Перайсці да зместу

1863 год на Беларусі (1930)/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзейнасьць іншых паўстанскіх груп на Беларусі вясною 1863 г. Прыезд на Беларусь Мураўёва-вешальніка
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
Мерапрыемствы часоў мураўёшчыны політыка-соцыяльнага характару

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРЫЕЗД НА БЕЛАРУСЬ МУРАЎЁВА-ВЕШАЛЬНІКА.

Падзеі паўстаньня 1863 году, што разьвінуліся ў Польшчы, на Беларусі, Літве і Украіне к пачатку лета, нарабілі шмат шуму, як у Расіі, так і за граніцай. Заходня-Эўропейская дыплёматыя таго часу таксама часта выкарыстоўвала паўстаньне для варожых дэмонстрацый проці Расіі. Аб паўстаньні шмат пісалася як у расійскіх, так і ў замежных газэтах, што рабіла вялікі ўплыў на тагочаснае грамадзянства. Паўстанцы пасьпелі за гэты час утварыць сваю падпольную прэсу ў польскай, францускай, украінскай, беларускай, расійскай і іншых мовах. Шмат увагі аддаваў паўстаньню Герцэн у сваім „Колоколе“, які ў вялікім ліку пашыраўся ў Расіі. Аб паўстаньні пісалі ў сваіх падпольных адозвах і проклямацыях рускія рэволюцыйныя організацыі. Побач з гэтым у Пецярбург з тэрыторыі, абхопленай паўстаньнем, ляцелі данясеньні жандармэрыі і поліцыі. Прадстаўнікі мясцовай ўлады не шкадавалі фарбаў, каб павялічыць свае заслугі і сваё геройства ў барацьбе з паўстанцамі. Для гэтай мэты яны вельмі часта перавялічвалі ў сваіх данясеньнях сілы і магчымасьці паўстаньня. Разьбітыя і не разьбітыя паўстанскія аддзелы павялічваліся ў лічбах, выдумляліся цэлыя змовы, вышукваліся неіснаваўшыя ў рачаістасьці аклады зброі і г. д.

Усё гэта рабіла вялікае ўражаньне на кіруючы Пецярбург. Апроч таго, расійскія ўрадавыя колы былі вельмі скомпромэтаваны тым, што тое паўстаньне, якое яны абвясьцілі нязначным бунтам („мятеж“), так зацягнулася і набыло такія значныя памеры. Асабліва быў абураны расійскі ўрад тым фактам, што паўстаньне ахапіла такія тэрыторыі, як Беларусь і Украіна, якія лічыліся „искони русскими“ тэрыторыямі; што паўстаньне сукосна перадалося ў цэнтральную Расію, у сярэдняе Паваложжа. А тут яшчэ і з сялянскім пытаньнем у Расіі было нядобра. Сяляне не задавальняліся царскім вызваленьнем 1861 году, хваляваліся і чакалі сапраўднага вызваленьня. Трэба было так ці іначай канчаць зацягнуўшаеся паўстаньне, гэты доўгі „спор славян между собой“ і зьліць „славянские ручьи в русском море“. У Пецярбургу было прызнана, што Віленскі генэрал-губэрнатар Назімаў заслабы для таго, каб справіцца з паўстаньнем на Беларусі і Літве. Было ўхвалена яго з пасады зьняць і на яго месца накіраваць больш моцнага адміністратара. Такім кандыдатам на пасаду Віленскага генэрал-губэрнатара быў прызнаны М. М. Мураўёў.

