паходжаньня да 3%, а для паноў расійскага паходжаньня да 1½%. Мураўёў у сваім загадзе разглядаў контрыбуцыю не як кару, а як дабрахвотную дапамогу з боку земляўласьнікаў краю расійскаму ўраду, які творыць у краі парадак, патрэбны ў інтарэсах саміх земляўласьнікаў. Контрыбуцыя павінна была ўносіцца адзін раз, але ў сапраўднасьці справа стаяла іначай. Аўтар „Powiesci o Horozanie"[143] піша: „я знаю шмат такіх паноў, якія на працягу 1863 і 1864 году заплацілі сем дзесяціпроцантных контрыбуцый". Контрыбуцыя асабліва моцна ўдарыла па земляўласьніках польскага паходжаньня. Для ілюстрацыі падаем тут выняткі з прыватнага ліста, пасланага з Менску 11 кастрычніка 1863 году.[144] „По первому сбору контрибуция с края была более 3-х миллионов рублей, из которых на Минскую губернию пришлось слишком 400 тысяч рублей. Название этого сбора десятипроцентным до того условно, что в большинстве случаев равняется действительному годовому доходу, который для контрибуции расчитывался со всей земли без различия ее качества... Если принять в расчет большия пожертвования шляхты на восстание, повторенную с нее контрибуцию, различные потери ее вследствие военного положения страны и, наконец, совершающуюся здесь крестьянскую реформу, на которую требуется для хозяйства прежде всего капитал, то нельзя не убедиться, что здешние дворяне не отряхнутся и через 50 лет, тем более, что как я вам писал, им будут выдаваться взамен выкупной ссуды даже не свидетельства, которые они могли бы продать, а лишь 5%-ный доход с капитализированного оброка, определяемого поверочными комиссиями“. Аўтар ліста па свайму паходжаньню належыць да расійскіх земляўласьнікаў. Ён адносіцца адмоўна да паўстаньня і паўстанцаў, але ён спачувае земляўласьніцкай шляхце, як сваім клясавым таварышом. Ён баіцца, што ад мураўёўскага нажыму паны на Беларусі „не отряхнутся и через 50 лет“, і баіцца зусім дарэмна. Мураўёўскія лекі былі для земляўласьнікаў крыху загоркія, але яны былі толькі лекамі, каб накіраваць іх па таму „правільнаму шляху", з якога яны зышлі на некалькі хвілін, па шляху поўнай згоды з расійскім царызмам. Зразумела, на гэты шлях земляўласьнікі рана ці позна сталі-б і без Мураўёва на аснове сваіх клясавых інтарэсаў, але дапамога доктара была ня шкоднай. З далейшай гісторыі мы бачым, што земляўласьніцкая шляхта ад мураўёўскіх лекаў „отряхнулась" даволі хутка, паправіла свае справы, набіла крыху спусьцеўшыя кішэні, жыла ў давольстве і ладзе з расійскім царызмам, пакуль яе не „тряхнула", як належыць, канчаткова і беспаваротна Кастрычнікавая рэволюцыя.

У канцы чэрвеня па Беларусі і Літве быў пашыраны яшчэ адзін абежнік, на аснове якога 10%-ная контрыбуцыя ў паасобных выпадках магла быць павялічана. Генэрал-губэрнатар прапануе губэрнатарам і павятовым вайсковым начальнікам — „о всех владельцах, в семействах коих окажется отлучившиеся без вести члены, немедленно доносить мне, дабы я мог распорядиться об усилении с них взыскания сверх общего 10%-ного сбора, так как такие владельцы оказываются вдвойне виноватыми в сравнении с прочими".[145] Такія данясеньні пачалі паступаць у канцэлярыю Віленскага генэрал-губэрнатара з пачатку ліпня: на аснове іх і вышэйвызначанага абежніку пачалі спаганяцца дадатковыя контрыбуцыі.

Адначасна зьявіўся яшчэ адзін абежнік,[146] што загадваў губэрнатарам і павятовым вайсковым начальнікам — „об'явить через полицию всем домовладельцам-помещикам или их поверенным, чтобы они непременно в продолжении семи дней со дня об‘явления сего распоряжения внесли назначенный с их домов однопроцентный сбор“. Гэты абежнік быў дадаткам да абежніку аб 10% контрыбуцыі. Ён датычыў паноў-дамаўласьнікаў толькі польскага пахаджэньня.

У сярэдзіне чэрвеня Мураўёў выдаў абежнік да павятовых начальнікаў аб правядзеньні прасек лесу ўздоўж чыгунак.[147] „В виду охранения железной дороги признано необходимым очистить ее от прилегающего к ней леса: вокруг станций на 300 саженей во все стороны, а по дороге на 150 сажень как в одну, так и в другую сторону. Должно быть выслано рабочих с топорами от крестьян близлежащих селений с назначением им по 30 копеек в сутки каждому на их харчах. Ваше высокоблагородие озаботитесь, чтобы рабочие получали отдельно установленную плату и чтобы вообще при исполнении всего этого дела не были допущены какие либо беспорядки или злоупотребления". Як відаць з пачатку абежніку, прарубаньне лесу каля жалезнай дарагі мела сваёй мэтаю ахоўваць дарогу і станцыі ад нечаканых нападаў паўстанцаў, якія вельмі часта такімі нападамі перарывалі зносіны і перапраўку войска з месца на месца. Плату сялянам за вырубку лясоў павінен быў плаціць уласьнік лесу, ці гэта будзе скарб, ці прыватная асоба. Плата грашыма магла быць заменена платаю зрубленым дрэвам, на што вельмі ахвотна згаджаліся сяляне. Трэба зазначыць, што на практыцы найчасьцей вырубаліся лясы прыватных уласьнікаў. Апроч жалезных дарог, лясы прарубаліся і ў іншых мясцовасьцях, каб лягчэй было сачыць за паўстанскімі аддзеламі і прасьледваць іх. За часы Мураўёва для гэтай мэты было высечана шмат лесу. Памешчыкі на гэтым пацярпелі часовыя страты, сяляне крыху выйгралі. У Бельскім павеце Горадзенскай губэрні ў трох толькі маёнтках (графіні Патоцкай, Цяцерскага і Фэнша) было высечана лесу па тагочаснай расцэнцы на 12.000 срэбных рублёў. Наогул найбольш лесу было высечана ў Горадзеншчыне і Віленшчыне. Вырубаньне лясоў рабілася яшчэ з політычнай мэтаю, каб прыцягнуць у бок улады сялянства. Для гэтай-жа мэты ў пачатку зімы 1863 году Мураўёў выдаў загад, на аснове якога панскія двары ня мелі права адмовіць сялянству ў дрэве для апалу. Пры гэтым селянін павінен быў плаціць за атрыманае дрэва ня больш, чым ён плаціў за дрэва ў скарбовым лесе.

Абежнікам, выдадзеным 10 кастрычніка 1863 году, былі скасаваны ўсе судовыя прыгаворы на сялян, якія былі вынесены судамі ў ранейшыя часы і якія датычылі экономічных узаемаадносін паміж панамі і сялянамі. Такое скасаваньне законных прыгавараў тлумачылася ў абежніку „адбываўшыміся ў краі непарадкамі". Праз нейкі час Мураўёў выдаў другі абежнік, на аснове якога сялянам павінны былі быць адданы тыя землі, на якіх яны вялі гаспадарку ў 1857 годзе і якія, пры надзяленьні сялян зямлёю, былі затрыманы панамі. У сваёй дакладной запісцы на імя цара М. Мураўёў піша аб гэтым так: „Все правительственные органы, как высшие, так и местные должны быть неуклонно направлены к тому, чтобы крестьяне были поставлены в совершенно независимое положение от владельцев и не могли быть стесняемы ими в средствах своего хозяйства, а для сего, чтобы им были возвращены все угодья, которые у них находились с 1857 года, т. е. со времени заявления самими владельцами о их желании упрочить быт крестьян".[148] Такую „заботливость" выяўляе вешальніку адносінах да сялян, проці вызваленьня якіх ён так змагаўся ў свае часы ў Пецярбургу! Крыху ніжэй у сваёй запісцы Мураўёў ідзе яшчэ далей у сваёй „заботливости“. Ён піша: „Справедливость требует всем тем крестьянам, которые с 1846 года были обезземелены, возвратить хотя часть земли, которою они владели, дабы они могли построить на ней хату и иметь по крайней мере огород и небольшую запашку".[149]

Яшчэ ў часы Мікалая І быў адданы загад аб утварэньні пры вясковых грамадах збожжавых ссыпных магазынаў. Гэтыя магазыны засыпаліся адпаведным лікам сялянскага збожжа на выпадак „недароду" і голаду. Звычайна паны карысталіся гэтым збожжам для сваіх патрэб, зразумела, ня пытаючыся згоды сялянства. Калі распачалося паўстаньне і калі паўстанскі ўрад вымагаў ад паноў выкананьня народнага падатку, дык паны вельмі часта замест свайго збожжа давалі яго з грамадзкіх магазынаў. Часам забіралі збожжа і самы паўстанцы. І ў гэтым выпадку Мураўёў рашыў паказаць сваю „дабрачыннасьць" у адносінах да сялян. Быў выданы спэцыяльны абежнік такога зьместу[150]: „Об‘явлено было, чтобы дворовые управления во всех помещичьих имениях, где хлеб из запасных сельских магазинов выдан без разрешения продовольственной комисии в установленной форме, внести непременно к 1 июня (па старому стылю. У. І.) все количество хлеба, недоставшее в магазине в день передачи сего последняго в ведение общества. Но многие помещики, вместо заботливости о пополнении сельских магазинов, довольствуют находящимися у них запасами хлеба мятежнические шайки. Посему начальники губерний обязаны распорядиться через военных уездных начальников и исправников, чтобы в тех имениях, где магазины еще не пополнены, недостающее количество хлеба немедленно было засыпано из наличных запасов помещика. Если же затем будет недоставать до надлежащего пополнения магазина, произвести оное из зерна, которое будет собрано в настоящем году с засеянных помещичьих полей, о чем об'явить для сведения как помещикам, так и крестьянам, поручив волостным правлениям, неослабное наблюдение за непременным пополнением магазинов". Калі ў пана ня было магчымасьці засыпаць магазын зярнём, дык пад пагрозаю продажы яго рухомасьці з малатка, ён павінен быў заплаціць каштоўнасьць хлеба грашыма.

У канцы жніўня 1863 году быў выданы абежнік аб тым, каб сяляне, якія былі пазбаўлены зямлі пасьля складаньня інвэнтароў, былі надзелены трыма дзесяцінамі ворнай зямлі на сям’ю. Апроч таго, яны павінны атрымаць ад пана права пасьвіць сваё быдла на яго зямлі. Гэты абежнік пашыраўся нават і на такіх сялян, якія прымалі ўдзел у паўстаньні, але потым раскаяліся, кінулі паўстанцаў і прынесьлі прысягу на вернасьць расійскаму ўраду. Патураньне сялянам, нават паўстанцам, Мураўёў тлумачыў тым, што яны былі ўцягнуты ў паўстаньне ці сілком, ці абяцанкай паўстанцаў даць ім зямлю.

Усе мураўёўскія мерапрыемствы, накірованыя проці шляхты, падалі ня столькі на буйную, колькі на дробную шляхту. Дробнай шляхты на Беларусі, асабліва ў заходняй яе частцы, было вельмі многа. Яна жыла цэлымі засьценкамі ці ваколіцамі. Па свайму экономічнаму дабрабыту такая дробрая шляхта часам зусім мала адрозьнівалася ад сялянства і складала верхні, кулацкі яго пласт. Яна адрозьнівалася ад сялянства яшчэ тым, што была вольнаю. Праўда, існавала і такая шляхта, якая сядзела на зямлі буйнога пана-земляўласьніка і плаціла яму чынш. Такая шляхта цалкам была залежнаю ад буйнога пана і зусім блізка падыходзіла да сялянства. Дробная шляхта выдзяляла з сябе разначынны і наогул дробнабуржуазны элемэнт і давала паўстаньню крайнюю чырвоную групу ў вельмі вялікай яе лічбе. Зразумела, Мураўёўшчына зьвярнула на гэтую дробную шляхту асаблівую ўвагу. Цэлы шэраг рэпрэсійных мерапрыемстваў быў накіраваны спэцыяльна проці гэтай соцыяльнай групы, якую Мураўёў лічыў асабліва шкадлівай і небясьпечнай.

У дадатку да інструкцыі, выдадзенай 24 мая (стары стыль. У. І) 1863 году,[151] Мураўёў вельмі дэтальна спыняецца на гэтай групе. Ён адзначае, што ў ліку асоб, якія прынялі актыўны ўдзел у паўстаньні, налічваецца вельмі значная колькасьць дробнай шляхты і аднадворцаў. Мураўёў лічыць гэтую групу вельмі злачыннай, якую трэба пакараць асабліва цяжка. „От таких преступных шляхтичей и однодворцев, по справедливости не имеющих права пользоваться теми выгодами и удобствами, какие предоставляются крестьянскому сословию, верному своему долгу, немедленно отобрать земельные участки с усадьбами, на коих они водворены, и вместе с находящимся на оных хозяйством передать в распоряжение тех казенных или временнообязанных крестьянских обществ, в составе которых они находятся, с тем: а) чтобы общества предоставляли такие участки в пользование крестьянамогородникам и бобылям или кутникам, которые не имеют наделов, б) чтобы участки эти были отдаваемы крестьянам, отличающимся порядочной жизнью и преимущественно оказавшим особые услуги по содействию к преследованию и уничтожению мятежников и в) чтобы ввод во владение этими участками был произведен не иначе, как по мирскому приговор". Мураўёў, такім спосабам, выдзяляе дробную „злачынную" шляхту ад „благанадзейнага" сялянства і землі яе з гаспадаркаю аддае сялянскім вобчаствам.

Ён не спыняецца нават перад поўным разгромам цэлых дробна-шляхецкіх ваколіц. Для разгрому даволі аднаго падазрэньня, што Даная ваколіца спачувала ці падтрымлівала паўстанцаў. Увосень 1863 году сялянска-шляхецкая вёска Лукавіца, Бельскага павету, праз якую праходзіў паўстанскі аддзел Эйтміновіча, была западазрона ў спачуваньні і падтрыманьні гэтага аддзелу. Вёска была спалена, маёмасьць конфіскавана, а жыхары высланы ў Сібір. Тое самае было зроблена з вёскамі-ваколіцамі Прушанкаю Бельскага павету і Вішнянкаю Беластоцкага павету. У кастрычніку 1863 году была спалена вёска Ібяны Ковенскай губэрні. Крыху раней была спалена вёска Явораўка Беластоцкага павету. М. Бэрг[152] так апісвае гэты факт. 17 жніўня 1863 году палкоўнік М. Цэйгэ-фон-Мантэйфэль, што знаходзіўся ў Беластоку, атрымаў ад Мураўёва тэлеграфны загад, каб ён шляхецкую вёску Явораўку, якая знаходзіцца ў 12 вярстах ад Беластоку, спаліў; месца, на якім яна стаяла, заараў; усіх жыхароў яе вывеў у Беласток і там пасадзіў у турму да далейшага загаду. 19 жніўня раніцою Мантэйфэль з трыма ротамі пяхоты і дзьвюма сотнямі Казакаў прыбыў у Явораўку. Жыхарам загадана было высьці з хат і выносіць з сабой сваю рухомасьць. Хворых клалі на калёсы і вывозілі за вёску. Пасьля таго, як гэты загад быў выкананы, казакі падпалілі стрэхі адначасна з усіх бакоў. У адну хвіліну вёска запалала, і праз некалькі гадзін ад яе нічога не засталося. Жыхары Явораўкі пад моцным, канвоем былі накіраваны ў Беласток і там пасаджаны ў турму. Праз нейкі час усе яны былі высланы ў Туркестан. Частка іх запнула па дарозе, а аб другой частцы мы ня маем ніякіх вестак. Вядома толькі, што той самы Мантэйфэль, які рабіў над Явораўкай экзэкуцыю, у часы сваёй далейшай службы ў Туркестане спаткаў там гэтых выгнанцаў.

Як відаць з усіх вышэйпаданых мерапрыемстваў Мураўёва, ён імкнуўся ўсімі сіламі ўлажыць у сялянскія галовы думку, што паўстанцы складаюцца выключна з паноў, што гэтыя паны сваім паўстаньнем шкодзяць інтарэсам сялянства; ён выкарыстоўваў процілегласьць соцыяльных інтарэсаў сялян і паноў для таго, каб перацягнуць сялянства на час паўстаньня ў бок расійскага ўраду. Сутнасьць сваёй сыстэмы Мураўёў добра апісаў у лісьце на імя шэфа жандараў В. А. Даўгарукава.[153]

Даўгарукі, паміж іншым, у сваім лісьце да Мураўёва выказаў занепакоенасьць, як-бы гульня Мураўёва з сялянамі на Беларусі і Літве не перакінулася ў Расію, як-бы і ў Расіі ня вынікла думка парушыць інтарэсы паноў для інтарэсаў сялян; як-бы сярод асоб, блізкіх да ўраду, ня вынікла незадаваленьне дэмагогічнаю ў адносінах да беларускага сялянства політыкаю Мураўёва. У адказ на гэта Мураўёў зазначае, што земляўласьніцкую шляхту на Беларусі і Літве ня можна раўнаць з расійскім дваранствам, бо шляхта воража адносіцца да царскага ўраду, у той час калі расійскае дваранства зьяўляецца апораю трону. Зразумела, дзякуючы гэтаму, „меры, принимаемые в Западном Крае к устройству правильного быта крестьян и к уничтожению влия­ния на них помещиков, не могут иметь ничего общего с мероположениямн, вводимыми в России в отношении русских крестьян“. Далей Мураўёў заспакайвае Даўгарукава такою заяваю: „Православная Россия слишком благоразумна и особенно крестьяне наши одарены достаточным здравым смыслом, чтобы не понять, что меры, прынятые в Западном Крае, суть и должны быть исключительные для этого края, что они вызваны силою обстоятельств и потому никак не могут быть применяемы к российским губерниям. Я уверен, что отличающийся своим сметливым умом русский народ не станет и домогаться этого". Далей Мураўёў з глыбокім жалем зазначае, што нават расійскае і нямецкае дваранства на Беларусі і Літве ў час паўстаньня не падтрымлівала расійскага ўраду. „Я должен с прискорбием сказать, что в продолжении всей страшной борьбы с крамолами и мятежом, когда доблестное войско наше с полным самоотвержением жертвовало собою, ни один из русских и особенно остзейских помещиков не оказали правительству ни малейшего пособия ни в чем и не противодействовали мятежу“. Перад канцом ліста Мураўёў падагульвае свае думкі ў такіх, вельмі характэрных словах: „Когда мы с вашим сиятельством занимались крестьянским вопросом, то имели ввиду не мятежницкий край, а Россию православную, преданную своему государю, и потому, сознавая величайшую пользу и необходимость благодетельной меры освобождения крестьян от крепостной зависимости, полагали вместе с тем необходимым сколь можно менее раз'единять давнишнюю связь, соединяющую два сословия, на которой основана сила и незыблемость государства, но здесь иное дело: вся сила, на которую может опираться здесь правительство, заключается в одном сельском населений, и потому для самой пользы государства раз'единение его с прочими враждебными правительству сословиями, особенно землевладельцами польского происхождения, необходимо. Мы должны, необинуясь, итти этим путем, не взирая ни на какие возгласы, и водворять здесь русскую народность совершенным подавлением польскаго элемента. Всякая другая система действия будет гибельна для нас и поведет к тому концу, что настанет время, когда мы должны будем лишиться всего края“.

Такім чынам, Мураўёў лічыць, што яго сыстэма выклікаецца сілаю абставін, што яна магчыма толькі на Беларусі і Літве, а не ў Расіі. Сутнасьць яе заключаецца ў часовым выкарыстаньні соцыяльных, нацыянальных і рэлігійных процілегласьцяй для політычных мэтаў. Трэба часова ўдарыць па кішэні земляўласьніка, трэба пайсьці на зданьнёвыя ўступкі сялянству для таго, каб зьберагчы ўстоі самаўладзтва ў адзінай непадзельнай Расіі. Самаўладзтва каштуе таго, каб дзеля яго правесьці гэтую спробу, праўда, рызыкоўную, але верную.

РУСІФІКАЦЫЯ БЕЛАРУСІ.

Яшчэ ў пачатку чэрвеня Мураўёў зьвярнуўся з офіцыяльным лістом да Віленскага каталіцкага біскупа Красінскага. У лісьце сваім Мураўёў адзначыў, што каталіцкае духавенства прымае вельмі чынны ўдзел у паўстаньні, вынікам чаго была сьмяротная кара ксяндзоў Ішоры і Земацкага і аддача пад суд вялікага ліку ксяндзоў, якія таксама будуць сурова пакараны. Ксяндзы, як слугі касьцёлу, ня толькі самі не павінны ісьці проці прысягі на вернасьць Расіі, але павінны і сваю паству кіраваць на правільны шлях выкананьня вернападданіцкай прысягі. Біскуп Красінскі павінен сваёю ўладаю і духоўным аўторытэтам напомніць ксяндзом сваёй эпархіі аб іх абавязках, для якой мэты ён павінен выдаць у бліжэйшы час адпаведныя загады і адозвы, прыслаўшы копіі іх да ведама Мураўёву. Ліст да біскупа адначасна быў надрукаваны ў офіцыйным органе „Kuryer Wilenski". У адказ на гэты ліст каталіцкая эпархіяльная консісторыя разаслала за подпісам Красінскага абежнік да духавенства, у якім прапанавала ксяндзом ўстрымлівацца ад усякага ўдзелу ў паўстаньні. Мураўёву не спадабаўся самы тон гэтага абежніку, і ён даў загад аб высылцы Красінскага ў цэнтральную Расію. Біскуп, ня ведаючы аб гэтым загадзе і ратуючыся яд рэжыму Мураўёва, узяў замежны пашпарт нібы для лячэньня і паехаў цягніком у напрамку на Рыгу. У Дзьвінску яму было абвешчана, што замест заграніцы ён паедзе ў выгнаньне ў Пскоў. Аднак, у Пскове Красінскага перасадзілі з вагона ў карэту і па шосэ павезьлі ў Ноўгарад. У Ноўгарадзе яму было абвешчана, што месцам выгнаньня для яго прызначана Вятка, куды біскуп і быў накіраваны, праз Маскву і Казань. Такі маршрут быў даны затым, каб абмінуць Пецярбург, дзе біскуп мог-бы выкарыстаць свае знаёмствы і сувязі з пецярбурскімі „лібэральнымі" вяльможамі для палягчэньня кары. У Вятцы Красінскі прабыў аж да пачатку 80-х гадоў, пасьля чаго яму дазволена было выехаць за граніцу.

Пасьля высылкі біскупа Мураўёў прыняўся за ксяндзоў згодна свайму абяцаньню, выказанаму ў вышэйпаданым лісьце да біскупа. Мураўёў здаў справы некалькіх ксяндзоў у ваенны суд і некалькі ксяндзоў адміністрацыйна павысылаў у розныя мясцовасьці Расіі. Пасьля гэтага ён прыняўся за каталіцкія манастыры. Было ўстаноўлена, што некаторыя манастыры давалі дапамогу паўстанцам зброяю і харчамі, перахоўвалі паўстанцаў у сваіх мурох і прымалі параненых на лячэньне. Выкарыстаўшы гэты факт, Мураўёў даў загад зачыніць больш 30 каталіцкіх манастыроў. Зразумела, у ліку гэтых манастыроў было зачынена і шмат такіх, якія ніякага дачыненьня да паўстанцаў ня мелі. Для зачыненьня часам даволі было і аднаго згавору. Тое самае распачалося і ў адносінах да касьцёлаў. Каталіцтва і католікі былі прызнаны неблаганадзейнымі. Зусім іначай стаяла справа ў адносінах да праваслаўя. Тут, наадварот, ішло падтрыманьне і насаджваньне праваслаўя, якое было прызнана сынонімам царскага самаўладзтва і расійскай народнасьці. Сам Мураўёў так апісвае сваю „місіянэрскую“ дзейнасьць у гэтым напрамку: "во всех почти городах начали строиться на суммы, данные правительством, и особенно на контрибуционные деньги каменные православные церкви, так же и в деревнях: некоторые даже в начале 1865 года были уже освящены. При церквах устроены были церковные советы из крестьян и вообще прихожан православных, которые деятельно способствовали построению церквей и деньгами и работой. Православное духовенство видимо одушевилось и усердно содействовало всему этому. Мною испрошено было оному значительное пособие по 400.000 р. в год из контрибуционных сумм, так что все приходские сельские священники получили ровное содержание до 280 рублей серебром, а городские до 700 рублей".[154] Панегірысты Мураўёва, А. Мілавідаў, дапаўняе словы Мураўёва. „Исходя из того убеждения, что православие в здешнем крае[155] есть знамя русского напала и народной жизни, без утверждения которого здесь не мыслимо прочное владычество России, и что одну из главных связей, соединяющих народ воедино в гражданской его жизни, составляют твердые религиозные верования, он (Мураўёў. У. І.) различными административными мерами стремился возвысить и расширить в крае православную церковь и при содействии духовной власти построить ее так, чтобы она в частных своих проявлениях ничем не отличалась от великорусской церкви с ее истовым православием".[156]

Цэлы шэраг фактаў сьведчыць нам аб падтрыманьні і насаджваньні Мураўёвым праваслаўя на Беларусі і Літве. З дзяржаўнай скарбніцы было вызначана 42.000 рублёў на дапамогу тым духоўным, якія пацярпелі ад паўстаньня. Быў выданы дазвол на выдачу бясплатна скарбовага лесу для пабудовы і апалу дамоў праваслаўнага духавенства. Былі адданы ў распараджэньне цэркваў бліжэйшыя фэрмы і фальваркі, сэквэстраваныя ў паўстанцаў для зьмяшчэньня ў іх царкоўных школ і кватэр праваслаўнага духавенства. Была вызначана спэцыяльная камісія, якая павінна была зьвярнуць праваслаўным цэрквам і манастыром тыя землі, якія раней па якіх-небудзь прычынах былі ад іх адабраны. Камісія „зварочвала“ нават і такія землі, што ніколі не належалі да праваслаўных цэркваў і манастыроў. Пачалі шукаць уніятаў і „незаконных" каталікоў, якіх сілком перапісвалі ў праваслаўе. Пры Мураўёве па офіцыйных даных такіх наварочаных праваслаўных зьявілася звыш 12 тысяч чалавек. Касьцёлы перарабляліся ў цэрквы, капліцы — у часоўні.

Для большага замацаваньня праваслаўя былі выцягнуты адпаведныя старыя загады яшчэ мікалаеўскага часу. Мікалай І яшчэ ў 1852 годзе выдаў загад аб тым, каб паны пабудавалі для сваіх сялян новыя праваслаўныя цэрквы там, дзе іх ня было, ды адрамантавалі старыя там, дзе яны прышлі ў нягоднасьць. Гэты загад у свае часы так і ня вылез з-пад сукна канцылярскіх сталоў і заставаўся забытым аж да 1863 году. У гэтым годзе Мураўёў выцягнуў з-пад сукна стары мікалаеўскі загад і распачаў рэалізацыю яго з уласьцівай яму ўпартасьцю. Палякі-паны, якіх усіх без выключэньня Мураўёў лічыў удзельнікамі і прыхільнікамі паўстаньня і якія па свайму рэлігійнаму вызнаньню былі звычайна каталікамі, прымушаліся, на моцы мікалаеўскага загаду, будаваць новыя і папраўляць старыя цэрквы для сваіх сялян, якія у пераважнай большасьці былі праваслаўнымі. Цікава тое, што да паноў праваслаўнага вызнаньня гэты-загад не дапасоўваўся, а паны-каталікі будавалі цэрквы, якія звонку былі падобны да касьцёлаў. Тады былі выпісаны для пабудовы цэркваў спэцыяльна два чыноўныя архітэктары з Расіі: Рэзанаў і Чагін, якія пачалі паводзіць Мураўёскія загады у жыцьцё. Зразумела, генэрал-губэрнатар дапамагаў „мастацкай“ чыннасьці архітэктараў, дзе было трэба, рэпрэсіямі, дзякуючы якім зьявілася у жыхарства вялікая „добраахвотнасьць" да „сьвятой справы" пабудовы праваслаўных цэркваў. Такім спосабам, беларускі селянін адурманьваўся рэлігійным дурманом і на свае грошы, і на скарбовыя, і на так званыя контрыбуцыйныя. Па вестках, якія дае вышэйпамянёны А. І. Мілавідаў (стар. 265), было пабудавана нанова 98 цэркваў, адрамантавана цэркваў і належачых да іх будынкаў 126, перароблена з касьцёлаў 16 цэркваў, з каталіцкіх капліц перароблена 3 царквы, нанова пабудована 63 праваслаўныя капліцы. Лічба атрымоўваецца не малая. Да гэтага трэба дадаць, што некаторыя з гэтых цэркваў і капліц былі вельмі дарагія. Даволі зазначыць, напрыклад, капліцу сьвятога Юрага ў цэнтры Вільні: капліца каштавала каля 25.000 рублёў.

Цэлы шэраг ільгот быў зроблены ў адносінах да стараабрадцаў, якіх Мураўёў лічыў адзіным, зусім адданым расійскаму ўраду насельніцтвам „паўночна-заходняга" краю. Ня гледзячы на протэст міністра ўнутраных спраў, Мураўёў выдаў загад, на аснове якога адмянялася на тэрыторыі Літвы і Беларусі раней існаваўшае палажэньне аб асьвядчэньні валаснымі праўленьнямі памерлых стараабрадцаў. У праўленьнях былі ня толькі стараабрадцы, але каталікі і праваслаўныя, асьвядчэньні якімі нябожчыкаў-старавераў, па думцы старавераў, вельмі зьневажала нябожчыка. Мураўёў загадаў не рабіць вышэйадзначаных асьвядчэньняў, апроч тых выпадкаў, калі гэтага вымагае суд. У стараверскіх вёсках, апроч таго, было дазволена будаваць пачатковыя школы.

Падтрымліваючы і насаджваючы праваслаўе, Мураўёў бачыў у ім найлепшы сродак русіфікацыі на Беларусі і Літве. Апроч таго, русіфікацыя праводзілася і непасрэдна пры дапамозе чыста адміністрацыйных мерапрыемстваў. Сутнасьць гэтых мерапрыемстваў была вызначана ў дакладзе-запісцы „аб некаторых пытаньнях па ўстройству Паўночна-Заходняга краю", якая была падана цэнтральнаму ўраду 14 мая 1864 году.[157] Як мы бачым, з гэтай запіскі, Мураўёў лічыў патрэбным:—„1) Подтвердить окончательно о повсеместном введении русского языка, как это ныне сделано, с прекращением употребления польского языка во всех официальных и служебных сношениях, а так-же и в наружных изображениях всякого рода, особенно в -местах, посещаемых народом. 2) Немедленно все высшие служебные должности по всем ведомствам, а также все места, имеющие прикосновение с народом заместить русскими чиновниками, прочие-же должности замещать русскими постепенно. 3) Вменить в строгую обязанность всем министерствам привести эти меры в исполнение командированием из России чиновников вполне благонадежных' и прекратить всякие в этом отношении пререкания, как это ныне случается со стороны некоторых ведомств. 4) Заселять край русскими сколько возможно сосредоточеннее. Заселение это производить, не отстраняя и старообрядцев, ибо они более других сохраняют русскую народность". Такім чынам, калі мы ўглядаемся ў „запіску" Мураўёва, то бачым, што яго адміністрацыйныя мерапрыемствы мелі на ўвазе — А) навадніць Беларусь і Літву прывозным расійскім чыноўніцтвам, Б) як-мага зьменшыць польскае земляўласьніцтва, каб яго замяніць расійскім і В) насадзіць расійскую мову і наогул культуру.

Каб павялічыць лік расійскіх урадоўцаў у краі, трэба было заманіць іх сюды матар'яльнымі выгадамі. Мураўёў гэта прадбачыць і выдзяляе з контрыбуцыйных сум спэцыяльны фонд на „абрусеньне" краю праз прыежджае чыноўніцтва. Значна павялічваюцца звычайныя пры перамяшчэньнях і назначэньнях урадоўцаў падымныя і прагонныя грошы за рахунак гэтага фонду. Праз год звычайная пэнсія ўрадоўцаў, што прыехалі з Расіі, павялічваецца ў 1½ разы. „Чиновники русские всех ведомств в 1864 году получили уже добавочное жалованье в 50% из контрибуционных сумм. Мировым посредникам также увеличено содержание по 500 рублей, так что все русские деятели, будучи вполне обеспечены, трудились верою и правдою к утверждению русского дела в крае.[158]

Далёка не заўсёды запатрабаваньні Мураўёва ў цэнтар на ўрадоўцаў задавальняліся ў першы час на ўсе 100 процантаў, на што ён і скардзіцца ў сваёй „запісцы". Але хутка справа была наладжана, і чыноўныя русіфікатары, „русские деятели", як іх важна называе Мураўёў, пацяклі на Беларусь і Літву шырокаю рэчкаю. Рэакцыйныя расійскія колы падтрымлівалі Мураўёва. Яны пастараліся выезд чыноўнікаў у „Западный Край" абвясьціць пачэснаю, сьвятою справаю, свайго роду крыжовым паходам на няверных. Асабліва стараўся ў гэтым напрамку вядомы рэакцыянэр-славянафіл Іван Аксакаў. Вось яго думка: „В газетах беспрестанно печатаются приглашения от правительства русским из великорусских губерний занять места мировых посредников и некоторые другие в наших западных областях. Пусть-же честные образованные молодые люди, кончив курс в университете, направятся в Западный край с своими свежими бодрыми силами и явятся туда миссионерами русской народности".[159]

Аб гэтых "місіянэрах" даволі добра піша Пшыбароўскі,[160] аўтар, які па сваіх поглядах зьяўляецца згоднікам у стылі Велепольскага. Нават такі правы аўтар дае вельмі адмоўную характарыстыку прыехаўшым русіфікатарам. „Сама Вільня і цэлая Літва зараілася тады зьбіраючымся з усіх канцоў Расіі лайдацтвам, якое, як крукі на падлу, цягнуліся натоўпам на Літву, „в Польшу", як яны казалі, каб там парабіць сабе кар'еры і адыграць ролю расійскіх патрыётаў. У Вільні поўна было розных іхмосьцяў, што круціліся бяз сьцісла акрэсьленых заняткаў па залях генэрал-губэрнатарскага палацу, па розных бюро і насілі гуморыстычную назву „пры" і „па", бо яны знаходзіліся пры той ці іншай установе, пры генэрал-губэрнатару, ці, кажучы па-расійску, былі залічаны па той ці іншай канцылярыі... Дайшло памалу да таго, што нават сам Мураўёў хапіўся, што гэты расійскі наезд на Літву пераходзіць усякія межы, і цэлымі вагонамі адсылаў гэтае лайдацтва назад у Расію".

З гэтымі словамі Пшыбароўскага трэба згадзіцца, бо і сам Мураўёў, праўда, вельмі далікатна і асьцярожна, што зусім зразумела, у сваіх запісках заяўляе, што сапраўды з тых урадоўцаў, якія па яго ўласнаму запрашэньню прыбывалі з Расіі на Беларусь, шмат хто абсолютна не адпавядалі свайму прызначэньню. Мураўёў зазначае гэты факт з вялікім жалем, бо, дзякуючы яму, парушаецца мураўёўекая сыстэма абрусеньня Беларусі. Чуткі аб поўнай нягоднасьці урадоўцаў, што прыехалі з цэнтральнай Расіі на Беларусь і Літву, дайшлі аж да Пецярбургу. Нават сам цар, даведаўшыся аб гэтым, быў вельмі незадаволены. Калі Мураўёў у красавіку 1865 году атрымаў у цара аўдыенцыю, дык цар выказаў яму сваё незадавальненьне. Мураўёў у сваіх запісках[161] так апісвае сваю аўдыенцыю. „Гусударь принял меня довольно сухо, и когда я ему об‘яснил еще раз о положении края, то он более молчал, не делая особых возражений, кроме впрочем о том, что среди русских чиновников есть много людей ненадежных".

Што датычыць ліку прыехаўшых з Расіі ўрадоўцаў, дык ён быў вялікі. Сам Мураўёў у сваім „Отчете"[162] вызначае гэтую лічбу больш чым у 3000 чалавек. Як бачым, перад намі вялікая чыноўная русіфікатарская армія. У сапраўднасьці яна была яшчэ большаю, бо, апроч чыноўнікаў, Мураўёў выпісваў з Расіі духавенства і настаўнікаў. Тым ня менш аднымі выпісанымі з Расіі чыноўнікамі Мураўёў абысьціся ня мог. Прыходзілася назначаць і „туземцаў".[163] Праўда, гэтыя туземцы назначаліся на пасады, асабліва на вышэйшыя, „с крайней осторожностью".

Барацьба з польскім земляўласьніцтвам на Беларусі і Літве пачалася яшчэ пасьля паўстаньня 1831 году. Тады было адабрана ў скарб у паноў 315 маёнткаў з насельніцтвам у 110.870 душ мужчынскага полу. У манастыроў было адабрана 182 маёнткі з насельніцтвам у 15.545 душ. Адабраныя ў скарб маёнткі прадаваліся і раздаваліся земляўласьнікам расійскага пахаджэньня. Тым ня менш расійскае земляўласьніцтва ня мела вялікага значэньня ў краі. Напрыклад, у 1860 годзе лік расійскіх земляўласьнікаў складаў ня больш 2% агульнага ліку паноў польскага пахаджэньня.[164] Зразумела, на гэта зьвярнуў сваю ўвагу Мураўёў. Яшчэ ў 1864 годзе Мураўёў унёс у міністэрства дзяржаўных маемасьцяў прапанову аб абавязковай продажы сэквэстраваных маёнткаў расійскім земляўласьнікам і аб насаджэньні на Беларусі і Літве расійскага земляўласьніцтва. Прыяцель Мураўёва, міністар Зялёны некалькі разоў уносіў гэтую прапанову на зацьверджаньне Аляксандра ІІ, але цар па нейкіх прычынах не згаджаўся яе зацьвердзіць. Толькі к канцу 1865 году ўдалося дабіцца зяцьверджаньня прапановы. 10 сьнежня 1865 году быў выданы загад, на аснове якога права набываць маёнткі на Літве і Беларусі было адабрана ў палякаў і яўрэяў. Маёнткі як з рук скарбу, так і з рук прыватных уласьнікаў маглі купляць толькі расійцы. Цікава спыніцца на мотывіроўцы загаду. На 10 мільёнаў жыхарства Беларусі польскае жыхарства зусім нязначнае. Яно складаецца пераважна з земляўласьнікаў, а таму надае краю польскі характар і не дазваляе іншаму няпольскаму жыхарству правільна разьвівацца і карыстацца, нароўні з іншым жыхарствам, праведзенымі рэформамі. Загад, такім чынам, мае сваёю мэтаю „абараняць" расійскае зёмляўласьніцкае жыхарства ад нерасійскага.

Праз нейкі час з дзяржаўных сум было асыгнавана 5.000.000 рублёў на выдачу доўгатэрміновых пазычак для набыцьця на тэрыторыі Беларусі і Літвы маёнткаў земляўласьнікамі расійскага пахаджэньня. Маёнткі ня толькі прадаваліся, але і раздаваліся дарма ў нагароду расійскім ваенным і цывільным вяльможам. У далейшыя часы (3 мая 1882 году, 27-га сьнежня 1884 году) яшчэ выдаваліся царскія загады, што ставілі сваёю мэтаю барацьбу з польскім земляўласьніцтвам. Цікава, што ўсе гэтыя мерапрыемствы ня мелі значных рэальных вынікаў. Расійскія земляўласьнікі чамусьці ня ўмелі ўкараняцца на беларускім грунце. Польскія земляўласьнікі, роўна як і яўрэйскія, пусьцілі ў ход сыстэму падстаўных асоб і, ня гледзячы на абмежаваньні, набывалі землі. Апроч таго, расійскі ўрад пасьля таго, як паўстаньне спынілася, зрабіўся куды ласкавейшым у адносінах да польскіх паноў і часам зьвяртаў ім сэквэстраваныя землі, а часам дазваляў куплю іх.

Гэтым вельмі незадаволены абаронцы расійскага земляўласьніцтва на Беларусі. Падамо адну з такіх лямантацый. Пачынаецца яна з усхваленьня добрых якасьцяў тэрыторыі Беларусі і Літвы. „Северо- Западный край есть одна из найлучших областей российского государства. Климат в ней весьма хороший, мягкий и здоровый. Почва во многих местах весьма плодородная, и даже худшая, вследствие влажности воздуха, везде способна принимать культуру. Воды много; рек, озер и лесу тоже много. В продолжение 30 лет моего пребывания в крае не было здесь ни одного неурожая. Сбыт сельских произведений легок—в Петербург, Ригу, Либаву и Пруссию. Путей сообщения множество: железные дороги изрезывают край во всех направлениях. Есть каналы и судоходные реки — Неман, Двина, Припять и Днепр". Адным словам, Беларусь і Літва—залатое дно. Толькі і жыць-бы тут расійскаму земляўласьніку. Аднак у гэтым напрамку справа стаіць вельмі дрэнна, Дзякуючы чаму, аўтар далей ужо пераходзіць да лямантацый. „Русское культурное землевладение в крае потерпело полное фиаско. Громадное большинство имений находится в польских и еврейских руках, а в русских—ничтожное меньшинство, и при том не с видами прочной оседлости и серьезного занятия сельским хозяйством, а с целью спекулирования землями.[165] Толькі аднаго дасягнула ўпартая мураўёўская політыка. Яна амаль-што дашчэнту зруйнавала дробнае земляўласьніцтва беларускай ваколічнай і засьцянковай шляхты. Трэба зазначыць, што дробная беларуская шляхта доўга не магла аправіцца пасьля ўдараў Мураўёва. Прайшоў даволі доўгі час, пакуль яна зноў стала на ногі.

