Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/IV/Б/Власт/Лебядзіная песьня

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Власт Лебядзіная песьня
Апавяданьне
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1927 год
Мост у Кутох
Іншыя публікацыі гэтага твора: Лебядзіная песьня (Ластоўскі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Лебядзіная песьня.

Хмарнае асеньняе неба плакала ільдзістымі сьлязамі, калі Рыгора Лежню выпраўлялі з хаты ў сьвет далёкі, у маскалі. Вецер гудзеў у голых галінах крывой бярозкі, што, пахінуўшыся, стаяла каля варот. Гаманілі суседзі. Яшчэ раз на парозе матка абняла яго і зрасіла сьветлыя, як лён, валасы сваімі сьлязамі; яшчэ раз Рыгор, стаўшы на калені, пацалаваў родную зямельку і, выціраючы рукавом белай сьвіткі сьлёзы, вышаў на ганак.

— Прашчайце, суседзі! Прашчай, маці! — прагаварыў ён здушаным голасам, трымаючы ў руках шапку.

Каля варот, у куточку, як калінка, стаяла Гануля. Прышла папрашчацца з Рыгорам, а сьлёзы так і коцяцца з блакітных вочак. Рыгор на’т падышоў да яе і, абняўшы, крэпка пацалаваў у самыя вусны.

— Прашчай, Гануля, чакай мяне!

— Вяртайся, сынок, не забудзься нас у чужой старонцы! — прычытвала праз сьлёзы старая маці.

Сеў на сані. Сані лёгка памкнуліся гасьцінцам у старану цёмнага бору. Матка з Гануляй доўга стаялі на дарозе і глядзелі ўсьлед за санямі; абедзьве птушкай гатовы былі ляцець за ім, абедзьвюх адно гора лучыла.

Рыгора паслалі адбываць службу ў Піцер[1]. Сьпярша цяжка яму было там. Сэрца рвалася дамоў, да сваіх, але павіннасьць трымала[2]. І-ткі памаленьку прывык. Найгорш-то з мовай бывала: не патрапіў гаварыць паіхнему; сьпярша, дык сьмяяліся але наламаўся. Муштры скора паняў[3], артыкулы стрэльбай лепш ад усіх выкідваў. А калі, бывала, пачнуць песьні салдацкія сьпяваць, то ніхто так зычна, так ёмка, ад душы ўсей не пяяў, як наш Рыгор. На другі год нашыўкі далі яму і другіх муштры вучыць загадалі. Бывала, як прыгоняць навабранцаў, — паміж імі бывалі і Рыгоравы землякі, м дык ніхто ня ўмеў так дакучаць ім за іх простую гаворку, як Рыгор.

Шэсьць гадоў служыў. З новым жыцьцём звыкся. А за гэты час дома маці памёрла, брат ажаніўся, толькі Гануля ўсё яшчэ чакала яго. Але не паехаў Рыгор дамоў: у Піцеры дворнікам служыць застаўся.

Вясёлы горад Піцер той! Народу процьма, дзіваў усялякіх ліку няма! Служба няцяжкая, — сыт заўсёды, адзет заўсёды, жыцьцё — дый толькі!

Дваццаць гадоў служыў Рыгор дворнікам у Піцеры, дваццаць гадоў раніцай і ўвечары падмятаў адну і тую-ж вуліцу, па адных і тых самых лесьвіцах[4] насіў дровы, у аднэй і тэй самай браме вартаваў начамі. Каля паноў усялякіх ходзячы, яшчэ больш павагі набраўся Рыгор.

А раз, як з таго самага сяла, з якога і Рыгор быў, прыехала адна дзяўчына да паноў на службу, то Рыгор розныя кепствы[5] падпускаў на яе гутарку і, хоць любіў з ёй гукаць аб сваёй старане, але шчыра сароміўся гутарыць з ёй пры людзях.

У тэй кватэры, дзе служыла Рыгорава зямлячка, жылі адны вельмі багатыя паны. Кватэру займалі вялікую — шэсьць вакон з надворку і шэсьць вакон на вуліцу выходзіла; увесь другі паверх займалі. А вуліца была шырокая, людная; увечары каляскі і карэты ракой проста цякуць, а сярэдзінай — узад і ўперад шые трамвай, як жук вялікі выглядае здалёку; народ выходзіць і ўваходзіць, а электрычныя ліхтарні, як месяцы ў поўні, усю гэту раку людзкую заліваюць млечным[6] сьветам. Любіў Рыгор гэту вуліцу, любіў увіхацца на ёй паміж карэт і калясак, падмятаючы ўвечары, калі на ёй быў найбольшы рух.

Раз пад вясну дзень быў пагодны, на дварэ стаяла адліга, і народу на вуліцы было многа. Рыгор вышаў падмятаць. На душы яго неяк было радасна, лёгка.

