Перайсці да зместу

1863 год на Беларусі (1930)/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова „Лібэральныя павевы“ 50-х гадоў
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Пачатак і разьвіцьцё опозыцыйнага руху ў Польшчы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„ЛІБЭРАЛЬНЫЯ“ ПАВЕВЫ 50-х ГАДОЎ.

З пачатку 19 стагодзьдзя мы назіраем на тэрыторыі б. Расійскай імпэрыі даволі хуткі ўзрост прамысловасьці. Прымусовы ўдзел Расіі, ў так званай контынэнтальнай блёкадзе, накіраванай проці прамысловай Англіі, вельмі спрыяў разьвіцьцю расійскай прамысловасьці; вызваліўшы яе ад ангельскай конкурэнцыі. Фабрыкі растуць адна за аднэй. Асабліва разьвіваецца тэкстыльная прамысловасьць, раней ткацкія, потым прадзільныя фабрыкі. Асабліва паказальным зьяўляецца рост апошніх. У 1843 годзе прадзільныя фабрыкі налічваюць 350 тыс. верацён, а ў 1853 годзе лік верацёні даходзіць ужо да мільёну. Ткацкія і прадзільныя фабрыкі працуюць на прывозкай з Англіі бавоўне. Колькасьць прывознае бавоўны з кожным годам павялічваецца. Калі ў 1824—6 гадох, прывозілася ў год 74 тыс. пудоў бавоўны, дык у 1848—50 гадох гэтая лічба ўзрастае да мільёну з чвэрцю.[1] Уцягваюцца ў прамысловасьць і памешчыкі. Яны будуюць у сваіх маёнтках прадпрыемствы ці зьвязаныя з апрацоўкай гаспадарчых пррдуктаў (хлеб, лён, бульба), ці задавальняючыя скарбовыя заказы. Памешчыкі на сваіх фабрыках звычайна карыстаюцца працаю прыгонных сялян, бесконтрольна эксплёатуючы іх. Памешчыцкія прадпрыемствы пачынаюць займаць даволі віднае месца ў фабрычна-заводзкай прамысловасьці. У 1825 г. на памешчыцкія прадпрыемствы падае 66.725 прыгонных рабочых з агульнага ліку рабочых у 210.568 чалавек.[2]

Разьвіваецца прамысловасьць і на Беларусі як у гарадох, так і ў панскіх маёнтках. Зразумела, прамысловасьць на Беларусі ў сваім разьвіцьці адстае ад прамысловасьці цэнтральнае Расіі і Польшчы, але рост яе з кожным годам усё павялічваецца. І тут назіраецца асаблівы рост тэкстыльнай прамысловасьці. Цэнтрам яе робіцца Горадзеншчына. Мястэчка Супрасьль зарабляе на ткацтве каля 1 ½ міліёна рублёў у год. У Беластоку і яго ваколіцах перапрацоўваецца да 40 тыс. пудоў воўны. У Віленскай губ. дабываецца жалезная руда, у Клімавічах працуе шкляная гута, у Чэрыкаве тчэцца парусіна. У розных пунктах Беларусі разьвіваецца дрэваапрацоўчая вытворчасьць. Па маёнтках будуюцца бровары, палатняныя фабрыкі, млыны і г. д. На аснове матар‘ялаў міністэрства Унутраніх Спраў, якія адносяцца да 1861 г., мы бачым, што Вільня мае фабрык і заводаў — 39, Віцебск — 45, Менск — 17, Гомель — 16, Беласток — 24, Полацак — 22, Берасьце — 15, Горадня — 8, Орша — 8, Мозыр — 10 і г. д. У сувязі з ростам прамысловасьці, павялічваецца і гандаль. Вільня мае крамаў і цукерняў — 751, Віцебск — 542, Менск — 180, Гомель — 230, Беласток — 206, Берасьце — 179, Горадня — 204.[3] Зразумела, амаль усе гэтыя прадпрыемствы належаць да дробнага тыпу, але рост прамысловасьці не падлягае сумненьню. Расьце і насельніцтва гарадоў: Вільня жыхароў мае 60 тысяч, Віцебск — 31 тыс., Менск — 27 тыс., Гомель — 7 тыс., Беласток — 16 тыс., Бярэсьце — 21 тыс., Горадня — 20 тыс., Магілёў — 15 тыс., Бабруйск — 16 тыс. і г. д.

