Перайсці да зместу

1863 год на Беларусі (1930)/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Русіфікацыя Беларусі Жондавыя зьмены ў Варшаве
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Развал Віленскага белага Аддзелу, новы яго склад і здрада белых

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЖОНДАВЫЯ ЗЬМЕНЫ Ў ВАРШАВЕ.

Для таго, каб ясьней уявіць сабе далейшае разьвіцьцё падзей паўстаньня на Беларусі, нам трэба пазнаёміцца з важнейшымі фактамі ў жыцьці цэнтральнага паўстанчага жонду, які меў організацыйны і політычны ўплыў на разьвіцьцё паўстаньня на Беларусі і Літве.

Як мы ўжо гаварылі вышэй, з сярэдзіны сакавіка 1863 году Цэнтральны Варшаўскі Камітэт зрабіўся белым. Пасьля кароткай няўдалай белай дыктатуры Марыяна Лангевіча Цэнтральны Камітэт зноў прыбірае ўсё да сваіх рук. Ён вядзе яўна выразную белую лінію. У сувязі з гэтым Камітэт-Жонд ставіць стаўку ня столькі на інтэнсіўнасьць, колькі на экстэнсіўнасьць паўстаньня. Гэта зусім зразумела, калі прыняць пад увагу, што белыя глядзелі на паўстаньне, як на нешта другараднае. Не паўстаньне ўтворыць будучую Польшчу, а чужаземная інтэрвэнцыя. Паўстаньне толькі вызначыць пралітаю крывёю паўстанцаў межы будучай Польшчы. Члену Камітэту Рупрэхту прыпісваюць, напрыклад, такую думку, што даволі будзе аднаго паўстанскага стрэлу ў тыдзень на адзін павет, каб Заходняя Эўропа не забывалася аб дапамозе Польшчы. Паміж іншым, плян паўстаньня на Беларусі і Літве быў пабудаваны згодна з гэтым поглядам белых на ролю і значэньне паўстаньня.

У складзе Камітэту нікога з больш-менш выдатных чырвоных ня было. У красавіку 1863 году ён складаўся з Рупрэхта, Гілера, Яноўскага, Авэйдэ і Сівінскага. З усіх іх толькі Авэйдэ і Яноўскі яшчэ ня зусім парвалі з памяркоўна-чырвонымі поглядамі, рэшта, асабліва Рупрэхт і Сівінскі, былі яўна выразнымі белымі. Такі склад членаў Камітэту рабіў яго зусім залежным ад політыкі белых. Гэта адразу выявілася на цэлым шэрагу яго дэкрэтаў. Дэкрэтам ад 7 красавіка было забаронена паўстанцам адчыняць і прымаць удзел у політычных таварыствах; існуючыя політычныя таварыствы на аснове гэтага дэкрэту павінны былі быць зачынены. У сярэдзіне красавіка была апублікавана програма Цэнтральнага Камітэту. У програме на першую чаргу былі высунуты і падкрэсьлены політычныя пытаньні, як напрыклад, пытаньне аб непадлегласьці Польшчы. Што датычыць пытаньняў соцыяльнага парадку, а таксама пытаньняў аб той ці іншай самастойнасьці Беларусі, Літвы і Украіны, то яны былі затушаваны і адсунуты на другі плян.

Тым ня менш трэба вызначыць, што пад уплывам сялянскага незадавальненьня Цэнтральны Камітэт формальна ня толькі не адступіўся ад проекту надзяленьня сялян зямлёю, але ўвесь час у сваіх дэкрэтах спыняўся на ім. У гэтых адносінах ён ня мог, прынамсі ў сваіх офіцыйных дакумэнтах, мяняць лінію чырвонага Цэнтральнага Камітэту, які існаваў прыблізна да часу дыктатуры М. Лангевіча. Каб лепш разабрацца ў гэтым пытаньні, мы падамо тут адпаведныя дэкрэты, выданыя як чырвоным-бялеючым, так і зусім пабялелым камітэтамі.

Яшчэ 5-га сакавіка 1863 году Цэнтральным Камітэтам-Жондам была выдана проклямацыя, у якой мы спатыкаем такое месца. „Першым словам Народнага Жонду было абвяшчэньне свабоды ўсіх сыноў сьвятой зямлі нашай. Зьнішчаючы крыніцу нязгод, якія шмат гадоў падтрымлівалі нашы ворагі, Народны Жонд ухваліў безадкладную аддачу зямлі ва ўласнасьць сялянам. Робячы гэты загад, урад не кіраваўся ніякімі фантастычнымі тэорыямі, што пагражаюць зруйнавацьнем падвалін эўропейскага грамадзкага ладу, ён выканаў толькі старыя імкненьні земляўласьнікаў і надзеі вясковага жыхарства, чаму перашкаджаў расійскі ўрад. Страты, нанесеныя прыватнай уласнасьці, будуць зьвернуты з народнай маемасьці“.[1]