Гэтая кандыдатура была падказана царскаму ўраду рэакцыйнай прыдворнай групай так званых „самабытнікаў“, на чале якой стаяў блізкі прыяцель Мураўёва генэрал Зялёны. 7-га мая 1863 году Мураўёў быў запрошаны ў царскі палац на аўдыенцыю да Аляксандра ІІ, і яму было прапанована заняць пасаду Віленскага генэрал-губэрнатара. Мураўёў, па яго словах адразу гэтай пасады ня прыняў. Ён папрасіў цара, каб той прапанаваў міністрам раней паразумецца з ім па гэтай справе. Мураўёў ведаў, што цэлы шэраг пецярбурскіх вяльмож, як напрыклад, ваенны міністар Мілюцін, міністар унутраных спраў Валуеў, шэф корпусу жандараў Доўгарукі, Пецярбурскі генэрал-губэрнатар Сувораў і інш., ня будуць спачуваць яго назначэньню, бо належаць да больш „лібэральнай“ групы так званых „западнікаў“. Такою сваёю просьбаю Мураўёў хацеў зрабіць вядомы нажым з боку цара на гэтую групу. Цар згадзіўся з просьбаю Мураўёва і вызначыў папярэднюю камісію, якая павінна была паразумецца з Мураўёвым. Камісію злажылі — Доўгарукі, Мілюцін, Зялёны, Валуеў і сам Мураўёў. Западнікі зразумелі, што цар сукосна дае ім дырэктыву згадзіцца з рэакцыйнай сыстэмай новага Віленскага генэрал-губэрнатара. Не зважаючы на свой „лібэралізм“, яны так і зрабілі, хоць і ня зусім былі згодны з кандыдатурай Мураўёва і яго „вешальнай“ сыстэмаю.

Спынімся цяпер на асабістай характарыстыцы вешальніка-Мураўёва. Каб зразумець, у чые рукі папалі Беларусь і Літва, нам даволі будзе падаць адпаведны вынятак нават з такога добранадзейнага і лояльнага гісторыка, як проф. Мікалай Бэрг. Ён так апісвае[1] Мураўёва. „Хто ня ведаў, што за фігура ёсьць Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў? На мінулым гэтага чалавека ляжала многа плям і бруду. Было вядома, што ён быў асабліва дасканальным у выкананьні ролі дзікага мангольскага тырана, абкружанага прыхлябацелямі і нявольнікамі. Затое ў адносінах да старшых гэты самы мангольскі сатрап рабіўся цішэйшым ад вады і ніжэйшым ад травы, які ўмеў, што называецца, „гнуцца ў тры разы“ і быць падхалімам, асабліва калі ішла справа аб набыцьці чаго-небудзь для сябе. Усе прыпаміналі, як у свае часы Мураўёў займаў тры пасады адначасна: міністра дзяржаўных маёмасьцяй, загадчыка прыватных маемасьцяй царскай фаміліі і дырэктара корпусу землямераў і па ўсіх трох пасадах атрымліваў вялізныя пэнсіі. Мала таго, выяжджаючы куды-небудзь па службовых справах, ён браў прагонныя грошы адразу па ўсіх трох пасадах, якія займаў, дзякуючы чаму яго празвалі „трохпрагонным міністрам“. Прыпаміналі таксама яго ганебную, сапраўды азіяцкую заўвагу, што ён ня з тых Мураўёвых, якіх вешаюць (дэкабрысты, Мураўёў-Апостал. У. І.), але з тых, якія самі вешаюць. Прыпаміналі што… Міхаіл Мураўёў пры вызваленьні сялян, разам з групаю закасьцянелых прыгоншчыкаў, што ня вылазілі з багна цемры і барбарства, ня толькі не спачуваў і не супрацоўнічаў з царом, але з усёю стараннасьцю перашкаджаў справе вызваленьня, заяўляючы, што ніякага вызваленьня ня будзе. Той сьвежы бруд, у якім ён толькі што купаўся, яшчэ не засох і цёк стругамі па яго твары. А самы яго выгляд? Які гэта страшны, мангольскі, нават у Расіі дзіўны тып… Пры поглядзе на яго портрэт кожнаму прыпамінаецца выгляд бульдога“. Да гэтага мы яшчэ дадамо кароткую характарыстыку М. Мураўёва, якую мы знаходзім у запісках міністра ўнутраных спраў Валуева.[2] „Муравьев не имеет никакого понятия и представления о праве. Альфой и омегой его поведения является царский приказ. Право для Муравьева имеет значенне и цену только там, где нет или куда нельзя приспособнть этого приказа. Хан, паша, мурза, мандарин, всё, что хотите, только не министр“.

