Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/IV/Б/Власт/Мост у Кутох
← Лебядзіная песьня | Мост у Кутох Апавяданьне Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1927 год |
Сож і Дняпро → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мост у Кутах. |
Мост у Кутох.
Куты — засьценак, якіх немала сустрэнеш, едучы трактам з Вільні ў Полацк; — толькі нашы Куты папраўдзе ляжаць у куце паміж рэчкай і лесам, вярсты на тры ў бок ад гасьцінца.
Вось у гэтых кутных Кутох жыло калісь двое гаспадароў: Рыгор Задзірака і Тамаш Няўступака. — Жылі, хлеб жулі,[1] — сварыліся, мірыліся, на кірмашу выпівалі, на вясельлях гулялі, на хаўтурах плакалі; ну, а калі дзела даходзіла да чубоў, то церабілі адзін аднаму. Словам, жылі, як бацькі, дзяды, і былі здаволены жыцьцём, сабой і сваімі Кутамі.
Хаты нашых гаспадароў стаялі абапал рэчкі, — адна на адным беразе, на ўзгорку, другая на другім, ды так сама на ўзгорку, і былі падобны да сябе, як дзьве родныя сёстры, з тэй толькі розьніцай, што Рыгорава раніцай зерыла на Тамашову чырвонымі ад сонечнага сьвету вокнамі, а Тамашова — вечарам. Значыць, з хатамі ўсё ў парадку было, але вось з зямлёй куды горш: бо Тамашоў клін ляжаў за рэчкай на Рыгоравым баку, а Рыгораў клін на Тамашовым баку. З гэтага відаць, што, каб праехаць з возам ці перагнаць жывёлу праз рэчку, патрэбен мост. Мост такі быў. Прадзедамі яшчэ быў будаваны з дубовых круглякоў, цяжкі і крэпкі. Але ўсё мае свой век. Дажыў яго і кутоўскі мост: аднэй вясны вада падмыла зруб, і мост — бэлечка за бэлькай — памандраваў у сьвет далёкі.
— Пайшоў мост упрочкі, толькі тэй бяды — казалі суседзі — ў брод пераедзем!
І езьдзілі ў брод усю вясну, але пасьля вясны, адвечным звычаем, прыйшло лета, трэба было вазіць сена, а з возам ня тое, што ўлягку: калёсы загразнуць, і — ні ўзад, ні ўперад! Ведалі гэта добра суседзі і не памыкаліся ехаць з возам праз брод, але і ня браліся будаваць маста. Рыгор казаў, што правіць мост павінна земства. Тамаш ня верыў у земства, але ўсю надзею пакладаў на двор: „За прыгону з панскага загаду мост будавалі“, — казаў ён, апіраючы гэткім спосабам свае права на даўнасьці. Але ні двор, ні земства ня прыходзілі з падмогай у Куты, бо мост ляжаў на зямлі гэтых двох гаспадароў і ім толькі самім патрэбен быў.
А час не стаяў, але ўсё плыў і плыў, маўляў тая рэчка. Не агледзеліся, як і Спас надыйшоў, а маста, як ня было, так ня было. Збожжа і сена ўсё яшчэ стаялі ў полі нязьвезеныя на пацеху мышам і варонам. Кутоўцы, страціўшы веру ў земства і двор, пачалі між сабой сварыцца, каму з іх двох трэба мост будаваць. Кожны панукаў другога, а другі ўпіраўся. Сваркам канца ня было; завялі справы ў судох, але, пакуль што, час плыў: трэба было ўжо ярыну вазіць, жыта малаціць, а тут рэчка ад дажджоў частых, як на злосьць, разьлілася шырэй, а стагі і мэндлікі[2] ўсё пахмурней паглядалі на гумны. Глумілася дабро.
Гаспадаром шкада было сваей працы: злосьць даўно перакіпела, цяпер ужо суседзі больш вінавацілі парадкі на сьвеце, чымсьці сябе. Шкадавалі адзін аднаго, але ня ведалі, як бядзе памагчы. У суды, у воласьць і да земскага езьдзілі разам, разам дабіваліся праўды, разам залівалі гора сваё манаполькай, але ўсюды спатыкалі адзін адказ, што гэта іх суседзкая справа, бо мост на іх зямлі ляжыць, больш нікому не патрэбен. Рыгор з Тамашом гэта ведалі, але ім ішло аб тое: хто яго павінен правіць? Ім адказывалі, што яны самі павінны.
— Добра! Але дзе-ж загад? — пыталіся.
Загаду ня было.
