Алесь Гарун.
Ня гледзячы на сваё паходжаньне, Гарун, праўдзівае імя якога Аляксандар Прушынскі, найбліжэй падходзіць да пісьменьнікаў сялянскіх. У яго — тыя самыя мотывы, нязьмерная любоў да бацькаўшчыны, так вядомы смутны тон, буджэньне народу. Толькі ў адным месцы Гарун паказаў сваё пролетарскае паходжаньне, гэта ў вершу „Муляр“. Па характару творчасьці найбліжэй падыходзіць да Янкі Купалы. Усё-ж, як кажуць крытыкі, Гарун не зьявіўся нічыім падгалоскам[1]. Ён самастойны. Але можна сказаць — гэта самастойнасьць заваёвана Гаруном сілаю таленту. Ён жывы, магутны, самабытны. У цэлым-жа Гарун сын сваей эпохі. Ён — нашанівец. Гэтым тлумачыцца і сялянскі характар яго творчасьці і найбольш сільны ўплыў на ім Янкі Купалы. Розьніца тая, што Гарун выціскае з сэрца тое, што Купала праводзіць сьведама. Гарун — не правадыр, ён дзіця гушчы, колектыву. І трэба дадаць — колектыву нованароджанай беларускай, яшчэ такой слабой, забітай, але веручай у сваі сілы інтэлігенцыі.
Нарадзіўся 1887 г. у Менску, у сям’і чорнарабочага. Вучыўся ў школе рамесьнікаў, а потым, займаючыся самаадукацыяй, разьвіўся і стаў на вышыні інтэлігенцыі свайго часу.
1907 г. за працу ў партыі соц.-рэволюцыянэраў[2] быў засуджаны і сасланы ў Сыбір. Вярнуўся ў Менск падчас рэволюцыі 1917 г. і працаваў пры розных часопісях. Творы яго, як і ўсіх, раскіданы па часопісях.
Асобнымі кніжкамі выйшлі:
1) „Матчын дар“ — Менск, 1919, зборнік вершаў, куды ўвайшлі і лепшыя рэчы з раскіданых;
2)„Жывыя казкі для дзіцячага тэатру“, Менск, 1920. Тры п’есы для дзяцей: „Хлопчык у лесе“, „Шчасьлівы чырвонец“ і „Дзіўны лапаць“.
Пісаў і ў прозе пад псэўданімам — Жывіца. Выдзяляюцца: П’еро і Колёмбіна, Пан Шабуневіч і інш.
Іншыя псэўдонімы — Сальвесь і А. Сумны.