Перайсці да зместу

1863 год на Беларусі (1930)/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пачатак паўстаньня ў Польшчы Пачатак паўстаньня на Беларусі
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Перамены ў Варшаўскім і Віленскім камітэтах

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАЧАТАК ПАЎСТАНЬНЯ НА БЕЛАРУСІ.

Весткі аб распачатым у Польшы паўстаньні хутка пашырыліся па Беларусі і прымусілі ўсіх схамянуцца і вырашыць свае адносіны да распачатых падзей. У самым пачатку лютага ў Вільню сабраліся дэлегаты ад белых організацый Беларусі. Яны знаходзіліся ў вельмі няпрыемным становішчы. Ня так даўно яны прысутнічалі на зьезьдзе белых у Варшаве. Там панавала перакананьне, што паўстаньня ў хуткім часе ня будзе, а калі яно і вынікне, дык белыя змогуць спыніць яго ў самым пачатку. А між тым паўстаньне ў Польшчы ўжо распачалося і ня спыняецца. Жыцьцё выкрыла памылку белых. Трэба было ўстанавіць і выявіць цяпер свае адносіны да распачатага паўстаньня. Пасьля доўгіх размоў і спрэчак белыя прышлі толькі да таго вываду, што „няшчасьце“, г. зн., паўстаньне не абмяжуецца толькі тэрыторыяй Польшчы, што яно абавязкова перакінецца і на Беларусь з Літвою. Яны потым пераабралі свой Камітэт. У склад новаго Камітэту, былі абраны. Я. Гейштор, А. Аскерка, А. Еленскі, Ф. Далеўскі, І. Лапацінскі і Еранім Кеневіч. Новаму Камітэту дэлегацыя дала права шляхам зносін з Варшавай устанавіць: — удзельнічаць белым у паўстаньні, ці застацца збоку. Зрабіўшы такую вельмі разумную пастанову, белыя з чыстым сумленьнем разьехаліся па сваіх маёнтках і пачалі чакаць, што будзе далей, як разьвінуцца падзеі, якую дырэктыву яны атрымаюць з Варшавы. Я. Гейштор так піша аб настроі белых: „Выбух паўстаньня застаў нас непадрыхтаванымі і нават нязгоднымі з ім. Мы лічылі, што гэта ёсьць часовая авантура нейкай часткі народу, але хутка стан рэчаў зьмяніўся. Зрабілася відавочным, што ў Царстве Польскім рух ахапляе ўсе пласты народу і што самы моцны наш уплыў на Літве (маецца на ўвазе Літва і Беларусь. У. І.) ня можа ўстрымаць паўстаньня".[1]

Як спаткаў паўстаньне ў Польшы Віленскі чырвоны Камітэт, няма пэўных вычэрпваючых вестак. Ю. К. Яноўскі, які дае шмат вельмі каштоўных і цікавых матар‘ялаў аб Польшчы, дае аб Беларусі гэтага часу зусім мала вестак.

Ён кажа толькі, што Беларусь, Літва і Украіна ў пачатку паўстаньня кіраваліся зусім самастойна. Народны Варшаўскі Жонд аб падзеях таго часу ў гэтых краінах ведаў толькі праз сакратароў іх пры Жондзе. У яго (Яноўскага), як сакратара Жонду, зусім мала было аб гэтых падзеях вестак і матар‘ялаў. У яго памяці засталіся толькі імёны гэрояў і мучанікаў Літвы, Беларусі і Украіны.[2] Далей Яноўскі вызначае склад Віленскага чырвонага Камітэту ў пачатку паўстаньня. Камітэт складаюць — Л. Зьвярждоўскі, Ян Козелл, З. Чэховіч, Э. Вярыга і К. Каліноўскі. Камісарам Віленскага Камітэту ад Варшаўскага Жонду зьяўляецца той самы Нестар Дюлёран,[3] зьняцьця якога так настойліва дамагалася крайняя чырвоная група Віленскага Камітэту.

