Перайсці да зместу

1863 год на Беларусі (1930)/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сялянскі рух на Беларусі Маніфэстацыі на Беларусі ў жніўні 1861 году
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Організацыя Кола і Дырэкцыі ў Польшчы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МАНІФЭСТАЦЫІ НА БЕЛАРУСІ Ў ЖНІЎНІ 1861 ГОДУ.

У той час як у вёсках хваляваліся сяляне, у гарадох адбываліся ўсякага роду дэманстрацыі і маніфэстацыі. Асабліва яны ажывіліся ў жніўні 1861 г. У гэтым месяцы адбыліся дзьве самыя буйныя маніфэстацыі ў Вільні; яны перакінуліся і ў іншыя гарады Беларусі. Днямі гэтых маніфэстацый былі 12-е і 18-е жніўня.

У пачатку жніўня пачала пашырацца на Беларусі выданая ў Варшаве проклямацыя. Яна вызначала, што 12, VIII, 1569 году ў Любліне адбылася унія Польшчы з Літвой і Беларусьсю і заклікала ўсіх сьвяткаваць гэты дзень, каб паказаць усяму сьвету, што палякі, літвіны і беларусы зьяўляюцца дзецьмі адной сям‘і, грамадзянамі аднае дзяржавы белага арла і пагоні. Урачыстасьць еднасьці народаў, якія складалі старую Польшчу, павінна адбыцца на ўсёй тэрыторыі былай Рэчы Паспалітай. Сэнс проклямацыі і сьвяткаваньня гадавіны Люблінскай уніі для нас ясны. Сьвяткаваньне гэтай гадавіны, як на Беларусі, так і ў іншых краінах былой Польшчы павінна было паказаць усяму сьвету, што Беларусь, Літва і Украіна хочуць быць не пад двухгаловым арлом Расіі, а пад белым арлом Польшчы.

Распачалася шырокая падрыхтоўка да сьвяткаваньня, організацыю якога найчасьцей брала на сябе земляўласьніцкая шляхта. У падрыхоўцы прымалі ўдзел і чырвоныя колы. Організатарам удалося наладзіць сьвяткаваньне ў многіх гарадох і мястэчках Беларусі, ня гледзячы на тое, што поліцыя даведалася аб гэтым і намагалася сарваць дэмонстрацыйнае сьвята.

У Вільні 12 жніўня адбылося ўрачыстае набажэнства ў касьцёле Яна. Публіка запоўніла касьцёл да адказу. Лік прысутных даходзіў да 3000 чалавек. Публіка складалася з шляхты, урадоўцаў, вучнёўскай моладзі і рамесьнікаў. На ўсіх былі патрыятычныя адзнакі, жэтоны і эмблемы. Усе жанчыны былі апрануты ў белыя вопраткі, бо жалоба па айчыне на гэты ўрачысты дзень была скасавана. Публіка сьпявала рэволюцыйныя патрыятычныя гімны. Пасьля дзённага набажэнства ўсе спакойна разышліся, каб зноў сабрацца ўвечары. А шостай гадзіне ўвечары вялікі натоўп сабраўся каля Вострай Брамы. Лік сабраўшыхся даходзіў да некалькіх тысяч. Зноў пачалі сьпяваць забароненыя сьпевы. „Пасьля сканчэньня сьпеву агіднага гімну перад абразом маткі боскай, шляхцічы Дзісенскага павету Гайдамовіч і Юхневіч закрычалі: „паны-браты, запрашаем вас на Бельмонт“. Пасьля гэтага ўвесь народ накіраваўся туды, дзе сабралася да 5.000 чалавек“.[1] На Бельмонце прысутныя разьбіліся на дзьве вялікія групы. Адна група складалася, так сказаць, з „чыстай“ публікі — шляхты, урадоўцаў і вучнёўскай моладзі. Другая група складалася з мяшчан, рамесьнікаў і падгародных сялян. Зразумела, паміж гэтым групамі ў імя „еднасьці станаў“ былі ўтвораны „дэмократычныя“ ўзаемаадносіны. Прадстаўнікі першай групы зьнісходзілі да ўдзелу ў другой групе і міласьціва прымалі ў сваю групу прадстаўнікоў другой групы. І там, і там гаварыліся прамовы аб еднасьці народаў і станаў былой Рэчы Паспалітай Польскай. У перамежку з прамовамі адбываліся гульні і скокі. Дакладная запіска Віленскага поліцмайстра адзначае, што ў час гульняў і скокаў сабраўшыяся маніфэстанты крычалі: „Няхай жыве Польшча, няхай жывуць братэрства і згода станаў, няхай жывуць рамесьнікі“. Гулянка зацягнулася да глыбокай ночы. Поліцыя зьявілася позна, бо яна, дзякуючы няправільнай інформацыі, сконцэнтравала свае сілы на другім канцы гораду, на Пагулянцы. Сьвята, як мы бачым, насіла на сабе ўсе адзнакі таго, што ім кіравалі белыя. Прысутнасьць рамесьнікаў не зьмяніла характару сьвята. Чырвоныя ішлі пад кіраўніцтвам белых.