Супрацоўнікам Мураўёва па культурнай русіфікацыі Беларусі і Літвы быў Іван Пятровіч Карнілаў, які па сваіх поглядах зусім адпавядаў мураўёўскай сыстэме. Па свайму паходжаньню гэта—арыстократ, які, па звычаю, пачынае сваю кар‘еру службаю ў гвардыі. Потым ён пераходзіць у межавое ведамства, адкуль і пачынаецца чамусь яго вучэбная кар‘ера. У 50-я гады ён назначаны Інспэктарам казённых школ Маскоўскага вучэбнага округу, адкуль пераведзены з павышэньнем на пасаду памочніка куратара Пецярбурскага вучэбнага округу. У 1864 годзе ён быў назначаны на пасаду куратара Віленскага вучэбнага округу, на якой пасадзе ён і прабыў да 1868 году. Першыя гады свайго куратарства ён быў верным супрацоўнікам вешальніка па культурнай лініі. Ён забясьпечвае будучыну мураўёўскай русіфікацыі, ідэолёгічна ўгрунтоўвае яе. Яго заданьне—атручваць моладзь у імя вядомых ужо нам прынцыпаў: праваслаўя, самаўладзтва і расійскай народнасьці і весьці бязьлітаснае змаганьне з тымі, хто супраціўляўся гэтай атруце. Трэба ўтварыць „моральны аўторытэт" для адміністрацыйнай русіфікацыі, а для ўтварэньня гэтага аўторытэту трэба разьвінуць шырокую працу на культурным фронце. У сваім лісьце да І. Дзялянава Карнілаў наступным чынам формулюе гэтую сваю думку. Для нашего морального авторитета, для достоинства русского имени и, наконец, для очевидного доказательства, што здешний край поистине русский, а не польский, правительство должно всеми мерами возбуждать и поддерживать здесь деятельность русской мысли и слова. Мало вооружаться против полонизма только войсками, пушками, полицией тайной и явной. Исключительно одни административные мероприятия вызывают протесты и озлобление, увеличивают неуважение, вражду и ненависть. Необходимо, чтобы русская мысль, русское слово и русская книга везде морально завоевали этот край.[166]

Сярод трох кітоў—русіфікацыі, праваслаўя, самаўладзтва і расійскай народнасьці—праваслаўе па праву займае першае пачэснае месца. Ад яго цалкам залежыць па думцы Карпілава нацыянальнае і дзяржаўнае самавызначэньне. Каталік заўжды будзе паляком, праваслаўны — расійцам. Праваслаўная вера заўжды зробіць беларуса сапраўдным расійцам, запраўдным абаронцам самаўладзтва, бо царква ёсьць выяўленьне рускага духу. Памоцніцаю царквы ў гэтай справе зьяўляецца школа, якая павінна знаходзіцца пад уплывам і пад загадам праваслаўнай царквы. Праваслаўнае духавенства нясе адказнасьць ня толькі за царкву, але і за школу, яно павінна быць і асноўным кіраўніком яе. Настаўнік школы павінен падпарадкавацца сьвяшчэньніку. Настаўнік па свайму вызнаньню павінен быць абавязкова праваслаўным. Пачынаецца ў сувязі з гэтым чыстка школы ад каталіцкага элемэнту. Разам з каталікамі-палякамі з настаўніцкіх пасад праганяюцца і каталікі-беларусы. Мясцовыя праваслаўныя настаўнікі бяруцца пад падазрэньне, бо іх праваслаўе па думцы русіфікатараў ня зусім чыстапробнае. Настаўнікі выпісваюцца з цэнтральнай Расіі. Выпіска настаўнікаў ідзе вельмі энэргічна. Калі мы возьмем для прыкладу лічбы настаўніцтва к пачатку 1864 году, то атрымоўваецца такі малюнак: з 392 настаўнікаў і загадчыкаў школ польскіх настаўнікаў было 239. Праўда, гэтыя лічбы ня зусім дакладныя, бо пад палякамі статыстыка таго часу разумее каталікоў, хто-б яны ні былі—каталікі-беларусы, ці каталікі-палякі, але ясна адно, што ўсе яны зьяўляюцца мясцовымі людзьмі.[167] Зусім іначай стаіць справа ў пачатку 1865 году. У сваіх „запісках" аб школьнай справе на Беларусі Мураўёў піша так: „К началу 1865 года во всех гимназиях учителя были уже русские, так что преподавання польского языка в школах уже не было. С содействием духовенства и мировых посредников учебное ведомство открыло повсеместно народные школы, которых было уже более 600. Преподавателями в них были русские семинаристы, коих прибыло в край несколько сот человек из внутренних губерний после моих сношений с епархиальными архиереями".[168] Нават і тыя школы, у якіх настаўнікамі былі выпісаныя з Расіі асобы, скончыўшыя духоўныя сэмінарыі, павінны былі быць у руках духавенства. Цывільная асоба можа быць у школе толькі памоцнікам сьвяшчэньніка. „Учреждать светские народные школы следует только там, где не будет возможности поручать оные православному духовенству".[169]

Для ўсіх школ на Беларусі прысылаюцца новыя падручнікі, якія адпавядаюць запатрабаваньням мураўёўскай сыстэмы. Пры школах утвараюцца танныя народныя „патрыятычныя" бібліотэчкі, у якіх найбольшы аддзел складаюць кнігі рэлігійнага зьместу, як напрыклад, жыцьцярысы князёў Уладзімера, Барыса, Глеба, Аляксандра Неўскага і г. д. У такім-жа напрамку падбіраецца і літаратурная белетрыстыка. Перад лекцыямі і пасьля іх чытаюцца праваслаўныя малітвы, ня гледзячы на тое, што вучні належаць да іншых мясцовых рэлігійных вызнаньняў. Вялікая ўвага зьвяртаецца на вывучэньне закону божага, царкоўнаславянскай мовы і набожных сьпеваў, каб вучні маглі чытаць і сьпяваць на царкоўным крыласе. Школа перарабляецца ў ваяўнічы аддзел праваслаўнай царквы. „Каб школа зрабілася расійскаю, яна павінна была перабудавацца ў свайго роду ecclesia millitans ня толькі ў сэнсе абароны, але і наступу. З гэтаю мэтаю ўжо граф Увараў, прадмесьнік Карнілава, ускладаў на расійскіх настаўнікаў у школах Паўночна-Заходняга краю абавязак ня толькі абаронцаў, але і місіянэраў праваслаўя, самаўладзтва і рускай народнасьці".[170] Такім спосабам, высілкамі Мураўёва, Карнілава і іх супрацоўнікаў на Беларусі насаджваецца школа ваяўнічага рэтраградзтва, школа чужая для побыту мясцовага жыхарства і шкадлівая для інтарэсаў працоўных мас краю.

Зразумела, што абыйсьціся для школ на Беларусі прывозным настаўніцтвам ня было ніякай магчымасьці. Трэба было падумаць аб мясцовай вытворчасьці настаўнікаў па патрэбнаму для расійскага ўраду тыпу. Пры выданьні ў 1864 годзе палажэньня аб народных школах міністэрства народнай асьветы выдала і „Палажэньне аб настаўніцкіх сэмінарыях". Гэтае палажэньне і было выкарыстана Мураўёвым для Беларусі. На аснове выданага палажэньня настаўніцкія сэмінарыі ставілі сабе такую мэту — „доставить педагогическое образование лицам всех сословий, православного вероисповедания, желающим посвятить себя учительской деятельности в начальных училищах".[171] Такім чынам, вучнямі настаўніцкіх сэмінарый маглі быць асобы толькі праваслаўнага вызнаньня, што задавальняла погляды Мураўёва на школу і яе заданьні. Першая настаўніцкая сэмінарыя ва ўсерасійскім маштабе была заснавана ў 1864 годзе на Беларусі ў мястэчку Маладзечне. Для сэмінарыі былі падабраны адпаведныя кіраўнікі і настаўнікі, якія павінны былі падтрымліваць і насаджваць у яе сьценах праваслаўна-расійскі, патрыятычна-царскі напрамак. Значная большасьць вучняў сэмінарыі атрымлівала стыпэндыі, што экономічна прымацоўвала вучняў да школы, аддавала іх у рукі адміністрацыі і настаўнікаў школы, якія тым лягчэй маглі перарабляць іх у „истино-русских людей". Настаўніцкія сэмінарыі ўсімі сіламі імкнуліся выканаць сваё назначэньне і выпускаць такую мясцовую інтэлігенцыю, якая была-б адарвана ад мясцовых працоўных гушчаў і была-б падобна па сваіх поглядах да той інтэлігенцыі, што была выклікана з Расіі. І гэта ім у пэўнай меры ўдавалася, хоць і ня заўжды.

У програме настаўніцкіх сэмінарый на першым месцы стаяў закон божы і царкоўна-славянская мова. Настаўнікі гэтых прадметаў павінны былі граць галоўную ролю. Амаль кожная сэмінарыя мела сваю дамовую царкву для „нравственного назидания" вучняў. Гісторыя выкладалася ў казённым патрыятычным стылі, прырода тлумачылася ў згодзе з сьвятым пісаньнем. Вучням прышчаплялася ідэя „единой, великой и неделимой России“. Культываваўся погляд на ўсіх керасійцаў, як на „инородцев", што расцэньваліся, як нейкая ніжэйшая парода людзей. Асабліва даставалася яўрэям, як „нехристям"; пышнаю кветкаю ўзрашчвалася юдафобства. Беларуская мова, матчыная мова вучняў, абвяшчалася някультурнай „мужыцкай мовай" і старанна выганялася з ужытку. Ішлі зьдзекі ня толькі над моваю вучняў, але і над іх вопраткаю і манерамі, як мужыцкімі. Усякае выяўленьне вучнямі нават намёкаў на іншыя, „лібэральныя" погляды строга каралася.

Пазьней, у сувязі з зьяўленьнем палажэньня 1872 году аб гарадзкіх вучылішчах, выдаецца палажэньне аб настаўніцкіх інстытутах, якія маюць сваёю мэтаю падрыхтоўку настаўнікаў для гарадзкіх вучылішч, прогімназій і малодшых клясаў гімназій. Настаўніцкія інстытуты пабудаваны на тых самых асновах, што і настаўніцкія сэмінарыі. Яны толькі маюць справу з больш кваліфікаваным матар‘ялам. Пазьней, калі расійскі ўрад пабачыў, што яўрэйская інтэлігенцыя мае вялікія здольнасьці і ахвоту да асіміляцыі, быў адчынены Яўрэйскі Настаўніцкі Інстытут у Вільні побач з хрысьціянскім праваслаўным інстытутам. Нормальны тэрмін навучаньня ў настаўніцкім інстытуце, як і ў настаўніцкай сэмінарыі, быў трохгадовы. У яўрэйскім інстытуце для больш дасканалага вывучэньня расійскай мовы тэрмін навучаньня быў чатырохгадовы.

Сыстэма Мураўёва зьвярнула ўвагу на выхаваньне ў адпаведным напрамку (праваслаўе, самаўладзтва і расійская народнасьць) і жанчын. Яшчэ ў 1863 годзе былі адчынены эпархіяльныя духоўныя жаночыя вучылішчы па губэрскіх гарадох Беларусі. Гэта былі зусім зачыненыя школы, што мелі на мэце аберагчы дзяўчат ад усякіх „вольных знадворных уплываў". Лічачы, што гэтых школ замала, Мураўёў стараўся павялічыць іх колькасьць. У 1864 годзе эпархіяльнае вучылішча было адчынена ў Наваградку. У гэтым-жа годзе такое самае вучылішча было адчынена ў Парычах. У Вільні быў адчынены Марлінскі жаночы манастыр, пры якім для дзяўчат быў утвораны прытулак, што быў рэорганізаваны потым таксама ў эпархіяльнае жаночае духоўнае вучылішча. Ува ўсе гэтыя школы прымаліся амаль выключна дзеці праваслаўнага духавенства. Выключэньні былі вельмі рэдкія.

Урадаваю моваю на Беларусі была абвешчана выключна расійская мова. Мураўёўшчына зусім ня лічылася з тым, што масаваю моваю на Беларусі была мова беларуская. І ня можна думаць, што тагочаснае начальства ня ведала гэтага. Яшчэ ў верасьні 1861 году куратар Віленскага вучэбнага округу князь Шырынскі-Шахматаў у сваім адносьніку на імя міністра народнай асьветы графа Пуцяціна піша, што ў губэрнях Віленскай, Горадзенскай і Менскай большая частка сельскага жыхарства гаворыць „наречием белорусским".[172] Ведае аб гэтым і вядомы маскоўскі журналісты Каткоў, які наогул вельмі цікавіцца тым, што робіцца на Беларусі. Ён паміж іншым, зазначае, што ў 60-х гадох у мэтах каталіцкай пропаганды ксяндзы карысталіся ў касьцёлах роднаю для беларусаў моваю.[173] Праўда, ён гэтую мову называе „русской", бо і беларусаў лічыць „искони русскими". Калі паказаньне Шырынскага-Шахматава адносіцца да Ўсходняй Беларусі, то заява Каткова ў першую чаргу разумее Заходнюю Беларусь, дзе жыве большасьць каталікоў-беларусаў. Ня мог ня ведаць аб беларускай мове і сам Мураўёў, якому жандары дастаўлялі падпольную беларускую паўстанчую літаратуру, як „Мужыцкая Праўда", „Перадсьмертны разгавор пустэльніка Пятра", „Гутарка двух суседаў" і г. д. Расійскі царызм ведаў, што існуе беларуская мова, але ён зусім сьвядома лічыў патрэбным зжыць яе, бо Беларусь па яго погляду была „искони русским краем".

Раней, на працягу больш як сотні год ішла полёнізацыя Беларусі. Беларускія нізы ламаліся пад польскую мову і культуру. Мураўёўшчына забараніла ўжываць польскую мову і разьвіваць польскую культуру. Беларуская мова і культура таксама падпалі пад забарону, бо, па-першае, яны лічыліся „мужыцкімі", што зводзіла іх, як культурныя каштоўнасьці, да нуля, па-другое, яны лічыліся польскімі, калі апраналіся ў форму лацінкі. Цяпер беларускія нізы павінны былі ламацца ў другі бок, пад расійскую мову і культуру. Усё гэта ўтварала ў быту беларуса цяжкае становішча. 13-га верасьня 1865 году міністар унутраных спраў забараніў[174] друкаваць кніжкі ў літоўскай мове лацінскімі літарамі. Што датычыць кніжок і наогул друкаванага слова ў беларускай мове, то на іх, магчыма думаць, таксама пашырылася гэтая забарона. Праз нейкі час укаранілася практыка зусім не дазваляць друкаваць беларускія кніжкі, якімі-б яны літарамі ні былі напісаны. Прыпыняецца на доўгі час беларускае выдавецтва. Беларускае слова на некалькі дзесяткаў год, аж да рэволюцыі 1905 году, заганяецца ў вузкія рамкі рукапісу. А калі яно часам падманнымі і абходнымі спосабамі і пападае ў друк, дык гэта толькі вельмі рэдкія і нават выключныя здарэньні.

Наогул на заходняй ускраіне царскай імпэрыі ўтварылася атрутная атмосфэра барацьбы расійскага і польскага нацыяналізму, праваслаўнага і каталіцкага клерыкалізму. У гэтую атручаную атмосфэру на доўгі час папала Беларусь з яе рознанацыянальным і рознарэлігійным насельніцтвам. Зразумела, пры такіх умовах яна і ў сваіх нетрах расьціла абарончы нацыяналізм беларусаў, літвіноў і яўрэяў.

ЖОНДАВЫЯ ЗЬМЕНЫ Ў ВАРШАВЕ.

Для таго, каб ясьней уявіць сабе далейшае разьвіцьцё падзей паўстаньня на Беларусі, нам трэба пазнаёміцца з важнейшымі фактамі ў жыцьці цэнтральнага паўстанчага жонду, які меў організацыйны і політычны ўплыў на разьвіцьцё паўстаньня на Беларусі і Літве.

Як мы ўжо гаварылі вышэй, з сярэдзіны сакавіка 1863 году Цэнтральны Варшаўскі Камітэт зрабіўся белым. Пасьля кароткай няўдалай белай дыктатуры Марыяна Лангевіча Цэнтральны Камітэт зноў прыбірае ўсё да сваіх рук. Ён вядзе яўна выразную белую лінію. У сувязі з гэтым Камітэт-Жонд ставіць стаўку ня столькі на інтэнсіўнасьць, колькі на экстэнсіўнасьць паўстаньня. Гэта зусім зразумела, калі прыняць пад увагу, што белыя глядзелі на паўстаньне, як на нешта другараднае. Не паўстаньне ўтворыць будучую Польшчу, а чужаземная інтэрвэнцыя. Паўстаньне толькі вызначыць пралітаю крывёю паўстанцаў межы будучай Польшчы. Члену Камітэту Рупрэхту прыпісваюць, напрыклад, такую думку, што даволі будзе аднаго паўстанскага стрэлу ў тыдзень на адзін павет, каб Заходняя Эўропа не забывалася аб дапамозе Польшчы. Паміж іншым, плян паўстаньня на Беларусі і Літве быў пабудаваны згодна з гэтым поглядам белых на ролю і значэньне паўстаньня.

У складзе Камітэту нікога з больш-менш выдатных чырвоных ня было. У красавіку 1863 году ён складаўся з Рупрэхта, Гілера, Яноўскага, Авэйдэ і Сівінскага. З усіх іх толькі Авэйдэ і Яноўскі яшчэ ня зусім парвалі з памяркоўна-чырвонымі поглядамі, рэшта, асабліва Рупрэхт і Сівінскі, былі яўна выразнымі белымі. Такі склад членаў Камітэту рабіў яго зусім залежным ад політыкі белых. Гэта адразу выявілася на цэлым шэрагу яго дэкрэтаў. Дэкрэтам ад 7 красавіка было забаронена паўстанцам адчыняць і прымаць удзел у політычных таварыствах; існуючыя політычныя таварыствы на аснове гэтага дэкрэту павінны былі быць зачынены. У сярэдзіне красавіка была апублікавана програма Цэнтральнага Камітэту. У програме на першую чаргу былі высунуты і падкрэсьлены політычныя пытаньні, як напрыклад, пытаньне аб непадлегласьці Польшчы. Што датычыць пытаньняў соцыяльнага парадку, а таксама пытаньняў аб той ці іншай самастойнасьці Беларусі, Літвы і Украіны, то яны былі затушаваны і адсунуты на другі плян.

Тым ня менш трэба вызначыць, што пад уплывам сялянскага незадавальненьня Цэнтральны Камітэт формальна ня толькі не адступіўся ад проекту надзяленьня сялян зямлёю, але ўвесь час у сваіх дэкрэтах спыняўся на ім. У гэтых адносінах ён ня мог, прынамсі ў сваіх офіцыйных дакумэнтах, мяняць лінію чырвонага Цэнтральнага Камітэту, які існаваў прыблізна да часу дыктатуры М. Лангевіча. Каб лепш разабрацца ў гэтым пытаньні, мы падамо тут адпаведныя дэкрэты, выданыя як чырвоным-бялеючым, так і зусім пабялелым камітэтамі.

Яшчэ 5-га сакавіка 1863 году Цэнтральным Камітэтам-Жондам была выдана проклямацыя, у якой мы спатыкаем такое месца. „Першым словам Народнага Жонду было абвяшчэньне свабоды ўсіх сыноў сьвятой зямлі нашай. Зьнішчаючы крыніцу нязгод, якія шмат гадоў падтрымлівалі нашы ворагі, Народны Жонд ухваліў безадкладную аддачу зямлі ва ўласнасьць сялянам. Робячы гэты загад, урад не кіраваўся ніякімі фантастычнымі тэорыямі, што пагражаюць зруйнавацьнем падвалін эўропейскага грамадзкага ладу, ён выканаў толькі старыя імкненьні земляўласьнікаў і надзеі вясковага жыхарства, чаму перашкаджаў расійскі ўрад. Страты, нанесеныя прыватнай уласнасьці, будуць зьвернуты з народнай маёмасьці".[175]

Праз некалькі дзён, 9 сакавіка, Камітэт-Жонд лічыць патрэбным выдаць загад на тую самую тэму. Зьмест загаду наступны. „У інструкцыі ад 25 лютага бягучага году на імя ваяводзкіх і павятовых вайсковых начальнікаў, а таксама начальнікаў аддзелаў было ім, паміж іншым, прадпісана, каб яны прыводзілі да выкананьня ў кожнай гміне дэкрэт ад 22 студзеня аб надзеле сялян уласнасьцю. У сучасны момант выявілася, што ўва многіх гмінах, занятых народнымі войскамі, вайсковыя начальнікі і начальнікі аддзелаў ня зусім строга прытрымліваюцца прадпісаньняў інструкцыі, а праз гэта затрымліваюць правядзеньне ў жыцьцё вышэйпаказанага закону, Народны Жонд самым строгім чынам загадвае ўсім вайсковым і цывільным начальнікам у ваяводзтвах і паветах, а таксама начальнікам паасобных аддзелаў, каб яны ўсюды пасьля прыбыцьця народнага войска адразу прыступалі да абнародаваньня вызначанага дэкрэту і да ўрадавага прызнаньня праў, выцякаючых з яго зьместу. Выдаючы вышэйпаказаны загад, Народны Жонд спадзяецца, што пачуцьцё абавязку і замілаваньня да бацькаўшчыны будзе выстарчальнаю парукаю выкананьня яго волі ўсімі ваеннымі і цывільнымі ўладамі. У апецы сваёй над добрабытам народу Жонд прапануе цяпер сваім камісарам у ваяводзтвах, каб яны строга наглядалі за выкананьнем дэкрэту ад 22 студзеня, а таксама і ўсіх выцякаючых з яго ўрадавых дзеяньняў. У делейшым Жонд ня спыніцца перад тым, каб пусьціць у ход усе сродкі, якія-б гарантавалі народу пабудову грамадзкіх адносін на аснове закону аб надзеле сялян ўласнасьцю".[176]

Як мы бачым з датаў гэтых абодвых докумэнтаў, яны выдадзены яшчэ да ўстанаўленьня белай дыктатуры Лангевіча. Народны Жонд па інэрцыі быў яшчэ чырвоным, але ўжо пачаў пад уплывам цэлага шэрагу прычын, што намі раней ужо былі зазначаны, няўхільна бялець. Са зьместу докумэнтаў ясна, што Жонд формальна хоча стаяць на тым самым грунце, на якім ён стаяў 22 студзеня, але некаторыя думкі ў докумэнтах ужо сьведчаць аб яго белым ухіле. Жонд стараецца адгарадзіць сябе ад страшэнных рэволюцыйных тэорый, якія пагражаюць усталяванаму ладу Заходняй Эўропы. Далей мы бачым, што ён прыпісвае вызваленьне і надзяленьне сялян не рэволюцыйным запатрабаваньням мас, а добрай волі самых земляўласьнікаў, чаго ў сапраўднасьці ніколі ня было і не магло быць па зразумелых прычынах. Астатняя заява Жонду, апроч таго, ёсьць сваго роду загульваньне з земляўласьніцкаю шляхтаю, якая раней была проці паўстаньня, а цяпер прымушана была прызнаць яго і прыняць у ім удзел.

Праходзіць некалькі тыдняў. Цэнтральны Камітэт-Жонд ужо зусім пабялеў. Але для паўстаньня яму патрэбна сялянская маса. Гэты факт прымушае яго яшчэ раз зрабіць доказ таго, што ён націскае, каб дэкрэт ад 22 студзеня выконваўся. 31 сакавіка 1863 году Жонд выдае наступны загад: „Прымаючы пад увагу, што дэкрэт аб надзеле сялян уласнасьцю не ўва ўсіх яшчэ мясцовасьцях абнародаваны і прыведзены да выкананьня і што, дзякуючы гэтаму, земляўласьнікі, адгаварваючыся няведаньнем, маглі-б патрабаваць ад уласьнікаў сядзіб унясеньня к 1-му красавіка належаных к гэтаму тэрміну выкупу і аброку на аснове ранейшых распараджэньняў, Народны Жонд, разьвіваючы вышэйвызначаны дэкрэт, ухваляе, што такі дэкрэт зьяўляецца абавязковым для ўсіх уласьнікаў маёнткаў, як прыватных, так і казённых (данацый) і царкоўных у Каралеўстве Конгрэсовым, на Літве і Русі (на Беларусі, Літве і Украіне. У. І.) ад дня яго выданьня, і што, дзякуючы гэтаму, належаны да гэтага часу земляўласьнікам выкуп ці аброк спыняецца з 1-га красавіка бягучага году. Усякі, хто ня выконвае гэтага распараджэньня, апроч звароту незаконна атрыманага, будзе падлягаць суровай адказнасьці".[177]

У загадзе, як мы бачым, адзначана, што дэкрэт аб надзяленьні сялян зямлёю ня толькі ня выкананы, як належыць, але далёка ня ўсюды яшчэ абнародаваны. Гэта гаворыць аб вялікай павольнасьці Белага Жонду ў разьвязаньні сялянскага пытаньня. Апроч таго, і частае паўтарэньне дэкрэту гаворыць аб тым, што ён ня выконваўся. Тым ня менш гэтае самае паўтарэньне ў той ці іншай меры популярызавала яго сярод сялянства, што ў вядомай ступені ўцягвала сялян ў паўстаньне. „Што раз часьцей нават здаралася, што сяляне добраахвотна ішлі ў шэрагі паўстанцаў, асабліва ў ваяводзтвах Плоцкім, Мазавецкім і Радамскім".[178] Тое самае зазначае ў сваіх паказаньнях і О. Авэйдэ. „Расположение крестьян тоже изменилось. Конечно, было-бы нелепо утверждать, что крестьяне кипели патриотизмом и жаждали войны: в таком случае мы, быть может, победили-бы; но расположение крестьян было наибольшее, какого только можно было требовать при существовавших в крае условиях. Они не только не выдавали никого, без, принуждения к тому силою, не только давали подводы и прочее без вознаграждения, не только помогали неоднократно, скрывали, предостерегали от грозящей опасности, но во многих местностях собирали между собою добровольные денежные складки; весьма многие служили в наших жандармах (что требовало особенной верности), и, самое главное, все чаще и чаще появлялись волонтерами в наших шайках".[179] Далей Авэйдэ зусім правільна тлумачыць, што прымушала белы жонд пісаць адзін за адным дэкрэты па сялянскаму пытаньню. Ён кажа: „крестьяне при продолжительности восстания поняли, что как-бы то ни было, земля останется за ними. Желание противиться совершившемуся факту породило-бы страшную социальную катастрофу".[180] Баязьнь соцыяльнай катастрофы прымушала белы жонд да паўтарэньня дэкрэтаў.

10 мая 1863 году быў выданы дэкрэт аб перамене назвы „Народны Жонд Тымчасовы" на назву „Народны Жонд", што адпавядала больш дакладна характару яго ўлады. У дэкрэце было вызначана, што перамена назвы жонду не зьмяняе яго програмы. Гэтая заява не зьяўляецца зусім праўдзіваю. Програма на першы погляд як-бы і не зьмянілася, але калі ўчытацца ў яе глыбей, то зьмены зробяцца прыметнымі. Палітычнае пытаньне незалежнасьці Польшчы высунута ўперад і зацямняе сабою соцыяльны бок програмы. Пытаньне аб самастойнасьці Беларусі, Літвы і Украіны таксама затушавана. Гэтыя краіны даволі туманна прызнаюцца толькі роўнапраўнымі часьцінамі адзінай Польшчы. Для ілюстрацыі гэтай думкі мы падамо тут цікавы вынятак з дэпэшы Народнага Жонду да свайго замежнага прадстаўніка князя Чартарыйскага. „Польшча без граніц пры Дзьвіне і Дняпры, г. ё. без граніц яе цывілізацыйнай і гістарычнай працы, — немагчыма. Такая Польшча была-б без пасланьніцтва, без гістарычнага ідэалу, бяз нашай душы. Яна заўжды, нават ня гледзячы на сваю самастойнасьць, бязумоўна была-б залежнай ад паўночнага 70-ці мільённага вялікана. Такая Польшча не магла-б супакоіць ані палякаў, ані яе суседзяў, ані Эўропы".[181] Гэтыя словы вельмі далёка адышлі па свайму зьместу нават ад той програмы па нацыянальнаму пытаньню, якая была ў канцы 1862 году зьмешчана Цэнтральным Народным Камітэтам ў лісьце да Герцэна і якая была надрукавана Герцэнам у яго „Колоколе". Самі члены жонду ня скрываюць, што перамена назвы была зьвязана з адмаўленьнем ад старых чырвоных традыцый. Адзін з членаў жонду піша: „Переменяя старую заговорную фирму, мы хотели этим дать знать всем жителям края, что оставляем тесные границы прежней красной организации и будем главою всех общественных элементов и всех политических оттенков, пользуясь способностями каждого лица без различия, был ли он прежде белым или красным".[182]

Белы напрамак політыкі жонду выклікаў опозыцыю проці яго з боку чырвоных колаў як у краі, так і за межамі. За межамі на чале опозыцыі стаў Мераслаўскі яшчэ ў сярэдзіне сакавіка. І ў прыватных размовах, і ў сваіх выступленьнях ён даваў самую адмоўную характарыстыку як усяму жонду ў цэлым, так і паасобным яго членам. Мераслаўскаму прыпісваюцца, напрыклад, такія словы: „жонд ёсьць цёплая кампанія, што складаецца з нікчэмнага Гілера, езусіка Рупрэхта і трох балваноў, якія, дзякуючы браку ў іх галовах мозгу, зусім пазбаўлены ўсялякай гістарычнай адказнасьці". У Кракаве, дзе асеў Мераслаўскі, каля яго згуртаваліся чырвоныя опозыцыянэры, якія паставілі сваёю мэтаю зрабіць жондавы пераварот. З гэтых опозыцыянэраў сваёю энэргіяй выдзяляліся Хмеленскі, кс. Касоўскі, Пуроўскі, Вага, Аўфшляг і інш. Сярод начальнікаў аддзелаў у краі таксама былі прыхільнікі Мераслаўскага, з якімі жонд вёў упартую барацьбу, так што некаторыя з іх павінны былі ўцякаць з краю за граніцу. З канца красавіка ў Варшаве ўтварылася падпольная ў падпольлі камісія, якая пачала гуртаваць каля сябе ўсе незадаволеныя жондам элемэнты. Гэтую камісію складалі—Данілоўскі, Хмужынскі, Янчэўскі, Ландоўскі, Гліксэль, Аснык і г. д. Лік змоўнікаў проці жонду ўзрастаў вельмі хутка. Варшаўскія змоўнікі знаходзіліся ў сталых жывых зносінах з кракаўскімі. Апроч таго, яны мелі сувязь з адным з працаўнікоў жонду Вярніцкім, у якога перахоўваліся пячаткі жонду.

Народны Жонд хутка даведаўся аб узмацненьні змовы. Распачаліся нарады аб тым, якімі спосабамі пазбыцца змоўнікаў. Некаторыя з членаў жонду настойвалі на самых рашучых мерапрыемствах. Усё гэта хутка стала вядома змоўнікам праз Вярніцкага, і яны рашылі, не чакаючы нападу, выступіць першымі. Найперш, яны застрашылі Гілера заяваю, што яны ня спыняцца перад яго забойствам, калі ён ня выйдзе з жонду. Пагроза зрабіла ўплыў, і Гілер выехаў за граніцу. Была тэрорызавана і рэшта членаў жонду. У самым канцы мая Вярніцкі, Лемпке, Альшанскі і іншыя, даведаўшыся, дзе адбываюцца пасяджэньні жонду, зьявіліся ў пакой пасяджэньня разам з іншымі ўзброенымі загаворшчыкамі і прапанавалі ўраду адмовіцца ад ўлады і здаць ім усе справы і пячаткі. Жонду прышлося ўступіць.

Група змоўнікаў, якая захапіла ўладу, была абвешчана Камітэтам Грамадзкага Збаўленьня. Камітэт ухваліў паставіць паўстаньне на сапраўды рэволюцыйны грунт, уцягнуць у справу шырокія сялянскія масы, склікаць „паспалітае рушэньне", парваць з белымі і з чужаземнымі дварамі і ўзмацніць тэрор. За сабою Камітэт пакідаў толькі політычны нагляд за кірункам паўстаньня, а фактычнае кіраўніцтва паўстаньнем павінен быў весьці жонд. Пачаліся перагаворы з рознымі рэволюцыйнымі групамі наконт складу новага жонду, які звычайна носіць назву Чэрвеньскага Жонду. Праз некалькі дзён жонд быў складзены. Членамі яго былі: П. Кабылянскі, Г. Банкоўскі, Э. Маліноўскі, Ф. Дабравольскі. Са складу старога жонду ў Чэрвеньскі Жонд увайшлі Яноўскі і Авэйдэ, якія былі патрэбны для ўвязкі новых членаў жонду з апаратам і раённымі справамі. Старшынёю жонду быў абраны Дабравольскі.

Чэрвеньскі Жонд даволі энэргічна прыняўся за працу. Была выдана і пашырана адозва да народу, напісаная Авэйдам, у якой новы жонд зьмясьціў сваю радыкальную програму. Былі ўтвораны рэволюцыйныя трыбуналы, якія павінны былі сурова караць за ўсе злачынствы супроць паўстаньня, як здраду, нявыплату народнага падатку, адмаўленьне ад прыняцьця паўстанскае пасады і г. д. Жонд пачаў наладжваць сувязі з паветамі і паўстанскімі аддзеламі. Тут ён у многіх мясцох спаткаўся з опозыцыяй, што складалася з прыхільнікаў ранейшага белага жонду. Опозыцыянэры агітавалі проці Чэрвеньскага Жонду, называючы яго жондам „адвакатаў", жондам „анархістаў", няздольным да рэальнай політыкі і працы. Зразумела, што пад „рэальнай" політыкай яны разумелі белую політыку. Але з гэтымі белымі опозыцыянэрамі жонд мог-бы справіцца, прыняўшы рашучыя меры, калі-б усё было добра ў яго ўласным складзе, чаго ня было ў сапраўднасьці. Авэйдэ, уведзены ў склад новага жонду, пачаў весьці перамаўленьні з некаторымі членамі жонду аб перавароце. Некаторыя члены жонду паступова пачалі згаджацца з Авэйдэ. Добраю глебаю для агітацыі Авэйдэ ў жондзе было тое, што вельмі хутка пачаліся разыходжаньні паміж жондам і Камітэтам Грамадзкага Збаўленьня. Гэтыя разыходжаньні ня згладжваліся, а наадварот паступова ўзрасталі. Сутнасьць разыхожданьняў была ў тым, што Камітэт лічыў політыку жонду невыстарчаюча радыкальнай. Гэтыя разыходжаньні і наогул дуалізм паўстанскага кіраўнічага цэнтру павінны былі адмоўна адбівацца на пэрыфэрыі. Месцы не адчувалі на сабе цьвёрдага кіраўніцтва. Справы пайшлі горш. Белая опозыцыя падняла галаву і пачала рыхтавацца да жондавага перавароту.

Такі пераварот і адбыўся ў другой палавіне чэрвеня. На чале гэтага перавароту стаў О. Авэйдэ і добра вядомы нам Кароль Маеўскі, які толькі што быў вызвалены з цытадэлі, куды ён папаў за вельмі брудную авантуру здрады чырвоных і перадачы іх ў рукі Велепольскага, аб якой мы ўжо гаварылі вышэй. Да перавароту далучыліся белыя з Кракава. Распачалася адпаведная агітацыя сярод начальнікаў аддзелаў гарадзкой Варшаўскай Організацыі. Група гэтых начальнікаў запрасіла да сябе для перагавораў Маеўскага і Авэйдэ. Тут было адзначана, што ўсё зло ў Камітэте Грамадзкага Збаўленьня і ў некаторых чырвоных членах жонду, што „ўносяць анархію" ў справу паўстаньня. Авэйдэ і Маеўскі згадзіліся з тым, што трэба зрабіць пераварот і ўтварыць „кааліцыйны" жонд у які павінны ўвайсьці прадстаўнікі ўсіх напрамкаў. Быў абраны новы жонд, у які павінны былі ўвайсьці такія асобы: Кронэнбэрг, К. Курц, князь Любамірскі, Маеўскі і граф Станіслаў Замойскі. Гэты жонд, тым ня менш, не павінен выступаць да пары, пакуль абставіны паўстаньня не палепшацца. Часова даручана Маеўскаму сформаваць фактычны жонд, які будзе весьці рэальнае кіраўніцтва паўстаньнем. З далейшага мы ведаем, што номінальны, так сказаць, „пачэсны" жонд так ніколі і не выступаў на політычную сцэну. Адно, што трэба адзначыць у гэтым мітычным жондзе — гэта яго яўна выразны белы склад.

Маеўскі адразу прыступіў да набору „коаліцыйнага" (а фактычна белага) жонду. У склад яго ўвайшлі: вядомыя нам Яноўскі і Авэйдэ, прадстаўнікі вельмі памяркоўных, пабялеўшых чырвоных, Уладзіслаў Галэмбэрскі, прадстаўнік Кракаўскіх белых, студэнт Гэйдэльбэрскага унівэрсытэту Станіслаў Кшэмінскі, вельмі фіктыўны прадстаўнік фіктыўнай групы чырвоных, і ўрэшце сам Маеўскі, які ў сваёй асобе сумяшчаў поўную „коаліцыю", бо пачаў з удзелу ў чырвоных гурткох, а скончыў удзелам у белай Дырэкцыі, разам з якою ўдзельнічаў у перагаворах з Велепольскім па пытаньню аб выдачы ў рукі царскага ўраду чырвоных. Як бачым са складу жонду, перад намі бязумоўна зноў белы жонд. Такім і лічылі яго сучасьнікі, што добра відаць з слоў Кракаўскага дзеяча, ультра-белага Станіслава Козьмяна. Аб гэтым „Ліпнёвым" Жондзе ён піша так: „У другой палавіне чэрвеня вынік народны жонд, што быў складзены з памяркоўных элемэнтаў напрамку Рупрэхта; жонд зноў назвалі белым“.[183]

Такім чынам, Чэрвеньскі Жонд зышоў з гістарычнай арэны бяз усякага супраціўленьня. Улада зноў апынулася ў руках белых. Члены жонду падзялілі паміж сабой абавязкі такім чынам: Маеўскі ўзяў сабе адміністрацыю і скарб, Галэмбэрскі—вайсковыя і замежныя справы, Кшэмінскі—прэсу, Авэйдэ—зносіны з провінцыямі, Літвою, Беларусьсю і Украінаю, Яноўскі—-сакратарства. Новы жонд пачаў сваю дзейнасьць з рэалізацыі дэкрэту Чэрвеньскага Жонду аб рэволюцыйных трыбуналах. Найраней быў організаваны трыбунал у Варшаве, потым трыбуналы пачалі організоўвацца і ў іншых гарадох. Гэта была ўступка чырвоным колам. Дзейнасьць трыбуналаў адразу адзначылася цэлым шэрагам тэрорыстычных актаў у адносінах да агентаў царскай поліцыі і жандармэрыі і наогул да тых, каго жонд лічыў шкодным элемэнтам. У самым канцы чэрвеня быў забіты юнкер Ерліч, які зьбіраў у сваю карысьць народны падатак на аснове падробленых ім самім докумэнтаў. У пачатку ліпня быў забіты ўрадовец Т. Ратайскі за даносы на асоб, якія прыніжалі ўдзел у паўстаньні. У першай палове ліпня быў цяжка паранены кінжалам у бок і руку поліцэйскі ўрадовец Г. Грабоўскі. У канцы ліпня быў забіты кінжалам поліцэйскі ўрадовец Белы. Цывільны губэрнатар Варшавы Ражкоў гаварыў проф. М. Бэргу, што за кароткі тэрмін з яго падзагадных загінула 7 агентаў. Апроч Варшавы тэрорыстычныя акты адбываліся і ў провінцыі.

