Перайсці да зместу

1863 год на Беларусі (1930)/9

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Організацыя Кола і Дырэкцыі ў Польшчы Організацыя белых і чырвоных на Беларусі
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Падзеі першай палавіны 1862 году ў Польшчы і на Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ОРГАНІЗАЦЫЯ БЕЛЫХ І ЧЫРВОНЫХ НА БЕЛАРУСІ.

Як мы казалі вышэй, земляўласьніцкая шляхта на Беларусі організавала ня раз падачу політычных адрасоў на імя цара. Апроч таго, яна не адмаўлялася ад організацыі і ўдзелу ў такіх маніфэстацыях, якія падкрэсьлівалі еднасьць усіх часьцін былой Рэчы Паспалітай і насілі выключна польскі патрыятычны характар. Зразумела, царскі ўрад ня мог гэтага ня бачыць. Яшчэ з вясны 1861 году ўрад пачаў зьнімаць з пасад тых шляхецкіх маршалкаў, аб якіх у адміністрацыі былі весткі, што яны прымалі той ці іншы ўдзел у патрыятычных набажэнствах і наогул маніфэстацыях. Найраней быў зволены з сваёй пасады гр. Ян Тышкевіч, маршалак шляхты Віленскага павету. Пасьля звальненьня Тышкевіч зрабіўся сярод земляўласьнікаў героем, і яму часта рабіліся спачувальныя візыты і нават овацыі. Каб спыніць усё гэта, яго выслалі з Вільні на вёску ў яго маёнтак. Апроч Тышкевіча, па вестках поліцыі нядобранадзейнымі аказаліся маршалкі і іншых паветаў. На аснове гэтых вестак адзін за другім былі звольнены з сваіх пасад Беластоцкі павятовы маршалак Саковіч, Берасьцейскі — Гажыч і Панявежаскі — Рымкевіч.

Усё гэта не магло не адбіцца на настроі земляўласьніцкай шляхты, якая, зразумела, была незадаволена звальненьнямі сваіх маршалкаў. Гэтае незадавальненьне найбольш адчувалася ў Віленскім павеце, дзе высланы ў свой маёнтак Тышкевіч, ня гледзячы на нагляд поліцыі, меў зносіны з суседзямі і агітаваў проці расійскага ўраду сярод земляўласьнікаў. У такіх абставінах павінны былі адбыцца выбары новага павятовага Віленскага маршалка шляхты. Яны былі прызначаны на канец чэрвеня 1861 году. На выбары пачала зьбірацца шляхта. Зьехалася каля 60 чалавек. Настрой сярод іх быў даволі павышаны. Аб гэтым даведаўся Назімаў. Ён думаў, што земляўласьнікі дэмонстрацыйна намераны зноў абраць маршалкам апальнага Тышкевіча ці іншую асобу, якая дзеля сваёй нядобранадзейнасьці ня будзе зацьверджана ўрадам. Каб ня было такога непаразуменьня, Назімаў выклікаў да сябе больш вядомых і ўплывовых з земляўласьнікаў, каб праз іх зрабіць адпаведны націск на выбары. Націск удаўся. Шляхта абрала на пасаду маршалка буйнога земляўласьніка А. Ваньковіча, якога Назімаў лічыў даволі добранадзейным.