Спынімся крыху на жыцьцяпісу Мураўёва. У гады сваёй моладасьці будучы сатрап-вешальнік быў лібэралам. Ён нават належаў нейкі час да таварыства дэкабрыстаў, але дагадаўся выйсьці з яго разам з іншымі, такімі як ён сам, „лібэраламі“, яшчэ да ўзброенага выступленьня дэкабрыстаў. Тым ня менш, калі потым надзвычайная сьледчая камісія распачала процэс над загаворшчыкамі, Маскоўскі обэрполіцмайстар атрымаў ад яе загад заарыштаваць Мураўёва і прывезьці яго ў Пецярбург у турму, што ён і выканаў. Тым ня менш у турме Мураўёву ня прышлося доўга сядзець. Ён скарыстаў верны сродак, каб рэабілітавацца і выйсьці сухім з вады. У сваіх злачынствах ён раскаяўся і „чыстасардэчна“ выдаў „злачынствы“ іншых удзельнікаў таварыства дэкабрыстаў. Яго „раскаянье“ было, відаць, вельмі шчырым і грунтоўным, бо ён ня толькі быў выпушчаны з турмы, але адразу пачаў рабіць добрую кар‘еру. Такім чынам, з самага пачатку кар‘ера вешальніка была зьвязана са здрадаю.

У 1827 годзе Мураўёў ужо атрымаў назначэньне на пасаду Віцебскага віцэ-губэрнатара. Тут ён прасядзеў менш году і атрымаў павышэньне. У 1828 годзе ён назначаны ўжо на губэрнатарскую пасаду ў Магілёў. Тут ён прабыў губэрнатарам да канца 1830 году, калі распачалося першае польскае паўстаньне. З пачаткам паўстаньня Мураўёў быў назначаны ўрадоўцам для асобных даручэньняў пры штабе рэзэрвовай арміі, што была зьмешчана на Беларусі для падмацаваньня на ўсякі выпадак той арміі, якая змагалася з паўстаньнем на тэрыторыі Польшчы. У гэты час Мураўёў злажыў сваю першую запіску аб русыфікацыі Беларусі. Зьмест яе такі. Усе ўрадоўцы на Беларусі, асабліва губэрскія, павінны набірацца ў Цэнтральнай Расіі. Іх трэба выклікаць адтуль спэцыяльнымі абвяшчэньнямі і вабіць у заходнія губэрні „предоставив выгоды в чинах и содержании“. Што да „туземцев“, то было-б карысна даць ім магчымасьць служыць у цэнтральных губэрнях імпэрыі, пасьля чаго, калі некатарыя з іх заслужаць даверу начальства, дык могуць атрымаць пасады і на Беларусі. Каб утварыць расійскі выгляд краю, трэба ўводзіць у быт насельніцтва расійскія назвы ўстаноў, пасад, мясцовасьцяй, вуліц і г. д. У расійскай мове павінны пісацца і друкавацца ўсе ўрадавыя і службовыя паперы і абвесткі. Старыя „літоўскія“ законы па сваёй сутнасьці і форме не адпавядаюць запатрабаваньням „Паўночна-Заходняга“ краю і адчужаюць Беларусь ад Цэнтральнай Расіі. Дзякуючы гэтаму, трэба выкасаваць з ужываньня ў судох на Беларусі Літоўскі Статут.

