Перайсці да зместу

1863 год на Беларусі (1930)/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Падзеі другой палавіны 1862 году на Беларусі Пачатак паўстаньня ў Польшчы
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Пачатак паўстаньня на Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЧАТАК ПАЎСТАНЬНЯ Ў ПОЛЬШЧЫ.

Яшчэ ў сярэдзіне 1862 году ў Велепольскага зьявілася думка зруйнаваць чырвоныя організацыі ў Польшчы пры дапамозе здрады, для чаго вяліся адпаведныя перагаворы з Дырэкцыяй і К. Маеўскім. Справа, як мы ўжо гаварылі вышэй, нічым ня скончылася, дзякуючы адмаўленьню Маеўскага. Тым ня менш Велепольскі не адступаўся ад сваёй думкі зруйнаваць Цэнтральны Камітэт і ўсю чырвоную організацыю. Для гэтай мэты ён прыдумаў новы сродак у выглядзе надзвычайнага набору ў расійскую армію польскай моладзі.

На грунце агульных правіл набор звычайна рабіўся па ўсёй тэрыторыі таго ці іншага раёну як па гарадох, так і па вёсках. Усе грамадзяне данага раёну, якія дасягнулі патрэбных гадоў, праходзілі мэдычны агляд і жэраб‘ёўку. У залежнасьці ад таго і другога яны забіраліся ці не забіраліся для адбываньня вайсковай павіннасьці.

Велепольскага такі набор не здавальняў. Яму патрэбен быў спэцыяльны, нязвычайны набор, які-б ударыў выключна па тых соцыяльных групах, якія ішлі за чырвонымі. Яму трэба было ўзяць з Польшчы больш гарадзкога жыхарства, чым вясковага, а з вясковага жыхарства адабраць дробную шляхту і інтэлігенцыю. Для гэтай мэты трэба было загадзя скласьці адпаведныя сьпіскі на аснове спэцыяльных правіл. Расійскі ўрад быў проці такога нязвычайнага набору, лічачы яго небясьпечным, але ўступіў Велепольскаму, які настойваў на гэтым наборы ў адносінах да тэрыторыі царства Польскага. Было ўхвалена ўзяць па набору з усіх польскіх губэрань восем тысяч рэкрутаў: 75 процантаў (6000) з гарадоў і 25 процантаў з вёсак.

У сувязі з гэтым 6 дня кастрычніка 1862 году ў 224 нумары ўрадавай газэты „Dziennik Powszechny“, у офіцыйнай частцы газэты, зьявіўся артыкул, які апісваў сутнасьць будучага набору. Зьмест артыкулу быў такі. Ласкавы расійскі монарх прыняў пад увагу, што, дзякуючы выданьню новага закону аб ачыншаваньні сялян, земляўласьнікі і сяляне будуць цяпер заняты ўстанаўленьнем радыкальнай зьмены ў сваіх узаемаадносінах. Дзеля гэтага яны цяпер маюць патрэбу быць звольненымі ад адбываньня вайсковай павіннасьці на агульных асновах. Агульны рэкруцкі набор у Царстве Польскім на нейкі час адкладаецца, замест яго робіцца толькі частковы набор на ніжэйпаданых умовах. Жэраб‘ёўка зусім касуецца. На аснове яшчэ старога мікалаеўскага закону, адпаведнымі ўстановамі, якія вызначаны адміністрацыйнай радаю каралеўства, складаюцца пайменныя сьпісы тых, хто павінен будзе ісьці да войска. У сьпісы ня ўносяцца земляўласьнікі, сяляне-земляробы і дворная чэлядзь, якая скарыстоўваецца выключна для земляробскіх прац. Што датычыць іншага вясковага насельніцтва — аднадворцаў, дзяржаўцаў, офіцыялістых і г. д., наогул усіх тых, хто не належыць да вызначаных раней катэгорый, дык яны набору падлягаюць. Усё гарадзкое насельніцтва бяз розьніцы вызнаньня таксама падлягае набору.

