Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Канстанцыя Буйла/Курганная кветка/Кветка Папараці

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мне сьніўся сон Кветка Папараці
Драматычная паэма
Аўтар: Канстанцыя Буйло
1927 год
Сягоньняшнія і даўнейшыя
Іншыя публікацыі гэтага твора: Кветка папараці.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кветка Папараці.

Фантастычны абразок у адной дзеі.


АСОБЫ:

Хам — Русалкі.

Рэч дзеецца на Яна Купалу. Лес. Месяц сьвеціць. Хам у мужыцкай вопратцы выходзіць на акраіну лесу. Пагляд яго мутны; павароты перапалоханыя.

Хам. Гадзіны ўюцца кругом,
Выюць ў імшарах ваўкі…
Bo’!

(Адступаючы).

Чорт ляціць за чартом,
Б’ючы хвастамі ў бакі…
Ведзьмы з балота паўзуць —
Ўсе у балотнай ціне —
Штосьці жудліва пяюць.

(Сьцеражэцца, быццам ад удару).

Гразьзю кідаюць ў мяне.
Енча5) пад ногамі мох,
Штосьці так вые ў кустах[1],

Валежнік ліпне да ног,
Па сьпіне бегае страх.

(Адходзіць).

Пайду…

(Астанаўліваецца).

Во’ ведзьмы — за мной!
Вочы гараць іх агнём…
Во’ як лятуць грамадой!

(Слухае).

Во’, во’, аж стогне дзесь лом.

(Бясьсільна).

Не, я ўжо больш не магу!
За што-ж мук столькі здарма?!
Выбіўся з сілы ў бягу —
Кветкі-ж няма і няма.

(Аглядаецца).

Лягу лепш; ўрыюся ў мох,
Вочы схаваю ў руках,
Мо’ не ўглядзяць, дзе я лёг,
Мо’ крыху ўвоймецца страх.

(Кладзецца і пачынае драмаць).

Лес раптам асьвечваецца сьветла-зеленаватым сьветам. З горкі ўніз да Хама спускаюцца русалкі. Валасы іх распушчаныя, белыя свабодныя вопраткі спадаюць да зямлі; на шырокіх рукавох доўгія разрэзы, на галовах — зелень. Наперадзе ідзе адна і трымае ў руцэ Кветку Папараці.

1-я Русалка (становячыся над Хамам)

У верас прыкрыты,
На сілах разьбіты,
На моху, як сонны ляжыць,
А над галавою
Цьвет-шчасьце зарою
Сьвятлістай, ірдзістай гарыць.

2-я Русалка.

Ачнісь! Гэта кветка
Адзін раз улетку
Хвіль колькі, адно, бач, цьвіце.
Цяпер твая доля
Праміне — ніколі
Ня зловіш, ня згоніш нідзе.

3-я Русалка.

Сон мёдам заклеіў,
Сон макам засеяў,
Сон вочы мароча[2] яго;
Сон сілы папутаў,
Сон думкі паблутаў,
А ён? — ён ня чуе таго.

4-я Русалка.

Ты сьпіш, але скора
Прачнешся…

2-я Русалка.

Ня ў пору.

4-я Русалка

Другая сьвітае пара.
Тагды лес румотам,
Ні ведзьмы балотам
Цябе не пражэне мара.

5-я Русалка.

Ты сьпіш, як дзяціна,
А прыйдзе часіна —
Устанеш — твой прыйдзе чарод;

Бліск зор залаценькі,
Луч сонца ясьненькі
З блакітных дастанеш высот.

Усе Русалкі (бяручыся разам за рукі).

Раскажма, сястрыцы,
Пра ўсе нябыліцы,
Каторыя збудуцца з ім;
Хай чуе, хай знае,
Што яго чакае,
Што збудзецца скора — аб тым
Раскажма, сястрыцы!

4-я Русалка (выпускае рукі, пасьля
працягвае іх над Хамам, быц-
цам у гіпнотычным сьне
).

