Перайсці да зместу

1863 год на Беларусі (1930)/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Выбух паўстаньня каля Дзьвінску Падзеі на Магілеўшчыне
Гістарычная праца
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1930 год
А. Мацкевіч і кампанія З. Серакоўскага-Далэнгі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАДЗЕІ НА МАГІЛЕЎШЧЫНЕ.

Няўдачаю скончылася для паўстанцаў выкананьне агульнага пляну і на Магілёўшчыне. Тут, як мы ўжо гаварылі вышэй, начальнікам узброеных паўстанскіх сіл Белы Віленскі Аддзел прызначыў Людвіка Зьвярждоўскага, які выступіў тут пад псэўдонімам Тапара. Зьвярждоўскі атрымаў рэволюцыйнае выхаваньне ў вайсковым польскім рэволюцыйным гуртку ў Пецярбурзе. Скончыўшы ваенную акадэмію ён прыехаў на службу ў Вільню, дзе адразу пачаў іграць першую ролю ў Віленскім Чырвоным Камітэтце першага складу. У Камітэце ён быў прадстаўніком памяркоўных чырвоных колаў і на гэтай глебе ў яго былі частыя разыходжаньні з К. Каліноўскім і іншымі крайнімі чырвонымі.

Ня гледзячы на сваю памяркоўнасьць, пасьля белага перавароту ў сакавіку ён не застаўся ў Белым Віленскім Аддзеле. Аддзел, высылаючы з Вільні чырвоных і наогул прызначаючы іх на менш адказныя і менш кіраўнічыя пасады, пастараўся выдаліць з Вільні і Л. Зьвярждоўскага, даўшы яму ўпаўнаважаньне ваеннага начальніка на Магілёўшчыну, дзе ў паўстанскай організацыі была даволі моцная белая група. Праўда, і чырвоных тут таксама была некаторая лічба, але вельмі і вельмі нязначная.

Адзін з удзельнікаў паўстаньня на Магілеўшчыне, які потым лоўка рэабілітаваўся і перакінуўся ў лягер актыўных супраціўнікаў яго, піша аб гэтым так: „Было-бы с моей стороны несправедливо утверждать, что к готовившемуся движению примкнули только люди подобные NN, что фон картины составляли одни старые крепостники, озлобленые эмансипацией хамитян. В рядах нашей нестройной і даже несколько нелепой инсуррекции толпилось много честных энтузиастов, искренних патриотов, людей беззаветного мужества и бескорыстия. Имея все, что дает счастье в этом мире, включительно до радужной молодости и вечной спутннцы её — любви, они, нисколько не задумываясь и даже не обольщая себя надеждами, шли на страшное дело“.[1] Калі прыняць пад увагу, што паўстанцы, „меўшыя ўсё, што дае шчасьце ў гэтым сьвеце“, нават і належалі часам да чырвоных, дык гэта былі даволі няпэўныя чырвоныя, што ў далейшым і давёў сам аўтар вышэйпаданых запісак, які і сябе паміж іншым далучае да гэтай групы.

Да гэтага трэба дадаць, што цэнтральнае кіраўніцтва паўстаньнем знаходзілася ў руках белых, якія рабілі на месцы адпаведныя ўплывы. Дзякуючы гэтаму, памяркоўны чырвоны Л. Зьвярждоўскі ня мог вырвацца з балота, прыдаць паўстаньню на Магілёўшчыне яўна выразны чырвоны напрамак і ўцягнуць у паўстаньне сялянскія масы, рашуча паставіўшы на разьвязаньне аграрнае пытаньне.