Дакладная запіска зьвярнула ўвагу царскага ўраду на ўрадоўца асобых даручэньняў. Пасьля таго, як паўстаньне было задушана, у канцы 1831 года, Мураўёў у чыне генэрал-маёра быў назначаны на пасаду Горадзенскага губэрнатара. У часы свайго побыту ў Горадні ён выгаварыў тыя славутыя словы, што падае проф. М. Бэрг: „я ня з тых Мураўёвых, якіх вешаюць, а з тых, якія вешаюць“. Тут-жа ён упяршыню распачаў сваю вешальніцкую кар‘еру. У 1833 годзе ён павесіў Міхайла Валовіча, які прыбыў з эміграцыі ў Слонімскі павет у якасьці эмісара з рэволюцыйнаю мэтаю. Адначасна з ім ён павесіў яго аднамысьнікаў — сялян: Тодара Саўчука, Яна Анайскага, Мікалая Фірэтку, Якуба Марцынкевіча, Якуба Панасюка і іншых. У 1835 годзе Мураўёў быў назначаны губэрнатарам у Курскую губэрню. Тут ён набыў славу сваімі экзэкуцыямі над скарбовымі сялянамі, якіх ён катаваў, спаганяючы з іх падаткі. Курскім губэрнатарам Мураўёў прабыў да 1840 году. У гэтым годзе, дзякуючы, сваяцтву з тагочасным міністрам графам Канкрыным, які граў ролю фаварыта, пры Мікалаі І, Мураўёву ўдалося перабрацца ў Пецярбург на пасаду дырэктара дэпартамэнту падаткаў і збораў міністэрства фінансаў. Гэтаму пераводу ў Пецярбург бязумоўна садзейнічалі яго экзэкуцыі па справе падаткаў у Курскай губэрні. У 1842 годзе Мураўёў атрымлівае годнасьць сэнатара і назначэньне на пасаду дырэктара межавога корпусу. З 1850 года ён ужо член дзяржаўнай Рады. У канцы 1856 году М. Мураўёў назначаны начальнікам дэпартаманту ўдзелаў (прыватная маёмасьць царскай фаміліі) і вясною 1857 г. — міністрам дзяржаўных маемасьцяй. Астатнія тры пасады — дарэктара межавога корпусу, начальніка ўдзелаў і міністра — ён сумяшчаў, аб чым мы гаварылі ўжо вышэй.

Будучы міністрам дзяржаўных маемасьцяй, М. Мураўёў на першы плян высунуў павялічэньне прыбыткаў скарбу з гэтых маемасьцяй, што ўсёю сваёю цяжкасьцю лягло на шыю скарбовых сялян. Была падвышана агульная сума чыншавога падатку з скарбовых сялян у кожнай губэрні. Апроч чыншавога падатку, быў уведзены асобны грашовы збор за тую зямлю, якою сяляне карысталіся часова звыш свайго асноўнага надзелу. Лясны падатак, які раней ішоў на карысьць сялянскае грамады, цяпер быў накіраваны ў прыбытак скарбу. Асноўны чыншавы падатак вылічаўся ня з прыбытку ад зямлі, а з капітальнай каштоўнасьці зямлі і быў пераіменаваны з падатку ў чыншавую плату за зямлю, дзякуючы чаму памер яго зацьвярджаўся не ў законадаўчым парадку, а асабістым распараджэньнем міністра дзяржаўных маемасьцяй. Гэты факт даваў магчымасьць міністру кожны год па сваёй уласнай волі павышаць чыншавую плату. За гады міністэрства М. Мураўёва становішча скарбовых сялян значна пагоршылася. Будучы міністрам дзяржаўных маемасьцяй, Мураўёў, як было ўжо адзначана вышэй, быў ярым супраціўнікам сялянскай рэформы нават у тым выглядзе, як яна вышла ў 61 годзе. Ён стаяў на чале групы прыгоншчыкаў, якая звычайна проціпастаўлялася групе „лібэральных“ памешчыкаў.

Калі палажэньне 19 лютага 1861 года пашырылася на скарбовых сялян, што былі падпарадкаваны міністэрству дзяржаўных маемасьцяй, Мураўёў супраціўляўся правядзеньню ў жыцьцё гэтага палажэньня, што было аднэю з прычын яго адстаўкі ў 1861 годзе з пасады міністра. У 1862 годзе ён павінен быў выйсьці ў адстаўку і з дзьвюх іншых сваіх пасад, дзякуючы сваёй агульнай непопулярнасьці. Астатняю кропляю, што перапоўніла чашу паблажлівасьці да Мураўёва нават такога ўраду, як расійскі, быў артыкул у загранічным часопісу „Будущность“, у якім былі зьмешчаны скандальныя для Мураўёва матар‘ялы. Толькі пасьля амаль што двухгадовага існаваньня на задворках, кандыдатура вешальніка зноў выплыла на верх у сувязі з паўстаньнем 1863 году.

