Мае думкі (Гарун)
Мае думкі Верш Аўтар: Алесь Гарун Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/71983 |
Па-на горах сьнягі паляглі,
І даліны убраліся ў белі.
Мае ж думкі, як толькі маглі,
Хутка зь ветрам удаль паляцелі.
Паляцелі удаль, дзе няма
Гэтых гор – вартаўнічых няволі,
Дзе ня гэтак сурова зіма,
Дзе прыняў я і жыцьце і долю.
Паляцелі спытаць, паглядзець —
Як жывецца на роднай старонцы?
Як той брат-беларус мой жывець?
Ці высока узьнялася сонца?
Там жа ўсё, як раней, як было:
Беднасьць, ціша кругом і цямнота.
Дзе там шчасьце! Жыцьцё зацьвіло,
Як наверсе якое балота.
Сонца нізка — ня грэе саўсім
І саўсім жа ня сьвеце бяз мала;
Раз блісьне дзе-нідзе — і паўсім,
І зноў сваю твар захавала.
Колькі ж будзеш ты спаць? Не пара
Табе часам, мой браце, праспацца,
Каля бацькаўскіх ніў і двара
Працаваці зноў шчыра узяцца?
І усё, што утраціў сплючы,
Пазьбіраці да роднае хаты?
Годзе спаць! І ня будзе начы,
Будзеш вольны, разумны, багаты!
І высокае слонца тагды
Будзе працу тваю аглядаці,
І пазбудзесься крыўд і нуды, –
Будуць людзі цябе шанаваці.