Але на гэтым справа ня скончылася. Па прапанове аднаго з дэлегатаў быў складзены прывітальны адрас на імя зволенага царскім урадам з пасады маршалка Я. Тышкевіча. Адрас вызначаў, што звальненьне Тышкевіча было зроблена расійскім урадам незаконна, што Тышкевіч выканаў свой патрыятычны ў адносінах да Польшчы абавязак. Усе сапраўдныя патрыёты края павінны шанаваць яго, як пакутніка за ідэёвы ўчынак і выяўляць яму сваё спачуваньне. Пачалося зьбіраньне подпісаў пад адрасам. Выявілася, што далёка ня ўсе ўдзельнікі выбараў адважваюцца падпісацца пад адрасам. Адмаўляючыся падпісацца пад адрасам, яны гаварылі, што яны згодны са зьместам адрасу, але баяцца рэпрэсій. З 60-ці шляхецкіх дэлегатаў падпісалася толькі 40 асоб. Тым ня менш адрас Тышкевічу падалі. Хутка гэты факт зрабіўся добра вядомым як у Польшчы, так і на Беларусі. Адрас перапісваўся і хадзіў па руках. Не магла не даведацца аб падачы шляхтаю адрасу і расійская адміністрацыя. Яна была асабліва абурана выкарыстаньнем з боку шляхты легальных магчымасьцяй для нелегальных мэтаў. Зразумела, адразу распачаліся рэпрэсіі. Найраней было скасавана абраньне павятовым маршалкам А. Ваньковіча, як нядобранадзейнага, бо высьветлілася, што новаабраны маршалак ня толькі прымаў удзел у складаньні адрасу і падпісаў яго, але нават завёз адрас у маёнтак Тышкевіча і паднёс яму пры ўрачыстых абставінах. Двух земляўласьнікаў (Б. Еленскага і Е. Грыневецкага), якім было прыпісана рэдагаваньне адрасу і зьбіраньне пад ім подпісаў, выслалі ў Петразаводзк Алонецкай губэрні. Земляўласьніка Вагнэра абвінавацілі ў тым, што ён быў ініцыятарам адрасу. Яму пагражала высылка ў Яраслаўскую губэрню. Потым гэтая высылка, дзякуючы глыбокай старасьці і хваравітасьці Вагнэра, была заменена высылкай у яго маёнтак.

Ня гледзячы на рэпрэсіі, земляўласьнікі на Беларусі не супакоіліся. Ім патрэбна была такая легальная організацыя, якая магла-б групаваць іх наогул. На зьездах шляхты ўтвараюцца пляны і пішуцца проекты статуту Земляробскага Таварыства, якое па думцы беларускіх зямляўласьнікаў павінна было адыграць такую самую організацыйную ролю на Беларусі, як Земляробскае Таварыства ў Варшаве. Па думцы ініцыятараў Земляробскае Таварыства на Беларусі павінна было дзейнічаць разам з Крэдытовым Таварыствам, у якім земляўласьнікі былі зацікаўлены экономічна, дзякуючы опэрацыі вызваленьня сялян. К канцу лета 1861 г. проекты статутаў абодвух таварыстваў былі ўжо гатовы і пададзены праз Віленскага губэрнатара на зацьвярджэньне міністра ўнутраных спраў. Пасьля доўгага трыманьня проектаў у канцэлярыях, амаль што праз год, урад прыслаў офіцыйную адмову па пытаньню аб зацьвярджэньні абодвух таварыстваў, бо ён добра разумеў ня толькі экономічнае, але і політычнае іх значэньне для опозыцыйнай шляхты на Беларусі.

Пакуль цягнулася справа з таварыствам, у земляўласьніцкіх шляхецкіх колах зьяўляецца думка аб утварэньні падпольнай організацыі. Я. Гейштор у сваіх запісках[1] апавядае, што „ў лістападзе 1861 году ў Вільні адбываўся зьезд шляхты, на якім было ўхвалена больш энэргічна заняцца абыватальскай організацыяй, каб побач з пашыраючымся рухам і ўрадавымі рэпрэсіямі яна магла сабраць наўкола сябе людзей з добрымі намерамі“. З вынятку відаць, што чырвоныя, па думцы Я. Гейштора, проціпастаўляліся белым, як людзі, якія такіх „добрых намераў“ ня маюць. Ніжэй Я. Гейштор спыняецца на тых імёнах, з якімі магчыма было-б зьвязацца для ўтварэньня белай організацыі. І трэба зазначыць, што Гейштор ня зусім запэўнены ў актыўнасьці і здольнасьці гэтых імён. „З маршалкаў Старжынскі стараўся больш аб сваёй папулярнасьці; Любамірскі быў бязумоўна разумным чалавекам. Лапа — добрым грамадзянінам, але яны ня бачылі пільнай патрэбы, каб, выкарыстаўшы сілы абуджанага ўнутранага жыцьця, змагацца шляхам органічнай працы проці дэмонстрацый“.[2]

Пры немагчымасьці наладзіць нелегальную і легальную організацыю, белым заставаўся толькі адзін шлях — выкарыстоўваць легальныя шляхецкія організацыі і зьезды для складаньня політычных адрасоў.

