Перайсці да зместу

1863 год на Беларусі (1930)/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Развал Віленскага белага Аддзелу, новы яго склад і здрада белых Устанаўленьне дыктатуры К. Каліноўскага
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Падзеі ў часы дыктатуры К. Каліноўскага

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




УСТАНАЎЛЕНЬНЕ ДЫКТАТУРЫ К. КАЛІНОЎСКАГА.

Як мы ўжо зазначылі раней, пасьля арышту Я. Гейштора, з пачатку жніўня 1863 году, кіраўніцтва паўстаньнем на Беларусі і Літве перайшло выключна ў рукі крайных чырвоных. Больш левыя элемэнты з белых ці былі забіты ў бойках, ці сядзелі ў турмах, ці знаходзіліся ў выгнаньні. Што датычыць наогул белых, яны цяпер здрадзілі паўстаньню і стараліся ўсімі сіламі давесьці перад Мураўёвым і царскім урадам сваю поўную лояльнасьць і адданасьць царызму. Становішча чырвоных было вельмі цяжкое: ім цяпер трэба было змагацца на два фронты: ня толькі з царскім урадам, але і з сваімі белымі супольнікамі. Гэтая барацьба патрабавала ня толькі цьвёрдасьці і самаафярнасьці, але і поўнай концэнтрацыі ўсіх паўстанскіх сіл. Старая колегіяльная форма кіраўніцтва паўстаньнем цяпер не магла задаволіць. Узьнікла думка аб дыктатуры, якая поўнасьцю была падтрымана ўсімі сябрамі Камітэту. На Беларусі і Літве, дзякуючы асабліва цяжкім умовам барацьбы, дыктатура, такім чынам, зьявілася раней, чымсі ў Польшчы. Розьніца дыктатуры на Беларусі ад дыктатуры ў Польшчы была ў тым, што дыктатура на Беларусі была чырвоная, што залежала ад абставін паўстаньня. Дыктатарам паўстаньня на Беларусі і Літве быў прызнаны К. Каліноўскі. Старая форма камітэту юрыдычна, праўда, заставалася, але фактычна ўсё кіраўніцтва паўстаньнем было ў руках дыктатара. Так было ў свой час і ў Польшчы, калі там была ўтворана дыктатура Р. Траўгута.

У свой час мы ўжо каротка спыняліся на жыцьцярысу і характарыстыцы К. Каліноўскага. Цяпер да гэтага мы толькі дадамо некаторыя з характарыстык, даных К. Каліноўскаму як яго сучасьнікамі, так і некаторымі аўтарамі літаратуры аб паўстаньні. Усе характарыстыкі, будучы ў дэталях часта непадобнымі адна да другой, у цэлым даюць тым ня менш даволі колёрытны малюнак гэтага выдатнага рэволюцыянэра свайго часу.

Часовы ваенна-палявы аўдыторыят, выносячы сьмяротны прысуд па справе падсуднага, К. Каліноўскага, — „находит, что еще в начале раскрытия действий революционной организации в г. Вильне, по показаниям некаторых из лиц, исполнявших преступныя должности, обнаружено, что одним из самых преданных делу восстания и наиболее деятельных его руководителей в здешнем крае был студент С.-Петербурского университета Калиновский“. Далей, аўдыторыят пералічвае ўсе „злачынствы“ падсуднага на працягу ўсяго часу паўстаньня і адзначае, што — „Всё это сделано было Калиновским, как он сам признал, по его собственному усмотрению, а не вследствие приказаний из Варшавы, открыть сообщников своих, несмотря на неоднократные убеждения, подсудимый Калиновский отказался“. На аснове вышэйпаданага, „Полевой Аудиториат причисляет подсудимаго Калиновскаго, как члена революционной организации и впоследствии сасмостоятельного распорядителя в течении нескольких месяцев восстанием во всем Литовском крае, к первой категории преступников, поименованных в Высочайше утвержденных 11 мая 1863 года правилах о порядке наложения взыскания на мятежников“.[1] Прысуд, такім чынам, падкрэсьлівае адданасьць К. Каліноўскага рэволюцыі і яго галоўнае кіраўніцтва паўстаньнем на Беларусі, прычым гэтае кіраўніцтва вялося па яго ўласнай ініцыятыве, а не з Варшавы.

