1863 год на Беларусі (1930)/20
← А. Мацкевіч і кампанія З. Серакоўскага-Далэнгі | Дзейнасьць іншых паўстанскіх груп на Беларусі вясною 1863 г. Гістарычная праца Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі 1930 год |
Прыезд на Беларусь Мураўёва-вешальніка → |
ДЗЕЙНАСЬЦЬ ІНШЫХ ПАЎСТАНСКІХ ГРУП НА БЕЛАРУСІ ВЯСНОЮ 1863 ГОДУ.
У сувязі з рэалізацыяй пляну Серакоўскага і паралельна з ім вясною 1863 году на Беларусі адбываецца дзейнасьць цэлага шэрагу паўстанскіх груп. Гэтая дзейнасьць амаль-што зусім ня вывучана, і мы ня маем магчымасьці сыстэматычна спыніцца на ёй. Мы пастараемся ахапіць толькі самыя галоўныя паўстанскія групы і толькі некаторыя іх сутычкі з расійскімі аддзеламі.
У Віленшчыне галоўнае кіраўніцтва паўстанскімі групамі знаходзілася ў руках былога расійскага афіцэра Вінцэнта Козелы. Апроч яго галоўнай групы, у Віленшчыне дзейнічалі меншыя групы паўстанцаў, на чале якіх стаялі Віслаўх, Альбэртынскі, Горадзенскі, Бакшанскі і інш. Мы спынімся на некаторых бойках паміж паўстанцамі і расійскімі войскамі, што адбыліся на тэрыторыі Віленшчыны. У канцы сакавіка (21 па старому стылю) адбылася бойка пад маёнткам Куроўскага-Сьвечкі, у Вілейскім павеце. Паўстанскі аддзел складаўся з некалькіх дзесяткаў чалавек, узброеных паляўнічымі стрэльбамі і косамі. На чале аддзелу стаяў Бакшанскі. Пасьля зацятай бойкі паўстанцы былі разьбіты: чатыры чалавекі былі забіты, некалькі чалавек паранена і ўзята ў палон, а рэшта разьбеглася. Частка з іх уцякла ў Меншчыну. „По донесению местной полиции, при всех принятых мерах, в Минском уезде никто из этих разбежавшихся мятежников не открыт“.[1] Трэба зазначыць, што ваколічнае сялянства не спачувала паўстанцам. Сяляне вёсак Сямернікаў і Хажова дабівалі параненых паўстанцаў, лавілі ўцекачоў і разрабавалі дашчэнту двор Сьвечкі.[2] На чале сялян стаяў нейкі Сабось, валасны старшыня з Маладэчна.
У сярэдзіне сакавіка адбылася сутычка паўстанскай групы з урадавымі войскамі пад Міткішкамі. Паўстанцы вышлі з-пад Вільні і спаткаліся з аддзелам, на чале якога стаяў палк. Алханаў. Група была разьбіта, паўстанцы разьбегліся. 16 красавіка адбылася сутычка ў Жыжморскім лесе. 14 і 15 мая адбываліся зацятыя бойкі з аддзелам Траўгута каля карчмы Міхаліны, Віленскага павету. Аддзел Траўгута перакінуўся сюды з Горадзеншчыны. Пасьля ўпартага супраціўленьня паўстанцы разьбегліся 18 мая (па старому стылю) буйны аддзел паўстанцаў, каля 200 чалавек, напаў на мяст. Шырвінты Віленскага павету. У той-жа самы дзень яшчэ буйнейшы паўстанскі аддзел, які складаўся больш як з 300 чалавек, напаў на мяст. Даўгінава Віленскага павету. У нас пад рукамі няма матар‘ялаў, і мы нічога ня можам сказаць аб дэталях гэтых двух нападаў. На тэрыторыі Віленшчыны вясною адбылася яшчэ даволі нашумеўшая бойка ў Янчэўскай пушчы пад Жосьлямі. Паўстанцы пад начальствам Віслаўха ў гэтых дзьвюх бойках мелі поўную перамогу над расійскімі аддзеламі.
