Перайсці да зместу

1863 год на Беларусі (1930)/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Падзеі на Магілеўшчыне А. Мацкевіч і кампанія З. Серакоўскага-Далэнгі
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Дзейнасьць іншых паўстанскіх груп на Беларусі вясною 1863 г.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




А. МАЦКЕВІЧ І КАМПАНІЯ З. СЕРАКОЎСКАГА-ДАЛЭНГІ.

Згодна пляну сам З. Серакоўскі меўся асесьці ў лясных гушчарах уласнай Літвы і там будаваць вайсковы цэнтар паўстаньня на Беларусі і Літве, засноўваючы тут падваліны для рэгулярнай паўстанцкай арміі, якая павінна была, па пляну, зьмяніць партызанскія аддзелы. Зьяўленьне рэгулярнай паўстанскай арміі, па думцы З. Серакоўскага, павінна было зусім зьмяніць становішча паўстанскай справы, павінна было паставіць паўстаньне на цьвёрдыя ногі, зрабіць яго сапраўднаю вайною, накіраванаю проці расійскага ўраду. Вызначаючы для гэтай сваёй дзейнасьці лясы і балоты ўласна Літвы, З. Серакоўскі меў на ўвазе фізычныя якасьці гэтай тэрыторыі, якія рабілі яе недаступнаю для расійскага войска. Апроч таго, ён бязумоўна меў на ўвазе яшчэ і той факт, што тут з самага пачатку працаваў ксёндз Антон Мацкевіч, якога, ня гледзячы на яго ксяндзоўскую сутану, трэба залічыць да чырвоных паўстанцаў. Яму ўдалося ўтварыць тут моцныя паўстанскія аддзелы, якія амаль-што цалкам складаліся з сялян і ўтрымліваліся таксама амаль выключна сялянствам. Зразумала, аддзелы А. Мацкевіча маглі быць ядром той рэгулярнай паўстанскай арміі, якую З. Серакоўскі меў намер утварыць.

Асоба Антона Мацкевіча, аб якім мы ўжо ўпаміналі раней, была цікаваю фігураю паўстаньня, на якой трэба крыху спыніцца. Цэлы шэраг аўтараў-сучасьнікаў прызнаюць за Мацкевічам шмат выдатных якасьцяй. Ведае яго і Мураўёў-вешальнік. У сваіх запісках ён адзываецца аб Мацкевічу так: „Мацкевіч — чалавек надзвычайна лоўкі, дзейны, разумны і фанатык. Ён меў нязьмерны ўплыў на народ“.[1] Характарызуе А. Мацкевіча ў сваіх успамінах і Н. Імэрэцінскі. Ён піша аб ім наступнае: „Ксёндз Падбярэскага касьцёлу Ўладыслаў (імя ў успамінах пераблытана. У. І.) Мацкевіч па адукацыі і ваеннай падрыхтоўцы бязумоўна стаяў ніжэй за Серакоўскага і Нарбута, але затое быў здальнейшы за іх абодвух, узятых разам. Наколькі я магу меркаваць з усяго, што я аб ім чуў, Мацкевіч меў нязвычайны розум, быў абдараны няўгібнаю воляю і нязломнай энэргіяй“.[2] Далей Імэрэцінскі слова ў слова паўтарае тое, што сказаў аб Мацкевічу Мураўёў.

Пасьля гэтых сьведчаньняў, якія зроблены ворагамі паўстаньня і Мацкевіча, мы падамо словы самога Мацкевіча аб уплыве яго на сялянства. У сваіх паказаньнях на судзе ён гаворыць аб гэтым так. „На мой заклік моладзь пакінула сваіх бацькоў і сабралася са зброяю ў руках і з цьвёрдай рашучасьцю ў душы абараняць бацькаўшчыну. Такім чынам народ на падставе рэлігійнага пачуцьця, а шляхта дзеля шуканьня знадворных адзнак пашаны для сябе, ці проста трымаючыся моды, пайшла за мною. Я павінен дадаць, што такога посьпеху я дасягнуў не адразу, але ўпартаю працаю на працягу дванаццаці год“.[3] Зразумела, што сялянства ішло за А. Мацкевічам зусім ня толькі дзеля рэлігійнага пачуцьця. Калі рэлігія ў тыя часы і была яшчэ вельмі пашыраным дурманом, калі дробна-буржуазныя рэволюцыянэры лічылі магчымым і патрэбным яшчэ больш атручваць гэтым дурманом сялянскія галовы, то ўсё-ж такі сялянства, нават і атручанае, не пайшло-б за Мацкевічам, калі-б ён не падкрэсьліў выразна сваёй „мужыцкай“ процішляхецкай програмы дзейнасьці.