Я. Гейштар, які добра ведаў Каліноўскага асабіста і, будучы яго політычным супраціўнікам, тым ня менш нейкі час працаваў разам з ім, вельмі часта ў сваіх успамінах піша аб К. Каліноўскім. Мы падамо толькі самыя характэрныя з яго слоў. „З К. Каліноўскім я пазнаёміўся ўжо пасьля пачатку паўстаньня ў Францішка Далеўскага. Гэта была натура бурная, але простая і шчырая. Гэта быў чалавек, душою і сэрцам адданы простаму люду і бацькаўшчыне, прасякнуты крайнімі тэорыямі, прытым літоўскі сэпаратысты (пад Літвою разумеецца Літва і Беларусь. У. І.), на словах крыважэрны дэмагог. Ён быў непараўнаным, узоравым консьпіратарам, душою Камітэту, дасканалаю рукою пры выкананьні тых распараджэньняў, якія ён сам падзяляў. Ён меў замала адукацыі, апрача таго, яго адзначаў брак шырокага політычнага кругавіду і поўнае нязнаньне людзей. Пры першым знаёмстве са мною ён даводзіў, што ўдзел шляхты і памешчыкаў у паўстаньні ня толькі не патрэбен, але і шкадлівы. Сам просты люд заваюе сабе волю і тады ён напомніць панам аб уласнасьці. Як ласку, ён дазваляў шляхце станавіцца ў шэрагі паўстаньня, але не ў сваіх паветах, а там, дзе іх ня ведаюць… Гэты чалавек бязумоўна быў самаю выдатнаю фігураю Камітэту“.[2] Крыху далей Я. Гейштар піша: „Каліноўскі да канца заставаўся крайнім і ня мог падняцца да беспартыйнасьці“.[3] Гейштар, такім чынам, адзначае дзьве асноўныя рысы К. Каліноўскага — а) крайнасьць яго соцыяльнай програмы і б) „сэпаратыстычныя“ беларускія тэндэнцыі. І тое, і другое Гейштору вельмі не падабаецца. Ён называе гэтыя рысы „політычнай вузасьцю, адсутнасьцю беспартыйнасьці і сэпаратызмам“. Магчыма, што Гейштор мала памыляецца, калі называе яго занадта даверлівым да людзей. Нам вядома, што аддаў Каліноўскага ў рукі Мураўёва Парфіяновіч, якому Каліноўскі давяраў. Зьвяртаюць на сябе ўвагу словы Я. Гейштора — „на словах крыважэрны дэмагог“. У гэтых словах ёсьць шмат праўды. Дэвізы крайніх чырвоных таго часу (Мераслаўскага, Каліноўскага) сапраўды формулююцца вельмі моцна, куды мацней ува ўсякім выпадку, чым гавораць факты. Калі меркаваць па словах і дэвізах чырвоных, у тым ліку і К. Каліноўскага, то нам здаецца, што гэта былі непрымірымыя, рашучыя барацьбіты. На справе выходзіць іначай. У вельмі асноўных пытаньнях яны ідуць на згоду з белымі і працуюць разам з імі. Праўда, гэты факт не касуе розьніцы паміж чырвонымі, асабліва крайнімі, і белымі ў цэлым.

Юзэф Каэтан Яноўскі, сакратар Варшаўскага Жонду некалькіх зьмен, таксама часта гаворыць аб К. Каліноўскім. Мы падаем з яго ўспамінаў[4] толькі два самых характэрных выняткі. У першым томе сваіх успамінаў ён піша аб К. Каліноўскім ніжэйпаданае: „Будучае вызваленьне сваёй бацькаўшчыны яны {чырвоныя на Літве і Беларусі. У. І) бачылі толькі ў палепшаньні долі простага люду і туды яны несьлі патрыятычную пропаганду. Самаю выдатнаю асобаю ў гэтым напрамку быў Константы Каліноўскі. Быў ён адным з дабрароднейшых тагачасных барацьбітоў Літвы, адукаваным, чыстым, поўным самаафярнасьці, розуму і энэргіі. Ён абходзіў пеша Літву і Беларусь, нясучы ў просты люд агонь замілаваньня да бацькаўшчыны. Для магчымасьці больш блізкай сувязі з простым людам ён, ня гледзячы на сваю унівэрсытэцкую адукацыю, сеў на пасаду валаснога пісара. Ён не хацеў мець ніякіх адносін да шляхты, а абапіраўся толькі на народ. Суадносіны Літвы да Польшчы ён разумеў толькі як фэдэрацыйныя, з поўнай незалежнасьцю Літвы. Ён зусім не прызнаваў улады Варшаўскага Цэнтральнага Камітэту і не хацеў адтуль прымаць ніякіх загадаў і прапаноў. На гэтым грунце вынікалі непаразуменьні ў Віленскім Камітэце, бо некаторыя з яго членаў гэтых поглядаў Каліноўскага не падзялялі“. Далей, у другім томе сваіх успамінаў Ю. К. Яноўскі піша так: „Канстанты Каліноўскі — адзін з мацнейшых розумаў, які выявіла Польшча ў гэты час, чалавек, адданы душою і целам думцы вызваленьня народу, сапраўдны апостал беларускага народу, сапраўдны волат паўстаньня 1863 году“. Як мы бачым з гэтых двух выняткаў, Яноўскі, ня гледзячы на свае прынцыповыя разыходжаньні з Каліноўскім, у вельмі дадатных рысах малюе фігуру чырвонага дыктатара Беларусі, называючы яго разам з тым „адным з мацнейшых розумаў Польшчы“. Апошнія словы будуць для нас зразумелымі, калі мы прымем пад увагу, што Яноўскі ўсе землі былой Рэчы Паспалітай, як Беларусь, Літву і Украіну, лічыць часткамі адзінай паўстаўшай Польшчы. У агульных рысах характарыстыка Каліноўскага, зробленая Яноўскім, супадае з характарыстыкай, якую дае Я. Гейштор. Разыходзяцца яны ў адным дробным пункце. Яноўскі лічыць Каліноўскага чалавекам адукаваным у той час як Гейштор гавораць, што Каліноўскі „меў замала адукацыі“. Калі прыняць пад ўвагу, што Каліноўскі скончыў унівэрсытэт, што ў бытнасьць сваю студэнтам ён удзельнічаў у рэволюцыйных гурткох яго часу, то нам трэба прызнаць, што Яноўскі бліжэй да праўды.

