Жывыя акорды

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Жывыя акорды
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
Крыніца: http://litby.com/stihi/charot.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Спакойна спі, пясняр, далёка на чужыне...
Нашто пакінуў край, які быў сэрцу міл?
Ці, можа, ты хацеў, каб на палях краіны
Стаяла менш крыжоў і менш было магіл?

Кахаў ты родны край, дзе цемра, здзек пануе;
З народам плакаў ты, як лепшы яго сын...
Цяпер ты замаўчаў... А ўсё ж акорды чуе
Гаротны люд... Не змоўк іх дзіўны гімн.

Ў акордах чуюцца ўсё сумныя напевы;
Адбітак тваіх дум - у іх можна ўгадаць,
Шмат жальбы ў іх чуваць, і радасці, і гневу.
І звоны ланцугоў нявольніка чуваць.

Ты спевам разбудзіў народ свой напрадвесні,
Якому на алтар свой дыямент прынёс...
Яшчэ акорд не змоўк тваёй прыгожай песні,
Хоць струны абарваў жыцця паганы лёс.

Лье слёзы па табе народ, і гай, і поле
І вераць у прамень, які ты ўсім паслаў...
Акорды будуць жыць - твой дар, паэт, - на волі,
А з імі будзе жыць, хто плакаў і стагнаў...

(1920)