Быў утвораны інстытут народнай жандармэрыі. У Варшаве жандары складалі аддзел, які налічваў у сваім складзе каля 250 чалавек. У гэты лік уваходзіла сэкцыя жандараў-кінжальшчыкаў, якая выконвала прыгаворы рэволюцыйных трыбуналаў. Рэшта народнай жандармэрыі ня была ўзброена. У выключных толькі выпадках зброя выдавалася для часовага карыстаньня той ці іншай групе жандараў. Абавязкі народнай жандармэрыі былі дапамагаць членам жонду і жондавай адміністрацыі выконваць іх абавязкі. Жандары несьлі варту ля памяшканьняў, дзе працаваў жонд і яго агенты, пераносілі корэспондэнцыю, сачылі за дзейнасьцью расійскай поліцыі і жандармэрыі і г. д. Служба народнага жандара аплачвалася пэнсіяй у 15 срэбных рублёў у месяц. Жандармэрыя Варшавы падпарадкавалася непасрэдна начальніку горада. Па паветах таксама былі сформаваны невялікія аддзелы народнай жандармэрыі, у сярэднім па 30 чалавек. Павятовая жандармэрыя павінна была мець коні і зброю. Праўда, першая ўмова даволі часта не магла быць выканана, і жандары несьлі сваю службу ў пешым строі. Абавязкі іх былі тыя самыя, што і ў варшаўскіх жандараў; апроч таго, яны павінны былі дапамагаць павятовым урадоўцам пры формаваньні паўстанскіх аддзелаў і даваць інформацыю начальнікам ужо сформаваных аддзелаў. Павятовы народны жандар атрымліваў пэнсіі па 2 злотых у тыдзень.

Яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня 1863 году сярод эмігранскіх польскіх колаў за граніцаю і сярод паўстанскіх колаў у Польшчы пачалі хадзіць упартыя чуткі, што Францыя і Англія рыхтуюць сумесную дыплёматычную ноту расійскаму ўраду па справах Польшчы. Гэтыя чуткі падтрымліваліся белымі коламі і шырока былі распаўсюджаны. Магчыма, што пашырэньне іх стаяла ў сувязі з падрыхтоўкаю жондавага перавароту. Вядома, што чырвоны Чэрвеньскі Жонд не прыдаваў вялікага значэньня дыплёматычнай гульні і парваў нават зносіны з Чартарыйскім, які зьяўляўся як-бы цэнтральным дыплёматычным прадстаўніком Польшчы за межамі. Гэтую „недаацэнку“ дыплёматыі белыя змоўнікі ставілі ў віну чырвонаму Чэрвеньскаму Жонду. Як толькі пераварот адбыўся, новы белы жонд перамяніў політыку і ўхваліў зьвярнуць вялікую ўвагу на зносіны з чужаземнымі дварамі. Адразу былі адноўлены зносіны з Чартарыйскім, якому зноў была надана годнасьць галоўнага прадстаўніка Польшчы за граніцай. Яму было даручана організаваць і накіроўваць думку дыплёматычных замежных колаў на карысьць Польшчы. Зразумела, ён павінен быў даводзіць чужаземным дваром, што паўстаньне ня мае нічога агульнага з „крайнім якобінізмам“, што яно носіць політычна-вызваленчы характар. Жонд з свайго боку праводзіў адпаведную лінію ў краі.

Белы напрамак жонду Маеўскага ня мог не адбіцца і на яго нацыянальнай політыцы, на яго адносінах да Беларусі, Літвы і Украіны. У ранейшыя часы ўстанавілася тая ці іншая аўтаномнасьць провінцый. Звычайна ішлі спрэчкі толькі аб межах гэтай аўтаномнасьці. Сакратар жонду Маеўскага Ю. К. Яноўскі, які вельмі добра ведаў усе справы паўстаньня, так апісвае становішча провінцый і іх адносіны да цэнтру ў момант захопу ўлады новым жондам. „Мы ведаем, што Літва (разумеецца Беларусь і Літва. У. І.) у паўстаньні кіравалася зусім аўтаномна, а лучнасьць з цэнтральнай уладай народнага жонду абмяжоўвалася тым, што жонд назначаў пры Літоўскім аддзеле свайго камінара, якім быў Дюлёран, Літву-ж пры народным жондзе рэпрэзэнтаваў назначаны аддзелам сакратар, якім быў Вацлаў Пшыбыльскі. Тое самае было і ў адносінах да Русі (разумеецца Украіна. У. І.) Абодвы сакратары — Літвы і Русі—мелі права прымаць удзел у пасяджэньнях жонду, былі ўсьвядомлены ўва ўсіх яго справах і маглі аб усім інформаваць свае аддзелы. Камісары народнага жонду пры аддзелах мелі абавязак у сваіх рапартох паведамляць жонд аб справах аддзелаў і наогул аб усім, што робіцца ў провінцыях".[184] На гэтую-ж тэму гаворыць і галава Ліпнёвага Жонду К. Маеўскі. У сваіх паказаньнях ён піша: „В отношении внутренней исполинтельной администрации все провинции, принадлежавшие Польше до 1772 года, т. е. до первого раздела считались одним неразрывным целым. Только Литва и Русь имели известную автономию, впрочем без права представительства при заграничных дворах".[185] Яноўскі не гаворыць проста, мелі ці ня мелі сакратары провінцыяльных аддзелаў права пастанаўляючага голасу на пасяждэньнях народнага жонду. Маеўскі ў сваіх паказаньнях сьведчыць, што яны права пастанаўляючага голасу мелі. Што датычаць О. Авэйдэ, то ён у сваіх запісках, азначае, што сакратары Аддзелаў, нават па справах гэтых краін, ня мелі ў жондзе пастанаўляючага голасу. Гэтую заяву Авэйдэ зрабіў пасьля таго, як сьледчая камісія дала яму перачытаць паказаньні Маеўскага і прапанавала ўнесьці адпаведныя папраўкі. Нам здаецца, што заява Авэйдэ найбольш адпавядае сапраўднасьці.

У скарачэньні аўтаномнасьці „провінцый" Ліпнёвы Народны Жонд быў толькі заступнікам белага да-чэрвеньскага жонду. Ужо той жонд займаўся гэтаю справаю. Запіскі Авэйдэ даюць бясспрэчныя довады скарачэньня аўтаномнасьці Беларусі, Літвы і Украіны. Калі адбылося перайменаваньне Цэнтральнага Народнага Камітэту ў Народны Жонд (V, 1863), то Аддзелы Віленскі і Украінскі згубілі ў сваёй назьве слова „Кіраўнічы". Яны сталі называцца толькі „Выканаўчымі" Аддзеламі Народнага Варшаўскага Жонду.[186] У адносінах спэцыяльна да Беларусі і Літвы мы падамо словы Авэйдэ, які гаворыць наступнае: „Я должен упомянуть о перемене, последовавшей во взаимных отношениях между Вильною и Варшавой во второй половине мая месяца. Видя погрешности и ошибки литовского (разумеецца Віленскі. У. І.) Отдела, революционное правительство решило поставить его в большую от себя зависимость. С этой целью он переименован был в „Исполнительный Отдел", а власть уполномоченного комиссара была усилена настолько, что в его исключительное и непосредственное заведывание переданы были все воеводские комиссары в Литве (разумеецца Літва і Беларусь. У. І.), которых он мог назначать и удалять по своему личному усмотрению".[187] Мы згодны з тым, что Белы Віленскі Аддзел нічога ня быў варты, але бязумоўна скарачэньне яго політычных правоў залежала не ад якасьцяй Аддзелу, а ад больш глыбокіх прычын. Тым больш, што нам вядома, як ахвотна Народны Жонд памог Беламу Віленскаму Аддзелу адабраць уладу ад Чырвонага Камітэту. Наогул кажучы, аўтаномныя правы Беларусі і Літвы значна зьменшыліся, калі на чале паўстаньня з сярэдзіны сакавіка тут стаў белы Аддзел. Ён добра адчуваў сваю політычную блізкасьць да Варшаўскага Белага Народнага Жонду. Апроч таго, і па сваіх уласных поглядах ён быў супраціўнікам „сэпаратызму" Літвы і Беларусі. Пасьля правалу Белага Аддзелу ў Вільні ў пачатку лета 1863 году, чырвоныя на Беларусі і Літве зноў сталі на чале паўстаньня. Зразумела, пытаньне аб аўтаноміі Беларусі зноў абвастрылася, бо чырвоныя былі прыхільнікамі аўтаномнасьці Беларусі ў напрамку герцэнаўскага фэдэралізму. Апроч таго, кіраўніцтва Белага Народнага Жонду Маеўскае супярэчыла выкананьню на Беларусі політычнай і соцыяльнай програмы чырвоных.

У сувязі з гэтым Белы Народны Жонд пастараўся адпаведнай проклямацыяй замацаваць свае ўплывы на Беларусь і Літву. 31 ліпня жонд выдаў проклямацыю пад назваю „Народны Жонд к народу". У гэтай проклямацыі жонд заклікае ўвесь народ падтрымліваць паўстаньне. У проклямацыі жонд прысьвячае спэцыяльную частку ўзаемаадносінам паміж жондам з однаго боку, Беларусьсю і Літвой з другога боку. Ён гаворыць так: „Прыняць хоць-бы і поўную незалежнасьць для аднэй толькі польскай провінцыі, а іншыя кінуць ворагу — гэта было-б адмаўленьнем ад сваіх гістарычных правоў, выкасаваньнем дзесяцівяковага факту з падзей сьвету і адмаўленьнем ад свойго імя пасьля выкананьня вялікіх, гэраічных учынкаў. Не! Польшча не для таго ўваскросла, каб Эўропа паклала яе ў новую труну. Няма Польшчы бяз Літвы і Русі, як няма яе і без Кароны. Сумесная іх гісторыя, сумесныя і ўмовы політычнага і грамадзкага жыцьця. Гэта ёсьць непадзельная тройца. Прызнаваць права на жыцьцё за адной толькі провінцыяй і не даваць яго другім — гэта забойства Польшчы".[188] Першае, што кідаецца ў вочы пры разборы проклямацыі, гэта яе надзвычайная туманнасьць і няяснасьць ў адносінах да прызнаньня тых ці іншых аўтаномных правоў Беларусі і Літвы. Другое, што ясна тут падкрэсьлена, гэта — непадзельнасьць адзінай Польшчы. Падкрэсьліваньне гэтага факту было-б для нас зразумелым, каб паўстаўшая Беларусь і Літва з яе чырвоным камітэтам імкнуліся кінуць агульную справу паўстаньня і перайсьці ў лягер абаронцаў царызму, але гэтага ня было. Чырвоныя на Беларусі і Літве, якія зьмянілі Белы Віленскі Аддзел, былі непрымірымымі ворагамі царызму. Яны вялі паўстаньне ў бязьмерна цяжкіх умовах мураўёўскага тэрору, з аднаго боку і здрады белых, з другога боку.

Жонд Маеўскага існаваў да сярэдзіны верасьня. Яшчэ ў канцы жніўня чырвоныя колы, незадаволеныя політыкай жонду, пачалі падрыхтоўвацца да захопу ўлады зноў у свае рукі. З Кракава ў Варшаву прыехаў з сваімі прыхільнікамі Ігнат Хмеленскі. З іх найбольш энэргічнымі былі Э. Кокасінскі і Ст. Франкоўскі. Да Кракаўскіх чырвоных адразу далучыліся прадстаўнікі чырвоных колаў з Кароны. Па тых даных, якія ёсьць у проф. М. Бэрга, магчыма думаць, што чырвоным удалося схіліць на свой бок некаторых блізкіх да жонду асоб. Белы народны жонд Маеўскага хутка даведаўся аб існаваньні ў Варшаве змовы і аб складзе змоўнікаў. Быў даны загад арыштаваць змоўнікаў. Начальнік места Варшавы з жандарамі абкружылі кватэру Нарымскага, дзе звычайна адбываліся пасяджэньні чырвоных, і арыштавалі самога Нарымскага, а разам з ім Кокасінскага і Лісьневіча. Хмеленскага арыштаваць не ўдалося. Арыштаваных зьмясьцілі ў Баварскім готэлі, у пакоі двох народных жандараў. Была вызначана спэцыяльная камісія для сьледзтва і суду над арыштаванымі. У склад камісіі ўваходзілі Качкоўскі, Лемпке і Юзэф Пятроўскі. Трэба дзівіцца неасьцярожнасьці белага жонду пры вызначэньні сьледчай камісіі. Справа ў тым, што Лемпке і Пятроўскі спачувалі змоўнікам; яны вельмі хутка перацягнулі на свой бок і іншых членаў камісіі. Аддзел кінжальшчыкаў, які павінен быў вартаваць арыштаваных і быць выканаўчым органам камісіі, таксама быў на старане арыштаваных змоўнікаў. Замест вядзеньня сьледзтва і суду, камісія вызначыла, што яна цалкам згаджаецца з тым, што жонд Маеўскага ёсьць неаўтарытэтны жонд, які ня мае моцы і ня мае ўплыву на організацыю, што гэты жонд павінен уступіць сваё месца аўтарытэтнаму рэволюцыйнаму чырвонаму жонду. Камісія абвясьціла арыштаваных нявіннымі, вызваліла іх з-пад арышту і нават абяцала сваё падтрыманьне.

Пасьля такога нечаканага скандалу беламу жонду нічога іншага не заставалася рабіць, як перадаць уладу і пячаткі чырвоным. Праўда, К. Маеўскі некаторы час яшчэ супраціўляўся, але ўрэшце прышлося здацца і яму. У пачатку другой палавіны верасьня (па запісках Яноўскага — 15, а па паказаньнях Маеўскага 17 верасьня) на кватэры Яноўскага Маеўскі зрабіў здачу спраў новаму жонду, аб чым быў складзены адпаведны акт. У склад новага жонду ўвайшлі: І. Хмеленскі, С. Франкоўскі, Ю. Нарымскі, Аснык, Бэхонскі, Качкоўскі і Кокасінскі. Жонд новага складу паставіў сваёю бліжэйшаю мэтаю ўзмацніць тэрор. Быў організаваны замах на жыцьцё новага намесьніка Царства Польскага Бэрга, які і адбыўся 19 верасьня. У Бэрга на Новым Сьвеце, з дому А. Замойскага, былі кінуты ручныя гранаты і зроблены адзін стрэл са стрэльбы. Бэрг застаўся жывым. На працягу нядоўгага часу было забіта каля 10 шпіёнаў і 15 поліцэйскіх. У адказ на тэрор жонду пасыпаліся рэпрэсіі расійскага ўраду. Дом Замойскага быў зруйнаваны дашчэнту. Сам Замойскі павінен быў заплаціць штраф у 25.000 рублёў і быў высланы на жыцьцё ў Варонескую губэрню. Жыхары дому былі арыштаваны. Распачалі сваю дзейнасьць ваенныя суды, якія судзілі за выраб і хаваньне зброі, за ўкрываньне падазроных асоб, за прыналежнасьць да нелегальнай організацыі і г. д. 30-га верасьня на 5 пляцох Варшавы было расстраляна 10 жандараў-кінжальшчыкаў. Праз некалькі дзён на падворку фабрыкі Эванса ў прысутнасьці рабочых быў расстраляны рабочы гэтай фабрыкі В. Альгер за тое, што ў яго на кватэры былі знойдзены ручныя гранаты. Шмат народу было арыштавана. Частка іх заставалася ў мясцовых турмах, частка была выслана ў Расію.

Рэпрэсіі расійскага ўраду не маглі не адбіцца на паўстанчай організацыі. Шмат народу выбыла з яе шэрагаў, і яна значна аслабла. Да гэтага трэба дадаць, што яшчэ ў самы момант захопу ўлады чырвонымі шмат працаўнікоў організацыі, якія спачувалі белым, адмовіліся працаваць з чырвоным жондам, што не магло не адбіцца на справах. Рэпрэсіі закранулі і членаў жонду. Самыя дзейныя члены жонду, як Хмеленскі і Франкоўскі, зусім не маглі працаваць, бо ўжо былі абкружаны вузкім колам шпіёнаў. Каб не праваліць іншых членаў жонду, яны павінны былі выехаць за граніцу. Начальнік места Варшавы Пятроўскі, у руках якога сходзіліся ўсе ніткі гарадзкой організацыі, быў арыштаваны і загінуў на эшафоце. З кожным днём дзейнасьць жонду аслаблялася.

Гэта дало белым магчымасьць зноў загаварыць аб зьмене жонду. Першым распачаў агітацыю на гэтую тэму кн. Уладыкаў Чартарыйскі ў Парыжы. Ён вызначаў, што крайні напрамак жонду робіць вельмі дрэннае ўражаньне на двары заходніх дзяржаў, якія ня хочуць і думаць аб дапамозе паўстаўшай Польшчы пры кіраўніцтве чырвонага жонду. Чартарыйскі высоўваў у якасьці старшыні новага жонду кандыдатуру Р. Траўгута, як чалавека, які можа выратаваць справу. Гэтыя думкі перанесьліся ў Варшаву. Тут таксама пачалі гаварыць аб неабходнасьці жондавага перавароту і аб кандыдатуры Траўгута. Хмеленскага і Франкоўскага, што былі галоўнымі спружынамі чырвонага жонду, у Варшаве ўжо ня было. Некаторыя з дырэктароў аддзелаў жонду пачалі зносіны з Маеўскім і Яноўскім. Хутка з імі распачалі перагаворы і некаторыя з членаў жонду. Усе разам яны зьнесьліся з Траўгутам, які ў даны момант знаходзіўся ў Парыжы. Пад уплывам Чартарыйскага Траўгут згадзіўся ехаць у Варшаву і ўзяць на сябе складаньне новага жонду.

У сярэдзіне кастрычніка 1863 году адбылося пасяджэньне жонду, на якім жонд свае поўнамоцтвы і справы здаў Траўгуту, каторы ўзяў уладу ўжо на правох дыктатара. Дыктатура Траўгута была ўжо апошнім этапам польскага паўстаньня 1863 году.

РАЗВАЛ ВІЛЕНСКАГА БЕЛАГА АДДЗЕЛУ, НОВЫ ЯГО СКЛАД І ЗДРАДА БЕЛЫХ.

З палавіны сакавіка на чале паўстаньня на Беларусі і Літве стаяў белы, раней кіраўнічы, потым „выканаўчы” Аддзел. Як нам вядома, ён захапіў кіраўніцтва паўстаньнем пры дапамозе Белага Народнага Жонду, пусьціўшы ў ход пагрозу здрадзіць чырвоных. Гэта было вельмі няўдалае кіраўніцтва. Не гаворачы ўжо аб тым, што сваёю белаю програмаю і напрамкам дзейнасьці ён накіраваў паўстаньне хуткім тэмпам да правалу, ён, апроч таго, наогул паставіў на чале паўстаньня энэргічных, нічога ня вартых людзей. Каб ня быць галаслоўным, мы падамо водзыў аб Белым Аддзеле Оскара Авэйдэ, члена жонду, які так моцна падтрымліваў Аддзел і памог яму захапіць кіраўніцтва паўстаньнем. „Во многом повредили восстанию его руководители. Вообще можно сказать, что величайшей неизгладимой ошибкой временного правительства относительно Литвы была передача всей революционной провинцнальной власти в руки белых... Члены Отдела, как шляхта, не имели решительно никакого даже инстинктивного понятия о нашей тайной революции; при том они отличалнсь недостатком энерги и быстроты действий... Виленский Отдел не раз просил от нас приказаний и советов по самым пустым предметам, о которых никогда не спрашивал ни один начальник воеводства в Царстве Польском... Белые, получив власть в свои руки, совершенно удалили от участия в управлении делами живой, молодой, собственно революционный элемент. Важные должности комиссаров, начальников воеводств и уездов давались почти исключительно весьма спокойным, просто говоря, гнилым шляхтичам-помещикам. Только один революционер, Константин Калиновский, был комиссаром Гродненской губернии... Вообще главы воеводств были трусы и тяжелые, ленивые негодяи".[189] Нам дадаць да гэтай характарыстыкі „рэволюцыянэраў" з Белага Аддзелу трэба вельмі мала. Калі так характарызуе іх зусім памяркоўны чырвоны, які сам быў членам Белага Народнага Жонду, то ў сапраўднасьці яны былі яшчэ горшымі кіраўнікамі паўстаньня.

Зразумела, кіраўнікі паўстаньня, ахарактарызаваныя вышэй, ня толькі паставілі паўстанскі рух на нягодны шлях, але нарабілі шмат організацыйных памылак, памылак практычных, якія адбіліся потым, калі на чале кіраўніцтва сталі чырвоныя. Аддзел не прыцягнуў на дапамогу сабе здольных, энэргічных памоцнікаў, не ўтварыў наўкола сябе падпольнага жондавага апарату. У самым горадзе Вільні ня было паўстанскай гарадзкой організацыі, якая ў Варшаве грала вялікую ролю і значна дапамагала Народнаму Жонду. Губэрні ня былі падзелены на ваяводзтвы, што, дзякуючы абшырнасьці губэрань і дрэнным шляхам, значна ўскладняла працу. Губэрскаму паўстанскаму камісару вельмі цяжка было кіраваць паўстаньнем на сваёй тэрыторыі, і часта ён ня мог даведацца аб тым, што робіцца ў яго губэрні. Белы Аддзел, каб ня вельмі ўдарыць па кішэні земляўласьніцкую шляхту, надта слаба і неэнэргічна зьбіраў на тэрыторыі Літвы і Беларусі народны падатак. Вынікам гэтага была мізэрнасьць сродкаў Аддзелу. Даволі зазначыць, што на пакупку зброі за часы Белага Аддзелу было затрачана толькі 80.000 рублёў. Недахваты белага Аддзелу ў вайсковай справе мы вызначалі ў свой час, калі гаварылі аб паўстаньні каля Дзьвінску, у Магілёўшчыне і ў Ковеншчыне. Да гэтага мы толькі дадамо невялікі вынятак з запісак О. Авэйдэ. „Виленский Отдел, дожидаясь каждую неделю французов, не обращал почти никакого внимання на военную часть восстания; он не постарался даже о том, чтобы иметь под рукою офицера, могущего помогать ему в общем управлении делами. Он имел целые десятки способных людей, как например, Сераковского, Звирждовского, Лясковского, Траугута и не воспользовался этим счастливым положением, чтобы составить какой-нибудь военный департамент. Довольно сказать, что ни одна инструкцня, ни одно распоряжение, касавшееся военной организации или военных действий, не былыи изданы Отделом“.[190]

У сувязі з прыездам на Беларусь Мўраўёва - вешальніка рэпрэсіі расійскага ўраду на Беларусі і Літве значна павялічыліся. Яны не маглі ня ўдарыць і па Віленскаму Аддзелу. Частка членаў Аддзелу была арыштавана, частка павінна была вельмі законсьпіравацца і нават выехаць з Вільні. Шмат членаў організацыі са страху проста паўцякалі хто куды. „Шляхетские чиновники в паническом страхе бросали дела, прятали в землю печати, не уведомив даже о том свое начальство".[191] У ноч на 31 мая быў арыштаваны А. Аскерка. Адначасна з ім быў арыштаваны і Еленскі.[192] Ці адначасна з імі, ці на дзень пазьней быў арыштаваны Францішак Далеўскі. 1-га чэрвеня гэтыя, больш энэргічныя члены, Аддзелу ўжо сядзелі ў крэпасьці.[193] З больш дзейных членаў на волі застаўся адзін толькі Я. Гейштор, які, як мы ўжо зазначалі раней, у складзе Белага Аддзелу займаў левую позыцыю. Ён увайшоў у контакт з чырвонымі, і быў утвораны як-бы коаліцыйны Аддзел, пераважную большасьць у якім складалі чырвоныя. „Калі ў пачатку чэрвеня Мураўёў пасадзіў у турму. Аляксандра Аскерку, Францішка Далеўскага і Антона Еленскага, членаў Літоўскага Аддзелу, кіраўніцтва паўстаньнем на Літве (разумеецца Беларусь і Літва. У. І.) перайшло ў рукі інжынэра дарог і мастоў Уладзіслава Малахоўскага, кандыдата навук Пецярбурскага унівэрсытэту Кастуся Каліноўскага і Якуба Гейштора. Яны ўтварылі новую організацыю, якую назвалі Выканаўчым Аддзелам Літвы і якая здолела ўтрымацца амаль што на працягу месяца, ня гледзячы на ўсялякія высілкі мураўёўскай поліцыі.[194] Такім чынам, назва кіраўнічага цэнтру паўстаньня на Беларусі і Літве засталася старая, але гэты цэнтар па свайму складу і напрамку політыкі быў значна абноўленай організацыяй, бо значны ўдзел у ім прымалі крайнія чырвоныя. Новы аддзел трымаўся ня месяц, як сказана ў Бэрга, але на працягу двух месяцаў (чэрвень і ліпень па старому стылю). Пэтых вестках, якія мы знаходзім у запісках Гейштора, склад коаліцыйнага Віленскага Аддзелу быў наступны: зазначаныя ў М. Бэрга — Я. Гейштор, Ул. Малахоўскі і Кастусь Каліноўскі і, апроч іх, — Люцыян Марыконі, Юзэф Каліноўскі, Ігнат Лапацінскі, О. Вагнэр, К. Фалевіч і Фэлікс Зеньковіч. Прадстаўніком Варшаўскага жонду пры Аддзеле быў застаўлены вядомы ўжо нам Нестар Дюлёран.

У новым Аддзеле, дзякуючы яго коаліцыйнасьці, было ня зусім спакойна. Апроч запісак Я. Гейштора, мы ня маем іншых вестак аб жыцьці Аддзелу, таму мы і будзем карыстацца імі. Трэба, аднак, зазначыць, што ў галоўным мы можам давяраць зьвесткам, якія падае Гейштор, тым больш, што яны больш-менш супадаюць з некаторымі сукоснымі намёкамі аб беларускіх справах, што мы знаходзім у ІІ-м томе Ю. К. Яноўскага.

Я. Гейштор малюе справы так.[195] У сярэдзіне ліпня адбываўся сход членаў новага Аддзелу. Кворум аддзелу быў даволі поўны. Прысутнічалі — Гейштор, Кастусь і Юзэф Каліноўскія, Марыконі, Малахоўскі, Лапацінскі і Фалевіч. Першым пачаў гаварыць Малахоўскі. Ён пачаў рабіць закіды Аддзелу, што ён не зьяўляецца актыўным, што ён ня можа падняць у краі настрой і энэргію для далейшай барацьбы з азьвярэлым ворагам. Цікава адзначыць, што і іншыя члены Аддзелу згаджаліся з Малахоўскім. Яны, апроч таго, зазначалі, што ў шмат якіх няўдачах Беларусі і Літвы была вінавата Варшава, якая неразумна ўмешвалася ў справы краю. Пасьля гэтых прамоў зноў узяў слова Малахоўскі. Ён гаварыў, што даволі граць Аддзелу такую пасыўную ролю; Варшава не разумее патрэб краю; трэба самым членам Аддзелу думаць і апекавацца над дабром Беларусі і Літвы. Трэба абавязкова парваць тую залежнасьць ад Варшавы, якая губіць паўстаньне на Беларусі, і, у сувязі з гэтым, перамяніць і назву кіраўнічая цэнтру паўстаньня. Гаворачы гэта, ён палажыў на стол раней падрыхтаваны адбітак новай пячаткі. На пячатцы быў намалёваны гэрб Літвы і Беларусі — пагоня і адбіты напіс „Кіраўнічы Камітэт Літвы".

На пасяджэньні далей пачынае абгаварвацца новы проект узаемаадносін паміж Варшаваю і Вільняю. Для Беларусі патрэбна поўная незалежнасьць. Сувязь паміж варшаўскім і віленскім паўстанскімі ўрадамі, тым ня менш, павінна існаваць. Яна ўстанаўліваецца ўзаемным абменам камісарамі з правам дарадчага голасу пры ўрадах, у якія яны дэлегаваны. На гэтую самую тэму гаварыў і Кастусь Каліноўскі. Ён таксама распачаў сваю прамову з крытыкі Варшаўскага Белага Ліпнёвага Жонду, на чале якога, як мы ведаем, стаяў Кароль Маеўскі. Асабліва абураўся Каліноўскі дзейнасьцю і паводзінамі польскага камісара пры Віленскім урадзе, нікчэмнага Нестара Дюлёрана. Ён, як казаў Каліноўскі, быў злым гэніем паўстаньня на Беларусі і Літве. Ён прымаў чынны ўдзел у зрыненьні першага Чырвонага Віленскага Камітэту і ў замене яго Белым Аддзелам. Цяпер ён зноў паехаў у Варшаву, каб там займацца подлымі інтрыгамі, спасылаючыся нават на падтрыманьне яго самым Каліноўскім.

Я. Гейштор далей зазначае, што ён ня быў згодзен з такім сэпаратызмам чырвоных, аб чым ён і выказаўся ў сваёй прамове. Тым ня менш чырвоныя, па словах аўтара, ня выключаючы і Кастуся Каліноўскага, лічылі патрэбным працаваць разам з ім, Гейшторам, і надалей, бо „Гейштор зьяўляецца лепшым прадстаўніком шляхты". Аб усім тым, што адбылося на пасяджэньні, было ўхвалена напісаць у Варшаву і дадаць новы проект ўзаемаадносін, што быў прыняты ўсімі членамі Аддзелу, выключаючы Гейштора. Апроч таго, было пастаноўлена, што калі на працягу некалькіх дзён Варшава ня прышле адказу, то проект, як не апротэставаны, уводзіцца мэханічна ў жыцьцё.

Апісаныя Гейштарам падзеі закранае ў сваіх запісках і Авейдэ. Ён піша: „Скоро появились разные споры и недоразумения между членами нового состава, в особенности-же между председателем Отдела Гейштором и Дюлераном, имевшим претензии играть роль маленького провинциального диктатора. В добавок Малаховский, бывший сильнее других своих товарищей, как начальник города Вильно, ни с кем не посоветовавшись, хотел сам спасти от погибели Литовскую революцию я готовил нам новый переворот. Он намеревался устранить всех членов Отдела, не исключая и нашего комиссара, переименовать название „Исполнительного Отдела" на „Литовский Комитет" и установить сношення Вильно с Варшавой на другом основании. По желаниям Малаховского Литовский Комитет долженствовал быть самостоятельной провинциальной властью, находившеюся лишь в некоторой более формальной, нежели действительной зависимости от Народного Жонда".[196] І Гейштор, і Авэйдэ асноўны факт „сэпаратызму" віленскіх чырвоных перадаюць аднолькава. Што датычыць дэталяй, у якіх яны разыходзяцца, то тут трэба больш верыць Гейштору, які больш ведае справу, чым Авэйдэ.

На другі дзень пасьля таго, як паперы былі высланы ў Варшаву, з Варшавы прыехаў у Вільню эмісар Народнага Жонду Главацкі, як прадстаўнік жонду. Жонд паслаў яго ў Вільню, дзякуючы дакладу Н. Дюлёрана, які, як было зазначана раней, зьявіўся ў Варшаву з інформацыйнымі мэтамі. Главацкі абвясьціў Віленскаму Аддзелу-Камітэту, што Варшаўскі Народны Жонд запрашае Я. Гейштора ў свой склад і даручае яму здаць уладу Кастусю Каліноўскаму. Ні Гейштор, ні Каліноўскі на гэта не згадзіліся. Было ўхвалена чакаць з Варшавы адказу на апошняе данясеньне, якое толькі што было выслана ў Варшаву.

Вось як стаяла справа паводле вестак Я. Гейштора. Гейштор вельмі хутка (31-га ліпня па старому стылю) быў арыштаваны і пасаджаны ў замак. Магчыма, што яго выдаў Дамэйка, Віленскі губэрскі маршалак шляхты, памстуючы за замах на яго жыцьцё, аб чым мы будзем гаварыць ніжэй. Пасьля арышту Гейштора ўсё кіраўніцтва паўстаньнем перайшло ў рукі К. Каліноўскага. Гейштор так піша аб гэтым: „Павінен дадаць, што пасьля майго арышту даволі хутка ўсё абаперлася на адным Кастусю Каліноўскім. Пачынаючы ад 1-га жніўня 1863 году, да заарыштаваньня яго ў студзені 1864 году, Каліноўскі быў ажыўляючай душою дагараючы літоўскай крывавай дэмонстрацыі".[197] Аб тым, што з моманту арышту Я. Гейштора спыніліся ўсе ўплывы белых на кіраўнічы цэнтар паўстаньня на Літве і Беларусі, сьведчыць і Юзэф Яноўскі. Ён у сваіх ўспамінах[198] падае зьмест ліста, які ён атрымаў ужо 22 сакавіка 1911 году ад члена Народнага Жонду Станіслава Кшэмінскага. Кшэмінскі піша наступнае: „З пачатку жніўня разьбілася тое зьнітаваньне, што злучала паасобныя часткі організацыі Аддзелу, згрупаваныя наўкола Якуба-Казімера Гейштора, як старшыні".

Такім чынам, падагульваючы ўсё вышэйсказанае, мы бачым такі малюнак. Амаль што адначасна з жондавым пераваротам у Варшаве, які перадаў уладу ў рукі Чырвонага Чэрвеньскага Жонду, у Вільні кіраўніцтва паўстаньнем таксама выпала з рук белых і папала ў рукі чырвоных, што складалі значна пераважную большасьць Віленскага Аддзелу-Камітэту. У чэрвені, пакуль у Варшаве быў чырвоны жонд, узаемаадносіны паміж Варшаваю і Вільняю былі пазбаўлены якіх-бы то ні было непаразуменьняў. Гэтыя непаразуменьні распачаліся ў ліпні, калі ў Варшаве на чале паўстаньня стаў белы жонд Маеўскага. Уплыў варшаўскіх белых на чырвоны Аддзел-Камітэт у Вільні паступова спыніўся ў канцы ліпня, калі быў арыштаваны Якуб Гейштор. З пачатку жніўня крайнія чырвоныя робяцца адзінымі кіраўнікамі паўстаньня на Беларусі і Літве, і для большай канцэнтрацыі сіл утвараецца чырвоная дыктатура Кастуся Каліноўскага.

Апошнім актам публічнага выступленьня Белага Аддзелу была адозва, якую ён выдаў і пашырыў пасьля расстрэлу ксяндза Ішоры ў кднцы мая (па старому стылю). Адозва зьмяшчала ў сабе протэст проці крыважэрцы Мураўёва-вешальніка і яго політыкі. Вялікага ўражаньня на тэрорызаванае насельніцтва Вільні гэтая адозва не зрабіла. Зразумела, яна не магла спыніць і мураўёўскага тэрору, які ні на хвіліну не супыняўся. Расійскі ўрад выкарыстаў гэтую адозву для таго, каб налажыць цэлы шэраг абмежаваньняў на друкарні, літаграфіі і нават фотаграфіі. У выніку гэтых абмежаваньняў шмат прадпрыемстваў павінна было зачыніцца, шмат было абложана штрафамі ад 200 да 1500 рублёў. З уласьнікаў друкарань і літаграфій была адабрана падпіска, што яны павінны адказваць за нелёяльныя ўчынкі сваіх рабочых, што аддавала рабочых цалкам у рукі ўласьнікаў прадпрыемстваў. Апроч таго, на іх была ўскладзена адказнасьць за поўную легальнасьць продукцыі прадпрыемстваў.

Цяпер паглядзім, як адчувае сябе тая земляўласьніцкая шляхта, якая, пачынаючы з сакавіка, паступова, хоць і з вялікаю неахвотаю, далучылася да паўстаньня. Апісаны намі вышэй плян Серакоўскага спаткала няўдача, што павінна было адбіцца і бязумоўна адбілася на настроі белых. Белыя не маглі не адчуваць, што пасьля няўдачы Серакоўскага на сцэну могуць выступіць чырвоныя, якія мелі яшчэ шмат энэргіі і моцы і для якіх няўдача Серакоўскага як-бы расчышчала дарогу для выступленьня. Мерапрыемствы расійскага ўраду, накіраваныя проці шляхецкага земляўласьніцтва, не маглі ня ўдарцць белых па кішэні. Зьмена белага Аддзелу чырвоным Аддзелам-Камітэтам таксама палохала белых. Белыя ўсё больш і больш палохаліся здані чырвонага „якобінскага паўстаньня" і павінны былі паступова станавіцца на грунт законнасьці, парадку і абароны сваёй земляўласьніцкай „сьвяшчэннай уласнасьці", у чым яны зусім сходзіліся з самаўладным царскім урадам. Буйныя земляўласьнікі папалі паміж двух агнёў. З аднаго боку чырвоныя патрабавалі ад іх выплаты народнага падатку і матар'яльнага падтрыманьня партызанскіх аддзелаў, з другога боку расійская поліцыя і жандармэрыя накладала на іх маёнткі сэквэстры і контрыбуцыі. Трэба было выбіраць, з кім ісьці, каб удары ня падалі з абодвух бакоў. Іх выбар паступова і няўхільна накіроўваўся ў бок царскага расійскага ўраду. Адзін з сучасьнікаў паўстаньня так апісвае гэтую эволюцыю. „Самым паном урэшце абрыдла быць дойнымі каровамі і плаціць контрыбуцыі на справу, якую яны канчаткова прагулялі. Паўстанскі жонд яшчэ некаторы час пасылаў загады аб узносе падатку, але паны пакідалі іх бяз увагі".[199] Раней яны імкнуліся застанавіцца пасярэдзіне і ўвінуцца як ад народнага падатку, так і ад мураўёўскіх рэпрэсій. Паны пачалі кідаць маёнткі і ўцякаць у гарады. Адзін з раскаяўшыхся паўстанцаў[200] гаворыць, што „паны, бачачы, што справа ўжо прагуляна, уцяклі з сваіх маёнткаў у гарады, каб пад прыкрыцьцём царскага ўраду выратавацца ад сваіх патрыётаў і ня быць адказнымі за тое, што робіцца ў маёнтках". Апынуцца ў такой „залатой сярэдзіне" ім аднак не ўдалося. Мураўёў асобым загадам пагнаў іх назад у маёнткі, каб яны там канчаткова крышталізаваліся ў бок царскага ўраду.

Скомпромітаваўшы раней сваім кіраўніцтвам і ўдзелам у паўстаньні чырвоных перад сялянскімі масамі, цяпер белыя пачнуць папраўляць сваю памылку „раскаяньнем" перад расійскім царызмам. Іх „раскаяньне" вельмі часта будзе зьвязана з здрадаю ў адносінах да чырвоных. Заслуга Мураўёва перад царскім урадам, уласна кажучы, была толькі ў тым, што ён пры дапамозе звычайнага кулака падганяў земляўласьніцкую шляхту хутчэй ісьці па таму шляху, па якому яна ўжо распачала ісьці і па якому яна ішла потым пасьля Мураўёва аж да сучаснай нам рэволюцыі 1917 году. Нават Я. Гейштор ў сваіх запісках[201] называе земляўласьніцкую шляхту з лета 1863 году „подлаю шляхтаю", бо яна, „дзякуючы страху", пачала ісьці з шэрагаў паўстаньня да ступеняў царскага трону. Зразумела, ня „страх" тут іграў першую ролю. Асноўнай прычынай пераходу белай земляўласьніцкай шляхты з шэрагаў паўстаньня ў абыймы Мураўёва і расійскага царызму былі яе клясавыя інтарэсы. Калі і прызнаць ролю страху, то гэты страх цяпер паны мелі ў адносінах да „пякельных дэмагогаў", „крайніх чырвенцаў", якія зноў зрабіліся на Беларусі і Літве кіраўнікамі паўстаньня.

Соцыяльная цяга земляўласьніцкай шляхты да царызму і „дапамога" ёй у гэтым напрамку з боку Мураўёва хутка зрабілі сваю справу. Цяпер белыя заместа ўдзелу ў паўстаньні займаюцца іншаю, больш карыснаю для іх прывольнага жыцьця і панскага дабрабыту справаю. Мы маем на ўвазе падачу беларускімі земляўласьнікамі вядомых вернападданьніцкіх адрасоў праз Мураўёва на імя цара.

Справа распачалася з адрасу земляўласьнікаў „сталічнай" Віленскай губэрні. Віленская земляўласьніцкая шляхта першая зрабіла сакавіты пацалунак у тую руку, якая падганяла яе хутчэй ісьці да царскага тосту і якая была пакрыта крывёю паўстанцаў.

Праз жандарскага палкоўніка Паўлава, што меў асабістыя сувязі з многімі панамі Віленшчыны, распачаліся перагаворы паміж Мураўёвым і Віленскім губэрскім маршалкам шляхты Аляксандрам Дамэйкаю наконт падачы пакаяннага адрасу. Мураўёў праз свайго конфідэнта даводзіў усю карыснасьць для земляўласьнікаў такога кроку. Зразумела, доўга ўгаварваць паноў ня прышлося, бо яны і самі хутка гэта зразумелі. Вельмі рана да Паўлава і Дамэйкі далучаецца земляўласьнік аднаго з падгародных віленскіх маёнткаў Сьнітка. Адразу з імі солідарызуецца ўся магнацкая фамілія Плятэраў, брата каторых Леона Зыберг-Плятэра Мураўёў нядаўна расстраляў у Дынабургу. Група прыхільнікаў адрасу хутка расьце, як сьнежны ком. На чале групы стаяць такія вядомыя арыстократы, як вышэйназваныя Плятэры, Цэзар Гедройц, Хамінскі, два графы Мастоўскія, граф Ажароўскі, Хомскі, Сьвянтэцкі і інш. Праз некалькі дзён група налічвае ў сваім складзе больш сямідзесяці асоб, а яшчэ праз некаторы час 235 асоб. Група склала тэкст адрасу, Мураўёў узяў на сябе яго рэдакцыю. Адрас зазначае, што рэволюцыя ўцягнула ў рух шмат шляхты, якая лёгкамысна парушыла вернападданіцкую прысягу. Цяпер земляўласьнікі адмаўляюцца ісьці за паўстанцамі-рэволюцыянэрамі, „дзякуючы дзейнасьці якіх край сачыцца крывёю". Яны просяць, каб цар лічыў іх сваімі вернападданымі таго краю, які зьяўляецца неадрыўнаю і неаддзельнаю часткаю Расіі.

