Перайсці да зместу

1863 год на Беларусі (1930)/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Опозыцыйны рух на Беларусі Сялянскі рух на Беларусі
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Маніфэстацыі на Беларусі ў жніўні 1861 году

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЯЛЯНСКІ РУХ НА БЕЛАРУСІ.

Мы раней ужо гаварылі аб тым, што ў Польшчы вясною 1861 г. былі сялянскія непарадкі. Тое самое мы бачым і на Беларусі. Сяляне хвалююцца і імкнуцца да вызваленьня ад прыгону. Рух сялянскі ідзе побач з рухам політычнага вызваленьня ў гарадох і часамі набывае вялікія памеры. Паўстаньне яшчэ не паставіла на парадак дня аграрнай праграмы. Яно яшчэ толькі падрыхтоўваецца. Вось чаму вёска вядзе свой соцыяльны рух асобна ад гораду і нават не спачуваючы гораду наогул. Толькі ў некаторых выпадках нам удаецца ўстанавіць сувязь сялянскага руху з дзейнасьцю чырвонай часткі гарадзкога руху. Тым ня менш і той і другі рух накіраваны проці існуючага парадку і гэта робіць яго вельмі небясьпечным для царскага ўраду.

Да гэтага трэба дадаць, што ў некаторых мясцовасьцях сялянства, што па сваёй заможнасьці набліжалася да дробнай шляхты, таксама ўцягваецца ў гарадзкі політычны рух. Тое самае мы назіраем сярод каталіцкага сялянства, куды гарадзкі рух перадаецца праз касьцёл. Зразумела не засталося незакранутым і праваслаўнае сялянства, асабліва ў сваіх заможных пластох. Аб такіх фактах у нас ёсьць таксама весткі. Генэрал Мэйер у сваіх запісках аб Менскай губэрні гаворыць, што нават праваслаўныя сяляне ў некаторых вёсках схіляюцца на старану „бунтаўшчыкоў“, пачынаюць сьпяваць гімн „Божа, што Польшчу”, які ўжо перакладзены на „простую”, беларускую мову.[1] Магчыма думаць, што гэтае зьявішча стаяла ў сувязі і з пашырэньнем чырвонай гарадзкой пропаганды на вёсцы.

У пачатку сакавіка, як толькі быў абвешчаны царскі маніфэст ад 19-га лютага 1861 г. „аб вызваленьні” сялян, беларуская вёска моцна заварушылася. У адных мясцох абвешчаны офіцыяльна царскі маніфэст сяляне лічылі падложным і спасылаліся на існаваньне сапраўднага маніфэсту, які сяляне ўяўлялі сабе зусім не ў такім выглядзе, якім быў абвешчаны маніфэст. У іншых мясцох сяляне царскі маніфэст на словах нібы прыймалі, але тлумачылі яго з пункту погляду сваіх кроўных інтарэсаў і пажаданьняў. І там, і тут яны катэгорычна адмаўляліся адбываць паншчыну, адмаўляліся падпісваць так званыя „уставные грамоты” і наогул не згаджаліся з сваім „временно-обязанным” становішчам. Сялянскія „непарадкі” пашырыліся амаль-што па ўсёй Беларусі. Асабліва моцнымі яны былі ў Гарадзеншчыне і на Літве, у Ковеншчыне.

У Горадзеншчыне найраней распачаліся непарадкі ў Беластоцкім павеце. Ніякія ўгаворы не памагалі. Сяляне рашуча адмаўляліся ісьці на паншчыну. Была прыведзена вайсковая сіла і разьмешчана па неспакойных вёсках. Толькі пасьля пастояў і экзэкуцыя сяляне павінны былі здацца. Амаль-што адначасна захваляваліся сяляне каля Берасьця. Яны заяўлялі, што офіцыяльна абвешчаны царскі маніфэст аб вызваленьні падложны, што сапраўдная воля зусім іншая. Сюды для засьмірэньня некаторых была накірована вайсковая сіла пад камандаю жандарскага палкоўніка Праслава. Рашучы палкоўнік пачаў бязьлітасна наводзіць парадак бізунамі. Пасьля таго, як няшчадна было зьбіта каля 200 чалавек, хваляваньні скончыліся і быў наладжаны „законный порядок“. Адначасна з Берасьцем ішло бязьлітаснае засьмірэньне сялян у Пружанскім павеце.

