1863 год на Беларусі (1930)/16
← Перамены ў Варшаўскім і Віленскім камітэтах | Загранічны Пецярбурскі Аддзел Гістарычная праца Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі 1930 год |
Выбух паўстаньня каля Дзьвінску → |
ЗАГРАНІЧНЫ ПЕЦЯРБУРСКІ АДДЗЕЛ.
Раней мы ўжо гаварылі аб разьвіцьці рэволюцыйнага руху як наогул у Расіі, так і прыватна ў Пецярбургу. У сувязі з расійскім рэвалюцыйным рухам разьвіваўся ў Пецярбургу і польскі рэволюцыйны рух, захапіўшы моладзь, што прыехала ў сталіцу для вучэньня як з Польшчы, так і з тых губэрань, якія калісь уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай Польскай. Польскія рэволюцыйныя гурткі складаліся як з студэнтаў, так і з афіцэраў ваеннай акадэміі і іншых вайсковых школ. Пецярбург ужо перад паўстаньнем быў тым рэзэрвам, з якога рэволюцыйны рух у Польшчы браў рэволюцыйныя сілы. Пецярбург даў паўстаньню такіх відных рэволюцыянэраў, як Яраслаў Дамброўскі, Оскар Авэйдэ, Кастусь Каліноўскі, Людвік Зьвярждоўскі, З. Серакоўскі і інш. Апроч вучнёўскай моладзі, у Пецярбургу жыло шмат палякаў і наогул ураджэнцаў так званых заходніх губэрань, што займалі розныя пасады ў дзяржаўных установах расійскай сталіцы. Часам гэта былі пасады вельмі высокія і адказныя. Рэволюцыйны рух ня мог не закрануць і гэтых урадоўцаў. Часам яны прымалі непасрэдны ўдзел у працы гурткоў, часам проста спачувалі рэволюцыйнаму руху і дапамагалі яму сродкамі, памяшканьнямі, сваімі сувязямі і г. д. Дзякуючы гэтым „спачуваючым“, рэволюцыйныя гурткі маглі яшчэ лепш законсьпіравацца, здабываць сродкі і яшчэ шырэй распаўсюджваць сваю дзейнасьць.
Да пачатку паўстаньня, як мы ўжо гаварылі вышэй, дзейнасьць гурткоў насіла больш пропагандыцка-культурніцкі напрамак. Сябры гурткоў зьбіраліся, чыталі і пашыралі забароненую як польскую, так і расійскую падпольную літаратуру, узмацнялі свой сьветапогляд, спрачаліся аб шляхох рэволюцыі і г. д. Толькі паасобныя сябры гурткоў, як напрыклад, пералічаныя вышэй, злучалі тэорыю з практыкай рэволюцыі. Справа павінна была зьмяніцца з пачаткам паўстаньня. Гурткі ад слоў павінны былі перайсьці да справы. Яны павінны былі і організацыйна перабудавацца на больш консьпірацыйных асновах і прыстасавацца да непасрэдных патрэб распачатага паўстаньня, якія яны павінны былі задавальняць па меры сваіх сіл і магчымасьцяй.
Зносіны паміж тэрыторыяй, ахопленай паўстаньнем, і паасобнымі рэволюцыйнымі гурткамі Пецярбургу ажывіліся. Варшава і Вільня зьвярнулі яшчэ большую ўвагу на прыстасаваньне рэволюцыйнага руху ў Пецярбурзе да патрэб паўстаньня. У першую чаргу трэба было прыдаць рэволюцыйным гуртком большую концэнтрацыю і організацыйна зьвязаць іх з паўстанскім цэнтрам. Ужо ў пачатку лютага 1863 году Пецярбурская польская рэволюцыйная організацыя была зьвязана з Варшаўскім Цэнтральным Камітэтам-Жондам, як яго філіяльны аддзел, і атрымала назву Замежнага Пецярбурскага Аддзелу Варшаўскага Жонду. Замежным Пецярбурскі Аддзел быў названы так дзеля таго, што ён знаходзіўся па-за межамі былой Рэчы Паспалітай Польскай.