Сялянскія масы на Магілёўшчыне, як і каля Дзьвінску, ня толькі не падтрымалі паўстаньня, але ў пераважнай большасьці былі настроены проці яго. Белы ўхіл паўстаньня, нявыразная лінія чырвоных, і прынятая цяпер расійскім урадам сыстэма „заигрывания“ з сялянамі рабілі сваю справу. Апрача таго, соцыяльна-экономічная процілегласьць селяніна пану давала асноўны грунт да варожых адносін сялян да паўстанцаў, сярод якіх на Магілеўшыне было шмат буйных земляўласьнікаў. Расійскі ўрад вясною (13 сакавіка 1863 году па новаму стылю) выдаў указ аб неадкладным прыпыненьні абавязковых адносін сялян да паноў у тых губэрнях, што былі ахоплены паўстаньнем, у тым ліку і ў Магілёўшчыне. Абавязковыя адносіны на аснове загаду прыпыняліся з 1-га мая па старому стылю. Вайсковым расійскім аддзелам, якія перасоўваліся па Беларусі ў барацьбе з паўстанцамі, было загадана абвяшчаць „вялікую“ царскую ласку па ўсіх вёсках і ўсім тым сялянам, якія будуць спатыкацца па дарозе.

Перад пачаткам паўстаньня на Магілёўшчыне Л. Зьвярждоўскі езьдзіў у Пецярбург у Замежны Аддзел, дзе ўмовіўся адносна прысылкі яму афіцэраў для партызанскіх аддзелаў. Згодна перагавораў Агрызка накіраваў на Магілёўшчыну даволі многа афіцэраў, частка якіх засталася пры Зьвярждоўскім, а частка накіравалася ў іншыя паасобныя паветы Магілёўшчыны. Апроч таго, Л. Зьвярждоўскі быў у Маскве, дзе пры дапамозе Пецярбурскага Аддзелу ўстанавіў сувязі з Еранімам Кіневічам, які павінен быў, згодна пляну Серакоўскага, організаваць паўстаньне ў Казані і адначасна з Зьвярждоўскім падняць проці расійскага ўраду як паволжаскіх сялян, так і цюрка-фінскія і татарскія народы, што там жылі.

Аддзел Тапара-Зьвярждоўскага пачаў формавацца недалёка каля Горы-Горак. Адначасна пачалі формавацца паўстанскія аддзелы ў Рагачэўскім і Аршанскім паветах. Аддзелы складаліся найчасьцей з дробнай шляхты і дробных служачых. Прымала ўдзел і моладзь з буйна-земляўласьніцкіх фамілій. Аддзел Зьвярждоўскага быў невялікі. Ён складаўся прыблізна з 100 людзей, з якіх некалькі чалавек было конных. Аддзел адразу пасьля сформаваньня распачаў падрыхтоўку да нападу ў першую чаргу на Горы-Горкі.

У Горках, як мы казалі вышэй, існаваў Земляробскі Інстытут, пры якім было тры дапаможныя школы. Кіраваў усімі школамі стары вучоны „лібэральнага“ напрамку, дырэктар Інстытуту Траўтфэтэр. Сярод профэсарскага складу было шмат палякаў, напрыклад, Венскоўскі, Выбраноўскі, Цялінскі, Жабенка і інш.; апошні быў інспэктарам Інстытуту. Сярод студэнтаў таксама было шмат палякаў. Былі і беларусы, асабліва ў дапаможных школах. Студэнты ў Інстытуце наогул спачувалі паўстанцам. Опозыцыйны ўплыў на студэнтаў перадаваўся праз Горацкага местачковага і інстытуцкага ксяндза Манюшку і інспэктора Інстытуту Жабенку. У пачатку лютага, калі і на Беларусі распачалося паўстаньне, ксёндз Манюшка адправіў у Горацкім касьцёле ўрачыстае набажэнства, на якім прысутнічала шмат студэнтаў і наогул моладзі. Ксёндз адчытаў казаньне, накіраванае проці расійскага ўраду, і заклікаў моладзь да ўдзелу ў паўстаньні. Моладзь з свайго боку дала ўрачыстае абяцаньне стаяць да канца за вызваленьне Польшчы ў старых межах з-над улады Расіі. Сярод студэнтаў з цягам часу была ўтворана падпольная паўстанская організацыя, якая налічвала каля 70 студэнтаў; на чале організацыі стаяў студэнт Віскоўскі. Студэнцкая організацыя мела вялікае значэньне для Л. Зьвярждоўскага. Па-першае, яна колькасна магла вельмі ўзмацніць невялікі яго аддзел. Па-другое, яна давала аддзелу Тапара маладыя, адукаваныя, энэргічныя, агітацыйна-пропагандыцкія сілы, якія былі патрэбны пры тым паходзе паўстанскага аддзелу ў самую глыбіню Расіі, які быў вызначаны па пляну.

