Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Алесь Гарун/Матчын дар/Сын

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьня Сын
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1927 год
Шчасьце Мацея
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сын (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сын.

Гэй, у чыстым полі ды ня сонца грэе,
Дый ня сонца грэе, ды ня вецер вее,
Ня туман спусьціўся,
Ня дубок сьхіліўся.
На шырокім полі, ды на тым прасторы,
Ля дарогі самай, на зялёным ўзгоры
З ног дзяцюк зваліўся,
Бразнуўся, пабіўся.

— Ці-ж ня сорам, хлопча, табе маладому?
Ганіць будуць людзі, едучы да дому:
„А ты-ж, маладзенькі,
Піці нядужэнькі!“

— Ой, ня ганьце, людзі, — з гарэлкай ня знаўся, —
Я у сьвет далёкі за шчасьцем пагнаўся,
Ад радзімай маткі
Ды і з беднай хаткі.

Ды па ўсей зямліцы, дзе шыбае вока,
І пад самым небам, доле[1] то-ж глыбока
Быў я, цікаваўся,
Шчасьця прыглядаўся.

Не памеў[2] я шчасьця, ды пазнаў я гора
І крыві разьлевы, сьлёз сірочых мора,
Скрозь а скрозь гарота,
Дзе ні глянь — маркота.

І падумаў зноў я да хаты вярнуцца,
Да раджонай маткі к сэрцу прыгарнуцца,
Рукі цалаваці,
Сьлёзы праліваці.

Каб прыняла сына свайго, валацугу,
Каб прыпяставала, адагнала тугу
Зелейкам паіла,
Раны пагаіла.

От, ня маю сілы, ня трымаюць ногі,
Раптам занядужаў, паў каля дарогі.
Знаць — ні ўбачыць маткі,
Ні дайсьці да хаткі!



  1. Удоле, унізе.
  2. Не надбаў, сустрэў.