Перайсці да зместу

Праграма беларускай мовы для народнае школы (1941)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Праграма беларускай мовы для народнае школы
Адукацыйная праграма

1941 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІНСПЭКТАРА БЕЛАРУСКІХ ШКОЛ
ПРЫ ГЭНЭРАЛЬНЫМ КАМІСАРЫ БЕЛАРУСІ



Праект


ПРАГРАМА БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

для народнае школы






Выдана ў Менску ў 1941 г. у Краёвай Друкарні.

Landesdruckerei Minsk.

I-ая КЛЯСА.

Тэмы.

Сям‘я і школа. Прырода й сельская гаспадарка ўвосень. Прырода й хатняя гаспадарка ўзімку. Удзел дзяцей у хатняй гаспадарцы. Прырода й сельская гаспадарка ўвясну (наша сяло, мястэчка, места-горад) з удзелам дзяцей у гэтай гаспадарцы. Наша бацькаўшчына. Праца дарослых і дзяцей улетку.

Разьвіцьцё мовы.

Навучэньне правільнай выразнай голаснай мовы. Разьвіцьцё лексыкі дзяцей. Вывучваньне напамяць вершаў.

Чытаньне й пісаньне.

Прыгатова дзяцей да навукі ў школе. Вучэньне чытаньня й пісаньня. Плаўнае чытаньне невялічкіх апавяданьняў. Пераказ прачытанага, вучэньне напамяць невялічкіх вершыкаў. Пісаньне літараў, асобных слоў і сказаў.

Граматыка.

Гук і літара. Самагукі й зыкі («галосныя й зычныя»). Правапіс й, ў, ь.

II-ая КЛЯСА.

Тэмы.

Збор ураджаю і ўдзел дзяцей у гэтым зборы. Набліжэньне зімы й прыгатова да зімы. Прыгатова да вясны. Веснавыя работы і ўдзел дзяцей у веснавых работах. Значэньне сельскай гаспадаркі для нашай бацькаўшчыны.

Разьвіцьцё мовы.

Пашырэньне запасу слоў у лексыцы вучняў. Работа над сказам. Праца над вусным расказам і расказам паводле малюнку. Вучэньне напамяць вершаў.

Чытаньне й пісаньне.

Плаўнае й сыведамае чытаньне невялічкіх артыкулаў. Пераказ прачытанага. Азнаямленьне з кнiгай. Практычнае азнаямленьне з лацініцай. Выпрацаваньне выразнага, прыгожага, правільнага пісьма паводле заданьня.

Граматыка.

Паўтарэньне пройдзенага ў I клясе матэрыялу. Сувязь слоў у сказе. Знаходжаньне слоў у сказе, якія адказваюць на тое ці іншае пытаньне й абазначаюць прадмет, прымету, дзеяньне. Дапісваньне патрэбных слоў у сказе з правільным стаўляньнем пытаньняў да гэтых слоў. Сказы абвяшчальныя, клічныя, пытальныя. Звонкія й ціхія зычныя (зыкі) ды правапіс іх. Правапіс цьвярдых, мяккіх і зацьвярдзелых зыкаў. Зыкі дз, дж; «ь» у сярэдзіне слова, і, е, ё, ю, я, што абазначаюць мяккія зыкі. «Д» і «т» пры зьмякчэньні. Апостроф і «ь», як разлучальныя знакі. Зыкі з прыціскам (падвойныя). Склад і націск. Пераход ненацісьненага о ў а.

III-ая КЛЯСА.

Тэмы.

Праца дарослых і дзяцей улетку над зборам ураджаю. Места й сяло, сувязь між імі й значэньне разьвіцьця іх для нашай бацькаўшчыны. Культурныя і адміністрацыйныя ўстановы места й сяла. Расказы з мінуўшчыны нашай бацькаўшчыны.

Разьвіцьцё мовы.