Партыя Вінцэнта Казелы хадзіла па Вілейскаму павету і найчасьцей паказвалася каля Лукаўца і Даўгінава, у лясох, сумежных з Барысаўскім паветам. Аддзел Казелы складаўся з дробнай шляхты і вучнёўскай моладзі, сялян было зусім мала. Усяго ў аддзеле налічвалася каля 300 чалавек. Аддзел рабіў напады на пошты, на дробныя расійскія часьці, псаваў дарогі і масты, наогул уносіў у жыцьцё дэзорганізацыю. Каб скончыць з паўстанскім аддзелам Казелы, проці яго быў накіраваны моцны ўрадавы аддзел, які складаўся з пяці рот пяхоты. Супраціўнікі сышліся каля вёскі Владыкава, Вілейскага павету, 16 мая 1863 году. Адбылася зацятая бойка, якая цягнулася чатыры гадзіны. Паўстанцы, ня гледзячы на тое, што яны былі значна горш узброены, не пакідалі пляцу бою. Страты з абодвух бакоў былі вялікія. Па офіцыйных расійскіх даных на пляцы бою забітых паўстанцаў засталося 70 чалавек. Ня вытрымаўшы націску, паўстанцы ўрэшце кінуліся ўцякаць. Пад абстрэлам расійскага аддзелу яны павінны былі пераплыць рэчку Ілію, што выклікала з іх боку таксама значныя страты. Жандарскі штаб-афіцэр Менскай губэрні даносіць шэфу жандараў аб гэтым так: „Мятежники, спасаясь бегством, бросились вплавь под выстрелами через реку Илию, где их погибло более ста человек вместе с предводителем шайки Козелом. В плен взято 13 и ксёндз один; захвачено знамя, ружей 68, много пистолетов, сабель и другого оружия, лошадей 10 и разные бумаги. С нашей стороны убито нижних чинов 7, ранено 33, из офицеров ранены Великодуцкого пехотного полка, поручик Воронков и прапорщик Данилов, а полковник Галл контужен в голову и шею“.[3] Трэба думаць, што гэты офіцыйны докумэнт павялічвае страты паўстанцаў (якіх ён называе, па казённай номэнклятуры таго часу, „шайкай мятежников“) і зьмяншае страты расійцаў, каб зрабіць перамогу над паўстанцамі больш бліскучай.
Жандары па Віленскай губэрні вельмі сачаць за настроямі сялянства і за адносінамі яго да паўстанцаў.[4] З адносьніку Віленскага жандарскага штаб-афіцэра Лосева мы даведваемся, што паўстанцы вядуць сябе вельмі тактоўна ў адносінах да сялян, што яны акуратна аплачваюць гатоўкаю ўсе тыя выдаткі, якія робяцца для іх сялянамі. Зусім іначай стаіць справа з расійскімі аддзеламі: яны ў зварот выдаткаў даюць сялянам толькі контрамаркі, якія ня маюць ніякай рэальнай каштоўнасьці. Яшчэ горш робяць казацкія аддзелы, якія ўсё патрэбнае ім бяруць у сялян сілком і нічога ня плацяць. Лосеў вельмі непакоіцца аб тым, што пры такіх умовах трудна чакаць ад беларускага сялянства праўдзіва-патрыятычных адносін да расійскага ўраду. Так думае Віленскі жандарскі штаб-афіцэр у красавіку 1863 году. У пачатку мая непакоіцца аб беларускім сялянстве ўжо IV округ корпусу жандараў, што знаходзіцца ў Віленскай губэрні. З данясеньня яго ў Пецярбург на імя шэфа жандараў мы даведваемся, што сяляне, якія да тых часоў былі вернымі расійскаму ўраду, пачынаюць хістацца, бо бачаць, што ўрад ня мае моцы абараняць іх ад паўстанцаў. Далей аўтар данясеньня дадае, што ўжо былі прыклады, калі да паўстанцаў далучаліся сяляне, якія потым пападалі ў палон расійскім часьцям. Гэтыя даныя гавораць аб тым, што калі сялянства ў сваёй масе за паўстанцамі не пайшло, то былі паасобныя групы сялянства, якія ня толькі пасыўна спачувалі паўстаньню, але прымалі ў ім актыўны ўдзел.