Праз некалькі дзён, 9 сакавіка, Камітэт-Жонд лічыць патрэбным выдаць загад на тую самую тэму. Зьмест загаду наступны. „У інструкцыі ад 25 лютага бягучага году на імя ваяводзкіх і павятовых вайсковых начальнікаў, а таксама начальнікаў аддзелаў было ім, паміж іншым, прадпісана, каб яны прыводзілі да выкананьня ў кожнай гміне дэкрэт ад 22 студзеня аб надзеле сялян уласнасьцю. У сучасны момант выявілася, што ўва многіх гмінах, занятых народнымі войскамі, вайсковыя начальнікі і начальнікі аддзелаў ня зусім строга прытрымліваюцца прадпісаньняў інструкцыі, а праз гэта затрымліваюць правядзеньне ў жыцьцё вышэйпаказанага закону, Народны Жонд самым строгім чынам загадвае ўсім вайсковым і цывільным начальнікам у ваяводзтвах і паветах, а таксама начальнікам паасобных аддзелаў, каб яны ўсюды пасьля прыбыцьця народнага войска адразу прыступалі да абнародаваньня вызначанага дэкрэту і да ўрадавага прызнаньня праў, выцякаючых з яго зьместу. Выдаючы вышэйпаказаны загад, Народны Жонд спадзяецца, што пачуцьцё абавязку і замілаваньня да бацькаўшчыны будзе выстарчальнаю парукаю выкананьня яго волі ўсімі ваеннымі і цывільнымі ўладамі. У апецы сваёй над добрабытам народу Жонд прапануе цяпер сваім камісарам у ваяводзтвах, каб яны строга наглядалі за выкананьнем дэкрэту ад 22 студзеня, а таксама і ўсіх выцякаючых з яго ўрадавых дзеяньняў. У делейшым Жонд ня спыніцца перад тым, каб пусьціць у ход усе сродкі, якія-б гарантавалі народу пабудову грамадзкіх адносін на аснове закону аб надзеле сялян ўласнасьцю“.[2]

Як мы бачым з датаў гэтых абодвых докумэнтаў, яны выдадзены яшчэ да ўстанаўленьня белай дыктатуры Лангевіча. Народны Жонд па інэрцыі быў яшчэ чырвоным, але ўжо пачаў пад уплывам цэлага шэрагу прычын, што намі раней ужо былі зазначаны, няўхільна бялець. Са зьместу докумэнтаў ясна, што Жонд формальна хоча стаяць на тым самым грунце, на якім ён стаяў 22 студзеня, але некаторыя думкі ў докумэнтах ужо сьведчаць аб яго белым ухіле. Жонд стараецца адгарадзіць сябе ад страшэнных рэволюцыйных тэорый, якія пагражаюць усталяванаму ладу Заходняй Эўропы. Далей мы бачым, што ён прыпісвае вызваленьне і надзяленьне сялян не рэволюцыйным запатрабаваньням мас, а добрай волі самых земляўласьнікаў, чаго ў сапраўднасьці ніколі ня было і не магло быць па зразумелых прычынах. Астатняя заява Жонду, апроч таго, ёсьць сваго роду загульваньне з земляўласьніцкаю шляхтаю, якая раней была проці паўстаньня, а цяпер прымушана была прызнаць яго і прыняць у ім удзел.

Праходзіць некалькі тыдняў. Цэнтральны Камітэт-Жонд ужо зусім пабялеў. Але для паўстаньня яму патрэбна сялянская маса. Гэты факт прымушае яго яшчэ раз зрабіць доказ таго, што ён націскае, каб дэкрэт ад 22 студзеня выконваўся. 31 сакавіка 1863 году Жонд выдае наступны загад: „Прымаючы пад увагу, што дэкрэт аб надзеле сялян уласнасьцю не ўва ўсіх яшчэ мясцовасьцях абнародаваны і прыведзены да выкананьня і што, дзякуючы гэтаму, земляўласьнікі, адгаварваючыся няведаньнем, маглі-б патрабаваць ад уласьнікаў сядзіб унясеньня к 1-му красавіка належаных к гэтаму тэрміну выкупу і аброку на аснове ранейшых распараджэньняў, Народны Жонд, разьвіваючы вышэйвызначаны дэкрэт, ухваляе, што такі дэкрэт зьяўляецца абавязковым для ўсіх уласьнікаў маёнткаў, як прыватных, так і казённых (данацый) і царкоўных у Каралеўстве Конгрэсовым, на Літве і Русі (на Беларусі, Літве і Украіне. У. І.) ад дня яго выданьня, і што, дзякуючы гэтаму, належаны да гэтага часу земляўласьнікам выкуп ці аброк спыняецца з 1-га красавіка бягучага году. Усякі, хто ня выконвае гэтага распараджэньня, апроч звароту незаконна атрыманага, будзе падлягаць суровай адказнасьці“.[3]

У загадзе, як мы бачым, адзначана, што дэкрэт аб надзяленьні сялян зямлёю ня толькі ня выкананы, як належыць, але далёка ня ўсюды яшчэ абнародаваны. Гэта гаворыць аб вялікай павольнасьці Белага Жонду ў разьвязаньні сялянскага пытаньня. Апроч таго, і частае паўтарэньне дэкрэту гаворыць аб тым, што ён ня выконваўся. Тым ня менш гэтае самае паўтарэньне ў той ці іншай меры популярызавала яго сярод сялянства, што ў вядомай ступені ўцягвала сялян ў паўстаньне. „Што раз часьцей нават здаралася, што сяляне добраахвотна ішлі ў шэрагі паўстанцаў, асабліва ў ваяводзтвах Плоцкім, Мазавецкім і Радамскім“.[4] Тое самае зазначае ў сваіх паказаньнях і О. Авэйдэ. „Расположение крестьян тоже изменилось. Конечно, было-бы нелепо утверждать, что крестьяне кипели патриотизмом и жаждали войны: в таком случае мы, быть может, победили-бы; но расположение крестьян было наибольшее, какого только можно было требовать при существовавших в крае условиях. Они не только не выдавали никого, без принуждения к тому силою, не только давали подводы и прочее без вознаграждения, не только помогали неоднократно, скрывали, предостерегали от грозящей опасности, но во многих местностях собирали между собою добровольные денежные складки; весьма многие служили в наших жандармах (что требовало особенной верности), и, самое главное, все чаще и чаще появлялись волонтерами в наших шайках“.[5] Далей Авэйдэ зусім правільна тлумачыць, што прымушала белы жонд пісаць адзін за адным дэкрэты па сялянскаму пытаньню. Ён кажа: „крестьяне при продолжительности восстания поняли, что как-бы то ни было, земля останется за ними. Желание противиться совершившемуся факту породило-бы страшную социальную катастрофу“.[6] Баязьнь соцыяльнай катастрофы прымушала белы жонд да паўтарэньня дэкрэтаў.

