Перайсці да зместу

1863 год на Беларусі (1930)/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Устанаўленьне дыктатуры К. Каліноўскага Падзеі ў часы дыктатуры К. Каліноўскага
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Канец паўстаньня на Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАДЗЕІ Ў ЧАСЫ ДЫКТАТУРЫ К. КАЛІНОЎСКАГА.

Весьці паўстаньне ў часы дыктатуры Каліноўскага было вельмі цяжка. Усе белыя і нават значная частка памяркоўных чырвоных паступова адыходзілі ад паўстаньня і пераходзілі ў варожы да яго лягер расійскага царызму. Гэтых белых паўстанцаў, а цяпер здраднікаў трэба было асабліва сьцерагчыся, бо яны, як былыя ўдзельнікі паўстаньня, добра ведаўшыя яго консьпірацыю, організацыйную структуру і паасобных кіраўнікоў і працаўнікоў, былі асабліва небясьпечнымі. Шмат народу з паўстанцаў загінула на палёх бойкі, на шыбеніцах і ня менш былых каштоўных працаўнікоў пакутавалі ў турмах, у катаржных работах і ў далёкім сібірскім выгнаньні. Сялянства, бачыўшае шкадлівы ўдзел у паўстаньні белых, якія былі земляўласьнікамі і прыхільнікамі ўкладу старой фэўдальнай Польшчы, масаю ў паўстаньне не пайшло. Провокацыйная політыка царскага ўраду, якая абвясьціла паўстаньне на Беларусі выключна панскаю польскаю справаю, таксама рабіла сваю чорную справу. За чырвонымі па-ранейшаму ішлі рамесьнікі, рабочыя, інтэлігенцыя, дробная буржуазія і шляхта і частка сялянства, якое яшчэ раней прымала ўдзел у сялянскіх хваляваньнях і сярод якой чырвоным удалося правесьці агітацыйную і пропагандыцкую падрыхтоўчую працу.

Да ўсяго гэтага трэба дадаць, што правільная організацыйная сувязь і зносіны з Варшаваю пасьля арышту О. Авэйдэ спыніліся. Бязумоўна, чырвоныя паўстанскія колы на Беларусі не маглі не даведацца, што ў Варшаве амаль што адначасна з устанаўленьнем дыктатуры К. Каліноўскага адбыўся жондавы пераварот, у выніку якога белы жонд на чале з К. Маеўскім павінен быў зысьці са сцэны і ўступіць кіраўніцтва паўстаньнем чырвоным. Гэта як-бы абяцала аднаўленьне добрых узаемаадносін паміж Варшаваю і Вільняю. Але чырвоны жонд у Варшаве пратрымаўся толькі каля месяца. У палове кастрычніка ў Варшаве зацьвердзілася белая дыктатура вядомага нам Р. Траўгута. Трэба адзначыць энэргічную працу дыктатуры Траўгута, а таксама тэндэнцыю зруху яе ўлева ў сялянскім пытаньні; тым ня менш справы склаліся так, што дапамагчы беларускаму і літоўскаму паўстаньню дыктатура Траўгута ўжо не магла: не хапала моцы. Паўстаньне на Беларусі і Літве ў часы дыктатуры Каліноўскага было пакінута самому сабе і павінна было бараніцца ад націску царызму і здрады белых сваімі ўласнымі сіламі.

Усё гэта стварыла вельмі цяжкія ўмовы для паўстанскай барацьбы на Беларусі і Літве. Тэрор мураўёўшчыны, які дайшоў у гэтыя часы да вышэйшых градусаў свайго разьвіцьця, яшчэ больш абцяжаў умовы барацьбы. Недарма эмісар ад Варшаўскага Жонду Л. Главацкі ня вытрымаў нават некалькіх дзён гэтай барацьбы, нэрвова захварэў і павінен быў кінуць поле бойкі. Недарма і відны паўстанец О. Авэйдэ, апынуўшыся ў ланцугох мураўёўскай турмы, згубіў сваю годнасьць рэволюцыянэра і зрабіўся здраднікам паўстаньня.

Тым ня менш кіраўнікі паўстаньня на Беларусі і Літве не здаваліся. З вялікай энэргіяй і вытрыманасьцю яны вялі паўстаньне далей у нявымоўна цяжкіх абставінах. Яны ні на хвіліну ня гублялі веры ў моц паўстаньня. Яны лічылі, што адсутнасьць белых у паўстаньні дасьць магчымасьць уцягнуць у паўстаньне шырокія сялянскія масы шляхам правядзеньня ў жыцьцё чырвонай соцыяльнай програмы. Апроч таго, яны не маглі не разумець, што загульваньне з сялянамі расійскага царызму, якое было дапушчана сыстэмай Мураўёва, павінна хутка спыніцца; што расійскі царызм павінен будзе вельмі хутка выявіць свой сапраўдны твар у адносінах да сялянства. Белыя ўжо вышлі з шэрагаў паўстаньня, яны ўжо зрабіліся „верноподданными всеавгустейшего монарха“. Зразумела, цяпер яны былі не „бунтовщиками“, а „господами дворянами-землевладельцами“ імпэрыі. Царызм цяпер павінен быў лічыць сябе абавязаным абараняць інтарэсы паноў, што магчыма было рабіць толькі парушаючы інтарэсы сялян. Чырвоныя разумелі, што царскі ўрад хутка пачне ўзмоцнена націскаць на сялянства, а гэта будзе садзейнічаць паступоваму павароту сялянства Беларусі і Літвы ў бок падтрыманьня паўстаньня.

