Падарожныя жыды

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Падарожныя жыды
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч
Крыніца: http://litby.com/stihi/bagushev/338-bagushev-012.html


Што крук круку не выдзюбае вока,
То ведама даўно і ведама далёка;
І гдзе крапчэйшыя дзяруцца,
Дык слабшыя няхай жа не суюцца,
Бо ўжо чубы напэўна што парвуць,
Калі яны адзін другога не паймуць.
З двух мястэчкаў два падвозцы
Двух жыдоў вязлі напроці.
Спаткаліся ж на вузенькай дарожцы
І ні адзін не уступае па ахвоце:
Той кажа: «Парха ты вязеш, дарогу дай!»
А той крычыць: «Ты пана мне не лай,
Бо я твайго і біць гатоў!..»
І біч смалёны тут завёў,
А той у рукі ды бічышча…
І замахалі так, аж свішча!
Жыдкі у просьбу, каб гадзіцца.
Куды табе! — ні прыступіцца.
Так б’юць, аж кроў цячэ жыдам!
«Ты б’еш майго, а я твайму аддам!»
І, можа б, так на смерць пабілі,
Дык хітра ж і жыдкі зрабілі:
Той перасеў таму на воз, а той туды.
І так запхалі абодва без бяды;
І мужыкам так стала бліжэй дому,
І крыўды ніякай нікому.
Пазналіся жыдкі, пагергаталі
Дык мужыкі і біцца перасталі!
А што, каб так і мы зрабілі,
А можа бы, і нас не білі?