Узгоркі і нізіны (1928)/Рэволюцыйным шляхам
← Янка Купала — пясьняр вызваленьня | Рэволюцыйным шляхам Крытыка Аўтар: Зміцер Жылуновіч 1928 год |
У надзеях над прасторамі → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Рэвалюцыйным шляхам (Гартны). |
I
[правіць]РЭВОЛЮЦЫЙНЫМ ШЛЯХАМ
(Да дзесяцілецьця творчасьці М. Чарота)
I
1919 год расхінуў новую старонку ў гісторыі Беларусі. Маніфэст часовага ўраду Беларускай Савецкай Соцыялістычнай Незалежнай Рэспублікі прынёс беларускаму працоўнаму народу політычныя свабоды, нацыянальнае і соцыяльнае вызваленьне. Перад ім адкрыўся шырокі шлях гаспадарчага, культурнага і дзяржаўнага будаўніцтва.
Часовы рэволюцыйны ўрад Беларускай Савецкай Рэспублікі рашуча ўзяўся за організацыю новага жыцьця. Вочавідкі вынікалі ва ўсіх яго галінах багатыя пляны творчай чынасьці. Шпарчэй усяго наладжвалася культурна-асьветная справа. У Менск к гэтаму часу зьехаліся значныя кадры беларускіх працаўнікоў.
На працягу кароткага часу пры Камісарыяце Асьветы з організавалася выдавецкая колегія. Пашла падрыхтоўчая праца да адчыненьня кнігавыдавецтва, па організацыі тэатру. Адна за другой сталі пераводзіцца на беларускую мову народныя школы. Агульны настрой выразна сьведчыў аб магутным уздыме дагэтуль прыбітых творчых сіл беларускіх працоўных гушчаў. Яны з натхненьнем адгукнуліся на позыў маніфэсту і зьяднанымі радамі паўставалі да вялікай працы — пабудовы соцыялістычнай бацькаўшчыны.
Але ў самы разгар гэтае работы гісторыя раптам павярнула ў іншы бок. Яе разьвіцьцё прымусіла было адняць увагу ад мірнае працы і накіраваць яе ў бок абароны заваёў рэволюцыі. Па іх сьпяшыла разбазыраная, контр-рэволюцыйная панская Польшча. Ап‘янелая клясавай зьненавісьцю да беларускіх рабочых і сялян, яна мерылася зьнішчыць Савецкую Беларусь, прылучыць яе да сваіх абшараў. У скутку многамесячнага змаганьня Беларусь засталася окупаванай белапалякамі. На яе абшарах зноў запанавала няволя. Цяжкі абсац легіянэра прыдушыў развой грамадзкай думкі.
Заняпала ўсялякая творчая праца. Крыклівы і хлусьлівы лёзунг Пілсудзкага „вольны з вольным і роўны з роўным“ ня выклікаў да сябе давер‘я… Было ясна ўсім і кожнаму, якімі думкамі кіруецца правадыр польскіх паноў. Толькі няпрытомны мог зацікавіцца дзьмутаю абяцанкаю окупантаў.
Агульны настрой беларускіх працоўных гушчаў зразу прыняў адзіны акрэсьлены выраз — выраз рэволюцыйнай варожасьці да белапалякаў. Шырокаю хваляю разьлілася яна па беларускіх абшарах, захопліваючы вёскі, мястэчкі, гарады. У кароткі тэрмін перадавая работніцка-сялянская Беларусь складала магутны рэволюцыйны лягер. Окупанцкае войска ўзяло на сябе ролю карных атрадаў, на долю якіх выпала нялёгкае заданьне.
І вось, каб згладзіць крывавую вострасьць окупацыйнае ўправы, польскія ўрадавыя колы на чале з Пілсудзкім заняліся дыплёматыяй. Апошняя заключалася ў тым, каб новымі абяцанкамі ды дарункамі завабіць на свой бок тыя ці іншыя беларускія колы. Частка з іх была напагатове — і засталося пачаць гульню. Адно за адным пашлі: беларуская рада, беларускае войска, розныя камісіі… беларускі друк. Усё гэта мела служыць узмацненьню давер‘я з боку беларускага жыхарства да окупантаў, тым самым зацягваючы окупацыю.
Аднак, ня поўнасьцю Пілсудзкі выручаў інтарэс за ўкладзеныя грошы. Калі рада, вайсковая камісія і паасобныя адзінкі за межамі гэтых устаноў плацілі шчыраю службаю пану, то друк ня цалкам спаганяў карысьць окупантаў. Пасьля першага абманнага ўражаньня ад панскіх пасулаў — час за часам наглядаецца на старонках газэт і часопісяй усё большая адмоўнасьць і варожасьць да окупантаў. Політычныя артыкулы ўхіляюцца ў бок разважаньняў аб незалежнасьці. У літаратурнай творчасьці вочавідкі растуць прызыўныя ноткі, бадзёрыя мотывы…
І вось выразьней справодзяць падобныя мотывы творы маладога, у гэты час вышаўшага на літаратурную ніву поэты М. Чарота. Малады, натхненны барацьбіт (яму у той час было 25 гадоў), М. Чарот у аднэй руцэ трымаў стрэльбу паўстанца, другою — пісаў свае бадзёрыя прызыўныя вершы. Пад пераважна сумны настрой сваіх колег-песьняроў М. Чарот зьмяшчае ў часопісу „Звон“ свой верш пад аналёгічнай назвай. У гэтым вершы поэта зьвяртаецца да звону, заклікаючы яго званіць так, каб прачнуўся той, хто сьпіць, а хто ўстаў, каб ішоў да працы.
Зазвані моцна, звон, загудзі, |
Гэты верш, напісаны песьняром у 1919 г., як найлепш характарызуе настрой і сьветаадчуваньне М. Чарота. Поэта ў ім выглядае барацьбітом. Яму вочавідна і зразумела дыялектыка падзей. Сусед „пачаў жыць“, а „нядаўна нявольнікам быў“. „Прышоў час, калі сорамна спаць — ўсе жыцьцё пачалі будаваць“. М. Чароту прыкра робіцца, што бурлівы процэс соцыяльна-нацыянальнага будаўніцтва абмінае Беларусь. Закляты лёс цягне зьдзеквацца над яе працоўнымі гушчамі, якія у сваю чаргу ў шмат чым вінаваты самі. Векавы прыгон налажыў на іх цяжкую пячатку пакоры — разварушыць ад якое можа моцны звановы гуд… Хто-ж павінен той звон ускалыхнуць?
Цікавым стае той факт, што М. Чарот упяршыню зьявіўся перад намі са звановым гудам. Болей таго, гэта сымптоматычна для яго далейшай творчасьці. Творчасьць песьняра неадхільна і неадродна ад долі-нядолі беларускіх працоўных гушчаў. Яны справодзяць яго з часу першага абуджэньня праз агульны ўздым, праз змаганьне за волю наўсьцяж будаўніцтва соцыялізму. Праўда, у Чаротавым „Звоне“ маецца доля алегорычнасьці, але Чарот якраз захапіў сваёю творчасьцю той пэрыод, у які нельга было абыйсьціся бяз гэтага. І яго „Звон“ у значнай меры адбівае рэволюцыйны адраджанізм. Гэта — Чаротава даніна героічнай наша-ніўскай плыні ў беларускай літаратуры. Але ў гэтай даніне пераважае соцыяльны элемэнт. Яго мы сустракаем і ў іншых вершах пачынальнага пэрыоду поэтавай творчасьці.
Вось верш, прысьвечаны „Беларускаму хору Тэраўскага“. М. Чарот у ім у гэткай форме выпукляе прызыўныя воклічы:
Няхай песьня далёка нясецца, |
У гэтым вершы пясьняр бачыць карэньні цяжкага жыцьця беларуса ў нацыянальнай няволі, у нацыянальная несьвядомасьці. Бо „краю мой родны, усімі забыты“[3], бо з беларуса „кпяць нікчэмна ў яго роднай хаце“.
Аднак, гэтым нотам М. Чарот рашучай ад іншых поэтаў процістаўляе колектыўны момант, няпрыменны для змаганьня за лепшае жыцьцё. Жыцьцё палепшыцца, зазначае ён, выключна ад соцыяльна-нацыянальнага вызваленьня. А апошняе правядуць грамады:
Зьнікнуць хмары, сонца ўзыйдзе |
Характарна, што М. Чарот не дае жадных намёкаў на голыя нацыянальныя ідэалы, ня ставіць іх асобна ад соцыяльных. Невялікая колькасьць яго вершаў, памечаных 1919 г. і надрукаваных у зборніку „Завіруха“ (Менск, 1922 г. Дзяржаўнае Выдавецтва Беларусі), як найлепш выяўляюць яго пераходную ступень да чыста рэволюцыйнай творчасьці 1920 году.
Адарваны ад роднай Беларусі, жывучы ва ўмовах, ня спрыяючых грамадзкай працы, М. Чарот песьціць думку аб вызваленьні роднае краіны. Пакідаючы яе ў 1916 годзе, цёмнай і запрыгоненай, ён выпявае пакуль балючыя свае пачуцьці, як вернага яе сына. Але ў гэтай балючасьці няма бязвыходнасьці. Перад поэтаю выразна бачыцца простае выйсьце:
Хутка прыдзе час-гадзіна, — |
Гэта цьвёрдая вера ў тое, што „мы будзем жыці“, абымае ўсё нутро поэты. Вера яго выбаўляе ад суму і паступова штурхае да рэволюцыйнай чыннасьці.
Умовы польскае окупацыі выгодна спрыяюць М. Чароту ў гэтым напрамку. Праўда, поэта на нейкі час пакідае леру і бярэ стрэльбу. Але гэта патрэбна яму на тое, каб паўней перажыць пачуцьці ваякі, ачуць іх у сапраўднасьці, а ня толькі ведаць адцягнена. М. Чарот ясна разумее каштоўнасьць гэтага і становіцца ў шэрагі змаганьнікаў; ён уваходзіць у беларускую комуністычную організацыю. Апошняя занята групаваньнем збройных сіл для нізрынуцьця паноў-окупантаў, і пясьняр помеж з іншымі праводзіць гэту работу. Зрэдку, лічаныя разы, ëн садзіцца за пяро і насьпех накідае староньнія ад непасрэдных настрояў вершаваныя радкі…
Ды куды-ж пісаць іншае, калі пільнае вока окупанцкае цэнзуры дбайна сочыць за кожнай бадзёрай ноткаю, не дазваляючы ёй паказацца на старонцы газэты ці часопісу. І мы бачым, што з пачатку 1920 году да вызваленьня Менску ад палякаў М. Чарот зьмяшчае ў друку ўсяго тры-чатыры выпадковыя, ня зьвязаныя з яго агульнаю творчасьцю вершы, як: „На могілках“, „Вечарам“ і інш. Між імі пападаецца і верш „Памяці А. Гаруна“. І вось М. Чарот сконцэнтраваў у радкох гэтага вершу моцную сілу процэсу народнага адраджэньня. Недарма гэты верш мае падзагаловак — „Жывыя акорды“. У іх многа кіпучага, агністага жыцьця, прапушчанага нутром мяцежнага поэты.
Трэба сказаць, што і тэму для гэтага М. Чарот выбраў удзячную. А. Гарун, сапраўды, згарэў у змаганьні за „родны край і працоўны народ“. Мы ня кажам аб яго дзейнасьці і творчасьці ў часы польскае окупацыі. Тады А. Гарун не прадстаўляў ранейшага поэты-барацьбіта. Запутаны ў сеткі рэакцыйнай незалежнасьці, ён збочыў з роўнага шляху і далёка адышоў ад ідэалаў беларускіх працаўнікоў, якія сам песьціў да таго і за якія цярпеў. Але М. Чарот не А. Гаруну астатніх дзён прысьвяціў свой натхненны верш. Ён, пішучы яго, бачыў перад сабою А. Гаруна — рэволюцыянэра і барацьбіта, якога:
Акорды будуць жыць — твой дар, поэт, на волі, |
Праз гэты верш творчасьць М. Чарота цьвёрда пераступае к часу вызваленьня Беларусі ад палякаў. Героічнасьць змаганьня Чырвонае арміі, адвага паўстанцкай барацьбы, у якой і сам поэта прымаў удзел, надалі яму багатага натхненьня. Які час мог быць паўнейшы прыгожасьцю?
І ня быў-бы М. Чарот песьняром — ваякам за волю, каб гэткія падзеі не ўскалыхнулі яго нутро! У яго творчасьці, як у творчасьці рэдкіх пісьменьнікаў, яскрава акрэсьлены сынтэз поэтыцкага строю і чыннасьці барацьбіта. Сугучнасьць з эпохаю — поўная.
Родны наш край вечнай пакуты, |
Гэткімі радкамі прывітаў М. Чарот першы свабодны подух вызваленай Беларусі. Урачыстасьць яго настрою сьведчыць аб шчырай песьняровай радасьці, як аб пачуцьці барацьбіта. Гэта пачуцьцё, глыбокае і палкае, надало М. Чароту багатае музыкі і фарбаў.
Вялікасьць рытму пераможнасьці, дапамінаючы рытм Марсэльезы, справодзіць ня толькі гэты твор поэты. Поступ свабоды, жывы і ачулы яму, чуцëн у шэрагу натхненных вершаў-гімнаў М. Чарота гэтага пэрыоду. Песьнярова лера не маўчыць, яна настроена на нясупыннае пяяньне. Яе струны вібруюць ад кожнага поступу свабоды. Для беларускіх працоўных гушчаў свабода была жаданым госьцем. Занадта цяжка адбівалася на іх дэспотычная, прыгонная окупацыя.
Прыход свабоды на беларускія абшары М. Чарот малюе ў наступных мулях, у рытме, ад якога чуцëн гук тысячаў ног:
Загрымеў моцна гром, |
У гэтым паходзе, аднак, ня толькі зьнішчэньне няволі. Гучлівасьць і агнённасьць прышоўшай на Беларусь свабоды ня толькі „паліць, нішчыць усё з края да края“. Не! Яе руйненьню падлягае ўсяго толькі прыгонная спадчына. А там — на яе руінах — свабода, „сонца волі над усімі запалае“. І сьледам за Сьцяпанам, які ў вершы „Разьвітаньне“[9] на матчыну параду
Ты ня біся з бедным братам, |
сьвядома адказвае:
Споўню ўсё, аб чым прасіла, — |
М. Чарот бачыць, як ідзе кіпучая сьвядомая праца па ахове свабоды. Абуджаныя да волі грамады мусяць раней забясьпечыць для сябе волю, а пасьля пераходзіць да будаўніцтва новага жыцьця.
Найболей прыгожы момант, момант абароны свабоды, асабліва багата адбіты нашым песьняром у яго творах.
Сьцяпан ідзе ў бойку, помнячы мацерыны словы „ня біцца з бедным братам“. Раць за рацьцю
Уперад мкнецца грамадой; |
Поэта зьвяртаецца да каваля (верш „Кавалю“) і кажа:
Куй, каваль! Зялеза гнецца… |
Змаганьне за свабоду і яе абарона — справа агульная, грамадзкая, колектыўная. Зарука посьпехаў гэтай чыннасьці — у клясавай сьвядомасьці і ў загартаванасьці сэрца…
Але ва ўмовах Беларусі ёсьць і яшчэ адзін фактар. Гэты фактар — нацыянальная сьвядомасьць. На гэтай струне вораг беларускага працаўніка ўвесь час не пакідае надыгрываць. Забіраючы Беларусь, ён нёс абманныя лёзунгі гэтага характару. Уцякаючы пад напорам Чырвонае арміі, ён кідае словы і думкі аб Беларусі, як аб частцы панскае Польшчы, аб крэсах усходніх. Поэта пераймае ворагаву думку:
Родная зямелька |
„Йдзі, хто хоча волі“, хто хоча будаваць край, як вольны край свабоднага народу. М. Чарот не разумее вызваленьня напалову. У рэволюцыйнай завірусе мусіць зьнішчыцца соцыяльная і нацыянальная няволя. Бяз гэтага нельга залажыць моцныя падставы для будаўніцтва новага жыцьця.
Правёўшы ў сваёй творчасьці пэрыод змаганьня за вольную савецкую Беларусь, М. Чарот з тым-жа натхненьнем сустракае і наступны пэрыод — пэрыод будаўніцтва.
Пясьняр дужа шчыльна зросься з працоўнымі гушчамі радзімы, блізка прыняў да сэрца яе лёс, каб хоць на момант ухіліцца ў бок. Яму леру даручыла грамада, з якою ён бяз здрады ня можа разлучыцца. І поэта настарожана сочыць за далейшым процэсам гісторыі свае краіны. Уносячы ў агульную скарбніцу будаўніцтва сваю часьціну працы, ён адначасна апявае яе прыгожасьці, яе вялікасьць і сілу.
Творчы пэрыод — другі пасьля заваёвы свабоды, пэрыод ня меней адказны ад першага. Болей будзённы, але і болей вымагальны. М. Чарот, аднак, ня бачыць у яго будзёншчыне сумных фарбаў. Яго нутро не дапускае няверы, чужое ўтоме. Наадварот! Поэта знаходзіць у ім досыць матэрыялу для сваіх бадзёрых, уздымных песень. Якраз к гэтаму часу ён заметна падрастае ў справе аўладаньня формаю і тэхнікаю вершу. Яго кругавід заметна пашырыўся. І новыя верш за вершам станавіліся музычнейшымі, сачнейшымі, дасканалейшымі. Іx дыапазон шырэў, фарбістасьць багацела… Але поэта зрэдку, як назнарок, прапускае ў іх тыя ці іншыя шурпатасьці, тую ці іншую неахайнасьць.
Да беларускіх эстэтаў, якія наўчылі свой нос нюхаць парфуму замест пораху і прымаць за росквіт гаспадарства пашырэньне прыватнага гандлю — гэта рэзала вуха. Іх музыка — у суладзьдзі міжклясавага жыцьця. Не для іх напісаны вершы М. Чарота пэрыоду вызваленьня Беларусі і першых гадоў яе будаўніцтва. Яны занадта калючыя, каб дазволіць даткнуцца да іх выпешчаным рукам. Не па суседзтву яны і тым, хто абманна залічае сябе да эстэтаў, седзячы на суку з антырэволюцыйнага дрэва… Да-рэчы, тут месца дапомніць аб тых адносінах, якія ў свой час падобныя „эстэты“ мелі да грамадзкай творчасьці А. Някрасава…
М. Чарот, пераказваем, на працягу свае творчасьці неадлучны ад рэволюцыі. Ён ішоў з ёю поплеч, няўхільна. Яе рост, яе паглыбленьне расьцілі і паглыблялі пясьнярскія здольнасьці. Адначасна з гэтым процэсам ішоў другі процэс — процэс усё большага прасякненьня поэты клясавым імпульсам. Калі надышоў час мірнага будаўніцтва БССР, поэта выразна схіліў сваю леру ў бок пролетарскіх напеваў. У вершы „Сьвята“ ён кажа:
Народ спазнаў, кім мусіць звацца… |
Вольная праца — і да яе зусім іншыя адносіны з боку працоўных. Яна ўжо ня мука, а здавальненьне. Вольная праца ды яшчэ на карысьць вольнае краіны — ці-ж яна можа цягнуць за сабою цяжар, дрэннае пачуцьцë? Вольная праца выклікае бадзёры, захопны настрой, яна мяжуе з урачыстасьцю. М. Чарот нутром зьвязаны з ёю, і яго лера адбівае цеганіну вольнае працы ў прыгожых, жыцьцярадых, празрыстых фарбах. Вось „Касавіца“:
Загарэўся усход… Бляск зарніцы патух… |
Тут ужо ня сустрэць сумных тонаў. Усё зьзяе ў бліскучых фарбах радасных настрояў. „Касцоў песьціць сонцавей залаты“. Труба ня трубіць, а „грае“. Каса „пяе“. Чаму? Ды таму, што касец працуе на сябе, а не аддае плён свае працы другому. Час, калі праца ішла з-пад бізуна, мінуў.
