Старонка:Узвышша 1928-002.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

сюжэт, апавяданьне. Ролю моста ад асабовай лірыкі да эпічных твораў выконваюць вершы, напісаныя ў стылі народнай лірычнай песьні („Песьня“, „Хаўтуры“, „Мяцеліца“).

Характэрная для трэцяй часткі, „Праявы Роднага“, поэтычная перапрацоўка фольклёрнага матар‘ялу ўносіць у кнігу, у якой так многа горачы і пакуты, пачатак замірэньня: асабісты боль поэты падобна таму, як рака раствараецца ў моры, зьліваецца з агульна-людзкім. Кніга ў цэлым успрымаецца, як элегія з канцоўкай, якая перамагае пакуту і сум.

Гэтай пабудове кнігі адпавядае як намечаная кнігай біографія поэты, так і паасобныя вершы, напрыклад, элегія „Думы ў чужыне“, прасякнутая сумнымі жальбамі на лёс, якія пераможаны ў канцы вершу, і наступная элегія-пасланьне, якая таксама заканчваецца сьветлым лагодным акордам („З песьняў няволі“).

Побач з асабовымі мы знаходзім у кнізе таксама нацыянальныя і соцыяльныя элегіі, пераважна той іх від, які я назваў у сваёй поэтыцы элегіямі эпохі. Гэта — элегіі, у якіх поэта выяўляе свае смутныя думкі аб тым часе, у які ён жыве, і аб тым пакаленьні, да якога ён належыць. І яны, большай часткай, заканчваюцца перамогай поэты над сумнымі настроямі. У поэты ёсьць прадчуваньне, што вялікае жыцьцё прыйдзе пазьней, што яму яго пэўна не дачакацца. З гэтай думкай зьвязаны вельмі характэрныя для А. Гаруна канцоўкі, якія можна было-б ахарактарызаваць як сьветлы зрок да будучыны („Як надарыцца мінута“, „Мілая, родная старонка-маці“, „Ты, мой брат, каго зваць Беларусам“, „Мае думкі“, „Поэту“).

Асаблівай увагі заслугоўвае пабудова другога разьдзелу, „На Чужыне“, у якім найбольш выявілася лірычная мэлёдыя кнігі.

Разьдзел пачынаецца трыма лірычнымі вершамі, поўнымі адчаю:

Прад сабой я толькі вока
Бачу страшнага нябыцьця.

Гэта — як-бы першыя дні на чужыне. Далей ідуць тры вершы, якія рысуюць прыроду суровага краю, у якім асуджан жыць поэта: з пачатку — „Восень“, затым — верш „Мае думкі“, ў першых радкох якога малюецца надход зімы, і далей — „Навакол“, дзе малюецца зіма ў яе зэніце. Гэты парадак уносіць у разьмяшчэньне вершаў прынцып хронолёгічны, дае кнізе характэр дзеньніку, лірычнай аўтобіографіі. Гэтае ўражаньне падмацоўваецца і тым, што за вершам „Завіруха“, які малюе зноў-такі глыбокую зіму, праз некалькі старонак зьяўляецца „Вясна“ і ўсьлед за вясной—філëзофскае „Nocturno“, у якім мы бачым адзеты ў лісьце лес. Аўтобіографічнасьць уносіцца таксама і вершам „На сьмерць“, які напісан у сувязі з весткай аб сьмерці айца поэты.

Знадворныя факты біографіі пераплятаюцца з унутранымі фактамі, якія паказваюць, як пасьля першага адчаю поэта пачаў усьведамляць неабходнасьць узяць сябе у рукі і супакоіцца. Гэты настрой пачынаецца з вершу „Думы ў чужыне“, дзе поэта прыходзіць да думкі, што яго няшчасьце не зьяўляецца нечым нязвычайным. У вершы „На сьмерць“ айца поэта выяўляе думку аб бязьлітаснасьці бога, — думку, што адгукнецца пасьля ў вершы „Поэту“. Поэта шукае жыцьцёвай мудрасьці; вышэйшымі момантамі гэтага шуканьня зьяўляюцца „Nocturno“ і „Ідуць гады“. Сьветлыя думкі гэтых вершаў зьмяняюцца трыма пэсымістычнымі разважаньнямі над чалавечым жыцьцём наогул: „Адбітак“, „Як ліст вярбінкі маладой“ і „Нязнаны госьць“. За імі ідуць вершы, якія выяўляюць асабовую горач пісьменьніка („Матчын Дар“ і