Трэба адзначыць, што ў гэтых адносінах дыктатар К. Каліноўскі і яго супрацоўнікі не памыляліся. Царскі ўрад ужо паступова падрыхтоўваўся да рэпрэсіўнай політыкі ў адносінах да беларускага сялянства. Перад намі два цікавых докумэнты[1] на гэтую тэму. Яшчэ ў пачатку мая 1863 году Магілеўскі губэрскі жандарскі штаб-афіцэр пазірае, што сяляне ў Магілёўшчыне настроены вельмі воража ў адносінах да земляўласьнікаў. Гэтыя варожыя адносіны былі з посьпехам выкарыстаны магілеўскаю адміністрацыяю проці паўстанцаў, як мы ўжо ведаем з ранейшага выкладу. У сваім данясеньні па начальству вышэйпаказаны штаб-афіцэр піша: „Сяляне ня хочуць працаваць на сваіх паноў. Строгія і крутыя мерапрыемствы ў гэтым выпадку немагчымы і несваечасовы; няма сумненьня, што мясцовае начальства з цягам часу ў меру магчымасьці будзе імкнуцца прывесьці сялян да законнага паслушэнства і парадку“. Так піша жандар у траўні 1863 г. Праходзіць некалькі месяцаў. Паўстаньне ў Магілеўшчыне ўжо спынілася, абставіны зьмяніліся. Сяляне, як сродак барацьбы з паўстаньнем, цяпер царскаму ўраду ўжо не патрэбны. Ясна, што ўжо наступіў час прыводзіць іх да паслушэнства, тым больш, што магілеўская земляўласьніцкая шляхта зрабілася цяпер у сувязі з падачаю адрасу вернаю служкаю царскага трону. У залежнасьці ад усяго гэтага жандарскі Магілеўскі губэрскі штаб-афіцэр 20 кастрычніка 1863 году ў сваім данясеньні на імя Віленскага генэрал-губэрнатара М. Мураўёва піша ніжэйпаданае: „Крестьяне покуда — как дети с игрушками: чем больше им дают, тем больше они хотят. А потому я стараюсь ныне посредством уездных жандармов противодействовать пагубному недоверию и ненасытности крестьян. Вообше проявляется среди крестьян не только крайняя неразвитость, но иногда как будто некоторая даже распущенность, как необходимое последствие бывших смут, в продолжение которых они играли столь значительную роль. Одним словом, мне кажется, что во всех отношениях теперь представляется настоятельная необходимость взяться за крестьян несколько построже для их же пользы, для нравственного и материального их благоденствия“.

Так яно і было ў рэчаіснасьці. З восені 1863 году царскі ўрад узяўся за сялян „построже“. Ужо ня было і гутаркі аб тым, каб даваць сялянам мэдалі за разгромы паноў і панскіх маёнткаў, як гэта было каля Дынабургу вясною 1863 году. Урадавы націск на сялян на Беларусі асабліва ўзмацніўся зімою, бо з самага пачатку 1864 году мясцовая адміністрацыя пачала спаганяць з сялян выкупныя плятяжы.[2] Націск на сялянства дайшоў да таго, што Горадзенскі губэрнатар забараніў сялянам нават галіць вусы і бараду, каб яны больш паходзілі да барадатых звычайна сялян у цэнтральнай Расіі. Зразумела, такая політыка царскага ўраду была на руку чырвоным паўстанцам. Каліноўскі і яго супрацоўнікі ў жніўні ўжо прадчувалі гэтыя магчымасьці і мелі на ўвазе выкарыстаць іх для сваіх паўстанскіх мэтаў.

Перад намі зусім мала матар‘ялаў, якія маглі-б поўна асьвятліць дзейнасьць паўстанскага цэнтру на Беларусі ў часы дыктатуры К. Каліноўскага. Польскія крыніцы і аўтары амаль што не закранаюць гэтага пытаньня дзякуючы адарванасьці Варшаўскага паўстанскага цэнтру ад Віленскага. Праўда, у апошнія часы зьяўляюцца докумэнты з III Аддзелу царскай уласнай канцылярыі, але пакуль што іх яшчэ адтуль узята мала, апроч таго да гэтых „жандарскіх“ докумэнтаў трэба адносіцца вельмі асьцярожна. Мала мы ведаем, таксама і аб супрацоўніках паўстанскага цэнтру.

Галоўнымі супрацоўнікамі К. Каліноўскага былі тры асобы: Мячыслаў Дарманоўскі, Мілевіч і вядомы ўжо нам Малахоўскі.[3]

Па тых вестках, якія дае Я. Гейштор,[4] праваю рукою К. Каліноўскага быў Мілевіч. Гэта быў стары супрацоўнік Каліноўскага, і ён яго добра ведаў. Яшчэ ў тыя часы, калі Каліноўскі працаваў сярод сялянства ў Гарадзеншчыне, Мілевіч быў яго супрацоўнікам. З гэтага відаць, што Мілевіч па сваіх політычных і соцыяльных поглядах быў бязумоўна чырвоным. Калі сформаваўся Аддзел-Камітэт у пачатку чэрвеня, Каліноўскі пакінуў Горадзеншчыну і пераехаў у Вільню. Здаецца, разам з ім пераехаў у Вільню і Мілевіч. Што датычыць О. Авэйдэ, то ён лічыць Мілевіча „чалавекам, бяз усякіх здольнасьцяй“. Да гэтага ён дадае, што Мілевіч быў запрошаны ў Вільню з Горадні ў канцы ліпня. Трудна разабрацца, кім у рэчаіснасьці быў Мілевіч. Пшыбароўскі,[5] апісваючы перагаворы Каліноўскага з Авэйдэ, гаворыць аб складзе таго Камітэту-Аддзелу, на якім зышліся абедзьве дагаворныя стораны. У склад Камітэту, па словах Пшыбароўскага, павінен быў увайсьці і Мілевіч. Калі прыняць пад увагу, што намечаны Камітэт павінен быў злажыцца толькі з 4 чалавек і што двума з іх былі Кастусь Каліноўскі і Оскар Авэйдэ, то робіцца яснай важнасьць двух другіх членаў Камітэту, адным з якіх быў Мілевіч, а другім брат Каліноўскага.

Паводле жандарскіх данясеньняў праваю рукою Каліноўскага быў Мечыслаў Дарманоўскі, вядомы яшчэ пад назваю Людвіка Сухадольскага. Дарманоўскі быў ураджэнец Прускай часткі Польшчы. Перад пачаткам паўстаньня мы ўжо бачым яго ў Варшаве. Па некаторых даных магчыма думаць, што на Беларусі ён апынуўся ў часы, калі на чале паўстаньня стаяў белы Аддзел (ад сярэдзіны сакавіка да пачатку чэрвеня 1863 году. У. І.). Зразумела, што, будучы крайнім чырвоным, ён у гэты пэрыод вялікай ролі ня граў. У чырвоным Аддзеле-Камітэце (чэрвень—ліпень) мы таксама Дарманоўскага чамусь не спатыкаем. Урэшце ў часы чырвонай дыктатуры ў жніўні месяцы на аснове жандарскіх данясеньняў мы бачым, што Дарманоўскі знаходзіцца ў пастаянных зносінах з К. Каліноўскім. Жандары вінавацяць М. Дарманоўскага ў тым, што ён нёс абавязкі па наладжваньню сувязі Віленскага цэнтру з рэволюцыйнымі організацыямі за граніцай, здабываў як з-за мяжы, так і з іншых мясцовасьцяй, зброю неабходную для паўстанскіх аддзелаў на Беларусі і рыхтаваў для паўстанскай організацыі паспарты. Цікава, што сам Дарманоўскі ў сваіх паказаньнях не адмаўляецца ад усіх вышэйзазначаных пунктаў абвінавачваньня. Ён адмаўляецца толькі ад аднаго пункту абвінавачваньня, менавіта, што ён набыў у Бэрліне і даставіў у Вільню падпольны друкарскі станок. М. Дарманоўскі адзначаўся высокімі асабістымі якасьцямі: вытрыманасьцю, цьвёрдасьцю характару і энэргіяй. Ён займаў пасаду, апроч таго, Камісара Віленскай губэрні.