10 мая 1863 году быў выданы дэкрэт аб перамене назвы „Народны Жонд Тымчасовы“ на назву „Народны Жонд“, што адпавядала больш дакладна характару яго ўлады. У дэкрэце было вызначана, што перамена назвы жонду не зьмяняе яго програмы. Гэтая заява не зьяўляецца зусім праўдзіваю. Програма на першы погляд як-бы і не зьмянілася, але калі ўчытацца ў яе глыбей, то зьмены зробяцца прыметнымі. Палітычнае пытаньне незалежнасьці Польшчы высунута ўперад і зацямняе сабою соцыяльны бок програмы. Пытаньне аб самастойнасьці Беларусі, Літвы і Украіны таксама затушавана. Гэтыя краіны даволі туманна прызнаюцца толькі роўнапраўнымі часьцінамі адзінай Польшчы. Для ілюстрацыі гэтай думкі мы падамо тут цікавы вынятак з дэпэшы Народнага Жонду да свайго замежнага прадстаўніка князя Чартарыйскага. „Польшча без граніц пры Дзьвіне і Дняпры, г. ё. без граніц яе цывілізацыйнай і гістарычнай працы, — немагчыма. Такая Польшча была-б без пасланьніцтва, без гістарычнага ідэалу, бяз нашай душы. Яна заўжды, нават ня гледзячы на сваю самастойнасьць, бязумоўна была-б залежнай ад паўночнага 70-ці мільённага вялікана. Такая Польшча не магла-б супакоіць ані палякаў, ані яе суседзяў, ані Эўропы“.[7] Гэтыя словы вельмі далёка адышлі па свайму зьместу нават ад той програмы па нацыянальнаму пытаньню, якая была ў канцы 1862 году зьмешчана Цэнтральным Народным Камітэтам ў лісьце да Герцэна і якая была надрукавана Герцэнам у яго „Колоколе“. Самі члены жонду ня скрываюць, што перамена назвы была зьвязана з адмаўленьнем ад старых чырвоных традыцый. Адзін з членаў жонду піша: „Переменяя старую заговорную фирму, мы хотели этим дать знать всем жителям края, что оставляем тесные границы прежней красной организации и будем главою всех общественных элементов и всех политических оттенков, пользуясь способностями каждого лица без различия, был ли он прежде белым или красным“.[8]

Белы напрамак політыкі жонду выклікаў опозыцыю проці яго з боку чырвоных колаў як у краі, так і за межамі. За межамі на чале опозыцыі стаў Мераслаўскі яшчэ ў сярэдзіне сакавіка. І ў прыватных размовах, і ў сваіх выступленьнях ён даваў самую адмоўную характарыстыку як усяму жонду ў цэлым, так і паасобным яго членам. Мераслаўскаму прыпісваюцца, напрыклад, такія словы: „жонд ёсьць цёплая кампанія, што складаецца з нікчэмнага Гілера, езусіка Рупрэхта і трох балваноў, якія, дзякуючы браку ў іх галовах мозгу, зусім пазбаўлены ўсялякай гістарычнай адказнасьці“. У Кракаве, дзе асеў Мераслаўскі, каля яго згуртаваліся чырвоныя опозыцыянэры, якія паставілі сваёю мэтаю зрабіць жондавы пераварот. З гэтых опозыцыянэраў сваёю энэргіяй выдзяляліся Хмеленскі, кс. Каткоўскі, Куроўскі, Вага, Аўфшляг і інш. Сярод начальнікаў аддзелаў у краі таксама былі прыхільнікі Мераслаўскага, з якімі жонд вёў упартую барацьбу, так што некаторыя з іх павінны былі ўцякаць з краю за граніцу. З канца красавіка ў Варшаве ўтварылася падпольная ў падпольлі камісія, якая пачала гуртаваць каля сябе ўсе незадаволеныя жондам элемэнты. Гэтую камісію складалі — Данілоўскі, Хмужынскі, Янчэўскі, Ландоўскі, Гліксэль, Аснык і г. д. Лік змоўнікаў проці жонду ўзрастаў вельмі хутка. Варшаўскія змоўнікі знаходзіліся ў сталых жывых зносінах з кракаўскімі. Апроч таго, яны мелі сувязь з адным з працаўнікоў жонду Вярніцкім, у якога перахоўваліся пячаткі жонду.

Народны Жонд хутка даведаўся аб узмацненьні змовы. Распачаліся нарады аб тым, якімі спосабамі пазбыцца змоўнікаў. Некаторыя з членаў жонду настойвалі на самых рашучых мерапрыемствах. Усё гэта хутка стала вядома змоўнікам праз Вярніцкага, і яны рашылі, не чакаючы нападу, выступіць першымі. Найперш, яны застрашылі Гілера заяваю, што яны ня спыняцца перад яго забойствам, калі ён ня выйдзе з жонду. Пагроза зрабіла ўплыў, і Гілер выехаў за граніцу. Была тэрорызавана і рэшта членаў жонду. У самым канцы мая Вярніцкі, Лемпке, Альшанскі і іншыя, даведаўшыся, дзе адбываюцца пасяджэньні жонду, зьявіліся ў пакой пасяджэньня разам з іншымі ўзброенымі загаворшчыкамі і прапанавалі ўраду адмовіцца ад ўлады і здаць ім усе справы і пячаткі. Жонду прышлося ўступіць.

