Апокрыф (Багдановіч)
Jump to navigation
Jump to search
Апокрыф Аўтар: Максім Багдановіч Крыніца: http://rv-blr.com/literature/142 |
Апокрыф
- Ад Максіма Кніжніка пачатак…
- І калі скончылася сем тысяч год ад стварэння свету, Хрыстос ізноў сышоў на зямлю і хадзіў па ёй, каб споўнілася тое, аб чым сведчылі прарокі.
- І хадзіў Ён па ўсім Забраным Краі і па Занёманшчыне, і па Задзвіншчыне, і па Бярэзінскай зямлі.
- І разам з ім святы Пётра і святы Юр’я. Але ніхто з людзей не пазнаваў Яго.
- Бо ішлі яны босымі нагамі з непакрытымі галовамі і былі адзетыя ў белы кужаль ды суконныя світкі, а не таго спадзяваліся людзі.
- Таму ніхто не ўзяў увагі на іх, калі ў часе жніва праходзілі між працуючых людзей.
- Толькі музы́ка, катораму цяпер не было чаго рабіць, падыйшоў да іх і сказаў: сорамна мне, бо сягоння дзень працы і ўсе клапоцяцца каля зямлі; адзін я нікчэмны чалавек.
- І сказаў яму Хрыстос: не смуціся ў сэрцы сваім. Ці ж не твае песні спяваюць яны цяпер, у часе жніва! Таму не схіляй нізка галавы твае, і не хавай аблічча ад вачэй людскіх.
- Бо няма праўды ў тым, каторы кажа, што ты — лішні на зямлі. Запраўды кажу я табе: надыйдзе яму гадзіна горычы — і чым ён разважыць тугу сваю, апроч песні твае? Як у дзень смутку, таксама ў дзень радасці ён прызавець цябе.
- І навучаючы яго, казаў: пад песні кладуць чалавека ў калыску, і з спевамі ж апушчаюць у магілу яго.
- Штодзённымі клопатамі поўніцца жыццё людское. Але калі зварухнецца душа чалавека, — толькі песня здолее спатоліць яе. Шануйце ж песні свае.
- Бо спяваюць нават і жабы ў багне, а ці ж не лепшымі будзеце вы за іх?
- Так навучаў Хрыстос музыку. Але Пётра, пачуўшы словы яго, сказаў: Вучыцелю, у гэтай краіне ёсць людзі, каторым няма чаго есці. Ці ж не сціснецца ад сораму сэрца таго чалавека, каторы, шукаючы скарынкі хлеба, прыйдзе з песняй да іх?
- У адпаведнасці яму, сказаў Хрыстос: так, жыццё гэтых людзей цяжкое, беднае і прыгнечанае. Чаму ж ты хочаш яшчэ пазбавіць іх красы! Мала дадзена ім — няўжо ж трэба, каб было яшчэ менш?
- І, абярнуўшы аблічча сваё да музыкі, папытаўся: калі пяюць песні ў вас?
- Музыка адказаў: пяюць на Каляды, на Запускі, на Вялікдзень, на Тройцу, на Яна Купалу, у Пятроўку, на зажынках і дажынках.
- Пяюць на радзінах і хрэсьбінах, пяюць дзіцё калыхаючы, і самі дзеці пяюць гуляючы; пяюць на ігрышчах і вяселлях, і на хаўтурах, і ў бяседзе, і пры працы, і на вайну ідучы, і ва ўсякай іншай прыгодзе. Увесь круглы год пяюць.
- І мовіў Хрыстос Пятру: ты, шкадуючы галодных людзей, асудзіў песню, але самі галодныя не асудзілі яе. Жывая душа ў народзе гэтым.
- Тады ізноў сказаў Пётра: але няхай жа ў песнях будзе страва для душы, няхай будуць думкі добрыя і навучаючыя, каб апроч красы, быў у іх і спажытак чалавеку.
- І адказаў яму Хрыстос: няма красы без спажытку, бо сама краса і ёсць той спажытак для душы.
- І навучаючы іх, мовіў: агляніцеся навокал! Ці ж не ніва калыхаецца каля нас?
- Цяжка каля яе працаваў гаспадар і, вось бачыць: паміж збожжа ўзраслі васількі.
- І сказаў ён у сэрцы сваім: хлеб адбіраюць у мяне гэтыя сінія кветкі, бо поўнаважкія каласы маглі б узрасці тут заміж васількоў.
- Але, яшчэ з малацця краса іх прыйшлася мне да душы. І таму я не вырву яе з каранём іх і не выпляню, як усялякае благое зелле. Няхай растуць і радуюць, як у маленстве, сэрца маё.
- Так казаў сабе гаспадар у сэрцы сваім! І не падняў ён рукі на васількі.
- Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?
- І, кажучы так, пачуў Ён песню жнеек, і прамовіў: слухайце, што кажуць словы гэтай песні. Яе складалі людзі, якія ведаюць, чаго варты хлеб.
- Яны ж пачулі, што словы тэй песні кажуць: няма лепш цвяточка над васілёчка. І далей ужо моўчкі ішлі яны.
- І босыя ногі Хрыста пакідалі на цёплым, мяккім пылу дарогі сляды.
- Але гора вам, бо даўно ўжо затапталі вы іх.
Амін.
Рукапіс гэты адшукаў Максім Багдановіч