Перайсці да зместу

Узгоркі і нізіны (1928)/Купчастыя руні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У надзеях над прасторамі Купчастыя руні
Крытыка
Аўтар: Цішка Гартны
1928 год
Літаратурныя падзеі ў 1926 г.
Іншыя публікацыі гэтага твора: Купчастыя руні.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КУПЧАСТЫЯ РУНІ

З шэрагу маладых беларускіх песьняроў ды пісьменьнікаў дадатна выдзяляюцца двое незаўрадных лірыкаў-поэтаў — гэта Паўлюк Трус і Аркадзь Моркаўка.

Абодва яны яшчэ маладыя ў жыцьці і ў літаратуры. Абодва ня гэтак даўно паказаліся ў сваіх творах на шпальтах беларускага друку — часопісі, газэты. Пакуль толькі адзін з іх, Паўлюк Трус, пасьпеў выпусьціць у кніжніцы „Маладняк“ невялічкі зборнічак сваіх лірычных твораў. Аркадзь Моркаўка яшчэ не дэбютаваў сваім асобным выданьнем і ўсяго абмяжоўваецца дагэтуль супрацоўніцтвам у часопісі „Полымя“. Паўлюк Трус напісаў троху болей Аркадзя Моркаўкі, але ўвогуле абодва напісалі яшчэ небагата. Ды гэтага ад іх нельга патрабаваць. Абодва песьняры толькі аформляюцца, толькі што выходзяць на шлях літарацка-поэтычнай працы. Гэта павінна брацца пад увагу пры ўсіх патрабаваньнях да песьняроў і пры ўсіх недахопах, якія ў іх могуць знайсьціся, калі падыходзіць да разбору іх твораў і да іх саміх.

Мы ўзялі заданьнем для гэтага артыкулу выясьніць тыя абяцанкі для беларускай літаратуры, якія яскрава адзначыліся ў здольнасьцях абодвух узятых поэтаў, што гэтыя поэты сваім выступленьнем далі. А што надзеі значных талентаў і ў Паўлюка Труса, і ў Аркадзя Моркаўкі бясспрэчны — гэта гавораць іхнія творы, ужо прадэмонстраваныя ў друку.

Кожны з песьняроў, блізкія адзін другому лірычнаю сакавітасьцю, усё-ж розьняцца і па настроі, і па тэматыцы, і па конструкцыі сваіх твораў. Калі Аркадзь Моркаўка займае пытаньне больш шырокага памеру, пранікаючы ў сьветавыя глыбіні і адначасна ўдараючы ў бок соцыяльна-грамадзкага іх напластаваньня, то Паўлюк Трус стараецца вынаходзіць у кожнай рэчы яе эстэтычны бок, тое, што хавае сабою ўсё жорсткае ды калючае. Ці, у іншых словах, лірызм Аркадзя Моркаўкі завострывае ў большасьці там, дзе лера Паўлюка Труса сьцеле травіцаю-шоўкам, „рутай-мятаю“ агартае.

Мята — гэта востра-пахучая краска — вельмі замілавана Паўлюком Трусам; яна зьяўляецца сынонімам яго музы, вырасшай, наогул, у палявой зеляніне, у пахах, на расплыўчатых мінорных тонах шэрае вёскі. Вёска, ніва, паплавы далі ёй сьвежыя сокі зямлі, квінтэсэнцыю жыцьцёвасьці, рэзвасьці, хараства — расою, купальскаю кветкаю, сьмехам зялёнае маладосьці.

А ў далі небасхіл ў пазалоце тануў.
Сыпаў чары на дол, чары мятныя.
(Збор. „Вершы“).

І тамака-ж:

У купальскую ноч, у зялёным бары —
У бары пад кудравымі соснамі,
Я спаткаўся з табой…
(Збор. „Вершы“).

ў гэткую-ж самую купальскую ноч —

Над прасторамі вод
Цалаваліся явар з калінаю.
(Збор. „Вершы“).

Паўлюку Трусу жыцьцё нясьціхана сьмяецца сваёю рэзвасьцю, сваім кіпеньнем. Яно перапоўнена пэнтам надзвычайнай сілы. Яно магутнае ў сваёй цнотнасьці, нясьціханым квяценьні. Яно ў „прасторах палёў сінявокіх“ вечна „перазвоньвае“, як „сьпевы жніва“. Наогул уся лірыка поэты — сапраўды, свайго роду, сьпевы. Яны, гэтыя яго сьпевы, так і наводзяць цябе на адпаведны лад, так і падбіваюць пераносіцца туды, дзе —

Ой у полі за гарою
Вечар плаваў у дажынках.
(Збор. „Вершы“).