Апроч Вільні, такія-ж дэмонстрацыйныя сьвяты былі організаваны і ў іншых гарадох. Маніфэстацыя ў Горадні, як і ў Вільні, распачалася з набажэнства ў касьцёле. У час набажэнства пяяліся забароненыя сьпевы. Пасьля паўдня была організавана вандроўка за горад, у прадмесьце Ласосну. Тут усё адбывалася таксама, як і ў Вільні на Бельмонце. Гаварыліся адпаведныя прамовы, адбываліся гульні і скокі, высалапіліся лёзунгі адзінства і братэрства станаў і народаў былой Рэчы Паспалітай. Сабраўшыхся было каля тысячы чалавек. Сацыяльны склад іх быў той самы, што і ў Вільні. Поліцыя не адважылася выступіць проці такога вялікага ліку сабраўшыхся. Маніфэстанты спакойна вярнуліся ў горад са сьпевамі і лёзунгамі. У Друзгеніках сьвяткаваньне гадавіны Люблінскай уніі было організована мясцовым буйным земляўласьнікам, графам Валовічам. На ўрачыстасьць зьехалася шмат земляўласьніцкай шляхты з павету. Прысутнічалі мясцовыя ўрадоўцы, вучні і рамесьнікі. Былі, паміж іншым, і сяляне. Што датычыць прысутнасьці сялян, дык тут не абышлося бяз нейкага націску. Сялянства зьявілася сюды не па добрай ахвоце. Прынамсі аўтар „Historyi dwóch lat“ гаворыць аб гэтым так: „Сход быў агромністы, як шляхты, так і простага народу; не абышлося без таго, што гэты астатні быў прымушаны прыняць удзел у справе, якой ён не разумеў і якая яго не датычыла“.[2] З гэтым бязумоўна трэба згадзіцца, калі мець на ўвазе часова-абавязанае становішча сялянства і яго настрой, які мы апісалі ў папярэднім артыкуле. Ёсьць усе падставы думаць, што ня толькі ў Друзгеніках, але і ў іншых мясцовасьцях прысутнасьць сялянства ў масе ня была дабрахвотнай.

Самым урачыстым спосабам адбылося сьвяткаваньне Люблінскай уніі ў Коўні. Організатарамі маніфэстацыі былі ўтвораны дзьве процэсіі: адна з Коўны, другая з прадмесьця гораду Аляксот, якое знаходзіцца на тэрыторыі, што „патрыёты“ лічылі польскай. Процэсіі павінны былі выйсьці насустрач адна адной і спаткацца на масту праз Нёман.