Група змоўнікаў, якая захапіла ўладу, была абвешчана Камітэтам Грамадзкага Збаўленьня. Камітэт ухваліў паставіць паўстаньне на сапраўды рэволюцыйны грунт, уцягнуць у справу шырокія сялянскія масы, склікаць „паспалітае рушэньне“, парваць з белымі і з чужаземнымі дварамі і ўзмацніць тэрор. За сабою Камітэт пакідаў толькі політычны нагляд за кірункам паўстаньня, а фактычнае кіраўніцтва паўстаньнем павінен быў весьці жонд. Пачаліся перагаворы з рознымі рэволюцыйнымі групамі наконт складу новага жонду, які звычайна носіць назву Чэрвеньскага Жонду. Праз некалькі дзён жонд быў складзены. Членамі яго былі: П. Кабылянскі, Г. Банкоўскі, Э. Маліноўскі, Ф. Дабравольскі. Са складу старога жонду ў Чэрвеньскі Жонд увайшлі Яноўскі і Авэйдэ, якія былі патрэбны для ўвязкі новых членаў жонду з апаратам і раённымі справамі. Старшынёю жонду быў абраны Дабравольскі.

Чэрвеньскі Жонд даволі энэргічна прыняўся за працу. Была выдана і пашырана адозва да народу, напісаная Авэйдам, у якой новы жонд зьмясьціў сваю радыкальную програму. Былі ўтвораны рэволюцыйныя трыбуналы, якія павінны былі сурова караць за ўсе злачынствы супроць паўстаньня, як здраду, нявыплату народнага падатку, адмаўленьне ад прыняцьця паўстанскае пасады і г. д. Жонд пачаў наладжваць сувязі з паветамі і паўстанскімі аддзеламі. Тут ён у многіх мясцох спаткаўся з опозыцыяй, што складалася з прыхільнікаў ранейшага белага жонду. Опозыцыянэры агітавалі проці Чэрвеньскага Жонду, называючы яго жондам „адвакатаў“, жондам „анархістаў“, няздольным да рэальнай політыкі і працы. Зразумела, што пад „рэальнай“ політыкай яны разумелі белую політыку. Але з гэтымі белымі опозыцыянэрамі жонд мог-бы справіцца, прыняўшы рашучыя меры, калі-б усё было добра ў яго ўласным складзе, чаго ня было ў сапраўднасьці. Авэйдэ, уведзены ў склад новага жонду, пачаў весьці перамаўленьні з некаторымі членамі жонду аб перавароце. Некаторыя члены жонду паступова пачалі згаджацца з Авэйдэ. Добраю глебаю для агітацыі Авэйдэ ў жондзе было тое, што вельмі хутка пачаліся разыходжаньні паміж жондам і Камітэтам Грамадзкага Збаўленьня. Гэтыя разыходжаньні ня згладжваліся, а наадварот паступова ўзрасталі. Сутнасьць разыхожданьняў была ў тым, што Камітэт лічыў політыку жонду невыстарчаюча радыкальнай. Гэтыя разыходжаньні і наогул дуалізм паўстанскага кіраўнічага цэнтру павінны былі адмоўна адбівацца на пэрыфэрыі. Месцы не адчувалі на сабе цьвёрдага кіраўніцтва. Справы пайшлі горш. Белая опозыцыя падняла галаву і пачала рыхтавацца да жондавага перавароту.

Такі пераварот і адбыўся ў другой палавіне чэрвеня. На чале гэтага перавароту стаў О. Авэйдэ і добра вядомы нам Кароль Маеўскі, які толькі што быў вызвалены з цытадэлі, куды ён папаў за вельмі брудную авантуру здрады чырвоных і перадачы іх ў рукі Велепольскага, аб якой мы ўжо гаварылі вышэй. Да перавароту далучыліся белыя з Кракава. Распачалася адпаведная агітацыя сярод начальнікаў аддзелаў гарадзкой Варшаўскай Організацыі. Група гэтых начальнікаў запрасіла да сябе для перагавораў Маеўскага і Авэйдэ. Тут было адзначана, што ўсё зло ў Камітэте Грамадзкага Збаўленьня і ў некаторых чырвоных членах жонду, што „ўносяць анархію“ ў справу паўстаньня. Авэйдэ і Маеўскі згадзіліся з тым, што трэба зрабіць пераварот і ўтварыць „кааліцыйны“ жонд у які павінны ўвайсьці прадстаўнікі ўсіх напрамкаў. Быў абраны новы жонд, у які павінны былі ўвайсьці такія асобы: Кронэнбэрг, К. Курц, князь Любамірскі, Маеўскі і граф Станіслаў Замойскі. Гэты жонд, тым ня менш, не павінен выступаць да пары, пакуль абставіны паўстаньня не палепшацца. Часова даручана Маеўскаму сформаваць фактычны жонд, які будзе весьці рэальнае кіраўніцтва паўстаньнем. З далейшага мы ведаем, што номінальны, так сказаць, „пачэсны“ жонд так ніколі і не выступаў на політычную сцэну. Адно, што трэба адзначыць у гэтым мітычным жондзе — гэта яго яўна выразны белы склад.