Час той загінуў, ня трэба хавацца, |
Побач з радасьцю ад вольнае працы, у М. Чарота бурліць жаданьне бачыць сваю краіну „квяцістай, прыгожай“. Гэта пачуцьцё займае адно з важных месц у комплексе Чаротавых ідэй. Ён не расстаецца з гэтым пачуцьцём, і ў розных варыяцыях высувае яго перад чытачом. Праз гэта М. Чарот трымае цесную сувязь з нацыянальным момантам у гісторыі вызваленчай барацьбы. Ды іначай нельга. Шчыльна зьвязаны з беларускімі працоўнымі гушчамі ад пачатку сьвядомага жыцьця, ён ня можа ад іх адарвацца ў адказныя часы соцыялістычнага будаўніцтва. Будзь-бы гэта, поэтавы воклічы заставаліся-б пустазвонамі. Кідаць найгарачэйшыя словы міма гушчаў — роўна пусканьню мыльных бурбалак.
М. Чарот, узьняты рэволюцыйнай завірухаю наповерх жыцьцёвых падзей, ня бачыў мэтазгоднасьці ў апяяньні косьмічных прастораў. Ён мусіў мець пад сабою апору, стоячы на якой можаш адчуваць сябе зьвязаным з зямлёю. Гэта апора — Беларусь. Яна наўчыла песьняра змагацца, яна ў праве вымагаць ад яго ахвяр для свае адбудовы. І М. Чарот ад Беларусі неадлучны. Ён жыве і творыць для яе і праз яе для сусьвету. Гэта асноўная рыса, якою М. Чарот выдзяляе сябе з шэрагу іншых песьняроў, як поэта-рэволюцыянэр ва ўмовах свае краіны. Ён таксама добра разумее яшчэ адну асаблівасьць, якая ўласьціва БССР і яе песьняром. Гэта — становішча БССР, як аванпосту рэволюцыі. Помнячы гэта, трэба з узмоцненай настарожанасьцю, з падвойнай увагай глядзець на Захад і быць на варце.
Чуць-чуць заціх гарматаў гук: |
Гэты падвойны абавязак павінен прасачыць сьвядомасьць кожнага, хто даражыць здабытай свабодай. Пясьняр выразна падказвае на гэта. Але ён лічыць, што аснова абароны — у пільнай, стараннай працы над будаўніцтвам новага жыцьця. І М. Чарот раз-ад-разу зварачваецца з усё настойнейшымі воклічамі — працаваць! Ён заве да працы моладзь:
Ты, моладзь, сьмела і магутна, |
Нарэшце, пясьняр да працы кліча ўсіх, хто „чуе сілу Чырвонага Вольнага сьцягу“. І вось, каб гучней пранëсься яго вокліч, ён зноў вяртаецца да звону, якім год таму назад абуджаў да паўстаньня. На гэты раз Чаротавы званы ўжо б‘юць ня трывогу, а трызвоняць урачыстасьць, якою зьяўляецца і вольная праца.
На кліч званоў грамадамі |
Але падаваць падобны заклік яму аднаму замала. Гэта павінны рабіць і тыя з маладых песьняроў, якія закліканы да літаратурнае працы. Ахоплены настроем перамогі, М. Чарот стараецца перадаць ім свой гарт, кажучы: „Гэй, пясьняр малады, ня вучыся сьпяваць новай песьні на сумны той лад“.
Таксама ён дзеліцца радасьцю перамогі і з сваім папярэднікам — Ц. Гартным. Успамінаючы нядаўнае мінулае, калі „яшчэ шугаў агонь… і кулі песьні пелі“, калі „першы быў наш кліч: на ворага! — у бой!“ пясьняр дапамінае свайму таварышу па пяру, што цяпер „сьвет новы будзем мы, сьвет новы будаваць“.
Маючы на воку гэта жывое выяўленьне рэволюцыйнай урачыстасьці ў расхвалёваным пачуцьці поэты, можна зразумець той зрыў, той раптоўны заняпад, з якім ён сустракае вестку аб сьмерці аднаго з тых барацьбітоў, з якім яму даводзілася поплеч весьці змаганьне за вызваленьне краіны і на каго гэта краіна пакладала столькі яскравых надзей! Сьмерць Сьцяпана Булата кідае М. Чарота ў часовую роспач, у жах. Ён ня можа пагадзіцца з бесспагаднасьцю лёсу, які так недачасна вырваў з жыцьця гэткага каштоўнага ваяку і будаўніка, якім быў Сьцяпан Булат. Поўны суму, растрывожаны да болю, ён зьбірае ўсю злосьць, што сьціснула яго сэрца, і ў гэткіх словах вылівае скаргу на супольную долю:
Хоць сонца і сьвеціць, а дзень сумны… хмуры… |
У гэтым Чаротавым вершы адбілася пачуцьцё грамадзкае страты. Праўда, у ім, апрача агульнага суму, многа таксама яшчэ і непасрэднага адчаю маладога сэрца. У гэтым адчаі якраз затанула сіла колектыўных надзей, якая ўсё-ж не павінна слабнуць ад згубы адзінак колектыву.
Вось чаму Янка Купала ў сваім вершы, прысьвечаным сьмерці Сьцяпана Булата, аказаўся мацнейшым ад М. Чарота і багацей перадаў агульны настрой з пункту гледжаньня імкненьняў грамады. Але Янкам Купалаю кіравалі больш об‘ектыўныя пачуцьці. Міхась-жа Чарот у агульную жальбу ўлажыў багата асабістага пачуцьця. Сьцяпан Булат, пераказваем, быў ня толькі таварышам песьняра па ідэі, а і сябрам яго на працягу доўгіх гадоў жыцьця… Да гэтага, і моладасьць тут мела сваё месца, — яна заўсёды больш імпэтная і непасрэдная ў сваіх пачуцьцях.
Аднак, трэба сказаць, што Міхась Чарот у гэты пэрыод свае творчае працы неаднойчы мае справу з уплывам сумніўных настрояў. Разьвіцьцё рэволюцыі ў беларускіх умовах ня ішло папісанаму, без перашкод, заўсёды пераможна. Яе сустракаў шэраг пагрозных, апасьлівых момантаў. Заваёвам рабочых і сялян ня раз пагражала вялікая небясьпека. Адыход чырвонага войска ад Варшавы і паўторнае забраньне белапалякамі Менску; Рыскае замірэньне, пацягнуўшае за сабою парэз адзінае Беларусі надвае; Кранштадзкае паўстаньне; і, нарэшце, голад на Паваложжы, — усё гэта не магло ня мець уплыву на песьняра, цесна зьвязанага з грамадою. І кожны з памянёных момантаў дае сябе адчуць на струнах Чаротавай леры. Зрэдку нават да яго падкрадаецца і лёгкае разувер‘е. Пясьняр прызнаецца:
Шалёны вецер сьвішча ў полі… |
Маладым сілам, яскравым надзеям балючы паўторныя перабоі і частыя перашкоды. Але наперакор налётам суму, М. Чарот станавіў абавязак перад краінаю і сьвядомасьць сілы ў мільёнах. Гэтага яму выстарчала, каб адбіць спакусу няверы і ня сыйсьці з роўнага шляху.
Вось мы і бачым, што хвілінныя сумненьні компэнсуюцца рашучымі заявамі песьняра ў неаслабнасьці яго сілы, яго веры, яго натхненьня да барацьбы. Бунтарскае пачуцьцё ўздымаецца ў ім з новаю энэргіяй, разганяе сум, і поэта засьвядчае:
Я шумлівы чарот, я мяцежны бунтар… |
І далей —
Мы засыпаны сьнежнымі іскрамі, |
Тут ужо М. Чарота непакоіць болей усяго тое, што ня ўся Беларусь да гэтага „сьвету Вялікага, новага“ набліжаецца. Рыскае замірэньне правяло крывавую мяжу па жывым целе краіны. За мяжою засталіся мільённыя гушчы беларускіх працаўнікоў і сялян. Польскае панства надзела на іх ярмо прыгону. Абураны гэтым, пясьняр кідае баявы вокліч заходнім сваім братом:
Змагайцеся, браты… |
Побач з гэтым, перад намі пясьняр разгортвае карты свайго разуменьня ў часта ўжываных ім тэрмінах „грамада“ і „мы“. Грамада і мы — гэта той асноўны фундамант чалавецтва, які трымае на сабе сьвет і стварае багацьці, гэта — рабочы і селянін. Яны удваіх
Стары сьвет агнём паляць-руйнуюць |
Гэтым вершам М. Чарот як-бы засуцэльвае свой першы творчы кругабег. Пачаты для сябе ў 1917 годзе (гэтай датай памечаны верш у зборніку „Завіруха“ „Чужына“, напісаны аўтарам у Кузьнецку, Саратаўскай губэрні) і для публічнасьці ў 1920 годзе — ён працягваецца да 1922 году.
Зборнік „Завіруха“ ўмяшчае ў сабе працу поэты за гэты тэрмін. Якава, аднак, яна суцэльна і вытрымана! Адна асноўная ідэя пануе ў зьмесьце „Завірухі“. Гэта — ідэя рэволюцыйнага змаганьня. Толькі рэдкія, адзінкавыя вершы, на першы погляд, уносяць у зборнік некаторую як-бы нясугучнасьць. Але гэтых вершаў, лірычнага характару, ня болей дзесяці. Усе яны прыпадаюць на 1919 год, калі поэта яшчэ не ўвайшоў у вадакрут рэволюцыйнага жыцьця. Некалькі з гэтых вершаў прысьвечаны любоўным мотывам, як „Сьветлая ноч“, „На могілках“, некалькі з іх — пантэістычных („Стаіць маўчліва сонны гай“, „Вечарам“, „Схавалась сонца“ ды інш.). Пры гэтым, аднак, у вершах пантэістычнага характару думка песьняра часта ад прыродных вобразаў пераступае да грамадзкіх настрояў.
Амаль ня ўсе з аднесеных намі да рубрыкі лірычных вершаў зборніка ў большай ці меншай меры зачапляюць грамадзкае пачуцьцё. У адных яно прыкрыта тулем алегорычнасьці, у другіх адкрыта зьліваецца з гэткімі радкамі, як, да прыкладу:
Змаўкае сьпеў… Вось ночы ціша |
Ад іх натуральны ўвераны пераход поэты да грамадзкай мэлёдыкі. Апошняю прасычана ўся рэштка зьместу зборніка „Завіруха“. Паступова бадзёрасьць пераліваецца ў баявы, рэволюцыйны этузыязм. Нарэшце, перад намі пачуцьцё ўрачыстасьці перамогі.
Водлуг гэтага выразна чытач выяўляе сабе правамерную хаду разьвіцьця пясьнярскіх настрояў. Нават гэтага ня можа затуліць і пераблытанасьць парадку ў хронолёгіі разьмяшчэньня вершаў у зборніку. Ад зборніка ўцалку атрымліваецца ўражаньне посьвісту завірухі, яе разбураючай сілы. Ад рытмікі нясе стукам мільёнаў крокаў, выбухамі грому, выбліскам маланак, воклічам званоў.
Меней, зразумела, у гэтых першых спробах нашага поэты вы знойдзеце мастацкасьці і ўдасканаленасьці з боку тэхнікі. Пакуль у М. Чарота зрэдку прабіваецца і слабасьць фарбаў ды скупасьць лексыкону. Але гэта зрэдку, у выключэньнях. Увогуле-ж трэба заўважыць, што М. Чарот адразу зьявіўся нам сформаваным, індывідуальна акрэсьленым песьняром. Ужо першыя па напісаньні яго вершы сьведчаць аб аўладаньні ім законамі музычнасьці вершаскладаньня і, асабліва, сілаю рытмікі. У іх удалая сугучнасьць рыфмы, лёгкасьць пабудовы складу. А спусьціўшы некаторы час, майстэрства поэты шыбка сягае наперад, выпукляецца, выгодна зьліваючыся ў адно з размахам і глыбінёю пачуцьцяў.
Хочачы застацца скромным, М. Чарот папераджае чытача ў прадмове да „Завірухі“, каб у зборніку ня шукалі „якой-небудзь вызначанай мастацкай ці політычнай програмы. Яе пакуль што няма“. Бязумоўна — зборнік суб‘ектыўны, без програмы. Але ён без тае програмы, аб якой разумеюць тэхнічна і ў імя якое цёнгля аўтары ахвяруюць і сэнсам, і формаю, і зьместам сваіх твораў. Зборнік „Завіруха“ об'ектыўна програмны. Гэту програму пісала яму жыцьцё, яго развой, жыцьцёвыя пэртурбацыі ў галіне людзкога дабрабыту. Тут-жа М. Чарот мімавольна на ёй спыняецца, кажучы: „Час накладае свой адбітак“. Вось гаты адбітак часу ў яго творчасьці і зьяўляецца програмаю. Зьмест яе ў „рэволюцыйнай дынаміцы, якая вядзе думку поэты ад бурлівага сягоньня ў заўтра, у „Вялікую будучыню“. У самай хадзе захована і форма, якая заўжды ёсьць дадаткам зьместу…“
„Завіруха“ служыла ўвераным доказам праўдзівае здольнасьці М. Чарота, ідучы ад якое і можна было прыйсьці да новых этапаў, да новага посьпеху, які спаткаў яго пазьней.
II
[правіць]II
Чарговым пасьля „Завірухі“ этапам у творчасьці М. Чарота ёсьць час, які супадае з напісаньнем поэтаю свае знатнае поэмы „Босыя на вогнішчы“. Ідэя поэмы крышталізуецца ўжо часткаю ў зборніку „Завіруха“. Яе асноўная думка прамігае ў шэрагу яго вершаў. Поэма яе разгортвае ва ўсю шырыню і адшліфоўвае да бляску. Гэта думка — аб клясавасьці, як рэгулюючай, рухаючай сіле ў справе Кастрычнікавай рэволюцыі на Беларусі.
Да зьяўленьня поэмы „Босыя на вогнішчы“ ў беларускай літаратуры ня было ніводнага твору, дзе-б так выразна выпуклялася пролетарская сутнасьць вялікага Кастрычніка. У вершы „На чырвонай дарозе“ („Завіруха“) М. Чарот падкрэсьліў сілу еднасьці паміж рабочым і селянінам, якія „стары сьвет агнём паляць, руйнуюць і на вогнішчы новы будуюць, панаваць у якім будуць — молат і плуг“. Але ў гэтым вершы няма пакуль тае моцы пераконаньня, няма тае глыбіні і вялікасьці вобразаў, якія перад намі разгарнула поэма „Босыя на вогнішчы“ Болей таго, эфэкт памянёнага вершу аслабляецца частым ужываньнем поэтаю расплыўных тэрмінаў „народ“, „грамада“ ды інш., у якіх клясавасьць сьціраецца. Таксама ім раз-ад-разу падкрэсьліваецца сваё мужыцкае, сялянскае пахаджэньне:
Ведай сьвет, што я сын мужыка-бедака, |
„Босыя на вогнішчы“ правялі мяжу паміж ранейшай і новаю ўстаноўкаю поэты. Поэта пераконана выставіў на пролетарскую сутнасьць у літаратурнай творчасьці сваімі героямі „басоту“, бач, тую сілу, якая ў рэволюцыі на Беларусі адыграла найвыдатнейшую ролю.
Босыя замяняюць песьняру пролетараў у праламленьні беларускіх умоў. Гэта ў вялікай долі адпавядае сутнасьці рэчаў. Маючы пераважна сялянска-гаспадарчы адбітак, Беларусь у гістарычных падзеях Кастрычніка выстаўляла ў першыя шэрагі сялянскую беднату. Невялікай колькасьці рамесьніцтва і дробна-прамысловага пролетарыяту ня старчыла для дасягненьня перамогі. Усё-ж трэба сказаць, што на Беларусі, як і па ўсяму Саюзу, перадавым авангардам, увасобнікам клясавай сьвядомасьці былі гэтыя невялікія кадры беларускага рамесьніцтва і дробна-прамысловага пролетарыяту. Зачынак вызваленчага руху заўсёды ішоў з гарадоў ды мястэчак, цягнучы за сабою сёлы і вёскі. Вось гэтае рысы не адзначаецца выразна ў „Босыя на вогнішчы“ М. Чарота. Таму і даводзіцца заключаць, што ім схоплена дынаміка падзей у пэўнай меры праз туль імпрэсыянізму. Тым ня менш, поэма ня траціць свае надзвычайнае сілы і свайго багатага хараства. Аўтар у ёй дасягнуў вялікіх здольнасьцяй і з боку мастацкага аформленьня. Напісаная рознымі памерамі, поэма пераліваецца ўдалымі рытмамі, цьвёрдымі, як сталь, і музычнымі, як рэволюцыйны гімн.
Ня дзіва, што выйсьце ў сьвет[27] „Босыя на вогнішчы“ падняла столькі гутарак вакол сябе, фактычна ўзрушыўшы ўсё беларускае літаратурнае жыцьцё. На поэму панясьліся водгукі ў шэрагу крытычных артыкулаў, у дыскусіях, у знарочыстых „судох над поэмай“.
Выданьне „Босыя на вогнішчы“ ў ліку дзесяці тысяч экзэмпляраў разышлося на працягу аднаго году. Зацікаўленасьць поэмаю, як і сьлед, галоўным чынам згушчалася вакол яе зьместу. Аб форме ніхто не хацеў казаць, разумеючы, што яна бясспрэчная.
Датыркаючыся „Босыя на вогнішчы“, і крытыкі і судзьдзі стараліся як найпаўней выявіць у ёй яе пролетарскую сутнасьць. Тут ня будзе лішнім спыніцца крыху на зьмесьце крытыкі поэмы, як на выдатным моманце ў гісторыі беларускай літаратуры. Проф. У. Ігнатоўскі у сваім крытычным нарысе „Босыя на вогнішчы“, даданым да поэмы, так адзываецца аб гэтым творы М. Чарота. „Выдатнейшым па форме і зьместу творам песьняра зьяўляецца поэма „Босыя на вогнішчы“. У гэтай поэме аўтар сконцэнтраваў, як у крыштале, усе свае думкі і пачуцьці, і яна яшчэ чакае свайго філёзофскага і мастацкага разгляду… Поэма дае нам абгляд усясьветнай сучаснай рэволюцыі ў тым відзе і ў тым настроі, як яна адбывалася і перажывалася ў нас на Беларусі. „Босыя“ (лапкі Ў. Ігнатоўскага) запалілі ўсясьветнае вогнішча, усясьветны пажар. Беларусь у часе гэтага пажару апынулася на мяжы яго. Гасіцелі пажару шмат разоў душылі рэволюцыю ў Беларусі крывёю рабочых і сялян. Рэволюцыя на Беларусі перарывалася белымі окупацыямі чужаземнага капіталу, што налажыла на падзеі рэволюцыі на Беларусі асаблівую мясцовую пячатку“.
