Перайсці да зместу

1863 год на Беларусі (1930)/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Публіцыстыка
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
„Лібэральныя павевы“ 50-х гадоў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА

Паўстаньне 1863 году ў гістарычнай літаратуры звычайна носіць назву польскага паўстаньня. Такая назва павінна быць прызнана правільнаю пастолькі, паколькі паўстаньне 1863 году ў цэлым ставіла сваёю мэтай у першую чаргу пабудову новай Польшчы, як незалежнай ад царскай Расіі, дэмократычнай дзяржавы; паколькі ідэёва-кіраўнічым і агульна-організацыйным рэволюцыйным цэнтрам паўстаньня была Варшава, зьвязаная з заходня-эўропейскімі расійскімі рэволюцыйнымі цэнтрамі, і паколькі паўстаньне абхапіла ўсю тэрыторыю былой Рэчы Паспалітай Польскай.

Апроч таго, Польшча першаю ўва ўсходняй Эўропе агаласіла неабходнасьць аграрнай рэволюцыі. К. Маркс і Ф. Энгельс у „Новай Рэйнскай газэце“ так формулявалі гэтую думку. „Прасторныя земляробскія краіны паміж Балтыцкім і Чорным марамі могуць вызваліцца ад патрыярхальна-фэўдальнага барбарства толькі пры дапамозе аграрнай рэволюцыі, якая прыгонных і абавязаных паншчынаю сялян зробіць вольнымі земляробамі, — рэволюцыі, зусім аналёгічнай францускай рэволюцыі 1789 году на вёсцы. Польская нацыя мае тую заслугу, што яна першая агаласіла гэта сярод усіх суседніх з ёю земляробскіх краін“.[1] Праўда, Ф. Мэрынг лічыць гэтую думку Маркса і Энгельса памылковаю,[2] але т-ш У. І. Ленін у сваім артыкуле „О праве наций на самоопределение,[3] падтрымлівае думку Маркса і Энгельса.

Адначасна з гэтым трэба памятаць, што былая Рэч Паспалітая складалася з уласнай Польшчы (Кароны), Беларусі і Літвы, (былога Вял. Княства Літоўскага) і Украіны (Русі). Такім спосабам, пашырыўшыся па ўсёй тэрыторыі былой Польшчы, паўстаньне 1863 году вышла далёка за межы ўласнай, этнографічнай Польшчы. Яно абхапіла Беларусь, Літву і Украіну. Зразумела, што паставіўшы сваёю мэтаю пабудову ў першую чаргу новай Польшчы, яно разам з тым падняло пытаньне аб політычным і соцыяльным вызваленьні ад царскай Расіі Беларусі, Літвы і Украіны.

У програму радыкальнай, чырвонай часткі польскіх паўстанцаў увайшло пытаньне аб утварэньні ў гэтых краінах аўтономных дзяржаўных організмаў, якія, зрабіўшы разам з Польшчаю паўстаньне і вызваліўшыся разам з ёю з-пад пяты царызму, і надалей існавалі-б у той ці іншай сувязі з ёю. Паўстанчы Цэнтральны Народны Камітэт у Варшаве ў канцы 1862 году офіцыяльна заяўляе, што паўстаньне, апроч непадлегласьці Польшчы, павінна даць вольнасьць усім насельнікам Польшчы, а таксама роўнасьць і ўшанаваньне правоў усіх народаў, злучаных з Польшчай. Такія правы Цэнтральны Камітэт прызнае за Беларусьсю, Літвой і Украінай. Праўда, Камітэт не ўяўляе сабе іншай Польшчы, як Польшчы адзінай і непадзельнай, у даўных яе межах, але з вольнымі народамі, што дабрахвотна ўвойдуць у яе склад. „Не надужыцьцямі ўтрымліваюцца провінцыі і народы ў еднасьці і згодзе, а ўшанаваньнем волі і індывідуальнасьці народнай”.[4] Ня толькі белыя, але нават і Л. Мераслаўскі былі вельмі незадаволены гэтай дэклярацыяй Цэнтральнага Камітэту. Мераслаўскі, напрыклад, лічыў нацыянальную дэклярацыю Камітэту новым падзелам Польшчы, які парушае еднасьць дзяржавы. Але, калі Варшава пад тымі ці іншымі ўплывамі забываліся аб сваёй дэклярацыі, то Вільня, калі там на чале паўстаньня стаялі чырвоныя, вельмі рашуча напамінала Варшаве аб сваіх „сэпаратыстычных“ тэндэнцыях.

Цэлы шэраг фактаў даводзіць нам, што ў сваёй штодзённай практыцы Варшаўскі паўстанскі цэнтар, асабліва калі ў ім пераважалі радыкальныя, чырвоныя элемэнты, ня толькі не выключаў, але, наадварот, прызнаваў, абапіраўся, дапамагаў і зьвязваўся з паўстанскімі цэнтрамі іншых нацыянальных тэрыторый, як напрыклад, з Віленскім паўстанскім цэнтрам. У некаторых выпадках за Віленскім паўстанскім Камітэтам пакідалася пэўная самастойнасьць у той меры, у якой гэта было магчыма ў напружаныя часы паўстаньня, якое вымагала ад удзельнікаў патрэбнай концэнтрацыі сіл і сродкаў. Разам з гэтым мы назіраем вельмі частыя спрэчкі паміж Варшаўскім і Віленскім паўстанскімі цэнтрамі. Гэтыя спрэчкі і наогул прынцыповыя разыходжаньні паміж паўстанцамі Варшавы і Вільні найчасьцей залежалі ад белага ці чырвонага складу таго ці другога цэнтру. Часта яны афарбоўваліся ў нацыянальны колёрыт.

Польскае паўстаньне 1863 году было для Беларусі і на Беларусі тэрыторыяльным беларускім паўстаньнем. Для кожнай закранутай паўстаньнем нацыянальнай тэрыторыі паўстаньне 1863 году было нацыянал-дэмократычным рэволюцыйным рухам, які меў сваёю мэтаю вызваліць яе з-пад пяты расійскага царскага самаўладзтва і ўтварыць у будучыне новыя соцыяльныя і політычныя ўмовы жыцьця. Прыймаючы агульнае кіраўніцтва Варшавы і прызнаючы сувязь з політычным організмам будучай Польшчы, чырвоныя на Беларусі, Ліцьве і Украіне былі незадаволены тэорыяю і асабліва практыкаю Варшаўскага Цэнтральнага Камітэту ў нацпытаньні. Яны ня раз ставілі пытаньне аб нейкіх пэўных формах політычнай незалежнасьці нацыянальных тэрыторый. Дзякуючы гэтаму яны часта выклікалі з боку паўстанцаў-палякаў, нават чырвоных, абвінавачаньне ў сэпаратызьме. На гэтым грунце на Украіне адбыўся адыход ад паўстаньня 1863 году цэлай групы так званых хлопаманаў.

У паўстаньні прымалі ўдзел розныя соцыяльныя групы, незадаволеныя ў той ці іншай меры політыкаю Расійскага царскага самаўладзтва. Былі тут і буйныя земляўласьнікі, уцягнутыя ў капіталістычную сыстэму гаспадаркі і выступаючыя проці расійскага фэўдальна-самаўладнага рэжыму. Апроч таго, многія з іх былі незадаволены царскім урадам у сувязі з конфіскацыяй польскіх маёнткаў пасьля паўстаньня 1831 году і перадачай гэтых маёнткаў рускім земляўласьнікам, што пагражала моцнасьці іх палажэньня. Былі тут і прадстаўнікі ўзросшай фабрычна-заводзкай прамысловасьці і ўзмацнелага гандлю, якія былі нязгодны з прыгонна-юнкерскай політыкай царызму. Галоўную масу паўстанцаў складалі: а) дробная, зьбяднелая, пролетарызаваная шляхта; розначынная інтэлігенцыя і дробная буржуазія гораду і вёскі, што вышла з яе (шляхты) малазямельных ці абезьзямеленых шэрагаў; б) рамесьнікі і рабочыя, якія па гарадох і мястэчках ужо існавалі ў даволі значнай колькасьці, але якія яшчэ ішлі ў паўстаньне, як найбольш рэволюцыйная частка дробнай буржуазіі і в) частка сялянства па вёсках, для якога сучасны політычны і соцыяльны строй царскай Расіі быў нявыносны. Вельмі добрую характарыстыку ўдзелу сялянства ў паўстаньні 1863 году робіць т-ш Ч. Ясінскі. „Сялянства складала пераважную большасьць насельніцтва і потэнцыяльна было галоўнай рэволюцыйнай сілаю, якая магла ўзарваць існуючы лад. Агульныя адносіны сялянскай масы ў этнографічнай Польшчы да нацыянальна-вызваленчага руху засталіся вычакальна-нэўтральнымі, што само па сабе было вялізарнай перамогай царызму. Часам гэтыя адносіны пераходзілі ў варожую нэўтральнасьць ці выразную варожасьць, асабліва сярод самых забітых пластоў прыгоннага сялянства. Актыўны ўдзел сялянства ў паўстаньні ці цяга да яго выявілася галоўным чынам сярод параўнаўча заможнага сялянства, якое перайшло на аброк яшчэ ў дапаўстанчую эпоху, якое было больш уцягнута ў таварна-грашовыя экономічныя адносіны і якое было больш блізкім да дробна-буржуазнага соцыяльнага тыпу“.[5]

