О, не кажы ты мне, што жыцьце надаела
І што на сьвеце жыць ня хочаш болей ты,
Бо ўжо ад мук жыцьця душа твая збалела,
А ў сьвеце столькі ёсьць гразі і цемнаты!
О, не кажы, што ты ў жыцьці ня маеш мэты,
І што яе ніхто ў жыцьці сваім ня меў;
Павінна мэтай быць усіх — шырыць прасьвету,
Усіх, хто цьму жыцьця убачыць ўжо пасьпеў!
Нам сьветачамі быць! У цемнаце ніводнай
Ня бачна зорачкі?.. Мы будзем распаляць!
Да працы час, браты! Ніхто няхай ня сьмее
Магутную руку бясьсільна апускаць.
Да працы час, браты! Мы туманы разьвеем:
Бо, як ў пялёнках, ў іх наш сумны край ляжыць;
Каханьнем маладым мы дух яго сагрэем, —
Нізіны кіне ён і вышай узьляціць.
Да працы, гэй, браты! Мы з верай маладою,
З сарцамі поўнымі мар[1] сьветлых і агню,
Мы сьвята выпаўнім жаданьне ўсесьвятое,
Аж злосьць адвечная пакіне нас, зямлю.
Аж больш ня будзе ўжо тых Каінаў на сьвеце,
Што ў братняе крыві[2] маглі руку мачаць…
Як братняга каханьня сонца нам засьвеце,
Тагды ўжо па трудох мы пойдзем аддыхаць.
Цяпер да працы! Нам з адвагай і надзеяй
Ў сарцох людзкіх дабра насеньне засяваць!
Да працы ўсе, браты! Ніхто няхай ня сьмее
Магутную руку бясьсільна апускаць!
|