Перайсці да зместу

Узгоркі і нізіны (1928)/У надзеях над прасторамі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рэволюцыйным шляхам У надзеях над прасторамі
Крытыка
Аўтар: Зміцер Жылуновіч
1928 год
Купчастыя руні
Іншыя публікацыі гэтага твора: У надзеях над прасторамі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У НАДЗЕЯХ НАД ПРАСТОРАМІ

Жыцьцё і творчасьць Алеся Гурлы

„Я думаю, што справа беларускіх нацыянальных дзеячоў чыстая і харошая, што яна нясе ў глухія закавулкі беднае краіны і першыя веды, і цікавасьць да кніжкі, і прагу да разумнага, асэнсованага, вартага чалавека жыцьця. Я думаю, што іх праца — не бясплённая і ў тым ці іншым кірунку, можа стацца, нечакана для іх саміх, прынясе жатву“.

Гэтак пісаў у сваім артыкуле „Белорусские поэтыА. Пагодзін у 1911 годзе. Буржуазны публіцысты, супрацоўнік лібэральна-дэмократычнай часопісі „Вестник Европы“, як відаць, ужо ў той час, на аснове выяўленых фактаў, меў правіловы прогноз для пасьпешнага разьвіцьця беларускага руху. Будучы ў той час прыхільнікам адраджэньня нацыянальных культур, А. Пагодзін адчуваў у разьвіцьці беларускай культуры нешта большае, чым думалі яго сучасьнікі, і ўпікаў пр. Е. Карскага за тое, што ён, беларус, „трапеча перад народным рухам“ і б‘е трывогу, нібы Бурачок „стараецца падняць сэпаратычныя імкненьні нацыянальныя і літаратурныя, адпіхнуць беларусаў ад вялікарусаў і штырхнуць іх да апрацоўкі самастойнай літаратуры“[1].

З таго моманту мінула шмат часу. Дагадкі А. Пагодзіна ня толькі збыліся, а і ў многім апярэджаны. І, пэўна, чуючы зараз аб посьпехах беларускага працоўна-культурнага руху, ён ня толькі дзівіцца, а, седзячы ў стане чорных, баіцца яго развою. А ці ведае к таму А. Пагодзін, што „консервативный историк белорусского движения“, як ён вялічаў Е. Карскага, ня толькі нічога не зрабіў сваёю актыўнаю баязьлівасьцю перад „сепаратистическим стремлением у белоруссов“, а нават, ухіліўшыся, пасьвяціў беларускай пісьменнасьці, — „самостоятельной литературе“ — цэлы том.

Як-бы там ні было, вядома, бяз усякіх залежнасьцяй ад абодвых прыпомненых часам асоб, роўна „спагадаючых“ вызваленьню беларускіх працоўных гушчаў пад сьцягам Кастрычніка, беларускае культурнае адраджэньне к гэтаму часу сягнула далёка-шырока. Калі ў 1911 годзе можна было пералічыць чацьвярых поэтаў з першымі іх надрукаванымі творамі („Жалейка“, „Песьні жальбы“ і рэдкія вершы ў „Нашай НівеМ. Багдановіча), калі ў тыя часы беларуская поэзія была „сумная, небагатая тэмамі і вобразамі“, — то цяпер аб гэтым забыта.

Беларуская пісьменнасьць поруч з беларускім працаўніком мусіла за 13 апошніх год перажыць багаты этап свае гісторыі і дасягнуць надзвычайнага посьпеху ў сваім поступе.

Царская вайна, разбурэньне Заходняй Беларусі, лютаўская рэволюцыя, нямецкая окупацыя і… праз Кастрычнік да Беларусі, як незалежнай Савецкай Рэспублікі, — гэтыя вагромністай вагі фактары далі магутны, надзвычайны штырхач разьвіцьцю беларускае літаратуры, беларускага мастацтва, наогул — беларускай культуры. Нацыянальны тэатр, выдавецтвы, школы, пэрыодычныя часопісі — гэта замест аднае газэты „Наша Ніва“ і дзесятку-другога кніжачак „сумнае, небагатае вобразамі поэзіі“. Дзесяткі здольных поэтаў — замест чацьвярых.

Гаварыць зараз аб беларускай літаратуры нельга іначай, як толькі з пачуцьцём умільнасьці і ўважлівага ўхіленьня перад сілаю, багацьцем, перад яе паступовым няўхільным разьвіцьцём, перад яе заслугаю ў справе вызваленьня беларускіх працоўных грамад і ў справе агульна-расійскай рэволюцыі. Пройдзены ёю шлях, здавалася-б, так малы і вузкі, а ўмовы — так мізэрны, а тота-ж, яна пераможна выбралася на шырокі шлях буйнага рознастайнага далейшага разьвіцьця свайго.

Калі раней можна было падходзіць да ўсёй беларускай пісьменнасьці з аднакавай меркай „сумнасьці і беднасьці тэм і вобразаў“, то цяпер толькі заядлы вораг, якому ў страху ці ў сваёй выгадзе прыходзіцца зацямняць факты і закрываць вочы на іх праўдзівасьць, — толькі той цяпер сумысьня ўмаліць багатую, буйную развойнасьць беларускае пісьменнасьці. Яе плёны зраўняліся з плёнамі суседніх літаратур, яе высата дасягла ўзроўню, калі не перасягла высату нядаўна багацейшых яе літаратур. Багацьце тэм, рознастайнасьць вобразаў, рознакалёрнасьць фарбаў, паўната мастацкіх атрыбутаў — на воку. Кожны поэта, кожны пісьменьнік — перайшлі самотную, самастойную сьцежку свайго разьвіцьця, выкрышталізаваліся ў выразна абасобную ядынку. І, асабіста, Янка Купала, Якуб Колас — на тысячу вёрст, аддаліліся ўперад ад „Жалейкі“ і „Песьняў жальбы“. Гэта вочавідкая фактычнасьць замацована непарушнымі доказамі тысячаў прыкладаў. Ня талентнасьць, ня здольнасьць, а геніяльнасьць лунае ўкол іх. І зараз дадаваць сваіх слоў для яе большых убёраў ня прыходзіцца.

Цяпер паўстае неадложнае пытаньне: болей шырака, болей падрабязгова крануцца шмат малодшых з беларускіх песьняроў, якія на „Жалейцы“ ды „Песьнях жальбы“ ўпяршыню адчулі сваё літаратурна-нацыянальнае „я“ і, у сваю чаргу, сталі буйнымі адзінкамі. К гэтаму часу беларуская пісьменнасьць мае ў сваім стане багата здольных, яскрава выяўленых поэтаў і пісьменьнікаў трэцяга пасьля Янкі Купалы прыходу.

Да аднаго з іх, а менавіта, Алеся Гурло, мы і маем перайсьці.

Сын селяніна з м. Капылю на Случчыне, ён перайшоў шлях пакутнага жыцьця. Недастачаў, недахватаў дало яно поэту багата, а навукі — толькі двухклясавую сельскую школу. Доля большасьці беларускіх пісьменьнікаў. І сярэдняя асьвета і унівэрсытэт — замяняла горкае бядотнае жыцьцё і цяжкая мардотная праца. Алеся Гурлу гэта праца вучыла жыць, вучыла пазнаваць і, разам жа, вучыла апяваць сваю долю і долю роўных сабе.

Калі А. Гурло пачуў першыя пазывы да літаратурнай творчасьці, ужо яго землякі-таварышы — Цішка Гартны і Хведар Чарнушэвіч — друкавалі свае творы на старонках беларускае газэты „Наша Ніва“. Ён чытаў іх пасьля „Жалейкі“ і „Песьняў жальбы“ і адчуваў насядаючую патрэбнасьць падаць і свой голас, прылажыць і свой мотыў у маладую беларускую капэлю. Песьні чуліся нудныя, як нудна выглядала ўся вакольная сапраўднасьць; як нудна жылі людзі, таварышы, што пяялі, знаёмыя яму; як нудна шумелі гаі і нізкае рэдкае збожжа на нівах; як цяжка было сваё ўласнае жыцьцё! І ня толькі, дзе поэта бачыў, з чым стыкаўся, а ўсюды — ад Ленінграду да Вільні. Не здарма-ж песьняры Янка Купала і Якуб Колас стуль падавалі свае мінорныя тоны. А вось зьліць-бы ўсе сумныя пачуцьці ў вадно джарало, выбухнуць іх перад сьветам і затапіць людзкое гора і бядоты жыцьця!