Па свайму пахаджэньню Антон Мацкевіч быў літвін. Як і К. Каліноўскі, А. Мацкевіч быў сын зусім зьбяднелага дробнага шляхціца, які меў невялікі кавалак зямлі недалёка ад мяст. Цытавяны. Навучыўшыся чытаць і пісаць у хаце, хлопчык пачаў выяўляць выдатныя здольнасьці да навукі. Бацькі былі бедныя і мала маглі дапамагчы сыну ў гэтых адносінах, ува ўсякім выпадку яны не маглі наняць для яго хатняга настаўніка. Калі Мацкевічу было 12 год, ён паступіў у Віленскую гімназію. У гімназіі, дзякуючы беднасьці бацькоў, яму жылося вельмі дрэнна. Скончыўшы даволі пасьпяхова гімназію, Мацкевіч паступіў у Кіеўскі унівэрсытэт. У Кіеве, як і ў Пецярбургу, існавалі падпольныя опозыцыйныя і рэволюцыйныя гурткі, у адзін з якіх трапіў і Мацкевіч. Тут ён прышоў да вельмі нечаканага, з нашага пункту погляду, вываду. Літоўскі селянін, католік па свойму вызнаньню, — вельмі рэлігійны, ён верыць аўторытэту ксяндза. Ксёнд для яго — безапэляцыйны аўторытэт. Для таго, каб уцягнуць сялянства ў рэволюцыйны рух, трэба выкарыстаць яго рэлігійнасьць, выкарыстаць прызнаньне селянінам аўторытэту ксяндза. Для рэволюцыйнай працы сярод сялянства трэба апрануць на сябе ксяндзоўскую сутану. А. Мацкевіч так і зрабіў. У сваіх паказаньнях на судзе па гэтаму пытаньню Мацкевіч[4] гаворыць так: „я ня ведаю, ці вы мне паверыце: але годнасьць ксяндза я прыняў у мэтах здабыцьця лепшага доступу да майго народу і хутчэйшага скарыстаньня яго давер‘я“.

Трэба вызначыць, што ў часы паўстаньня 1863 году такія выпадкі, калі моладзь для агітацыйных і рэволюцыйных мэтаў выкарыстоўвала рэлігію, былі даволі частыя. Гэта мы бачым, калі чытаем тагочасныя паўстанскія адозвы, часопісы, „залатыя граматы“ і г. д. Дробна-буржуазны рэволюцыянэр, нават робячы рэволюцыю, атручвае масы імем бога ці цара, лічачы, што гэта памагае рэволюцыі. Таксама і рэакцыянэры прызнаюць, што такая рэволюцыянізацыя мас вельмі дзейная. Так, напрыклад, думае біскуп Фэлінскі, аб якім мы ўжо гаварылі раней.

