1863 год на Беларусі (1930)/15
← Пачатак паўстаньня на Беларусі | Перамены ў Варшаўскім і Віленскім камітэтах Гістарычная праца Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі 1930 год |
Загранічны Пецярбурскі Аддзел → |
ПЕРАМЕНЫ Ў ВАРШАЎСКІМ І ВІЛЕНСКІМ КАМІТЭТАХ.
Мы ўжо зазначылі раней, што Цэнтральны Камітэт, выносячы пастанову аб пачатку паўстаньня, ухваліў выклікаць з-за граніцы Людвіка Мераслаўскага ў якасьці дыктатара і галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі паўстаньня. З адпаведнымі мандатамі выехаў у Парыж, дзе жыў тады Л. Мераслаўскі, Яноўскі.[1] Па дарозе ён папаў у рукі поліцыі і павінен быў зьнішчыць усе компромэтуючыя яго паперы, у тым ліку і запрашэньне Мераслаўскаму. Пасьля гэтай няўдачы ў Парыж да Мераслаўскага паехаў другі член Цэнтральнага Камітэту Данілеўскі. Яму ўдалося, урэшце, пабачыцца з Мераслаўскім і перадаць яму ўпаўнаважаньне Жонду. Мераслаўскі прызначэньне прыняў, аб чым даў пісьмовы адказ Камітэту.
Мераслаўскі зьявіўся на тэрыторыю Польшчы ў сярэдзіне лютага 1863 г. Недалёка ад Крывасонда яго спаткаў Данілеўскі з невялікім паўстанскім аддзелам у 40 чалавек. Аддзел павінен быў іграць ролю ганаровай варты дыктатара. Пад загад дыктатара ішоў да Крывасонда аддзел паўстанцаў пад камандаю Меленцкага; аддзел складаўся з 150 конных, 150 стральцоў і 200 касіньераў. Па дарозе аддзел разьбіўся на некалькі груп, якія згубілі адна другую і блукаліся па лясох. Да стаянкі Мераслаўскага дайшла толькі адна невялікая група з атраду Меленцкага, якая складалася з некалькіх дзесяткаў конных паўстанцаў. Такім чынам, калі лічыць дзесяткі два з паловаю прыбылых з Мераслаўскім з-за межаў рэволюцыянэраў, то ўвесь аддзел дыктатара складаўся прыблізна з 100 чалавек. Аддзел быў дрэнна ўзброены, а малады яго склад быў яшчэ слаба знаёмы з вайсковай справай. Мераслаўскі ня гледзячы на гэта адразу выявіў звычайную для яго энэргію. Была наладжана паходная кузьня, у якой косы прыстасоўваліся пад зброю, старая зброя паднаўлялася і г. д. Моладзь сьпешна навучалася вайсковай навуцы пад кіраўніцтвам самога Мераслаўскага. Справа станавілася на моцныя ногі.
Але на няшчасьце толькі тры дні цягнулася гэтая падрыхтоўка. Ужо 19-га лютага на невялікую паўстанскую групу дыктатара зрабіў напад даволі значны расійскі аддзел, які складаўся з трох з палавінаю рот пяхоты і сотні казакаў. Адбылася зацятая бойка, але сілы былі няроўныя, як па колькасьці, так і па якасьці. Аддзел Мераслаўскага, згубіўшы параненымі і забітымі каля палавіны свайго складу, павінен быў адыйсьці і схавацца ў лясох. Расійскі аддзел быў таксама настолькі аслаблены, што ня меў сілы прасьледваць паўстанцаў. Аддзел Мераслаўскага спыніўся на адпачынак каля мястэчка Радзеёва і адтуль, узмоцнены другімі групамі падышоўшага толькі цяпер Меленцкага, накіраваўся на вёску Траячок. Тут аддзел прастаяў таксама некаторы час. Сяляне, даведаўшыся аб прысутнасьці сярод паўстанцаў Мераслаўскага, зыходзіліся да яго з усіх ваколічных вёсак. Мераслаўскі зьвяртаўся да іх з прамовамі, якія рабілі моцнае ўражаньне на сялян. Шмат сялян засталося ў аддзеле. Ня гледзячы на гэта, увесь аддзел Мераслаўскага не налічваў і тысячы чалавек. 21-га лютага на Мераслаўскага зноў напаў расійскі аддзел, і паўстанцы павінны былі пачаць плянавае адступленьне на лепшыя позыцыі. Пад вёскай Новай, блізка каля Прускай граніцы, паўстанцы спыніліся, каб даць бойку. Гэтая бойка і адбылася 22 лютага. Пасьля ўпартага бою аддзел Мераслаўскага быў разьбіты і накіраваўся да мяст. Казімежа.