Далей ідзе растлумачэньне ды ілюстрацыя выняткамі з поэмы тых пэрыодаў у жыцьці Беларусі і тых найяскравейшых здарэньняў з рэволюцыі, якія песьняром зачэплены ў сваёй поэме. Праца на пана і стан жыцьця босых; ашуканства босых папамі, цэрквамі ды іх бунтоўны настрой; окупацыя, беларуская рада (белы дом) і яе праца; змаганьне босых адных; дапамога з усходу; вызваленьне з-пад панскае няволі; паход рэволюцыі, яе процэс і выгляд; урачыстасьць перамогі і настрой босых. І ў заключэньне проф. У. Ігнатоўскі кажа: „Поэма згуртавала ў сваім зьмесьце сутнасьць настрояў песьняра і зьяўляецца праўдзівым вянком творчасьці яго. Магчыма лічыць (падкрэсьленьне наша, З. Ж.), што поэма „Босыя на вогнішчы“ для выяўленьня сутнасьці вялікай рэволюцыі на Беларусі зрабіла тое самае, што зрабілі поэмы А. Блока „Двенадцать“ і „Скифы“ для выяўленьня сутнасьці агульнарускай рэволюцыі. Паміж поэмаю М. Чарота і поэмамі А. Блока ў гэтым напрамку ёсьць нейкая сувязь, якая павінна мець свае асобныя гісторыка-літаратурныя досьледы“.
Тут як бачым, проф. У. Ігнатоўскі абмінуў кратаць самае сутнасьці поэмы, гэткім чынам пакінуўшы „босых“ без акрэсьленага погляду на іх. Толькі ўскосна ім кінута думка асноўнага характару, якая гаворыць аб падабенстве значэньня і гістарычнасьці поэм М. Чарота і А. Блока. Сваю ўвагу проф. Ігнатоўскі аддаў поэме „Босыя на вогнішчы“, усяго як „выдатнейшаму па форме і зьместу твору“ М. Чарота.
Бязумоўна, што гэтым пытаньне ня вычэрпвалася. Чытач шукаў расшыфроўкі зьместу і клясавайвыраз насьці поэмы. Проф. У. Ігнатоўскі гэтага не зрабіў.
Паўней і глыбей ахарактарызаваў поэму „Босыя на вогнішчы“ т. В. Кнорын у маленькім нарысе, даданым таксама да поэмы, поруч з крытычным нарысам проф. У. Ігнатоўскага.
Тав. В. Кнорын вось што гаворыць аб „Босыя на вогнішчы“: „Босыя на вогнішчы“ — гэта не поэма організаванага гарадзкога пролетарыяту буйных прадпрыемстваў, гэта поэма босых — нашай сялянскай беднаты, нашага поўпролетарыяту і нязначнага (лікам) пролетарыяту. Але на Беларусі гэта і ёсьць самая перадавая і самая революцыйная сіла“. „М. Чарот прачуў і выказаў, як гэтыя босыя падуладаюцца сусьветнаму рэволюцыйнаму руху, дыктатуры гарадзкога пролетарыяту, як іх жыцьцё пачынае бегчы ў новых гарадзкіх рытмах“. У заключэньне: „Вядома, поэма „Босыя на вогнішчы“ павінна быць толькі першым этапам у разьвіцьці беларускай пролетарскай поэзіі і самога поэты, але, як гэткую, яе трэба ацаніць павінным чынам. Мы не сумняваемся, што беларуская пролетарская літаратура ад гэтае поэмы пойдзе далей шпаркімі крокамі“.
Апрача паданых думак а поэме „Босыя на вогнішчы“, знаходзіліся і выказваліся на яе і другія погляды. Сярод апошніх трэба заўважыць тыя, у якіх босыя М. Чарота адносіліся да люмпэн-пролетараў. Падставу гэтым поглядам знаходзілі ў параўнаньнях босых з чыннымі асобамі ў поэме А. Блока „Двенадцать“, у вострых лёзунгах босых, як:
Каго зловіш — разарві, |
Або —
На вогнішчы басанож, |
Ці калі —
На вогнішчы стала пячы. |
Гэтыя і цэлы шэраг іншых лёзунгаў і чыннасьць босых сапраўды дазваляюць думаць аб іх, як аб маласьвядомай сіле ў рэволюцыі, аб сіле, якая стыхійна трапіла ў рэволюцыйны вадакрут.
Поэме не хапае зусім нямнога асобных рысаў, якімі-б выразнасьць босых стала яскравей і паўней. Увесьці-б аўтару гэтыя рысы, і тады далёка ясьнейшы выгляд мела-б і сама крытыка твору.
Але, ці знарок, ці па недагляду, поэта прапусьціў іх, і разуменьне яго босых, як клясавае катэгорыі, стала рознасэнсным. Зараз мы дапускаем тую думку, што М. Чарот, ужываючы тэрмін „босыя“ меў на ўвазе беларускую сялянскую галоту, а ўкладаючы ў іх вусны жорсткія і часта нерэволюцыйныя лёзунгі і выказы, хацеў гэтым падкрэсьліць іх векавую злосьць на прыгнятальнікаў-окупантаў. Але разам з гэтым, бясспрэчна, што ўплыў А. Блока, які бязумоўна меўся, захапіў сабою нашага песьняра і з боку адзеньня ім тулю сымболізму і лёгкай містычнасьці на герояў свае поэмы — босых. Дзякуючы апошняй акалічнасьці, так і засталося не ўсталяваным, ці поэма „Босыя на вогнішчы“ пролетарская па зьместу, ці ўсяго яна толькі рэволюцыйная. І дагэтуль думкі падзяляюцца надвае…
Аднак, тое ўражаньне, якое пакінула па сабе поэма і ў чытача і ў беларускай літаратуры, сьведчыць нам, што гэты твор М. Чарота ёсьць надзвычайным зьявішчам у беларускай літаратуры. Ён падняў аўтара на значную вышыню, выявіў у ім багатыя творчыя здольнасьці і сілу поэтыцкага натхненьня. „Босыя на вогнішчы“ ўзбагацілі беларускую поэзію новымі дасягненьнямі і ў справе музычнасьці беларускага вершу. Праўда, тут нельга згадзіцца са словамі Тодара Глыбоцкага, які кажа: „Поэма „Босыя на вогнішчы“ М. Чарота канчаткова вырашыла ідэёвы напрамак беларускае літаратуры і паставіла на яе чале новыя сілы“[28]. Праўдзівей будзе, калі сказаць, што фактычна сама поэма зьяўляецца творам, для напісаньня якога аўтар атрымаў, штуршок ад акрэсьленых к таму часу новых ідэй. Гэтыя новыя ідэі, у сваю чаргу, ня толькі высунулі (а не паставілі) новыя сілы, а і аднавілі старыя сілы ў беларускай літаратуры. „Босыя на вогнішчы“ бадай што былі яскравым выяўленьнем творчасьці новых і абноўленых сіл… Гэта об‘ектыўна і ўвогуле ў стасунку да беларускае літаратуры. У стасунку-ж да самога творцы, М. Чарота, пакуль „Босыя на вогнішчы“ ёсьць чуць апотэознай нотай у яго творчай сымфоніі.
III
[правіць]III
Так. Да апошняга часу, вось ужо на працягу пяці год, поэта нам ня даў ніводнага твору, які б па сваёй сіле і багацьцю гармоніі раўняўся з поэмай „Босыя на вогнішчы“. Гэта, вядома, ня значыць, што далейшая творчасьць М. Чарота не паказвае тых ці іншых адзнак свайго разьвіцьця. З боку ўдасканаленьня формы многія вершаваныя творы поэты пашлі шмат наперад ад „Босыя на вогнішчы“. Іх музычнасьць блізка не перагнала ўсе лепшыя ўзоры ў беларускай поэзіі. Дый зьмест пазьнейшых твораў М. Чарота ня траціць сваёй сілы і глыбіні. Так, у поэты надалей не наглядаецца ніводнага прыкладу ўхілу ад грамадзка-соцыяльных тэм. Наадварот, у Чаротавых творах, што напісаны ім пасьля „Босыя на вогнішчы“, як і ў ранейшых, думка цесна зьвязана з падзеямі сапраўднага жыцьця. Каб шчыльней быць з ім зьвязаным, М. Чарот паранейшаму цьвёрдымі крокамі ўступае ў вір жывое чыннасьці. Поэта выбірае сабе грамадзка-літаратурную арэну. Ужо з 20 году ён становіцца сакратаром і неадменным супрацоўнікам газэты „Савецкая Беларусь“. На гэтай пасадзе пясьняр працуе да восені 1921 г. Разам з тым, маючы нахіл да тэатру, ён піша п‘ескі („Слуцкая варона“, „Мікітаў лапаць“ ды інш.) і п‘есу-поэму „На Купальле“. А каб самому ўдасканаліцца ў тэатральным мастацтве, ён з восені 1921 году залічаецца ў беларускую тэатральную студыю ў Маскве. Але ў студыі М. Чарот працуе ўсяго да восені 1922 году, калі парывае з думкаю аб тэатры і варочаецца ў Менск, дзе зноў ідзе на газэтную працу. Калі залажыўся часопіс „Полымя“, ён прызначаецца сябрам рэдакцыйнае колегіі…
Да гэтага ў наступным 1923 годзе М. Чарот к памянёнай працы далучыў сабе новыя абавязкі аформленьне першага беларускага пісьменьніцкага аб‘яднаньня „Маладняк“.
„Маладняк“ паставіў сваёю мэтаю згрупаваць вакол сябе выяўленыя маладыя сілы ў беларускай літаратуры, выхаваць з іх кадры пролетарскіх ідэолёгаў у ёй, паставіць далейшае яе разьвіцьцё водлуг разьвіцьця соцыялістычнага будаўніцтва. Адначасна „Маладняк“ узяў на сябе заданьне „пераацэнкі каштоўнасьцяй у поэтаў-нашаніўцаў“. І нарэшце, дадаў да сваіх функцый вынаходку новых літаратурных здольнасьцяй сярод моладзі, гуртуючы апошнюю вакол „Маладняка“ і маладняцкай літаратуры.
Трэба заўважыць, што для выпаўненьня гэткіх шырокіх заданьняў патрабавалася многа сіл і стараннасьці. М. Чарот меў іх у сябе, а таму рашуча і здаволена аддаўся гэтай адказнай працы. Зразумела, што гэта праца пачала адбівацца на яго літаратурнай рабоце. Грамадзкія элемэнты выпіралі наперад і адсувалі назад элемэнты літаратурнай творчасьці.
Але чамусьці якраз на гэты час прыпадаюць найінтэнсыўнейшыя моманты ў працаздольнасьці М. Чарота. Ён пасьпявае спраўляцца з організацыйна-грамадзкімі заданьнямі па аб‘яднаньні „Маладняка“ і знаходзіць часу на пісаньне многалікіх твораў. Пры гэтым яны ў яго рознастайнага жанру: лірычныя вершы, соцыяльныя поэмы, апавяданьні з новага быту і п‘есы. Ён друкуе іх па часопісах і газэтах, ня маючы магчымасьці сабраць і сыстэматызаваць усё для зборніка. У часопісу „Полымя“ за 1922 і 1923 гады і ў часопісу „Маладняк“ за 1923 г., якога М. Чарот стае рэдактарам, зьявіўся цэлы шэраг дробных вершаў поэты.
У адней частцы гэтых вершаў адзначаецца бадзёры песенны лірызм, насычаны радасьцю жыцьця. Мотывам, якія ў поэты абвеяны сонцам, асалодаю існаваньня, любаваньнямі прастораў — адпавядае мастацкі дасканалая рытміка і багацьце тонкіх машастовых фарбаў. Пад іх атуленьнем забаўкай робіцца халадэча зімы, зацярушаныя сьнегам галы.
Балотам сьнежным праз сасоньнік, |
З кожнага радка, як бачым, павявае насычанасьцю шаўковае мяккасьці. Адчуваеш настрой, нібы абясьцяжанай постацю лунаеш ты ў крышталёвых хвалях зімовага паветра. І ў той-жа момант над табою „довлеет“ выразна ачулае блажэннае жыцьцё. У гэткіх-жа далікатных фарбах паказваецца поэтаю падобны вобраз у іншай композыцыі (верш „Сенажаці і полі асьнежаны“. Выбраныя вершы М. Чарота, выданьне „Маладняк“, Менск). Тут выгляд асьнежанага лесу, вуліц, вёскі; коўзаньне дзяцей на санках, гульня воўка каля вёскі, асалода любаваньня дзяцей зімнім хараством.
Дзеці пальцамі шыбы вузорамі |
Ні каліва суму, бо жыцьцё яго ня любіць. Рэволюцыя склала гэткія ўмовы, пры якіх чалавек стае гаспадаром жыцьця, яго валадаром. Чалавеку, як цару прыроды, павінны падначаліцца ўсе стыхіі, мора і паветра, поверх зямное кулі і яе нетры.
У гэткім стане ня могуць крануць людзкога сэрца мінорныя тоны сумаваньня. М. Чарот у нізку гэткага характару сваіх вершаў выяўляе перад намі зародкі організацыі, ячэйкі новых адчуваньняў свабоднага жыцьцястварэньня, яго віруючае разьвіцьцё. З гэтай мэтаю ён зрэдку кратае сымболічных прыёмаў і сьмелых, з першага разу, як-бы жорсткіх вобразаў (верш: „Зямлю цалуе неба сінь“). Але на гэты час грубыя рысы ў яго выпадковы. Туль сымболічнасьці плаўкі і тонкі. І з-пад яго выразна вызначаецца прысак рэволюцыйнага романтызму. Гэта асабістасьць характарызуе другую частку лірычных вершаў М. Чарота, напісаных ім у працягу ад канца 1922 г. па канец 1923 году. Асноўныя элемэнты іх істоты — гэта паглыблены лірызм грамадзка-колектыўных імкненьняў. Багацьце і сакавітасьць зьместу ў іх цесна пераплецена з дасканаласьцю і мастацкім раскладам муль.
Падобных гэтым вершам мала можна знайсьці ў беларускай поэзіі. Прынамсі, з маладых пісьменьнікаў ніхто пакуль нічога роўнага ня даў.
Плывём к прыхожа-сьветлай далі… |
Даражэй ад усяго ў гэтых вершах — гэта цесны пераплёт ґрамадзкага пачуцьця з яскравасьцю надзей, пазыўных воклічаў з філіграннасьцю музычных зыкаў. Гэта асаблівасьць характарызуе той посьпех, які запоўніў пераход М. Чарота ад „Завірухі“ да 1923 г.
Поле ціха шаптала калосьсем, |
У вібрацыях гэтых пявучых гукаў выяўляюцца і мотывы нацыянальнай рэволюцыі і любасьць да радзімы.
Але іх пявучасьць далёка ад плаўкіх сэнтэнцый. Гукі акрэсьлены, загартованы агнём змаганьня. Думкі і пачуцьці, што кіпяць у нутры, абуджаныя чытаньнем гэтых надзвычайна гармонічных песьняў-позываў, не варочаюць назад, а накіроўваюць у наступнае, у будучыню, да сьветлых даляў. Пясьняр бачыць, што гэтыя далі парошчаны чырвонымі вясьнянкамі. Вершы пад гэтай назвай даюць нам суцэльны вобраз процэсаў і настрояў у працы пры ўмовах вольнага соцыялістычнага будаўніцтва краіны. Пясьняр малюе працу ў ружовых фарбах, у творчых парываньнях. Уся істота працаўніка сабрана ў адну кропку — увагі да сахі, да молата, да поля, да заводу.
У некаторай долі ў разгляданых вершах можна знайсьці і тэму і мотывы з пэрыоду „Завірухі“. Тым ня меней вартасьць іх ні на макава зерне ня зьніжаецца. Глыбіня думкі і прыгожасьць музычнасьці, намнога ўдасканаленая М. Чаротам, — вельмі трапна адбіваюць паглыбленьні соцыялістычнасьці самое працы і набытую поэтычнасьць яе вольнасьці.
Паглядзі: на полі вораным |
Выразныя, пукатыя вобразы, закончаныя, адрывістыя сказы і рытм поўнасьцю перадаюць сутнасьць і настрой працы творчасьці. Кожнае слова западае ў сэрца і пакідае па сабе сьлед. Бо ў гэтых словах, апроч сілы і суцэльнасьці настрою, яшчэ заложана і глыбокая ідэя. Гэта ідэя — адраджэньне індустрыяльнай сельскай гаспадаркі, экономічная рэволюцыя ў вёсцы. Вызвалены з політычнай і соцыяльнай няволі селянін мусіць вызваліцца і з абцугоў векавое закажанеласьці, някультурнасьці, прымітыўнага ўкладу жыцьця.
Путы старых умоў — падстава няволі. „Чырвоныя вясьнянкі“ малююць нам цеганіну, пакуль яшчэ няшырокага размаху, наступу машыны на вёску. Цікава, пры гэтым, што ў нашага песьняра рэволюцыя індустрыяльнага адраджэньня Савецкае Беларусі выглядае прыгожаю казкаю, у якой:
Змрокам ціхім сьпеў салаўіны… |
Музыка вясельля „рыцара машыны з дзяўчынай вясковай“ мае, зразумела, і адпаведныя здарэньню мотывы, акорды. „Гудзе гудок. Паўзуць машыны ў шыр і даль палёў, балот“. І тут жа новы вобраз гэтага поступу, выказаны наступна:
Імчыцца раць сталёвых коняй, |
Сама конструкцыя „Чырвоных вясьнянак“, сымэтрычна падзеленая на чатыры квадры, як-бы пазначае чатыры стадыі рэволюцыйнага процэсу індустрыялізацыі вёскі. Першая квадра — гэта пролёг; яго зьмест — урачыстасьць лета, іначай, урачыстасьць адноўленага жыцьця. Яна выглядае: у звоне рэчак крыгамі, у сьпеву жаўранка, у прывітаньні ранку лясным шумам, у прыгожасьці сенажаці, увабранай кветкамі, у хваляваньні руні… Усё гэта ў паяднаным харастве ўсьцілае шлях новай вясьне… Другая квадра праводзіць чырвоную нітку ўздымнага пачуцьця незалежнасьці, з якою селянін — „пан працы“, — ідзе на сваю ніву рваць „дзірван“. Трэцяя квадра перадае натхненьне прыходу „раці сталёвых коняй“, захапленьне гэтым аратых, якія „у новую краіну сягоньня робяць пералёт“. І, нарэшце, чацьвертаю квадрай — эпілёгам — поэта засуцэльвае свой моцны, сконцэнтраваны вобраз „Чырвоных вясьнянак“ эмблематычнымі рысамі пралёту срэбнага каня, які „на зямлю хоча ўпасьці“. Уцалку гэты верш выяўляе сабою пэрль прыгожасьці, адшуканай М. Чаротам у прыску перапалу старога жыцьця, адшліфованай пясьнярскай здольнасьцю і паложанай на вітрыну беларускае поэзіі…
Гэтых пэрляў, гэтых адрыўкаў лірычнае поэмы, прасычанай промэтэевым агнём, у М. Чарота некалькі. За „Чырвонымі вясьнянкамі“ лёгічна ідзе некалькі вершаў, прысьвечаных маладняку, баявой работніцка-сялянскай комсамоліі, гэта: „Маладняк“[33] „Зарунела, зарунела“, „Комсамолія“[34], ды інш.[35]. Поэта імі апявае маладую сьвежую сілу, якая прыходзіць на заараную ніву з творчай працаю. Увайшоўшы ў яе гушчу і стаўшы на чале яе баявых, ахопленых імкненьнем шэрагаў, ён з іх прыходам адчуў вялікі сэнс буйнага разьвіцьця краіны.