Зрабіўшыся ксяндзом, А. Мацкевіч сваю блізкасьць да сялянства выкарыстоўваў для агітацыі. Ён даводзіў, што „прычынаю ўбоства і ўціску сялян зьяўляецца царскі ўрад“, што не ў далёкай будучыне „настане такі час, калі ўвесь народ паўстане, прагоніць цара і здабудзе сабе вольнасьць“. Мацкевіч стараўся быць прысутным на ўсіх сходбішчах сялян, каб весьці пропаганду. Па яго словах яму памагалі весьці пропаганду — паліцыя сваімі гвалтамі і шляхта сваім нялюдзкім абыходжаньнем з сялянамі. Адносіны свае да земляўласьніцкай шляхты Мацкевіч малюе так: „З абшарнікамі я быў не ў ладох, бо бачыў у іх асобе старую польскую шляхту, варожую народу. Апроч таго, яна была больш польскаю, чым літоўскаю“.[5] Свае політычныя погляды А. Мацкевіч формулюе так. „Маім імкненьнем было — вярнуць майму літоўскаму народу правы люднасьці, зьнішчаныя шляхтаю і пакінутыя бяз увагі адміністрацыяй. Я заўжды лічыў патрэбным організоўваць паўстаньні ў Ковенскай, Віленскай і Горадзенскай губэрнях раней партызанскае, а потым народнае. Організатарам я быў не па прымусу, а па ўласнаму перакананьню.[6] Жаданьне людзям дабра дало мне магчымасьць і моц падняць народ, як для прабуджэньня ў ім самасьвядомасьці, так і для выяўленьня пытаньня, з кім ён хоча злучыцца: з Расіяй ці Польшчай. Такое народнае права ўжо існуе ў Эўропе. У нас яно магло быць выяўлена ня іначай, як толькі праз самавызваленьне, якое здабываецца толькі вайною, якая павінна была загарэцца на Літве пры паўстаньні ў Царстве Польскім. Такія былі мае політычныя погляды. Але дзякуючы таму, што Літве не хапае шмат якіх умоў для самастойнай рэволюцыі, я хацеў усёй масаю дапамагаць Польшчы, разам з тым вымагаць дапамогі з яе боку для літоўскай рэволюцыі, каб здабыць для майго народу хоць часовае замацаваньне грамадзянскіх праў і бясплатны надзел зямлі, які ў будучыне мог-бы палепшыць народны дабрабыт“.[7]

Удзел у паўстаньні, як мы бачылі раней, Антон Мацкевіч прыняў у палове лютага 1863 году. „Маючы ўжо гатовы да паўстаньня народ, я падняў штандар паўстаньня і, пасьля набажэнства, з 250 паўстанцамі накіраваўся ў лес“.[8] Аддзел Мацкевіча амаль што цалкам складаўся з сялян. Ён быў узброены паляўнічымі стрэльбамі, шаблямі, косамі і пікамі. На чале паўстаньня тады стаяў яшчэ чырвоны Віленскі Камітэт, з якім і быў зьвязаны А. Мацкевіч. У сваіх паказаньнях ён гаворыць аб гэтым і вызначае, што ўмовы консьпірацыі не дазвалялі яму нават старацца даведацца аб асобах, з якіх складаўся Віленскі Камітэт.

Месцам чыннасьці свайго паўстанскага аддзелу А. Мацкевіч зрабіў непраходную Кракінаўскую пушчу, што знаходзілася ў самым цэнтры ўласнае Літвы. Адсюль ён рабіў нечаканыя, і вельмі ўдалыя напады на паасобныя расійскія аддзелы. Аддзел Мацкевіча паступова ўзрастаў: праз некалькі дзён ён налічваў у сваім складзе больш 400 чалавек. Паўстанцы ўвесь час вучыліся вайсковай справе і захоўвалі самую моцную дысцыпліну. Сярод сялянства Ковеншчыны аддзел Мацкевіча быў вельмі популярны. Сяляне падтрымлівалі яго харчамі як бяз платы, так і за плату. У сваіх паказаньнях А. Мацкевіч гаворыць, што харчы ён атрымоўваў ад „народу“, які ахвотна ішоў яму на спатканьне ў гэтых адносінах. Прыходзілася часам браць харчы і ад паноў, якія, па словах Мацкевіча, далёка не заўсёды выяўлялі сваю добрахвотнасьць. У такіх выпадках ён браў ад паноў харчы сілком, пагражаючы нават ім у патрэбных выпадках сьмерцю. Праўда, Мацкевіч вызначае, што такія выпадкі здараліся ня вельмі часта.

Пасьля перавароту ў Вільні, у сакавіку, калі кіраўніцтва паўстаньнем на Літве і Беларусі захапіў у свае рукі Белы Кіраўнічы Аддзел, ён рашыў выкарыстаць посьпехі Мацкевіча ўва ўласнай Літве для таго, каб тут утварыць вайсковы цэнтар паўстаньня. Сюды і накіраваўся Зыгмунт Серакоўскі. Раней, у пачатку красавіка, ён пабываў у Коўні, а адсюль пераехаў у мястэчка Шаты, што знаходзілася ў Жмудзкіх лясох. Тут ён прад‘явіў сваё прызначэньне на пасаду ваяводы Жмудзкага і Літоўскага, данае яму Белым Віленскім Аддзелам. Ранейшы Жмудзкі ваявода Длускі-Ябланоўскі, які меў прызначэньне яшчэ ад Чырвонага Камітэту, павінен быў здаць яму свае поўнамоцтвы, што ён і зрабіў. Сюды, у Шаты, былі выкліканы начальнікі паасобных паўстанскіх аддзелаў, якім было прапанована прызнаць уладу прысланага ваяводы, на што яны таксама згадзіліся. Апроч А. Мацкевіча, тут прысутнічалі Колышка, Малецкі, Куштэйка і інш.