Тут распачалася цроці Мераслаўскага агітацыя, галоўным застрэльшчыкам якой быў Меленцкі. О. Авэйдэ апісвае гэта так. „Меленцкий, как все вообще познанские шляхтичи (он тамошний довольно богатый помещик и бывший прусский офицер) был врагом Мерославского; при том он был весьма любим своими солдатами. Хотя он и послушался приказания Комитета и перешел под команду своего брага, но втихомолку распространял против него неудовольствие между подчиненными и искал удобного случая отвязаться от невыгодной для себя зависимости… Меленцкий убедил солдат, что грозившая им со всех сторон опасность была последствием ошибок диктатора, что по своей нерешительности и трусости он пропустил самые прекрасные позиции, самые удобные минуты, в которые смело можно было победить противника. Эти убеждения и страх близкой опасности подействовали как нельзя лучше, и Меленцкий отказал Мерославскому в дальнейшем повиновении, отговарываясь нежеланием своих солдат служить под его начальством“[2]. Адзін шляхціч з аддзелу Меленцкага нават страляў у Мераслаўскага; праўда, гэты стрэл ня меў ніякіх шкодных вынікаў. Ясна, што гэты выпад проці Мераслаўскага быў лоўка задуманаю і выкананаю інтрыгаю белых, якія выкарысталі Меленцкага для гэтай мэты. Ня маючы магчымасьці пры такіх умовах заставацца ў Польшчы, Мераслаўскі павінен быў накіравацца за мяжу.
Запрашэньне Цэнтральным Народным Комітэтам Мераслаўскага ў якасьці дыктатара і зьяўленьне яго на тэрыторыі Польшчы вельмі занепакоіла земляўласьніцкую шляхту. Яна ўсімі сіламі ненавідзела і разам з тым сьмяртэльна баялася гэтага старога, спрабаванага і рашучага рэволюцыянэра, які падводзіў пад рэволюцыю соцыяльную базу аграрнай рэволюцыі. Для земляўласьніцкай шляхты гэта быў „якабінец“, „пякельны дэмагог“, які ставіў перад паўстаньнем яўна выразныя сацыяльныя мэты. Белыя добра разумелі, што Мераслаўскі іх заўзяты вораг. Недарма ў Польшчы хадзілі тады словы, якія прыпісваліся Мераслаўскаму, што „Польшча будзе сапраўды вольнаю тады толькі, калі на кішцы апошняга ксяндза павесяць апошняга шляхціца“. Зразумела, белыя прынялі ўсе меры, каб не дапусьціць Мераслаўскага ў Польшчу, а калі ён прыехаў, сарваць яго дыктатуру.
Што датычыць кіраўнічага цэнтру паўстаньня, дык і тут пачалося паступовае перараджэньне. Члены Цэнтральнага Камітэту старога складу разьехаліся з Варшавы на месцы, каб непасрэдна кіраваць паўстаньнем. У Варшаве сядзела жондавая выканаўчая камісія, якая была папоўнена 15 сябрамі вельмі памяркоўнага напрамку. Шмат чырвоных, у тым ліку і членаў Камітэту, ужо не вярнуліся ў Варшаву. Яны ці паляглі на полі бойкі, як, напрыклад, Яноўскі, ці папаліся ў рукі расійскай улады і былі пакараны сьмерцю, як, напрыклад, Падлеўскі. Гэта аддало ўвесь уплыў на справы ў рукі памяркоўных, якія з свайго боку папалі пад уплывы белых. На чале жондавай Камісіі стаў зусім памяркоўны, нават белы, Гілер, сьмяртэльны вораг Мераслаўскага, які паставіў для сябе заданьнем злучэньне чырвоных з белымі.