Потым распачаліся перагаворы Варшаўскага Народнага Жонду з вядомым ужо нам Ёзафатам Агрызкаю аб тым, каб ён згадзіўся стаць на чале рэволюцыйнай справы ў Пецярбурзе. Агрызка ня прымусіў сябе доўга ўгаварваць. Ужо ў сярэдзіне лютага аб яго згодзе было даведзена да ведама Варшаўскага Жонду. Член Жонду Стэфан Баброўскі адразу выслаў на імя Агрызкі офіцыйнае прызначэньне на пасаду галоўнага агента Народнага Жонду ў Пецярбурзе і начальніка Загранічнага Пецярбурскага Аддзелу. Адначасна была выслана яму і адпаведная пячатка. На аснове спэцыяльнай інструкцыі, атрыманай з Варшавы, Пецярбурскі Аддзел павінен быў весьці пастаянныя зносіны з расійскімі рэволюцыйнымі організацыямі, зьбіраць матар‘яльныя сродкі для паўстанскіх мэтаў, весьці агітацыю сярод опозыцыйна настроеных афіцэраў, каб яны кідалі расійскую службу і ішлі ў шэрагі паўстанцаў. Аддзел, організуючы пасылку на тэрыторыю паўстаньня афіцэраў, павінен мець на ўвазе ў першую чаргу тэрыторыю Літвы і Беларусі. Апроч Ёзафата Агрызкі ў Пецярбурскім Аддзеле працавалі, як члены Аддзелу — Э. Гундзіл, інжынэр-падпаручнік, У. Касоўскі — паручнік артылерыі і Тадэуш Апоцкі — урадовец адной з цэнтральных пецярбурскіх устаноў. Усё гэта былі энэргічныя, дзейныя працаўнікі і вельмі добрыя консьпіратары.
Бязумоўна, самаю выдатнаю фігураю ў Замежным Пецярбурскім Аддзеле быў Ёзафат Агрызка. Займаемая ім відная і адказная пасада віцэ-дырэктара дэпартаманту неакладных збораў у міністэрстве фінансаў грунтоўна законсьпіроўвала яго нелегальную рэволюцыйную працу. Сваю аўтобіографію ён даволі дэтальна апісвае ў паказаньнях перад судом. „Выхоўваўся я ў бацькоў у Барысаўскім павеце Менскай губэрні. Яны для майго выхаваньня трымалі настаўніка па прозьвішчы Піотуха. Потым я вучыўся ў Лепельскай павятовай школе Віцебскай губэрні, куды паступіў у 1837 годзе. Скончыўшы чатыры клясы павятовай школы, у 1841 годзе, я паступіў у пятую клясу Менскай гімназіі, якую скончыў у 1844 годзе. Пры выпуску за добрыя посьпехі ў расійскай мове мне было нададзена права на атрыманьне чына 14 клясы пры паступленьні, на дзяржаўную службу. Знаходзячыся ў павятовай школе і ў гімназіі, на коляды і на вялікдзень, а таксама і на летнія вакацыі я езьдзіў да бацькоў. Дзякуючы беднасьці маіх бацькоў ужо ў павятовай школе я быў прымушаны быць рэпэтытарам пры дзецях настаўніка нямецкай мовы Бэрмана. У гімназіі я таксама ўтрымоўваў сябе прыватнымі лекцыямі: з 1841 году да ліпня 1842 году я быў дамовым настаўнікам пры сыне былога губэрскага страпчага Семянкевіча, а з паловы 1842 году да сканчэньня гімназіі я быў настаўнікам пры дзецях Бардскага, што быў у тыя часы сакратаром Менскага дэпутацкага сабраньня. Па сканчэньні гімназіі я заставаўся ў Менску і, як раней, даваў прыватныя лекцыі дзецям Бардскага і аднаму з сыноў памешчыка Лапіцкага. У чэрвені 1845 году, пабачыўшыся з крэўнымі, я накіраваўся ў Пецярбург, дзе ў гэтым-жа годзе паступіў у унівэрсытэт, у якім праз 4 гады, г. зн. ў 1849 годзе, скончыў курс навук з годнасьцю кандыдата праў. На працягу ўсіх чатырох год свайго жыцьця ў унівэрсытэце і першыя часы пасьля сканчэньня яго я ўтрымоўваў сябе як на грошы, што засталіся ў мяне ад гімназіі, так і на лекцыі, якія я даваў тым, хто рыхтаваўся ў унівэрсытэт, у школу правазнаўства, у школу гвардзейскіх падпрапаршчыкаў і іншыя навучальныя ўстановы. На службу я залічыўся ў 1850 годзе[1]. Як мы бачым з аўтобіографіі Агрызкі, перад намі тыповы прадстаўнік розначыннай, дробнабуржуазнай інтэлігенцыі.