Завязаўшы папярэднія зносіны з студэнцкай організацыяй Інстытуту, Зьвярждоўскі-Тапор ў ноч з 5-га на 6-е мая рушыў на Горкі. Горкі былі зусім невялікім мястэчкам, якое толькі нядаўна было абвешчана павятовым горадам. У якасьці гарнізону ў горадзе стаяла звычайная інвалідная каманда, якая складалася з 200 чалавек. Каманда, дзякуючы таму, што ў горадзе ня было падыходзячага памерам будынку, толькі часткаю разьмяшчалася ў кашарах. Большасьць яе была раскідана па ўсяму мястэчку на пастоі ў прыватных кватэрах. Трэба дадаць, што не ўва ўсіх нават інвалідаў былі на руках стрэльбы і набоі. Сучасьнік тагочасных падзей С. Кулеша ў сваіх успамінах піша: „Около 12 числа апреля (па новаму стылю 24 красавка. У. І.) начальник инвалидной команды под благовидным предлогом отправил фельдфебеля в Могилев. Отобрав у команды боевые патроны, он сложил их в цейхгауз, а солдат разместил по частным квартирам в городе“.[2] Калі верыць гэтаму сьведку, дык у Горацкіх інвалідаў на руках зусім ня было баявых набояў. З гэтым ня можна згадзіцца, бо ўсе іншыя весткі гавораць, што баявыя набоі ў салдат былі; ня было толькі ў дастатковым ліку стрэльбаў. Ня можна згадзіцца і з тым, што інваліды былі разьмешчаны па прыватных кватэрах па асобнаму загаду начальніка каманды толькі ў канцы красавіка, бо і раней частка інвалідаў не зьмяшчалася ў кашарах. С. Кулеша, апроч таго, малюе начальніка інваліднай Горацкай каманды, як чалавека, які спачувае паўстанскаму руху. Цэлы шэраг іншых вестак кажа нам, што начальнік інваліднай каманды стаяў на старане расійскага ўраду, пры нападзе паўстанцаў абараняўся да астатняга і ўрэшце быў узяты паўстанцамі ў палон.

Каля другой гадзіны ўночы аддзел Тапара-Зьвярждоўскага няпрыметна ўвайшоў у мястэчка. Да паўстанскага аддзелу адразу далучылася студэнцкая організацыя і некаторыя з абываталяў гораду. Праўда, апошніх было вельмі мала. У поўным маўчаньні паўстанскі аддзел разьбіўся на некалькі часьцей, якія і разышліся для заняцьця важнейшых пунктаў. Адна частка зрабіла нечаканы напад на кашары, дзе зьмяшчалася найбольш інвалідаў. Другая частка пайшла браць памяшканьне, дзе жыў начальнік інваліднай каманды. Трэцяя частка накіравалася ў Земляробскі Інстытут. Іншыя зусім дробныя паўстанскія групы разышліся па больш небясьпечных мясцох гораду. Ня гледзячы на дрэнныя ўмовы, інвалідная каманда абаранялася даволі ўпарта, але нічога не магла зрабіць: паўстанцы напалі на горад зьнячэўку, і інваліды не пасьпелі сабрацца для абароны ў адно месца, апроч таго, ня ўсе з іх мелі на руках стрэльбы. Пасьля паражэньня частка інвалідаў разьбеглася і пахавалася, а частка (каля 30 чалавек) папалі ў палон да паўстанцаў разам з сваім начальнікам.