І возь у 1910 г. з простымі, пакуль далёка ад дасканаласьці, але са стройнымі вершамі выходзіць А. Гурло на доўгае ўпартае змаганьне побач са сваімі папярэднікамі-таварышамі. На „Песьні жальбы“, на „Жалейку“ адгукаецца спагадаю да краю.

Краю мой, краю,
Горам павіты,
Ўсё ў табе, знаю,
Потам абліта.
Поту і сьлёзаў
Многа бяз ліку,
Як-бы марозаў
Ў доўгую зімку,
Як-бы завеяў
Ветраў шалёных,
Як-бы надзеяў
Ў шчасьце бяздольных[2].

Так ва ўсім краі. Ну што-ж казаць аб сабе, аб прыватным жыцьці? Яно залежыць ад агульнага. Знача, галоўная мэта — змагацца за лепшую долю працоўных мас, а тады надасца і сабе. Але змагацца, ня нудзець, не сумаваць. І поэта хутка кідае мінорныя напевы, а пераходзіць да бадзёрых, рэзвых, завучых.

У гэтых сваіх напевах ён топіць, разам з горам агульным, і сваё ўласнае гора, пазбываецца яго сьвядома. Нават пытацца не даецца:

Ня пытай ты аб жыцьці маім,
Бо ты сэрца да болі трывожыш,
І душа камянее на ім!
Ці-ж пытаньнем ты гору паможаш?[3]

Лепш маўчаць.

І А. Гурло адмахваецца рукамі ад прыватнага жыцьця, занядбайвае яго таму, каб яно не перашкодзіла думаць аб агульным, аб супольна-людзкім жыцьці. Ці-ж мажліва быць здаволеным самому, калі вакол мукі і бяда вакол „гора пануе“? Душа А. Гурлы не магла гадзіцца з гэтым. Ён уступіў у сьвядомае жыцьцё ў эпоху рэволюцыйнага ўздыму 1905-6 г. г., запаліўся яго ідэаламі, аддаўся яму. А падышлі гады рэакцыі ён перадаўся нацыянальна-рэволюцыйнай справе. Маладая, палкая — гэта справа абурыла яго істоту, завалодала ёю, і поэта глядзеў уперад, поўны надзей і імкненьняў.

Пад шум лясоў,
Пад сьпеў руччоў.
Ляціць душа…[4]

Калі вакола панавала псыхічнае разладзьдзе, а царскае правіцельства спраўляла баль перамогі над працоўнымі гушчамі, А. Гурло пяяў:

Мой сьпеў ня гэтакі жудлівы,
Я ім маркотнасьць адганю!
Я песьняй яснаю, як сонца,
Далёка ў полі адзавусь,
І буду пець і пець бясконца[5].

І ён пяяў. Не глядзеў, што бяда цягне за полу прымушае азірнуцца наўкола. Не глядзеў, як-бы нічога няма. А суцяшаў іншых, супакойваў:

Ня тужы, бядача,
Што сямейка плача,
Стогне, усхліпае —
Бо шмат гора знае.
Гора яе душыць,
Гора яе сушыць.
Ня тужы, гаротны;
З хвіляй пералётнай
Гэта ўсё праміне,
Ў вечнасьці загіне;
Прахам ад нас пойдзе,
І мы шчасьце знойдзем[6].

Гэта шчасьце пакуль бачылася А. Гурлу цямлівым нявыразным. Інстынктыўна адчуваўся яго прыход, згодна закону поступу. У маладога поэты хапала веры казаць гэта. Але шляху дайсьці да яго ці сродкаў, якімі-б яго прыход падблізіць, ён ня бачыў. Ды не стараўся пакуль знайсьці. Гэта далейшыя клапоты. Перш хлынулі бурлівымі пацёкамі жыцьцёрадыя галасы юнацтва. І поэта арудваў маладым пачуцьцём, задорнымі імкненьнямі.

Яму ўсё „так радасна пяе!“. На гэтых вясёлых мотывах поэты хацелася абаперціся, каб глянуць далёка ўперад і парадавацца, што хоць аднаго з цэлага раду беларускіх песьняроў і пісьменьнікаў абмінула пачуцьцё суму. Хацелася верыць, што разьвіцьцё А. Гурловай творчасьці пойдзе няўхільным, роўным шляхам пад сьветлым настроем. І міжвольна зварачалася на яго пільнае вока чытача. Аднак ня гэтак вышла: жыцьцё не дало спуску і А. Гурлу; яно зьвіхнула яго з роўнага шляху і пачало кідаць па ўхабах хваль. Сьвежая моладасьць, яшчэ небясьпечная, зацьмучаецца раптоўным здарэньнем у сям‘і. Памірае бацька і пакідае на яго трое малодшых дзяцей. Запушчаная гаспадарка развальваецца далей. Грозіць небясьпека голаду. Што рабіць? Браць на сябе цяжкую ношу галавы хаты, бацькі двух братоў і сястры? Закапацца ў дробную будзённую працу, каб яна адняла ўсе мажлівасьці ўдзяліць хвіліну агульнай справе, ліры сваёй і справе недастаючай асьветы? Чаму другім удаецца вылезьці з балота будзёншчыны, распасьцерці скрыдлы і ляцець да намечаных мэтаў? У А. Гурлы ападаюць скрыдлы: ён б‘ецца, як птушка ў клетцы, думае і гадае, як і што рабіць: ці пагразнуць у бяздольным хатнім жыцьці, ці адным замахам разарваць з ім, акамяніўшы сэрца, і шукаць новых шляхаў, невядомых. Пасьля доўгіх раздум ён рашае кінуць дом, братоў і сясьцёр, кінуць на „што будзе-тое й будзе“ і ехаць у Ленінград, у асяродак культурнага жыцьця. Бяз нічога ў руках — не загіну, не! Але загінуць — ня гіне, толькі пападае ў нямерна цяжкія ўмовы вучня на заводзе. Атрымлівае мізэрныя грошы, на якія трэба пражыць у сталіцы і хоць колькі паслаць дамоў. Дзесяцёхгадзінны працоўны дзень, становішча вучня, страшныя лісты з дому… Чужыя людзі — далёкія яму. Новы сьвет. Стомлены вечарам кідае завод, ідзе на кватэру i думае-думае. Побач з беднатою — гэткая пышнасьць, гэткая роскаш! Бачыў цягасьць дома: бедакоў тысячы і ядынкі багацеяў. П‘яўкамі рассасаліся памешчыкі. Але шэрае мора мужыкоў! Скаланецца яно, рушыць і затопіць рэдкія выспачкі панскіх двароў з іх насельнікамі. Толькі час, толькі слушны момант… А тут, у вялікім горадзе, у шумнай сталіцы! Тут усё збудавана на людзкіх касьцях, трымаецца на сьпіне працоўных гушчаў і трымае ў крэпкіх абдымах штыхоў і гармат гэтыя гушчы. Уся сталіца амаль жыве тым, каб умела і хітра трымаць у руках вялікую краіну. Якая розьніца з домам! Як цяжка ў халодных сьценах маўчлівых муроў, за якімі ня відаць сонца!.. Трэба прачуць поэтыцкай чулай душою ўсю веліч, усю сілу гораду крывасмоку і разам — яго драпежнасьць! Ехаў з надзеямі крылатымі, з намерамі шырокімі, а ачуўся зьвязаным, сьціснутым, абязмоцненым.

