Нязнаны госьць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Нязнаны госьць
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/4913#72163


Дзіцятка малое у жыцьце прыйшло.
Спытаўся яго я: — А дзе ж ты было?
Скажы мне, пісклятка, ў якіх гарадох?
Скажы мне, дзіцятка, ў далёкіх краёх?
Скажы, анялятка, ці доўга блукаў?
Скажы мне, ягнятка, каго ты спаткаў?
Скажы мне, малое, ці быў ты ў раю?
Скажы, залатое, ці долю сваю
У Эдэме ўбачыў, спаткаў, палюбіў
Ці што, неабачны, благога зрабіў?
Напрыкрыўся ў небе? Ці сум сустрачаў
Па іншаму жыцьці, што гэтта пачаў?
Скажы мне, малое! Хачу я пазнаць,
А дай, залатое, цікавасьць спагнаць.

І ціхай задумы заслона зыйшла
З спакойнага твару, і хмарка найшла,
З блакітненькіх вочак, што зь неба прынёс,
Скаціліся сьлёзкі – дзьве пэрлінкі сьлёз.
Аб чым яно плача? аб райскіх садох?
Аб кветках праменных? анельскіх сьпявох?
Аб чыстасьці, яснасьці, сьвятасьці душ?
Тварца маястатнасьці? Дзеткі, чаму ж?
Аб чым ты заплакала? Мне у адказ
Скаціліся новых дзьве пэрлінкі ўраз.