Процэсіі выступілі з назначаных пунктаў, нясучы як царкоўныя харугвы, так і політычныя штандары, на якіх былі намалёваны белы арол і пагоня. Сабраўшыяся сьпявалі як набожныя, так і рэволюцыйныя сьпевы. Каб ня даць магчымасьці абедзьвюм процэсіям злучыцца, поліцыя выняла з сярэдзіны маста праз Нёман некалькі дашчок. Для гэтай-жа мэты туды быў пасланы ўзвод казакаў. Па адных вестках казакі кінуліся з нагайкамі на натоўп, але не маглі з ім справіцца. Другія весткі гавораць, што ім быў дадзены такі загад, на аснове якога яны не маглі рашуча дзейнічаць. Так ці йначай, але вядома тое, што на месца прыехаў ковенскі поліцмайстар, які даў казакам загад не перашкаджаць процэсіям злучыцца. Дошкі маста зноў былі ўстаўлены на месца і процэсіі злучыліся. Усё гэта выклікала ў маніфэстантаў вялікі пад‘ём настрою. Што датычыць расійскай улады, дык яна хапілася запозна. Пачалі шукаць вінаватых. Распачалося цягучае сьледзтва, якое ніякіх вынікаў не дало.

Наогул трэба зазначыць, што дзень сьвяткаваньня гадавіны Люблінскай уніі белым удаўся. Чырвоныя на Беларусі ішлі ў іх на павадку. Расійская ўлада ня мела моцы спыніць сьвяткаваньні. Трэба аднак, зазначыць што ў чырвоных колах, асабліва на Украіне было вялікае незадаваленьне нацыяналістычным „патрыятызмам“ палякаў, які зусім ігнораваў вырашэньне нацыянальнага пытаньня на „крэсах“.

Між тым па Вільні пачалі хадзіць упартыя чуткі, што ковенская процэсія ідзе ў Вільню, каб зрабіць маніфэстацыю каля Вострай Брамы. Ня гледзячы на фантастычнасьць гэтых чутак, яны ўпарта трымаюцца, дзякуючы, здаецца, агітацыі чырвоных, якія хочуць выкарыстаць момант для вулічнай дэмонстрацыі. Гавораць, што лік удзельнікаў процэсіі даходзіць да 15 тысяч асоб. Жыхары Вільні пачынаюць рыхтаваць кватэры і харчы для маніфэстантаў. Цікава, што і поліцыя чаму-сь прымае ўдзел у падрыхтоўцы кватэр і харчоў для процэсіі. Магчыма, што ўдзел гэты меў провакацыйны характар, бо ніяк ня можна сабе ўявіць, каб поліцыя ня ведала, што ніякай процэсіі з Коўні ня будзе.

Вылічалі, калі можа прыбыць процэсія ў Вільню. Гаварылі, што днём прыходу маніфэстантаў у горад будзе 16 жніўня. Ужо ў гэты дзень шмат народу накіравалася на Пагулянку, где пачынаўся ковенскі гасьцінец. Упачатку ўсе стаялі і чакалі, але потым асобныя групы пачалі ісьці па гасьцінцы ў напрамку да Коўні на спатканьне процэесіі. Гэтыя групы, нікога не спаткаўшы на працягу некалькіх вёрст, звычайна вярталіся назад. І цікава тое, што няўдачы не ахаладжалі натоўпу. Адны групы, не спаткаўшы процэсіі, прыходзілі назад, другія групы зноў выходзілі на спатканьне, лічачы, што цяпер яны абавязкова спаткаюць процэсію. Так абстаяла справа 16 і 17 жніўня.

18-га жніўня быў сьвяточны дзень, нядзеля. Па гораду хадзілі чуткі, што ковенская процэсія наўмысьля затрымалася ў дарозе, каб прыйсьці ў Вільню ў сьвяточны дзень. Ужо зраньня было прыметна ажыўленьне. На Пагулянцы, каля рагаткі, к вечару сабралася вялікая моц народу. Адначасна народ зьбіраўся і каля вострабрамскага касьцёлу. К вечару адсюль, пасьля рэволюцыйных сьпеваў, сабраўшыяся накіраваліся таксама да пагулянскай рагаткі. Па ўрадавых вестках каля рагаткі сабралася каля 5000 чалавек. Усе яны чакаюць восьмай гадзіны вечара, калі паводле распаўсюджаных чутак павінна прыйсьці ў Вільню ковенская процэсія. Настрой собраўшыхся прыпадняты.