Шмат гаворыць аб Кастусю Каліноўскім і аўтар „Historyi dwoch lat“ В. Пшыбароўскі. Мы возьмем з яго прац некалькі выняткаў.[5] „У часы паўстаньня найвыдатнейшаю асобаю ў Літоўскім Камітэце быў Каліноўскі. Крайні чырвоны, з дэмагогічнаю падаплёкаю, прыхільнік соцыяльнага перавароту, ён быў бясспрэчна чыстым чалавекам, з вялікай энэргіяй і нязломным характарам… Ужо ў Пецярбургу, як студэнт унівэрсытэту, ён належаў да ўсіх рэволюцыйных гурткоў, якія паўставалі на працягу некалькіх год у сталіцы… Ён ня верыў у паўстаньне, якое распачынала, рабіла і якім кіравала шляхта, а даводзіў, што толькі „сялянскія плечы“ змогуць падняць Польшчу і Літву“. Дзякуючы гэтаму, гаворыць далей В. Пшыбароўскі, К. Каліноўскі пайшоў хадзіць па Літве і Беларусі, па сялянскіх хатах і сеяў сярод сялянства зерні рэволюцыі. Ён не пераставаў увесь час гаварыць, што „сякера паўстанца не павінна затрымлівацца нават над калыскаю шляхецкага дзіцяняці“. З герцэнаўскага „Колокола“ Каліноўскі ўзяў фэдэрацыйную тэорыю і прыстасаваў яе да Літвы і Беларусі. „Згодна яго думак, Літва разам з Польшчай павінна дабівацца непадлегласьці, змагацца за вызваленьне ад чужога захопу, але разам з тым зрабіцца асобнай адзінкай, незалежнай ад Польшчы і зьвязанай з ёю толькі фэдэрацыйна. На аснове гэтай тэорыі, уваходзячы ў склад Літоўскага Камітэту, Каліноўскі не хацеў прымаць ніякіх загадаў з Варшавы, хацеў, каб гэты Камітэт урадаваў і кіраваў паўстаньнем самастойна і ў адносінах да Народнага Жонду займаў становішча ўлады роўнай і нікому непадлеглай. „Ня можна“, гаварыў ён „паверыць будучыну Літвы той дурной кумцы Варшаве“. Гэтая тэорыя Каліноўскага, якую ён агалашаў шчыра і адчынена, выклікала ў Літоўскім Камітэце шмат спрэчак і разыходжаньняў.

Трэба прыняць пад увагу, што В. Пшыбароўскі па сваіх перакананьнях належыць да крайняй правай часткі белых, да групы Велепольскага. Зразумела, ён вельмі незадаволены „дэмагогічнаю падаплёкаю“ крайняй соцыяльнай програмы Каліноўскага. Аўтар, асуджаючы таксама і „сэпаратызм“ Каліноўскага, стараецца паказаць, што Каліноўскі зусім не хацеў мець ніякай сувязі з Варшаваю. У гэтым аўтар нават супярычыць сам сабе. То В. Пшыбароўскі гаворыць, што па тэорыі Каліноўскага „Літва разам з Польшчаю павінна дабівацца непадлегласьці“, то заяўляе, што на основе сваёй тэорыі „Каліноўскі не хацеў прымаць ніякіх загадаў з Варшавы“ і называў Варшаву „дурною кумкаю“.