Тое, што т-ш Ч. Ясінскі гаворыць у адносінах да этнографічнай Польшчы, у асноўным трэба прыняць, і для тэрыторыі Беларусі, з некаторымі толькі дадаткамі. На Беларусі мы назіраем чынны ўдзел у паўстаньні групы дваровых сялян і сялян беднякоў-сераднякоў, выпісаных земляўласьнікамі з польскіх дзяльніц Прусіі і Аўстрыі. Наогул, на Беларусі значная частка сялянства заставалася нэўтральнаю, частка прыняла актыўны ўдзел у паўстаньні і частка адыграла контр-рэволюцыйную ролю, выступіўшы проці паўстаньня, якое яна лічыла „шляхецкаю“, „панскаю“ справаю. У сучаснай гістарычнай літаратуры ёсьць спробы ідэалізаваць і прызнаць рэволюцыйнымі тыя сялянскія рухі, якія былі накірованы проці польскіх паўстаньняў, як „шляхецкіх“. Т-ш А. W. у сваім артыкуле „Znowa nacjonal-bolszewizm“ піша: „Тов. Домбаль у 1921 г. напісаў брошуру пад назваю „Jakiej Polski chcesz, chłopie?“ Вось аўтар гэтай брошуры… ня толькі апраўдвае бунт Шэлі, але нават абкружае яго пэўным німбам гістарычнай справядлівасьці. Ці ён добра зрабіў? Нам здаецца, што добра“.[6] Згадзіцца з такою думкаю немагчыма. Паўстаньні сялян, накірованыя проці паўстанцаў, як 1846 году ў Галіцыі, так і 1863 году ў Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне, трэба прызнаць рэакцыйнымі рухамі. Т-ш У. І. Ленін таксама цікавіўся гэтым пытаньнем і даў нам свой погляд на яго. Ён піша наступнае: „Было-б вельмі цікавай гістарычнай працай супаставіць позыцыю польскага шляхціча-паўстанца 1863 году, — позыцыю ўсерасійскага дэмократа-рэволюцыянэра Чарнышэўскага, які таксама (падобна Марксу) ўмеў ацаніць значэньне польскага руху, — і позыцыю выступаўшага значна пазьней украінскага мешчаніна Драгаманава, які выказваў пункт погляду селяніна, настолькі яшчэ дзікага, соннага, прырослага да сваёй кучы гною, што дзеля законнай нянавісьці да польскага пана ён ня мог зразумець значэньня барацьбы гэтых паноў для ўсерасійскай дэмократыі (ср. Историческая Польша и великорусская демократия Драгоманова). Драгаманаў цалкам заслужыў пацалункі захапленьня, каторымі потым узнагароджваў яго П. Б. Струвэ, які ўжо зрабіўся нацыянал-лібэралам“.[7]

Само сабою зразумела, што для ўсіх вышэйпералічаных соцыяльных груп не магло быць адзінай цэльнай програмы, бо інтарэсы іх былі ня толькі не аднальковыя, але вельмі часта процілеглыя. Апроч таго, трэба адзначыць, што да соцыяльнага падзелу паўстанцаў далучаўся тэрыторыяльны і нацыянальны падзел, бо паўстаньне абхапіла розныя нацыянальныя тэрыторыі. Па сваіх політыка-соцыяльных імкненьнях паўстанцы з самага пачатку руху разьбіліся на дзьве асноўныя політычныя групы, каторыя склалі белую і чырвоную партыі. Іх аб’ядняла барацьба проці рускага царызму, які ня толькі стаяў на чале нацыянальнага ўціску, але і перашкаджаў капіталістычнаму разьвіцьцю на тэрыторыі імпэрыі, у тым ліку на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны. Апораю царызму была вайсковая сіла і адміністрацыя. Сярод земляўласьнікаў яго падтрымлівала арыстократыя і магнатэрыя, а таксама і тое панства, што цалкам стаяла на фэўдальна-юнкерскім грунце. Цікава, што нават і ў гэтых колах царызм часта сустракаўся з легальнай опозыцыяй. Прадстаўнікамі такіх дваранска-фэўдальных інтарэсаў у Польшчы была група Велепольскага, а на Беларусі група Дамейкі. Калі ў Польшчы групе Велепольскага ўдалося адыграць некаторую ролю, то на Беларусі група Дамэйкі ніякага значэньня ня мела.

Белая партыя складалася з буйных земляўласьнікаў, ужо ўцягненых у сыстэму капіталістычнай гаспадаркі і зьвязаных з некаторымі відамі фабрычна-заводзкай прамысловасьці. На чале буйных земляўласьнікаў у Польшчы стаяў А. Замойскі, а на Беларусі В. Старжынскі. Да белых належалі таксама буйныя прамыслоўцы, гандляры, банкіры і г. д., адным словам буйная буржуазія. Яны ўтварылі групу так званых мільлеранаў, на чале якой стаяў банкір Кронэнбэрг. Трэба адзначыць, што паміж буйной буржуазіяй і буйнымі земляўласьнікамі ня было рэзкага клясавага разьмежаваньня, што тлумачыцца капіталізацыяй буйной сельскай гаспадаркі. Вось чаму яны і стварылі адну белую партыю. Белыя вельмі доўга трымаліся згоды з расійскім царызмам, паступова сходзячы на шлях легальнай опозыцыі. Толькі пасьля доўгіх хістаньняў, пасьля няўдачы стаць устойліва на пляцформе легальнай опозыцыі, белыя ўвайшлі, лепш сказаць, прымушаны былі разьвіцьцём падзей увайсьці ў паўстаньне. Але і пасьля гэтага яны ня верылі ў паўстаньне, як такое, а лічылі яго толькі сродкам для чужаземнай інтэрвэнцыі ці дыплёматычнага ўмяшаньня. Белыя былі праціўнікамі аграрнай рэволюцыі і радыкальнага разьвязаньня сялянскага пытаньня. Яны згаджаліся на аграрную рэформу, у агульных рысах падобную да царскае „рэформы“ 1861 году. Прымаючы ўдзел у паўстаньні, яны ўсімі мерамі стараліся перашкаджаць чырвоным, праводзіць іх політыка-соцыяльную програму. Гэта і было аднэю з прычын уваходу іх у рады паўстанцаў. Пачаўшы са згоды, белыя згодаю і скончылі. Зьлякаўшыся аграрнай рэволюцыі і паглыбленьня паўстаньня, баючыся страціць сваю маёмасьць і політычныя выгоды, яны з ганьбаю вышлі са строю паўстаньня і кінуліся ў абыймы расійскага царызму, выкупаючы свой часовы ўдзел у паўстаньні здрадаю чырвоных. Гэта яны — прадстаўнікі белых — былі ініцыятарамі вернападданьніцкіх лёкайскіх адрасоў, пакрытых тысячамі подпісаў земляўласьніцкай шляхты, як у Польшчы, так і на Беларусі.

Што датычыць нацыянальнага пытаньня, то белыя Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны былі прыхільнікамі поўнага паглынаньня нацыянальных тэрыторый адзінаю непадзельнаю Польшчаю ў межах 1772 году. У гэтых адносінах яны рабілі моцны ўплыў і на чырвоных Польшчы, у тым ліку і на Л. Мераслаўскага.

Чырвоная партыя ў сваім левым крыле ставіла мэтаю шляхам аграрнай і політычнай рэволюцыі пабудаваць дэмократычную рэспубліку. У новай рэспубліцы павінны быць скасаваны паншчына, саслоўныя абмежаваньні і прывілеі, сяляне павінны быць надзелены зямлёю, устаноўлена роўнапраўства яўрэяў і г. д. Чырвоныя складаліся з дробнай буржуазіі, з безьзямельнай і малазямельнай дробнай шляхты, што аднэю сваёю часткаю зьлівалася з сялянствам, а другою часткаю межавалася з розначыннаю інтэлігенцыяй і гарадзкой і сельскай дробнай буржуазіяй. Да чырвоных належалі рамесьнікі, рабочыя і частка сялянства. Чырвоныя былі запраўднымі ворагамі царызму і лічылі паўстаньне тым адзіным сродкам, які прывядзе да пастаўленных імі мэтаў. У разьвязаньні нацпытаньня чырвоныя лічылі сябе прыхільнікамі фэдэралістычнай тэорыі Герцэна і Бакуніна, якая, аднак, значна падпала ўплывам белых з іх тэорыяю адзінай непадзельнай Польшчы, як мы ўжо вызначылі раней.

Мы ня можам сказаць, што чырвоныя былі адналітнаю і суцэльнаю партыяю. У залежнасьці ад таго, да якой соцыяльнай групы яны належалі ці інтарэсы якой выяўлялі, яны дзяліліся на памяркоўных чырвоных і ўласна-чырвоных. Памяркоўныя набліжаліся да белых і цягнулі за сабою ўласна-чырвоных (Л. Мераслаўскі, Я. Дамброўскі, В. Урублеўскі, К. Каліноўскі і інш.). Асабліва гэта адчувалася ў разьвязаньні сялянскага пытаньня, дзе чырвоныя выявілі вельмі выразна сваю дробна-буржуазную сутнасьць. Ня гледзячы на вельмі „левыя“ лёзунгі, на практыцы яны выяўлялі палавінчатасьць і нерашучасьць, ішлі на компромісы з белымі, што адбілася на адносінах да паўстаньня сялянскай масы ў цэлым і павяло да правалу паўстаньня.