У адбываўшыяся падзеі ўмяшалася адміністрацыя. На пагулянскую рагатку былі накіраваны рота пяхоты і сотня казакаў. Ім быў дадзены загад нікога на выпускаць за рагатку на ковенскі шлях. Па ковенскаму шляху таксама расстаўлена варта з пяхоты і казакаў. Бліжэйшыя да шляху дарогі таксама ахоўваюцца пяхотнымі і казацкімі патрулямі. Асоб, якія былі западазроны ў тым, што яны ідуць спатыкаць процэсію, арыштоўвалі і вялі назад у горад.

Сярод сабраўшыхся вялася агітацыя, што процэсія з Коўні ўжо ідзе, што вайсковая сіла спаткала процэсію і ня пускае яе ісьці далей. Ня гледзячы на войсковую сілу, шмат народу прарываецца праз варту і ідзе па ковенскаму шляху. Казакі пачынаюць ужываць бізуны. Ня гледзячы і на гэта рух на спатканьне процэсіі ня спыняецца. Натаўп напірае на пяхоту і кідае ў яе каменьне, выдранае з бруку, і балясы з плоту. Зразумела, вайсковая варта кінулася на сабраўшыхся з прыкладамі, штыхамі і бізунамі. Паднялася паніка. Хутка маніфэстанты пачалі ўцякаць ува ўсе бакі, пакінуўшы на месцы некалькі параненых. Сярод іх былі і галоўныя агітатары нападу на пяхоту земляўласьнік-шляхціц Кшыжэвіч і ўласьнік фабрыкі галёшаў Вэльц. Шляхціц і прамысловец, прадстаўнікі тагачаснай белай апазыцыі, папалі ў шпіталь Якуба, а адтуль у турму.

Калі ўлеглася першая паніка, зьявіліся новыя агітатары, якія затрымлівалі маніфэстантаў і зьбіралі іх у групы. Сабралася тры групы: адна на Троцкай вуліцы, каля дамініканскага касьцёлу, другая каля вострабрамскага касьцёлу, трэцяя ў касьцёле Яна і каля яго. Найвялікшай была група на Троцкай вуліцы. Яна, нясучы і вядучы з сабою зьбітых і параненых, накіравалася да палацу генэрал-губэрнатара. Казакі і паліцыя накінуліся на дэмонстрантаў і пагналі іх да Вострай Брамы. Тут была разагнана і тая група, што сабралася раней. Трэцяя група разышлася сама сабою. Расходзячыся сьпявалі сьпеў „Божа, што Польшчу“. Праз гадзіну ўсё заціхла, вуліцы апусьцелі. Поліцыя і казакі паставілі на вуліцах і плошчах варты і арыштавалі западазроных асоб.

Абурэньне ў горадзе было вялікае. Яно ахапіла ня толькі шляхецкія і інтэлігенцкія колы, але і мяшчанскія і рамесьніцкія масы, бо яны складалі асноўную гушчу маніфэстантаў, якая найбольш і пацярпела ад штыхоў, прыкладаў і бізуноў. Ідзе рэволюцыянізацыя гарадзкіх нізоў. З гэтага часу яны ўсё часьцей і часьцей выступаюць на вуліцу.

Па гораду ходзяць чуткі аб забітых і параненых. Кажуць, што казакі заганялі людзей у Вілію і там тапілі іх. Усё гэта яшчэ больш падбурае, і рэволюцыянізуе масу. Устанавіць сапраўдны лік забітых і параненых вельмі цяжка. Крыніцы даюць такія лічбы, якія вельмі непадобны адна на другой. Па офіцыйных даных лічыцца толькі 23 асобы параненых. З гэтым згадзіцца ня можна. Бязумоўна былі памершыя ад ран, і параненых было значна больш за 23.