Белыя з свайго боку таксама ішлі на злучэньне з чырвонымі. Перакананьне іх у тым, што паўстаньня ня будзе, правалілася. Праваліліся і спробы на згоду з Велепольскім і царскім урадам. Спыніць паўстаньне, зразумела, яны не маглі. Трэба было так ці інакш дастасоўвацца да паўстаньня, каб ня быць выкінутымі за борт руху і не застацца бяз ўплыву на яго. Так думала і парыская белая эміграцыя на чале з фаміліяй Чартарыйскіх. Ужо ў палове лютага з Парыжу, з готэлю Лямбэр, у Варшаву прышоў да Дырэкцыі загад аб тым, што яна павінна падтрымліваць паўстаньне і пастарацца захапіць кіраўніцтва ім у свае рукі.
У сувязі з гэтым было ўхвалена склікаць у Кракаве зьезд з прадстаўнікоў белых організацый усіх дзяльніц былой Польшчы, з прысутнасьцю дэлегата ад Варшаўскага Народнага Жонду. Мэтаю зьезду было „паднавіць“ існаваўшы жонд паўстаньня. У якасьці „дэлегата“ ад Варшаўскага Жонду на зьезд зьявіўся граф Адам Грабоўскі, які ў сапраўднасьці зусім ня меў мандату на гэты зьезд і быў ня больш як лоўкім самазванцам-авантурнікам. Зьезд адбыўся ў 20-х лічбах лютага 1863 году. Ён аднагалосна ўхваліў неабходнасьць абвяшчэньня дыктатуры і прызнаў патрэбным назначыць дыктатарам замест Мераслаўскага Марыяна Лангевіча, што стаяў з сваім паўстанскім аддзелам недалёка ад Кракава. Гэта быў вельмі памяркоўны паўстанец і зусім не энэргічны чалавек, якога белыя вельмі лёгка маглі трымаць у сваіх руках. Дыктатура Лангевіча была агалошана 10 сакавіка. Варшаўскі Народны Жонд павінен быў згадзіцца з адбыўшымся фактам. Шляхецка-белая інтрыга дасягнула сваёй мэты. Так глядзелі на дыктатуру Лангевіча нават такія памяркоўныя чырвоныя, як Авэйдэ, які ў сваіх Запісках піша наступнае: „Диктатура Лангевича была совершенно неожиданным явлением, помешала исполненню всех планов и действий временного правительства и поразила чувствительнейшим ударом только что возникшую революцию… Лангевич совершенно предал себя в руки белых авторов его диктатуры, несомненных врагов революции, окружается ими, следовательно революции угражает величайшая опасность… Ясно, что самая гадкая интрига контр-революционеров произвела диктатуру“.[3] Дыктатура Лангевіча праіснавала вельмі нядоўга. 19 сакавіка, пасьля дзьвюх няўдалых сутычак з расійкімі сіламі, ён кінуў свой аддзел і перайшоў праз граніцу ў Аўстрыю, дзе быў арыштаваны. Так сумна скончылася белая дыктатура паўстаньня ў Польшчы.
Тым ня менш уплыў белых на Народны Жонд ня спыніўся. Яны ўсё больш і больш прыбіраюць яго да сваіх рук. У сакавіку ўваходзіць у Народны Жонд Кароль Рупрэхт, былы член Дырэкцыі, які пачынае іграць у Жондзе выдатную ролю. Праз К. Рупрэхта на Народны Жонд робіць свой уплыў белая эміграцыя група Чартарыйскіх. Пашыраецца погляд, што будучую Польшу ўтворыць не паўстаньне, а чынны ўдзел у справах паўстаньня чужаземных дзяржаў. Паўстаньне патрэбна толькі для гэтага дыплёматычнага ці ваеннага дачыненьня. Патрэбна яно яшчэ для таго, каб па межах яго пашырэньня вызначыць межы будучай Польшчы: кроў паўстанцаў вызначыць межы Польшчы.