Поруч з разьвіцьцём прамысловасьці ў першую палавіну 19 стагодзьдзя мы назіраем узрост гандлёвых зваротаў з заходня-эўропейскім рынкам. Гэты ўзрост мы можам прасачыць па такому пункту, як Рыжаскі порт, які быў цэнтрам гандлёвых зваротаў Беларусі і разам з тым важным пунктам замежных гандлёвых зносін для Эўропейскай Расіі. Аб памерах рыжаскага гандлю сьведчаць лічбы аб тых суднах, якія прыходзілі ў Рыгу і выходзілі з порту. З кожным годам гэтая лічба расьце. У 1796-м годзе прышло і вышла з Рыгі 1372 судны, у 1800 г. — 1573, у 1806 г. — 1970, у 1851 г. — 6100, у 1858 г. — 9959 і ў 1859 г. лічба ўзрасла да 10.256 суднаў. Такім спосабам за 50 год лічба ўзрасла больш, як у 7 разоў. Калі мы прасочым, што вывозіцца з Расіі і Беларусі праз Рыгу, дык пабачым такія тавары, як лён, ільняное насеньне, пяньку, жыта, ячмень, авес і пшаніцу. Лясныя тавары займалі ня вельмі значнае месца, прыблізна 1/9 усіх тавараў.[4] Пераважную большасьць тавараў складалі продукты сельскай гаспадаркі. Вываз продуктаў сельскай гаспадаркі асабліва павялічыўся ў 50-я гады, дзякуючы пад‘ёму хлебных цэн на 20—25%. Да гэтага трэба яшчэ дадаць, што продукты сельскай гаспадаркі з разьвіцьцём прамысловасьці атрымалі выхад і на ўнутраны рынак. Хлеба патрабавалі, папершае, узрастаючыя гарады; падругое, многія губэрні цэнтральнай прамысловай обласьці таксама не маглі абыйсьціся бяз прывознага хлеба. Усё гэта прымушала пана-земляўласьніка заняцца пастаўкаю хлеба на рынак, паставіць сваю гаспадарку на прадпрыемніцкую ногу. Зямля зрабілася вялікаю каштоўнасьцю, прыгонная праца рабілася нявыгоднаю для прадпрыемца.

Рост прамысловасьці, гандлю і капіталізацыя ўласьніцкай гаспадаркі ўносілі глыбокія зьмены ў соцыяльна-экономічную формацыю на тэрыторыі б. Расійскай імпэрыі. Ішоў наступ на формацыі гандлёвага капіталу і перажыткаў фэўдалізму. Зьяўляўся на сьвет і адваёўваў сабе месца ў жыцьці прамысловы буржуа. Пабач з ім стаў памешчык новага тыпу, уласьнік капіталізаванага маёнтку. Абодва яны прагнуліся стаць гаспадарамі жыцьця, замяніўшы сабою памешчыка-фэўдала. Ім патрэбны быў рабочы для іх прадпрыемстваў і спажывец іхняй продукцыі на ўнутраным рынку. Таму і другому перашкаджала прыгонная залежнасьць сялянства. Побач з буйнай буржуазіяй вырастала буржуазія дробная. Яна рэкрутавалася з розных соцыяльных груп, у тым ліку і з зьбяднелага дваранства. На чале яе стала розначынная інтэлігенцыя, узяўшая на сябе ролю носьбіта буржуазнай рэволюцыйнасьці. Расла рабочая кляса, якая, аднак, яшчэ не магла выступіць самастойна. Сялянства ўвесь час хвалявалася. „У часы сэвастопальскай вайны сялянскі рух прыняў асабліва грозны характар. Сяляне, з якіх формаваліся дружыны апалчэнцаў, замест таго, каб ісьці на ворага, рабілі напады на спраўнікаў і на сваіх паноў“.[5] Усё вышэйпаказанае мы назіраем і на тэрыторыі Польшчы, Літвы, Беларусі і Украіны. Тут справа ўскладняецца рацыянальным пытаньнем. Узрастаючая буржуазія тут будзе прагнуцца замацаваць сваё палажэньне ў рамках уласнай нацыянальнай дзяржавы.

