Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Алесь Гарун/Матчын дар/Шчасьце Мацея

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сын Шчасьце Мацея
Паэма
Аўтар: Алесь Гарун
1927 год
Багаты вы…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шчасьце Мацея.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Шчасьце Мацея.

(Старадаўная казка).

Жыў сабе ў сяле Мацей,
Меў шасьцёра ён дзяцей,
Сядзеў бедны без работы,
Бо ня меў к таму ахвоты.
Красьці ён высьцерагаўся,
Знаць астрога крат[1] баяўся.
А шасьцёрка дзетак плача,
Трэба хлеба ім аднача.
Вось ад гэтае нядолі,
Каб ня чуці стогнаў болей,
Рушыў раз Мацей ў дарогу,
Проста у рай — к Самому Богу.
Ўздумаў праўды дапытацца,
Што рабіць, за што узяцца?
Брыў ці многа ён, ці мала,
Ў лес густы яго прыгнала.
Поўдня, мусіць, шоў па лесе,
Ды зблудзіўся: нос павесіў,
Сеў пад дрэвам і д’ чакае,
Можа пройдзе хто. Гукае.
Толькі ўчуў ён: нехта едзе;
Лес трашчыць, як ад мядзьведзя,
Конь капытам так грукоча…
Уцячы Мацейка хоча,
Хоча ўстаць — ніяк ня можа…
— Вось бяда дзе, моцны Божа!
Зьліўся потам ўвесь, трасецца…
Бачыць — сьвет к яму нясецца:
Бяжыць ясны, пекны[2] конь,
Ўвесь гарыць, маўляў агонь,
Збруя белая раменна
Ўбрана ў золаце адменна;
На кані, узяўшысь ў бокі,
Чалавек сядзіць высокі,
Пекна надта прыадзеты,
Але быццам з таго сьвету.
Вось узьехаў на паляну,
Дзе сядзеў Мацей зьляканы.[3]
Конь спыніўся, стаў, чакае,
З воч яго агонь шугае.
„Што сядзіш тут, маладзец?“ —
Так спытаўся той язьдзец: —
„Куды брыў, на што сабраўся?“
Мацей духу тут набраўся,
Зірнуў проста на яздца.
„Ў імя Сына і Айца!!!
Сьвяты Юр’я пэўна гэта:
Такі з твару, так адзеты,
Як я бачыў на абразу!“
Пасьмялеў Мацей адразу
Ды й прамовіў да сьвятога:
„Я — Мацей з Бару Крутога.
Шмат дзяцей, паночку, маю,
А карміць іх чым — ня знаю.
Працаваў-бы — не здалеці,
Бо гультай я ў гэтым сьвеце!
Красьці? — краў-бы, дык баюся,
Бо, крый Божа, пападуся
Да пачцівых як людзей,
Так паходзяць ля грудзей,
Што жыць стане неахвота!
Вось, такія мне клапоты.
Я і думаў, як мне быць,
Дзе спакой сабе здабыць?
Не дайшоў сам да нічога,
А надумаўся — да Бога
Я пайду і запытаю,
Што рабіць на сьвеце маю?
Ды, у лесе, во’, зблукаўся,
Начаваць у ім сабраўся…
Вы-ж, паночак, быць павінна,
Ў неба едзеце ў гасьціны?
Дык мне ласку там зрабеце:
Аба мне усё скажэце,
І аб дзетках маіх разам;
Што там скажуць? З пераказам
Сюды едзьце проста ў лес“.
— „Добра, добра, я увесь
Для цябе гатоў служыць!
Як мне толькі не забыць
Тое ўсё, што ты казаў?
Я-б паяс расперазаў
На ўспамін, — дык меч спадзе,
Што параіш у бядзе?“ —
— „Эт, панок! Я спосаб знаю, —
Простым розумам параю:
Каб вам мець перасьцярогу,
Не забыцца-б ў Пана Бога, —
Адно стрэмя залатое
Вы пакіньце мне на тое.
