Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Алесь Гарун/Матчын дар/Nocturno

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вясна Nocturno
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1927 год
Хто сказаў…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Nocturno.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Nocturno.

Спаткаў сягоньня я сваю Нядолю,
Знайшоў яе у сіненькім ляску,
Брадзіў бяз мэты я, душа гарэла з болю,
І думаў: будзе мне лягчэй у халадку.

Спаткаў, пазнаў яе і, вось, пытаю:
— Скажы ты мне, Нядоленька мая:
Багата[1] жыцьця кніг яшчэ перачытаю?
Калі і на якой чытаньне скончу я?

Скажы, ня крыйся мне, мая камратка[2],
Дзянькі мае маркотныя чаму
Адзін ў адзін ідуць, ва ўсіх адна апратка,
Як думы грэшныя, ці вінныя каму.

Чаму, яшчэ скажы, мая ядына[3],
Люблю зямлю, вялікі жыцьця ток,
Як неба зорачкі, каханьнем моцным сына,
А сам — адлучаны ад дзераўца лісток ?

Яна у вочы люба мне зірнула,
Узлажыла белы ручанькі на мне,
Маўляў сястра мая, да сэрца прыгарнула, —
Часамі так цябе каханка прыгарне.

— Чакай, харошы мой, пакінь задумы!
Душу сваю пытаньнямі ня муч.
Зірні на гэты лес, прыслухайся у шумы,
А можа знойдзеш ты жыцьцёвы вечны ключ!

Стаіць магутны лес, ізноў убраны
Ў зялёны ліст дагадлівай рукой,
І п’ець спажыўны клёк, старыя гоіць раны…
Зірні: якая моц! Зірні, які спакой!

Штогод ўміраець ён парой асеньняй,
Каб зноў ад’жыць, убачыўшы вясну.
І гэтак ўсё ідзець чаргою пераменнай:
То скіне сон з вачэй, то зноў ідзець да сну.

Расьцець дубочак тут, — які зялёны!
Другі, стары, калодаю палёг;
І сын ідзець ўгару, як бацька ў час мінёны,
Што даў жыцьцё яму, а сам зваліўся ў мох.

Цячэць ручайка вось і ту-ж[4] ня стала!
Няма яго, схаваўся у зямлі,
А недзе — тамака рака зямлю прарвала
І воды тэй ракі па лузе пацяклі.

І ты, о, любы мой! Як лес зімовы
Заснуў, ляжыш, ня могучы устаць.
Але наступіць дзень вясёлы, пекны[5], новы,
I радасьць вольнасьці павінна завітаць.

Дзянькоў маркотнасьць ты сваіх ў распачы
І тэй сваей адлюднасьці ня гудзь:
Пакуту Рок табе, шчасьліваму, прызначыў,
І ўдзячным за яе Вялікаму ты будзь.

Няма пакуты, дзе няма пазнаньня,
Душа тагды лагчынамі паўзець.
А што гарчэй, скажы, цяжэй перапаўзаньня?
А што страшней яшчэ, як вочмі не глядзець?

Жыві, каб даць жыцьцё другім, малодшым,
Як дуб стары, што ўзгадаваў дубка.
А там… ручайка зьнік! І мы пуцём[6] каротшым
Пайдзем ў зямлю за ім, каб выплысьць, як рака.



  1. Шмат.
  2. Герм. — сяброўка.
  3. Полён. — адзіная.
  4. Раптам.
  5. Полён. — прыгожы, харошы.
  6. Шляхам.