Зьмены ў соцыяльна-экономічнай формацыі павінны былі рабіць уплыў і на політыку царызму. Царскі ўрад апынуўся паміж двух агнёў: паміж запатрабаваньнямі гандлёвага капіталу з фэўдальнымі перажыткамі і паміж запатрабаваньнямі прамысловага капіталу. У гэтых адносінах асабліва тыповаю зьяўляецца Мікалаеўская эпоха. „Мікалаеўскае цараваньне было перамежным цараваньнем. Прамысловы капіталізм ужо быў у наяўнасьці і змагаўся за ўладу з гандлёвым, але апошні пакуль што быў яшчэ настолькі моцны, што не рабіў ніводнай яўнай уступкі, а прагнуўся закупіць свайго супраціўніка патаемнымі патураньнямі… Вынікае пытаньне, чаму-ж Мікалай таптаўся на месцы… Зразумела, ня толькі таму, што ў яго не хапала характару… Не характар Мікалая вызначаў палажэньне, а палажэньне вызначала характар яго самога і ўсяго атачаўшага яго грамадзтва. Перамежнае палажэньне, барацьба паміж новым, якое стукалася ў дзьверы, і паміж старым, якое не хацела адміраць, рабілі перамежнымі, асобамі ўсіх уладароў тых дзён“.[6]

Пасьля крымскай кампаніі і самазабойства Мікалая зрабіўся зусім ясным правал „перамежнай“ політыкі. Ураду Аляксандра ІІ трэба было рабіць нейкую перамену ў політыцы. Трэба было задаволіць некаторыя з запатрабаваньняў прамысловага капіталу, у тым ліку запатрабаваньне вызваленьня сялян. Трэба было рабіць „сделку“ паміж старым і новым. У сувязі з гэтым з пачатку цараваньня Аляксандра ІІ пачалі адчувацца „лібэральныя“ павевы, громка названыя „эпохой великих реформ“. Гэтыя павевы адчуваліся ва ўсёй царскай імпэрыі, у тым ліку ў Польшчы і на Беларусі. Пачаліся размовы аб уступках і ў так званым польскім пытаньні.

У 1856 годзе адбываўся Парыскі конгрэс, які замыкаў сабою няўдалую крымскую кампанію. У францускіх дыплёматычных колах зьявілася думка адрэзаць Польшчу ад Расіі і зрабіць з яе буфэрную дзяржаву паміж заходняй Эўропай і Расіяй. Ангельская дыплёматыя падтрымала гэтую думку. У такім напрамку на конгрэсе вяліся патаемныя перагаворы з прадстаўніком Расіі Арловым. Прадстаўнік Расіі, апіраючыся на адмоўныя адносіны да такой пастаноўкі пытаньня з боку Аўстрыі і Нямеччыны, не згадзіўся з пропозыцыяй Францыі і Англіі. Расійскі ўрад адказаў, што годнасьць Расіі ні ў якім разе не дазваляе нават ставіць гэтае вітаньне на конгрэсе. Калі палякі зьвернуцца да Аляксандра ІІ з законнымі пажаданьнямі і скаргамі, то цар бязумоўна іх задаволіць. Апроч таго, у расійскага ўраду ўжо гатовы проект цэлага раду мерапрыемстваў у адносінах да Польшчы. Будзе абвешчана агульная амністыя ўсім, хто быў пакрыўджаны па польскаму пытаньню. Каталіцтва атрымае поўную свабоду вызнаньня і пашырэньня, і з каталікоў будуць зьняты ўсе абмежаваньні. Польская мова на тэрыторыі Польшчы будзе прызнана дзяржаўнаю ў адміністрацыі, судзе і школе. У Варшаве будзе заснаваны польскі унівэрсытэт.