На службе Ё. Агрызка пасоўваўся вельмі шпарка. У 1863 годзе, як мы бачым, ён займае ўжо вельмі відную пасаду. Гэтая пасада дае яму магчымасьць глыбока законсьпіраваць сваю рэволюцыйную чыннасьць. Ня гледзячы на вельмі шырока разьвінутую чыннасьць Пецярбурскага Аддзелу, Агрызка быў зусім незападазроным на працягу 1863 і нават 1864 году. Толькі ў 1865 годзе яго скомпромэтавалі некаторыя паперы, што былі знойдзены ў аднаго паўстанца ў Вільні. „Віцэ-дырэктар“ настолькі быў па-за ўсякімі падазрэньнямі, што Мураўёву з вялікімі цяжкасьцямі ўдалося дабіцца арышту Агрызкі. Пасьля гэтага Агрызка быў пераведзены ў Вільню для дапросу ў спэцыяльнай сьледчай камісіі. Тут ён доўга трымаўся і не прызнаваўся ў сваім удзеле ў рэволюцыйнай чыннасьці. Калі камісія дабілася ад яго прызнаньня, дык ён гаварыў толькі аб сабе і нікога ня выдаў, ня гледзячы на ўсякага роду пагрозы і абяцаньні з боку членаў камісіі. Па суду ён быў прыгавораны да кары сьмерцю, якая была заменена 20-гадоваю катаргаю. Сваю кару Агрызка адбываў у турме ў Вілюйску, разам з вядомым расійскім рэволюцыянэрам Чарнышэўскім. Адбывалі яны катаргу ў вельмі цяжкіх умовах. Турма ў Вілюйску была як-бы магілаю для жывых людзей. Чарнышэўскаму ўдалося ўцячы з катаргі, а Агрызка адбыў тут свой тэрмін да канца. Сьведкі кажуць,[2] што турма-магіла памуціла розум Агрызкі, і ён вышаў з яе ненормальным чалавекам. Астатнія гады Агрызка пражыў у Іркуцку, дзе і памёр у 1890 годзе.
Чыннасьць Пецярбурскага рэволюцыйнага Аддзелу шырака разьвінулася. Аддзел наладзіў сувязь з расійскімі і польскімі гурткамі ў розных гарадох Расіі і падпарадкаваў польскія гурткі сабе. Аднэю з галоўных работ Аддзелу было зьбіраньне грошы сярод польскага жыхарства ў Расіі ў форме народнага падатку на паўстанскія патрэбы. Звычайна грошы, сабраныя ў Расіі, не перасылаліся ў Варшаву, а заставаліся ў Пецярбургу. Часам, праўда, пры нястачы грошы ў Вільні, Аддзел пасылаў неабходныя сумы туды. Найбольш грошы ішло на адпраўку, экіпіроўку і ўзброеньне тых афіцэраў, што пасылаліся на тэрыторыю паўстаньня ў партызанскія аддзелы. Афіцэры высылаліся амаль выключна на тэрыторыю Літвы і Беларусі. Мелася на ўвазе, што тэрыторыю ўласна Польшчы павінны падтрымліваць ў гэтых адносінах польскія рэволюцыйныя організацыі ў Заходняй Эўропе. Дзякуючы падтрыманьню Пецярбурскага Аддзелу Беларусь і Літва ніколі не адчувалі нястачы ў камандным складзе для паўстанскіх аддзелаў. За некалькі месяцаў паўстаньня на Беларусі і Літве Аддзел накіраваў туды ня менш тысячы афіцэраў. Гэтая лічба як нельга лепей сьведчыць аб энэргічнай працы Пецярбурскага Аддзелу па вярбоўцы афіцэраў. О. Авэйдэ ў сваіх запісках гаворыць, што афіцэраў на Беларусь і Літву было выслана так многа, што шмат іх Віленскім Аддзелам не магло быць выкарыстана і яны доўга заставаліся бяз працы. У такіх выпадках яны перапраўляліся на захад, на тэрыторыю Польшчы. Сярод афіцэраў, якія накіраваны Пецярбурскім Аддзелам на Беларусь, мы можам вызначыць: Серакоўскага, Міладоўскага, двох братоў Ляскоўскіх, Лышчынскага, Чарвінскага, двох братоў Малецкіх, Малахоўскага, Доўнара-Запольскага, Бараноўскага, Чэрняка, Гедройца, Хайноўскага, Маеўскага, Пагажэльскага, Рэбіндэра і інш. Усё гэта была моладзь, якая ўсе выгады і прывілеі афіцэра расійскай арміі прамяняла на бяздомнае, галоднае жыцьцё партызана-паўстанца. Многія з іх заплацілі за гэта дарагою цаною: хто загінуў у няроўнай бойцы, хто скончыў свае дні на шыбеніцы, хто быў засужданы на катаргу і выгнаньне.