У канцы кастрычніка і пачатку лістапада 1861 г. у павятовых гарадох Меншчыны і Магілёўшчыны распачаліся зьезды шляхты для абраньня маршалкаў. Гэтыя зьезды выкарыстоўваюцца земляўласьнікамі для складаньня лібэральных політычных адрасоў. Сярод іх была, паміж іншым, такая думка, каб на аснове павятовых адрасоў злажыць потым адрасы ад паасобных губэрань усёй Беларусі і Літвы і падаць расійскаму ўраду, што зробіць вялікае ўражаньне, як на ўрад, так і на заграніцу. Урад тады пойдзе на ўступкі.

Мы маем перад сабою адзін з такіх павятовых адрасоў, які быў складзены шляхтаю Рагачэўскага павету 22 кастрычніка 1861 году. Адрас складаўся зусім легальна, у прысутнасьці і нават у памяшканьні павятовага шляхецкага маршалка Богуша. Зьмест адрасу наступны. Карыстаючыся правамі, нададзенымі шляхце разьдзелам 108-м IX-га тому свода законаў выданьня 1857 г., і маючы на ўвазе свае карысьці патрэбы, шляхта павету ўхваліла: 1) Выказаць царскаму трону глыбокую падзяку за тое, што ён ласкава прыняў просьбу шляхты аб скасаваньні прыгоннага права. Рагачэўская шляхта з задавальнем бачыць у гэтым вялікім факце пачатак агульных вольнасьцяй. Даўшы асабістую вольнасьць сялянству, цар неўзабаве пакліча і шляхту да грамадзкага жыцьця. Памятаючы аб сваіх правох і прывілеях як за часы ранейшых расійскіх цароў, так і за часы польскіх каралёў, шляхта просіць аб звароце гэтых правоў і прывілеяў, захаваньне якіх у цэласьці абяцала Кацярына II у сваіх трактатах. 2) Прасіць урад аб звароце польскай мовы ў школе і судзе. 3) Аб наданьні краю публічнага і галоснага суду. 4) Прасіць аб далучэньні Магілеўскага вучэбнага округу да Віленскага вучэбнага округу. 5) Аб далучэньні Рагачэўскага павету і ўсёй Магілеўшчыны да Літоўскіх губэрань. 6) Аб аднаўленьні віленскага унівэрсытэту на даўных правох. 7) Аб наданьні свабоды веры ўсім хрысьціянскім вызнаньням і аб дазваленьні бацьком, калі яны належаць да розных вызнаньняў, выхоўваць сваіх дзяцей у той веры, у якой яны самі захочуць. Далей у адрасе вызначаецца, што ўсе выказаныя шляхтаю пажаданьні абаперты на старыя правы і прывілеі, якім раней карысталася шляхта ў Беларусі. Гэтыя правы і прывілеі зацьверджаны ў трактаце 1773 г. Кацярынаю II за сябе і за сваіх наступнікаў. Цар Аляксандар I на Венскім конгрэсе перад усёй Эўропай таксама асьведчыў, што ўсе краіны, аддзеленыя ад Польшчы, ён злучыць у адно і ўвядзе ў іх народны прадстаўнічы ўрад. Наданьне Аляксандрам II правоў сялянам абудзіла ў шляхты надзеі і рашучасьць прасіць аб звароце сваіх старых шляхецкіх правоў. Апроч таго, шляхта Рагачэўскага павету спадзяецца, што для наданьня асабістай і грамадзкай свабоды ўсім клясам царства Аляксандар II дазволіць прадставіць яму просьбы асобым абраным дэпутатам. Вышэйпаданы адрас шляхта Рагачэўскага павету даручае перадаць на ўхвалу цара Магілеўскаму губэрскаму шляхецкаму маршалку.