Як мы ўжо гаварылі раней, на Беларусі ў пачатку паўстаньня існуюць Белы і Чырвоны Камітэты, якія вядуць паміж сабою барацьбу. Белы Камітэт чакае, што будзе далей, і ўва ўсякім выпадку адмоўна адносіцца да паўстаньня. Атрыманая ў Вільні адозва Варшаўскага Камітэту-Жонду да братоў-літвіноў, заклікаючая Беларусь і Літву да паўстаньня, была прынята неаднолькава абодвума Камітэтамі. Чырвоны Камітэт прыняў гэтую адозву да выкананьня і даў паасобныя загады формаваць паўстанцкія аддзелы на Беларусі і Літве. Апроч таго, ён 3 сакавіка выдаў сваю ўласную проклямацыю, заклікаючую Беларусь і Літву да паўстаньня. Белы Камітэт аднёсься да адозвы адмоўна. Ён лічыў, што Беларусь і Літва да паўстаньня не гатовы, а галоўнае, ён зьлякаўся канца адозвы, дзе было сказана, што першым актам паўстаньня павінна быць вызваленьне сялян і аддача ім ва ўласнасьць зямлі. Белыя зусім правільна лічылі, што адозва, заклікаючы да барацьбы за незалежнасьць, разам з тым заклікае да аграрнай рэвалюцыі.
Незадаволены быў Белы беларускі Камітэт і „сэпаратыстычнымі“ настроямі Чырвонага Камітэту. Для таго, каб перамагчы гэтыя настроі, а таксама каб утрымаць Беларусь ад паўстаньня, белыя ў пачатку паўстаньня нават выпусьцілі з друку брошуру, напісаную ў польскай мове Я. Гейшторам, пад назваю „Голас Літвіна”. Тут падкрэсьліваўся факт сумеснага гістарычнага мінулага існаваньня Польшчы, Літвы і Беларусі, замацаванага Люблінскай уніяй; імкненьні Віленскага чырвонага Камітэту да аўтаномнасьці Беларусі называліся здрадай польскай справе. Што датычыць паўстаньня, дык брошура рэкомэндавала ўстрымлівацца ад удзелу ў ім і чакаць, як разьвінуцца далей падзеі ў Польшчы. Брошура прайшла няпрымечанай і не зрабіла ніякага ўражаньня на шырокае грамадзянства.
А між тым падзеі шпарка разьвіваліся. Паўстаньне на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі ня толькі ня спынялася, але разрасталася ўсё шырэй і шырэй. Белыя на Беларусі зразумелі, што ня можна тупацца на адным месцы, што трэба так ці іначай прыняць удзел у паўстаньні, каб накіраваць яго ў пажаданы ім бок. Атрыманыя з Варшавы весткі яшчэ больш пераканалі іх у гэтай думцы. Белыя на Беларусі даведаліся, што Варшаўскі Цэнтральны Камітэт-Жонд паступова бялее і ўрэшце пападае ў рукі белай Дырэкцыі. Для белых стала ясна, што і Беламу Камітэту на Беларусі трэба ўзяць усю ўладу ў свае рукі, вырваўшы яе тым ці іншым спосабам з рук Чырвонага Камітэту.
Каб замацаваць сваё становішча на Беларусі і Літве, белы Віленскі Камітэт ў першых лічбах сакавіка пасылае ў Варшаву ў якасьці свайго дэлегата Вацлава Пшыбыльскага. Белы Віленскі Камітэт, у процівагу чырвонаму, заяўляе, што ён прызнае над сабою бязумоўна ўладу і кіраўніцтва Варшаўскага Камітэту-Жонду. Пабялелы Варшаўскі Жонд, зразумела, быў задаволены зваротам да яго белага Віленскага Камітэту. Ён прызнаў яго адзіным прадстаўніком паўстанчай улады на Літве і Беларусі, пакінуўшы за ім усё-ж такі некаторую самастойнасьць. Беларусі і Літве было пакінута права назначыць тэрмін паўстаньня па свайму выбару. Апроч таго, Віленскаму Беламу Камітэту было дана права самастойна назначаць на сваёй тэрыторыі працаўнікоў адміністрацыйнай паўстанчай організацыі і начальнікаў паўстанскіх аддзелаў. Камісарам Беларусі і Літвы пры Варшаўскім Жондзе быў назначаны В. Пшыбыльскі, якому было дадзена права ўдзельнічаць у пасяджэньнях Жонду з дарадчым голасам. Камісарам Варшаўскага Жонду пры Віленскім белым Камітэце быў назначаны той самы Дюлёран, што быў камісарам Жонду і пры Чырвоным Камітэце. Застаўленьне Дюлёрана на старой пасадзе тлумачыцца тым, што знаходзячыся ў Чырвоным Камітэце ён цягнуў лінію белых і пабялелага Варшаўскага Жонду. Яшчэ будучы ў Чырвоным Камітэце, ён быў у пастаянных зносінах з белымі віленскімі камітэтчыкамі і з Варшаўскім Жондам.
