Вечарам (Чарот)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Вечарам
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1920



Хавае змрок у небе хмары.
Агонь ён паліць вечных зор;
Глядзіцца месяц у выгары,
Дзе не змаўкае жабаў хор.

Не хіліць вецер куст ракіты,
Не свішча сумна, як удзень…
На гай, на поле і на хаты
Спаўзае ночы лёгкі цень.

Туман бялее над балотам,
Дзяргач завёў траскучы спеў,
Жукі лятаюць па-над плотам,
Жывёла йдзе з пагону ў хлеў…

Ідуць ад працы ў вёску людзі,
Дзяўчаты, хлопцы, мужыкі,

І гукі песні роднай льюцца,
Як хвалі быстрай той ракі…

Змаўкае спеў… Вось ночы ціша
Нясе ўсяму святы спакой…
А сэрца доўга мне калыша
Твой сумны спеў, край родны мой.

1920