І там, дзе больш поля, беларускіх шырокіх ніў, там заўсёды гучней Трусаўскія песьні, рачаісьней-натуральней. Там, дзе, „сочна буйныя загоны“, — гэтага соку вельмі многа. У гэтым соку столькі моцы, столькі крэпасьці і водыру!

Наогул, водырам, які прыдае элексыр жыцьця, поўны мэлёдыі песень Паўлюка Труса, ад іх не пахіліцца думка ў бок суму, не навядзе твайго сэрца на роспач… Сумных напеваў у яго мала. Ды тыя, што ёсьць, аддаюць, як-бы сказаць, ня сумным сумам, бо заўсёды, дзе толькі „сьлёзы коцяцца — брусьніцы і цісьне жаль — суніме песьня сьлёз крыніцу!“

Ня менш, калі ня больш, надзеі на гэта і ў Аркадзя Моркаўкі. Можа таму, што Аркадзь Моркаўка глыбей праняў вакольныя зьявы, можа таму што ён конкрэтней абмацаў рэчы ў сваёй галізьне. Творчасьць гэтага маладога песьняра праходзіць на нашых вачох. Усе варыяцыі яго песень яскрава пераносяцца ў дасяганьнях нашага пагляду. І мы бачым, як яны, гэтыя варыяцыі, вельмі асьцярожна апускаюцца ў бок мінорнасьці.

У 1922 годзе верш Аркадзя Моркаўкі, пэўна, першы з паданых у „Полымя“ (і надрукаваны ў № 2 за 1923), пад назваю „Крык вуліцы“ — літаральна прагучэў пяруном вялікай сілы. Прачытаўшы яго, адзін з беларускіх літаратараў у захапленьні выказаўся: „Які слаўны твор! Калі яго пісаў пісьменьнік з маладых, то гэта нязвычайны талент“. І сапраўды, Аркадзь Моркаўка „Крыкам вуліцы“ прыгожа зьявіўся на беларускі Парнас. Рыцарам, прыгатаваным да цяжкае бойкі, сьмелым, адважным, геройскім. Да прызыўных, цьвёрдых клічаў папярэдніх сабе поэтаў ён дадаваў свае рашучыя, палкія, увераныя рытмы — верныя, як удары молата.

Агонь і кроў. Як пчолы, кулі.
Са сьвістам лётаюць ля вух.
Наш дзень прышоў, ой, гулі-гулі,
Паўстань, спагарджаны наш дух!
Над намі кпілі, зьдзек над намі
Тварылі ўсе, забыўшы грэх.
Цяпер мы робім над панамі
Апошні суд, суд не на сьмех…
Агонь і кроў — вось наша кара.
Няхай дрыжыць і гіне кат!
Наш час — ня сон, наш час — ня мара, —
Ня будзе пан і сонцу рад!
Упаў таварыш… Вянок славы
Ён атрымае ў лепшы час.
Няхай сьмяюцца ваўкадавы,
Што меней стала, меней нас.
Гараць дамы гараць архівы,
А ў іх здабыткі ўсіх вякоў.
Ну што-ж? Затое палахлівых
Ня будзе духу ржавых коў!
Гэй, хто ня ўмёр, гэй, сябар працы!
Бяры аружжа і — ў агонь,
Каб адабраць усе палацы,
Што паўзьняла твая далонь!
(„Полымя“ № 2, 1923 г.)

Стальныя словы рэволюцыйнага гімну… „Агонь і кроў“, у чым радзілася муза Аркадзя Моркаўкі, і маглі даць гэтага хараства пабедную музыку… Згодзімся, каб ня быць ні каліва суб‘ектыўнымі, што часткаю гэту выразную рэволюцыйнасьць, мастацкі адшліфаваную, удала пабудаваную… навеялі абставіны таго часу… Згодзімся, далей, што пясьняр нейкую долю гэтага жанру запазычыў у сваіх папярэднікаў, — але ўцалку, бач, уцалку патрэбна, здольнасьць, каб выліць падобны твор? Бязумоўна, бясспрэчна.