У Меншчыне, па данясеньнях губэрскага жандарскага штаб-афіцэра, паўстанскі рух павялічыўся з сярэдзіны красавіка. Паўстанскім ваяводаю Меншчыны ў пачатку быў буйны земляўласьнік Пялікша, які не выяўляў ніякай актыўнасьці. Потым яго месца заняў больш актыўны Гэктар Лапіцкі. Губэрскім ваенным камісарам Меншчыны быў буйны земляўласьнік з Ігуменшчыны Баляслаў Сьвентаржэцкі. Па розных мясцох губэрні ходзяць паўстанскія групы, якія, перакідаючыся з месца на месца, робяць напады на расійскія аддзелы. Усяго на Меншчыне налічваецца каля 20 паўстанскіх груп. То там, то сям адбываюцца пэрыодычныя абрабаваньні казначэйстваў і пошт, псаваньне тэлеграфу, мастоў і шляхоў. З начальнікаў паўстанскіх груп у Меншчыне вядомы: Ляскоўскі, Карказовіч, Сушчэвіч, Трус, Рушчыц, Каваль, Траўгут, Вэндорф, Матэўскі і інш.
Спынімся на некаторых бойках і сутычках на Меншчыне. У пачатку красавіка зьявіліся дзьве невялікія паўстанскія групы ў Наваградзкім павеце. Адна была пад камандаваньнем былога штабс-капітана Шалевіча; яна налічвала ў сваім складзе каля 50 чалавек. Другая паўстанская група, якая складалася з 60 чалавек, была пад камандаваньнем Наваградзкага ксяндза Лашкевіча і памешчыка з мястэчка Сенна Паслоўнага. Абедзьве групы хутка злучыліся ў лесе каля мястэчка Налібокаў. 7 красавіка на паўстанцаў напаў расійскі аддзел, які складаўся з аднэй роты Стараінгерманляндзкага палку і 10 казакаў. Бойка цягнулася некалькі гадзін, паўстанцы былі разьбіты і кінуліся ўцякаць. Ксёндз Лашкевіч быў забіты ў бойцы, Шалевіч і Паслоўскі ўзяты ў палон. Сяляне тут былі настроены проці паўстанцаў і ахвотна дапамагалі салдатам браць паўстанцаў у палон.
20 красавіка а 2½ гадзіне ночы паўстанцы зрабілі напад на паштовую станцыю ў Прылуках. Тут яны пагрозамі прымусілі начальніка станцыі аддаць ім 7 штук коняй і брычку з запрэжкаю. Каля Прылук гэты самы аддзел паўстанцаў спаткаў нейкага панскага кучара, адабраў у яго брычку, хамут і лейцы, а коняй ня ўзяў, бо яны былі вельмі змучаны. Гэты аддзел меў у сваім складзе каля 90 чалавек. У гэты самы дзень, ў 10—11 гадзін раніцы, аддзел паўстанцаў, каля 100 чалавек, зрабіў напад на Юхнаўскую паштовую станцыю, забраў 22 кані, усе брычкі, калёсы і хамуты. Каля гэтага-ж часу быў зроблены напад на Лядзкую паштовую станцыю пад Бабруйскам. Тут таксама паўстанцы забралі ўсіх коняй з калёсамі і збруяю. Апроч таго, яны зруйнавалі тэлеграфныя слупы і дрот на працягу 6 вёрст.