Зразумела, расійскі ўрад даў усе гэтыя абяцанкі не для таго, каб іх поўнасьцю выконваць, тым больш, што яны нідзе офіцыяльна ня былі зафіксаваны. Францыя і Англія павінны былі задаволіцца і такімі абяцанкамі. Чуткі аб тым, што на конгрэсе закранута польскае пытаньне, хутка распаўсюдзіліся як сярод польскай эміграцыі ў заходняй Эўропе, так і сярод зацікаўленых колаў у Польшчы і заходніх губэрнях Расіі. Чуткі значна перавялічвалі тое, што фактычна было на конгрэсе. Усе з нецярплівасьцю чакалі друкаванага трактату конгрэсу, каб адтуль даведацца аб усёй праўдзе. Хутка зьявіўся з друку і трактат, але там аб Польшчы нічога ня было сказана. Тады пачалі пашырацца чуткі аб тым, што пункты аб Польшчы зьмешчаны ў сакрэтнай частцы трактату; што яны сапраўды існуюць, але ня могуць пакуль што друкавацца і пашырацца па мотывах „высокай політыкі“. Буржуазныя і земляўласьніцкія колы Польшчы і Беларусі ня губілі надзей на „лібэральны“ ўрад Аляксандра ІІ.

Тым больш, што і ў рачавістасьці царскі ўрад пачаў рабіць некаторыя палёгкі, праўда вельмі і вельмі зданьнёвыя. Пачалося з таго, што калі ў лютым 1856 году памёр намесьнік Польшчы Паскевіч, то на яго месца быў назначаны зусім не падобны да яго Гарчакоў. Сьмерцю Паскевіча ў Польшчы былі здаволены, бо ўсім была добра вядома яго цяжкая рука і моцны кулак. Гарчакоў раней служыў у Варшаве ў якасьці начальніка штабу Паскевіча. Цяпер гэта быў зусім стары, хворы, сьляпы, глухі і слабавольны чалавек, выжыўшы з розуму.

Ён, каб і хацеў, дык ужо па гэтых сваіх якасьцях быў няздольны падтрымаць моцны рэжым Паскевіча. Назначэньне на пасаду намесьніка Гарчакова разглядалася ў Варшаве, як прымета перамены політыкі, тым больш, што яшчэ нават у часы тыранскага рэжыму Паскевіча Гарчакоў лічыўся „лібэралам“.

У маі 1856 году ўрачыста была абвешчана амністыя тым, хто павінен быў па політычных прычынах эміграваць з тэрыторыі Польшчы за межы Расіі. Умоваю для атрыманьня амністыі была падача на імя ўраду асабістай заявы аб дазволе вярнуцца на бацькаўшчыну. Апроч таго, да заявы павінна было быць далучана прызнаньне сваёй віны і абмылак. Памілаваньне, аднак, не давала права эмігранту, які вярнуўся ў межы Расіі, займаць урадавую пасаду. Каб атрымаць яе, амніставаны эмігрант павінен быў на працягу трох год даводзіць сваю благанадзейнасьць. Усё гэта значна зьмяншала значэньне амністыі. У ліпні 1856 году амністыя была пашырана і на політычных эмігрантаў Беларусі, Літвы і Украіны. Умовы для амністыі заставаліся тыя самыя, што і для эмігрантаў з Польшчы. Трэба вызначыць, што амністыю выкарысталі ня так ужо шмат эмігрантаў. Тыя лічбы, якія мы маем наконт эмігрантаў з Беларусі і Літвы, даводзяць гэта. З моманту апублікаваньня амністыі да сакавіка 1857 году сюды вярнулася толькі 43 асобы, а да жніўня 1860 году — 353 асобы. Пры тым вялікім ліку эмігрантаў, што вылічваецца тысячамі, гэта зусім нямнога.

Праз некалькі месяцаў (ІХ, 1856) была апублікавана амністыя для політычных, высланых у Сібір і іншыя „не столь отдаленные местности“ Расійскай імпэрыі. Умовы для амністыі былі тыя самыя, што і для эмігрантаў. Амністыя датычыла высланых як з Польшчы, так і з Беларусі і Літвы. Колькі народу выкарыстала гэтую амністыю, мы ня ведаем.