Аб інжынэр-паручніку Ў. Малахоўскім мы ўжо ўпаміналі некалькі разоў. Ен быў членам чырвонага Віленскага Камітэту ў час пачатку паўстаньня. Калі кіраўніцтва паўстаньнем перайшло ў рукі белага Аддзелу, то яны пастараліся пасадзіць чырвоных на такія пасады, каб яны не маглі граць вялікай ролі і мець уплывы на напрамак паўстаньня. Найчасьцей для гэтай мэты чырвоных пасылалі на выканаўчую працу ў провінцыю. Малахоўскі быў якраз выключэньнем. Яго пакінулі ў Вільні, бо, відаць, не маглі без яго абыйсьціся. Праўда, з кіраўнічае пасады начальніка места Вільні яго перасадзілі на пасаду намесьніка начальніка, зрабіўшы начальнікам места А. Аскерку, які належаў да белых. Пасьля таго, як белы Аддзел распаўся і на чале паўстаньня стаў чырвоны Камітэт-Аддзел, Малахоўскі зноў заняў сваю ранейшую пасаду начальніка места Вільні. Гэтую пасаду ён займаў у пачатку дыктатуры К. Каліноўскага. Апроч таго, пад начальствам Малахоўскага была ўся народная поліцыя і жандармэрыя з аддзеламі кінжальшчыкаў, якія рэалізавалі тэрор у адносінах да здраднікаў народнай справы. Як мы ведаем з ранейшага, Малахоўскі кіраваў організацыяй замаху на А. Дамэйку, ініцыятара першага шляхецкага адрасу. Наогул усе важнейшыя тэрорыстычныя акты праводзіліся з дазволу Малахоўскага і пад яго організацыйным кіраўніцтвам. Гэта быў энэргічны, рашучы рэволюцыянэр з выдатнымі організацыйнымі здольнасьцямі.

Бязумоўна, да вельмі выдатных працаўнікоў паўстаньня часоў дыктатуры К. Каліноўскага належаў яго таварыш па унівэрсытэту, кандыдат права, Ігнат Здановіч (па матар‘ялах III аддзелу ўласнай царскай канцылярыі І. Ждановіч). На ім ляжала загадваньне грашова-гаспадарчай часткай паўстаньня. Гэта была вельмі цяжкая і адказная справа. Клясавыя інтарэсы і тэрор Мураўёва накіравалі буйную земляўласьніцкую шляхту і буйную буржуазію на сторану ворагаў паўстаньня. Дробная буржуазія і шляхта зусім зьбяднелі і не маглі зрабіць матар‘яльнай дапамогі паўстаньню. Народны падатак з кожным месяцам зьмяншаўся, а сродкі для паўстаньня трэба было здабываць. Гэтае цяжкае заданьне і было ўскладзена на І. Здановіча. Гэта быў чалавек так-сказаць габінэтнай працы, маўклівы, на першы погляд зусім незаметны. Ня гледзячы на гэта ён уладаў надзвычайнай выносьлівасьцю, цьвёрдасьцю характару і нязломнаю вераю ў моц рэволюцыі. Амаль што бязвыходна дзень і ноч сядзеў ён у сваім консьпірацыйным прытулку. Яго патаемны пакоік быў пабудаваны спэцыяльна для консьпірацыйных мэт. Знаходзіўся ён у Вільні на Зарэччы, у глыбіні задняга надворку нейкай вялікай камяніцы, за складамі дроў, пры хляве. Увесь пакоік займаў плошчу ў некалькі крокаў даўжыні і два-тры крокі шырыні. Вышыня пакою толькі-толькі давала магчымасьць чалавеку стаць на ногі. Пакой быў напаўцёмны, ён меў толькі адно невялічкае ваконца, якое выходзіла на глухі бераг Вілейкі. Зносіны з надворным сьветам Здановіч меў праз двух-трох верных агентаў. Гэты пакой быў ня толькі месцам працы Здановіча. Дзякуючы консьпірацыйнасьці, пакоем карысталіся для перахоўваньня пячаткі, розных блянкаў, загадаў Камітэту і іншых больш важных докумэнтаў. Тут часта адбываліся спатканьні і нарады чырвонага дыктатара з сваімі супрацоўнікамі.

Нам вядомы яшчэ і іншыя працаўнікі гэтага часу. Супрацоўнікам М. Дарманоўскага (Л. Сухадольскага) быў Лангер, які выконваў яго паасобныя даручэньні, асабліва па зносінах з паўстанскімі аддзеламі. Напрыклад, з жандарскіх данясеньняў мы ведаем, што Лангер атрымаў ад Дарманоўскага даручэньне знайсьці ў Віленскім павеце паўстанскі аддзел Астрога і зрабіць дазнаньне аб жорсткім абыходжаньні Астрога з адным з павятовых камісараў. Агентам паўстанскага ўраду быў таксама былы паручнік расійскай арміі Франц Канаплянскі. Ён спаганяў з заможнага жыхарства падатак на паўстаньне. На аснове жандарскіх матэрыялаў мы ведаем, што яму было дазволена адну восьмую частку спагнаных грошай пакідаць пры сабе на непрадбачаныя выдаткі, а рэшту грошай ён павінен быў дастаўляць у Вільню ў цэнтральны паўстанскі скарб. Канаплянскі зносіўся таксама і з паўстанскімі групамі, магчыма, як вайсковы інструктар. Жандары вінавацяць Канаплянскага яшчэ і ў тым, што ён пашыраў сярод земляўласьнікаў асобныя блянкі для контр-адрасу проці вернападданіцкага адрасу, наданага Віленскай земляўласьніцкай шляхтай. Імкненьне чырвоных выклікаць сярод шляхты рух, накіраваны проці адрасу на імя цара, зразумела, ня мела ніякага посьпеху, але яно вельмі занепакоіла расійскую жандармэрыю. Віталя Гедройца, як начальніка Віленскага павету, жандарскія докумэнты вінавацяць у тым, што ён прыяжджаў да Канаплянскага з данясеньнямі аб становішчы свайго павету і што ён з гэтаю самаю мэтаю часта наведваў і Дарманоўскага. Канаплянскі ў сваіх паказаньнях называе Константына Тукалу, які нібы выконваў яго паасобныя дробныя даручэньні, і зазначае, што вышэйпамянёны К. Тукала актыўнай ролі ў паўстаньні ня граў. Актыўную ролю ў паўстаньні расійская жандармэрыя прыпісвае Аржэшку, які быў дзейным супрацоўнікам Малахоўскага. Аржэшка займаў пасаду начальніка віленскай народнай поліцыі і непасрэдна кіраваў замахам на забойства Дамэйкі.