Ёсьць весткі, што гэты адрас быў пададзены расійскаму ўраду. „Увосень 1861 году шляхецтва Магілеўскай губэрні падало адрас на імя цара з просьбаю аб далучэньні яе да Літвы. Маршалак шляхты Менскай губэрні Лапа, на чыннасьць якога Менскі губэрнатар скардзіўся міністру ўнутраных спраў Валуеву, быў выкліканы ў Пецярбург. Валуеў, які трымаўся лібэральнага напрамку, прыняў яго вельмі далікатна, выказаў сваё спачуцьцё Літве, даў зразумець, што генэрал-губэрнатар Назімаў будзе звольнены з пасады, што на пасады вышэйшых урадоўцаў будуць назначацца мясцовыя ўраджэнцы, што часткова будзе ўводзіцца польская мова, што будзе адноўлены віленскі унівэрсытэт, але выказаў пажаданьне, каб літоўскае шляхецтва адмовілася ад польскіх тэндэнцый. Усё гэта знаходзілася ў сувязі з рэволюцыйным рухам у Расіі, зьвязаным з рэформамі“.[3]

Наколькі магчыма меркаваць з вышэйпаданага вынятку, адрас быў пададзены толькі шляхтаю Магілеўскай губэрні. Менскі шляхецкі маршалак быў выкліканы ў Пецябург ня ў выніку падачы адрасу. Наадварот, з вынятку відаць, што размова з ім Валуева, вельмі ветлівая прыхарошаная абяцанкамі, мела на мэце папярэдзіць падачу менскай шляхтай адрасу, які ня мог быць пажаданым для расійскага ўраду. Зусім іншая размова была-б з менскім маршалкам, каб менскае шляхецтва адрас падало. Гэта відаць з адносін расійскага ўраду да рагачэўскай шляхты, якая склала адрас. Маршалак Рагачэўскай шляхты быў арыштаваны, высланы ў Пецярбург і там пасаджаны ў крэпасьць. Па ўсіх іншых паветах Магілеўшчыны распачаліся вышукі і сьледзтвы, якія, аднак, ня далі ўраду ніякіх матар‘ялаў для далейшых рэпрэсій. Справа абмежавалася высылкамі з гарадоў у маёнткі некаторых памешчыкаў і звальненьнем з пасад некалькіх чыноўнікаў, якія былі заўважаны ў агітацыі за падачу адрасоў.

Аб організацыі чырвоных на Беларусі ў гэтыя часы мы маем зусім мала вестак. Мы толькі можам зазначыць, што к канцу 1861 году чырвоныя колы на Беларусі і ў Літве прагнуцца ўтварыць зародак аб‘яднанай організацыі, неабходнасьць чаго выявілася яшчэ летам. Зразумела, аб‘яднаньне чырвоных сіл пакуль што яшчэ вельмі слабое. Яно выяўляецца ў тым, што паасобныя гурткі і іх правадыры жвава зносяцца паміж сабою, устанаўліваюць паміж сабою адпаведныя сувязі і концэнтруюцца каля Вільні. Адначасна з гэтым яны ўстанаўляюць сталую сувязь з чырвонай організацыяй (Колам) у Польшчы. У процівагу белым, чырвоныя на Беларусі, як і ў Польшчы, выяўляюць напружаную організацыйную актыўнасьць. Цэнтрам організацыі паступова робіцца Вільня. Тут пачынае іграць галоўную ролю вельмі радыкальна настроены Людвік Зьвярждоўскі, вельмі эдукаваны вайсковы, ў чыне капітана генэральнага штабу. Ён да гэтага часу быў актыўным членам польскай рэволюцыйнай організацыі ў Пецярбургу, дзе вучыўся ў акадэміі генэральнага штабу. Па сканчэньні акадэміі Зьвярждоўскі атрымаў пасаду ў Вільні і пачаў тут жыць стала. Беларускія чырвоныя праз яго і праз студэнтаў расійскіх унівэрсытэтаў зьвязваліся з рэволюцыйнымі коламі і гурткамі Расіі.