Сялянскія хваляваньні на Беларусі і ў Ковеншчыне апісвае ў сваіх мэмуарах Якуб Гейштор. Ён кажа, што абвяшчэньне маніфэсту ў многіх мясцовасьцях Беларусі выклікала непарадкі. „Розныя людзі злой волі шырылі чуткі, якія баламуцілі сялян; не бракавала і надужыцьцяў з боку паноў. Сярод непарадкаў у іншых мясцовасьцях гэтае няшчасьце спаткала і нашу ваколіцу (Гутарка ідзе аб Ковеншчыне. У. І.). Чапскія здаўна былі вядомы, як паны, што найгорш абыходзіліся з сялянамі. Стары Чапскі быў наўкола вядомы сваім уціскам над сялянамі. Эдуард Чапскі таксама ганяў сялян на паншчыну ад нядзелі да нядзелі“.[2] Як раз у маёнтку Э. Чапскага сяляне ня вытрымалі ўціску і адмовіліся несьці паншчыну. Сялян доўга катавалі, пакуль, урэшце, яны здаліся. Цікава тое, што Гейштор, сам земляўласьнік, гаворыць, што сяляне мелі слушнасьць, калі бунтавалі, бо нават по старому інвэнтару яны былі павінны несьці паншчыну толькі 5 дзён на тыдзень, а ня 7, як вымагаў ад іх Чапскі.

У засьмірэньні сялян прымаў чынны ўдзел граф Юзэф Тышкевіч. Гейштор кажа,[3] што некаторыя думалі, што з яго будзе добры партызан, калі пачнецца паўстаньне. Але час паказаў, што гэта была абмылка: у Тышкевіча хапіла адвагі змагацца толькі з бяззбройным сялянствам. Тым ня менш у часы патрыятычных дэмонстрацый Юзэф Тышкевіч быў дзейным іх удзельнікам. Адсюль магчыма зрабіць вывад, што сярод маніфэстантаў побач з чырвонымі, сярод якіх напэўна былі і тыя „людзі злой волі“, якія „баламуцілі“ сялян і аб якіх вышэй гаварыў Я. Гейштор, — дзейнічалі і белыя элемэнты паўстанцкай фронды, як, напрыклад, вышэйпамянёны Ю. Тышкевіч.

Ня гледзячы на засьмірэньне сялянскіх хваляваньняў, яны не прыпыніліся. Мы бачым, што яны цягнуцца лета і восень 1861 г. Летам яны концэнтруюцца ў заходняй і паўднёвай частках Беларусі і зьвязаны з сялянскімі хваляваньнямі на Украіне і ў Польшчы.

У лютым 1861 году памёр вядомы украінскі пясьняр Тарас Шаўчэнка. Гэта была афяра мікалаеўскага рэжыму. Пахавалі яго на Украіне каля Канёва на высокім беразе Дняпра. Імя „мужыцкага песьняра” Тараса Шаўчэнкі было вельмі популярным нават і ў сялянскіх гушчах Украіны. Сяляне паміж сабою гаварылі, што царскі ўрад яго замучыў за тое, што пясьняр цьвёрда стаяў за лепшую долю украінскага мужыка і абараняў яго ад уціску паноў. Яшчэ з раньняй вясны пашырыліся чуткі, што ў магіле Шаўчэнкі схованы нажы, якія будуць разданы сялянам, калі будзе даны знак пачынаць паўстаньне проці паноў. Па чутках выходзіла, што такі знак будзе даны ў канцы чэрвеня. Як толькі будзе знак, сяляне павінны будуць узяць нажы і рэзаць паноў.

Такі настрой сялянства выкарыстоўваецца агітатарамі, сярод якіх выдзяляецца сваёю дзейнасьцю Грыц Чыстахоўскі. Да ўсіх пашыраных сярод сялянства чутак ён дадае, што за сялян стаіць царскі брат Канстантын. Як толькі сяляне Украіны падымуцца, ён сам стане на чале паўстаўшых і будзе тварыць вольную Украіну без паноў, прыставоў, ураднікаў і іншага начальства. У некаторых мясцовасьцях сяляне ўжо адмаўляюцца ісьці на паншчыну і пагражаюць паном. У іншых мясцовасьцях ідуць ужо напады на паноў і падпалы маёнткаў. Рух перакідаецца з месца на месца і паступова пашыраецца.