Усе гэтыя начальнікі аддзелаў у большасьці належалі да чырвоных. Пасьля А. Мацкевіча найбольшы ўплыў сярод іх мае Колышка. Гэта — энэргічны, сьмелы рэволюцыянэр, вядомы сваёю агітацыяй і пропагандай яшчэ з канца 1862 году. Ён зьяўляецца тады пасьлядоўнікам Герцэна і пашырае яго творы сярод маладых расійскіх афіцэраў Лідзкага гарнізону. Зьмест агітацыі Колышкі наступны. Расійскі і польскі народы зьяўляюцца роднымі братамі. Паміж імі не павінна быць варожых адносін. Абодвы народы сумеснымі сіламі павінны змагацца проці агульнага іх ворага. Такім агульным ворагам рускага і польскага народу зьяўляецца расійскі царызм, які зьяўляецца разам з тым ворагам мужыка і абаронцаю інтарэсаў абшарніка. Сумеснымі сіламі трэба зьнішчыць царызм, вызваліць усе прыгнечаныя Расіяй народы і даць зямлю і волю сялянству ўсіх народаў. Паўстаньне прынясе вялікую карысьць ня толькі польскаму, але і расійскаму народу, які, абапіраючыся выключна толькі на свае сілы, ніколі, ня зможа вызваліць сябе з няволі царызму.

Паміж Серакоўскім і мясцовымі начальнікамі аддзелаў хутка пачалі выяўляцца прынцыповыя разыходжаньні. З. Серакоўскі і раней належаў да вельмі памяркоўнай групы чырвоных. У апошнія часы ён значна яшчэ пабялеў. Апроч таго, атрымаўшы ўпаўнаважаньне ад Белага Віленскага Аддзелу, ён павінен быў праводзіць яго прынцыповую лінію ў адносінах да напрамку паўстаньня. Дзякуючы гэтай лініі, да ўдзелу ў паўстаньні прыцягвалася земляўласьніцкая шляхта, што адсоўвала на задні плян „мужыцкую“ програму чырвоных і пытаньне аб аграрнай рэволюцыі. І ў рэчаіснасьці панства Ковеншчыны спаткала прызначэньне і прыезд Серакоўскага вельмі прыхільна, весткі аб чым мы знаходзім у Ласкарыса.[9] Ён вызначае, што земляўласьнікі Ковеншчыны, якія па свайму соцыяльнаму становішчу ўвесь час належалі да белых, вельмі былі здаволены, што Белы Віленскі Аддзел прыслаў вучонага штабнога афіцэра. Яны пачалі падтрымліваць паўстаньне, не шкадуючы для гэтага грошай і наогул сродкаў. Зразумела, справа была ня ў „вучонасьці“, а ў напрамку політыкі Серакоўскага.

Апроч таго, выявіліся разыходжаньні паміж Серакоўскім і мясцовымі рэволюцыянэрамі і ў іншых пытаньнях. Адным з такіх пытаньняў было пытаньне аб концэнтрацыі ў Жмудзі вайсковых сіл, што Серакоўскі павінен быў зрабіць згодна пляну. Мацкевіч, Колышка і іншыя начальнікі аддзелаў лічылі, што концэнтрацыі сіл ў адну армію пакуль што зусім ня трэба рабіць, бо гэта зьяўляецца ў даных умовах вельмі рызыкоўнай і небясьпечнай справай. Сабраныя ў суцэльную вялікую адзінку паўстанскія сілы вымагалі лепшай організацыі інтэнданскай часьці, а гэта было немагчыма, тым больш, што з прыездам Серакоўскага павінен быў зьменшыцца нажым на земляўласьніцкую шляхту, з якою Белы Віленскі Аддзел быў вельмі далікатны. Апроч таго, сабраныя ў адну адзінку паўстанскія сілы рызыкавалі быць разьбітымі за адзін раз пры сустрэчы з моцным расійскім аддзелам. Уся справа рызыкавала зрабіцца траскучым фэервэркам, чаго зусім не хацелі мясцовыя працаўнікі.