Павялічэньне запасу слоў у лексыцы вучняў. Работы над сказам. Пераказ паводле прычытанага матар‘ялу. Самастойныя ўкладаньні апавядальнага характару на вольныя тэмы й паводле малюнкаў.

Чытаньне й пісаньне.

Выразнае галоснае чытаньне. Практыкаваньні ў ціхім чытаньні. Гутаркі аб зашкольным чытаньні. Разьвіцьцё выразнага, прыгожага й правільнага пісьма. Уменьне карыстацца слоўнікам.

Граматыка й правапіс.

Паўтарэньне пройдзенага ў II клясе матар ялу. Націск у слове і ў сувязі з гэтым правапіс самагукаў е, я перад націскам. Е па націску. Этымолёгічнае я па націску. Пераход у у ў (прыклад: ён умее — яна умее). Пераход і у й. Прыстаўное «в» перад о, у (вока, вуха). Практыкаваньні ў складаньні неразьвітых сказаў. Дзейнік і выказьнік. Азнаямленьне з разьвітым сказам. Склад слова. Паняцьце аб прадметніку («назоўніку») і склонах. Імёны зборныя і ў сувязі з гэтым падваеньне зыкаў. Скланеньне прадметніка. Прадметнік у сказе. Правапіс канчаткаў прадметніка (бяз роднага й меснага склону). Паняцьце аб прыметніку. Паняцьце аб дзеяслове. Час, лік і асоба дзеясловаў.

IV-ая КЛЯСА.

Тэмы.

Наш родны край — Беларусь і прыродныя багацьці Беларусі. Наша бацькаўшчына сярод іншых народаў і яе мінуўшчына.

Разьвіцьцё мовы.

Работа над разьвіцьцём лексыкі вучняў. Работа над складаньнем сказаў. Самастойныя укладаньні апавядальнага характару. Апавяданьне з творчым элемэнтам. Апісаньне малюнка з вывадамі. Мастацкае расказваньне настаўніка і вучняў.

Чытаньне й пісаньне.

Разьвіваньне навыкаў сьведамага выразнага чытаньня літаратурна-мастацкіх твораў. Разьвіваньне звычак самастойнай работы над кнігай. Гутаркі аб зашкольным чытаньні. Выпрацаваньне чытальнага характару пісьма. Укладаньне лістоў, заяваў, расьпісак, выпаўненьне блянкетаў.

Граматыка й правапіс.

Прыстаўное «в» перад а па прыйменьніку у, у (агонь — у вагні).

Паўтарэньне прадметніка. Канчаткі роднага й меснага склону. Прыметнік і значэньне яго ў мове. Правапіс прыметнікаў. Асобавы займеньнік і правапіс яго. Дзеяслоў (спражэньне, лад, трываньне). Правапіс дзеясловаў. Падвойныя зыкі пры спражэньні. Паняцьце аб лічбоўніку, прыслоўі й злучніку.

Увага:
Тэмы да разьвіцьця мовы ў клясах I-IV павінны праходзіцца ў сувязі з матар‘ялам падручніка, або праводзіцца асобна ў форме гутарак.

V-ая КЛЯСА.

Разьвіцьцё мовы.

Паглыбленая работа над разьвіваньнем лексыкі вучняў. Пасьлядоўнае расказваньне зьместу прачытанага. Расказваньне паводле малюнкаў з адпаведнымі выснавамі. Пісьмовыя укладаньні рознага роду, пераважна апавядальнага характару. Знаёмства із сынонімамі, омонімамі й антонімамі.

Чытаньне.

Хуткае й выразнае чытаньне празаічнага і вершаванага тэксту. Паправа вымаўленьня ў сувязі з хуткім выразным чытаньнем. Уменьне знайсьці ў прачытаным прачытаным матар‘яле асноўныя й даданыя мамэнты з элемэнтамі характарыстыкі галоўных асобаў.

Граматыка й правапіс.