Яшчэ пачынаючы з 40-х гадоў, наўкола „лібэральнага“ земляўласьніка графа А. Замойскага сабралася група земляўласьнікаў капіталістычнага тыпу, якая лічыла, што трэба выкарыстоўваць усе легальныя магчымасьці для экономічнага разьвіцьця польскага земляўласьніцтва. Група Замойскага мела перакананьне, што „дасягненьне гэтай мэты прывядзе да таго, што Польшча, як дазрэлы плод, дзякуючы ўласнай сваёй цяжкасьці, адпадзе ад расійскага дрэва“.[7] Гэтая, група спачатку складалася з невялікага ліку асоб і зьбіралася што-год у маёнтку А. Замойскага, Клемянсове, Люблінскай губэрні. Яны склалі проект статуту Земляробскага Таварыства, якое па іх думцы павінна было злучыць шырокія земляўласьніцкія колы для вышэйпаказанай мэты. У мікалаеўскую эпоху царскі ўрад не зацьвярджаў проекту статуту. Урадам Аляксандра ІІ статут Таварыства быў зацьверджаны ўвосень 1857 году. Таварыства пачало хутка расьці і праз некалькі месяцаў існаваньня ўжо лічыла сваіх сяброў тысячамі. Аддзелы яго хутка пашырыліся па ўсёй Польшчы. У далейшыя часы Земляробскае Таварыства будзе граць даволі значную ролю ў разьвіцьці падзей паўстаньня 1863 году. Земляўласьніцкая шляхта капіталістычнага тыпу на Беларусі ўвесь час прагнецца атрымаць дазвол на заснаваньне такога самага таварыства. Аднак расійскі ўрад гэтага дазволу беларускай шляхце ня даў, і Земляробскае Таварыства на Беларусі так і не заснавалася.

У часы Мікалая І было забаронена ня толькі друкаваць творы вядомага польскага песьняра Адама Міцкевіча, але і памінаць яго імя. Калі ў вучня школы знаходзілі які-небудзь верш Міцкевіча, дык яго запісвалі ў неблаганадзейныя і выганялі са школы. У 1857 г. у жніўні па дакладу намесьніка міністра народнай асьветы Вяземскага, які ў моладасьці быў у прыяцельскіх адносінах з Міцкевічам, Аляксандар ІІ дазволіў друкаваць і пашыраць творы Міцкевіча. Права ўласнасьці на творы песьняра было аддана яго дзецям. Гэты дазвол зрабіў даволі вялікае ўражаньне на інтэлігенцыю.

Апроч гэтага, царызм зрабіў і яшчэ некаторыя драбнейшыя ўступкі і палёгкі. Улетку 1857 году быў зацьверджаны статут Варшаўскай мэдычна-хірургічнай Акадэміі, а ўвосень яна з вялікай урачыстасьцю была адчынена. У гэтым-жа годзе ў Вільні быў адчынены з дазволу цара графам Еўстахам Тышкевічам краёвы музэй для Беларусі. Ён пачаў хутка расьці. Праз год у ім налічвалася ўжо больш трох тысяч нумароў экспонатаў. Быў дадзены дазвол пабудаваць на Літве і Беларусі некалькі касьцёлаў. У Маскоўскім і Пецярбурскім унівэрсытэтах на юрыдычным факультэце быў павялічаны лік стыпэндый для студэнтаў-ураджэнцаў Польшчы і так званых заходніх губэрань.

Усе гэтыя і іншыя ўступкі і палёгкі падтрымлівалі ў вышэйшых станах грамадзянства ружовыя надзеі на тое, што „лібэральны“ ўрад паступова падойдзе да больш сур‘ёзных і радыкальных мерапрыемстваў у адносінах да Польшчы і Беларусі. Спадзяваліся, што Польшча атрымае нейкую констытуцыю і што Беларусь і Літва будуць далучаны да канстытуцыйнай Польшчы. Дзякуючы гэтаму, частыя прывады Аляксандра II ў Польшчу і на Беларусь сустракаліся буйною земляўласьніцкаю шляхтаю з вялікімі надзеямі і абстаўляліся вельмі ўрачыста як у Польшчы, так і на Беларусі. Мы спынімся на абставінах прыезду цара на Беларусь у 1858 годзе.

