Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/IV/Б/Власт/Каменная труна

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сож і Дняпро Каменная труна
Апавяданьне
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1927 год
Юга і Грамавік
Іншыя публікацыі гэтага твора: Каменная труна.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Каменная труна[1].

Непадалёк ад места Дзісны, з правай стараны тракту[2], што ідзе з Дзісны на Гарманавічы, праяжджаючы, убачыш стромкую, кучамкаватую горку, заросшую лесам. Горка гэта акружана топкім балотцам, а на версе яе, на самым шчыце ляжыць вялічэзная каменная труна. Калі, хто і на якую памятку палажыў там гэную труну, гісторыя ня ведае, а народны сказ перадае з пакаленьня ў пакаленьне ніжэйпісаную аповесьць.

Калісь-то, даўным-даўно, на горцы стаялі пышныя харомы багатых баяр Няміраў. Харомы былі акружаны дубовым вастраколам і аблітыя кругом вадой. Далёка славілася між ворагаў недаступнае Няміраўскае гняздо, а яшчэ далей іх радавая аружная слава непрымірымых вояў, уславіўшыхся нясчысьлёнымі перамогамі на палёх бітваў. У збройніцкай сьвятліцы няміраўскіх тутэйшых харомаў, на пачэсным: месцы, вісеў каваны, чарлёны шчырым золатам шчыт і двуручны, абасечны меч слаўнага Грымона-Няміры, учасьніка Алегавага паходу на грэкаў. У княжай радзе, на полацкім замку, старшы роду Няміраў засядаў праваруч князя, на першым месцы. Гэткі-то быў род Няміраў.

Ды толькі цяперашні нашчадак, пануры Бутрым, панізіў славу роду свайго. Не перамогамі ў бітвах з ворагамі памнажаў ён сваё багацьце, а разбоямі і крыўдай паднявольнага люду. Глыбокія падхаромныя порубы напоўнены былі людзьмі, закаванымі ў дыбы[3], каторых уласнымі рукамі любіў катаваць Бутрым. Праходзячы міма Няміраўскага двара, часта чувалі людзі стогны і плач, а часам хвалі акружаючага харомы возерца выкідалі на бераг кавалкі чалавечага цела, ня раз дзявочага.

Цяжка жылося ў панурых Няміраўскіх харомах Бутрымавай жонцы, краснай пані Мары і яна павернікам дум сваіх і журбот, учыніла маладога баярчыца[4] Рамашковіча. Раз у ноч маёвую красную паню Мару асабліва востры жаль разабраў на сваю бяспрытульную долю, і яна, у садку стоячы, сукланіўшыся на плячо баярчыца Стаўры, горка заплакала. У гэты мамэнт у садок увайшоў баярын Бутрым. Грозна ён кінуў вокам на жонку і на маладога баярчыца. Моўчкі спыніўся, ляснуў у далоні на стральцоў сваіх; калі на клік яго зьявіліся яны, — азваўся панура баярын: — „Сягоньня ў нас будзе гучны банкет тут. Распалеце смалістыя лузніцы, устаўце сталы цясовыя, налійце мядоў і він заморскіх поўныя вёдры, ды паклічце скрыпача майго“.

Мігам служба ўставіла сталы і каля сталоў дубовыя лавы, аббітыя мядзьвежымі скурамі, для баярына і баярыні паставілі два глыбокія, на грэках прадзедамі здабытыя, абіваныя золатам крэслы. Смалістыя лучніцы ярка асьвятлялі сад. Скрыпач са скрыпкай стаяў нагатове. Баярын падыйшоў да скрыпача, узяў з рук яго скрыпку, крануў рукой струну і сарваў, крануў другую — і сарваў. І гэтак да апошняй. — „Кепскія ў цябе, малойча, струны!“ — сказаў баярын. — «А я хачу сягоньня музыкі ёмкай, гучнай! Гэй, мае верныя стральцы-патужнікі, Станько, Гойніч і Разан, вазьмеце во’ гэтага падсуседзіча майго, Рамашковіча, за белыя плечы і наробце да банкету струн! А ты, красна пані, жана мая, сядай побач са мной у залатое крэсла і, пакуль слугі мае зматаюць матар’ялы на струны, на тую во’ белу яблынку, будзеш піці са мной, спраўляючы трызну[5] па гладкім баярчыцу“. Страшныя наваг у Бутрымавай дружыне Станько, Гойніч і Разан, бліснуўшы толькі залітымі крывёй вачамі, прыняліся за крывавую справу: павалілі баярчыца на зямлю, распаролі жывот і пасьля, водзячы каля яблыні, — тэй самай яблыні, пад каторай паўгадзіны таму ён стаяў з краснай паняй Марай, — наматвалі на пень струны.

Ня мінула і гадзіны, як струны былі прамыты, пакручаны пасушаны на агнёх і нацягнуты на скрыпку. Музыка зайграў. вясёлую застольную песьню, але песьні тэй, ні голасу скрыпкі ня чула красная пані Мара. Бледная, яна спакойна спала ў крэсьле сном вечным, сэрца яе ня вытрывала мужаўскага банкетнага пачастунку і разарвалася… Толькі баярын да ўсходу сонца з дружынай трызнаваў над маладымі нябожчыкамі, слухаючы плач ды заліваючы сумленьне віном.