Зразумела, сярод земляўласьнікаў пачалася паніка. Яны зьвярнуліся за дапамогаю да Кіеўскага генэрал-губэрнатара Васільчыкава. Васільчыкаў даручыў справу засьмірэньня сялян Кіеўскаму губэрнатару Гессэ і жандарскаму палкоўніку Грабоўскаму. Яны пакіраваліся з вайсковаю сілаю ў Канёўскі павет. Сяляне павінны былі супакоіцца. Грабоўскі пачаў дазнаньне. У выніку дазнаньня было заарыштавана некалькі чалавек зачыншчыкаў, у тым ліку і Грыц Чыстахоўскі, які потым быў высланы ў Пецярбург. Аб далейшым лёсе яго ў нас няма матар‘ялаў.

Тым ня менш варожыя адносіны украінскага сялянства да паноў, якія ў большасьці сваёй былі палякамі, ня спыніліся. То там, то сям зноў адбываюцца непарадкі. Яны пашыраюцца і перадаюцца на поўнач у паўднёвую Беларусь, на Палесьсе, у Мазыршчыну і Піншчыну. Сялянства тут робіцца настарожаным і вельмі непакойным. Як і на Украіне, так і на Беларусі ходзяць агітатары, якія яшчэ больш хвалююць сялянскую масу. У некаторых вёсках Мазыршчыны і Піншчыны сяляне адмаўляюцца выходзіць на паншчыну. З Менску для засьмірэньня высылаецца вайсковая сіла.

У Заходнюю Беларусь агітацыя пранікае з Польшчы праз Падлясьсе. У пушчах і балоцістых лясох каля Кельцаў, Любліна, на Падлясьсі, у заходняй частцы Горадзеншчыны і іншых мясцовасьцях зьявіліся нейкія людзі, нікому з мясцовых жыхароў невядомыя. Яны былі апрануты бедна, у вопратку, якую насілі мясцовыя сяляне. На іх былі звычайныя зрэбныя кашулі і сьвіткі з даматканага сукна. На нагах былі абуты лапці з зрэбнымі-ж анучамі. Яны старанна крыліся ад поліцыі і стараліся мець справу і весьці размовы толькі з сялянамі. Час-ад-часу гэтыя невядомыя людзі выходзілі з лясоў то па аднаму, то невялічкімі групкамі і разыходзіліся па вёсках. Харчы яны закуплялі як у сялян, так і ў шынкох. За ўсё плацілі акуратна, нават не таргуючыся. На запытаньні выпадковых сустрэчных, хто яны такія і чаго хочуць, неяк алегорычна адказвалі, што яны шукаюць праўды і прышлі сюды, каб вызваліць з бяды няшчасных людзей.

А. Гілер, адзін з удзельнікаў паўстаньня, так піша пра гэтых лясных людзей: „Яшчэ ў 1861 і 1862 гадох у каралеўстве Польскім, на Падлясьсі і ў шмат якіх мясцовасьцях Літвы (пад Літвою разумеецца былое Літоўска-Беларускае вялікае княства. У. І.) па лясох зьявіліся якія-сь, абкружаныя таямніцаю, соцыяльныя агітатары, якіх называлі лясьнікамі. Яны хаваліся па лясох, у размовы ўдаваліся толькі з мужыкамі, аддаляліся ад панскіх двароў і адукаваных людзей, самі-ж яны мелі выгляд людзей адукаваных і зналі, апроч польскай, чужаземныя мовы. Много разоў патрыятычныя колы Варшавы хацелі даведацца аб характары місіі і аб спосабах пропаганды лясьнікоў, але і тое і другое так і засталася тайнаю“.[4] Далей Гілер выказуе дапушчэньне, нібыта гэтыя соцыяльныя агітатары, што ён называе лясьнікамі, былі агентамі царскага ўраду, якіх рускі ўрад выкарыстоўваў, каб нацкаваць мужыкоў на палякаў-паноў і, такім чынам, сарваць надыходзячае паўстаньне.