27-га ліпня, па старому стылю, у дзень сьвяткаваньня нараджэньня царыцы, дэлегацыя з 15 віднейшых магнатаў на чале з Дамэйкаю паднесла Мураўёву ў урачыстых абставінах вернападданіцкі адрас, які адразу быў адасланы ў Пецярбург надрукаваны ў газэтах. Цікава адзначыць, што знайшоўся адзін „опозыцыянэр" вядомы ўжо нам член белага Віленскага Аддзелу, маршалак шляхты аднаго з паветаў Віленшчыны, Антон Еленскі. Уся яго „опозыцыя" зводзілася толькі да таго, што, будучы згодным з фактам падачы адрасу, ён ня быў згодзен з яго формаю. А. Еленскі адмовіўся падпісаць Дамэйкаўскі тэкст адрасу і падаў свой уласны адрас „лібэральнага" напрамку. „Лібэралізм" не ўваходзіў у пляны Мураўёва, і ён загадаў арыштаваць „опозыцыянэра" і аддаць яго пад суд.

Падача адрасу не магла не абурыць Віленскі Аддзел-Камітэт. Усе члены Камітэту, не выключаючы нават і Я. Гейштора, падпісалі адозву да Дамэйкі, папераджаючы яго, што ён будзе прысуджаны да сьмерці ў выпадку падачы адрасу. Пасьля падачы адрасу такі прысуд быў аднадушна ўхвалены. Выканаць прысуд адразу браўся адзін з гурткоў рэзолюцыйнай моладзі. Апроч таго, браўся за гэтую справу і Тытус Далеўскі. Тым ня менш Камітэт не згадзіўся даручыць ім справу па невядомых для нас прычынах. Магчыма, што Камітэт не хацеў адступаць ад устаноўленага звычаю, на аснове якога прысуды выконваліся народнай жандармэрыяй. Народная жандармэрыя была добра організавана і мела ўсе даныя, каб з посьпехам выканаць даручэньне. Дадатныя водзывы аб жандармэрыі даюць нават зацятыя ворагі паўстанцаў. Адзін з сучасьнікаў паўстаньня так піша аб гэтым. „Органиация жандармов-вешателей была превосходна. Назначенные на эту должность люди отличались изумительной энергией, расторопностью и преданностью делу; Раз жонд приговаривал кого-нибудь к смерти, то какие бы он ни принимал меры предосторожности, казнь приводилась в исполнение".[202] Выкананьне забойства А. Дамэйкі і было даручана жандарам. На дапамогу мясцовым жандарам прыехалі жандары з Варшавы, адзін з якіх, Ян Бенькоўскі, узяў на сябе выкананьне прысуду.

Праз два дні пасьля падачы адрасу (29 ліпня па старому стылю) а 9-й гадзіне раніцы Я. Бенькоўскі ўвайшоў у памяшканьне Дамэйкі нібы для падачы заявы. Бенькоўскі быў вельмі добра апрануты, трымаўся спакойна і не выклікаў ніякага падазрэньня. Калі Дамэйка вышаў да яго, Бенькоўскі, трымаючы ў адной руцэ пакет, другою рукою ўдарыў яго некалькі разоў кінжалам. На крык Дамэйкі ў залю ўбег слуга і стаў у дзьвярах. Бенькоўскі і яго параніў кінжалам, ачышчаючы сабе дарогу. Зачыніўшы на ключ выходныя дзьверы, каб ніхто з дому ня мог за ім пагнацца, Бенькоўскі зьнік без усялякіх перашкод,

Хутка па гораду разьнесьліся весткі аб забойстве Дамэйкі, хоць у сапраўднасьці ён быў толькі паранены. Даведаўшыся аб пакушэньні на ініцыятара адрасу, Мураўёў падняў на ногі ўсю поліцыю. Уся Нямецкая вуліца, на якой знаходзілася ў тыя часы памяшканьне Дамэйкі, была зацята салдатамі і казакамі. Кругом ішлі пошукі, нікому не дазвалялася нават хадзіць па вуліцы. У пакеце, які быў пакінуты Бенькоўскім у руках Дамэйкі, былі знойдзены дзьве запіскі. У першай быў зьмешчаны прыгавор Рэволюцыйнага Трыбуналу аб кары Дамэйкі сьмерцю. Да прыгавору была прыложана пячатка з сэрбамі — белым арлом і пагоняю — і з напісам „Pieczec Rzadu Narodowego“. У другой запісцы папольску было напісана ніжэйпаданае: „Народны Жонд. №88. Дня 7-га жніўня. (Па новаму стылю. У. І.) Прыйманьні пад увагу, што Аляксандар Дамэйка выняты ўжо з-пад закону, але ня гледзячы на гэта кожную хвіліну свайго жыцьця выкарыстоўвае на здраду айчыны, — з гэтае прычыны вышэйпамянёны А. Дамэйка прыгаварваецца на кару сьмерцю. Начальнік места Вільні—Домб“. (Псэўдонім Малахоўскага. У. І.).

Кінуліся па ўсяму гораду шукаць кінжальшчыка, што зрабіў замах на жыцьцё маршалка. Шукалі яго па тых знадворных адзнаках, якія былі вызначаны як самым Дамэйкаю, так і яго слугою — сярэдні ўзрост, малады, рыжыя, кароткія валасы, шэрая летняя вопратка. Пасьля пошуку поліцыя набрала шмат арыштаваных, якія падыходзілі пад апісаныя прыметы, але якія ня мелі ніякага дачыненьня да замаху. Часамі арыштоўвалі нават расійскіх афіцэраў і ўрадоўцаў. Такія самыя пошукі і арышты былі зроблены па прапанове Мураўёва і ў Варшаве. І там наарыштавалі шмат рыжых ці блёндынаў, якія мелі няшчасьце хадзіць у шэрай вопратцы. Тым ня менш таго, каго трэба, не маглі знайсьці.

Праз некалькі дзён па іншай зусім справе ў Вільні быў арыштаваны нейкі Фэлікс Вайцэхоўскі. Пасьля цэлага шэрагу сукосных улік сьледчай уладзе ўдалося дабіцца ад арыштаванага прызнаньня, што ён зьяўляецца членам тайнай паўстанскай жандармэрыі, якая выконвае прысуды рэволюцыйных трыбуналаў. Апроч таго, Ф. Войцэхоўскі агаварыў двух братоў Рэўкоўскіх, Сіпроўскага і Яблонская, аб якіх ён паказаў, што яны таксама зьяўляюцца членамі народнай жандармэрыі. Усіх іх заарыштавалі. Ня гледзячы на тое, што апроч агавору, проці іх ня было ніякіх улік, усе яны разам з Вайцэхоўскім былі прысуджаны да кары сьмерцю; прысуд быў выкананы ў першай палавіне жніўня (па старому стылю). Злосьць была спагнана, але да Бенькоўскага так і не ўдалося дакапацца.

Толькі здарэньне дапамагло расійскай уладзе выкрыць Бенькоўскага, які ў часе вышэйпамянёных пошукаў вельмі ўдала крыўся ў самой Вільні ў асоб, што спачувалі паўстаньню ня гледзячы на тэрор мураўёўскага рэжыму. Яму і яшчэ аднаму з яго таварышоў былі ўжо падрыхтаваны фальшывыя пашпарты, па якіх яны меліся выехаць за граніцу. Праз тыдзень пасьля замаху пад чужымі імёнамі Бенькоўскі разам з сваім таварышом Э. Чаплінскім, загрымаваныя і пераапранутыя, зьявіліся на вакзал, каб выехаць з Вільні. На сваё няшчасьце яны ня вылічылі часу і прыбылі задоўга да адыходу цягніку, што зьвярнула на іх увагу дзяжурнага жандара, тым больш, што яны нэрваваліся і ня трымалі сябе так спакойна, як звычайныя пасажыры. Жандар запатрабаваў ад іх праяўленьня пашпартоў Бенькоўскі прад‘явіў жандару замежны пашпарт на імя студэнта Пецябурскага унівэрсытэту Міхала Ляпкоўскага, а яго таварыш на імя Э. Чаплінскага. Жандар не знайшоў нічога падазронага ў іх докумэнтах і адпусьціў. Праз нейкі час падазронасьць яго ўзмацнілася, і ён загадаў двум маладым пасажырам ісьці за ім у турму. Ляпкоўскаму і Чаплінскаму прышлося выканаць яго загад. Абодвух іх прывялі на апазнаньне да Дамэйкі. Дамэйка выказаў думку, быццам Ляпкоўскі нібы крыху падобен да таго, хто спакушаўся на яго жыцьцё. У турме прымецілі, што валасы Ляпкоўскага абфарбаваны. Змыўшы фарбу, арыштаванага зноў прывялі да Дамэйкі, які цяпер яго канчаткова прызнаў. Распачалося сьледзтва, у выніку якога Ляпкоўскі назваў сваю сапраўдную фамілію і прызнаўся, што замах на Дамэйку рабіў ён. Хутка быў прызначаны суд, які Бенькоўскаму і Чаплінскаму вынес сьмяротны прысуд. Прысуд гэты быў выкананы на Лукіскім пляцы ў канцы жніўня па старому стылю.

Замах на Дамэйку нічога ня зьменшыў і не дадаў да рэакцыйнага руху сярод земляўласьніцкай шляхты. Панства разумела, што цяпер для яго заставалася толькі адна карысная дарога—ісьці разам з Мураўёвым і царызмам. З гэтай дарогі яе ня мог зьвярнуць тэрорыстычны акт, накіраваны проці Дамэйкі. Не зьвярнуў яе з гэтай дарогі і дэкрэт Аддзелу-Камітэту, які быў надрукаваны і пашыраны ў канцы жніўня. Дэкрэт, апавяшчаючы Заходнюю Эўропу, што адрасы вымушаны расійскім урадам, што яны не выяўляюць запраўднага твару паўстаньня, вызначае, што а) першыя ініцыятары адрасу будуць пакараны з усёю суровасьцю абражанага народу, б) прымушаныя да подпісу Мураўёвым будуць звольнены ад адказнасьці, в) асобы, што знойдуць сілу і адвагу супраціўляцца прымусу, зьявяцца сапраўднымі сынамі бацькаўшчыны, гатовымі несьці для яе афяры. Гэты дэкрэт сьведчыць, што чырвоныя не зразумелі ўсёй соцыяльнай сутнасьці разьвінуўшайся перад імі здрады белых.

Ні тэрор чырвоных, ні дэкрэт Аддзелу-Камітэту ня мог спыніць рэакцыйнага руху сярод белых, падтрыманага і выкарыстанага Мураўёвым. Земляўласьніцкае шляхецтва паасобных губэрань Беларусі і Літвы сьпяшаецца адно перад другім з падачаю вернападданіцкіх адрасоў. За Віленскім шляхецтвам у тым-жа месяцы жніўні зьяўляецца з адрасам да Мураўёва дэлегацыя ад Ковенскага шляхецтва. Пад адрасам стаіць ужо 500 шляхецкіх магнацкіх подпісаў. У канцы верасьня падносіць Мураўёву адрас шляхта Горадзеншчыны, у якой калісь Мураўёў распачаў сваю вешальніцкую кар'еру. Лік подпісаў пад гэтым адрасам значна павялічваецца. Пад горадзенскім адрасам мы ўжо налічваем 1600 панскіх подпісаў.

У кастрычніку сьпяшаецца з вернападданіцкім адрасам шляхецтва -Менскай губэрні.[203] Падаем тут тэкст менскага адрасу. „Всеавгустейший Монарх! На последнем с‘езде дворян в гор. Минске для выборов в ноябре минувшего года многие из нашей среды, увлеченные возникшими в Царстве Польском смутами и под влиянием превратных идей, распространенных на западе врагами и завистниками могущества Российскай Империи, возмечтали о возможности отчуждения от Империи Западных Губерний и присоединии их к Царству Польскому, некогда над ними господствовавшему. В числе этих дворян было немало и таких, которые в глубине души не разделяли вовсе их безрассудных и несбыточных мечтаний, но увлеклись общим порывом и последовали за другими. Вина большей части заключалась в слабости и легкомыслии. Но это дерзновенное заявление навлекло на нас справедлнвый гнев твой, Великий Монарх, и отразилось в целой России отголоском общего чувства негодования. Печальные события, совершившиеся с того времени, совершенно рассеяли наши заблуждения. Мы убедились еще в одном, — столь горьким для нас опытом, — в ничтожности пустых надежд, опровергающихся положительно самою историею и статистическими очевидными доводами. Теперь все мы проникнуты глубоким убеждением и чистосердечным сознанием, что, будущие судьбы наши неразрывно и навсегда должны быты связаны с судьбами великой и могущественной российской Империи — нашим общим истинным отечеством. Дозволь же нам, Всеавгустейший Государь, по твоему неисчерпаемому благодушию сложить к стопам твоим чувства чистосердечного глубокого нашего раскаяния и всеподданейше просить тебя великодушно предать забвению все прошлое, простить наши заблуждения и снова принять нас в число прочих твоих верноподданных, наслаждающихся под благотворным управлением Твоим плодами столь многочисленных мудрых реформ. С чувствами глубочайшей и неизменной отныне и навсегда преданности к престолу и любви к Тебе, Всеавгустейший Монарх, пребываем твоими верноподданными".

Вось як выглядае гэты шэдэвр здрады і подласьці земляўласьніцкай шляхты Менскай губэрні. Пад гэтым шэдэўрам красуецца 2734 подпісы. Але жыцьцё паказала, што гэтых подпісаў для такога шэдэўру замала. Маршалкі шляхты і адміністрацыя зьбіраюць да адрасу дадатковыя подпісы. І гэта ім удаецца ў самай поўнай меры. Праз нейкі час дадатковых подпісаў да адрасу было набрана 3817. Такім спосабам, менскі адрас пабіў рэкорд, бо пад ім было ўсяго 6551 подпіс. Менскае шляхецтва пастаралася, здаецца, найлепш ілюстраваць сваю здраду і падхалімства.

Спазьнілася крыху віцебская і магілёўская шляхта, якая падала свае адрасы апошнімі. Мы пададзім тут тэкст адрасу паноў-земляўласьнікаў Магілёўскае губэрні: „Августейший Монарх! Возникшие в Царстве Польском волнения и беспорядки коснулись к несчастью и западных губерний, в том числе и наших белорусских. Некоторыя из дворян Могилевской губернии, люди по большей части молодые и неопытные, увлеклись пагубным порывом и сделали попытку поднять оружие против законной власти, но тут же были рассеяны без особых усилий горстью войск. Большинство дворян Могилевской губернии, глубоко опечаленное этими неожиданными событиями и несочувствуя им, осталось непоколебимо верным и преданным Тебе, Августейший Монарх, и Твоему престолу. Мы всегда сохраняли и сохраним в сердцах наших эти священные для нас чувства и никогда им не изменим. Могилевская губерния, населенная преимущественно жителями православнаго исповедания, составляет нераздельную часть могущественной Твоей империи и связана с нею неразрывными узами. Заявляя такое наше убеждение, мы смеем всеподданейше просить Тебя, Великий Монарх, почитать нас твоими неизменно преданными верноподданными, готовыми всем жертвовать для блага нашего общего отечества и не лишать нас царскаго твоего доверия и милости".[204]

Калі мы ўважліва ўглядаемся ў тэкст абодвух адрасоў, то бачым, што ня гледзячы на рожніцу ў дэталях, яны вельмі падобны адзін да другога па сваёй сутнасьці. Абодвы яны напісаны самым падхалімскім тонам. Нам нават ня верыцца, што яны напісаны і падпісаны людзьмі, якія толькі што ў той ці іншай меры прымалі ўдзел у паўстаньні і нават часта гралі ў ім кіраўнічую ролю. Адрасы як нельга лепш даводзяць згодніцкую сутнасьць белых, якая базавалася на іх клясавых інтарэсах. Разьвярнуўшыся, рух захапіў іх на нейкі час. Згодніцкая ў адносінах да царызму сутнасьць на нейкі час схавалася ў глыбіню, каб пры першай няўдачы зноў пышна зьявіцца на сьвет. Абодвы адрасы прызнаюць часовы ўдзел земляўласьнікаў у паўстаньні, як „пагубную" памылку, выкліканую захапленьнем. Віна за часовы ўдзел у паўстаньні валіцца на „смуты", што ўзьніклі ў Царстве Польскім. „Печальные" падзеі няўдалага паўстаньня ацьвярозілі зарваўшыхся паноў. Яны шчыра каюцца ў сваёй памылцы і просяць у цара прабачэньня. Яны цяпер хочуць быць падданымі царскай імпэрыі і канчаткова парываюць з тымі, хто астаўся верным паўстаньню. Такім чынам, земляўласьніцкая шляхта на Беларусі і Літве зноў знайшла сваю праўдзівую бацькаўшчыну, зноў знайшла сваё сапраўднае месца ў сучасным ёй соцыяльным і політычным ладзе.

Прыблізна такую самую эволюцыю мы бачым і ў яўрэйскіх колах. Заможныя групы яўрэйства таксама паварачваюцца ў бок Мураўёва. Яшчэ ў 1861 годзе прадстаўнікі царскай улады гаварылі аб тым, каб на ўсякі выпадак прыцягнуць яўрэйскае жыхарства на свой бок. Па гэтаму пытаньню куратар Віленскага Вучэбнага Округу Шырынскі-Шахматаў у сваім данясеньні міністру народнае асьветы С. В. Пуцяціну піша так: „Привлечь на сваю сторону умное и деятельное еврейское племя, составляющее столь значительную часть здешняго населения, для правительства чрезвычайно важно. В ожидании льгот евреи ведут себя относительно правительства безупречно: так в беспорядках, обнаружившихся в последнее время в западном крае, они не принимали участия".[205] Шырынскі - Шахматаў пахваліў яўрэйства зарана. І ў Польшчы, і на Беларусі яўрэйства прыняла ў паўстаньні даволі дзейны ўдзел. Яўрэйскія гандлёва-прамысловыя заможныя колы былі настроены ў мільлеранскім напрамку, рамесьнікі і дробная буржуазія солідарызаваліся з чырвонымі. Што датычыць Беларусі, то мы ведаем, што яўрэйскае насельніцтва, напрыклад, Сямятыч, вельмі спачувала паўстанцам і падтрымлівала іх, за што яно потым было сурова пакарана расійцамі. Тое самае мы можам сказаць і аб мястэчку Шэрашове, Пружанах і г. д., у Вільні рамесьнікі, у тым ліку і яўрэі, таксама прымалі чынны ўдзел у паўстаньні, падтрымліваючы чырвоных.

З прыездам Мураўёва заможная, белая частка яўрэйства пачала адыходзіць ад паўстаньня і набліжацца да абыймаў царызму. Перад намі вельмі цікавы докумэнт, што нібы адпавядае тым вернападданіцкім адрасом, якімі занялася земляўласьніцкая шляхта. Падаем яго тэкст: „Господь бог наш, благословивший святых отцов наших, Авраама, Исаака и Якова, да будет воля твоя благословить и вожделеть здравие, долгоденствие и долголетие Главнаму Начальнику Края, нашему господину, генералу от инфантерии Михаилу Николаевичу Муравьёву и всему дому Его Высокопревосходительства, за благополучие коего еврейское общество обетом своим пожертвовало для раздачи бедным денежное пожертвование. Да продлит Господь Бог дни жизни его в благополучии. Аминь".[206] Гэты докумэнт, што вышаў з Віцебскай Яўрэйскай абшчыны, ніколькі не адрозьніваецца па свайму тону і настрою ад шляхецкіх адрасоў. Калі прыняць пад увагу, што на чале яўрэйскіх абшчын стаялі заможныя яўрэйскія колы, якія кіравалі ўсімі справамі абшчын, дык становіцца ясна, якія групы яўрэйства выяўлялі свой настрой у вышэйпаданым докумэнце.

У падзяку за малітву аб Мураўёве, за параўненьне яго з біблійнымі патрыярхамі Авраамам, Ісаакам і Якавам заможнае яўрэйства атрымала 9 кастрычніка 1864 году наступны цыркуляр:[207] „По поводу возбужденного мировыми посредниками Гродненской губернии вопроса об неотдаче евреям в аренду крестьянами-собственннками из приобретенного ими надела небольших участков земли под постройку домов, мельниц и проч. — генер-губернатор, принимая в соображение, что арендование земель евреями может вести к упрочению их поселения среди крестьян, которое будет иметь последствием подчинение их евреям в материальном отношении и при дружном образе действия евреев между собою стеснит развитие между самыми крестьянами промышленности и торговли, что доказывается положением городов и местечек в западном крае, — признал необходимым запретить отдачу евреям в арендное содержание земель среди крестьянских наделов“. Як мы бачым гэты цыркуляр зьяўляецца прадмесьнікам славутных „временных правил“ 1882 года, якія ў межах яўрэйскай аселасьці правялі яшчэ адну рысу.

У той час як заможнае буйнабуржуазнае яўрэйства адвярнулася ад паўстаньня разам з земляўласьніцкаю шляхтаю, яўрэйскія рабочыя, рамесьнікі і дробная буржуазія падтрымлівалі паўстанцкі рух, ня гледзячы на вялікія небясьпекі, якія пагражалі ім за гэта ў часе ўзмоцненага Мураўёўскага тэрору. Даволі адзначыць хоць-бы такі факт,[208] што яўрэйская бедната ў самыя цяжкія для К. Каліноўскага часы, калі расійская поліцыя і жандармэрыя літаральна ганяліся па яго сьлядох, аберагала і дапамагала чырвонаму дыктатару Беларусі. Не дарма ў царскай улады злажылася ўражаньне аб нязлоўнасьці Каліноўскага.

УСТАНАЎЛЕНЬНЕ ДЫКТАТУРЫ К. КАЛІНОЎСКАГА.

Як мы ўжо зазначылі раней, пасьля арышту Я. Гейштора, з пачатку жніўня 1863 году, кіраўніцтва паўстаньнем на Беларусі і Літве перайшло выключна ў рукі крайных чырвоных. Больш левыя элемэнты з белых ці былі забіты ў бойках, ці сядзелі ў турмах, ці знаходзіліся ў выгнаньні. Што датычыць наогул белых, яны цяпер здрадзілі паўстаньню і стараліся ўсімі сіламі давесьці перад Мураўёвым і царскім урадам сваю поўную лояльнасьць і адданасьць царызму. Становішча чырвоных было вельмі цяжкое: ім цяпер трэба было змагацца на два фронты: ня толькі з царскім урадам, але і з сваімі белымі супольнікамі. Гэтая барацьба патрабавала ня толькі цьвёрдасьці і самаафярнасьці, але і поўнай концэнтрацыі ўсіх паўстанскіх сіл. Старая колегіяльная форма кіраўніцтва паўстаньнем цяпер не магла задаволіць. Узьнікла думка аб дыктатуры, якая поўнасьцю была падтрымана ўсімі сябрамі Камітэту. На Беларусі і Літве, дзякуючы асабліва цяжкім умовам барацьбы, дыктатура, такім чынам, зьявілася раней, чымсі ў Польшчы. Розьніца дыктатуры на Беларусі ад дыктатуры ў Польшчы была ў тым, што дыктатура на Беларусі была чырвоная, што залежала ад абставін паўстаньня. Дыктатарам паўстаньня на Беларусі Літве быў прызнаны К. Каліноўскі. Старая форма камітэту юрыдычна, праўда, заставалася, але фактычна ўсё кіраўніцтва паўстаньнем было ў руках дыктатара. Так было ў свой час і ў Польшчы, калітам была ўтворана дыктатура Р. Траўгута.

У свой час мы ўжо каротка спыняліся на жыцьцярысу і характарыстыцы К. Каліноўскага. Цяпер да гэтага мы толькі дадамо некаторыя з характарыстык, даных К. Каліноўскаму як яго сучасьнікамі, так і некаторымі аўтарамі літаратуры аб паўстаньні. Усе характарыстыкі, будучы ў дэталях часта непадобнымі адна да другой, у цэлым даюць тым ня менш даволі колёрытны малюнак гэтага выдатнага рэволюцыянэра свайго часу.

Часовы ваенна-палявы аўдыторыят, выносячы сьмяротны прысуд па справе падсуднага, К. Каліноўскага, — „находит, что еще в начале раскрытия действий революционной организации в г. Вильне, по показаниям некаторых из лиц, исполнявших преступныя должности, обнаружено, что одним из самых преданных делу восстания и наиболее деятельных его руководителей в здешнем крае был студент С.-Петербурского университета Калиновский". Далей, аўдыторыят пералічвае ўсе „злачынствы“ падсуднага на працягу ўсяго часу паўстаньня і адзначае, што — „Всё это сделано было Калиновским, как он сам признал, по его собственному усмотрению, а не вследствие приказаний из Варшавы, открыть сообщников своих, несмотря на неоднократные убеждения, подсудимый Калиновский отказался". На аснове вышэйпаданага, „Полевой Аудиториат причисляет подсудимаго Калиновскаго, как члена революционной организации и впоследствии сасмостоятельного распорядителя в течении нескольких месяцев восстанием во всем Литовском крае, к первой категории преступников, поименованных в Высочайше утвержденных 11 мая 1863 года правилах о порядке наложения взыскания на мятежников".[209] Прысуд, такім чынам, падкрэсьлівае адданасьць К. Каліноўскага рэволюцыі і яго галоўнае кіраўніцтва паўстаньнем на Беларусі, прычым гэтае кіраўніцтва вялося па яго ўласнай ініцыятыве, а не з Варшавы.

Я. Гейштар, які добра ведаў Каліноўскага асабіста і, будучы яго політычным супраціўнікам, тым ня менш нейкі час працаваў разам з ім, вельмі часта ў сваіх успамінах піша аб К. Каліноўскім. Мы падамо толькі самыя характэрныя з яго слоў. „З К. Каліноўскім я пазнаёміўся ўжо пасьля пачатку паўстаньня ў Францішка Далеўскага. Гэта была натура бурная, але простая і шчырая. Гэта быў чалавек, душою і сэрцам адданы простаму люду і бацькаўшчыне, прасякнуты крайнімі тэорыямі, прытым літоўскі сэпаратысты (пад Літвою разумеецца Літва і Беларусь. У. І.), на словах крыважэрны дэмагог. Ён быў непараўнаным, узоравым консьпіратарам, душою Камітэту, дасканалаю рукою пры выкананьні тых распараджэньняў, якія ён сам падзяляў. Ён меў замала адукацыі, апрача таго, яго адзначаў брак шырокага політычнага кругавіду і поўнае нязнаньне людзей. Пры першым знаёмстве са мною ён даводзіў, што ўдзел шляхты і памешчыкаў у паўстаньні ня толькі не патрэбен, але і шкадлівы. Сам просты люд заваюе сабе волю і тады ён напомніць панам аб уласнасьці. Як ласку, ён дазваляў шляхце станавіцца ў шэрагі паўстаньня, але не ў сваіх паветах, а там, дзе іх ня ведаюць... Гэты чалавек бязумоўна быў самаю выдатнаю фігураю Камітэту".[210] Крыху далей Я. Гейштар піша: „Каліноўскі да канца заставаўся крайнім і ня мог падняцца да беспартыйнасьці".[211] Гейштар, такім чынам, адзначае дзьве асноўныя рысы К. Каліноўскага — а) крайнасьць яго соцыяльнай програмы і б) „сэпаратыстычныя" беларускія тэндэнцыі. І тое, і другое Гейштору вельмі не падабаецца. Ён называе гэтыя рысы „політычнай вузасьцю, адсутнасьцю беспартыйнасьці і сэпаратызмам". Магчыма, што Гейштор мала памыляецца, калі называе яго занадта даверлівым да людзей. Нам вядома, што аддаў Каліноўскага ў рукі Мураўёва Парфіяновіч, якому Каліноўскі давяраў. Зьвяртаюць на сябе ўвагу словы Я. Гейштора—„на словах крыважэрны дэмагог". У гэтых словах ёсьць шмат праўды. Дэвізы крайніх чырвоных таго часу (Мераслаўскага, Каліноўскага) сапраўды формулююцца вельмі моцна, куды мацней ува ўсякім выпадку, чым гавораць факты. Калі меркаваць па словах і дэвізах чырвоных, у тым ліку і К. Каліноўскага, то нам здаецца, што гэта былі непрымірымыя, рашучыя барацьбіты. На справе выходзіць іначай. У вельмі асноўных пытаньнях яны ідуць на згоду з белымі і працуюць разам з імі. Праўда, гэты факт не касуе розьніцы паміж чырвонымі, асабліва крайнімі, і белымі ў цэлым.

Юзэф Каэтан Яноўскі, сакратар Варшаўскага Жонду некалькіх зьмен, таксама часта гаворыць аб К. Каліноўскім. Мы падаем з яго ўспамінаў[212] толькі два самых характэрных выняткі. У першым томе сваіх успамінаў ён піша аб К. Каліноўскім ніжэйпаданае: „Будучае вызваленьне сваёй бацькаўшчыны яны {чырвоныя на Літве і Беларусі. У. І) бачылі толькі ў палепшаньні долі простага люду і туды яны несьлі патрыятычную пропаганду. Самаю выдатнаю асобаю ў гэтым напрамку быў Константы Каліноўскі. Быў ён адным з дабрароднейшых тагачасных барацьбітоў Літвы, адукаваным, чыстым, поўным самаафярнасьці, розуму і энэргіі. Ён абходзіў пеша Літву і Беларусь, нясучы ў просты люд агонь замілаваньня да бацькаўшчыны. Для магчымасьці больш блізкай сувязі з простым людам ён, ня гледзячы на сваю унівэрсытэцкую адукацыю, сеў на пасаду валаснога пісара. Ён не хацеў мець ніякіх адносін да шляхты, а абапіраўся толькі на народ. Суадносіны Літвы да Польшчы ён разумеў толькі як фэдэрацыйныя, з поўнай незалежнасьцю Літвы. Ён зусім не прызнаваў улады Варшаўскага Цэнтральнага Камітэту і не хацеў адтуль прымаць ніякіх загадаў і прапаноў. На гэтым грунце вынікалі непаразуменьні ў Віленскім Камітэце, бо некаторыя з яго членаў гэтых поглядаў Каліноўскага не падзялялі". Далей, у другім томе сваіх успамінаў Ю. К. Яноўскі піша так: „Канстанты Каліноўскі — адзін з мацнейшых розумаў, які выявіла Польшча ў гэты час, чалавек, адданы душою і целам думцы вызваленьня народу, сапраўдны апостал беларускага народу, сапраўдны волат паўстаньня 1863 году". Як мы бачым з гэтых двух выняткаў, Яноўскі, ня гледзячы на свае прынцыповыя разыходжаньні з Каліноўскім, у вельмі дадатных рысах малюе фігуру чырвонага дыктатара Беларусі, называючы яго разам з тым „адным з мацнейшых розумаў Польшчы". Апошнія словы будуць для нас зразумелымі, калі мы прымем пад увагу, што Яноўскі ўсе землі былой Рэчы Паспалітай, як Беларусь, Літву і Украіну, лічыць часткамі адзінай паўстаўшай Польшчы. У агульных рысах характарыстыка Каліноўскага, зробленая Яноўскім, супадае з характарыстыкай, якую дае Я. Гейштор. Разыходзяцца яны ў адным дробным пункце. Яноўскі лічыць Каліноўскага чалавекам адукаваным у той час як Гейштор гавораць, што Каліноўскі „меў замала адукацыі". Калі прыняць пад ўвагу, што Каліноўскі скончыў унівэрсытэт, што ў бытнасьць сваю студэнтам ён удзельнічаў у рэволюцыйных гурткох яго часу, то нам трэба прызнаць, што Яноўскі бліжэй да праўды.

Шмат гаворыць аб Кастусю Каліноўскім і аўтар „Historyi dwoch lat" В. Пшыбароўскі. Мы возьмем з яго прац некалькі выняткаў.[213] „У часы паўстаньня найвыдатнейшаю асобаю ў Літоўскім Камітэце быў Каліноўскі. Крайні чырвоны, з дэмагогічнаю падаплёкаю, прыхільнік соцыяльнага перавароту, ён быў бясспрэчна чыстым чалавекам, з вялікай энэргіяй і нязломным характарам... Ужо ў Пецярбургу, як студэнт унівэрсытэту, ён належаў да ўсіх рэволюцыйных гурткоў, якія паўставалі на працягу некалькіх год у сталіцы... Ён ня верыў у паўстаньне, якое распачынала, рабіла і якім кіравала шляхта, а даводзіў, што толькі „сялянскія плечы" змогуць падняць Польшчу і Літву". Дзякуючы гэтаму, гаворыць далей В. Пшыбароўскі, К. Каліноўскі пайшоў хадзіць па Літве і Беларусі, па сялянскіх хатах і сеяў сярод сялянства зерні рэволюцыі. Ён не пераставаў увесь час гаварыць, што „сякера паўстанца не павінна затрымлівацца нават над калыскаю шляхецкага дзіцяняці". З герцэнаўскага „Колокола" Каліноўскі ўзяў фэдэрацыйную тэорыю і прыстасаваў яе да Літвы і Беларусі. „Згодна яго думак, Літва разам з Польшчай павінна дабівацца непадлегласьці, змагацца за вызваленьне ад чужога захопу, але разам з тым зрабіцца асобнай адзінкай, незалежнай ад Польшчы і зьвязанай з ёю толькі фэдэрацыйна. На аснове гэтай тэорыі, уваходзячы ў склад Літоўскага Камітэту, Каліноўскі не хацеў прымаць ніякіх загадаў з Варшавы, хацеў, каб гэты Камітэт урадаваў і кіраваў паўстаньнем самастойна і ў адносінах да Народнага Жонду займаў становішча ўлады роўнай і нікому непадлеглай. „Ня можна", гаварыў ён „паверыць будучыну Літвы той дурной кумцы Варшаве". Гэтая тэорыя Каліноўскага, якую ён агалашаў шчыра і адчынена, выклікала ў Літоўскім Камітэце шмат спрэчак і разыходжаньняў.

Трэба прыняць пад увагу, што В. Пшыбароўскі па сваіх перакананьнях належыць да крайняй правай часткі белых, да групы Велепольскага. Зразумела, ён вельмі незадаволены „дэмагогічнаю падаплёкаю" крайняй соцыяльнай програмы Каліноўскага. Аўтар, асуджаючы таксама і „сэпаратызм" Каліноўскага, стараецца паказаць, што Каліноўскі зусім не хацеў мець ніякай сувязі з Варшаваю. У гэтым аўтар нават супярычыць сам сабе. То В. Пшыбароўскі гаворыць, што па тэорыі Каліноўскага „Літва разам з Польшчаю павінна дабівацца непадлегласьці", то заяўляе, што на основе сваёй тэорыі „Каліноўскі не хацеў прымаць ніякіх загадаў з Варшавы" і называў Варшаву „дурною кумкаю".

Гаворыць аб Каліноўскім і прыхільнік Мураўёўскай сыстэмы В. Ратч. Пададзім з яго працы некалькі выняткаў. „Калиновский, захватив полное преобладание в Литовском красном Комитете (справа ідзе аб канцы 1862 году. У. І.) настаивал на образовании организации из крестьян, дабы с ожидаемым к весне 1863 года мятежом в Польше открыть свой мятеж в Северо-Западном крае по образцу проектируемого Герценом для великорусских губерний".[214] Далей, вызначаючы склад сяброў Віленскага Камітэту, Ратч гаворыць: „Калиновский, кандидат Петербурского университета, из Петербурского кружка, противник Зверждовского, сын шляхтича-ткача из-под Свислочи Гродненской губернии, сторонник Герценовской славянской федерации. Он понимал дело мятежа в таком смысле, что „топор не должен останавливаться даже над колыбелью шляхетского ребенка" и что „такой бестолковой башке, как, Варшава, нельзя вверять будущую судьбу Литвы".[215] Яшчэ ніжэй В. Ратч гаворыць, што Каліноўскі цэлы год хадзіў па вёсках і шынкох. Ён ставіў сваёю мэтаю раздаць усю панскую зямельную ўласнасьць сялянам і з земляробскіх колаў скласьці організацыю. Ён вызначыць з дробнай шляхты і з сялян здольных людзей, якія змогуць узяць паноў у рукі. Усю зямлю трэба аддаць сялянам і вырваць у белых усе магчымасьці граць якую-небудзь ролю.[216] Калі выключыць з выняткаў В. Ратча спэцыфічныя для расійскага чорнасотніка выразы і настроі, то сэнс гэтых выняткаў вельмі падобны да таго, што гавораць аб Каліноўскім і ранейшыя аўтары.

Мы падалі выняткі аб К. Каліноўскім з розных аўтараў, што належаць часта да зусім процілеглых сьветапоглядаў. Тым ня менш мы знаходзім у іх шмат такога, у чым яны сходзяцца. На аснове вышэйпаказаных выняткаў і фактычных матар'ялаў мы можам зрабіць некаторыя вывады адносна асобы К. Каліноўскага, а) К. Каліноўскі належаў да крайняй чырвонай групы паўстаньня 1863 году на Беларусі. Ён ідэю паўстаньня злучаў з ідэяй аграрнай рэволюцыі. б) Робячы паўстаньне разам з Польшчаю проці царскай Расіі, ён разам з тым быў „сэпаратыстам" і ў адносінах да Польшчы. Гэты „сэпаратызм", магчыма, перавялічаны некаторымі аўтарамі, прыхільнікамі „адзінай і непадзельнай" Польшчы базаваўся на фэдэралістычнай Герцэнаўскай тэорыі. Дакладна вызначыць яго вельмі цяжка, бо ён нідзе дакладна не формуляваны. Трэба думаць, што „незалежніцтва" К. Каліноўскага вымагала асобага віду аўтаноміі для Беларусі ў фэдэрацыйнай Рэчы Паспалітай Польскай, в) Па сваіх асабістых якасьцях гэта быў энэргічны, здольны, бясстрашны і пасьлядоўны рэволюцыянэр чырвонай групы паўстаньня.

Гаворачы ўсё гэта, трэба добра памятаць, што К. Каліноўскі быў рэволюцыянэрам дробнабуржуазнай рэволюцыі, быў рэволюцыянэрам дробнабуржуазнага тыпу. Адсюль выцякаюць і яго адмоўныя якасьці: палавінчатасьць, нерашучасьць, згодніцтва ў адносінах да прадстаўнікоў буйной буржуазіі і буйназемляўласьніцкай шляхты, якія ўтварылі белую, па сутнасьці контр-рэволюцыйную, організацыю паўстаньня. Цэлы шэраг учынкаў К. Каліноўскага сьведчыць аб гэтым. Ён згаджаецца працаваць пад кіраўніцтвам белых у якасьці камісара Горадзеншчыны; працуе ў Аддзеле-Камітэце разам з белымі; будучы ўжо чырвоным дыктатарам, ён і тады не парывае з белымі, даючы ім дапамогу, што паміж іншым, як пабачым далей, і было прычынаю яго правалу і г. д. Справа ў К. Каліноўскага часта разыходзілася з словамі і дэвізамі, вось чаму Гейштор правільна адзначыў, што Каліноўскі быў „на словах крыважэрны дэмагог".

Цяпер мы пераходзім да апісаньня далейшых падзей. У другой палавіне ліпня Народны Жонд Маеўскае, каб наладзіць узаемаадносіны з Вільняю, ухваліў паслаць туды эмісара для перагавораў. У Вільні, як мы ведаем, кіраваў Аддзел-Камітэт, у якім галоўную ролю гралі ўжо чырвоныя на чале з Каліноўскім. У якасьці эмісара з Варшавы па сваёй уласнай ахвоце паехаў у Вільню Лявон Главацкі. Сваёй місіі пасланы камісар ня выканаў, як мы ўжо адзначалі вышэй. У давяршэньне ўсіх бед Л. Главацкі ня вынес мураўёўскага тэрору. Нявымоўна цяжкія абставіны паўстанскай працы на Беларусі і Літве зрабілі такое прыгнятаючае ўражаньне на прыехаўшага эмісара, што ён праз два-тры дні побыту ў Вільні захварэў нэрвова. З вялікімі цяжкасьцямі ўдалося Віленскаму Камітэту пераправіць хворага назад у Варшаву. У Варшаве Главацкі нават ня мог зрабіць справаздачы Народнаму Жонду, бо ён быў ужо ненормальны. „Мысьль яго згасла назаўсёды. Пасьля гэтага ён жыў яшчэ каля дваццаці год, але розум яго ўжо не паправіўся". [217]

Гэтая няўдача ня спыніла стараньняў Варшаўскага Народнага Жонду зьвязацца з Вільняю. Член жонду, Оскар Авэйдэ заявіў аб сваім жаданьні ехаць у Вільню ў якасьці камісара замест Дюлёрана. Ён спасылаўся на тое, што ў Вільні ён меў шырокія сувязі з рэволюцыйнымі коламі, апроч таго, ён быў у блізкіх адносінах з Кастусём Каліноўскім, які быў яго таварышом па Пецярбурскаму унівэрсытэту. Народны Жонд прыняў гэтую прапанову і паслаў О. Авэйдэ ў Вільню ў якасьці свайго поўнамоцнага камісара. Авэйдэ атрымаў даволі добры пашпарт на імя гандлёвага камісіянэра Людвіка Шмідта. Каб яшчэ больш замясьці сьляды, у падпольных газэтах было надрукавана, што Оскар Авэйдэ загінуў у аднэй бойцы паўстанцаў з расшчамі, і ў сувязі з гэтым быў нават зьмешчаны яго падрабязны нэкралёг.

