Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Алесь Гарун/Матчын дар/Муляру

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Поэту Муляру
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
1927 год
У прыпар
Іншыя публікацыі гэтага твора: Муляру (Гарун).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Муляру.

— Муляр, слухай! Што кладзеш ты?
— „Дол сьмяротны, бачыш, — склеп.
„От, як скончу ўсё да рэшты,
„Буду мець рубель на хлеб“.

— Слухай, муляр: пакідай ты
Сьмерці сховы мураваць! —
Хай ня знаць іх! Уставай ты,
Пойдзем жыцьце будаваць.

Бачыш: людзі, як бяздомкі,
Ходзяць скрозь бяз ўласных хат!
Я работнік спрытны, ёмкі,
Пойдзем муляр, пойдзем, брат!

Возьмем кельні[1], малаточкі,
Дзьве рыдлёўкі, вінкель, шнур,
Гукнем: „людзі, галубочкі!
„Хто ахвочы класьці мур?

„Мур вялікі вольнай волі,
„Мур высокі да нябёс,
„Мур братэрства, роўнай долі,
„Мур для радасьці бяз сьлёз?“

От, убачыш, прыйдуць людзі
Наўспамогу ў грамадзе;
Кожны цэглу класьці будзе…
От дзе праца загудзе!

Сьцены зробім чыста, гладка,
Як з крышталю, столь, як шкло.
Скажуць людзі: „вось дык хатка!
Роўнай у сьвеце ня было!“

Будзем есьці ў гэтай хаце
Смачны, чысты, пульхны[2] хлеб.
Пойдзем, муляр, пойдзем, браце,
Хай другі канчае склеп!



  1. Прылады, лапаткі для кіданьня гліны.
  2. Полён. — мягкі, пушысты.