Магчыма думаць, што спрэчкі ўнутры Камітэту паміж крайнімі і памяркоўнымі, а таксама і неспадзявана хуткі пачатак паўстаньня не далі Камітэту магчымасьці шырока разгарнуць сваю працу па згуртаваньню моцных аддзелаў. Адносіны паміж Варшаваю і Вільняю былі сапсаваны, дзякуючы таму, што Варшаўскі Жонд не хацеў зьняць з пасады камісара Нестара Дюлёрана, які па сваіх перакананьнях належаў да белых і, зьбіраючы народны падатак на Літве і Беларусі, перасылаў грошы непасрэдна ў Варшаву, чым аслабляў і экономічна і політычна Віленскі Камітэт. О. Авэйдэ ў сваіх запісках пачатак паўстаньнях па Літве і Беларусі малюе так: „Когда вспыхнуло восстание, Провинциальный Комитет постановил безотлагательно следовать нашему примеру, несмотря на свои, противныя нашим, убеждения, ни на споры с Варшавой, ни на слабость только что начавшей развиваться своей организации“.[4] Такім чынам, магчыма лічыць, што і Беларусь і Літва ў чырвонай сваёй частцы далучыліся да паўстаньня, праўда, ня будучы падрыхтаванымі прыняць чынны ўдзел у партызанскіх выступленьнях.

Што датычыць Варшаўскага Цэнтральнага Народнага Камітэту, дык 29 студзеня 1863 году ён выдаў спэцыяльную адозву да „братоў-Літвіноў“, пад якімі разумеў беларусаў і літоўцаў. Цэнтральны Камітэт у сваёй адозьве заклікае Літву і Беларусь да ўдзелу ў паўстаньні, якое вызваліць усе народы былой Польшчы. Вузел паўстаньня, пісалася ў адозьве, знаходзіцца на Літве і Беларусі. Паўстаньне, якое распачнецца і разьвінецца на тэрыторыі гэтых дзьвюх краін, будзе рашучым момантам для паўстаньня ў Польшчы і для адбудаваньня Рэчы Паспалітай і для гібелі яе ворага, расійскага царызму. Усё жыхарства на Літве і Беларусі павінна хапіцца за зброю і ісьці ў паўстаньне, першым актам якога павінна быць вызваленьне і надзяленьне зямлёю сялян, як у Польшчы, так і на Беларусі.

Некаторыя аўтары лічаць, што адначасна з выпускам адозвы Цэнтральны Камітэт даў загад перакінуць на Беларусь і Літву некалькі паўстанскіх груп з тэрыторы Польшчы для таго, каб яны распачалі паўстаньне на Беларусі. На тэрыторыю Беларусі з Польшы перайшла паўстанская група Ціхорскага-Замэчка, аддзел пад начальствам Падляскага ваяводы Левандоўскага і групы пад начальствам Рагінскага, Сокала і Ябланоўскага. Больш правільна будзе думаць, што ўсе вышэйпералічаныя групы перайшлі з Польшчы на тэрыторыю Беларусі бяз усякага загаду з цэнтру. Так прынамсі сьведчыць Ю. К. Яноўскі. Па яго думцы концэнтрацыя польскіх паўстанскіх сіл на Беларусі ня была вынікам якой-небудзь цэнтральнай інструкцыі. Усё гэта адбылося як вынік самастойных дзеяньняў самых начальнікаў атрадаў. Нават паміж паасобнымі начальнікамі адзелаў ня было ніякага ўзгодненьня. Рух паўстанскіх сіл на Беларусь быў вынікам націску на іх расійскіх аддзелаў. Аб адным толькі Рагінскім Яноўскі думае, што ён накіраваўся праз Буг на Беларусь з цьвёрдым намерам уцягнуць у паўстаньне насельніцтва Беларусі. Здаецца, што трэба згадзіцца з думкаю Яноўскага. Тым больш, што і Авэйдэ, які тады працаваў разам з Яноўскім у Камітэце, апісвае падзеі таксама.