Сказ. Просты й складаны сказ. Складана-залежны сказ і складана-злучаны сказ ды знакі прыпынку ў складаным сказе. Фонэтыка. Падзел гукаў. Чаргаваньне, упадабненьне й распадабненьне. Чаргаваньне складоў ро-ло-ле з ры-лы-лі, пр. кроў-крыві, блеск-блішчэць. Словы з распадобненымі зыкамі, пр. ністожыць, Кастанцін, калідор. Пераход ф у п (Піліп), у хв (хварба), у х (хунт). Правапіс зыкаў. Правапіс самагукаў. Суфіксы прыметнікаў. Правапіс чужых слоў. Паўтарэньне матар‘ялу аб прадметніку, прыметніку. Ступені прыраўнаньня прыметнікаў. Зьмяншальныя й любасныя прадметнікі. Зацьвярдзелае л перад ц зьмяншальных ніякага роду (колца, салца). Клясыфікацыя займеньнікаў. Суфіксы прадметнікаў. Займеньнік трэйцяй асобы па прыйменьніках (у яго, зь імі). Скланеньне займеньнікаў і правапіс іх.

Літаратурнае чытаньне.

Народнае творства. Прыказкі. Загадкі. Абрадныя песьні.

Я. Колас 1) «Новая Зямля», разьдзелы на тэмы: Беларуская прырода, сялянскі быт, дзеці, дзядзька Антось (I, II, VII, XI, XVÎÎЇ, XIX, XX, XXIV, XXV).

2) Апавяданьні: «Малады дубок», «У старых дубох», «Злучыліся»,

Я. Купала: 1) Вершы «Мужык», «Песьня сонцу», «Я ад вас далёка», «Асёл і навука» із зборніка «Шляхам жыцьця», 2) Паэма «Курган» (з таго-ж зборніка).

М. Багдановіч. Вершы: «Завіруха», «Цёплы вечар», «Ціхі вечар, зьнікнула сьпякота», «З песьняў беларускага мужыка» «Зімой», «Чуеш гул».

А. Гарун. Вершы: «Завіруха», «Вясной», «У прыпар», «Добрыя дзеці» із зборніка «Матчын дар».

Каганец. «Што кажух, то ня вата». Ядвігін Ш. «Гаротная, М. Гарэцкі. «Ціхія песьні». У. Галубок. «Парабкі». Таўрус. «Банкет». Я. Лёсік. «Апавяданьне бяз назвы». Власт. «Юга й грамавік». К. Чорны. «Буланы». М. Танк. «Сказ пра Вяля», «Казка пра музыку».

VI-ая КЛЯСА.

Разьвіцьцё мовы.

Работа над разьвіцьцём культуры вуснай і пісьмовай мовы ў сувязі з літаратурным чытаньнем. Складаньне індывідуальных слоўнікаў.

Чытаньне.

Выразнае чытаньне. Уменьне арыентавацца ў прачытаным матар‘яле з вылучэньнем асноўнай думкі. Паняцьце аб вобразнасьці мовы: знаёмства з асноўнымі спосабамі моўнай маляўнічасьці (мэтафара, эпітэт, прыраўнаньне).

Граматыка й правапіс.

Паўтарэньне дзеясловаў. Прамінулы (запрошлы) час. Станы дзеяслова. Дзеяпрыметнік, значэньне яго ў сказе й правапіс. Дзеяпрыслоўе, значэньне яго ў сказе й правапіс. Дзеяслоўныя прадметнікі й падвойныя зыкі ў іх. Прыслоўе. Утварэньне й правапіс прыслоўя. Лічбоўнік. Утварэньне й правапіс лічбоўнікаў. Прыйменнікі. Правапіс прыйменьнікаў. Злучнік. Правапіс пярэчаньняў не, ні. Паўтарэньне сынтаксычнага матар ялу й практыкаваньне сынтаксычнага разбору на працягу ўсяго году.

Літаратурнае чытаньне.

Народнае творства: Казкі.