Бацькі рвалі дзярыну, а дзеці будуць сеяць новае насеньне. Яны яго засеюць, выхаваюць і нікому не аддадуць плёнаў свае працы. Будзь благаславеным наступны час! Тваёй вялікасьці поэта пяе натхнённыя гімны. Як яны мілагучны, як зграбны і прыгожы! Слухайце:
Маладняк сваімі лісьцямі |
І далей:
Зарунела, зарунела аксамітам… |
Комсамолія цалкам захапляе поэту, ператварае яго і глядзіць яму ў твар „раздольным жыцьцём“. Праўда, яно, гэта жыцьцё, яшчэ поўнасьцю не закрасавала. Але хто можа сумнявацца, што комсамолія ня прысьпешыць яго панаваньня? Поэта тым болей упэўнены ў гэтым. Ён яскрава адчувае яго подых, яго шалясьценьне. Комсамольцы — яго вяшчуны. Не, поэта ня можа ня быць да канца самім сабою: ён далучае сябе да комсамольцаў, бо і Беларусь — комсамолія!
У той жа час Янка Купала ў сваім памятным вершы „Арлянятам“[36] выказаў ім сваё братэрскае ўшанаваньне. Ён, як-бы блаславіў іх на ўдзячную адказную працу. М. Чарот захапіўся настроем гэтае працы, дакрануўшыся яе маладых купінкаў, пушыстае руні…
Ад чыстасьці і сталёвай гранёнасьці формы гэтай нізкі Чаротавых вершаў, як ад сьцяны гарох, адскаквалі фальшывыя ўплывы надзенных кірункаў у літаратуры. Прыватна, імажынізм, да якога поэта наварачваў узрокі, быў чужы ўсёй яго істоце.
Постаць М. Чарота мэрам-бы мела імунітэт, якім адбівалася і адбілася ад заразы гэтай дробна-мяшчанскай богемскай плыні. Выразна відаць, як налёты імажыніцкіх настрояў, крануўшыся Чаротавай леры, рассыпаліся павуцінаю. Жывы, бліскучы, віруючы рэволюцыянізм ня мог ухавацца і пад тулем ужыванай поэтам сымболічнасьці, ці, праўдзівей, алегорычнасьці. І гэта добра. Бо тыя некалькі вершаў, на якія М. Чарот гвалтоўна нацягнуў імажыніцкай бросьні, многа страцілі ў сваёй моцы і ў сваім мастацтве. Угон за вобразнасьцю, які ў адзін, ліхое памяці, момант захапіў сабою, як ліхаманкаю „Маладняк“, прывёўшы некаторых яго сябраў да шалу, да анормальнасьцяй і да літаратурнага калецтва, М. Чарота ўдзячна абмінуў. Ён застаўся непашкоджаным, чыстым, захаваўшы гэтым сваю сталёвую суцэльнасьць.
IV
[правіць]IV
Да разгледжаных намі вершаў непасрэдна прылягае другая па тэрміну напісаньня поэма М. Чарота „Чырвонакрылы вяшчун“. Поэта назваў яе „поэмай-фантазіяй“. Надаў ёй асаблівы стыль, адпаведную тэхніцы (процэсу) палёту форму (пабудоўку). Поэма-фантазія „Чырвонакрылы вяшчун“ падзелена аўтарам на дванаццаць частак. Кожная з іх прысьвечана асобным момантам суцэльнае эпопеі палёту чырвонакрылага вяшчуна над земнаю куляю. Чамусьці поэтам гэтай сваёй поэме-фантазіі даны пад загаловак „Палёт першы“.
Няведама, ці хацеў ён працягнуць сваю поэму далей, ці мо‘ прапусьціў уставіць да тае або іншае часткі чарговыя палёты. „Першы палёт“, які абымае сабою ўвесь твор, пачынаецца над Савецкай Беларусьсю. Яго кірунак ідзе праз Заходнюю Беларусь, на Польшчу, Нямеччыну (Рур), Францыю, Алжыр, Амэрыку, Японію, выспу Сьвятое Алёны, Сандвічавы выспы ды інш. З вышыні „Сонца і зор“ чырвонакрылы вяшчун наглядае выяўленьне рознастайных форм жыцьця кожнае краіны. Сутнасьць яго амаль аднолькавая ўсюды, пачынаючы ад мяжы, якая аддзяляе Савецкі Саюз ад Польшчы. Над Польшчаю носіцца белы арол, які
Ў паветры палошча |
Чырвонакрылы вяшчун яго зьбівае, і яму адклікаюцца з зямлі словам „Пабеда!“
Яго вітаюць і —
Ад меж Пазнані |
дзе „рабочыя ходзяць хмура“.
У Францыі ён вітае паўстаньне з магіл комунараў, якія —
Сыплюць іскры ўлева і ўправа. |
Вяшчун і „чорнакожым аня страх“. Сваю іскру ён закідае ў Алжыр. Гэта выклікае — „Замест плачу — песьні, скокі“ і выгукі
— Нам ня жаль! |
Яму нехта крычыць з Трыполі,
— То вяшчун сусьветнай волі! |
Далей, калі чырвонакрылы вяшчун пралятае над выспай Сьвятое Алёны „Над магілай Наполеона“, ён падае вокліч да яго. У гэтым воклічы адчуваецца надсьмяяньне над вялікасьцю Наполеона, якая скончылася тым, што палкаводчы нават не валодае і невялічкаю выспай, ня толькі цэлым сьветам, які ён мерыўся падабраць пад сваю ўладу. Каб мець сілу на гэта,
Трэба ўзьняцца |
Чарговы этап — у Колюмбію. Машына над фабрыкамі і заводамі вядомага Форда.
Фабрыкі і заводы |
Чырвонакрылы вяшчун гукае:
— Гэй, магутнейшы Форд! |
І ціхаакіянскія выспы — Сандвічавы, Новая Гвінэя, контынэнт Аўстралія, над якімі вяшчун спускаецца ніжэй; яму шлюць праз дзікуноў вітаньне. Апошнія станцыі палёту — Ява, Суматра, Кітай і Японія. Японія, гэта
Краіна тая, |
Яна асьвечана Фузі-Ямай, агнядышачай гарою.
Увогуле, уся дарога лётчыка запалена агнём —
Зямля ўся ў пажары, |
Дванаццатая частка поэмы апісвае канец палёту над краем першай Вялікай рэволюцыі.
У заключэньне наступнае васьмівершша:
— Таварыш лётчык! Як прыгожа |
Нам здаецца, што дзьве ідэі ў сваім пераплёце надалі аўтару натхненьня для напісаньня данае поэмы-фантазіі. Першая і асноўная — гэта не пакідаючае яго пачуцьцё захапленьня замацаваньнем соцыяльна-нацыянальных перамог у БССР і проблескі рэволюцыйна-нацыянальнага руху ў капіталістычных дзяржавах і ў іх колёніях. Час напісаньня „Чырвонакрылага вяшчуна“ якраз супадае з найбольшым уздымам адзначанага руху.
Савецкая Беларусь, у прыватнасьці, і Савецкі Саюз — увогуле ў канцы 1922 і ў пачатку 1923 гадоў рашучымі крокамі павярнулі да мірнага будаўніцтва. Апошнія патугі контр-рэволюцыі ў выглядзе кронштадзкага паўстаньня, Антонаўшчыны, Балахоўшчыны жалезнаю рукою рэволюцыі былі прыдушаны. Новая экономічная політыка адкрыла шлях да ажыўленьня пасьпешнага будаўніцтва прамысловага, гандлёвага і гаспадарчага жыцьця. За рубяжом, і якраз у Нямеччыне, існавала непасрэдна-рэволюцыйная сытуацыя. У Руры не астываў сярод рабочых рух паўстаньня. Перабягалі з месца на месца хвалі нацыянальна-вызваленчага руху у колёніях. Гэтыя абставіны будзілі ўпэўненасьць, паглыблялі натхненьне, гусьцілі жаданьне.
М. Чарот, неадгінна сочачы за разгарненьнем рэволюцыйных падзей, акрыляўся сьмелай фантазіяй, малюючы сабе сусьветную рэволюцыю. Вобраз, у якім яна будзе ахапляць зямлю, вельмі трапна паў на чырвонакрылага вяшчуна. На замілаваньне гэтага вобразу, магчыма, уплыла часткаю і другая ідэя — гэта кінуты ў той час кліч да адбудовы паветранае флёты. Замацаваньне ўлады рабочых і сялян ня можа абыйсьціся бяз іх належнай падрыхтоўкі да тэхнічнай магчымасьці ў любы момант устаць на абарону свае краіны.
Дружны водгук шырокіх гушчаў працаўнікоў на паданы кліч выяўляў сабою концэнтраваны згустак соцыялістычнага абавязку, клясавай сьвядомасьці, перад якімі нельга ня схіліцца песьняру… І ўрэшце — поэма-фантазія „Чырвонакрылы вяшчун“.
Мы не настойваем на выключнасьці гэтых ідэй у поэты, даўшых яму штуршок да пісаньня данага твору. Але бяз іх, панашаму, яго ня было-б.
Іншае пытаньне, як справіўся М. Чарот з задачаю выяўленьня самой па сабе крылатай ідэі а поступе рэволюцыі? Ці здолеў ён перадаць вялікасьць і паўнату яе? Ці досыць старчыла ў яго здольнасьці на выкананьне працы на ўзятую тэму? І, наогул, ці адпавядала яму брацца за падобную тэму?
Мы ўжо адзначылі тыя абставіны, настрой эпохі, калі поэта пісаў сваю поэму. Нельга адмовіць героічнасьці, якая прасычала эпоху. Адгукнуцца на яе так ці іначай такі пясьняр, як М. Чарот, мусіў. Аднак, зрабіўшы гэта, ён не знайшоў у сабе тых магчымасьцяй, якімі валодаў пры напісаньні „Босыя на вогнішчы“ і разабранага намі нізку лірычных вершаў. Поэме „Чырвонакрылы вяшчун“ не хапае ў поэты, калі непасрэднага пачуцьця, якога ён не адрываецца ад зямлі. Нацягнутасьць струн яго леры і адсутнасьць конкрэтнай аперы ў непасрэдным адчуваньні абветрываюць поэму. Перасычанасьць яе рэволюцыйнымі фарбамі і гучнымі эпітэтамі надаюць наварот на агітку. Далей, у поэме суцэльнасьць ідэі часта парываецца і гіне ў неакрэсьленай яе асярэдзіне. Ад гэтага — сухасьць і схэматычнасьць у пабудове.
Чытаючы „Чырвонакрылага вяшчуна“, не атрымліваеш таго ўражаньня, якога, магчыма, чакаў аўтар ад чытача. Ня гледзячы на важкасьць тэмы, на яе магутнасьць, поэма застаецца лёгкаю. Раўняючы яе з „Босыя на вогнішчы“, бачым вялікую розьніцу. Рэволюцыя ў шостай частцы земнае кулі ў поэмным высьвятленьні („Босыя на вогнішчы“) пакідае куды большы эфэкт, ніж поступ рэволюцыі па ўсёй земнай кулі („Чырвонакрылы вяшчун“). Вось загэтым выйсьце гэтага твору М. Чарота было сустрэта многа цішэй ад папярэдніх.
Аднак, і ціхая стрэча „Чырвонакрылага вяшчуна“ ў зьвязку з яго недахопамі і самі пералічаныя намі недахопы болей выразны таму, што яны контрастуюць з шумлівасьцю і багацьцем сілы ды фарбаў у „Босыя на вогнішчы“. Непасрэднае пасьля „Босыя на вогнішчы“ выйсьце „Чырвонакрылага вяшчуна“ не магло мець іншага эфэкту ад таго, які атрымаўся. Праз гэту прычыну выпукляліся слабыя бакі поэмы мацней ад сапраўднай слабасьці. Ня будзь-бы гэтых акалічнасьцяй, „Чырвонакрылы вяшчун“ даў-бы прыметна большае ўражаньне. Даў-бы таму, што сам па сабе гэты твор М. Чарота як-ні-як, а багаты вобразамі, цікавай рытмікай, размахам думкі. Таксама гэты твор зьяўляецца адзіным у беларускай літаратуры па зьместу і задумам. Да М. Чарота ніводны беларускі пісьменьнік не чапіў гэтае тэмы. Па хараству конструкцыі яго пабудовы ён першы. Можна здагадвацца, што аўтар поэмы знарок яе пусьціў такою, захацеўшы ахвяраваць у пэўнай долі і зьместам і мастацкасьцю вобразаў — сэнсу, як найдасканалейшай перадачы ў рытме вершу палёту машыны…
Бач, і гэта адно, само сабою, мае дзіўную прыгожасьць, якая выяўляецца ў людзкай заўзятасьці ў змаганьні з прыродаю. Што можа раўняцца з задзёрам людзкіх імкненьняў падуладзіць сабе паветра і прасторы, скорасьць і вышыню? Ужо адзін намер выявіць вобраз імкненьняў к палёту чалавека заслугоўвае пільнае ўвагі. Апець яго і ў сплёце рытму слоў наблізіць да адчуваньня — вялікая справа…
Няхай М. Чарот не дасягнуў патрэбнага ў гэтым кірунку эфэкту, але ён, бязумоўна, даў удалую спробу гэтага дасягненьня. Тым ня меней, поэма-фантазія „Чырвонакрылы вяшчун“ займае значнае месца ў творчасьці нашага песьняра i гаворыць сабою аб шырокім развою яго поэтычнага таленту…[37].
V
[правіць]V
Падобнай поэме „Чырвонакрылы вяшчун“ і па характару, а часткаю і па форме пісьма, зьяўляецца трэцяя поэма М. Чарота „Ленін“. Поэма „Ленін“ напісана ім на адгоне каля двух гадоў ад часу напісаньня першых двух поэм. Але, як і першыя, поэма „Ленін“ прысьвечана аўтарам аднаму з найвялікшых здарэньняў у гісторыі вялікай Кастрычнікавай рэволюцыі — сьмерці яе правадыра, Уладзімера Ільліча Леніна.
Водгук на сьмерць Леніна выказаўся ў колёсальным узрушэньні ўсяго працоўнага чалавецтва. Памeру і сіле жалобы ня было граніц. Гэтыя дні памятлівы нам сваёю трагічнаю вялікасьцю, сваёй неабдымнаю трагедыяй. Савецкі Саюз паў на калені перад труною свайго творцы. Пахаваньне правадыра ўвабрала ў сябе ўсю шчырасьць, усю павагу, якою абнімалі працоўныя гушчы таварыша Леніна ў яго жыцьці.
Сусьветная літаратура адвяла сьмерці Ўладзімера Ільліча надзвычайную ўвагу. Дзесяткі выдатных пісьменьнікаў прысьвяцілі гэтаму здарэньню свае творы.
Не засталася бяз водгуку на сьмерць Леніна і маладая беларуская літаратура. Рад беларускіх поэтаў і пісьменьнікаў прысьвяцілі Леніну свае творы. Але значнейшым і багацейшым творам, прысьвечаным Леніну — ёсьць поэма М. Чарота „Ленін“.
Ва ўступнай частцы свае поэмы М. Чарот кароткімі моцнымі радкамі жалезнага дынамічнага вершу перадае нам тую сілу ленінскага „я“, з якою так шчыльна было злучана сьвядомае разьвязаньне справы вызваленьня беларускае вёскі:
Ленін! |
Фактычна ў гэтых радкох, у сьціслай сконцэнтраванай форме паказана поўнасьцю ідэя поэмы. Далей, цэлых дзевяць падзелаў яе адведзены разгортваньню вобразу разьвіцьця рэволюцыйнага руху, на чале якога стаяў Ленін, у аспекце яго ўспрыйманьня беларускім селянінам.
Кожны падзел поэмы „Ленін“ зьяўляецца асобным вобразам, які малюе сабою асобны пэрыод вялікае ленінскае эпохі, пачынаючы з часоў вайны. Гэтыя падзелы вобразы непасрэдна зьвязаны паміж сабою тым ростам уплыву популярнасьцю імя Леніна, якія настойна і рашуча заваёўвалі беларускую вёску. Гэтак, папершае, праходзіць перад намі „блакітная вёска“, у якой
Сярод васількоў-калосьсяў |
Блакіт і васількі, зразумела, не для Мікіты, які „сумна галосіць“ і „ад усходу да заходу сонца стогне“. Цяжкае жыцьцё з усіх бакоў націскае на селяніна Мікіту. Ён нарадзіўся ва ўмовах пякельных бядняцкіх мук і недахваткаў. Працаваў да сёмага поту, аддаючы плён свае працы і на пана, і на папа, і на прыгонны дзяржаўны апарат. Да ўсяго, нарэшце, надышла вайна, сыноў пацягнулі на вайну, войскам здратавалі поле. У яго нутры раскалыхаліся трывожныя думкі:
Паны галаву гатовы скруціць нам… |
Гэтыя радкі выразна і маляўніча акрасьляюць сабою той роспачны стан сялянскага жыцьця, які ставіў беларускага селяніна на парозе роспачы. У чым шукаць выйсьця, куды накіраваць думкі? І вось збавеньне: асеньнім вечарам вяртаецца з войска Мікітаў сын. Ён бацьком прыносіць вестку аб загубе яго дваіх братоў і разам з гэтым кажа аб тым, хто яго перасьцярог ад загубы.
То быў — Ленін! Сын угаварвае бацьку, каб ён шанаваў Леніна.
Мікіта тварам к сьценцы |
Далей аўтар малюе нам нясупынны рост ленінскага ўплыву на сялянства, прызнаньне апошнім Леніна сваім правадыром і збаўцам. Дзякуючы Леніну,
У блакітных вёсках-сёлах |
На вокліч Леніна хутка адклікаюцца сялянскія гушчы: яны да яго накіроўваюць свае скаргі і з ім чуюць сябе гаспадарамі свае краіны. Зразумела, што сьмерць Леніна, вестка аб чым трапляе пад шэрыя стрэхі вясковых будынкаў, сее агульную трывогу. Вёска аддаецца жалобе, яна
Таксама ў жалобных фарбах |
Праз усю поэму праходзіць выразная, пукатая думка-вобраз, якая не дае ад сябе адарвацца. Ленін вырастае з яе ў магутную ўласьцівую яму велічыню, агарнуўшую сабою разбуджаную вёску. Так і адчуваем, як нябачныя, але вакол расьцярушаныя словы і воклічы правадыра адбіваюць процэс нараджэньня новага жыцьця. З паднявольнае, здратаванае вёскі на вачох вырастае вольная Беларусь, працягнуўшая братнюю руку да саюзнай Вялікаросіі, Украіны ды іншых старонак.