О. Авэйдэ прыехаў у Вільню ў апошніх лічбах ліпня па старому стылю. Ён ня мог ня прызнаць, што паўстанская справа на Беларусі і Літве знаходзілася ў вельмі цяжкім становішчы. Земляўласьніцкая шляхта ўжо распачала свой масавы здрадніцкі паход да царскага трону. Мураўёўскі тэрор пустошыў шэрагі паўстанцаў, якія яшчэ трымаліся. Нормальныя зносіны з Варшаваю былі амаль што зусім немагчымы. Вельмі цяжка было падтрымліваць зносіны і з паасобнымі мясцовасьямі Беларусі і Літвы. Прыток сродкаў на паўстаньне, дзякуючы адыходу ад яго заможных груп жыхарства, значна зьменшыўся. К прыезду Авэйдэ ў касе Віленскага Камітэту было грошы каля 6.000 рублёў. Прадстаўнікі паўстанскага ўраду на Беларусі і Літве, у тым ліку і сам К. Каліноўскі, маглі падтрымліваць сваё існаваньне, толькі дзякуючы таму, што пастаянна мянялі свае імёны і кватэры. Шмат энэргіі і працы прыходзілася траціць на сваё самазахаваньне, што, зразумела, ускладняла організацыйную і масавую паўстанскую працу як у цэнтры, так і на мясцох.

Авэйдэ распачаў перагаворы з К. Каліноўскім. Ён адразу зазначыў, што Народны Жонд у Варшаве прыцягнуў Дюлёрана да адказнасьці, што ён, Авэйдэ, хоча наладзіць нормальныя ўзаемаадносіны Вільні з Варшаваю. Перагаворы бязумоўна абцяжаліся тым, што Авэйдэ быў прадстаўніком так званага ліпнёвага жонду, програма якога была белаю, у той час як програма Каліноўскага была крайня-чырвонаю. Абцяжаліся перагаворы і фактычнымі прычынамі. Якраз у гэты час адбыўся замах на забойства Дамэйкі. Работа поліцэйскага вышуку і тэрор так узрасьлі, што вельмі цяжка было наладжваць спатканьні для перагавораў. Тым ня менш перагаворы ішлі, дзякуючы асабістым якасьцям як Авэйдэ, так і Каліноўскага, якія былі добрымі консьпіратарамі, апроч таго, ішлі на ўступкі адзін другому. Авэйдэ, паміж іншым, павінен быў прызнаць памылку Варшаўскага Народнага Жонду, што ён падтрымліваў на Беларусі і Літве шляхецкі Белы Аддзел.

Авэйдэ свой побыт у Вільні апісвае наступнымі рысамі. „Таким образом, я остался один с верным, никогда не ослабевавшим Константином Калиновским, на развалинах вдребезги разбитой организации. Что-же оставалось делать? Мы придумывали разные способы: сперва хотели образовать Литовскнй Отдел в Варшаве, оставив, на время в Вильне только одного комиссара; потом, когда этот первый проект был признан неудобоисполнимым, мы пробовали образовать новый Отдел в Вильне и, совершенно притихнув на несколько недель, формировать втихомолку новую городскую организацию. Кандидатами этого нового Отдела были—я, Калиновские и некто Милевич, человек без всяких способностей, прниглашенный из Гродненской губернии. Однако-же все усилия возродить погибшее не повели ни к какому результату. Мы уже не могли ни пополнить своего состава, ни отыскать кандидата в начальники города, не говоря уже о прочем. Чтобы об‘яснить положенне дел в Внльне, скажу только, что иногда мы могли иметь заседания только на протестантском кладбище".[218]

Перагаворы паміж Каліноўскім і Авэйдэ В. Пшыбароўскі апісвае так.[219] „Урэшце самыя зносіны з Каліноўскім былі злучаны з мноствам перашкод і небясьпек. Бачыліся яны адзін з другім рэдка, патаемна, звычайна на лютаранскіх могілках. На гэтых спатканьнях, якія адбываліся сярод магіл, што кідалі як-бы пануры цень на іх смутныя размовы, яны складалі розныя проекты, але ўсе яны не ўдаваліся... У канцы канцоў Каліноўскі ўступіў, згадзіўся на назву Літоўскага Аддзелу, які павінен быў існаваць і працаваць нібы пад вярхоўнаю ўладаю Народнага Жонду, але ён адразу захоўваў для сябе вельмі шырокую аўтаномію. Гэты Аддзел павінен быў складацца з абодвух братоў Каліноўскіх, Кастуся і Юзэфа, былога афіцэра расійскіх інжынэрных войск, з нейкага Міловіча з Горадні і з самога Авэйдэ. Але гэта былі толькі багатыя мары".

Выняткі з Авэйдэ і Пшыбароўскага дапаўняюць адзін другога. У вынятку з Пшыбароўскага трэба зьвярнуць увагу на наступнае. Віленскі Аддзел павінен быў на аснове дагавору існаваць „нібы" пад уладаю Варшаўскага Жонду. Гэтае „нібы“ абмяжоўвае сабою вярхоўную ўладу Цэнтральнага Жонду ў адносінах да Беларусі і Літвы. Такое абмежаваньне ўлады Варшаўскага Жонду стаіць у поўнай сувязі з далейшым зьместам дагавору, што Каліноўскі пакідаў для Беларусі і Літвы „вельмі шырокую аўтаномію". Такім чынам, магчыма думаць, што ў аснове дагавору паміж і Варшаваю і Вільняю ляжаў герцэнаўскі фэдэралістычны прынцып, прыхільнікам якога быў у свае часы чырвоны Варшаўскі Цэнтральны Камітэт і ў бягучы момант — К. Каліноўскі. Адсюль мы можам зрабіць вывад, што не Каліноўскі зрабіў уступкі ў бок поглядаў сучаснага белага Варшаўскага Жонду, як зазначае Валеры Пшыбароўскі, а, наадварот, хутчэй Авэйдэ зрабіў уступкі Каліноўскаму. Магчыма, што Народны Жонд і не зацьвердзіў бы дагавору, які быў складзены яго поўнамоцным камісарам Авэйдэ, бо ён быў правейшы за свайго камісара, але абставіны злажыліся так, што Авэйдэ ня змог паслаць на зацьверджаньке ў Варшаву складзенага дагавору. Апроч таго, трэба адзначыць, што і гэты незацьверджаны дагавор застаўся толькі на паперы. Не дарма В. Пшыбароўскі зазначыў, што ўмовы дагавору былі толькі марамі. Тое самае зазначаюць у сваіх працах Грабец[220] і Бэрг[221].

А падзеі далей разьвінуліся вельмі няўдала для Авэйдэ. Аб іх дэтальна апавядае М. Бэрг[222] і іншыя аўтары.

Авэйдэ зьявіўся ў Вільню, як мы зазначылі раней, вельмі добра законсьпіраваны. Дзякуючы таму, што ён добра ведаў нямецкую мову, яго нямецкая фамілія — Шмідт — не выклікала ні ў каго з адміністрацыі і староньняй публікі ніякага сумненьня. Апроч таго, поліцыя і жандармэрыя лічыла немцаў наогул больш-менш добранадзейным элемэнтам. Перафарбаваныя ў чорную фарбу сьветлыя валасы рабілі яго зусім не падобным да паўстанца Авэйдэ нават і для тых, хто яго ведаў раней. Публікацыя аб сьмерці Авэйдэ яшчэ больш дапамагала бясьпечна існаваць немцу Шмідту, гандлёваму камівояжэру. Каб яшчэ лепш законсьпіравацца, ён асабліва ў першыя часы хадзіў па буйных магазынах, прапануючы сваю працу, як беспрацоўны. Усё гэта садзейнічала таму, што ён бяз усякіх асаблівых цяжкасьцяй пражыў у Вільні больш тыдня, не зьвяртаючы на сябе ўвагі поліцыі.

У сувязі з замахам на Дамэйку ў Вільні часта адбываліся пошукі і арышты, асоб, прыехаўшых з Варшавы, бо поліцыя лічыла, што замах быў зроблены адным з жандараў - кінжальшчыкаў з Варшавы. Быў зусім выпадкова арыштаваны і Авэйдэ, як прыехаўшы з Варшавы. Авэйдэ трымаў сябе ў турме вельмі добра, докумэнты яго ня выклікалі ніякага сумненьня, нямецкая мова Авэйдэ супадала з яго нацыянальнасьцю па пашпарту. Сьледчая камісія, разабраўшыся ў докумэнтах арыштаванага і апрасіўшы яго, не знайшла нічога падазронага і зрабіла прадстаўленьне генэрал-губэрнатару аб вызваленьні арыштаванага. Мураўёў, верны свайму звычаю, налажыў рэзолюцыю, каб арыштаванага яшчэ патрымаць у турме на ўсякі выпадак. За гэты час у Авэйдэ пачалі адрастаць валасы; і тут выкрылася, што валасы былі афарбаваны. Гэта прымеціў генэрал Лебедзеў, які прыехаў з Пецярбургу для агляду становішча політычных вязьняў у Вільні. Аб заўважаным ён далажыў Мураўёву. Распачалося новае сьледзтва па ўсіх правілах мураўёўскай сыстэмы. Сьледзтва прывяло да выкрыцьця запраўленага прозьвішча Авэйдэ. Сьледчая Камісія абвясьціла Авэйдэ, што ён будзе прысуджаны да шыбеніцы. З другога боку Камісія запэўняла Авэйдэ, што ён будзе памілаваны, калі зробіць „шчырае“ прызнаньне. Прыёмы Мураўёўскага сьледзтва і турма зрабілі сваю справу, і паўстанец-рэволюцыянэр зрабіўся здраднікам.

Яшчэ седзячы ў турме ў Вільні, О. Авэйдэ пачаў пісаць сваё прызнаньне. Усяго ён напісаў тут (у расійскай мове) адзінаццаць аркушаў прызнаньняў. Пасьля гэтага Авэйдэ перавезьлі ў Варшаву і пасадзілі ў цытадэль, дзе ён больш году прасядзеў у вядомым Х павільёне. Раней ён маўчаў і чытаў біблію, а потым у 1865 годзе зноў пачаў пісаць свае прызнаньні, якія выкрылі ўсё, што было патаемным у паўстаньні. Намесьнік царства Польскага загадаў аднаму з жандарскіх афіцэраў пералажыць гэтыя прызнаньні на расійскую мову і прывесьці ў парадак. У 1866 годзе прызнаньні Авэйдэ былі надрукаваны ў друкарні Штабу Варшаўскага вайсковага округу. Запіскі складаюць вялікую друкаваную працу ў чатырох частках, памерам каля тысячы старонак. Што датычыць тыражу „Запісак", то ён быў вельмі абмежаваны. Проф. М. Бэрг і В. Пшыбароўскі называюць 30 экзэмпляраў, а Я. Гонсяроўскі[223] называе 40 экзэмпляраў. Малы тыраж кніжкі тлумачыцца тым, што „Запіскі" былі прызначаны не для публічнага карыстаньня, а для мэтаў вышуку і для інформацыі высокапастаўленых асоб. Зразумела, цяпер „Запіскі" Авэйдэ зьяўляюцца бібліографічнай рэдкасьцю. У свае часы прызнаньні Авэйдэ і іншых паўстанцаў, як напрыклад вядомага нам К. Маеўскага, далі магчымасьць царскаму ўраду выкрыць як паасобных рэволюцыянэраў, так і цэлыя паўстанскія організацыі і накіраваць на іх усю моц рэпрэсій.

О. Авэйдэ згодна ўмовы быў памілаваны і высланы ў выгнаньне ў Вятку. Тут ён яшчэ доўга пражыў (памёр у 1900 годзе), займаючыся адвакацкаю практыкаю. Цікава, як ён тлумачыў сваю здраду. Пшыбароўскі піша[224] аб гэтым так. „Авэйдэ, якога адведалі калісь у Вятцы паўстанцы, што варочаліся на бацькаўшчыну з сібірскага выгнаньня, і пыталіся, чаму ён скончыў так ганебна сваё жыцьцё, якое раней было такім самаафярным, адказаў што зрабіў гэта дзякуючы патрыятызму, каб выкараніць усе змовы, якія пэрыодычна залівалі край крывёю". Адказ у поўнай меры годны здрадніка.

У Варшаве Народны Жонд доўга ня ведаў аб тым, што зрабілася з Авэйдэ. Каб даведацца аб выніках перагавораў свайго поўнамоцнага камісара з Віленскім Камітэтам, у Вільню быў пасланы ў якасьці эмісара паўстанец Завэль Розэнталь. Праз некалькі дзён ён вярнуўся з сумнымі весткамі аб арышце Авэйдэ. Здаецца на гэтым зносіны паміж Варшаваю і Вільняю спыніліся. Каліноўскі пасьля арышту Авэйды і яго здрады павінен быў думаць не аб тым, каб выконваць дагавор, які ён склаў з Авэйдэ, а аб тым, каб яшчэ лепш законсьпіравацца і ня быць выданым у рукі царскага ўраду незаяўленым здраднікам. Новы Народны Жонд у Варшаве, што ўтварыўся ў верасьні 1863 году і прагнуўся правесьці ў жыцьцё чырвоную програму, на жаль кіраваў паўстаньнем нядоўга. Апроч таго, жондавыя ўрадоўцы, якія ў большасьці сваёй спачувалі беламу жонду Маеўскага не хацелі працаваць з чырвоным жондам і наладзілі свайго роду саботаж. Усё гэта не дало магчымасьці Варшаўскаму Чырвонаму Народнаму Жонду ўстанавіць сувязі з чырвонаю дыктатураю Беларусі і Літвы. Тэрор, які быў на Беларусі і які ўзмацніўся ў адносінах да паўстаньня ў Польшчы з канца верасьня (па новаму стылю) таксама прашкаджаў узаемным зносінам чырвонай Варшавы з чырвонаю Вільняю. Беларусь і Літва павінны былі дзейнічаць зусім самастойна, без падтрыманьня з боку польскага паўстаньня.

ПАДЗЕІ Ў ЧАСЫ ДЫКТАТУРЫ К. КАЛІНОЎСКАГА.

Весьці паўстаньне ў часы дыктатуры Каліноўскага было вельмі цяжка. Усе белыя і нават значная частка памяркоўных чырвоных паступова адыходзілі ад паўстаньня і пераходзілі ў варожы да яго лягер расійскага царызму. Гэтых белых паўстанцаў, а цяпер здраднікаў трэба было асабліва сьцерагчыся, бо яны, як былыя ўдзельнікі паўстаньня, добра ведаўшыя яго консьпірацыю, організацыйную структуру і паасобных кіраўнікоў і працаўнікоў, былі асабліва небясьпечнымі. Шмат народу з паўстанцаў загінула на палёх бойкі, на шыбеніцах і ня менш былых каштоўных працаўнікоў пакутавалі ў турмах, у катаржных работах і ў далёкім сібірскім выгнаньні. Сялянства, бачыўшае шкадлівы ўдзел у паўстаньні белых, якія былі земляўласьнікамі і прыхільнікамі ўкладу старой фэўдальнай Польшчы, масаю ў паўстаньне не пайшло. Провокацыйная політыка царскага ўраду, якая абвясьціла паўстаньне на Беларусі выключна панскаю польскаю справаю, таксама рабіла сваю чорную справу. За чырвонымі па-ранейшаму ішлі рамесьнікі, рабочыя, інтэлігенцыя, дробная буржуазія і шляхта і частка сялянства, якое яшчэ раней прымала ўдзел у сялянскіх хваляваньнях і сярод якой чырвоным удалося правесьці агітацыйную і пропагандыцкую падрыхтоўчую працу.

Да ўсяго гэтага трэба дадаць, што правільная організацыйная сувязь і зносіны з Варшаваю пасьля арышту О. Авэйдэ спыніліся. Бязумоўна, чырвоныя паўстанскія колы на Беларусі не маглі не даведацца, што ў Варшаве амаль што адначасна з устанаўленьнем дыктатуры К. Каліноўскага адбыўся жондавы пераварот, у выніку якога белы жонд на чале з К. Маеўскім павінен быў зысьці са сцэны і ўступіць кіраўніцтва паўстаньнем чырвоным. Гэта як-бы абяцала аднаўленьне добрых узаемаадносін паміж Варшаваю і Вільняю. Але чырвоны жонд у Варшаве пратрымаўся толькі каля месяца. У палове кастрычніка ў Варшаве зацьвердзілася белая дыктатура вядомага нам Р. Траўгута. Трэба адзначыць энэргічную працу дыктатуры Траўгута, а таксама тэндэнцыю зруху яе ўлева ў сялянскім пытаньні; тым ня менш справы склаліся так, што дапамагчы беларускаму і літоўскаму паўстаньню дыктатура Траўгута ўжо не магла: не хапала моцы. Паўстаньне на Беларусі і Літве ў часы дыктатуры Каліноўскага было пакінута самому сабе і павінна было бараніцца ад націску царызму і здрады белых сваімі ўласнымі сіламі.

Усё гэта стварыла вельмі цяжкія ўмовы для паўстанскай барацьбы на Беларусі і Літве. Тэрор мураўёўшчыны, які дайшоў у гэтыя часы да вышэйшых градусаў свайго разьвіцьця, яшчэ больш абцяжаў умовы барацьбы. Недарма эмісар ад Варшаўскага Жонду Л. Главацкі ня вытрымаў нават некалькіх дзён гэтай барацьбы, нэрвова захварэў і павінен быў кінуць поле бойкі. Недарма і відны паўстанец О. Авэйдэ, апынуўшыся ў ланцугох мураўёўскай турмы, згубіў сваю годнасьць рэволюцыянэра і зрабіўся здраднікам паўстаньня.

Тым ня менш кіраўнікі паўстаньня на Беларусі і Літве не здаваліся. З вялікай энэргіяй і вытрыманасьцю яны вялі паўстаньне далей у нявымоўна цяжкіх абставінах. Яны ні на хвіліну ня гублялі веры ў моц паўстаньня. Яны лічылі, што адсутнасьць белых у паўстаньні дасьць магчымасьць уцягнуць у паўстаньне шырокія сялянскія масы шляхам правядзеньня ў жыцьцё чырвонай соцыяльнай програмы. Апроч таго, яны не маглі не разумець, што загульваньне з сялянамі расійскага царызму, якое было дапушчана сыстэмай Мураўёва, павінна хутка спыніцца; што расійскі царызм павінен будзе вельмі хутка выявіць свой сапраўдны твар у адносінах да сялянства. Белыя ўжо вышлі з шэрагаў паўстаньня, яны ўжо зрабіліся „верноподданными всеавгустейшего монарха“. Зразумела, цяпер яны былі не „бунтовщиками“, а „господами дворянами - землевладельцами" імпэрыі. Царызм цяпер павінен быў лічыць сябе абавязаным абараняць інтарэсы паноў, што магчыма было рабіць толькі парушаючы інтарэсы сялян. Чырвоныя разумелі, што царскі ўрад хутка пачне ўзмоцнена націскаць на сялянства, а гэта будзе садзейнічаць паступоваму павароту сялянства - Беларусі і Літвы ў бок падтрыманьня паўстаньня.

Трэба адзначыць, што ў гэтых адносінах дыктатар К. Каліноўскі і яго супрацоўнікі не памыляліся. Царскі ўрад ужо паступова падрыхтоўваўся да рэпрэсіўнай політыкі ў адносінах да беларускага сялянства. Перад намі два цікавых докумэнты[225] на гэтую тэму. Яшчэ ў пачатку мая 1863 году Магілеўскі губэрскі жандарскі штаб-афіцэр пазірае, што сяляне ў Магілёўшчыне настроены вельмі воража ў адносінах да земляўласьнікаў. Гэтыя варожыя адносіны былі з посьпехам выкарыстаны магілёўскаю адміністрацыяю проці паўстанцаў, як мы ўжо ведаем з ранейшага выкладу. У сваім данясеньні па начальству вышэйпаказаны штаб-афіцэр піша: „Сяляне ня хочуць працаваць на сваіх паноў. Строгія і крутыя мерапрыемствы ў гэтым выпадку немагчымы і несваечасовы; няма сумненьня, што мясцовае начальства з цягам часу ў меру магчымасьці будзе імкнуцца прывесьці сялян да законнага паслушэнства і парадку". Так піша жандар у траўні 1863 г. Праходзіць некалькі месяцаў. Паўстаньне ў Магілёўшчыне ўжо спынілася, абставіны зьмяніліся. Сяляне, як сродак барацьбы з паўстаньнем, цяпер царскаму ўраду ўжо не патрэбны. Ясна, што ўжо наступіў час прыводзіць іх да паслушэнства, тым больш, што магілёўская земляўласьніцкая шляхта зрабілася цяпер у сувязі з падачаю адрасу вернаю служкаю царскага трону. У залежнасьці ад усяго гэтага жандарскі Магілеўскі губэрскі штаб-афіцэр 20 кастрычніка 1863 году ў сваім данясеньні на імя Віленскага генэрал-губэрнатара М. Мураўёва піша ніжэйпаданае: „Крестьяне покуда—как дети с игрушками: чем больше им дают, тем больше они хотят. А потому я стараюсь ныне посредством уездных жандармов противодействовать пагубному недоверию и ненасытности крестьян. Вообше проявляется среди крестьян не только крайняя неразвитость, но иногда как будто некоторая даже распущенность, как необходимое последствие бывших смут, в продолжение которых они играли столь значительную роль. Одним словом, мне кажется, что во всех отношениях теперь представляется настоятельная необходимость взяться за крестьян несколько построже для их же пользы, для нравственного и материального их благоденствия".

Так яно і было ў рэчаіснасьці. З восені 1863 году царскі ўрад узяўся за сялян „построже". Ужо ня было і гутаркі аб тым, каб даваць сялянам мэдалі за разгромы паноў і панскіх маёнткаў, як гэта было каля Дынабургу вясною 1863 году. Урадавы націск на сялян на Беларусі асабліва ўзмацніўся зімою, бо з самага пачатку 1864 году мясцовая адміністрацыя пачала спаганяць з сялян выкупныя плятяжы.[226] Націск на сялянства дайшоў да таго, што Горадзенскі губэрнатар забараніў сялянам нават галіць вусы і бараду, каб яны больш паходзілі да барадатых звычайна сялян у цэнтральнай Расіі. Зразумела, такая політыка царскага ўраду была на руку чырвоным паўстанцам. Каліноўскі і яго супрацоўнікі ў жніўні ўжо прадчувалі гэтыя магчымасьці і мелі на ўвазе выкарыстаць іх для сваіх паўстанскіх мэтаў.

Перад намі зусім мала матар‘ялаў, якія маглі-б поўна асьвятліць дзейнасьць паўстанскага цэнтру на Беларусі ў часы дыктатуры К. Каліноўскага. Польскія крыніцы і аўтары амаль што не закранаюць гэтага пытаньня дзякуючы адарванасьці Варшаўскага паўстанскага цэнтру ад Віленскага. Праўда, у апошнія часы зьяўляюцца докумэнты з ІІІ Аддзелу царскай уласнай канцылярыі, але пакуль што іх яшчэ адтуль узята мала, апроч таго да гэтых „жандарскіх" докумэнтаў трэба адносіцца вельмі асьцярожна. Мала мы ведаем, таксама і аб супрацоўніках паўстанскага цэнтру.

Галоўнымі супрацоўнікамі К. Каліноўскага былі тры асобы: Мячыкаў Дарманоўскі, Мілевіч і вядомы ўжо нам Малахоўскі.[227]

Па тых вестках, якія дае Я. Гейштор,[228] праваю рукою К. Каліноўскага быў Мілевіч. Гэта быў стары супрацоўнік Каліноўскага, і ён яго добра ведаў. Яшчэ ў тыя часы, калі Каліноўскі працаваў сярод сялянства ў Гарадзеншчыне, Мілевіч быў яго супрацоўнікам. З гэтага відаць, што Мілевіч па сваіх політычных і соцыяльных поглядах быў бязумоўна чырвоным. Калі сформаваўся Аддзел-Камітэт у пачатку чэрвеня, Каліноўскі пакінуў Горадзеншчыну і пераехаў у Вільню. Здаецца, разам з ім пераехаў у Вільню і Мілевіч. Што датычыць О. Авэйдэ, то ён лічыць Мілевіча „чалавекам, бяз усякіх здольнасьцяў. Да гэтага ён дадае, што Мілевіч быў запрошаны ў Вільню з Горадні ў канцы ліпня. Трудна разабрацца, кім у рэчаіснасьці быў Мілевіч. Пшыбароўскі,[229] апісваючы перагаворы Каліноўскага з Авэйдэ, гаворыць аб складзе таго Камітэту-Аддзелу, на якім зышліся абедзьве дагаворныя стораны. У склад Камітэту, па словах Пшыбароўскага, павінен быў увайсьці і Мілевіч. Калі прыняць пад увагу, што намечаны Камітэт павінен быў злажыцца толькі з 4 чалавек і што двума з іх былі Кастусь Каліноўскі і Оскар Авэйдэ, то робіцца яснай важнасьць двух другіх членаў Камітэту, адным з якіх быў Мілевіч, а другім брат Каліноўскага.

Паводле жандарскіх данясеньняў праваю рукою Каліноўскага быў Мечыслаў Дарманоўскі, вядомы яшчэ пад назваю Людвіка Сухадольскага. Дарманоўскі быў ураджэнец Прускай часткі Польшчы. Перад пачаткам паўстаньня мы ўжо бачым яго ў Варшаве. Па некаторых даных магчыма думаць, што на Беларусі ён апынуўся ў часы, калі на чале паўстаньня стаяў белы Аддзел (ад сярэдзіны сакавіка да пачатку чэрвеня 1863 году. У. І.). Зразумела, што, будучы крайнім чырвоным, ён у гэты пэрьіод вялікай ролі ня граў. У чырвоным Аддзеле-Камітэце (чэрвень— ліпень) мы таксама Дарманоўскага чамусь не спатыкаем. Урэшце ў часы чырвонай дыктатуры ў жніўні месяцы на аснове жандарскіх данясеньняў мы бачым, што Дарманоўскі знаходзіцца ў пастаянных зносінах з К. Каліноўскім. Жандары вінавацяць М. Дарманоўскага ў тым, што ён нёс абавязкі па наладжваньню сувязі Віленскага цэнтру з рэволюцыйнымі організацыямі за граніцай, здабываў як з-за мяжы, так і з іншых мясцовасьцяй, зброю неабходную для паўстанскіх аддзелаў на Беларусі і рыхтаваў для паўстанскай організацыі паспарты. Цікава, што сам Дарманоўскі ў сваіх паказаньнях не адмаўляецца ад усіх вышэйзазначаных пунктаў абвінавачваньня. Ён адмаўляецца толькі ад аднаго пункту абвінавачваньня, менавіта, што ён набыў у Бэрліне і даставіў у Вільню падпольны друкарскі станок. М. Дарманоўскі адзначаўся высокімі асабістымі якасьцямі: вытрыманасьцю, цьвёрдасьцю характару і энэргіяй. Ён займаў пасаду, апроч таго, Камісара Віленскай губэрні.

Аб інжынэр-паручніку Ў. Малахоўскім мы ўжо ўпаміналі некалькі разоў. Ен быў членам чырвонага Віленскага Камітэту ў час пачатку паўстаньня. Калі кіраўніцтва паўстаньнем перайшло ў рукі белага Аддзелу, то яны пастараліся пасадзіць чырвоных на такія пасады, каб яны не маглі граць вялікай ролі і мець уплывы на напрамак паўстаньня. Найчасьцей для гэтай мэты чырвоных пасылалі на выканаўчую працу ў провінцыю. Малахоўскі быў якраз выключэньнем. Яго пакінулі ў Вільні, бо, відаць, не маглі без яго абыйсьціся. Праўда, з кіраўнічае пасады начальніка места Вільні яго перасадзілі на пасаду намесьніка начальніка, зрабіўшы начальнікам места А. Аскерку, які належаў да белых. Пасьля таго, як белы Аддзел распаўся і на чале паўстаньня стаў чырвоны Камітэт-Аддзел, Малахоўскі зноў заняў сваю ранейшую пасаду начальніка места Вільні. Гэтую пасаду ён займаў у пачатку дыктатуры К. Каліноўскага. Апроч таго, пад начальствам Малахоўскага была ўся народная поліцыя і жандармэрыя з аддзеламі кінжальшчыкаў, якія рэалізавалі тэрор у адносінах да здраднікаў народнай справы. Як мы ведаем з ранейшага, Малахоўскі кіраваў організацыяй замаху на А. Дамэйку, ініцыятара першага шляхецкага адрасу. Наогул усе важнейшыя тэрорыстычныя акты праводзіліся з дазволу Малахоўскага і пад яго організацыйным кіраўніцтвам. Гэта быў энэргічны, рашучы рэволюцыянэр з выдатнымі організацыйнымі здольнасьцямі.

Бязумоўна, да вельмі выдатных працаўнікоў паўстаньня часоў дыктатуры К. Каліноўскага належаў яго таварыш па унівэрсытэту, кандыдат права, Ігнат Здановіч (па матар‘ялах III аддзелу ўласнай царскай канцылярыі І. Ждановіч). На ім ляжала загадваньне грашова-гаспадарчай часткай паўстаньня. Гэта была вельмі цяжкая і адказная справа. Клясавыя інтарэсы і тэрор Мураўёва накіравалі буйную земляўласьніцкую шляхту і буйную буржуазію на сторану ворагаў паўстаньня. Дробная буржуазія і шляхта зусім зьбяднелі і не маглі зрабіць матар'яльнай дапамогі паўстаньню. Народны падатак з кожным месяцам зьмяншаўся, а сродкі для паўстаньня трэба было здабываць. Гэтае цяжкае заданьне і было ўскладзена на І. Здановіча. Гэта быў чалавек так-сказаць габінэтнай працы, маўклівы, на першы погляд зусім незаметны. Ня гледзячы на гэта ён уладаў надзвычайнай выносьлівасьцю, цьвёрдасьцю характару і нязломнаю вераю ў моц рэволюцыі. Амаль што бязвыходна дзень і ноч сядзеў ён у сваім консьпірацыйным прытулку. Яго патаемны пакоік быў пабудаваны спэцыяльна для консьпірацыйных мэт. Знаходзіўся ён у Вільні на Зарэччы, у глыбіні задняга надворку нейкай вялікай камяніцы, за складамі дроў, пры хляве. Увесь пакоік займаў плошчу ў некалькі крокаў даўжыні і два-тры крокі шырыні. Вышыня пакою толькі-толькі давала магчымасьць чалавеку стаць на ногі. Пакой быў напаўцёмны, ён меў толькі адно невялічкае ваконца, якое выходзіла на глухі бераг Вілейкі. Зносіны з надворным сьветам Здановіч меў праз двух-трох верных агентаў. Гэты пакой быў ня толькі месцам працы Здановіча. Дзякуючы консьпірацыйнасьці, пакоем карысталіся для перахоўваньня пячаткі, розных блянкаў, загадаў Камітэту і іншых больш важных докумэнтаў. Тут часта адбываліся спатканьні і шарады чырвонага дыктатара з сваімі супрацоўнікамі.

Нам вядомы яшчэ і іншыя працаўнікі гэтага часу. Супрацоўнікам М. Дарманоўскага (Л. Сухадольскага) быў Лангер, які выконваў яго паасобныя даручэньні, асабліва па зносінах з паўстанскімі аддзеламі. Напрыклад, з жандарскіх данясеньняў мы ведаем, што Лангер атрымаў ад Дарманоўскага даручэньне знайсьці ў Віленскім павеце паўстанскі аддзел Астрога і зрабіць дазнаньне аб жорсткім абыходжаньні Астрога з адным з павятовых камісараў. Агентам паўстанскага ўраду быў таксама былы паручнік расійскай арміі Франц Канаплянскі. Ён спаганяў з заможнага жыхарства падатак на паўстаньне. На аснове жандарскіх матэрыялаў мы ведаем, што яму было дазволена адну восьмую частку спагнаных грошай пакідаць пры сабе на непрадбачаныя выдаткі, а рэшту грошай ён павінен быў дастаўляць у Вільню ў цэнтральны паўстанскі скарб. Канаплянскі зносіўся таксама і з паўстанскімі групамі, магчыма, як вайсковы інструктар. Жандары вінавацяць Канаплянскага яшчэ і ў тым, што ён пашыраў сярод земляўласьнікаў асобныя блянкі для контр-адрасу проці вернападданіцкага адрасу, наданага Віленскай земляўласьніцкай шляхтай. Імкненьне чырвоных выклікаць сярод шляхты рух, накіраваны проці адрасу на імя цара, зразумела, ня мела ніякага посьпеху, але яно вельмі занепакоіла расійскую жандармэрыю. Віталя Гедройца, як начальніка Віленскага павету, жандарскія докумэнты вінавацяць у тым, што ён прыяжджаў да Канаплянскага з данясеньнямі аб становішчы свайго павету і што ён з гэтаю самаю мэтаю часта наведваў і Дарманоўскага. Канаплянскі ў сваіх паказаньнях называе Константына Тукалу, які нібы выконваў яго паасобныя дробныя даручэньні, і зазначае, што вышэйпамянёны К. Тукала актыўнай ролі ў паўстаньні ня граў. Актыўную ролю ў паўстаньні расійская жандармэрыя прыпісвае Аржэшку, які быў дзейным супрацоўнікам Малахоўскага. Аржэшка займаў пасаду начальніка віленскай народнай поліцыі і непасрэдна кіраваў замахам на забойства Дамэйкі.

Цяпер мы пяройдзем да апісаньня партызанскага руху як у часы дыктатуры К. Каліноўскага, так і ў часы кіраўніцтва паўстаньнем чырвоным Аддзелам-Камітэтам. Гэта складае пэрыод з пачатку чэрвеня да канца 1863 году. Трэба зазначыць, што партызанскі рух, давол моцны летам, з восені пачынае слабець, што тлумачыцца спадам рэволюцыйнай хвалі і наступленьнем зімніх халадоў.

У Віленскай губэрні дзейнічалі групы Астрога, Альбэртуса, Віслаўха, Любіча, Сэндзіка, Езерскага і іншыя. Гэта былі невялікія паўстанскія групы, якія складаліся з некалькіх дзесяткаў чалавек кожная былі даволі добра ўзброены. Яны хутка пераходзілі з месца на месца, часам злучаліся разам, часам зноў разыходзіліся ў розныя бакі. Яны ўхіляліся ад сутычак з больш-менш буйнымі расійскімі аддзеламі і рабілі ўдалыя напады на дробныя аддзелы, руйнавалі масты, псавалі дарогі, і, дзякуючы сваёй нязлоўнасьці, асабліва псавалі настрой Мураўёву, які паставіў сваёю мэтаю ў першую чаргу засьмірыць Віленскую губэрню. Зразумела, што ён на гэта не шкадаваў сіл. Найраней уладзе ўдалося пазбавіцца ад групы пад кіраўніцтвам Альбэртуса, якая часамі дзейнічала пад самаю Вільняю. У сярэдзіне чэрвеня моцны расійскі аддзел абкружыў паўстанцаў каля мызы Гедройцы. Адбылася зацятая бойка, у выніку якой паўстанскія групы Альбэртуса былі зьліквідаваны. У канцы чэрвеня расійскаму аддзелу ўдалося ўцягнуць у бойку, пры вельмі няўдалых абставінах для паўстанцаў, злучаныя групы Віслаўха і Любіча. 29 чэрвеня адбылася бойка ў Клярышаскім лесе, у выніку якой паўстанцы былі разьбіты і, такім чынам, групы Віслаўха і Любіча былі зьліквідаваны. Аднак праз тыдзень Любічу зноў удалося сабраць невялікую паўстанцкую групу. Ён з сваёю групаю накіраваўся пад Алькенікі, дзе дзейнічалі паўстанскія групы Астрога, Сэндзіка і іншыя. Тут усе паўстанскія групы злучыліся, каб даць бой расійскаму аддзелу пад кіраўніцтвам капітана Карташова. Упартая бойка адбылася 9 жніўня, у выніку якой паўстанцы зноў былі разьбіты. Пасьля гэтай бойкі ў Віленшчыне партызанскі рух амаль што замірае. Паасобныя паўстанскія групы зрэдка робяць напады на пошты, на патрулі і г. д., але ад сутычак з расійскімі аддзеламі ўхіляюцца. Некаторыя з груп перахозяць у іншыя губэрні. Так, напрыклад, зрабіла паўстанская група Астрога. Яна перайшла ў Аўгустоўскую губэрню, дзе дзейнічала да канца верасьня. Толькі пасьля зацятай бойкі, якая адбылася 29 верасьня расійскім сілам урэшце ўдалося канчаткова зьліквідаваць гэтую невялікую, але моцную і дзейную паўстанчую групу.

У Горадзеншчыне мы назіраем рух паўстанскіх аддзелаў вядомых ужо нам Валерыя Урублеўскага, Ромуальда Траўгута, аддзелаў бацькі і сыноў Кабылінскіх, Эйсмонта, Духінскага і інш. Пасьля няўдалай бойкі пад Валіламі і Пагарэлым В. Урублеўскі аддзяліў свой аддзел ад аддзелу Духінскага, які яшчэ ў часы, калі кіраваў паўстаньнем белы Аддзел, быў назначаны начальнікам узброеных сіл Горадзеншчыны і не адзначаўся вялікімі здольнасьцямі. Пасьля аддзяленьня аддзелу Урублеўскага, аддзел Духінскага 4 чэрвеня 1863 году спаткаўся з моцным расійскім аддзелам пад вёскаю Лыскавым. Пасьля невялікай бойкі паўстанцы былі разьбіты, але ім удалося адыйсьці і зьберагчы аддзел. Расійскі аддзел сачыў за паўстанскім аддзелам і прасьледаваў яго. 9 чэрвеня адбылася другая бойка, у якой аддзел Духінскага быў ужо канчаткова разьбіты каля ўрочышча Жаркаўшчызны. Рэшткі разьбітага аддзелу папоўнілі аддзел Урублеўскага, які, апіраючыся на Белавежаскую пушчу, разьвінуў вялікую дзейнасьць. Сярод шматлічбавых сутычак асабліва ўдалай для паўстанцаў была бойка каля рэчкі Сьцярцежы. Урублеўскі падзяліў свой аддзел на невялічкія групы па 20—30 чалавек. Групы былі добра апрануты і ўзброены. Начальнікі груп, у тым ліку і сам Урублеўскі, дзялілі з паўстанцамі ўсе цяжкасьці пераходаў; яны елі, пілі і спалі разам з імі. Дзе-б ні зьяўляліся групы Урублеўскага, яны адразу публікавалі маніфэст жонду аб надзяленьні сялян зямлёю і рэалізавалі гэты маніфэст. Дзейнасьць аддзелу В. Урублеўскага зьвярнула на сябе ўвагу расійскага ўраду, і ў раён Белавежаскай пушчы былі накіраваны моцныя сілы.

Дзякуючы гэтаму, Урублеўскаму прышлося зноў скласьці адзін аддзел. У канцы ліпня адбылася зацятая бойка паміж паўстанцамі і расійскім аддзелам каля мызы Пухлы. Расійскі аддзел пацярпеў значныя страты і павінен быў адыйсьці. Пасьля гэтага Урублеўскі яшчэ больш месяца трымаўся, ня гледзячы на ўсе стараньні царскай улады зьнішчыць яго аддзел. Толькі ў першай палавіне верасьня расійскім сілам удалося абкружыць яго аддзел каля Піонткова і разьбіць. Сабраўшы рэшткі аддзелу, В. Урублеўскі ў канцы верасьня[230] па старому стылю пакінуў Беларусь і пакіраваўся ў Папляскае ваяводзтва,[231] дзе некаторы час быў начальнікам гэтага ваяводзтва. Апошняй бойкай Урублеўскага з урадавымі войскамі была бойка ў студзені 1864 году пад Гузаўскай Рудой. Яго аддзел быў абкружаны з усіх бакоў казакамі і супраціўляўся да апошняга. Сам Урублеўскі, зрублены казацкімі шашкамі, напоўжывы, амаль не дастаўся ў палон. Таварышом удалося неяк вынесьці яго з бою і пераправіць праз граніцу. Праз шэсьць год, у часы Парыскай Комуны В. Урублеўскі на правым беразе Сены на фартох Ванвр, Уссы і Монтруж у якасьці палкоўніка абараняў рабочую рэспубліку, у той час як другі выдатны паўстанец 1863 году, Яраслаў Дамброўскі, стаяў на чале ўсіх узброеных сіл Комуны.

Даволі энэргічную чыннасьць выявіў у Горадзеншчыне паўстанцкі аддзел Кабылінскае. Гэта быў дробны шляхціч, які ў пачатку лета 1863 году кінуў на разор свой невялікі фальварак у Беластоцкім павеце і разам з сваімі пяцьцю дарослымі сынамі пайшоў у паўстаньне. Хутка каля яго згуртаваўся значны паўстанскі аддзел, у якім налічвалася каля 200 чалавек. Аддзел трымаўся тактыкі В. Урублеўскага. Звычайна ён дзейнічаў разьбіўшыся на некалькі груп па некалькі дзесяткаў чалавек у кожнай; у патрэбных выпадках ём зьбіраўся ў цэльную адзінку. Так, напрыклад, на падставе жандарскіх данясеньняў мы ведаем, што ў пачатку ліпня аддзел Кабылінскае ў поўным сваім складзе меў некалькі ўдалых сутычак з расійскімі сіламі каля мястэчка Заблудова Беластоцкага павету. На аснове ваенных данясеньняў нам вядома, што 21 ліпня каля ўрочышча Лапнікі адбылася сутычка з расійскімі сіламі аднэй групы (коннай) аддзелу Кабылінскае. Паўстанская група павінна была адыйсьці. Магчыма думаць, што групы Кабылінскага дзейнічалі даволі доўга, выходзячы і за межы Беластоцкага павету.