Поэт — сын ніў і лясоў, выхаванец ціхіх местачковых абставін, узьляцеўшы над імі, здавалася, нямерна высока, усё-ж апаў у настроі, зьнізіўся да зямлі ва ўмовах бурлівай сталіцы. І замест далейшага гартаваньня сваіх надзей у яго зарадзілася трывога. Варстаты заводу, трэск грукат запяялі хлопцу не аб надыходзячай перамозе працаўнікоў, а жудлівую цяжкую песьню ваяўнічага наступу нядолі. Мінорны тон, навеяны капыльскімі нівамі, пераліваецца ў сум туманных слотных пецярбурскіх вуліц. Расквітшыя надзеі ломіць журба ды нявер‘е. І песьні, песьні, крануўшыя ўпяршыню яго музу, песьні „скорбі і пячалі“ бяруць верх над радаснымі мотывамі. Залазіць у поэтаву душу густы цьвёрды камяк заняпаду, сьціскае істоту і хвалюе безнадзейныя думкі. Струны музы выцінаюць балючыя зыкі.

Колькі мукі душы, колькі сьлёз пралілось
Пры ўспамінку аб роднай краіне!
Спазнаць гора-нуды многа мне давялось
Ў гэтай сумнай далёкай чужыне![7]

Гэтымі радкамі А. Гурло акрасьлівае ўсю палосу перажытага ім у Ленінградзе душэўнага заняпаду, які цягнуўся каля трох гадоў і адбіўся на творчасьці поэты шэраю плямінаю ў настроі і ў разьвіцьці ды паглыбленьні творчай стыхіі. Большасьць вершаў гэтага пэрыоду — 1912—1914 гады — занесены ім у аддзел „Трывогі і надзеі“ ў зборніку „Барвенак“. І нават калі прачытаеш тыя з іх, у якіх, па аўтару, ідзе рэч аб надзеі, чуеш тую самую трывогу.

Трывога за долю, за марна прайшоўшую моладасьць, за загубу веры ў сьветлую будучыню. Яна ашчаперыла песьняра кагцістымі лапамі і не давала спакою. Нядаўна нядбайны аб сабе, поэта пачаў скардзіцца, што:

Ня раз ў дрэнны час
Думаю-гадаю;
А над чым і за чым?
— Долі я ня маю…[8].

Ён хоча разуверыць сябе, што ня паў духам, што можа яшчэ „сыграць пабудку таму, хто сьпіць“, але ў гэнай ігры яскрава адбіваецца вяласьць і бязьвер‘е. Бадзёрыя тоны — натужлівы і фальшывы; у іх няма запалу, няма натхненьня; сілаю выціснуты на леры і няўдачлівы, не расьпяяны належна, без завучага, крэпкага рытму. І замест таго, каб адчуць, што сапраўды песьняю „зганяецца ночы сон“, чуеш:

Склеп турмы бяз бляску сонца;
Я адзін ды цень…
І ў высокае ваконца
Ледзьве глянуў дзень[9].

А з гэтае турмы поэта рвецца, як мага, куды ўжо там падаваць воклічы другім. У самога —

Ні сьцежкі шляху, ні сьлядоў
Ад жыцьця пройдзеных гадоў[10].

Цікава, што ў ленінградзкі пэрыод у А. Гурлы мала вершаў аб каханьні, аб прыродзе. Наогул — адмячаецца значная пасыўнасьць. Як быццам бы злая воля адпіхнула яго ад усяго таго, што дае асалоду бадзёрасьці, што запаляе крылатыя жаданьні, што абурвае чалавека. Таксама і першыя крокі да грамадзянскай працы, якія поэта зрабіў дома, наперакор чаканьням, не абагачаюцца, а застываюць. А. Гурло мала цікавіць праца ў культурна-асьветных таварыствах рабочых, дзе концэнтравалася будучая пролетарская грамадзкасьць, дзе адбывалася падгатоўка рэволюцыі. Партыйнасьць, ня прышчэпленая дома, у провінцыі, астаецца чужым зьявішчам і ў Ленінградзе. Толькі ўсяго, што ёсьць магчымасьць пабыць на сходах маладых беларусаў у „дзядзькі Б. Шыпілы“.

Але цяжкія ўмовы сталічнага жыцьця, надавіўшыя на А. Гурлу нечакана для яго, ня выціснулі аднаго пачуцьця — гэта пачуцьця любасьці да роднае краіны. Дзе чулася роднае слова, дзе ішла гутарка аб Беларусі, туды цягнула поэта „нявідзімая сіла“. Можна сказаць, што ў гэтыя часы А. Гурло толькі і жыў радзімай, толькі і падтрымліваў тлеючы агоньчык душы. Знаходзячыся большаю часткаю наядзіне, ён сягаў думкамі да Капылю, песьціў у марах бесклапотныя гадзіны свайго жыцьця, цешыўся асалодаю іх успамінаў. Бо —

Там прыгожа так сонца сіяе
Над радзімай маёю хацінай.
Усякі думку маю там згадае.
Руку помачы даць не праміне[11].

Даходзіла да гэтага — зламалася душа. У адлічча ад многіх беларускіх поэтаў, як А. Гарун, Ц. Гартны, Я. Колас, Ф. Шантыр і інш., А. Гурло пакуль ня бачыць свайго прызваньня ў паяднаньні музы з політычнаю чыннасьцю. Забывае, што „грамадзянінам быць павінен“. Ленінград адхіліў яго ад гэтага шляху. Нават занёс руку і над гэнаю музаю. Чым далей ішоў час жыцьця на заводзе, тым неахвотней поэта браўся за пяро. Бліснуўшы багацьцем і плённасьцю, ён стаў дужа скупым на творчасьць. Разьвіцьцё таленту, падаўшыся крыху ўперад, таксама застанавілася. Тэхніка — мярцьвела, кругазор — не пашыраўся. Паглыбленая самотнасьць зачыняла празорнасьць погляду і здатнасьць выхапленьня жыцьцёвых вобразаў. Перыпетыі заводаўскага жыцьця з яго шумам і нясупынным развоем; нарастаньне нездаваленьня і протэсту ў рабочых гушчах супроць пануючага становішча; быт рабочых, акольваючы поэту (Колтышы, дзе жыў А. Гурло), — нічога не прабівалася да замкнутае ў свае мукі, аб якіх раней не даваўся пытацца поэта, сіратлівае яго душы.

Цяжка сказаць, у які бок пахіліўся б поэта, каб яму давялося далей жыць у абставінах рабочага, хоць бы вышаўшага з вучняў. Але падышла вайсковая служба. А. Гурлу забралі на яе, зачысьліўшы ў матросы. Якраз навучэньне сьлясарству саслужыла ў войску сваю службу. Яго назначылі ў машыннае аддзяленьне судна рабочым, а гэта абараняла ад каманднае муштры, якая-б магла паглыбіць душэўны заняпад поэты.

Праўда, цяжкі рэжым ваеншчыны, пры гэным супаўшы з абвяшчэньнем вайны, даваў аб сабе чуць. Цёмны трум карабля, надаедлівы гул машыны гнялі душу і сьціскалі сэрца песьняра. Няволя, вастрог. Алавяным цяжарам павісла дысцыпліна, вядомая дысцыпліна адмірала Вірэна. Ні чхні! Ні загляні лішні раз у кніжку, ні напішы лішняга радка. Працуй неадгінна, нявыходна на „абарону айчыны“. Усе гэтыя прыгожасьці жахлівым чудзішчам апанавалі А. Гурлу, які падцяў сваю веру нудным „Вулканам“[12]. Праглянула безнадзейнасьць выйсьця. Трэба было бачыць поэту ў гэтыя часы — ад яго дарэмна было чакаць таго, што ён пасьля даў.

Толькі цярплівая душа, толькі настрой ды затаенасьць вялікай крыўды пасобілі яму перабыць гэтыя часы… Далей А. Гурло стаў сваім чалавекам на караблі. Звыкся, зжыўся… Выехаў у мора.