Цяпер мы пяройдзем да апісаньня партызанскага руху як у часы дыктатуры К. Каліноўскага, так і ў часы кіраўніцтва паўстаньнем чырвоным Аддзелам-Камітэтам. Гэта складае пэрыод з пачатку чэрвеня да канца 1863 году. Трэба зазначыць, што партызанскі рух, даволі моцны летам, з восені пачынае слабець, што тлумачыцца спадам рэволюцыйнай хвалі і наступленьнем зімніх халадоў.

У Віленскай губэрні дзейнічалі групы Астрога, Альбэртуса, Віслаўха, Любіча, Сэндзіка, Езерскага і іншыя. Гэта былі невялікія паўстанскія групы, якія складаліся з некалькіх дзесяткаў чалавек кожная былі даволі добра ўзброены. Яны хутка пераходзілі з месца на месца, часам злучаліся разам, часам зноў разыходзіліся ў розныя бакі. Яны ўхіляліся ад сутычак з больш-менш буйнымі расійскімі аддзеламі і рабілі ўдалыя напады на дробныя аддзелы, руйнавалі масты, псавалі дарогі, і, дзякуючы сваёй нязлоўнасьці, асабліва псавалі настрой Мураўёву, які паставіў сваёю мэтаю ў першую чаргу засьмірыць Віленскую губэрню. Зразумела, што ён на гэта не шкадаваў сіл. Найраней уладзе ўдалося пазбавіцца ад групы пад кіраўніцтвам Альбэртуса, якая часамі дзейнічала пад самаю Вільняю. У сярэдзіне чэрвеня моцны расійскі аддзел абкружыў паўстанцаў каля мызы Гедройцы. Адбылася зацятая бойка, у выніку якой паўстанскія групы Альбэртуса былі зьліквідаваны. У канцы чэрвеня расійскаму аддзелу ўдалося ўцягнуць у бойку, пры вельмі няўдалых абставінах для паўстанцаў, злучаныя групы Віслаўха і Любіча. 29 чэрвеня адбылася бойка ў Клярышаскім лесе, у выніку якой паўстанцы былі разьбіты і, такім чынам, групы Віслаўха і Любіча былі зьліквідаваны. Аднак праз тыдзень Любічу зноў удалося сабраць невялікую паўстанцкую групу. Ён з сваёю групаю накіраваўся пад Алькенікі, дзе дзейнічалі паўстанскія групы Астрога, Сэндзіка і іншыя. Тут усе паўстанскія групы злучыліся, каб даць бой расійскаму аддзелу пад кіраўніцтвам капітана Карташова. Упартая бойка адбылася 9 жніўня, у выніку якой паўстанцы зноў былі разьбіты. Пасьля гэтай бойкі ў Віленшчыне партызанскі рух амаль што замірае. Паасобныя паўстанскія групы зрэдка робяць напады на пошты, на патрулі і г. д., але ад сутычак з расійскімі аддзеламі ўхіляюцца. Некаторыя з груп перахозяць у іншыя губэрні. Так, напрыклад, зрабіла паўстанская група Астрога. Яна перайшла ў Аўгустоўскую губэрню, дзе дзейнічала да канца верасьня. Толькі пасьля зацятай бойкі, якая адбылася 29 верасьня расійскім сілам урэшце ўдалося канчаткова зьліквідаваць гэтую невялікую, але моцную і дзейную паўстанчую групу.

У Горадзеншчыне мы назіраем рух паўстанскіх аддзелаў вядомых ужо нам Валерыя Урублеўскага, Ромуальда Траўгута, аддзелаў бацькі і сыноў Кабылінскіх, Эйсмонта, Духінскага і інш. Пасьля няўдалай бойкі пад Валіламі і Пагарэлым В. Урублеўскі аддзяліў свой аддзел ад аддзелу Духінскага, які яшчэ ў часы, калі кіраваў паўстаньнем белы Аддзел, быў назначаны начальнікам узброеных сіл Горадзеншчыны і не адзначаўся вялікімі здольнасьцямі. Пасьля аддзяленьня аддзелу Ўрублеўскага, аддзел Духінскага 4 чэрвеня 1863 году спаткаўся з моцным расійскім аддзелам пад вёскаю Лыскавым. Пасьля невялікай бойкі паўстанцы былі разьбіты, але ім удалося адыйсьці і зьберагчы аддзел. Расійскі аддзел сачыў за паўстанскім аддзелам і прасьледаваў яго. 9 чэрвеня адбылася другая бойка, у якой аддзел Духінскага быў ужо канчаткова разьбіты каля ўрочышча Жаркаўшчызны. Рэшткі разьбітага аддзелу папоўнілі аддзел Урублеўскага, які, апіраючыся на Белавежаскую пушчу, разьвінуў вялікую дзейнасьць. Сярод шматлічбавых сутычак асабліва ўдалай для паўстанцаў была бойка каля рэчкі Сьцярцежы. Урублеўскі падзяліў свой аддзел на невялічкія групы па 20—30 чалавек. Групы былі добра апрануты і ўзброены. Начальнікі груп, у тым ліку і сам Урублеўскі, дзялілі з паўстанцамі ўсе цяжкасьці пераходаў; яны елі, пілі і спалі разам з імі. Дзе-б ні зьяўляліся групы Ўрублеўскага, яны адразу публікавалі маніфэст жонду аб надзяленьні сялян зямлёю і рэалізавалі гэты маніфэст. Дзейнасьць аддзелу В. Урублеўскага зьвярнула на сябе ўвагу расійскага ўраду, і ў раён Белавежаскай пушчы былі накіраваны моцныя сілы.