Маючы розныя програмы, белыя і чырвоныя паўстанцы на працягу некаторага часу разам ішлі па шляху барацьбы з расійскім царызмам. Зразумела, галоўную масу паўстанцаў складалі: дробная буржуазія, дробная шляхта, розначынцы, вучнёўская моладзь, рамесьнікі, рабочыя і сяляне. Ніякім спосабам няможна гаварыць аб пераважнасьці ў паўстаньні буйнай буржуазіі, буйнай земляўласьніцкай шляхты і лібэральнай магнатэрыі. Гэты факт яшчэ ў 1874 г. адзначыў Ф. Энгельс у такіх словах: „Польшча яшчэ ў большай меры, чым Францыя, пастаўлена сваім гістарычным разьвіцьцём і сваім сучасным становішчам перад выбарам — ці быць рэволюцыйнай, ці загінуць. Дзякуючы гэтаму, губіць усякае значэньне ўся недарэчная балбатня аб пераважна арыстакратычным характары польскага руху. У польскай эміграцыі даволі людзей, якія маюць арыстакратычныя звычкі; але як толькі сама Польшча прыходзіць у рух, ён робіцца наскрозь рэволюцыйным, як гэта мы бачым у 1846 і 1863 годзе“.[8] Пасьля паўстаньня вельмі многа незаможнага элемэнту, дробнай шляхты, буржуазіі, рамесьнікаў, рабочых і сялян, папала ў загранічную эміграцыю, ратуючыся ад рэпрэсій расійскага царызму. Зразумела, што матар‘яльнае становішча гэтых эмігрантаў у Заходняй Эўропе было вельмі цяжкое. Трэба было вышукваць для іх розныя сродкі падтрыманьня і дапамогі. У 1865 годзе ў Лёндане організуецца мітынг у чэсьць паўстаньня 1863 году. У сувязі з гэтым мітынгам К. Маркс піша Ф. Энгельсу: „Сапраўды мітынг мае на мэце ў першую чаргу грашовую дапамогу. Няўжо-ж павінны паміраць з голаду эмігранты, на гэты раз у большасьці сваёй рабочыя і сяляне, і таму зусім не атрымоўваючыя падтрыманьня ад князя Замойскага і К-о“.[9]

У Польшчы, на Ліцьве, Беларусі і Украіне з даўных часоў было выключна многа шляхты. Гэтая шляхта, нават тая, якая „яшчэ часткаю стаяла на фэўдальным грунце“, але ўжо была ўцягнута ў сыстэму капіталістычнай, таварна-грашовай гаспадаркі, у даволі вялікім ліку ўвайшла ў паўстаньне. Асабліва многа ўвайшло ў паўстаньне дробнай шляхты. Яна вылучыла з сваіх безьзямельных і малазямельных шэрагаў тую розначынную, дробнабуржуазную інтэлігенцыю, якая стала на чале паўстаньня. Такімі шляхцічамі, інтэлігентамі-розначынцамі былі амаль усе віднейшыя правадыры паўстаньня 1863 году. Даволі назваць такія імёны, як Дамброўскі (афіцэр-спэцыялісты), Урублеўскі (лясьнічы), К. Каліноўскі (кандыдат права) і іншых. Вось дзякуючы гэтаму, у гістарычнай марксыцкай літаратуры мы можам спаткаць азначэньне паўстаньня 1863 году, як шляхецкага паўстаньня. Але калі ў складзе паўстанцаў было шмат выхадцаў з шляхты, дык гэта яшчэ ні ў якім разе не азначае, што паўстаньне 1863 году было рэгрэсіўным гістарычным фактам, было выяўленьнем шляхецка-дваранскай рэакцыі, накірованай проці капіталістычнага разьвіцьця Польшчы, Беларусі і іншых краін.

Паўстаньне 1863 году па свайму характару было не рэакцыйна-шляхецкім рухам, а рухам прогрэсыўным, буржуазна-дэмократычным. Як мы ўжо вызначылі раней, нават і ў складзе паўстанцаў была далёка не адна шляхта. Паўстанскую масу складалі сяляне, рабочыя, рамесьнікі, дробная і буйная буржуазія, якая межавалася са шляхтаю. Апроч таго, трэба расшыфраваць зьмест тэрміну шляхта. Т-ш Ч. Ясінскі[10] зусім правільна вызначае, што польская шляхта гэтага часу моцна дыфэрэнцавалася. Частка буйной земляўласьніцкай шляхты была ўжо ўцягнута ў капіталістычную гаспадарку і прамысловасьць і стала побач з буйной прамысловай буржуазіяй. Дробная шляхта на вёсцы выдзяляла зьбяднелую частку, якая зьлівалася з сялянствам. У горадзе дробная шляхта і вышаўшая з яе шэрагаў розначынная інтэлігенцыя зьлівалася з гарадзкой дробнай буржуазіяй. Зразумела, усе гэтыя соцыяльныя групы, нават у сваіх вярхох, не маглі стаяць за зварот фэўдалізму. Наадварот яны выступалі проці перажыткаў фэўдалізму, яны выступалі проці царызму з яго фэўдальна-дваранскім, бюрократычным рэжымам. Гэта трэба падкрэсьліць тым больш, што найбольшую актыўнасьць у паўстаньні 1863 году выявіла ня буйная, а дробная шляхта і буржуазія, за якою стаялі рабочыя, рамесьнікі і частка сялянства. Зусім правільна робіць т-ш Ясінскі, калі ён паўстаньне 1863 году ацэньвае іменна так. Ён кажа наступнае. „Дзякуючы адноснай слабасьці (ня гледзячы на яе хуткі прырост) і дзякуючы няўстойлівасьці буйной гарадзкой буржуазіі, менавіта дробная буржуазія зьяўляецца ініцыятарам буржуазна-дэмократычнай рэволюцыі ў Польшчы. Менавіта яна — дробная буржуазія — творыць тагочасную паўстанскую організацыю, памыкаецца да політычнай гегемоніі ў паўстаньні 1863 году, надае яму яго выдатны буржуазна-дэмократычны характар і трымае гэтую гегемонію да захопу кіраўніцтва белымі… Белыя маглі моцна тармазіць рэволюцыйны размах барацьбы, але ні на хвіліну не маглі і нават не стараліся пазбавіць рух яго буржуазнага характару“.[11] Тое, што т-ш Ч. Ясінскі гаворыць аб Польшы, трэба сказаць і аб Беларусі, з тою только папраўкаю, што на Беларусі буйная буржуазія была яшчэ слабейшая і больш няўстойлівая, чым у Польшчы, а фэўдальная магнатэрыя — мацнейшая, чым у Польшчы.

Прыблізна таксама глядзіць на характар паўстаньня 1863 году і т-ш М. Н. Пакроўскі. Даючы характарыстыку рэволюцыйнага руху 60-х і 70-х гадоў у Расіі, ён закранае і паўстаньне 1863 году. „Рэволюцыйны рух 60 - 70-х гадоў ёсьць, такім спосабам, рух дробнабуржуазнай інтэлігенцыі. Менавіта інтэлігенцыя і рабіла яго рэволюцыйным… Калі дробны буржуа даволі эдукаваны, дык ён добра бачыць прынамсі свайго бліжэйшага ворага, ад якога ён, дробны буржуа, церпіць больш за ўсё. Для дробнабуржуазнай інтэлігенцыі ў Расіі часу „вялікіх рэформ“ такім бліжэйшым ворагам была прыгоньніцкая дзяржава… Дробнабуржуазныя дэмократы, пажаданьні якіх ня ішлі далей Устаноўчага Сойму, былі і ў нас… На моладзь і на больш бедных розначынцаў гэта мела малы ўплыў, і сапраўдная політычная дробнабуржуазная рэволюцыя выбухнула ў пачатку 60-х гадоў не ў самой Расіі, а ў Польшчы“.[12]. Такім чынам і т-ш Пакроўскі стаіць на пункце погляду прызнаньня паўстаньня 1863 году політычнай дробнабуржуазнай рэволюцыяй.

Аб поглядах таварыша Ў. І. Леніна на паўстаньне 1863 году мы будзем гаварыць ніжэй, але тут мы закранем пытаньне пастолькі, паколькі і т-ш Ленін польскія паўстаньні 40-х і 60-х гадоў называе „шляхецкім вызваленчым рухам“. Калі мы вышэйпаказаныя словы[13] ўвязваем з усім контэкстам артыкулу, то бачым, што назва паўстанскіх рухаў „шляхецкімі вызваленчымі рухамі“ не перашкаджае т-шу Леніну прызнаць, што яны мелі „першараднае значэньне з пункту погляду дэмократыі ня толькі ўсерасійскай, ня толькі ўсеславянскай, але і ўсеэўропейскай“. Такім спосабам і Ленін лічыць, што наяўнасьць шляхты ў шэрагах паўстанцаў (што ён вызначае словам „шляхецкі“) робіць рух не рэакцыйна-шляхецкім, а буржуазна-дэмократычным. Далей Ленін як раз і робіць папрокі „мешчаніну Драгаманаву“, што ён не зразумеў „значэньня барацьбы гэтых паноў для ўсерасійскай дэмократыі“.[14] У другім месцы сваіх твораў[15], супастаўляючы Польшчу эпохі 60-х гадоў з Польшчай пачатку 20-га стагодзьдзя, У. І. Ленін адносіць польскі рух 60-х гадоў да „эпохі апошніх буржуазных рэволюцыйных рухаў“ на Захадзе.

На паўстаньне 1863 году, як на прогрэсыўную гістарычную зьяву, глядзелі ўсе сучасныя паўстаньню выдатныя эўропейскія і рускія рэволюцыянэры: Мадзіні, Гарыбальдзі, Буонароці, Герцэн, Бакунін, Чарнышэўскі і інш. Мы спынімся на поглядах рускіх рэволюцыянэраў таго часу.

Герцэн у сваім добра вядомым часопісу „Колокол“, які ён пачаў выдаваць у 1857 годзе, вельмі цікавіцца, спачувае і дэтальна спыняецца на пытаньнях паўстаньня. Старонкі яго часопісу заўжды адкрыты для паўстанцаў. Герцэн пропагандуе ўстанаўленьне братэрскіх ўзаемаадносін паміж рэволюцыйнымі сіламі Польшчы, Украіны, Беларусі і Літвы. Апроч таго, Герцэн на старонках „Колокола" рашуча выказваецца за пільную неабходнасьць падняць самую шырокую агітацыю і пропаганду на карысьць паўстаньня ў Расіі. Яе рэволюцыйныя і опозыцыйныя сілы павінны злучыцца з сіламі польскага паўстаньня. Па яго думцы посьпехі паўстаньня маюць вялікае значэньне для Расіі: вызваленьне Польшчы, Беларусі, Літвы і Украіны ёсьць палавіна вызваленьня ўсёй Расіі. Калі рэволюцыйная Варшава будзе вольнаю, дык гэты факт нанясе канчатковы сьмяротны ўдар рэакцыйнаму царскаму Пецярбургу, бо ў расійскага царызму тады ня будзе ніякай магчымасьці, ніякай моцы ісьці проці рэволюцыйнай пропаганды і рэволюцыйнага руху ў Расіі. У інтарэсах самой Расіі, як дзяржавы, у інтарэсах яе паступовых і рэволюцыйных сіл трэба падтрымліваць найшчыльнейшую сувязь з дэмократыяй паўстаньня 1863 году.