І тут пачынаецца як-бы новая паласа ў яго творчасьці. Трэба было ачуцца на яго хвалях, каб на шырокім, неабмежным прасторы зразу разьвеяць свой сум, абмыць зацёкшую крывёю душу, захапіцца стыхіяй. Мора шугнула яго вольным ветрам, магутнасьцю, шыр‘ю, воляю. І сагнала пыл са струн музы, і настроіла поэту на рэзвасьць. Ён захапіўся морам і прыняў да душы яго дзікі цнотны стан.

Я люблю бурлівасьць мора,
Роўны іскрам хваль крыштал,
Шыр бязьмежную прастору,
Сонца бляск на версе скал.
Чаек быстрае кружэньне,
Гоман іх у высі хмар,
Зранку сонца нараджэньне,
Яго вечарам пажар[13].

Аднак, хоць у А. Гурлы і „стогне мора і сьмяецца“, яно мае многа „жальбы, трывог“. Як „вар‘ятнае“, „нясецца-нясецца“ і разам „баіцца чаго“. У гуле хваль ня чуецца сілы, ня чуецца ўпартага разгону, песьняў паходнага маршу, грозных удараў у цьвёрдыя скалы. У гэты час, пакуль гурлоўскае мора — ня цар, ня волат-стыхія, а пакорлівае стыхіі дзіця. Гайдаецца, калі гоніць вецер хвалі, сьмяецца, калі сьвеціць сонца, плача, калі стыкаецца са скаламі. Адзнакі душэўнага смутку: наскочыць хвіліна — стане крыху весялей; бліснуць надзеі, засьвеціцца даль. Тады —

Песьню, песьню мы зацягнем вольным дням,
Што жычліва так зіяюць з далі нам!..[14]

Фактычна, мора сагнала з А. Гурлы сталічны заняпад, сталічны смутак і ня больш, як вярнула яго да ўзроўню даленінградзкага настрою, да настрою шэрага ідэалісты-мрыйніка. У гэты час будучыня ў А. Гурлы — толькі сьветлая пляма, часта гінучая. І пазывы да яе — дзіцяча-сантымэнтальныя. Іх выяўленьне яшчэ зразумела ў тыя гады — 1910-1911, калі поэта толькі што пачынаў пісаць. Сярод сумных напеваў бесчасоўя яны блішчэлі сьветлымі іскрачкамі. Як ужо вышэй адмячалася, А. Гурло ў той час выглядаў нават песьняром „радасных надзей“. Выдзяляўся на шэрым фоне, хоць далёка было да баявых прызываў, да ажыватварэньня ў песьнях працоўных напеваў. Ну, а пасьля таго, калі Ленскі расстрэл нанова падняў рэволюцыйную хвалю, калі чырвоныя іскры рабочага руху заблішчэлі вакола і над сьветам „зарэяў сьцяг чырвоны“, — цяпер крохкія надзеі, да якіх вярнуўся поэта, выглядалі шэрымі. Па крайняй меры, яны дапаміналі ціхага Надсона, благачасьцівага Фруга, менш знатных дзевяцідзесятнікаў у расійскай поэзіі.

Мора, узяўшы багата эмоцый, ня ўліло ў душу поэты ваяўнічых і іскрастых слоў палкага пачуцьця, не падбавіла яркіх фарбаў. Не пасобіла яму і матроская атмосфэра. Як і на заводзе, у матроскай бунтарскай сям‘і А. Гурло не падгледзеў завучых, дзерзкіх жэстыкуляцый, не падслухаў „бурлівага гневу кіпеньня“. Яго маракі плывуць да тых-жа сьветлых даляў, куды „заносіў сваю душу“ Фруг.

Тымчасам к 1914 году, калі Ленінград, а за ім і іншыя часткі царскай Расіі садрыгаліся ад выбуху рабочага нездаваленьня, калі матросы нападалі на казакаў на выбарскім баку, у Ленінградзе мы маем ужо ў багатай беларускай поэзіі досыць „сьветлых пяцен“. Янка Купала, Алесь Гарун, Цішка Гартны, Ф. Шантыр падаюць ваяўнічыя воклічы і выразна апяваюць вольную ў наступным Беларусь, змаганьне за яе прыход, змаганьне за рэволюцыю. Усё выразьней прабіваецца ў беларускай поэзіі колектывісцкі момант, агульныя задачы.

У А. Гурлы-ж паціху і мора губляе „сьветлыя пятны“. Пачынаюць тухнуць маякі. Вершы 1916 году куды смутней вершаў 1914 году — першага спатканьня з морам. І выразна відаць, што поэта і ў другоны раз пачаў падавацца ўхілу ў бок мінорнасьці. Ды нават куды шпарчэй, бо балячаму месцу хутчэй захварэць нанова… Стала відаць, што яму ня выбрацца далей ад стану першай пары, пары пачынаньня. Зьвіхнуўся і не паправіцца. Два гады назад хоць мора „пляскала“ вечнай воляй…

Чайка вольнай узрасла[15],

а ў 1916 годзе нават

Мора поўна вялікага жалю,
Вісьне змрок i туман, дзе ні глянь…[16].

у 1914 годзе:

Заблішчэлі ў цёмнай далі маякі…

А ў 1916 годзе:

І патанулі ў цемры маякі.

З надышоўшаю цемраю рэакцыі А. Гурло засуцэліў пахільны парыод свае творчасьці. З 1910 году да пачатку рэволюцыі 1917 году цягнуўся ён у поэты пераваламі, межанінаю хвіль проблеску з хвілямі непрагляднай шэрасьці. Запяяўшы бадзёра, падышоў да смутку безнадзейнасьці. Адмахнуўшыся ад уласнага жыцьця, ён мусіў вярнуцца да яго і затуліцца ў ім — што ня відаць было нічога. Раз за разам, некалькі раз.

Бязумоўна, што гэтыя перабоі дрэнна адазваліся на посьпеху і росьце А. Гурлы. Углыбленьне ў самотнасьць і пакора перад сумам абрывалі яго скрыдлы, рвалі струны ліры. Думцы ня было палёту — сэрцу не знаходзілася асалоды. Марыў завалодаць ведамі, вабраць як найболей іх у сваю душу, разгарнуцца з імі і сягнуць сямімільнымі крокамі па шляху мастацкага развою а замёрз на месцы і, замест палёту, мусіў паўзьці доўгі час роўнаю дарогаю, ня ўзыходзячы на горку.

І мы бачым, што на працягу гэтага часу ў песьнях поэты няма мацнейшых тонаў, не знаходзіцца цянейшых зыкаў, новых мэлёдый. Роўныя, з чуць прыметнымі вібрацыямі. Бледнасьць і аднальковасьць фарбаў таксама. Абмяжованасьць горызонту. Слабае разьвіцьцё формы і тэхнікі вершаваньня. Аднакава старыя меркі, лікам да сямі-васьмі. Пры гэтым такія, што скрадаюць часамі пекную ігру слоў і вобразаў, так мала і скупа намаляваным А. Гурлом за адмечаны пэрыод. У дадатак значнае кульганьне з моваю. Амаль ня кожны верш кідае і частымі русіцызмамі і, асабліва, небеларускім пабудаваньнем строф, злачыньнем з націскамі, як: „Вось рвуцца радыё драты“, „Вінты“, замест „трубы“, „аганькі“ замест „агеньчыкі“, „дням“ замест „днём“, „чоўн“ замест „човен“ і г. д.

Асабліва рэзка адмячаецца гэта, калі прыраўнаваць вершы А. Гурлы гэтага тэрміну з вершамі яснай зычнай чаканкі ў Купалы, Багдановіча і інш., якія нясупынна расьлі і разьвіваліся, працуючы над сабою. А. Гурло меў менш мажлівасьці для гэтага, але больш старчала ў яго і нядбайнасьці.

І ўрэшце — малапродукцыйная шэрая палоса без яскравых плям канцом у 1917 год.