Маеўскі адразу прыступіў да набору „коаліцыйнага“ (а фактычна белага) жонду. У склад яго ўвайшлі: вядомыя нам Яноўскі і Авэйдэ, прадстаўнікі вельмі памяркоўных, пабялеўшых чырвоных, Уладзіслаў Галэмбэрскі, прадстаўнік Кракаўскіх белых, студэнт Гэйдэльбэрскага унівэрсытэту Станіслаў Кшэмінскі, вельмі фіктыўны прадстаўнік фіктыўнай групы чырвоных, і ўрэшце сам Маеўскі, які ў сваёй асобе сумяшчаў поўную „коаліцыю“, бо пачаў з удзелу ў чырвоных гурткох, а скончыў удзелам у белай Дырэкцыі, разам з якою ўдзельнічаў у перагаворах з Велепольскім па пытаньню аб выдачы ў рукі царскага ўраду чырвоных. Як бачым са складу жонду, перад намі бязумоўна зноў белы жонд. Такім і лічылі яго сучасьнікі, што добра відаць з слоў Кракаўскага дзеяча, ультра-белага Станіслава Козьмяна. Аб гэтым „Ліпнёвым“ Жондзе ён піша так: „У другой палавіне чэрвеня вынік народны жонд, што быў складзены з памяркоўных элемэнтаў напрамку Рупрэхта; жонд зноў назвалі белым“.[9]

Такім чынам, Чэрвеньскі Жонд зышоў з гістарычнай арэны бяз усякага супраціўленьня. Улада зноў апынулася ў руках белых. Члены жонду падзялілі паміж сабой абавязкі такім чынам: Маеўскі ўзяў сабе адміністрацыю і скарб, Галэмбэрскі — вайсковыя і замежныя справы, Кшэмінскі — прэсу, Авэйдэ — зносіны з провінцыямі, Літвою, Беларусьсю і Украінаю, Яноўскі — сакратарства. Новы жонд пачаў сваю дзейнасьць з рэалізацыі дэкрэту Чэрвеньскага Жонду аб рэволюцыйных трыбуналах. Найраней быў організаваны трыбунал у Варшаве, потым трыбуналы пачалі організоўвацца і ў іншых гарадох. Гэта была ўступка чырвоным колам. Дзейнасьць трыбуналаў адразу адзначылася цэлым шэрагам тэрорыстычных актаў у адносінах да агентаў царскай поліцыі і жандармэрыі і наогул да тых, каго жонд лічыў шкодным элемэнтам. У самым канцы чэрвеня быў забіты юнкер Ерліч, які зьбіраў у сваю карысьць народны падатак на аснове падробленых ім самім докумэнтаў. У пачатку ліпня быў забіты ўрадовец Т. Ратайскі за даносы на асоб, якія прыніжалі ўдзел у паўстаньні. У першай палове ліпня быў цяжка паранены кінжалам у бок і руку поліцэйскі ўрадовец Г. Грабоўскі. У канцы ліпня быў забіты кінжалам поліцэйскі ўрадовец Белы. Цывільны губэрнатар Варшавы Ражкоў гаварыў проф. М. Бэргу, што за кароткі тэрмін з яго падзагадных загінула 7 агентаў. Апроч Варшавы тэрорыстычныя акты адбываліся і ў провінцыі.

Быў утвораны інстытут народнай жандармэрыі. У Варшаве жандары складалі аддзел, які налічваў у сваім складзе каля 250 чалавек. У гэты лік уваходзіла сэкцыя жандараў-кінжальшчыкаў, якая выконвала прыгаворы рэволюцыйных трыбуналаў. Рэшта народнай жандармэрыі ня была ўзброена. У выключных толькі выпадках зброя выдавалася для часовага карыстаньня той ці іншай групе жандараў. Абавязкі народнай жандармэрыі былі дапамагаць членам жонду і жондавай адміністрацыі выконваць іх абавязкі. Жандары несьлі варту ля памяшканьняў, дзе працаваў жонд і яго агенты, пераносілі корэспондэнцыю, сачылі за дзейнасьцью расійскай поліцыі і жандармэрыі і г. д. Служба народнага жандара аплачвалася пэнсіяй у 15 срэбных рублёў у месяц. Жандармэрыя Варшавы падпарадкавалася непасрэдна начальніку горада. Па паветах таксама былі сформаваны невялікія аддзелы народнай жандармэрыі, у сярэднім па 30 чалавек. Павятовая жандармэрыя павінна была мець коні і зброю. Праўда, першая ўмова даволі часта не магла быць выканана, і жандары несьлі сваю службу ў пешым строі. Абавязкі іх былі тыя самыя, што і ў варшаўскіх жандараў; апроч таго, яны павінны былі дапамагаць павятовым урадоўцам пры формаваньні паўстанскіх аддзелаў і даваць інформацыю начальнікам ужо сформаваных аддзелаў. Павятовы народны жандар атрымліваў пэнсіі па 2 злотых у тыдзень.

Яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня 1863 году сярод эмігранскіх польскіх колаў за граніцаю і сярод паўстанскіх колаў у Польшчы пачалі хадзіць упартыя чуткі, што Францыя і Англія рыхтуюць сумесную дыплёматычную ноту расійскаму ўраду па справах Польшчы. Гэтыя чуткі падтрымліваліся белымі коламі і шырока былі распаўсюджаны. Магчыма, што пашырэньне іх стаяла ў сувязі з падрыхтоўкаю жондавага перавароту. Вядома, што чырвоны Чэрвеньскі Жонд не прыдаваў вялікага значэньня дыплёматычнай гульні і парваў нават зносіны з Чартарыйскім, які зьяўляўся як-бы цэнтральным дыплёматычным прадстаўніком Польшчы за межамі. Гэтую „недаацэнку“ дыплёматыі белыя змоўнікі ставілі ў віну чырвонаму Чэрвеньскаму Жонду. Як толькі пераварот адбыўся, новы белы жонд перамяніў політыку і ўхваліў зьвярнуць вялікую ўвагу на зносіны з чужаземнымі дварамі. Адразу былі адноўлены зносіны з Чартарыйскім, якому зноў была надана годнасьць галоўнага прадстаўніка Польшчы за граніцай. Яму было даручана організаваць і накіроўваць думку дыплёматычных замежных колаў на карысьць Польшчы. Зразумела, ён павінен быў даводзіць чужаземным дваром, што паўстаньне ня мае нічога агульнага з „крайнім якобінізмам“, што яно носіць політычна-вызваленчы характар. Жонд з свайго боку праводзіў адпаведную лінію ў краі.