Аб’ехаўшы шэраг паўночных расійскіх гарадоў, цар праз Беларусь ехаў у Варшаву. Першая астаноўка яго была ў Менску. Настрой менскіх земляўласьнікаў і спатканьне імі цара сучасьніца падзеяў апісвае так. „Здавалася, што 1857 г. намінае як-бы на лепшую будучыну. З вышыні царскага трону адна за аднэю спадалі пэўныя палёгкі і ласкі і касаваліся розныя абмежаваньні. У паветры пачалі адчувацца больш вольныя павевы. Удзячныя за гэта земляўласьнікі Менскай губэрні, у сэрцах якіх ужо злажылася ўгодлівая політыка, закупілі ўрачыстае набажэнства ў менскім катэдральным касьцёле, дзякуючы бога за гэтыя добрачынствы і за манарха, што іх зрабіў“".[8] Гэтая ўгодліва настроеная шляхта прыезд цара лічыла „пэўнаю эпохаю ў жыцьці Менску“. Яна сабралася к прыезду цара з сваіх маёнткаў у Менск, поўная надзей. Організацыяй урачыстага прыёму цара менскія земляўласьнікі маніфэстуюць сваё патрыятычнае пачуцьцё. За свае сродкі шляхта організуе баль і не шкадуе на гэта грошы. „Мясцовая магнатэрыя прыслала такую масу сталовага серабра і крышталю, што пад іх цяжкасьцю гнуліся сталы ў шляхецкім клюбе ў Менску“.[9]

Такі самы ўгодлівы настрой земляўласьніцкай шляхты мы назіраем і ў Вільні, куды цар прыехаў 18 верасьня 1858 году. І тут шляхецтва ўрачыста сустракае цара і спраўляе яму на свае сродкі багатыя балі. Памяшканье Віленскага музэю рэмантуецца, на што шляхта траціць 1500 рублёў. У часе агляду музэю цару быў урачыста паднесены альбом з вершамі — Э. Адынца ад палякаў, В. Каратынскага ад беларусаў, КукальнІка ад рускіх і Акелевіча ад літвінаў. Альбом яскрава адбівае ўгодлівыя настроі земляўласьнікаў. Адынец, былы член гуртка філарэтаў, таварыш па Віленскаму унівэрсытэту А. Міцкевіча і Зана, называе расійскага цара насьледнікам трону Ягелёнаў, выказвае ўдзячнасьць ад мільёнаў, якім цар надае годнасьць чалавека, і праракае, што пад скіпэтрам Аляксандра II настане пачатак нябескага царства на зямлі. Каратынскі пачынае свой верш з апісаньня ночы, якая дагэтуль панавала над Беларусьсю. Ен кажа, што няма ў нас чым прыняць багатага госьця, бо „залатых тканак ня судзіў нам бог“. Самае наймілейшае ў нас — гэта матка зямліца, жоўты пясочак на яе палёх. Яе, зямлю дарагую, трэба несьці пасыпаць пад ногі госьцю, але і пры гэтым „расою пясок прамакае“. Пад расою пясьняр разумее мужычыя сьлёзы і ад імя мужыцкае грамады кліча: „ узыдзі нам, соўнейка, падбяры расу“. Зоркі міргаюць мужыком, што ўсе людзі будуць роўныя, але туман цёмны рынуў на палеткі, дык „ўзыйдзі нам, соўнейка, разгані туман".[10] Надзеі на Аляксандра ІІ былі такія моцныя, што нават вядомы польскі пясьняр Уладыслаў Сыракомля, радыкальна настроены, пералажыў на польскую мову прывітальны патрыятычны верш рускага поэты Кукальніка і надрукаваў за сваім подпісам у газэце „Kuryer Wilenski“.