З гэтага ж году, як і другія беларускія песьняры ды пісьменьнікі, А. Гурло амаль ня зусім заціхае да 21 году. Толькі зрэдку, урыўкамі, калі вольны ад удзелу — вольным ці вымусовым — у політычным змаганьні, поэта хапаецца за пяро. Дый то? Куды там да песьняў, калі вакола кіпіць вайна за вызваленьне працы, за аслабаненьне прыгнечачаных нацыянальнасьцяй! Перш фэйервэрычна падае самадзяржаўе, бурліць чыннасьць па аформленьню політычных партый, рэволюцыйнай законнасьці, нацыянальнага будаваньня. Занесен меч над зданьнем страшэннае вайны, грымяць зыркія прызывы да агульна-людзкога пабратаньня і помеж, тут-жа, паўстаюць грозныя адзнакі наступнай грамадзкай вайны. Рэакцыйныя сілы гуртуюцца яўна і скрытна, чуюцца бразгі шабель і міжвольныя стрэлы вінтовак. Працоўны стан гатовіць адпор. Рэволюцыйнае войска, рэволюцыйны флёт. У тым ліку і мінаносец „Забіяка“, на якім служыць А. Гурло. Рознымі прычынамі гэты карабель аставаўся слаба рэволюцыянізаваным і, пакуль панавала часовае правіцельства А. Керанскага, быў у яго паслушэнстве: мінаносец адпраўлялі бараніць каля-рыскія выспы і трымаць бойку з цэлаю эскадраю нямецкаю. Гэта пасьля аддачы немцам Рыгі. Аднак рэволюцыйная пропаганда не абмінула і гэтага карабля. Развой рэволюцыі, які на вогненых скрыдлах нёс чырвоны Кастрычнік, ахапіў полымем пролетарскага паўстаньня ўвесь царскі флёт. У нізрынуцьці буржуазіі прыняў чынны ўдзел і мінаносец „Забіяка“. Яго каманда не адрозьнілася ад суцэльнай натхненна-рэ- волюцыйнай матроскай сям‘і. Болей таго: „Забіяка“ хутка становіцца ў першым шэрагу ахоўнікаў Кастрычнікавай рэволюцыі. Каманда „Забіякі“ на весну 1918 году, калі Савецкую Республіку акольваюць нязьлічаныя ўнутраныя і знадворныя ворагі, становіцца авангардам для змаганьня з імі. Яна папаўняе храбрую Волскую флацілію, якой даводзіцца змагацца з савінкаўцамі пры Яраслаўлі ды з чэхаславакамі пры Казані і ўніз па Волзе.

А. Гурло — у атрадзе. Замест пяра — вінтоўка. Ён разам з таварышамі, матросамі, пракладае шляхі да „сьветлае будучыні“, аб якой марыў у надзеях і сумных жаданьнях, і якая так далёка была ад яго ў скрутныя часы яго жыцьця ад 1913 да 1917 г. г. Пракладае, каб пасьля апяваць. Якаво мусіць быць шчасьце для поэты, каторы выступіў з юнацкіх гадоў на службу працоўнаму люду, прыняць удзел у сьмяртэльнай бойцы ня з лераю, а з вінтоўкаю. Якою бледнасьцю становяцца фарбовыя рысы ямбаў ды хорэяў у параўнаньні з дынамічнымі ўзмахамі караблёў на баявой лініі!

У той вялікі час А. Гурло ня мог пісаць: ён змагаўся з агульным ворагам працоўных усіх нацый старое Расіі.

Паўстаўшая белагвардзейшчына ад выгляду эсэраў і меншавікоў да аблічча Калчака, Дутава, Карнілава, Юдэніча і інш. нясла з сабою скінуты Кастрычнікавай рэволюцыяй дубальтовы ўціск для нацыянальнасьцяй, для працоўных гушчаў „недзяржаўных“ нацый.

Дэклярацыя правоў прыгнечанага і абіранага народу стаяла пад пагрозай чорных нацыяналістых з расійскай зямельнай, грашовай і дробна-мяшчанскай контр-рэволюцыі. У перамозе над імі хавалася і вольная Савецкая Беларусь.

У доўгі пэрыод гэтага змаганьня А. Гурло нічога не напісаў[17]. У зборніку „Барвенак“ толькі два вершы адмечаны 1917 годам, пэўна, яго першаю паловаю. У вадным з іх пясьняр захоплены выбухам лютаўскае рэволюцыі, зразу, пасьля сумных настрояў 1916 году, пераходзіць да ружовых фарбаў.

Рэволюцыя страсянула яго бязьвер'е і выняла з душы сьвятлейшыя тоны. Праўда, тоны далёкія ад гімнаў рэволюцыі, ад урачыстасьці, ад захапленьня надзвычайнымі ў людзкім жыцьці падзеямі. Гэты верш, напісаны ўжо баявым цьвёрдым рытмам, выяўляе сабою стан мора ў гэткім выглядзе:

Шуміць вада, хвалюе мора,
Карабль мой шпарка ўдаль ляціць,
А песьня вольная з прастору
Мне душу, сэрца весяліць[18].

Адбітак часу на воку.

А ў другім вершы, таксама ўдарным па строю, ён пяе аб свабодзе ў гэткай форме:

З песьняй звонкай, з песьняй волі
Мы даб‘ёмся лепшай долі.
Час сумлівы хай загіне,
Хай нядоля нас пакіне.
Льлюцца хай вясёла сьпевы!
На загонах рунь пасеваў
Спадзяецца хай уроды!
Воля сьвеціць хай народу![19]

Іншых і больш зыкаў, якія б адносіліся да лютаўскае ці Кастрычнікавае рэволюцыі, мы ад песьняра ня бачылі. І ад 1917 году мусім зразу пераступіць да 1921 году.

Падлячыўшы нагу, якую раніў у часы грамадзянскай вайны, А. Гурло з Ніжняга-Ноўгараду, пасьля доўгай разлукі з Беларусьсю, вярнуўся ў вольную Савецкую краіну, на пабудаваньне якое паклаў ён столькі сілы. Гэта зьявішча вагромністай гістарычнай вагі захапіла поэту. Ці-ж шкадаваць перажытых мук, каб дажыць да гэтага!

І А. Гурлом заваладала натхненьне пілігрыма, які, пасьля доўгіх вандровак, без яды і вады з рознымі мукамі нарэшце прыходзіць да сьвятога месца.

Савецкая Беларусь стала сьвятым месцам для А. Гурлы. Ён захапіўся праўдзівасьцю факту… Вякі пагарджаная краіна мужыкоў і парабкоў, бястварая, закінутая, будуе сваё дзяржаўнае жыцьцё і разьвівае сваю працоўную культуру. У сталіцы, абноўленай, вынікшай фэніксам з попелу вякоў, сабраліся яе лепшыя сыны і, не шкадуючы сілы ды жыцьця, кладуць моцныя падмуркі новаму ладу, нячуванаму ў гісторыі! А песьняры, што перанясьлі пакутныя дні сочкі за вось-вось маючай згінуць краінай, пяюць літаньні ясназыркай свабодзе, палымянай комуне. Жалобная вопратка разадрана і кінута пад ногі. Змоўклі балючыя:

Вісьне скарга уздоўж Нёмна…

а, замест яго, раздаецца:

Я — шумлівы чарот, я — мяцежны бунтар,
Я балота буджу гучным шумам…

А. Гурло, крануўшы струн леры, зразу чуе праменныя зыкі, што ўкладаюцца ў песьні-думкі:

Песьні-думкі я складаю
З зораў ясных і праменьняў,
З дарагіх красой каменьняў;
Маладых сваіх імкненьняў
Я патроху прыкладаю[20].

Клапоціцца, каб яны не завялі, каб вакольныя абставіны не паспасобілі гэтаму:

…каб не завялі,
Каб ня зьбілі іх пяруны,
Я дару ім зелень руні;
Я даю ім зычны струны,
Каб аб шчасьці век сьпявалі[21].

На крохкае недавер‘е, што, тайком крадучыся, яшчэ прабуе крануць поэту, сеючы сумненьне ў тым хто-ж „будзе яго песьні слухаць“, пясьняр настайвае, што яго сьпеў

Рвецца ў поле, рвецца ў лес,
Ён абнімае шыр палёў,
Ён даганяе бег руччоў;
Да хараства імкнецца ён,
Заве і будзіць, быццам звон.