Я. Колас. 1) «Новая зямля». Разьдзелы на тэму: «Новая зямля Міхала, «Новая зямля» беларускага народу (III, IV, V, VI, VII, IX, X, XII, XVII, ХХІI, ХXIII, XXVI, XXVII, XXIII, XXIX, XXX).

2) Апавяданьні: «Дзеравеншчына», «Зло не заўсёды зло», «Казкі жыцьця».

Ф. Багушэвіч. «Жыдок», «Падарожныя жыды», «Панскае ігрышча», «Адказ», «Хрэсьбіны Мацюка», «Кепска будзе».

Я. Няслухоўскі. «Каршун», «Роднай старонцы».

К. Каганец. «На сплаў». «Модны шляхцюк».

Ядвігін Ш. «Бутыркі» (з «Успамінаў»).

Я. Купала. 1) Вершы: «А хто там ідзе», «Прарок», «Над Нёмнам», «Ворагам беларушчыны» з зборніка «Шляхам жыцьця» 2) Поэма «На куцьцю» (із таго-ж зборніка).

К. Буйла. «Люблю», «Ціхім гоманам».

М. Багдановіч. «Слуцкія ткачыхі», «Пагоня», «Разгарайся хутчэй», «Кінь вечны плач», «Рушымся, брацьці, хутчэй», Дождж у полі».

А. Гарун. Вершы із зборніка «Матчын дар»: «Хай», «Юдам», «Ты, мой брат», «Песьня-звон», «У выгнаньні», «Спрэчка», «Каму што».

M. Гарэцкі: «Лірныя сьпевы», Власт. «Лебядзіная песьня», «Сож і Дняпро», К. Чорны. «Лявон Бушмар», Я. Пушча. «Лісты да сабакі», «Забралі людзі», У. Дубоўка. «Дзяўчына». М. Танк «Каліноўскі».


VII-ая КЛЯСА.

Разьвіцьцё мовы.

Паглыбленае разьвіцьцё культуры вуснай і пісьмовай мовы на літаратурных матар‘ялах. Паглыбленьне слоўнікавай работы. Практыкаваньні і ўкладаньні тыпу апавяданьня, апісаньня, характарыстыкі. Укладаньне лістоў да знаёмых з ужываньнем паказаных вышэй жанраў.

Чытаньне.

Выразнае чытаньне на аснове сэнсавага аналізу тэксту. Засваеньне вобразных спосабаў мовы ў працэсе чытаньня й разбору мастацкага тэксту (гіпэрбала, мэтанімія, зваротак, увасабленьне). Знаёмства з асноўнымі мамэнтамі кампазыцыі твору.

Граматыка й правапіс.

Паўтарэньне пройдзенага матарыялу аб сказе. Сувязь слоў у сказе. Дзейнік і выражэньне яго ў сказе. Выказьнік і выражэньне яго ў сказе. Тыпы сказаў. Зьліты сказ. («Сказ з аднароднымі членамі») і знакі прыпынку ў ім. Зваротак і знакі прыпынку пры ім. Пабочныя словы й сказы ды знакі прыпынку пры іх. Прыдаткі ў мове й знакі прыпынку пры іх. Складаны сказ. Роды складаных сказаў і знакі прыпынку пры складаных сказах. Скарачэньне даданых сказаў («адасабленьне») і знакі прыпынку пры ім. Абагульненьне правілаў пра знакі прыпынку.

Літаратура.

Паняцьце аб мастацтве («Апокрыф» М. Багдановіча).

Народнае вуснае творства (агляд усіх жанраў).