Гэты процэс удала ахутаны аўтарам багатымі мулямі псыхолёгічных момантаў, якія насычаюць твор адпаведнай паўнатой зьместу. Бачыш, што песьняру добра знаёмы ўмовы сялянскага жыцьця ў часы прыходу рэволюцыі, знаёмы тагачасныя на строі, і бачыш, што ён ведае дасканала зрушаную з застойнасьці пакорлівую натуру і нявыразныя жаданьні. Таму-то і характарны падкрэсьленыя ім асабістыя рыскі, уласьцівыя селяніну ў першыя часы Кастрычнікавае рэволюцыі, накшталт таго, як
Мікіта з Леніным раіцца, |
Але не аднаму Чаротаваму знацьцю вёскі трэба прыпісаць багацьце і колёрытнасьць фарбаў яго поэмы „Ленін“. Тут многае залежыць і ад пясьнярскай здольнасьці і ад соцыяльнага характару яго музы. Пясьняр праз сваю істоту прапускае думкі і настроі паслаўшых яго ў вір змаганьня мільёнаў працоўных. З гэтае прычыны так рэльефны і так праўдзівы Чаротавы творчыя вобразы… Загэтым, далей, поўны і важкі, як вінаградныя галінкі, зьмест і ідэя кожнае яго рэчы. У Чарота нельга знайсьці тых тулявых, пушыстых, лёгкадумных слоў-сказаў, да якіх даткніся — і яны рвуцца, як павуціньне. Розныя „ночна-макавыя колеры“, „прарубы вуліц ажалобіліся“, „пругка-цьвёрдыя брусьніцы буйных зор“, уласьцівыя некаторым поэтам, чужыя Чароту. Чужыя таму, што ён поэта-барацьбіт, а не староньні, хоць і актыўны глядач-сантымэнталісты. У кожным сказе Чарота адчуваецца пульс рэволюцыйнага подыху. Вось чаму зусім не падыходзяць да агульнага тону выпадковыя ноткі, накшталт „у вёсцы блакітнай“. Іх ня трэба для ўпрыгожаньня і без таго дасканалай музычнасьці Чаротавага вершу.
Поэма „Ленін“, як і іншыя поэмы песьняра, з мастацкага боку ня ўступаюць лепшым узорам у беларускай літаратуры. Багатая рыфма, яе перамежны тэмп, пільная апрацоўка, акрэсьленасьць думкі, — усё кажа за выдатнасьць Чаротавага таленту. Адметна, як М. Чарот з кожным разам усё больш аддае ўвагі на адшуканьне памеру ў сваім вершы, які-б найпаўней перадаваў сабою акрэсьлены момант колектыўных узрушэньняў грамадзтва.
У „Леніне“, як і ў „Чырвонакрылым вяшчуне“ асабліва пуката выдаецца гэта. Уступ і заключная частка поэмы, а таксама першы і другі яе падзелы, пабудаваны так, што чытач ня можа ня спыніцца на іх моцных, адрыўных, справоджаных клічнікамі і шматкроп‘ямі радкох, якія напружваюць яго настрой колькі мага. Уражаньне, дзякуючы гэтаму, навострываецца, ачулей робіцца пачуццё і ўся твая постаць калыхаецца трывогаю, надзеяй, спагадай, жаданьнем, імкненьнем…
У гэтым стасунку поэма „Ленін“ з формальнага боку як-бы крыху траціць у тым, што аўтар не захацеў правесьці яе ўсю ў тонах і рытме падобных, як ва ўступе ці ў заключнай частцы. Але, трэба здагадвацца, што на гэта ў яго былі свае важкія прычыны. Гэтыя прычыны часткаю заключаюцца ў сіле і адказнасьці моманту, якога датычыць кожны падзел поэмы. Зьяўленьне Леніна і яго сьмерць выходзяць з паласы яго творчай працы, як два адпраўныя пункты. Яны і адзначаны ў поэме вагромнейшымі ўздымамі ўрачыстасьці і трывогі, для выказу якіх патрэбна было болей фарбаў і дынамікі. Творчая паласа ў жыцьці правадыра рэволюцыі вымагае іншага падыходу мастака. Ды напружанасьць, прыданая ў пачатку і ў канцы поэмы, будзь-бы яна праведзена праз увесь твор, надала-б яму аднастайнасьці. Пясьняр гэта ўлічваў, паніжаючы згушчанасьць фарбаў і дынамічнасьць настрою ў некаторых мясьцінах поэмы.
Уцалку, „Ленін“ — твор на многа мацнейшы ад поэмы „Чырвонакрылы вяшчун“. Гэта яго моц захавана ў самым зьмесьце тэмы, у яе размаху і значнасьці. „Ленін“ у многім нагадвае поэму „Босыя на вогнішчы“, сьведчачы за тое, што М. Чароту рэалістычныя вобразы ўдаюцца лепей ад фантастычных. Зразумеласьць гэтага ляжыць у факце шчыльнай сувязі песьняра з апяванымі ім падзеямі ў жыцьці. Героічнасьць гэтых падзей накладае адпаведную афарбоўку і на самы твор.
Поэму „Ленін“ М. Чарота трэба залічыць да цыклю героічных поэм.
VI
[правіць]VI
Да таго ж цыклю належыць і чарговая па напісаньні поэма М. Чарота „Марына“. Сюжэт яе ўзяты аўтарам з часоў окупацыі Беларусі палякамі. Канвою, на якой разгортваецца поэма, служыць паўстаньне беларускіх працоўных супроць окупантаў. Тэму гэту, як бачым, ужо закранаў пясьняр у поэме „Босыя на вогнішчы“. Багацьце фарбаў і сілу героічнасьці гэтага процэсу змаганьня за Савецкую Беларусь аўтар выявіў у ёй дасканала. Аднак, шырызна, размах і гістарычнае значэньне паўстанцкага пэрыоду ў жыцьці Беларусі, водлуг М. Чарота, не ўлажылася ім у адну поэму.
Ён палічыў неахопленай ёю аднае рыскі эпохі — гэта ўдзелу ў паўстаньні жанчын. Тымчасам мела сваё месца. Да гэтага яшчэ, бяручыся за тэму аб паўстанках-дзяўчатах, М. Чарот меў на ўвазе і поэтычна-мастацкую асабістасьць апошняе. Яго муза, меўшы доўгі час справу з іншага характару тэмамі, занудзілася па элемэнце каханьня. Для поэта-мастака цяжка прайсьці творчым шляхам, абмінуўшы гэта пытаньне.
Праз усю гісторыю літаратуры яно не абышлося, каб не натхніць любога з сваіх творцаў. Пачынаючы ад старагрэцкіх песьняроў, праз стары Рым, эпоху рэнэсансу, новыя і найноўшыя вякі, песьняры ўсіх станаў, розных здольнасьцяй, усякіх поглядаў так ці іначай закраналі тэму каханьня…
М. Чарот, пачынаючы з 1917 году і да напісаньня „Марыны“, толькі ў лічаных вершах і ў некаторых бэлетрыстычных творах зьвяртаецца да любоўнага эпосу. I то, мэрам-бы несхаця, а таму не са шчырасьцю, уласьціваю яму. Загэтым — ня дзіва, што далей ён бярэцца за „Марыну“…
Але і цяпер у думках песьняра няма намеру абмежавацца трывіальным творам з удзелам элемэнту каханьня. Не! М. Чарот, уводзячы романычны элемент у новую поэму, мае намерам выпукліць героічны бок гэтага пачуцьця, каб надаць большай вобразнасьці і хараства тэй чыннасьці, якая зьвязвае яе, Марыну-паўстанку, з чырвоным камандзірам Іванкам.
Пачуцьцё каханьня, у даным выпадку, служыць для песьняра сродкам, які ўзбагачае і ўпрыгожвае і паглыбляе процэс змаганьня за вызваленьне.
Да гэтага мы звычайна сустракалі ў літаратуры розных народаў высокія ўчынкі жанчын іншага стану якім песьняры аддавалі сваю поэтыцкую ўвагу. Многім памятаюцца вобразы Някрасаўскіх княгінь — Трубяцкой і Валконскай, Таўстоўскіх героінь-жанчын (Ганна Кареніна ды інш.), многалікія тыпы рэволюцыянэрак-інтэлігентак многіх іншых пісьменьнікаў.
У беларускай літаратуры бадай што ня было ніводнага твору, прысьвечанага цалкам жанчыне, пры гэтым у аспэкце рэволюцыйных падзей. М. Чарот першым падае нам тып прыгожай сялянкі Марыны, прадстаўніцы змагальнікаў з боку жаночага роду. У пераплёце пачуцьця каханьня да „Івана-ваяводы чырвонай дружыны“ з пачуцьцём крыўды на цяжкае становішча окупацыі, у якім
Працы многа — хлеба няма… |
Марына пакідае асірацелую матку ды ідзе ў паўстанцкі атрад.
З хлопцамі-малойцамі вандруе… |
Хутка яна робіцца правадыром паўстанцкай грамады і сама падае воклічы.
— Гэй, да ну, паўстанцы! |
Каханьне да Івана яна не прадала на багацьце пана-паляка; спакойнаму жыцьцю паперадпаставіла Марына паўстанцкую чыннасьць. Гэтай апошняй заплаціла загубаю мацеры.
У віры паўстаньня Марына нарадзіла сына, якому радавалася, як новаму паўстанцу. Дзіця калыхалі дружыньнікі, яму напявалі песьню сьвісты куль…
Паўстаньне кончылася вызваленьнем Беларусі. Пачалася мірная праца. Іван, вызвалены з Чырвонае арміі, стаў работнікам-зямляробам. Аднак ні Івана, ні Марыну не супакойвала тая думка, што Беларусь парэзала драцяная мяжа, за якую
Нёман ды сьлёз ня ўбірае. |
З новаю сілаю аджывае ў яе нутры пачуцьцё паўстанкі. Марыне зноў нявесела. Клічуць пушчы яе песьнямі…
Сабрацца трэба ў дарогу — |
Павіннасьць перад краінаю і працоўнымі перамагае ў ёй пачуцьцё мацеры, і Марына ідзе
Ратаваць краіну, |
У эпілёгічнай частцы поэта ўпэўняе, што ў той час, калі зьнікнуць войны, калі запануе час свабоды, на палёх і сухіх балотах Заходняе Беларусі
Народ сам поэта, |
Зразумела, што місія Марыны варта таго. Пясьняр не пашкадаваў фарбаў для таго, каб надаць яе вобразу вялікасьці і героічнасьці. Відаць, што тэма аб паўстанцы Марыне захапіла песьняра. Бо іначай нельга было-б тлумачыць таго замілаваньня, якое поэта аддаў ёй у сваёй поэме.
Але, ня гледзячы на гэта, чамусьці Марына не пакідае ўражаньня загартованага ваякі. Яе захапленьне змаганьнем проці окупантаў, яе адважныя гесты, накшталт пакіданьня свайго дзіцяці і накіраваньня для барацьбы за вызваленьне Заходняе Беларусі, не даюць належнага эфэкту. Марына далёка стаіць ад сваіх сяброў — „босых на вогнішчы“. У тых, сапраўды, адчувалася сталь у хадзе і агонь у словах.
Марына-ж крыху крыху сантымэнтальны паўстанец, штучна абгладжаны аўтарам. Штучнасьць тым болей выпірае наповерх, што М. Чарот вельмі схэматычна чапіў тае глебы, на якой вырасла яго героіня, не разьвіў паступовасьці зараджэньня ў ёй пачуцьця соцыяльнае помсты. Арышт братоў і бацькі прамігаюць перад чытачом няўпрыкмет і мэрам-бы паўз Марыніну ўвагу. Соцыяльны мотыў акрэсьлены трыма наступнымі радкамі:
Сумная песьня ў жнеек — |
Пачуцьцё каханьня ня ў меру прэвалюе ў настроях паўстанкі. Яна, галоўным чынам, кіруецца ім, калі ідзе ў пушчы да паўстанцаў і калі становіцца на чале іх. Яна распальвае сваю злосьць на таго, „хто разьбіў каханьне“. Змораная, яна сьпіць і сьніць Іванку. Усяго раз ці два Марына ўспамінае а Беларусі, кажучы:
Ад пана ўлана |
Толькі тады, калі Марына стае маткаю, пасьля звароту Івана, у яе насьпявае самастойнае пачуцьцё клясава-грамадзкага адценьня: яна кідае дзіця ды ідзе на дапамогу заходнім братом — рабочым і сялянам. Тут ужо Марына перароджаная істота. Яе ня трывожаць іншыя пачуцьці, апроч пачуцьцяў клясавых.
І ў гэтым выпадку, панашаму, зусім няўдзячны для настрою і адбітку здарэньняў падабраны песьняром стыль вершу. Яго народны песенны памер дысгармонуе з тэмпам падзей. Падобны стыль напрашаецца зусім да іншае тэмы, да тае тэмы, у якой няма вострых кутоў і жорсткіх ліній. Не пасуе з суворасьцю абставін і багатая колькасьць ласкальных эпітэтаў у поэме, як „Іванка“, „ручкі“, „песенька“, „мядок“, „каток“, „Марынка“, „расіца“ ды інш. Гэтыя эпітэты надаюць асаблівай мяккасьці і хадульнасьці, вельмі ўласьцівай казачным ці былінным апавяданьням. Вось чаму „Марына“ дае нам уражаньне зусім не падобнае „Босым на вогнішчы“. А разам, дзякуючы гэтаму, і мэта аўтара ўкладзеная ў „Марыну“, крыху не апраўдана. Поэма „Марына“ вышла намнога слабейшаю за папярэднія поэмы М. Чарота.
Тым ня меней, поэма мае ў сабе шмат дадатных бакоў. Апрача ўжо адзначаных намі вышэй, да іх трэба залічыць сваяасаблівасьць вершу поэмы. Тое самае трэба сказаць і пра мову у поэме; М. Чарот узяў для яе багатую, сакавітую і популярную народную мову. Ад гэтага поэма набывае даступнасьць для школьніка і для малапасьвечанага ў літаратурны лексыкон чытача. Троха бракуе з гэтага боку вольнасьць у выразах, дапушчаная песьняром. У яго ў восьмым падзеле поэмы знаходзяцца гэткія выразы, як „абрыданы“ (замест „абрыдлы“) вецер, „у закоце (замест „закаце“) кудлатым“, або гэткія сказы, як: „у гумне зарыпела адрына“… Праўда, падобныя сказы рэдкія і таму мала кідаюцца ў вочы.
Уцалку поэма „Марына“ — твор з многіх бакоў орыгінальны, які паказвае на шырокія задаткі Чаротавай тэхнікі і на рознастайны зьмест яго жанру.
VII
[правіць]VII
Бадай што адначасна з поэмаю „Марына“[38] зьявілася ў сьвет поэма М. Чарота „Карчма“, пятая па ліку поэма нашага песьняра. Але поэмны жанр зьяўляецца ўлюбёным жанрам яго творчасьці. Гэта характарнасьць якраз кажа аб дадатных бакох Чаротавага таленту. У песьняра раз-по-разу насьпяваюць суцэльныя багатыя ідэі-вобразы, якія цалкам ахапляюць найвыразьнейшую палосу жыцьця Савецкае Беларусі.
Пясьняр старанна і пільна вывучае яе з усіх бакоў (а часта ў процэсе жыцьця яна вывучаецца сама) і пасьля, пераплавіўшы ў сваім пачуцьці, падносіць нам ва ўмела і здольна пабудаваным малюнку. Чатыры папярэдня разгледжаныя поэмы адбілі нам выдатныя, гістарычныя моманты процэсу вялікага сутрасеньня старых прыгонных падстаў жыцьця нараджэньня новага, вольнага існаваньня беларускіх працоўных гушчаў. У яскравых мулях прайшлі перад намі „босыя на вогнішчы“ („Босыя на вогнішчы“), бліснуў яркаю весялухаю лік „Леніна“, („Ленін“), страсянуўшы сваім адыходам у постацьнае нябыцьцё, зірнулі сьветлыя далёкі сусьветнае рэволюцыі („Чырвонакрылы вяшчун“). Гэтыя вобразы ўзьняліся разам з уздымам магутных хваль героічнага пэрыоду да новых дзён соцыялістычнага будаўніцтва.
У поэме „Карчма“ М. Чарот сплятае свае перажываньні ў іх сувязі з грамадзкімі здарэньнямі. Да гэтага часу пясьняр цалкам быў адданы службе колектыву, вышэйшым заданьням і мэтам грамадзкага жыцьця. Аб сабе — як аб ядынцы — ня кажучы.
Маладым, акунуўшыся ў вір цыклёпічных падзей революцыі, ён ня меў вольнае хвіліны, каб азірнуцца на маланкаю прамінуўшы перад ім жыцьцёвы шлях. А тымчасам, у ім столькі цікавага і завабнага для палкіх мараў поэты! Сапраўды — вось-вось, некалькі гадоў таму, ён яшчэ пастух, пасьля вучань, затым настаўнік, сьледам афіцэр, далей паўстанец, барацьбіт за ідэі вызваленьня і адраджэньня свае краіны.
І разам — пясьняр, поэта… Гэтулькі захопных жыцьцёвых перыпэтый! Ды столькі на працягу перажытых гадоў, выбухных, бліскучых, рашаючых ідэалаў, жаданьняў, мэтаў. Які дзіўны пераплёт жыцьцёвых зьяў! і што за размах у іх разьвіцьці!
Узважыўшы гэта, поэта спыняецца на думцы напісаць умоўна біографічную поэму, i тэмаю для яе бярэ вясковую карчму. Яму
…чамусьці успомнілась сёньньня |
Ня выпадковым, хоць і дзіўным, зьяўляецца тое, што поэта адпраўным момантам для свае новае поэмы бярэ вясковую старую карчму. З ёю, з гэтаю карчмою, у М. Чарота зьвязана вельмі многа імкненьняў, жаданьняў, намераў.
Карчма, уцягнуўшы яго змалку, дзякуючы бацькавай слабасьці да яе, паміма адмоўнай службы, саслужанай песьняру, мела шмат і дадатных момантаў, зрабіўшых уплыў на яго псыхіку. Наведваючы яе, поэта шчыльна яднаўся з сялянскімі гушчамі, вывучаў іх настроі, недахопы, імкненьні. У карчме Шлёмы пясьняр упяршыню знаёміўся з новым для яго жыцьцём прадстаўніка яўрэйскага насельніцтва на Беларусі, і, нарэшце, дзякуючы карчме, яму трапілася перажыць першае, у даных умовах вельмі каразьлівае, захапленьне каханьнем да карчмарскае дачкі чорнавокае Рахілі, з-за якое
У карчме — піў атруту я чаркай, |
Агульны зьмест карчомнага жыцьця дарэволюцыйнае вёскі, бязумоўна, меў у сабе многа пікантнага і разам шмат сумных асаблівасьцяй. Там быў амаль не адзіны прыстанак заморанага працаю на пана селяніна. У карчме абгаварваліся здарэньні бягучага жыцьця, пытаньні грамадзкіх попытаў. За чаркаю гарэлкі, сьмялеючы, селянін разьвязваў язык і адводзіў душу ў вострых лаянках на сваё існаваньне. Пракідкі карчмар умеў рознымі спосабамі яшчэ болей узбагаціць зьмест гутарак — ён быў граматны і любіў апавядаць вычытаныя з газэт навіны.