Вокны на другім паверсе былі насьцеж расчынены, у сярэдзіне гарэла сьвятло і адтуль даносіўся голас скрыпкі. Гэта зьдзівіла Рыгора: там раней ніхто ня йграў на скрыпцы. Граньнё плыло з вакон нейкае жаласьлівае, знаёмае, недзе чутае… Пачаў услухоўвацца. Скрыпка быццам гаварыла нешта, нечым жалілася… „Так зусім іграў Пранук, даўно, там — на вёсцы“, — успомніў Рыгор… А ў скрыпчыную жальбу ўплятаўся нэйчы звонкі галасок. Вясёлы, звонкі галасок гэты знаў Рыгор: гэта сьпявала паненка. Толькі цяпер яна пяе нешта іншае, не такое, як заўсёды, — слоў яе за грукатам конскіх капытоў і званкоў трамвайных ня мог дачуць Рыгор. Апёршыся левай рукой на мятлу, а ў правай трымаючы бляшаны коўш, Рыгор услухаўся ў песьню, якая дзіўна казытала яго сэрца. Але вось пачуўся нейчы зычны мужчынскі голас, а разам з скрыпчынай жальбой паплыла поўная задумы, добра знаная, але чужая гэтай вуліцы песьня:

… Ой пайду я лугам, лугам,
Дзе мой мілы гарэ плугам!

Ясна, ёмка плылі словы з адчыненага вакна. У Рыгора як-бы гром ударыў. Дзе ён чуў гэтую песьню? Дзе?.. Прыпамінаў сабе. Сэрца моцна[7] ўдарала ў грудзёх. А песьня далей плыла:

І наеўся і напіўся,
Сеў на плуг ды засмуціўся,
Сеў на плуг ды засмуціўся!!..

аддалася рэхам закацістая апошная зваротка.

„Гэта-ж маці сьпявала песьню гэту!“ — успомніў Рыгор.

Так, гэта маці сьпявала, шаптала нешта, і думкі панясьлі яго ў родную вёску. У вачох памутнела, адступіліся думы недзе ўдаль… І здалося яму, што гэта стаіць ён не сярод вуліцы, але сярод поля, а кругом шуміць жыта насьпелымі каласамі. Маці йдзе мяжой, а ён побач. У маткі на левым плячы перакінуты серп, а правай рукой вядзе за руку яго.

Каляскі каціліся шпарка — адна за аднэй, і гразь вылятала з-пад гумілястыкавых колаў. Але Рыгор ня бачыў гэтага: яму здавалася, што гэта буйная раса асыпаецца на твар, што гэта не трамвай звоніць, а начлежнікі з песьнямі гасьцінцам едуць і пяюць. Скрыпка плакала, ліўся зычны мужчынскі голас і шмат іншых галасоў уторыла яму. „Гэта за гаем дажынкі“, — думаў Рыгор. І калыхалася песьня, а другі голас пачаў:

… А дзе тая крынічанька,
Голуб дзе купаўся,
А дзе тая дзяўчынанька,
З каторай кахаўся?

Цяпер здалося Рыгору, што гэта не на полі стаіць ён, а на парозе хаты сваёй, і маці не пяе, а плача, убіваючыся па ім; а з хмарнага неба падаюць ільдзістыя каплі на твар яму і Ганулі, што, як тая калінка, стаіць пад варотамі і плача. Маці на парозе крычыць нема: „Вярніся, вярніся!“ А яму сьлёзы здушылі горла, і ня можа адказаць. ёй…

Гэта крычаў фурман карэты: „Эй, сьцеражыся, сьцеражыся!“.

Рыгор не ўсьцярогся. Прабегла праз яго парка коняў, пераехала карэта. Й яму здавалася, што ён падае на зямл., каб яшчэ раз пацалаваць яе…

.   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .   .

І ў бальніцы ня прышоў Рыгор да сябе. Дактары сшывалі паломаную нагу і зьвязвалі пабітую галаву, а ён маячыў роднай вёскай сваёй; прашчаўся з ёй, з маткай, з Гануляй, цалаваў зямлю… Муштры вучыў салдатаў, то зноў зрываўся, каб услухацца ў песьню, што плыла з вакон другога этажа[8]. Сястра міласэрная клала руку на яго галаву і ўспакаівала, а яму здавалася, што гэта матка гладзіць яго, то зноў пяе сваю ўпадабаную песьню, а ён уторыць ёй голасна, голасна…

І наеўся і напіўся…

Пяяў. Было яму лёгка, добра… Захваціў поўныя грудзі паветра, каб яшчэ галасьней крыкнуць за маткай; радасьць разьлілася па твары… пацягнуўся і… змоўк.

Міласэрная сястра сплюснула яму вочы і, нацягнуўшы белую пасьцілку, закрыла твар, шэпчучы: „вечны спакой яму“.



  1. Пецярбург, цяпер — Ленінград.
  2. трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
  3. Русіц. — зразумеў.
  4. Сходах.
  5. Жарты, насьмешкі.
  6. Пабел. — малочным.
  7. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  8. Пабел. — паверхую