Абапіраючыся на сваё ўпаўнаважаньне, Серакоўскі настойваў на выкананьні пляну і на концэнтрацыі пад яго кіраўніцтвам усіх мясцовых узброеных сіл. Не жадаючы ламаць адзінага фронту з белымі, а таксама і вайсковай дысцыпліны, Мацкевіч, Колышка і іншыя начальнікі паўстанскіх груп павінны былі падпарадкавацца загаду. Збор паасобных аддзелаў у адзін вялікі аддзел быў назначаны на 19 красавіка ў Крэмянецкіх лясох каля Кейданаў. У гэты дзень у рэчаіснасьці тут сабраліся паўстанскія сілы, якія ўсе разам складалі каля 1000 чалавек. Чуткі, што разышліся наўкола, моцна перавялічвалі сапраўдную лічбу паўстанцаў. Нават офіцыйныя данясеньні моцна грашылі гэтым грахом. І. П. Карнілаў, адзін з бліжэйшых супрацоўнікаў Мураўёва-вешальніка, у сваіх успамінах[10] піша аб гэтым так: „В донесении (якое было атрымана ў Вільні. У. І.) было сказано, что по полученным сведениям в окрестностях Вилькомира, Поневежа и в Александровском уезде собрались вооруженные шайки, числом до 20000 человек“. У страха, як кажуць, вочы вялікія. Гэткія чуткі прымусілі расійскую адміністрацыю зьвярнуць вялікую увагу на паўстанскі рух у Ковеншчыне і кінуць туды шмат войска. Гэты факт лішні раз пацьвярджае, што Мацкевіч, Колышка, Малецкі і іншыя начальнікі паўстанскіх аддзелаў мелі рацыю, калі не згаджаліся з Серакоўскім на фэервэрачную концэнтрацыю ўзброеных паўстаўкіх сіл у Ковеншчыне.

19 красавіка Серакоўскі наладзіў урачыстае сьвята прыйма прысягі і вывеў свой аддзел з лясоў на шлях, што ішоў на мяст. Вадаклы. Гэты адкрыты ўрачысты марш паўстанскага войска быў бязумоўна вельмі рызыкоўным і непатрэбным фактам, з якім не згаджаліся мясцовыя партызанскія начальнікі. Па дарозе паўстанцам наладжваліся ўрачыстыя спатканьні з боку духавенства каталіцкага, нават яўрэйскага і з боку шляхты. Шляхецкая земляўласьніцкая моладзь уступала ў шэрагі войска, што зьмяняла яго соцыяльны склад, а разам з тым і соцыяльныя пажаданьні.

Пасьля невялікай астаноўкі ў мяст. Вадаклах, аддзел Серакоўскага накіраваўся ў Рагоўскія лясы, каб там стаць на нейкі час абозам. Серакоўскі хацеў у час гэтай стаянкі ўпарадкаваць свой аддзел організацыйна і заняцца ваенным практыкаваньнем паўстанцаў. Але аб маршы паўстанскага аддзелу ўжо даведалася камандаваньне расійскіх сіл, што знаходзіліся ў Вількаміры. Апроч таго, расійцам было дана знаць, што аддзел Серакоўскага ідзе ў напрамку да Рагоўскай пушчы. 22 красавіка з Вількаміру таксама ў напрамку да Рагоўскай пушчы, на сустрэчу Серакоўскаму, быў высланы даволі вялікі расійскі аддзел. Сутычка Серакоўскага з расійскімі сіламі адбылася пры вёсцы Гінэтыну. І. Грабец так апісвае гэтую першую сутычку аддзелу Серакоўскага з урадавым войскам. „Пад вёскаю Гінэтынам адбылася першая бойка Серакоўскага. Даведаўшыся, што проці яго выслана рота пяхоты і эскадрон улан, Серакоўскі дзьвінуўся на няпрыяцеля і зрабіў засаду. Літоўскія стральцы, добра схаваныя з абодвух бакоў дарогі, спаткалі надыходзячых расійцаў моцным агнём. Расійскі аддзел ня вытрымаў і, адстрэльваючыся, пачаў адступленьне. Серакоўскі і Мацкевіч на чале касіньераў кінуліся на іх у атаку. Распачалася крывавая барацьба ў косы і штыхі. Харобрыя жмудзіны адважна біліся з расійскаю пяхотаю і ўланамі. Урэшце няпрыяцель кінуўся ў непарадку ўцякаць, пакінуўшы на пляцы бойкі 40 чалавек забітых, некалькі параненых і цэлы абоз ў руках паўстанцаў“.[11]

