Эх, вясна, вясна!..
Як прыйшла яна,
Прынясла сьвятла,
Прынясла цяпла.
Наліла ў лагох
Сьнегавой вады,
Расцьвіла ў лугох,
Распляла сады,
Прабудзіўся лес
На вясеньні шум,
А глыбокі сум
Мне ў душу улез…
Першыя гусі ужо праляцелі,
Палі на рэчцы, узгорак абселі,
Гвагалі[1] доўга, нараду сабраўшы,
Потым згадзіліся, дось[2] пакрычаўшы,
Ўзьляцелі высока над сосны, над елі
І недзе прапалі ў нябесным касьцеле…
Ах, каб крыльлі, крыльлі мне
І той лёт гусячы,
Я прапаў-бы ўгарыне[3]
Хто-б мяне і бачыў!
Раз-у-пораз, раз-у-раз
Ў неба-б біў крыламі…
Гусі, гусі, я да вас,
Я лячу за вамі!
Дзе былі вы? Што было там?
Дзе жылі вы? Над балотам?
Мо’ ля рэчкі? Мо’ ля хаткі ?
Ля сялібы майго таткі?
Мае маткі, майго браткі
Вы ня бачылі часамі?
А сястрыцы? А дзявіцы,
Маей любы,
Вы ня бачылі часамі?
А у шлюбы
Ня зьбіраецца сястрыца?
Не? А люба, чараўніца?..
Ці там ймгліста,
Ці там ясна?
Красна? Міла?
Гусі! Шчасна?..
|