Аб „лясьнікох“ дае весткі прадстаўнік і другой стараны, жандарскі афіцэр Хрулёў. У сваім „Дневнике“ (116 стар.) ён даволі падрабязна апісвае дзеяльнасьць невядомых агітатараў і лічыць іх вельмі шкадлівымі і небясьпечнымі для расійскага ўраду эмісарамі Мераслаўскага, якія разам з тым зьвязаны з чырвонымі рэволюцыйнымі коламі Варшавы. Хрулёў піша аб іх так: „Не падлягае сумненьню, што існуе рэволюцыйны камітэт. Гэты камітэт, здаецца, мае ў Варшаве памяшканьне ў адным з дамоў на Тамцы. Ёсьць надзея, што дом гэты ў хуткім часе будзе вядомы поліцыі. Не падлягае таксама сумненьню, што невядомы рэволюцыйны камітэт у Варшаве знаходзіцца ў нясупынных зносінах з так званымі мераслаўчыкамі, ці з тымі эмісарамі, што крыюцца ў лясох паветаў: Седлецкага, Бельскага і Радзінскага ў Люблінскай губэрні, і што да гэтых эмісараў быў высланы на гэтых днях з нейкім загадам адзін з членаў рэволюцыйнага камітэту. У час набажэнства ў дамініканскім касьцёле 24 (12) ліпня вядомы Малахоўскі займаўся зборам грашовых афяр. Ён зьяўляецца членам рэволюцыйнага камітэту, і адсюль магчыма дапусьціць, што грошы, якія зьбіраюцца ў касьцёлах у часы набажэнстваў і на Павонзках, ідуць у камітэт. Два тыдні таму назад эмісары зьявіліся ў начы да яўрэя, арандара ў аднэй з вёсак недалёка ад Калушына, і ўзялі ў яго хлеба і вялікую колькасьць сыру, усяго на 100 злотых. На ўсё забранае яны далі яму квіток, які быў заадрасаваны на нейкі дом у Варшаве, дзе вышэйпаказаны яўрэй атрымаў цалкам грошы; якія яны яму павінны былі даць. Урэшце, атрыманы весткі, што яўрэі, што жывуць у мястэчках, блізкіх ад тых мясцовасьцяй, дзе крыюцца эмісары, перадаюць ім розныя весткі і робяць перасьцярогі, як гэта было нядаўна перад рэвізіяй, якая была зроблена па загаду ўлады ў Люблінскай губэрні“.

З вышэйпаданага вынятку мы бачым, што расійская жандармэрыя і поліцыя таксама ведала аб існаваньні „лясьнікоў“, але яна лічыла іх за чырвоных агітатараў крайняга напрамку, за эмісараў Л. Мераслаўскага, якія былі зьвязаны з Варшаўскімі рэволюцыйнымі коламі.

Калі мы супастаўляем гэтыя выняткі, дык бачым, што Гілер і Хрулёў рознымі вачыма глядзелі на „лясьнікоў“. Гілер лічыць іх контррэволюцыйнымі агентамі расійскага ўраду, а Хрулёў лічыць іх рэволюцыйнымі агітатарамі, якія зьвязаны з радыкальнымі, чырвонымі коламі будучых паўстанцаў. Бязумоўна, трэба прызнаць правільным погляд Хрулёва, які дзякуючы свайму жандарскаму палажэньню, меў добры нюх і ў лясьнікох пазнаў агітатараў, з якімі ён павінен змагацца. Гілер па сваіх пераконаньнях належаў да белых колаў. Само сабою зразумела, што белыя „патрыятычныя“ колы, што стаялі на грунце легальнай опозыцыі, не маглі ведаць аб тым, хто такія па сваёй сутнасьці лясьнікі, як і прызнаецца ў сваёй „гісторыі“ Гілер. Лясьнікі мелі сувязь ня з белымі коламі з мільлеранаў, ці з групы Замойскага, а з опозыцыйна-рэволюцыйнымі організацыямі стылю Мераслаўскага, аб чым і гаворыць Хрулёў. Апісваючы лясьнікоў, Гілер дае даволі поўны малюнак іх знадворнага выгляду. Яны апрануты ў сялянскую вопратку, маюць зносіны амаль выключна з сялянствам, ухіляюцца панскіх двароў і адукаваных людзей. Усё гэта прымушае нас прызнаць у лясьнікох папярэднікаў будучых народнікаў. Калі да гэтага дадаць, што лясьнікі па паказаньнях Гілера былі людзьмі адукаванымі і нават ведалі чужаземныя мовы, дык становіцца зусім ясным, што гэта былі прадстаўнікі рэволюцыйнай розначыннай інтэлігенцыі, а не агенты расійскага ўраду. Расійская жандармэрыя і поліцыя ніколі ня мелі ў сваіх радох такога ліку адукаваных агентаў, каб пусьціць іх для агітацыі ў лясы проці польскіх паноў.

