Я мужык-беларус…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Я мужык-беларус…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1905—1907
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/669


Я мужык-беларус, —
Пан сахі і касы;
Цёмен сам, белы вус,
Пядзі дзьве валасы.

Бацькам голад мне быў,
Гадаваў і карміў,
Бяда маткай была,
Праца сілу дала.

Хоць пагарду цярплю, —
Мушу быць глух і нем;
Хоць сьвет хлебам кармлю, —
Сам мякіначку ем.

Зь цяжкай працы маей
Карыстаюць усе,
Толькі мне за яе
Няма дзякуй нідзе.

Глянь, высокенькі бор,
Вокам нельга прабіць;
Загудзеў мой тапор, —
Як блін поле ляжыць.

Сошку з вышак сьцягнуў,
Кабылічку ўшчаміў,
Плечы трохі прыгнуў, —
Лес на пахань зрабіў!

Дый засеяў кусок,
Потым з жонкай пажаў…
Пан пшанічкі тачок —
Люба глянуць — наклаў.

Дык вось, людцы, які
Я мужык-беларус!
Пад ілбом сінякі,
Цёмен сам, белы вус.

Эй, каб цёмен ня быў,
Чытаць кніжкі умеў, —
Я б і долю здабыў,
Я б і песенькі пеў!

Я б патрапіў сказаць,
Што і я — чалавек,
Што і мне гараваць
Надаела ўвесь век.

(1905—1907)