Шырока разьвінулася дзейнасьць чырвоных у Беластоку. Беласток у гэтыя часы быў вельмі ажыўленым пунктам. Праз Беласток ішла Пецярбурска-Варшаўская чыгунка, якая тады праводзілася. У горадзе, дзякуючы гэтаму, было заўжды шмат народу, які складаўся з рабочых і служачых новай дарогі. Тут вялікую організацыйную ролю іграе адзін з галоўных інжынэраў дарогі Браніслаў Шварцэ. Карыстаючыся сваімі службовымі разьездамі і пастаяннымі зносінамі з вялікім лікам людзей, якія ўдзельнічаюць у будоўлі чыгункі, Б. Шварцэ мае поўную магчымасьць пашырыць уплывы чырвоных і ўцягнуць у організацыю шмат новых членаў. Рэволюцыйная праца разьвіваецца. З вялікімі цяжкасьцямі ўтвараецца ў Беластоку падпольная друкарня, зьяўленьне якой таксама абявязана энэргічнай чыннасьці Б. Шварцэ. Цікава адзначыць, што друкарня была прыстасавана да друку ў беларускай мове. Заснаваньне друкарні гаворыць аб тым, што організацыя чырвоных ужо даволі моцная. Цяпер, дзякуючы друкарні, уплывы чырвоных будуць узрастаць. Іх агітацыйная літаратура будзе пашырацца як сярод інтэлігенцыі і рамесьнікаў, так і нават сярод сялянства, чаму спрыяе карыстаньне чырвонымі беларускай „мужыцкай“ мовай.

У гэтыя часы на Беларусі, асабліва ў заходняй яе частцы, даволі шырока разьвіваецца агітацыйная чыннасьць Кастуся Каліноўскага. У 1861-м годзе ён яшчэ студэнт юрыдычнага факультэту пецярбурскага унівэрсытэту. На Беларусі Каліноўскі бывае наездамі: як студэнт, ён прыяжджае на вакацыі да свайго бацькі, што жыве ў Воўкавыскім павеце Горадзеншчыны. У Пецярбургу К. Каліноўскі зьвязаны з расійскімі рэволюцыйнымі гурткамі. На яго, як і на ўсіх рэвалюцыянэраў таго часу, робіць вялікі ўплыў Герцэн сваім часопісам „Колокол”. Зьяўляючыся на Беларусь на даволі даўгія вакацыі, Каліноўскі ня губіць дарма часу. Апрануўшыся ў сялянскую вопратку, добра ўладаючы беларускаю моваю, прыкрыўшыся псэўдонімам Базыля Сьвіткі, Кастусь Каліноўскі вандруе па вёсках Беларусі, агітуючы сярод сялянства і дробнай шляхты. Праца Каліноўскага бязумоўна зьвязана як з Вільняю, так і з Беластокам. Бязумоўна ў К. Каліноўскага магла быць і была сувязь з так званымі „лясьнікамі”, аб якіх мы гаварылі вышэй. Аб гэтым гаворыць увесь напрамак рэволюцыйна-агітацыйнай дзейнасьці Каліноўскага. Апроч таго, трэба вызначаць, што Хрулёў у сваім „Дневнике“ зьвязвае лясьнікоў з імем Малахоўскага, які заўжды быў супрацоўнікам і прыятелем Каліноўскага.

