Дзень сканаў за гарой, а над соннай зямлёй
Выплыў месяц пурпурна-крывавы;
Над разлогамі ніў хутка-шыбка ён плыў,
Прытрымаўся1) над соннай дубровай.
Між адвечных дубоў асьвяціў рой крыжоў,
У высокай траве прытаіўся;
Плямай яснаю поўз па курганах, як смоўж,
То малюнкам на небе лажыўся.
Ціш усюды — спакой… Над званіцай старой
Звон зыклівы[1] раптоўна раздаўся;
Разам з ім — пад дубом — над старым курганом
Трэснуў камень і з гукам распаўся.
І ад дзіваў такіх вецер, зьмёршы, заціх,
Месяц хмаркаю ў небе закрыўся;
З-пад раскопаў зямлі цені шпарка ішлі, —
Во’ адзін з іх к крыжу прысланіўся.
У мазолях рука — верны знак мужыка,
Сьвецяць дзіўным агнём яго вочы;
І з грудзей гукнуў кліч: „Брацьця! ўсе, хто тут сьпіць!
„Брацьця, ўстаньма усе гэтай ночы!
„Сярод ніў ды палёў карагодаў-кругоў
„Мы натворым, успомнім былое;
„Песьню так завядзём, як тады, як агнём
„Ў нас кіпела жыцьцё маладое.
„Хай-жа песьня ляціць, хай-жа песьня гудзіць,
„Разальлецца па долах, па нівах!
„Нашай песьні такой ня чутно з пары той,
„Як ляглі мы у цёмных магілах
„Прахадзілі гады, заціралі сьляды,
„Заціралі сьляды нашых сьпеваў;
„Над разлогамі ніў іншы голас паплыў, —
„Сьпеў чужы плыў над нашым засевам.
„Брацьця! Ўсе, чым хутчэй, хай з магілы сваей, —
„Брацьця, кожны на сьвет з вас выходзе!
„Мы ім песьню сьпяём, песьню зычну, як гром;
Ў ёй раскажам аб нашым народзе.
„Ў ёй пець будзем аб тым, што было, ды, як дым,
„Расплылося у віхравай хвалі, —
„Тую славу-пачот, якой слыў наш народ,
„Ды ўсё злыдні яму паскрывалі.
„Каб ніводзін із іх ня чураўся сваіх,
„Рук пакрытых карой мазалістай;
„Мовы дзедаў, бацькоў для гаворкі паноў
„Ня чураўся ў хацінцы айчыстай.[2]
„Хто зямлі гэтай сын, ўстаньце ўсе, як адзін!
„Гэй, раздайся ты, песьня ўдалая!
„Хай твой зык паплыве, дзе народ наш жыве,
„Долю-мачыху дзе праклінае.[3]
„Як забыўся пяяць, ўмее толькі стагнаць;
„Песьні болем яго налітыя.
„Хай-жа зычны наш сьпеў ўспомне ўраз, неўспадзеў
„Яму прошласьці дні залатыя“.
Чуць магутны прызыў да магілаў даплыў,
Разамкнуліся мігам магілы;
З-пад раскопаў зямлі цені шпарка ішлі
Карагодам між крыжаў пахілых.
Зычны родны напеў з іх грудзей паляцеў,
Словы радасьцю дзіўнай пяялі;
К волі, к шчасьцю прызыў дзесь над сёламі плыў,
Рассыпаючысь рэхам удалі.
І замоўк дзіўны хор. Плыла песьня ў прастор,
Тоны доўга ў паветры зьвінелі;
Прадзядоўскі напеў над палямі ляцеў,
Посьле сосны аб ім ліш[4] шумелі.
|