Гаворыць аб Каліноўскім і прыхільнік Мураўёўскай сыстэмы В. Ратч. Пададзім з яго працы некалькі выняткаў. „Калиновский, захватив полное преобладание в Литовском красном Комитете (справа ідзе аб канцы 1862 году. У. І.) настаивал на образовании организации из крестьян, дабы с ожидаемым к весне 1863 года мятежом в Польше открыть свой мятеж в Северо-Западном крае по образцу проектируемого Герценом для великорусских губерний“.[6] Далей, вызначаючы склад сяброў Віленскага Камітэту, Ратч гаворыць: „Калиновский, кандидат Петербурского университета, из Петербурского кружка, противник Зверждовского, сын шляхтича-ткача из-под Свислочи Гродненской губернии, сторонник Герценовской славянской федерации. Он понимал дело мятежа в таком смысле, что „топор не должен останавливаться даже над колыбелью шляхетского ребенка“ и что „такой бестолковой башке, как, Варшава, нельзя вверять будущую судьбу Литвы“.[7] Яшчэ ніжэй В. Ратч гаворыць, што Каліноўскі цэлы год хадзіў па вёсках і шынкох. Ён ставіў сваёю мэтаю раздаць усю панскую зямельную ўласнасьць сялянам і з земляробскіх колаў скласьці організацыю. Ён вызначыць з дробнай шляхты і з сялян здольных людзей, якія змогуць узяць паноў у рукі. Усю зямлю трэба аддаць сялянам і вырваць у белых усе магчымасьці граць якую-небудзь ролю.[8] Калі выключыць з выняткаў В. Ратча спэцыфічныя для расійскага чорнасотніка выразы і настроі, то сэнс гэтых выняткаў вельмі падобны да таго, што гавораць аб Каліноўскім і ранейшыя аўтары.

Мы падалі выняткі аб К. Каліноўскім з розных аўтараў, што належаць часта да зусім процілеглых сьветапоглядаў. Тым ня менш мы знаходзім у іх шмат такога, у чым яны сходзяцца. На аснове вышэйпаказаных выняткаў і фактычных матар‘ялаў мы можам зрабіць некаторыя вывады адносна асобы К. Каліноўскага. а) К. Каліноўскі належаў да крайняй чырвонай групы паўстаньня 1863 году на Беларусі. Ён ідэю паўстаньня злучаў з ідэяй аграрнай рэволюцыі. б) Робячы паўстаньне разам з Польшчаю проці царскай Расіі, ён разам з тым быў „сэпаратыстам“ і ў адносінах да Польшчы. Гэты „сэпаратызм“, магчыма, перавялічаны некаторымі аўтарамі, прыхільнікамі „адзінай і непадзельнай“ Польшчы базаваўся на фэдэралістычнай Герцэнаўскай тэорыі. Дакладна вызначыць яго вельмі цяжка, бо ён нідзе дакладна не формуляваны. Трэба думаць, што „незалежніцтва“ К. Каліноўскага вымагала асобага віду аўтаноміі для Беларусі ў фэдэрацыйнай Рэчы Паспалітай Польскай. в) Па сваіх асабістых якасьцях гэта быў энэргічны, здольны, бясстрашны і пасьлядоўны рэволюцыянэр чырвонай групы паўстаньня.

Гаворачы ўсё гэта, трэба добра памятаць, што К. Каліноўскі быў рэволюцыянэрам дробнабуржуазнай рэволюцыі, быў рэволюцыянэрам дробнабуржуазнага тыпу. Адсюль выцякаюць і яго адмоўныя якасьці: палавінчатасьць, нерашучасьць, згодніцтва ў адносінах да прадстаўнікоў буйной буржуазіі і буйназемляўласьніцкай шляхты, якія ўтварылі белую, па сутнасьці контр-рэволюцыйную, організацыю паўстаньня. Цэлы шэраг учынкаў К. Каліноўскага сьведчыць аб гэтым. Ён згаджаецца працаваць пад кіраўніцтвам белых у якасьці камісара Горадзеншчыны; працуе ў Аддзеле-Камітэце разам з белымі; будучы ўжо чырвоным дыктатарам, ён і тады не парывае з белымі, даючы ім дапамогу, што паміж іншым, як пабачым далей, і было прычынаю яго правалу і г. д. Справа ў К. Каліноўскага часта разыходзілася з словамі і дэвізамі, вось чаму Гейштор правільна адзначыў, што Каліноўскі быў „на словах крыважэрны дэмагог“.