Жандарскія данясеньні ў чэрвені і ліпні адзначаюць „разбой мятежников" на тэрыторыі Слонімскага павету, не называючы імён начальнікаў паўстанскіх груп. Часам гэтыя групы былі даволі вялікія. Адна з такіх груп, у якой налічвалася 80 конных паўстанцаў, зрабіла напад на мястэчка Ружаны. Заняўшы мастэчка, паўстанцы забралі з пошты зброю, грошы, коняй і калёсы. Пераначаваўшы, яны пайшлі па дарозе на Слонім. Такія самыя „разбои" былі і ў іншых паветах Горадзеншчыны. Сялянства давала паўстанцам харчы і наогул вельмі часта падтрымлівала паўстанцаў. Расійскі ўрад змагаўся з гэтым. Сярод пакараных паўстанцаў мы часта спатыкаем сялян. У лістападзе 1863 году ў Горадні быў расстраляны паўстанец селянін Беластоцкага павету Д. Талінскі. Каля гэтага-ж часу шмат сялян і дробнай шляхты было выслана з Горадзеншчыны ў Сібір.

З другой палавіны верасьня відавочна ўжо прымячаецца спад хвалі паўстаньня ў Горадзеншчыне. Прынамсі расійская жандармэрыя ўжо адзначае гэта. Горадзенскі жандарскі губэрскі штаб-афіцэр у сваім адносьніку на імя шэфа жандараў піша:[232] „В настоящее время можно утвердительно сказать, что польский мятеж, проникнувший и в Гродненскую губернию, незадолго прекратится совершенно“. Жандарскі афіцэр далей адзначае, што ўжо пачалі зьяўляцца „с повинной“ удзельнікі паўстаньня. Калі і прыняць факт спаду хвалі паўстаньня ў Горадзеншчыне, то ўсё-ж трэба прызнаць, што да поўнага замірэньня Горадзеншчыны яшчэ далёка. Мы, напрыклад, з тых-жа самых жандарскіх данясеньняў ведаем, што нават у сакавіку 1864 году ў Бельскім павеце каля вёскі Прушанкі яшчэ дзейнічала невялікая паўстанская група.

З Горадзеншчыны ў пачатку чэрвеня перабраўся ў Меншчыну праз рэчку Гарынь у Пінскі павет аддзел Р. Траўгута, у які ў канцы мая ўліліся паўстанскія групы Старынькевіча і Ваньковіча (Лелівы). Пад мястэчкам Століным 11 чэрвеня па старому стылю паўстанцы спаткаліся з расійскім аддзелам. Сьпіс боек з паўстанцамі, які складзены па загаду Мураўёва (№ 48), вызначае, што паўстанцы тут былі канчаткова разьбіты. Калі прыняць пад увагу весткі з працы проф. М. Бэрга, прац польскіх аўтараў, а таксама і разьвіцьцё падзей у далейшым, то трэба прызнаць, што паўстанцы пад Століным мелі перамогу над расійскімі сіламі. Праз нейкі час аддзел Траўгута спаткаўся з невялікім урадовым аддзелам пад Дамбровіцаю. Разам з вайсковым аддзелам проці Траўгута выступіла вялікая сялянская варта, бо ваколічныя сяляне былі настроены воража ў адносінах да паўстанцаў. Ня хочучы весьці бойку з сялянствам, Р. Траўгут адышоў бяз бою. У сярэдзіне ліпня аддзел Траўгута спаткаўся з моцным расійскім аддзелам пад Калоднам. Адбылася бойка, няўдалая для паўстанцаў. Рэшткі аддзелу павінны былі зноў пераправіцца праз рэчку Гарынь назад у Горадзеншчыну. Траўгут, захварэўшы на дызэнтэрыю, ня мог далей стаяць на чале аддзелу. Ён разьдзяліў свой аддзел на дзьве групы, камандаваньне групамі даручыў Ваньковічу (Леліве) і Млотку, а сам накіраваўся ў Польшчу на адпачынак. З адпачынку ў аддзел ён ужо не вярнуўся. Праз некалькі месяцаў ён робіцца дыктатарам паўстаньня ў Польшчы.

У Меншчыне ад ранейшага часу яшчэ дзейнічала паўстанская група Б. Сьвентаржэцкага. Яна была пад кіраўніцтвам адстаўнога штаб-ротмістра расійскай арміі Карказовіча і налічвала каля 50 паўстанцаў. У сярэдзіне чэрвеня група спаткалася ў Лочынскіх балотах Ігуменскага павету з моцным расійскім аддзелам пад кіраўніцтвам палкоўніка Быхава. Паўстанцы былі разьбіты, прычым каля палавіны групы прымушана было здацца. Папаў у палон і сам начальнік аддзелу Карказовіч. Б. Сьвентаржэцкаму ўдалося ўцячы. Паўстанцы, якім удалося рассыпацца па лясох і балотах, далучыліся да іншых паўстанскіх груп губэрні.

Сярод такіх груп мы можам назваць невялікую групу Чыжыка,[233] што дзейнічала ў паўночнай частцы Барысаўскага павету. Узаемаадносіны паміж групаю Чыжыка і сялянамі былі варожыя. Вёска Громіцы выдала расійскай уладзе аднаго з паўстанцаў групы Жаўняровіча, за што Чыжык падпаліў вёску. Зразумела, пры такіх умовах група не магла доўга існаваць. У сярэдзіне ліпня яна разышлася.

Недалёка каля Ігумену дзейнічала невялікая паўстанская група Собка (Ляскоўскага). Узаемаадносіны паміж групаю і сялянамі былі добрыя, і група, дзякуючы гэтаму, трымалася даволі доўга. Шмат нашумела ў свае часы справа аб нападзе Собка на генэрала Грунта пад самым Ігуменам 24 ліпня 1863 года. У жандарскім данясеньні шэфу жандараў гэтая справа апісана так:[234] „Начальник 7-ой резервной пехотной дивизии и командующий войсками Могилевской губернии генерал-лейтенант Грунт, об’езжая полки вверенной ему дивизии, 24 числа сего (июля) месяца, выехал из г. Игумена но тракту на г. Борисов и, от’ехав 16 вёрст, был встречен ружейным залпом мятежников, засевших в лесу. После сего человек 20 мятежников бросились к экипажу и, обезоружив ген. Грунта и бывших с ним писаря и деньщика, отвели его в лес к начальнику шайки. Сей последний, опросив, кто он, извинился и из’явил сожаление, что генерал был потревожен по ошибке, и после того его отпустили. Сделанным залпом ранены писарь, сидевший рядом с ген. Грунтом внутри коляски в ногу, а так-же-в ногу правивший лошадьми фурштат, при чём пробит насквозь пулею верх коляски над головой генерала. Мятежниками взят портфель его с бумагами, в котором находилось также 300 рублей казённых денег. Шайка состояла не более, как из 25 человек“. У другім данясеньні[235] гаворыцца, што ген. Грунт меў пры сабе 400 рублёў, з якіх Собэк узяў сабе 300 рублёў, а 100 пакінуў Грунту.

У Ігуменскім павеце дзейнічала паўстанская група Дыбоўскага-Зарэмбы, якая налічвала ў сваім складзе каля 70 чалавек. Удзельнік гэтай групы Аполінары Сьвентаржэцкі[236] так апісвае склад групы. „Кідалася ў вочы рознароднасьць тыпаў, пераважна маладых. Панічы з белым тварам і далікатнымі далонямі перамешваліся з загарэлымі тварамі дзяцей простага люду з нязграбнымі цяжкімі рухамі і загрубелымі запрацованымі рукамі“. Аб адносінах сялян да паўстанцаў А. Сьвентаржэцкі гаворыць[237] так: „Сяляне, з якімі мы ня раз гутарылі ў дарозе, адвітваліся з намі прыветна, канчаючы заўжды адным: няхай бог таму дапамагае, хто для нас будзе добрым“. Крыху далей[238] на тую-ж самую тэму ён піша: „Вёска Баравая была, уласна кажучы, сялянскім засьценкам, што складаўся з некалькіх хат. Яны нам шчыра спрыялі, як і цэлая далейшая ваколіца аж да Шацку“.

У канцы чэрвеня Дыбоўскі-Зарэмба пакінуў аддзел і накіраваўся ў Турцыю. Замест яго начальнікам аддзелу зрабіўся былы расійскі афіцэр Рэмішэўскі, вядомы пад псэўдонімам Рушчыца. Паўстанскі аддзел вытрымаў шмат сутычак з расійцамі, крыўся ў непраходных лясох і балотах і быў нязлоўным. Трымаўся ён да самых маразоў. З вялікага аддзелу ў 70 чалавек ён зрабіўся маленькаю групаю, якая не налічвала нават 20 чалавек. Трымацца далей было немагчыма. Партызаны хацелі прабрацца за Нёман, дзе яшчэ паўстанскі рух быў мацнейшым, але гэта ім не ўдалося. Тады Рушчыц прымушаны быў групу распусьціць.

Што датычыць наогул паўстанскага руху на Меншчыне, то аб ім Менскі губэрскі жандарскі штаб-афіцэр у сваім данясеньні на імя начальніка III аддзелу ўласнай царскай канцылярыі ў палове жніўня піша:[239] „Революцинонное движение по Минской губернии вследствие принятых строгих мер наружно утихает. Мятежники еще украдкой показываются малыми шайками по уездам — Минскому, Игуменскому, Борисовскому и Пинскому, и если войска не успеют их истребить, то первые морозы положат конец их кочеванию по лесам". Асноўная памылка жандара ў тым, што спад паўстанскай хвалі ён тлумачыць выключна „принятыми строгими мерамі. Але трэба згадзіцца з апошняю яго заўвагаю, што зімовыя маразы мелі вялікі ўплыў на спыненьне паўстанскага руху як у Меншчыне, так і ў іншых мясцовасьцях Беларусі. Што датычыць Магілёўшчыны і Віцебшчыны, то тут паўстанскі рух амаль-што замёр. У Магілёўшчыне пасьля Горы-Горацкай катастрофы ішлі жорсткія рэпрэсіі. Працавалі сьледчыя камісіі і выпраўлялі абвінавачаных каго ў турму, каго ў выгнаньне, каго на катаржныя работы, каго на эшафот. У Магілёве 6 чэрвеня 1863 году былі расстраляны начальнікі наўстанскіх груп — падпаручнік Корсак, прапаршчыкі браты Манцэвічы і шляхціч Анцыпа. Сялянства ў Магілёўшчыне ў масе не зразумела паўстаньня і адносілася да яго ці пасіўна, ці нават воража актыўна. Толькі ў Аршаншчыне, Рагачэўшчыне і Мсьціслаўшчыне былі выпадкі падтрыманьня паўстаньня сялянамі. Дзякуючы гэтаму, у Магілёўшчыне даволі доўга трымаюцца дзьве невялікія паўстанскія групы: адна ў Рагачэўшчыне, другая ў Аршаншчыне. Раней была ліквідавана Рагачэўская паўстанская група, на чале якой стаяў Тамаш Грыневіч. Грыневіч папаў у палон і быў расстраляны ў Рагачэве 16 ліпня 1863 году. Аршанская паўстанская група, на чале якой стаяў Будзіловіч, яшчэ некаторы час трымалася. Урэшце і яна была ліквідавана, і начальнік яе, Будзіловіч, 28 жніўня быў таксама расстраляны ў Оршы. Абодвы прыгаворы былі выкананы публічна з вялікай „урачыстасьцю".

У Віцебскай губэрні пасьля Дынабурскай паўстанскай катастрофы рух прыпыніўся. Сюды часам заходзілі паўстанскія групы з суседніх губэрань, але, дзякуючы варожым адносінам да паўстанцаў сялян, доўга трымацца не маглі. Перад намі данясеньне[240] Віцебскага жандарскага губэрскага штаб-афіцэра ад 10 верасьня 1863 году на імя шэфа жандараў Доўгарукава. Штаб-афіцэр піша: „Вашему сиятельству известно, что революционные действия в Витебской губернии сравнительно были незначительны, а появившиеся во второй половине прошлого апреля три или четыре небольшие мятежнические шайки в некоторых местностях губернии уничтожены прежде, чем успели сформироваться". У Віцебшчыне губэрскае начальства было ўстрывожана іншаю бядою. Сялянства так разышлося ў сваіх „патрыятычных" пачуцьцях, так увайшло ў смак распраўляцца з панамі-паўстанцамі і не паўстанцамі, што гэтае „усердие к трону" трэба было ўжо спыняць. Калі раней сялянам было дазволена бесьперашкодна руйнаваць маёнткі паноў з прычыны ўдзелу гаспадароў у паўстаньні, то цяпер, пасьля таго, як паны зрабіліся вернападданымі царскага трону, іх маёнткі трэба было ўжо абараняць ад вельмі рэальных імкненьняў сялян. Зразумела, такая перамена поліцэйскай політыкі не падабалася сялянам. Яны, як і раней, хацелі быць „расійскімі патрыётамі" ў адносінах да панскіх маёнткаў. Яны нават патрабавалі нагароды за свой „патрыятызм". Перад намі вельмі цікавы і характэрны ў гэтых адносінах факт. Сяляне Дубенскага вясковага вобчаства Калубскай воласьці Дынабурскага павету ў ліку 114 асоб 15 жніўня 1863 году падаюць спэцыяльную заяву Дынабурскаму павятоваму жандарскаму штаб-афіцэру аб выдачы ім грашовай нагароды за барацьбу з „мятежниками" і за вернасьць усерасійскаму монарху. Ясна, што ніякай нагароды за свой „патрыятызм" цяпер сяляне не атрымалі. Цяпер за такі проціпанскі „патрыятызм" жандармэрыя і поліцыя будуць сыстэматычна біць сялян па руках і па карку.

У Ковеншчыне паўстанскі рух трымаецца вельмі ўпарта. Сялянскія масы тут падтрымліваюць паўстаньне і прымаюць у ім чынны ўдзел. У Ковеншчыне існавалі нават такія паўстанскія групы, якія складаліся выключна з сялян і на чале якіх стаялі таксама сяляне, напрыклад, групы Бітліса, Лукашунаса і іншых. Наогул паўстанскіх груп у Ковеншчыне было вельмі многа. З іх больш выдатнымі былі групы А. Мацкевіча, Ябланоўскага, Езерскага, Багдановіча, Лютневіча і інш. Паасобныя групы то злучаюцца разам, то разыходзяцца ў залежнасьці ад абставін. Барацьба, з паўстаньнем у Ковеншчыне зацягнулася аж да пачатку 1864 году.

Бязумоўна самым выдатным паўстанцам - партызанам тут быў А. Мацкевіч, аўторытэт якога прызнаваўся ўсімі паўстанскімі групамі. З чэрвеня да канца 1863 году ён меў каля 30 сутычак з расійскімі аддзеламі; сутычкі вельмі часта канчаліся для яго з вялікім посьпехам. Пасьля правалу кампаніі Серакоўскага Мацкевіч і Ябланоўскі сабралі разьбітых паўстанцаў і ўтварылі адзін моцны аддзел. Гэты аддзел пад камандаю А. Мацкевіча вытрымаў 10 чэрвеня пад мяст. Папялянамі ўпартую бойку з моцным расійскім аддзелам пад камандаю палкоўніка Данілава. Аддзел Данілава павінен быў адыйсьці. Праз два дні адбылася яшчэ адна бойка з другім аддзелам пад камандай палкоўніка Чартова пад Мантвідавым. На дапамогу Маркевічу падышоў паўстанскі аддзел Езерскага. Пасьля зацятай бойкі паўстанцы адышлі, але ў поўным парадку. Аддзел Чартова быў так аслаблены, што ня мог прасьледаваць паўстанцаў. З іншых сутычак трэба адзначыць бойку пад Жолішкамі 25 верасьня і бойку пад Данілішкамі 7 кастрычніка.

Начальнікам Ковенскага ваяводзтва пасьля правалу Серакоўскага быў Ябланоўскі. З пачатку лістапада 1863 году Віленскі паўстанскі цэнтар даручыў выкананьне гэтых абавязкаў А. Маркевічу. Падаем тэкст гэтага прызначэньня:[241] «Народны Жонд. Вайсковы Аддзел. 3 лістапада 1863 году, № 153. Вільня. Дзенны загад. На аснове распараджэньня Літоўскага Аддзелу кс. Мацкевіч прызначаецца організатарам узброенай сілы Ковенскага ваяводзтва. А за адсутнасьцю начальніка гэтага ваяводзтва палкоўніка Баляслава Ябланоўскага ўсе ваенныя начальнікі павінны падлягаць загадам кс. Мацкевіча. Згодна. Урадавы камісар Ковенскага ваяводзтва Рымвід».

Выконваць абавязкі начальніка ваяводзтва Мацкевічу прышлося зусім нядоўга. У першых лічбах сьнежня аддзел Мацкевіча быў ушчэнт разьбіты расійскімі сіламі. Стаць зноў на ногі ня было магчымасьці, бо сілы паўстанскія ўжо аслаблі і лютыя зімнія маразы выганялі паўстанцаў з лясоў. Мацкевіч распусьціў рэшткі свайго аддзелу і задумаў уцячы ў Прусію, каб там дачакацца вясны. З гэтаю мэтаю ён з сваім ад’ютантам і скарбнікам накіраваўся лясамі да Нёмну, каб тут перайсьці за граніцу. На самым беразе Нёмну ён быў заарыштаваны расійскім аддзелам і разам з сваімі спадарожнікамі накіраваны ў Коўню.

Па загаду Мураўёва вайскова-палявы суд павінен быў разабраць яго справу на працягу 48 гадзін. На судзе А. Мацкевіч трымаў сябе стойка, даў падрабязговыя паказаньні аб сабе, якія мы падавалі ўжо раней, і нікога ня выдаў. Прысуд быў вынесены хутка. Заключная частка яго такая: "Временный Полевой Ауднторнат признал подсудимого ксендза Антоння Мацкевича виноватым в принятии самого деятельного участия в мятеже, при чем еще до начала восстания в крае он распространял в народе революционные идеи и потом первый поднял знамя восстания в Литве и, сформировав шайку, сделался ее предводителем, прошел по разным местам Ковенской губернии, вступал в стычки с войсками и возбуждал местное население к мятежу как словами убеждения, так и мерами насилия и убийством лиц, не склонявшихся на сторону рэволюции, и наконец всеми силами содействовал успеху возстания, как в звании люстратора мятежнических шаек, а в последние дни восстания в звании организатора и главного начальника мятежнических сил Ковенской губернии. — Посему Временный Полевой Аудиториат полагает подсудимого ксендза Мацкевича, как принадлежащего по важности его преступления и совершенным убийствам к первой категории преступников, указанных в Высочайше утвержденных 11 мая 1863 года правилах о порядке наложения взысканий на мятежников, на основании 3 пункта этих правил и согласно с приговором военнаго суда, — казнить смертью повешением".[242]

Пасьля суду перад караю сьмерцю А. Мацкевнч ня вытрымаў і прасіў аб памілаваньні. На яго просьбу прышоў адмоўны адказ. Пасьля гэтага ён сьмерць спаткаў цьвёрда. Кара адбылася 16 сьнежня (па старому стылю) 1863 году ў Коўні, на пляцы каля Вількамірскага шосэ. На пляц прыгналі шмат народу, каб ён быў прысутным на кары. Цікава, што, ня гледзячы на гэта, на Літве ўпарта хадзілі чуткі, што Мацкевіч жывы і што вясною ён зноў распачне паўстаньне.

КАНЕЦ ПАЎСТАНЬНЯ НА БЕЛАРУСІ.

К пачатку восені 1863 году паўстаньне на Літве і Беларусі пачынае заціхаць. Зьмяншаецца лік партызанскіх аддзелаў і іх лічбовы склад. Апроч таго, склад аддзелаў зьмяняецца і соцыяльна. Імэрэтынскі ў сваіх успамінах[243] так піша аб гэтым: «Условия сильно изменились осенью 1863 года. Повстанье едва держалось, да и то лишь в мелкой шляхте и в ополяченных крестьянах — католиках, преимущественно казённых. Они шныряли по ночам шайками от 20 до 50 человек не более. Рекрутировалнсь они на марше, в каждой мызе, в каждом фольварке, а днём прятали оружие в норки и из повстанцев превращались в мирных жителей — в батраков, поденщиков, рабочих и пр.» Калі прыняць пад увагу што князь Імэрэтынскі належаў сам да «славной стаи муравьевских орлов» і таму стараўся маляваць паўстаньне як справу выключна паноў і ксяндзоў, дык будзе зразумелым, чаму ён абмяжоўвае сялян—удзельнікаў паўстаньня сялянамі «ополяченными» і «католиками». Адкінуўшы гэта, мы бачым, што паўстаньне вядзецца дробнаю шляхтаю, сялянамі, парабкамі, падзёншчыкамі і рабочымі. Буйныя і сярэднія земляўласьнікі ўшо адышлі ад паўстаньня і перайшлі ў лягер царызму. Паўстанскія аддзелы невялікія, але іх тактыка такая, што злавіць іх вельмі цяжка, дзякуючы чаму яны энэргічна дзейнічаюць і тэрорызуюць заможныя групы жыхарства. П. Бранцаў[244] піша аб гэтым так: "больших банд уже не было, остались только мелкие, имевшие в своем составе от 20 до 25 человек. Но, несмотря на свою малочисленность, они наносили много вреда обывателям, тем более, что трудно было изловить их. Скрываясь в лесах и помещичьих мызах, эти мелкие шайки своими набегами на имения русских и поляков, обнаруживших преданность правительству, наводили страх на мирных жителей“. Як мы бачым з вышэйпаданых выняткаў, паўстаньне набыло больш чырвоны характар. Паўстанскія аддзелы складаліся з эксплёатуемых і дробнабуржуазных элемэнтаў. Яны цяпер рынуліся на царскі ўрад і на паноў як расійцаў, так і палякаў.

Тым ня менш сілы паўстаньня слаблі. Зьмяншаліся экономічныя сродкі паўстаньня, зьмяншаліся і людзкія сілы, бо сялянства масава так і не ўвайшло ў паўстаньне, павялічваўся з кожным днём тэрор. Усё звужвалася мёртвая пятля, якая абхапляла чырвоны паўстанскі ўрад. У пачатку сьнежня па абгавору былі арыштаваны бліжэйшыя супрацоўнікі Каліноўскага — Дарманоўскі і Здановіч. Разам з імі было заарыштавана і шмат докумэнтаў організацыі. Расійскі ўрад прыняўся пагрозамі, катаваньнямі і абяцанкамі дабівацца ад арыштаваных, каб яны выдалі сваіх таварышоў па рэволюцыйнай дзейнасьці. Тым ня менш ніякіх паказаньняў, патрэбных царскаму ўраду, яны ня далі. Спакойна, з глыбокаю вераю ў моц сваёй справы абодва яны загінулі на шыбеніцы ў канцы сьнежня 1863 году. Хутка царская ўлада напала і на сьлед Малахоўскага. Каб па яго сьлядох сышчыкі не напалі на сьлед рэштай організацыі, ён павінен быў вакольнымі сьцежкамі ўцячы ў Пецярбург, а адтуль за граніцу.

Кіраваць справамі застаўся амаль што адзін Каліноўскі. Пераконаны ў правільнасьці сваіх поглядаў, сьмелы, энэргічны і вытрыманы, ён усё яшчэ імкнецца працягнуць паўстаньне. Ён увесь час у руху: нанова "організуе партызанскія аддзелы, падтрымлівае старыя, знаходзіць усё новых і новых супрацоўнікаў, агітуе, піша, пашырае адозвы і г. д. Што ні тыдзень прыходзіцца яму мяняць сваё прозьвішча, што ні дзень — сваю кватэру і вопратку. Усе спробы царскай жандармэрыі і поліцыі злавіць яго канчаюцца поўнай няўдачай, бо верныя людзі сярод сялянства і гарадзкіх нізоў папераджаюць яго аб небясьпецы і даюць яму часовы прыпынак, ня гледзячы на тое, што ім за гэта пагражае цяжкая кара, ня гледзячы на тое, што за галаву Каліноўскага вызначана грашовая нагарода. Каліноўскі чакае вясны, каб зноў распачаць паўстаньне, але ўжо бяз белай земляўласьніцкай шляхты, апіраючыся на шырокія, сялянскія масы Беларусі і Літвы. Ён пераконвае паўстанцаў у неабходнасьці пацярпець да цёплых дзён вясны, калі лік іх зноў павялічыцца, а лясы дадуць ім лепшы прытулак для паўстанскай барацьбы.

Але царызм быў мацнейшы за паўстанцаў, не драмала і здрада. Думаючы, што Цэнтральны Паўстанскі Камітэт знаходзіцца ня ў Вільні, а ў Менску, Мураўёў у пачатку студзеня (па старому стылю) году паслаў туды на выведку спэцыяльную камісію на чале з віленскім губэрскім жандарскім штаб-афіцэрам Лосевым. Камісіі ўдалося вельмі хутка напасьці на сьлед мясцовай менскай паўстанскай організацыі. Пачаліся арышты. Сярод арыштаваных знаходзіўся студэнт Кіеўскага унівэрсытэту, шляхціц з Магілёўшчыны, Вітольд Парафіяновіч. Седзячы ў турме ў Вільні, ён пачаў выдаваць тых, каго ведаў. Ад яго дабіліся прызнаньня, што ён выконваў некаторыя даручэньні Каліноўскага.[245] „Содержащийся в Вильне под арестом политический преступник Витольд Парафианович на допросе в следственной-комиссии показал, что в сентябре прошлого года, по поручению одного из главных руководителей мятежа в крае Кокстантина Калиновского, он ездил из Вильно к члену польской организации в Петербург, бывшему обер-секретарю Правительствующего Сената, Витольду Баранецкому, живущему на Малой Морской улице № 17, кв. № 13. Пред'явив данное Калиновским рекомендательное письмо, он, Парафнанович, вручил Баранецкому присланные состоящим в Минской организации доктором Оскерко 480 рублей на предмет доставлення способа к выезду за границу скрывавшемуся в Москве под чужим именем Минскому помещику и начальнику шайки мятежников Свенторжецкому".

Сьледчая камісія, даведаўшыся аб зносінах Парафіяновіча з Каліноўскім пастаралася ўжыць усе захады, каб дабрацца да Каліноўскага. Паміж іншым, Парафіяновіч як раз ведаў дзе і па якому пашпарту жыў у даны момант чырвоны дыктатар Беларусі і Літвы. Шляхам пагроз і абяцанак Лосеву, старшыні камісіі, удалося атрымаць патрэбныя яму паказаньні. Ратуючы сваю скуру, В. Парафіяновіч прадаў Каліноўскага, за што атрымаў „памілаваньне". Мураўёў у сувязі з гэтым даносіць[246] у Пецярбург шэфу жандараў ніжэйпаданае: „По рассмотрении следственного дела о бывшем студенте Кіевского университета, дворянине Минской губернии, Витольде Парафиановиче, я нахожу, что он по собственному признанию и обстоятельствам дела оказался виновным в том, что был членом революционной организации, сначала в Могилёвской губернии, а потом в Минской, где и занимал должность комиссара воеводства. Хотя за означенное преступление дворянин Парафианович подлежит преданию суду и наказанию по всей строгости законов, но, принимая во внимание чистосердечное раскаяние, открытие прочих сообщников в Минской и Виленской революционных организациях, из коих вследстви сих показаний многие и в числе их стоявшие во главе организации уже арестованы, а также принимая в соображение и молодые лета Парафиановича, коих ему 19, я по представленной мне власти определил: не предавая Парафиановича суду, об'явить ему всемилостивейшее его императорскаго величества прощение и отправить на жительство в Томскую губернию под строгий надзор полиции". Памілаваньне, як мы бачым, было ня вельмі шчодрым. Плата за здраду была ня вельмі высокая. Тым ня менш К. Каліноўскі апынуўся ў руках царскай жандармэрыі, якая гэтаму была вельмі рада.

Каліноўскі ў гэты час жыў пад імем Ігната Вітаржэнца ў Вільні ў „сьвентаянскіх" мурох. Тут знаходзілася гімназія, архіў, музэй старасьветчыны, былі і прыватныя кватэры. Каліноўскі жыў у кватэры настаўніка гімназіі, які, карыстаючыся зімовымі вакацыямі, выехаў некуды ў адпачынак. Поліцыя ў начы патаемна з вялікаю перасьцярогаю зрабіла аблогу ўсяго кварталу, не даючы нікому выхаду адтуль і арыштоўваючы ўсіх, хто ўваходзіў. Поліцыя застала Каліноўскага на пляцоўцы сходаў з сьвечкаю ў руцэ. На запытаньне, як яго прозьвішча, ён адказаў „Вітаржэнц", і быў адразу заарыштаваны. Гэта адбылося 7(19) студзеня 1864 году.

Некалькі месяцаў пратаміўся ў турме чырвоны дыктатар, чакаючы кары. Яго мучылі допытамі і пагрозамі, але зламаць не маглі. Ён заставаўся цьвёрдым, поўным веры ў перамогу сваёй справы. Адзін з супрацоўнікаў вешальніка Мураўёва[247] так апісвае Каліноўскага ў часе яго знаходжаньня ў турме: „Первый день Калиновский лишь кусал себе губы и неохотно отвечал даже на вопросы, но к вечеру не выдержал к об‘явил свое настоящее имя. Несмотря на все усилия членов комиссии, им не удалось исторгнуть от Калиновского подробного показания о личностях, составлявших революционную организацию края. Он однако откровенно сознался, что был распорядителем жонда во всем крае и, как видно из показаний других лиц, он умел поддержать падающий революционный дух польского населения. Помещики его страшились. Он свободно раз‘езжал между ними, воодушевляя нерешительных и запугивая слабых. Калиновский был лет 26, крепкого сложения и с лнцом жестким и выразительным; короткіе русые волосы были зачесаны назад. Таким я видел его в тюрьме за несколько дней до казни. Ему дали перо и бумагу и позволили свободно излагать свои мысли. Он написал отличным русским языком довольно любопытное рассуждение об отношении русской власти к польскому населению западного края, в котором между прочим высказывал мысль о непрочности настояших правительственных действий и полное презрение к русским чиновникам, прибывшим в край".

Да гэтага вынятку трэба зрабіць некаторыя тлумачэньні. Аўтар вынятку два разы падкрэсьлівае, што Каліноўскі меў дачыненьне да польскага насельніцтва Беларусі. Бязумоўна, гэта ня верна. Каліноўскі быў зьвязаны з тым насельніцтвам Беларусі, якое прымала ўдзел і падтрымлівала паўстаньне, а сярод гэтага насельніцтва былі як палякі, так і беларусы. Апроч таго, мы ведаем, што радыкальная сялянская програма Каліноўскага асабліва цесна зьвязвала яго з дробнаю шляхтаю, дробнаю буржуазіяй і сялянствам, якое ў пераважнай большасьці сваёй было беларускім. Аўтар вынятку сьвядома выказвае тэндэнцыю і гаворыць фразэолёгіяй мураўёўскае сыстэмы, якая ўпарта даводзіла, што паўстаньне на Беларусі было выключна панска-польскай справай, што ўдзельнічалі і падтрымлівалі паўстаньне выключна паны і палякі. Зьвяртае на сябе ўвагу заява аўтара, што памешчыкі баяліся і не спачувалі Каліноўскаму, што зусім зразумела, калі мець на ўвазе крайні чырвоны радыкалізм дыктатара. У сувязі з гэтым ніяк ня можна згадзіцца з далейшымі словамі вынятку, дзе сказана, што Каліноўскі „воодушевлял" нерашучых паноў. Гэта зусім ня вяжацца з тымі адносінамі паноў да Каліноўскага, аб якіх гаворыць аўтар крыху вышэй і якія існавалі ў сапраўднасьці. Запіска („рассуждение"), якую напісаў чырвоны дыктатар у турме, да нас не дайшла, а таму нам трудна сказаць, наколькі дакладна перадаў зьмест яе аўтар у сваім вынятку. Ува ўсякім выпадку яе зьмест мог быць падобны да таго, што сказана ў вынятку. Апроч таго, зусім зразумела, што яна магла быць напісана „отличным русским языком", бо Каліноўскі, як нам вядома, скончыў Пецярбурскі унівэрсытэт з годнасьцю кандыдата праў.

Царскі суд прысудзіў Кастуся Каліноўскага да кары сьмерцю праз павешаньне.

З ласкавага дазволу т-ша Віткоўскага падаем тут знойдзены ім у архіве б. міністэрства юстыцыі прысуд па справе К. Каліноўскага, які дагэтуль яшчэ нідзе не друкаваўся.

Заключение Временного Полевого Аудиториата.

На подлином заключении Его Высокопревосходительство Г. Командующий войсками Виленского военного округа изволил написать „Согласен. Исполнить приговор в Вильне".

5-га Марта 1864 года.

Дело Министерства Военного, Главного Военно-Судного Управления, Части Обер-Аудитора. К № 94. 1863 г. „По ведомостям и конфирмациям о политических преступниках №№ 3575, 3678, 3679, 3722, 3724, 3725, 3450, доклад за №№ 1078, 3776, З777, 3769, доклад № 248".

Временный Полевой Аудиториат, рассмотрев представленное Комиссиею военного суда, учрежденною при Виленском Ордонанс-Гаузе, военно- судное дело о дворянине Гродненской губернии и уезда, Викентие-Константине Семенове Калиновском, 26 лет, римско-католического вероисповедания, сужденном по Полевому уголовному Уложению за преступное служение польскому революционному комитету в звании секретаря при комиссаре Литвы, находит, что еще в начале раскрытая действий революционной организации в г. Вильне, по показаниям некоторых из лиц, исполнявших преступные должности, обнаружено, что одним из самых преданных делу восстання и наиболее деятельных его руководителей в здешнем крае,

Верно: И. д. Полевого Обер-Aудитора Неелов.

был студент С.-Петербургского Университета Калиновский и что он сначала в звании комиссара Гродненского воеводства занимался устройством революционной организации в Гродненской губернии; впоследствии-же, прибыв в Вильно, заведывал отделением внутренних дел в так называемом „исполнительном отделе на Литве". В продолжении нескольких месяцев Калиновский, меняя фамилии и пользуясь подложными паспортами, успевал скрываться от розысков полиции и арестован уже 429 января настоящего года, при чем скрыв фамилию свою и называясь дворянином Игнатием Виторженцем, утверждал при первоначальных допросах, что в университете не был и в организации польской не участвовал; но, быв признан дворянкою Мариею Греготович, знавшей его под другим именем, подсудимый Калиновский открыл настоящую свою фамилию и при этом, подтверждая обнаруженные прежде преступные действия свои, об'яснил, что по окончании курса наук в С.-Петербургском Университете со степенью кандидата, он по убеждению бывшего впоследствии комиссаром Литвы, Дю-Лорана и как уроженец здешнего края, решился содействовать революционному движению против правительства; сначала он был послан Дю-Лораном для собрания сведений о состоянии шаек в Гродненском воеводстве, а в начале июля 1863 года вызван в Вильно и, заняв должность секретаря при Дю-Лоране, некоторое время занимался перепискою известий и составлением статей о ходе восстания для отсылки за границу; в конце-же июля Дю-Лоран уехал из Вильно, не оставив в виду скорого своего возвращения никаких точных распоряжений и потому вся деятельность его раздели­ лась между тремя дицами: им, Калиновским, и бывшими: комиссаром Виленского воеводства Дормановским (он-же Суходольский) и начальником г. Вильно Малаховским; а по арестовании первого из них и от'езде в С.-Петербург последнего, он, Калиновский, один принял на себя роль главного распорядителя в крае и немедленно восстановил должность начальника города, поручив исполнение её бывшему экспедитору при Дю-Лоране Титусу Далевскому, на что и выдал ему номинацию. Затем, руководясь желанием поддержать восстание в крае, он, Калиновский, издавал одним своим лицом от имени „Литовского отдела" разные распоряжения, воззвания и прочее. Таким образом, желая ослабить влияние за границею адресов, подаваемых правительству, он об'явил разрешение обывателям Литвы не стесняться в подписи этих адресов, так-как подобные заявления считались польским жондом необязательными для лиц, их подписавших; обращался к католическому духовенству Виленской Консистории по поводу изданного им увещательного циркуляра по епархии; писал к епископу Волончевскому ответ на воззвание его к пастве и об'явил запрещение обывателям Литвы выезжать за границу без предварительного разрешения на то жонда. Со всех этих бумаг он, Калиновский, посылал копии в Париж вместе с сообщениями об арестах, секвестрах имений и других событиях в крае. В то-же время oн поддерживал сношения с революционными управлениями в воеводствах, требуя сколь возможно точных и подробных донесений о состоянии шаек и их действиях, общем настроении национального духа и проч., при чем для поддержания вооруженного восстания и вспомощество­ вания пострадавших от него высылал деньги из принятой от Малаховского перед отъездом его кассы, высылал номинации начальникам шаек: Мацкевичу на звание организатора войск и Сове на чин поручика, в конце-же 1863 года, постоянно . получая неудовлетворительные ответы, в виду невозможности продолжат борьбу, сделал распоряжение о роспуске шаек в Ковенской губернии и в Инфляндских уездах Витебской губернии, приказав выдать всем чинам отпускные билеты до весны. Все это было сделано Калиновским, как он сам показал, по его собственному усмотрению, а не вследствие приказаний из Варшавы. Открыть же сообщников своих, несмотря на не­ однократные убеждения, подсудимый Калиновский отказался.

Сообразив изложенные обстоятельства, Временный Полевой Аудиториат признает подсудимого Калиновского виновным в том, что, принадлежа к бывшей в здешнем крае Польской революционной организации с самого начала её образования, он, по показанию его, исполнял сперва поручения называвшегося комиссаром Литвы Дю-Лорана, при котором впоследствии был секретарем, а по от'езде Дю-Лорана и за отсутствием других членов организации принял на себя обязанности главного распорядителя по восстанию в крае и, стремясь поддержать восстание, издавал от имени революционного правления разные распоряжения и воззвания, рассылал деньги в мятежнические шайки, выдавал номинации на революционные должности и звания, сносился и получал донесения от подведомственных революционных управлений в воеводствах и в конце минувшего года, видя совершенную невозможность продолжать восстание, но, надеясь возобновить его в настоящем году, сделал распоряжение о роспуске шаек до весны. Посему Временный Полевой Аудиториат, причисляя подсу­димого Калиновского, как члена революционной организации и в последствии самостоятельного распорядителя в течение нескольких месяцев восста­нием во всем Литовском крае, к 1-ой категории преступников, поименованных в Высочайше утвер­жденных 11-го мая 1863 года правилах о порядке наложения взысканий на мятежников, полагает: подсудимого дворянина Викентия-Константина Калиновского 26 лет за преступления его, составляю­щие высшую степень участия в мятеже против правительства с возбуждением к тому других и деятельным распространением и поддержанием восстания, на основании 3 пункта упомянутых пра­вил, а так-же 175, 176 и 561 ст. V кн. Военно-Уго­ловного Устава, казнить смертию повешением; имущество-же, какое у него окажется, или впослед­ствии могло-бы перейти к нему по наследству от родителей, конфисковать в казну.

Заключение это Временный Полевой Аудито­риат представляет на благоусмотрение его Прево­сходительства Господина Командующего войсками Виленского военного округа.

С подлинным верно: Помощник Полевого Обер-Аудитора. № 858, 4 марта 1864 года".

Да прысуду па справе К. Каліноўскага трэба зрабіць некаторыя заўвагі. Прысуд, як і іншыя докумэнты, што вышлі з-пад пяра Мураўёва і „арлоў" яго „слаўнай" зграі, напісаны згодна з тэндэнцыяй таго часу, што паўстаньне на Беларусі ёсьць, справа выключна польскага панства. Зразумела, у сувязі з гэтым Каліноўскі прыцягваецца да адказнасьці „за преступное служение польскому революционному Комитету", за тое, што-ён належаў да „бывшей в здешнем крае Польской революционной организации". Мы некалькі разоў зазначалі, што сувязь паміж Варшаваю і Вільняю была, што паўстаньне на Беларусі было ўвязана з паўстаньнем у Польшчы, але фразэолёгія мураёўскай сыстэмы разумее ня гэтую сувязь. Яна падкрэсьлівае, што паўстаньне на Беларусі ў гэтым „искони русском крае", рэч выпадковая, што яно зьяўляецца „інтрыгаю" выключна польскіх паноў. Зразумела, з гэтым згадзіцца ня можна.

Згодна з такою тэндэнцыяю прысуд зусім зьмяншае значэньне мясцовага поўстанскага цэнтру на Беларусі і Літве і павялічвае ролю варшаўскага камісара пры Віленскім Камітэце. Кастусю Каліноўскаму прыпісваецца толькі пасада сакратара пры Варшаўскім камісары Дюлёране. Такой пасады ня было, і Каліноўскі ніколі такой пасады не займаў. Апроч таго, калі стаць на пункт погляду, што паўстаньне на Беларусі ёсьць панска-польская інтрыга, то зьнішчаецца падзел паўстанцаў на белых і на чырвоных, зьнікае барацьба паміж імі, зьнікаюць зьмены організацыйных цэнтраў паўстаньня. Наогул уся справа паўстаньня спрашчаецца і ставіцца няправільна. Так і падыходзіць да паўстаньня прысуд.