Белы напрамак жонду Маеўскага ня мог не адбіцца і на яго нацыянальнай політыцы, на яго адносінах да Беларусі, Літвы і Украіны. У ранейшыя часы ўстанавілася тая ці іншая аўтаномнасьць провінцый. Звычайна ішлі спрэчкі толькі аб межах гэтай аўтаномнасьці. Сакратар жонду Маеўскага Ю. К. Яноўскі, які вельмі добра ведаў усе справы паўстаньня, так апісвае становішча провінцый і іх адносіны да цэнтру ў момант захопу ўлады новым жондам. „Мы ведаем, што Літва (разумеецца Беларусь і Літва. У. І.) у паўстаньні кіравалася зусім аўтаномна, а лучнасьць з цэнтральнай уладай народнага жонду абмяжоўвалася тым, што жонд назначаў пры Літоўскім аддзеле свайго камісара, якім быў Дюлёран, Літву-ж пры народным жондзе рэпрэзэнтаваў назначаны аддзелам сакратар, якім быў Вацлаў Пшыбыльскі. Тое самае было і ў адносінах да Русі (разумеецца Украіна. У. І.) Абодвы сакратары — Літвы і Русі — мелі права прымаць удзел у пасяджэньнях жонду, былі ўсьвядомлены ўва ўсіх яго справах і маглі аб усім інформаваць свае аддзелы. Камісары народнага жонду пры аддзелах мелі абавязак у сваіх рапартох паведамляць жонд аб справах аддзелаў і наогул аб усім, што робіцца ў провінцыях“.[10] На гэтую-ж тэму гаворыць і галава Ліпнёвага Жонду К. Маеўскі. У сваіх паказаньнях ён піша: „В отношении внутренней исполинтельной администрации все провинции, принадлежавшие Польше до 1772 года, т. е. до первого раздела считались одним неразрывным целым. Только Литва и Русь имели известную автономию, впрочем без права представительства при заграничных дворах“.[11] Яноўскі не гаворыць проста, мелі ці ня мелі сакратары провінцыяльных аддзелаў права пастанаўляючага голасу на пасяждэньнях народнага жонду. Маеўскі ў сваіх паказаньнях сьведчыць, што яны права пастанаўляючага голасу мелі. Што датычаць О. Авэйдэ, то ён у сваіх запісках, азначае, што сакратары Аддзелаў, нават па справах гэтых краін, ня мелі ў жондзе пастанаўляючага голасу. Гэтую заяву Авэйдэ зрабіў пасьля таго, як сьледчая камісія дала яму перачытаць паказаньні Маеўскага і прапанавала ўнесьці адпаведныя папраўкі. Нам здаецца, што заява Авэйдэ найбольш адпавядае сапраўднасьці.

У скарачэньні аўтаномнасьці „провінцый“ Ліпнёвы Народны Жонд быў толькі заступнікам белага да-чэрвеньскага жонду. Ужо той жонд займаўся гэтаю справаю. Запіскі Авэйдэ даюць бясспрэчныя довады скарачэньня аўтаномнасьці Беларусі, Літвы і Украіны. Калі адбылося перайменаваньне Цэнтральнага Народнага Камітэту ў Народны Жонд (V, 1863), то Аддзелы Віленскі і Украінскі згубілі ў сваёй назьве слова „Кіраўнічы“. Яны сталі называцца толькі „Выканаўчымі“ Аддзеламі Народнага Варшаўскага Жонду.[12] У адносінах спэцыяльна да Беларусі і Літвы мы падамо словы Авэйдэ, які гаворыць наступнае: „Я должен упомянуть о перемене, последовавшей во взаимных отношениях между Вильною и Варшавой во второй половине мая месяца. Видя погрешности и ошибки литовского (разумеецца Віленскі. У. І.) Отдела, революционное правительство решило поставить его в большую от себя зависимость. С этой целью он переименован был в „Исполнительный Отдел“, а власть уполномоченного комиссара была усилена настолько, что в его исключительное и непосредственное заведывание переданы были все воеводские комиссары в Литве (разумеецца Літва і Беларусь. У. І.), которых он мог назначать и удалять по своему личному усмотрению“.[13] Мы згодны з тым, что Белы Віленскі Аддзел нічога ня быў варты, але бязумоўна скарачэньне яго політычных правоў залежала не ад якасьцяй Аддзелу, а ад больш глыбокіх прычын. Тым больш, што нам вядома, як ахвотна Народны Жонд памог Беламу Віленскаму Аддзелу адабраць уладу ад Чырвонага Камітэту.

Наогул кажучы, аўтаномныя правы Беларусі і Літвы значна зьменшыліся, калі на чале паўстаньня з сярэдзіны сакавіка тут стаў белы Аддзел. Ён добра адчуваў сваю політычную блізкасьць да Варшаўскага Белага Народнага Жонду. Апроч таго, і па сваіх уласных поглядах ён быў супраціўнікам „сэпаратызму“ Літвы і Беларусі. Пасьля правалу Белага Аддзелу ў Вільні ў пачатку лета 1863 году, чырвоныя на Беларусі і Літве зноў сталі на чале паўстаньня. Зразумела, пытаньне аб аўтаноміі Беларусі зноў абвастрылася, бо чырвоныя былі прыхільнікамі аўтаномнасьці Беларусі ў напрамку герцэнаўскага фэдэралізму. Апроч таго, кіраўніцтва Белага Народнага Жонду Маеўскага супярэчыла выкананьню на Беларусі політычнай і соцыяльнай програмы чырвоных.