Наогул кажучы, асоба Дюлёрана была надта адмоўным тыпам паўстаньня 1863 году. Нават белыя, да якіх ён належаў, лічаць яго такім. У сваіх запісках (Т. І, стар. 243) Я. Гейштор малюе яго такімі рысамі: „Камісар Н. Дюлёран на няшчасьце быў протатыпам тэй шматлічбавай клясы людзей жывых, сумятлівых, на выгляд гарачых, якіх шмат парадзіла паўстаньне, а каралеўства нам пасылала. Украдчывы, досыць шустры, думаючы аб сабе вельмі многа, лічачы іншых за нішто, не забываючы сярод найвялікшых небясьпек аб сваіх асабістых карысьцях, ён з інтарэсамі краю злучаў дурацкія выбрыкі дзяцюкоў-недавучак“. Такога камісара павінен быў у свае часы цярпець Чырвоны Камітэт, а цяпер з ім будзе мець справу Белы Камітэт.
Варшаўскі Жонд даў загад Н. Дюлёрану, каб ён разам з Я. Гейшторам утварыў белы кіруючы цэнтар паўстаньня на Літве і Беларусі пад назваю „Кіраўнічы Аддзел провінцыямі Літвы“. Разам з тым быў пасланы загад Віленскаму Чырвонаму Камітэту, каб ён здаў новаўтворанаму Аддзелу ўсе свае паўнамоцтвы і пячатку. З гэтага моманту пачалася больш абвостраная барацьба паміж белым і чырвоным Камітэтам за ўладу, за права кіраваньня паўстаньнем на Літве і Беларусі. Чырвоны Камітэт не здаваўся. Ён меў усе правы на кіраўніцтва паўстаньнем, як яго пачынальнік і організатар, які яшчэ ня так даўно бараніў самы прынцып паўстаньня ад белых, што хацелі ня толькі затушаваць, але і зьнішчыць гэты прынцып. Чырвоны Камітэт вызначаў, што Варшаўскі пабялелы Жонд ня мае ніякага права ўмешвацца ў дамовыя справы Беларусі і Літвы. Тады белыя перайшлі да пагроз. Апошняя іх пагроза была самаю „моцнаю“: яны заявілі што ня спыняцца нават перад здрадай і выдачай чырвоных у рукі расійскага ўраду. Перад такою пагрозаю чырвоны Камітэт ня здолеў трымацца і павінен быў здацца.
В. Пшыбароўскі[4] так апісвае гэты момант барацьбы. „У дзень 10-га ці 11-га сакавіка, у той час, калі Лангевіч у Гошчы агалашаў сваю дыктатуру,[5] Аддзел выклікаў літоўскіх чырвоных (маецца на ўвазе Віленскі Чырвоны Камітэт. У. І.) і давёў да іх ведама, што іх Камітэт распускаецца і перастае існаваць. Вераемна, што не абайшлося бяз гнеўных протэстаў, без заяў, што яны не прызнаюць такога роду пастаноў Варшаўскага Жонду, што Варшава ня мае ніякага права выносіць пастановы адносна літоўскіх (і беларускіх. У. І.) спраў, што яны, чырвоныя, зусім ня думаюць уступаць і г. д. Асабліва горача і бурна выступаў Каліноўскі, але яму катэгорычна было адказана, каб ён і яго таварышы і ня думалі ісьці проці пастановы Варшавы. У сапраўднасьці Аддзел ня думае прыгаварваць іх на сьмерць, чаго яны бязумоўна заслугоўваюць, але ён выкарыстае лепшы сродак: ён агалосіць у загранічных газэтах іх імёны, як здрайцаў краю, а тады маскалі ўжо самі патрапяць зрабіць з імі тое, што належыць. Гэтая пагроза мела здавальняючыя вынікі. Чырвоны Камітэт бяз шуму ўступіў, затаіўшы ў сэрцы гнеў. Праўда, К. Каліноўскі выслаў пісьмовы протэст у Варшаву да Тымчасовага Жонду, але, здаецца, што яму ня было дана ніякага адказу, і Чырвоны Камітэт перастаў існаваць. Калі прыняць пад увагу, што аўтар Пшыбароўскі па сваіх перакананьнях вельмі белы, то мы можам напэўна сказаць, што рабіць паклёп на белых яму ня было ніякага сэнсу.