Па тэксту прыгавору К. Каліноўскі ўвайшоў у рэволюцыйны рух „по убеждению бывшего впоследствии комиссаром Литвы Дю-Лорана“. Факты гавораць, што гэта няпраўда. Далей, у прысудзе сказана, што Каліноўскі „был послан Дю-Лораном для собирания сведений о состоянии шаек в Гродненском воеводстве“. Гэта таксама няпраўда. На аснове разабраных матар‘ялаў мы добра ведаем, пры якіх умовах Каліноўскі і іншыя чырвоныя павінны былі пасьля белага перавароту (11 сакавіка 1863 году) апынуцца ў провінцыі. Мы ведаем, што Каліноўскі папаў у Горадзеншчыну ў годнасьці паўстанскага камісара. Аб гэтым гаворыцца і ў прысудзе на некалькі радкоў вышэй. Там-жа гаворыцца, што пасьля прыезду ў Вільню з Горадзеншчыны Каліноўскі загадваў у Камітэце ўнутранымі справамі. З гэтым магчыма згадзіцца. Зварот у Вільню адбыўся ў першых лічбах чэрвеня (па старому стылю), а не ў пачатку ліпня, як вызначана ў прысудзе.

Ёсьць цэлы шэраг і іншых памылак у прысудзе. Няпраўда, што Каліноўскі „об‘явил разрешение обывателям Литвы не стесняться в подписи адресов" на імя цара. Наадварот, чырвоныя змагаліся (праўда, няўдала) з падачаю адрасоў, у сувязі з чым знаходзіцца, напрыклад, замах на забойства А. Дамэйкі. Прыгавор далей адзначае, што Каліноўскі вёў беспасрэдныя сувязі з Парыжам, што Тытус Далеўскі быў экспэдытарам пры Дюлёране. Гэта таксама ня мае пад сабою ніякіх падстаў. Імя бацькі Каліноўскага ў прысудзе паказана „Сямён" у той час, як сапраўды ён называўся „Сымон".

Цэлы месяц пасьля конфірмацыі прысуду Каліноўскага прамучылі ў турме толькі 7/19 красавіка 1864 году яго пакаралі праз павешаньне ў Вільні на Лукіскім пляцы. Вышэйпамянёны Мосалаў так апісвае кару Каліноўскага. „Было ясное, холодное утро. Калиновскнй шел на казнь смело. Придя на площадь, он встал прямо лицом к виселице, и лишь по временам кидал взоры на далёкую толпу. Когда ему читали конфирмацию, он стал было делать замечания. Так, например, когда назвали его имя — дворянин Викентий Калиновский, — он воскликнул: „у нас нет дворян, у нас все равны“. Полицмейстер покочал ему головой и просил замолчать".[248]

Сьмяротную кару К. Каліноўскага можна лічыць апошнім яскравым эпізодам паўстаньня 1863 году на Беларусі. Паўстаньне замірае. Рэакцыйнымі коламі царскай Расіі Мураўёў абвяшчаецца гэроем ўсерасійскага маштабу. Офіцыйныя пісакі царскага самаўладзтва не шкадуюць сіл, каб падняць на вышыню недасяжнага ідэалу асобу вешальніка Мураўёва. У гэтай справе некаторыя з іх даходзяць да вышэйшай ступені віртуознасьці. Вось да прыкладу адзін такі вынятак з тагочаснай „патрыятычнай" літаратуры аб Мураўёве. „С моей точки зрения он (Муравьев) заслуживает еще при жизни памятніка на счет поляков за то добро, которое он им сделал, энергично и быстро подавивши мятеж".[249] Аўтар забыўся толькі далучыць да палякаў іншыя нацыянальнасьці, ня выключаючы і расійцаў, якія адначасна выносілі на сваім карку „дабрачыннасьці" і апеку Мураўёва.

Цікава, што нават сярод рэакцыянэраў знайшліся „лібэралы", якія былі проці Мураўёва, лічачы яго сыстэму вельмі рызыкоўнаю. Да гэтай групы належалі — шэф корпусу жандараў Доўгарукі, пецярбурскі генэрал-губэрнатар Сувораў і інш. Гэтая група псавала шмат крыві вешальніку сваімі прыдворнымі і іншымі інтрыгамі. Мураўёў у сваіх запісках[250] лічыць паводзіны гэтай групы вельмі небясьпечнымі для справы і піша так. „Очевидно, что из трех врагов — мятежа, петербурского правительства (разумеецца пецярбурская група рэакцыянэраў-„лібэралаў". У. І.) і варшавского жонда —самая трудная борьба была с двумя последними". У барацьбе з пецярбурскай групай ворагаў Мураўёву дапамагалі яго прыхільнікі і панэгірысты з рэакцыйна-консэрватыўнага лягеру, да якога трэба аднесьці нават такіх прадстаўнікоў расійскай літаратуры, як даволі вядомых у тыя часы поэтаў Цютчава і Вяземскага.

Цютчаў напісаў,[251] напрыклад, такі верш, адрасаваны на імя Суворава:

„Гуманный внук воинственного деда!
Простите нам, наш симпатичный князь,
Что русского честим мы людоеда,
Мы, русские, Европы не спросясь.
Как извинить пред вами эту смелость,
Как оправдать сочувствие к тому,
Кто отстоял и спас Росии целость,
Всем жертвуя народу своему".

У сувязі з вершам Цютчава стаіць і верш П. А. Вяземскага, накіраваны таксама на імя Суворава і зьяўляючыйся разам з тым апалёгіяй і панэгірыкам вешальніка Мураўёва. Падаем вынятак з гэтага вершу.

„Да, князь! Поэт был прав: наверно вашим дедом
Было-бы скреплено письмо друзей к тому,
Которого Вы, князь, честите людоедом
За то, что он казнил по долгу своему.
Как Вы, он не искал в народе популярность,

Нежданная она пришла к нему.
Слывет он извергом, однако-же гуманность,
Где можно допустить, доступна и ему"

Цікава тое, што нават вядомы радыкальны поэта „печали и гнева", які клікаў моладзь „от ликующих, праздно болтающих, умывающих руки в крови“ ісьці „в стан погибающих за великое дело любви“ — Някрасаў — таксама зьнізіўся да напісаньня дыфірамбу на чэсьць вешальніка-Мураўёва. У красавіку 1866 году ангельскі клюб у Маскве даваў урачысты абед на чэсьць Мураўёва. У час гэтага ўрачыстага абеду Някрасаў і зачытаў свой прывітальны верш. К. Чукоўскі так апісвае гэты факт.[252] „Читая записки Дельвига и сопоставляя их с другими свидетельствами, ясно представляешь себе всю эту неловкую сцену. Муравьев, многопудовая туша, помесь бульдога и бегемота, сидит и сопит в своем кресле. Вокруг него более почетные гости. Некрасова нет среди них, это тесный кружок, свои. Тут старшина клуба, граф Г. А. Строганов, друг и сотрудик Муравьева генерал-лейтенант П. А. Зеленый князь Щербатов, граф Апраксин, барон А. Н. Дельвиг и другие. Небольшая кучка интимно беседующих. Официальное торжество уже кончилось. Вдруг к Муравьеву подходит Некрасов и просит позволения сказать свой стихотворный привет. Муравьев разрешил, но даже не повернулся к нему, продолжая попрежнему курить свою трубку. Жирное, беспардонное, одутловатое, подслеповатое, курносое, бульдожье лицо Муравьева по прежнему осталось неподвижным. Он словно и не заметил Некрасова. По словам П. М. Ковалевского (которые не следует понимать буквально) Муравьев окинул его презрительным взглядом и повернул ему спину. — „Ваше сиятельство, позволите напечатать?“ — спросил Некрасов, прочитав свои стихи. — „Это ваша собственность“, - сухо отвечал Муравьев — „и вы можете располагать ею, как хотите“. — „Но я просил-бы вашего совета“, — настаивал почему-то Некрасов. — „В таком случае, не советую“, — отрезал Муравьев, и Некрасов ушел, как оплеванный, сопровождаемый брезгливым взглядом всех.

Ніжэй мы падаем тэкст вершу Някрасава, што прысьвечаны вешальніку:[253]


„Бокал заздравный поднимая,
Еще раз выпить нам пора
Здоровье миротворца края,
Так много-ж лет ему! Ура!
Мятеж прошел, крамола ляжет,
В Литве и Жмуди мир взойдет.
Тогда и самый враг твой скажет:
Велик твой подвиг... и взохнет.
Вздохнет, что ставши сумасбродом,
Забыв присягу, свой позор,
Затеял с доблестным народом
Поднять давно решенный спор.
Пускай клеймят тебя позором
Лукавый запад и враги,

Ты мощен Руси приговором,
Её ты славу береги.
Нет, не помогут им усилья
Подземных их крамольных сил.
Зри, над тобой, простерши крылья,
Парит архангел Михаил!"

Гэты пэрл творчасьці Някрасава, як мы бачым, пачынаецца з „бокала", пакрашаецца „крамолой“ і „присягой", а канчаецца „архангелом Михаилом". Далей гэтага, здаецца, ужо няма куды ісьці. Праўда, паводле некаторых вестак магчыма думаць, што вышэйпаданы верш ня ёсьць сапраўдны верш, прачытаны Някрасавым вешальніку Мураўеву. „Московские Ведомости“[254] зазначаюць, што прывітальны верш Някрасава канчаўся словамі „виновных не щади“. Апроч таго, і сам Някрасаў у свае часы казаў, што яго застольны верш меў 12, а ня — 20 радкоў, як гэта відаць з вышэйпаданага. Але нават і К. Чукоўскі, які задаўся мэтаю апраўдаць Някрасава „если не совсем, то отчасти“, піша: „Здаецца, што той (сапраўдны. У. І.) верш быў ня лепш, але яшчэ горш за гэты (вышэйпаданы. У. І.), і Някрасаў выявіўся ў ім яшчэ большым здраднікам у адносінах да сваіх пераконаньняў.[255]

Але, як мы ўжо зазначылі раней, прогрэсыўная частка расійскага грамадзянства стаяла на старане паўстаньня і рэзка выступала проці таго „патриотического сифилиса“ (выраз Герцэна), на які захварэлі рэакцыянэры. Яны адразу выступілі і проці патрыятычнага вершу Някрасава. Герцэн пісаў: „Браво, Некрасов, браво! Прызнаемся, этого мы от вас не ждали, а ведь вам известно, как интимно мы знаем вашу биографию и как много мы могли от вас ждать. Браво, Некрасов, браво!“[256] Адзін з рэволюцыянэраў таго часу, якому выпадкова ўдалося вызваліцца ад мураўёўскай шыбеніцы, І. А. Худзекаў пісаў: „При всей подлости этого поступка, какая была в нем доля глупости. Мы не говорим уже о гнусности того факта, что литература сочла за свой долг соперничать с палачами. Некрасов сделал-бы меньшую подлость, если-бы за свой собственный счет построил для нас виселицы".[257] Адазваўся на верш Някрасава і пясьняр Фэт:

„К музам, к чистому их храму,
Продажный раб, не подходи.“

Паўстаньне на Беларусі і Літве загасла. Калі падлічыць усіх пацярпеўшых у часы паўстаньня на Беларусі і Літве, то атрымаецца солідная лічба. Па офіцыйных даных[258] было прыцягнута да судовай адказнасьці 18.590 асоб. З іх меншая палова, у ліку 9.229 асоб, была прызнана па суду апраўданаю. Усе яны тым ня менш адміністрацыйна былі прызнаны неблаганадзейнымі і адданы пад яўны ці пад тайны нагляд поліцыі, або высланы за межы Беларусі. Большая палавіна абвінавачаных у ўдзеле ў паўстаньні, у ліку 9.361 асобы, былі прызнаны вінаватымі і пакараны. Наложаныя кары вызначаюцца па групах так: павешаных і расстраляных 128 асоб, высланых на катаржныя работы 972 асобы, высланых у Сібір на пасяленьне 1427, зданых у салдаты 345, у арыштанскія роты 846, высланых на пасяленьне ў цэнтральную Расію 1529 асоб, пераселеных на скарбовыя землі 4096 асоб. Сюды не ўваходзяць пакараныя па Аўгустоўскай губэрні, якая была аддана пад мураўёўскі рэжым, а таксама пакараныя ў часы генэрал-губэрнатарства наступніка Мураўёва, Каўфмана. Само сабой зразумела, што гэтыя офіцыйныя лічбы не адпавядаюць сапраўднасьці, бо яны паменшаны. Трудна дакладна ўстанавіць, наколькі паменшаны лічбы. Магчыма думаць, што прыблізна ў два разы. Да такога вываду мы прыходзім на аснове такіх падлічэньняў. Проф. Бэрг, які меў магчымасьць карыстацца поўнымі матар‘яламі і вывучаў паўстаньне як сучасьнік гаворыць: „Если счесть всех казненных в Северо-Западном крае за время управления Муравьева, придется один человек на три дня".[259] Калі прыняць пад увагу гэтыя даныя, а таксама і тое, што Мураўёў кіраваў на Беларусі два гады, то лічба пакараных сьмерцю з 128 павышаецца да 243 чалавек. Як мы бачым гэтая лічба ў два разы больш за офіцыйную лічбу. Такія суадносіны мы пашыраем і на іншыя лічбы пацярпеўшых. Колькі народу забіта ў бойках з таго і другога боку, мы ня можам устанавіць нават прыблізна.

КАНЕЦ ПАЎСТАНЬНЯ Ў ПОЛЬШЧЫ.

Як мы ўжо адзначалі раней, з сярэдзіны кастрычніка 1863 году кіраўніцтва паўстаньнем у Польшчы перайшло ў рукі Р. Траўгута. Ён стаяў на чале паўстаньня ў якасьці дыктатара да сярэдзіны красавіка 1864 году.

Урадоўцы Народнага Жонду, даведаўшыся аб дыктатуры Траўгута, спынілі свой сабатаж, якім яны спаткалі верасеньскі чырвоны жонд, і прыступілі да працы. Сакратаром жонду зрабіўся Ю. Яноўскі, сакратарамі Беларусі і Украіны былі назначаны Вацлаў Пшыбыльскі і Мэрыян Дубецкі. Праўда, мы павінны зазначыць, што сакратарства ў адносінах да Беларусі і Украіны існавала толькі на паперы, бо зносіны з провінцыямі так і ня былі наладжаны. На Беларусі і Літве, напрыклад, пасьля арышту О. Авэйдэ ўсё знаходзіліся ў руках Каліноўскага, які кіраваў паўстаньнем бяз усякіх дырэктыў з боку Варшавы.

Грабец так апісвае гэты момант паўстаньня.[260] „Пасяліўшыся ў прыбочным доміку пры Смольнай вуліцы пад назваю Міхала Чарнэцкага, Траўгут цалкам аддаўся справе паўстаньня. З фэномэнальнай працавітасьцю ён рыхтаваў дэпэшы, інструкцыі і дэкрэты, якіх шмат выходзіла з-пад яго пяра і разыходзілася па краі да ўсіх ваяводзкіх, павятовых і вясковых організацый, да паўстанскіх груп, што змагаліся па лясных пушчах і палёх, і ўрэшце за граніцу. Цэлы дзень ен хадзіў па пасяджэньнях і спатканьнях з паасобнымі начальнікамі аддзелаў. Ён ува ўсё ўваходзіў сам і нічога не выпускаў з сваіх рук. Глыбока рэлігійны, містык, прасякнуты сьвядомасьцю сваіх абавязкаў, Траўгут, задаўшыся мэтаю працягнуць паўстаньне да ўмяшаньня заходніх дзяржаў, моцна стаяў на чале організацыі, у кожную хвіліну гатовы на сьмерць. Будучы чалавекам чыну, ён умеў сабраць наўкола сябе энэргічныя адзінкі пераважна з консэрватыўнага лягеру, як Марыян Дубецкі, Краеўскі, доктар Дыбэк, ці пазьнейшы, пасьля звароту з Сібіры, барацьбіт каталіцызму і консэрватызму Зыгмут Сумінскі. На тых, хто яго абкружаў ці быў яму падуладны, ён меў вялізарны ўплыў, утвараючы мімавольна амаль-што культ сваёй асобы".

На аснове вынятку з Грабеца мы можам зрабіць больш-менш правільную характарыстыку Траўгута. Мы бачым, што дыктатар паўстаньня ў Польшчы меў шмат энэргіі, быў чалавекам дзейным і цьвёрдым. Разам з тым мы бачым, што дыктатар належаў да белых і абкружаў сябе белымі выканаўцамі. Перад намі бязумоўна белая, а ня чырвоная дыктатура. Цэлы шэраг іншых матар‘ялаў таксама сьведчыць аб белым напрамку дыктатуры Траўгута. З гэтых матэрыялаў мы пададзім толькі адзін вельмі характэрны вынятак з працы вядомага консэрватара Станіслава Козьмяна.[261] „Траўгут цьвяроза, памужчынску, без памылак разумеў і ацэньваў палажэньне справы. Толькі ў чужаземнай дапамозе ён бачыў магчымасьць посьпеху; як вайсковы, ён у самым паўстаньні ня бачыў умоў для посьпеху. Ён лічыў неабходным цягнуць паўстаньне далей толькі для таго, каб выклікаць чужаземную дапамогу". Консэрватар С. Козьмян называе Траўгута цьвярозым політыкам у процівагу чырвоным, політыку якіх ён лічыць памылковаю, дэмагогічнаю аснованаю на юнацкім захапленьні. С. Козьмян з задаваленьнем адзначае, што Траўгут глядзеў на роль і значэньне паўстаньня вачыма белых: паўстаньне само-па-сабе ня мае вартасьці, ня мае ніякіх шансаў на посьпех, яно ёсьць толькі сродак для таго, каб выклікаць чужаземны дыплёматычны націск ці вайсковую інтэрвэнцыю на ахопленую паўстаньнем тэрыторыю царскай Расіі.

Зразумела, згодна з прынцыпам белай паўстанскай політыкі Траўгут павінен быў адмежавацца ад „якобінізму", ад радыкальнай соцыяльнай програмы паўстаньня, каб не запалохаць гэтым чужаземныя двары. З гэтаю мэтаю Траўгут распачаў паступовае змаганьне з чырвонымі элемэнтамі паўстанскай організацыі. Гэтае змаганьне далёка ня заўжды было паспяховым. Траўгут у лісьце да Уладыслава Чартарыйскага скардзіцца, што да пары да часу ён павінен цярпець чырвоных, бо ня можа з імі саўладаць.

Адным з тэрорыстычных актаў, якія былі ўчынены чырвонымі ў часы дыктатуры Траўгута, быў падпал ратушы ў Варшаве. Пачалося з таго, што на горад была накладзена грашовая контрыбуцыя за забойства палкоўніка Любушына, зробленае яшчэ ў часы папярэдняга верасеньскага жонду. Начальнік места прапанаваў сваім падуладным выкрасьці з ратушы падатковыя кнігі, без якіх на яго думку немагчыма было спагнаць контрыбуцыю. Выявілася, што кніг вельмі многа і выкрасьці іх, дзякуючы гэтаму, немагчыма. Трэба было іх зьнішчыць. З гэтаю мэтаю быў падпалены архіў ратушы, дзе зьмяшчаліся падатковыя кнігі; разам з тым была падпалена другая частка ратушы, дзе зьмяшчаўся поліцэйскі архіў. Ратуша загарэлася адразу з двух бакоў. Пажарная каманда, якая прыехала гасіць пажар, спачувала паўстаньню і, папярэджаная змоўнікамі, гасіла пажар толькі для віду. Уся ратуша згарэла. Ясна, што пажар ратушы і зьнішчэньне падатковых кніг ня спынілі контрыбуцыю, якая праз нейкі час і адбылася. Апроч таго, па некаторых даных магчыма думаць, што кнігі і ня былі спалены. Проф. М. Бэрг[262] так, піша аб гэтым: „Намесьнік і прэзыдэнт места Віткоўскі гаварылі аўтару, што, уласна кажучы, пададковыя кнігі засталіся цэлымі, дзякуючы таму, што прэзыдэнт у сувязі з пашыранымі чуткамі, уважаючы, што кнігі ня зусім бясьпечна зьмешчаны ў ратушы, загадаў перанесьці іх да свайго прыватнага памяшканьня. Пры першай вестцы аб выбуху пажару ён адаслаў іх у замак намесьніка. Намесьнік нават паказваў месца, дзе гэтыя кнігі ў яго габінэце былі пакладзены, і тыя перасьцярогі, што былі ўжыты для аховы". Так ці іначай але ратуша была спалена тымі чырвонымі элемэнтамі, з якімі змагаўся Траўгут.

Міма волі Траўгута быў зроблены і замах на жыцьцё Трэпава, які адбыўся 2 лістапада. Як нам вядома з ранейшага, Трэпаў у 1861 годзе павінен быў па запатрабаваньню Варшаўскай Дэлегацыі пакінуць пасаду обэрполіцмайстра Варшавы. Зьмяніўшы некалькі пасад, Трэпаў зноў папаў у Варшаву на пасаду шэфа жандараў Царства Польскага. Зразумела, гэтае назначэньне выклікала шырокае абурэньне. Начальнік кінжальшчыкаў Э. Шафарчык і іншыя ўзяліся організаваць забойства Трэпава. Выканаць забойства ўзяліся гарбар А. Аммэр, сьлесары Г. Когутоўскі і Ю. Дамброўскі, кравец Куроўскі і сталяр Ю. Дзяковіч. У вызначаны дзень напад на Трэпава адбыўся, але забіць яго не ўдалося, ён толькі быў паранены ў галаву. Аммэр і Когутоўскі былі арыштаваны, разам з імі было арыштавана каля 20 асоб, якія да справы замаху ня мелі ніякіх адносін. Хутка адбыўся суд, які прысудзіў Аммэра да кары сьмерцю. Когутоўскі не дачакаўся суду і павесіўся ў турме. Кара сьмерцю Аммэра адбылася 11 лістапада.

Белым напрамкам політыкі Траўгута тлумачацца адносіны яго да Л. Мераслаўскага. Пшыбароўскі[263] вельмі яскрава малюе гэтыя адносіны. „Апроч Масквы і Немцаў, пісаў Траўгут, мы маем ашчэ горшых, бо дамовых ворагаў, — праўдзівых прыхільнікаў Мераслаўскага. Гэта — людзі, якія маюць адзін занятак, альбо, лепш кажучы, рамяство — руйнаваць жонд, і якія сваім верасеньскім пераваротам, амаль што ўсяго ня згубілі". „З усялякімі інтрыганамі і руйнавальнікамі, пісаў Траўгут у іншым месцы, трэба змагацца з поўнай суровасьцю, бо яны, як свае, зьяўляюцца горшымі няпрыяцелямі краю, чымсі маскалі і немцы. Ня трэба абмінаць малых рэчаў, зло трэба нішчыць у самым пачатку, каб яно ня мела часу набрацца сілы, бо потым будзе трудней". Аўтар (Пшыбароўскі) вельмі спачувае Траўгуту і кажа, што адносіны Траўгута да Мераслаўскага і мераслаўчыкаў мелі рацыю. З вынятку ясна, што чырвоных Траўгут лічыць сваімі політычнымі ворагамі і пры гэтым нават горшымі ворагамі, чымсі расійскі царызм. У сувязі з гэтым 8 лістапада 1864 году жонд Траўгута пасьпяшыў паслаць адстаўку Мераслаўскаму, які ў часы верасеньскага чырвонага жонду займаў пасаду генэральнага організатара ўзброеных сіл. Прыезд у Варшаву асабістага сакратара Мераслаўскага Яна Кўжыны Траўгут спаткаў з вялікім незадавальненьнем. Калі Кужына прапанаваў Траўгуту выкарыстаць яго для якой-небудзь паўстанскай працы, Траўгут адмовіў яму ў гэтым. Кужына не адразу здаўся. Ён зрабіў спробу організаваць у Варшаве чырвоных у процівагу белай дыктатуры Траўгута. Такая, організацыя ўсё-ж не наладзілася, і Кужына павінен быў выехаць з Варшавы за граніцу.

Дыплёматычная сытуацыя таго часу падтрымлівала настрой белай дыктатуры. У першых лічбах лістапада Францыя выступіла з прапановай склікаць агульна-эўропейскі конгрэс для вырашэньня розных спрэчных міжнародных пытаньняў, у тым ліку і польскага пытаньня. Чуткі аб гэтай прапанове разышліся навокал, прасякнулі і ў Польшчу. Нават царскі ўрад крыху зьлякаўся. Цар выдаў на імя былога намесьніка Польшчы, вял. князя Константына, рэскрыпт, у якім зазначыў, што'расійскі ўрад у выпадку засьмірэньня Польшчы будзе праводзіць там рэформы і верне Константына на ранейшую пасаду намесьніка. Чартарыйскі піша з Парыжу Траўгуту ліст аб неабходнасьці трымацца да вясны. Па яго думцы вясною распачнецца інтэрвэнцыя чужаземных дзяржаў на Расію, і Польшча будзе вызвалена ад прыгнечаньня Расіі. Траўгут усімі сіламі імкнецца дацягнуць паўстаньне да вясны.

З вялікаю цяжкасьцю, але паўстаньне цягнецца. Паўстанскія грулы яшчэ даволі актыўна дзейнічаюць на Падлясьсі, а таксама на паўднёвым заходзе, у ваяводзтвах Кракаўскім, Сандаміркім і ў Заходняй Галічыне. У кастрычніку і лістападзе вельмі выдатнаю была кампанія Чахоўскага, аддзел якога скадаўся з 700 чалавек пяхоты і 100 чалавек коньніцы. У пачатку лістапада Чахоўскі загінуў у бойцы. Пасьля яго сьмерці ў Кракаўскім і Сандамірскам ваяводзтвах адважна дзейнічаў паўстанскі аддзел Зыгмунта Хмеленскага. Аддзел налічваў каля 700 чалавек пяхоты і коньніцы. Цягнулася партызанская барацьба і ў першыя месяцы 1864 году. На працягу студзеня, лютага і сакавіка адбылося каля 130 сутычак. Праўда, рэдка якія з гэтых сутычак канчаліся пасьпяхова для паўстанцаў. З кожным месяцам лік паўстанцаў зьмяншаўся, круг іх дзеяльнасьці звужаўся. З паўстанскіх начальнікаў гэтага часу выдзяляецца ген. Босак-Гаўке.

Каб узмацніць паўстаньне, у Траўгута зьявілася думка зьмяніць організацыю ўзброеных сіл паўстаньня. Як вядома, узброены паўстанцкі рух насіў партызанскі характар. Па думцы Траўгута партызанскія паасобныя аддзелы трэба было пераорганізаваць у адзіную рэгулярную армію з падзелам яе на корпусы, дывізыі, палкі і г. д. Супраціўнікі такой рэформы гаварылі, што яна несваечасова, што няма таго матар‘ялу, які магчыма было-б пераорганізаваць у армію, а таксама няма і экономічнай базы для гэтага. Абаронцы рэформы зазначалі, што рэорганізацыя неабходна для таго, каб вясною з пачаткам інтэрвэнцыі лягчэй было разьвінуць паўстаньне магчыма шырэй, абвясьціўшы „паспалітае рушэньне" (народнае апалчэньне). Траўгут настаяў на неабходнасьці рэорганізацыі паўстанскіх узброеных сіл. У сярэдзіне сьнежня 1863 году быў выданы жондавы дэкрэт аб рэорганізацыі паўстанскіх аддзелаў. На аснове дэкрэту ўсе партызанскія часьці павінны былі скласьці чатыры корпусы. У рэчаіснасьці ўдалося організаваць толькі адзін корпус, які быў падзелены на дзьве дывізіі—Кракаўскую і Сандамірскую. Дывізіі падзяляліся на палкі. Кожны полк быў зьвязаным тым ці іншым паветам ваяводзтва. У іншых ваяводзтвах узброеныя сілы, як і раней, засталіся на партызанскім палажэньні. Такім чынам, дэкрэт быў рэалізаваны ў зусім нязначнай сваёй частцы і ня меў амаль што ніякага ўплыву на паўстаньне.

Яшчэ ліпнёвы жонд для павялічэньня грашовых сродкаў паўстаньня ў дадатак да народнага падатку выдаў дэкрэт аб абавязковай народнай пазыцы на 21 мільён польскіх злотых. Верасеньскі жонд асобым дэкрэтам павялічыў гэтую суму да 40 мільёнаў. У часы дыктатуры Траўгута трошы ня былі сабраны нават у памеры, прапанаваным ліпеньскім жондам. Сродкі паўстаньня паміж тым усё зьмяншаліся, што вельмі адбівалася на паўстанскім руху, Траўгуту трэба было зрабіць адпаведныя крокі для рэалізацыі абвешчанай народнай пазыкі. Былі ўстаноўлены нормы для спагнаньня пазыкі: 1 % ад маёнткаў, каштоўнасьць якіх не перавышала 100.000 злотых, 1½% — ад 100.000 да 300.000 злотых і г. д. У Парыжы былі надрукаваны облігацыі прысланы ў Варшаву. Траўгут 27 кастрычніка 1863 году выпусьціў асобую адозву да жыхарства. У адозьве Траўгут зьвяртаецца да патрыятызму грамадзян краю, тлумачыць, што ўзрастаючыя патрэбы паўстаньня а разам з тым павялічэньне выяўляючагася жаданьня ўдзельнічаць ў пазыцы прывялі да пашырэньня яе базы і да перанясеньня ўсяго цяжару з большых краёвых капіталістаў на ўсіх тых грамадзян, якія пасьля задавальненьня пільных патрэб жыцьця, могуць яшчэ пэўную частку рэштак сваіх даходаў аддаць бацькаўшчыне. Ён заклікае да рэалізаваньня пазыкі і сьведчыць, што, будучы запэўненым у грамадзкай афярнасьці сыноў Польшчы, жонд сьмела можа разьлічваць на павялічэньне сродкаў паўстаньня. Тады ён будзе мець магчымасьць ня толькі задаволіць пільныя патрэбы аддзелаў ужо організаваных, якія знаходзяцца на полі бойкі, але організаваць яшчэ новыя. У канцы Траўгут кліча: „грамадзяне! Кожная вайна вымагае шмат афяр. Наша вайна за незалежнасьць зьяўляецца адзінай вялікай афярай, афярай выкупу за цэлую Польшчу, аддамо для яе наша жыцьцё, кроў і маёмасьць".[264] Гэтая, напісаная з такім уздымам, адозва тым ня менш ня дала амаль што ніякіх вынікаў. Белая частка паўстанцаў у Польшчы, як і на Беларусі, пачала ўжо адыходзіць ад паўстаньня. Яе „патрыятызм" пачаў ужо выдыхацца. Апроч таго, царскі ўрад, у рукі якога папала шмат облігацый, даведаўся аб пазыцы і ўжыў адпаведныя захады супроць яе. Было абвешчана, што ўсякі ўдзел у падтрыманьні пазыкі будзе карацца расійскім урадам па ўсёй строгасьці вайскова-карных законаў.

Земляўласьніцкая шляхта папала, паміж двух агнёў. Дыктатар і жонд дагараючага паўстаньня вымагалі ад яе афяр на паўстаньне, царскі ўрад вымагаў вернасьці трону і барацьбы з паўстаньнем. Як і на Беларусі, земляўласьнікі выбралі для сябе дарогу да царскага трону, лічачы паўстаньне небясьпечным для сваіх клясавых інтарэсаў, бо яно магло паставіць чырвоную аграрную програму на выкананьне. Царызм забясьпечваў цьвёрдае палажэньне шляхціча-земляўласьніка, у той час як паўстаньне, у выпадку пераходу кіраўніцтва ў рукі чырвоных, пагражала зруйнаваць яго дабрабыт. Сапраўдныя інтарэсы земляўласьнікаў выплылі на паверхню. Ува многіх мясцовасьцях Польшчы земляўласьнікі пачынаюць зьвяртацца да царскага ўраду з просьбамі дапамагчы ім спагнаць з сялянства чыншы за 1863 год. Расійскія павятовыя начальнікі ў адказ на просьбы пачалі спаганяць чыншы з сялян, пускаючы ў ход, калі гэта трэба было, вайсковую сілу, якая рыла ў іх распараджэньні. Сялянства адказала на гэта выдачаю ў рукі царскага ўраду тых земляўласьнікаў, якія раней прымалі той ці іншы ўдзел у паўстаньні; часта даносілі і на тых, што былі нэўтральнымі. Такі настрой сялянства даваў магчымасьць царскаму ўраду організаваць у Польшчы, як і на Беларусі, вясковыя варты для барацьбы з паўстанцамі. На 1 студзеня 1864 году ў вясковых вартах ужо налічвалася 4.350 пешых і 436 конных вартаўнікоў. Урадавая газэта „Dziennik Powszechny“ пачынае на сваіх старонках зьмяшчаць падзякі расійскага ўраду абываталям за тое, што яны дапамагаюць паасобным вайсковым часткам змагацца з паўстанскімі аддзеламі.

Як і на Беларусі, у Польшчы распачынаецца кампанія вернападданіцкіх адрасоў. Першы такі адрас быў пададзены 2 лістапада ад жыхароў мястэчка Нешавы. Адрас быў організаваны заможнаю часткаю жыхарства. З гэтага часу адрасы пасыпаліся адзін за адным аж да красавіка 1864 году. Звычайна яны друкаваліся ў газэце „Dziennik Powszechny". Асабліва многа адрасоў было падана ў студзені і лютым 1864 году. Земляўласьніцкая шляхта падала 13 адрасоў з 3.220 подпісамі, каталіцкае духавенства падало 8 адрасоў з 568 подпісамі, за імі цягнуліся заможныя пласты гарадоў і г. д. Тон адрасоў такі самі подлы і падхалімскі, як і на Беларусі. Радамскі адрас пачынаецца так: „Найясьнейшы цар, найміласьцівейшы кароль, найукаханы айцец, пан і дабрадзей наш". Яўрэйскія заможныя групы не адставалі ад шляхты. У адным з такіх адрасоў напісана так: „Польскае каралеўства чорна запляміла сябе перад абліччам тваім (разумеецца цар. У. І.) і ўсяго сьвету. Мы гардзімся расійскім імем і, як верныя сыны Расіі, прызнаем яе за адзіную і беспасрэдную нашу бацькаўшчыну, правамі і ўладаю якой імкнёмся быць кіраванымі". Поруч з ростам адрасоў зьмяншаюцца сродкі ў паўстанскай касе. У студзені 1864 году сродкі касы складаюць 2038 рублёў, у лютым яны зьмяншаюцца да 1227 рублёў, у сакавіку мы назіраем яшчэ большае падзеньне, лічбы, — толькі 152 рублі.

Зразумела, усё гэта не магло не абураць тыя элемэнты паўстаньня, якія асталіся на позыцыі далейшага працягу паўстаньня. Начальнік места Варшавы Вашкоўскі паставіў перад Траўгутам пытаньне аб неабходнасьці выдаць ад імя жонду дэкрэт, які-б асудзіў і забараніў падачу адрасоў. Траўгут адмовіўся зрабіць гэта, мотывуючы тым, што няма сэнсу выдаваць дэкрэты, ведаючы наперад, што яны ня будуць выкананы. Тады Вашкоўскі ад свайго імя, як начальнік места, выдаў спэцыяльную адозву, у якой ён заклікаў жыхароў як Варшавы, так і ўсёй Польшчы ўстрымацца ад падачы вернападданіцкіх адрасоў. Адозва Вашкоўскага ня мела ніякага ўплыву на падзеі. Наадварот, да адрасоў хутка далучыліся яшчэ банкеты, якія даваліся прадстаўнікамі польскай чыноўнай і нячыноўнай магнатэрыі на чэсьць расійскага царызму. Першы такі банкет быў даны ў канцы студзеня 1864 году прэзыдэнтам места Варшавы генэралам Віткоўскім у сувязі з падачай вернападданіцкага адрасу ад Варшавы. Хутка такія банкеты перакінуліся з Варшавы ў провінцыю. Земляўласьніцкая шляхта і прадстаўнікі прамыслова-гандлёвых колаў замест удзелу ў паўстаньні заняліся, як тады гаварылі ў опозыцыйных колах, „танцаваньнем на магіле бацькаўшчыны". Цікава, што згоднікі-танцоры лічылі зусім правільным зьявішчам тое, што яны „танцуюць" у імя сваіх клясава-эгоістычных інтарэсаў. У памфлеце,[265] падпісаным псэўдонімам „баронэсса Х. Y. Z.", гаворыцца: „Усім тым, хто нам рабіў закіды за гэтае „танцаваньне на магіле бацькаўшчыны", я-б параіла толькі, каб яны хоць на хвіліну ўвайшлі ў наша палажэньне. Колькі нас там было, кожная і кожны меў у тыя часы які - небудзь інтарэс да Намесьніка. Таму ішла справа аб звальненьні брата, іншай аб вызваленьні мужа, трэцяй аб вызваленьні каго-небудзь з прыяцеляў ці крэўных". У памфлеце пералічана толькі частка інтарэсаў земляўласьнікаў і прамыслоўцаў, але іх лёгка дапоўніць. Заможным групам жыхарства ў першую чаргу трэба было вызваліць „сваіх" ад адбыцьця вызначаных кар за ўдзел у паўстаньні, а потым уступіць у бясьпечнае ўладаньне сваімі маемасьцямі. Як тут не „ўвайсьці ўпалажэньне" баронэсы Х. У. Z. і іншых танцораў і адрасантаў!

Рух у бок царызму з боку буйной земляўласьніцкай шляхты і буйной буржуазіі павінен быў адбіцца на поглядах Траўгута і жонду. Не пакідаючы надзей на чужаземную інтэрвенцыю, як на аснову посьпеху паўстаньня, Траўгут пачынае „чырванець". Усё часьцей і часьцей у сваіх лістох і адозвах ён зьвяртае ўвагу на неабходнасьць уцягненьня ў паўстаньне „простага люду", без чаго паўстаньне будзе толькі вайсковай дэмонстрацыяй. Яшчэ праз нейкі час мы бачым, што чужаземную інтэрвэнцыю Траўгут пачынае лічыць не асновай, а дадаткам. Асноваю ён лічыць удзел у паўстаньні шырокіх сялянскіх мас. У сувязі з гэтым стаіць і яго плян рэорганізацыі партызанскіх аддзелаў у рэгулярную армію. Па думцы Траўгута, вясною з паўстаўшых сялян павінна быць утворана народнае апалчэньне (pospolite ruszenie), якое згрупуецца наўкола рэгулярнае арміі. Якасьць рэгулярнае арміі будзе злучана з колькасьцю народнага сялянскага апалчэньня, і гэта будзе асноваю посьпеху паўстаньня, на дапамогу якому, апроч таго, прыдзе чужаземная інтэрвэнцыя.

Пры існаваньні такога пляну трэба было ўжыць меры да ўцягненьня сялян у паўстаньне. У сувязі з гэтым 27 сьнежня 1863 году Траўгут выдае дэкрэт, у якім ён на аснове маніфэсту старога Цэнтральнага Народнага Камітэту, загадвае мясцовым паўстанскім уладам тужыць усе меры да вызваленьня і надзяленьня сялян зямлёю, не застанаўліваючыся нават перад рэпрэсіямі ў адносінах да земляўласьнікаў. Праз месяц дыктатар выдае другі дэкрэт, у якім усе грамадзяне заклікаюцца ў „паспалітае рушэньне", якое будзе організавана ў пачатку вясны 1864 году. Адначасна з гэтым Траўгут імкнецца наладзіць сувязі з рэволюцыйнымі коламі Заходняй Эўропы, якія значна звузіліся за апошнія часы. Супрацоўнікі Траўгута, белыя па сваіх перакананьнях, настроены проці гэтага імкненьня дыктатара, тым ня менш Траўгут настойвае на выкананьні сваёй думкі. Быў напісаны і перасланы адпаведны ліст да Гарыбальдзі, які адразу адгукнуўся на ліст. Ён пісаў аб неабходнасьці яднаньня рэволюцыйных сіл трох сёстраў—Польшчы, Вэнгрыі і Італіі—проці рэакцыйных сіл Аўстрыі і Расіі. Праз нейкі час была ўстаноўлена сувязь з вэнгерскім рэволюцыйным генэралам Юрам Кляпкаю, які дзейнічаў з часоў рэволюцыі 1848 году.

Усе гэтыя мерапрыемствы ня далі пажаданых вынікаў. Папершае, яны спазьніліся, падругое,—яны тармазіліся белымі супрацоўнікамі Траўгута -і самым Траўгутам. Да ўсяго гэтага трэба дадаць, што царскі ўрад узмацніў рэпрэсіі ў адносінах да паўстаньня. У выніку гэтых рэпрэсій быў арышт і пакараньне сьмерцю Траўгута. Поліцэйская „сьлежка” вырывала з шэрагаў народнага жонду больш актыўных яго членаў. Некаторыя з іх павінны былі ўцячы за граніцу. Сувязі з паасобнымі нацыянальнымі тэрыторыямі паўстаньня яшчэ раней спыніліся. Траўгут зносіўся з рэшткамі паўстанскае організацыі праз двух членаў жонду: М. Дубецкага і Ю. Яноўскага, якія засталіся яшчэ на працы. Поліцыі ўдалося прасачыць і арыштаваць Дубецкага, і Траўгут застаўся адзін. На другі дзень пасьля арышту Дубецкага, 11 красавіка 1864 году быў арыштаваны і Траўгут, якога выдалі пасаджаныя ў турму члены паўстанскае організацыі Пшыбыльскі і Мароўскі.