У сувязі з гэтым Белы Народны Жонд пастараўся адпаведнай проклямацыяй замацаваць свае ўплывы на Беларусь і Літву. 31 ліпня жонд выдаў проклямацыю пад назваю „Народны Жонд к народу“. У гэтай проклямацыі жонд заклікае ўвесь народ падтрымліваць паўстаньне. У проклямацыі жонд прысьвячае спэцыяльную частку ўзаемаадносінам паміж жондам з однаго боку, Беларусьсю і Літвой з другога боку. Ён гаворыць так: „Прыняць хоць-бы і поўную незалежнасьць для аднэй толькі польскай провінцыі, а іншыя кінуць ворагу — гэта было-б адмаўленьнем ад сваіх гістарычных правоў, выкасаваньнем дзесяцівяковага факту з падзей сьвету і адмаўленьнем ад свойго імя пасьля выкананьня вялікіх, гэраічных учынкаў. Не! Польшча не для таго ўваскросла, каб Эўропа паклала яе ў новую труну. Няма Польшчы бяз Літвы і Русі, як няма яе і без Кароны. Сумесная іх гісторыя, сумесныя і ўмовы політычнага і грамадзкага жыцьця. Гэта ёсьць непадзельная тройца. Прызнаваць права на жыцьцё за адной толькі провінцыяй і не даваць яго другім — гэта забойства Польшчы“.[14] Першае, што кідаецца ў вочы пры разборы проклямацыі, гэта яе надзвычайная туманнасьць і няяснасьць ў адносінах да прызнаньня тых ці іншых аўтаномных правоў Беларусі і Літвы. Другое, што ясна тут падкрэсьлена, гэта — непадзельнасьць адзінай Польшчы. Падкрэсьліваньне гэтага факту было-б для нас зразумелым, каб паўстаўшая Беларусь і Літва з яе чырвоным камітэтам імкнуліся кінуць агульную справу паўстаньня і перайсьці ў лягер абаронцаў царызму, але гэтага ня было. Чырвоныя на Беларусі і Літве, якія зьмянілі Белы Віленскі Аддзел, былі непрымірымымі ворагамі царызму. Яны вялі паўстаньне ў бязьмерна цяжкіх умовах мураўёўскага тэрору, з аднаго боку і здрады белых, з другога боку.

Жонд Маеўскага існаваў да сярэдзіны верасьня. Яшчэ ў канцы жніўня чырвоныя колы, незадаволеныя політыкай жонду, пачалі падрыхтоўвацца да захопу ўлады зноў у свае рукі. З Кракава ў Варшаву прыехаў з сваімі прыхільнікамі Ігнат Хмеленскі. З іх найбольш энэргічнымі былі Э. Кокасінскі і Ст. Франкоўскі. Да Кракаўскіх чырвоных адразу далучыліся прадстаўнікі чырвоных колаў з Кароны. Па тых даных, якія ёсьць у проф. М. Бэрга, магчыма думаць, што чырвоным удалося схіліць на свой бок некаторых блізкіх да жонду асоб. Белы народны жонд Маеўскага хутка даведаўся аб існаваньні ў Варшаве змовы і аб складзе змоўнікаў. Быў даны загад арыштаваць змоўнікаў. Начальнік места Варшавы з жандарамі абкружылі кватэру Нарымскага, дзе звычайна адбываліся пасяджэньні чырвоных, і арыштавалі самога Нарымскага, а разам з ім Кокасінскага і Лісьневіча. Хмеленскага арыштаваць не ўдалося. Арыштаваных зьмясьцілі ў Баварскім готэлі, у пакоі двох народных жандараў. Была вызначана спэцыяльная камісія для сьледзтва і суду над арыштаванымі. У склад камісіі ўваходзілі Качкоўскі, Лемпке і Юзэф Пятроўскі. Трэба дзівіцца неасьцярожнасьці белага жонду пры вызначэньні сьледчай камісіі. Справа ў тым, што Лемпке і Пятроўскі спачувалі змоўнікам; яны вельмі хутка перацягнулі на свой бок і іншых членаў камісіі. Аддзел кінжальшчыкаў, які павінен быў вартаваць арыштаваных і быць выканаўчым органам камісіі, таксама быў на старане арыштаваных змоўнікаў. Замест вядзеньня сьледзтва і суду, камісія вызначыла, што яна цалкам згаджаецца з тым, што жонд Маеўскага ёсьць неаўтарытэтны жонд, які ня мае моцы і ня мае ўплыву на організацыю, што гэты жонд павінен уступіць сваё месца аўтарытэтнаму рэволюцыйнаму чырвонаму жонду. Камісія абвясьціла арыштаваных нявіннымі, вызваліла іх з-пад арышту і нават абяцала сваё падтрыманьне.