Многа гэткіх і гэтаму падобных спраў меў на сумленьні баярын Бутрым і ня ўнімаўся ў ліхадзействе сваім.

Тым часам міналі гады за гадамі і з імі надыходзіла адзінокая, панурая старасьць. І от штораз часьцей на баярына стала надыходзіць развага, а разам з ей каяньне і баязьнь суда божага. У гэткія мамэнты баярын Бутрым або даставаў з паліцы дзедаўскай рукой на пэргамэнце[6] глаголіцкімі[7] літарамі пісаны псалтыр і чытаў яго, праліваючы сьлёзы і адбіваючы паклоны, або ўцякаў з дому і ўшоў на сьвятыя месцы, шукаючы сабе разьвязкі грахоў пры спаведніцы, або хоць пакуты. Ды толькі ніводзін духоўнік, выслухаўшы крывавыя чыны жыцьця яго, ня важыцца даць яму адпушчэньня грахоў. І многа вод працякло Дзьвіной міма пясчанай баровай пустэльні, у каторай жыў сьвяты старац Ахрэм, пакуль трапіў туды наш баярын. Старац Ахрэм, выслухаўшы споведзь баярына, даў яму гэткую раду.

— Вялікія грахі твае, нявольніча божы, але міласердзе божае вялікае і мудры помыслы яго. Вазьмі за ўсё сваё багацьце, — навучаў пустэльнік, — пабудуй сьвятыню богу. Няхай ад усей маетнасьці тваей застанецца табе ўсяго гэталькі грошай, сколькі патрэба, каб зрабіць сасновую труну. І за тую рэшту зрабі сабе труну. А калі будуць высьвячаць тваю сьвятыню, пастаў сваю труну за аўтарам і ляж у ей. І ляжы ў труне да канца абраду сьвятога, імшы божай. Можа бог пашле табе зьлітаваньне сваё, пашле табе ратунак.

І от стаў распрадаваць баярын Бутрым маетнасьці свае і скарбы свае. За нясчысьлёнае багацьце пачаў будаваць сьвятыню богу. Пабудаваў і прыаздобіў багата, а за апошнія медзякі зрабіў сабе сасновую труну.

У дзень высьвячэньня сьвятыні лёг баярын у труну за аўтарам і маліўся богу. Пачалася набожная адправа. Праз мысьлі баярына сталі працякаць жывымі абразамі ўсе яго крывавыя і сьлёзныя справы. І пачалі пераходзіць перад ім пакрыўджаныя ім людзі. І кожды станавіўся перад ім і горка выкідаў яму сваю крыўду. Але баярын біўся ў грудзі перад кождым і казаў: „божа, міласьціў будзь мне грэшнаму! А ты, пакрыўджаны мной браце, даруй мне!“ І адыходзілі доўгім радам крыўды ад яго супакоеныя. Ужо канчалася сьвятая служба і працэсія з усім народам выйшла крыжовым ходам кругом сьвятыні.

І адступіліся ўсе пакрыўджаныя ад баярына. Стануў каля яго кругом цьвітучы сад і абняла яго маёвая ноч. І бачыць ён каля сябе яблыню, укрытую кветам, а пад яблыняй жану сваю Мару і Стаўру, баярчыца маладога. Ён — праменны, задумлёны — глядзіць у неба на зоры, а яна, сукланіўшы яму на плячо галоўку, роніць іскрыстыя сьлёзы… І забыўся баярын аб каяньні сваім: каля сэрца зварухнуўся прыдушаны зьмей злосьці. Хоць ўдарыўся баярын у грудзі і прамовіў: „божа, міласьціў будзь мне грэшнаму!“ — але ня мог скарыцца перад імі і прасіць дараваньня. Зданьне счэзла. Баярын учуў набожныя сьпевы народу, і духавенства за сьценамі сьвятыні, а праз мамэнт ізноў бачыў сад і іх двое. І зноў ён ударыўся ў грудзі і маліў бога і ня мог скарыцца перад імі. І трэці раз перад вачамі душы яго станулі яны, і трэйці раз ён не скарыўся.

У гэты мамэнт застучэла, загручэла, расступілася зямля, і правалілася ў скрозьдоньне сьвятыня. Застаўся толькі народ, ды на тым месцы, дзе быў аўтар, цяпер ляжала каменная труна. Гэта была тая самая труна, у каторую лёг баярын, ды толькі яна цяпер абярнулася ў камень.

І дагэтуль на шчыце горкі ляжыць тая каменная труна, а ў ёй скамянеўшы баярын Бутрым Няміра, асуджаны да суднага дня ляжаць за тое, што мамэнту чыстага парыву ня мог дараваць жонцы сваей перад судом божым.



  1. Гэтая легенда перароблена драматургам Аляхновічам у драму: «Бутрым Няміра».
  2. Гасьцінцу.
  3. Калодкі, у якія ушчамлялі рукі й ногі.
  4. Малодога баярына, сына баярына.
  5. Вячэру па нябожчыку, дзяды.
  6. Скурцы, вырабленай для пісаньня; калі яшчэ ня было паперы, пэргамэнт ужываўся замест яе.
  7. Асобыя славянскія літары вельмі прыгожыя з завіткамі; адбываецца спорка, якія літары вынайшоў для славянаў Кірыл — глаголіцу, ці кірыліцу глаголіца ўжываецца дзе-ня-дзе ў харватаў.