Помніць будзеце ўвесь час,
Што я тут чакаю вас“.
— „Добра, розуму бярэмя
Маеш, чалавеча! Стрэмя
На, вазьмі маё; сядзі
Ды чакай мяне, глядзі!“ —
І Мацею стрэмя даўшы,
Сам паехаў, паскакаўшы
Зноў па лесе на каню…
Бліск ідзе, маўляў, з агню,
Зьзяе стрэмя залатое.
— „Вось-бы мне яшчэ другое!“
Гэтак думае Мацей: —
Было-б хлеба для дзяцей.
Ўзрос Мацей і жыў бяз цноты,
Ня было бацьком турботы, —
Дык ня дзіва, што лазаты
Бэльзэбула[4] сын рагаты
З гэткай думкай падступіў,
А Мацей яе ўхапіў).
Потым стрэмя закапаў,
Палажыўся і праспаў
Аж да заўтра, да паўдня…
Пралупіўшы толькі вочы,
Чуе: конь ізноў грукоча.
Сьвяты Юр’я то нясецца.
Мацей ў вус сабе сьмяецца.
Многа часу не чакаў,
Хутка Юры прыскакаў;
Конь пад ім гуляе, скача.
— „Ну, ты, слухай, небарача:
Аб табе з тваею справай
Я ў абедзе за расправай
Богу ўсё, як ёсьць, сказаў;
Пастараўся, як зьвязаў,
І як ты жывеш, гаруеш,
І з дзяцьмі сваймі бядуеш;
Як галаву сваю ламаеш[5]
І які ты розум маеш!
Так казаў, што ледзь-ня-ледзь
Сам ня плакаў. Адпаведзь[6]
Бог такую табе даць
Меў мне міласьць прыказаць:
Красьці — гэта грэх! Глядзі,
Ты ніколі не крадзі!
Калі-ж будзеш ты што браць
У людзей, то, каб аддаць,
Надта рупіцца ня трэба, —
От і будзеш меці хлеба.
А то часам і зусім
Не аддай нічога ім:
Я ня ведаю, ня браў…
Калі-ж будуць набівацца,
Ты ня бойся адпірацца,
Шчасьце знойдзеш так сваё.
A цяперака маё
Стрэмя зноў ты мне зьвярні“.
— „Стрэмя?! Я яго ня браў!
Хіба-ж пан мне аддаваў?!“
— „А ну, як-жа, можа не?“ —
— „Не давалі, панок, мне!
Мо’ ў дарозе дзе згубілі,
Мо’ зусім бяз стрэмя былі?“ —
— „Ня кажы, Мацей, пустога,
Свайго стрэмя залатога
Я ніколі ня губіў;
Я пакінуў, як тут быў,
Ды ад’яжджаць ужо зьбіраўся“.
А Мацейка ня спужаўся:
— „Ясны пане! мяне маці
Ня вучыла, каб ілгаці,
І калі я вам сказаў,
Стрэмя вашага ня браў, —
Значыць, так яно і ёсьць,
Дайце веры, ваша мосьць“.
Так Мацей выпрысягаўся.
Сьвяты Юры паспрачаўся,
Потым бачыць, што дарма
Тут стаяці, што няма
Ужо ніякае надзеі
Вярнуць стрэмя ад Мацея,
Уздыхнуў дый кажа ціха:
„Ну, ня жычу табе ліха,
Бог з табою… Спажывай! —
Дробных дзетак паднімай.
Хоць… Па праўдзе… Каб я знаў,
Стрэмя-б мо’ табе ня даў“.
І, сказаўшы так, сьвяты
Паскакаў у лес густы.
Мацей стрэмя адкапаў
Ды й за пазуху схаваў,
І пайшоў сабе да хаты
І вясёлы, і багаты.
Як ён сьцежачку знайшоў,
Як да дому ён прыйшоў,
Як далей ён сабе жыў,
З кім сварыўся, з кім дружыў,
Які ў жыцьці меў ён цэль, —
Я ня ведаю. — „Круцель“ —
На яго казалі людзі.
Хай і гэтак сабе будзе!
Мне-ж, калі так ваша ласка,
За маю за гэту казку
Чару мёду паднясеце
Ды закускаю дарэце.



  1. Жалезныя пруты ў вокнах турмаў.
  2. Полён. — прыгожа.
  3. Полён. — спалоханы.
  4. Па бібліі злы дух, д‘ябал.
  5. Лепей — ломіш.
  6. Полён. — адказ.