Агляд новай беларускай літаратуры. Я. Баршчэўскі — хронолёгічна першы беларускі пісьменьнік XIX веку («Ах, чым-жа твая дзеванька…», адно з фантастычных апавяданьняў — «Чарнакніжнік і зьмяя» ці «Ваўкалак»). Паўлюк Бахрым — першы сялянскі паэт («Заграй, заграй…»). «Тарас на Парнасе» і ідэя стварэньня беларускага народнага мастацтва — фактычны пачатак новай беларускай літаратуры. В. Дунін-Марцінкевіч — найбольш пладавіты беларускі пісьменьнік XIX веку («Стаўроўскія дзяды» «Пінская шляхта») Ф. Багушэвіч — «бацька беларускага Адраджэньня» (лірыка). Багушэвіцкая пляяда. Няслухоўскі (лірыка). А. Абуховіч (байкі — «Ваўкалак», «Ліс і варона», «Воўк і лісіца»). «Нашаніўства». I. Папярэднікі й пачынальнікі: К. Каганец (народная лірыка, апавяданьні, драматургія). Ядвігін Ш.Бярозка», «Зарабіў»). ЦёткаНа чужой старонцы», «Грайка», «Арлы-брацьця») II. Генэральная лінія: Я. Купала (лірыка, «Раскіданае гняздо). Я. КоласСымон Музыка», «У Палескай глушы»).

III. Маладзейшыя нашаўніцы: А. Гарун (лірыка, апавяданьні). М. БагдановічРондо», «У вёсцы», «Максім і Магдалена», «Страцім-Лебядзь»). М. Гарэцкі (апавяданьні, «Дзьве душы»). Ф. АляхновічНяскончаная драма»). Узвышша беларускай літаратуры — на Усходняй Беларусі (У. Дубоўка, Я. Пушча, К. Чорны, М. Зарэцкі) і на Заходняй (Н. Арсеньнева, М. Танк, М. Машара).


ПАЯСЬНЕНЬНІ ДА ПРАГРАМЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ.

Вывучэньне беларускае мовы ў народнай школе мае адукацыйнае і ўзгадаваўчае значэньне. Адукацыйнае значэньне вынікае з азнаямленьня вучняў з уласьцівасьцямі роднае мовы, набыцьця імі фактычных ведаў у гэтай галіне і з практычнага ўладаньня беларускай мовай — вуснай і пісьмовай, як у штодзённым ужытку, так і пры чытаньні твораў мастацкай літаратуры.

Вывучэньне роднай мовы мае на мэце найвялікшую справу — узгадаваньне нашай моладзі ў нацыянальным кірунку. Выкладаньне роднай мовы павінна давесьці нашу моладзь да нацыянальнай сьвядомасьці, разьвіць у ёй глыбокае пачуцьцё любасьці і пашаны да сваей Бацькаўшчыны, як роднай маці; разьвіць у моладзі асалоду прыгожасьцю і мілагучнасьцю сваей мовы; адчуць маляўнічае хараство роднай прыроды, любіць сваю культуру і яе носьбіта — беларускі народ.

Усё гэта ставіць родную мову ў вылучнае палажэньне сярод іншых школьных прадметаў.

Навучаньне мовы складае адзіны працэс, які праходзіць праз увесь курс школы, прычым паасобныя бакі навучаньня накіраваны да таго, каб дасягнуць агульных мэтаў, аб якіх гаварылася вышэй.

Праграма навучаньня беларускай мовы ў народнай школе ў асноўным пабудавана на разьдзелах:

1. Чытаньне і пісаньне.

2. Граматыка ў сувязі з правапісам.

3. Разьвіцьцё вуснай і пісьмовай мовы.

4. Літаратурны матарыял курсу народнай школы.

1. Чытаньне і пісаньне.

Гэтыя заняткі, пачынаючыся ў малодшых клясах з працэсу аўладаньня элемэнтарнай пісьменнасьцю, праходзяць праз увесь курс навучаньня. У малодшых клясах у першую чаргу ставіцца тэхнічны момант — засваеньне гукаў і літар, правільнае вымаўленьне і пісаньне літар і сказаў з паступовым пераходам да чытаньня тэкстаў.