Дзякуючы гэтаму, Урублеўскаму прышлося зноў скласьці адзін аддзел. У канцы ліпня адбылася зацятая бойка паміж паўстанцамі і расійскім аддзелам каля мызы Пухлы. Расійскі аддзел пацярпеў значныя страты і павінен быў адыйсьці. Пасьля гэтага Ўрублеўскі яшчэ больш месяца трымаўся, ня гледзячы на ўсе стараньні царскай улады зьнішчыць яго аддзел. Толькі ў першай палавіне верасьня расійскім сілам удалося абкружыць яго аддзел каля Піонткова і разьбіць. Сабраўшы рэшткі аддзелу, В. Урублеўскі ў канцы верасьня[6] па старому стылю пакінуў Беларусь і пакіраваўся ў Папляскае ваяводзтва,[7] дзе некаторы час быў начальнікам гэтага ваяводзтва. Апошняй бойкай Урублеўскага з урадавымі войскамі была бойка ў студзені 1864 году пад Гузаўскай Рудой. Яго аддзел быў абкружаны з усіх бакоў казакамі і супраціўляўся да апошняга. Сам Урублеўскі, зрублены казацкімі шашкамі, напоўжывы, амаль не дастаўся ў палон. Таварышом удалося неяк вынесьці яго з бою і пераправіць праз граніцу. Праз шэсьць год, у часы Парыскай Комуны В. Урублеўскі на правым беразе Сены на фартох Ванвр, Уссы і Монтруж у якасьці палкоўніка абараняў рабочую рэспубліку, у той час як другі выдатны паўстанец 1863 году, Яраслаў Дамброўскі, стаяў на чале ўсіх узброеных сіл Комуны.

Даволі энэргічную чыннасьць выявіў у Горадзеншчыне паўстанцкі аддзел Кабылінскага. Гэта быў дробны шляхціч, які ў пачатку лета 1863 году кінуў на разор свой невялікі фальварак у Беластоцкім павеце і разам з сваімі пяцьцю дарослымі сынамі пайшоў у паўстаньне. Хутка каля яго згуртаваўся значны паўстанскі аддзел, у якім налічвалася каля 200 чалавек. Аддзел трымаўся тактыкі В. Ўрублеўскага. Звычайна ён дзейнічаў разьбіўшыся на некалькі груп па некалькі дзесяткаў чалавек у кожнай; у патрэбных выпадках ём зьбіраўся ў цэльную адзінку. Так, напрыклад, на падставе жандарскіх данясеньняў мы ведаем, што ў пачатку ліпня аддзел Кабылінскага ў поўным сваім складзе меў некалькі ўдалых сутычак з расійскімі сіламі каля мястэчка Заблудова Беластоцкага павету. На аснове ваенных данясеньняў нам вядома, што 21 ліпня каля ўрочышча Лапнікі адбылася сутычка з расійскімі сіламі аднэй групы (коннай) аддзелу Кабылінскага. Паўстанская група павінна была адыйсьці. Магчыма думаць, што групы Кабылінскага дзейнічалі даволі доўга, выходзячы і за межы Беластоцкага павету.

Жандарскія данясеньні ў чэрвені і ліпні адзначаюць „разбой мятежников“ на тэрыторыі Слонімскага павету, не называючы імён начальнікаў паўстанскіх груп. Часам гэтыя групы былі даволі вялікія. Адна з такіх груп, у якой налічвалася 80 конных паўстанцаў, зрабіла напад на мястэчка Ружаны. Заняўшы мастэчка, паўстанцы забралі з пошты зброю, грошы, коняй і калёсы. Пераначаваўшы, яны пайшлі па дарозе на Слонім. Такія самыя „разбои“ былі і ў іншых паветах Горадзеншчыны. Сялянства давала паўстанцам харчы і наогул вельмі часта падтрымлівала паўстанцаў. Расійскі ўрад змагаўся з гэтым. Сярод пакараных паўстанцаў мы часта спатыкаем сялян. У лістападзе 1863 году ў Горадні быў расстраляны паўстанец селянін Беластоцкага павету Д. Талінскі. Каля гэтага-ж часу шмат сялян і дробнай шляхты было выслана з Горадзеншчыны ў Сібір.

З другой палавіны верасьня відавочна ўжо прымячаецца спад хвалі паўстаньня ў Горадзеншчыне. Прынамсі расійская жандармэрыя ўжо адзначае гэта. Горадзенскі жандарскі губэрскі штаб-афіцэр у сваім адносьніку на імя шэфа жандараў піша:[8] „В настоящее время можно утвердительно сказать, что польский мятеж, проникнувший и в Гродненскую губернию, незадолго прекратится совершенно“. Жандарскі афіцэр далей адзначае, што ўжо пачалі зьяўляцца „с повинной“ удзельнікі паўстаньня. Калі і прыняць факт спаду хвалі паўстаньня ў Горадзеншчыне, то ўсё-ж трэба прызнаць, што да поўнага замірэньня Горадзеншчыны яшчэ далёка. Мы, напрыклад, з тых-жа самых жандарскіх данясеньняў ведаем, што нават у сакавіку 1864 году ў Бельскім павеце каля вёскі Прушанкі яшчэ дзейнічала невялікая паўстанская група.