Апроч вышэйвызначаных спраў, Пецярбурскі загранічны Аддзел выконваў час-ад-часу паасобныя даручэньні Варшаўскага Жонду, якія звычайна перадаваліся яму праз Віленскі Аддзел. Так, напрыклад, у красавіку 1863 году Пецярбурскі Аддзел атрымаў даручэньне дастаць топографічныя карты Польшчы, Літвы і Беларусі, выкананыя расійскім генэральным штабам. Зразумела, гэтых карт у продажы ня было, і іх трэба было даставаць вакольным нелегальным шляхам. Ня гледзячы на гэта, заданьне было пасьпяхова выканана, дзякуючы шырокім сувязям Аддзелу і яго грашовым сродкам. Праз два тыдні топографічныя карты ў поўным комплекту былі пераданы ў Вільню, а адтуль у Варшаву. З Варшавы карты былі перапраўлены ў Парыж. У Парыжы карты былі перадрукаваны. Частка іх засталася ў карыстаньні францускага генэральнага штабу, а частка была накіравана на тэрыторыю паўстаньня.
Праз нейкі час Пецярбурскаму Аддзелу было даручана здабыць з расійскага генэральнага штабу пляны крэпасьцяй, што знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, Літвы і Беларусі. Гэтае даручэньне было яшчэ цяжэй выканаць, бо пляны крэпасьцяй аберагаліся штабам яшчэ больш, чым топографічныя карты. Тым ня менш Агрызка здолеў выканаць і гэтае даручэньне. Пляны крэпасьцяй здабыў са штабу інжынэр-капітан Юзэф Каліноўскі (родны брат Кастуся Каліноўскага), які потым загадваў ваеннымі паўстанскімі справамі на Беларусі. Пляны былі перазьняты і праз Вільню і Варшаву накіраваны ў Парыж на выпадак францускай інтэрвэнцыі, у якую верылі паўстанцы таго часу пад уплывам белых.
Самая энэргічная дзейнасьць Пецярбурскага Аддзелу падае на вясну і лета 1863 году. У пачатку восені чыннасьць яго слабне, што выклікаецца вялікаю тратаю людзей і сродкаў на працягу ранейшага часу. Уладыслаў Малахоўскі, адзін з выдатнейшых супрацоўнікаў Кастуся Каліноўскага ў часы яго чырвонай дыктатуры, у жніўні выехаў у Пецярбург у справах паўстаньня. Тое, што ён пабачыў у польскіх рэволюцыйных колах Пецярбургу, зрабіла на яго дрэннае ўражаньне. Ён лічыў, што Пецябурскі Аддзел зрабіўся зусім нядзейным, што Ё. Агрызка зрабіўся зусім неэнэргічным і нават палахлівым. Усё гэта ён напісаў у сваім лісьце да К. Каліноўскага і нават ставіў прапановы зьняць з Агрызкі абавязак начальніка Замежнага Пецябурскага Аддзелу і даручыць гэты абавязак больш рашучаму і энэргічнаму чалавеку. Такім чалавекам У. Малахоўскі лічыў Рымовіча, што быў доктарам пры статс-сакратару Царства Польскага ў Пецярбургу. Магчыма, што гэтая прапанова аб адхіленьні ад выкананьня абавязкаў Ё. Агрызкі, атрымаўшага прызначэньне на пасаду ад белага Жонду, стаяла ў сувязі з тым, што кіраўніцтва паўстаньнем у восень 1863 году было ўжо ў руках крайніх чырвоных, і яны імкнуліся на ўсе важнейшыя пасады пасадзіць спачуваючых ім людзей.