Калі мы зьвернемся да офіцыйных урадавых докумэнтаў, дык яны таксама даюць нам некаторыя матар‘ялы для зразуменьня сялянскага руху і дзеяльнасьці соцыяльных агітатараў гэтага часу. У міністэрстве ўнутраных спраў ужо ў канцы 1862 году быў складзены „Очерк общего хода дел в Западном крае с начала 1861 г. по конец 1862 г.“.[5] Там мы чытаем: „У лістападзе 1861 году, дзякуючы ўзмацненьню хваляваньняў у Менскай губэрні, туды назначаны ваенны губэрнатар“ (стр. 14). Нарыс, гаворачы аб хваляваньнях, разумее той сялянскі рух у Мазыршчыне, Піншчыне і іншых мясцовасьцях паўднёвай Меншчыны, аб якім мы гаварылі вышэй. Сярод сялян Беларусі і Польшчы ўжо пашыраецца агітацыйная літаратура, што друкуецца ў нелегальнай друкарні. Нарыс (стар. 7) з вялікім жалем вызначае, што „ў пачатку 1861 году зрабілася відавочным існаваньне ў краі патаемнай лятучай друкарні“. Сярод сялянства ходзяць агітатары, інтэлігенты, выхаваныя на польскай культуры, іх уплывы на сялянства ўзрастаюць, ня гледзячы нават на тое, што беларускае сялянства ня вельмі добра настроена ў адносінах да палякаў-агітатараў. Па гэтаму пытаньню „Нарыс“ гаворыць так: „Пры ўсёй няпрыхільнасьці мас вясковага жыхарства да польскіх агітатараў трэба непакоіцца аб тым, каб і сярод іх з цягам часу не пачаў пашырацца проціўрадавы рух“, (стар. 15-16).

Расійская жандармэрыя і поліцыя, запрымеціўшы яшчэ з пачатку 1861 году дзеяльнасьць агітатараў і існаваньне падпольнай лятучай друкарні, напружыла свае сілы, каб спыніць рэволюцыйную агітацыю. Пачалася сьлежка, лоўля, арышты агітатараў. Але ўсе гэтыя мерапрыемствы не прывялі да жаданых вынікаў. Агітацыя і пропаганда ня спыніліся, а толькі больш паглыбіліся і закансьпіраваліся. „Нарыс“ гэта адзначае ў такіх словах: „Характар агітацыі ў астатнія часы (канец 1862 г. У. І.) зьмяніўся. У той час як вонкавыя праявы яе зрабіліся слабейшымі, праца ўнутранай пропаганды адносна ўзмацнілася“. (14 стар.).

Відаць, у некаторых урадавых колах зьяўлялася думка аб тым, каб выкарыстаць соцыяльныя і нацыянальныя процілегласьці паміж сялянамі-беларусамі і панамі-палякамі для таго, каб ўдарыць па паляках, як пачынальніках паўстаньня, каб утварыць нешта падобнае да вядомай Галіцыйскай разьні ў Аўстрыі. Але міністэрства зьлякалася і не адважылася пусьціць у сялянскія масы поліцэйскіх агентаў для гэтай провакацыі. „Нарыс“ па гэтаму пытаньню піша так: „Зразумела, магчыма падняць сялян проці паноў-земляўласьнікаў. Вядомыя галіцыйскія падзеі павярнулі-б на ўцёкі большасьць паноў, якія цяпер самахвальскі называюць гэты край Літвою ці Польшчаю. Але ці магчыма адважыцца на выкарыстаньне гэтага сродку? Ці магчыма пры выкарыстаньні яго спыніць яго на ідэальнай мяжы, адзначаючай мяжу таго ці іншага павету?“ (16). Небясьпечнасьць сродку зьвярнула на сябе ўвагу міністэрства, і яно адмовілася ад яго. Гэты факт таксама трэба прыняць пад увагу, калі мы робім ацэнку погляду Гілера на лясьнікоў, якіх ён лічыць агітатарамі, накірованымі на вёску расійскай жандармэрыяй і поліцыяй.