Студэнты ў будынку Інстытуту не абараняліся, бо ў сваёй большасьці яны спачувалі паўстаньню. Быў забіты толькі адзін з кур‘ераў Інстытуту, што не паслухаў загаду паўстанца-часавога спыніцца. Дырэктар Інстытуту Траўтфэтэр быў таксама проці ўзброенай абароны Інстытуту. Ён лічыў, што ня можа быць і размовы аб супраціўленьні паўстанцам, якія ўзброены і складаюць сабою значную лічбу. Каб зьберагчы жыцьцё для жыхароў інстытуцкага будынку, каб самую ўстанову зьберагчы для дзяржавы, ён лічыў, што трэба трымацца спакойна і пакорліва. Тым ня менш далёка ня ўсе студэнты засталіся „спокойнымі“. У той час, калі ў будынку Інстытуту, праўда, усё было спакойна, па-за межамі Інстытуту значная частка студэнтаў вяла сябе вельмі актыўна. Уся паўстанская студэнцкая організацыя прымкнула да аддзелу Л. Зьвярждоўскага і прымала даволі чынны ўдзел у распачатай бойцы. Адзін студэнт, Дамарацкі, што прымаў удзел у нападзе на інвалідную каманду, быў нават забіты ў часе бойкі.

У часе нападу паўстанцаў на мястэчка ў некалькіх мясцох Горы-Горак распачаўся пажар, які хутка стаў пашырацца па ўсяму гораду, што наводзіла яшчэ большую паніку на жыхарства. Горад быў вельмі скучаны, складаўся з драўляных будынкаў, пакрытых гонтамі, а яшчэ часьцей саломай, дзякуючы чаму большая палавіна мястэчка апынулася ў полымі. Гасіць пажар у ўмовах нападу было амаль што немагчыма. Зразумела, узьнікненьне пажару было прыпісана паўстанцам, і мяшчанства Горы-Горак настроілася яшчэ больш варожа ў адносінах да іх, вінавацячы паўстанцаў у сваім разарэньні. Варожыя адносіны да паўстанцаў з боку мяшчан выявіліся, напрыклад, у факце спакушэньня на забойства Тапара-Зьвярждоўскага. Нейкі мешчанін страляў у Зьвярждоўскага. Куля папала не ў Зьвярждоўскага, а ў каня, на якім ён ехаў. Мешчаніну, што страляў, удалося ўцячы і схавацца. Усяго згарэла за ноч па адных вестках каля 50 будынкаў, па другіх вестках каля 70 будынкаў. Так ці іначай, але гэта быў вялікі ўдар па такому маленькаму, убогаму гарадку, як Горкі, які потым доўга ня мог аправіцца пасьля пажару.

Пад раніцу горад быў узяты паўстанцамі. Было забіта некалькі інвалідаў і некалькі паранена. З казначэйства паўстанцы забралі жалезную касу з грашыма і іншымі каштоўнасьцямі. Усе спробы разьбіць касу і выкарыстаць захаваныя ў ёй каштоўнасьці не далі ніякіх вынікаў. Выходзячы з гораду, паўстанцы ўзялі гэтую касу з сабою, але потым кінулі па дарозе ня зломанаю. З інстытуцкай касы было ўзята каля 15 тысяч рублёў. Апроч таго, з Інстытуту было ўзята некалькі параконных фурманак пад харч.

Пахаваўшы з урачыстасьцямі ў інстытуцкім садзе забітага студэнта Дамарацкага і адпачыўшы, паўстанцы каля другой гадзіны дня 6-га мая (новы стыль. У. І.) вышлі з гораду. Аддзел накіраваўся ў напрамку да буйнога маёнтку Цэханоўскага Дрыбіна. Тут паўстанцаў спаткалі вельмі добра. Аддзел Зьвярждоўскага ў Дрыбіне пераначаваў, адпусьціў назад у Горкі інвалідаў, што былі ўзяты ў палон, і накіраваўся на поўдзень на Чаўсы і Чэрыкаў, каб тут зноў працягваць сваю чыннасьць і ўзяць далейшы напрамак на Магілёў, згодна пляну Серакоўскага.[3]