Такім чынам, Траўгут з арыштаванымі раней членамі жонду апынуўся ў цытадэлі. Распачалося сьледства пад кіраўніцтвам жандара Тухаль. Камісія пусьціла ў ход усе сродкі — біцьцё, холад і голад, — каб дабіцца прызнаньня. У выніку сьледзтва пяць асоб былі прызнаны членамі жонду. Гэта былі — старшыня жонду Траўгут і члены жонду Ян Езяранскі, Рафал Краеўскі, Юзэф Точынскі і Раман Жулінскі. Усе яны былі прысуджаны да кары сьмерцю праз павешаньне. Адначасна з гэтым быў вынесены сьмяротны прысуд яшчэ адзінаццаці асобам, як другарадным агентам жонду. Сярод іх былі М. Дубецкі, Б. Дыбоўскі, Р. Франкоўскі і іншыя. Вынясеньне гэтых 16 сьмяротных прысудаў зрабіла страшэннае ўражаньне на грамадзянства і нават самаму намесьніку здавалася залішне шматлічбавым. Намесьнік конфірмаваў толькі першых пяць сьмяротных прысудаў, а рэшту замяніў вечнымі катаржнымі работамі. Прысуд над Траўгатам і яго таварышамі быў выкананы 5 жніўня 1864 году ў Варшаўскай цытадэлі. Кара адбывалася публічна.

Сакратар жонду Траўгута Ю. Яноўскі пасьля арышту Траўгута павінен быў уцякаць за граніцу. Перад выездам усе докумэнты і пячаткі Жонду ён перадаў аднаму з працаўнікоў камісіі скарбу, Браніславу Бжэзінскаму, які належаў да чырвоных элемэнтаў жонду. Пасьля перагавораў з начальнікам места Варшавы Вашкоўскім быў сформаваны новы жонд, які ўжо быў апошнім у паўстаньні. Апроч Бжэзінскага і Вашкоўскага, у жонд увайшлі Станіслаў Кшэмінскі, Тэофіл Саецкі і Уладыслаў Келер. Фактычна ўся праца была ў руках Вашкоўскага. Жонд увайшоў у зносіны з заходня-эўропейскімі рэволюцыянэрамі. Сакратар Л. Мераслаўскага Ян Кужына быў назначаны галоўным поўнамоцным дырэктарам жонду за граніцай, што падкрэсьлівае чырвоны напрамак політыкі апошняга жонду.

Новы жонд мала чым ужо мог выявіць сваю чыннасьць. Пасьля пакараньня Траўгута з яго таварышамі была выпушчана ад імя начальніка места адозва, якая заклікала ўшанаваць памяць мучанікаў і ісьці на барацьбу па іх сьлядох. Адозва была надрукавана на добрай паперы і гаварыла сваім выглядам аб добрай друкарскай тэхніцы падпольля. Гэта вельмі занепакоіла поліцыю, якая лічыла, што паўстанцкая організацыя ўжо канчаткова заняпала. Праз нейкі час зьявілася яшчэ адна адозва, якая таксама была тэхнічна выканана вельмі добра. Адозва гаворыць аб тым, што польскі народ, ня гледзячы на цяжкія ўмовы жыцьця, не памёр, што ён будзе жыць далей і змагацца за сваю непадлегласьць. Жондам была праведзена рэформа ў паўстанчай організацыі ў бок большай яе консьпірацыі. Ніякіх матар'ялаў па соцыяльных пытаньнях апошні жонд паўстаньня нам не пакінуў.

Паўстаньне замірала. Шэрагі паўстанцаў з кожным днём радзелі. Белыя канчаткова перайшлі на бок царызму, чырвоныя ўжо ня мелі сілы. Бжэзінскі праваліўся і павінен быў уцячы за граніцу. Кшэмінскі, Саецкі і Келер не выяўлялі ніякай актыўнасьці. Не здаваўся адзін Вашкоўскі. Ён доўга хаваўся па розных кватэрах і ўрэшце знайшоў сабе прытулак у нейкім млыне на ваколіцы гораду, у вялікім кашы пад жорнамі. Тут ён жыў у невераемна цяжкіх умовах, укрываючыся на ноч старымі мяшкамі. У канцы сьнежня 1864 году Вашкоўскі павінен быў выйсьці ў горад па справах. Яму не пашанцавала, і ён папаўся ў рукі поліцыі. Седзячы ў турме, ён папаўся на провокацыю і распачаў перапіску з волею праз аднаго з наглядчыкаў турмы, які ўсе лісты Вашкоўскага перадаваў начальніку турмы Тухолцы. Гэтая перапіска выдала ў рукі поліцыі рэшткі паўстанскай організацыі. Суд прысудзіў Вашкоўскага да кары сьмерцю. Яна адбылася на валу Варшаўскай цытадэлі 17 лютага 1865 году. Гэта была апошняя кара сьмерцю, зьвязаная з паўстаньнем 1863 году.

Паўстаньне спынілася, царызм перамог. Асноўную прычыну няўдачы паўстаньня вельмі ясна формулавала Р. Люксембург. Яна пісала: „Сялянская рэформа з 1864 году паклала канец шляхецка-народным паўстаньням у Польшчы. Без сялянства шляхта не магла перамагчы расійскага ўраду. Але перамога над царызмам з дапамогаю сялян была абумоўлена адменаю паншчыны, як адзіным сродкам прыцягненьня сялянства да шляхецкага руху,—а пасьля гэтага найстрашнейшым экономічным паражэньнем шляхты, такім паражэньнем, якое політычную перамогу шляхты пазбавіла-б зьместу і зрабіла-б усю яе барацьбу бессэнсоўнай. Аб гэтую супярэчнасьць павінны былі разьбіцца шляхецкія паўстаньні. Гэтая процілегласьць паміж шляхтаю і сялянствам забясьпечыла расійскаму ўраду ролю tertii gaudentis (пераможцы), а таксама забясьпечыла магчымасьць трыманьня ў сваіх руках шляхты і паралізаваньня яе руху".[266]

Ня лічачы магчымым прызнаць паўстаньне 1863 году па свайму характару шляхецкім, мы, тым ня менш павінны прызнаць, што шляхта прыняла ў ім значны ўдзел. Яна адразу разьбілася на белую і чырвоную групы. Шляхта буйназемляўласьніцкая, капіталізаваная, разам з буйной буржуазіяй склала белую групу; шляхта дробная разам з дробнай буржуазіяй, рамесьнікамі і рабочымі склала чырвоную групу. Белыя адразу пачалі граць у паўстаньні контр-рэволюцыйную ролю. Чырвоныя па сваёй дробнабуржуазнай сутнасьці пайшлі на згоду з контр-рэволюцыяй, і дзякуючы гэтаму аграрная рэволюцыя правалілася. Праваліўся разам з ёю і масавы ўдзел сялянства ў паўстаньні. Пры такой умове царызму было лёгка справіцца з паўстаньнем. Такім чынам, клясавая політыка буйных земляўласьнікаў, стаўшы проці інтарэсаў сялянства, адыграла вялікую ролю ў правале паўстаньня.

Ю. Мархлеўскі так формулюе прычыну правалу паўстаньня 1863 году. „В помещичьей среде настроение было против восстания. Правда, молодежь шла к партизанам, но солидные отцы не верили в успех. Однако, после некоторого колебания представители шляхты решили вступить в повстанческий комитет. Мотивом было желание взять в свои руки вожжи, с целью противодействовать революционерам, стремившимся придать восстанию социальный характер революции. Таким образом, среди повстанцев возникли партии „красных" и „белых". Последние ставили своей целью поддержать восстание некоторое время, расчитывая на интервенцию европейских держав, особенно Наполеона III. Эта интервенция, по их мнению, должна была заставить царское правительство пойти на уступки в национальном вопросе. Из интервенции ничего не вышло. Партизаны, укрываясь в лесах, делали вылазки против русских гарнизонов, но силы их были ничтожны, и о развитии широкой военной активности не могло быть и речи“.[267] Як мы бачым, белыя ўвайшлі ў паўстаньне, каб утрымаць залішнія па іх думцы соцыяльныя імкненьні чырвоных. Паколькі яны тармазілі аграрную рэволюцыю, пастолькі яны адштурхвалі сялянства ў масе ад паўстаньня і падрыхтоўвалі яго правал.

Пасьля сялянскай „рэформы" 1864 году ў Польшчы значна разьвіваецца прамысловасьць. Пасьля паўстаньня буйная буржуазія ўвесь час настроена пазгодніцку ў адносінах да царскае Расіі, бо для яе прамысловых прадпрыемстваў патрэбен шырокі расійскі рынак. Незалежнасьць ёй не патрэбна, бо яна (незалежнасьць) праводзіць граніцу паміж Польшчай і Расіяй і першкаджае пашырэньню тавараў. Зямельная буржуазія падтрымлівае прамысловую буржуазію.

Уся гісторыя апошняга царскага пэрыоду паказвае, што польская прамысловая і зямельная буржуазія як у Польшчы, так і на Беларусі, Літве і Украіне зьяўляецца вернаю хаўрусьніцаю расійскага царызму. У 1897 годзе польская буржуазія ўрачыста вітала ў Варшаве прыехаўшага туды цара. Дмоўскі, прадстаўнік народнай дэмократыі, абяцае графу Віттэ падтрыманьне ў барацьбе царскага ўраду з рэволюцыйным рабочым рухам як у Польшчы, так і ў Расіі. Члены польскага Кола ўва ўсіх Думах падтрымліваюць царызм галасаваньнем за павялічэньне арміі і поліцыі. Толькі калі царызм быў зруйнаваны, калі на тэрыторыі былой царскай Расіі ўтварыліся рабочыя дзяржавы, польская буржуазія пастаралася ўтварыць, «незалежную Польшчу». Цікава, што гэтая буржуазная «незалежная» Польшча падтрымлівала расійскі царызм і пасьля яго сьмерці ў асобах Дзянікіна, Урангеля, Калчака і іншых. Яна падтрымлівае яго і сягодня ў асобе эмігранцкіх, белагвардзейскіх асколкаў, якія знаходзяць цёплы прытулак як у Польшчы, так і наогул у «дэмократычнай» Заходняй Эўропе.

  1. К. Маркс и Ф. Энгельс в эпоху немецкой революции (1848—1850). Очерки и статьи, собранные Ф. Мерингом. Под редакцией и с предисловнем Д. Рязанова. П. І. Г. Н. т. V. ГИЗ. М—Л., 1926 г., ст. 155—156.
  2. Ibidem, c. 33
  3. 3 Н. Ленин. Собр. сочиненнй, Т. XIX. ГИЗ. 1921 г., ст. 132.
  4. Падпольны часопіс „Ruch”, 1862 г. №10.
  5. Ч. Ясинский. К вопросу о классовой сущности польского восстания 1863 г. Тезисы для доклада в Ком. Академии. Рукопись, ст. 5.
  6. ”Trybuna Radziecka”, 1928 г., І, V. №14 (51), ст. 6
  7. Н. Ленин. Собр. сочинений. Т. XIX. ГИЗ. 1921 г., ст. 132.
  8. Рязанов Д. Очерки по истории марксизма. Москва. 1923, ст. 636.
  9. Ibidem, ст. 628.
  10. Ч. Ясинский. Еще один источник правых уклонов. „Бальшавік Беларусі”. 1928 г., кн. ІХ, стар. 48.
  11. Ч. Ясінскі. Ibidem, ст. 49
  12. М. Покровский. Русская история в самом сжатом очерке. Ч. І и ІІ. ГИЗ 1922 г., ст. 130—1
  13. Н. Ленин. Собрание сочинений. 1921 г. ГИЗ. Т. XIX, ст. 132
  14. Ibidem, ст. 132.
  15. Ibidem 1925 г. T.IV, ст. 225
  16. Н. Ленин. Собрание сочинений. ГИЗ. Изд. I, Т. XII, ч. 1., ст. 99.
  17. „Колокол". 1866 г. № 220.
  18. „Пролетарская Рэволюция". 1926 г. № 7 (54). Бакунин перед саксонской следственной Комиссией, ст. 162-163.
  19. „Красный Архив". 1926 г. Т. I (XIV). Ю. Стеклов. Бакунин в 40-е годы, ст. 73
  20. „Красный Архив". 1927- г. Т. 111 (XXII). Записка А. Н. Пыпина по делу Н. Чернышевского. Вступит, статья и примечания Ю. Стеклова, ст. 233—234.
  21. Д. Рязанов. Очерки по истории марксизма. Москва. 1923 г., ст. 607.
  22. A. W. Znowu nacjonal-bolszewizm. „ТгуЬ. Radz.“.1928 г., 25, III. № 13 (50), ст4.
  23. Н. Ленин. Собрание сочинений. ГИЗ. Изд. 1925 г. Т. IV, ст. 223.
  24. Ibidem, ст. 224.
  25. Д. Рязанов. Оч. по ист. марксизма, ст. 612.
  26. W. Gumplowicz. Socjalizm i sprawa polska, ст. 4.
  27. К. Маркс и Ф. Энгельс в эпоху немецкой революции (1848—1850). Очерки и статьи, собранные Ф. Мерингом. Под ред. Д. Рязанова. ГИЗ. 1926 г., стр. 182.
  28. К. Маркс и Ф. Энгельс. Сочинения. Под ред. Д. Рязанова. Т. V. Ин-т Маркса и Энгельса. 1929 г., стр. 263.
  29. К. Маркс и Ф. Энгельс. Сочинения 1929 г. Т. V, ст. 264, 265.
  30. К. Маркс и Ф. Энгельс. Коммунистический Манифест. Введение и пояснения Д. Рязанова. ГИЗ. 1929 г., ст. 54.
  31. К. Маркс i Ф. Энгельс, Письма. Изд. 3-е переработанное. Перевод, редакция и примечания В. В. Адоратского. Изд. П. i.r.H .T.V „Моcк. Рабочий". 1928 г., ст. 47—8.
  32. Ibidem, ст. 289.
  33. Ibidem, ст. 274, 275.
  34. Н. Ленин. Собрание сочинений. Изд. I, Т. IV, ст. 221—229.
  35. Ibidem, ст. 225.
  36. Ibidem, ст. 225.
  37. Н. Ленин. Собрание сочинений. ГИЗ 1921 г. Т. XIX, ст. 97 -151 .
  38. Ibidem, ст. 131—2.
  39. Ibidem, ст. 132.
  40. М. Покровский, Русская история в сжатом очерке. Ч. I и II. ГИЗ. 1922 г., ст. 84.
  41. В. И. Пичета. История крестьянских волнений в России. Минск. 1923 г., ст. 82.
  42. М. В. Довнар - Запольский. Народное хозяйство Белору_сссии.(1861—1914 гг.) Изд. Госплана БССР. Минск. 1926, ст. 6, 22.
  43. Курс белоруссоведения. Лекции, В. И. Пичета. История белорусского народа. Москва. 1918—20 г. г., ст. 57-58.
  44. М. Покровский. Русск. ист. в сжат. очерке. Ч. I и II, ст. 117-118.
  45. Ibidem, ст. 98, 99, 100.
  46. Z. L. S. Historya dwoch lat. T. I. Krakow. 1892. Ст. 140.
  47. Z. Kowalewska. Obrazki Minskie. 1850—1863. Wilno, 1912, ст. 71 - 2 .
  48. Ibidem, ст. 73—4.
  49. M. Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Выд. IV. Менск. 1926 г., ст. 140.
  50. I. Grabiec. Rok 1863. Wyd. II. Pozпап. 1922, ст. 27.
  51. M. Гарэцкі. Гісторыя Белар. лiтapaтуры, ст. 140.
  52. Prof. Mikolaj Berg. Zapiski о polskich spiskach i powstaniach. T. I, Warszawa. П. I. Г. H. т. V . 1911 r. Ks. IV, ст. 21. .
  53. J. Grabiec. Rok 1863. Wyd. IV. Poznаn.-1922, ст. 63.
  54. Исследования в Царстве Польском по высочайшему повелению, произведенные под руководством сенатара Милютина. 1863 г. T. I. Предложения об устройстве крестьян и сельских гмин. СПБ. Об устройстве крестьянского быта в Царстве Польском, ст. 27.
  55. Z L. S. Historya dwoch lat 1861— 1862. Т. II. Krakow. 1893, ст. 295.
  56. Сборник документов музея графа М. Н. Муравьева. Т. I. Вільня, 1906 г. Предисловие, ст. 39-40.
  57. Сборник документов музея графа М. Н. Муравьева. Т I . Предисловие, ст. 43.
  58. Z. L. S. Historya dwoch lat. Т. ІІ. Krakow 1893, ст. 454.
  59. Ibid., ст. 454-5.
  60. Сборник документов музея гр .М . Н. М уравьева. Т. I. Вильна, 1906 г., док. 147, П. I. Г. Н. т. V. ст. 156.
  61. Ibidem, док. 145, ст. 154-5.
  62. Записки генерал-майора Мейера. Подготовка к польскому мятежу в Минской губернии в 1861 году. Ред. Скрынченко. Минск, ст. 50.
  63. Pamietniki J. Gieysztora z lat 1857-1865. Т. I. Wilno, 1913, ст. 110.
  64. Ibidem, ст. 112.
  65. A. Giller. Historya powstania narodu polskiego. T. II, cт. 365.
  66. Сборник документов музея гр. М. Н. Муравьева. Т. I, док. № 5, ст. 7—16.
  67. Ibidem, докумэнт № 20, ст. 130-131.
  68. Ibidem, докумэнт № 197, ст. 192
  69. Сборник документов музея гр. М. Н. Муравьева. Т. I. Вильна. 1906, док. № 198, ст. 192.
  70. Ibidem, ст. 193.
  71. Ibidem, док. 100, ст. 96.
  72. Z. L. S. Historyi dwóch lat. Т. III, ст. 158.
  73. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865. Т. I Wilno. 1913, ст. 128.
  74. Ibidem, ст. 137.
  75. Записки поляка о 1863 годе. Извлечение из труда Ст. Козьмяна „Rzecz roku 1863“. Trzy tomy. Kraków, 1896. Рус. Стар. 1898 г. Т. 94, кн. II, ст. 559.
  76. М. И. Покровский. Русская история с древнейших времен. Т. IV. Изд. V. ГИЗ Ленинград. 1924, ст, 160.
  77. Ibidem, ст. 162
  78. М. Н. Покровский. Ibidem, cт. 153.
  79. Н. В. Гогель. Иосафат Огрызко и петербургскнй революционный жонд в деле польского мятежа. Вильна. 1867, ст. 86.
  80. Так Украіна названа ў тэксьце Гогеля.
  81. Pamietniki Jakoba Gieysztora z lat 1857—1865. Т. І. Wilno. 1913 г., st. 168. П. t. Г. Н. т. V.
  82. А. А. Сидоров. Польское восстание 1863 г. Истор. очерк. СПБ. 1903 г. ст. 148.
  83. Н. В. Гогель. Иосафат Огрызко и Петербургский революционный жонд в деле польского мятежа. Вильна, 1867 г. ст. 100.
  84. I. Grabiec – Rok 1863 Wyd. II Poznan. 1922, ст. 167-7
  85. Pamietniki M.M. Murawiewa “Wieszatiela” 1863-1865, tlomaczone z oryginalu rosyjskiego przez I.Cz. z przedmowa St. Tarnowskiego. Wyd. III W Krakowie. 1902, ст. 60
  86. I.R. Janowskiego, b. Czlonka I sekretarza rzadu narodowego w powstaniu 1863-4 r., Pamietniki o powstaniu styczniowem. T. I. Stycz. – maj 1863 r. Lwow. 1923, ст. 8, 20, 21.
  87. Prof. Mikolaj Berg. Zapiski o polskich spiskach I powstaniach. Przeklad z rosyjskiego. T. I. Warszawa. 1911 r. Ksiega VI, ст. 87-88
  88. Prof. M. Berg. Op. cit., T. I, ks. VI, стр. 87-88. П. t. Г. Н. Т. V
  89. Z. L. S. Historya dwoch lat. 1861-1862; T. V. W Krakowie. 1896, ст. 315
  90. „Полымя", 1929 г., кн. ІХ і ХІ-ХІІ.
  91. Pamietniki Jakoba Gieysztora z lat 1857-65. T. II. 1913. Wilno, ст. 92
  92. J.K. Janowskiego Pamietniki o powstaniu styczniowem. T. I. Styczen – maj 1863. Lwow. 1923, ст. 425.
  93. Ibid., 426
  94. Записки Оскара Авейды о польском восстании 1863 года. Ч. IV. Варшава. Тип. Шт. Варш. Воен. Округа. 1866. ст. 32
  95. Касіньеры — гэта паўстанцы, узброеныя дапасаванымі да бою косамі. Касіньеры звычайна складаліся з беднай засьцянковай шляхты, сялян і іншых неза можных соцыяльных груп, якія ня мелі лепшай зброі, чым каса.
  96. Граф И. Г. Ностиц. Из воспоминаний о польск. восст. 1863 г. М. 1900 г., ст. 6, 8.
  97. Н. Имеретинский. Воспоминания о графе М. Н. Муравьёве. Исторический Вестник. 1892 г. Т. 50., ст. 600—635. П. І. Г. Н. т. V.
  98. Родны брат Ю. К. Яноўскага, аўтара ўспамінаў.
  99. О. Авейде. Записки о польском восстании 1863 г., ст. 11.
  100. О. Авейде. Записки о польском восстании 1863 г., ст. 18, 23.
  101. Dzieje 1863 roku, przez autora “Historyi dwoch lat”. T. III. Krakow. 1902, стар. 32
  102. М. Лангевіч агаласіў дыктатуру 11-га сакавіка 1863 г.
  103. О. Авэйдэ. Записки о польском восстании 1863 г., ст. 72-73
  104. Н. В. Гогель. Иосафат Огрызко и Петербургский революционный жонд в деле последнего мятежа. Вильна. 1867 год, ст. 21-22
  105. Zofja-Kowalewska. Ze wspomnieri w ygnanca. Wilno. 1911 г., ст. 219 i далей.
  106. С. Райковский. Польская молодежь западного края в мятеже 1861—3 годов. Русский Вестник Т. 83, стр. 656.
  107. М. Н. Муравьев. Записки об управлении Северо-Западным краем и об усмирении в нем мятежа: „Русская старина". 1882 г. Т. XI, ст. 392.
  108. Ibid., ст. 391
  109. С.С. Орлицкий. Уголок восстания 1863 года. "Истор. Вест." 1902 г., Т. 90, ст. 58
  110. Степан Кулеша. Горы-Горецкая катастрофа, 22-23, IV, 1863 гада. Воспоминания очевидца. „Русская Старина", 1883 г. кн. IX, ст. 613.
  111. Дэталі Гары-Гарэцкіх падзей гл. Цытовіч С. „1863 г. у Горы-Горках“. „Працы кл. Гісторыі БАН“ т. III. Менск 1929 г., ст. 217—340 і карта.
  112. Pamietniki М. M.Murawjewa „Wieszatiela". 1863—1865 z przedmowa St. Тагnowskiego. Wyd. III. W Krakowie. 1902, ст. 59.
  113. Н. Имеретинский. Воспоминания о гр. М. Н. Муравьеве, Исторический Вестник 1892 года, т. 50, ст. 614—615.
  114. А. Стороженко. Ксендз Мацкевич, предводитель шайки мятежников. Вильна. 1866 г., ст. 19.
  115. А. Стороженко. Ор. сit., ст. 19
  116. Ibidem, ст. 21
  117. Ibidem, ст. 4
  118. Ibidem, ст. 21
  119. Ibidem, ст. 20
  120. Jerzy Laskarys. Wyprawa Sierakowskiego. W Dreznie. Zesz. I
  121. И. П. Корнилов. Воспоминания о польском мятеже 1863 года в Северо-Западном крае. (По рассказам ген.-адьютан. Гонецкого) СПБ. 1900 г., ст. 17.
  122. J. Grabiec. Rok 1863. Poznan. 1922, ст. 252
  123. Rok 1863 na Minszczynie. Materialy archiwum wydzialu III kancelarji cesarskiej. Zebr. i opr. J. Witkowski, O. Janiewicz i L. Lech. Інстытут Беларускай Культуры, Польскі Аддзел. Менск. 1927, ст. 18.
  124. Eugeniusz Kowalewski. Wspomnienia z przeszlosci. Przyczynek do historji powstania styczniowego na Litwe. Wilna. Nakladem Dziennika Wilenskiego. 1907, ст. 26-27, 47
  125. Rок 1863 na Minszczynie. Ст. 39
  126. Выпісы з докумэнтаў 3-га аддзяленьня, зробленыя т-шом Віткоўскім, Віленская губ., перахоўваюцца ў БАН.
  127. Rok 1863 пna Minszczynie. Ст. 28-29.
  128. M. Dubiecki. Romuald Traugutt i jego dyktatura pod czas powstania styczniowego. Krakow. 1907, ст. 63
  129. Выпісы з докумэнтаў ІІІ аддзяленьня царскай канцэлярыі аб Магілеўшчыне ў 1863 г., зробленыя І. Віткоўскім. Захоўваюцца ў БАН
  130. Такія самыя выпісы аб Віленшчыне
  131. Па номэнклятуры Лосева - Беларусь
  132. Prof. Mikolaj Berg. Zapiski o polskich spiskach i powstaniach. T. II. Warszawa. 1911. Кніга IX, стар. 65-66
  133. Дневник гр. Петра Александровича Валуева. Рус. Ст. 1891 г., кн. 10, ст. 148.
  134. Prof. M. Berg. Op. cit. T. II. ks. IX, ст. 70
  135. "Русская Старина". Т. XXXVI, ст. 406
  136. Dzieje 1863 roku. T. III. Krakow. 1902, ст. 171-2
  137. Сборник распоряжений гр. М.Н. Муравьева по усмирению польского мятежа в северо-западных губерниях 1863-1864 г. Сост. Н. Цылов. Вільна, 1866 г. ст. 179-181
  138. Moskiewskie na Litwie rzady w 1863-1869 r. Dalszy niejako ciag czarnej ksiegi. Krakow. 1869, ст. 81
  139. Сборник распоряжений гр. Мих. Ник. Муравьева по усмирению польского мятежа в северо-западных губерниях 1863-1864 г.г. Сост. Н. Цылов. Вильна. 1866 г. Циркуляр от 23 сентября 1863 г., ст. 57
  140. Сборник распоряжений гр. Муравьева, ст. 61
  141. Dwadziescia piec lat Rosyi w Polsce (1863-1888). Zarys historyczny. Lwow. 1892, ст. 44
  142. J. Grabiec. Rok 1863. Wyd. II. Poznan. 1922, ст. 345
  143. Moskiewskie na Litwie rzady. 1863-1869. Przez autora „Powiesci o Horozanie". Krakow. 1869, ст. 135
  144. Rok 1863 na Minszczynie. ІБК. Менск. 1927, ст. 71
  145. Сборник распоряжений Муравьева, стр. 295
  146. Ibidem, стр. 296
  147. Ibidem, стр. 200-201
  148. Записки гр. М. Н. Муравьева, поданные на имя царя. Руск. Архив, 1885 г. Кн. II. Записка от 14 мая 1864 года, ст. 188.
  149. Ibidem, стр. 188.
  150. Сборник распоряжений гр.Муравьева, ст. 203.
  151. Сборник распоряжений гр. Муравьева, стр. 111.
  152. Prof. М. Berg. Op cit. Т. II. Warszawa. 1911. Ks. IX, ст. 77.
  153. Rok 1863 па Miriszczyznie. Выд. ІБК. Менск. 1927, ст. 151—5.
  154. М. Н. Муравьев. Записки об упралении Северо-западным краем и об усмирении в нем мятежа. „Русская Старина", 1883 г. Т. ІІ., стар. 303—4.
  155. Аўтар разумее Беларусь і Літву.
  156. А. Н. Миловидов. Заслуги М. Н. Муравьева для православной церкви в Северо-западном крае. Виленский Календарь за 1901 г., стар. 240.
  157. С. Шолкович. Сборник статей, раз'ясняющих польское дело по отношению к Западной России. Вып. II. Вильна 1885 г., ст. 315.
  158. М. Н. Муравьев. Записки об управлении. (Дакладная назва вышэй). "Русская Старина", 1883 год, T. II, стар. 304.
  159. С. Шолкович. Сборник статей. (Дакладная назвавышэй). Выпуск II., стар. 337.
  160. Dzieje 1863 roku. Przez autora „His toryi dwoch lat“. T. III. Krakow. 1902, стар. 186— 187.
  161. М. Н. Муравьев. Записки об управ­лении. Русская Старина, 1883 г. Т. 1, ст. 158.
  162. Отчет графа М. Н. Муравьева по управлению Северо-Западным краем. С 1-го мая 1863 года по 17-е апреля 1865 г.
  163. Сборник распоряжений гр. М. Н. Муравьева по усмирению польского мятежа в Северо-Западных губерниях. 1863-1864 г.г. Составил Н. Цылов, Вильна.. 1866 г., ст. 148.
  164. Проф. П. Жукович. О русском землевладении в Северо - Западном крае. Петербург. 1895 г., ст. 23, 28
  165. А. П. Владимирова. О русском землевладении в Северо - Западном крае. Москва. 1897 г., ст. 21—22, 38
  166. И. П. Корнилов. Русское дело в Северо-Западном крае. Письмо И.Делянову 17. VIII. 1867. ст. 146.
  167. Зборник „Памяти Муравьева", ст. 5.
  168. М. Н. Муравьев. Записки об управлении. Русская Старина. 1883 г. Т. ІІ, ст. 303
  169. Докладная записка М. Н. Муравьева от 14 мая 1864 года. „Русский Архив". 1885 х. Кн. ІІ, ст. 189.
  170. А. И. Миловидов. Памяти Н. П. Корнилова. Вильна. 1911 г , ст. 16.
  171. Свод законов, изд. 1893 г. Т. XI, ч.І, ст. 2382.
  172. Сборник документов М.Н. Муравьева. Т. I. Составил А. Белецкий. Издание общества ревнителей русского исторического просвещения. Вильна. 1906 г., ст. 146
  173. С. Шолкович. Сборник статей, разъясняющих польское дело по отношению к Западной России. Выпуск 1. Вильна. 1885 г. Артыкул Каткова
  174. Leon Wasiliewski. Kresy Wschodnie. Warszawa. 1917, ст. 66
  175. Исследования в Царстве Польском, по высочайшему повелению пронзведенные под руководством сенатора Милютина. 1863 год. Т. II. Материалы по делу об устройстве крестьян и сельских гмин. Петербург. Четвертое приложение. Мятежнические воззвания. Док. № 6, ст. 87.
  176. Ibidem. Документ № 8, ст. 88
  177. Там-жа. Документ № 9, ст. 89.
  178. Prof. M. Berg. Zapiski o polskich spiskach i powstaniach. Warszawa. 1911 r. Т. ІІ. Ks. ІХ, ст. 12—13.
  179. Записки О. Авейде. Т. IV., ст. 52
  180. Ibidem, ст. 53
  181. J. Grabiec. Rok 1863. Wyd. II. Poznan. 1922, ст. 251
  182. Записки О. Авейде. Ч. IV, ст. 70.
  183. Stanislaw Kozmian. Rok 1863. T. I. Warszawa. 1903, ст. 212
  184. J.K. Janowskiego. Pamietniki o powstaniu styczniowem. T. II. Warszawa. 1925, ст. 163
  185. Извлечение из показаний политического преступника Карла Маевского, относящихся до последнего польского восстания 1863 г. Варшава 1866 г., ст. 43.
  186. Записки О. Авейде. Ч. IV, ст. 71.
  187. Ibidem, ст. 79
  188. J.K. Janowskiego. Pamietniki... 1925, ст. 153
  189. Записки Оскара Авейде. Ч. IV, ст. 71-74.
  190. Записки Оскара Авейде. Ч. IV, ст. 76.
  191. Ibidem. стр. 74
  192. Pamietniki Gieysztora Jacoba z lat 1857-1865. T. II. Wilno. 1913, ст. 38,40
  193. В. Ратч. Сведения о польском мятеже в Сев.-Зап. России. Т. III, ст. 229
  194. Prof. Mikolaj Berg. Zapiski... Warszawa. 1911. T. II. Ks. IX, ст. 126
  195. Pamietniki Gieysztora... T. II. ст. 62-66
  196. Записки О.Авейде. Т. IV. ст. 187-188.
  197. Pamietniki Gieysztora... T. II. ст. 51
  198. J. K. Janowskiego Pamietniki... T. II, ст. 166
  199. И. Н. Пономарев. Воспоминания о польском мятеже 1863 года. Исторический Вестник. 1897 г. Т. 70, ст. 149.
  200. А. Ягмин. Воспоминания польского повстанца 1863 года. Исторический Вестник. Т. 50, ст. 115-116.
  201. Pametniki Gieysztora, Т. II, ст. 126.
  202. И. Н. Пономарев. Воспоминания о польском мятеже 1863 года. Исторический Вестник. 1897 г. Т. 70, ст. 149.
  203. Rok 1863 na Minszczynie. Выданьне польскага Аддзелу Інстытуту Беларускае Культуры. Віткоўскі, Яневіч і Лех. 1927 г. Менск, ст. 73, 159—194.
  204. Докумэнты аб 1863 годзе, сабраныя т-шом Віткоўскім, Магілёўская губэрня.
  205. Сборник документов музея М. Н. Муравьёва т. І. Составил Белецкий, издание общества ревнителей русского исторического просвещения. Вильно. 1906 г. Док. №139, ст. 149
  206. З збору докумэнтаў т. Віткоўскага. Дело о выражении верноподданнических чувств жителями Витебской губернии
  207. Сборник распоряжений гр. М. Н Муравьёва по усмирению польскаго мятежа в северо-западных губерніях 1863—1864. Сост. Н. Цылов. Вильна. 1866 г., ст, 77.
  208. В.Ратч. Сведения о польском мятеже в Северо-Западной России. Вильно. т. ІII, ст. 245.
  209. Прысуд па справе К. Каліноўскага ў далейшым тэксьце кніжкі, з ласкавага дазволу т. Віткоўскага, будзе надрукаваны.
  210. Pamietniki J. Gieysztora... T. I, ст. 221-222
  211. Ibid., ст. 235
  212. J. K. Janowskiego Pamietniki o powstaniu styczniowem. T. I, ст. 426-427: T. II, ст. 115
  213. Dzieje 1863 roku; Przez autora "Historyi dwoch lat". Tom trzeci. Krakow. 1902, ст. 4-5
  214. В. Ратч. Сведения о польском мятеже в Северо-Зададной России. Вильно. 1867 г. Том III, ст. 144.
  215. Там-жа, ст. 181
  216. Там-жа, ст. 181
  217. Maryan Dubiecki. Romuald Traugut i jego dyktatura podczac powstania styczniowego. 1863-1864. Krakow. 1907, ст. 102
  218. Записки Оскара Авейде. Ч. IV, ст. 230
  219. Dzieje 1863 roku. Przez autora "Historyi dwoch lat" (Walerego Przyborowskiego). Tom piaty. Wydat. H. Moscicki. Krakow. ст. 120
  220. J. Grabiec. Rok 1863. Wyd. II, ст. 292-293
  221. Prof. M. Berg. Zapiski... Warszawa. T. II. Ks. IX, ст. 127
  222. Там-жа, Ks. IX, ст. 126-127
  223. Bibliografia drukow, dotyczacych powstania styczniowego 1863-1865 r. Zebral i opracowal Janusz Gasiorowski. Warszawa. 1923. Wojskowy Instytut naukowo-wydawniczy, №2178, ст. 187
  224. Dzieje 1863 roku, Przez autora... Tom piaty, ст. 121
  225. Збор докумэнтаў т-ша Я. Віткоўскага. Папка: „О беспорядках в царстве Польском и в Западных губерниях. Общие сведения по Могилевской губернии“.
  226. Moskiewskie na Litwie rzady 1863-1869. Dzlszy niejako ciag czarnej ksiegi przez autora "Powiesci o Horozanie". Krakow, 1869, ст. 227-266
  227. М. Дарманоўскі ў жандарскіх данясеньнях называецца яшчэ Людвікам Сухадольскім. Мілевіч у Я. Гейштора называецца Мілевічам, у Пшыбароўскага Міловічам, у Авэйдэ — Мілевічам.
  228. Pamietniki Gieysztora Jakoba... T. II, ст. 132
  229. Dzieje 1863 roku. Przez... Walerego Przyborowskiego. Tom piaty, ст. 120
  230. Я. Гейштор у сваіх запісках (Т. ІІ, ст. 259) памылкова лічыць, што В. Ўрублеўскі пакінуў Беларусь 15 жніўня.
  231. I. K. Janowskiego. Pamietniki... Т. ІІ, ст. 195
  232. Збор докумэнтаў т-ша Я. Віткоўскага. Папка: „О беспорядках в Царстве Польском и в Западных губерниях. Общие сведения по Гродненской губернии".
  233. Eugeniusz Kowalewski. Wspomnienie z przeszlosci. Przyczynek do historyi powstania styczniowego na Litwie. Wilno. 1907 г.
  234. Інстытут Беларускай Культуры. Польскі Аддзел. Rok 1863 na Minszczynie. Zebr. i opr. I. Witkowski, O. Janiewicz i L. Lech. Менск., 1927 г., ст. 43.
  235. Ibidem, ст. 42
  236. Zofia Kowalewska. Ze wspomnien wygnanca. Wilna. 1911 r., ст. 17
  237. Ibidem, ст. 15
  238. Ibidem, ст. 20
  239. Інбелкульт. Польскі Аддзел. 1863 год на Меншчыне..., ст. 43
  240. Збор докумэнтаў т-ша Я. Віткоўскага. Папка: „О беспорядках в Царстве Польском и в Западных губерниях. Общие сведения по Витебской губернии“.
  241. А. Стороженко. Ксёндз Мацкевіч, предводитель шайки мятежников. Внльна. 1866 г., ст.15.
  242. А. Стороженко. Ксёндз Мацкевіч, предводитель шайки мятежников. Внльна. 1866 г., ст.24.
  243. Н. Имеретинский. Воспоминания о графе М. Н. Муравьеве. Исторический вестник. 1892 г. Том 50, ст. 634-35.
  244. П. Д. Брянцев. Польский мятеж 1863 года. Вильна. 1892 г., ст. 220.
  245. Rok 1863 na Minszczynie. Witkowski, Janiewicz i Lech. Менск, 1927, ст. 92
  246. Ibidem, ст. 98
  247. А. Н. Мосолов. Виленские очерки. 1863—1865 г.(Муравьевское время). С.-Петербург. 1898 г., ст. 125-26.
  248. А.Н. Мосолов. Виленские очерки, ст. 126-7
  249. Русский Архив. 1895 г. № 1. И. Митропольский. Повстание в Гродне в 1863-4 г. г., ст. 138.
  250. Русская Старина. 1882 год. № XI. М. Н. Муравьев. Записки об управлении Сев.-Западным краем и об усмирении в нем мятежа, ст. 414.
  251. Русская Старина. 1883 год. № IV. Граф М. Н. Муравьев, ст. 208.
  252. К. Чуковский. Поэт и палач. (Некрасов и Муравьев). Петербург. Изд. „Эпоха". 1922 г., ст. 8-9.
  253. Ibidem, ст. 11.
  254. „Московские Ведомости". 1866 год 20 апреля.
  255. К. Чуковский. Поэт и палач. Петербург. 1922, ст. 11.
  256. „Колокол". 1866 год. № 220.
  257. K. Чуковский. Поэт и палач, ст. 4.
  258. а) Русская Старина 1883 г. Т. III, 621. б) Л. Тихомиров. Варшава и Вильна, в 1863 году. 1897 г. Оттиск из 281 номера Московских Ведомостей за 1897 г. в) Dwadziescia piec lat Rosij w Polsce. (1863-1888). Zarys historyczny. Przedruk z „Ekonomisty Polskiego". Lwow. 1892. ст. 57.
  259. Русская Старина. 1883 г. № IV. Н. В. Берг. К запискам Муравьева, ст. 228
  260. J. Grabiec. Rol 1863. Wyd. II. Poznan. 1922, ст. 307-308
  261. Stanislaw Kozmian. Rok. 1863. Т. І. Warszawa. 1903, ст. 226
  262. Prof. Mikolaj Berg. Zapiski... Warszawa, 1911. Tom ІІ. Кs. Х, ст. 109.
  263. Dzieje 1863 roku, przez... W. РrzуЬогоwskiego. Krakow. 1919. Т. V, ст. 243—244
  264. Ibidem, ст. 252-253
  265. J. Grabiec. Rok 1863. Wyd. II. Poznan. 1922, ст. 325
  266. Roza Luksemburg. Krok za krokem. Prszyczynek do historyi klas burzuazyjnych w Polsce. Z przedmowa S. Bobinskiego. Wyd. "Trybuna". Moskwa - Kijow - Smolensk 1921 r.
  267. Ю. Мархлевский. Из истории Польши. Москва. Госиздат. 1925, ст. 31.