Адначасна з гэтым у лісьце да К. Каліноўскага Ў. Малахоўскі піша і аб сумным становішчы справы ў расійскіх рэволюцыянэраў, з якімі ён аднавіў сувязі ў Пецярбургу. Па думцы Малахоўскага яны „ня толькі ня могуць падтрымаць паўстаньня на захадзе імпэрыі, але самі патрабуюць падтрыманьня. Малахоўскі лічыць, што рэволюцыянэраў у Пецярбургу трэба абавязкова падтрымаць, бо гэта будзе карысна агульнай рэволюцыі. Для гэтай мэты ім трэба пераслаць з Вільні станок для падпольнай друкарні і грашовую дапамогу. К. Каліноўскі ў асноўным згадзіўся з прапановаю Малахоўскага адносна дапамогі расійскім рэволюцыянэрам у Пецярбургу. Была наладжана пасылка з Вільні ў Пецярбург ручной друкарні. Аднак гэтая друкарня ў Пецярбург так і не папала. Віленская жандармэрыя прасачыла ўсю справу і заарыштавала як друкарню, так і тых людзей, што былі пры ёй у момант яе адпраўкі на Віленскім вакзале. Што датычыць грашовай дапамогі, дык яна, здаецца, зусім ня была выслана.
Яшчэ пачынаючы з сярэдзіны сакавіка ў Пецябурскім Аддзеле па даручэньні Белага Віленскага Аддзелу распрацоўваўся ваенны плян паўстаньня на Беларусі і Літве. У Пецярбургў былі ўсе даныя для добрай распрацоўкі пляну, бо там было даволі ваенных спэцыялістых, якія адпавядалі па сваёй кваліфікацыі ўскладзенаму на іх заданьню. Адпаведнасьць за распрацоўку пляну была ўскладзена на Зыгмунда Серакоўскага, які ў далейшыя часы, па думцы Віленскага Аддзелу, павінен быў стаць на чале ўсяго паўстаньня на Літве і Беларусі.
З імем Серакоўскага мы спатыкаліся ўжо значна раней. Гэта быў рэволюцыянэр вельмі памяркоўнага чырвонага напрамку. Тое, што ён па сваіх перакананьнях належаў да памяркоўнай чырвонай групы, значна спрашчала яго адносіны для белага Віленскага Аддзелу і Варшаўскага Жонду.
Серакоўскі паходзіў з дому дробна-земляўласьніцкай шляхты Луцкага павету Валынскай губэрні. Яго бацька прымаў чынны ўдзел у паўстаньні 1831 году і быў забіты ў аднэй бойцы паўстанцаў з расіянамі. Зыгмунт Серакоўскі, пасьля сканчэньня Жытомірскае гімназіі ў 1845 годзе паступіў у Пецябурскі унівэрсытэт. Тут ён адразу пачаў выяўляць сябе, як опозыцыянэр, радыкальна-дэмокрытычнага напрамку. Будучы ўжо на трэцім курсе, Серакоўскі быў арыштаваны ў той момант, калі ён зьбіраўся перайсьці аўстрыйскую граніцу. Што прымусіла яго да переходу на аўстрыйскую (галіцыйскую) тэрыторыю не вядома. Пасьля даволі доўгага зьняволеньня ў турме, раней у Кіеве, потым у Пецярбургу, адміністрацыяй была выкрыта яго політычная нядобранадзейнасьць, і ён быў высланы ў Арэнбурскія лінейныя батальёны ў якасьці звычайнага салдата. Тут ён даслужыўся да афіцэрскага чыну, быў амніставаны і ў 1857 годзе паступіў у Пецябурскую Акадэмію Генэральнага Штабу. Будучы ў акадэміі, Серакоўскі зноў аднавіў сувязі з рэволюцыйнымі гурткамі і іграў у іх даволі значную ролю. Чынны ўдзел у рэволюцыйным руху не перашкаджаў яму, аднак, добра вучыцца ў Акадэміі і пасьпяхова рабіць ваенную кар‘еру.