Адначасова з тэхнікай чытаньня стаіць задача выпрацоўкі сьвядомасьці чытаньня, якая дасягаецца пры дапамозе такіх спосабаў, як пераказ зьместу, ілюстраваньне прачытанага — рысункамі, сьпевамі, шляхам інсцэніроўкі і драматызацыі, выразнага чытаньня кароткіх тэкстаў, дапасаваных да ўспрыйманыня дзяцей.

Сьвядомасьць павінна находзіць сваё адбіцьцё ў выразнасьці чытаньня, якое памагае зразумець ня толькі агульны сэнс таго, што вучань чытае, але і асобныя адценьні думак аўтара. Характэрнымі рысамі добрага, выразнага чытаньня зьяўляюцца прастата і натуральнасьць. Такое выразнае чытаньне можа выпрацавацца ў выніку яснага і правільнага разуменьня прачытанага артыкулу, а таму яно важна як паказчык разуменьня тэксту, а з другога боку як сродак лепшага засваеньня зьместу.

Вялікае значэньне мае добрая мова настаўніка, яна павінна быць яскравай, выразнай і вобразнай. Пад славамі: «Мастацкае расказваньне вучня» разумеецца пераказ літаратурнага тэксту з папярэдняй яго падрыхтоўкай паводле пэўнага пляну, з ужываньнем цытатаў з памяці і характэрных сказаў.

У II клясе паказана «азнаямленьне з кнігаю». Гэта значыць, што настаўнік павінен азнаёміць вучняў з вонкавым выглядам кнігі, асаблівасьцямі яе афармленьня (вокладка, прозьвішча аўтара, назоў кнігі, разьдзелы, зьмест і г. д.)

Аднэю з задач выкладчыка мовы зьяўляецца пашырэньне кругу чытаньня вучняў (пазашкольнае чытаньне), якое пачынаецца з II клясы. У наступных клясах, асабліва V—VII, пазашкольнае чытаньне пасьлядоўна паглыбляецца ў сувязі з курсавым чытаньнем узораў мастацкага слова.

У клясах I—IV тэхніка чытаньня натуральна зьвязваецца з тэхнікай пісаньня. Настаўнік павінен мець на увазе, што галоўным чынам у малодшых клясах кладуцца асновы графічна-правільнага пісьма, у сувязі з чым вялізарнае знацэньне мае чытэльнасьць характару пісьма самога настаўніка і вымаганьні адносна вонкавага выгляду пісаньня.

Школа павінна прышчапіць любасьць і пашану да роднай мовы, пачуцьцё прыгожасьці і мілагучнасьці яе, а разам з гэтым імкненьне засвойваць арыгінальныя і запраўдныя родныя словы і выражэньні; адначасна вучань павінен паступова навучыцца сьвядома карыстацца славамі замежнага паходжаньня і адпаведнай тэхнічнай тэрміналёгіяй.

Пачатак слоўнікавай работы праграма дае яшчэ ў III кл. у выглядзе звароту ўвагі вучня да разуменьня сэнсавага боку слова, устанаўленьня сувязі яго з іншымі славамі ў сказе. Новыя словы і выражэньні запісваюцца вучнямі ў асобныя сшыткі; перад гэтым выкладчык тлумачыць дзецям неабходнасьць запісу слоў і знаёміць з тэхнікай слоўнікавага запісу. Паступовае пашырэньне запасу слоў вучняў у сувязі з школьным і хатнім чытаньнем, а таксама вывучэньнем іншых прадметаў ідзе й далей у кл. IV—VII.

Народная школа ставіць сваёю мэтаю падрыхтоўку вучняў да беспасрэднага ўдзелу ў грамадзкім жыцьці, а таму апрача павышэньня іх агульнай культуры, яна павінна ўзбагаціць вучняў адпаведнымі практычнымі навыкамі пры карыстаньні роднай мовай.