Тым ня менш рачаістасьць давала сябе адчуваць. Кожны пражыты дзень прыносіў з сабою факты, якія гаварылі, што ўрад па сутнасьці не зьмяняе сваёй старой політыкі. Для дробнай шляхты і дробнай буржуазіі, што менш хварэла на ўгодлівасьць, гэта было ясна з самага пачатку. Яшчэ вясною 1856 году ў часе свайго першага прыезду ў Варшаву Аляксандар II на прыёме польскай дэпутацыі сэнатараў, буйной шляхты і каталіцкага духавенства скончыў прамову такімі словамі: „Вы таксама блізкі майму сэрцу, як фінлянцы і іншыя расійскія падданыя, аднак вымагаю ад вас, каб устаноўлены маім бацькам парадак ні ў чым ня быў парушаны. Дзеля гэтага, паны, кіньце лятуценькі, бо я змагу супыніць усялякія лятуценьні (крозы) і змагу распарадзіцца, каб яны ня вышлі за межы выабражэньня саміх крозьбітаў“.[11] Словы зусім ясныя, над і пастаўлена выразная кропка. Так было ў Польшчы.

Ясна была выказана програма расійскага ўраду і беларускай земляўласьніцкай шляхце. Калі Аляксандар II у 1858 г. быў у Менску, то віцебская земляўласьніцкая шляхта падала яму адрас з наступнымі політычнымі пажаданьнямі: павялічыць на Беларусі лік касьцёлаў, дазволіць у школах на Беларусі выкладаць польскую мову, што было дазволена для тэрыторыі Літвы, і залажыць унівэрсытэт у Полацку. Цар не згадзіўся выканаць аніводнага пажаданьня і ў адказнай прамове вызначыў, што Беларусь ёсьць „искони русский край“, зьвязаны з Расіяй гістарычнымі сувязямі. Гэты адказ даваў поўную магчымасьць беларускай угодлівай земляўласьніцкай шляхце зразумець, што ня можа быць ніякай размовы аб далучэньні Беларусі да Польшчы.

Паступова і ў угодлівых земляўласьніцкіх галовах павінна была ўстанаўлівацца думка аб тым, што па ўласнай добрай волі расійскі ўрад нічога ня дасьць ні для Польшчы, ні для Беларусі. Паступова павінны былі зьнікаць надзеі на лібэральнасьць расійскага ўраду нават ў угодлівых колах. Гэта вельмі яскрава магчыма бачыць на настроі вышэйпамянёнага беларускага песьняра В. Каратынскага. У 1858 годзе ён ускладае свае надзеі на расійскі ўрад і піша прывітальны верш Аляксандру II, а ў 1863 г. ён ужо складае агітацыйны проціўрадавы верш „Гутарка старога дзеда“, у якім мы чытаем наступнае: „Эй скажыце добры людзі, што ужо на сьвеце будзе? Чы то так бог судзіў з намі — прапасьць навек з маскалямі?“[12] Праезд Аляксандра II праз Беларусь у Польшчу ў 1860 годзе суправаджаўся ўжо зусім нязначным пад‘ёмам на Беларусі, а ў Варшаве ўжо былі яскравыя факты варожых адносін да расійскага цара з боку выступіўшай ужо опозыцыі.


  1. М. Покровский, Русская история в сжатом очерке. Ч. I и II. ГИЗ. 1922 г., ст. 84.
  2. В. И. Пичета. История крестьянских волнений в России. Минск. 1923 г., ст. 82.
  3. М. В. Довнар-Запольский. Народное хозяйство Белоруссии. (1861—1914 гг.) Изд. Госплана БССР. Минск. 1926, ст. 6, 22.
  4. Курс белоруссоведения. Лекции, В. И. Пичета. История белорусского народа. Москва. 1918—20 г. г., ст. 57-58.
  5. М. Покровский. Русск. ист. в сжат. очерке. Ч. I и II, ст. 117-118.
  6. Ibidem, ст. 98, 99, 100.
  7. Z. L. S. Historya dwoch lat. T. I. Krakow. 1892. Ст. 140.
  8. Z. Kowalewska. Obrazki Minskie. 1850—1863. Wilno, 1912, ст. 71—2.
  9. Ibidem, ст. 73—4.
  10. M. Гарэцкі. Гісторыя беларускае літаратуры. Выд. IV. Менск. 1926 г., ст. 140.
  11. I. Grabiec. Rok 1863. Wyd. II. Pozпап. 1922, ст. 27.
  12. M. Гарэцкі. Гісторыя Белар. лiтapaтуры, ст. 140.