Так ці іначай, але ўсе паўстанскія аддзелы сабраліся каля мястэчка Сямятыч, Горадзенскай губэрні. Першым прышоў сюды Ціхорскі-Замэчак. Наўкола яго сабралася каля 3000 чалавек, з якіх амаль што трэцяя частка была на конях. Недахопам аддзелу было тое, што Замэчак ня быў ваенным чалавекам. Апроч таго, паўстанцы былі дрэнна ўзброены. На паўстанцаў напаў расійскі аддзел пад начальствам генэрала Манюкіна. Гэта быў моцны аддзел, які складаўся з сямі рот пяхоты, сотні казакаў і артылерыі (4 гарматы). Тым ня менш бойка паміж супраціўнікамі кончылася перамогаю паўстанцаў. Касіньеры[5] кінуліся на расійцаў з такою адвагаю, што тыя ў непарадку ўцяклі, пакінуўшы ў руках паўстанцаў дзьве гарматы. На дапамогу Замэчку ў гэты момант падышлі групы Сокала і Рагінскага, што яшчэ больш узмацніла паўстанцаў. Толькі ноч затрымала прасьледваньне аддзелу Манюкіна паўстанцамі. Уначы Манюкін разаслаў ва ўсе бакі ганцоў з просьбаю неадкладна прыслаць дапамогу.

Між тым у мястэчку Сямятычых сабраліся ўжо ўсе паўстанскія аддзелы. Перамога падняла настрой паўстанцаў. І лічэбна яны складалі сабою значную сілу. Розныя аўтары налічваюць у Сямятыцкай паўстанчай групе ад 4.000 да 5.000 чалавек. Праўда, узброены яны былі дрэнна, бо большая палавіна паўстанцаў мела толькі косы. Камандаваньне над злучанымі паўстанскімі сіламі было даручана падданаму ваяводзе Левандоўскаму. Замэчак настойваў на тым, каб не заставацца ў Сямятычах, а ісьці на Драгічын, але яго не паслухалі. На ваеннай нарадзе большасьцю галасоў начальнікаў аддзелаў было ўхвалена заставацца і надалей у Сямятычах і тут яшчэ раз даць бой расійскім сілам.

Каля поўдню 7 лютага (новы стыль) на Сямятычы пачалі наступаць упарадкаваныя расійскія часьці, да якіх падышла ўжо дапамога. Расійскіх сіл налічвалася каля 2500 чалавек. Вялікую перавагу над паўстанцамі яны мелі, дзякуючы добраму ўзбраеньню. Расійцы мелі артылерыю ў ліку 6 гармат. Наступ пачаўся з бомбардаваньня мястэчка, што ўносіла дэзорганізацыю і паніку ў шэрагі жыхарства і паўстанцаў. На паўстанцаў першаю рушыла расійская пяхота. Галоўныя яе сілы пачалі атакаваць тую частку мястэчка, дзе стаялі групы Замэчка і Рагінскага. Група Замэчка ня вытрымала націску і кінулася ўцякаць. Група Левандоўскага ў пачатку трымалася моцна, але хутка і яна не вытрымала і пачала кідаць поле бойкі. Цяпер усе расійскія сілы кінуліся на аддзел Рагінскага, які складаўся амаль выключна з сялян-касіньераў. Паўстанцы на чале з Рагінскім некалькі раз адбівалі штыхавыя атакі і хадзілі ў контр-атакі з косамі. Але сілы іх ўсё слаблі. Урэшце і аддзел Рагінскага, панёсшы вялікія страты, ня вытрымаў. Абкружаны з усіх бакоў расійскімі салдатамі, аддзел Рагінскага з вялікаю натугаю прабіўся і пачаў адыход ад Сямятыч. Расійскія аддзелы занялі мястэчка, пацярпеўшы таксама вялікія страты.

Насельніцтва Сямятыч спачувала паўстанцам і дапамагала ім. Уварваўшыся ў мястэчка, расійскія часьці памсьцілі жыхаром за спачуваньне паўстанцам разьнёю ўсіх, хто здаваўся падазроным. Самае мястэчка было падпалена. Згарэла 300 дамоў, што складала значна большую частку мястэчка. Тое самае было зроблена з некалькімі вакольнымі вёскамі, якія былі западазроны ў спачуваньні і дапамозе паўстанцам. Генэрал Манюкін, начальнік расійскага аддзелу, важна „сувораўскім штылем“ данасіў па начальству: „Шайка і мястэчка Сямятычы ўжо ня існуюць“.