З гэтаю мэтаю праграма, пачынаючы з IV клясы ўводзiць практыкаваньні ў укладаньні розных дзелавых папераў, патрэбных у жыцьці, напрыклад: укладаньне паштовых лістоў да родных і знаёмых, напісаньне адрысу, тэксту тэлеграмы, расьпіскі, запаўненьня блянкэтаў (IV кл.), заявы ў установу, пратаколу простага тыпу, пасьведчаньня (V кл.), апісаньня мясцовасьці, памешканьняў, пакояў (VI кл.), запаўненьня анкеты, укладаньня кароткага асабістага жыцьцяпісу, укладаньня лістоў на розныя тэмы з ужываньнем апавядальнага і апісальнага жанраў. Пад канец году ў IV кл. вучань павінен добра ўладаць тэхнікай чытаньня, а таму ў VV—II кл. галоўная ўвага павінна быць накіравана на паглыбленьне ўспрыйманьня агульнага сэнсу і ідэёвай накіраванасьці тэксту. Разам з паглыбленьнем чытаньня ў V—VII кл. ідзе практычнае знаёмства з сродкамі выразнасьці літаратурнае мовы, аснаўнымі момантамі кампазыцыі твору, асаблівасьцямі вершаванай мовы, а таксама з галоўнымі літаратурнымі жанрамі.

II. Граматыка і правапіс.

Першапачатковае вывучэньне граматыкі ідзе ад агульнага назіраньня над сказам да назіраньня над яго элемэнтамі, паасобным славам, часьцінамі мовы, часткамі слова і г. д. Як падрыхтоўка да вывучэньня граматыкі ў II кл. даецца знаходжаньне ў сказе слоў, якія адказваюць на тое ці іншае пытаньне й абазначаюць прадмет, прымету, дзеяньне. Разглядаецца дапасаваньне слоў у сказе з пастаноўкай пытаньняў да гэтых слоў. Апрача практычнага знаёмства з пабудовай сказу ў III кл. даецца знаёмства з асноўнымі зьявамі фанэтыкі і марфалёгіі. Праграма IV клясы завяршае вывучэньне асноўных элемэнтаў граматыкі. Із складанага граматычнага матэрыялу бяруцца тыя элемэнты, якія памагаюць ажыцьцёвіць практычныя мэты — прышчапіць сьвядомыя адносіны да фармальнага боку мовы, дапамагчы правільнасьці пабудовы сказу і палягчаць засваеньне правапісу.

У V—VII клясах ужо ідзе сыстэматычнае, грунтоўнае вывучэньне пэўных граматычных тэмаў, у выніку якога вучні павінны атрымаць асноўныя паняцьці аб уласьцівасьцях роднае мовы, сьвядомыя адносіны да граматычных фактаў мовы.

Вывучэньне граматыкі ідзе адначасова з практыкаваньнямі ў граматычным разборы і пісьмовых працах аўтаграфічнага зьместу. Граматычны разбор праводзіцца ўвесь час, пачынаючы з малодшых клясаў аж да канца навучаныня. Граматычны разбор адыгрывае важную ролю у навучаньні правапісу: пісьмовыя практыкаваньні, як сьпісваньне, папераджальныя дыктанты, праводзяцца на падставе граматычнага аналізу тэксту з мэтай папярэджаньня памылак, ён уваходзіць амаль ува ўсе граматычныя і артаграфічныя прыктыкаваньні і адначасова зьяўляецца адной з лепшых форм паўтарэньня пройдзенага і кантролю ведаў вучняў.

III. Разьвіцьцё мовы.

Заняткі адносна разьвіцьця мовы зьяўляюцца сыстэматычнай працай, якая праводзіцца праз увесь час навучаньня поруч з іншымі відамі заняткаў. У малодшых асноўная накіраванасьць працы зводзіцца да імкненьня «разьвязаць язык» у дзіцяці, даць яму магчымасьць укласьці свае думкі ў пэўную слоўную форму. Як спосабы «разьвязваньня языка» праграма раіць гутарку з малюнку, вывучваньне і гаварэньне вершаў, узбагачаньня лексыкі дзяцей новымі словамі і зваротамі.