Гейштор у сваіх успамінах хітра замоўчвае гэты факт, які малюе белых з дрэннага боку. Па яго ўспамінах выходзіць, што зьмена паўстанскай улады адбылася зусім ціха і мірна. Чырвоны Камітэт, па яго словах, здаўся без вялікага бою, і Белы Камітэт ня пускаў у ход пагрозы здрадзіць. Прапусьціўшы самы момант перавароту, ён спыняецца на здачы чырвоным Камітэтам паўстанскіх спраў беламу Камітэту. Справы здавалі Каліноўскі і Чаховіч. Чаховіч потым перайшоў працаваць у Белы Камітэт. Каліноўскі, па словах Гейштора, ахвотна дапамагаў Беламу Камітэту. Адным словам, Я. Гейштор хоча зрабіць уражаньне на чытача што ўсё абышлося лагодна, што вялікай, карэннай зьмены не адбылося. Зразумела, у сапраўднасьці справа стаяла зусім ня так гладка.
Пасьля захопу ўлады Белы Камітэт адразу даў новы тон політыцы. Пачалося з устанаўленьня межаў паміж Варшаваю і Вільняю. У сваіх успамінах (Т. І, стар. 252) Я. Гейштор аб гэтым піша так: „Наконт палуднёвых паветаў Горадзеншчыны Віленскі (чырвоны. У. І.) Камітэт спрачаўся з Народным (Варшаўскім. У. І) Жондам. Жонд хацеў далучыць іх да Польшчы, а Літвіны (Віленскі Чырвоны Камітэт. У. І.) стаялі за цэласьць Літвы. Першай нашай (Белага Камітэту. У. І.) справай было застаўленьне на поўную волю Народнага Жонду, калі ён хоча забраць і цэлую Горадзеншчыну, якая ляжыць паміж Вільняю і Варшаваю, бо распараджэньні Жонду там магчыма атрымаць хутчэй з Варшавы, чым з Вільні. Мы лічылі сябе за адзіную Польшчу. Справа ішла толькі аб посьпеху, аб знаёмасьці з мясцовымі ўмовамі. Мы хацелі зьнішчыць той сэпаратызм, які зьяўляецца адным з нашых адвечных він, якою мы, Літвіны, пераважна грашым“.
Як відаць з вынятку, белыя ў першую чаргу заняліся барацьбою проці сэпаратызму Вільні ад Варшавы. Гэта зусім зразумела, калі мы прымем пад увагу, што ў даны момант кіраўніцтва ў Варшаўскім Народным Жондзе было белае. Трэба думаць, што пры чырвоным кіраўніцтве ў Варшаве белыя на Беларусі трымаліся-б зусім іначай.
Каб адвязацца ад чырвоных, Белы Камітэт пастараўся разаслаць іх у провінцыю на нязначныя або на выканаўчыя ролі, на чорную, так сказаць, працу. К. Каліноўскага назначылі ўрадавым камісарам у Горадзеншчыну. Л. Зьвярждоўскага, які зноў зьявіўся на Беларусь, паслалі камісарам і начальнікам аддзелаў у Магілёўшчыну. Малахоўскага пакінулі ў Вільні на другараднай ролі. 31-га сакавіка Выканаўчы Аддзел выдаў адозву да землякоў-літвіноў, у якой заклікаў іх да ўдзелу ў паўстаньні і да аб‘яднаньня іх з палякамі. Погляд на паўстаньне ў белых на Беларусі той самы, што і ў белых у Польшчы. Паўстаньне павінна ахапіць усю тэрыторыю Беларусі і Літвы, каб па пралітай паўстанскай крыві можна было вызначыць межы будучай Польшчы. Што датычыць рэалізацыі межаў, то гэта будзе зроблена не паўстаньнем, а чужаземнай дыплёматыяй, а ў лепшым выпадку чужаземнай інтэрвэнцыяй. Сацыяльны бок паўстаньня затушоўваецца, падкрэсьліваецца політычны бок. Белы Выканаўчы Аддзел лічыць патрэбным уцягнуць у паўстаньне земляўласьніцкую шляхту. Зразумела, гэта магчыма толькі пры ўмове адсутнасьці рэзкай і яснай пастаноўкі сялянскага пытаньня ў бок аграрнай рэволюцыі. Прыцягненьне да паўстаньня земляўласьніцкай шляхты такою цаною прывяло да таго, што сялянства засталося збоку і масава ня было ўцягнута ў паўстаньне. На гэтым грунце царскі ўрад потым будзе будаваць сваю політыку, нацкоўваючы сялян на паўстанцаў. Чырвоным, што былі накіраваны на другарадныя ролі, было вельмі цяжка, нават амаль-што немагчыма выпростваць лінію паўстаньня, скрыўленую політыкаю белага Аддзелу. Здача кіраўніцтва белым і праца пад іх кіраўніцтвам зусім зьвяла на нішто ролю і значэньне чырвоных як у Польшчы, так і на Беларусі.