Ужо тады кідаецца ў вочы радыкалізм К. Каліноўскага. Цэлы шэраг тагочасных докумэнтаў сьведчыць аб гэтым. Сучасьнікі прыпісваюць яму такія думкі і словы: „Паўстаньне павінна быць па сутнасьці сваёй чыста мужыцкім. Шляхта, паколькі яна з мужыком ня пойдзе, павінна загінуць. Мужыцкая сякера не павінна затрымлівацца нават над калыскаю шляхецкага дзіцяці“. Разьвязаньне соцыяльнага „мужыцкага“ пытаньня высоўваецца Каліноўскім на першы плян. Побач з мужыцкім соцыяльным пытаньнем Каліноўскі высоўвае і нацыянальнае беларускае пытаньне, бо мужыка-беларуса ён процістаўляе шляхціцу-пану паляку і ўрадоўцу — рускаму. У сваёй агітацыі і пропагандзе сярод сялянства ён карыстаецца „мужыцкай“ беларускай мовай.

З чырвоных на Беларусі мы павінны вызначыць яшчэ такіх рэволюцыянэраў, як Малахоўскі, Такаржэвіч і Грынявецкі, погляды якіх былі таксама вельмі радыкальныя. Гаворачы аб радыкалізьме як К. Каліноўскага, так і іншых вышэйпамянёных чырвоных, мы павінны адразу адзначыць, што гэты радыкалізм быў радыкалізмам дробнабуржуазнай розначыннай інтэлігенцыі. „Левыя” лёзунгі не перашкаджалі ёй працаваць і выступаць разам з белымі, аб чым сьведчаць падзеі ў Вільні і іншых гарадох улетку і ўвосень 1861 году. Палавінчатасьць і нерашучасьць чырвоных як у Польшчы, так і на Беларусі ёсьць тыповая зьява як перад паўстаньнем, так і ў часы паўстаньня.

У шчыльнай сувязі з чырвонымі на Беларусі працуе сярод дробнай шляхты і сялянства ўласнай Літвы (Ковеншчына) ксёндз Антон Мацкевіч. Яго роля ў Літве вельмі вялікая. Гэта даволі выразны чырвоны. На аснове яго ўласных паказаньняў мы даведваемся, што ён апрануў сутану выключна дзеля рэволюцыйных мэтаў, каб мець большы ўплыў на сялянства, якое ў тыя часы верыла аўторытэту ксяндзоў. Магчыма думаць, што такія факты ў часы паўстаньня 1863 году спатыкаліся даволі часта. Недарма ксёндз-профэсар пецярбурскай каталіцкай духоўнай акадэміі Фэлінскі, які потым быў назначаны Варшаўскім арцыбіскупам, у сваіх гутарках з канчаючымі курс студэнтамі акадэміі кажа, што чырвоныя, вельмі часта са студэнтаў вышэйшых сьвецкіх школ перарабляюцца на ксяндзоў для політычйых мэтаў рэволюцыйнага характару. Фэлінскі папераджае сваіх вучняў, каб яны сьцерагліся гэтых людзей, якія па яго думцы зьяўляюцца небясьпечнымі ваўкамі, апранутымі ў авечую скуру.

Такім чынам, мы бачым, што белая земляўласьніцкая шляхта на Беларусі ўвесь час імкнулася выкарыстаць для опозыцыйнага руху легальна існуючыя ў рамках царскай імпэрыі організацыі. Нелегальнай організацыі падобнай да Варшаўскай Дырэкцыі яна на Беларусі ўтварыць не магла. Магчыма думаць, што беларускія белыя колы толькі зьвязаліся з Варшаўскай Дырэкцыяй. Што датычыць чырвоных, дык яны выявілі большую актыўнасьць, чым белыя. 1861-ы год сабраў чырвоныя сілы на Беларусі. Паміж асобнымі гурткамі ў розных мясцовасьцях праз іх прадстаўнікоў наладжваецца організацыйная сувязь. У Вільні ўтвараецца зародак чырвонай цэнтральнай паўстанцкай організацыі, якая праз Б. Шварцэ зьвязваецца з Варшаўскім Колам.


  1. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865. Т. I Wilno. 1913, ст. 128.
  2. Ibidem, ст. 137.
  3. Записки поляка о 1863 годе. Извлечение из труда Ст. Козьмяна „Rzecz roku 1863“. Trzy tomy. Kraków, 1896. Рус. Стар. 1898 г. Т. 94, кн. II, ст. 559.