Але прыведзены верш — не выключэньне. У тым-жа нумары „Полымя“ зьмешчаны другі верш — „Сьцены“, які гаворыць таксама ў карысьць таленту поэты. У „Сьценах“ Аркадзь Моркаўка ўлажыў значныя элемэнты свайго лірызму. І зразумела, бо поэта адчувае, што гэтыя сьцены новага будынку, які складае „цаглінка к цаглінцы“ вялікі Кастрычнік, што сьцены ўзрастаюць не без натхненьня, не радкамі сухіх майстроў-рамесьнікаў, а стараньнем тварцоў, мастакоў новага, нячуванага жыцьця. Ня дзіва, што ў праламленьні поэты ў гэтай творчасьці, —

…Адбываецца казка і сон;
У іх адбіваюцца сінія далі,
Малюнкі чароўных і сонечных дзён…
На сьценках каляды і дзівы купальля,
На сьценках дэвізы — адзнакі вякоў.
A радам, бы сонца — чароўная пральля.
Працуе ля кроснаў…
(„Полымя“ № 2, 1923).

Аркадзь Моркаўка ў гэтых вершах повен запалу, ваяцкага задзёру. Абураны да рэшты жыцьцярадаснасьцю, ён бачыць усё перад сабою ў ружовых мулях нараджэньня, квітучасьці. Хто можа разуверыць яго ў пераможным ходзе „чароўных і сонечных дзён?“

Здавалася-б, углядаючы іх сьвятло, пясьняр цьвёрдым поступам мусіў-бы пайсьці к ім насустрач, няўхільна пагнацца за імі чым далей, тым увераньней. Аднак, перад поэтаю асьвятленьне першых хвілін у ходзе часу патрошку стала цьмець. Прыгожасьць змаганьня спатыкнулася на суровасьць будаўніцтва. Апошняе праглянула з далёкай далі, з-за сініх небасхілаў. І гэта таму, што ў сваёй цеганіне процэс будаўніцтва заўсёды маруднейшы за пэнт рэволюцыйнага змаганьня і запал, які яно дае, менш разбаўлены гарачым прыскам.

Аркадзь Моркаўка прасачыў паглядам усьцяж доўгага шэрагу гадоў, не ўлавіў канца, дзе-б было яскрава напісана: „стой — гэта дасканаласьць“ і прызадумаўся. Пэўна — уся справа ня ў тым, рашыў ён, што „агонь і кроў паляць архівы, а ў іх здабыткі ўсіх вякоў“, а ў тым, наколькі агонь можа распаліць кроў і пазывы к будаўніцтву новых формаў жыцьця!

Гэтыя апошнія вымаганьні і сумуюць часамі, зрэдку, маладога песьняра. Яны адчыняюць яму іншыя бакі жыцьця, паказваюць яго ў рэволюцыйных буднях, часта ня лёгкіх, ня зырка бліскучых. І перад ім выявілася, што „ня ўся ў кветачках — наша сьцежачка“. Зразумела, калі на гэтай сьцежачцы могуць вырасьці калючкі і палын, то іх не абыдзеш, не ўкалоўшы нагі.

Аркадзь Моркаўка наступае на калючкі і раніць сваё сэрца… Ці моцна? Можа і моцна, але зусім ня так, каб аддаць галоўную ўвагу болі. Не! Ён трымаецца, у асноўным, аднаго правіла, якое кажа:

Працуй, пакуль ня змораны
Агонь тваёй душы,
Пакуль загон няўзораны
Сусьветнае глушы.
(„Полымя“ № 7-8, 1923 г.)

Праўда, ужо ў самым пабудаваньні гэтага сказу, у яго вымове, чуецца інакшы настрой, меншая ўверанасьць, ніж то было відаць у „Крык вуліцы“ ці ў „Сьценах“. А яшчэ далей, калі Аркадзь Моркаўка пачынае суглядаць „загон сусьветнае глушы“, ён сунімаецца куды больш і куды з большым разьлічэньнем правярае сваю працу.

„Працуй, пакуль ня змораны“, — гэта само ўжо азначае, што зморанасьць можа быць, што яна не зваёвана дарэшты, так, каб пясьняр мог аб ёй і ня думаць. Зморанасьць мяжуе з тымі „ўзгорачкамі“ —

Дзе, шукаючы згасшыя зорачкі,
Каляіны паклала ад шын.
А затым, пасварыўшыся з хмаркамі,
Падражнілася сьлёзкай далоў,
І далей паваротамі шпаркімі
Засягала на цемень галоў.
(„Полымя“ № 3, 1925 г.).