Як мы бачым са зьместу офіцыйнага артыкулу, рэкруцкі набор б‘е па дробна-буржуазных, рамесьніцкіх і рабочых колах гораду і вёскі. Гэта — як раз тыя колы, якія былі соцыяльнаю базаю чырвонай паўстанскай організацыі. І белыя, і чырвоныя ў Польшчы вельмі добра зразумелі, хто зьяўляецца ініцыятарам і організатарам такога набору, і якой мэты павінен дасягнуць гэты набор.

Нават белыя лічылі, што рабіць такі набор ня трэба, дзякуючы яго небясьпечнасьці. На гэтую, тэму з Велепольскім гаварылі як прадстаўнікі Дырэкцыі, так і прадстаўнікі белага Віленскага Камітэту. Ад Беларусі да Велепольскага прыехаў для таго, каб адгаварыць яго ад правядзеньня спэцыяльнага набору, Віктор Старжынскі, які быў у вельмі блізкіх адносінах з Велепольскім. Ён вызначаў, што набор дасьць выхад тым, хто гвалтам хоча паўстаньня, што набор ёсьць гульня з агнём, які можа запаліць вялікі пажар у Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне. Велепольскі на ўгаворы ня здаўся. Ён гаварыў так: „Верад набрак, і яго трэба расьсячы. На працягу тыдня спраўлюся з паўстаньнем, тады буду мець поўную магчымасьць спакойна кіраваць“. Такім спосабам, набор павінен быў адбыцца. Тэрмінам для яго сакрэтна было вызначана 25 студзеня 1863 году.

Усё гэта хутка стала вядома Цэнтральнаму Народнаму Камітэту. Камітэт даволі нерашуча таптаўся на месцы і ня ведаў, што рабіць. Тады сабраўся гарадзкі аддзел організацыі, які выразна паставіў пытаньне: што цяпер трэба рабіць. Адказаць на гэтае пытаньне пры склаўшыхся абставінах было цяжка. Пасьля доўгіх гарачых спрэчак гарадзкая варшаўская організацыя вынесла пастанову, каб выбух паўстаньня прысьпяшыць і, такім чынам, ня даць магчымасьці набору адбыцца. За гарадзкой організацыяй пайшлі і провінцыяльныя організацыі. Паўстанцкі камісар аднаго з ваяводзтваў склікаў зьезд усіх ваяводзкіх камісараў. Зьезд камісараў вынес пастанову аналёгічную з пастановай гарадзкой організацыі, іменна: настойваць перад Цэнтральным Камітэтам, каб паўстаньне было адказам на набор, які зьяўляецца надзвычайна незаконным актам дзейнасьці расійскага ўраду і Велепольскага. Гэтыя абедзьве пастановы былі прысланы ў Камітэт праз дэлегатаў. Камітэт пад націскам нізавых організацый павінен быў згадзіцца з імі. Тэрмінам для пачатку паўстаньня была вызначана ноч з 22 на 23 студзеня.

Згодна з гэтым моладзь яшчэ з 10-х лічбаў студзеня пачала выходзіць з Варшавы і іншых гарадоў у лясы і рыхтавацца да ўзброенага выступленьня. Аб такім руху сярод моладзі хутка даведалася адміністрацыя. Велепольскі ў адказ на гэты рух настаяў на ўрадавым загадзе аб прысьпяшэньні набору. У Варшаве набор адбыўся ў ноч з 15 на 16 студзеня. У гэтую ноч усе вуліцы былі заняты поліцыяй і салдатамі, якія арыштоўвалі вызначаных па сьпісках рэкрутаў, а тых, хто супраціўляўся, закоўвалі ў ланцугі і вялі да цытадэлі. Ня гледзячы на гэта, вялікаму ліку рэкрутаў удалася прарвацца праз рагаткі і патрулі і ўцячы з Варшавы ў вакольныя лясы. Усяго з Варшавы ў гэтую ноч ўдалося ўзяць толькі 1657 рэкрутаў. Перадчасовы набор рэкрутаў падняў рэволюцыйны настрой сярод жыхарства Варшавы і ўсяго краю, асабліва сярод рамесьнікаў і рабочых. Зразумела, што цяпер паўстаньне павінна было распачацца.