Герцэн лічыў патрэбным бязьлітасна змагацца з тымі, хто іначай адносіўся да паўстаньня 1863 году. Так ён зрабіў, напрыклад, у адносінах да былога дэкабрыста, а потым „лібэрала“ Н. Тургенева, каторы пасьля таго, як распачалося падаўленьне паўстаньня 1863 г., зусім забыўся аб сваім лібэралізьме. Ён напісаў прыватны ліст на імя цара Аляксандра II. У сваім лісьце ён сьпяшаецца асудзіць і закляйміць разьбітых паўстанцаў, як здраднікаў у адносінах да расійскай айчыны і парушыцеляў вернападданьніцкай прысягі цару. У канцы ліста ён выказвае свае гарачыя і шчырыя пачуцьці да царскага трону. Гэтым Тургенеў не абмяжоўваецца. Да ліста ён дадае сваю „скромную” афяру (два чырвонцы) на карысьць тых рускіх салдат, якія „пастрадалі” пры засьмірэньні паўстаньня. Герцэн у сваім „Колоколе“ востра абураецца гэтым агідным учынкам „сівавалосай Магдалены” (Тургенева), якую нават і ў сьне мучыць сумненьне за яе былы лібэралізм. Н. Ленін так піша аб Герцэне гэтага часу і аб адносінах яго да паўстаньня. „Калі ўся хэўра рускіх лібэралаў адкацілася ад Герцэна за абарону ім Польшчы, калі ўсё так званае эдукаванае грамадзянства адвярнулася ад „Колокола”, Герцэн не замяшаўся. Ён не пераставаў абараняць свабоду Польшчы і бічаваць засьмірыцеляў, катаў і вешальнікаў (разумеецца ў першую чаргу вешальнік — Мураўёў у Вільні. У. І.) Аляксандра ІІ. Герцэн выратаваў чэсьць рускай дэмократыі. „Мы выратавалі чэсьць рускага імя — пісаў ён Тургеневу — і за гэта пацярпелі ад рабскай большасьці.“[16]

Такую самую позыцьцо заняў Герцэн і ў адносінах да вядомага песьняра Некрасава, калі апошні зьнізіўся да прывітальнага вершу на чэсьць вешальніка Мураўёва. Герцэн назваў ганебны патрыятызм Некрасава „патрыятычным сіфілісам“, і рашуча асудзіў яго паступак у „Колоколе“. Герцэн пісаў так: „Брава, Некрасаў, брава! Прызнаемся, гэтага ад вас мы не чакалі, а, дарэчы, вам вядома, як інтымна мы ведаем вашую біяграфію і як многа, мы ад вас маглі чакаць. Брава, Некрасаў, брава!“[17] Гаворачы аб „біографіі“ Некрасава, Герцэн разумеў той факт, што маці Некрасава была палячкаю, што рабіла паступак Некрасава яшчэ больш ганебным.

Вядомы рэволюцыянэр М. Бакунін таксама лічыў паўстаньне 1863 г. прогрэсыўнай зьяваю і падтрымліваў яго. У гэтыя часы Бакунін вельмі цікавіцца нацыянальнымі рухамі сярод славянскіх народаў. У сваіх творах ён агалашае неабходнасьць вызваленьня ўсіх славян з-пад пяты царскай Расіі і Аўстрыі, а таксама патрэбу зьнішчэньня гэтых дзяржаў-прыгнятальніц і ўтварэньня на іх руінах, усеславянскай дэмократычнай фэдэрацыі. Паўстаньне 1863 г., па думцы Бакуніна, як раз і дзейнічала ў вышэйвызначаным напрамку.[18] Яшчэ ў 40-я гады ў газэце „Konstitutionel“ (№ 78, за 19 сакавіка 1846 году) Бакунін лічыць патрэбным выступіць на абарону прыгнечанай Польшчы і катэгарычна протэстуе проці прасьледваньня ўніятаў на Літве і Беларусі. „Я — рускі і люблю маю краіну. Вось дзякуючы гэтаму, я падобна вельмі многім рускім шчыра жадаю перамогі польскаму паўстаньню.“ Праз некалькі радкоў Бакунін піша: „Усім вядома, да якіх незаконных, гвалтоўных і часта лютых мерапрыемстваў зьвярталася расійская ўлада для таго, каб прымусіць жыхароў Літвы і Беларусі зьмяніць сваю веру“.[19] Бакунін далей супыняецца на агідных фактах прымусу і асуджае іх.

Таксама адносіўся да польскага паўстаньня і М. Г. Чарнышэўскі, гэты „ўсерасійскі рэволюцыйны дэмократ“, „папярэднік расійскай соцыял-дэмократыі“ (Н. Ленін). Ю. Сьцяклоў піша аб гэтым так. „Спачуваньне М. Чарнышэўскага нацыянальна-вызваленчай барацьбе палякаў ня было сакрэтам. Яно, паміж іншым, дакладна было вызначана ў яго артыкуле „Национальная бестактность“ (Творы, т. VIII), які выклікаў цэлы шэраг даказчыцкіх рэплік у рэакцыйным друку, прыватна, у Аксакаўскім „Дне“. З вядомым польскім рэволюцыянэрам Серакоўскім (выведзены ў романе „Пролог“ пад прозьвішчам Сакалоўскі) Чарнышэўскі быў у прыяцельскіх адносінах. Вераемна, што ён быў знаёмы і з Падлеўскім, магчыма, і з Я. Дамброўскім і з іншымі. Зразумела, Чарнышэўскі быў проці дамаганьняў польскіх нацыяналістых на украінскі і беларускі народы, але, з таго-ж пункту погляду права кожнай нацыі на поўнае самавызначэньне, ён нават у падцэнзурным артыкуле адкрыта прызнаваў права палякаў на аддзяленьне і самастойнае існаваньне“.[20] Да слоў Ю. Сьцяклова мы зробім толькі невялікія дадаткі. Яшчэ будучы зусім маладым чалавекам — 22—24 год і жывучы ў Саратаве (1850—2 г. г.), М. Чарнышэўскі быў вельмі блізкі з высланымі сюды паўстанцамі 1831 году. Пазьней (1864—7 г.), калі Чарнышэўскі быў у Сібірскай катарзе, ён быў у пастаянных зносінах з высланымі паўстанцамі 1863 году. Яшчэ пазьней, з 1871 году, калі Чарнышэўскі быў на пасяленьні ў Вілюйску, ён адбываў гэтую кару разам з Е. Агрызкам, вядомым членам і галавою Пецярбурскай паўстанскай організацыі, што была непасрэдна зьвязана з паўстанскай організацыяй Беларусі і Літвы. Што датычыць З. Серакоўскага (Далэнгі), то трэба вызначыць, што ён быў паўстанскім ваяводаю на Беларусі і Літве ў сакавіку і красавіку 1863 году.

Кароль Маркс і Фрыдрых Энгельс на ўсім працягу сваёй даўгой дзейнасьці вельмі часта і даволі дэтальна спыняліся на польскіх паўстаньнях. Паколькі польскія паўстаньні займалі сабою вельмі значны час (ад канца 18 ст. да 60-х гадоў 19 ст.) і ня былі падобны адно да другога, паколькі Маркс і Энгельс падыходзілі да разьвіваўшыхся перад імі падзей і фактаў у сувязі з атачаючымі гэтыя падзеі і факты політычнымі і соцыяльнымі абставінамі, пастолькі погляды асновапаложнікаў дыялектычнага матар‘ялізму не маглі быць акамянела-нязьменнымі на ўсім працягу іх гістарычнага досьледу.

У асноўным адносіны асновапаложнікаў рэволюцыйнага марксызму да польскага пытаньня т-ш Д. Разанаў[21] малюе так. „Як ні востра проціпастаўляе сябе буржуазнай дэмократыі дэмократыя пролетарская, як яна выявілася ў творах Маркса і Энгельса, усё-ж яна запазычала з буржуазнай політычнай програмы, разам з іншымі політычнымі запатрабаваньнямі, і запатрабаваньне адбудаваньня незалежнай Польшчы. Розьніца толькі ў тым, што абудва асновапаложнікі навуковага сацыялізму прагнуліся падмацаваць гэтае запатрабаваньне новымі довадамі, а таксама з самага пачатку прагнуліся процідзейнічаць ілюзіям польскіх рэволюцыянэраў“.

Прыблізна ў аднолькавых з т-шом Д. Разанавым рысах малюе адносіны Маркса і Энгельса да польскіх паўстаньняў і т-ш А. В.[22] Ён, паміж іншым, піша. „Маркс і Энгельс па меры развою падзеяў, зразумела, ня раз зьмянялі свае конкрэтныя погляды на польскую справу ў сувязі з той ці іншай фазай гістарычнага разьвіцьця. Але ва ўсякім выпадку ў іх заўжды пераважаў адзін і той самы погляд — інтарэс дэмократычнай рэволюцыі, абарона дэмократыі і соцыялізму перад сталаю небясьпекаю, перад сталаю пагрозаю з боку дэспотычнага расійскага волата. Царызм быў наймагутнейшаю, найгрозьнейшаю апораю эўропейскай рэакцыі. Пакуль у самой імпэрыі не зьявіліся сілы, здольныя ў сваім разьвіцьці зьнішчыць гэтага грознага волата, пакуль ён здаваўся непарушным гранітам, польскія паўстаньні, незалежна ад свайго політыка-соцыяльнага зьместу ў самой Польшчы, былі адным з найважнейшых сродкаў заслоны эўропейскай дэмократыі перад пагрозаю гэтага волата і аслабленьня яго ў сярэдзіне самой Расіі… Але з гэтага ні ў якім разе не вынікае, каб эўропейскія рэволюцыйныя дэмократы, каб Маркс і Энгельс і каб самі польскія дэмократы ня бачылі адваротнага боку мэдаля і не крытыкавалі самых паўстаньняў. Крытыкавалі, і яшчэ як крытыкавалі“.