„Хмарка“ і „сьлёзка“ — то вынікі суму, пакуль яшчэ лёгкага, нязгушчанага, паколькі маладое сэрца поэты можа праз іх бачыць і сьвятло і радасьць.

Але часта „хмаркі“ абяртаюцца ў хмары, сьлёзка — у сьлёзы. Хацелася б думаць, што ў даным выпадку пойдзе іначай, наадварот: бач, „хмаркі“ разьвее сьвятло, а „ сьлёзку“ асушыць радасьць. Хацелася-б думаць не apriori, а ў нейкай частцы, выходзячы, defacto з тых выбліскаў, з якімі Аркадзь Моркаўка сам праганяе трапунковыя, налётныя плямкі мінорнасьці. Ён сьведчыць, што яго сэрца —

… ня ўмоўчыць аб знойдзенай долі,
Бо сэрца стукоча: край родны жыве.
(„Полымя“ № 3, 1925 г.).

Як бачым, што дужа прыемна, — пясьняр правільна ўглядае бок, з якога сьвятло надыходзіць, — гэта адраджэньне краю, агульная доля, якая „знойдзена“, зразумела, у скутку вялікіх выбухаў Кастрычніка. У гэтым пункце нявыбраны скарб поэтычнага натхненьня, да таго — натхненьня, асеянага грамавою зыркасьцю, бліскучай бадзёрасьцю.

Выясьняецца, сочачы за далейшымі творамі Аркадзя Моркаўкі, што ўсё-ткі ён не адыходзіць ад першакрыніцы сваіх пачуцьцяў, даўшых нам „Крык вуліцы“. Ім усё-ж абурае „хмель веснавы“, які „сэрца комсамоліць“. Пясьняр нават сам зьдзіўлены таму, наколькі яго нутро глыбока захоплена магутнасьцю „пазываў“, і прызнаецца, што „душы не скаваць сілай сталі“.

Гэта ня можа не здаволіць тады, калі хвілінамі прамігаюць „хмаркі“ і выблісквае „сьлёзка“. Тым болей наш настрой падмацоўваецца, калі мы знаёмімся з рэдкімі, але дужа гучнымі моцнымі мотывамі гораду ў творах нашага поэты.

Аркадзь Моркаўка зьлёгку, як-бы прабуючы, крануўся іх у сваёй творчасьці, даўшы некалькі выразных прыкладаў. Яго горад, папершае, ня сумны, не адмоўны, не адмоўны — як-то сустракаем мы, да прыкладу, у Гурло і іншых. Наш поэта спыняецца не на страшных мурох, якія ў таго-ж Гурло засланяюць усё-усенькае і цяжарам давяць нутро, а яму літаральна рагоча шырокі разьліў жыцьця. Хвалі гэтага жыцьця перакідаюцца праз найвышэйшыя муры і „гамонкаю радаснай“ сыплюць радасьць, уздым.

Горад пенны гудкамі рагоча,
Дзень зьвініць, бы празрысты крышталь…
Дзень бурліць, дзень жыве,
Нараджаючы радасьць і пот
(„Полымя“ № 4, 1925 г.).

А са страшных сьцен змывае ўвесь сум месячык, які —

Цэдзіць праз сіты праменьні
На грамаду камяніц…

І яго цздзіва —

Сьцелецца кужалем
З шэптам пабедным на сьвет.
(„Полымя“ № 4, 1925 г.).

Урэшце, —

Будуць аблутаны сьветлымі чарамі
Танкі муроў камяніц.
(„Полымя“ № 8, 1925 г.).

Гэтая руж у фарбах гораду, якую падгледзеў Аркадзь Моркаўка, суліць, урэшце, песьняру стаць на цьвёрды грунт мажорных тонаў, на дарогу без калдабоін. Налёты мінорных адзеньняў — то спадчына сельскіх палёў, вельмі вузкіх і цесных для поэты. Яны не дазволілі яму разгарнуцца, агледзецца і праканацца ў сваім харастве таму, што іх хараство ўступіла для поэты хараству іншаму, адлучанаму ад вясковага, палявога… Апошняе — заспакойлівае, заціхае… Аркадзь Моркаўка таму і пашоў у горад, каб паслухаць „крышталёвых гукаў“, „звонаў, якія ўразаюцца стальлю ў брук“.