У сувязі з гэтым Цэнтральны Камітэт павінен быў прыняць адпаведныя крокі. На адным з першых пасяджэньняў было ўхвалена запрапанаваць Л. Мераслаўскаму прыняць на сябе галоўнае камандаваньне над усімі ўзброенымі паўстанскімі сіламі і дыктатуру над краем. Мераслаўскі па пастанове Камітэту ўступае ў выкананьне сваіх абавязкаў і правоў, як толькі ён прыбудзе на тэрыторыю расійскай дзяльніцы Польшы. Да прыбыцьця Мерслаўскага кіруе Цэнтральны Камітэт, які офіцыйна выступае як Тымчасовы Народны Жонд, прычым выступае зусім адкрыта. Месцам яго сядзібы будзе г. Плоцк, які трэба найраней вызваліць з рук расійскай улады. У Варшаве пасьля выезду Жонду будзе заставацца Выканаўчая Камісія, якая будзе тут выконваць абавязкі выехаўшага Жонду. Была надрукавана і пашырана адозва Цэнтральнага Камітэту, як Народнага Жонду, да народу, напісаная ў моцных і яскравых выразах, поўная рэволюцыйнага падыму і энтузыязму.

Зьмест адозвы наступны. Захопніцкі нікчэмны расійскі ўрад пастанавіў нанесьці астатні ўдар сваёй афяры Польшчы, вырваўшы тысячы яе абаронцаў для таго, каб апрануць іх у абрыдлы расійскі салдацкі мундзір і раскідаць на тысячы міль ад бацькаўшчыны. Польша не паддасца такому гвалту. Яе моладзь прысягнула ці скінуць ганебнае ярмо няволі, ці загінуць. За ёю ідзі, народзе Польскі! Айчына патрабуе ад цябе такіх афяр, якіх ня нёс яшчэ ні адзін народ, але ты здабудзеш затое вольнасьць і незалежнасьць. У першы дзень ўзброенага выступленьня Цэнтральны Камітэт агалашае ўсіх сыноў Польшчы — бяз розьніцы веры, пахаджэньня і стану 0— вольнымі і роўнымі грамядзянамі краю. Зямля, якою ўладаў земляроб дагэтуль на правох чыншу ці паншчыны, робіцца яго вечнай уласнасьцю. Уласьнікі, што пацерпяць ад гэтага шкоду, будуць узнагароджаны з агульных фондаў дзяржавы. Радня загінуўшых барацьбітоў атрымае надзел з абароненай ад ворагаў зямлі. Да зброі, народзе Польшы, Літвы і Русі! Прабіла гадзіна супольнага вызваленьня! Штандар Арла, Пагоні і Архангела разьвінуты! Зьвяртаемся і да цябе, народзе Расійскі! Мы прабачаем табе забойства нашай айчыны, бо ты сам замучаны і прыгнечаны. Трупы дзяцей тваіх калышуцца на царскіх шыбеніцах, правадыры твае мерзнуць у сьнягох Сібіры. Але бяда табе, калі ты падтрымаеш тырана, які забівае нас і дратуе цябе. Мы праклянем цябе, уступім з табою ў астатні бой, бой эўропейскай цывілізацыі з дзікім азыяцкім варварствам.

Паўстаньне распачалося. У розных мясцовасьцях Польшчы формуюцца аддзелы, запасаюцца зброяю і харчамі, ідзе сьпешная ваенная падрыхтоўка партызанаў. Організуюцца напады на вайсковыя расійскія часьці, што раскіданы па гарадох Польшы. Напады павінны адбыцца ўначы з 22 на 23 студзеня 1863 году.

Галоўныя паўстанскія сілы сабраліся каля Плоцку. Яны паставілі сваім заданьнем захапіць горад і ваколічныя мясцовасьці, каб тут агаласіць і пасадзіць народны польскі жонд. У Плоцку ў звычайныя часы стаяла тры роты пяхоты, сотня казакаў і дзьвесьце чалавек інваліднай каманды. Дзякуючы атрыманым весткам аб зборы паўстанцаў у ваколіцах Плоцку, значная частка гарнізону была выслана з Плоцку ў ваколіцы гораду. У Плоцку засталася сотня казакаў, пяхотная, рота і частка інвалідаў. У поўначы зазванілі званы, і паўстанцы з розных бакоў кінуліся на горад. Гарнізон, ня глядзячы на сваю нязначную колькасьць, адбіў напад паўстанцаў, тым больш, што на дапамогу яму падышлі тыя часьці, якія знаходзіліся ў ваколіцах Плоцку. Устанавіць лічбу паўстанцаў, якія напалі на Плоцк, трудна. Магчыма думаць, што іх было каля 1000 чалавек. Няўдачу паўстанцаў лёгка зразумець, калі мець на ўвазе іх непадрыхтаванасьць і дрэнную зброю.