Пасьля сканчэньня акадэміі, ён, як таленавіты і акуратны афіцэр, быў прыкамандыраваны да ваеннага міністэрства ў якасьці ад‘ютанта самога ваеннага міністра Мілюціна. Тут ён прымаў удзел у складаньні проекту ваеннага карнага кодэксу, які насіў у тыя часы „лібэральны“ характар. Часта Серакоўскаму па службовых справах прыходзілася бываць на кватэры міністра і тут у час прыватных гутарак закранаць польскае пытаньне. Серакоўскі трымаў сябе вельмі консьпіратыўна, і расійскаму ваеннаму міністру ніколі не магла прыходзіць у галаву думка, што ён мае справу з удзельнікам рэволюцыйнага руху і будучым паўстанскім ваяводай на Беларусі і Літве. Наадварот, Серакоўскі з кожным днём усё больш і больш заваёўваў даверу ваеннага міністра. У 1861 годзе міністэрства ваенных спраў дало Серакоўскаму замежную службовую камандыроўку, раней у Лёндан на міжнародны статыстычны конгрэс, потым у Парыж і Алжэр для знаёмства з рэформаю карнага ваеннага кодэксу ў Францыі і яе колёніях. Ня гледзячы на так бліскуча распачатую ваенную кар‘еру, З. Серакоўскі застаецца верным сваім рэволюцыйным перакананьням. Сваю замежную камандыроўку ён выкарыстоўвае для таго, каб устанавіць неабходныя сувязі з выдатнейшымі рэволюцыянэрамі таго часу. У бытнасьць сваю за межамі Расіі ён пазнаёміўся з Мадзіні, Гарыбальдзі, Герцэнам, Мераслаўскім і інш. Таксама былі ім наладжаны сувязі з больш шырокімі коламі польскай чырвонай і белай эміграцыі. Па дарозе з-за мяжы Серакоўскі заяжджаў у Варшаву і Вільню, дзе пабачыўся з выдатнейшымі кіраўнікамі будучага паўстаньня ў Польшчы, на Беларусі і Літве. Апроч таго, па даручэньню свайго патрона ваеннага міністра, Серакоўскі зрабіў агляд цытадэляй Віленскага ваеннага округу, Берасьця, Дзьвінску і інш. Зразумела ўсё гэта магло прыдацца і прыдалося яму ў час паўстаньня.
У пачатку другой палавіны сакавіка 1863 года Серакоўскі прыняў ад Віленскага Аддзелу прызначэньне на пасаду ваеннага начальніка над узброенымі паўстанскімі сіламі ўсёй Беларусі і Літвы. Ён вышаў у адстаўку з расійскай службы і прыехаў у Вільню. Тут ён падаў на зацьвярджэньне Віленскага Адзелу той ваенны плян паўстаньня на Літве і Беларусі, які быў распрацаваны ім яшчэ ў Пецярбургу. Аддзел зацьвердзіў паданы плян з некаторымі зусім невялікімі зьменамі і дадаткамі.
Плян быў пабудаваны згодна пашыранага тады „белага“ прынцыпу, што кроў паўстанцаў павінна вызначыць межы будучай Рэчы Паспалітай Польскай, што паўстаньне не пабудуе будучую Польшчу, а што гэта зробіць чужаземная дыплёматыя і інтэрвэнцыя. Такі погляд на паўстаньне быў вынікам белага ўплыву і кіраўніцтва паўстанскім рухам. Паводле гэтага плян імкнуўся захапіць у абшар паўстаньня як-мага большую тэрыторыю. У гэтым, бязумоўна, яго вялікі і політычны і тактычны недахоп.