Ня гледзячы на шэраг матар‘ялаў, выкарыстаных намі, усё-ж трэба вызначыць, што мы маем вельмі мала даных для дэтальнай характарыстыкі як сялянскага руху 1861-2 гадоў, так і тых рэволюцыйных агітатараў, якіх Гілер называе лясьнікамі, а Хрулёў эмісарамі Мераслаўскага.

Калі расійскі ўрад не адважыўся ў адносінах да опозыцыйных польскіх паноў на Беларусі на паўтарэньне Галіцыйскай разьні, ён тым ня менш не адмовіўся ад таго, каб ударыць па іх другім спосабам, вельмі блізкім да Галіцыйскай разьні. Аб гэтым спосабе гаворыць „Цыркулярная пропозыцыя Віленскага генэрал-губэрнатара начальнікам губэрань“[6], якую ён разаслаў 15 жніўня (стары стыль) 1861 году. Сутнасьць пропозыцыі такая. Пасьля апублікаваньня і рэалізацыі палажэньня аб сялянах, што пазбавіліся прыгоннай залежнасьці, у шмат якіх мясцовасьцях папсаваліся адносіны паміж сялянамі і земляўласьнікамі. Для ўстанаўленьня парадку земляўласьнікі часта зьвяртаюцца з просьбамі аб прысылцы ў іх маёнткі вайсковых каманд. Такія каманды звычайна пасылаліся на месцы. Гэтая пасылка вайсковай сілы нічым ня можа быць апраўдана, бо памешчыкі і міравыя пасрэднікі маюць у сваіх руках поліцэйскую і распарадчую ўладу і павінны самі падтрымліваць парадак у маёнтках. Тым больш, што непаразуменьні, якія вынікаюць паміж уласьнікамі і сялянамі, ня маюць характару хваляваньня, а самі паны прымаюць удзел у проціўрадавых хваляваньнях у гарадох, пераносячы іх у мястэчкі і вёскі. Дзеля гэтага генэрал-губэрнатар прапануе губэрнатарам: „у панскія маёнткі па просьбах і пажаданьнях памешчыкаў, якія выклікаюць няпрыязнасьць адносін і халоднасьць да іх інтарэсаў з боку сялян, найчасьцей сваёю чыннасьцю, вайсковых каманд не назначаць, абавязаўшы памешчыкаў самім клапаціцца аб аднаўленьні парадку шляхам угавораў і ўзгадненьняў, а тыя вайсковыя каманды, якія цяпер для гэтай патрэбы знаходзяцца ў маёнтках уласьнікаў, адразу вывесьці“ (стар. 131). Трудна праверыць, наколькі пасьлядоўна і строга праводзіўся ў жыцьцё гэты цыркуляр. Ясна адно, цыркуляр пагражае опозыцыйнай польскай земляўласьніцкай шляхце, што расійскі ўрад паставіць яе безабароннаю перад націскам абуранага сялянства.