З Горадзеншчыны ў пачатку чэрвеня перабраўся ў Меншчыну праз рэчку Гарынь у Пінскі павет аддзел Р. Траўгута, у які ў канцы мая ўліліся паўстанскія групы Старынькевіча і Ваньковіча (Лелівы). Пад мястэчкам Століным 11 чэрвеня па старому стылю паўстанцы спаткаліся з расійскім аддзелам. Сьпіс боек з паўстанцамі, які складзены па загаду Мураўёва (№ 48), вызначае, што паўстанцы тут былі канчаткова разьбіты. Калі прыняць пад увагу весткі з працы проф. М. Бэрга, прац польскіх аўтараў, а таксама і разьвіцьцё падзей у далейшым, то трэба прызнаць, што паўстанцы пад Століным мелі перамогу над расійскімі сіламі. Праз нейкі час аддзел Траўгута спаткаўся з невялікім урадовым аддзелам пад Дамбровіцаю. Разам з вайсковым аддзелам проці Траўгута выступіла вялікая сялянская варта, бо ваколічныя сяляне былі настроены воража ў адносінах да паўстанцаў. Ня хочучы весьці бойку з сялянствам, Р. Траўгут адышоў бяз бою. У сярэдзіне ліпня аддзел Траўгута спаткаўся з моцным расійскім аддзелам пад Калоднам. Адбылася бойка, няўдалая для паўстанцаў. Рэшткі аддзелу павінны былі зноў пераправіцца праз рэчку Гарынь назад у Горадзеншчыну. Траўгут, захварэўшы на дызэнтэрыю, ня мог далей стаяць на чале аддзелу. Ён разьдзяліў свой аддзел на дзьве групы, камандаваньне групамі даручыў Ваньковічу (Леліве) і Млотку, а сам накіраваўся ў Польшчу на адпачынак. З адпачынку ў аддзел ён ужо не вярнуўся. Праз некалькі месяцаў ён робіцца дыктатарам паўстаньня ў Польшчы.

У Меншчыне ад ранейшага часу яшчэ дзейнічала паўстанская група Б. Сьвентаржэцкага. Яна была пад кіраўніцтвам адстаўнога штаб-ротмістра расійскай арміі Карказовіча і налічвала каля 50 паўстанцаў. У сярэдзіне чэрвеня група спаткалася ў Лочынскіх балотах Ігуменскага павету з моцным расійскім аддзелам пад кіраўніцтвам палкоўніка Быхава. Паўстанцы былі разьбіты, прычым каля палавіны групы прымушана было здацца. Папаў у палон і сам начальнік аддзелу Карказовіч. Б. Сьвентаржэцкаму ўдалося ўцячы. Паўстанцы, якім удалося рассыпацца па лясох і балотах, далучыліся да іншых паўстанскіх груп губэрні.

Сярод такіх груп мы можам назваць невялікую групу Чыжыка,[9] што дзейнічала ў паўночнай частцы Барысаўскага павету. Узаемаадносіны паміж групаю Чыжыка і сялянамі былі варожыя. Вёска Громіцы выдала расійскай уладзе аднаго з паўстанцаў групы Жаўняровіча, за што Чыжык падпаліў вёску. Зразумела, пры такіх умовах група не магла доўга існаваць. У сярэдзіне ліпня яна разышлася.

Недалёка каля Ігумену дзейнічала невялікая паўстанская група Собка (Ляскоўскага). Узаемаадносіны паміж групаю і сялянамі былі добрыя, і група, дзякуючы гэтаму, трымалася даволі доўга. Шмат нашумела ў свае часы справа аб нападзе Собка на генэрала Грунта пад самым Ігуменам 24 ліпня 1863 года. У жандарскім данясеньні шэфу жандараў гэтая справа апісана так:[10] „Начальник 7-ой резервной пехотной дивизии и командующий войсками Могилевской губернии генерал-лейтенант Грунт, об‘езжая полки вверенной ему дивизии, 24 числа сего (июля) месяца, выехал из г. Игумена по тракту на г. Борисов и, от‘ехав 16 вёрст, был встречен ружейным залпом мятежников, засевших в лесу. После сего человек 20 мятежников бросились к экипажу и, обезоружив ген. Грунта и бывших с ним писаря и деньщика, отвели его в лес к начальнику шайки. Сей последний, опросив, кто он, извинился и из‘явил сожаление, что генерал был потревожен по ошибке, и после того его отпустили. Сделанным залпом ранены писарь, сидевший рядом с ген. Грунтом внутри коляски в ногу, а так-же в ногу правивший лошадьми фурштат, при чём пробит насквозь пулею верх коляски над головой генерала. Мятежниками взят портфель его с бумагами, в котором находилось также 300 рублей казённых денег. Шайка состояла не более, как из 25 человек“. У другім данясеньні[11] гаворыцца, што ген. Грунт меў пры сабе 400 рублёў, з якіх Собэк узяў сабе 300 рублёў, а 100 пакінуў Грунту.

У Ігуменскім павеце дзейнічала паўстанская група Дыбоўскага-Зарэмбы, якая налічвала ў сваім складзе каля 70 чалавек. Удзельнік гэтай групы Аполінары Сьвентаржэцкі[12] так апісвае склад групы. „Кідалася ў вочы рознароднасьць тыпаў, пераважна маладых. Панічы з белым тварам і далікатнымі далонямі перамешваліся з загарэлымі тварамі дзяцей простага люду з нязграбнымі цяжкімі рухамі і загрубелымі запрацованымі рукамі“. Аб адносінах сялян да паўстанцаў А. Сьвентаржэцкі гаворыць[13] так: „Сяляне, з якімі мы ня раз гутарылі ў дарозе, адвітваліся з намі прыветна, канчаючы заўжды адным: няхай бог таму дапамагае, хто для нас будзе добрым“. Крыху далей[14] на тую-ж самую тэму ён піша: „Вёска Баравая была, уласна кажучы, сялянскім засьценкам, што складаўся з некалькіх хат. Яны нам шчыра спрыялі, як і цэлая далейшая ваколіца аж да Шацку“.

У канцы чэрвеня Дыбоўскі-Зарэмба пакінуў аддзел і накіраваўся ў Турцыю. Замест яго начальнікам аддзелу зрабіўся былы расійскі афіцэр Рэмішэўскі, вядомы пад псэўдонімам Рушчыца. Паўстанскі аддзел вытрымаў шмат сутычак з расійцамі, крыўся ў непраходных лясох і балотах і быў нязлоўным. Трымаўся ён да самых маразоў. З вялікага аддзелу ў 70 чалавек ён зрабіўся маленькаю групаю, якая не налічвала нават 20 чалавек. Трымацца далей было немагчыма. Партызаны хацелі прабрацца за Нёман, дзе яшчэ паўстанскі рух быў мацнейшым, але гэта ім не ўдалося. Тады Рушчыц прымушаны быў групу распусьціць.