Гаворыць аб адносінах Маркса і Энгельса да польскага пытаньня і т-ш У. І. Ленін. У сваім артыкуле: „Национальный вопрос в нашей программе“, надрукаваным ў 1903 годзе, т-ш Ленін вызначае, што соцыял-дэмократыя патрабуе нацыянальнай незалежнасьці не бязумоўна, а толькі пры вядомай умове. Такой умоваю зьяўляюцца інтарэсы клясавай барацьбы. Ён кажа: „Інтарэсам менавіта гэтай барацьбы павінны мы падпарадкаваць патрабаваньне нацыянальнага самавызначэньня. У гэтай менавіта ўмове і знаходзіцца розьніца нашай пастаноўкі нацыянальнага пытаньня ад буржуазна-дэмократычнай пастаноўкі яго“.[23] Далей т-ш Ленін прыводзіць вытрымку з артыкулу К. Кауцкага, каторы тады абараняў з правільнага, марксыцкага пункту погляду выстаўленьне польскімі пролетарыямі патрабаваньня незалежнасьці Польшчы і кажа наступнае: „Вы бачыце: Кауцкі катэгорычна адкідае бязумоўнае запатрабаваньне незалежнасьці нацый, катэгорычна патрабуе пастаноўкі пытаньня ня толькі на гістарычны грунт наогул, але менавіта на клясавы грунт. І калі мы зьвернемся да пастаноўкі польскага пытаньня Марксам і Энгельсам, то мы пабачым, што менавіта так ставілі яго і яны з самага пачатку”.[24]

Калі падагуляць усё вышэйпаданае, дык мы прыходзім да такіх вывадаў: а) Кароль Маркс і Фрыдрых Энгельс лічылі польскія паўстаньні, у тым ліку і паўстаньне 1863 году, прогрэсыўнай гістарычнай зьявай. Яны падтрымлівалі іх самі і заклікалі другіх да падтрыманьня іх, асабліва прымаючы пад увагу значэньне польскіх паўстаньняў для дэмократычнай рэволюцыі на Захадзе і для барацьбы з расійскім царызмам. б) Свае погляды, параўнаўча з буржуазна-дэмократычнымі рэволюцыянэрамі і аўтарамі, Маркс і Энгельс падмацоўвалі клясавым падыходам да справы, што давала ў іх рукі новыя довады і магчымасьць правільнай пастаноўкі пытаньня аб польскіх паўстаньнях, в) Урэшце, асновапаложнікі навуковага соцыялізму, выходзячы з конкрэтных умоў разьвіцьця прамысловасьці і росту пролетарыяту ў розных краінах, не заплюшчвалі вачэй на адваротны бок мэдаля, крытыкавалі недахопы польскіх паўстаньняў і процідзейнічалі ілюзіям польскіх рэволюцыянэраў.

Цяпер нам застаецца пацьвердзіць вышэйпаказаныя адносіны Маркса і Энгельса да польскіх паўстаньняў адпаведнымі фактамі і выняткамі з іх твораў.

Аб прогрэсыўнасьці польскіх паўстаньняў Маркс і Энгельс гавораць вельмі часта, пачынаючы з восені 1847 г. Энгельс некалькі разоў у сваіх выступленьнях падкрэсьлівае, што нямецкія запраўдныя дэмократы павінны быць вельмі зацікаўлены ў посьпеху польскіх паўстаньняў і ў вызваленьні Польшчы з-пад уціску царызму; што вызваленьне Нямеччыны ні ў якім выпадку ня можа адбыцца, пакуль не адбудзецца вызваленьне Польшчы. „Мы, нямецкія дэмократы, асабліва зацікаўлены ў вызваленьні Польшчы… Ні адна нацыя ня можа вызваліцца, калі яна прыгнятае іншыя нацыі. Вызваленьне Нямеччыны, такім спосабам, ня можа адбыцца, пакуль не адбудзецца вызваленьне Польшчы ад уціску немцаў. Таму Польшча і Нямеччына маюць агульны інтарэс, таму польскія і нямецкія дэмократы могуць сумесна працаваць над вызваленьнем абедзьвюх нацый.”[25] Энгельс зазначае, што як толькі ў Польшчы распачынаецца рух, дык ён заўжды робіцца наскрозь рэволюцыйным. Ён лічыць неабходным, каб рабочая кляса заходніх дзяржаў у сваіх рухах не аставалася бязуважліваю да рэволюцыйных лёзунгаў польскіх паўстаньняў. Ён адзначае, што такое становішча справы існавала заўжды дагэтуль. Энгельс кажа: „Дзе толькі рабочая кляса брала самастойны ўдзел у політычных рухах, там з самага пачатку яе замежная політыка выказвалася двума словамі — адбудаваньне Польшчы. Так было ў часы руху чартыстых у Англіі, пакуль ён існаваў. Тое самае датычыць францускіх рабочых яшчэ задоўга да 1848 году. Так было ў Нямеччыне, калі ў 1848-49 гадох рабочыя часопісы жадалі вайны з Расіяй для адбудаваньня Польшчы".[26]

З твораў К. Маркса мы прывядзем толькі адзін вынятак, як вельмі яскравы. У „Новой Рейнской Газете“, у артыкуле „Прения по польскому вопросу в Франкфрутском парламенте“, Маркс піша аб польскім пытаньні ніжэйпаданае. „Польшча, дзякуючы соцыяльным умовам зрабілася рэволюцыйнаю часткаю Расіі, Аўстрыі і Прусіі. Опозыцыя яе проці захопнікаў была адначасна опозыцыяй проці вышэйшай арыстократыі ў самай Польшчы. Нават шляхта, якая часткаю яшчэ стаяла на фэўдальным грунце, далучылася з бяспрыкладным захапленьнем да аграрнай рэволюцыі. Польшча была вогнішчам эўропейскай дэмократыі ўжо тады, калі Нямеччына яшчэ блыталася вобмацкам у найгоршай констытуцыяналістычнай ідэолёгіі і ў напышлівай філёзофскай ідэолёгіі. У гэтым, а не ў развоі даўно памерлага рыцарства ляжыць неабходнасьць адбудаваньня Польшчы. Пакуль мы (немцы) дапамагаем прыгнятаць Польшчу, пакуль мы далучаем частку Польшчы да Нямеччыны, — мы самі застаёмся зьвязанымі з Расіяй і расійскай політыкай, мы ня можам і ў сябе ў хаце радыкальна вызваліцца ад патрыярхальна-фэўдальнага абсолютызму. Утварэньне дэмократычнай Польшчы ёсьць першая ўмова ўтварэньня дэмократычнай Нямеччыны“.[27]

Прызнаючы польскія паўстаньні, у тым ліку і паўстаньне 1863 году, прогрэсыўнаю гістарычнаю зьяваю, Маркс і Энгельс заўжды прыкладвалі да іх клясавую мерку, што ўносіла новае разуменьне ўнутранай сутнасьці паўстаньняў. У Маркса і Энгельса з прызнаньнем агульна-прогрэсыўнага значэньня паўстаньняў для дэмократыі злучаюцца — клясавы іх аналіз і інтарэсы дэмократыі пролетарскай. Пры такой пастаноўцы пытаньня для нас робіцца ясным факт існаваньня сярод паўстанцаў белай і чырвонай партыі, а таксама і факты варожых узаемаадносін паміж імі, што вельмі часта выліваліся ў надта вострую, зацятую барацьбу за ўладу, за кіраўніцтва паўстаньнем. Вядома, напрыклад, што белыя ў Польшчы ў другой палавіне 1862 году дайшлі да таго, што пачалі перагаворы з Велепольскім аб выдачы ў рукі царскага ўраду правадыроў чырвонай партыі. На Беларусі ў сакавіку 1863 году белыя захапілі ўладу ў свае рукі, дзякуючы пагрозе выдаць чырвоны камітэт расійскай жандармэрыі.

Зразумела, што, лічачы паўстаньне ў цэлым прогрэсыўнаю зьяваю, Маркс і Энгельс зусім не зьяўляюцца прыхільнікамі програмы белых і яе рэалізацыі, бо белыя не стаялі на грунце прызнаньня неабходнасьці аграрнай рэволюцыі, і іх удзел у паўстаньні быў вельмі ўмоўным. Яшчэ 29 лістапада 1847 г. у Лёндане на сходзе, скліканым на ўспамін аб польскім паўстаньні 1831 г. яны падкрэсьліваюць, што старая фэўдальная Польшча загінула канчаткова і беспаваротна і што ў інтарэсах прогрэсу ня можна жадаць яе аднаўленьня. У той час як белая група паўстанцаў марыць аб тым, каб Польшча ўваскросла ў старым выглядзе, з гэтым рэволюцыйны марксызм не згаджаецца. 22-га лютага 1848 году, напярэдадні лютаўскай рэволюцыі, у Брусэль, на сходзе, прысьвечаным другой гадавіне польскага Кракаўскага паўстаньня 1846 году, К. Маркс падкрэсьлівае: „Толькі дэмократычная Польшча мае права быць незалежнай; польская дэмократыя немагчыма бяз зьнішчэньня фэўдальных правоў, без аграрнага руху, які ператварыў-бы прыгонных сялян у вольных уласьнікаў, уласьнікаў сучасных… Польшча зноў выявіла ініцыятыву, але гэтая Польшча ўжо не фэўдальная, а дэмократычная Польшча, і з гэтага моманту яе вызваленьне робіцца пытаньнем гонару для ўсіх дэмократаў Эўропы“.[28] На гэтым-жа сходзе выступае з вялікаю прамоваю і Энгельс. Ён яскрава вызначае наяўнасьць клясавага зьместу паўстаньня. Ён падкрэсьлівае, што барацьбу паўстанцаў проці іназемных прыгнятацеляў, якімі зьяўляюцца Расія, Аўстрыя і Прусія, павінна папераджаць клясавая барацьба паміж самімі палякамі. Ён кажа: „Апошнюю барацьбу Польшчы проці яе чужаземных прыгнятацеляў папераджала скрытая, таемная, але рашучая барацьба ў нетрах самой Польшчы, барацьба прыгнечаных палякаў проці палякаў-прыгнятацеляў, барацьба польскай дэмократыі проці польскай арыстократыі… Усе прынятыя там меры адзначаліся тою дэмократычнаю, я сказаў-бы, амаль што пролетарскаю сьмеласьцю, якой няма чаго губляць, апроч жабрацтва, і якая мае набыць цэлую бацькаўшчыну, цэлы сьвет. Там ня было ваганьняў, ня было нерашучасьці. Рабіўся адразу напад на тры дзяржавы, агалашалася вольнасьць сялян, аграрная рэформа, наданьне яўрэям грамадзкіх правоў. Зусім не зьвярталася ўвагі на тое, што ўсё гэта магло-б закрануць тыя ці іншыя інтарэсы арыстократыі“.[29]