Цяпер мы пераходзім да апісаньня далейшых падзей. У другой палавіне ліпня Народны Жонд Маеўскага, каб наладзіць узаемаадносіны з Вільняю, ухваліў паслаць туды эмісара для перагавораў. У Вільні, як мы ведаем, кіраваў Аддзел-Камітэт, у якім галоўную ролю гралі ўжо чырвоныя на чале з Каліноўскім. У якасьці эмісара з Варшавы па сваёй уласнай ахвоце паехаў у Вільню Лявон Главацкі. Сваёй місіі пасланы камісар ня выканаў, як мы ўжо адзначалі вышэй. У давяршэньне ўсіх бед Л. Главацкі ня вынес мураўёўскага тэрору. Нявымоўна цяжкія абставіны паўстанскай працы на Беларусі і Літве зрабілі такое прыгнятаючае ўражаньне на прыехаўшага эмісара, што ён праз два-тры дні побыту ў Вільні захварэў нэрвова. З вялікімі цяжкасьцямі ўдалося Віленскаму Камітэту пераправіць хворага назад у Варшаву. У Варшаве Главацкі нават ня мог зрабіць справаздачы Народнаму Жонду, бо ён быў ужо ненормальны. „Мысьль яго згасла назаўсёды. Пасьля гэтага ён жыў яшчэ каля дваццаці год, але розум яго ўжо не паправіўся“.[9]

Гэтая няўдача ня спыніла стараньняў Варшаўскага Народнага Жонду зьвязацца з Вільняю. Член жонду, Оскар Авэйдэ заявіў аб сваім жаданьні ехаць у Вільню ў якасьці камісара замест Дюлёрана. Ён спасылаўся на тое, што ў Вільні ён меў шырокія сувязі з рэволюцыйнымі коламі, апроч таго, ён быў у блізкіх адносінах з Кастусём Каліноўскім, які быў яго таварышом па Пецярбурскаму унівэрсытэту. Народны Жонд прыняў гэтую прапанову і паслаў О. Авэйдэ ў Вільню ў якасьці свайго поўнамоцнага камісара. Авэйдэ атрымаў даволі добры пашпарт на імя гандлёвага камісіянэра Людвіка Шмідта. Каб яшчэ больш замясьці сьляды, у падпольных газэтах было надрукавана, што Оскар Авэйдэ загінуў у аднэй бойцы паўстанцаў з расійцамі, і ў сувязі з гэтым быў нават зьмешчаны яго падрабязны нэкралёг.

О. Авэйдэ прыехаў у Вільню ў апошніх лічбах ліпня па старому стылю. Ён ня мог ня прызнаць, што паўстанская справа на Беларусі і Літве знаходзілася ў вельмі цяжкім становішчы. Земляўласьніцкая шляхта ўжо распачала свой масавы здрадніцкі паход да царскага трону. Мураўёўскі тэрор пустошыў шэрагі паўстанцаў, якія яшчэ трымаліся. Нормальныя зносіны з Варшаваю былі амаль што зусім немагчымы. Вельмі цяжка было падтрымліваць зносіны і з паасобнымі мясцовасьямі Беларусі і Літвы. Прыток сродкаў на паўстаньне, дзякуючы адыходу ад яго заможных груп жыхарства, значна зьменшыўся. К прыезду Авэйдэ ў касе Віленскага Камітэту было грошы каля 6.000 рублёў. Прадстаўнікі паўстанскага ўраду на Беларусі і Літве, у тым ліку і сам К. Каліноўскі, маглі падтрымліваць сваё існаваньне, толькі дзякуючы таму, што пастаянна мянялі свае імёны і кватэры. Шмат энэргіі і працы прыходзілася траціць на сваё самазахаваньне, што, зразумела, ускладняла організацыйную і масавую паўстанскую працу як у цэнтры, так і на мясцох.

Авэйдэ распачаў перагаворы з К. Каліноўскім. Ён адразу зазначыў, што Народны Жонд у Варшаве прыцягнуў Дюлёрана да адказнасьці, што ён, Авэйдэ, хоча наладзіць нормальныя ўзаемаадносіны Вільні з Варшаваю. Перагаворы бязумоўна абцяжаліся тым, што Авэйдэ быў прадстаўніком так званага ліпнёвага жонду, програма якога была белаю, у той час як програма Каліноўскага была крайня-чырвонаю. Абцяжаліся перагаворы і фактычнымі прычынамі. Якраз у гэты час адбыўся замах на забойства Дамэйкі. Работа поліцэйскага вышуку і тэрор так узрасьлі, што вельмі цяжка было наладжваць спатканьні для перагавораў. Тым ня менш перагаворы ішлі, дзякуючы асабістым якасьцям як Авэйдэ, так і Каліноўскага, якія былі добрымі консьпіратарамі, апроч таго, ішлі на ўступкі адзін другому. Авэйдэ, паміж іншым, павінен быў прызнаць памылку Варшаўскага Народнага Жонду, што ён падтрымліваў на Беларусі і Літве шляхецкі Белы Аддзел.