Такім чынам, перад поэтаю паўставаў новы сьвет, які цікавіў і вабіў да сябе. Але зразумела, што асноўным момантам у наведваньні карчмы і ў зьмесьце гэтага наведваньня было каханьне поэтаю дачкі карчмара. Поэту сустрэлася яна на жыцьцёвай дарозе, каб усхваляваць яго палкую душу і ўзбагаціць маладое пачуцьцё. Абставіны падобнага каханьня паміж беларускай і яўрэйскай моладзьдзю ў дарэволюцыйныя часы справоджваліся непераможнымі перашкодамі з боку амярцьвелых законаў яўрэйскае і праваслаўнае рэлігій. Асабліва варожа ўганялі гэта яўрэйскія рэлігійныя законы.
Дзякуючы гэткім цяжкасьцям каханьне заўсёды набывала вялікую вострасьць і пікантнасьць, канчаючыся звычайна трагедыяй. Сварылася маці і на Рахіль, кажучы:
На каханьне, Рахіль, будзь ашчоднай. |
Але гэта нічому не памагала. Рахіль не астывала ў любасьцях да сялянскага хлопца, плачучы і адракаючыся бацькавай веры. Будучага поэту гэта моцна хвалявала, усё-ж каханьне вылілася ў адзін эпізод пясьнярскага роману…
І гэты эпізод быў асабліва яскравым і палкім, пакінуўшы па сабе месца ў нутры поэты.
Уласна кажучы, увесь зьмест карчомных абставін, цесна зьвязаных з жыцьцём М. Чарота, разгорнуты ім фонам для больш рэльефнага акрэсьліваньня соцыяльных зьявішч у іх паступовым разьвіцьці. Скрозь ружовасьць любоўных настрояў поэта выразна заўважыў цёмныя бакі існуючага ў той час ладу.
Цяжка мне… і Шлёме нялёгка, |
Аб гэтым лёсе, апроч іншых адносін з карчмаром, пясьняр меў блізкія, шчырыя гутаркі. Яны
…часта гаманілі да ночы… |
Але, заціснуты бядотаю, Шлёма шукаў забвеньня ў талмудзе, які раіў яму карыцца лёсу і марыць аб Палясьціне. Праз гэта не знаходзіў выйсьця сваім думкам і юнак-поэта. Яго настрой зводзіўся к таму, што ў яго:
Шрам — заставаўся на сэрцы, |
У адказ на гэта мораль Шлёмы даўбіла сваё:
— У цябе калі кіне хто камень — |
І поэту здавалася, што „гора, нядолю можна ў карчме пахаваць“. Гэты настрой, захапіўшы ў свае абдымы маладога песьняра, тым з большым эфэктам уступіў месца надышоўшым здарэньням, якія хлынулі на вёску з чуткамі пра вайну.
Вёска ўжо хвалявалася, вышла з каляіны цягучае будзёншчыны і нават
Пра цара хтось размову заводзіць — |
Далей поэта ў сваёй поэме на фоне рэволюцыйных падзей і пасьлярэволюцыйнага мірнага будаўніцтва прапускае перад намі гісторыю існаваньня карчмы і лёсу яе гаспадара.
Пачынаецца з часу рэволюцыі. Нашароханы рэволюцыйным уздымам, карчмар-Шлёма хутка ўспрымае прынесенае ім новае жыцьцё. Гэта адбываецца час расстаньня поэты з сваёю вёскаю і з карчмою.
Зварот на радзіму пасьля прызыву становіць яго перад фактам закончанага процэсу ўспрыняцьця ёю (радзімай) новага жыцьця. Вялікасьць гэтага ўсхвалявала перароджанага нутром юнака, ужо барацьбіта і песьняра, і выклікала ў ім бадзёрыя словы вітаньня вольнаму жыцьцю.
На сцэне — Шлёма-карчмар у новых умовах; ён кідае свой ранейшы занятак і жыве на хутары. Ён і „чуць ня хоча аб карчме“. Замест талмуду чытае брошуры — „Як пасеяць пшаніцу, ячмень“. Закінуў ён і Палясьціну і паліць сьвечкі на шабас. На старым месцы, дзе ўсё-ж тырчаць рэшткі карчмы, вее сьвежым маладым подыхам, залатога ўраджаю, што мужыцкімі знойдзен плячмі“.
Гэткім чынам, у „Карчме“ М. Чарота мы бачым яскравы вобраз нашае краіны Беларусі. Яна песьняром прапушчана перад намі ў разрэзе вялікіх гістарычных падзей. Малюнак вобразу, як ня трэба лепш, увабраны прыгожасьцю муль. Насычанасьць зьместу дае тая асаблівасьць яго, якая дадатна падае на ўвод аўтарам у пераплёт соцыяльных пытаньняў і нацыянальных момантаў.
У гэтай адлегласьці беларускае жыцьцё мала чэплена беларускімі пісьменьнікамі. Тут ізноў М. Чарота трэба аднесьці да пачынальнікаў. І цікава, што, ня гледзячы на гэта, ён здолеў цалкам справіцца з тэмаю. „Карчма“, як і іншыя яго творы, вышла суцэльным маляўнічым вобразам. Вельмі трапна зрабіў пясьняр таксама і з тым, што ўвёў у поэму біографічныя рысы. Яны выпучылі нам асобу поэты ў процэсе яго псыхолёгічнага аформленьня… Да-рэчы, умовы, у якіх адбывалася гэта аформленьне, не наводзяць нас на добрыя разважаньні. Прыходзіцца няласкавым словам зьвяртацца да тых абставін, якія акалялі жыцьцё маладога М. Чарота. Але ў тых ці іншых варыяцыях роўна адмоўныя абставіны справоджвалі разьвіцьцё ўсёй дарэволюцыйнай сялянскай моладзі. Рэдкія адзінкі выдаваліся з агульнае гушчы яе, трапляючы на больш роўную дарогу. Аколеньне М. Чарота, нагляданае па „Карчме“, няцікавае. Трэба радавацца, што яно не засмактала ў сваю бросьню будучага поэту, здолеўшага так горача і моцна праклясьці паганае мінулае і гэтак палка апець празрыстае наступнае.
Што датычыцца формальнага боку разглядана й поэмы, то яна, як і іншыя, беззаганна. Болей таго, верш „Карчмы“, паважны, эпічны, вельмі пасуе да апавядальнага тыпу твораў. Слоўнік сакавіты, багаты.
Але ў гэтым кірунку М. Чарот сям-там не саромеецца і перагнуць палку, ужываючы зрэдка мала ўдзячныя выразы, як „дрызну“, „раздавім“ (пляшку), „моўчкі памацае“ і інш. Падобныя эпітэты ды плюс занадта згушчаная фарба п‘янага няўтрыманьня, мэрам-бы знарочыста выпукленага аўтарам, дазваляюць думаць аб лёгкім перайманьні на гэты раз некаторых рысаў ва ўлюбёных ім расійскіх поэтаў (прыватна С. Есенін). Поэма шмат болей выграла-б з боку настраёвасьці, каб аўтар турбаваўся ў асобных мясцох аздобіць яе крыху сьвятлейшымі фарбамі. Затое ў даным выглядзе ў ёй больш жыцьцёвай шчырасьці і непасрэднасьці. У гэтых адносінах „Карчма“ адрозьніваецца ад папярэдніх поэм, у якіх, асабліва ў „Чырвонакрылым вяшчуне“, пераважае настраёвасьць над пачуцьцём…
VIII
[правіць]VIII
У наступнай поэме „Беларусь лапцюжная“ поэта зноў вяртаецца да героічнага жанру ў сваёй творчасьці. Героічнасьць беларускае сапраўднасьці, якая к часу напісаньня песьняром шостае поэмы дала сябе адзнаць у выглядзе выпукленых посьпехаў на ніве савецкага будаўніцтва, ізноў займае поэту.
Балячкі часоў вайны пачалі загойвацца. Перш слабейшыя, а што далей — то мацнейшыя, яскравейшыя эфэкты нараджэньня вольнага жыцьця адчынілі сабою новыя кругавіды. Гісторыя цьвёрдымі фактамі апраўдвала Кастрычнік, адбіваючы яго жыцьцёвасьць на хуткім разьвіцьці прамысловага, сельска-гаспадарчага і культурнага будаўніцтва. Яшчэ помпезьней квяціўся Кастрычнікавы пераварот на фоне вырашэньня нацыянальна-дзяржаўнага пытаньня. Ba ўмовах Беларусі гэта набывала асаблівага значэньня, надаючы ўсяму тэмпу аформленьня новага жыцьця надзвычайную ўрачыстасьць. На вачох, ачула і выразна бурліў процэс падніманьня з нябыцьця да дзяржаўнае ўлады вякамі забітага і прыгнечанага народу. Нараджалася сваяасаблівая, цалкам прасочаная потам і працаю дасканала працоўная культура. Яе рэволюцыйны поступ рашуча крышыў на сваёй дарозе адвечныя гвалтоўныя перашкоды, рэшткі якіх у іншых выглядах прыкарэлі і да пасьлякастрычнікавых часоў. Цьвёрдымі крокамі выходзілі з шэрых хат, з сялянскіх гушчаў кадры палкіх патрыотаў соцыялістычнае дзяржавы. Усё паўней рабіліся скарбніцы сьвежых здабыткаў матэрыяльнае і духовае культуры. Доўгі зацяжны сум і маркота, зьвіўшыя моцныя гнёзды пад заімшэлымі саламянымі стрэхамі брудных вёсак, гінулі ў праменьнях бліскучае радасьці вызваленьня.
Перачуўшы гэта, наш поэта з натхненьнем, з гордасьцю, з гонарам пераможцы-ваякі абвясьціў:
Гэй, лапцюжнікі, слухай |
Горад і вёска, вёска і горад у іх жыцьцёвым пераплёце — вось канва поэмы М. Чарота „Беларусь лапцюжная“.
Да рэволюцыі гэта найважнейшае пытаньне ў беларускіх умовах вырашалася з-пад сякеры і пугі. Бедная беларуская вёска, як рэзэрвуар дарэмнае прыгоннае працы для падначаленага рускаму чыноўніку, польскаму пану і яўрэйскаму купцу гораду. З другога боку — расійская офіцыяльная культура і польская панская культура — у горадзе, а ў вёсцы — хамская мова для пакорлівай, гасьціннай гутаркі. Ад Слуцка ці Барысава (спраўнік) праз Менск (губарнатар), Вільню (генэрал-губэрнатар) — у Пецярбург, да Зімніх палацаў — вось як працягалася стужка дзяржаўнага рэгуляваньня… Кастрычнік разбурыў дашчэнту і раскідаў па кавалачку гэтыя драбіны самадзяржаўна-панскага прыгону. Вёска ў цесным яднаньні з горадам рукамі рабочых і бяднейшых сялян заклікана жыцьцём да паяднанай зьлітнай працы для будаўніцтва соцыялізму.
Прыгожасьць гэтае злукі — гэткімі мулямі адбівае ў сваёй поэме М. Чарот:
Горад дымны і вёску ў шэрані |
Мы ўжо сустракаліся адзін раз з падобнымі малюнкамі ў песьняра, калі казалі аб яго лірычных вершах. У поэме „Беларусь лапцюжная“ яны двойчы перад намі. Поэта ня можа іх абмінуць ці чапіць мімаходам. „Шлюб вёскі з горадам“ нагэтулькі вялікае, нагэтулькі грандыёзнае пытаньне, што вырашэньне яго хавае ў сабе не адзін і ня два захопных моманты для поэты. Тым болей вынаходзіць героічнае пекнаты ў разьвязаньні падобных пытаньняў той поэта, які адначасна зьяўляецца і непасрэдным будаўніком жыцьця. М. Чарот належыць да апошніх.
Яму, як гэткаму, відней ад другіх перадстае ўся вялікасьць і неахопная значнасьць для будучага соцыялістычнага жыцьця пасьпяховага вырашэньня гэтага пытаньня. Вось загэтым поэта і знаходзіць у сабе столькі натхненьня і пачуцьця, фарбаў і дынамікі, мастацка апяваючы проблему гораду і вёскі.
І чую песьню зноў заводу. |
Па багацьцю радасных настрояў, па размаху бадзёрых напеваў, па рэволюцыйнай насычанасьці „Беларусь лапцюжная“ вельмі блізка падыходзіць да „Босыя на вогнішчы“. У „Беларусі лапцюжнай“ М. Чарот ізноў падняўся на ўзровень выдатнейшых трубадураў нашай гістарычнай сучаснасьці. Гэта поэма зьяўляецца гімнам соцыялістычнай творчасьці і пэрлам у беларускай пасьлякастрычнікавай літаратуры.
Характарнай асабістасьцю стае ўжыты песьняром у поэме параўнальны мэтод напісаньня. Дзякуючы гэтаму мэтоду, праз усю поэму праходзіць свайго роду калываньне ў настроях, адбываецца частае перамежаваньне між уздымамі пачуцьця. Кожны з трынаццаці падзелаў поэмы складае як-бы асобны малюнак, вырваны з будаўнічага процэсу і адбіты ў сваяасаблівай адлегласьці.
Калі ў падзеле другім пясьняр затрымлівае вас на апавітай журбою вёсцы, якое „сыны ў далёкай краіне“, то ў трэцім падзеле ён разганяе гэту журбу апяваньнем пераможнага змаганьня, у якім:
Загуло… Вагнястальлю заляскала… |
Ды ня толькі ў падзелах поэмы, а і ва многіх чатырохвершшах пясьняр падносіць вам вострыя контрасты паміж мінулым і бягучым.
Мо‘ затым і цярпеў я сьцюжы, |
Ад гэтых контрастаў поэта пераходзіць да нявыжытых супярэчнасьцяй, якія атрымліваліся між горадам і вёскаю ў процэсе разгарненьня НЭП‘у. Апошні нават крыху крануў пясьнярскіх настрояў.
Пясьняр пабайваецца, каб горад у процэсе свайго шумлівага жыцьця не адсунуў на задні плян пытаньні вёскі.
Гэй-жа, гэй… Зашумі, сасоньнік, |
Жывучы ў горадзе, адчуваеш шыбкі тэмп адноўленага жыцьця. Тут нясьціхана круціцца кіраўнічая машына, тут насьпяваюць і вырашаюцца рознастайныя пытаньні — політычныя, культурныя, гаспадарчыя. Горад заўважна пасуваецца наперад згодна закону экономічнага разьвіцьця.
Затым кідаецца ў вочы яго гегемонія над вёскаю. У горадзе
Вуліцы, завулкі, |
Жахі вясковай мінуўшчыны да таго сьвежыя, да таго ўразьлівыя, што поэта ня хоча ні на хвілю аб іх забываць. Вёска, згодна яго думак, павінна ня выходзіць з фокусу напружанае да яе ўвагі з боку гораду. Вёска мусіць не адставаць у сваім разьвіцьці ад апошняга. Праўда, каб было што-кольвечы ня так, — М. Чарот і не намякае. Ён досыць загартаваны рэволюцыянэр, каб дапускаў да сябе недавер‘е. І ў тых радкох, якія, мэрам бы, наводзяць на гэта, — усяго пясьнярская знарочыстасьць, якую дыхтуе яму шчырая дбайнасьць аб вёсцы…
М. Чарот няўхільна на працягу ўсёй сваёй творчасьці мае ўстаноўку на сялянскую беднату, на вясковую басоту. У ёй ён бачыць значную, часам пераважную, рухавую сілу рэволюцыі. Гэта характэрная асабістасьць поэты надана яму станам беларускае экономікі, які надае важнейшую ролю ў рэволюцыйным руху беларускаму сялянскаму пролетару. Але яна перакорыць сутнасьці экономічнага разьвіцьця. Згодна апошняй, асноўную сілу, якая вядзе чалавецтва да соцыялізму, бязумоўна, складаюць сабою гарадзкія фабрычныя пролетары-рабочыя. Праўда, у беларускай рэволюцыйнай сапраўднасьці вёска адыграла агромністую ролю. На ёй таксама ляжыць багата заданьняў і ў справе соцыялістычнага будаўніцтва. Усё-ж актыўнейшым рухавіком у апошнім — гарадзкі пролетары…
Не наперакор, зразумела, і не ў адлічча ад гарадзкога пролетарыяту М. Чарот у сваёй поэме „Беларусь лапцюжная“ ізноў падкрэсьлівае сваё сялянскае пахаджэньне.
Лапцюжнай вёскі сын і, вось, не уцяку я, — |
І далей:
Ты, Беларусь, нізіны пройдзеш, кручы |
М. Чарот сьвядома не аддзяляе сябе ад вёскі. Мы яго стрэлі прадстаўніком яе ў першыя часы яго поэтыцкай творчасьці, мы і праз дзесяць гадоў бачым яго ў тым-жа абліччы. Гэта простасьць (прямота) М. Чарота пуката падкрэсьлівае суцэльнасьць і ідэёва-клясавую існасьць яго індывідуальнасьці. На формаваньне яго соцыялістычных поглядаў, на развой яго рэволюцыйнага пачуцьця цалкам уплыла бядняцкая вясковая „басанож“. Яе і ўзьвёў поэта на п‘едэстал магутнай рухавой сілы ў здарэньнях апошняга дзесяцігодзьдзя.
У адлічча ад плакальнікаў па кулацкім дабрабыце, якое чуецца з нізін „Узвышша“, М. Чарот даў нам героічныя эпопеі рэволюцыйнае, перадавое, бядняцкае вёскі. На долю гэтае апошняе выпала шчасьце памагаць рабочаму стану будаваць новае, соцыялістычнае жыцьцё. Увесь багацейшы зьмест памянёнай місіі, ускладзенай на вясковую беднату, — і дае натхненьне нашаму песьняру для яго сапраўды бурапеннае творчасьці. Тыя ж самыя мотывы яшчэ служаць і падставаю дзеля шчырага прызнаньня поэтаю свае належнасьці да сыноў „лапцюжнае вёскі“. За гэтую вёску ён гатоў памерці, абы „ўваскросла Беларусь“. Беларуская вёска — у новым, адроджаным жыцьці, у нясупыннай дынаміцы руху наперад — радасьць поэтавага існаваньня. Ён жыве, цешыцца пяе, калі чуе і бачыць перад сабою як
З балота, |
IX
[правіць]IX
У поэму „Беларусь лапцюжная“ М. Чарот уклаў многа поэтычнага пачуцьця і натхненьня. Яго творчы дар бліснуў у ёй прыгожаю, шматкаляроваю вясёлкаю. Яскравыя, празрыстыя фарбы твору, яго дынамічны, трапяткі настрой, сакавіты, хвалюючы зьмест — пакідаюць моцнае і багатае ўражаньне. Паасобныя мясьціны ў поэме асабліва бліскучы і яскравы.
Уцалку гэты твор значна выгадвае перад іншымі поэмамі М. Чарота, як: „Чырвонакрылы вяшчун“, „Марына“ і „Карчма“, і шчыльна падбліжаецца да „Босыя на вогнішчы“.
З апошняю поэмаю — „Беларусь лапцюжная“ — лучыцца яшчэ і непасрэднай блізкасьцю зьместу. „Босыя на вогнішчы“ — гэта пролёг да таго музычнага твору жыцьця, якім стае соцыялістычнае будаўніцтва. „Беларусь лапцюжная“ — першы абраз гэтага будаўніцтва.