Далей Маркс і Энгельс закранулі клясавы зьмест польскіх паўстаньняў і ў „Комуністычным Маніфэсьце“. Яны тут ясна вызначылі, каго павінны падтрымліваць комуністы сярод паўстанцаў. „Сярод палякаў комуністы падтрымліваюць партыю, якая ставіць аграрную рэволюцыю неабходнаю ўмоваю нацыянальнага вызваленьня, тую самую партыю, якая выклікала Кракаўскае паўстаньне 1846 году“.[30] Як нам вядома, такою партыяю было Польскае Дэмократычнае Таварыства, да якога належаў Людвік Мераслаўскі, дыктатар у часы паўстаньня 1863 году. З шэрагаў Таварыства вышла шмат чырвоных 1863 году як у Польшчы, так і на Беларусі.

Клясавы падыход К. Маркса да паўстаньня 1863 году мы бачым яшчэ і з такога, напрыклад, факту. У сярэдзіне сакавіка 1863 году белым колам Кракава ўдалося паставіць на чале паўстаньня ў Польшчы белую дыктатуру такой нязначнай, мізэрнай фігуры, як Марыян Лангевіч. Дыктатура Лангевіча выплыла на паверхню пасьля няўдачы чырвоных усталіць дыктатуру Л. Мераслаўскага, які павінен быў пакінуць тэрыторыю Польшчы. Варшаўскі Цэнтральны Комітэт, які дзякуючы цэламу шэрагу прычын, да гэтага часу ўжо значна пабялеў, пасьля нядоўгіх перагавораў з Лангевічам, згадзіўся на офіцыяльнае прызнаньне гэтай дыктатуры. Чырвоныя даўганскія колы на тэрыторыі паўстаньня і за межамі яго былі вельмі незадаволены гэтым фактам. Што датычыць Беларусі, дык тут белыя выкарысталі гэты факт для таго, каб скінуць чырвоны Камітэт і захапіць кіраўніцтва паўстаньнем у рукі белага Кіраўнічага Аддзелу. Калі аб устанаўленьні дыктатуры М. Лангевіча даведаўся К. Маркс, ён адразу зразумеў соцыяльную сутнасьць гэтага захопу ўлады і перамены ў кіраўніцтве паўстаньнем. Ён прызнаў гэты факт не дадатнай, а адмоўнай зьявай, бо бачыў ў ім перамогу белых над чырвонымі. Такі самы клясавы падыход да паўстаньня 1863 году мы бачым і ў прадмове Ф. Энгельса да польскага выданьня „Комуністычнага Маніфэсту“, якая была напісана ў 1892 годзе і аб якой мы будзем гаворыць яшчэ крыху ніжэй.

Вельмі рана ў Энгельса і Маркса зьявілася сумненьне ў тым, ці зможа Польшча сярэдзіны 19-га стагодзьдзя і Польшча больш позьніх часоў выканаць тую прогрэсыйную ролю, аб якой яны гаворылі і пісалі ці здолее яна провесьці тую аграрную рэволюцыю, якая зьяўляецца неабходнаю ўмоваю для яе прогрэсыўнай ролі. Першым загаварыў аб гэтым Энгельс. Яшчэ 23 травеня 1851 году ён піша аб сваім сумненьні ў лісьце да Маркса. „Чым больш я задумваюся над гістарычным разьвіцьцём Польшчы, тым ясьней робіцца мне, што палякі зьяўляюцца nation foutue (нацыяй да нічога), нацыяй, якая толькі да таго часу можа быць выкарыстана, як сродак, пакуль Расія сама ня ўцягнута ў аграрную рэволюцыю. З гэтага часу ў палякаў не застанецца ні малейшага raison d‘être (падставы) існаваньня. Палякі на працягу ўсёй сваёй гісторыі не рабілі ніколі нічога іншага, апроч таго, што вытваралі храбрыя неразважлівыя глупствы. Немагчыма вызначыць ніводнага такога моманту, калі Польшча, хоць-бы толькі ў адносінах да Расіі, з посьпехам прадстаўляла прогрэс ці зрабіла што-небудзь такое, што мела-бы хоць некаторае гістарычнае значэньне. Расія-ж, наадварот, зьяўляецца сапраўды прогрэсыўнай у адносінах да ўсходу. Рускае панаваньне, пры ўсёй яго бяздарнасьці, пры ўсім яго славянскім бруду, мае цывілізуючае значэньне для краін Чорнага і Касьпійскага мораў і Цэнтральнай Азіі, для Башкірыі і татар. Пры гэтым Расія ўпітала ў сябе шмат больш элемэнтаў эдукацыі і асабліва прамысловых элемэнтаў, чым Польшча, па ўсёй сваёй натуры рыцарска-мядзьвежая. Перавагаю зьяўляецца ўжо тое, што рускае дваранства фабрыкуе, таргуецца, рабуе, дае сябе псаваць, займаецца ўсялякімі хрысьцьянскімі і яўрэйскімі гешэфтамі, пачынаючы з імпэратара і князя Дзямідава і канчаючы пархатым баярынам 14 клясы, які завецца толькі „благородием“… Я ўпэўнены, што аграрная рэволюцыя адбудзецца поўнасьцю ў Расіі раней, чым у Польшчы, дзякуючы нацыянальнаму характару Расіі і большаму разьвіцьцю ў ёй буржуазных элемэнтаў. Што знача Варшава і Кракаў проці Пецярбургу, Масквы і Адэсы і г. д.“[31]

У далейшыя часы Маркс і Энгельс дэтальна вывучалі мінулае і сучаснасьць Польшчы і Расіі і часта задумваліся аб шляхох разьвіцьця гэтых краін, што адбілася на іх перапісцы. Энгельс у сваім лісьце на імя Н. Ф. Даніельсона, датаваным 22 верасьня 1892 году, пацьвярджае сваю ранейшую думку аб тым, што Расія шпарка пойдзе па шляху прамысловага капіталізму. Ён піша наступнае: „Я пацьвярджаю цяпер, што прамысловая вытворчасьць азначае ў бягучы момант абавязкова буйную прамысловасьць з скарыстаньнем пары, электрычнасьці, самадзейнічных прадзільных і ткацкіх варштатаў і ўрэшце з машыннаю вытворчасьцю самых машын. З таго моманту, як Расія ўвяла жалезныя дарогі, увод усіх гэтых найноўшых сродкаў вытворчасьці зрабіўся для яе амаль вырашаным пытаньнем”.[32] К. Маркс у сваім лісьце на імя Зорге, датаваным 27 верасьня 1877 г., прыходзіць да таго-ж вываду, да якога прышоў і Энгельс у сваім лісьце да Маркса ад 23 траўня 1851 года, г. зн. што аграрная рэволюцыя найраней адбудзецца на ўсходзе, у Расіі. Гэтую сваю думку Маркс формулюе наступным чынам: „Што датычыць Расіі, становішча якой я вывучыў па рускіх орыгінальньіх крыніцах, неофіцыяльных і офіцыяльных (апошняе даступна толькі нямногім асобам і было дастаўлена мне маімі прыяцелямі ў Пецярбургу), дык яна даўно знаходзіцца напярэдадні перавароту, і ўсе неабходныя для гэтага элемэнты пасьпелі. Малайцы туркі на гады прысьпешылі ўзрыў ударамі, якія яны нанесьлі ня толькі рускай арміі і рускім фінансам, але і асабіста камандаваўшай дынастыі… Рэволюцыя на гэты раз пачнецца на ўсходзе, які быў дагэтуль некранутай цытадэльлю і рэзэрвовай арміяй контр-рэволюцыі“.[33] Такім чынам, вывучэньне разьвіцьця элемэнтаў прамысловасьці ў Расіі і Польшчы прывяло Маркса і Энгельса да дагадкі, што аграрная рэволюцыя хутчэй адбудзецца ў Расіі, чым у Польшчы. А калі гэта так, дык Расія і Польшча павінны памяняцца ралямі. Сучасная гісторыя ўжо нам паказала, што старая дагадка асновапаложнікаў рэволюцыйнага марксызму спраўдзілася на ўсе сто процантаў.

Праходзіць больш двух дзесяткаў год пасьля паўстаньня 1863 году. Адбылося шмат гістарычных падзей, разьвіцьцё якіх раней было толькі прадметам гістарычнага прадбачаньня і дагадкі. Скончылася і паўстаньне 1863 г., не разьвязаўшы радыкальна аграрнага пытаньня і ня выканаўшы ўскладзеных на яго гістарычных заданьняў. Даволі шырака разьвінулася буйная прамысловасьць у Польшчы і асабліва ў Расіі. Дробнабуржуазныя і шляхецкія элемэнты 50-х і 60-х гадоў перасталі граць першую ролю. На сцэну выступіла ў якасьці заправілы буйная прамысловая буржуазія. Узрасла моц і сьвядомасьць пролетарыяту. Ф. Энгельс у 1892 годзе ў прадмове да польскага выданьня „Комуністычнага Маніфэсту” ўжо мае ўсе даныя сказаць, што польская шляхта выявіла сваю поўную нядужасьць пабудаваць новую, буржуазна-дэмократычную Польшчу і зышла з гістарычнай арэны, як актыўны фактар; што буйная польская буржуазія канца 19-га ст. зусім ня цікавіцца адбудаваньнем польскай дзяржавы; што пры такіх умовах сапраўднае вызваленьне Польшчы прынясе польскі пролетарыят разам з расійскім пролетарыятам.

