Грайка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Грайка
Верш
Аўтар: Алаіза Пашкевіч (Цётка)
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/59003

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Граў бы я многа, ды сіл не хватае,
І рвецца за стрункаю струнка,
Хоць песня яшчэ не замёрла ўдалая,
Хоць родзіцца думка за думкай.

Граў бы я многа, ды смерць кажа «годзе!»,
Ў магілку мне ладзіцца кажа…
Эй, рвіцеся, струны, што гэта мне шкодзе?
У магілку супольна мы ляжам!

Можа, з той ліры вырасце іва,
3 парваных струн — белыя кветкі,
Можа, вясною будуць ігрыва
У дрэўца ценю гуляць дзеткі,

Можа, хто з дзетак скруце жалейку —
Ўнучку паломанай ліры —
І так зайграе, што ўсенька зямелька
Пачуе мой водгалас шчыры!

Дзедавы струны, рана парваныя,
Зноў громка азвуцца, як звоны:
Песня, за жыцце яго недаграная,
Ў сэрцы унука дасць плёны.

А на задушкі пад цёмнаю івай
Жывое пачуецца слова,
Што песня ўстала з стотысячнай сілай,
Жыве мая ліра нанова!

(1909)