Неспакойны стан краю прымусіў генэрал-губэрнатара Назімава зьвярнуцца да такога сродку, як выезд у провінцыю. Такі выезд і быў зроблены ўлетку 1861 г. Маршрут выезду быў даволі вялікі. Праз Ліду і Слонім Назімаў даехаў аж да Берасьця. Пасьля доўгай астаноўкі ў Берасьці Назімаў накіраваўся назад у Вільню праз Высокае, Беласток і Горадню. Аб‘ездам былі закрануты больш залюдненыя мясцовасьці, і яму быў прыдадзены ўрачысты характар. Назімава суправаджала вайсковая варта і вялікая бліскучая сьвіта. На мясцох організоўваліся ўрачыстыя спатканьні са звонам у званы і прысутнасьцю духавенства. Зразумела, на спатканьне генэрал-губэрнатара зганяліся ваколічныя сяляне ў сьвяточных вопратках, з хлебам-сольлю і з крыкамі „ўра“. Назімаў лічыў патрэбным выступаць перад прысутнымі нават з расійска-патрыятычнымі прамовамі. Па тых матар‘ялах, якія ў нас маюцца, офіцыяльны ўрадавы прамоўца найчасьцей гаварыў аб тым, што ласкаю расійскага цара сялянства вызвалена ад прыгону, у якім яно знаходзілася сотні год. Зразумела, пры гэтым рабілася параўнаньне расійскага ўраду з былым урадам падзеленай Рэчы Паспалітай Польскай, які нічога не зрабіў на карысьць сялянства. Сам Назімаў так гаворыць аб зьмесьце сваіх прамоў: „У часы майго аб‘езду мінулым летам некаторых мясцовасьцяй края, даверанага майму кіраўніцтву найвышэйшаю ўладаю, я тлумачыў сялянам як тыя выгады і правы, якімі яны павінны карыстацца пасьля апублікаваньня царскага маніфэсту аб вызваленьні сялян, так і тыя ўмовы, якія павінны зрабіцца грунтам для далейшых адносін сялян да ўраду і да земляўласьнікаў. Я запрашаў сялян, каб яны цярпліва чакалі паступовага зьдзяйсьненьня такой складанай і цяжкай справы, якая робіцца для іх ўласнага дабра па волі найласкавейшага монарха“.[7]

Некаторыя аўтары кажуць, што Назімаў выяжджаў спэцыяльна, каб агітаваць проці опозыцыйнага польскага панства на Беларусі і што непарадкі сялянскія залежалі выключна ад гэтай агітацыі. Калі мы прымем пад увагу вышэйпаданыя докумэнты, дык трудна згадзіцца з тым, што Назімаў адважыўся на актыўную агітацыю сярод сялянства проці паноў. Тым менш магчыма згадзіцца з другою думкаю, што сялянскія хваляваньні, накіраваныя супроць паноў, выключна залежалі ад агітацыі офіцыяльнага агітатара. Былі іншыя больш важныя прычыны соцыяльна-экономічнага характару, якія падымалі сялян проці земляўласьніцкай шляхты.

Настала летняя страдная пара 1861 году. На сялян, як на часова абавязаных, вялікім цяжарам легла зьбіраньне панскага ўраджаю. Сяляне масамі пачалі кідаць працу на панскіх палёх і наогул адмаўляць паном у паслушэнстве. Прадбачыліся вялікія страты для паноў. Зямляўласьніцкая шляхта, папаўшы ў цяжкае становішча, па старому спрабаванаму звычаю зьвярнулася за дапамогаю да расійскай улады. Царская адміністрацыя, ня гледзячы на вышэйпаданы цыркуляр ад 15 жніўня, усё-ж такі прышла на дапамогу паном. Назімаў пасылаў на засьмірэньне сялян вайсковыя аддзелы, якія бізунамі, пастоямі, а часам і зброяю наводзілі парадак і прымушалі сялян да паслушэнства паном. У гэтай галіне былі нават „героі“. Асаблівую славу ў справе рэпрэсій над непаслухмянымі сялянамі набыў сабе адзін з ад‘ютантаў Назімава Міхнёў, пад загадам якога былі карныя казацкія аддзелы. Міхнёў дапускаў страшэнныя гвалты ў адносінах да „бунтаўнікоў“-сялян.

Ня гледзячы на жорсткія засьмірэньні, сялянскія хваляваньні ня спыняліся. Яны з новаю сілаю падымаліся то ў адным, то ў другім месцы. Ня было іншага выхаду, як рабіць у той ці іншай форме нязначныя палёгкі і ўступкі незадаволенаму сялянству. Гэтыя палёгкі і ўступкі разам з тым давалі свайго роду політычны капітал расійскаму ўраду ў барацьбе з опозыцыйнай земляўласьніцкай шляхтай, бо царскі ўрад выступаў тут, як „абаронца“ селяніна. У сувязі з усім гэтым Віленскі генэрал-губэрнатар заняўся распрацоўкаю ўрадавага загаду аб скасаваньні так званых згонных дзён, якія асабліва абуралі сялянства проці паноў і ўлады, бо адрывалі вялікую масу рабочых сялянскіх рук ад працы на іх ўласных гаспадарках і цягнулі ў панскі двор для панскіх патрэб.

