Старонка:На зачарованых гонях (1923).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Гэта старонка не была вычытаная

слова вакол яго. „Злодзей“ — гаварылі ўсе на розныя лады — гнеўна, з крыўдай, з жалем, кпліва, і галосна і шопатна,

«Злодзей, злодзей, злодзей, злодзей» — насілася вакол яго пякельная чартоўская музыка. «Злодзей» — вісела ў паветры нямое гадлівае слова. Гэтае слова кпінавым вогненым знакам прыстала да яго душы і цела і ніколі, ніколі не адстане. Людзі не забудуць… Будуць расказваць па ўсёй ваколіцы, на ўсе лады, з рознымі дадаткамі, з рознымі дамаляваньнямі, з рознымі брахнямі. Будуць апавядаць у будні дзень, у сьвяточны, на кірмашох, на сходах. Людзі будуць дзівіцца, ківаць галовамі, сьмяяцца, шкадаваць, гневацца. Ігналю нідзе праходу не дадуць. Куды-б ён не пашоў — усюды будуць на яго пальцамі тыцкаць, пакавываць: «Во — злодзей, злодзей…» Вакол яго будзе відушчы смаляны арэоль вялікага надмернага сораму, якога ня змыеш ні ў якай сьвятой вадзіцы. Ніякія дахтары лекамі, ніякія варажбіты замовамі ня здымуць у яго гэтага сораму.

Ігналя будзе ўцякаць ад свайго сьмяртэльнага ворага — сораму, а сорам гэты будзе заўсёды, як цень, як кажаныя скрыдлы, тарчэць за яго плячыма. Як Ігналя пусьціцца наўцёкі, дык сорам загародзіць яму дарогу, вышчарыць зубы, зарагоча, як нячысьцік і скажа: «Я тут! Я з табою, ня вырвешся з маіх лап!» І гэтак да, сьмерці… А калі Ігналя памрэ, дык сорам яго ўсё роўна жыць будзе. Сінім аганьком будзе вартаваць яго магілу. На хаўтурох Ігналевых будуць аб гэтым гаварыць. Унукам і праўнукам будуць расказваць. Гэты сорам астанецца на ўвесь род яго. Бо добрая памятка забываецца сярод людзей, а кепская — ніколі, ніколі.

Такога кшталту думкі, толькі ў заблутанай форме — няясныя і путаныя- таўкліся ў гэты час у няшчаснай, бядовай галаве Ігналі. Ніколі ў жыцьці гэтак мозаг яго не працаваў, як цяпер. А яго вусны шапталі пры гэтым беспрастанку:

«Ліха на мяне! Ліха на мяне! Ліха на мяне!»

Ці-ж можа быць чалавеку горшая кара? Хіба што не! Проціў гэтакай пакуты біцьцё, калечаньне і вастрог ёсьць адзін толькі жарт, адна нікчэмнасьць, нявартная рэч.

А людзі ў Марцінавай хаце гэтага зразумець не маглі. Ігналя словамі гэтага ня мог-бы ім перадаць. Апрача трох слоў: «Ліха, на мяне!», ніхто ад яго ніколі нічога ня чуў. Цяпер гэтае „Ліха на мяне!“ іх толькі болей злавала.

IV.

Людзі ўрачыста падвялі Ігналю да стала і паставілі яго, як нейкую драўляную няжывую фігуру з апушчанай уніз галавой. Урачыста яны палажылі паломаны замок на стол, пасьля чаго самі расьселіся з нейкай асобнай царамоніяй. Урачыстасьць і царамонія перад страшным судом над Ігналем.

— Г-м-м! — скаваў Арцём: — дараваць нельга.