Раз у суботу зыйшліся Тамаш з Рыгорам каля броду, селі на каменчыку і пачалі гутарку. Гутарка іх была поўна жоўці: чулі яны кроўны жаль да ўсяго і ўсіх на сьвеце, чулі, што крыўда ім робіцца, але не маглі прыдумаць ратунку, не маглі згадаць, скуль на іх ідзе ўсё гэтае няшчасьце?
— Вось, часы насталі! — бедаваў Тамаш — дыхаць цяжка людзём на сьвеце, праўды нідзе ніякай!
— Дзе цяпер праўды шукаць?! Даўней — дык начальства было, важнае начальства… Узяць хоць-бы даўнейшага нашага пасрэдніка. Суд і праўда напагатове ў яго!.. Раз, два і гатова!..
— На што там пасрэднік, — ня было лепшага парадку, як, вечны пакой яму, пры нябожчыку пану старым. Пазаве эканома, жыва табе і загад і каманду прыпісаць загадае…
— Нішто челавек быў — пахваліў Рыгор.
Тамаш, пыкаючы люльку ў задуме, як бы прыпамінаючы нешта казаў:
— Балюча білі!
— Дык што, што балюча, — але парадак быў, лад быў, а цяпер што?..
Рыгор сярдзіта плюнуў у старану.
— Даўней прыйдуць к табе і паглядзяць, ці ўсё ў парадку, а цяпер ты да іх ідзеш і то праўды няма ніякай: во’ калі часы насталі!..
— Ня толькі часы, а і людзі зьмяніліся. Гэта-ж даўней прыйдзе вураднік, то такога крыку наробіць, з хаты ўсіх павыганяе.
— А і цяперашні нішто; ён таксама зарадны[3] чалавек…
— Можа-б ён нам раду якую даў? — гануў Тамаш з бліскам надзеі ў вачох.
— Дык чамуж-бы не?..
Гаспадары ажывіліся, бліснула іскра надзеі ў іхнім безнадзейным палажэньні. Наладзіўшы Хутка каляску, яны паехалі ў мястэчка да вурадніка.
Вураднік сьпярша ніяк ня мог уцяміць, аб што ім ідзе, але, зразумеўшы, абяцаў[4] сваю помач.
Сялянам весялей зрабілася на сэрца, поўныя надзеі і веры ў вурадніка ехалі дамоў.
На другі дзень соцкі прынёс бумагу[5] ў Куты ад вураднікаў, у каторай пісалася, каб да суботы другой на руме[6] былі зьвезены ўсе матар’ялы, патрэбныя на мост, а ў суботу, каб работнікі чакалі з тапарамі і піламі вурадніка.
Тамаш пробаваў казеліцца,[7] што мала часу да суботы, але Рыгор перапыніў яго, паказываючы паперу:
— Бачыш, што ў бумазе напісана? Ну, то і няма што валаводзіць!
У другую суботу матар’ялы былі ўсе зьвезены і суседзі з парабкамі з досьвіткаў чакалі вурадніка.
Каля сьнеданьня над’ехаў вураднік. З голымі галовамі, камечучы ў руках шапкі і нізка кланяючыся, гаспадары віталі яго. Саскочыўшы з каламажкі, вураднік перш-на-перш злаяў іх. Лаяў за тое, што матар’ялы не такія, пасьля лаяў, што дагэтуль нічога не зрабілі яшчэ, а там яшчэ за марудную работу, за ўсё пакрысе. Гаспадары ўслухаліся ў лайку гэту, як у бацькоўскую навуку, і, бесканечна цешучыся, працавалі да поту. Мост на вачох рос, а да вечара гатоў быў зусім. Засьцянкоўцы таксама расьлі ад радасьці.
Справіўшы пачастунак і выпіўку таму, хто-ткі вывеў іх з бяды, Рыгор праводзіў праз новы мост Тамаша дамоў і не без фанабэрыі ў голасе пытаў:
— А што, суседзе, хітра я прыдумаў?
— Хітра! — патаківаў[8] Тамаш, з пашанай углядаючыся на Рыгора.
- ↑ Жавалі.
- ↑ Копы ў 15 снапоў (чэцьверць капы).
- ↑ Умее даць рады.
- ↑ абяцаць — Заходняславянізм, полёнізм. Праслав. — *обѣт+++ать(н). У нас мела-б быць — абячаць. Але так зусім ня ўжываецца. Ёсьць — дакляраваць, прыракаць.
- ↑ Рус. — паперу
- ↑ Бераг ракі.
- ↑ Упірацца (па казьлінаму).
- ↑ Правільней — патураў.