Пасьля 20 красавіка ў Слуцкім павеце ўтварыліся чатыры паўстанскія групы, якія па офіцыйных расійскіх вестках усе разам складаюць каля 500 чалавек. Адна з гэтых груп, пад начальствам Бендорфа, была адразу разьбіта расійскім аддзелам пад вёскаю Азерычы. Паўстанцы з Менскага, Барысаўскага і Ігуменскага паветаў сконцэнтраваліся ў Ігуменшчыне. Па офіцыйных вестках паўстанцы ў Ігуменшчыне складаюцца з памешчыкаў, дробнай шляхты, урадоўцаў, гімназыстаў і дваровай чэлядзі. Сяляне тут у масе не спачуваюць паўстанцам. Найвялікшым паўстанскім аддзелам у Ігуменшчыне зьяўляецца група Баляслава Сьвентаржэцкага; на чале аддзелу стаіць былы штаб-ротмістар расійскай арміі Карказовіч. 27 красавіка адбылася бойка пад вёскай Тараканаўкай Барысаўскага павету. Паўстанцы павінны былі адыйсьці і схавацца ў лясох. 28-га красавіка адбылася сутычка паўстанскага аддзелу пад начальствам Труса з ротаю Сеўскага палку пры вёсцы Пятроўшчына, Ігуменскага павету. 29-га красавіка, уначы, у вёсцы Сінела быў зроблены нечаканы напад паўстанцаў на роту Вялікалуцкага палку, што ішоў у Ігумен. 29-га красавіка пад Багушэвічамі адбылася сутычка расійскага аддзелу з паўстанскім аддзелам Сьвентаржэцкага-Карказовіча. Пасьля ўпартай бойкі паўстанцы адышлі і схаваліся ў лясох.
2-га мая пры вёсцы Ялоўцы, Ігуменскага павету, рота Інгерманляндзкага палку спаткалася з паўстанскім аддзелам, на чале якога стаяў Дыбоўскі. Пасьля даволі ўпартай бойкі паўстанцы былі разьбіты, і сам Дыбоўскі быў забіты. 4 мая пад вёскаю Жабічы, таго-ж павету, адбылася бойка паміж расійскім і паўстанскім аддзелам Есьмана, у якім налічвалася каля 80 чалавек. Паўстанцы былі разьбіты. Страты іх былі такія: 6 забіта, 9 узята ў палон і 8 затрымана мясцовым жыхарствам. З гэтых 23-х паўстанцаў 15 былі дваранамі: лічбы вельмі тыповыя. 9 мая адбылася вялікая бойка пад вёскаю Юрычы, Ігуменскага павету, паміж расійскім і паўстанскім аддзелам Сьвентаржэцкага, што налічваў каля 400 чалавек. Паўстанцы ў густым лесе зрабілі з дрэваў завалы і ўпарта бараніліся на працягу дзьвёх гадзін. Страты былі вялікія з абодвых бакоў. Паўстанцы разьбегліся, але аддзел іх ня быў канчаткова разьбіты. 7 мая адбылася бойка, пры вёсцы Падбярэж‘і, Барысаўскага павету. Паўстанчы аддзел павінен быў разьбегчыся, пакінуўшы на месцы нават невялікую гармату.
Што датычыць Меншчыны, дык трэба зазначыць, што сялянства ў большасьці сваёй не спачувала паўстанцам. Дзякуючы значнаму ўдзелу ў паўстаньні мясцовых паноў, сяляне былі проці паўстанцаў, бачачы ў іх асобе толькі паноў. Чырвоныя тут не змаглі паставіць паўстаньня на сапраўдныя рэйкі аграрнай рэволюцыі. Да гэтага трэба дадаць, што паўстанцы ў Меншчыне вельмі часта бралі ў сялянства сілком харчы. Жандарскі штаб-афіцэр Менскай губэрні ў сваім адносьніку да шэфа жандараў 8 мая 1863 году піша: „За продовольствием мятежники приходят в окрестные деревни вооруженные, а крестьяне безоружные и устрашенные не могут им сопротивляться. Между тем, крестьяне всюду выражают негодование к ним, а поэтому лучший способ подавить в Минской губернии мятеж был-бы тот, если вооружить крестьян отбираемым в значительном числе от инсургентов оружием, поставить по деревням небольшие отряды под командой опытных офицеров, как для прекращения способа продовольствия, так и для уничтожения шаек при их появлении“.[5]