Разьбітыя паўстанцы адступалі невялікімі групамі да мястэчка Высокага (Высока-Літоўск). Тут быў назначаны збор сіл і адпачынак аддзелу. На адбыўшайся вайсковай нарадзе было пастаноўлена, што ўсе аддзелы варочаюцца назад у Польшчу, апроч аддзелу Рагінскага, які астаецца на Беларусі весьці далейшую барацьбу з мэтаю ўцягнуць у паўстаньне мясцовае насельніцтва.

Аддзел Левандоўскага накіраваўся на Падлясьсе. Ня гледзячы на малалічэбнасьць (80 чалавек), аддзел дзейнічаў даволі пасьпяхова. Аддзел захапіў у свае рукі вялікі кавалак шосэ і перарваў зносіны паміж Берасцем і Варшаваю. Левандоўскаму шмат дапамагала невялічкая паўстанская група, што складалася з рамесьнікаў і рабочых, на чале якой стаяў крайні чырвоны Барэлеўскі, вядомы пад псэўдонімам Лелевэля. Сялянства падтрымлівала гэты аддзел, даючы яму праваднікоў і харчы, а таксама папераджаючы паўстанцаў аб усякага роду небясьпеках. Недалёка ад Берасьця Левандоўскі зрабіў напад на невялікі ўрадавы аддзел, што ахоўваў мост на шосэ. Паўстанцы разьбілі гэты аддзел і захапілі некалькі дзясяткаў карабінаў, што значна ўзмацніла іх, бо ў паўстанцаў ня было добрай зброі. З гораду Белы была прыслана ўрадаваму аддзелу дапамога, якую паўстанцы таксама разьбілі. Аддзел Левандоўскага дзейнічаў у Падлясьсі нядоўга. Злучыўшыся з аддзеламі Лелевэля і Закрэўскага, Левандоўскі накіраваўся ў Люблінскую губэрню.

Рагінскі з-пад Высокага пакіраваўся ў Белавескую пушчу. Пры ім быў абоз з зброяю для паўстанцаў на Беларусі. Пад кіраўніцтвам Рагінскага быў невялікі аддзел, які складаўся з 150 чалавек. Тут былі паўстанцы, што прышлі з Рагінскім з Польшчы, а таксама і мясцовыя жыхары, найчасьцей дробная шляхта і сяляне, якіх удалося ўцягнуць у паўстаньне, дзякуючы папярэдняй працы В. Урублеўскага. Апошнія былі організаваны асобна, пад камандай Сонгіна і Рыльскага. Пасьля таго, як паўстанцы ўвайшлі ў сярэдзіну пушчы і застанавіліся пад вялікаю вёскаю Крулёў Мост для адпачынку, на іх 11 лютага напаў моцны ўрадавы аддзел пад начальствам графа Носьціца. Бойка была ўпартая. Паўстанцы добра абараняліся. Тым ня менш, згубіўшы з свайго невялікага аддзелу некалькі дзесяткаў чалавек параненымі і забітымі, Рагінскі павінен быў пакінуць пляц бою.

Носьціц у сваіх запісках[6] аб бойцы пад Крулёвым Мостам і аб Рагінскім гаворыць так: „На працягу двох з паловаю месяцаў майго камандаваньня войскамі ў Горадзенскай губэрні я меў ня мала сутычак з паўстанцкімі бандамі, з якіх некаторыя былі вельмі сур‘ёзныя, як напрыклад начны бой пад Белаю, дзе да 3 ½ тысяч касіньераў атакавалі мой аддзел у 400 чалавек, і бой пад Крулёвым Мостам у Белавескай пушчы, дзе я перагарадзіў шлях паўстанскім бандам у гушчары гэтага лесу… Адвага, энэргія і прадпрыемнасьць заўжды рабілі цуды на вайне, а гэтымі якасьцямі ў вялікай меры валадаў Рагінскі“. Пасьля гэтага водзыву цяжка згадзіцца з Авэйдэ, які называе Рагінскага „Дон-Кихотом“ і „авантюристом”.