Авэйдэ свой побыт у Вільні апісвае наступнымі рысамі. „Таким образом, я остался один с верным, никогда не ослабевавшим Константином Калиновским, на развалинах вдребезги разбитой организации. Что-же оставалось делать? Мы придумывали разные способы: сперва хотели образовать Литовский Отдел в Варшаве, оставив, на время в Вильне только одного комиссара; потом, когда этот первый проект был признан неудобоисполнимым, мы пробовали образовать новый Отдел в Вильне и, совершенно притихнув на несколько недель, формировать втихомолку новую городскую организацию. Кандидатами этого нового Отдела были — я, Калиновские и некто Милевич, человек без всяких способностей, приглашенный из Гродненской губернии. Однако-же все усилия возродить погибшее не повели ни к какому результату. Мы уже не могли ни пополнить своего состава, ни отыскать кандидата в начальники города, не говоря уже о прочем. Чтобы об‘яснить положенне дел в Вильне, скажу только, что иногда мы могли иметь заседания только на протестантском кладбище“.[10]

Перагаворы паміж Каліноўскім і Авэйдэ В. Пшыбароўскі апісвае так.[11] „Урэшце самыя зносіны з Каліноўскім былі злучаны з мноствам перашкод і небясьпек. Бачыліся яны адзін з другім рэдка, патаемна, звычайна на лютаранскіх могілках. На гэтых спатканьнях, якія адбываліся сярод магіл, што кідалі як-бы пануры цень на іх смутныя размовы, яны складалі розныя проекты, але ўсе яны не ўдаваліся… У канцы канцоў Каліноўскі ўступіў, згадзіўся на назву Літоўскага Аддзелу, які павінен быў існаваць і працаваць нібы пад вярхоўнаю ўладаю Народнага Жонду, але ён адразу захоўваў для сябе вельмі шырокую аўтаномію. Гэты Аддзел павінен быў складацца з абодвух братоў Каліноўскіх, Кастуся і Юзэфа, былога афіцэра расійскіх інжынэрных войск, з нейкага Міловіча з Горадні і з самога Авэйдэ. Але гэта былі толькі багатыя мары“.

Выняткі з Авэйдэ і Пшыбароўскага дапаўняюць адзін другога. У вынятку з Пшыбароўскага трэба зьвярнуць увагу на наступнае. Віленскі Аддзел павінен быў на аснове дагавору існаваць „нібы“ пад уладаю Варшаўскага Жонду. Гэтае „нібы“ абмяжоўвае сабою вярхоўную ўладу Цэнтральнага Жонду ў адносінах да Беларусі і Літвы. Такое абмежаваньне ўлады Варшаўскага Жонду стаіць у поўнай сувязі з далейшым зьместам дагавору, што Каліноўскі пакідаў для Беларусі і Літвы „вельмі шырокую аўтаномію“. Такім чынам, магчыма думаць, што ў аснове дагавору паміж і Варшаваю і Вільняю ляжаў герцэнаўскі фэдэралістычны прынцып, прыхільнікам якога быў у свае часы чырвоны Варшаўскі Цэнтральны Камітэт і ў бягучы момант — К. Каліноўскі. Адсюль мы можам зрабіць вывад, што не Каліноўскі зрабіў уступкі ў бок поглядаў сучаснага белага Варшаўскага Жонду, як зазначае Валеры Пшыбароўскі, а, наадварот, хутчэй Авэйдэ зрабіў уступкі Каліноўскаму. Магчыма, што Народны Жонд і не зацьвердзіў-бы дагавору, які быў складзены яго поўнамоцным камісарам Авэйдэ, бо ён быў правейшы за свайго камісара, але абставіны злажыліся так, што Авэйдэ ня змог паслаць на зацьверджаньне ў Варшаву складзенага дагавору. Апроч таго, трэба адзначыць, што і гэты незацьверджаны дагавор застаўся толькі на паперы. Не дарма В. Пшыбароўскі зазначыў, што ўмовы дагавору былі толькі марамі. Тое самае зазначаюць у сваіх працах Грабец[12] і Бэрг[13].

А падзеі далей разьвінуліся вельмі няўдала для Авэйдэ. Аб іх дэтальна апавядае М. Бэрг[14] і іншыя аўтары.