У Горадзеншчыне галоўнае ваеннае кіраўніцтва над паўстанскімі групамі Белым Віленскім Аддзелам было даручана былому эмігранту Ануфраму Духінскаму. Гэта быў чалавек, які, ня гледзячы на тое, што калісьці быў кавалерыстам польскай арміі, ня знаў вайсковай справы і зусім быў няздольны да партызанскае барацьбы. Гэты факт вельмі перашкаджаў разьвіцьцю паўстаньня ў Горадзеншчыне. Вялікую працу сярод сялянства тут праводзіў Кастусь Каліноўскі, які быў накіраваны сюды, як камісар Горадзенскага ваяводзтва. Зразумела, яго працы значна перашкаджае агульнае кіраўніцтва белых у Вільні і назначэньне ваенным начальнікам Горадзеншчыны такога паўстанца, як Духінскі. Тым ня менш сялянства ў Горадзеншчыне зусім іначай адносіцца да паўстаньня чым, напрыклад, у Меншчыне. Апроч К. Каліноўскага, у Белавескай пушчы, як мы ўжо зазначылі раней, працуе крайні чырвоны Валеры Ўрублеўскі. Гэта таксама садзейнічае таму, што сялянства, калі ня масава, то прынамсі ў паасобных частках тэрыторыі спачувае паўстанцам і падтрымлівае паўстаньне. Асаблівы ўзрост паўстанскіх груп у Горадзеншчыне прымячаецца з пачатку красавіка. Мы спынімся на некаторых паасобных важнейшых сутычках, аб якіх у нас маюцца пад рукою матар‘ялы.
Найраней распачаліся бойкі ў Беласточчыне. Тут найбольш выдзялялася паўстанская група Парчэўскага, якая ня раз мела перамогі над паасобнымі расійскімі аддзеламі і якая была недасяжнаю для расійскага камандаваньня. Хуткімі маршамі і контрмаршамі яна кружылася каля Беластоку, руйнавала чыгунку, масты, тэлеграф і г. д. А. Духінскі злучыў цэлы шэраг дробных паўстанскіх груп у адзін вялікі аддзел, у якім налічвалася каля 700 чалавек. Гэты аддзел спаткаўся з расійскімі сіламі пад Пілатаўшчызнаю на беразе рэчкі Супрасьлі 17 красавіка 1863 году. Адбылася бойка, у якой паўстанцы былі разьбіты і павінны былі ратавацца тым, што кінуліся наўцекі. Страты з абодвых бакоў, асабліва з боку паўстанцаў, былі вельмі вялікія. Паўстанцам вельмі пашкодзіла няўдалае камандаваньне Духінскага.
29-га красавіка адбылася вялікая бойка пад Валіламі. Вельмі невялікі паўстанскі аддзел пад кіраўніцтвам В. Ўрублеўскага нечакана спаткаўся з моцным расійскім аддзелам. Тым ня менш паўстанцы бойку прынялі. Толькі дзякуючы рашучасьці і цьвёрдасьці Ўрублеўскага паўстанцам удалося выратаваць свой аддзел ад поўнага зьнішчэньня. 21-га красавіка расійскі аддзел пад начальствам ген. Беклямішава зрабіў напад на невялікую паўстанскую групу пад вёскаю Горнава ў Белавескай пушчы. Паўстанцы пад начальствам Лапкоўскага ўпарта абараняліся. Дзякуючы незнаёмству з мясцовасьцю і перавазе расійскіх сіл, паўстанцы былі разбіты. Крыху пазьней выступае на сцэну паўстанская група ў Слонімскім павеце. Група знаходзіцца пад начальствам Лукашэвіча і складаецца з некалькіх дзесяткаў чалавек. Яна вельмі лоўка ўхіляецца ад сутычак з расійскімі аддзеламі і займаецца пераважна псаваньнем дарог і мастоў, уносячы навакол дэзорганізацыю. У палове мая мястэчка Оўруч было занята невялікаю паўстанскаю групаю пад начальствам Леанарда Вішнеўскага. Гэтая група перакінулася сюды з Каралеўства. Група некаторы час трымалася ў Оўручы і значна вырасла, дзякуючы таму, што паўстанцаў падтрымлівала сялянства. У хуткім часе яе склад з некалькіх дзесяткаў чалавек узрос да 200 чалавек. Паўстанцы з Оўручу вышлі і накіраваліся ў Мазыршчыну, каб там падняць сялянства проці царскага ўраду. Але тут шчасьце ім здрадзіла. У Мазыршчыне сялянства спаткала паўстанцаў воража. Пад вёскаю Маскалёўкаю паўстанцы былі абкружаны ўрадавымі войскамі і разьбіты. Уцякаючых паўстанцаў сяляне лавілі і здавалі поліцыі.
