Я мужык беларус, —
Пан сахі і касы;
Цёмны сам, белы вус,
Пядзі дзьве валасы.
Бацькам голад мне быў,
Гадаваў і карміў;
Бяда маткай была,
Праца сілу дала.
Хоць пагарду цярплю,
Мушу быць глух і нем.
Хоць сьвет хлебам кармлю,
Сам мякіначку ем…
З цяжкай працы мае
Карыстаюць усе,
Толькі мне за яе
Няма „дзякуй“ нідзе.
Глянь: высокенькі бор, —
Вокам нельга прабіць, —
Загудзеў мой тапор,[1] —
Як блін, поле ляжыць!
Сошку з вышак сьцягнуў,
Кабылічку ўшчаміў,
Сьпіну трохі прыгнуў, —
Лес на пахань[2] зрабіў!
Дый засеяў кусок,
Потым з жонкай пажаў.
Пан пшанічкі тачок,
Люба глянуць, наклаў.
Так вот, людцы, які
Я мужык беларус:
Над ілбом сінякі,
Цёмны сам, белы вус
Эй, каб цёмны ня быў,
Чытаць ксёнжкі[3] умеў, —
Я-бы долю здабыў.
Я-бы песенькі пеў!
Я-б патрапіў сказаць,
Што і я — чалавек,
Што і мне гараваць
Надаела ўвесь век!..
|