З-пад Крулёвага Мосту Рагінскі накіраваўся на мястэчка Шэрашова, якое і заняў бяз усякіх перашкод. Жыхарства мястэчка, якое складалася большасьцю з вельмі незаможнага яўрэйства, спаткала паўстанцаў прыхільна. Тут Рагінскі апрануў свой атрад у кажухі, набыў бялізну і боты, а таксама шэсьць пудоў пораху, заплаціўшы па 40 рублёў за пуд. Адпачыўшы, паўстанцы накіраваліся на Пружаны. Тут стаяла толькі невялікая каманда інвалідаў, якая аддала горад Рагінскаму бяз усякага супраціўленьня. У горадзе паўстанцы знайшлі каля 200 карабінаў. У касе павятовага казначэйства Рагінскі знайшоў 7.000 рублёў. Для свайго атраду ён узяў 4.000 рублёў, а рэшту грошы аддаў Сонгіну і Рыльскаму. Усё гэта адбылося 13 лютага. З Пружан паўстанцы пайшлі ў Кобрыншчыну, з мэтаю падняць мясцовае сялянства і ўцягнуць яго ў паўстаньне. Сяляне падтрымлівалі паўстанцаў, але ў аддзел ня ўступалі, за выключэньнем паасобных адзінак.

У Кобрыншчыне паміж Рагінскім, з аднаго боку, і паміж Сонгіным і Рыльскім, з другога боку, паўсталі нейкія непаразуменьні. Вынікам гэтых непаразуменьняў быў падзел паўстанцаў на дзьве групы. Рагінскі з 33 людзьмі аддзяліўся ад таварышоў і накіраваўся ў Піншчыну. Што датычыць групы Сонгіна і Рыльскага, дык яна пасьля аддзяленьня ад групы Рагінскага накіравалася на Беласток. Па дарозе на гэтую групу пад вёскай Рэчыцай зрабіў напад моцны расійскі аддзел. Адбылася ўпартая бойка. Паўстанцы абараняліся дз астатняга. Група была разьбіта і зусім зьнішчана. Пасьпела выратавацца ня больш 10 чалавек.

Рагінскі з сваім маленькім аддзелам вандраваў па Кобрыншчыне і Піншчыне. Яму ўдалося затрымаць пошту, якая ішла з Пінску ў Кобрын. Пошта везла 4.300 рублёў, якія захапіў Рагінскі. Гэта дало Рагінскаму магчымасьць утрымліваць сваю групу і далей. Вандруючы па лясох і вёсках, Рагінскі імкнуўся падняць сялянства і ўцягнуць яго ў паўстаньне, але шырокія сялянскія масы ў паўстаньне ня ішлі. Каля вёскі Барок невялічкая група Рагінскага спаткалася з расійскім аддзелам пад начальствам Альбэртава. Расійскі аддзел складаўся з трох рот пяхоты і сотні казакаў. Са звыклаю адвагаю Рагінскі павёў сваю групу ў бой, ня гледзячы на колькасную перавагу ворага. Пасьля геройскай абароны група Рагінскага была разьбіта. Рагінскаму з некалькімі таварышамі ўдалося выратавацца, і яны накіраваліся ў балоты Піншчыны. Сяляне тут воража былі настроены ў адносінах да паўстанцаў, і Рагінскаму прыходзілася хавацца ня толькі ад урадавых войск і адміністрацыі, але і ад сялян. Так туляўся ён са сваімі таварышамі да пачатку сакавіка. 3-га сакавіка, калі Рагінскі знаходзіўся каля Турава, у фальварку дробнага шляхціца Млынскага, яго высачылі, і ён папаў у рукі царскай улады. З Турава яго перавезьлі ў Берасьце, а адтуль у Варшаўскую цытадэлю. Ваенны суд прыгаварыў Рагінскага да кары сьмерцю. Цікава тое, што вышэйпамянёны Носьціц, які вёў бойку з групаю Рагінскага, хадайнічаў перад намесьнікам Царства Польскага аб замене яму сьмяротнай кары бястэрміновай катаргай. Намесьнік задаволіў гэтае хадайніцтва. Адбыўшы кару, Рагінскі жыў у Кіеўшчыне. Пасьля яго засталіся запіскі аб тых падзеях, удзельнікам якіх ён быў.