У канцы красавіка і ў першай палавіне мая зьявілася шмат дробных паўстанскіх груп у Бельскім, Пружанскім і Слонімскім паветах. Групы звычайна ўхіляліся ад адкрытых боек з расійскімі аддзеламі. Яны стараліся рабіць засады, нападаць на пошты, на казначэйствы, руйнаваць дарогі і г. д. Адна з такіх груп дзейнічала у лясох паміж Бельскам і Бранскам. Мясцовае жыхарства падтрымлівала гэтую групу. У сувязі з гэтым, на аснове падазрэньня ў дапамозе паўстанцам, у Бранску былі публічна павешаны: бранскі асэсар Кургановіч і стары адстаўны салдат Радзінскі.
Адначасна дзейнічае каля мястэчка Косава, Слонімскага павету, невялікая паўстанская група ў складзе каля 40 чалавек. Яна робіць частыя і нечаканыя напады на расійскія ўстановы. Паміж іншым яна напала на паштовы будынак у Запольлі, забрала 22 коні з брычкамі і збруяй. Адсюль яна рушыла на мястэчка Картуз-Бярозу. Тут ёй не ўдалося ўзяць контрыбуцыю з мястэчка. Тады паўстанцы сталі абозам каля Бярозы. Што далей рабіла гэтая група, мы ня ведаем. У лясістай і балотнай мясцовасьці каля вёскі Мілавідаў дзейнічае яшчэ адна паўстанская група, якая налічвае ў сваім складзе каля 50 чалавек. Ратуючыся ад нападу даволі вялікага расійскага аддзелу, яна пасунулася бліжэй да Меншчыны і раскінулася абозам каля вёскі Чамялы. Праз нейкі час яна была абкружана і разьбіта расійскім аддзелам.
Каля вёскі Чаховічы, Кобрынскага павету, удала дзейнічала невялікая паўстанская група, што налічвала ў сваім складзе каля 30 чалавек. Такія невялічкія групы мы спатыкаем па ўсіх паветах Горадзеншчыны. У складзе груп спатыкаецца даволі многа сялян.
У канцы красавіка і пачатку мая сформаваўся паўстанскі аддзел Ромуальда Траўгута, будучага дыктатара паўстаньня ў Польшчы, які быў раней афіцэрам расійскага генэральнага штабу. Ён быў ужо ў адстаўцы і жыў у сваім дробным маёнтку Астроўі, каля мястэчка Антопаля, у Кобрыншчыне. Аддзел быў невялікі, каля 160 чалавек, але быў даволі добра напрактыкаваны, узброены і меў моцную дысціпліну. На працягу 1 ½ месяцаў свайго існаваньня аддзел Траўгута меў сем сутычак з рознымі расійскімі аддзеламі. Большасьць гэтых сутычак была ўдалая для паўстанцаў. У пачатку чэрвеня аддзел перайшоў на тэрыторыю Піншчыны. На мяжы Кобрыншчыны і Піншчыны, каля вёскі Парэчча паўстанскі аддзел Траўгута нечакана спаткаўся з моцным расійскім аддзелам, што складаўся з 4 рот пяхоты і 2 сотняў казакаў: упартая бойка цягнулася з 3-яй гадзіны дня аж да позьняга вечара. Паўстанцы былі разьбіты і рассыпаліся па балотах і пушчах, пакінуўшы ў руках супраціўніка свой абоз і каля 50 коняй.