9 мая адбылася другая аўдыенцыя Мураўёва ў цара; 12 мая — трэцяя. У выніку гэтых аўдыенцый 13 мая ў „Правительственном Вестнике“ быў офіцыйна надрукаваны царскі загад аб назначэньні М. Мураўёва генэрал-губэрнатарам Віленскай, Ковенскай, Горадзенскай, Менскай, Магілёўскай і Віцебскай губэрань. Пасьля назначэньня на пасаду Мураўёў заставаўся ў Пецярбургу яшчэ 11 дзён. Гэтыя дні былі ім патрачаны на аўдыенцыі ў цара, нарады з міністрамі, падрыхтоўку ўсякіх палажэньняў і інструкцый для кіраваньня Беларусьсю і Літвою і для падбору „належных“ супрацоўнікаў. Прыёмны пакой Мураўёва заўжды быў запоўнены людзьмі, якія добра ведалі, што навакол Мураўёва заўжды бывае даволі мутнай вады, дзе можна лавіць шмат рыбы. З гэтых авантурнікаў падбіраліся будучыя супрацоўнікі вешальніка, што ня ўступалі яму сваімі якасьцямі. Аднаго з іх, нейкага Дзьмітрыева, апісвае ў сваёй кнізе проф. М. Бэрг.[3] Дзімітрыеў з казацкім карным аддзелам езьдзіў па ўсёй Беларусі. На падставе атрыманых інструкцый ён наводзіў парадак і цішыню, прычым пакідаў за сабою поўную свабоду ў сваёй чыннасьці. Пры яго аддзеле быў спэцыяльны доктар, які ў часы экзэкуцыі патрабаваўся для лячэньня „пацыентаў“, што гублялі пад нагайкамі прытомнасьць. „Пацыентаў“ доктар лячыў, каб зноў пачаць экзэкуцыю. Ён таксама ўстанаўліваў, жывы ці ўжо няжывы няпрытомны „пацыент“. Адзін раз у часе экзэкуцыі здарылася, што „пацыент“ пад нагайкамі змоўк. Запрошаны на месца экзэкуцыі доктар, аглядзеўшы „пацыента“, паставіў дыягноз, што той ужо няжывы. Дзьмітрыеў не паверыў дыягнозу, узяў са стала штопар і ўкруціў яго ў лапатку сваёй афяры.

Скончыўшы папярэднюю падрыхтоўку, Мураўёў 24 мая выехаў з Пецярбургу. Маршрут ішоў праз Дынабург, куды Мураўёў і прыехаў 25 мая раніцою. Тут ён загадаў сабраць мясцовую земляўласьніцкую шляхту, перад якой сказаў грозную прамову. З адказнай прамовай выступіў павятовы маршалак шляхты, адзін з фаміліі Плятэраў. Прамова маршалка, паміж іншым, вельмі падхалімская, не спадабалася Мураўёву, і ён аддаў яго пад нагляд поліцыі. Тут-жа быў падпісаны Мураўёвым першы сьмяротны прыгавор Лявону Плятэру, які сядзеў у турме за напад на транспорт зброі пад Краслаўкай. Прыгавор быў выкананы 27 мая, ужо пасьля выезду Мураўёва з Дынабургу.

У Вільню новы генэрал-губэрнатар прыехаў 26 мая. На другі дзень адбыўся ўрачысты прыём вайсковых і цывільных урадоўцаў, маршалкаў, шляхты, каталіцкага, лютэранскага і юдэйскага духавенства. Праваслаўнае духавенства было выдзелена ў асобную групу і прынята на другі дзень на чале з вядомым „возсоединителем униатов“ мітрапалітам Іосіфам Семашка. Мураўёў усім сабраўшымся абвясьціў спосабы дзейнасьці сваёй улады, якія зводзіліся да таго, што з усімі супраціўнікамі расійскага ўраду ён жартаваць ня будзе. У бліжэйшыя-ж дні сваю заяву новы начальнік краю пастараўся падмацаваць яскравымі прыкладамі. Вось перад намі адпаведныя выняткі з уласных запісак Мураўёва. „Паўстанцамі былі запоўнены ўсе турмы, але на жаль іх судовыя справы ня толькі ня былі закончаны, але нават і не пачаты. А аб тых асобах, над якімі прыгаворы вайсковых судоў ужо адбыліся, ня было зроблена канчатковых конфірмацый, бо баяліся строгасьцю абураць паўстанцаў. Наадварот, жадаючы паказаць палякам, што ўрад наш іх не баіцца, я адразу заняўся разглядам прыгавароў аб больш важных злачынцах, без затрымкі конфірмаваў іх і даў загад выканаць прыгаворы ў Вільні на гандлёвым пляцы ў поўдзень, з абвесткаю па ўсім горадзе з барабанным боем“.[4]