Весткі аб падзеях у Вільні разыходзяцца па Польшчы і па Заходняй Эўропе. Яны ўвязваюцца з гадавінай Люблінскай уніі. Герцэн і іншыя рэволюцыянэры таго часу лічаць, што 18-га жніўня Беларусь і Літва паказалі, з кім яны хочуць ісьці: з царскай Расіяй, ці з рэволюцыйнай Польшчай. У польскай падпольнай прэсе віленскай маніфэстацыі прыдаецца вялікае значэньне. Лік забітых і параненых павялічаецца з агітацыйнай мэтаю. Па ўсёй Польшчы пракацілася хваля жалобных набажэнстваў па забітых у Вільні.

Чуткі аб забітых і параненых у Вільні падымаюць такі шум у Польшчы і Заходняй Эўропе, што цэнтральны ўрад павінен быў даць Назімаву дырэктыву, каб ён што-небудзь зрабіў для абвяржэньня іх. Для гэтай мэты генэрал-губэрнатар выклікаў да сябе шляхецкага маршалка Віленскай губэрні Дамэйку і гарадзкога галаву Вільні Штраўса, якім офіцыйна паставіў запытаньне: ці ёсьць ў іх весткі, што хто-небудзь з прыежджай у горад шляхты ці жыхароў гораду забіты, паранены, ці ўтоплены ў Віліі ў часы маніфэстацыі 18-га жніўня. І той і другі офіцыйна далі адказ, што такіх вестак у іх няма. Тады Назімаў гэтыя офіцыйныя адказы апублікаваў, дадаўшы да іх сэнтэнцыю, што „адпраўляць набажэнствы па забітых, якіх ніхто не забіў, не выпадае, бо гэта ёсьць зьдзек над сьвятым абрадам“. Ня гледзячы на гэтую офіцыйную ўрадавую абвестку, набажэнствы па забітых, са сьпевамі рэволюцыйных гімнаў, ня спыніліся. Агітатары тлумачылі офіцыйны адказ Дамэйкі і Штраўса ў тым сэнсе, што яны зьлякаліся за сваю скуру і далі адказы, не адпавядаючыя рачаістасьці. Поліцыя змагалася з маніфэстацыямі, але спыніць іх не магла.

Тады Назімаў, 24-га жніўня, абвясьціў так званае ваеннае палажэньне ў гарадох — Вільні, Горадні, Беластоку, Бельску, Берасьці з іх паветамі і ў Ковенскай губэрні без Новааляксандраўскага павету. Карыстаючыся ваенным палажэньнем, поліцыя і жандары рабілі ўвесь час вобыскі ў вызначаных мясцовасьцях. Звычайна шукалі зброю і адбіралі яе, накладаючы адначасна кары за яе хаваньне. Адбіраліся нават паляўнічыя стрэльбы. На гэтай глебе рабілася шмат злоўжываньняў. Поліцыя і жандармэрыя рабілі, што хацелі. Скаргі на злоўжываньні ня прымаліся. Усё гэта яшчэ больш рэволюцыянізавала опозыцыйныя колы краю і павялічвала іх колькасьць і ўплывы на грамадзянства.

Нават і пры абставінах ваеннага стану непарадкі на Беларусі і Літве ня спыняліся. 27-га жніўня сабралася маніфэстацыя каля касьцёлу ў Горадні, якая скончылася без праліцьця крыві толькі дзякуючы „дыплёматычнаму“ паводжаньню ксяндза Маеўскага. У пачатку верасьня былі організаваны провады з кацячым концэртам горадзенскаму губэрнатару, які пакідаў сваю пасаду. У Коўні спаткалі каменьнямі карэту генэрала Заблоцкага, які ў Варшаве 27-га лютага даў войску загад страляць у дэмонстрантаў. Такіх здарэньняў было шмат і ў іншых мясцовасьцях.


  1. Ibidem, док. 100, ст. 96.
  2. Z. L. S. Historyi dwóch lat. Т. III, ст. 158.