Што датычыць наогул паўстанскага руху на Меншчыне, то аб ім Менскі губэрскі жандарскі штаб-афіцэр у сваім данясеньні на імя начальніка III аддзелу ўласнай царскай канцылярыі ў палове жніўня піша:[15] „Революцинонное движение по Минской губернии вследствие принятых строгих мер наружно утихает. Мятежники еще украдкой показываются малыми шайками по уездам — Минскому, Игуменскому, Борисовскому и Пинскому, и если войска не успеют их истребить, то первые морозы положат конец их кочеванию по лесам". Асноўная памылка жандара ў тым, што спад паўстанскай хвалі ён тлумачыць выключна „принятыми строгими мерамі“. Але трэба згадзіцца з апошняю яго заўвагаю, што зімовыя маразы мелі вялікі ўплыў на спыненьне паўстанскага руху як у Меншчыне, так і ў іншых мясцовасьцях Беларусі. Што датычыць Магілёўшчыны і Віцебшчыны, то тут паўстанскі рух амаль-што замёр. У Магілёўшчыне пасьля Горы-Горацкай катастрофы ішлі жорсткія рэпрэсіі. Працавалі сьледчыя камісіі і выпраўлялі абвінавачаных каго ў турму, каго ў выгнаньне, каго на катаржныя работы, каго на эшафот. У Магілёве 6 чэрвеня 1863 году былі расстраляны начальнікі паўстанскіх груп — падпаручнік Корсак, прапаршчыкі браты Манцэвічы і шляхціч Анцыпа. Сялянства ў Магілёўшчыне ў масе не зразумела паўстаньня і адносілася да яго ці пасіўна, ці нават воража актыўна. Толькі ў Аршаншчыне, Рагачэўшчыне і Мсьціслаўшчыне былі выпадкі падтрыманьня паўстаньня сялянамі. Дзякуючы гэтаму, у Магілёўшчыне даволі доўга трымаюцца дзьве невялікія паўстанскія групы: адна ў Рагачэўшчыне, другая ў Аршаншчыне. Раней была ліквідавана Рагачэўская паўстанская група, на чале якой стаяў Тамаш Грыневіч. Грыневіч папаў у палон і быў расстраляны ў Рагачэве 16 ліпня 1863 году. Аршанская паўстанская група, на чале якой стаяў Будзіловіч, яшчэ некаторы час трымалася. Урэшце і яна была ліквідавана, і начальнік яе, Будзіловіч, 28 жніўня быў таксама расстраляны ў Оршы. Абодвы прыгаворы былі выкананы публічна з вялікай „урачыстасьцю“.

У Віцебскай губэрні пасьля Дынабурскай паўстанскай катастрофы рух прыпыніўся. Сюды часам заходзілі паўстанскія групы з суседніх губэрань, але, дзякуючы варожым адносінам да паўстанцаў сялян, доўга трымацца не маглі. Перад намі данясеньне[16] Віцебскага жандарскага губэрскага штаб-афіцэра ад 10 верасьня 1863 году на імя шэфа жандараў Доўгарукава. Штаб-афіцэр піша: „Вашему сиятельству известно, что революционные действия в Витебской губернии сравнительно были незначительны, а появившиеся во второй половине прошлого апреля три или четыре небольшие мятежнические шайки в некоторых местностях губернии уничтожены прежде, чем успели сформироваться“. У Віцебшчыне губэрскае начальства было ўстрывожана іншаю бядою. Сялянства так разышлося ў сваіх „патрыятычных“ пачуцьцях, так увайшло ў смак распраўляцца з панамі-паўстанцамі і не паўстанцамі, што гэтае „усердие к трону“ трэба было ўжо спыняць. Калі раней сялянам было дазволена бесьперашкодна руйнаваць маёнткі паноў з прычыны ўдзелу гаспадароў у паўстаньні, то цяпер, пасьля таго, як паны зрабіліся вернападданымі царскага трону, іх маёнткі трэба было ўжо абараняць ад вельмі рэальных імкненьняў сялян. Зразумела, такая перамена поліцэйскай політыкі не падабалася сялянам. Яны, як і раней, хацелі быць „расійскімі патрыётамі“ ў адносінах да панскіх маёнткаў. Яны нават патрабавалі нагароды за свой „патрыятызм“. Перад намі вельмі цікавы і характэрны ў гэтых адносінах факт. Сяляне Дубенскага вясковага вобчаства Калубскай воласьці Дынабурскага павету ў ліку 114 асоб 15 жніўня 1863 году падаюць спэцыяльную заяву Дынабурскаму павятоваму жандарскаму штаб-афіцэру аб выдачы ім грашовай нагароды за барацьбу з „мятежниками“ і за вернасьць усерасійскаму монарху. Ясна, што ніякай нагароды за свой „патрыятызм“ цяпер сяляне не атрымалі. Цяпер за такі проціпанскі „патрыятызм“ жандармэрыя і поліцыя будуць сыстэматычна біць сялян па руках і па карку.

У Ковеншчыне паўстанскі рух трымаецца вельмі ўпарта. Сялянскія масы тут падтрымліваюць паўстаньне і прымаюць у ім чынны ўдзел. У Ковеншчыне існавалі нават такія паўстанскія групы, якія складаліся выключна з сялян і на чале якіх стаялі таксама сяляне, напрыклад, групы Бітліса, Лукашунаса і іншых. Наогул паўстанскіх груп у Ковеншчыне было вельмі многа. З іх больш выдатнымі былі групы А. Мацкевіча, Ябланоўскага, Езерскага, Багдановіча, Лютневіча і інш. Паасобныя групы то злучаюцца разам, то разыходзяцца ў залежнасьці ад абставін. Барацьба, з паўстаньнем у Ковеншчыне зацягнулася аж да пачатку 1864 году.

Бязумоўна самым выдатным паўстанцам-партызанам тут быў А. Мацкевіч, аўторытэт якога прызнаваўся ўсімі паўстанскімі групамі. З чэрвеня да канца 1863 году ён меў каля 30 сутычак з расійскімі аддзеламі; сутычкі вельмі часта канчаліся для яго з вялікім посьпехам. Пасьля правалу кампаніі Серакоўскага Мацкевіч і Ябланоўскі сабралі разьбітых паўстанцаў і ўтварылі адзін моцны аддзел. Гэты аддзел пад камандаю А. Мацкевіча вытрымаў 10 чэрвеня пад мяст. Папялянамі ўпартую бойку з моцным расійскім аддзелам пад камандаю палкоўніка Данілава. Аддзел Данілава павінен быў адыйсьці. Праз два дні адбылася яшчэ адна бойка з другім аддзелам пад камандай палкоўніка Чартова пад Мантвідавым. На дапамогу Маркевічу падышоў паўстанскі аддзел Езерскага. Пасьля зацятай бойкі паўстанцы адышлі, але ў поўным парадку. Аддзел Чартова быў так аслаблены, што ня мог прасьледаваць паўстанцаў. З іншых сутычак трэба адзначыць бойку пад Жолішкамі 25 верасьня і бойку пад Данілішкамі 7 кастрычніка.