Першым такім прыгаворам быў прыгавор па справе вікарнага ксяндза з Залудзьдзя, Лідзкага павету, Станіслава Ішоры. Яшчэ раней ён быў заарыштаваны за тое, што ў сваім касьцёле абвясьціў маніфэст паўстанскага жонду аб пачатку паўстаньня і аб абавязковым надзяленьні сялян зямлёю. Суд прыгаварыў Ішору на дзесяць гадоў катаржных работ. Калі Мураўёву быў прынесены гэты прыгавор на зацьверджаньне, то ён дзесяць гадоў катаргі замяніў сьмяротнаю караю праз расстрэл. Нават праваслаўны мітрапаліт, вядомы русыфікатар Іосіф Семашка лічыў патрэбным прасіць Мураўёва аб зьмякчэньні кары. Проф. М. Бэрг адзначае, што калі Семашка пры сваім хадайніцтве саслаўся на імя бога, то Мураўёў адказаў яму такім чынам: „Я пражыў ужо 60 год, аднак, гэтага бога, каторы жыве на небе, я ні разу ня бачыў; ня ведаю, ці бачылі яго вы, ваша праасьвяшчэнства“. Словы вельмі цікавыя, калі прыняць пад увагу, што вешальнік быў правадніком на Беларусі прынцыпаў — праваслаўе, самаўладзтва і расійская народнасьць. Хадайніцтва Семашкі не памагло. 3-га чэрвеня, публічна, сярод белага дня Ішора быў расстраляны на Лукіскім пляцы.

Такім-жа самым спосабам 5-га чэрвеня быў расстраляны ксёндз Раймунд Земацкі з вёскі Вавьюркі Лідзкага павету. Ён абвінавачваўся, як і Ішора, у агалашэньні з касьцельнага амбону маніфэсту паўстанскага жонду. Адначасна з Земацкім быў расстраляны малады шляхціц з-пад Ліды Войцах Ляскоўскі (па іншых крыніцах Лясковіч. У. І.). Ён быў абвінавачаны ў тым, што агітаваў сярод сялянства, заклікаючы яго да паўстаньня. 9-га чэрвеня быў павешаны Баляслаў Кедышка, начальнік аддзелу ў Ковеншчыне, аб якім мы гаварылі вышэй. Сьмерць ён спаткаў з цьвёрдасьцю і поўным спакойствам. 22-га чэрвеня, на Лукіскім пляцы быў павешаны Юльян Лесьнеўскі, шляхціц з-пад Ліды. Ён быў абвінавачаны ў тым, што азнаёміў сялян з паўстанскім маніфэстам і агітаваў, каб яны ня выходзілі на паншчыну.

Далэнга-Серакоўскі таксама дажываў свае астатнія дні. Пасьля таго, як аддзел яго быў разьбіты, ён быў арыштаваны і прывезены ў Вільню. Ён знаходзіўся на лячэньні ў шпіталі сьв. Якуба. Суд быў назначаны на 22 чэрвеня. Прыяцелямі Серакоўскага былі пушчаны ў ход сувязі яго з пецярбурскімі вяльможнымі „лібэральнымі“ коламі, каб выратаваць яго ад кары сьмерцю. Дзякуючы гэтаму, пецярбурскі генэрал-губэрнатар Сувораў напісаў Мураўёву ліст аб Серакоўскім. У сваім лісьце ён вызначаў, што Серакоўскі ў сваім мінулым меў даволі вялікія заслугі перад Расіяй і што, будучы памілаваным, ён ў далейшыя часы зможа выкупіць сваё злачынства і прынесьці расійскаму ўраду многа карысьці.