Абедзьве поэмы зьмяшчаюць у сабе паўнату героічнага моманту ў жыцьці беларускага працоўнага народу… і з гэтага боку М. Чарот цесна зьвязвае сваёю творчасьцю пэрыод пасьлякастрычнікавы з пэрыодам нашаніўскім у беларускай літаратуры. Ён, гэткім чынам, зьяўляецца і адным з рэльефнейшых поэтаў кастрычнікавага пэрыоду з боку нацыянальнага аформленьня літаратурнае творчасьці. Апошняе ў вялікай меры ўласьціва нашаму песьняру, надаючы яго творам жыцьцёвасьць, багацьце эмоцый і прыгожасьць пачуцьцёвых уздымаў…
На поэме „Беларусь лапцюжная“ на нейкі час як-бы перапыняецца творчасьць М. Чарота. Пасьля яе пакуль ня вышла ніводнага больш-менш закончанага вершаванага твору поэты. Зрэдку то сям, то там друкаваліся паасобныя яго лірычныя вершы, але ў іх нельга знайсьці нічога гэткага, што-б іх высунула з шэрагу перагледжаных намі вершаў у зборніку „Выбраныя вершы“ (выданьне „Маладняк“). Нельга нічога пэўнага сказаць і аб адрыўку яшчэ аднэй поэмы М. Чарота „Атаман“, зьмешчаным у № 1 за 1925 год „Полымя“. Тэма для „Атамана“ ўзята аўтарам ізноў-жа з галіны паўстаньня беларускага працоўнага народу. Магчыма загэтым, што трэцяя поэма на адну і тую, хоць і багатую, тэму не магла з погляду поэты ўнесьці новых мотываў і новага пачуцьця, пакінута няскончанай.
Гэткім чынам, поэма „Беларусь лапцюжная“, як-бы завяршае сабою акрэсьлены пэрыод творчасьці Чарота. Гэты пэрыод убірае ў сябе з вершаваных твораў шэсьць пералічаных поэм[39], два зборнікі вершаў[40], адрывак з сёмае поэмы „Атаман“ і рэдкія вершы, якія ня трапілі ў зборнікі.
Але, на працягу гэтага пэрыоду, творчасьць М. Чарота не абмежавалася пералічаным. Апроч вершаў і поэм, ім за час з 1917 па 1927 год напісана яшчэ шмат твораў бэлетрыстычных, новэль і апавяданьняў. Апошнія сабраны ім і выданы асобным зборнікам „Веснаход“.
X
[правіць]X
Бэлетрыстычныя творы М. Чарота, як і яго вершаваныя творы, маюць вялікую популярнасьць і карыстаюцца значным посьпехам. Гэта сьведчыцца хуткім разыходжаньнем зборніка „Веснаход“, які за тры гады распаўсюдзіўся ў ліку пяці тысяч экзэмпляраў. Ды гэта ня дзіва. М. Чарот канвою для сваіх апавяданьняў, новэль і аповесьцяй таксама бярэ тэмы з часоў рэволюцыйных падзей на Беларусі. Першая новэля ў зборніку „Пасьля буры“ прысьвечана прыходу бальшавікоў на Беларусь. Вуснамі старога дзядулі пісьменьнік перадае тую радасьць, з якою вёска спаткала сваіх вызваліцеляў.
„Баба, а, баба! — загукаў я на жонку: — пячы бліны… госьці ідуць“, апавядае стары дзядуля, укладваючы ў гэтыя словы вялікае замілаваньне да чырвонаармейцаў. Дзядуля разумее ўсё значэньне рэволюцыі, адчувае вынікі яе прыходу і рашуча адмяжоўваецца ад праклятае мінуўшчыны. Дзядулю таксама непакоіць, што „нешта хмурна заўсёды ў тым баку, куды кожны дзень сонца заплывае“… Тут гутарка аб Заходняй Беларусі.
Новэлі „Самалёт“ і „Кірмаш“ малююць сабою абразкі з сялянскага жыцьця, абноўленага рэволюцыяй. Першая паказвае нам настрой сялян вёскі „Веньцяры“ ў момант, калі да іх заляцеў самалёт. Закінутае ў глухі куток насельніцтва Веньцяроў было адрэзана ад усяго сьвету, жыло сваяасаблівым жыцьцём, мірным і спакойным. Самалёт зьявіўся нечаканым госьцем, перапалохаўшы веньцяроўцаў і выклікаўды ў іх вялікае зьдзіўленьне. Яны пачалі разглядаць самалёт і лётнікаў. Апошнія пачалі даваць парады веньцяроўцам, як выйсьці на дарогу новага жыцьця… Парада лётнікаў мела вялікі посьпех, і веньцяроўцы з крыкамі віталі лётнікаў на прашчаньне і беглі ў бок за самалётам.
Як бачым, „Самалёт“ падносіць нам тую-ж думку М. Чарота, якую ён праводзіць у поэме „Чырвонакрылы вяшчун“. Але там яна прыкладаецца да ўсёй зямной кулі, а ў новэлі „Самалёт“ — да адной Беларусі.
Сымболь лётніка, увасабляючага сабою рэволюцыю, ёсьць улюбёны сымболь у творчасьці поэты. Нельга адказаць яго трапнасьці і прыгожасьці…
У новэлі „Кірмаш“ пясьняр падае характарыстыку вясковага жыцьця з боку рэлігійнага. Кастрычнік унёс глыбокую расколіну ў векавы ўплыў папоўства на цёмных сялян. Сяляне, разам з політычным вызваленьнем, рашуча пачалі вызваляцца і духова. Рэлігійны дурман быў самым пэўным сродкам для падтрыманьня няволі соцыяльнай і нацыянальнай. Далоў-жа яе разам з папамі — чмутнікамі працоўнага сялянства! У фэставы дзень „сьвятога Макавея“, наперакор ранейшым гадом, сяляне ня толькі ня моляцца ды не нясуць папу ахвяр, а ў большасьці ідуць на працу. Прыклад дае моладзь, якая рашуча дэмонструе супроць рэлігійных забабонаў…
Адно з апавяданьняў у зборніку датыркае балючага пытаньня самагонакурэньня ў вёсцы („Споведзь самагоншчыка“), некалькі іншых — пытаньняў сялянскага жыцьця.
Большая частка новэль і апавяданьняў, зьмешчаных у „Веснаходзе“, напісаны проста, у рэалістычным кірунку. Сюжэтнасьць іх слабаватая, інтрыгі бракуе. Але яны бяруць лёгкасьцю мовы і здаровым гумарам, якімі М. Чарот перасыпае кожнае з іх. Праўда, адсутнічае ў іх і псыхолёгічны момант ды соцыяльны аналіз вакольных умоў, у якіх адбываецца чыннасьць. М. Чарот ня мае ў намеры ацяжваць бліскучасьць фарбаў згусткамі цёмных рыс. Ён бярэ жыцьцё і яго зьявы ў дынамічным калыханьні. Ня гледзячы на гэта, чытач поўнасьцю ўяўляе сабе абставіны, зьмест і мэты, з якіх складаецца апавяданьне.
Паступова як форма, гэтак тэма і складанасьць конструкцыі ў Чаротавых апавяданьнях заўважна багацеюць. Здольнасьць яго, як бэлетрыстага, вочавідкі расьце. Гэта вельмі ясна паказана разьмяшчэньнем твораў у зборніку „Веснаход“.
Калі новэлі „Пасьля буры“, „Самалёт“, „Кірмаш", „Споведзь самагоншчыка“ аддаюць прастатою формы і пабудовы, то „Талачка-шкрабалачка“, „Саматканая сьвітка“ і „Галя“ прадстаўляюць ужо сабою цэльныя, сакавітыя і цікавыя гісторыі жыцьця. Пры гэтым характарна, што М. Чарот у іх зьяўляецца сталым майстрам пабудовы сюжэту і распрацоўкі інтрыгі. Гэтыя яго апавяданьні, што называецца, захопліваючы і цікавы…
Разгледзім з большага кожнае з памянёных трох апавяданьняў. У „Талачка-шкрабалачка“ выводзіцца эпархіялка Талачка Сьвяньціцкая, лепшая ў школе вучальніца. Яе любяць настаўнікі і настаўніцы, ставячы яе ўсім вучальніцам у прыклад.
Талачка — прыгожая дзяўчына. Яе бацька — вясковы поп Еўдакім, які „за богу угодныя малітвы“ атрымаў чын папа. Загэтым ён сваю дачку выхаваў у „суровых канонах“. Зразумела, жыцьцё дзяўчыны ішло марудна і аднатонна. Гэта прымушала Талачку многа думаць. Між іншым, яна марыла і аб тым, каб выйсьці замуж за „гарадзкога чалавека“. Падобныя думкі выклікалі ў яе нутры перакору, як грэшныя, і яна іх праганяла „сьвятымі“ кніжкамі… Адзін раз увесну Талачка, рыхтуючыся да экзамену, аддалася „грэшным“ думкам і апынулася з імі каля вакна, каб палюбавацца хараством надворку. Яе заўважыў афіцэр, чамусьці назваўшы яе цялушачкай. Дзяўчыне было досыць угледзець афіцэра, каб ім захапіцца.
Восеньню Талачка скончыла школу і стала настаўніцаю ў глухім кутку Беларусі. „Пашлі лекцыі“… Школьны вартаўнік Рыгор ня раз дапамінаў настаўніцы аб хлопцу. „Хлапца, хлапца трэба дзяўчыне, а то загіне ў гэтай глушы“, пераказваў ён…
Адзін раз гэты самы Рыгор паведаміў Талачку аб прыехаўшым чыноўніку, які быў інспэктарам Аляксеем Аляксеевічам Турчанінавым. Інспэктар пераначаваў у Талачкі і гэтым унёс новы струмень у яе жыцьцё. Пасьля пачаўся роман праз лісты…
Лютаўская рэволюцыя яго перапыніла. На Талачку рэволюцыя зрабіла вялікае ўражаньне, калі ў яе клясе дзеці парвалі портрэт цара і папячыцеля віленскай акругі. Нейкі час яна праседзела дома, у баку ад здарэньняў рэволюцыйнага характару. А калі ўвосень вярнулася ізноў на працу ў школе, то ўжо стрэлася з інструктарам, які назваў яе „таварыш Сьвяньціцкая“. Гэта ўжо было пры савецкай уладзе, якую, чамусьці, школьны вартаўнік абгаварваў, як нясталую. Цэлы год Талачка пражыла ў нудзе, а на другі год той-жа інструктар з іншымі ведамственнымі лістамі, прыслаў ёй цыдульку, у якой назваў Талачку — шкрабалачкай. Гэта абразіла ў ёй папоўскую дачку і заставіла прасіць, каб ад яе забралі школу. Але ёй растлумачылі, што слова шкрабалачка не абразьлівае і ўгаварылі не здаваць школы. Аднак трэба было прайсьці цэлым тром гадом бурлівага часу, каб у Талачкі зрабіўся пералом…
Зусім выпадкова, якраз каля будынку эпархіяльнага вучылішча яна стрэла таго афіцэра, які калісьці абазваў яе цялушачкай. Афіцэр меў бедны выгляд. Гэта зрабіла на яе дрэннае ўражаньне… Афіцэр быў для яе ня толькі чужым, а і гідлівым, як прадстаўнік старога часу. Зусім інакш павеяла на яе ад камандзіра роты чырвонаармейцаў, якога яна ўгледзела з вакон хаты. Талачка аб ім стала марыць. Нарэшце, праходзячы каля аднаго рэсторану, у грамадцы вайсковых пазнала яго. Талачка сьмела ўвайшла ў рэсторан і падышла да кампаніі вайсковых, дзе пазнаёмілася з жаданым чалавекам. Аказалася, што ён ёсьць ні хто інакшы, як той самы стары афіцэр, які называў яе „цялушачкай“…
Але Талачка абманулася: у нутры камандзіра заставалася пачуцьцё бессаромнага гвалтаўніка, які абмануў яе. На другі раз з тымі-ж думкамі ізноў ён наведаў Талачку, але Талачка яго выгнала, не падаўшыся яго ўгаворам.
Гэты выпадак ізноў вярнуў яе ў вёску, дзе праз нейкі час, нечакана для Талачкі, давялося ізноў стрэцца з ракавым для яе камандзірам…
Вось зьмест усяго апавяданьня. Яго ідэя — паказаць тып настаўніцы ў разрэзе рэволюцыйных падзей. М. Чарот знарок узяў асобу, якая выхавалася ва ўмовах рашучай адмоўнасьці да перадавых ідэй — дачку папа, які малітвамі набыў сабе гэту годнасьць. Аднак рэволюцыя, хоць і на працягу доўгага часу, усё-ж зьнішчыла закаранелыя погляды Талачкі і зрабіла з яе старанную самаахвярную савецкую настаўніцу. І вось яна па свайму нутраному складу стаіць на многа вышэй ад чалавека, якому выпадкова дастаўся ўбёр камандзіра Чырвонае арміі…
Апавяданьне аб Талачцы-шкрабалачцы нескладанае, усё-ж мае цікаваю пабудову і паказвае на здольнасьць у яго аўтара да сюжэтных малюнкаў. Адна загана, што М. Чарот ня зусім старанна распрацаваў яго. Застаецца ўражаньне, што Талачка-шкрабалачка пісана ім насьпех, без належнае ўвагі, загэтым відаць частыя і крутыя перапынкі разьвіцьця падзей у апавяданьні. У многіх мясцох наглядаюцца зацяжкі ў іх разьвіцьці, у той час як побач аддае дынамічнасьцю ў іх разьбегу. Апавяданьне трапна надарае чытача неспадзеўкамі. Таксама адметна сваяасаблівасьць М. Чарота, як бэлетрыстага, у яго незацікаўленасьці ў абмалёўках абразкоў прыроды. Апавяданьне складаецца з дыалёгаў і апісальных момантаў, часта нават заўважна сухаватых.
За тое адсутнічае ў М. Чарота ўхіл да сантымэнтальных пачуцьцяў, уласьцівых некаторым з беларускіх пісьменьнікаў. Ізноў-жа рэволюцыйная шліфоўка поэты адыграла тут сваю ролю. У дадатак, М. Чарот, як-бы назнарок, сьвядома, сваю бэлетрыстычную творчасьць становіць на другое, другараднае месца ў параўнаньні з вершаванай.
Асноўнае патрабаваньне ў М. Чарота да сваіх бэлетрыстычных твораў — гэта, каб самы зьмест апавяданьняў меў неабходныя яму адпаведнасьць рэальнаму і ідыёвае абгрунтаваньне…
Паводле гэтых меркаваньняў, пабудован М. Чаротам і другі з узятых намі трох значнейшых яго твораў са зборніка „Веснаход“.
Назва яго — „Саматканая сьвітка“. Схэма апавяданьня наступная.
Па шляху з Менску да Слуцку ехала фурманка. Стары селянін Антось вёз дадому студэнта — Сьцяпана. Апошні быў у саматканай сьвітцы. Антось скардзіўся Сьцяпану на калатніну, якую прынесла вайна. А Сьцяпан хваліўся аб службе ў Маскве і аб магчымасьці з навукі мець белы хлеб. Вечарам апынуліся дома. Да Сьцяпана ў хату назьбіралася шмат людзей. Ізноў сяляне скардзіліся, а Сьцяпан хваліўся. Далей Сьцяпан аддаўся асабоваму жыцьцю — сустрэўся з Марысяю, якую кахаў. Гэта было на ад‘езьдзе ў Менск.
У Менску Сьцяпану далі назначэньне на службу ў Маскву і надзялілі мандатамі. Па дарозе ў Маскву, куды ён хутка паехаў, Сьцяпан пазнаўся з адным пасажырам у дарагім паліце. Гэта яго засмуціла, бо ў самога была саматканая сьвітка. Адзнаньне гэтага не пакідала Сьцяпана. Яму здавалася, што і калёсы цягніка адбіваюць: „Сьвітка! Сьвітка! Сьвітка!“
Далей — Сьцяпан у Маскве. Ён ужо ў ангельскім паліце, з портфэлем; швайцар яму адчыняе дзьверы. Да яго цяжка дайсьці. Калі таварыш намякае на перамену ў ім, Сьцяпан ня хоча і слухаць, ускладаючы віну на занятасьць вялікаю адказнаю працаю. У гэты час на Случчыне, адкуль родам Сьцяпан, пашлі розныя гутаркі аб яго вялікім чыне. Марыся, якую ён забыў, суцяшае сябе тым, што нібы Сьцяпану няма часу пісаць ёй лісты, бо ён вучыцца і працуе.
Праз нейкі час Сьцяпан на аўтомобілі прыехаў дамоў у госьці. Ён зусім другі „нібы перарадзіўся“. Каля яго маці хадуном-ходзіць, корміць-поіць. Сяляне глядзяць на яго, як на пана. А калі зайшоў наведаць Сьцяпана дзядзька Антось, дык яго саматканая сьвітка стала адваротнай Сьцяпану. Пакінуў ён любіць і Марысю, не захацеўшы з ёю і гаварыць аб гэтым.
Яксьці, едучы на трамваі ў Маскве, Сьцяпан пачуў гутарку рабочых, у якой яны нядобра адзываліся пра тых, хто езьдзіць на аўтомобілі. Успомнілі пра сьвітку, кажучы, „адзець-бы такім сьвітку і паставіць каля качагаркі“. Гэта смуціла Сьцяпана. „І тут сьвітка? — падумаў ён: — няўжо сьвітка мяняе чалавека?“ Калі, вярнуўшыся дамоў, ён думаў аб гэтым выпадку, да яго прышла Аня, яго знаёмая-каханая. Пачаліся гутаркі пра жыцьцё. Аня выказала яму свае пажаданьні ў гэткіх словах:
„Я хачу, каб ты жыў поўным жыцьцём. Падумай толькі, як можна жыць на тваім месцы“. Сьцяпан уразумеў гэта і з свайго боку падзяліўся з Аняю думкамі, якія формуюцца ў наступным: „Я хачу разам з табою так жыць, каб усёй Маскве моташна стала“.
Калі назаўтра пасьля гэтага да Сьцяпана трапіў брат у саматканай сьвітцы, ён перш-наперш вялеў зьмяніць сьвітку.
Далей Сьцяпан да таго разбазыраў, што пачаў езьдзіць у рэстораны, гуляць з дзяўчатамі. Грамадзкую справу зусім занядбаў. Гэта кінулася ўсім у вочы, дайшло да начальства, і яго зьнялі з пасады. Сьцяпан ізноў вярнуўся да сьвіткі, з якою хацеў разьвітацца назаўсёды. Едучы з Масквы, калёсы грукацелі: „Сьвітка! Сьвітка!“ І ўжо ад гэтага Сьцяпану рабілася страшна.
Ізноў-жа, як бачым, просьценькі сюжэт, але цікавая ідэя. І, дзякуючы апошняму, апавяданьне зразумелае, чытабельнае і ўлюбёнае чытачом. Тып Сьцяпана, узяты М. Чаротам, вельмі яскравы на фоне ня так сучаснасьці, як мінуўшчыны; трапна выхаплены з жыцьця. Хто ня стыкаўся з падобнымі зьявішчамі і іх ня ведае? І таму, што ў „Саматканай сьвітцы“ ачулая, пукатая сапраўднасьць, {перанос-канец|п=апавя|к=даньне}} лёгка даецца чытачу і выклікае ў яго цікавасьць. Гэтаму яшчэ спрыяе плаўкасьць пісьма і выразнасьць думкі аўтара. Узмоцнены-ж тэмп разгарненьня падзей гаворыць яшчэ і за іншыя дадатнасьці апавяданьня. Праз гэта зусім не заўважваецца простасьць фабулы, якая, здаецца, неад'ёмна і няпрыменна для перадачы характарных драбніц нашага жыцьця…
Апошняе таксама бярэцца не без знарочыстасьці з боку М. Чарота. Паколькі жыцьцё складаецца з простых зьяў, пераходзячы ў складаныя ў процэсе пераплёту першых, — тады для іх дастаткова ў меншай меры думак і разваг, комбінацый і куншцюкоў. Затое бушуе шчырая сапраўднасьць.