А. Гурло нанова, ак даўно, у маладыя гады, зноў любіць шчыраю цёплаю любоўю

…месячык і зоры
І сонца радасны усход,
Чырвоны вечарам заход,

Туман навісшы па-над морам
І хваль магутных голас звонкі[22].

Але шчырэйшым сьмехам яму сьмяецца сонца, прывычней хістаюцца каласы збожжа на нівах, куды яго цягне нейкая сіла, яму клён

Шуміць лістамі, нібы звон.

Яму адчыніліся зусім новыя кругазоры, разгарнуўся далёкі пазем, як завеса, што доўга хавала за сабою жаданую красу, і ён любіць

…лесу шум вясеньні
І ў ім птушыны першы сьпеў,
Магутнае журчэньне
З гары бягучае вады[23].

Дзівіцца поэта, гледзячы на ўсход, бо з усходам, ведае ён, „сьвятлом раніцы ўп‘ецца“.

Гэта сонечная раніца адчыніла і асьветліла новыя шляхі жыцьця. Раней яна

Была заросшы палыном
І блудам нейкім і трывогай…
Ніхто ня знаў, дзе пэўны шлях,
І скрозь цяжар і скрозь прымусы
Таіўся голас у грудзях…[24]

А цяпер

Мы чуем песьню, песьню-гудку,
Яе іграе нам дудар…

Ужо гэткія жыцьцёрадыя мотывы прэволіруюць у А. Гурлы на працягу ўсяго 1921 году. Ад іх нясе прыемным настроем і задавальненьнем за адраджэньне песьняра. Не глядзіш і забываеш, што рознастайнасьці тэм таксама скупа, што тэхніка зусім нязначна пасунулася ўперад, што заграмаджэньне нявыразнымі разуменьнямі звонка-выразных у пачатку вершаў даволі многа, што пабудаваньне каструбатае, без элястычнасьці, бяз плаўнасьці, без дасьціпнага ахайваньня. Забываеш — і тут-жа бачыш, што ў поэты ёсьць задаткі хаценьняў і здольнасьці пакрысе папраўляцца, прогрэсыраваць, як расійцы кажуць, „усовершенствоваться“. Узварушаны гэтымі данымі, пераходзіш да 1922 году. І праўда, посьпех у тэхніцы і рознастайнасьці тэм — на далоні. Вось чытаеш:

Эй, праклён вам, злыя буры, маразы!
Ў гурбах сьнегу вязнуць коні…
Эх, халодны дзень сягоньня!..
Стогнуць жальбаю марознай палазы…
Эй, нясеце-ж, мае коні, вы мяне.
Не хачу я ў гурбах сьнегу
Ні спачынку, ні начлегу,
Бо чакае недзе шчасьце ды ня ў сьне…[25]

Новы памер — новая архітэктоніка. Парывістасьць, наступ у форме. Гладкасьць у апрацоўцы, адшліфоўка кідаюцца ў вочы. Люстраная яснасьць сэнсу. Пясьняр перамагае нядбайнасьць, якая часта праглядае няграматнасьцю. Кожны верш далёка адыходзіць ад папярэдніх сваёю суцэльнасьцю. Дзе і знаёмы памер — усё ж здаецца ён новым, калі адчуваеш усю яго дагледжаную вытрыманасьць.

Насьпелы колас гнецца к долу,
Вядзе вятрыска з ім гамонку;
І звоніць серп сталёвы звонка
У тахту з песьняю вясёлай…

Адмячаецца пабагачэньне тэм.

Поэта пачынаюць цягнуць да сябе і працоўныя напевы; але яшчэ цягне праца зямляробская, на ніве, на лузе, на прасторы, пад сонцам. Праца, якую ён бачыў у горадзе, на заводзе, якая глушыла яго сваім жалезным цяжкім шумам і сьвістам, якая душыла смуродам ды чадам, — гэта праца пакуль ня можа выціснуць з яго леры адпаведных напеваў.

У гучным стуку малатоў, у бразгу жалеза А. Гурло яшчэ ўсё бачыць дысгармонію, нявыразны гул стыхіі індустрыяльнага чудзішча. Але ўжо не баіцца яго, а прыглядаецца, прычуваецца, каб хутка прыняцца за апяваньне…

Праўда, для А. Гурлы ўсё яшчэ праца на полі хоць i цяжкая ды потная, затое прыхарошаная зеленьню, сонцам ды кветкамі, праца з з посьвістам касы, з матляньнем сярпоў, з песьнямі жніўнымі, — гэта праца, знаёмая песьняру, пралазіць у яго душу і трумціць струнамі леры.

Блішчаць на сонцы стальлю косы,
З касы зганяюць срэбра росаў,
Ў рады, у стройныя палосы
Кладуцца сьвежыя пракосы[26].

У палявой працы поэта бачыць урачыстасьць творчае сілы, уздым энэргіі, панаваньне здаровага пачатку. Праца на полі — са значнаю дозаю музычнасьці, з радасным настроем.

Не здарма ўсё выглядае перад ім у ружовых, жывых фарбах. Косы блішчаць, раса серабрыцца, даль ясьнее, мянташкі зычаць. Увогуле — усё пяе жыцьцю літаньню, высноўвае песьні нараджэньня. Здавалася-б, што пры касьбе — зелень замірае, вянуць кветкі, шарэе зялёны гал, ападае тэмп жыцьця — мусіла б павейваць сумлівым настроем, а тота-ж сум гіне ў адзнаньні разумнага погляду на натуральны процэс жыцьця, растае ў бразгу косаў і вяртаецца да вуха ў музычным зыкасплёту. Праца вытыркаецца пераважным момантам, вышэйшым пачаткам. Ня дзіва, што перад ёю, чакаючы яе прыходу —

Сьпелым звонам зазьвінелі каласы…
Шыр далёкая
І бунтуе, і хвалюе, і пяе;
Нейкай радасьцю і шчасьцем аддае…
Каласы
Чакаюць, калі прыдзе жняя жаць,
Калі будзе песьні жніўныя пяяць…

Гэтай парою пясьняр, наогул, жыцьцярадасна глядзіць на сьвет, на ўсё акольваючае яго. Як-бы нехта выпусьціў з яго душы балючы нарыў жуды, аблягчыў яе і ўдыхнуў здаровыя сокі энэргіі. З шэрае беспрасьветнае імглы ўхмыльнулася яскравае сонца, затапіла сваім праменьнем абшары і затрапятала яму калыханьнем радасьці. Поэта ў натхненьні ад летняй ночы, якая напоўнена сокамі жыцьця, асалодаю бытаваньня. Ён чуе яго рухі ў „зыку лістка і былінкі“ і ня можа самкнуці воч, бо —

Салодзіць ўсё і ўсё п‘яніць
І пах пасьпелай садавіны
І шум лістоў, як шэпт дзяўчыны.

Абураны прагаю жыцьця, ён „бачыць нейкі рай“, ня любіць красы каторага — грэх. Так бывае шчасьліва птушка, якую, пасьля доўгай няволі, выпусьцілі з клеткі.

Для А. Гурлы жыцьцё дарэволюцыйнай пары з усімі яго адваротнымі атрыбутамі, было няволяю. Ён гэта адчуваў, цярпеў ад гэтага, неміласэрна пакутаваў і ня меў надзеі прагледзець яго канца. Нечакана ўсё-ж канец прышоў — ды шумлівай хадою, з громам ды бураю, з маланкамі. І поэту выплеснула на прасторы, на волю, якой ён апіўся, набраўся натхненьня, азіяўся бляскам проміну. Адчыніліся шырокія відокі, і ён угледзеў, што сьвет апанавала бура новага жыцьця.