Шмат шуму за граніцай і ў Расіі нарабіў ліст вядомага італьянскага рэвалюцыянэра Д. Гарыбальдзі да Серакоўскага, зьмешчаны ў № 3 падпольнай газэты „Niepodleglosc“. Паколькі гэты ліст гаворыць аб адносінах Гарыбальдзі ня толькі да Серакоўскага, але і наогул да паўстаньня 1863 году, мы падаем яго тут цалкам. „Слаўны прыяцелю! Ты на працягу трох тыдняў патрапіў узбудзіць задзіўленьне ўсёй Эўропы, стоячы на чале паўстаньня ў Ковенскім ваяводзтве з асаблівай мужнасьцю і адвагаю. Цяпер, будучы ваеннапалонным расійцаў і сьмяртэльна параненым, ты зварочваешся да мяне, даручаючы мне свой шляхетны край. Чыннаю рукою я быў-бы рады давесьці ўсім вам, якім нязьмерным пачуцьцём напаўняе мяне ваша сьвятая барацьба. Але абставіны асуджаюць мяне на бязьдзейнасьць. Майце толькі веру. Эўропейская дэмократыя не дазволіць, каб ваша бацькаўшчына была зьверскі забіта. Душою і сэрцам я бягу за посьпехамі вашага ўваскрасеньня з мёртвых. Так! Тысячу раз барацьбіты! Ваша дзейнасьць, ваш запал, ваша мужнасьць вучаць нас, як трэба змагацца з дэспотызмам. Сардэчна цісну тваю руку. Веруй у прыязьнь да цябя заўжды твайго — Гарыбальдзі“.[5]

Суд над Серакоўскім па загаду Мураўёва быў прысьпешаны. Падсудны ў час допыту трымаў сябе адважна і нікога з сваіх супрацоўнікаў, невядомых ураду, не назваў, чаго суд перад усім вымагаў. Суд прыгаварыў Ковенскага ваяводу да кары сьмерцю праз павешаньне. Мураўёў гэты прыгавор адразу зацьведзіў і даў загад выканаць яго як найхутчэй, баючыся, што з Пецярбургу прыдзе памілаваньне. І сам Серакоўскі да астатніх хвілін быў чамусьці запэўнены, што яго ўрад памілуе. Тым ня менш кара адбылася 27 мая.

Адна кара ішла за другою. Мураўёў вешаў тых афіцэраў расійскай арміі, якія прымалі ўдзел у паўстаньні, звычайных паўстанцаў і нават тых, проці каго было толькі адно голае падазрэньне. Расправа ішла шырока, бяз строгага разбору, хто вінаваты і хто не вінаваты. Канчатковыя конфірмацыі прыгавораў рабіліся Мураўёвым, які наогул атрымаў неабмежаваныя поўнамоцтвы на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Побач з карамі сьмерцю ішлі масавыя высылкі ў краіны „не столь отдаленные“. Не зьвярталася ўвагі на старасьць, малалецтва, хворасьць і г. д. Высылаліся старыя і малыя, мужчыны і жанчыны, апошнія нават цяжарныя. Усе гэтыя кары ў сваёй пераважаючай цяжкасьці ўпалі на дробную буржуазію і дробную шляхту, якую Мураўёў зусім правільна лічыў галоўнай кіраўніцай паўстаньня. Сьпісы пакараных сьведчаць аб гэтым. Зразумела, не засталіся незакранутымі і іншыя соцыяльныя групы, асабліва рамесьнікі і рабочыя.


  1. Prof. Mikolaj Berg. Zapiski o polskich spiskach i powstaniach. T. II. Warszawa. 1911. Кніга IX, стар. 65-66
  2. Дневник гр. Петра Александровича Валуева. Рус. Ст. 1891 г., кн. 10, ст. 148.
  3. Prof. M. Berg. Op. cit. T. II. ks. IX, ст. 70
  4. "Русская Старина“. Т. XXXVI, ст. 406
  5. Dzieje 1863 roku. T. III. Krakow. 1902, ст. 171-2