Пасьля такога нечаканага скандалу беламу жонду нічога іншага не заставалася рабіць, як перадаць уладу і пячаткі чырвоным. Праўда, К. Маеўскі некаторы час яшчэ супраціўляўся, але ўрэшце прышлося здацца і яму. У пачатку другой палавіны верасьня (па запісках Яноўскага — 15, а па паказаньнях Маеўскага 17 верасьня) на кватэры Яноўскага Маеўскі зрабіў здачу спраў новаму жонду, аб чым быў складзены адпаведны акт. У склад новага жонду ўвайшлі: І. Хмеленскі, С. Франкоўскі, Ю. Нарымскі, Аснык, Бэхонскі, Качкоўскі і Кокасінскі. Жонд новага складу паставіў сваёю бліжэйшаю мэтаю ўзмацніць тэрор. Быў організаваны замах на жыцьцё новага намесьніка Царства Польскага Бэрга, які і адбыўся 19 верасьня. У Бэрга на Новым Сьвеце, з дому А. Замойскага, былі кінуты ручныя гранаты і зроблены адзін стрэл са стрэльбы. Бэрг застаўся жывым. На працягу нядоўгага часу было забіта каля 10 шпіёнаў і 15 поліцэйскіх. У адказ на тэрор жонду пасыпаліся рэпрэсіі расійскага ўраду. Дом Замойскага быў зруйнаваны дашчэнту. Сам Замойскі павінен быў заплаціць штраф у 25.000 рублёў і быў высланы на жыцьцё ў Варонескую губэрню. Жыхары дому былі арыштаваны. Распачалі сваю дзейнасьць ваенныя суды, якія судзілі за выраб і хаваньне зброі, за ўкрываньне падазроных асоб, за прыналежнасьць да нелегальнай організацыі і г. д. 30-га верасьня на 5 пляцох Варшавы было расстраляна 10 жандараў-кінжальшчыкаў. Праз некалькі дзён на падворку фабрыкі Эванса ў прысутнасьці рабочых быў расстраляны рабочы гэтай фабрыкі В. Альгер за тое, што ў яго на кватэры былі знойдзены ручныя гранаты. Шмат народу было арыштавана. Частка іх заставалася ў мясцовых турмах, частка была выслана ў Расію.

Рэпрэсіі расійскага ўраду не маглі не адбіцца на паўстанчай організацыі. Шмат народу выбыла з яе шэрагаў, і яна значна аслабла. Да гэтага трэба дадаць, што яшчэ ў самы момант захопу ўлады чырвонымі шмат працаўнікоў організацыі, якія спачувалі белым, адмовіліся працаваць з чырвоным жондам, што не магло не адбіцца на справах. Рэпрэсіі закранулі і членаў жонду. Самыя дзейныя члены жонду, як Хмеленскі і Франкоўскі, зусім не маглі працаваць, бо ўжо былі абкружаны вузкім колам шпіёнаў. Каб не праваліць іншых членаў жонду, яны павінны былі выехаць за граніцу. Начальнік места Варшавы Пятроўскі, у руках якога сходзіліся ўсе ніткі гарадзкой організацыі, быў арыштаваны і загінуў на эшафоце. З кожным днём дзейнасьць жонду аслаблялася.

Гэта дало белым магчымасьць зноў загаварыць аб зьмене жонду. Першым распачаў агітацыю на гэтую тэму кн. Уладыслаў Чартарыйскі ў Парыжы. Ён вызначаў, што крайні напрамак жонду робіць вельмі дрэннае ўражаньне на двары заходніх дзяржаў, якія ня хочуць і думаць аб дапамозе паўстаўшай Польшчы пры кіраўніцтве чырвонага жонду. Чартарыйскі высоўваў у якасьці старшыні новага жонду кандыдатуру Р. Траўгута, як чалавека, які можа выратаваць справу. Гэтыя думкі перанесьліся ў Варшаву. Тут таксама пачалі гаварыць аб неабходнасьці жондавага перавароту і аб кандыдатуры Траўгута. Хмеленскага і Франкоўскага, што былі галоўнымі спружынамі чырвонага жонду, у Варшаве ўжо ня было. Некаторыя з дырэктароў аддзелаў жонду пачалі зносіны з Маеўскім і Яноўскім. Хутка з імі распачалі перагаворы і некаторыя з членаў жонду. Усе разам яны зьнесьліся з Траўгутам, які ў даны момант знаходзіўся ў Парыжы. Пад уплывам Чартарыйскага Траўгут згадзіўся ехаць у Варшаву і ўзяць на сябе складаньне новага жонду.

У сярэдзіне кастрычніка 1863 году адбылося пасяджэньне жонду, на якім жонд свае поўнамоцтвы і справы здаў Траўгуту, каторы ўзяў уладу ўжо на правох дыктатара. Дыктатура Траўгута была ўжо апошнім этапам польскага паўстаньня 1863 году.


  1. Исследования в Царстве Польском, по высочайшему повелению произведенные под руководством сенатора Милютина. 1863 год. Т. II. Материалы по делу об устройстве крестьян и сельских гмин. Петербург. Четвертое приложение. Мятежнические воззвания. Док. № 6, ст. 87.
  2. Ibidem. Документ № 8, ст. 88
  3. Там-жа. Документ № 9, ст. 89.
  4. Prof. M. Berg. Zapiski o polskich spiskach i powstaniach. Warszawa. 1911 г. Т. ІІ. Ks. ІХ, ст. 12—13.
  5. Записки О. Авейде. Т. IV., ст. 52
  6. Ibidem, ст. 53
  7. J. Grabiec. Rok 1863. Wyd. II. Poznan. 1922, ст. 251
  8. Записки О. Авейде. Ч. IV, ст. 70.
  9. Stanislaw Kozmian. Rok 1863. T. I. Warszawa. 1903, ст. 212
  10. J.K. Janowskiego. Pamietniki o powstaniu styczniowem. T. II. Warszawa. 1925, ст. 163
  11. Извлечение из показаний политического преступника Карла Маевского, относящихся до последнего польского восстания 1863 г. Варшава 1866 г., ст. 43.
  12. Записки О. Авейде. Ч. IV, ст. 71.
  13. Ibidem, ст. 79
  14. J.K. Janowskiego. Pamietniki… 1925, ст. 153