Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Я мужык-беларус…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З песень беларускага мужыка Я мужык-беларус…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
На старую ноту
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я мужык-беларус…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я МУЖЫК-БЕЛАРУС…

Я мужык-беларус, —
Пан сахі і касы;
Цёмен сам, белы вус,
Пядзі дзьве валасы.

Бацькам голад мне быў,
Гадаваў і карміў,
Бяда маткай была,
Праца сілу дала.

Хоць пагарду цярплю, —
Мушу быць глух і нем;
Хоць сьвет хлебам кармлю, —
Сам мякіначку ем.

З цяжкай працы маей
Карыстаюць усе,
Толькі мне за яе
Няма дзякуй нідзе.

Глянь, высокенькі бор,
Вокам нельга прабіць:
Загудзеў мой тапор, —
Як блін, поле ляжыць.

Сошку з вышак сьцянуў,
Кабылічку ўшчаміў,
Плечы трохі прыгнуў, —
Лес на пахань зрабіў!

Дый засеяў кусок,
Потым з жонкай пажаў…
Пан пшанічкі тачок —
Люба глянуць — наклаў.

Дык вось, людцы, які
Я мужык-беларус!
Пады лбом сінякі,
Цёмен сам, белы вус.

Эй, каб цёмен ня быў,
Чытаць кніжкі умеў, —
Я-б і долю здабыў,
Я-б і песенькі пеў!

Я-б патрапіў сказаць,
Што і я — чалавек,
Што і мне гараваць
Надаела ўвесь век.