Праз 2-3 дні Траўгут сабраў рэшткі свайго аддзелу. На дапамогу яму з Берасьцейскага павету падышоў паўстанскі аддзел пад начальствам Яна Ваньковіча (Лялівы), што налічваў у сваім складзе каля 100 чалавек. Праз некалькі дзён адбылася бойка паміж паўстанцамі і расійскімі сіламі пад вёскаю Калоднам, Пінскага павету. Паўстанцы былі разьбіты так моцна, што паправіцца ўжо не маглі. Аддзел быў распушчаны, і яго ўдзельнікі разышліся па іншых аддзелах, а Траўгут накіраваўся ў Варшаву.
Трэба адзначыць, што сялянства ў раёне чыннасьці аддзелу Траўгута падтрымлівала паўстанцаў. У аддзеле Траўгута было шмат сялян-беларусаў. М. Дубецкі[6] ў сваіх ўспамінах падае нават тэкст песьні, якую сьпявалі паўстанцы-беларусы ў адзеле Траўгута. „Гэй-га разам, хлопцы! Гу-га мы, малодцы! Гэй-га з палякамі, гу-га, а бог з намі. І на божу здайма волю нашы сьлёзы і нядолю. Гэй-га, мы пачулі, гу-га, што нас скулі. Гэй-га цяпер знаем, гу-га выклікаем: З зямлі нашай вон, варогі; маскалёў злуп вон за ногі! Гэй-га, мае людзі. Гу-га добра будзе. Гэй-га, ой радныя, гу-га міленькія. Будзе вольнасьць праўдзівая, дасьць яе нам Польшча сьвятая“. З тэксту відаць, што песьня зложана штучна, на манер народнай. Белыя ўплывы адбіваюцца на зьмесьце яе. Сялянскія сьлёзы і нядоля здаюцца на божую волю, што вельмі спадручна земляўласьніцкай шляхце. Нейкая туманная „праўдзівая вольнасьць“ замяняе сабою ясную і дакладную пастаноўку пытаньня аб аграрнай рэволюцыі і аб бязвыкупнай перадачы сялянству панскай зямлі. „Сьвятая Польшча“, якая проціпастаўляецца Расіі, зусім зацямняе „провінцыю“ Беларусь, на тэрыторыі якой і дзейнічае паўстанскі аддзел Траўгута.
У Ковенскай губэрні таксама было шмат сутычак паміж паўстанцамі і ўрадавымі аддзеламі, якія не падпарадкаваліся кампаніі Серакоўскага. 27 сакавіка адбылася бойка пад вёскаю Новабержамі. Праз два дні адбылася бойка пад Высокім Дваром. Абодвы разы паўстанскія аддзелы былі разьбіты і разагнаны, але ня зьнішчаны. У пачатку красавіка тое самае мы бачым пад Цытавянамі. У канцы красавіка адбылася ўпартая бойка паміж расійскім і паўстанскім аддзеламі Ябланоўскага каля мызы Шайквіц. Ні тая, ні другая старана перамогі ня мелі.
Менш было сутычак у Віцебскай і Магілёўскай губэрнях. У канцы красавіка распачала сваю дзейнасьць невялікая паўстанская група ў складзе 40 чалавек у Аршанскім павеце. У пачатку мая яна была разьбіта каля вёскі Пагосьцішча. У Быхаўскім павеце дзейнічае паўстанская група пад камандаю Анцыпы, у Рагачэўскім — пад камандаю Тамаша Грыневіча. Па жандарскіх данясеньнях дзейнічаюць паўстанскія групы каля Полацку, Лепеля, Себежа і Дрысы. Асабліва моцнаю зьяўляецца група каля Себежа пад камандаю Кульчыцкага. Паўстанскія групы і тут ўносяць дэзорганізацыю ў жыцьцё і вельмі непакояць расійскую ўладу.