Гэтая перамога над няпрыяцелям падняла настрой паўстанцаў і падтрымала аўтарытэт Далэнгі-Серакоўскага. Сярод насельніцтва зьявілася ўпэўненасьць, што паўстаньне будзе мець большы посьпех, чымсі раней. Павялічыўся прыток добрахвотнікаў у шэрагі паўстанцаў, і да аддзелу Серакоўскага далучалася некалькі дробных паўстанскіх груп, што дагэтуль хаваліся ў бліжэйшых лясох.

Адпачыўшы крыху пасьля цяжкай бойкі, у ноч з 23 на 24 красавіка, Серакоўскі накіраваўся ў паўночным напрамку і спыніўся пад невялічкаю вёскаю Карсакішкамі. Тут 24 красавіка адбылася другая бойка з тым самым расійскім аддзелам, што і пад Гінэтынам. Урадавы аддзел ўжо быў крыху падмацаваны новымі сіламі. Ня гледзячы на гэта, ён ўсё-ж такі ня мог справіцца з паўстанцамі. Пасьля нядоўгай перастрэлкі бойка скончылася бяз пэўных вынікаў для той і другой стараны.

Пасьля бойкі расійскі аддзел накіраваўся ў Панявеж, а Серакоўскі свае сілы накіраваў у Андроніцкую пушчу, і тут, сярод амаль непраходных лясоў і балот, стаў лягерам каля засьценку Тэразбору, які знаходзіўся недалёка каля мястэчка Анікштаў. Тут аддзел спакойна прастаяў некалькі дзён для канчатковай організацыі і для працягу ваеннага практыкаваньня. Лічба паўстанскага войска ў гэты момант даходзіла да 2500 чалавек. Усё войска было падзелена на 9 батальёнаў, з якіх 8 батальёнаў было касіньераў і толькі адзін батальён складалі стральцы. Коньніцы ў паўстанскім войску амаль-што зусім ня было: налічвалася толькі 30 конных паўстанцаў. Такая зусім нязначная лічба стральцоў і асабліва коньніцы тлумачыцца тым, што вельмі вялікая частка войска складалася з незаможнай шляхты і сялян, якія звычайна былі касіньерамі. Мець стрэльбу і каня маглі толькі больш-менш заможныя паўстанцы. Усе паўстанцы ў войску Серакоўскага былі даволі аднастайна апрануты ў літоўскія сярмягі з раменнымі паскамі і ў чорныя шапкі. У войску падтрымлівалася вельмі строгая дысцыпліна.

У Вільні, як мы казалі вышэй, былі ўжо атрыманы весткі аб зьяўленьні і руху аддзелу Серакоўскага. Сутычкі яго з расійскімі аддзеламі пад Гінэтынам і Карсакішкамі яшчэ больш зьвярнулі на яго ўвагу, бо гэтым аддзелам не ўдалося яго разьбіць. Па-ранейшаму хадзілі невераемныя чуткі аб вялікай колькасьці паўстанцаў у войску Літоўскага ваяводы Далэнгі. Зразумела, Віленскі генэрал-губэрнатар Назімаў павінен быў зрабіць рашучыя крокі для таго, каб ліквідаваць гэты рух.