Адначасна ў Плоцкім ваяводзтве паўстанцы зрабілі напад на павятовы горад Плонск. Тут таксама напад ня ўдаўся, дзякуючы таму, што расійскі гарнізон загадзя даведаўся аб падрыхтоўцы нападу і прыняў адпаведныя меры для абароны гораду.

У ваяводзтвах Мазавецкім і Каліскім ноч прайшла спакойна. Паўстанскія аддзелы, што тут сформаваліся, не адчувалі яшчэ сябе падгатаванымі да нападаў.

Даволі крывавая сутычка паміж паўстанцамі і расейцамі адбылася каля Кельцаў у Бадзэнтыну, на які зрабіла напад група паўстанцаў лікам у 400—500 чалавек. Паўстанцы прышлі з суседняга мястэчка Сухаднёва, якое яны раней захапілі ў свае рукі. Паўстанцы былі ўзброены косамі, частка мела паляўнічыя стрэльбы. Адбылася зацятая бойка, у выніку якой у складзе расійскага аддзелу было некалькі чалавек забітых і некалькі дзесяткаў параненых. Страты паўстанцаў устанавіць цяжка. Раніцою расійскі аддзел павінен быў пакінуць горад, паўстанцы таксама вышлі. Некалькі дзён горад заставаўся без гарнізону.

У Падлясьсі паўстанцкая організацыя была наладжана параўнаўча лепш, чымсі ў іншых мясцовасьцях. Паўстанскім камісарам Падляскага ваяводзтва быў Рагінскі, вайсковым начальнікам — Левандоўскі. Левандоўскі зрабіў напад на вёску Сточак, недалёка ад Седлеца. Паўстанцы былі адбіты, бо на дапамогу рускім прышлі ваенныя часьці з Седлеца. Рагінскі пакіраваўся к г. Бяле. Бяла была занята бяз бою, бо расійскі аддзел яшчэ раней яе пакінуў. Рагінскага вельмі ўрачыста спаткалі мяшчане гораду. Яўрэі нават адслужылі ў сінагозе набажэнства, на якім быў прысутны Рагінскі. Даведаўшыся, што на Бялу сунуцца расійскія сілы з Берасьця, Рагінскі пакінуў Бялу і быў разьбіты ў некалькіх вярстах ад гораду. Праз мястэчка Янова Рагінскі перайшоў у Горадзенскую губэрню і рушыў на мяст. Сямятычы, дзе сабралася шмат паўстанскіх сіл.

Удачна для паўстанцаў адбыўся напад на мяст. Кодэнь. Тут стаяў парк лёгкай артылерыі. Пры нападзе паўстанцаў было забіта 5 расійскіх салдат і ранена 15. У палон папала 50 салдат з паручнікам Антаненкам. Дачуўшыся, што з Берасьця на Кодэнь ідзе падмога расійкаму аддзелу, паўстанцы, забраўшы вайсковую касу з 4000 рублёў і 50 штук стрэльбаў, пакінулі мястэчка.

Крывапралітным быў напад на мяст. Радзынь. У горад уварвалася некалькі сот паўстанцаў, узброеных, праўда, вельмі дрэнна. Яны мелі толькі 40 стрэльбаў. Ня гледзячы на гэта, ім удалася захапіць у свае рукі нават гарматы, якія былі ў мястэчку. Аднак, хутка расійскі аддзел паправіўся і адбіў паўстанцаў, якія, усе-ж такі пасьпелі захапіць з сабою гарматы. На полі бойкі засталося адзінаццаць забітых і некалькі дзесяткаў параненых паўстанцаў. Што датычыць расійцаў, дык іх страты былі большыя.