З гэтага боку ён амаль што ня процілежны Паўлюку Трусу. Гэты канчаткова ўвайшоў у „цінай тканыя загоны“, у „бялявы іней“.

Для Паўлюка Труса гарадзкія сьцены — „панурыя“; за імі, за гэтымі сьценамі — „умірае комсамолец“. (У Аркадзя Моркаўкі — „сэрца комсамоліць“ — у горадзе). Паўлюк Трус наглядае хаду Кастрычніка па ціхай вёсцы.

Як магутна-чырвоныя, роты
Уздымалі над вёскаю сьцяг, —

таксама ў вёсцы „піонэр і паўстанец“. І калі яму надумаецца перанесьці пагляд сваіх вачэй на гарадзкія вобразы — гэтыя вобразы губляюць тонкія адценьні і гармонныя пералівы ў сваіх фарбах. Губляецца пікантнасьць лірычнасьці поэты, прызначанай для ўлову натуральных вобразаў вёскі, лесу, гаю поля, сонца і туманаў.

У вершы „Там вясна“ („Вершы“, выд. „Маладняк“) Паўлюк Трус паказаў сваю слабасьць… У гэтым вершы запазычаны думкі Якуба Коласа з вершу вельмі мілагучнага, вельмі гармоннага, зычнага „Сон Сьцёпкі ў вастрозе“ (з „Песьняў жальбы“). Тэй-жа слабасьцю аддаюць і наступныя вершы: „Астрожнік“, „Прывялі“, „Ён памёр“ (Збор. „Вершы“). Іх слабасьць дапамінае нашаму песьняру аб тым, каб ён не адрываўся ад свае стыхіі: толькі ў ёй Паўлюк Трус моцны, жывы, гучны, свой. Вось чаму лёгкі шаўкавісты сум яго, прабягаючы, як лунь па траве, вясёльшы душы Якіма-комсамольца, якая ў „ціхіх, спакойных“ мурох нібыта „паланее агнём“. Калі згадзіцца, што і паланее, то агнём не гарачым[1].

Пераказваем, чырвань купальскае краскі гарачэй гэтага агню. Не здарма, чытаючы Паўлюка Труса, шукаеш месцаў, „дзе сонца купае прозалаць у жыце, цалуе сінь“, „дзе арфы звонкая струна заводзіць песьню успамінаў“, дзе „сьветларусы туман лажыцца на кусты“ („Сірата Алеся“). І на гэтым фоне вобразы грамадзкага жыцьця вёскі — гэткіх ядраных, гэткіх здаровых у поэты.

Гэткія выпуклыя жывыя вобразы — блішчаць дыямэнтамі. Іх што далей — тым болей. У нутры поэты — іх цэлыя россыпы. Нельга не пазавідаваць гэтаму многім іншым, якія натуральнасьць замяняюць штучнасьцю думаюць, што яны дасяглі недасяжнага.

І Аркадзь Моркаўка, і Паўлюк Трус блізкі адзін другому ня толькі сваёю дадатнаю здольнасьцю, якая іх паднімае вышэй цэлага шэрагу сучасных маладых песьняроў, а яны яшчэ родны адзін другому і шчырасьцю свайго пачуцьця, яго рэальнасьцю, яго крыштальнасьцю. Не здарма словы, сказы і мэлёдыі іх ліюцца лёгкім бегам ручайка, праходзяць жывою ўмільнасьцю ў нутро чытача. Тут ужо ня блытаецца язык у кастыльных шурпаватых словах, у вобразах, якія могуць бачыць толькі анормальныя вочы. І ў Аркадзя Моркаўкі, і ў Паўлюка Труса знаходзім адпачынак… Але адпачынак не ў настроі, а ў адчуваньні таго ўплыву, які даюць табе мастацкі ўдалыя і сочныя творы на жывой мове.

Дарэчы — аб мове. Абодва песьняры ўладаюць ёю нядрэнна. У абодвух мова багацей за мову многіх іх равесьнікаў. Выразная, жывая. Праўда, ня зусім чыстая ад русіцызмаў. Гэтага ў Аркадзя Моркаўкі больш, ніж у Паўлюка Труса. Але і Паўлюк Трус далёка ад іх ня вольны… З гэтага боку абодва песьняры павінны ў сваіх інтарэсах і ў інтарэсах удасканаленьня сваёй творчасьці паклапаціцца аб ачыстцы свае мовы. Гэта ім дасца лёгка, як наогул усе шурпатасьці выпраўляюцца лягчэй у часе аформленьня.