Для барацьбы з Далэнгаю быў прызначаны генэрал Ганецкі, які 3 мая ўжо прыбыў з сваім аддзелам у горад Вількамір. У яго аддзеле налічвалася каля 1000 чалавек. Ганецкі быў упэўнены, што з такімі малымі сіламі ён ня здолее справіцца з паўстанцамі, бо, як мы ўжо гаварылі вышэй, хадзілі ўпартыя чуткі, што Далэнга мае ў сваім войску некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Каб павялічыць свой аддзел і каб бліжэй падыйсьці да стаянкі Далэнгі, Ганецкі раніцою 5 мая накіраваўся ў Анікшты, куды прышоў і ўвесь яго аддзел увечары ў той-жа дзень. Тут Ганецкі павялічыў свой аддзел да 1500 чалавек, уліўшы ў яго склад тыя вайсковыя часьці, што стаялі ў Анікштах і ў мястэчку Рогаве. Толькі тут ён даведаўся, што паўстанцы ўжо некалькі дзён стаяць лягерам каля Тэразбору, што знаходзіцца прыблізна ў дзьвёх мілях ад Анікштаў. Апроч таго, Ганецкі атрымаў весткі, што сапраўды паўстанскія сілы ў Далэнгі вельмі вялікія, што яны добра ўзброены і напрактыкаваны, што лік іх кожны дзень узрастае, дзякуючы таму, што з усіх старон да Далэнгі падыходзяць усё новыя і новыя добрахвотнікі.

У рэчаіснасьці справа стаяла зусім іначай: Серакоўскага ў гэты момант у Тэразборы ўжо ня было. Яшчэ 3 мая ўвечары паўстанцы адсюль вышлі. Перад выхадам ваявода Далэнга разьдзяліў сваё войска на тры часткі. Самую большую частку, што складалася з чатырох батальёнаў, ён узяў пад свой непасрэдны загад. Астатнія 5 батальёнаў былі падзелены паміж Колышкаю і Мацкевічам. Усе тры аддзелы павінны былі ісьці так, каб Серакоўскі быў у цэнтры, Колышка на левым крыле, а Мацкевіч на правым крыле. Аддзелы разышліся, кожны па вызначанаму для яго маршруту, каб зноў спаткацца пад вёскаю Мадэйкамі, якая знаходзілася недалёка ад маёнтку Тышкевіча Біржы. Нам зусім няясна, якія прычыны прымусілі Далэнгу, які ўвесь час стаяў на концэнтрацыі паўстанскіх сіл, разьбіць сваё войска на тры часьці.

Першым падышоў да Мадэйкаў аддзел, на чале якога стаяў Колышка. Тут 7-га мая на яго напаў адзін з аддзелаў Ганецкага. Распачалася перастрэлка. У часе перастрэлкі на дапамогу Колышку падышоў аддзел Серакоўскага. Цяпер перавага была на старане паўстанцаў. Яны кінуліся на расійцаў у атаку. Бойка цягнулася амаль паўтары гадзіны. Расійцы павінны былі адступіць, страціўшы да 150 чалавек забытымі і параненымі. Страты паўстанцаў таксама былі вялікія. Ноч супыніла бойку. Расійскі аддзел застаўся начаваць пад Мадэйкамі; а паўстанцы перайшлі пад вёску Гудзішкі.

На другі дзень, 8 мая, пад Гудзішкамі аддзелы Серакоўскага і Колышкі спаткаліся з галоўнымі сіламі Ганецкага. Балоцісты ручай дзяліў паўстанцаў і ўрадавыя войскі. Распачалася перастрэлка, якая цягнулася некалькі гадзін. Урэшце расійская пяхота кінулася праз ручай у атаку на паўстанцаў. Некалькі гадзін цягнулася зацятая бойка. Паўстанцы некалькі разоў адбівалі атакі супраціўніка і праганялі яго назад за ручай. К вечару сілам Ганецкага ўдалося канчаткова перайсьці праз ручай і замацавацца на другім яго беразе. Сілы паўстанцаў усё слаблі. Аддзел Мацкевіча спазьніўся і ня прыходзіў на дапамогу. Шмат палягло народу, у тым ліку шмат начальнікаў груп. Урэшце быў паранены сам Серакоўскі і вынесены з пляцу бойкі. Яго месца заняў начальнік штабу паўстанцаў Ляскоўскі. Паўстанцы ня вытрымалі і пачалі адступаць. Сьнежная завіруха, што ўзьнялася ў гэты час, ня дала магчымасьці расійцам прасьледваць паўстанцаў. Яны на працягу ночы змаглі сабраць людзей і зноў былі гатовы да бою, тым больш, што ўначы пасьпеў падыйсьці на дапамогу, спазьніўшыся, аддзел Мацкевіча.