Шырока граніцы
Раскінулісь ўладзтва твайго, —
Далёка, шырока,
Ня скінуці вокам,
Вумом[3] не абняці таго!..
Во’, рэчныя хвалі,
Сінёвыя далі,
Палёў каласістых абшар;
Барок во’ зялёны
Дрыжачай каронай
Купаецца ў небе бяз хмар
Жыцьцё б’е крыніцай,
Ажыўчай вадзіцай,
А чыстай, вось, быццам сьляза!

1-я Русалка (бярэ 4-ю за руку).

Дзе бачыш ты гэта?

4-я Русалка.

Там вечнае лета,
Там вечная шчасьця краса!

2-я Русалка.

Чый край той шчасьлівы?

4-я Русалка.

Зноў бачу, о, дзівы!
Штось рушыцца, сыплецца ў пух

Русалкі (да сябе)

Аб чым гэта мова?

4-я Русалка.

Разьбіты аковы.

(Радасна).

Свабодна ўзлятае…

Русалкі.

Хто?

4-я Русалка.

Дух!

Русалкі.

Ды чый?

4-я Русалка.

Чалавека!

Русалкі.

Якога?

4-я Русалка.

Ад века
Што лямку няволі цягнуў.

Русалкі.

Дзе, дзе? — мы ня бачым,

4-я Русалка (выпрастоўваючыся, з сі-
лай
).

Досьць енку, досьць плачу!
Ўладар к сабе ўладзтва вярнуў!

Русалкі.

Ды дзе ён?

4-я Русалка.

Зарою
Над роднай зямлёю
Усходзе… во’ — сонцам гарыць,
Высока пад неба
Азьвецца, і глеба,
Бы ліст на вышыне, дрыжыць.
З чала дзьве зарыцы —
Дзьве родны сястрыцы —
Праменьні сплятаюць свае.
Да хмар даланёю
Дастаў ён адною,
Другой да зямлі дастае.

Русалкі.

Ўладар наш! О, мілы!

Хам (пачынаючы варушыцца, бармо-
ча праз нос
).

Мяне — да магілы?
Да раю?.. Чакайце!..

4-я Русалка (нагінаючыся над ім і
ўпёршы ў яго вочы
).

Чаго?

Хам (громка).

Я жыць, жыць хачу я!..

Русалкі.

Сон думкі бунтуе,
Сон марамі страша[4] яго.

4-я Русалка (як вышэй).

Кажы, чаго трэба?

Хам (бармоча).

Крывавае неба!..
Га! Ведзьмы дзьве душаць мяне…
Bo’ — кажа — цалуе.

4-я Русалка.

Кажы больш!

Хам.

Хачу я
Сваб…

(Абрывае і бармоча).

Русалкі.

Зморы дзьве бача у сьне…

Хам (бармоча).

Во’, ведзьмаў шчаняты,
Во’ во’ чарцяняты
Масьцяцца, каб як укусіць
Вон!..

Русалкі (паміж сабой).

Што, што ён кажа?

Хам.

Вон, племя уража![5]
Вон! Сонца маё ўжо гарыць…

4-я Русалка (бярэ кветку з рук 1-й
і становіцца над мормочучым
Хамам).

Ўстаў дух твой, ды цела
Тваё абамлела, —
Яму йшчэ ня час уставаць;
Ды йдуць часы тыя, —
Яно ўміг ажые[6]
І пойдзе ствараць, будаваць.

Рэха.

Як цемра загіне,
Як ночка праміне, —
Тагды пара прыйдзе ўставаць!

Русалкі (усе колам).

Глянь, — месяц бялее,
Глянь, — цемра радзее, —
Ўраз пойдзем ствараць, будаваць.

(Русалка кідае кветку яму на
грудзі. Месяц гасьне. Хвіліна — цёмна
зусім. Русалкі пяюць
).

Глянь, — месяц бялее,
Глянь, — цемра радзее, —
Ўраз пойдзем ствараць, будаваць!..

(Русалкі разьбягаюцца; голас
ціхне; удалі — за лесам — разгараецца
зара раніцы
).

Заслона.



  1. Лепей — у кустох.
  2. Провінц. — марочыць.
  3. Русіц. — розумам.
  4. Провінц. — страшыць.
  5. Старабаўг. — варожае.
  6. Полён. — ажыве.