Па пляну найраней трэба было заняць крэпасьць Дзьвінск. Гэта зрабіла-б вялікае ўражаньне як на тэрыторыі паўстаньня, так і ў Заходняй Эўропе. Серакоўскі, які раней быў у Дзьвінску, ведаў усе слабыя бакі гэтай крэпасьці. Яна ўва многіх мясцох была зусім зруйнавана і ахоўвалася слабым гарнізонам. Апрача таго, крэпасьць магчыма было ўзяць хітрасьцю. Як раз у Дзьвінску магчыма было дастаць дазвол на рамонт касьцёлу на тэрыторыі самой крэпасьці. У якасьці рабочых трэба было паставіць на працу пераапрануты паўстанскі аддзел, які ў вызначаны час мог-бы зрабіць напад на крэпасьць знутры. У гэтым аддзелу дапамогуць політычныя вязьні крэпасьці, якіх у час нападу трэба вызваліць. Звонку нападуць на Дзьвінск паўстанскія аддзелы, што хаваюцца ў ваколічных лясох. Пасьля заняцьця Дзьвінску паўстанцы павінны будуць устанавіць сталыя зносіны з узьбярэжжам Балтыцкага мора, каб атрымліваць э захаду зброю морскім шляхам. Адзін транспорт зброі па атрыманых вестках ужо выплыў з Англіі пад начальствам нейкага Лапіцкага. Пецярбург будзе даваць паўстаньню камандны склад, а Заходняя Эўропа даставіць зброю, якую немагчыма было дастаць у вычарпальнай колькасьці праз Пецярбурскі Аддзел.
Сам З. Серакоўскі павінен быў стала заснавацца ў Жмудзі. Тут павінна быць галоўная кватэра начальніка ўзброеных паўстанскіх сіл, якая адыграе ролю як-бы зборнага месца для ўсіх паўстанскіх аддзелаў. Тут будзе формавацца рэгулярная армія паўстаньня. Спачуваньне паўстаньню жмудзкага сялянства дасьць магчымасьць у першыя часы прахарчаваць армію і папоўніць яе склад. Непраходныя лясы і балоты Жмудзі, што робяць гэтую краіну недаступнай, будуць абараняць формуючуюся паўстанскую армію ад нападу расійскага войска. Пасьля сформаваньня і навучаньня армія будзе выдзяляць з сябе паасобныя аддзелы для барацьбы з расійскімі войскамі ў іншых мясцовасьцях. Калі да гэтага дадаць, што Дзьвінская крэпасьць будзе ў руках паўстанцаў, то можна быць запэўненым, што паўстанская армія вытрымае націск расійскай арміі.
На ўсходзе трэба зьвярнуць увагу на Магілёўскую губэрню. Тут у Магілёве, знаходзіўся артылерыйскі парк і ў Горы-Горках Земляробскі Інстытут з дапаможнымі школамі. Па пляну трэба было захапіць гэтыя два пункты. У Горках студэнты Інстытуту і вучні дапаможных пры ім школ складаліся на 75% з палякаў і беларусоў, настроеных рэволюцыйна. Яны ўзмоцняць паўстанскі аддзел агітацыйнымі сіламі. З Магілёўшчыны паўстанцы павінны будуць рушыць на ўсход, у Расію. Пры паходзе праз Расію яны будуць падымаць проці царскага ўраду сялян, уцягваючы іх у паўстаньне. Апроч таго, трэба ўцягваць у рух нерасійскія народы, якія будуць падымацца проці царызму за сваё нацыянальнае вызваленьне. Паўстанцы ў сваім паходзе павінны трымаць курс на Казань, дзе ў гэты час польскія рэволюцыянэры разам з расійцамі падымуць проці расійскага ўраду татараў. Уся Волга загарыцца агнём паўстаньня, як гэта было ў часы Пугачоўскага руху.
Такі быў плян. У ім многа энтузыязму і пад‘ёму, але мала практычнасьці. Плян прабуе абаперціся на сялянства ў той час як на чале кіраўніцтва паўстаньня стаіць кіраўнічы Белы Аддзел, што як раз ня толькі не ўцягнуў, але адштурхнуў сялянства, як масу, ад паўстанскага руху. Шырыня захопленай плянам тэрыторыі таксама рабіла яго нярэальным.