Такім чынам, тыя дагадкі, якія зьяўляліся ў Маркса і Энгельса яшчэ з 50-х гадоў 19 ст., спраўдзіліся. Польскія паўстаньні не пабудавалі дэмократычнай дзяржавы і не правялі аграрнай рэволюцыі. Гэтае банкроцтва стаяла ў беспасрэднай сувязі з тымі клясавымі супярэчнасьцямі, якія крыліся ў самой соцыяльнай прыродзе ўсіх польскіх паўстаньняў, у тым ліку і паўстаньня 1863 г. Далучыўшыся да паўстаньня, якое паставіла сваёю мэтаю аграрную рэволюцыю, земляўласьніцкая шляхта, нават і ўцягнутая ў капіталістычную гаспадарку, ішла проці сваіх клясавых інтарэсаў. Яна падрубала пад сабою той экономічны і політычны базіс, на якім грунтавалася. Зразумела, хутка яна стала на свой клясавы грунт. Групава-клясавыя інтарэсы земляўласьніцкай шляхты раскалолі паўстанцаў на белых і чырвоных, выклікалі паміж імі барацьбу, затармазілі паўстанскі рух, прывялі ўрэшце белых да выхаду з паўстанскіх шэрагаў у лягер царызму і адбілі ад паўстаньня сялянства ў значнай яго часьці. Усё гэта, асабліва апошняе, дало царскаму ўраду магчымасьць даволі лёгка расправіцца з чырвонаю, дробна-буржуазнаю і рабочаю часткаю паўстанцаў, што стаяла за лёзунг аграрнай рэволюцыі.

Даволі часта спыняўся на польскіх паўстаньнях і У. І. Ленін. Яго погляды на справу ў сваёй сутнасьці супадаюць з вышэйпаданымі поглядамі К. Маркса і Ф. Энгельса. Зразумела, т-ш Ленін меў магчымасьць больш дэтальна аналізаваць пастаўленае пытаньне, бо ён пісаў аб Польшчы ў канцы 19 і пачатку 20 ст. Мы спынімся толькі на двух вынятках з твораў Леніна, што робяць пытаньне аб паўстаньні 1863 г. і наогул аб Польшчы зусім ясным.

У 1903 г., у № 44 „Искры“, зьявіўся артыкул т-ша Леніна пад назваю: „Национальный вопрос в нашей программе“.[34] Тут т-ш Ленін цытуе адпаведныя месцы з твораў Маркса і Энгельса, з якіх відаць, што асновапаложнікі марксызму ў свае часы лічылі польскія паўстаньні прогрэсыўнай гістарычнай зьявай. Т-ш Ленін з гэтым згаджаецца. Ён піша: „Тады рэволюцыйнаю была якраз Польшча ў цэлым, ня толькі сялянства, але і маса шляхецтва. Традыцыі барацьбы за нацыянальнае вызваленьне былі такімі моцнымі і глыбокімі, што пасьля зьнішчэньня руху на бацькаўшчыне лепшыя сыны Польшчы ішлі падтрымліваць усюды рэволюцыйныя клясы. Памяць паўстанцаў Дамброўскага і Урублеўскага неразрыўна зьвязана з найвялікшым рухам пролетарыяту 19-га стагодзьдзя, з апошнім — і будем спадзявацца, апошнім няўдачным — паўстаньнем парыскіх рабочых. Тады поўная перамога дэмократыі была сапраўды немагчыма без адбудовы Польшчы. Тады Польшча была сапраўды апораю цывілізацыі проці царызму, перадавым атрадам дэмократыі“.[35]

Так было тады. Але цяпер, піша далей У. І. Ленін, умовы гістарычнага жыцьця зьмяніліся. Тады была эпоха апошніх буржуазных рэволюцыйных рухаў, а цяпер — эпоха напружаньня ўсіх сіл перад пролетарскай рэволюцыяй. Паўтараць бяз зьмены старыя палажэньні марксызму ў пачатку 20-га стагодзьдзя — значыць парушаць дыялектыку гісторыі, значыць — замест сутнасьці марксызму здаволіцца яго літарай. „Цяпер кіруючыя клясы Польшчы, шляхта ў Нямеччыне і Аўстрыі, прамысловыя і фінансавыя тузы ў Расіі выступаюць у якасьці прыхільнікаў кіруючых клясаў у прыгнятаючых Польшчу краінах, а разам з тым побач з польскім пролетарыятам, што па-геройску ўспрыняў традыцыі старой рэволюцыйнай Польшчы, змагаецца за сваё вызваленьне пролетарыят нямецкі і расійскі“.[36] У Расіі разьвінулася прамысловасьць, значна ўзрос рабочы рух, утварылася моцная партыя пролетарыяту. Цяпер рабочая кляса ня можа і не павінна спускацца да нацыянал-дэмократычных ідэалаў паўстаньня 1863 году. Мінулі часы, калі дэмократычна-буржуазная рэволюцыя магла стварыць вольную Польшчу. Польскія рабочыя, што ва ўсіх трох дзяржавах, якія падзялілі Польшчу, вядуць клясавую барацьбу проці ўсякай буржуазіі разам з сваімі таварышамі па клясе, пабудуюць новую Польшчу. Польскі рабочы ідзе ня проці рускага рабочага, а разам з рускім рабочым. Не буржуазная Польшча выступае проці царскай Расіі, а рабочая Польшча разам з рабочай Расіяй выступае проці буржуазнай Польшчы і царскай Расіі.

У 1914 г., напярэдадні імпэрыялістычнай вайны, зьявіўся ў друку вялікі артыкул т-ша Леніна пад назваю: „О праве наций на самоопределенне“.[37] Тут аўтар яшчэ раз вяртаецца да закранутага раней пытаньня. Ён яшчэ раз адзначае, што К. Маркс і Ф. Энгельс у свае часы лічылі польскія паўстаньні прогрэсыўнымі рухамі; што такі пункт погляду для эпохі 40-х і 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя, „эпохі буржуазнай рэволюцыі Аўстрыі і Нямеччыны, эпохі „сялянскай рэформы”, быў зусім правільным і адзіным паступова дэмократычным і пролетарскім пунктам погляду”.[38] Вызначыўшы гэта, т-ш Ленін лічыць патрэбным падкрэсьліць далей наступнае: „Але калі гэты пункт погляду быў зусім верны для другой трэці ці трэцяй чэцьверці 19-га стагодзьдзя, дык ён перастаў быць верным для пачатку 20-га стагодзьдзя. Самастойныя дэмократычныя рухі і нават самастойны пролетарскі рух прабудзіўся ў большасьці славянских краін, і нават у аднэй з найбольш адсталых славянскіх краін, у Расіі. Шляхецкая Польшча зьнікла і саступіла сваё месца капіталістычнай Польшчы. Пры такіх умовах Польшча не магла ня згубіць свайго выключна рэволюцыйнага значэньня. Калі ППС прагнуліся ў 1896 годзе замацаваць пункт погляду Маркса іншай эпохі, дык гэта азначала ўжо выкарыстаньне літары марксізму проці духу марксізму. Таму зусім правы былі польскія СД, калі яны выступілі проці нацыяналістычных захапленьняў польскай дробнай буржуазіі, паказалі другараднае значэньне нацыянальнага пытаньня для польскіх рабочых, утварылі ўпяршыню чыста пролетарскую партыю ў Польшчы, агаласілі найвялікшай важнасьці прынцып самага сьціслага саюзу польскага і рускага рабочага ў іхі клясавай барацьбе“.[39] Да гэтых зусім ясных і вычэрпваючых слоў т-ша Леніна нам ня трэба нічога дадаваць. Яны, дапаўняючы сабою сказанае ў папярэднім вынятку, канчаткова ставяць кропку над і. Польшча зрабілася капіталістычнаю краінаю. У сучасных абставінах яна страціла сваё рэволюцыйнае значэньне. Новую Польшчу творыць ня польская буржуазія, а польскі рабочы разам з рускім рабочым.

Нацыянальнае пытаньне ня можа граць першараднай ролі. Праўда, яно і зараз не выкасоўваецца, як абмылкова думала Р. Люксэмбург, але яно набывае другараднае значэньне. На першым пляне стаіць клясавая барацьба пролетарыяў, як Польшчы і Расіі, так і ўсіх краін, якая мае сваёю мэтаю ўтварэньне дзяржаваў дыктатуры пралетарыяту. Словы Леніна зьяўляюцца непасрэдным уводам у падзеі Кастрычнікавай рэволюцыі, што адбылася праз тры гады пасьля надрукаваньня артыкулу.

Сучаснасьць, як нельга лепш, пацьвердзіла тое, што гаварылі Маркс, Энгельс і Ленін. Аграрная рэволюцыя поўнасьцю адбылася ў Расіі, а ня ў Польшчы. Замест царскай Расіі ўтварыўся наш Саюз Савецкіх Соцыялістычных Рэспублік, які складаецца з паасобных пролетарскіх дзяржаў, прототыпам каторых была славутная Парыская Комуна. Польская буржуазія і шляхта, пасьля зруйнаваньня царызму, баючыся пролетарскіх дзяржаў Саюзу, зноў сталі на незалежніцкі грунт і ўтварылі ўрэшце, са спазьненьнем на 60 год, „дэмократычную“ Польшчу. Для нас зразумела, чаму польская буржуазія і шляхта, што так дружна жылі з царызмам у апошнія часы яго існаваньня, зусім забыліся аб сваіх незалежніцкіх ідэалах, чаму яны ўспомнілі аб незалежнасьці Польшчы толькі пасьля таго, як у былой Расіі нарадзіўся новы строй. Польская буржуазія і шляхта не маглі згадзіцца з пролетарскаю дыктатураю. З царскаю дыктатураю яны згаджаліся, бо царская дыктатура падтрымлівала іх інтарэсы. Ёсьць усе даныя думаць, што калі-б існавала царская Расія, польская буржуазія і шляхта ня ўспомнілі-б аб сваіх незалежніцкіх ідэалах. Так ці іначай пабудавалася незалежная „дэмократычная“ Польшча, але яе існаваньне зьяўляецца не прогрэсам, а глыбокім рэгрэсам сучаснасьці.