У сувязі з прыходам паўстанскіх груп з Польшчы, а таксама як вынік організацыйнай дзейнасьці Віленскага Камітэту, на Беларусі і ў Літве зьяўляюцца паўстанскія групы, утвораныя на месцы. Ужо 25-26 студзеня зьяўляецца паўстанская група ў Бельскім павеце, Горадзенскай губэрні, у якой па офіцыйных дакладных даных знаходзіцца каля 150 чалавек. Група імкнецца ўцягнуць у паўстаньне сялян, падымаючы іх проці расійскага ўраду. 31-га студзеня гэтая група ўжо займае вёску Рудкі, Бельскага павету. Аб далейшым руху гэтай групы мы ня ведаем. Ува ўсякім выпадку войскам не ўдалося яе зьнішчыць.

Каля гэтага-ж часу ў Берасьцейскім павеце зьяўляецца паўстанская група Касінскага. Яна зьнішчае тэлеграфы, руйнуе масты, захапляе пошты, рэквізуе грошы ў скарбовых дзяржаўных установах і зьмяняе расійскую ўладу ў гарадох і мястэчках на паўстанскую. Касінскі таксама імкнуўся падняць сялянства проці царскага ўраду. Сялянства падтрымлівала Касінскага харчамі, але аддзелу яго не папаўняла. Дзякуючы гэтаму, а таксама пад моцным націскам урадавых войск, высланых з Берасьцейскай крэпасьці, Касінскі павінен быў пакінуць Беларусь і перайсьці на тэрыторыю Польшчы.

Каля паловы лютага распачаў паўстаньне ў Ковеншчыне кс. Антон Мацкевіч, аб якім мы будзем яшчэ гаварыць і далей. Адслужыўшы імшу і прачытаўшы ў касьцёле дэкрэт Цэнтральнага Камітэту да сялянства, ён сабраў групу лікам каля 250 паўстанцаў і вышаў у лясы. Група складалася амаль выключна з сялян. Гэтая група потым адыграла вялікую ролю ў паўстаньні на ўласнай Літве і Беларусі.

Таксама каля паловы лютага распачаў сваю дзейнасьць аддзел Клетыя Карэвы. Ён быў родам з Коўні. Сын бедных бацькоў, ён рана ўзяўся за навуку. Пасьля сканчэньня Ковенскай гімназіі ён паступіў у Пецярбурскі Лясны Інстытут. У часы свайго студэнства Карэва прымаў удзел у рэволюцыйных гурткох. Пасьля сканчэньня Ляснога Інсытуту ён быў накіраваны на пасаду лясьнічага ў Тамбоўскую губэрню. Перад паўстаньнем ён зусім сьвядома перамясьціўся на тую самую пасаду ў Троцкі павет Віленскай губэрні. Тут у Іванаўскіх лясох Карэва і організаваў паўстанскі адзел, атрымаўшы разам з тым ад Віленскага Камітэту ўпаўнаважаньне вайсковага начальніка Троцкага павету. Карэва далей быў вядомы пад псэўдонімам Скірмунта. У канцы лютага, па даручэньню Віленскага Камітэту, Скірмунт распачаў організацыю другога паўстанскага аддзелу. У часе гэтай працы яму не пашанцавала, і ён папаў у рукі поліцыі. Адбыўся ваенны суд, які, выкрыўшы яго дзейнасьць, прысудзіў Карэву да кары сьмерцю. Кара адбылася ў Коўні 21 сакавіка 1863 году. Скірмунт-Карэва быў популярны сярод сялянства.

У другой палове лютага распачаў сваю паўстанчую чыннасьць у Віленскай губэрні Людвік Нарбут, сын вядомага гісторыка Літвы Тодара Нарбута. За нейкае політычнае злачынства Людвік Нарбут яшчэ ў часы мікалаеўскага рэжыму быў высланы на Каўказ у якасьці простага салдата. Тут ён даслужыўся да афіцэрскіх чыноў і перад паўстаньнем вярнуўся на Беларусь. У другой палове лютага Нарбут набраў аддзел, які складаўся толькі з 15 чалавек, і пачаў дзейнічаць у Рудніцкай пушчы, што цягнулася паміж Лідаю і Мерачам. Аддзел Нарбута паступова ўзрастаў і хутка налічваў у сваім складзе ўжо да 100 чалавек. Аддзел быў добра ўзброены, дысцыплінаваны і навучаны.