Авэйдэ зьявіўся ў Вільню, як мы зазначылі раней, вельмі добра законсьпіраваны. Дзякуючы таму, што ён добра ведаў нямецкую мову, яго нямецкая фамілія — Шмідт — не выклікала ні ў каго з адміністрацыі і староньняй публікі ніякага сумненьня. Апроч таго, поліцыя і жандармэрыя лічыла немцаў наогул больш-менш добранадзейным элемэнтам. Перафарбаваныя ў чорную фарбу сьветлыя валасы рабілі яго зусім не падобным да паўстанца Авэйдэ нават і для тых, хто яго ведаў раней. Публікацыя аб сьмерці Авэйдэ яшчэ больш дапамагала бясьпечна існаваць немцу Шмідту, гандлёваму камівояжэру. Каб яшчэ лепш законсьпіравацца, ён асабліва ў першыя часы хадзіў па буйных магазынах, прапануючы сваю працу, як беспрацоўны. Усё гэта садзейнічала таму, што ён бяз усякіх асаблівых цяжкасьцяй пражыў у Вільні больш тыдня, не зьвяртаючы на сябе ўвагі поліцыі.

У сувязі з замахам на Дамэйку ў Вільні часта адбываліся пошукі і арышты асоб, прыехаўшых з Варшавы, бо поліцыя лічыла, што замах быў зроблены адным з жандараў-кінжальшчыкаў з Варшавы. Быў зусім выпадкова арыштаваны і Авэйдэ, як прыехаўшы з Варшавы. Авэйдэ трымаў сябе ў турме вельмі добра, докумэнты яго ня выклікалі ніякага сумненьня, нямецкая мова Авэйдэ супадала з яго нацыянальнасьцю па пашпарту. Сьледчая камісія, разабраўшыся ў докумэнтах арыштаванага і апрасіўшы яго, не знайшла нічога падазронага і зрабіла прадстаўленьне генэрал-губэрнатару аб вызваленьні арыштаванага. Мураўёў, верны свайму звычаю, налажыў рэзолюцыю, каб арыштаванага яшчэ патрымаць у турме на ўсякі выпадак. За гэты час у Авэйдэ пачалі адрастаць валасы; і тут выкрылася, што валасы былі афарбаваны. Гэта прымеціў генэрал Лебедзеў, які прыехаў з Пецярбургу для агляду становішча політычных вязьняў у Вільні. Аб заўважаным ён далажыў Мураўёву. Распачалося новае сьледзтва па ўсіх правілах мураўёўскай сыстэмы. Сьледзтва прывяло да выкрыцьця запраўднага прозьвішча Авэйдэ. Сьледчая Камісія абвясьціла Авэйдэ, што ён будзе прысуджаны да шыбеніцы. З другога боку Камісія запэўняла Авэйдэ, што ён будзе памілаваны, калі зробіць „шчырае“ прызнаньне. Прыёмы Мураўёўскага сьледзтва і турма зрабілі сваю справу, і паўстанец-рэволюцыянэр зрабіўся здраднікам.

Яшчэ седзячы ў турме ў Вільні, О. Авэйдэ пачаў пісаць сваё прызнаньне. Усяго ён напісаў тут (у расійскай мове) адзінаццаць аркушаў прызнаньняў. Пасьля гэтага Авэйдэ перавезьлі ў Варшаву і пасадзілі ў цытадэль, дзе ён больш году прасядзеў у вядомым Х павільёне. Раней ён маўчаў і чытаў біблію, а потым у 1865 годзе зноў пачаў пісаць свае прызнаньні, якія выкрылі ўсё, што было патаемным у паўстаньні. Намесьнік царства Польскага загадаў аднаму з жандарскіх афіцэраў пералажыць гэтыя прызнаньні на расійскую мову і прывесьці ў парадак. У 1866 годзе прызнаньні Авэйдэ былі надрукаваны ў друкарні Штабу Варшаўскага вайсковага округу. Запіскі складаюць вялікую друкаваную працу ў чатырох частках, памерам каля тысячы старонак. Што датычыць тыражу „Запісак“, то ён быў вельмі абмежаваны. Проф. М. Бэрг і В. Пшыбароўскі называюць 30 экзэмпляраў, а Я. Гонсяроўскі[15] называе 40 экзэмпляраў. Малы тыраж кніжкі тлумачыцца тым, што „Запіскі“ былі прызначаны не для публічнага карыстаньня, а для мэтаў вышуку і для інформацыі высокапастаўленых асоб. Зразумела, цяпер „Запіскі“ Авэйдэ зьяўляюцца бібліографічнай рэдкасьцю. У свае часы прызнаньні Авэйдэ і іншых паўстанцаў, як напрыклад вядомага нам К. Маеўскага, далі магчымасьць царскаму ўраду выкрыць як паасобных рэволюцыянэраў, так і цэлыя паўстанскія організацыі і накіраваць на іх усю моц рэпрэсій.

