Перайсці да зместу

Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/IV/Б/Власт/Сож і Дняпро

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мост у Кутох Сож і Дняпро
Апавяданьне
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1927 год
Каменная труна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сож і Дняпро.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сож і Дняпро.

Сярод глухіх пушч, цёмных бораў, на прыгорку, стаялі калісь старыя-прастарыя харомы вялікага валадара, сівавалосага старца Рыдана. З канца ў канец зямлі слыў Рыдан багацьцем нялічаным, а над усе багацьці славілася скрытая за дванаццацьцю дзьверамі, дванаццацьцю замкамі залатая Рыданава карона. Як адмыкалі замкі, адчынялі дзьверы і вынасілі тую карону на сьвет, то, калі на сьвеце была ноч, яна днём станавілася, а калі была зіма, то перамянялася ў лета; — так зігацелі дарагія каменьні на Рыдванавай залатой кароне.

Завідавалі суседнія валадары і князі гэтай кароне і пастанавілі дабыць яе ў Рыдана. Сазвалі[1] варажбітаў і знахароў і загадалі ім прыдумаць спосаб, каб украсьці карону з рыданавага скарбца[2]. Варажбіты і знахары думалі тры дні і тры ночы і прыдумалі разрыў-траву, каторай, калі дакрануцца замкоў, то самі адчыняюцца, ды сон-траву, зярняткамі каторай калі пасыпаць, то ўсё наўкруг засынае. Прыдумаўшы гэта, паслалі зладзеяў красьці залатую Рыданаву карону. Тыя, прыйшоўшы пад харомы, сыпнулі сон-зельля, і ўся варта паснула; крануліся разрыў-травой замкоў, і замкі паспадалі. Тады ўзялі яны залатую Рыданаву карону і пусьціліся назад.

Устаў раніцай сівы Рыдан, падыйшоў да вакна, ажно глядзь: усе варты покатам сьпяць, увесь народ у сьне беспрабудным валяецца. І зразумеў старац адразу, што няма ў скарбцы яго залатой кароны. Падыйшоў ён тады да звана, ударыў раз, ударыў два, і разбудзіліся два Рыданавы сыны: Сож і Дняпро. Зьвярнуўся бацька да Дняпра і кажа: „вазьмі, сынок, сталёвую зброю, каваны меч і бяжы садамі, лугамі аж да скалістых гор: мо’ дагоніш цікунцоў з каронай“. — Схапіўся Дняпро і чым хутчэй пабег, а Сож астаўся пры бацьку. Сеў на залаты пасад стары Рыдан і кажа сыну: „прылажы, сынку, вуха да зямлі, паслухай, ці бяжыць Дняпрог“ — Прылажыў, Сож вуха да зямлі і кажа: „бегма-бяжыць і не стаміўся яшчэ“. І другі раз кажа бацька: „прылажы, сынку, вуха да зямлі, паслухай!“ Прылажыў сын вуха да зямлі і кажа: „бяжыць, але ўжо цяжка дыхае — шум зямлёй ідзе“. І ўтрэцьце сказаў бацька паслухаць сыну. Сын прылажыў вуха да зямлі і кажа: „гул зямлёй ідзе і крык вялікі“. Тады ўстаў Рыдан з пасаду і кажа: „Бяжы-ж ты, сынку, імхамі-балотамі на падмогу яму, бо сам адзін не праб’ецца ён праз скалістыя горы“. Пусьціўся Сож імхамі, балотамі на падмогу брату, а стары бацька сам астаўся ждаць сыноў. Доўга ждаў стары; не даждаўшыся, з маркоты вялікай пачаў плакаць: „бадай вам, дзеткі мае, сьлязамі разьліцца!“ Ды ўлучыў ён на такі мамэнт, што такі запраўды разьліліся сьлязамі браты і стары бацька: ў рэкі ўсе тры зьмяніліся.

Дняпро плыве садамі ды лугамі, Сож імхамі ды балотамі, а Рыдан — куды вочы глядзяць. А з таго часу ўсе сілы ляснога краю плывуць у чужое мора і там прападаюць…



  1. Лепей — склікалі.
  2. Скарбніцы.