Першая сутычка Нарбута з урадавым войскам адбылася 28 лютата ў Рудніцкай пушчы, за рэчкаю Мерачанкаю. Расійскі аддзел ня вытрымаў дружнага націску паўстанцаў, быў разьбіты і адышоў. Другая сутычка Нарбута з расійцамі адбылася ў палавіне красавіка пад вёскаю Дубічы. Расійскі аддзел таксама быў разьбіты. У канцы красавіка Нарбуту ўдалося яшчэ раз разьбіць расійскія сілы пад Лакштубянамі. Сацыяльная програма Нарбута і яго посьпехі рабілі імя Людвіка Нарбута вельмі популярным як наогул сярод паўстанцаў, так і сярод сялян.

Зьвярнула ўвагу на Нарбута і расійская ўлада. Трэба было скончыць з паўстанскім аддзелам, які псаваў столькі крыві мясцоваму расійскаму начальству. У першых днях мая з Горадні быў высланы моцны ўрадавы аддзел пад камандаю палкоўніка Цімафеева, якому было даручана расправіцца з аддзелам Нарбута. Зноў пад Дубічамі 11 мая 1863 г. адбылася бойка, у якой Нарбут быў забіты, а яго аддзел разьбегся, шукаючы ратунку ў лясох. Ваколічныя сяляне з вялікім спачуваньнем пахавалі забітага. Апісаньне бойкі мы знаходзім у запісках кн. Імерэцінскага. Падаем коратка яго зьмест.[7] Палкоўнік Цімафееў атрымаў весткі, што аддзел Нарбута знаходзіцца ў в. Дубічы. Ён пакіраваўся туды, але аддзелу Нарбута там не знайшоў, бо паўстанцы схаваліся ў лесе за рэчкаю. Цімафееў адышоў ад Дубіч. Хутка яму стала вядома, што група Нарбута знаходзіцца блізка ад Дубіч, і ён вярнуўся назад. Паўстанцы не чакалі гэтага і спакойна займаліся практыкаваньнем у стральбе. На запытаньне Цімафеева, якія гэта чутны стрэлы, яму адказалі, што за рэчкаю ідзе паляваньне. Двое з афіцэраў захацелі таксама прыняць удзел у паляваньні і пайшлі за рэчку. Там яны і прымецілі аддзел Нарбута. Вярнуўшыся ў Дубічы, яны расказалі ўсё Цімафееву. Расійскі аддзел пайшоў атакаю на паўстанцаў. У часе бойкі Нарбут быў паранены раней у ногу, потым у грудзі і ад ран сканаў. Аддзел, страціўшы начальніка, быў разьбіты. Сяляне, даведаўшыся аб сьмерці Нарбута, прынесьлі ў вёску яго цела і пахавалі. Як за гэтае пахаваньне, так і наогул за спачуваньне паўстанцам, на ваколічнае сялянства потым пасыпаліся ўрадавыя рэпрэсіі.


  1. Pamietniki Jakoba Gieysztora z lat 1857-65. T. II. 1913. Wilno, ст. 92
  2. J.K. Janowskiego Pamietniki o powstaniu styczniowem. T. I. Styczen — maj 1863. Lwow. 1923, ст. 425.
  3. Ibid., 426
  4. Записки Оскара Авейды о польском восстании 1863 года. Ч. IV. Варшава. Тип. Шт. Варш. Воен. Округа. 1866. ст. 32
  5. Касіньеры — гэта паўстанцы, узброеныя дапасаванымі да бою косамі. Касіньеры звычайна складаліся з беднай засьцянковай шляхты, сялян і іншых незаможных соцыяльных груп, якія ня мелі лепшай зброі, чым каса.
  6. Граф И. Г. Ностиц. Из воспоминаний о польск. восст. 1863 г. М. 1900 г., ст. 6, 8.
  7. Н. Имеретинский. Воспоминания о графе М. Н. Муравьёве. Исторический Вестник. 1892 г. Т. 50., ст. 600—635. П. І. Г. Н. т. V.