О. Авэйдэ згодна ўмовы быў памілаваны і высланы ў выгнаньне ў Вятку. Тут ён яшчэ доўга пражыў (памёр у 1900 годзе), займаючыся адвакацкаю практыкаю. Цікава, як ён тлумачыў сваю здраду. Пшыбароўскі піша[16] аб гэтым так. „Авэйдэ, якога адведалі калісь у Вятцы паўстанцы, што варочаліся на бацькаўшчыну з сібірскага выгнаньня, і пыталіся, чаму ён скончыў так ганебна сваё жыцьцё, якое раней было такім самаафярным, адказаў што зрабіў гэта дзякуючы патрыятызму, каб выкараніць усе змовы, якія пэрыодычна залівалі край крывёю“. Адказ у поўнай меры годны здрадніка.

У Варшаве Народны Жонд доўга ня ведаў аб тым, што зрабілася з Авэйдэ. Каб даведацца аб выніках перагавораў свайго поўнамоцнага камісара з Віленскім Камітэтам, у Вільню быў пасланы ў якасьці эмісара паўстанец Завэль Розэнталь. Праз некалькі дзён ён вярнуўся з сумнымі весткамі аб арышце Авэйдэ. Здаецца на гэтым зносіны паміж Варшаваю і Вільняю спыніліся. Каліноўскі пасьля арышту Авэйды і яго здрады павінен быў думаць не аб тым, каб выконваць дагавор, які ён склаў з Авэйдэ, а аб тым, каб яшчэ лепш законсьпіравацца і ня быць выданым у рукі царскага ўраду незаяўленым здраднікам. Новы Народны Жонд у Варшаве, што ўтварыўся ў верасьні 1863 году і прагнуўся правесьці ў жыцьцё чырвоную програму, на жаль кіраваў паўстаньнем нядоўга. Апроч таго, жондавыя ўрадоўцы, якія ў большасьці сваёй спачувалі беламу жонду Маеўскага не хацелі працаваць з чырвоным жондам і наладзілі свайго роду саботаж. Усё гэта не дало магчымасьці Варшаўскаму Чырвонаму Народнаму Жонду ўстанавіць сувязі з чырвонаю дыктатураю Беларусі і Літвы. Тэрор, які быў на Беларусі і які ўзмацніўся ў адносінах да паўстаньня ў Польшчы з канца верасьня (па новаму стылю) таксама прашкаджаў узаемным зносінам чырвонай Варшавы з чырвонаю Вільняю. Беларусь і Літва павінны былі дзейнічаць зусім самастойна, без падтрыманьня з боку польскага паўстаньня.


  1. Прысуд па справе К. Каліноўскага ў далейшым тэксьце кніжкі, з ласкавага дазволу т. Віткоўскага, будзе надрукаваны.
  2. Pamietniki J. Gieysztora… T. I, ст. 221-222
  3. Ibid., ст. 235
  4. J. K. Janowskiego Pamietniki o powstaniu styczniowem. T. I, ст. 426-427; T. II, ст. 115
  5. Dzieje 1863 roku; Przez autora „Historyi dwoch lat“. Tom trzeci. Krakow. 1902, ст. 4-5
  6. В. Ратч. Сведения о польском мятеже в Северо-Зададной России. Вильно. 1867 г. Том III, ст. 144.
  7. Там-жа, ст. 181
  8. Там-жа, ст. 181
  9. Maryan Dubiecki. Romuald Traugut i jego dyktatura podczac powstania styczniowego. 1863-1864. Kraków. 1907, ст. 102
  10. Записки Оскара Авейде. Ч. IV, ст. 230
  11. Dzieje 1863 roku. Przez autora „Historyi dwoch lat“ (Walerego Przyborowskiego). Tom piaty. Wydat. H. Moscicki. Krakow. ст. 120
  12. J. Grabiec. Rok 1863. Wyd. II, ст. 292-293
  13. Prof. M. Berg. Zapiski… Warszawa. T. II. Ks. IX, ст. 127
  14. Там-жа, Ks. IX, ст. 126-127
  15. Bibliografia drukow, dotyczacych powstania styczniowego 1863-1865 r. Zebral i opracowal Janusz Gasiorowski. Warszawa. 1923. Wojskowy Instytut naukowo-wydawniczy, №2178, ст. 187
  16. Dzieje 1863 roku, Przez autora… Tom piaty, ст. 121