Мы хочам сказаць, сьвядома сказаць, што ні Аркадзь Моркаўка, ні Паўлюк Трус канчаткова яшчэ не аформіліся. Было-б не ў карысьць ніводнаму, каб на тых дасягненьнях, якіх песьняры дайшлі, яны спыніліся. Было б не ў карысьць гэта і беларускай літаратуры. Апошняя рада адмеціць узятых песьняроў, як тых, якія ўжо далі абяцанкі чакаць ад іх куды большага, чымсь прычакалі. А гэта ёсьць вялікая рэч.

Абраны песьнярамі шлях — роўны і просты, ясны і заманчывы. За гэта гаворыць і тое, што яны неўразьліва абмінулі пору пошасных ухілаў у нездаровы бок імажынізму, імажынізму ў варыяцыях провінцыяльнага жанру. Іх не завабіў „рык раніцы“, не захапілі лёзы нажоў, „накірованых на сонца“. (Да ўцехі, гэтых звычаяў адцураліся, як відаць, і тыя, хто неабдумана быў накіраваўшы на іх сваю ўвагу). Гэтыя драконаўскія відокі засталіся ў баку ад здаровых поглядаў песьняроў-рэалістых. Стройная выразная конструкцыя іх вершаў, з гучнаю, ударнаю рыфмаю ўстаялі „ліхому паветраму“ і ў выгаду сабе — замацаваліся. Цьвёрдасьць і адрыўнасьць у рытме — таксама. З новаўводаў у галіне пабудаваньня вершу і Аркадзь Моркаўка, і Паўлюк Трус пакарысталіся больш усяго — асонанснымі формамі рыфмаў. Болей Паўлюк Трус, меней Аркадзь Моркаўка. І трудна сказаць, каб першы многа выйграў. Ужываньне ім асонансаў ня зусім удалае, часта вельмі ўжо адцягнутае. Напрыклад: „паранены — спатканьне“ або „галосячы — у восень“, „жніво — хараством“ і інш. Ёсьць вялікая нацяжка, праз якую асонансы ня толькі харошаць, а псуюць, прыдаючы лішні склад, як: „жыта — на мяжы там“ (Зборнік „Вершы“).

Усё-ж гэта ня можа быць пастаўлена ў мінус творчасьці песьняроў. Наадварот, гэта гаворыць за тое, што яны кіруюцца, як кажуць „здравым смыслам“, пераймаючы, дый то з асьцярогаю, найздаравейшае з новых матэрыялаў пабудоўкі вершу. Бягучы час засьведчыў, што зараз гэты метод вельмі карысны.


Увогуле, абодва песьняры вытрымалі свой першы дэбют на славу.

Што патрабуецца для таго, каб на далейшае іх выступленьні ўносілі новыя дадатнасьці і ў іх зьмест і ў іх якасьць, і ў іх дасканаласьць? Дзеля гэтага, панашаму, ёсьць некалькі абумоўленьняў. З іх першае — не адыходзіць ад абранага напрамку, які ў іх прэвалюе ў бок рэалізму. Рэволюцыйны рэалізм — зараз сугучны моманту вялікага перабудаваньня жыцьця, сугучны настроям, стану і імкненьням працоўных гушчаў. Адбітак усяго гэтага дае нявычарпаны скарб для натхненьня, для ператварэньня гэтых элемэнтаў у вобразы нязвычайнай сілы.

Падругое, нашы песьняры павінны помніць аб нясупыннай насытнасьці свайго сьветапагляду. Адных пачуцьця і натхненьня не надоўга хопіць. Пачуцьцё ды натхненьне аднаўляюцца і ўзбагачаюцца ў процэсе паглыбленьня ведаў, у процэсе сутыканьня з большым лікам жыцьцёвых зьявішчаў і іх выяўленьняў…

Гэты бок, наогул, балючы ў беларускай літаратуры. Старэйшае пакаленьне пісьменьнікаў гартавалася ў змаганьні з ліхімі абставінамі жыцьця. Апошняе да таго было бесспагадным да іх, што не давала жаднае мажлівасьці тым ці іншым абагаціць беларускую літаратуру, прыдаць ёй большую сілу ды глыбіню. Бо ўсякае пашырэньне і ўзмацненьне беларускае літаратуры ў дарэволюцыйны час азначала падрыў, небясьпеку тагочаснаму ладу, жыцьцю.

