Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Алесь Гарун/Матчын дар/Восень

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьня-звон Восень
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1927 год
Навакол
Іншыя публікацыі гэтага твора: Восень (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Восень.

Восень халодная, чорная, хмурая
Сунецца ціха, нячутна, штодзень;
Хварбы наўкола паклала панурыя,
Сонца хавае за чорную цень.

Збожжа пажатае з ніваў пазвожана, —
Голыя гоні самотна ляжаць,
Неба дажджліваю хмарай абложана,
Траўкай ня грае сваей сенажаць.

Кветкі ня сьвецяць галоўкамі яснымі;
Кусьце бяз лісту, бяз красак стаяць;
З гэтымі восені днямі бяскраснымі[1]
Цяжкія думкі у сэрца ляцяць.

Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі
Лістам пажоўклым тужліва шумяць:
„Хутка надыйдуць завеі з марозамі,
Ветры з сьнягамі ізноў наляцяць“.

Толькі высокія хвоі іглістыя
Вечназялёны свой кажуць убор.
Днямі зімовымі, цёмна-імглістыя,
Будуць чарнець навакол, наузгор.

Зіму пачуўшы, мядзьведзь неспакоіцца,
Ходзіць па лесе, шукае бярлог,
Хмурны і злосны, пакуль супакоіцца,
Горш на скацінку, на людзі налёг.

Гусі і качкі гуртамі зьбіраюцца;
Хутка на поўдзень зусім паляцяць.
Хэўра за хэўрай[2] на рэчцы зьмяняецца;
Ўранку крычаць на вадзе, лапацяць.

Так няпрыкметна часамі, дзянёчкамі
Восень зьмяняе аблічча зямлі…
З гэтымі днямі васеньнімі, ночкамі
Думкі мне ў сэрца жудосны прыйшлі.

Нешта старое усё спамінаецца,[3]
Толькі няясна, маўляў, праз туман
Нейкі няведамы жаль уздымаецца,
Вабіць і цягне ўспамінак-дурман.

Сэрца баліць над жаданьняў прымусамі[4],
Што за жаданьні — ніяк не пазнаць;
Можа ляцеці адгэтуль за гусямі…
Можа заснуць, каб нічога ня знаць?…



  1. Няправільны зварот — з гэтымі бяскраснымі днямі восені.
  2. Гурт, куча, таварыства.
  3. Папраўлена; у арыгінале — „Старое нешта“…
  4. Прав. — над прымусам жаданьняў.