Як мы бачым з вышэйпаданага, сялянства ў масе за паўстанцамі не пайшло і вельмі часта выяўляла варожыя адносіны да паўстаньня. Выключэньнем зьяўляюцца тыя мясцовасьці ў Віленскай, Горадзенскай і Ковенскай губэрнях, дзе дзейнічалі крайнія чырвоныя, як В. Ўрублеўскі, К. Каліноўскі, А. Мацкевіч і іншыя, якія апору паўстаньня бачылі ня ў шляхце, а ў сялянах і стаялі на прынцыпе аддачы панскай зямлі сялянам. Ува ўсходніх губэрнях Беларусі — Віцебскай, Менскай і Магілёўскай пераважаюць адмоўныя адносіны сялянства да паўстаньня. Наогул соцыяльная процілегласьць паміж сялянінам і панам адчувалася на кожным кроку на ўсёй тэрыторыі Беларусі, асабліва дзякуючы таму, што на чале паўстаньня вясною 1863 году стаялі белыя як у Польшчы, так і на Беларусі.
На гэты факт соцыяльных процілегласьцяй паўстаньня зьвярнула ўвагу расійская жандармэрыя і пасьпяшалася давесьці гэта да ведама цэнтральнага ўраду. Магілеўскі губэрнскі жандарскі штаб-афіцер 5-га мая 1863 году піша шэфу жандараў, што сяляне ў Магілёўшчыне настроены проці паноў і ня хочуць на іх працаваць. Тым ня менш ён думае, што строгія і крутыя мерапрыемствы ў адносінах да сялян цяпер, калі ідзе паўстаньне, немагчымы і несваечасовы.[7] Потым, калі паўстаньне скончыцца, мясцовае начальства будзе мець поўную магчымасьць прывесьці іх да законнага паслушэнства і парадку. Адным словам, жандар лічыць патрэбным выкарыстаць соцыяльную процілегласьць паміж панам і селянінам проці паўстаньня, а потым засьмірыць сялянства мерамі строгасьці. Яшчэ ясьней піша на гэтую тэму ў канцы красавіка шэфу жандараў Віленскі губэрскі жандарскі штаб-афіцэр Лосеў. Ён кажа, што Дынабурскія мужычкі, якія, скарыстаўшы паўстаньне, разграмілі шмат панскіх маёнткаў, давялі добра, дзе знаходзіцца сіла расійскага ўраду[8]. Трэба ўсюды, дадае ён, гэтую сілу выкарыстаць і гэтым самым паказаць Заходняй Эўропе сапраўднае палажэньне Паўночна-Заходняга краю Расіі.[9] Вешальнік Мураўёў, які ў маі прыехаў на Беларусь, думку жандараў выкарыстаў у поўнай меры.
- ↑ Rok 1863 na Minszczynie. Materialy archiwum wydzialu III kancelarji cesarskiej. Zebr. i opr. J. Witkowski, O. Janiewicz i L. Lech. Інстытут Беларускай Культуры, Польскі Аддзел. Менск. 1927, ст. 18.
- ↑ Eugeniusz Kowalewski. Wspomnienia z przeszlosci. Przyczynek do historji powstania styczniowego na Litwe. Wilna. Nakladem Dziennika Wilenskiego. 1907, ст. 26-27, 47
- ↑ Rок 1863 na Minszczynie. Ст. 39
- ↑ Выпісы з докумэнтаў 3-га аддзяленьня, зробленыя т-шом Віткоўскім, Віленская губ., перахоўваюцца ў БАН.
- ↑ Rok 1863 пna Minszczynie. Ст. 28-29.
- ↑ M. Dubiecki. Romuald Traugutt i jego dyktatura pod czas powstania styczniowego. Krakow. 1907, ст. 63
- ↑ Выпісы з докумэнтаў ІІІ аддзяленьня царскай канцэлярыі аб Магілеўшчыне ў 1863 г., зробленыя І. Віткоўскім. Захоўваюцца ў БАН
- ↑ Такія самыя выпісы аб Віленшчыне
- ↑ Па номэнклятуры Лосева — Беларусь