Як матарыял для пісьмовых укладаньняў трэба выкарыстоўваць непасрэдны досьлед назіраньня дзяцей у галіне сэзонных зьявішчаў прыроды і г. д. Наагул патрэба, каб вучань добра ведаў тое, аб чым ён будзе пісаць.

У V—VII кл. работа адносна разьвіцья мовы ідзе поруч з літаратурным чытаньнем. Паводле тых твораў, якія вучні вывучаюць, вучні практычна знаёмяцца з вобразнасьцю мовы, з ужываньнем слоў у простым і пераносным значэньні, выконваюць вусныя і пісьмовыя ўкладаньні, робяць апісаньні прадметаў, пэйзажаў, эпізодаў, на аснове беспасрэднага нагляданьня і ўспамінаў, адначасна выкарыстоўваючы паасобныя ўзоры мастацкіх твораў.

У V кл. праграма раіць пісьмовыя працы розных формаў, пераважна апавядальнага характару. У VI кл. гэтая работа ўскладняецца ўвядзеньнем новага больш складанага жанру — апісаньня, і адначасова пісьмовыя працы ставяцца ў сувязь з тымі назіраньнямі, якія вучні робяць над літаратурнай тэхнікай ў працэсе кляснай пераапрацоўкі мастацкіх твораў (укладаньні-кампіляцыі з выкарыстаньнем літаратурных тэкстаў), укладаньне плянаў мастацкіх апісаньняў, утварэньне самастойных апісаньня паводле літаратурнага ўзору, пераапрацоўка асобных разьдзелаў і часткаў літаратурнага твору з мэтай адказу на пэўную тэму і г. д.

IV. Літаратурны матарыял курсу народнае школы.

Пэдагагічнае правіла «ад блізкага да далёкага» прымушае перадусім браць матарыял для вывучэньня і назіраньня із навакольнага жыцьця свайго раёну, акругі, краіны.

Вось чаму тэмы для распрацоўкі на занятках чытаньня ў I—IV кл. закранаюць пытаньні сям‘і і школы, дзіцячага жыцьця, прыроды, сельскай гаспадаркі, заняткаў мясцовых жыхароў і г. д. У IV кл. ад агляду мясцовасьці раёну праграма пераходзіць да нашай Бацькаўшчыны, яе мінулага і сучаснага.

У V—VII клясах, як матарыял для чытаньня, бяруццца лепшыя творы мастацкай літаратуры, якія таксама закранаюць тэмы з жыцьця роднага краю, але робяць гэта больш паглыблена і ў вобразнай форме.

Літаратурнае чытаньне ў V кл. зьвяртае галоўную ўвагу вучняў на тэмы: родная прырода, сялянскі быт, жыцьцё дзяцей, характэрныя моманты народнай творчасьці і на ўсё тое, што дапаможа разьвіць у вучняў любасьць і пашану да Бацькаўшчыны, роднай мовы і культуры.

У VI кл. вывучаюцца творы беларускіх пісьменьнікаў, якія даюць гістарычнае і ідэёвае абгрунтаваньне нацыянальнага моманту і памагаюць разьвіцьцю нацыянальнай сьвядомасьці вучняў.

Паказаны ў праграме сьпіс твораў мае прыкладнае значэньне: з яго выкладчык павінен выбраць пэўную колькасьць матарыялу, які ён зможа знайсьці і пераапрацаваць на працягу году.

Выкладчык, чытаючы з вучнямі паказаныя творы, не павінен абмяжоўвацца толькі азнаямленьнем вучняў з іх зьместам, але самы матарыял павінен быць пераапрацаваны, згодна з тымі вымаганьнямі, якія даны ў праграме V і VI кл. у разьдзелах «Чытаньне і пісаньне», «Разьвіцьцё мовы».

У VII клясе даецца агульны агляд новай беларускай літаратуры ў гістарычным пляне: пэўныя разьдзелы і асноўныя моманты пэрыядызацыі паказаны ў праграме.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.