Цяпер Польшча зьяўляецца не „апораю цывілізацыі проці царызму“, чым яна была ў 1863 годзе, а апораю абскуранцкай рэакцыі і фашызму проці соцыялізму і комунізму. Тады лепшыя дэмократы паўстаньня, выратаваўшыся ад царскіх шыбеніц і куляў, пайшлі праліваць сваю кроў на барыкадах Парыскай Комуны для ўтварэньня першай пролетарскай дзяржавы. Цяпер і лепшыя і горшыя „дэмократы“ сучаснай буржуазнай Польшчы эксплёатуюць працу рабочых сваёй дзяржавы, вядуць з імі барацьбу і зьяўляюцца зацятымі ворагамі існуючай пролетарскай дзяржавы. Тады адзін з дэмократаў паўстаньня Л. Мераслаўскі быў запэўнены, што „Польшча будзе вольнаю толькі тады, калі на кішцы астатняга ксяндза павесяць астатняга шляхціца“, а сучасныя „дэмократы“ буржуазнай Польшчы атручваюць рэлігійным дурманом масы, выкарыстоўваюць клерыкалізм для барацьбы з пролетарскім рухам і праваю бядняцка-серадняцкага сялянства кормяць і пояць абшарнікаў. Да гэтага трэба дадаць, што, вызваліўшыся ад царскага нацыянальнага ўціску, сучасная Польшча ўзяла прыклад з царызму ў сэнсе прыгнечаньня нацменшасьцяў, якія складаюць вельмі значны лік яе насельніцтва. Новым у яе нац-політыцы зьяўляецца толькі тое, што яна гадуе беларускіх, украінскіх і іншых фашыстаў, каб іх рукамі душыць радыкальныя і пролетарскія рухі сярод нацменшасьцяў. Шмат яшчэ прыкладаў „дэмократычнасьці“ сучаснай шляхецка-буржуазнай Польшчы магчыма было-б прывесьці, але няма сэнсу гэта рабіць, бо яны ўсім вядомы. Так ідзе дыялектыка гісторыі.

Гаворачы аб польскім паўстаньні, усе паказаныя ў нашай прадмове аўтары, у тым ліку К. Маркс, Ф. Энгельс і Ў. І. Ленін, разумелі ўсю тэрыторыю, абхопленую паўстаньнем 1863 году, г.зн. Польшчу, Літву, Беларусь і Украіну. Вось чаму, напрыклад, т-ш Ленін, называючы імёны лепшых сыноў Польшчы 1863 году, прымаўшых потым удзел у барацьбе за Парыскую Комуну, адзначыў як Яраслава Дамброўскага, што працаваў і змагаўся ў Варшаве і ўва ўласнай Польшчы, так і Валерыя Ўрублеўскага, што змагаўся за лепшую будучыну на тэрыторыі Беларусі, у Горадзеншчыне. Гэта заўжды трэба мець на ўвазе, чытаючы выняткі з твораў памянёных аўтараў. Усё тое, што гаварылася раней аб польскім паўстаньні, трэба адносіць і да паўстаньня 1863 г. на тэрыторыі Беларусі.

Прапануючы чытачу працу аб паўстаньні 1863 г. на Беларусі, аўтар лічыць патрэбным зрабіць наступныя заўвагі.

Зразумела, апісваючы падзеі паўстаньня на тэрыторыі Беларусі, нельга было абмежавацца толькі гэтай тэрыторыяй. Трэба было ўвязаць зьявы і падзеі паўстаньня на Беларусі з гісторыяй паўстаньня 1863 году ў Польшчы, што і было зароблена ў самых кароткіх рысах, пастолькі, паколькі гэта было патрэбна для зразуменьня шэрагу фактаў паўстаньня на Беларусі. Тое самае трэба сказаць і аб тэрыторыі тагачаснай Расіі, куды прасякнуў рух 1863 году і ўвязаўся з расійскім рэволюцыйным рухам. Часам прыходзілася закранаць і тэрыторыю Украіны.

Пры распрацоўцы пытаньня тэрыторыя ўласнай Літвы не аддзялялася ад тэрыторыі Беларусі, дзякуючы таму, што гэта палягчала карыстаньне крыніцамі і агульную ўвязку паасобных зьяў. Гэта зроблена было яшчэ і таму, што ідэёвы і організацыйны цэнтар паўстаньня на Літве і Беларусі быў адзін: ён знаходзіўся ў Вільні. Гісторыю паўстаньня 1863 году на тэрыторыі Літвы распрацоўвае акадэмік т-ш Матулайціс.

Праца закранае пытаньне зусім мала вывучанае. Зразумела, у ёй, павінна быць ня мала недахопаў. Тым ня менш друкаваць працу я лічу патрэбным, дзякуючы неабходнасьці далейшага вывучэньня такой важнай эпохі ў гісторыі Беларусі, як 60-я гады. Крытыка дасьць магчымасьць паправіць недахопы і рушыць справу наперад.

Не магу ня выказаць сваёй падзякі т-шу Я. Віткоўскаму, які даў мне магчымасьць карыстацца сабранымі ім вельмі каштоўнымі матар‘яламі, і іншым т-шом, што дапамагалі мне ў часе працы сваімі заўвагамі.




  1. К. Маркс и Ф. Энгельс в эпоху немецкой революции (1848—1850). Очерки и статьи, собранные Ф. Мерингом. Под редакцией и с предисловнем Д. Рязанова. П. І. Г. Н. т. V. ГИЗ. М—Л., 1926 г., ст. 155—156.
  2. Ibidem, с. 33
  3. Н. Ленин. Собр. сочиненнй, Т. XIX. ГИЗ. 1921 г., ст. 132.
  4. Падпольны часопіс „Ruch”, 1862 г. №10.
  5. Ч. Ясинский. К вопросу о классовой сущности польского восстания 1863 г. Тезисы для доклада в Ком. Академии. Рукопись, ст. 5.
  6. „Trybuna Radziecka”, 1928 г., І, V. №14 (51), ст. 6
  7. Н. Ленин. Собр. сочинений. Т. XIX. ГИЗ. 1921 г., ст. 132.
  8. Рязанов Д. Очерки по истории марксизма. Москва. 1923, ст. 636.
  9. Ibidem, ст. 628.
  10. Ч. Ясинский. Еще один источник правых уклонов. „Бальшавік Беларусі”. 1928 г., кн. ІХ, стар. 48.
  11. Ч. Ясінскі. Ibidem, ст. 49
  12. М. Покровский. Русская история в самом сжатом очерке. Ч. І и ІІ. ГИЗ 1922 г., ст. 130—1
  13. Н. Ленин. Собрание сочинений. 1921 г. ГИЗ. Т. XIX, ст. 132
  14. Ibidem, ст. 132.
  15. Ibidem 1925 г. T.IV, ст. 225
  16. Н. Ленин. Собрание сочинений. ГИЗ. Изд. I, Т. XII, ч. 1., ст. 99.
  17. „Колокол“. 1866 г. № 220.
  18. „Пролетарская Рэволюция“. 1926 г. № 7 (54). Бакунин перед саксонской следственной Комиссией, ст. 162-163.
  19. „Красный Архив“. 1926 г. Т. I (XIV). Ю. Стеклов. Бакунин в 40-е годы, ст. 73
  20. „Красный Архив“. 1927 г. Т. III (XXII). Записка А. Н. Пыпина по делу Н. Чернышевского. Вступит. статья и примечания Ю. Стеклова, ст. 233—234.
  21. Д. Рязанов. Очерки по истории марксизма. Москва. 1923 г., ст. 607.
  22. A. W. Znowu nacjonal-bolszewizm. „Tryb. Radz.“.1928 г., 25, III. № 13 (50), ст. 4.
  23. Н. Ленин. Собрание сочинений. ГИЗ. Изд. 1925 г. Т. IV, ст. 223.
  24. Ibidem, ст. 224.
  25. Д. Рязанов. Оч. по ист. марксизма, ст. 612.
  26. W. Gumplowicz. Socjalizm i sprawa polska, ст. 4.
  27. К. Маркс и Ф. Энгельс в эпоху немецкой революции (1848—1850). Очерки и статьи, собранные Ф. Мерингом. Под ред. Д. Рязанова. ГИЗ. 1926 г., стр. 182.
  28. К. Маркс и Ф. Энгельс. Сочинения. Под ред. Д. Рязанова. Т. V. Ин-т Маркса и Энгельса. 1929 г., стр. 263.
  29. К. Маркс и Ф. Энгельс. Сочинения 1929 г. Т. V, ст. 264, 265.
  30. К. Маркс и Ф. Энгельс. Коммунистический Манифест. Введение и пояснения Д. Рязанова. ГИЗ. 1929 г., ст. 54.
  31. К. Маркс i Ф. Энгельс, Письма. Изд. 3-е переработанное. Перевод, редакция и примечания В. В. Адоратского. Изд. П. i.Г.H. T. V „Моск. Рабочий“. 1928 г., ст. 47—8.
  32. Ibidem, ст. 289.
  33. Ibidem, ст. 274, 275.
  34. Н. Ленин. Собрание сочинений. Изд. I, Т. IV, ст. 221—229.
  35. Ibidem, ст. 225.
  36. Ibidem, ст. 225.
  37. Н. Ленин. Собрание сочинений. ГИЗ 1921 г. Т. XIX, ст. 97—151.
  38. Ibidem, ст. 131—2.
  39. Ibidem, ст. 132.