Даволі ўдачным быў напад паўстанцаў на г. Лукаў. Напад быў зроблены паўстанскім аддзелам у 350 чалавек, з якіх 50 было конных. Расійскі аддзел быў не папярэджаны, і ўсе спалі ў казармах. Гвалтоўны напад зусім дэзорганізаваў салдат, і яны ў вялікім непарадку ўцяклі з гораду, пакінуўшы на месцы каля дваццаці забітых і шмат параненых. Уцёкшы за горад, яны ўсё-ж такі хутка прышлі ў парадак і занялі загарадны манастыр. Хутка да іх падышла дапамога, і паўстанцы з вялікім уронам былі выбіты з гораду.

Мястэчка Казімеж было занята паўстанскім аддзелам, які складаўся з студэнтаў Пулаўскага Політэхнічнага Інстытуту, што быў адчынены ў І862 годзе замест скасаванага ў 1861 годзе Земляробскага Інстытуту ў Марымонце. Да студэнтаў далучылася шмат рамесьнікаў, офіцыялістых, дробнай шляхты і ўрадоўцаў ніжэйшага рангу. Былі ў паўстанскім абозе і сяляне, праўда, у невялікім ліку. Гэта, здаецца, першы выпадак далучэньня сялян да паўстаньня. Захапіўшы мястэчка, паўстанцы агаласілі ў ім уладу Народнага Жонду. Увесь час потым ішло навучаньне партызанаў вайсковай справе. У касе атраду меліся грошы, бо напад часткі атраду на пошту пад Куравам даў у рукі паўстанцаў 48.000 рублёў. Паўстанцы пратрымаліся ў Казімежы каля тыдню. З Любліна на паўстанцаў быў накіраваны моцны расійскі аддзел, які з боем ачысьціў мястэчка ад паўстанцаў.

Апроч апісаных намі, ў ноч з 22 на 23 студзеня адбылося яшчэ некалькі нападаў. Удачнымі іх ня можна назваць. Усяго ў Царстве Польскім было 144 пункты, у якіх кватэравалі расійскія аддзелы. Напады былі зроблены ў 17 мясцовасьцях. У нападах прымала ўдзел каля 4-5 тысяч паўстанцаў. Адсутнасьць добрай зброі, адсутнасьць належнага ліку кваліфікаваных камандных сіл, ваенная непадрыхтаванасьць паўстанцаў да барацьбы з рэгулярнай арміяй — усё гэта адбілася некарысна для паўстанцаў. Тым ня менш уражаньне ад нападаў было вялікае, як сярод расійцаў, так і сярод палякаў, а таксама і за межамі. Расійскім урадам адразу было абвешчана на тэрыторыі Польшчы ваеннае палажэньне. Было апублікавана ўрадавае паведамленьне аб тым, што паўстанцы ўва ўсіх мясцовасьцях пацярпелі няўдачу, што вельмі многа іх папалася ў палон, што ўсіх папаўшых у рукі ўлады будзе судзіць ваенна-палявы суд і пакарае бяз усякай літасьці. Але ніхто ня верыў офіцыйнаму паведамленьню. Хадзілі чуткі, што ў многіх мясцовасьцях паўстанцы трымаюцца, і расійскія войскі ня могуць ад іх вызваліць гарадоў і мястэчак. Усюды гаварылі, што сілы паўстанцаў вельмі вялікія, што на дапамогу паўстанцам з замежаў ідзе з арміяй Л. Мераслаўскі. Расійскі ўрад і Велепольскі заяўлялі, што праз тыдзень-другі ў Польшчы не застанецца ніводнага паўстанца. Зразумела, ніхто ў гэта ня верыў.

Памылковымі былі і павялічаныя чуткі аб моцы паўстаньня, і заявы ўраду аб яго кароткатэрміновасьці. Паўстаньне ня было такім моцным, як аб ім гаварылі, але з другога боку яно ня спынілася так хутка, як заяўляў расійскі ўрад. Паўстанцы, прымушаныя пад націскам расійскай арміі пакінуць захопленыя імі гарады і мястэчкі, схаваліся ў лясох і на працягу многіх месяцаў вялі барацьбу з расійскім царызмам.