Загад генэрал-губэрнатара па гэтаму пытаньню гаворыць так: „Мною ўяўлены некаторыя меркаваньні ў адносінах да згонных дзён, так званых гвалтаў, якіх вымагаюць ад сялян земляўласьнікі ў самы гарачы рабочы час, звыш паншчынных дзён, і якія складаюць ад 12 да 15 дзён з душы. Гэтая павіннасьць па аднагалоснай заяве сялян ёсьць самая цяжкая і стратная“.[8] Выходзячы з гэтага генэрал-губэрнатар загадуе земскім поліцыям наступнае: „1) У губэрнях Віленскай, Горадзенскай і Ковенскай па ўсіх сялянскіх вучастках, з якіх да гэтых часоў адбывалася больш 8 згонных дзён з рабочай душы па інвэнтару, зьменшыць лік гэтых дзён да 8, прыстасоўваючы гэтае правіла і да тых маёнткаў, дзе згонныя дні былі вызначаны лічбай з двара. 2) Спачатку будучага летняга пэрыоду работ, зьмест згонаў, якія належаць земляўласьніку з кожнага сялянскага вучастку, лічбу згонных дзён разьмеркаваць так, каб тры пятых іх былі аднесены на летні згон і дзьве пятых на зімні; апроч таго, гэтыя дні раскладаць па тыднях кожнага сэзону пароўну. 3) Скасаваць адразу ўсе дадатковыя павіннасьці, вызначаныя ў пункце 2 артыкулу 126 „Мясцовага Палажэньня“ для тутэйшых губэрань, іменна: (шарваркі) для рамонту панскіх будынкаў, варту, начны каравул пры панскім двары і іншыя на карысьць пана каравулы; таксама нявызначаныя аднолькавым лікам дзён у годзе павіннасьці, напрыклад: ранкі і абкурваньне для малацьбы хлеба, дапамога ў лоўлі рыбы, мыцьцё і стрыжка авечак, дагляд рабочага быдла, пасадка, паліўка, поліва і ўборка гародаў і інш. 4) Калі ў якім-небудзь маёнтку, дзе ня будзе ўведзена ўстаўная грамата, выявіцца, што працоўная павіннасьць перавышае 23 рабочых дні, дык ў такіх маёнтках зьменшыць яе да 23 дзён“.[9]

Такім чынам мы бачым, што сялянскія непарадкі зьвярнулі на сябе ўвагу расійскага ўраду. Урад рэагаваў на іх рознымі спосабамі. Найчасьцей ён зьвяртаўся да рэпрэсіўных мерапрыемстваў. Праўда, у ўрадавых колах прамільгнула думка аб тым, каб на зло опозыцыйнай польскай шляхце не пасылаць вайсковай сілы для засьмірэньня сялян. Але трудна думаць, каб урад мог строга вытрымаць гэтую лінію, дзякуючы яе небясьпечнасьці. Часам урад зьвяртаўся да сялян з уступкамі, як мы бачым з вышэйпаданага загаду, маючы на мэце як разрэджаньне згушчанай атмосфэры, так і атрыманьне політычнага капіталу. Ня гледзячы на ўсе гэтыя мерапрыемствы, сялянскія хваляваньні не прыпыніліся, а цягнуліся далей і ў 1862 годзе.


  1. Записки генерал-майора Мейера. Подготовка к польскому мятежу в Минской губернии в 1861 году. Ред. Скрынченко. Минск, ст. 50.
  2. Pamietniki J. Gieysztora z lat 1857-1865. Т. I. Wilno, 1913, ст. 110.
  3. Ibidem, ст. 112.
  4. A. Giller. Historya powstania narodu polskiego. T. II, ст. 365.
  5. Сборник документов музея гр. М. Н. Муравьева. Т. I, док. № 5, ст. 7—16.
  6. Ibidem, докумэнт № 20, ст. 130-131.
  7. Ibidem, докумэнт № 197, ст. 192
  8. Сборник документов музея гр. М. Н. Муравьева. Т. I. Вильна. 1906, док. № 198, ст. 192.
  9. Ibidem, ст. 193.