Начальнікам Ковенскага ваяводзтва пасьля правалу Серакоўскага быў Ябланоўскі. З пачатку лістапада 1863 году Віленскі паўстанскі цэнтар даручыў выкананьне гэтых абавязкаў А. Маркевічу. Падаем тэкст гэтага прызначэньня:[17] «Народны Жонд. Вайсковы Аддзел. 3 лістапада 1863 году, № 153. Вільня. Дзенны загад. На аснове распараджэньня Літоўскага Аддзелу кс. Мацкевіч прызначаецца організатарам узброенай сілы Ковенскага ваяводзтва. А за адсутнасьцю начальніка гэтага ваяводзтва палкоўніка Баляслава Ябланоўскага ўсе ваенныя начальнікі павінны падлягаць загадам кс. Мацкевіча. Згодна. Урадавы камісар Ковенскага ваяводзтва Рымвід“.

Выконваць абавязкі начальніка ваяводзтва Мацкевічу прышлося зусім нядоўга. У першых лічбах сьнежня аддзел Мацкевіча быў ушчэнт разьбіты расійскімі сіламі. Стаць зноў на ногі ня было магчымасьці, бо сілы паўстанскія ўжо аслаблі і лютыя зімнія маразы выганялі паўстанцаў з лясоў. Мацкевіч распусьціў рэшткі свайго аддзелу і задумаў уцячы ў Прусію, каб там дачакацца вясны. З гэтаю мэтаю ён з сваім ад‘ютантам і скарбнікам накіраваўся лясамі да Нёмну, каб тут перайсьці за граніцу. На самым беразе Нёмну ён быў заарыштаваны расійскім аддзелам і разам з сваімі спадарожнікамі накіраваны ў Коўню.

Па загаду Мураўёва вайскова-палявы суд павінен быў разабраць яго справу на працягу 48 гадзін. На судзе А. Мацкевіч трымаў сябе стойка, даў падрабязговыя паказаньні аб сабе, якія мы падавалі ўжо раней, і нікога ня выдаў. Прысуд быў вынесены хутка. Заключная частка яго такая: „Временный Полевой Аудиториат признал подсудимого ксендза Антония Мацкевича виноватым в принятии самого деятельного участия в мятеже, при чем еще до начала восстания в крае он распространял в народе революционные идеи и потом первый поднял знамя восстания в Литве и, сформировав шайку, сделался ее предводителем, прошел по разным местам Ковенской губернии, вступал в стычки с войсками и возбуждал местное население к мятежу как словами убеждения, так и мерами насилия и убийством лиц, не склонявшихся на сторону рэволюции, и наконец всеми силами содействовал успеху возстания, как в звании люстратора мятежнических шаек, а в последние дни восстания в звании организатора и главного начальника мятежнических сил Ковенской губернии. — Посему Временный Полевой Аудиториат полагает подсудимого ксендза Мацкевича, как принадлежащего по важности его преступления и совершенным убийствам к первой категории преступников, указанных в Высочайше утвержденных 11 мая 1863 года правилах о порядке наложения взысканий на мятежников, на основании 3 пункта этих правил и согласно с приговором военнаго суда, — казнить смертью повешением“.[18]

Пасьля суду перад караю сьмерцю А. Мацкевіч ня вытрымаў і прасіў аб памілаваньні. На яго просьбу прышоў адмоўны адказ. Пасьля гэтага ён сьмерць спаткаў цьвёрда. Кара адбылася 16 сьнежня (па старому стылю) 1863 году ў Коўні, на пляцы каля Вількамірскага шосэ. На пляц прыгналі шмат народу, каб ён быў прысутным на кары. Цікава, што, ня гледзячы на гэта, на Літве ўпарта хадзілі чуткі, што Мацкевіч жывы і што вясною ён зноў распачне паўстаньне.


  1. Збор докумэнтаў т-ша Я. Віткоўскага. Папка: „О беспорядках в царстве Польском и в Западных губерниях. Общие сведения по Могилевской губернии“.
  2. Moskiewskie na Litwie rzady 1863-1869. Dzlszy niejako ciag czarnej ksiegi przez autora "Powiesci o Horozanie". Krakow, 1869, ст. 227-266
  3. М. Дарманоўскі ў жандарскіх данясеньнях называецца яшчэ Людвікам Сухадольскім. Мілевіч у Я. Гейштора называецца Мілевічам, у Пшыбароўскага Міловічам, у Авэйдэ — Мілевічам.
  4. Pamietniki Gieysztora Jakoba… T. II, ст. 132
  5. Dzieje 1863 roku. Przez… Walerego Przyborowskiego. Tom piaty, ст. 120
  6. Я. Гейштор у сваіх запісках (Т. ІІ, ст. 259) памылкова лічыць, што В. Ўрублеўскі пакінуў Беларусь 15 жніўня.
  7. I. K. Janowskiego. Pamietniki… Т. ІІ, ст. 195
  8. Збор докумэнтаў т-ша Я. Віткоўскага. Папка: „О беспорядках в Царстве Польском и в Западных губерниях. Общие сведения по Гродненской губернии“.
  9. Eugeniusz Kowalewski. Wspomnienie z przeszlosci. Przyczynek do historyi powstania styczniowego na Litwie. Wilno. 1907 г.
  10. Інстытут Беларускай Культуры. Польскі Аддзел. Rok 1863 na Minszczynie. Zebr. i opr. I. Witkowski, O. Janiewicz i L. Lech. Менск., 1927 г., ст. 43.
  11. Ibidem, ст. 42
  12. Zofia Kowalewska. Ze wspomnien wygnanca. Wilna. 1911 r., ст. 17
  13. Ibidem, ст. 15
  14. Ibidem, ст. 20
  15. Інбелкульт. Польскі Аддзел. 1863 год на Меншчыне…, ст. 43
  16. Збор докумэнтаў т-ша Я. Віткоўскага. Папка: „О беспорядках в Царстве Польском и в Западных губерниях. Общие сведения по Витебской губернии“.
  17. А. Стороженко. Ксёндз Мацкевіч, предводитель шайки мятежников. Вильна. 1866 г., ст.15.
  18. А. Стороженко. Ксёндз Мацкевіч, предводитель шайки мятежников. Внльна. 1866 г., ст.24.