Канстанцыя Буйло.
Прымыкаючы блізка да сялянскіх пісьменьнікаў, К. Буйла стаіць ужо зусім на пераходзе да пісьменьнікаў інтэлігенцкіх. Асабістыя разважаньні ў яе стаяць на першым пляне. І тут Буйла вельмі орыгінальная. На першым месцы ў яе эротыка, песьні каханьня. У гэтым кірунку Буйла чуць не адзіная прадстаўніца ў нашаніўскай пары. Інтэлігенцкасьць Буйлы відна і ў выбары тэмаў: чары, русалкі, курганы, легенды, хараство. Тут агульна-чалавечыя мотывы. Інтэлігэнцкім зьяўляецца і патрыятызм Буйлы. Яе Беларусь — у большасьці ёсьць Беларусь былой славы і сучаснага чароўнага хараства. Як пісьменьніца сялянская, Буйла выступае ў некалькіх вершах: „Дзень сканаў“… і інш. Потым сялянская ідэялёгія выступае ў сцэнічным абразку: „Папараць-кветка“ ды ў п’есцы „Сягоньняшнія й даўнейшыя“, хоць тут яна ў сваіх сымпатыях аднальковая, як да інтэлігенцыі (перадавое), гэтак і да сялянства.
Усё-ж, з увагі на агульны тон яе поэзіі, носячай усе адзнакі нашаніўскай пары з найбольшым уплывам Янкі Купалы, і яе трэба паставіць поруч з сялянскімі пісьменьнікамі.
Нарадзілася ў двары Вішнева, Ашмянскага павету. Адукацыя дамовая, але, паколькі можна судзіць з твораў, даволі добрая. Працавала ў прытулку ў Вільні, потым вучыцелькай у вёсцы, далей загадчыцай беларускай кнігарні ў Полацку, а падчас вайны — на фроньце ў Земскім Саюзе. Тут пабралася з нейкім Калечыцам. Далейшых вестак аб яе жыцьці ня маем.
Амаль усе творы К. Буйлы сабраны ў кніжцы „Курганная кветка“.
|}