Захапіўшы ўладу і кіраўніцтва паўстаньнем на Беларусі ў свае рукі, белы Кіраўнічы Аддзел стараўся на мясцох насадзіць сваіх людзей, здымаючы з пасад усіх прызначаных Чырвоным Камітэтам. Былі разьмеркаваны абавязкі і ў Аддзеле сярод яго членаў. Старшынёю Аддзелу быў абраны Я. Гейштор, прызнаны на гэтай пасадзе і Варшаўскім Народным Жондам. Апроч таго, Гейштору было даручана кіраваньне ўнутранымі справамі, забясьпечаньне паўстанскіх аддзелаў харчамі, амуніцыяй і зброяю і агульны нагляд над імі. В. Старжынскаму Аддзел даручыў агульнае політычнае кіраўніцтва і чужаземныя справы. Старжынскі ня прымаў непасрэднага ўдзелу ў справах Аддзелу і нават ня жыў у Вільні. Еленскаму было даручана весьці грашовую частку. Пасаду начальніка места Вільні заняў Аскерка. Яго намесьнікам быў назначаны Малахоўскі, які пры Чырвоным Камітэце займаў пасаду начальніка места. Як ужываліся белы шэф з сваім чырвоным намесьнікам, мы ня ведаем. Трудна думаць, што адносіны паміж імі былі добрыя. Але ўва ўсякім выпадку самы факт згоды на супрацоўніцтва гаворыць аб дробнабуржуазнай нявытрыманасьці лініі і згодніцтва нават такіх яўна выразных крайніх: чырвоных, як К. Каліноўскі і У. Малахоўскі. Магчыма думаць, што, будучы намесьнікам Аскеркі, Малахоўскі нічога не рабіў. Прынамсі так выходзіць, мяркуючы па словах О. Авэйдэ. «В Вильне, в этом центре деятельности провинциальной власти Отдел не образовал совершенно никакой организации. Особенного начальника города не было вовсе: член Отдела Оскерко сам исполнял его обязанности. Он имел в городе обширные связи, но эти связи нисколько не походили на нашу Варшавскую организацию. Люди исполняли все, приказываемое Оскеркой, как друзья, а не как чиновники восстания. Говорю это с тем большим убеждением, что имел случай лично в том удостовериться. Виленская городская организация стала образовываться уже после арестования Оскерки, в июне месяце, под руководством его преемника, молодого, энергичного революционера инженера В. Малаховского“.[6] З вынятку ясна, што Малахоўскі пачаў працаваць толькі пасьля таго, як белы Аддзел праваліўся і чырвоныя зноў утварылі Камітэт. З усёй „дзейнасьці“ самога Аскеркі нам вядома толькі, што для ўзмацненьня і пашырэньня паўстаньня на Беларусі ён па даручэньню Варшаўскага Жонду і Віленскага Аддзелу ўвайшоў у зносіны з Пецярбурскай рэволюцыйнай польскай організацыяй.
- ↑ Родны брат Ю. К. Яноўскага, аўтара ўспамінаў.
- ↑ О. Авейде. Записки о польском восстании 1863 г., ст. 11.
- ↑ О. Авейде. Записки о польском восстании 1863 г., ст. 18, 23.
- ↑ Dzieje 1863 roku, przez autora “Historyi dwoch lat”. T. III. Krakow. 1902, стар. 32
- ↑ М. Лангевіч агаласіў дыктатуру 11-га сакавіка 1863 г.
- ↑ О. Авэйдэ. Записки о польском восстании 1863 г., ст. 72-73