У Магілёве вельмі хутка даведаліся аб чыннасьці паўстанскай групы Зьвярждоўскага. У першыя часы губэрскае начальства, не выключаючы і губэрнатара Беклямішава, зусім згубіла галаву і ня ведала, што рабіць. Пачалі хадзіць самыя невераемныя чуткі аб сілах і лічбе паўстанцаў. Гаварылі, што паўстанскі атрад Тапара-Зьвярждоўскага складаецца больш як з тысячы паўстанцаў, што ў атрадзе налічваецца некалькі сот кавалерыстых, маецца добрая зброя і вялізны абоз з амуніцыяй і харчамі. Трэба думаць, што чуткі распаўсюджваліся і падтрымліваліся асабліва тымі, хто спачуваў паўстанцам. Але праз нейкі час праўда раскрылася: у горадзе ўрэшце даведаліся аб сапраўдных сілах паўстанцаў. Апроч таго, пачаў выяўляцца настрой сялянства і адмоўныя адносіны яго да паўстанцаў. Расійская ўлада пачала выкарыстоўваць гэты настрой і яшчэ больш паглыбляць яго. Сярод сялянства былі пушчаны чуткі, што ўсе паўстанцы складаюцца выключна з польскіх паноў, што яны падняліся проці царскага ураду толькі таму, што хочуць назад вярнуць паншчыну, якую расійскі цар скасаваў. Сялянства пайшло на гэтую прынаду і выступіла актыўна проці паўстанцаў, падтрымліваючы царскі ўрад.

Пры такіх умовах паўстанцам ня можна было разгарнуць сваю чыннасьць у Магілёўшчыне. Трэба было думаць аб іншым раёне. Да Зьвярждоўскага дайшлі весткі, што на захадзе, у Менскай губэрні, сялянства адносіцца да паўстанцаў прыхільна. Ён і пачаў з сваім аддзелам прабівацца на захад, да граніц Меншчыны. Становішча аддзелу было вельмі цяжкое, бо сялянства ня толькі не падтрымлівала яго, але наадварот, перашкаджала яму на кожным кроку. Голад канчаткова дабіў паўстанцаў. З кожным днём аддзел зьмяншаўся. Калі паўстанцы падышлі да Прапойску, аддзел налічваў у сваім складзе ня больш як 30 чалавек. Настрой аддзелу быў такі, што Зьвярждоўскаму заставалася толькі распусьціць яго, што ён і зрабіў.

Паўстанцы паслалі ў мяст. Прапойск да станавога прыстава сваіх прадстаўнікоў з заяваю, што яны хочуць здацца. Прыстаў гэтую здачу прыняў. Паўстанцы здалі зброю, былі заарыштаваны і пад ахранай сялянскай варты былі адпраўлены ў Магілёў. Амаль што адначасна з гэтым быў ліквідаваны паўстанскі рух у Аршанскім, Рагачэўскім і іншых паветах Магілёўшчыны. Галоўнейшыя паўстанцы былі арыштаваны, прысуджаны да кары сьмерцю і потым расстраляны. У Магілёве расстралялі падпаручніка Корсака, двох прапаршчыкаў братоў Манцэвічаў і шляхціча Анцыпу. У Рагачэве расстралялі Тамаша Грыневіча, у Оршы — Будзіловіча.

Калі рэшткі адзелу Зьвярждоўскага здаваліся ў Прапойску ў рукі расійскай улады, самога Зьвярждоўекага там ужо ня было. Пабачыўшы разлажэньне аддзелу, ён яго распусьціў, а сам з некалькімі больш устойлівымі таварышамі накіраваўся ў Магілёў. Уся поліцыя была паднята на ногі, каб злавіць яго. Ня гледзячы на гэта, пад чужым імем, пераапрануўшыся, ён здолеў прасядзець у самым Магілёве некалькі дзён. Поліцыі і ў галаву ня прыходзіла, што Зьвярждоўскі адважыцца хавацца ў самым горадзе. Здабыўшы тут пашпарт і грошы, Зьвярждоўскі з вялікімі цяжкасьцямі выбраўся нейкім спосабам да Чорнага мора. Тут яму ўдалася морам дабрацца да Константынопаля, дзе ён і супыніўся. Жывучы ў Константынопалі, Зьвярждоўскі ня губляў сувязі з паўстаньнем. Вельмі хутка яму ўдалася прабрацца ў Польшчу, дзе ён ізноў прыймае вельмі чынны ўдзел у ўзброенай барацьбе з царызмам. У лютым 1864 году Тапор-Зьвярждоўскі стаіць на чале аднаго аддзелу ў Кракаўскім ваяводзтве пад агульным камандваньнем Куроўскага. 21-га лютага ён з сваім аддзелам прымае ўдзел у нападзе на г. Апатаў. Горад амаль што быў узяты. У канцы бою ўрадаваму войску ўдалося адбіць паўстанцаў. Зьвярждоўсікі ў часе бойкі быў паранены штыком і вынесены з бою. Адступаўшыя з-пад Апатава паўстанцы нечакана спаткаліся з расійскімі сіламі, што ішлі на дапамогу Апатаву. Паўстанцы былі разьбіты, шмат палонных і параненых папаліся ў рукі расійцаў. Сярод параненых быў і Зьвярждоўскі. Нейкі выпадак дапамог адміністрацыі пазнаць яго, і ён, ня гледзячы на рану, быў павешаны на Апатаўскім рынку. Зьвярждоўскі спаткаў сьмерць з поўнай вытрываласьцю рэволюцыянэра.

