Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/IV/Б/Власт
Власт Крытычна-біяграфічны артыкул Аўтар: Ігнат Дварчанін 1927 год |
Лебядзіная песьня → |
Пад гэтым псэўдонімам піша вядомы беларускі дзеяч Вацлаў Ластоўскі (скарочана — В. Ласт). Вызначыўся галоўна, як палітычны дзеяч, выдавец шмат якіх кніжак і падручнікаў і як аўтар некалькіх прац з галіны беларускай гісторыі і лінгвістыкі („Гісторыя Беларусі“, „Гісторыя беларускай кнігі“, „Руска-крыўскі (беларускі) слоўнік“ і інш.
У галіне краснай літэратуры вядомы, як аўтар некалькіх расказаў з сялянскага жыцьця і апрацаваных ім народных легендаў.
Расказы Власта адзначаюцца жывасьцю, вобразнасьцю, гумарам, знаньнем сялянскага жыцьця. Відно імкненьне прыблізіць сялян да інтэлігенцыі, улажыць часам думкі апошняе. У апрацаваньні легендаў інтэлігэнцкая тэндэнцыя выступае яшчэ болей. Зачапляюцца пераважна такія тэмы і апрацоўваюцца такім чынам, што беларуская інтэлігенцыя бязумоўна з ахвотай іх прачытвае. Гэтаму памагае запраўдная поэзія расказаў і апрацовак.
У апошні час у часопісі «Крывіч» зьяўляюцца і вершы В. Л. Аднак яны стаяць ніжэй прозы аўтара.
В. Ластоўскі нарадзіўся 1883 г. 20 кастрычніка ў засьценку Калесьніках, Дзісьненскага павету. Бацькі, Юстын і Ганна, належалі да клясы дробных арандатараў-земляробаў (безьзямельных). Першыя пачаткі граматы дастаў дома. Народную школу скончыў у Пагосьце, таго-ж пав. 1904—5 г. хадзіў, як піша аўтар, „на зайцы“ слухаць лекцыі ў Петраградзкі унівэрсытэт. У 1906 г. пробаваў дзяржаць экзамін на атэстат сьпеласьці ў Рызе, але «зрэзаўся» па расейскай мове.
Ад 1909 да 1914 быў сэкрэтаром рэдакцыі „Наша Ніва“ (у 1912 і 1913 г. — фактычным яе рэдактарам, як і час. „Саха“, пакуль яна выходзіла ў Вільні).
У 1902 г. уступіў у Польскую Соцыялістычную Партыю Літвы і Беларусі. 1906 г. перайшоў у Беларускую Соцыялістычную Грамаду, у якой быў да 1908 г.
Вясной 1919 г. ўступіў у Беларускую Партыю Соц-Рэволюцыянэраў і ўвосені тога-ж году пасьля расколу ў Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі абраны на старшыню Рады Міністраў. 1923 г. вышаў з складу Ўраду. Да апошняга часу быў на чале беларускае выдавецкае працы ў Літве і фактычным рэдактарам часоп. „Крывіч“[1].
|
- ↑ з аўтобіографічнага ліста, надасланага для „Хрэстаматыі“.