Раніцою 9 мая Ляскоўскі, сабраўшы рэшткі аддзелаў Серакоўскага і Колышкі, разам з Мацкевічам накіраваўся пад вёску Шнурлішкі, дзе яны хацелі даць адпачынак сваім сілам. Яны думалі, што расійскія сілы ня змогуць без адпачынку разьвіваць сваю чыннасьць. Так-бы, відаць, і было-б, каб расейцам не ўдалося ўзяць у палон аднаго з паўстанцаў, які прагаварыўся, што ваявода Серакоўскі паранены, што забіта шмат начальнікаў, што паўстанцы знаходзяцца ў вельмі дрэнным матар‘яльным і моральным становішчы. Зразумела, Ганецкі ня мог ня выкарыстаць такой сітуацыі. У дадатак да гэтага Ганецкаму ўдалося здабыць „языка“ з мясцовых лясных вартаўнікоў, які паказаў, дзе паўстанцы пасьля бойкі пад Гудзішкамі зьбіраліся і куды накіраваліся. Бяз усякага маруджаньня аддзелы Ганецкага пайшлі наўздагон за паўстанцамі. Паўстанцы, не чакаючы нападу, у гэты час спакойна адпачывалі. Наглы напад расійцаў на змучаных паўстанцаў рашыў усю справу. Яны не змаглі даць належнага адпору. Хутка распачалася паніка, і паўстанцы ў непарадку кінуліся ўцякаць. Спробы паасобных начальнікаў затрымаць уцекачоў ня мелі ніякіх вынікаў. Расійцы атрымалі поўную перамогу. Яны забралі ў свае рукі ўвесь абоз са зброяю, амуніцыяй і харчамі, касу аддзелу, штандары Серакоўскага і каля 60 палонных. Толькі на другі дзень удалося Мацкевічу і Ляскоўскаму сабраць недабіткі войска Серакоўскага, з якіх склаліся два паўстанскія аддзелы; на чале аднаго з аддзелаў стаў Мацкевіч, на чале другога — Ляскоўскі. Аддзелы разьдзяліліся, разышліся ў розныя бакі і выратаваліся ад прасьледваньня атрадаў Ганецкага. Мацкевіч пасьля гэтага яшчэ доўга дзейнічаў у Ковеншчыне.

Пасьля бойкі пад Шнурлішкамі Ганецкі разаслаў па вакольных лясох аддзелы, каб палавіць тых паўстанцаў, што паразьбягаліся. Адзін з такіх аддзелаў напаў на сьлед і арыштаваў Далэнгу-Серакоўскага, які разам з Колышкам схаваўся ў фальварку Скрабішках. Арыштаваных даставілі ў мястэчка Мадэйкі, дзе была галоўная кватэра войск Ганецкага. На другі дзень Ганецкі разам з палоннымі накіраваўся ў Вільню. Ганецкаму было наладжана ўрачыстае спатканьне, а Серакоўскага пасадзілі ў турму, адкуль ён вышаў ужо толькі на эшафот. Так няўдала скончылася і гэтая частка пляну Серакоўскага. Наогул і ўвесь плян праваліўся.


  1. Pamietniki М. M.Murawjewa „Wieszatiela". 1863—1865 z przedmowa St. Тагnowskiego. Wyd. III. W Krakowie. 1902, ст. 59.
  2. Н. Имеретинский. Воспоминания о гр. М. Н. Муравьеве, Исторический Вестник 1892 года, т. 50, ст. 614—615.
  3. А. Стороженко. Ксендз Мацкевич, предводитель шайки мятежников. Вильна. 1866 г., ст. 19.
  4. А. Стороженко. Ор. сit., ст. 19
  5. Ibidem, ст. 21
  6. Ibidem, ст. 4
  7. Ibidem, ст. 21
  8. Ibidem, ст. 20
  9. Jerzy Laskarys. Wyprawa Sierakowskiego. W Dreznie. Zesz. I
  10. И. П. Корнилов. Воспоминания о польском мятеже 1863 года в Северо-Западном крае. (По рассказам ген.-адьютан. Гонецкого) СПБ. 1900 г., ст. 17.
  11. J. Grabiec. Rok 1863. Poznan. 1922, ст. 252