Кавалю
Jump to navigation
Jump to search
Кавалю Верш Аўтар: Міхась Чарот 1920 |
Куй, каваль! Жалеза гнецца…
Іскры хай лятуць далека.
Хай стук молата нясецца,
Сэрца ранячы глыбока.
Хай твой стук народ пачуе
І прачнецца як адзін…
Працы боль і ён адчуе…
Куй мацней ты: «бом!» ды «дзін!..»
К табе прыйдуць на ўспамогу,
Нібы вырастуць з зямлі,
Бо ў жыцці куюць дарогу
Людской долі кавалі.
Куй, каваль! Няхай прачнецца,
Хто шчэ спіць чароўным сном, —
Да іх хутка данясецца
Песня молата: «дзін», «бом!..»
(1920)