Урэшце, некалькі слоў аб Казанскай справе, якая па пляну павінна была быць увязана з выступленьнем Зьвярждоўскага ў Магілёўшчыне.

Пецярбурскі Аддзел праз Е. Кіневіча зьвязаўся з расійскімі падпольнымі організацыямі. Ад польскіх і рускіх організацый былі вызначаны кіраўнікамі змовы Е. Кіневіч, М. Чэрняк, Іваніцкі, Станкевіч і інш. Да справы было прыцягнута некалькі чалавек з мясцовай моладзі, у тым ліку некалькі афіцэраў з Казанскага гарнізону. У змове прымалі ўдзел і студэнты Казанскага унівэрсытэту. Удзельнікі змовы выпусьцілі „Залатую Грамату“, у якой ад імя цара даваліся сялянству ўсякія вольнасьці: панская зямля бяз выкупу, скасаваньне рэкруцкага набору, зьнішчэньне падушнага падатку, абраныя органы ўлады, на чале якіх у Маскве будзе „Земская Рада“, што разам з царом будзе кіраваць усёй Расіяй. У канцы граматы было вызначана, што кожны селянін павінен узяцца за зброю, калі будзе бачыць, што генэралы, урадоўцы і паны парушаюць царскую волю, апублікаваную ў „Залатой Грамаце“. Грамата датавана 31 сакавіка 1863 году па старому каляндарнаму стылю. Быў проект пашырыць „Грамату“ па цэнтральнай і паўднёвай Расіі, каб выклікаць шырокі сялянскі рух. Але вельмі хутка пра змову стала вядома царскай уладзе, і загаворшчыкі былі арыштаваны. Кіневіч, Іваніцкі, Станкевіч і Мрочак пасьля суду над імі былі расстраляны. Чэрняку ўдалося ўцячы, але і ён потым усё-ж такі папаўся ў рукі ўлады і быў урэшце расстраляны. Дваццаць чалавек былі прысуджаны да катаржных работ, некалькі дзесяткаў чалавек было выслана ў выгнаньне і пакарана лозамі і бізунамі. У выніку змовы ў сярэдніх лічбах мая ў некаторых мясцовасьцях распачаліся сялянскія непарадкі, напрыклад, у Пензенскай губэрні. Гэтыя непарадкі былі хутка спынены рэпрэсіўнымі мерамі.

Такім чынам і другая частка пляну Серакоўскага скончылася няўдачаю. Паўстаньне на Магілёўшчыне і спроба падняць рэволюцыйны рух у цэнтральнай Расіі былі зьнішчаны ў самым пачатку.


  1. С.С. Орлицкий. Уголок восстания 1863 года. „Истор. Вест.“ 1902 г., Т. 90, ст. 58
  2. Степан Кулеша. Горы-Горецкая катастрофа, 22-23, IV, 1863 гада. Воспоминания очевидца. „Русская Старина“, 1883 г. кн. IX, ст. 613.
  3. Дэталі Гары-Гарэцкіх падзей гл. Цытовіч С. „1863 г. у Горы-Горках“. „Працы кл. Гісторыі БАН“ т. III. Менск 1929 г., ст. 217—340 і карта.