Старое пакаленьне пісьменьнікаў нясло на сабе ўвесь цяжар змаганьня за край, за працоўны народ за права адраджаць яго культуру і… пісаць для яго. Заданьні — нявыказнай труднасьці, заданьні, якія ні званьня, ні каліва не дазвалялі старэйшым пісьменьнікам думаць аб сабе.

Цяперашнія часы — іншыя. Малодшае пакаленьне песьняроў ды пісьменьнікаў вырасла на вольнай зямлі. Усе дадатнасьці ўмоў для разьвіцьця, для дасканалага самаўсталяваньня, на далоні. Савецкая ўлада, бяспрыкладна ў гісторыі, адчыніла шырокі шлях да культурнай творчасьці, неасяжныя мажлівасьці перад кожным, хто шукае, хто рвецца да аўладаньня культурнымі скарбамі. Не патураць на гэта, глядзець у гэты бок з нядбайствам — праступак у адносінах да сябе, да свайго і разам да агульнага дабрабыту. Да шкоды, сярод беларускіх маладых пісьменьнікаў наглядаецца гэта ў вельмі выразнай форме. Прычын гэтаму многа. Найважнейшая з іх — гэта параўначая лёгкасьць, з якою можна зьявіцца ў сьвет. Усякая друкаваная рэч, зразумела, надае яе аўтару гордасьці, задзёру і самалюбства. Калі надрукаваных рэчаў больш, адпаведна ўздымаюцца ў аўтара пералічаныя асабістасьці. І часта-густа самаўпэўненасьць да таго абурае ім, што кніжкі, што праца над самаадукацыяй адпіхаюцца новамодным пісьменьнікам далей ад сябе, і ён застаецца на ўсё жыцьцё з тым, з чым пачаў пісаць. Гэткім чынам у здольных ад натуры людзей талент засыхае на поўросьце, ня маючы дадатку патрэбнае яму вільгаці.

І Аркадзь Моркаўка, і Паўлюк Трус ня могуць абыйсьці між гэтага бязуважна. Для іх, як для поэтаў маладых, толькі што выявіўшых свае здольнасьці ня звычайныя, а абяцаючыя, вялікім заданьнем зьяўляецца ня даць гэтым здольнасьцям спыніцца ў сваім разьвіцьці. Агонь гарыць, калі ў яго падкладаеш гаручы матэрыял.

Пры гэткіх умовах мы ў праве чакаць ад абодвух поэтаў шмат цікавага. У адваротным — грозіць (ужо адмецілася на другіх) стабілізацыя неаформленых здольнасьцяй і страта багатых мажлівасьцяй.

Сваю раду мы лічым тэрміновай і не бескарыснай. Гледзячы на купчастыя руні — сэрца просіць ядраннага жыта[2].

(Полымя№ 2 за 1926 г.).


  1. Трэба адзначыць вялікі ўхіл Паўлюка Труса ў бок любоўных тэм. Гэта нездаровае зьявішча, і мы б раілі даць больш увагі тэмам аб праламленьні ў вёсцы Кастрычнікавай рэволюцыі і яе вынікаў.
  2. Мінуўшыя тры гады з часу напісаньня гэтага артыкулу часткаю апраўдалі нашу апаску. Ніводзін з закранутых намі маладых поэтаў за гэты час ня даў нічога гэткага, што-б сьведчыла за іх далейшы рост. Прынамсі, П. Трус выдаў новы зборнік сваіх твораў, але, судзячы па іх, пакуль ён топчацца на адным месцы. Вокагляд яго не пашырыўся: ахоп — не раздаўся. Тэхніка астаецца на месцы, а ўбогасьць мовы пабівае акорд. А. Моркаўка напісаў зусім мала і не адышоў далёка ад закранутых спачатку тэм. Над доляй памянёных пісьменьнікаў павінны задумацца многія з іх сяброў і равесьнікаў, якія на поэтычную творчасьць глядзяць з поверху, не стараючыся ўзмацаваць сваіх здольнасьцяй зброяю ведаў.