Не адасабляецца ад першых двух апавяданьняў і трэцяе — „Галя“. І ў ім чуецца той самы падыход да бэлетрыстычнага твору, які абраў сабе М. Чарот. Лёгкі сказ, плаўкае цячэньне думкі, рэалістычнасьць падзей. Тыя-ж удалыя неспадзяванкі, якія час ад часу пераймаюць чытача; пераменны тэмп цякучасьці гісторыі, трапныя характарыстыкі паасобных герояў і неадменная вострасьць ды чоткасьць у дыялёгах. Адрыўнасьць і паўната сказаў.
Да прыкладу: „Я ня спаў“. „Коні за ёю прыехалі“. „Мы часта з ёю спатыкаліся“. „Я забываюся на ўсё. Бягу да яе“. Адсутнасьць калупаніны ў дробязях, як гэта наглядаецца, да прыкладу, у К. Чорнага. Нават часамі акрэсьленая схэматычнасьць, як: „Мне было толькі дзесяць гадоў. Сонца, нібы зачапіўшыся за гальлё хвойніку, не хацела заходзіць“. Тым ня меней аўтар прыцягае да сябе і прымушае з захапленьнем перачытваць сваю бэлетрыстычную рэч.
„Галя“ чытаецца яшчэ цікавей за папярэднія апавяданьні. Дый фабула яе цікавейшая. Яна вядзецца ад першае асобы і пабудавана наступна:
Галя — дачка пана. Андрэй, мужыцкі хлапец, спаткаў яе ў белай сукенцы, у чорных лякерках на дзядзінцы маёнтку, прышоўшы з бацькам прасіць у пана сенакосу. Галя падышла да Андрэя і назвала яго дзікім. Пазьней ён стрэў Галю ў лесе, будучы на начлезе. Галя яго пазнала і ткнула пальцам, сказаўшы: „А ты ўжо пасьмялеў“. Андрэю было тады ўсяго дзесяць гадоў ад нараджэньня. Чарговую стрэчу з Галяю Андрэй меў у вагоне, будучы вучнем у горадзе. Яны адно другога пазналі і загутарылі. Далей-болей, і Андрэй правёў Галю ў маёнтак.
У сэрца запала іскрачка надзеі. З гэтага часу паміж імі ўстанавілася знаёмства, спатканьні. Адзін раз, калі Андрэй скончыў сярэднюю школу, а Галя была гімназісткаю, яны спаткаліся на сенакосе і прызналіся адно другому ў каханьні. Мужыцкае пахаджэньне сароміла Андрэя, але пачуцьцё любасьці брала над сорамам верх.
Праз нейкі час Андрэй, прыехаўшы дамоў, не знайшоў панскага маёнтку — пан яго прадаў, а сам пераехаў жыць у другое месца. Андрэй вярнуўся ў горад. На адным вечары ў знаёмых ён пазнаўся з Зосяй Ганцкай, чорнарабочай, дачкою рабочага. У гутарцы з Андрэем, Зося прагаварылася аб Галі, якая была беспрацоўнаю і колегавала з Зосяю. Угаварыліся спаткацца на біржы, але Галя ня прышла. Тады Андрэй з Зосяю пашлі да Галі. Нечаканасьць стрэчы ў гэткіх умовах моцна кранула абодвух. Ізноў аднавіліся стрэчы, успаміны, гутаркі аб сэнсе жыцьця. Аднак у Андрэя пачуцьцё любасьці стала здаваць пачуцьцю спагады. Андрэй казаў сабе: „А дзе ёсьць шкадаваньне, там ня можа быць каханьня“. Назаўтра Галя прышла прасіць, каб яе Андрэй уладзіў на працу… Праз тыдзень Зося паведаміла яму, што Галя хворая. Разам з гэтым Андрэй праведаў, што Галю хочуць выдаць за аканома. Ад‘яжджаючы адзін раз дамоў, ён атрымаў ад Галі ліст, у якім яна пісала, каб Андрэй яе забыў.
Спусьціўшы некалькі часу, Андрэй ехаў з вёскі Беліцы. Фурман завёз яго на адзін хутар палуднаваць, расказаўшы, што на ім жыве панская дачка. Выявілася, што то была Галя, — Андрэй, угледзеўшы яе, пазнаў. Застаўся начаваць і праведаў, што Галя мужа ня любіць, бо, „кажуць, у горадзе кавалер застаўся“. На другі дзень Андрэй ізноў вярнуўся да хутару, дзе Галя тайком ад мужа „цела яму сваё прынесла“, а ён яе адпіхнуў ад сябе. Ніякая самаахвярнасьць з яе боку гэтаму не перашкаджала…
Праз нейкі час Андрэй спаткаўся з Зосяю Ганцкай у час мітынгу на заводзе. Зося казала прамову і гэтым захапіла Андрэя. У гутарцы яна яму паведаміла, што „Галю жыцьцё пакалечыла“ і што „яна кудысьці з гораду выехала“. Была зіма, калі Андрэй напаткаў Галю ў горадзе ў ролі „начнога матылька“. Галя пазнала яго, спыніла і запрасіла зайсьці да сябе. Андрэй зайшоў, загутарыў аб мінулым. Галя прызналася яму, што ёй не засталося нічога іншага рабіць, як рашыцца аддацца простытуцыі. Калі-ж Андрэй умольваў яе кінуць гэта, яна праз сьлёзы казала: „Сілы няма… сілы“.
Увесну Андрэй адным вечарам гуляў з Зосяю ў садзе. Зося расказала яму, што Галя выяжджае ў новы горад „з нейкім новым каханкам“. Пры гэтым Зося перадала Андрэю ліст ад Галі. У лісьце Галя пісала, што ўсё, што было паміж ёю і Андрэем — нельга назваць каханьнем, што яе „жыцьцё пакалечыла“. Андрэй са злосьцю адкінуў ад сябе ліст, а ў яго „галаве шэраю мышкаю прабегла думка, што ён ніколі не пакахае“.
Апавяданьне на гэтым абрываецца. Застаецца ўражаньне, мэрам-бы яно не дакончана. Прычынаю гэтага — тая-ж лёгкая нядбайнасьць М. Чарота да пільнейшае яго апрацоўкі. Але гэта нядбайнасьць уласьціва пісьменьніку ў пачатку яго зацікаўленасьці бэлетрыстычнымі творамі.
Спусьціўшы нейкі час, ён перадумоўвае свае адносіны да прозаічнай творчасьці і наважваецца надаваць ім большае глыбіні і размаху. Мы бачым гэта тады, калі М. Чарот піша сваю аповесьць „Грышка Сьвінапас“[41].
Гэты твор задуманы аўтарам у далёка шырэйшым маштабе за ўсе папярэднія яго бэлетрыстычныя творы. Падругое, фабулу для яго М. Чарот узяў з эпохі польскае окупацыі на Беларусі. Героі аповесьці — партызаны, у ліку якіх быў і сам пісьменьнік. Такім чынам, яму добра вядомы і абставіны, у якіх адбываліся дзеі, і зьмест гэтых дзеяў; гэтак званы духовы склад партызан, як больш ня трэба, быў знаны М. Чароту таксама. Яго ж здольнасьць да пабудовы сюжэту і да разьвіцьця інтрыгі пасобілі „Грышку Сьвінапасу“ набыць усе якасьці адмысловай, насычанай сюжэтнасьцю аповесьці. Дзякуючы апошняму, ды плюс багацьцю зьместу, яна паслужыла ўдзячным матэрыялам для першага беларускага фільму „Лясная быль“.
Няма патрэбы спыняцца на падрабязговым разглядзе „Грышкі Сьвінапаса“, паколькі гэты твор М. Чарота стаў блізка вядомы праз кіно шырокаму колу жыхарства не аднае БССР. Тая зацікаўленасьць, якую „Грышка Сьвінапас“ выклікаў з боку гледача — найлепшы сьведка і ацэншчык гэтага твору нашага поэты-пісьменьніка.
XI
[правіць]XI
Нам застаецца ўсяго дадаць, што і ў галіне бэлетрыстычнай творчасьці М. Чарот можа даць беларускай літаратуры і беларускаму чытачу многа багатых і цікавых падарункаў. Выходзячы з ацэнкі напісаных ім бэлетрыстычных твораў, — М. Чароту даводзіцца адвесьці зусім асобнае месца ў шэрагу беларускіх прозаікаў. Акрэсьленасьць гэтай асаблівасьці, галоўным чынам, заключаецца ў орыгінальнасьці манеры і формы яго пісьма. З гэтага боку М. Чарот блізка нагадвае нам з зарубежных пісьменьнікаў Іоганэса Р. Бэхера, Л. Сінклера і Джэка Лёндона. Бязумоўна ўсё-ж такі адно, што ў кірунку бэлетрыстычнай творчасьці яму прыдзецца шмат папрацаваць, адначасна і канчаткова вырашыўшы, якому жанру творчасьці аддаць перавагу. Паколькі відаць, М. Чарот паступова схіляецца да прозы, аднак, паколькі вядома, ім пішацца шырока разгорнутая вершаваная поэма „Асінград“, у якой поэта мерыцца намаляваць багаты вобраз новае стадыі ў процэсе соцыялістычнага будаўніцтва Савецкае Беларусі.
Нерасставаньне М. Чарота з вершаванай творчасьцю, зразумела, мае пад сабою грунтоўныя падставы. У агульным зьмесьце сваіх літаратурных дасягненьняў вершаваныя творы пісьменьніка займаюць асноўнае значэньне. Бясспрэчна, што наперад усяго мы і прадстаўляем сабе М. Чарота, як выдатнага таленавітага песьняра, вянком вершаваных твораў якога зьяўляецца поэма „Босыя на вогнішчы“. Загэтым бэлетрыстычныя рэчы яго натуральна адсоўваюцца на задні плян. Маючы гэта на ўвазе, крытыка і была так ашчадна на агляд гэтага боку Чаротавай творчасьці.
У тых рэцэнзіях, якія зьявіліся на „Веснаход“, выразна падкрэсьлівалася думка, што М. Чарот непараўнана слабейшы бэлетрысты ад поэты. З гэтымі думкамі нельга было не згадзіцца, паколькі мы мелі справу з адным „Веснаходам“. Калі-ж М. Чарот даў нам, хоць і незакончаную ў друку, аповесьць „Грышка Сьвінапас“, нашліся ўсе даныя на тое, каб гэту думку грунтоўна пераглядзець.
Заглядаючы ў наступнае, зразумела, пакуль цяжка асьмеліцца паставіць кропкі над і. Якраз гэта цяжкасьць ускладняецца яшчэ і фактам трохгадовага перапынку ў творчасьці М. Чарота. З часу выйсьця яго поэмы „Беларусь лапцюжная“ пясьняр нам нічога ня даў. Мы толькі жылі аднымі чаканьнямі, — калі-ж, нарэшце, зьявяцца распачатыя пісаньнем яго новыя творы? Час ідзе, а іх усё ня відаць.
На гэтай глебе даводзіцца сустракаць розныя непажаданыя размовы, якія сеюць трывогу ў шырачэзных колах прыхільнікаў нашага выдатнага поэты. Трэба спадзявацца — а на гэта ўсе падставы, — што М. Чарот спыніўся на пэўны тэрмін у сваёй творчасьці з тым, каб у хуткім часе паўстаць перад намі ў яе новым, яшчэ больш шумлівым уздыме. Яго маладыя гады, неастываючая энэргія, паўната сіл, бадзёрасьць імкненьняў, настрояў — дарукаю гэтаму.
XII
[правіць]
XII
Ня быў-бы поўнасьцю выяўленым портрэт М. Чарота, каб мы абмінулі яго працу ў галіне літаратурна-організацыйнай. Гэта праца ў процэсе будаўніцтва новае пролетарскае беларускае літаратуры зьяўляецца дапаўняльным элемэнтам непасрэднай літаратурнай творчасьці М. Чарота.
Соцыялістычнае будаўніцтва Савецкае Беларусі цесна зьвязана з яе культурным разьвіцьцём. Апошняе не павінна адставаць ад першага, захопліваючы ў свае абоймы найшырэйшыя колы рабоча-сялянскіх грамад. Літаратура, як актыўнейшы фактар у комплексе рухавых культурных процэсаў, ня мусіць замыкацца ў вузкія рамкі адасобленага жыцьця.
Бяз сувязі з працоўнымі гушчамі — яна прызначаецца на застываньне, на пасыўнасьць, на пустасьць. Тым болей гэта ва ўмовах беларускіх, дзе беларускай культуры даводзіцца пракладаць сабе дарогу няпрыбранымі мясьцінамі. Апроч усяго іншага, цесная жывая сувязь з насельніцтвам краіны шляхам дакладаў, вечарын, організацый адчыняе шырокія магчымасьці ў справе паглыбленьня культурных дасягненьняў праз выяўленьне новых здольнасьцяй у літаратурным будаўніцтве.
Разумеючы гэта, М. Чарот організацыяй пісьменьніцкага аб‘яднаньня „Маладняк“ трапна адгукнуўся на пытаньне моманту. Але яго праца ў „Маладняку“, зразумела, перабівала сабою працу па пісаньню. Тры гады заўзятай грамадзка-літаратурнай чыннасьці адабралі ад нас не адзін твор М. Чарота. Тым ня меней вынікі Чаротавай працы па організацыі маладых сіл вакол беларускай літаратуры ў значнай меры компэнсуюць гэту страту. Дзякуючы менавіта М. Чароту, так шырока быў разгарнуў сваю працу „Маладняк“, уцягнуўшы ў сваю орбіту перадавую беларускую моладзь. Яго аўторытэт, як здольнага пролетарскага поэты, служыў прыкладам сур‘ёзнасьці і дзелавітасьці маладнякоўскай чыннасьці.
Чаротавы творы служылі штуршком для пачынаючых маладнякоўцаў у іх пісьменьніцкім выяўленьні. „Маладняк“, выпхнуўшы з сваіх шэрагаў купку заблытаных у сялянска-кулацкай ідэолёгіі, зьвіхнутых настроем сяброў, усё ж ня згубіў свайго значэньня і аўторытэту, пакуль у ім быў М. Чарот. Выйсьце яго разам з бліжэйшымі і здальнейшымі таварышамі, адразу абяскровіла аб‘яднаньне. Яно пахудзела, стала шэрым. І пакуль ня знойдзена сродкаў, якімі-б можна было хоць напалову прыдаць яму вагі і аўторытэту.
У адноўленым „Маладняку“ мы заўважаем значны прарыў суцэльнасьці настрою і еднасьці ідэолёгічнага кірунку. Ненатуральны сымбіёз паміж П. Галавачом і А. Маркоўкаю, з аднаго боку, і імітыраванымі пад савецкіх ортодоксаў У. Жылкаю і якімсьці Гаўруком — з другога, — дзіўная таму адзнака.
Вывучаючы гісторыю „Маладняка“, першым чынам спыняешся на яго аснавальніку і кіраўніку — М. Чароце. І, аглядаючы літаратурную творчасьць М. Чарота, ня можаш не аддаць вялікае ўвагі яго багатай продукцыйнай працы ў „Маладняку“. Гэтым бокам свае чыннасьці М. Чарот яшчэ раз падкрэсьліў сваю сугучнасьць з эпохаю, сваю цесную злуку з пролетарскаю ідэолёгіяй работніцка-сялянскае грамады — будаўніка новага жыцьця.
Гэткім чынам, падрахоўваючы вынікі дзесяцігадовае літаратурнае працы М. Чарота, нельга з гонарам не пахваліцца яе буйнай высокай значнасьцю, яе вялікай каштоўнасьцю. Асоба М. Чарота набывае ёю нязвычайнай сілы і выдатнасьці, займаючы адно з першых месц у гісторыі беларускае літаратуры.
Няхай-жа посьпехі поэты-ваяўніка і грамадзяніна работніцка-сялянскае грамады паслужаць імпульсам для яго далейшай бліскучай працы на ніве беларускай пролетарскай літаратуры!
- ↑ „Завіруха“, стар. 75.
- ↑ „Завіруха“, стар. 87.
- ↑ „Ibidem“, стар. 106.
- ↑ „Ibidem“, стар. 108.
- ↑ „Завіруха“, стар. 108.
- ↑ „Завіруха“, стар. 110.
- ↑ „Завіруха“, стар. 27.
- ↑ „Завіруха“, стар. 17.
- ↑ „Завіруха“, стар. 34.
- ↑ Іbіdem, стар. 55.
- ↑ „Завіруха“, стар. 56.
- ↑ Іbіdem, стар. 57.
- ↑ „Завіруха“, стар. 81.
- ↑ „Завіруха“, стар. 79.
- ↑ Іbіdem, стар. 78.
- ↑ „Завіруха“, стар. 63.
- ↑ Іbіdem, стар. 58.
- ↑ „Завіруха“, стар. 30.
- ↑ „Завіруха“, стар. 70.
- ↑ „Завіруха“, стар. 14.
- ↑ Іbіdem, стар. 11.
- ↑ Іbіdem, стар. 3.
- ↑ „Завіруха“, стар. 48.
- ↑ Іbіdem, стар. 64.
- ↑ „Завіруха“; стар. 118.
- ↑ „Завіруха“, стар. 43.
- ↑ Поэма першым выданьнем вышла ў 1922 г. ў выдавецтве „Адраджэньне“, Менск.
- ↑ „Шляхам жовтня“ Тодара Глыбоцкага ў украінскім часопісу „Молодняк“, лістапад 1927 г., № 11, Харкаў.
- ↑ „Полымя“ № 2, люты 1923 г. Менск.
- ↑ „Полымя“ № 1, сьнежань 1922 г. Менск.
- ↑ „Полымя“ № 3-4, люты—сакавік 1923 г.
- ↑ „Чырвоныя вясьнянкі“, „Полымя“ № 3-4, люты—сакавік 1923 г. Менск.
- ↑ Надрукован першы раз у № 1 „Маладняк“, 1924 г.
- ↑ Надрукован упяршыню ў № 2-3 „Маладняк“, 1924 г.
- ↑ Усе гэтыя вершы з некалькімі іншымі вышлі ў 1925 г. ў выданьні „Маладняка“ кніжачкаю пад назвай: „Выбраныя вершы М. Чарота“.
- ↑ Упяршыню верш быў надрукаваны ў № 1 „Маладняк“, 1923 г.
- ↑ Поэма „Чырвонакрылы вяшчун“ вышла ў 1927 г. асобным выданьнем у Беларускім Дзяржаўным Выдавецтве ў ліку 3.000 экз.
- ↑ Поэма „Марына“ ўпяршыню друкавалася ў № 2 „Полымя“ за 1925 г., а ў 1926 г. вышла асобным выданьнем.
- ↑ „Босыя на вогнішчы“, „Чырвонакрылы вяшчун“, „Ленін“, „Марына“, „[[|Карчма]]“ і „Беларусь лапцюжная“.
- ↑ „Завіруха“ і „Выбраныя вершы“.
- ↑ Адрыўкі з яе друкаваліся ў часопісі „Маладняк“ за 1924 г.