Але сама сутнасьць рэволюцыі, якая захапіла поэту ў свой вадакрут і, зразу не праняўшая дашчэнту яго душы, асазналася пасьля. Яна ўстала перад ім у поўнай сваёй статнасьці, магучай сілай, непаборнай будаўніцай новых форм, іншых адносін, крэпкіх падмураў сьветлых дзён панаваньня працы і вызваленьня толькі ў канцы 22 і пачатку 23 г. І яе хаду А. Гурло намаляваў у разыходзе буры:

Завыла бура, імчыцца полем,
Зьмятае сьмецьце, варушыць пыл…
Завыла бура — ёй шмат раздольля,
У ёй дастатак магутных сіл…
Завыла бура, ўзьнялась над вёскай
І рве салому з струхлеўшых стрэх…[27]

„Бура бунтуе хваляй абшар прастору i шырыць болей свой стромкі гмах“. Бура расчысьціла прасторны шлях да сьветлых даляў. Яны глянулі поэту ў вочы ня смутнымі ды нявыразнымі, а яркімі, пыхаючымі, жывымі вобразамі хараства. Яны ўжо пакінулі адводзіць гора і смутак, а сталі даваць бадзёрасьць, уліваць сілу ды натхненьне ў яго душу. І ў поэты гіне апатычная нярухомасьць, адчыняюцца на ўсе зрэнкі праглівыя вочы… Поэту хмеліць і бунтуе водырны пах моладасьці жыцьця, і ён дзерзка выгуквае:

Хіба я ня князь ўладарны
Над жыцьцём і над стыхіяй?

Горда зычыць з яго вуснаў рашучае слова чалавечай вартасьці, сілы і пераважнасьці над натураю. Прыгнечаныя рабы — гушчы працаўнікоў, з якіх і поэта, — скінулі няволю і сталі гаспадарамі жыцьця. Тут ён павяртае да заводу, да рабочага, да пролетарскай стыхіі. Ушчэнт разьляцеліся перад яго адзнаньнем фальшывыя легенды аб тым, што рабочы няздацен да творчай працы, што яго лёс і заданьні — працаваць згодна вуказцы „белай“ косткі. Не! Колектыўная сіла і воля працаўнікоў — адзіная аснова людзкога жыцьця ды яго поступу. І ў стукаце малатоў А. Гурло цяпер пачувае зусім новыя ноты — тыя-ж ноты ўрачыстасьці, што і ў буры ды навальніцы. Няхай яны страшныя, няхай сіберныя, але ўжо не для яго, не для рэволюцыянэра-ваякі. Калі ў 1913 годзе яны кавалі ланцугі, то цяпер разьбіваюць муку і няволю. Калі раней чуўся ў іх грукаце звон пагарды, то цяпер пяе блаславенства сьвяточнага звону.

Стукае молат паўднёвымі ўдарамі,
Суліць расстацца з мукай, з цяжарамі,
Будзіць палёт пачуцьця…

Сапраўды будзіць палёт пачуцьця і маніць поэту ў горад, у завод, туды, дзе калісьці ён мучыўся ды нудзеў. Цёмны, дымны, чадны — то ў мінулым. А цяпер — іншае. Завод — гэта горан, дзе гартуюцца моцныя душы. А ня то — завод — музыка, нават вясёлая, пераліўная, захапляючая. Пясьняр рашуча пачынае даходзіць да гэтага, пераконваецца. Пахіл да вясковай працы, пераважнасьць яе над працаю заводзкаю паступова меншае, і чым далей, тым з большай пільнасьцю Гурло пачынае прыслухоўвацца да зыкаў заводзкага жыцьця. У канцы 1922 году, якраз пасьля жніва, асаладзіўшыся „сьвістам касы ды сярпа“, поэта пражэ больш экстэнсыўнай працы, дынамікі, колектыўна-зьлітнай рытмікі рухаў і стукаў і бегу машын. Яго сэрца здрочыць адчуваць нясупыннае калыханьне. Ён чуе

Машынны звон, стальны,
Магутны, ён мой гоніць сон…

Там —

Скрозь дым і муць, куюць, куюць
Жалеза і чыгун…
А печы дзьмуць — агнём плююць…[28]

„Завод гудзе ў далі ад ніў ды сёл“. Але гэта нічога. Поэту кліча ў завод паравік, яго вабяць машынныя гукі, і ён сьмела заяўляе:

Дзе пануе на вуліцах змрок,
Я прарэжу яго, як маланкай,
Мне падуладны жалеза і ток —
Я прымушу стаць ноч пазаранкам.

Бо ў нашага песьняра адчуваецца ўжо сіла сьлесара-тварца, якая выяўляе незамерлае пачуцьцё свае роднасьці з заводам, з цяперашнім заводам, дзе не нявольнікі капіталу, а будаўнікі працоўнай дзяржавы. Даходзіць да таго, што А. Гурло сазнаецца, што любіць „фабрык пераклічку“:

Люблю я фабрык пераклічку,
Іх раньні гук, — Вядома працы мне прывычка,
Мазольнасьць рук!
Як толькі зьнікне з пазаранкам
Туман і цень,
Машынны зык ляпей шарманкі
Сустрэне дзень… Шчасьлівай долі ў ім надзея
І працы сьпех,
Яго музыкай душу грэю
Замест пацех…
Зброя для рук — мае мазолі,
А жылы — дрот;
Загэтым я кірую к волі
Свой гмах-палёт[29].

Гэтым і пазьнейшымі вершамі поэта выразна пачынае адкрываць свае пачуцьці пролетарскасьці. Ён становіцца цьвёрдаю ступою на шлях змаганьня за зацьвярджэньне новай работніча-сялянскай культуры. Выпрацоўваецца няхілкая, роўная лінейка яго далейшага разьвіцьця ў напрамку рэволюцыйнага поступу…

Ня будучы комуністым, ён, аднак, шчыльна падышоў да комуністычных ідэй і стаў шчырым падарожным. Савецкая ўлада — яго ўлада. Бо хто-ж, апроч яе, так шырока разьвінуў нацыянальную політыку? Хто даў мажлівасьць вольнага разьвіцьця беларускай культуры? Толькі комуністычная партыя, партыя рабочых. А. Гурло яскрава гэта адзнае і рад і шчасьліў за сваю радзіму, якую нямерна любіць і якой удзяляе добрую частку свае творчасьці!

Калі мы кажам, што ў творчасьці А. Гурлы адзначаецца новы пахіл, пахіл у бок „песень працы“, то гэта не гаворыць за тое, што ён хацеў-бы чуць іх „унепрастранства“, саміх па сабе. Не! А. Гурло сазнаецца, што ён рад-бы бачыць заводы ў сваёй краіне і чуць песьні „працы“ ў родных мэлёдыях. Затое ён нацыянальны поэта. Так! Нацыянальны элемент у творчасьці А. Гурлы праходзіць чырвонаю ніткаю, ня ўбывае да апошніх часоў. Краіна — Беларусь — як краіна працоўных гушчаў, раней, да яе вызваленьня, выклікала поэтаву спагаду, смутак настрою, скаргі і затаеную злосьць да прыгнятацеляў. Тады любіў яе поэта і шкадаваў. А зараз поэта любіць сваю радзіму, як калыску рэвалюцыі, як выспу, дзе будуецца вольнае жыцьцё. Любіць не пачуцьцём кутніка-абываталя, не пачуцьцём краявіка-шовіністага, а душою рэволюцыянэра-працаўніка, бунтаўшчыка-патрыёта. Так любілі комунары Францускую комуну, так любяць работніча-сялянскія масы свой СССР. Любяць, да гэтага, не плятонічна, ня словамі, а з пачуцьцём самаахвярнасьці. А. Гурло радуецца, што „ўжо час ліхі мінуў“, што „зацьвітае ўжо красою наша бацькаўшчына-маць“. Ён жадае селяніну „жыць у гэтую пару“. А краіну блаславіць з рэволюцыяй, з вызваленьнем:

Весяліся, край-старонка,
Пасьля горкай долі,
Сьпявай песьню сваю звонка
Ў хаце, ў лузе, у полі,
Хмары згінулі на небе,
Сонца сьвеціць з высі;
Ў чорназём і тлусту-глебу,
Край мой, убярыся!
Распачні з ахвотай працу
На заросшай ніве,
Замест хатаў — строй палацы
Новых дзён шчасьлівых;
Бо даволі ў цьме блудзілі,
Гінулі бясконца…
Зацьвітай-жа, край, красою,
Як вясною кветкі!
Гостры плуг і серп з касою
Пройдуць хай палеткі![30]

Доля радзімы, Беларусі — доля поэты. Шчасьце і воля працоўных мас — яго воля і шчасьце.

Новаю думкаю душу парадую,
Новай, нязнанай надзеяй уп‘юся —
Край мой родны к жыцьцю ўзварухнуўся.

Пэўна, што да рэволюцыі ён ня жыў, а марнеў, безварухна стаяў на адным месцы. А цяпер узварухнуўся, і А. Гурло стараецца прылажыць сваю долю працы, долю сваёй энэргіі для таго, каб гэты ўзварух ня спыняўся, не аслабяваў. Ён хоча ўсімі фібрамі свае шчырае душы давясьці сваю краіну да культурнага, экономічнага і гаспадарчага ўзроўню апярэдзіўшых яе краёў. І адзнае, што гэта будзе тым хутчэй, чым хутчэй Беларусь пакрыецца гігантамі-заводамі, калі над яе ціхімі прасторамі панясецца гул малатоў, песьні сырэн, калі заўюцца пукі чорнага дыму. Малаты выкавалі рэволюцыю — малаты выкуюць культуру. Ня трэба быць тэорэтыкам экономічных ведаў, каб спыніцца на гэтым прогнозе. Рабочы (а А. Гурло — рабочы) жыцьцём пераконаны ў гэтым. І чым далей, тым больш і больш сымптомаў за тое, што наш поэта паварочвае сваю творчасьць у бок гарадзкое стыхіі. Нашчупвае грунт да дасканалай пролетарскасьці. І яму ўдаецца гэта. Цьвярдыня, вагкасьць, гучнасьць выразьнеюць у яго строфах. Пераймаецца сугучча тых ці іншых процэсуальных тонаў пры рабоце і ўдала перакладаецца ў склады вершаў:

А стружка, нібы ўюн,
Варштат грызе… Яна паўзе
З зубоў яго на дол…
Аж пот ідзе… Завод гудзе…

Рэальны вобраз — жывы вобраз. Бо А. Гурло ў апошнія часы — поэта рэволюцыйна-рэалісты. Яго завод прымацован да зямлі, зямля-ж злучана з ім блізкасьцю і роднасьцю працы. Яго праца — з акрэсьленай мэтай, праца дзеля збагачэньня зямлі, для яе вытворчага гадаваньня больш багатай прыгожасьці.

А. Гурло, аддаючы ўсё большую ўвагу элемэнтам пролетарскасьці, пакуль не пераходзіць граніц і ня кідаецца ў прасторы бязьмежнасьці ў гэтым напрамку. Пакуль яго рабочы — не адарваны ад прыроды, не абяздушаны, не перавернуты ў шрубу вагромністай машыны. І гэта — добрая адзнака. Спыніўшыся на гэтым, поэта сумее астаяцца і мець здаровую точку гледжаньня. Расійская поэзія ўжо перажыла гэты ўхіл, выразна вытыркшы яго ў 1919 і 20 годзе. Сьвет — бяздушная фабрыка, — вось яго аснова. Чорная і цяжкая. Як ня цікавен завод, якава-б ня была захопліваючай і ўздымнай праца ў ім, рабочаму хочацца адвясьці душу ў шумлівым лесе, на беразе рэчкі, на лугу ўквечаным, між густога жыта. Вось чаму А. Гурло і стараецца паяднаць гэта пачуцьцё ў вадным твары. Хоча абхарошыць, авільжыць сокамі шарыя, чадныя і сухія шкілеты сьцен і машын у заводзе. Хоча вобраз прастораў умясьціць у чатырох сьценах… Гэта цікава… Далейшае пакажа, як пойдзе яго разьвіцьцё на новым шляху і як сумее на ім утрымацца пясьняр. А пакуль мы радзім трымацца менавіта гэтага шляху. Мы радзім кінуць хістаньні і озіркі на самотныя развагі ды на любоўныя палотны. Яны не ўдаюцца поэту. Слабы, бяз плястыкі, бяз сочнасьці. Быў час, аддаў увагу — і годзі. Беларуская поэзія мае пэрлы гэтага жанру ад іншых поэтаў, якія і часам і талентам вышукалі іх досыць. Песьні каханьня Янкі Купалы цяжка перасягнуць здольнасьцю і прыгожасьцю. Вядома, гэтым мы ня думаем сказаць, што ў А. Гурлы нічога каштоўнага не напісана на адзначаныя тэмы. У адпаведным аддзеле яго зборніка „Барвенак“ — „Чары каханьня“ — ёсьць ня дрэнныя вершы, але яны напісаны як быццам бы між іншым, у вольны ад працы час, на пасьля, і таму — шмат слабейшыя за вершы на грамадзянскія тэмы. У іх не выглядае вялікай здольнасьці, бракуе ў іх і індывідуальнага пачуцьця. Занадта шмат вытыркае запазычаньняў, а дзе сваё, уласнае — там сочны прымітывізм як у форме, гэтак і ў рытме. Не пакрыўдзіцца поэта, калі мы скажам, што ён сам адвёў сваім малачароўным „чарам каханьня“ скупа месца ў „Барвенку“. З адзнаньнем іх другараднасьці, на добры лад яму ня трэба было-б даваць і таго, што дадзена з гэтага аддзелу; тады зборнік вышаў-бы больш цэльным і закончаным.

А. Гурло пераважна поэта прастораў і надзей. У апошнія часы яго разьвіцьцё нормальным парадкам сягае далей, уступіўшы ў рэволюцыйна-пролетарскае ўлоньне. Гэта натуральная хада поступу. Прымаючы пад увагу пору поўнасільля поэты — яму толькі перайшло за 35 — можна спадзявацца бачыць ад яго шмат каштоўнага для беларуска-працоўнае літаратуры. Тым болей гэта можа быць, калі ён не палянуецца папрацаваць над сабою з боку пашырэньня свайго вокагляду і з боку больш пільнай апрацоўкі свае мовы і тэхнікі вершаскладаньня.

Паступовае разьвіцьцё А. Гурло знамянуе нясупыннае разьвіцьцё беларускае літаратуры ў агульным ахопе і ў абасобленасьці да кожнага аўтара, а гэта сьведчыць ёй багатыя мажлівасьці. Дык вось — у надзеях над прасторамі!

Полымя№ 3 за 1924 г.


  1. Прыведзеныя словы бярэ А. Пагодзін з пісаніны Е. Карскага.
  2. А. Гурло. Вершы. „Маладая Беларусь“. Сшытак 3. Ленінград. 1913 г.
  3. Там-жа.
  4. Маладая БеларусьВершы.
  5. Там-жа.
  6. Маладая Беларусь“ — Вершы.
  7. Барвенак“, стар. 14 — верш ад 1914 г.
  8. Там-жа, стар. 13.
  9. Барвенак“, стар. 20.
  10. Там-жа, стар. 23.
  11. Там-жа, стар. 14.
  12. Завод, на якім працаваў А. Гурло да салдатчыны.
  13. Барвенак“, стар. 125.
  14. Барвенак“, стар. 128.
  15. Барвенак“, стар. 134.
  16. Барвенак“, стар. 135.
  17. Па крайняй меры сярод надрукованых вершаў ні адзін не пазначан гадамі 1918, 1919 і 1920.
  18. Барвенак“, стар. 133.
  19. Там-жа, стар. 42.
  20. Барвенак, стар. 9.
  21. Там-жа.
  22. Барвенак“, стар. 46.
  23. Там-жа, стар. 65.
  24. Там-жа, стар. 143.
  25. Барвенак“, стар. 121.
  26. Барвенак“, стар. 94.
  27. Барвенак“, стар. 110.
  28. „Барвенак“, стар. 206.
  29. Барвенак“, стар. 210.
  30. Барвенак“, стар. 159.